12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Балахонаў

_____________________
Перламутравае порна...
Вершы


Дачка

Мая дачка па горадзе ідзе
з сяброўкамі ці з новым кавалерам.
І палымнее ў бліскавіцах дзень,
І паспяшае рух нябесных сфераў.

Мая дачка – наіўнае дзіцё,
што мроіць пра марозіва й каханне.
А перад ёй вялікае жыццё
на трыццаць восем тысячаў світанняў.

Мая дачка гуляе ў партызан
паміж басейнам і кавярняй з піцай.
Яна сябе не хоча увесці ў зман,
бо ёй ад зманаў вельмі кепска спіцца.

Мая дачка – крыху фотамадэль –
саромеецца ўласнай прыгажосці.
Вясновы дождж ёй дорыць акварэль.
Яна ў адказ ласкава шэпча штосьці.

Мая дачка – расейка, як мы ўсе.
Москва, Москва, как много в этом звуке...
І нешта ў сэрцы чэзне пакрысе,
як сонца напярэдадні разлукі.
Вясна, 2009 г.


Яркая

Пахмурны дзень свінцоваю заслонаю
спрабуе скасаваць абвесны лад.
На шызым даляглядзе войска коннае
ідзе няспешна з боку серных шахт.

Не страшна мне, што сонейка за хмаркаю,
і вораг блізка пад саўндтрэк грымот!
Са мною ж парасон і мая яркая
дзяўчынка, што падасць гранатамёт...

Сем тысяч крумкачоў чакаюць допінґу
і трызнай правакуюць дэжавю,
нібы ўжо быў калісь мой плач па сонейку,
нібы да заўтра я не дажыву.

Што мне з таго! Няхай крумкачык каркае,
як знак бяды, як роспачы пін-код!
Са мною абярэг і мая яркая
дзяўчынка, што падасць гранатамёт...

За сеткаю дажджоў у здрады мудыркі:
разлікі дасканалым целам стаць,
каб спакусіць схаванае ад публікі,
каб заюрыць свядомасную гладзь.

Хай здрада выйдзе пад прыстойнай маркаю
на подыум пякельных насалод!
Не пахіснуся – побач мая яркая
дзяўчынка, што падасць гранатамёт!
Чэрвень, 2009 г.


За медыйным туманам

Рух транспарту на вуліцы Ангарскай
змяніўся ў звязку з нейкай цьмянай казкай.
Газеты, тэлевізія, парталы
маўчаць пра войскі Ашурбанапала,
а цвердзяць пра рамонтныя работы,
пра восеньскія клопаты, турботы,
пра роспач і ўздыханні цеплатрасы,
пра горы іншай пазітыўнай трасцы.
Але ні я, ні мой чароўны трусік,
ні лялечка, каторай я баюся,
не схільныя даваць ні кроплі веры
медыйным крыжакам і флібусцьерам.
Мы ведаем – Ангарскую закрылі,
каб не псаваць ідылію з ідылій,
каб войска войскаў Ашурбанапала
ўрачыста песню песняў заспявала
для каралевы блогінгу з Ангарскай
і прынцу, што яе ўзяў казкай
ды лепшай доляй Перскае дзяржавы.
Картэж вясельны – стужкі і ўсе справы –
імчыць зухвала па гасцінцах менскіх.
Нявесту з жаніхом чакае пісар земскі.
З пяром гусіным і пасмешкай рымскай
у хаце абвязанай прапіскай
пад перашэпт дажджу й прагнозы сцюжаў
ён іх абвесціць жонкаю і мужам.
І ўсцешаныя гэткім добрым конам
яны шчаслівыя памкнуць над Рубіконам
па мосце і прычэпяць на парэнчы
замок ад клеці, каб па-чалавечы
замацаваць свой шлюбны звяз трывала
пад гімны войскаў Ашурбанапала.
23.10.2009 г.

Дзяўчо і Клуні

Пад снегам зніклі гарады і руні.
Сядзіць дзяўчо на троне ледзяным,
чакаючы з-за мора Джорджа Клуні,
каб трохі пазапальваць ночы з ім.

Ад ветру гнуцца сотавыя вежы,
трымцяць кантынентальныя масты.
Зіма кранула кожны кут мядзвежы,
прынесла Вавілону змрок густы.

Дзяўчо сядзіць, нібыта каралева,
і мружыць вочы, каб схаваць іх сум.
Навокал снег. Снег справа і снег злева.
З-за далягляду нарастае шум.

На суперрэактыўным самалёце
ляціць герой дзявочых мрой і мар,
ляціць канец заснежанай самоце,
ляціць ключоў чароўных уладар.

Я вылезу з-пад снегу колкай кветкай,
сусветным дрэвам рушу да нябёс,
прамоўлю сцішана: «Не цешся, дзетка,
бо гэты шум ніколькі не ўсур’ёз,

бо гэта ўсё аблудны хіжы вецер,
бо гэта ўсё са снегу палатно,
бо ўжо даўно няма нічога ў свеце,
апроч кахання, што лягло на дно».

Фінал у эпасе зусім не прадказальны.
Працяг у эпасе няўпэўнены ў сабе.
Дзяўчо і снег знарочыста сусальны.
Дзяўчо і Джордж, якога ўразіў бес.
Снежань 2009 - люты 2010 г.

Дождж на дождж

Дождж на дождж.
І мы нібыта квіты.
Што ж? Зніштож
мяне й парожні твітэр.

Як-ніяк
мы мушкі ў павуціне.
добры знак,
што сеціва не згіне.

Два на два –
займальная мацеша.
Рым, Масква,
Берлін цябе суцешаць.

Я ж, заўваж,
у паралельным свеце –
верны паж
тваім чаканым дзецям.

Дождж на дождж.
І мы нібыта квіты.
Што ж? Зніштож
мяне і рэшту світы.
6 ліпеня 2010 г.

Конь у летнюю ноч

Маладая кабыліца
па асфальце б’е капытцам.
З-пад капытца мкне агонь,
каб стары пабачыў конь.
Спёка, танкі, светлафоры.
Конь стары чакае форы.
Кабыліца маладая
паддавацца не жадае,
хоць на ёй дыміцца скура.
Ноч, фантаны, дэсантура.
Конь стары ў хвасце пляцецца.
Тлее кволае цяпельца.
Не хапае конскіх сілаў,
каб іржаць з кабылкай мілай.
Ліхтары, сцягі, маршруткі.
Жарабец гарцуе хуткі
напярэймы кабыліцы.
Скура чорная ільсніцца
ў ліхтароў лімонным ззянні.
Дрэвы, фабрыка, іржанне.
Набівае ноч аскому.
Час ісці каню старому
спаць і бачыць фуфел розны
пра псаваныя барозны.
Маладая кабыліца
па асфальце б’е капытцам.
2-3 жніўня 2010 г.


Перламутравае порна

Вочы прагнуць Персіяд,
ды чамусь у небе чорна.
Ты сказала: “Спі, салдат”.
Перламутравае порна
б’ецца ў шыбку матыльком
і гарыць у пекле лямпы.
Сэрца тахкае крадком,
бо не мае праў на залпы.
І таму без кананад
сэрца бавіць гэты вечар,
п’е халодны ліманад,
назірае думак веча.
Думкі страцілі імпэт,
думкі вянуць перад плошчай,
праўда, маюць піетэт
да тэматыкі любошчаў
у кантэксце ўсіх эпох,
у разрэзе пэўных ложкаў.
Ты сказала: “Спі, мой бог”.
Твой маленькі б’ецца ножкай
у легендзе пра сябе
для саплівага татулі,
што пакуль яшчэ не збег
рваць у іншым садзе дулі.
Ты ўсміхаешся скрозь сон.
Паміж намі дзесяць вёрстаў
і малочны Рубікон
з навігацыяй няпростай.
12-13 жніўня 2010 г.


Bosch

Калі я бягу па піва,
што восеньскі заяц зварыў,
дарогай здараецца дзіва,
для нашых краёў эксклюзіў:
мне шчасціць пабачыць Маркеса
ў сяйве вечаровых свяціл.
Ты нават пра гэта не мар, кіса,
хоць сотку, хоць дзве накаці.
Ён ціха ідзе між выбоін
па трасе асфальтных хвароб.
Ён велічны стомлены воін.
Ён вольны душой хлебароб.
Ён бачыць мяне дазвання,
як бацька, як лекар, як жрэц.
Ён чуе маё хваляванне.
Ён знае – я жнец, швец, ігрэц.
Ды, зрэшты, ён блытае з Кафкам
мой вобраз, мой імідж, гештальт…
Эх, колькі яшчэ маім стаўкам
быць бітым аб звонкую сталь?!
Мне Маркес пра тое не скажа.
Падумаю сам: “Не трывож”
і ўрэшце заўважу паклажу –
валізку інстрýмантаў “Bosch”.
2007, 2009-2010 гг.