12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Бельская

_____________________
...Бо ранак раніць. Вершы


* * *

З ночы з далоні кармлю да відна
Тых, хто харчуецца болем.
Проста баюся застацца адна –
Абрабаванай і голай.

Проста баюся крануцца пляча
Тых, хто са мной не вясёлы.
Лепш хай да рання баліць у вачах
Ад каляровых анёлаў.

Хто б за мой боль – ні папракаў:
Я не аддам іх нікому,
Бо не змагу утрымаць за рукаў
Тых, хто ўцякае дадому.

* * *
Свята абсурду скончана:
Ноч. Ліхтары хістаюцца.
Сумна глядзяць у вочы нам
Сонныя ліхтары.
Друг мой брыдзе па ўзбочыне,
Вораг здалёк вяртаецца.
Толькі ліхтар хістаецца
Стомлена угары.

Друг мой брыдзе па ўзбочыне,
Непрыяцель вітаецца…
Сёння, відаць, заночу я
Ў злосніка на плячы:
Свята абсурду скончана,
Сонны ліхтар хістаецца.
Непрыяцель вітаецца –
Сябар даўно маўчыць.


* * *
Да спешчанай лёсам мяне
Чытае Бог Свае натацыі,
І Бог як заўжды мае рацыю,
А я па традыцыі – не.
Не слухае Бог апеляцыяў.
А ісціна, што ў віне,
Патрэбна й Яму, і мне –
Цуд з суму і правакацыі.


* * *

Быць Боскім анёлам цяжка –
Відушчым заўжды ў патрэбе.
Нятленным я буду ў небе,
А тут – на зямлі – не ваш я.

Я тут не зусім бяспечны –
Пакіньце сабе грашы
Не дзеля маёй душы:
Я ўсё ж застануся вечным.

Мальбы мае не радзеюць,
Каб той, хто у ложак клаўся,
Ці той, хто ў любові кляўся,
Не здрадзіў маёй надзеі.

Мой танец у кругаверці
З жыццём і з душой. Прашу!
І вы у маю душу,
Няверныя, ўсе паверце!


* * *

Я паміраю. Не руш мяне.
Калі сканаю – спявай штосілы.
Скажы, што я цябе папрасіла –
Ніхто цябе тады не кране.

Скажы, што ты мяне не любіла,
Што ненавідзела ты мяне,
Што не была пры жыцці я мілай,
Не буду мілаю і ў труне.

Кажы што хочаш, бо я без сілы,
Бо я патопленая ў віне.
Я паміраю – дабі мяне,
Каб я так моцна не галасіла.


* * *

…Бо вечар быў у пакаранне.
Бо ноч сплыла. Бо ранак раніць.
Бо дзень недастаткова шэры.
Пустой вачніцаю з паперы
Глядзіць ненапісаны верш –
Адсутнасць словаў.
Стук у дзверы…
Ў адсутнасць словаў я не веру,
А ў стук у дзверы ты не вер
І не ўзірайся ўверх: там столь –
А ты без крыл, сляпы і голы –
Такі даверлівы анёл мой, –
Такі мой неад’емны боль.
І німб крывавіць твой, анёле,
Паранены разбітым ранкам.

Той, хто стаіць на нашым ганку,
Ён не да нас, бо ён – вясёлы.


* * *

Люблю высокіх, смешных, рыжых…
ды ўдвох з адзіным ноччу я –
аблезлы металічны крыжык…
Ісус! Чаму я не Твая?


* * *

Што у дзіцяці за доля таксама:
Каб нарадзіцца з пракуранай мамы,
Каб нарадзіцца з панурай, трывожнай –
Ён бы такой не абраў.
Калі б можна –
Ён бы яе выбіраў вельмі доўга,
Ён папрасіў бы такую у Бога,
Каб сцерагла яго сон у тры вокі,
Дапамагала рабіць яму ўрокі.
Раз гэта – Ён –
Значыць, будзе сыночак –
І у яго будуць сінія вочкі.
Ён будзе часта ўсміхацца, пытацца:
Мама, ці хутка ты вернешся з працы;
Мама, дарослым я стану ці хутка?..
І засынаць пасля будзе ціхутка.

Буду любіць цябе, мілы сыночку,
І цалаваць твае сінія вочкі.
Толькі пакуль што ў цябе ёсць магчымасць
Мамаю выбраць другую жанчыну.