12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Барахвостаў

_____________________
Недасяжнае неба.
Вершы

КАХАНАЙ

Я ўжо побач з табою, каханка, –
Што палон мне, муры i вежы!
Я твой позiрк спаткаю зранку
На прасторах лясоў бязьмежных.
Зазiрну ў твае сiнiя вочы.
Дзе патоне водблiск сьвiтаньня,
I паверу я сярод ночы
У — непераможнасьць каханьня!


НАПІСАНАЕ

1
Гэтыя словы – як сонца пляма,
Як бацькоўская хата эмiгранту ў сьне.
Гэтыя словы звыкла i прама
Гучаць на вуснах: «Даруй мне».
Мы бяжым, сьпяшаемся ў мiтусьнi,
Захопленыя кожны сваiм заданьнем.
Пакаяньне – гэта ўсьмешка вясны
I Бога паднябеснае зьзяньне.

2
Калi б сьценам спатрэбiўся суразмоўца,
Калi б iх не вынiшчалi, ня спальвалi,
Не руйнавалі выбухамi,
Нягледзячы на сьвятасьць месца,
Яны б расказалi,
Што такое – вайна…

НЕЗНАЁМКА

Вочы — колеру сьпелых алiвак —
Глядзяць на мяне з-пад доўгiх веек.
Я адчуваю пяшчотны дотык
I сам напаўняюся энергiяй.
Для мяне ты – незнаёмка,
Якую спаткаў на жыцьцёвай дарозе.
Раптоўна, iмгненна
Мiж намi узьнікла сувязь.
Я ўсьмешку бачу, якая
Перадаецца праз вочы.
Я дзякую казачнiку,
Які падараваў мне цябе,
Нiбы на дзень нараджэньня.
Хутка прыпынак, і вецер часу,
Бязьлітасны і суровы,
Закружыць мяне ў сваiх антыцыклонах,
Але тая, з незвычайнымi вачыма,
Застанецца ў памяцi на-
Заўсёды … нязьменная,
Таму што ўспамiны
Не старэюць…

СЭРЦА

Сэрца малое, каб сьвет спазнаць, —
Вось і рвецца яно, напятае.
Не спрабуе ад праўды ўцякаць,
Разрываючы рэбраў краты.
Хоць i ведае, што не пражыве
Без мужчынскай падтрымкi шкiлета.
Таму ўвесну на роснай траве
Усё меней сьлядоў паэтаў…


ПРЫПАВЕСЬЦЬ

Спыталіся ў селянiна, што ён
Рабiў бы, калi б засталося
Жыць на сьвеце некалькі дзён:
— У полі жаў бы калосьсе!
З тым пытаньнем прыйшлi да воiна.
Гаварыў ён зусiм спакойна,
Варухнуўшы гарою плеч:
— Я б узьняў свой булатны меч!
Трапіўся на шляху лiтаратар,
Спыталі: — Ты, душ арандатар,
Што б рабіў ты перад канчынай?
— Цалаваўся б з любай дзяўчынай!


БАЛАДА ПРА КРОПЛЮ ВАДЫ

Дробная кропля з разьюшанай хмары
Упала на цёплы азёрны пясок —
Выпырхнула з-пад крылаў пачвары.
Бераг жаўцеў там, як паясок.

Срэбрам зайграла з нябёсаў вадзiца,
Холад нябёс разьліла па зямлi.
Гэткім пейзажам здалелі б натхніцца
Брэйгель, Пусэн, Сараян i Далi!

Толькi жыцьця ёй ня трэба зямнога,
Вабяць яе між аблок скавышы.
Яна – для палёту, для неба пустога
I для нязнаных, далёкiх вышынь.

Засумавала эфiру царыца,
Цiха і ўмольна благае:
— З небам ізноўку хачу я зрадніцца!
Дому другога ня знаю.

Мiлая кропля, мы самi сумуем.
Маючы хлеб і да хлеба,
Мы не жывем, а уцёкі рыхтуем
На недасяжнае неба!