12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Астравец

_____________________
Garten
Два эсэ пра Гародню

Бакшта летапісца

Гартэн — гэта сад. Па-нямецку. Так называлі крыжакі наш горад. Што яны мелі тады на ўвазе? Проста сугучча словаў? Ці сад сапраўдны ўсё ж-такі існаваў? Ды такі, які запамінаўся адметнасьцю. Гародчык у замку, на абмежаваным па плошчы дзядзінцы. Цыбуля, рэпа, гарох ды капуста? Нейк непераканаўча. Не, існуюць зьвесткі, што ля старажытнай Барысаглебскай царквы існаваў «сад на Калажэнях». Але вядома, што ўзьнік ён у ХV стагоддзі. А Гартэнам называлі тэўтонцы горад значна раней. Як жа выглядаў гэты сад?.. Манастырскі гарод з лекавымі зёлкамі, кветнікам, з ягаднымі хмызамі, з вішнёвымі дрэвамі, якія ўвесну патаналі ў белай квецені. Магчыма. Сад, бачаны здалёк з ракі, з другога яе берагу. Міжволі ўзгадваюцца гэрбарыі Элізы Ажэшкі з замкавага музею. А таксама з самай старой беларускай аптэкі — езуіцкай, што на пляцы побач з касьцёлам. Сёньняшні манастырскі гарод у базыльянскіх мурах.
Вялікі магістр раптоўна напаў на замак, захапіў і разбурыў яго. Праз тузін гадоў рыцары Тэўтонскага ордэну зноўку штурмуюць замак. Узімку. Безвынікова. Увесну — таксама няўдалая аблога. Яшчэ праз сем гадоў новы напад. А наступны год зьнянацку перад мурамі спачатку ўзьнікаюць чатыры сотні крыжакаў. Замала. А неўзабаве шасьцітысячная навала апанавала замкавае навакольле. Спаміж іх тысяча братоў Ордэна. Штурм ператрываны, і рыцары адступаюць. А затым наіўны фон Плоцке спрабуе захапіць нашую цытадэль з чатырма сотнямі вершнікаў. Фіяска. Але дарога, дарога пралягае паўз горад. Навокал пушчы і праезных шляхоў болей няма. Небарака фон Плоцке праз тры гады вырушыць на Наваградак. Але нашыя выйдуць за муры і разаб’юць яго.
А потым, потым нашыя самі пойдуць на ордэнскія ўладаньні, на Брандэнбург, на места Гутэнштадт. Аднойчы войска княскае засьмяе-загалёкае з муроў тэўтонцаў-няздараў, якія ня здолеюць пераправіцца цераз Нёман. Патопчуцца, памочаць ногі і рэціруюцца. Навалы пачнуць здавацца бясконцымі. Ажно пакуль Вялікі князь аднойчы не пасябруе з крыжакамі. У хаўрусе з імі ён верне сабе Верхні замак, выгнаўшы ляхаў. І дазволіць рыцарам пасяліцца навокал замка Нойес Гартэн на другім—ніжэйшым беразе. Які пабудуе напярэдні з прускай дапамогай. Падзеі гэтыя нам вядомыя дзякуючы замежным, пераважна нямецкім хронікам. Педантычныя немцы фіксавалі ня толькі свае перамогі. Дзякуй ім за паведамленьні пра нашую мінуўшчыну.
Дзеі гэтыя імкнуўся занатаваць кірыліцай таксама летапісец або храніст, ня ведаю, як менавіта называлі яго ў замку. Вялікакняскі красамоўнік, можна сказаць пісьменьнік. Ён назіраў за крыжацкімі наваламі са свае бакшты або замкавага мура. Распытваў ваяроў, выкарыстоўваў дадзеныя вайсковых дэпешаў, пісьмова зафіксаваныя допыты палонных рыцараў, зьвесткі з дыпламатычнай карэспандэнцыі etc. На жаль, нічога не захавалася. Прынамсі, пісьмовыя дакументы нам не вядомыя. Хаця ня выключана, што зьвесткі са страчаных хронікаў маглі трапіць у іншыя — захаваныя. Без спасылкі на крыніцы.
Можна толькі паспрабаваць уявіць прыблізны зьмест тых пісьмёнаў. Куды выпраўляўся Ягамосьць. Мірным або вайсковым чынам. Ці з рэлігійнай мэтай. У асобе пілігрыма. Што бачыў, з кім сустракаўся, каго ваяваў і ад каго зазнаваў паразу. Якія атрымліваў трафеі ці, наадварот, цярпеў страты. Якіх паслоў прымаў у сваёй сталіцы і атрымліваў ад іх дарункі. Якімі землямі, пушчамі, вёскамі і мястэчкамі валодаў. Якія храмы фундаваў. Колькі спаганяў падаткамі копаў грошай, дзежак мёду, барылак збожжа, рыбы, дзічыны, футраў, воску на сьвечкі, скураў на чобаты, жалеза на мячы і латы.
Калі паспрабаваць уявіць сябе ў тыя старавечныя часы... Кім бы я хацеў быць? Рыцарам? Гэрольдам? Вялікакняскім кухарам? А можа менавіта храністам? Які паўсюдна езьдзіў разам з уладаром. Меў драўляную скрыначку з тагачаснай паперай, атрамантам, пісадлам. Можа гэта быў пергамент. А можа — якія бяросты, на каторых выдрапаныя зьяўляліся літары, словы, тэксты. Пра тое, як здарыўся ў замку начны пажар. Як князя з жонкай разбудзіла малпа, уратаваўшы ім жыцьцё. І як у агні зьніклі манускрыпты, граматы, лісты — уся бібліятэка з дзяржаўным архівам дашчэнту.
Жыў летапісец бадай у вежы. Пісьменьнікам належыць жыхарстваваць у доме, які цягнецца да неба. Вядомы выраз пра вежу з біўняў слана ня ўзьнік без адпаведнай глебы. Ня ведаю, гэта магла быць дальняя —кутняя бакшта, якая глядзела на Каложу. Паміж імі, паміж двума пагоркамі рэчка Гараднічанка ўпадала у вялікую раку. Магчыма таксама, што летапісец мог займаць пакойчык у брамнай вежы, у якой у квардыгардыі дзяжурыла цэладзённа варта. Але мне найболей падабаецца думка пра данжон, які стаяў асобна па-за мурам, побач з ім. Архэолагі зьдзіўлены, яны не знайшлі нават рэшткаў падмурку. Хаця на ўсіх гравюрах данжон дакладна бачны. Так не засталося сьледу і ад замкавых хронік. Я магу сёньня толькі прыйсьці на тое месца і ўявіць сабе данжон, у якім жыў летапісец.
29 лістапада 2002.


Фабрыка сфінксаў
Сучасная напаўказка
«Яны выглядаюць, як сфінксы, якія сьмяюцца».
Іва Андрыч

Часам я адчуваю ўласнае падабенства са сфінксам. Чалавек як сфінкс. Здранцьвець і маўчаць. Адно працягваць думаць, часам лянотна, ледзьве. Летуценіць. Мроіць. Апынуцца ў нірване. Мне добра, добра, мне нічога болей ня трэба, я нічога не хачу цяпер. Хаця, хаця чалавек тады нагадвае хутчэй мумію. Як гэта ні крыўдна і ні вусьцішна, магчыма. Бо калі чалавек у спакоі, адпачывае, ён часьцей ляжыць. Ляжыць на сьпіне, ці на баку. Але болей на сьпіне, склаўшы рукі, як нябожчык або выцягнуўшы іх, як мумія. Большыя за людзей сфінксы, вядома ж, каты. А некаторыя з нас адчуваюць сябе катамі. Зайздросьцяць іхняй паставе, мудраму спакойнаму абліччу.
Наш Гартэн вельмі своеасаблівы. Пра такія гарады звычайна гавораць, што яны — месца сутыкненьня разнастайных уплываў. Культурны саган. Магчыма. Але тады звычайна ўсё ў рэшце рэшт апаноўвае нейкая адна татальная, найбольш агрэсіўная, наступальная, імперская. Нават не культура, лад жыцьця. У лепшым разе жуйка з кока-колай, у горшым—серп з молатам, ятаганы, маладзік. Як гуны, як манголы ці іншыя, яна апаноўвае з поўдня на поўнач або наадварот, ці з захаду на ўсход. Але часьцей, значна часьцей—з усходу. Варвары заўжды апаноўвалі Еўропу менавіта адтуль. Усе навалы, найбольш бязьлітасныя і гвалтоўныя. Найболей незьлічоныя, тысячы тысячаў, цемры цемраў. Безьліч. Усходняя небясьпека. Берберы, сельджукі, мангола-татары. З раскосымі і вузкімі, само сабой, вачыма.

— Ты хочаш штосьці сказаць?
— У якасьці рэплікі.
— Ну, давай, чаму б і не? Кепікі строіць будзеш?
— Я хачу толькі крыху ўтаймаваць цябе. Тваю фантазію.
— Навошта? Ты ж ведаеш, што я чалавек без фантазіі. Гэта тое, чаго мне заўжды бракавала.
— Не нагаворвай на сябе. Зрэшты, можаш працягваць. Я пачакаю з заўвагамі.

Навокал разбураліся каменныя і цагляныя муры, руйнаваліся Бастыліі, высозныя платы і калючыя агароджы. Засыпаліся воўчыя ямы, супрацьтанкавыя равы, ракетныя шахты. На запасных аэрадромах сеялі збажыну. І толькі мы старанна працягвалі чысьціць зброю, абнаўлялі парахавыя сховы. Падфарбоўвалі чырвоныя зоркі на самалётах і танках. Прышывалі пагоны з сярпамі і малаткамі, жаўнерскія спражкі даводзілі да бляску.

— Ты ведаеш, я пражыў у прыгарадзе некалькі гадоў. У прыгарадзе гораду, які па­дзяляў бетонны мур. Так, яго зруйнавалі цяпер. І я супраць новых муроў. Але, як бы гэта сказаць. У мяне засталася настальгія па тым часе і тым горадзе. Яна ніколі ня пройдзе. Яна назаўжды ў мяне.
— Настальгія па тым горадзе, які тады быў падзелены мурам. І ты любіў яго такім...
— Ён быў тады такім, а ня іншым. А ці любіў я яго? Гэта сантымент. І гэтага дастаткова. Як лёды, напалову шакаладныя, напалову сьметанковыя. Ня чорна-белы горад. А шакаладна-сьметанковы. Я памятаю тыя лёды з Александэр-пляц.
— Цябе сёньня цешыць, што горад, у якім ты жывеш, таксама падзелены быў калісьці. Ён і сёньня падзелены ракой. Але яна падзяляла яго ня проста на Ленінскі і Няленінскі раёны, а як часткі розных дзяржаваў.
— Розныя зоны акупацыі.
— Хай. Як табе больш падабаецца.
— Горад, падзелены ракой надвое. Файна. Ракой часу, калі перакладаць з антычнай мовы. Так, гэта мае нейкую таямнічую моц, энергію. Натхненьне... Так-так, горад быў падзелены на сектары паміж чужымі войскамі. Як горад мядзьведзя. Я сам пра гэта нейк не падумаў. Гэта цікава. Гэта наканаваньне, жыць у такіх месцах. І вось Ерусалім. «План абароны» Ерусаліму.
— У цябе стаўленьне неадназначнае?
— Ня ведаю, як сказаць.
— Не падабаецца, што мур пабудуюць праз увесь Ерусалім, але не да канца не падабаецца?
— Гэта вельмі складана. Гэта сапраўды саган. Палестынцы запалохалі, што абвесьцяць горад сваёй сталіцай. Калі пабудуюць мур, Ерусалім застанецца ў межах адной краіны.
— Берлін таксама заставаўся ўвесь час абкружаны адной краінай. Ён заставаўся ў межах адной краіны таксама. Хаця сам ёй не належаў цалкам.
— Менавіта. Ідэя мура, у ёй штосьці ёсьць, штосьці застаецца са старажытных часоў. Той жа сэнс, свая філасофія. Як і ў вежы. Абарончае прызначэньне. Гэтага нельга адмаўляць, гэта па-ранейшаму прываблівае.
— Яны таксама пабудавалі Берлінскі мур, каб абараніцца.
— Але яшчэ болей, каб адгарадзіцца. Што і ў нас сёньня.
— Адгарадзілі немцаў ад немцаў. Нонсэнс. Вядома. А палестынцаў ад яўрэяў — гэта ўжо, мабыць, нешта іншае? У сагане зробяць сьценку, каб не варылася ўсё разам. Але горад застанецца ізраільскім. Як Новы Ёрк разам з усімі кітайскімі і яўрэйскімі кварталамі застаецца амерыканскім.
— Я згодны, гэта складанае пытаньне. Зараз яны яшчэ пабудуюць 135-кіламетровы плот паміж сабой і палестынцамі. Але ж гэта будзе плот на мяжы. Як на штатаўска-мексіканскай. Часам страшнейшы плот ці мур—уяўны. Ня хочацца, каб ён існаваў паміж намі і той часткай, у межах якой хочацца жыць самому. У гэтым сутнасьць пытаньня.
— Добра, давай далей пра сфінксаў. Чытай. А я пап’ю кавы.
— Пра сфінксаў? Што табе сказаць? Я люблю іх. І гэтым усё сказана.
— Не, ты прачытай. Ты ж нешта напісаў там.
— Так-так, прабач. Зараз. Ну, вось. Не, лепей я перакажу табе сваімі словамі. Блізка да тэксту, гэта ж я сам пісаў. «Сфінкс я, сфінкс кот, сфінкс сабака. Толькі ў мяне няма сабакі. Але кот ёсьць. Ён вельмі нагадвае сфінкса. Мудрага, апанаванага думаньнем. Нетаропкім і грунтоўным, як мудрасьць стагоддзяў, старых манускрыптаў, папірусаў і берасьцяных граматаў».
— Брава. З тваім катом я таксама знаёмая.
— Ведаю. Ён такі ж твой, як і мой. Але ж я пісаў для іншай публікі, для чытачоў. Далей чытаць?
— Чытай. Сваімі словамі неабавязкова.
— «Фабрыка па вырабу сфінксаў. Гучыць ня вельмі зграбна. Фабрыка бюстаў... Яшчэ горш! Фабрыка мастацкіх вырабаў. Афіцыйная назва. Самавіта, але цьмяна. Хацелася б большай пэўнасьці. Нейкай мінімальнай канкрэтыкі. Фабрыка серыйных бюстаў ці, прынамсі, помнікаў. Або, хаця б, серыйных твораў. Скульптурных альбо манументальных».
— Пакуль што сам твой тэкст гучыць цьмяна. Людзі пра бюсты пачалі забывацца ўжо. Успамінаюць хутчэй пра «Мілавіцу» або конкурсы прыгажосьці.
— Альбо пра Памэлу Андэрсэн. Згодны. Але ж гэта толькі прэлюдыя. «Фабрыка манументальнага мастацтва». Раней рабіла бюсты і статуі—серыйныя, сапраўдны шырспажыў.
Начальства раптам зацікавілася каранямі. Што нашыя продкі, ці продкі продкаў прыбылі сюды з антычных краін, прывезьлі з сабой культуру, рэлігійныя культы, металёвыя прылады, вінаградны шчэп і г.д. А таксама сфінксаў. Пачалі шукаць у археалагічных раскопах. Знайшлі шахматныя фігуркі з падабенствам. У каменных ёлупах заманулася вышукваць агульныя рысы. Жаночыя аздобы,—каб сфінксы, Неферціці, пірамідкі. А як пахаваньні кінуліся вывучаць! Мумій каб знайсьці, курганы пахавальныя, абавязкова пірамідападобныя.
— У мяне такое ўражаньне, што сёньня палестынцы жывуць у гета, а яўрэі іх ахоўваюць.
— І для яўрэяў гэта сатысфакцыя?
— Накшталт таго.
— Гэта значыцца, ты хочаш сказаць, што яўрэі выкарысталі ўласны досьвед?
— Адмоўны досьвед.
— А ты ведаеш, штосьці ў гэтым ёсьць. У параўнаньні. Нейкае падабенства бадай усё ж існуе.
— Але адпомсьцілі, можна сказаць, ня тым, хто катаваў іх. Іхніх продкаў. Бацькоў і дзядоў.
— Не, сапраўды, яны, арабы жывуць за калючым дротам. Іх ахоўваюць да зубоў узброеныя.
— Толькі тыя — за дротам здольныя да супраціву. Так, сапраўды, калі што арабы зрабілі тым яўрэям?
—Егіпцяне. Егіпцяне і палестынцы—не адно і тое ж.

Фабрыка «сфінксаў» выпускала правадыроў і народных герояў, карыфеяў сацрэалізму ў камуністычныя, само сабой, часы. Ляпілі перадавых даярак, тэкстыльшчыц, стаханаўцаў. Акадэмікаў, лётчыкаў, стратанаўтаў. Герояў сацыялістычнай працы і сацыялістычнага гераізму (доблесьці). Знатных бавоўнаводаў, кукурузаводаў і жывёлаводаў. А 100 тысячаў жанчын — на трактар!
Часам выконваліся сьпецзамовы — на індывідуальныя манументы або маласерыйныя з выразна экзатычнай сьпецыфікай — тытуняводы, шаўкапрадцы. Чабаны, народныя ашугі. Аксакалы. Заваёўнікі Арктыкі і Антарктыкі, абодвух полюсаў. Аленяводы — асабліва калі «увязу цябе я ў тундру» была моднай. Веласіпедысты, спартсьмены.
Для ўсяго сацыялістычнага лагеру рабілі. Таварышаў Броз Тыта, Энвэра Ходжы, Берута, Кім Ір Сэна і асабліва шаноўнага таварыша Маа Цзэдуна — правадыра самага колькаснага ў сьвеце народу. А іхнія перадавікі-стаханаўцы! Таварыш Ісмаіл Бушаці — найлепшы албанскі мураль 1952 году! Мураваў дзоты і бункеры. Супраць блізкіх імперыялістаў. А потым і супраць усіх, улучна з блізкімі еўракамуністамі.
Часы ўсяеднасьці аднойчы мінулі. Трывалыя эканамічныя сувязі разарваліся, як згнілая аборка. Рынкі збыту здрадзілі агульным ідэалам і разваліліся. Рабочыя засталіся бяз працы. Вельмі высокай кваліфікацыі. Скульптары-лаўрэаты. Рэшткі найбольш каштоўнай сыравіны, найперш каляровыя металы — зьніклі праз мяжу за грошы. У горадзе сышліся шляхі трывалыя перакідкі каштоўных металаў. Гучныя крымінальныя справы... Нават чыноўніка застрэлілі першай велічыні. Кілера не схапілі, быццам бы ўцёк цераз мяжу.
«Тызэнгаўза зжэрлі, можна сказаць, за кепскі маркетынг. Выраблялі болей, чымсьці прадавалі. Гэта яго загубіла. Сацыялістычнае планаваньне — болей, болей, болей — штораз болей! Ворагі найлепшай зачэпкі ня здолелі б вымысьліць. А якраз фабрыка помнікаў працавала з прыбыткам. Асабліва добра прадаваліся а-ля антычныя статуі. Вялікі попыт знайшоўся на неабмежаваным рынку ўсходняй імперыі.

— Ён даволі капрызьлівы, зьменлівы. Пакупніцкія жадункі, навамодныя павевы. Сёньня гэтага ня ўлічваюць, гоняць шырспажыў на ўсход, як раней. Любіце нас, якія мы ёсьць...
— А там народ пераборлівы. Хто мае грошы, абы-што ня купіць. А грошы яны маюць.
— І маюць выбар сёньня.
— З гэтым і Тызэнгаўз не разьлічыў. Унутраны рынак быў даволі напоўнены.
— Канкурэнцыя.
— Так, канкурэнцыя. Статуі прадаваліся пасрэдна.
— Палякам прасьцей было прывезьці з Нямеччыны. Або адразу з Італіі.
— А касьметыка, кажучы па-сучаснаму, трапляла хоць у Санкт-Пецярбург, хоць у Маскву напрасткі з Парыжу.
— І, скажам так, дэмпінгавыя цэны.
— Што цэны для сапраўднай дамы, галоўнае—якасьць.
— А слуцкія паясы тым болей расейцаў не цікавілі. На жаль. Хаця жаль тут ні пры чым.

Тызэнгаўз увогуле імкнуўся задаволіць пакупніц, жаночыя прагнасьці. Усякія вырабляў модніцкія, нядаўна экзатычныя тканіны. Адамашкі, мусьлін, аксаміт, кітайку. Затым — гарсеты, муфты, каптуры. Аздобы. Касьметыку. Бялілы-чырванілы. Пудру, парфуму, алейныя пахнідлы. Масьці. Вееры, пудраніцы, куфэркі.

— Дамы малявалі на руках блакітныя жылкі, прыклейвалі на твар мушкі.
— А ягамосьці, з прыкрасьці ад мужчынскіх парыкоў і фальбонак, панчохаў і стужак, карункавых манжэтаў, гузікаў з адамантамі, па-старашляхецку абкручваліся слуцкім поясам і прывешвалі шаблю.— І тчэ забыўшыся рука.
— Партрэт Зянона Пазьняка.
— Ну, так. Заміж персідскага ўзору. Не, гэта постаць, постаць.
— Хто?
— Я пра Тызэнгаўза. Гэта цяжка ўявіць сабе, як на той час разгарнуўся ён. У нашым увогуле каралеўскім, але ня моцна вялікім горадзе. Больш-менш значным ён і зрабіўся пры ім. Вялікая будоўля. Паўсюдна мураваныя камяніцы ставяць, палацы, мануфактуры. Млыны. Медыцынская акадэмія, музычная, тэатр. Кадэцкі корпус. Аўстэрыі. Людскі мурашнік. Карэты. Маленькая Галандыя.
— І скульптурная мануфактура. Антычныя ўзоры. Апалоны, Афрадыты. Чалавечныя, хаця ідэалізаваныя. І побач загадкавыя копіі егіпецкіх статуй. Сфінксы, Неферціці, Тутанхамон.
— Знаеш, па-мойму формы гэтыя захаваліся.
— У склепах краязнаўчага музею?
— Ну, не зусім захаваліся. Там недзе ў іх, у Піцеры. Яны ж усё вывозілі. Што магло ў гаспадарцы прыдасца. Некаторыя захаваліся, часткова. Ляжалі без ужытку. Запас бяды ня чыніць.
— І пераможцаў ня судзяць.
— І на гэтай, сучаснай фабрыцы іх выкарысталі паўторна, некаторыя. Інакш, адкуль гэткае падабенства, супадзеньне? Тыя ж самыя сфінксы.
— Сфінксы заўжды аднолькавыя.
— Як сказаць. Ты думаеш, тыя адміралцейскія сапраўды з Егіпту вывезьлі?
— Думаю, што так.
— А я не. Давязі паспрабуй. А галоўнае, яны не такія.
— Твая версія.
— Па Нёмне — да мора, а далей зусім недалёка. І танна, і добра. Дзёшава і сярдзіта.
— Cheap and nasty, як у песеньцы. Але ж яны каменныя. Адкуль такія камлыгі?
— Можна знайсьці, прывезьці. Але самае цікавае, што сёньня лічыцца, што яны не каменныя, яны з бетону адліты, вельмі моцнага.
— Ой-ля-ля.
— А можна падумаць ты ніколі ня чула, што ў старавечныя часы праз Бурштыннае мора сюды трапілі людзі адтуль. Прынесьлі сваё ўмельства, сакрэты свайго майстэрства. І што на месцы Каложы калісьці стаяла піраміда.
— І дзе ж яны падзеліся, твае егіпцяне?
— Сышлі ў пушчы і зьніклі.
— А сакрэты вырабу сфінксаў захаваліся? Можа, на папірусах, ці бяростах?
— Нейкім чынам. У рэшце рэшт у тыя мясьціны траплялі нашы. Пілігрымы, падарожнікі. Радзівілы. Але ж мы адхіліліся. Мода, канешне, вярнулася. Такая ж самая, як на грэцкія ды рымскія статуі. На мастацтва ўвогуле, на міфалогію. Рымэйкі ў літаратуры, у тэатры. У тэатры Тызэнгаўза таксама такія рэчы ставілі. Другі, сучасны тады ўзор сфінксаў—саксонскі.
— Гэта такія, як на замкавай браме?
— Такіх якраз на мануфактуры зрабілі найболей.
— А захаваліся толькі два. Ахоўвалі ўезд у каралеўскі палац, у, што там потым было? Дакладна невядома? Можа, губернатарскі палац? З канцылярыяй. Потым — шпіталь вайсковы. Штаб. Абкам. Кнігазбор, музей.
— А ў музеі поўныя вітрыны манетаў. Адно тызэнгаўзаўскіх няма. Малавядомая гісторыя. Версія, пабудаваная на ўскосных зьвестках. Тызэнгаўз. Фальшывыя грошы. Падпольны манетны двор. Цьмяная справа. Дакладна вядома, што існавала такая мануфактура. Паўтары гады існавала, людзі атрымлівалі заробкі. Сьпісы вядомыя. Толькі грошай няма. Нідзе ніякіх зьвестак пра манеты такога паходжаньня. Версія—білі падробныя грошы. Расейскія прынамсі. Між іншым, у тыя і ранейшыя часы—даволі распаўсюджаная зьява. Гэта якраз таксама магло ўскладніць становішча Тызэнгаўза. Магло яго загубіць. Магло. Шыла ў мяху схаваць цяжка. А горад кішма кішэў шпіёнамі. Прычым, відавочна дамінавалі імператарскія. Ягоны амбасадар падспудна кіраваў тут усім.
— Штосьці мне нагадвае гэта пра сёньняшняе таргаваньне: дзе паставіць грашовы варштат...
Дый ня толькі. А гэтая страляніна?
— На Савецкай?
— На Савецкай. Кіно. Машына з амонаўцам на даху. Хуткая язда. Я сама бачыла. Праўда, крыху здалёк. Джып заехаў на тратуар, зьбіў жанчыну, якая чакала на прыпынку. Уцекача выцягнулі вонкі—на асфальт—кайданкі. Збываў даляры соценныя—афсетны друк.
— Традыцыі не зьнікаюць. Фальшываманецтва – жывучая рэч. І заўваж, усё гэта перад палацам адбылося, пераробленым у гатэль. Які дачыненьне да нашай тэмы мае. Гатэлік «Еўропа» за буржуазным урадам. Нязьменная «Дружба»—у камуністычныя часы, у простамоўі. Каб ня блытацца. Назву некалькі разоў улады зьмянялі. Каб адпавядала палітычнай дружбе. «Тыранай» адзін час называўся. Калі ляпілі на фабрыцы албанскага героя ўсіх часоў Скандэрбега. Кіно тады круцілі пра яго. Пальмавая галіна ў Канах. Palme d’or. Неверагодна.
— Дарэчы, некалі амаль усімі албанскімі землямі ўладалі прадстаўнікі шляхецкага роду Бушаці. Стаханавец Бушаці. Зьдзек лёсу.
— У нас таксама. Ягела. Сапега. Распаўсюджаныя прозьвішчы. Сярод простых людзей.
— Гэтыя Бушаці былі галоўным родам, астатняй Албаніяй валодаў нейкі Паша. Цікавая краіна. Першы прэзідэнт, адчуўшы смак, абвесьціў сябе каралём! І яшчэ доўга кіраваў. Так спадабалася, што захацеў каралём. Прэзідэнт рэспублікі. Узяў ды падпісаў указ аб прызначэньні сябе каралём. А каралём — значыцца пажыцьцёва. Каб не акупанты італьянскія... Спрадвечная гісторыя. Першыя дэмакраты не ўтрымаліся. Іх скінулі, разам з Нолі — кіраўніком ураду. Ён потым пісьменьніцтвам, здаецца, займаўся. Здаецца.
— Таксама някепска. Дарэчы, магчымасьць напісаць пра такія незвычайныя метамарфозы.
— Усё, што адбылося далей, таксама ня меней абсурдна. Фантастычны прыклад. Узорная самаізаляцыя. Усё магчыма ў гэтым сьвеце. У самым цэнтры Еўропы, на паўднёвым беразе.
— Вой, здаецца, мы пра палітыку пачынаем.
— Ды якая тут палітыка! Гавораць, немагчыма такое сёньня. Інтэрнэт, талеркі сатэлітарныя. Мабільныя тэлефоны... Тады таксама гаварылі.
— Можа і гаварылі. Маглі гаварыць. Ня выключана. Але ж сапраўды не было інтэрнэту. І мы транзітная краіна. Вечны рух. Прахадны пакой.
— Няма нічога немагчымага. Чатыры мяжы перакрытыя. Апошнюю перакрыць — справа тэхнікі. І падстава—на паверхні. Ня хочуць дружыць, валюту сваю даваць.
— Ня хочуць будаваць саюзную дзяржаву.
— Так, сапраўды. Вось нягоднікі. А калі ня хочуць, калі абражаюць нашыя шчырыя пачуцьці... Як тады было. Пакрыўдзіліся, што ў Саветах крытыкуюць Сталіна і дыпламатычныя адносіны скасавалі. А потым на кітайцаў за нешта пакрыўдзіліся. І з імі скасавалі.
— Вось табе і поўная ізаляцыя. Усё сваё. Мора сваё, карысныя выкап-ні — свае. Свой правадыр і настаўнік.
— Ты сама пра палітыку загаварыла.
— Якая гэта палітыка? Жыцьцё... А помнік Сталіну, цікава. Статуя ягоная. Ці стаіць? У Тыране? Назва-то якая!
— Хто ж ведае. Здаецца, доўга яшчэ стаяла пасьля камуністаў. Тамака, у грузінаў і ў нас у Сьвіслачы. Супер! І мястэчка пад назвай Сталін, райцэнтр. Накшталт Шчучына.
— Гэта дзе?
— У Албаніі. Не Сталінград або Сталінабад, а проста так... Леў, які перад домам прафсаюзаў, леў албанскі насамрэч. Два, абапал. Перад імі хацелі Каліноўскага паставіць.
— Хацелі ды адхацелі.
— Хацелі, але так, непасапраўднаму. А львы гэтыя самыя праўдзівыя. Выкапаныя рымскія. Падарунак ці бартэр, хаця раней такога слова ня ведалі. Братэрскія гарады і раёны. Вы нам Леніна, мы вам зьвяругу.
— Ты ведаеш, а я сабе выразна ўяўяляю, як сфінксаў вязуць па рацэ з Каралеўца. Гэта калі аўтэнтычных. А так, можа нават з поўдня. Спачатку па Дняпры. Шляхам з грэкаў у варагі... Але верагодней за ўсё, падробных. З Турцыі, максімум грэцкіх. А можа нават крымскіх, аднекуль з Бахчысараю.
— Такіх цяжкіх, гаргары?
—Не, навошта? Пакаёвыя сфінксы, настольныя. І для караля—самых вялікіх.
— Думаеш, гэта іх закапалі, і яны сёньня ў зямлі, дзесь у Старым горадзе?
— Ва ўсякім разе, з сабой у высылку, у “паўночную Венецыю” ён іх не забраў.
— Таямніцаў і сакрэтаў хапае, вядома. Хоць бы з пірамідай, якая ў падворку каралеўскага палацу была. Ёсьць жа зьвесткі. І што калона з крылатым ільвом або са сфінксам стаяла на ратушным пляцы. А, між іншым, аб шляху з Каралеўца. Ці памятаеш лета 92-га? Гарачыня якая здарылася, як Нёман зьмялеў? Я ніколі больш такога ня бачыў. Заходзіў і сядаў сярод ракі. З сухімі нагамі. Там каменныя кубы ляжалі хаатычна. Побач з Крэйдавымі гарамі. Я бачыў на баках раўчукі. Дзяўблі ці сьвідравалі, каб здабыць.
— І табе здаецца, што хутчэй камяні везьлі з Каралеўца, а не наадварот?
— Відавочна. На замкі або на касьцёлы і цэрквы, на ратушу. На манастыры і кляштары. Варыянты два. Або караблямі з скандынаўскіх каменаломняў. Або аднекуль з Карпатаў, прычым значную частку сухапуцьцем, што вельмі мала верагодна.

Сёньня фабрыка выпускае сфінксаў, жаночыя скульптуры для новых рускіх. Анёлаў, надмагільныя помнікі. Раней выраблялі серыйныя бюсты для райцэнтраў, мястэчак. Шырспажыў, можна сказаць. Настольныя сфінксы, кабінетныя бюсьцікі, ФЭДа, які ў кожным кабінеце на Савецкай, на Тэльмана, Карбышава на стале перад вачыма альбо на сейфе.
А бюсты і бюсьцішчы ў дамах культуры і клубах—ад гарадскога, чыгуначнага, тэкстыльшчыкаў, хімікаў да калгасных, да чырвоных куткоў на фермах. Раней працы хапала і плацілі своечасова. Ідэалагічны тавар быў у пашане ў тадышняй улады. Прычым дбалі не пра адную ідэалогію. Пушкіна рабілі таксама з бакенбардамі. Славутага аўтара «Ваша слова, таварыш Маўзер». Карацей, ніхто ня быў пакрыўджаны. А бюст Чапая адзін толькі чаго варты? Перад будынкам судовым? Да якога, праўда, Васіль Іваныч, нават пры намаганьнях, ня меў ніколі ніякага дачыненьня. Хіба што ваенна-палявыя суды былі ў ягоныя часы пры кожным палку. Ды расстрэльвалі налева і направа.
Скрынкі з паэтамі, кантэйнеры з касманаўтамі, эшалоны з фізкультурніцамі і правадырамі. Ва ўсе бакі дымныя паравозы расьцягалі ідэа­лагічна-скульптурны скарб з гартэнскай фабрыкі. Якасьць была рознай. Залежна ад якасьці, напрыклад, цэменту, якога заўжды не хапала. Некаторыя помнікі рассыпаліся ад атмасферных уплываў. Пакаёвыя захоўваліся лепей. Калі толькі не зачэпіць прыбіральшчыца швабрай. Пад час апошняй рашучай адлігі некаторыя галовы зламалі, кінулі на сьметнік, нават закапалі. Але багата яшчэ засталося. Каменных, гіпсавых, бетонных, нават бронзавых выкапняў з нядаўняй класавай гісторыі.
Два такія стаялі перад дзьвярыма Ленкаму. Людвіг і Густаў. Дзьве аграмадныя галавы. Колькі ў іх было калісьці ўсяго-усялякага, цэлыя капіталы! Маніфесты, 18-я брумеры. Майнэ кляйнэ. Я-я, яволь! Капут!Колькі галоў, бюстаў з плячыма, помнікаў з рукамі да поясу, з нагамі руйнавалі, закопвалі, кідалі, зрынуўшы з пастаментаў, пад плотам. Як зьмяняўся курс, партрэт на дошцы палітбюро, як галоўнае крэсла займала іншая попа, з гемароем поўным або толькі на пачатковай стадыі. А дзьве галавы стаялі заўжды. Пры ўсіх рэжымах, пры любых абставінах. Яны былі бясьпечныя. Гэта яны, іхнія колішнія ўладальнікі некалі напісалі відушчна, што будучыя людзі, пасьлядоўнікі стануць далакопамі. ДАЛАКОПАМІ. Як гэта спадабалася, як натхніла! Надало моцы, энергіі, імпэту! Радасьцю разьдзімала грудзі. Зьявіўся сэнс жыцьця, смак. Найвышэйшая мэта. Закапаць.
Што гэтыя дзьве галавы? Чым яны былі некалі нафаршыраваныя? Абстрактнымі жаданьнямі, марнымі намерамі ўсіх ашчасьлівіць. Альтруісты, летуценьнікі. Лагодныя тэарэтыкі. Ніхто з іх, здаецца, ня марыў асабіста пра захоп улады, дыктатуру далакопаў. Хай кухаркі кіруюць дзяржавай. Яны асабіста — не. Ім падабалася папросту пісаць трактаты, рабіць тоўстыя кнігі. Тамы, фаліянты. Возьмеш у руку — маеш рэч. Інтэлігэнцкае жаданьне. Яны, мабыць, не ўсьведамлялі небясьпечнасьць заклікаў да жыцьцястваральнай працы далакопаў. Ім папросту падабаліся метафары, нечаканыя параўнаньні. Літарацкія асалоды.
Яны не імкнуліся да ўлады. Іхнія нашчадкі-землякі, усьведамляючы місію, паспрабавалі ажыцьцявіць. Увасобіць тэарэтычныя працы. Мані­фесты, трактаты. Але ў іх было замала рыдлёвак. Потым іхні фатэрлянд перагарадзілі мурам, з аднога боку якога жылі далакопы, з другога тыя, каго яны прагнулі закапаць.
Дзьве каменныя, жудасна барадатыя галавы. З выгляду нібы Санта-Клаўсы. Яны брукавалі добрымі намерамі дарогу ў пекла. Заўтрашняе пекла заўсёды здаецца лепшым ад сёньняшняга. Яны любілі добрыя рэстарацыі, якаснае віно, смачны біфштэкс. Адрознасьць толькі ў тым, што Людвіг падабаў крывавы, а Густаў добра ўсмажаны. Ці наадварот. Адзін аддаваў перавагу мозельскаму, другі—рэйнскаму. Галовы гурманаў.
А, так, і яшчэ адзін з іх жудасна пакутваў на гемарой.
Іх дазвалялася рабіць максімум да поясу. Як выключэньне. На поўны рост — ніколі. Яны прызнаны асноватворцамі. Але не былі правадырамі. Ім ставілі помнікі, як па-сутнасьці пісьменьнікам, аўтарам аб’ёмных раманаў, збораў твораў. Тыражавалі, як калісьці Біблію.

— А ці ведаеш: на фабрыцы грошы не даюць..
— Затаварыліся сфінксамі?
— Накшталт таго. Але ня толькі. На Ўсходзе ня плоцяць. Толькі абмен, бартэр. Рабочым выдаюць заробкі статуэткамі. Альбо бюст на двух-трох чалавек.
— Вясёла. Хоць на мяжы яшчэ не адбіраюць, як цыгарэты і сьпірытус. Або як творы мастацтва. Абразы царкоўныя.
— Значыцца, ня лічаць за мастацтва. Ужо. Вязі куды хочаш. Уяўляю блышыны рынак у горадзе, дзе быў мур. Калісьці тамака прадавалі фуражкі, кукарды, кіцелі савецкія, гэдээраўскія—усё, што засталося ад братэрства па зброі. Уяўляю бюсьцікі там.
— У тым горадзе калісьці існаваў адзін з самых буйных музеяў старажытнасьцяў егіпецкіх. Можа і цяпер ёсьць?
— Калісьці немцы на вяршыні піраміды Хеопса адзначалі ўгодкі прускага імператара. Шампанскае ці, можа, шнапс. Сьцяг з чорнай птушкай. Фатограф. І — «Дойчланд, Дойчланд—юбэр алес...»
— Так, незвычайна. Як сьцяг бел-чырвона-белы на Эверэсьце.
— А ўсё ж ён там ёсьць. Ці быў, ва ўсякім разе. Яны самі сабе збудавалі эверэсты сярод пустэльні. Замкі на пяску. І сфінксаў для аховы. «Убачыў я ў пустэльні маладзёна Сфінкса...»
— Што гэта?
— Борхес. Працягваю: «Які толькі што створаны быў. Няма нічога старога пад сонцам».
— Тады я таксама. Пачакай, зараз вазьму знайду. Дзе гэта стаіць Норвід?
— Вунь там. Але ты лепей не бяры. Як на цябе, будзе запыльны, пачнеш чыхаць. Давай я сам. Што знайсьці?
— Ня памятаю назву. Таксама пра сфінкса.
— Зараз. Гэта? «Сфінкс заступіў мне дарогу аднойчы/Каля скалы, як ліхвяр ці забойца…» Уайльд, здаецца, таксама нешта такое напісаў.
Сфінксы паўсюль. Масты, лесьвіцы, уваходы ў будынкі — тэатр, дом піянераў... Галовы. Піўзавод — казьліныя. Перад царквой арліныя—парныя. Аграуніверсітэт, дом досыць вядомай пісьменьніцы, банкі, рэстарацыі, оптыка — Замэнгоф у акулярах. Інстытут алхіміі з галавой вядомага сьвяцілы, які працаваў пры каралеўскім двары. Пажарныя ў шлемах. Цырульня — модныя лысыя. Пошта. Аптэка — Францыск-Георгій, доктар лекарскіх навук і каралеўскі батанік. Заапарк. Чыгуначны вакзал—Заслонаў з гранатай. Паркавая брама: работніца і сялянка. Мянтоўка, кантора. Металёвы Фелікс з казьлінай бародкай. Саюз зьвёнзкоўцаў з бюстам пана Тадэвуша. Саюз літаратараў — два тутэйшыя сфінксы—Кастусь ды Янка. Новы аграмадны псіханеўралягічны дыспансер і голаў Скліфасоўскага. Венера і Апалон — скурвен. Турма — Цэрберы. Вайсковыя могілкі — Сувораў на паўкані. На камунальных—тэарэтыкі далакопства. Радыё — голаў Паповіча. Рэдакцыя — Ленін плюс Нахамкес, ён жа Сьцяклоў. Аблсельгасхарч — Сталыпін і тав. Бровікаў.
Пракуратура — Мардашоў-вешальнік, кананізаваны царквой. Мясакамбінат — Мінін і Пажарскі, зьменшаная копія вядомага манумента. Адзін з якіх, як вядома, быў рэзьнікам. Перад музеем гармата і Станіслаў Аўгуставіч Панямунскі з гусіным пяром. Дамскі залётнік. Аўтар путрышкаўскага трактату і паэмы «Кацярынамахія». Гаўптвахта — сфінкс з галавой ці то Аракчэева або Бэнкендорфа, ці гэтага, як яго, генерала Далакопчыка. Якога суседзі патрабуюць выдаць, як путчыста і злачынцу.
— Ня хочаш кавы? Давай яшчэ зраблю?
— Можна, па кубку. — Толькі спачатку кату падкладу ежы. Базыль, хадзі. Які ты... як сфінкс.
— А памятаеш сьвята нацменаў? Шэсьце?
— Суполку егіпцянаў? Канешне. Персанажы егіпецкай гісторыі, мастацтва, міфалогіі. Людзі-каты. Дзіўныя вялікія маскі-галовы. Муляж муміі.
— А мы стаялі на ганку кнігарні. Выйшлі прадаўшчыцы, усім радасна махалі. Мы ўпершыню трапілі ў задні пакой, зроблены як пячора Алі-бабы, поўны кніжак. Па гісторыі, міфалогіі, антычныя аўтары. Адзін археолаг назваў Егіпет краінай мёртвых і небясьпечнай жывёлай.
— Жывёлы каменныя. Яны маўчаць нерухома.
— Мабыць, ён адчуў, што гэтае царства мёртвых заваблівае. Паўсюль пяскі, сярод якіх чорныя студні, піраміды, часта напаўразбураныя, храмы, усыпальніцы, высечаныя ў скалах некропалі. Косткі, муміі. Проста так можа вытыркацца з пяску аграмадная галава сфінкса або быка Апіса ці нават Анубіса—бога сьмерці. Шакал або сабака, які ляжыць.
— Або чалавек з галавой сабакі ці шакала?
— Па-мойму, ён быў накшталт галоўнага муміфікатара. І быў яшчэ адвакатам нябожчыкаў. У падземным судзе распавядаў пра кожнага—хто і што.
— Даволі жудасна гучыць. Але бач, страх ня вечны. Самі егіпцяне рабавалі магілы і прадавалі скарбы. Пачакай, я зараз пагляджу... З ягоных падземных лабірынтаў выцягнулі самога Апіса. Жанчыны калісьці па чарзе сядалі на яго ў спадзяваньні перамагчы сваю бясплоднасьць. Яго таксама прадалі.
Радыё-Крок: «Галава сфінкса Рамзеса ІІ важыць тры тоны. Яе знайшоў у Егіпце жыхар краіны. Шукаюць астатнюю частку. Вышыня сфінкса была адзінаццаць метраў. А зараз—пра надвор’е».
— Ты ведаеш, а мне гэтыя зграмаджаньні сфінксаў, статуяў нагадваюць цяперашнія музеі таталітарнай скульптуры пад адкрытым небам. Яны страцілі моц. Іх ніхто не баіцца. Дарма што богі.
— «Дзеці чыгунных багоў» — памятаеш? Дык хоць чыгунных. А тут —гіпс, цэмент, зусім тандэта. А, успомніў! Кароль жа прымаў егіпецкага пасланьніка. Падворак адзін час быў, егіпецкія купцы жылі. Ядвабы, фарбы, папірус. Сфінкс невялічкі, само сабой. Недзе на Савецкай, дзе прыб­лізна падворак егіпецкай нацменшасьці на сьвяце быў.
— Мабыць ты ўжо выдумляеш?
— Наконт паслоў? Не, якое выдумляньне?
— Я ведаю, што сапраўды паслоў прымалі. Шведскіх, турэцкіх, нават ад брытанскай каралевы.
— Так і ў Егіпце кіравалі пашы. Потым, ты падумай, у парку Жылібера абеліск з надпісамі — зусім па-егіпецку выглядае. Гэта іхняя завядзёнка—пакрываць усе каменныя паверхні піктаграмамі, каб максімум інфармацыі захавалася. На мурах, калонах, абелісках. Каменныя кнігі. Яны ня вельмі спадзяваліся на папірусы.
— Буслы нашыя зімуюць дзесьці ў Егіпце. Пралятаюць над пірамідамі, Нілам, над сфінксамі. І потым успамінаюць пра іх. Як узгадваюць тамака пра Нёман. Будуць потым пралятаць над ізраільскім плотам. А пазьней над нашымі калючымі дратамі... Мур у Ерусаліме пад назвай «абарона Ерусаліма». 135 кіламетраў агулам. 135! Гэта ж колькі цэглы.
— Плот паміж ЗША і Мексікай яшчэ даўжэйшы. А з кітайскім не параўнаць увогуле. Гэта назальлівая думка, але я не магу яе пазбыцца. Што праз усе гэтыя платы, муры ўцякалі і ўцякаюць толькі ў адзін бок, у адзіным кірунку. Ніколі — у адваротным.
— У гэтым іхняя сутнасьць. Глыбінны сэнс.

У Гартэне цагляны мур замяняе рака. Яна падзяляе горад надвое. Прычым на ўсходнюю і заходнюю часткі. Пасьля дзяльбы здаралася, што яны належалі розным краінам. А пра войны й казаць няма чаго. Рака падзяляла вайсковыя аддзелы, варагуючыя бакі, цэлыя арміі. Рабілася лініяй фронту. Напалеон распачынаў сваю ўсходнюю кампанію з фарсі­раваньня ракі. Паўзіраўшыся з заходняга берагу ў падзорную трубу. Кайзераўскія дывізіі. Армады «Барбаросы». А таксама кавалерыя панская і рабоча-сялянская. Ня кажучы пра даўнейшыя часы. Калі на другім беразе атабарваліся крыжацкія загоны з рознамоўным рыцарствам. Ягайла і Вітаўт, брат на брата. Аляксеі Міхайлавічы, захапіўшы замак на гары, пакідалі вымушана другі бераг вольным, ня здольныя перасякчы водную перашкоду.
Памежны мост. Цягнікі пераязджалі мяжу ў паветры — па-над ракою. Яе называлі ракою часу, пазначаючы на мапах лацінскімі літарамі на старажытнагрэцкі лад. Ты едзеш, уяўляючы пад сабою прорву. Вышыню з вадой у доле. Але нічога агульнага з лётам. Як спыняецца кола агляду, а ты — угары. Крыху хісткае адчуваньне. І раптам цягнік напраўду спыняецца. Пашпартны кантроль. І службоўцы з сабакамі. Што яны шукаюць ці — каго? Нелегалаў? Наркотыкі? Сьпірытус? Улёткі? «Свабоду»?
У замежным часопісе «Напшут» — сенсацыя! Што ў нас сабраліся тысячы афраазіятаў, што ўлады іх згодныя прапусьціць праз мяжу на Захад. Каб ня мець сабе лішняга клопату. І што адбудзецца гэта ўначы на Каляды каталіцкія, калі палякі будуць сьвяткаваць. Наце вам на лапаце. Нашыя ўлады — правакацыя! Ноты пратэсту. А на сайце часопісу — спрэчка. Адныя — пабудаваць мур ад Эстоніі да Турцыі, дык каб вышынёй шэсьць метраў. І поле міннае—шырынёй пяцьдзесят метраў з калючым дротам — як у Ізраілі. Іншыя — лепей службу памежную прывесьці да прытомнасьці. А то — толькі на джыпах фарсіць могуць.
Афраазіяты ідуць! Агромністай грамадой! На плячах, у рукзаках бюсты, статуэткі, бажкі індакітайскія, з берагоў Тыгру ды Еўфрату, Брахмапутры. Пал-Поты, Маа Цзэдунчыкі, Мушарафы, Дэн Сяапіны, дзядулі Хо і Чайбалсаны. А колькі зухавых Садамаў, Мухамедаў, Ібрагімаў! Хунвэйбіны, талібанчыкі, бін-ладункі.
Буды, Гогі і Магогі, Мардукі, Крышны. Богі — нібы сіямскія блізьняты: дзьве галавы, мноства рук і ног. Безьліч вачэй. Зьмеі, драконы, драпежнікі, крылатыя ільвы. Зусім ужо фантастычныя жывёлы. Нашэсьце драўляных азіяцкіх катоў і чорных афрыканскіх статуэтак на абшары, доўга апанаваныя «матрошкамі». На рынках, прылаўках, у вітрынах. Прадаць, зарабіць на чорны хлеб. А ў кішэнях самыя экзатычныя тугрыкі. І амулеты, абярогі. Маленькія цацачныя бажкі. Уцёкі з егіпецкай няволі.
Яны рушылі праз цёмныя абшары, сьнежную зьмерзлую мяжу з шэрагамі калючых дратоў. Праз густыя лясы. А тамака, на другім ба-ку — Каляды. Калярова, сьвяточна, сытна й цёпла. Сьнег, мароз за вокнамі, а ўнутры — падарункі пад елкай. Ілюмінацыя звонку і ў дамах. Шопікі з маленькім Хрыстом — на пляцах, у дамах, кватэрах і храмах. Хрыстос нарадзіўся!..
Гэта мне сьніцца, ці я мрою. Я бяру кніжку і чытаю пра жанчын, якія нагадвалі сфінксаў. Яны стаялі чацьвярыцай у рачной вадзе і мылі бялізну. А калі праходзіў цягнік, яны з цікаўнасьцю ўзьнімалі да яго галовы. На пагорку над чыгункай, непадалёк ад мосту праз раку, пра які ўжо гаварылася, старая вежа. У ёй майстэрня скульптара. У майстэрні егіпецкія рэчы, зробленыя ім. Чорнае дрэва, залатая фарба, загадкавыя погляды. Ён прызнаўся мне, што раней багоміў грэцкае мастацтва. Але з часам адчуў прэснасьць на вуснах, аскоміну. Ён усьвядоміў, што карані, падмуркі сёньняшняга мастацтва ўвогуле — тамака — у егіпецкіх лабірынтах у скалах, пад пірамідамі. А я цяпер думаю: кнігі, пачаткі літаратурных тэкстаў — у каменных летапісах з нільскай даліны. І сам я, мае думкі, мае тэксты... Мудрыя вочы, погляд каменнага чалавека-жывёлы. Sphinx never cry.

Чэрвень-ліпень 2002, 1-9 сакавіка 2003.