12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бірутэ Янушкайтэ

_____________________
Жыцьцё на шпілі званіцы.
Вершы




Пераклад
з польскай
Андрэя
НАЛІВЫ.


У прыдарожнай кавяранцы

мужчыны над філіжанкаю кавы
колькі жанчын з адбіткам
ранішняга сну ў вачах
і сонца з восеньскае смугі
на каменнай падлозе разьлітае
шкляныя дзьверы, расчыненыя бы далоні
два промні сьвятла
ў іх можна убачыць
сілуэт таго, хто ўваходзіць

плячысты мужчына
зьняў спартовую шапачку
замовіў чорную каву
ня ведаю ці піў ён са мною
бо каву яму запарвалі
на іншым канцы сьвету

* * *
Я – жанчына асуджаная
На жыцьцё бяз сну
І каханьня, што пакінула мяне

Я – дух, які крочыць
Па распаленым вугольлі
У бязьмежнае цішы

Я – сьвятло штодзённае
Якое б’ецца ўпарта
Аб турэмныя краты

Я –
Прыгавораная на дажываньне
З пытаньнямі, якіх не пазбыцца:
Была ўжо?
Буду?

Калі я ёсьць.

* * *
сьнілася мне рака, што адносіла
малітвы маіх маладых сваякоў
і пах поту іх ног
у дарозе да касьцёлу

сьнілася мне рака
з пясчанымі карткамі
захаванымі ў бібліятэчнай памяці
з дрэмлючымі ў даліне
кабылай і жарабком

сьніўся мне выгін ракі
пры мосьце да Смалянаў

жанчына
з сузор’я Авена
лавіла ў ёй вялізных рыб

рукамі
брала мокрую калоду
выцягвала яе з вады
і кідала на бераг

вада не дасягала яе ўлоньня
цячэньне ракі зносіла шэры туман

у абдымках жанчыны я ўбачыла
новую сонную рыбіну

выйшла і я да ракі
пачала шукаць лежыва рыб
вада была халодная
глыбіня найжахлівая

рыбіна схапіла губамі маю руку
на бераг выцягнула я
калоду

у сузор’і Рыб
няма маіх найблізкіх

* * *
Д’ябал на шпілі званіцы
таньчыць у страху, бо
ў пэўны дзень
малітвы ўзносячыся занадта высока, затопяць востры шпіль
і расплавіць пякельная сіла
нібы кропельку воску на сьвечцы грамнічнай

д’ябал на вільчыку званіцы
таньчыць бо, як вядома,
Вечнасьць Званара
казыча рагамі, разгойдвае
хвост і шпурляе яго пад ногі
Божае Маці.

Вось яно жыцьцё
на шпілі
званіцы.

* * *
Усемагутны
калі памру гэтай ноччу
Зьвяжы на прутках маім дзяўчынкам
сукенкі з канюшыны Пярсетавага пагорку
адрамантуй бацькавага
калодзежнага жураўля
каб ужо нікому ніколі
не хацелася на ім
павісець

у нагах унукаў
пасадзі
найхутчэй шэрага жаўрука
няхай паслухае Тваё
скланаванае ягнё
якія песьні мы
сьпявалі калісьці

Усемагутны
я – валасок
з Тваёй вейкі
напоены
сьлязою Магдаліны