12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
На мове камянёў...
Вершы


Што?

Што адчувае цень,
Калі яго змрок
Заціснуць хоча на вузялок?

Што адчувае дуб,
Калі яго да ашчэру
Цалуе сякера?

Што адчувае,
Выліўшыся да кроплі,
Залева?

Ці саромеецца сябе
Прыслоўе:
Забеш бабра
Уратуеш дрэва?

Таксама

На пні сьпілаванай яліны
Амаль заімшэлы сяджу.
Плывуць успаміны.
Маўчаць аблачыны.
Сьпякота чакае дажджу.

Ня хоча прамень забывацца,
Што быў нядаўна агнём.

І гэта таксама праца
Паціху рабіцца пнём


* * *

Хто бачыў,
Як плачуць арлы,
Сягнуўшы за чорныя хмары?
Дзявочыя вочы імглы
Баяцца сурочыць пажары,

Што грэюць душу вышыні
Сваёй палымянай пяшчотай.

І плачуць арлы ў цішыні
Ад гордай самоты ўпотай


* * *

Хто сказаў, што ў гэтым жыцьці
Толькі раз мы былі маладыя?
Су Дун-по
Узысьці на нябеснай ніве
Нам аднойчы дазволіў сподзеў.
І шчасьлівыя ў шчырым наіве
Маладзіць гэты сьвет прыходзім.

Час шануе
Стралу і стрэмя.
Нас ад нас
Аніхто не адыме.
Дзень пражыўшы,
Цішэем, старэем,
А раніцай
Прачынаемся маладымі

З намі…

Дрэва кожнае на зямлі
Паўтарае Дрэва Сусьвету.
Птушкі лёсу
Ў чорным гальлі
Давяраюцца толькі ветру,

Што крылатыя
Весткі нясе,
Каб яны
Павіталіся з намі.

Мы ў Сусьвеце
Суседзі ўсе.
І Сусьвет
З намі дзеліцца снамі


* * *

Ноч кроіла цемру на
Шапатлівае ахінала.
Нажніцы бліскавіц давідна
Тупіліся й стала мала
Часу,
Каб ноч наўскач
Пасьпяшалася за далягляды.

Акравак цемры
Крумкач
Прыгадваў зорныя ляды.

І рупіліся карані,
Каб вершалінам сьніцца,
І ўпала ў раку цішыні
Крапліна блакіту
Сініца.

І як сябе не інач,
Табе не дадуць забыцца

Акравак цемры
Крумкач,

Крапліна блакіту
Сініца


* * *

Я прашу шаноўную цішыню,
Што пануе над цэлым сьветам,
Дараваць маю мітусьню,
Падахвочаную імпэтам.

Горбіў плечы
Малечы плач.
Панядзелак вітаўся з аўторкам.
Сьмех мой бег
За рэхам наўскач,
Каб дагнаць за суседскім пагоркам.

Маладыя зьвінелі дні,
Не хацелі паддацца скрусе.
Я аднойчы
Прыйшоў з цішыні
І ў яе замаўчаць вярнуся


* * *

Засохлая ігрушына,
Як застылае вогнішча.
Парэпаныя языкі агню,
Затоена стогнучы,
Усё яшчэ цягнуцца ў вышыню,
Каб прыпячы
Хоць пяткі начы,
Якая
Нябачна ўцякае,
Капрызна зьнікае


* * *

У садзе старым
На выгінастым,
Як шлях жыцьцёвы, суку
Стомлена пажаўцелі
Даверлівыя лісьціны.
Яблык у сьціснутым кулаку
Трымае зярняты ісьціны


* * *

Сьвет абехаўшы,
Спалохана зразумей
На Радзіме
Да магільніка бліжэй


Каб…

Вуж
Жывая вяроўка,
З якой
Жах зьвівае пятлю,
Каб засіліць
Задуменны спакой,
Што хоча пасьля начы
Разамлелай ракой
Цячы
Наўсьцяж
Аж
Да зааблочча


Лясны магільнік

Запалі
Магіл утравелыя грудзі.
Цішыню спавіваюць імхі.
Зрудзелай ігліцы
Дождж сухі
Спрабуе
Разбудзіць беспрабуддзе

Сосны растуць
Са спакойнага праху
На новыя труны
Ў ахвяру страху


* * *

Па страле адляцелай
Сумуе лук.
Вяртацца з выраю
Цёпла граю.
Незьлічонааблічны гук
Толькі голасу давярае


* * *

Сама сябе шкадуе зьнямога.
І яна жывая таксама.
Не адпачывае ніколі дарога,
Як некалі мама


* * *

Спадчыннай маўклівасьці запас
Не растрачваюць вякі-маруды.
Перагнаць сябе спрабуе час.
Вечнасьць не сьпяшаецца нікуды


19 чэрвеня

Слова пакідае зорны сьлед,
Бо яго сьвятарыць
Бог паклікаў.
Сёньня ведае вяльможны сьвет:
Беларусь дзяржавіць
Там, дзе Быкаў!


Саромеюся…

Я саромеюся крыві
Безабаронна голай.
Бо яна цягавітая на вачох памірае,
Каб зноў цячы
І, забыўшы балючыя крыўды,
Не дазволіць жыцьцю
Спыніцца.

Ці напамінаньне гэта
А ці заклён?
Ды з маленства
Да апошніх дзён
Я саромеюся крыві


Мова камянёў

З усіх забытых
І змоўклых моў
Трывае толькі
Мова камянёў.

Яна яднае
Змрок і чысьціню.
На ёй стагоддзі
Думаюць глыбінна.
На мове камянёў
Упершыню
Загаварыла ўпартая лавіна.

Каб счысьціць
З ранішняй зямлі да тла
Праклён прадоньня
І людское сьмецьце.

Спачатку
Мова камянёў была.
Пасьля
Маўчаньне ў стомленым Сусьвеце


* * *

Ад былога мяне
Толькі ймя й засталося.
І за ўсё, што збылося,
Дзякуй шчырай мане.

Бо яна ад мяне
Жорсткасьць сьвету таіла.
Боль калючы гаіла
На чужой старане.

Як зямля прыхіне
Адыйду ў шлях далёкі,
Толькі ймя ды аблокі
Не пакінуць мяне




* * *

Вясновае
Зялёнае полымя.
Восеньскае
Чырвонае полымя.
Зімовае
Белае полымя.
Самі сябе дапальваюць,
Каб году сьвятлей было
Ступаць па зямлі.
І весялей смуткаваць
Чаканьню


* * *

І не было супыну сьцежцы,
Сьпяшалася за небасхілы.
Каб сьцішыцца каля магілы.

Жыцьцё стаілася ва ўсьмешцы


* * *

Пацьвердзяць
І меч, і аловак
Да ўлады ідуць па галовах


* * *

Мурашкі разумнейшыя за нас,
Яны будуюць,
А не разбураюць,
І нам сьляпым
Зірнуць, нарэшце, раяць
На сьвет спрадвечны
Як у першы раз


* * *

Аблавухі вятрак
Дабег да мяжы
І сказаў
Даўгалыгаму ценю:
-- Пастаю тут,
А ты бяжы
Напярэймы
Свайму зьдзіўленьню.

Цень пабег
І зьнік у начы.
А вятрак на мяжы
Разважае,
Ці яму чакаць,
Ці ўцячы.
Скарга ветру
Яму чужая.

Ветраку ўтульна
Думаць вушамі.
Вышыня цішыню
Суцяшае


Валянціна Якімовіч

У далёкай Амерыцы,
Узгадаваўшы радзіму сноў,
Вышывае кашулю,
Як маці вышывала калісьці.
Маланкі чырвоных нітак
Жагнаюць белую туманіну.
І чуюцца галасы
Яравых перуноў.
На вуха начы
Шэпча сакрэт
Лівень кляновага лісьця.
Журба аддае самоце даніну.

Хмурына залапіла
Прадраны нябесны строп.
Недаткнёнкам зоркам
Спавядаецца сорам.
І просіць шчыруху
Акіян-губашлёп,
Каб вышыла
Кашулю яму
Беларускім узорам

Хоць яму…

Вусы падрыгваюць,
Як заінелыя чарацінкі.
Рыжым хвастом атуліўшы нос,
Рысік сьпіць і праз сон
Салодкае нешта мармыча.
Ці сам з сабою гаворыць,
Ці некаму скардзіцца
На сваю кашыную долю.
А можа і ў сьне
Цьвеліць яго верабей за вакном.
Прачнецца,
Але не раскажа.

Хай хоць яму
Будзе ў сьне спакойна


* * *

Ты сабе, душа,
Свабодна лётай.
Я дабуду тут
Зямную рату.
Чую, кліча мама
З неахвотай.
Клікала ня так,
Бывала, ў хату