12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Бельская

_____________________
Анёл з параненым німбам.
Вершы


* * *

Бяры што захочаш, мой першы сустрэчны –
Аблезлы мой крыжык, пярсцёнак мой срэбны,
Мой выгляд скамечаны і недарэчны –
Бяры – калі гэта табе ўсё патрэбна.

Скажы, калі гэта табе ўсё патрэбна –
Гарачая кава ў размытым пакоі…
Мой стомлены позірк і шалік мой зрэбны,
І рэшткі сумненняў пад цёплай рукою.

Бяры што захочаш, хто трапіўся першы:
Мае абыякавасць і адзіноту,
Мой голас ахрыплы і сумныя вершы,
Бяссонне маё, і мой смех, і ляноту

Бяры – забірай! Той, хто трапіўся першы –
Збірай мае думкі з бяздум’ем нястомна.
А потым пакінь мяне раніцай – пешшу –
Ідзі.
А любоў маю – выкінь бяздомным.


* * *

Дожджыкі-шнарыкі
Кропелькі-зорачкі
Як тыя шарыкі
Коцяцца з горачкі
Што мне з табою рабіць
Маё горачка
Бо не кахаць а любіць
Проста – горача

Кропелькі падаюць
Стомлена-зморана
Тым хто не рады мне
Хай будзе сорамна
Вострымі слёзкамі
Хай будуць скораны
Сэрцы палоскамі
Зробяцца скора нам.

Шнарыкі-дожджыкі
Шкельцы заплакалі
Ў вочы глядзець вашы
Мне ўжо няма калі
Святамі й буднымі
Кропелькі капалі
Пальцамі бруднымі
Сэрца мне краталі


* * *

Анёл
з параненым німбам
з разбітым каленам
разбіся!
Разбіся яшчэ раз!
Няхай натоўп ашалелы
уверыць
у нятленнасць тваю
ці проста задаволіць
прагу відовішчаў
скажы ім
што ты не Ісус
таму хлеб
няхай знойдуць самі

разбіся Анёле
апошні раз для іх
яны будуць смяяцца
і можа ўтыркаць
у цябе іголкі
а калі стомленыя
разбрыдуцца
па дамох сваіх
ты адзін застанешся на пляцы –
ты паяцам не будзеш больш
і ні лялькай вуду праклятай

ты не звычайны Анёл:
у цябе няма крылаў
ты пойдзеш дадому –
таксама –
Пешшу
ў каляровых сваіх чаравіках
проста па адсутнасці воблакаў

Усе смяротныя ўнізе
будуць рабіць выгляд –
а самі –
моўчкі шкадаваць
што іх смерці
цікавымі не будуць нікому
Зрэшты
як і іх жыцці

Анёле,
а заўтра ты
пойдзеш збіраць кветкі
і ператвараць
людзей у анёлаў


* * *

...Табе гэта быццам звычайны пароль:
Прыходзіш, сядаеш, паказваеш раны…
Ты не падыходзіш, бо гэты твой боль –
Ён зноўку слабы, каб ты змог стаць абраным…

І ты сарамліва ўзіраешся ў столь,
Нібыта жабрак ў рабацінні падраным,
І просіш: падайце мне спірту. І соль:
Мне імі хацелася б вылечыць раны.

Ты не пачуваешся, быццам кароль –
Ты нейкі вар’ят, нейкі псіх апантаны!
Калі б ты быў Богам – забраў бы ўвесь боль…
Цябе не абралі, бо ты ўжо абраны.

* * *

Калі ты ў небе – будзь здароў:
Кармі крывёю камароў.
Хадзі па воблаках, штоноч
Глядзі на слёзы з маіх воч.
Мае міфічныя істоты
Не запытаюць нават, хто ты:
Яны штоночы (ім лягчэй)
Мне слёзы злізваюць з вачэй.
І штовясну у мой пакой
Яны прыносяць неспакой.


* * *

Так млосна робіцца ўначы,
Але няма куды ўцячы.
Ламаецца аловак. Час
Сячэцца на кавалкі.
Я трызніла надзеяй змалку –
малілася, як на абраз.
З далоняў кроў цякла на снег.
Мне выдавалася у сне,
Што нараджаецца жыццё
З крыві маёй салёнай.
Надзея не прыносіць плёну,
Ды рвецца вечнасць на шмаццё…


* * *

Той, хто хоча быць першым, – будзе,
Быццам першы цнатлівы снег,
Па якім пойдуць з працы людзі,
Той, што дзеці бачаць у сне.

Толькі першы – запомняць людзі,
А апошні – памрэ ў вясне.
Той, хто хоча быць першым, – будзе.
Той, хто хоча быць снегам, – не.
* * *
Бяры i дыхай – штоты-штоты,
Не патрапляючы у ноты.
Дзiця мне нарадзi жывое,
Ускалыханае травою.
Яму б спявалi песнi совы,
Ператварыўшы ноч у словы –
Ды у мяне ад гэтай ночы
Пракiслi сны, раскiслi вочы,
I я нарэшце – штовы-штовы –
Пазбавiлася дару мовы,
I пад нагамi хiстка-хiстка,
Бо я дурная мазахiстка,
I мазахiст мой любы Божа,
Якi трываць мяне ледзь можа.
I калi я заплюшчу вочы,
Адразу апынуся ў ночы,
З якой зрабiлi словы совы
ды паўкладалi у галовы.
I чыiм вокам нi зiрнi я –
Я нечая шызафрэнiя.

* * *
Сэрца справа, сэрца злева –
Што з iх родна…
А на вулiцы залева
I халодна.
А на вулiцы дажджыцца
I трывожна.
Цi ў адным з iх мне прыжыцца
Будзе можна..
Сумным парасткам прабiцца
Цераз рэбры,
адцвiсцi або згубiцца
ў кроплях срэбра..
Цi паслухаць тых, што звалi, –
выйсцi з хаты,
Не знаходзiлi – шукалi
Вiнаватых.
Цi мне выйсцi i аддацца
ў дождж пракляты:
У мяне слабы дарадца –
Сэрца ў пятах...
Цi спытацца: што за справы,
што хацелi?..

Сэрца злева, сэрца справа –
Ды не ў целе.