12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Баралулін

_____________________
Сяброў пасылае лёс... Вершы


Першы дзень

Ветру ў вуха
Рэха ўляцела.
Грэе прыцемкі
Белы агмень.
Пастарэла на дзень
Завіруха.
Пасвятлела варона
На цень…
1 студзеня 2010 г.


* * *

Нічога не забудзе забыццё,
Аднойчы ўзяўшы да сябе былое.
Туман схавае адкрыццё ў лісцё,
Апалае, пачутае імглою.
Ляшчына далюляе ў цішыні
Арэхі над суцішанай зямлёю.
Чакаць не стомяцца ніколі дні,
Калі дазволяць дрэву карані
Адчуць нябёсы голай галавою…


* * *

Перш чым ступіць на ганак,
Аб трыпутнік ступакі выцірае
І галінкай яблыні
Грукаецца ў шыбіну
Чэрвень,
Усё яшчэ поўны веры,
Што гаспадыня
Адчыніць дзверы…


Тры

Б’юць хвалі ў ладкі
Самі сабе,
У гняздзе непаладкі
Сняцца саве.

Ціха наўкола –
Хоць закрычы.
Голае полымя
Сніцца начы.

Вецер няўстойліва
Ў заўтра дзьме.
Лепшая доля
Сніцца зіме…


* * *

Талент,
Як самы бедны на свеце,
Чакае міласціны
Ад Усятрымцы.
Тым і жыве…


Хто збярэ?

Дзень вёз святло.
Але ў імгле
Завушніцы расы
Раз-раз
І рас-
сы-
па-
лі-
ся…
І рас-
сы-
па-
лі-
ся…


* * *

Не загадаюць у журбе
Колер забыць зялёны
Упэўненыя ў сабе
Восеньскія вароны…


* * *

Калі
Гады апошнія прыйшлі,
Пытанне так і круціцца:
Калі?


* * *

Лёс
Поўны воз табе вязе.
Яшчэ бяда
Не горбіць плечы.
І маладому па назе
З жыццём навыперадкі бегчы.

Скупую торбачку нясе
Твая здарожаная доля.
І пачынаеш пакрысе
Ступаць абачліва,
Паволі.

Жыццё ідзе,
А ты за ім
Пляцешся
Уначэлым ценем.

Ты на зямлі,
Як ціхі дым,
Сплывацьмеш
Са сваім найменнем…


Крылаты

Міколу Байрачнаму
І конь спатыкнуўся,
Абвяў галавой.
І вецер суцішыўся ў грыве.
А вершнік,
Закручаны шабляй жывой,
Магуціцца ў гордым парыве.

Сама Перамога
З усіх ваяроў
Яго запрыкмеціць паспела.
У рэчышчах жылаў
Рашучая кроў
На ўзвіў крыгаломіцца смела.

Да славы
Ніколі не стоміцца шлях.
У стомы абвялыя шаты.

Шляхетнага войска
Спакойны працяг –
Лунае палкоўнік крылаты…


Твой пярсцёнак

Ты грэеш на маіх губах
Свае халодныя пярсцёнкі.
з А.Блока.

І срэбра мае пах,
І крыўда любіць чутку.
Пярсцёнак на губах
Майму спрыяе смутку.

Ён, быццам на рацэ
Усхліп самотнай рыбкі,
Пярсцёнак на руцэ
Халодзіць водбліск зыбкі.

І шэпчаш ты з журбой,
Спагадваючы знічцы:
Каб мы былі з табой,
Як пальцы ў рукавічцы…


* * *

І заўтра, і сёння,
І ўвесь свой век
У самога сябе ў палоне
Жыве чалавек.

Спачатку вядома
Малому,
Як уцячы з палону.

Дарослы розум
Больш давярае
Крозам.

Пасля
Ўжо зямля
Падказвае выйсце.

Як і заўсёды…
Як і калісьці…


* * *

Хмараў горы
Цягнуцца караванам.
Змоўк звон.
Адпачывае званіца.
Хворы,
З горлам перабінтаваным,
Сон
Ніяк не можа дасніцца…


Алесю Камоцкаму

Ды ведаеце: дружба ў нас,
Як белыя аблачыны…
Ван Вэй.

Сяброў пасылае лёс.
А лёс на паслугах у часу.
На недагнаны пракос
Нябыт пазірае ласа.

Баіцца прыстаць карга
З іржавай сваёй касою.
Па ўсмешку расце чарга,
Па ўсмешку з русай касою.

Заблытае сцежкі бядзе,
Настрой твой
Пахмеліць сябра.
Хай чарка па чарадзе
Ідзе,
Каб душа не азябла…


* * *

А самыя смелыя
Роспач і страх.
А самыя вечныя
Вецер і прах.
А ты, чалавеча,
Імгненны,
Але
Жыццё без цябе
Захлынецца ў імгле…


* * *

Распранаюць Агату-хату.
Скрылі страху,
Каб не было, дзе
Хавацца страху.
Яшчэ трываюць
Сцены і сцені.
Бярвенне трымае
Сваё найменне,
Сашчапіўшы ў далоні
На вуглах
Прыімшоныя пальцы.
Знойдзеная пад лавай
Сякера
Так стараецца ў працы,
Ажно не чуе сябе.
Адчула эмансіпацыю.
А над усім тырчыць
Пачырванелы не ад сораму
Фалас коміна з цэглы.
Буграваты канец у яго
Белы
Ад сквапнай вапны…

Смутак
Збіраецца ўпрочкі.
Хатнік задумаўся.
Ці заставацца.

Жыццё доўжыцца…


Накід

Дзень твой цень хавае,
Лета спачувае.
Восені дарэчы
Пацеркі парэчак…


Слуцкім паўстанцам

Пакутнікаў хапала нацыі,
Змаганцаў не было каб густа.
Паўстанцы слуцкія –
Выгнанцамі.
Акрыла вас жалобы хуста.

Як і ў часіны Каліноўскага,
Паўстала шляхта й аратаі.
Анёлы –
Воі войска боскага –
Хацелі быць у вас братамі.

Вы не чакалі раю скорага,
Чужынцам не давалі веры.
Вам з двух бакоў хапала ворагаў,
Што адчынялі ў пекла дзверы.

Паўстанцы!
Вы ўвайшлі ў гісторыю –
Трывацьмеце ў ёй ныне й прысна,
Свая зямля была апораю,
У сведках – Семежава й Вызна.

Палеглі вы,
Ды жыць працягвае
Гнеў,
Назапашаны гадамі.
Дасюль ваш спеў
Гучыць прысягаю:
“Мы выйдзем шчыльнымі радамі!..”


* * *

Ці падацца, як цень, у карчы,
Каб з сабой, прывідным, развітацца.

Ці гарэць, як агонь, каб начы
Пасвяціць між лясамі хістацца.

І сябе для сябе берагчы.
А навошта?

Каго запытацца?


Пацеркі

Радасць ранішняга забыцця,
Эра неразбуджанай трывогі.
Голас маладога пачуцця.
Існасці абсяг зялёнастогі.
Неруш нераспавяданых сноў.
Аблачынка зябкага настрою.
Сіні смех вясновых туманоў.
Імавернасць гурбы стаць гарою.
Макавае зерне цішыні.
Аржаная скібка непакою.
Карані балючыя радні.
Ода новаз’яўленаму Ною.
Велікоднасць шчодрай дабрыні.
Адзінота, ўчутая душою…


Чакалі

Харон глядзеў туманна з-пад рукі:
Каго ў Ляўкі,
Каго на Салаўкі…

Душаловы чакалі,
Калі заляціць
Птах,
Якога засватала неба.
І палын саладзіць,
І руку залаціць
Служкі д’яблавы ўмеюць
Што трэба.

Як Тарасу,
Нашэптваў Дняпро: не пішы…
Кпіла з келіхаў
Поўня, як кварта…
Краты промняў на шыбінах.
Ноч на душы.
Дрэвы й цені –
Падвойная варта.

І сціскаліся марна
Радкоў кулакі.
І баялася восені лета.
Палявалі ваўкі…
Балявалі Ляўкі –
Залачоная клетка Паэта…


Не бывае

Як затанулыя Атлантыды,
Усплываюць каханыя.
Быкі рэўнасці
Стаміліся ад карыды
Мілосць прыкінулася пашанаю.

Каханыя –
Прывідныя аблачыны,
Выдыхнутыя непазбежнасцю.
І ты, як ліст сарваны з ляшчыны,
Ляціш,
Каб самога сябе ж знайсці.

Мілосць
Сваім нахабствам жывая.
Былосць
Адплывае ў сны караванамі.

На свеце каханых былых не бывае,
Яны нечаканасцю пагуканыя…


Сны сасны

І крыўды ў зааблоччы,
Як сцежкі размінуцца.
І сны сасны аднойчы
З ракі вясны нап’юцца.
Дзень уцячэ ад ночы.
Аднойчы…


Шчыра

Шчыра мне ўсміхнуліся аднойчы,
Як дзяўчаты ў першым перапудзе,
Вінавата-ўсцешаныя вочы,
Хітравата-здзіўленыя грудзі.

І былі ў самоты на ўсяноччы,
Як жывыя душы на бязлюддзі,
Стомлена-зажураныя вочы,
Радасна-абураныя грудзі.

Зорна смех губляць у зааблоччы
Будуць, і калі мяне не будзе,
Вейкамі прывечаныя вочы,
Некаму прысвечаныя грудзі…