12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Фелікс Баторын

_____________________
Калі баліць, значыць жывеш.
Вершы


* * *

І як толькі імпэту стае
На Радзіму пагрозліва тупаць
І крычаць: “Ненавіджу яе
За дрымучасць і рабскую тупасць!”

Без яе ж ты не зможаш пражыць
І з натурлівым лёсам спрачацца.
Ты – хлапчук, што на матку крычыць –
І бяжыць да яе ратавацца.


БЭНДАВІЧУ

Вы – вераемны мой калі не кат,
То экзекутар строгі, педантычны.
Штохвілі адчуваю я крытычны
Ангажавана-пільны ваш пагляд.

На ўсё і ўся ў вас адмысловы тэст.
Вы не аматар з некім разбірацца,
І проста прадумова вашай працы –
Вышукваць скрозь эзопаўскі падтэкст.

Вы маўчыцé, ды гэта да пары:
Часы надыдуць вашых слова й справы.
Няма нідзе слядоў іржы крывавай –
Шчэ салідол на вашым тапары.


* * *

Конь сíвы і коннік сівы,
І шэрань сівая на шляху,
І хмары сівой сінявы
Глядзяць на ссівелыя дахі.
А дрэвы й кусты пагатоў
У пасмах сярэбрана-белых.
А мне ўсё шаснаццаць гадоў,
Ды толькі прыкметна ссівелых.


* * *

Забытыя словы, забытыя гукі,
Забытыя рухі, забытыя рукі
Вяртаюцца раптам, наяве нібыта,
Сцвярджаючы тым: не бывае нябыту.

У твары старэчым – юнацкія рысы,
У хаты збуцвелай – жывыя абрысы,
І крыўдам даўнейшым застацца сабою,
І нават магілы гавораць з табою.

Святло, што запаліш, павек будзе днецца,
Дабро, што ты зробіш, дабром застанецца,
А зло, што ты ўчыніш, вяртаецца рэштай.
Ты помні пра гэта, аж покі жывеш ты.


* * *

Не ўмелі жыць, а толькі ўмелі выжываць –
І існуем у калаўроце выжывання.
Так развіліся нашы мускулы жавання,
Каб неспажыўнае маглі мы спажываць.

Тым неспажыўным найшчасліўша мы жывем,
Каб цэлы свет здзіўляць сваёй дубовай моцай.
У каламутнай першабытнасці эмоцый
Штопакаленна мроім прывідны Эдэм.

Мы порткі латаем, трымаючы фасон.
А груганы ўсе і прарокі хай заткнуцца!
Сто год таму Купала клікаў нас прачнуцца,
Ды так мы ўчадзелі, што вечным стаў наш сон.


* * *

Сумётаў старадаўнія магілы
Самоцяцца ў залітым поўняй полі.
Ваўкі апавядаюць небасхілу
Пра поўную згрызот зямную долю.

Умерзлыя ў сусвет, ашклелі зоры,
Акамянелі хлябі ад марозу.
Ад сцюжы і ад ветру, а не з гора
На вейках ледзяшамі віснуць слёзы.

Патрэскваюць ствалоў замерзлых пáлі,
Хмызы бялеюць холадам пухнатым.
І цягне ў перасцюжаныя далі,
І вабіць у цяпло гасціннай хаты.


* * *

Як ні спяшаўся, а заўжды пазніўся:
Жыццё наперад неслася хутчэй.
На фінішы злічыць спрабую дні ўсе,
Калі свяціла сонейка ярчэй,
Калі ад шчасця крылы прарасталі
І адступаўся доўгі, ліпкі страх,
Калі наўкола праўду ўсе казалі –
І мне хапае пальцаў на руках...


* * *

Узгоркі, узлобкі, груды,
Гарбы курганоў ды магілы...
Пакрытыя іхнія схілы
Залеўнаю плынню вады.

Аднак неразмыўна жарству
Наскрозь перавіла карэнне.
Прад мудрасцю вечнай Стварэння
Схіляю шторáз галаву.
Самому сабе не мані,
Але й не адшуквай вачыма
Грудок, пад якім ты, магчыма,
Заснеш, каб жывіць карані.


* * *

Электрычка б’е капытамі.
Усяведнай, рашучай няўцерп
Развітацца з санлівымі намі
І пабегчы па месячны серп.

І пакаціцца пошчак па ночы,
І гудок пракрычыць на ляту.
Я па серп той бег не аднойчы –
І заўжды хапаў пустату.


* * *

Нырнуў – і паменела цела ў вазе,
А рэха нябёсаў сінела ў вадзе,
А золата пырскаў ляцела
І весела, звонка зіхцела.

Паплыў па нагрэтай праменнем рацэ,
Нібыта памыты ў жывым малацэ,
Нібыта люляны ў калысцы.
Так плысці б, і плысці, і плысці...

Стаміўшыся ўрэшце, на бераг ступіў
І вецер, на кветках настоены, піў,
І голаў кружылі абшары,
Апетыя сонечнай Шчарай.

А потым было і нуды, і бяды,
Ды помніўся дзень той чароўны заўжды,
І часта, шукаючы выйсця,
Хацеў бы ўсё плысці і плысці.


* * *

Свет стаіць нязвыкла новы.
Камяніц і хатак дахі
Панасоўвалі на бровы
Танкарунныя папахі.

Свет хрумсціць марозным хрумстам
І звініць марозным звонам,
Апрануты з тонкім густам,
Па-шляхецку выкшталчоны.

Ён паблажліва смяецца,
Як над конскім дабрадзействам
З шумнай прагнасцю таўчэцца
Вераб’інае плябейства.


* * *

Вецер вуха прыклаў да дзвярэй майго дома,
Пэўна, хоча ён думкі падслухаць мае.
Што яму, плеткару-легкадумцу, вядома
І якіх таямніцаў яшчэ не стае?

Але ў доўгім маўчанні дранцвее знямога
І няўцямна на цені глядзіць на сцяне.
О, калі б я сябе зразумець мог самога,
Мо знайшоў бы тады я патолю. Ці не.


* * *

Чалавек з пагаслымі вачыма
Адпачыць спыніўся пад кустом.
І яму цяністая ляшчына
На гадзіну падарыла дом.

Ложак з траў духмяных разаслала,
Залюляла песняю лісця...
Каліва спакою – то не мала
Ў мітусні тлумлівага жыцця.

Пад густой цяністаю ляшчынай
Пасярод сусвету і вясны
Светлымі, шчаслівымі вачыма
Падарожны ўглядваецца ў сны.


* * *

Нам новы дзень патолі не дае
І кулакі свярбяць парой пабіцца.
Дзе ж кáса, што білеты прадае,
Каб разляцецца нам па розных быццях?

Нас падхапіў аднойчы калаўрот,
Але аселі мы руціннай цінай.
Мы думаем яшчэ, што мы – народ,
Той, што “народ і нешта там адзіны”.

Старое ж сонца села за адхон,
І абдае нам зімным ветрам плечы.
І мы спрабуем распаліць агонь
У жарале даўно астылай печы.

Папесціўшы свой настальгічны боль,
Падкінем смалякоў, адсунем юшку
І выпарым душу сваю на соль,
Каб пасаліць начальніцкую юшку.

* * *

Мінулае – гэта бясконцасць,
Якая ўсё большае.
Будучыня – гэта бясконцасць,
Што траціцца – і не меншае.
Сучаснасць – гэта імгненне,
Што адрывае ад будучыні
І кідае ў мінулае.
Мы існуем у сучаснасці,
Жывучы ўспамінамі з мінулага
І надзеяй на будучыню.

* * *

Просяць Бога: “Ратуй і ад вограгаў нашых пазбаў,
Ад прытворных зычліўцаў і іхніх двудушных забаў!”
Бог не слухае просьбаў. Ён ведае сам, што рабіць.
А інакш бы Ён мусіў усіх на зямлі перабіць!


АТЛАНТ
Балада
Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных – Страцімавых.
М. Багдановіч.
Промні цьмянелі залатыя.
Вось і неба ўжо не відно.
Апускалася Атлантыда
Акіяну на самае дно.

А пагібель зямлі той бачыў
Найгаротнейшы рызыкант:
Ацалеў у лодцы рыбачай
На ўвесь свет адзіны атлант.

І, нясёны хваляй гіганцкай
Да нязнаных мацерыкоў,
Ён адчайна крычаў па-атланцку,
Патанулых зваў сваякоў.

Быў ён вынесены шчасліва
На чужых берагоў пяскі,
І глядзелі на гэта дзіва
Драбнацелыя чужакі.

І яны павялі атланта
Да сваіх нягеглых хацін.
Шкадавалі шчыра гіганта,
Што застаўся ў свеце адзін.

Аж спакон вякоў чалавеку
Уласцівы быў жаль такі.
Кідаць сталі яму, як калеку,
Грошы дробныя і кускі.

Яму горла пякло іх смакам
І хацелася ўголас выць.
Не было каму з небаракам
Па-атланцку пагаварыць.

Без агменю і без айчызны
Ён сканаў. І, нібыта цуд,
Яшчэ доўга касцяк вялізны
Разглядаў драбнацелы люд...


МАШЭКА
Паэма

Уступ

Ільвом называлі Машэку
За сілу, за жорсткае зверства,
За тое, што мы ў чалавеку
Сурова завем “крыважэрства”.

І ў тысячным нават калене
Мы ўспомнім у жаху і ў жалі
Ільвоў, што на рымскай арэне
Няшчасных жыўцом разрывалі.

А можа, мы ўпалі ў аблуду?
Мо штось недачулі, глухія?
А можа Хрыста і не Юда
Прадаў за чырвонцы ліхія?

І. Першая песня Машэкі

О, любая, імя твайго
Не смею называць уголас.
На кос тваіх малюся волас,
На кожны завіток яго.

О, любая, калі б я мог,
Увесь абшар – даліны, горы,
Увесь сусвет, дзе сонца й зоры,
Прынёс табе б і склаў ля ног.

О, любая, мне стане сіл
Абараніць цябе ад скрухі,
Ад пошасці і завірухі
І ўзнесці ўвысь, хоць я без крыл.

Я дзеля той, каго люблю,
Пасеяў у раллю зярняты.
Я сад заклаў, паставіў хату,
Агмень я ў хаце той палю.

О, любая, маё баство!
Наш не звядзецца род у свеце:
Напоўняць хату нашу дзеці,
Тваё памножаць хараство.

ІІ. Плач Машэкі

Украў маю каханую
Каршак залатапёры,
Панёс маю каханую
Не за лясы ды горы –
Схаваў маю каханую
За моцныя муры,
Задзьмуў маю каханую,
Як свечку на вятры!

Няможна ўбачыць любую
Мне скрозь муры каменныя,
Заглушаць голас любае
Палаты таўстасценныя.
Мне не пагладзіць любая
З пяшчотаю руку,
Мне не народзіць любая
Ні сына, ні дачку.

Не ўпільнаваў я любае,
Бо не чакаў я здрады.
І ўратаваў бы любую,
Ды як дасі тут рады?
Імкнуся я да любае,
Ды не праб’ю муроў.
Вартуе зграя лютая
Раз’ятраных звяроў.

Сабе я ў кузні выкую
Вялікі нож сталёвы,
Скручу пятлю вялікую
Праз вузел адмысловы
І стану я ва ўрочышчы,
Дзе дуб стары, крывы.
О-то-дзе-ж я папомшчуся,
О-то-ж палью крыві!

ІІІ. Другая песня Машэкі

Праз цемру бязмоўную
рушу крадком, асцярожна
І, зліўшыся з ёю, між дрэў прыдарожных стаю.
Выходжу на жыр і пільную, хто дужы і можны,
Хто выпаліў крыўдай пякучай пяшчоту маю.

Ніякіх сумненняў, штó мае адбыцца са мною,
Бо нават зязюлі даўно ўжо не лічаць мне год.
Як сонца, сякера ўзышла над маёй галавою,
І вечную цемру мне зычыць агністы ўзыход.

Няма ў мяне крыўды і ценю на шэрых зязюлек.
Мяне не стрымае купляных судоў прыгавор.
О, ночка, ты зор неспатольных
спагадны прытулак.
Схавай неспатольнага ты і мяне сярод зор!

IV. Балада пра Машэку

Калі ў торбу старцá і калекі
Лезе хціва ў пярсцёнках рука,
Прачынаецца ў лесе Машэка,
Дзе гару абдымае рака.

Калі жорсткі юрлівец са здзекам
Зневажае любоў і цнату,
На дарогу выходзіць Машэка,
За тры крокі мінае вярсту.

Скаланае хада яго цяжка
І жарству, і дзірван, і пяскі.
Па баках калыхаюцца важка,
Як дубіны, яго кулакі.

Чуе нюхам ён можных і прагных,
А зламысных – вастрэй мнагакроць.
І наўкола ў смуродлівых багнах
Аксаміт датлявае і плоць.

І пакуль на бяду чалавеку
Ёсць злачынства, і подласць, і здзек,
Неспатолены будзе Машэка,
Ён спакою не знойдзе павек.

ДЗІКУНСТВА

Дзікунства не ходзіць у шкурах пячорных,
Не топча сцяжын басанож.
Дзікунства ўжывае ў гасцёўнях прасторных
За ежай відэлец і нож.

Яно, зрабаваўшы амаль што паўсвету,
Няспынна грабе і грабе,
Цкуе і за краты кідае паэтаў
І служак скупляе сабе.

Наводзіць на вочы праўдзівай маною
Трутліва-шаманскія сны.
Датуль застаецца дзікунства сабою,
Пакуль бальшыня – дзікуны.

* * *

Жывы кумір сышоў у неўміручасць –
І затрымцеў агонь у алтарах,
І з душаў ападала нерашучасць,
Развейваўся, як дым кумірняў, страх.

Бурылася збуцвелым гмахам вера,
З яе руін тырчала дрэнь ды хрэнь,
І ў прывід праклінаны Агасфера
Перацякаў куміра грозны цень.

Але ўвесь час трывожыць адчуванне,
Што з вышыні алтарнай не сышло
З навечнаю пячаткай пазнавання
Ліхое, смертагрэшнае чало.

* * *

Нашто прасіць у Бога бессмяротнасці? –
Не дасць.
Нашто прасіць у Бога смерці? –
Сама прыйдзе.
Нашто прасіць у Бога шчасця? –
Яно ці ўчора, ці заўтра.
Прасіце ў Бога болю:
Калі баліць, значыць, жывеш.