12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Чмяліны мёд.
Вершы

На плячы ў нецярпеньня

Дагасаюць сьляды ліставею.
Аблачынка ўспаміну плыве.
Грэе позірк азяблай надзеі
Першы сьнег
На зялёнай траве.

Першы сьнег
Яшчэ сыйдзе, растане.
Зноў узыйдзе
Трава па вясьне.
Сум прыстане
Прысьпешваць расстаньне,
На плячы ў нецярпеньня
Засьне…

Не сьпяшаюцца…

Сьлёз на ўсіх хапае
У залевы.
Гора кожны раз
Як першы раз.
Не сьпяшаюцца нікуды
Дрэвы,
І ля іх
Адпачывае час…

?

Якія сьняцца самоце сны?
Ці час даганяе
Сябе самога?
Наогул,
Ці адпачываюць яны,
Дарога,
Вясна,
Трывога?...

Кола жыцьця

Буцян, буцян, круці кола,
Дам курыцу на Мікола…
Дзіцячая цьвялілка на Вушаччыне,
калі бусел робіць першы круг.

Шпак. Грак.
Курган. Груган.
Вясна. Баразна.
Буцян…

Сьлядамі дажджоў

Ішоў я сьлядамі дажджоў,
Падступнасьць канаў
Абмінаў.
Ды так я і не знайшоў.
Ды так я і не дагнаў.

Пачаў адставаць ад хады.
І цень ад мяне адстае.

Дажджы пазмылі сьляды
Свае.
І, вядома, мае…

Тры словы

Бязьмежжа, сподзеў, сьвятло
Кунежацца
Ў слове было.

Маркота, пустэча, імглосьць
Трываюць
У слове ёсьць.

Сьцежка ўсьмешкі
Зьнікне ў хлудзе
У слове будзе.

Тры словы
Супярэчлівыя, дасьведчаныя,
Ды
Гатовыя да размовы з вечнасьцю
Заўсягды…

На бычкоўскіх кладах

Камяні абымшэлыя,
Як маршчыністыя дубы.
І дубы ацяжэлыя,
Як пераднавальнічныя хмары.
Завяршэньне
Боскае ласкі й кары
І чаканьне поклічу
Архангельскае трубы.

Адпачываюць зямныя гады
Ад хады.
Толькі самі сабе й спачуваюць
Клады…

Трывожнай ахвотай…

Застаешся адзін,
Як кол.
А наўкол –
Чуж-чужына.
Морыцца
Цярплівасьці вол,
Хрыпне
Неспакою жаўна.

І жыцьмеш
З капрызнай самотай
Трывожнай ахвотай.
Пакуль,
Як зьляжалы град,
Пясок пасыплецца
На апошні твой спрат.

…Дажджынка бяссонна
На зыбкай галінцы дрыжыць.
І ёй безабароннай
Хочацца жыць…

Стараецца…

У прысталай сасны
Дзяцел стараецца
Выбіць памяць.
А яна сваёй
Аблачынкай зялёнай
Цягнецца пераказаць
Вандроўным аблокам
Таямніцы, якія
Растаемнілі
Карані ў глыбіні…

Назусім…

Як па запацелай шыбіне,
Па стомленай памяці
Час правёў даланёй.
І самапытаньні
Звыклыя
Дзе, што, з кім
Зьніклі.
Ужо назусім…

Болей…

Чалавек
Болей сонцу радня.
Бо ня любіць
З цемрай згаджацца.
Памірае і ён штодня,
Каб упарта
Наноў нараджацца…

Сваякі

А грошы і слава –
Амаль сваякі.
Заўсёды іх не хапае.
У грошай жменя скупая.
І славай адзінай
Жывуць дзівакі…

Штодзённасьць

Ня можа болем насыціцца
Бязьлітаснай лютасьці чэрава.
Раньне трымценьнем сьнедае.
Ценямі зьніканьне вячэрае.
Цесна аблокам мазгоў
Пад небасхілам чэрапа…

На памяць

Зрэшты вернецца ўсё
У зямлю,
Славай значанае
Ці абразаю.
Шыбеніца тугую пятлю,
Як вузельчык на памяць,
Завязвае…

Хоць…

Прымі падзяку,
Лёсе,
За ўсё,
Што мне паслаў.
Хапіла мух у носе,
Спраў і бяседных лаў.

Сагрэлася завея.
Згас у вачах агмень.
І дзень мой карацее.
І карацее цень.
Як той туман, дымлюся.
Як Млечны Шлях, сівы.
Падміргваю спакусе,
Хоць з вечарам на Вы…

Але…

Жыцьцё сабой занятае.
Яно
Увагі ні на кога
Не зьвяртае.
Гарыць агонь.
Чакаць умее дно.
Горб хоча выпрастаць
Гара крутая.

Усім нам варыцца
У адным катле
У лёса мы
Як пасынкі ў айчыма.
Жыцьцё сабой занятае.
Але
За ўсімі сочыць
Пільнымі вачыма…

Дагэтуль…

Імем тваім адчыняю
Дзьверы свайго настрою,
Каб сонца сьмела ўвайшло.
Дзьверы зямнога раю
За ўвечарэлай гарою,
Дзе нам было з табою
Цёпла дзяліць сьвятло,
Не зачыненыя
Дагэтуль…

Відаць…

Ці, як жах, брысьці
Па глыжах, па асьці.
Ці, як човен, плысьці
Па трымтлівым трысьці.
Дзень вітаць, спачуваць
Ахрыпламу грому.
Ды, відаць, галоўнае
Ў гэтым жыцьці
Не надакучыць
Сабе самому…

Яна

Як сьмерць, раўнівая,
Як цень, неадлучная,
Як боль, бязьлітасная
Мае ўсіх на прыкмеце
Старасьць.

Трэба!

Трэба так шчырэць,
Зьнябыўшы зло,
Каб памерці
Часу не было…

* * *

І выцьцё –
Таксама жыцьцё
Толькі сабачае…

* * *

На небе ці на зямлі,
Калі яна адпачывае,
Спадумка жывая?

* * *

Крокі зачакаліся касца.
Сьвеціць недакошанаму лугу
Непатушаная сьвечка дзьмухаўца…

* * *

Тым і жыву,
Што новаму дню
Раю далечыню…

Хто?

Хто адкажа,
Спакой альбо мэта:
Сусьвет –
Немаўля ў жыцьця
Ці жыцьцё –
Немаўля ў Сусьвета?

Вяртаюся…

Адбыўшы блуканьняў рату,
Вачыма сустрэўшы надзею,
Вяртаюся ў маміну хату,
Як з панядзелка ў нядзелю…

* * *

Вогнішча сівое
На старасьць злое
Зоркам маладым
Пускае ў вочы дым…

* * *

Дзе суцішыцца мусіць імпэт,
Не адкажа зямля сырая.
Свой шукаючы
Згублены сьлед,
Кожны сам сябе паўтарае…

Багацейшы

У восені вясёлая імпрэза.
Кудлаціць ліставей густыя шаты.
І багацейшы радасьцю за Крэза
Па золаце хаджу
Ля роднай хаты…

Нашчадкі

Зьнікаюць беларусы,
Як зубры,
Прыручаныя
Гаспадыняй воляй.
Ні Белавежаў,
Ні бязьмежжаў болей
Няма.
Як ні хітры,
Як ні мудры.

Дом стаўся цесным
Для гаспадароў.
І ланцугі куюцца
Кавалямі.
Нашчадкі
Ценямі валадароў
Род доўжаць
Паслухмянымі валамі…

Не паверыць…

Усё жыцьцё,
Як дзень адзін, прайшло.
І толькі
Затрымалася зьмярканьне.
Сплыло вясло.
І човен павяло
Уткнуцца ўрэшце
Ў бераг нараканьня.

А бераг нараканьня,
Ён круты.
З яго відаць
Крыўдліва і далёка.
Прысьлеплі
Сьмешнай зайздрасьці краты.
Віна ўсьміхаецца
Белааблока.

І на каго ні наракай,
Цяпер
Табе ўжо не паверыць
Твой давер…

Яны…

Віно віны
Надзейна хмеліць,
Не заціхаючы, шуміць.
Віно віны
Лагоду цьвеліць,
Шчыміць
І вочы ўзгадкам цьміць.

Віна віна
Трывае ўпарта,
Як ні стараецца мана.
Глыбокая
Ў суцехі кварта,
У ёй ні берагоў,
Ні дна.

Яны, як сны,
Адны здаўна,
Віно віны,
Віна віна…

Ня вып’еце…

І колькі б ні пілі
Да дна
Ня вып’еце нябесны трунак
Вы недасяжныя і ў трунах
Нудзе.
Ну, дзе яна, мана,

Якой наіўны сьвет паверыў?
Перахмялелы позірк ваш
Цьвярозасьць цьвеліць:
Сум свой важ…
Кон не шкадуе вам намераў.

Паэты –
Бахуса ўлюбёнцы.
Вам шчырай ласкі нестае.
З нагі вы ўсталі не з тае.
І сталі плямамі на сонцы…

Прапанова

Падкову трымае
Мазоль вухналя.
Сьцяжыну вясьне
Пазначае праталка.
І прапануе маўкліва зямля
На сьвет паглядзець
Вачмі катафалка…

А…

Радзіма маладзіла, а чужына старыць…
Васіль Быкаў.

Чужына
Калючая, як ажына.
Радзіма
Ласкавая, як мурава.
Дадому вяртае
Паненка сьцяжына.
Праводзіць у прочкі
Трывога-ўдава.

І дзе б ты ні быў,
Пра сябе нагадае
Журба нерастрачаная
Маладая….

* * *

Прыціхла ганарыстае ніколі
У маладога сёньня
Белы крок.
Ды дзе-ні-дзе
Ў прыспаным навакольлі
Чарнеюцца
Праталінкі сарок…

Й…

Золатам яшчэ жывым
гай асыпае дол
за дазвол
вым-
кнуць угору.
Неба
не ба-
іцца дакору
вятроў
вандроў-
ных,
ад якіх
гола
й
хола-
дна
на
ва-
кола…

Застаўся…

Няхай бы я змалку
Хадзіў за плугам,
Нагамі босымі грэў баразну.
Чакаў у сваіх мясьцінах вясну,
Паказваў сьцежку
Вятрам-валацугам.

Але прывабілі
Выраі слоў.
Мае памкненьні й падумкі
З імі.
Бацькоўскі кут
Мяне ўжо ня прыме.
Бо ён застаўся
У даліне сноў…

Пад парасонам

Адштурхнуўшыся ад сьвятла,
У вакольлі дажджыста-сонным
На спатканьне, відаць, плыла
Чарацінка пад парасонам.

Чарацінку чакаў чарот
І няйначай яшчэ зялёны.
Намагаўся прэсны народ
Закруціць яе ў вір штодзённы.

Жмурылася ў зайздросьці імгла
Мокры гук
Шаптаўся са звонам.
На спатканьне з лёсам плыла
Чарацінка пад парасонам…

Не забываецца

Яўгену Шатохіну
Парыж, як спарыш
Мастакоўскіх сноў,
Дзе з караня вышыня расьце.
І на палях Елісейскіх
Палешуку
Бачыцца поле ў шаўку
Валачомістых туманоў
На прысталай вярсьце.
Не забываецца раньне,
Дзе на сьняданьне
З гарачай жмені кацёл
Бульбу сонную сыпаў
На голы, чысьцюткі стол,
І бульбіны
Ў малечых руках
Дыміліся,
Быццам зоркі.
…Дасюль
Гэты Млечны шлях
Ад першай сьлязы салёны,
Ад успаміну горкі,
Ад атавы расстаньня
Зялёны…

Пытаньне

Сабе
Каму патрэбны мае радкі,
Мой шэпт салодкі,
Мой лямант горкі?
Прыцьмелі зоркі.
Прыселі ўзгоркі.
Зямлёй зрабіліся землякі.

Адно рака забыцьця цячэ,
А дно глыбее ў яе штохвіліны.
Лёс абяцаў мне
Даць мёд чмяліны,
Які ніхто не спытаў яшчэ.

І травы й кветкі ўсе дацьвілі.
Зьніцелі цені
Цемры ў дагоду.
Тым і жыву,
Што чакаю мёду.
Чаму ж зьлянелі мае чмялі?