12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кацярына Безмацерных

_____________________
“Мастацтва – не пустазелле, а жыта”.
Гутарка Кацярыны Безмацерных з мастакамі Таццянай Радзівілка і Канстанцінам Селіханавым


Жанчыны і мужчыны жывуць у розных
сусветах, сучасныя псіхолагі сцвярджаюць.
Але ж, седзячы ў кавярні са скульптарам
Канстанцінам Селіханавым і мастачкай
Таццянай Радзівілка, я адчувала: у гэтым саюзе муж і жонка роўна сяброўства. Канстанцін –
нібы арыстакрат, у элегантна завязаным шаліку.
Таццяна – крохкая, акуратная і куды больш
стрыманая. Канстанцін, пасля васемнаццаці гадоў шлюбу, усё яшчэ захапляецца жонкай і ўпэўнена перакананы, што сярод беларускіх
жанчын-мастачак яна – у першым шэрагу...

1987 год: студэнтаў Косцю і Таню з’яднала графіка Далі і няўтульны маскоўскі вакзал.

Канстанцін: Вядома, Таццяна была самая прыгожая на курсе. Яна быццам свяцілася ўнутраным святлом. Памятаю, што сядзеў на задняй парце, убачыў яе шыю – і захапіўся. На першым курсе мы пазнаёміліся, а на апошнім пабраліся. Яна вучылася на графіцы, я на скульптуры. Звычайна Таццяна спускалася да мяне з другога паверха, я чуў грук ейных абцасікаў, і мне было гэта вельмі прыемна.
Ну, а ў Таццяны, вядома, усё было інакш...
Таццяна: Я запомніла больш яго майстэрства. Мы хадзілі да скульптараў – з цікаўнасцю глядзелі, хто што робіць. Тут я і ўбачыла Канстанціна. На ім быў швэдар, нагавіцы такія спартовыя…
К.: Выгляд у мяне, вядома, быў не вельмі прывабны. Але я ўзяў яе словам, і яна разглядзела ўва мне будучага “мэтра”...
Т.: Потым, пасля першага семестра, мы разам паехалі ў Маскву. Збіраліся некалькі студэнтаў, але паехалі толькі мы ўдвух.
К.: Пачуццё жалю было ключавым. Нехта не змог, нехта зламаў руку. Таня засталася адна, расстроілася. І каб падтрымаць яе, я паехаў. Тады мы яшчэ шчыль­на не кантактавалі. Быў 1987 год, але я памятаю пра той момант любыя дэталі. Хто і як быў апрануты, якое было святло, якое прыкладна надвор’е. А ў Маскве тады была выстава Сальвадора Далі: графіка. Усе падобныя выставы тады толькі-толькі “паехалі” ў Савецкі Саюз. Цяпер я, можа, ужо і не пайшоў бы на яе, але тады гэта было вельмі важна. Ад Масквы мы тады шмат што ўзялі. Бедныя студэнты, але маглі сабе дазволіць сесці ноччу ў цягнік, зранку схадзіць на выставу, а ўвечары паехаць назад. Нашая стыпендыя дазваляла гэта зрабіць. Тая вандроўка нас зблізіла. Мы тады вымушаныя былі застацца на ноч, не змаглі ў першы дзень трапіць на выставу, і сядзелі на вакзале. Было вельмі няўтульна. А чалавек, калі хоча спаць, забывае пра многія абумоўленнасці. Ён, напрыклад, кладзе галаву на плячо малазнаёмаму чалавеку і г. д. Таму з Масквы мы прыехалі ўжо іншымі. Паміж намі прабіла нейкую іскру.
Ну, а з жыццём сямейным спярша няпроста было, у чым, відаць, таксама свая празаічная прыгажосць. Ды і з’ядналі іх цяжкасці.
К.: Я згадваю першыя гады нашага сямейнага жыцця. Пачыналі амаль з нуля. Гэта не тое, як маім бацькам, напрыклад, далі кватэру. А мы ўсяго дасягалі сумесна, гэта вельмі істотна для будучыні. Сапраўды, было няпроста. Часам не было грошай, а ў нашай прафесіі вельмі патрэбныя сродкі. Напрыклад, на матэрыял. Я займаюся скульптурай і бяру сродкі з сямейнага бюджэту. І няма гарантыі, што потым будзе нейкая аддача. Але тут у нас было поўнае ўзаемаразуменне. Цяпер усё больш-менш уладкавалася. І не толькі таму, што мы сталі больш вядомымі. Напрыклад, Таццяна тры дні на тыдзень ходзіць на працу.
– Якую?
Т.: Я займаюся кампутарнай графікай у фірме, што распрацоўвае гульні. Прынамсі, цяпер няма галаўнога болю, што ты ўвесь час вымушаны залежыць ад продажу сваіх працаў.
К: А мяне запрасілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт дызайну. Там я выкладаю акадэмічны малюнак. Хаця тут грошы былі не галоўным.
– Карыстаюцца попытам на Беларусі Вашыя працы?
К.: Нашыя працы ёсць і ў Нацыянальным мастацкім музеі, і ў Музеі сучаснага мастацтва. Нешта набываюць прыватныя калекцыянеры. Усё гэта даволі выпадкова. Але мы ў гэтым сэнсе не скардзімся. У такой сітуацыі знаходзяцца, у прынцыпе, усе актыўныя мастакі. Увогуле, выбар кожнага: быць мастаком ці не. Напрыклад, я вучыўся ў школе-інтэрнаце Ахрэмчыка. Цяпер гэта Ліцэй. Можа, я і памыляюся, але з васемнаццаці чалавек нашага класа прафесійна мастацтвам займаюцца толькі двое.

У мудрых кітайцаў мужчынскае – гэта ян,
жаночае – інь, а разам гармонія, кола.

Таццяна мае больш мужчынскую псіхалогію.
Т.: Косця можа нават і згубіцца ў горадзе, асабліва ў незнаёмым. У яго вельмі дрэннае пачуццё арыентацыі. А я заўсёды адчуваю, у які бок трэба пайсці.
Псіхолагі сцвярджаюць, што толькі дзесяць адсоткаў жанчын здольныя добра арыентавацца ў прасторы.
К.: Больш за тое, я скажу, што ў доме я толькі грубая фізічная сіла, Таня – інтэлект. Схемы па зборцы мэблі, што, дзе і як адрамантаваць — гэта яе. Я звычайна адразу пачынаю нервавацца, ламаю. Вось толькі і лагоды мне складана дачакацца ад яе.
Т.: Так, у мяне няма звычайнай жаночай сентыментальнасці. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна.
А яшчэ Канстанцін кажа вось што пра жонку:
К.: Момант псіхалагічнай устойлівасці – у Тані гэта, вядома, на відавоку. Я, бывае, некаторым рэчам нават у гэтым сэнсе вучуся: што сказаць, як сябе паводзіць у нейкіх сітуацыях. Цвярозага розуму ў яе значна болей, чым у мяне.
Т.: На самой справе, я цэментую нашую сям’ю, спрабую ўсе дробязі трымаць разам.
К.: А я імкнуся ўнесці нейкую дысгармонію. Брудны посуд, кінутыя шкарпэткі… Я думаю стратэгічна, Таня рэальна.
– Ну, а агульнае, што ў вас?
К.: У нас шмат агульнага. Напрыклад, пачуццё гумару. Гэта вельмі істотны момант. Вельмі добра, калі ў сямейных адносінах шмат розных такіх іранічных смешных сітуацый. Бо сур’ёзна немагчыма ўсё гэта ўспрымаць. Жыццё па сут­насці сваёй трагічнае.

Таццяне – “Уліс” Джойса, а Косцю – “Хронікі Нарніі”

К.: Праўда, у нейкіх рэчах мы палярныя. Я, напрыклад, люблю кінафільмы кшталту “Тупы і яшчэ тупейшы”.
Т.: А я больш люблю еўрапейскае кіно. У сэнсе – добрае еўрапейскае кіно. Але ж мне даводзіцца знаходзіць такія моманты, калі нікога няма дома, каб яго глядзець. Бо сын наш таксама такое кіно нядужа любіць.
К.: Мне еўрапейскае кіно таксама падабаецца, але часта прыходзіш такі стомлены, што хочацца нейкіх простых рэчаў. А ўвогуле, у нас любімыя фільмы кшталту “Ва-банк”, а Шварцнегер – дык проста наш герой.
Т.: Ёсць класічнае кіно, якое па-за крытыкай, па-за часам.
К.: Кшталту “Амаркорд”Феліні.
– А чытаеце што?
К.: Кнігі ў нас – усюды па кватэры. Апошнім часам гэта ў тым ліку ўспаміны, публіцыстыка пра некаторых кінарэжысёраў. Так, мы вельмі любім кіно. У студэнцтве бралі відэамагнітафон, і ўсю ноч глядзелі. Выбару не было, глядзелі ўсё запар. Нават маглі і дзесяць фільмаў... Таксама мы любім чытаць адзін аднаму. Напрыклад, Таня зачытвае нешта смешнае. І, адпаведна, я. Але я крыху захапляюся і чытаю дрэнна. Увогуле, Таццяна вельмі хутка чытае, я нават ёй зайздрошчу. Не ведаю, запамінае яна ці не, але чытае, напэўна, утрая хутчэй за мяне. Яна нават імкнулася чытаць “Уліс” Джойса на працягу недзе года.
Т.: Хацела быць сярод тых, каму ўдалося адолець гэтую кнігу. Але не здолела. Больш за тое, я стала забываць, што было напачатку.
К.: Гэтая кніга нядрэнна аформленая і здорава ўпрыгожвае кніжную паліцу. Так што нездарма мы яе набылі. А я вось люблю што прасцей. “Хронікі Нарніі” – адна з тых кніг, якія чытаю нанач, няблага супакойвае.
– Вы чытаеце некалькі кніжак адначасова?
К.: Так, тут няма ніякіх праблем. Звычайна я пачынаю чытаць, Таня ў мяне гэтую кнігу забірае, і мы недзе за сняданкам пачынаем спрачацца. Самы лепшы час, гэта за сняданкам, калі ты спяшаешся на працу. У мяне ж ёсць некалькі захап­ленняў. Напрыклад, я вельмі люблю ўсё, што звязана з Таркоўскім – успаміны, крытыка – і Бродскім. Гэта дзве персоны, якія мяне вельмі хвалююць.

Валошкі ў жыце

Улетку, за горадам, назіраеш неапісальную з’яву: валошкі і жыта. Мастак, паэт – усяго толькі валошка! Гэтак класік Багдановіч напісаў.
К.: Гэта праўда. Мастацтва – пустазелле.
– Не крыўдна?
К.: На самой справе мы пра гэта ўвогуле не павінны думаць. Па вялікім рахунку, мы гэта робім выключна для сябе.
Т.: Калі гэтым проста падабаецца займацца, то часу не шкада.
К.: Творчасць – гэта прыродай закладзена! Вядома, першапачаткова фізічнае існаванне, а потым ужо жывапіс. Тым не менш для мяне мастацтва – гэта проста быццё. У нейкім агульным сэнсе мастацтва, па сутнасці, з’яўляецца апраўданнем самой цывілізацыі. У гэтым сэнсе мастак, паэт – жыта... Мастацтва немагчыма схаваць. Яно заўсёды выходзіць за межы прыватнай ініцыятывы.

“Пражылі васемнаццаць гадоў – і нічога!”

Т.: Косця зусім не змяніўся. Застаецца рухавым, зацікаўленым. Пражылі васемнаццаць гадоў – а ён той самы! Агульных інтарэсаў шмат, але агульных прац ніколі не рабілі і не плануем. Толькі заўсёды раім адзін аднаму, як лепей, калі трэба што. Бывае, некаторыя праекты неабходна на кампутары зрабіць — тады я дапамагаю Косцю.
К.: Я вельмі давяраю Танінаму густу. Да яе меркавання вельмі ўважлівы. Яна адна з нешматлікіх мастачак-жанчын на гэты час, якія мяне здольныя пераконваць. І не таму, што яна мая жонка. Тут я вельмі крытычны. Калі б планка пачала апускац­ца і калі б Таня пачала сыходзіць у нейкія прычэпкі, мы б доўга не працягнулі разам. Тут вельмі важны момант супрацоўніцтва.

У Тані і Косці ёсць сын. Шаснаццаць гадоў яму. У мастацтва юнак не плануе пайсці. Яго больш цікавяць біялогія, хімія. Канстанцін рады: будзе навуковым шляхам быццё спасцігаць...