12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Бельская

_____________________
Быць іншаю... Вершы


* * *
Учора глеба апоўдні
Пахла кіслымі яблыкамі,
Пагрызенымі восамі.
Я помню:
Я йшла і плакала –
Цела – паедзена воспаю,
Душа – трохі д’ябламі.

Падпаленыя акуркамі,
Апоўдні гарэлі сметніцы –
І пахла лазняй паветра.
Праз кожныя пару метраў
Я думала: нешта зменіцца,
Спынялася пад падмуркамі,
Падала на калені
І нюхала глебу яблычную.
Я думала: праз імгненне
Быць іншаю пачну я,
І плакала.

Учора апоўдні – людзі
(ім вечна няма калі)
Не чулі мяне праз вушы,
Глядзелі ў мяне скрозь вочы.
Я думала: нешта будзе,
Думала, лепей крочыць –
Нават чакала радасці.
Здалося ж, і іх душы –
Пагрызеныя д’ябламі,
Прыкрытыя трохі святасцю,
Засыпаныя яблыкамі.

Апоўдні наступнага дня
І нават праз дзень апоўдні
(штодзень мой не быў горшым,
Хаця я і не апомнілася) –
Я не засталася адна:
Бо людзі прасілі грошы,
Казалі, што, можа, вернуць
Да нейкага там, да –

Наступнага, можа, месяца.
І кожнаму я – верыла,
Бо я іх зусім не ведала,
Іх першы раз нават бачыла –
І мне не было шкада:
Яны, як і я, не снедалі.
Дзе ў галаве змесцяцца…
Дый – мне ўжо яны аддзячылі,
Бо грошы – то ж так нямнога,
А ім ад мяне –
Нічога

Не трэба – а гэта шмат.
Я ехала ў аўтобусе
У яблыкавы сад.
Шчаняты адлізвалі ногі мне,
Бо бачылі мае слёзы
Яны і яшчэ пасажыры ўсе,
Прынамсі, напэўна, многія,
Усе – абыякава шчырыя.
А я ў парадку. Сур’ёзна.


* * *
я пакінутая словамі
на полі бою.
словаў няма болей,
а ў мяне не тое,
што няма ранаў,
нават пазногці не абламаныя.
проста здалася рана.
ляжу і маўчу я.
выратаваў бы хто –
дык ніхто ж не пачуе….

расплюшчваю вочы –
гляджу
ў столь проста –
хоць бы стогн…

“дзетка, куды ноч – туды й сон” –
сказала б мама.


* * *
Я не паэт, не мастак, не лінгвіст,
І не філосаф, і не гітарыст…
Гэта не лічыцца, гэта – не твор,
Гэта прыватны мой саматэрор,
Гэта мой танец на костках уласных –
Рэха насмешкі – чыстай і яснай…
Вочы зашыты,
Завязаны рот мой –
І не запэўніць у адваротным.


* * *
сонечнае ранне
расцеклася па
падваконні:
можа халодна стане
я мерзну
спрасоння
падоўгу
хаваю рукі
у цёплых шаліках
і пальчатках
стрыманыя
рухі
напачатку
зашываюся ў кут
снежня –
светлы і
пахне слівамі
вось табе – смешна –
а я –
шчаслівая


* * *
я такая мярзлячка
што зіма мяне ледзь пераносіць
падбіраецца да пераносся
і кусаецца
бы сабачка
я ўцякаю – дзе мандарыны
рассыпаюцца на паліцах
цынамонавы пах у крамах
бо ў набеленых снегам храмах
не ведаю
як маліцца
тут дзе цёпла –
даюць парады…
як я выйду да снегу ў дзверы?
калі скажаш, што ты мне рады –
я наўрад ці
табе паверу

* * *
(для тых, хто ў душу лезе…)

Плакалі птушкі ў снезе,
і ціха песню спявалі,
і дзюбамі цалавалі
хлеб у руках малога.
зямля – Богава падлога –
знікала з-пад майго цела,
А я ўсё на іх глядзела,
глядзела – і не стрывала,
кажу яму: хлеба мала.
Руку падала нясмела –
а хлеба сама не мела.
Ён кажа мне: не іначай,
і птушкі начамі плачуць
аб гэткіх, як ты, – бясхлебых,
вачыма глядзіш – ды слепа.
…і ўсюды не снег – а сажа.
Паплач з намі, – птушкі кажуць.
І дзе хоць сляза упала –
там хлеба цяпер кавалак.
..бо той, хто ў душу
лезе –
не плакаў з птушкамі ў снезе.