12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Бабкоў

_____________________
Лісты з паўночнай затокі.
Вершы

* * *

Сьвет завісае
бы кропля на зьдзіўленых веях
Тонкім і шэрым
Сэрца,
ільдзінкаю талай у руцэ халадзее
Ня ведае меры

Вочы заплюшчыць
ды жыць у салодкім палоне
Гэтай павуты
Толькі, аднойчы,
ізноў нарадзіцца ва ўлоньні
сьмешнай пакуты

* * *

Калі ноч – сьляпая вандроўніца
Сярод сьветлага дня прытуліцца
Вось дык радасьць – тым, хто умовіцца
Навакол зьбярэцца, расчуліцца

Як адкрые торбу дарожную
Як дастане рукой асьцярожнаю
Будзе воку аб што параніцца
Вось дык радасьць тым, хто застанецца

Ды калі, угледзеўшых, досьвіткам
Павязуць, дарогай укатаных
Ціхіх зорак срэбныя россыпы
У вачох запаляцца матавых


* * *

Сьветлавокія барбары
ня ведаюць чым ёсьць неба
І дзеля чаго словы патрабуюць рытму
І чаму знакі даўна памерлых
Аніяк ня могуць растаць у паветры

Нібы таполевы пух, узьлятаюць у вышыню
Падаюць, падымаюцца, імкнуцца быць разам
Бяздомныя, ільнуць да сэрца, спакушаюць

Мае лісты да сябра адпраўленыя так даўна
Што сьвет тройчы перамяніўся,
сны распыліў вецер
Вада застыла ў маўчаньні, — і толькі аблокі
Плывуць у тую прастору, дзе ўсё застаецца


* * *

Ноч прыўзьняла веі на восеньскае старонцы
Прымаючы падарункі колеру чакаляды:
Час, высмактаны да раньня,
крыху віна на донцы
Заваконнага ветру зблытаныя шарады

Ноч раскінула крылы, ноч разьвінула косы
Ноч адпусьціла памяць,
на вуліцы, да сьвітанку
Там дзе празрыстых ценяў так,
як ніколі досыць
Там дзе заплюшчыць вочы,
як адгарнуць фіранку

Вецер укрые смагу, ноч заціхне ў абдымках
Сьвет паўстане далёкім, як лісты у капэрце
Як нямое пытаньне на старых фатаздымках
Памяць аб мілых душах, што забылі памерці


* * *

За фіранкамі сноў затанулая ў часе эпоха
Выплятае зьмёрзлымі пальцамі узоры
Жалезных песень, за ёй – сіверны вецер
Б’е ў бубны, сьпявае, сіпіць немым сьвістам

Словы, цёплыя словы,
хаваюцца ў траву, глебу
Порхаюць, як матылі, жывуць так мала
Што, часам здаецца – жыць неабавязкова –
дастаткова дыханьня…

Сядзець ля вакна, думаць, глядзець на аблокі
Заняцца каліграфіяй,
гартаць соньнікі, паліць файку
Быць пустым, цёплым – бяз мэты –
недасяжна далёкім
Аднойчы апасьці долу з восеньскім лісьцем


* * *

Заблытацца, забыцца, загубіцца
Ня памятаць імёны і адрэсы

І толькі ў выпадковым цягніку
На выпадковай станцыі, уночы

Прыгадваць разбэшчаныя вусны
Ды цалаваць расьпешчаныя вочы

Чытаючы старую кнігу

Разгорнуцца забытыя старонкі
Навокал – пазалота і камеі
Асыплюцца шурпатых літар гронкі
І словы, быццам зьдзіўленыя феі

Пачнуць плясьці няўлоўную павуту
Як з кветак пчолы – мяккую атруту

Сплятаць у адно: каштаны, шэпты, слоту
На вуліцы сьняжынкі, пазалоту

Гісторыю – у сто старых санетаў –
І музыку, і Гёльдэрліна стрэлы
Лясныя сьцежкі непрытомных мэтаў
І лапік неба – белы, белы, белы