12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ганна Аўчыньнікава

_____________________
Сэрца і неба.
Вершы

З глыбіні

Дасьпявай маю песьню на золку,
Калі зоры схаваюцца спаць
У расе, на сьцяблінках, на зёлках.
Дасьпявай маю песьню на золку,
Як ня здолею я дасьпяваць...
І ні скрыпкі, ні флейты ня будзе,
Бо жылі яны толькі ў сьне,
А на золку трывога разбудзіць,
Бо ні флейты, ні скрыпкі ня будзе,
І, напэўна, ня будзе мяне.
Ад жалезнай зачыненай брамы
Да сьвятла – лабірынты дарог,
І адна стане шчыраю самай...
Ля жалезнай зачыненай брамы
Толькі я, адзінота і Бог.
І струменіць у чыстыя вочы
Бляск жаданых і родных вяршынь.
Па дарозе ад брамы я крочу,
І да болю – у чыстыя вочы –
Льецца хваляй нябесная сінь!
І брыльянтамі сьвеціцца неба,
І ніхто іх ня думае браць...
Не сьпявай маю песьню, ня трэба.
Дзе яднаюцца Сэрца і Неба, —
Я павінна сама дасьпяваць!

Абы не было вайны...

Кватэра. Сьвятло. Здранцьвеньне.
Хаваюцца ранкам сны.
Якога табе гарэньня? –
Абы не было вайны!
Навошта? Хапае хлеба,
Да хлеба і да вачэй.
Павольна змагацца трэба,
Навошта табе хутчэй?
Жалезную моц Пагоні
На кветкі і каласкі
Зьмянілі. Сядзяць на троне
Вар’яты-кіраўнікі,
Нашчадкі стаптанай мовы,
Ганебных часоў сыны.
На вуснах – чужыя словы.
...Абы не было вайны!
Мы мірныя, братка, людзі,
Мы любім сьвятло вясны,
А будзе тыран, ня будзе –
Абы не было вайны!

Ідылія

За краем сасновым — за небакраем! –
Хлопец дзяўчыну сваю шукае.
Дзяўчына спрытная – Нёмна хваля!
А Нёман сосен бурштын зьбірае.
Вясна маладая!
Падае з соснаў бурштын і стыне –
Хваля накрыла.
А як дзяўчыне
Шчасьце знайсьці між зялёных хвояў?
Сосны ды мроі...
А заўтра дзяўчына, вярнуўшыся з поля,
Успомніць зьнянацку паганскую Лёлю
Хоць ад народзінаў крыжык на шыі...
Продкі мае,
Ці былі вы такія?


Старая Гародня

Гарадзень. Гарадзіць. Агароджа.
Агароджаны... Сіні туман.
Засынае на варце Каложа,
Склаўшы крылы на росны дзірван.
Нібы птушка, узьнеслася рэха –
І звалілася. Зоры прайшлі.
Асыпаюцца зоры на стрэхі
І на грудзі крывіцкай зямлі.
Па гародні блукае зьмярканьне,
Як мінулага велічны цень,
І на варце да самага раньня –
Агароджа. Мяжа. Гарадзень.


* * *

Адзіноты вечнай паланянка
Запляла пралескі ў валасы
І сядзіць пад ветразямі ранку
Між блакіту неба і расы.
Ды глядзіць, паглыбленая ў гора,
Каб багацьця рэшту не згубіць,
А багацьце – скрыначка Пандоры,
Дзе надзея стомленая сьпіць.

Успамін

У залатой вышыні
Сьпелае сонца ірдзіцца.
Лета апошнія дні –
Пах малака і карыцы.
Рукі цалуе мае
Вечар пяшчотна-ружовы.
Мы — замалёўкі Гацье
На пералівах шаўковых.
Сон заклыхвае нас
Лёгка на хвалях каханьня.
Ціха спыняецца час,
І надыходзіць зьмярканьне.