_____________________ Уваскрасеньне ўчарашняга дня.
Лірычна-дакументальны расповед.
(Заканчэньне)
Заканчэньне.
Пачатак
у №6 (31)
за 2007 год
і №1-4 (32-35)
Часопісны
варыянт. |
Беларусь зрабіла свой выбар . Гэта былі апошнія вольныя , дэмакратычныя выбары . Пра тое магу засьведчыць і як намесьнік старшыні па этыцы пры Цэнтрвыбаркаме , у якую ўваходзілі вельмі аўтарытэтныя , прынцыповыя і незалежныя ад чыйго б там ні было ўплыву , нават ад старшыні Цэнтрвыбаркаму Абрамовіча , які вельмі лічыўся з нашай думкай . З выбарам першага прэзідэнта , несумненна , узяла пачатак найноўшая гісторыя шматпакутнай Беларусі . Пра гэты перыяд напісаны ўжо палітыкамі , гісторыкамі , сур ’ёзнымі і ня надта сур ’ёзнымі палітолагамі , сацыёлагамі , журналістамі дзясяткі салідных кніг , дзе даволі поўна і ўсебакова даследуюцца вядомыя і малавядомыя факты , прычынна -пасьледкавыя сувязі , адкрытыя і скрытныя спружыны , якія прадвызначалі і вызначалі ход падзеяў . Апалагетамі розных палітычных сілаў выдадзена на гара тысячы , мо і дзясяткі , сотні тысячаў розных публікацыяў , супастаўляючы аргументы і факты з якіх удумліваму і разумнаму чытачу можна адшукаць ісьціну . Ну і для старэйшага , сярэдняга , дый маладзейшага пакаленьня найноўшая гісторыя яшчэ на памяці і на слыху , таму мае нейкія прыпамінкі , ацэнкі палітычнага і грамадскага жыцьця наўрад ці могуць дадаць нешта новае , невядомае . Мусіць , лепш хоць кораценька , пункцірна , фрагментарна прыгадаць нейкія падзеі , зьвязаныя з літаратурным і культурніцкім побытам , з блізкімі і ня надта блізкімі , але дарагімі мне людзьмі , з кім шчасьлівы лёс зьвёў у гэтым жыцьці і каго так не хапае ня толькі мне і маім сябрам , але найперш маці -Беларусі ...
Паэта Пімена Панчанку я адкрыў для сябе – дакладна памятаю – у год заканчэньня дзесяцігодкі і пачатку работы ў рэдакцыі раённай газеты ў 1956, калі прачытаў у “ЛіМе ” падборку пад агульнай назвай “Прыстасаванцы ”. Вершы настолькі ўразілі , што дастаткова было прачытаць іх два ці тры разы , каб назаўсёды засталіся ў памяці . І сёньня праз паўстагоддзя , пабудзі хоць пасярод ночы , магу прыгадаць амаль без запіначкі . З таго часу стаў пільна сачыць за ўсім , што выходзіла з -пад пяра любімага паэта . Вучыўся , пераймаў ягоны стыль , пакуль сам займаўся вершаваньнем . Мо і свайго паэтычнага Пегаса адпусьціў на волю , цьвяроза ацаніўшы , які ён нягегленькі і кволенькі ў параўнаньні ў Панчанкавым .
Калі ў “Маладосці ” рыхтавалі да друку маю першую аповесьць “Час прылёту журавоў ”, давалі , як мне казалі , чытаць яе і члену рэдкалегіі Пімену Панчанку . Ня ведаю , якое ўражаньне аповесьць зрабіла на шаноўнага Пімена Емельянавіча , але ж , пэўна , неблагое , інакш бы не маглі не палічыцца з думкай свайго былога галоўнага рэдактара . Адно , што ён не ўхваліў – гэта мой псеўданім , сказаў Бураўкіну : гэта ж такое ў хлопца прыгожае беларускае прозьвішча , чаго гэта ён надумаў ... У мяне нават і ня надта пыталіся , і аповесьць выйшла пад маім сапраўдным прозьвішчам . Вельмі шкадую , што не паслухаўся , і надалей вярнуўся да псеўданіма .
Потым , калі мы ўжо былі асабіста знаёмыя , Пімен Емельянавіч прызнаўся , што ўважліва сачыў за маім творчым ростам , чытаў кожную новую аповесьць і радаваўся , колькі раз намерваўся напісаць мне ліст , але пачуваў нейкую ніякаватасьць , адкладваў да знаёмства .
Пазнаёміў нас Генадзь Бураўкін , калі я ўжо перабраўся ў Менск і займеў членства ў Саюзе пісьменьнікаў . На тым пасяджэньні прэзідыуму Пімен Емельянавіч адсутнічаў – прыхварэў , але яму , як і Кандрату Крапіве , бюлетэні для тайнага галасаваньня вазілі на кватэру . Знаёмства адбылося на некім тлумным зборы ў Доме літаратара – ці то пленуме , ці то нейкім вечары . Але яно было чыста візуальным , як кажуць , шапачным . Неўзабаве Генадзь прапанаваў разам наведаць Пімена Емельянавіча дома . Я быў рады такой магчымасьці , але выказаў сумненьне : а ці тактоўна будзе з майго боку гэтак раптам уваліцца без запрашэньня . Генадзь супакоіў : ён гаварыў з Піменам Емельянавічам і той чакае нас разам ... Узялі з сабою , што трэба , каб не рабіць лішніх клопатаў гаспадарам , і вечарам пасьля працы накіраваліся на вуліцу Пуліхава , дзе на чацьвёртым паверсе цэкоўскага дому жыў Панчанка . З ласкі Машэрава ў гэтым жа доме , у суседніх пад ’ездах мелі такія ж чатырохпакаёвыя палепшанай планіроўкі кватэры Янка Брыль , Кастусь Кірэенка , Іван Чыгрынаў , Барыс Сачанка , Анатоль Вярцінскі , Павел Місько . Я добра ведаў і гэты раён , і дом – тут жыла ці не бальшыня нашых цэкоўскіх работнікаў , і часьцяком мы зьбягаліся ў каго -небудзь па нейкай нагодзе , а то і без усялякай нагоды – тады яшчэ заставалася завядзёнка заглядваць да калегаў без усялякіх цырымоніяў , тым больш , што ўсе жонкі былі знаёмыя па дачным сезоне ў Атоліне .
На званок адчыніў дзьверы сам Пімен Емельянавіч з добрай , прыязнай усьмешкай на твары , прадставіў мяне гаспадыні Зоі Кірылаўне , а Генадзь пачуваў сябе тут , амаль як свой . Гаспадыня прапанавала накрыць стол у зале , але Генадзь папрасіў яе не турбавацца , бо мы ня будзем заседжвацца , забеглі на хвілінку пабачыцца , пагаманіць з Піменам Емельянавічам , во і пасядзім у ягоным кабінеце . Атабарыліся за нізкім журнальным столікам , і пакуль Зоя Кірылаўна зьбірала на стол , гаворка вырулілася на розныя бытавыя тэмы . Пачуўшы , што неўзабаве я , магчыма , і Генадзь перабярэмся ў новы цэкоўскі дом насупраць , дзе ўжо манціравалася сантэхніка і вяліся аддзелачныя работы , Пімен Емельянавіч заўважыў : ну , во і добра , будзем у адным двары , лічы , аднавяскоўцы і з лёгкім гумарком расказаў , што ўсё жыцьцё марыў займець кватэру з балконам . Хоць з якім малюсенькім , але каб можна выйсьці за межы кватэры , хоць стоячы падыхаць сьвежым паветрам , паназіраць з вышыні , ня кажучы пра раскошу пасядзець , пагойдацца ў крэсьле -качалцы , пачытаць , падумаць ... І заліўся гарэзьлівым сьмехам : а во ў канцы жыцьця , нарэшце , дачакаўся – можна ня тое , што пасядзець , а пры жаданьні і паляжаць ці паспаць , хочаш на сонейку , хочаш бяз сонейка – балконы з двух бакоў ... А потым ён надзвычай жыва і зацікаўлена пытаўся пра некаторыя моманты маёй біяграфіі , мае заходнебеларускія мясціны , характэрныя слоўцы і гаворкі , якія ён сям -там заўважыў у маіх аповесьцях , але хацелася б больш , як у Адамчыка , Карпюка . Потым схамянуўся : зрэшты , гэта заўсёды справа самога пісьменьніка , ніхто ня мае права ўказваць , як яму пісаць . Абы гэта была паэзія дык паэзія , проза дык проза , а ня як часам – заштампаваная газетчына альбо элементарная непісьменнасьць выдаецца за літаратуру ... Цікавую для мяне літаратурную тэму , якую актыўна ўзяўся падтрымліваць і Генадзь , перапыніла гаспадыня , якая стала насіць і ставіць на столік талеркі з закусьсю і ўсё , што да яе належала , аднак застацца з намі адмовілася . Потым я ня раз і ня два бываў і ў пісьменьніцкай кампаніі , і адзін у іхняй гасьціннай хаце і ня памятаю , каб Зоя Кірылаўна хоць раз заставалася ў мужчынскай кампаніі , унікала ў гаворкі . Толькі ледзь ці ня ўмольна прасіла , калі ня чуў гаспадар : хлопчыкі , вы ж Пімену шмат не налівайце ... Узялі па кілішку , і Пімен Емельянавіч прыкметна павесялеў , палагаднеў , у лірычна -задумлівым гуморы пачаў прыгадваць свае маладыя гады , Бягомлю , сваё настаўніцтва . Па радыё , тэлебачаньні я ня раз слухаў невялічкія і больш -менш пашыраныя гутаркі з ім , а найперш – як ён чытаў свае вершы . Шчыра кажучы , яны не рабілі ўражаньня – чытаць вершы было цікавей , чым яны гучалі ў аўтарскім выкананьні , ва ўсякім разе не ішлі ні ў якое параўнаньне з Максімам Танкам , які літаральна “сьпяваў ” свае творы , узьнёсла , натхнёна , як , дарэчы , і ўсе свае выступленьні , прамовы за трыбунай . Тады ж ня толькі я , а , здаецца , і Генадзь былі страшэнна і прыемна зьдзіўленыя , як ярка , вобразна , са сьветлым смуткам і лёгкім гумарком апавядаў ён , і што асабліва ўражвала – кожны эпізод , фрагмент нават па кампазіцыйнай завершанасьці нагадваў гатовую маленькую навэлку . Загіпнатызаваныя заварожана слухалі сапраўдную паэзію ў прозе і , як потым высьветлілася , абодва думалі -шкадавалі аб адным і тым жа : эх , няма непрыкметнага мікрафончыка , каб зафіксаваць гэты цуд ! А ён (о жах !) можа больш на гэтакім душэўна -паэтычным уздыме і не паўтарыцца , надарыцца толькі экспромтам , толькі аднойчы ...
Потым ён ці то сам трохі стаміўся , ці далікатна палічыў , што досыць частаваць і стамляць доўгім расповедам нас , рашуча спыніўся і перавёў гаворку на нейкую іншую датычную нас усіх тэму . Генадзь з усёй сваёй рашучасьцю настойліва стаў раіць гаспадару занатаваць пачутае намі на паперы , больш таго – прапанаваў прыслаць чалавека з “Рэпарцёрам ”, каб нагаварыў у мікрафон , потым расшыфруецца на паперы , зробіць , якія палічыць патрэбнымі , папраўкі . Я гэтаксама падтрымаў , аднак Пімен Емельянавіч не прыняў усур ’ёз і блізка нашых прапаноў , аднекнуўшыся з усьмешкай , што ня ўмее гаварыць у мікрафон , а пра гэта і шмат што іншае абавязкова напіша , калі кіне пісаць вершы ... У тое , што Панчанка некалі можа кінуць пісаць вершы , слаба верылася нават мне , ня кажучы пра Генадзя , які не адзін год добра ведаў Пімена Емельянавіча . Калі мы ледзь ужо ці ня позьнім вечарам вышлі ад Панчанкі , Генадзь мовіў і да мяне , і больш да самога сябе : такое трэба запісваць , ведаючы , што дзёньнікі ня піша ні ён , ні я , і разумеючы , што запісаць , захаваўшы непаўторныя Панчанкавы інтанацыі , тоны , ягоную яркую , вобразную мову нават па самай сьвежай памяці немагчыма .
Тэма напісаньня ўспамінаў узьнікала заўсёды ў розных і вузкіх , і больш пашыраных гаворках , калі Пімен Емельянавіч быў у добрым гуморы і выдаваў чарговую порцыю сваіх цікавых , яркіх , дасьціпных згадак пра сустрэчы з Янкам Купалам , Якубам Коласам , пра страшныя хапуны ў канцы трыццатых , пра армейскія ваенныя , цяжкія , але вясёлыя пасьляваенныя гады . І ўсе аднадушна ледзь ці ня ўпрошвалі яго напісаць , пакінуць для нашчадкаў . Панчанка аднекваўся ў сваёй звычайнай манеры : ды я ўжо пра шмат што напісаў , калі гадоў дзесяць назад добра пісаліся розныя артыкулы па заяўках і просьбах рэдакцыяў , выдавецтваў , сяброў , дый па сваёй ініцыятыве , вазьмуся ўсур ’ёз , як толькі закончу апошнюю паэтычную кнігу і ўвогуле перастану пісаць вершы . Мусіць , праўда , што кропля і камень крышыць , бо з гадамі ён , здаецца , і сам адчуў патрэбу напісаць прозу , а найперш павесьці расповед пра свае бягомельскія юначыя гады . Асабліва ў апошні перыяд жыцьця , калі ўжо не выходзіў на вуліцу , як любіў пажартаваць , “да маіх дзевак ” – бабулек з суседніх двароў , якія імгненна акружалі яго , як толькі зьяўляўся на лавачцы ў скверыку непадалёк ад свайго пад ’езду , каб паслухаць ягоныя вясёлыя баечкі і мудрыя жыцьцёвыя развагі . Пра тое , што больш ня будзе пісаць вершы , а займецца толькі прозай ён усё настойлівей , нібы пераконваючы самога сябе , стаў гаварыць ня толькі на сяброўскіх бяседах , але і публічна ў прэсе , аднак праходзіў нейкі час – і ў “Полымі ” ці “ЛІМе ” зьяўляліся ягоныя выдатныя паэтычныя нізкі . Мусіць , яно так і ёсьць : паэзія для сапраўднага вялікага паэта непадуладная ягоным жаданьням і намерам , яна для яго і крыніца натхненьня , і сэнс быцьця , і само жыцьцё , і своеасаблівы спосаб духоўнага існаваньня ...
Хваробы даймалі яго , як нейкае насланьнё . Падымаўся ранкам , закружылася галава , упаў , пашкодзіў пазваночнік , пасьля чаго з паўгоду мусіў ляжаць на мулкіх дошках . Трымаўся мужна , жартаваў : гэта пакараньне за непаслушэнства ... Гарэзьліва ўсьміхаўся і тлумачыў : гэта ж колькі разоў і Максіма , і мяне папярэджваў Кандрат – не забывайце , хлопцы , на свае гады , прачнуўся , то не сьпяшай ускокваць з ложку , як малады жарабок , а нагамі паварушы , сядзь , спусьціўшы іх долу , рукою прытрымайся , інакш закружыцца галава і – у лепшым разе давядзецца тлумачыць знаёмым паходжаньне гузака ці ліхтара ... А для мяне дык во чым скончылася ...
Кандрата Крапіву , Максіма Танка , Пімена Панчанку зьвязвала доўгая шчырая мужчынская дружба . Яшчэ з вайны . Блізкімі , адной кампаніі з імі былі Міхась Лынькоў , Пятро Глебка , Пятрусь Броўка , Аркадзь Куляшоў . Пімен Емельянавіч у сваіх артыкулах , якія надзвычай плённа пісаў у 1976-77 гадах і якія потым склалі ледзь ці ня ўвесь том ягонага чатырохтомніка , пакінуў цікавыя ўспаміны пра сваіх сяброў пераважна ў ваенныя гады . Але гэта было пра сур ’ёзнае , саліднае , грамадска -значнае , іншага тады ў адносінах да такіх людзей і не дапускалася . А ў гаворках з намі ён любіў згадваць бытавыя , сьмешныя , часам кур ’ёзныя гісторыі і эпізоды , у якія яны патраплялі альбо само па сабе , альбо дзякуючы нечыім дасьціпным розыгрышам , на што былі ўсе мастакі . Згадаю толькі адну , расказаную Піменам Емельянавічам , якая нейкім чынам характарызавала іхнія стасункі .
Як вядома , колькі б пітва не запасалі для доўгай сяброўскай бяседы , заўсёды яго ў рэшце рэшт акажацца недастаткова , і нічога не застаецца , як камандзіраваць некага ў краму ці ў рэстаран , нагадваючы на дарожку : пашлі дурня па пляшку – ён адну і прынясе . Па завядзёнцы гэтая ганаровая місія ўскладваецца на самага маладзейшага , і тут : зьбегай , Пімянок , зьбегай , Пімянок ... Раз пабег , два , тры , чатыры , а потым устаў на дыбкі : я вам не Пімянок , а Пімен Емельянавіч ! Будзем па чарзе і па алфавіту !.. Па дабаўку патэпаў самы старэйшы і першы ў алфавітным парадку Кандрат Кандратавіч Атраховіч . Яны ня толькі сябравалі самі , але і ў іх агульнымі сябрамі , а часам і перакладчыкамі былі рускія пісьменьнікі , найперш – Міхаіл Ісакоўскі , Аляксандр Твардоўскі , Аляксандр Фадзееў , Канстанцін Сіманаў , Аляксандар Пракоф ’еў , Якаў Хелемскі , украінцы Мікола Бажан , Аляксандр Карняйчук , Ванда Васілеўская , Мікола Нагнібеда і іншыя .
Я яшчэ не сустракаў такой чалавечай , шчырай далікатна -трапяткой дружбы , якую пашчасьціла назіраць у сяброўскіх стасунках Крапівы , Танка , Панчанкі . Толькі адна жыцьцёвая дэталька . Генадзь Бураўкін умеў бліскуча парадзіраваць Танкавы верлібры : бярэ першае , што патрапіць пад руку , і экспромтам выдае вакол яго глыбокую філасофію Танкавымі пявучымі інтанацыямі , ад чаго прысутныя аж поўзаюць ад сьмеху . Былі нават прапановы надрукаваць іх дзе -небудзь пад Танкавым прозьвішчам – Яўген Іванавіч чалавек з тонкім адчуваньнем гумару , пасьмяецца ад душы . Канечне ж , гэта ўжо было б занадта . Неяк мы ўгаварылі Генадзя папарадзіраваць Танкавы верлібры ў прысутнасьці Панчанкі . На нашае зьдзіўленьне Пімену Емельянавічу гэта не спадабалася – ён тактоўна маўчаў , ні разу не ўсьміхнуўшыся , і ўсе мы пачулі сябе пасаромленымі , зразумеўшы , што іхняя дружба мае іншую , ва ўсякім разе непараўнальна вышэйшую , чым у нашага пакаленьня , маральную планку . Для іх проста непрымальна за вочы слухаць пра сяброў нечае хай сабе і таленавітае , але блюзьнерства .
Яны шчыра падтрымлівалі адзін аднаго , калі некага валіла хвароба , асабліва старэйшага па ўзросьце Кандрата Кандратавіча , які амаль да ста сваіх гадоў захоўваў сьветлы розум пры амаль поўнай фізічнай немачы . Яны наведваліся альбо сазвоньваліся па тэлефоне , хоць гэтае дасягненьне цывілізацыі Пімен Емельянавіч ня надта любіў – казаў , што гаворка па тэлефоне нагадвае яму гаману двух сьляпых . Пасьля адыходу старэйшых сяброў , здаецца , найбліжэйшым і ў прамым , і пераносным сэнсе чалавекам для Панчанкі стаў Сяргей Законьнікаў , які колькі часу назад пасяліўся ў гэтым жа пад ’езьдзе , некалькімі паверхамі вышэй . Ён ледзь ці не штодня па -суседску забягаў да Панчанкаў запытацца , мо патрэбна якая помач , пагаманіць з гаспадаром , расказаць яму апошнія літаратурныя навіны ...
Пімен Емельянавіч па натуры быў непапраўны рамантык , лёгкі на пад ’ём вандроўнік і падарожнік . Нават у свае сталыя гады , маючы сур ’ёзныя праблемы са здароўем , ён ці то па лініі Камітэту міру , ці то ў складзе нейкіх афіцыйных альбо пісьменьніцкіх арганізацыяў , а то і проста турыстам гатовы быў у любы момант падняцца і кінуцца за тысячы кіламетраў у чарговае падарожжа , часам няпростае , авантурнае , мо нават рызыкоўнае . Магчыма , ён быў першы беларус , які “забраўся ” на самую страху сьвету , адкрыў для сябе і для нас малавядомую і загадкавую горную краіну – каралеўства Непал . Прыгадаем толькі назвы Панчанкавых кніг – “Далёкія станцыі ”, “Шырокі сьвет ”, “Кніга вандраваньняў і любові ”, “Нью -Ёрскія маланкі ”, “Тысяча небасхілаў ”, “Чатыры кантыненты ” і г .д . Турысцка -пазнавальных вершаў , пісьменьніцкіх падарожных нататак і нарысаў у нас хоць адбаўляй . Панчанка , звычайна , прывозіў са сваіх далёкіх і блізкіх вандровак бліскучую лірыку высокага паэтычнага , філасофскага і грамадзянскага напружаньня , напалу , гарту , словам , класіку , якую прынята запамінаць , адзначаць самымі высокімі прэміямі і ўзнагародамі . Але гаворка не пра тое . Запрашаю ўявіць сабе , якія танталавы пакуты паспытала непаседлівая , дзейсная , энергічная і вольналюбівая Панчанкава натура ўмомант упалая ў нямогласьць , спаралізаваная інсультам . Горай за ўсё – амаль нежывою стала правая рука , і ён пазбавіўся магчымасьці нават занатаваць раптам узьніклую думку , паэтычны вобраз , ёмістае слоўца , толькі што народжаны паэтычны радок . Мы бачылі , як ён змагаўся , не дазваляў сабе ўпадаць у адчай і роспач . І дзякуючы ці то ўрачам і медыцыне , ці то Зоі Кірылаўне , ці то асабістай мужнасьці , аптымізму , неадольным жаданьні адолець сваю немач хвароба памалу адступала . Пімен Емельянавіч апантана і нястомна доўгімі гадзінамі “распрацоўваў ” руку , ціскаючы эластычны шарык , не спыняўся нават пры наведвальніках . І насамрэч памагала – неўзабаве за пісьмовым сталом старанна выводзіў літары , словы , нібыта наноў вучыўся пісаць . Напачатку літары выходзілі няроўнымі , завостранымі зьверху і зьнізу , складзеныя ў словы , радкі , яны вельмі нагадвалі электракардыяграму ягонага натруджанага хворага сэрца . З цягам часу рука набірала ўпэўненасьць і тэмп , аднак усё роўна не пасьпявала за ходам думкі , і ён скарачаў словы , пакідаў толькі яму вядомыя закаручкі . Нават усёцярплівая Зоя Кірылаўна , якая прысьвяціла свайму Пімену ўсё жыцьцё , не заўсёды магла разабрацца ў ягоных кручках -каракулях . У зьвязку з гэтым нельга не сказаць колькі словаў пра сапраўднае чалавечае , грамадзянскае і пісьменьніцкае падзьвіжніцтва Сяргея Законьнікава , які пасьля сьмерці Пімена Емельянавіча больш за паўгода па начах і выхадных карпеў дзе з лупай , дзе метадам супастаўленьня , дзе клікаў на падмогу Зою Кірылаўну , расшыфроўваючы амаль непрыдатныя для прачытаньня дзёньнікавыя і іншыя запісы , падрыхтаваў і на працягу ці ня двух гадоў друкаваў у “Полымі ”, якое ён тады рэдагаваў , цікавейшыя Панчанкавы дакументы .
Сёньня я ня ведаю пісьменьнікаў , у тым ліку і сярод крытыкаў , літаратураведаў , хто сістэмна сочыць за літаратурным працэсам , больш -менш поўна знаёміцца з публікацыямі ў літаратурна -мастацкіх выданьнях , навінкамі сур ’ёзных выдавецтваў . Магчыма , цалкам аддаюцца напісаньню ўласных , вядома ж , геніяльных твораў , магчыма , ня маюць патрэбы чытаць , як у тым анекдоце : “я не чытацель , я пісацель ”, ці проста заядае лянота , і абмяжоўваюцца праглядам , зачапіўшыся за нешта позіркам па дыяганалі , каб быць у курсе , з разумным выглядам , калі ўзьнікне патрэба , падтрымаць гаворку . Ніколечкі не перабольшваю : ёсьць творцы , якія , здаецца , у найлепшых прыяцельскіх , мо нават сяброўскіх стасунках , але не прачыталі адзін у аднаго ніводнага радка . Сам сустракаў такіх . Нашы старэйшыя калегі і таварышы былі зусім іншыя . Да глыбокай старасьці Янка Брыль з траўмаваным , фактычна адным вокам чытаў ня толькі практычна ўсё , што зьяўлялася ў беларускай , але і даволі сістэмна сачыў , што робіцца ў рускай , польскай , украінскай літаратурах , і да ўсяго меў патрэбу час ад часу вяртацца і перачытваць для душы любімую класіку . Тое ж можна сказаць і пра Пімена Панчанку . Нават у нямоглым стане ён ніколі не раставаўся з кнігай . Неяк я зьвярнуў увагу , што бальшыня кніг у ягонай бібліятэцы , а найперш класічныя прыкметна зачытаныя , выказаў здагадку : пэўна , бібліятэкай актыўна карыстаюцца дзеці , унукі мо і суседзі . Пімен Емельянавіч пацьвердзіў , што здараецца і не бяз гэтага , але больш дык ён сам чытае -перачытвае і Пушкіна , і Купалу , і Лермантава , і Коласа , і Талстога , і Твардоўскага дый іншых , нават маладзейшых , але ўжо відавочных неўзабаве класікаў , як Васіль Быкаў , Рыгор Барадулін ды Генадзь Бураўкін , і патлумачыў , што пастаяннае вяртаньне да класікі для яго нешта кшталту настройкі душы на камертон і для ўласнай творчасьці , і каб меркаваць аб чужой . Усе , хто ведаў Пімена Емельянавіча , аднадушна адзначаюць ягоную высокую патрабавальнасьць і да сваёй , і да чужой творчасьці , строгія , часам да жорсткасьці прамыя і бескампрамісныя ацэнкі . Праўда , ён прызнаваўся , што іншы раз і яго ўламвалі падпусьціць некаму ялею , але заўсёды намагаўся рабіць гэта ў меру , каб пасьля не было сорамна і брыдка . Ён быў унікальны галоўны рэдактар – чытаў літаральна ўсю рэдакцыйную пошту “Маладосці ” і сам вырашаў , што рыхтаваць да друку , на што ня варта траціць часу , і ні гучнае імя , ні грамадскае становішча аўтара ня мела ніякага значэньня . Яшчэ з “маладосцеўскіх ” часоў ён прызвычаіўся быць у эпіцэнтры літаратурнага працэсу , і не пакідаў гэтай звычкі да апошніх дзён – чытаў практычна ўсё , што друкавалася ў літаратурна -мастацкіх часопісах . Асаблівая ўвага і ягоны клопат быў пра маладых , прыход у літаратуру адметных талентаў , падтрымка іх і добрым словам , і канкрэтнай справай . У сямідзясятыя ён часта пісаў крытычныя артыкулы з аглядам творчасьці маладых , кароткія рэцэнзіі , сігналячы , вызначаючы вартыя ўвагі аб ’екты для непаваротлівай і цяжкой на пад ’ём прафесійнай крытыкі . А калі па стане здароўя і абцяжараны іншымі клопатамі перастаў забягаць на літаратурна -крытычную дзялянку , знаходзіў нейкі іншы шлях падтрымаць добрым словам аўтараў і творы , якія прыйшліся яму даспадобы ...
Ледзь ці ня чвэрць стагоддзя ў мяне захоўваецца ліст ад Пімена Емельянавіча , і ня ведаю , што з ім рабіць . Пасьля сьмерці Панчанкі сталі абнародаваць нават ягоныя звычайныя сьвяточныя паштоўкі -віншаванкі , якімі абменьваліся тады ўсе больш -менш выхаваныя інтэлігентныя людзі , і ўзьнікала думка надрукаваць ліст у “ЛіМе ” ці ў якім часопісе . Стрымлівала : раптам успрымуць як нясьціпласьць , бахвальства – ліст жа ў прынцыпе мае прыватны характар , і невядома , прызначаўся ён ці не калі -небудзь для абнародаваньня ... Зараз , пішучы гэтыя нататкі пра Пімена Емельянавіча , прыгадаў і адшукаў той ліст , уважліва перачытаў і вельмі засумняваўся і ў ягоным прыватным характары , і ў тым , што ён ні ў якім разе не прызначаўся патрапіць у друк . Зьвярнуўся па параду да Сяргея Законьнікава , які больш за каго ведаў Панчанку ў апошні перыяд ягонага жыцьця , і той адназначна заявіў , што ліст трэба абавязкова надрукаваць , бо і сам факт напісаньня , і ягоны зьмест яскрава характарызуюць Панчанку як чалавека і даюць дакладнае ўяўленьне пра ягоныя погляды на літаратуру , дый ня толькі літаратуру ... І яшчэ ня надта вялікі аптыміст Сяргей выказаў цьвёрдую ўпэўненасьць , што абавязкова наступяць часы , калі вялікі паэт і патрыёт Пімен Панчанка будзе запатрабаваны , уся ягоная спадчына , у тым ліку і эпісталярная , сабрана па крупіцы , выдадзеная ў шматтомным Зборы твораў , на які ў цяперашніх уладаў не знаходзіцца ні жаданьня , ні грошай , хоць мінула ўжо паўтара дзясятка гадоў , як Народнага паэта ня стала і амаль столькі ж , як урад заявіў пра выданьне поўнага збору ягоных твораў . І яшчэ Сяргей папярэдзіў ні ў якім разе не дапускаць у лісьце аніякіх купюраў , паправак , скарачэньняў , што я і раблю :
«Дарагі Валянцін Уладзіміравіч !
Пішу Вам , бо прачытаў Вашую аповесьць “Вырай ” і быў узрушаны . Па тэлефоне я размаўляць не люблю і ня ўмею , як і друкаваць не люблю на машынцы .
Аповесьць добрая , праўдзівая , таленавітая .
Я , стары пісьменьнік , дзіўлюся з маладых і ня надта маладых , якія сорак гадоў пражылі пасьля вайны , а ўсё пішуць пра вайну , а пра сучаснасьць два -тры творы і ўсё . Фактычна і Чыгрынаў , і Сачанка , і Пташнікаў , і Далідовіч , і Дамашэвіч (ня кажучы ўжо пра Шамякіна і Навуменку ) ды і многія маладзейшыя – гэта гістарычныя пісьменьнікі ці пісьменьнікі гістарычнай тэмы . А Леў Талстой , Дастаеўскі , Тургенеў , Чэхаў , Шолахаў – пісьменьнікі свайго часу . А ў нас такіх , як Распуцін , Шукшын , Бялоў , Абрамаў няма , а яны патрэбны .
Цудоўны ў Вас атрымаўся Антось (мне яго пачуцьці вельмі блізкія , бо ўзрост , а як Вы пра ўсё даведаліся – дзіўна . Хаця і пішу дурнавата : Вы ж сапраўдны пісьменьнік ). І тэма харошая , і псіхалогія праўдзівая , і сітуацыі вельмі жыцьцёвыя . А сатырычна -іранічныя ўстаўкі , як разрывала нявестка беларускія дзіцячыя кніжкі ды і іншыя , вельмі добрыя .
Удалася Вам і Клаўдзя . Харошыя таксама і эпізадычныя тыпы , асабліва Ленка . Сквапнасьць і амаральнасьць дзяцей таксама пераконвае . Хоць эпізод , як сьпілоўвалі Серафімавіч і Макар старую ліпу – не зусім пераканальны . На 66 ст . напісана , што ліпа , якую зрэзалі , напамінала Макару “казачнага многарукага волата ” – не праўдзіва і не да месца , вось каб так падумала Ленка , то гэта было б праўдзіва .
Лішняе слова “настальгія ”. Ёсьць беларускія вызначэньні . А таксама “мярзотна ” – штучнае слова . Яно зьявілася ў час вайны , калі машыністкі перакладвалі з рускага “мерзавец – мярзотнік ”. Яшчэ Кузьма Чорны сьмяяўся : “Мярзотнік ? Што ён мерзьне ?”
На сэрцы , на душы можа быць у такім стане агідна , брыдка , а чалавек – агіднік , нягоднік .
Прабачце за гэтыя крытычныя дробязі .
Бо калі я падумаў , то і сьпіленьне ліпы для такіх людзей (дзяцей ) – рэч натуральная . Тым больш ліпа , буслы , бусьлянка гэта ж у добрым сэнсе сімвалічна і бяз гэтага не абыйсьціся .
Да месца і публіцыстычныя адступленьні , накшталт : “Толькі чалавеку абмежаванаму , асьлепленаму ўласнай значнасьцю , здаецца , што мясцовыя людзі нічога не заўважаюць , ні пра што не здагадваюцца , усё даруюць . Ого , як бачаць , як здагадваюцца ! З лёту ўгледзяць , што ты за птах , чаго варты , на свой аршын прымераюць тваю існасьць ”.
Я правёў маленства ў вёсцы (Бягомлі ), быў вясковым настаўнікам пяць гадоў і таму пра Вашыя словы магу сказаць : сьвятая праўда ! Мне сьмешна глядзець на некаторых нашых людзей (у тым ліку і пісьменьнікаў ), якія сябе лічаць самымі разумнымі , самымі хітрымі , самымі лоўкімі ...
Віншую Вас з добрай аповесцю , з сапраўднай творчай удачай !
Ваш Пімен Панчанка . 2 лютага 1986 г .»
Можаце сабе ўявіць настрой і пачуцьці аўтара , удастоенага гэтакай увагі і такой ацэнкі самога Панчанкі , патрабавальнага , скупога на пахвалы . Тым ня менш атрыманьне ліста было для мяне трохі загадкай . Аж пакуль не пазнаёміўся , трохі спазнаў Пімена Емельянавіча . І тады зразумеў , што напісаць ліст нават асабіста незнаёмаму аўтару было для яго натуральным рухам душы . Я ня раз заўважаў , што для яго было вялікай радасьцю , ледзь ці не асабістым шчасьцем і ўзнагародай натыкнуцца ў сьвежым нумары часопісу на нізку ці хоць адзін добры верш , аповесьць , апавяданьне , адкрыць для сябе таленавітага і персьпектыўнага аўтара . І наадварот , страшэнна засмучаўся , калі трапляліся непраўдзівыя , каньюктурныя , халтурныя падробкі , асабліва калі гэтым займаліся ня бездары і графаманы , а вядомыя аўтары . Ён не стрымаўся і публічна ў друку высьцябаў масьцітага Антона Бялевіча , ня менш масьцітую Эдзі Агняцьвет дый іншых за сьвядомае адступленьне ад праўды жыцьця , несур ’ёзнае стаўленьне да сваіх пісьменьніцкіх абавязкаў . Ня раз быў сьведкам , як прасьвятляўся ягоны твар , лагаднеў , узрушаўся голас , калі гаворка заходзіла пра нейкую новую таленавітую публікацыю . Я ведаў , што ён званіў знаёмым аўтарам , хоць і не любіў тэлефона , дзяліўся радасьцю з сябрамі і , пэўна ж , я быў не адзін , каму ён пісаў свае лісты -водгукі ...
У апошнія свае гады Пімена Емельянавіча прыкметна стамлялі працяглыя гаворкі , і мы стараліся і па часе , і лішні раз не назаляць яму , аднак ён праз Зою Кірылаўну перадаваў : нешта хлопцаў даўно не чуваць ... Ідучы да адзінаццаці на працу , часам сустракаў яго на лавачцы ў скверыку ў двары , падсядаў на хвілінку і , бывала , гэтая хвілінка доўжылася да абеду , а то і больш . У ня надта прыдатнае для прагулак надвор ’е часам заўважаў яго на балконе , віталіся , ён запрашаў зазірнуць на хвілінку , заходзілі ў кабінет , і зноў трапляў на працу ў другой палове дня – добра , што сам быў начальнікам , а начальства , як вядома , не спазняецца , а затрымліваецца . У ягоным кабінеце , пэўна , круглыя суткі не змаўкаў радыёпрымач , і Пімен Емельянавіч дзе ўважліва , дзе ўпаўвуха , дзе міма вуха слухаў і нашыя разьняволеныя , і розныя забугорныя галасы , меў на ўсё , што адбываецца , свой погляд . Канешне ж , усім сэрцам і душою ён вітаў нацыянальнае адраджэньне , галоснасьць , але ў адрозьненьне ад упалых у эйфарыю маладзейшых , нас у тым ліку , шмат што яго насьцярожвала , выклікала трывогу . А найперш – ці зможа наша непадрыхтаванае грамадства ўправіцца з бязьмежнай дэмакратыяй і татальнай галоснасьцю , ці не пацягнуць яны за сабой анархію і разброд , уседазволенасьць і распусту , ці не пачнецца дэвальвацыя і размываньне спрадвечных маральных прынцыпаў і каштоўнасьцяў ? Нам , захмялелым ад свабоды , гэтыя страхі падаваліся надта ж гіпатэтычнымі , не прымаліся блізка , не ўспрымаліся як верагодныя , рэальныя ў бліжэйшай , дый аддаленай персьпектыве , і ён ня надта настойваў на сваім , вельмі хацеў паддацца нашаму аптымізму , аднак , адчувалася , гэта яму ня вельмі ўдаецца . Абмеркаваўшы нейкія надзённыя палітычныя праблемы , гаворка зноў і зноў вярталася да блізкіх , набалелых тэмаў літаратуры , культуры , маралі і этыкі , якія ўсё вастрэй і вастрэй сталі вытыркоўвацца ў творчым і грамадска -палітычным жыцьці . Яго па -ранейшаму вельмі непакоіла фанфаронства , пыхлівасьць , месіянства , канешне ж , з прыстаўкай “ілжэ ”, самаўлюбёнасьць , калі ўласную персону хочацца велічаць не інакш , як на “Вы ”. Усё гэта агіднай пошасьцю працягвала множыцца ў інтэлігенцкім асяроддзі , і сярод пісьменьнікаў , і сярод новай дэмакратычнай эліты . Па ягоным глыбокім перакананьні , гэта да дабра не прывядзе – адверне людзей , выкліча непрыязь і недавер . Панчанка дараваў , ставіўся з разуменьнем да шмат якіх людскіх слабінак , сам быў не сьвятым , не аскетам , але ў яго , гранічна сьціплага , простага , даступнага , абсалютна натуральнага ў любых сітуацыях і стасунках , заўсёды выклікалі непрыйманьне , сьмех , нават агіду тыя , хто пачынаў глядзець на ўсё звысоку , лічыць сябе самым разумным , самымі таленавітым , самым заслужаным , самым недаацэненым . Разам з тым гэтыя , на ягоную думку , няшчасныя , хворыя людзі выклікалі ў яго глыбокі смутак , спачуваньне , паколькі быў перакананы , што захворваньне на нарцысізм і непамерную амбітнасьць заўсёды прыводзіць творчых людзей да разбурэньня асобы , дэградацыі таленту . Яны калі не разумеюць , то недзе глыбока ў душы адчуваюць , што Бог трохі абдзяліў іх , даўшы некаму трохі больш таленту , чым ім , таму імкнуцца падмануць і Бога , і час , і саміх сябе , каб паймець пры жыцьці тое , што звычайна праходзіць пасьля ...
Як чалавек мудры ён рэдка калі быў абсалютна катэгарычным , аднак заўсёды заставаўся цьвёрдым і непахісным у адстойваньні сваіх непарушных маральных прынцыпаў . Толькі адзін прыклад . У свой час , відаць , ня без пратэкцыі вельмі ўплывовай установы , пачалі афармленьне дакументаў на прысваеньне даволі вядомаму літаратару званьня Народнага . Даведаўшыся , Пімен Емельянавіч тут жа пазваніў сакратару ЦК Кузьміну і ў катэгарычнай форме заявіў : калі гэта здарыцца – ён , Панчанка , публічна адмовіцца ад званьня Народны паэт . АТК добра ведаў Панчанку , не сумняваўся , што той не жартуе і не палохае , і тут жа сам паехаў да яго на кватэру даведацца , у чым справа , і зьняць пытаньні . АТК не хацеў даваць веры , і тады Пімен Емельянавіч расказаў даўнюю гісторыю , калі яны з Броўкам зайшлі да гэтага таварыша і зьнячэўку дужа напалохалі яго : той літаральна выхапіў з карэткі машынкі нейкую паперчыну , борзьдзенька , перавярнуўшы тыльным бокам , падсунуўшы пад стос іншых . Гаварылі пра сёе -тое , потым гаспадар загаварыўся па тэлефоне ля ўваходных дзьвярэй , а тым часам ім так карцела хоць адным вокам зірнуць на тую дужа сакрэтную паперчыну . Не ўтрымаліся , неўпрыкмет заглянулі – і аслупянелі , убачыўшы вядомы злавесны псеўданім , па даносах якога фабрыкаваліся справы на пісьменьнікаў ... Пытаньне са званьнем было зьнятае , ініцыятарам сказалі , што разгляд пераносіцца на пазьнейшы няпэўны час ...
Гэтую гісторыю расказаў мне Кузьмін , калі , выконваючы нейкі час абавязкі ягонага памочніка , я выказаў зьдзіўленьне і недаўменьне , чаму ён змушае прыдумваць розныя прычыны , каб не прымаць гэтага літаратара . АТК глянуў на мяне доўгім дапытлівым позіркам , сказаў , што ў гэтага чалавека рукі па локці ў крыві , а рвецца ён да яго , каб выклянчыць званьне Народнага . Я зьдзівіўся , не хацеў даваць веры , і тады ён расказаў мне ... Потым пачуў яе і ад самога Пімена Емельянавіча , які ў дадатак прызнаўся , што ня мог падтрымліваць былых цёплых сяброўскіх стасункаў з Аркадзем Куляшовым , калі той стаў вадзіцца , супрацоўнічаць , нават сааўтарнічаць на кіношнай ніве з паплечнікам сумнавядомага Бэндэ Кучарам . Ад поўнага разрыву з сябрам уратаваў толькі той факт , што Кучар у 1941 вывез за лінію фронту сям ’ю Куляшова , і той быў абавязаны яму ...
Тым ня менш ён любіў і высока ставіўся да паэтычнага таленту Аркадзя Куляшова , лічыў яго паэтам нумар адзін пасьля Купалы і Коласа ў сучаснай беларускай літаратуры . Пімен Емельянавіч , калі быў у добрым гуморы , вельмі ахвотна гаварыў пра сваё стаўленьне да творчасьці сучасных беларускіх паэтаў . Вялікім паэтам ён лічыў Аляксея Пысіна , да праўдзівай і суровай паэзіі якога ў яго былі ледзь ці не пяшчотныя , трапяткія пачуцьці . Вельмі высокую ацэнку ён даваў паэтычнаму таленту Сьцяпана Гаўрусёва , які на ягоны вялікі жаль , ня змог рэалізавацца і на палавіну , калі ня болей . Але найбольш таленавітымі , блізкімі яму па духу і творчасьці ён лічыў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна . З маладзейшых самымі персьпектыўнымі на ягоную думку былі Сяргей Законьнікаў , Уладзімір Някляеў , Ніна Мацяш , Алесь Разанаў . Я заўважыў , што Пімен Емельянавіч чамусьці ўпусьціў прозьвішча шырока вядомага літаратара , і на маё зьдзіўленьне заявіў , што гэта слабы паэт . Выдатны фалькларыст , добры перакладчык , гумарыст , вельмі паважае яго як барацьбіта за родную мову , гатовы падпісацца пад кожным ягоным словам , але як арыгінальны паэт – вельмі пасрэдны . Я запярэчыў , Пімен Емельянавіч ня стаў спрачацца , прапанаваў толькі ўважліва прачытаць і параўнаць пераклады і арыгінальныя вершы – і ўсё стане зразумелым ... Не ўтрымаўся і задаў яму ня надта тактоўнае , мо нават трохі правакацыйнае пытаньне : а як ён ацэньвае сябе як паэта і сваё месца ў літаратуры ? Панчанка падумаў , усьміхнуўся і ўхіліўся ад адказу ... (...)
Праз паўгода ці мо болей застаў Пімена Емельянавіча ў вельмі добрым настроі . Ён пахваліўся , што толькі -толькі закончыў чытаць карэктуру аб ’ёмнага тому выбраных твораў , прымеркаванага да ягонага сямідзесяцігоддзя , у які ўключыў усё , што хацеў , нават аднавіў , выправіў многае з таго , што раней выразалі -калечылі , і ўпершыню абышлося без аніякай цэнзуры , быў вельмі задаволены кнігай , якая насамрэч увабрала самае -самае лепшае , напісанае ім . Усьміхнуўся гарэзьліва і сказаў пра сябе ў трэцяй асобе : дык во прачытаў і зразумеў , што Панчанка – выдатны , мо нават вялікі паэт . Во табе і мой адказ на тваё ранейшае пытаньне ! Толькі ж глядзі , ня ўздумай спасылацца ці цытаваць , пакуль я жывы ...
Пімен Емельянавіч чамусьці заўсёды нагадваў мне майго бацьку , хоць , здавалася б , што агульнага можа быць паміж класікам літаратуры , інтэлектуалам , прызнаным маральным аўтарытэтам і простым , практычна непісьменным вясковым мужыком . А ўсё ж нешта было ... У згаданым лісьце да мяне Панчанка выказаў зьдзіўленьне , як я , малады , даведаўся пра вельмі блізкія яму пачуцьці старога чалавека , дакладна перадаў ягоную псіхалогію . Я і сам ня ведаю . Пэўна , таму , і хутчэй за ўсё таму , што меў шчасьце нейкім неасэнсаваным пачуцьцём ці чуцьцём чытаць бацькавы настроі , глядзець на сьвет ягонымі вачыма . Нейкія характэрныя рысачкі ягонага характару , як , дарэчы , і матчынага , звычкі , словы , фразы , манера гаворкі , сялянская псіхалогія і філасофія – ёсьць ці не ў бальшыні герояў маіх аповесьцяў і апавяданьняў , не выключаючы , вядома , і Антося з “Выраю ”, які аказаўся такім блізкім Панчанку . Мо ў тым і няма нічога дзіўнага – яны з бацькам былі равесьнікі і , пэўна , каб ім наканавана было сустрэцца ў гэтым жыцьці , яны знайшлі б пра што пагаварыць ... У іх абодвух была ледзь ці не сакральная любоў да лесу , амаль аднолькава яны не ўспрымалі розных злыдняў і прыстасаванцаў , нічым ня розьнілася іхняе разуменьне дабрыні і сумленьня , усіх іншых фундаментальных прынцыпаў народнай маралі . І хай даруе мне чытач , але я палічыў сваім маральным абавязкам у канву гэтага расповеду ўключыць і гэтае невялічнае эсэ , друкаванае ў скароце ў “Звяздзе ” на першую раданіцу пасьля ягонага адыходу , пра звычайнага вясковага чалавека , няўрымсьлівага працаўніка , які даў мне ўсё , што толькі мог даць , каб мне жылося на гэтым сьвеце ўтульней і па сумленьні . Магчыма некаму з чытачоў ён нагадае ўласнага бацьку , бо ўсе бацькі ў нечым вельмі і вельмі падобныя ...
Колькі памятаю сябе , столькі ж – і бацьку . Вялікага , дужага , справядлівага . Скрып палазоў па засьнежанай лясной дарозе ... Паездка ў дальнюю далеч на таямнічы базар у Скідзель па залітай веснавой паводкай грэблі – аж дых займала ад захапленьня і нейкай страхавітасьці ...
Напачатку ўрыўкава -эмацыянальныя , з гадамі паўнейшыя , больш асэнсаваныя ўспаміны , малюнкі з дзяцінства , і амаль ва ўсіх прысутнічае бацька . Урэзалася ў памяць : калі б ні вяртаўся ён ці то з лесу , ці то з базару , ці то з млына , заўсёды прывозіў акрайчыкі найсмачнейшага зайчыкавага хлеба , і я быў абсалютна перакананы , што зай перадаў нам з сястрычкай праз бацьку свой смачнейшы за мёд заечы хлеб , які і блізка не параўнаць з чалавечым .
Але з найвялікшым нецярпеньнем чакалі бацьку з млына , заўсёды стамлёнага , прапыленага мукой , адкуль ён прывозіў ня толькі зайчыкаў хлеб , мяхі з мукой , а і нячутыя казкі , страхавітыя гісторыі . Млын тады для сялянаў быў нечым сакральным , куды больш значным , чым тэхналагічны памол жыта на хлеб , пытляваньне на пірагі пшаніцы . У млыне не дазвалялі сабе лаяцца , казаць нядобрыя , брыдкія словы , прыкладвацца да чаркі . Адзіны на ўсю акругу ён тады быў у Ашурках , што ў кіламетрах дзесяці ад нашай вёскі , дзе Котра яшчэ ня надта шырокая . Сюды зьбіраліся мужыкі з блізкіх і далёкіх вёсак , хто быў незнаёмы – знаёміліся , знаёмцы сустракаліся радасна , расказвалі пра навіны , што адбыліся з часу , як ня бачыліся , а ня бачыцца маглі па тры -чатыры , а то і па дзесяць гадоў . Часу нагаварыцца было – па тыдні і больш чакалі сваёй чаргі . Доўгія ж вечары бавілі грамадой за баяньнем -слуханьнем казак і страхавітых гісторыяў , якія здараліся альбо з самім апавядальнікам , альбо з ягонымі сваякамі ці знаёмымі , але часьцей за ўсё ад некага пачутымі . І ва ўсіх гэтых казках , гісторыях розныя вадзянікі , лесавікі , іншая нячыстая сіла заўсёды аказвалася ў дурнях . Усе мы нецярпліва чакалі вечару , калі неадкладныя хатнія справы будуць зробленыя і ўсёй сям ’ёй збяромся на кухні паслухаць прывезеныя з млына казкі і гісторыі . Бацька быў неблагі апавядальнік і ўсе , нават скептычная да гэткіх гісторыяў бабуля , слухалі з затоеным дыханьнем , і часта аж сэрца замірала , аж халодныя мурашкі бегалі па сьпіне , як толькі ўяўляў сябе на месцы тых , каго чмурыла нячыстая сіла ...
І яшчэ згадка з дзяцінства , якая чамусьці ўчэпіста засела ў памяці ... Бацька з дзедам сьвяжуюць кабанчыка , а я ўжо ведаю , што ў парсюка ёсьць усё , як і ў чалавека . Ліпну сьляпнём , карціць зірнуць , што ж гэта за “нервы ”, якія мы з сястрой псуем бабулі ? І маё вялікае расчараваньне ад бацькавага тлумачэньня , што ў сьвіньні няма нерваў , нервы ёсьць толькі ў чалавека ...
Ён , здаецца , ніколі і не адлупцаваў мяне , калі не лічыць , “пачастунку ” папружкай за дурны рогат на школьнай жалобнай лінейцы па Сталіну . Не пакараў нават , калі дзеля забавы шпурнуў камень у акенца на франтоне Сымонавай хаты . Нават застаўшы з цыгаркай . Мо таму , што сам смаліў бязбожна , і ў яго , як і ў дзеда , бабулі , было правіла не патрабаваць ні ад каго , нават ад дзяцей таго , чаго сам ня робіш . Бацька , як і дзед Максім , і ў рот ня браў цыгарку да жаніцьбы . На сваю галаву маладзенькая маці падбухторыла : хачу , каб ад цябе мужчынскім духам пахла . Праз нейкі час і сама ня рада была : так запахла – хоць сьвятых вынось . І толькі пад семдзесят , як прыціснула хвароба , кінуў рашуча , раз і назаўсёды , мяне і брата Віктара настойліва ўгаворваў зрабіць тое ж , пакуль ня позна . Я паслухаўся і кінуў толькі , калі зваліў інфаркт . А Віктар і памёр з “Астрай ” у зубах , хоць апошнія гады задыхаўся , як выкінутая на бераг рыбіна ...
У шасьцідзясятыя гады бацька ці не гадоў пяць быў брыгадзірам , і ад світанку да позьняга вечару аддаваўся рабоце без астатачы , не даючы спакою ні сабе , ні начальству , ні людзям . І хоць ягоная брыгада давала фору ўсім астатнім , неўзабаве яго вызвалілі – мо і насамрэч з -за нізкай адукацыі , а мо за лішнюю зацятасьць і нязгаворлівасьць – хто ж гэта цярпець будзе брыгадзіра , які пад пагрозай паведаміць у рэдакцыю не дае заатэхніку , нават старшыні калгаса выбракоўваць самых лепшых кабанчыкаў , парасятак і сьпісваць на падзёж . Ледзь ці не да самых апошніх дзён сваіх ён балюча перажываў , хваляваўся , нерваваўся за непарадкі , безгаспарчасьць , нялюдскае стаўленьне да зямлі , якое бачыў у калгасе . І гэтая неспакойная сялянская няўрымсьлівасьць , вечнае хваляваньне за зямлю і што робіцца на ёй , падточвала ягонае хворае сэрца , якое проста ня ўмела ўгаманіцца , ня браць усё блізка да сябе ...
Ён мог пахваліцца зяцем , нявесткамі , але пра нас нават пад добрай чаркай не любіў усчынаць пахвальбу , маючы перакананьне , што пра ягоных дзяцей павінны гаварыць чужыя людзі . Не было сакрэтам , што ягоную , як і матчыну , душу вельмі ўсьцешвалі людскія думкі пра старэйшага , які ўзьляцеў высока , як ніхто ў акрузе , пра добрую і клапатлівую дачку Ніну , пра майстара на ўсе рукі , гаспадарлівага малодшага Віктара . Яму ганарова было , калі са мной і без мяне не міналі хату мае шчучынскія калегі і сябры . Асабліва вясёлы і ласкавы Валодзя Місяк , які стаўшы другім сакратаром райкаму партыі , ніколі не прамінаў заехаць , каб пацікавіцца , ці ёсьць сена на карову , ці патрэбна якая помач , ці ня крыўдзіць мясцовае начальства , а іншы раз і ківаў пальцам старшыні калгасу . Бацька адразу ж здружыўся з Генадзем Бураўкіным і любіў прыгадваць , як незвычайна пазнаёміліся : адлучыліся некуды з маці , вяртаюцца – у двары машына і я з нейкім мужчынам выбіраем бульбу ў развораных баразёнках за плотам . Ах , божачкі , што ж гэта вы надумалі , ды кідайце !.. Бацька паціху пытаецца : а хто гэта ? І пачуўшы , што міністр , не паверыў , думаў мае звычайныя жартачкі , але калі і Генадзь пацьвердзіў , што насамрэч ягоная пасада міністэрская , ня ведаў , што гаварыць , як сябе паводзіць . Як і маці . Для іх у галаву ня ўкладвалася : каб міністр ды капаў на іхнім гародзе бульбу !!! Аднак неўзабаве , пераканаўшыся , што міністр мовіць ня толькі для іх па -нашаму , разгаварыліся , быццам здаўна зналіся . Едучы знячэўку , мы ў Гродне прыхапілі каўбасы і яшчэ сёе -тое на закусь і на ўсялякі выпадак пару пляшак , хоць ведаў – у бацькі для нечаканкі амаль заўсёды прыхавана пляшка -другая самаробнай . А зараз сядаючы за стол , прыкінуў : то не для міністра і выставіў некалі пакінутую мной пляшку каньяку і прывезеную “белую ”. Але калі міністр рашуча адсунуў каньяк і “белую ”, аддаўшы перавагу ягонаму першаку , запаважаў Генадзя яшчэ больш ...
Гэтаксама ж адразу ж , як толькі зайшлі ў хату , бацька ўпадабаў , прыняў за свайго і Сяргея Законьнікава . Генадзь і Сяргей заўсёды перадавалі яму прывітаньні і ён з радасьцю прымаў іх , перадаваў ім свае , запрашаў прыехаць на грыбы ці проста так , а ў апошнія гады кожны раз недаўменна пытаўся : чаму іх стала не відно , як раней , па тэлевізары , не чутно па радыё , нават калі песьні іхнія пяюць , чамусьці не называюць , як іншых ?..
З бацькам дружылі і да апошняга дня дапамагалі , скрашвалі ягонае жыцьцё мае школьныя таварышы Толік Бадак і Коля Ключнік , якія часта давалі яму тое , што мусілі даваць мы з братам ...
Яны з маці ведалі : для мяне і сястры няма вяртаньня ў родную хату , а ехаць у горад , калі занядужаюць , ні за якія грошы не зьбіраліся , дый не было патрэбы . Дажываць свой век зьбіраліся з малодшым Віктарам і ягонай жонкай Валяй , добрай , увішнай кабетай родам з Берагоўцаў з -пад Нёмана . Яны жылі ў Шчучыне , працавалі на заводзе , аднак кожныя выхадныя і водпускі бывалі тут , ня толькі памагалі па гаспадарцы , але і мелі свае соткі , свой гарод , свае пчолы . Зьбіраліся , як толькі выйдуць на пенсію , назусім пераехаць сюды . Ды на вялікі жаль і смутак абое сталі браць лішнюю чарку , абсаромлівацца самім і абсаромліваць , больш таго – крыўдзіць старых ... Што толькі ні рабілі мы з сястрой – не памагала . А потым ці то па п ’яні застудзіў лёгкія , ці то далі знаць чарнобыльскія кюры , якіх наглытаўся вышэй завязкі , возячы будматэрыялы для саркафагу , а мо тое і другое , але яшчэ ў зусім маладыя леты практычна нічога ня мог рабіць , задыхаючыся . Гэта была найвялікшая бацькава бяда , трагедыя , яна , безумоўна , паскорыла ягоны адыход . Ужо зусім нямоглы ён з ранку да вечара аходваўся па гаспадарцы – рэзаў на сячкарні сечку , карміў , даіў карову , варыў корм сьвіньням , летам дабаўляючы накошанай і прапушчанай праз сячкарню травы , даглядаў пчол . Сагнутая ў крук маці была яму слабым памочнікам – толькі наглытаўшыся абязбольвальных лекаў яна сяк -так “выязджала ” на кіёчку ў двор пакарміць курэй , сабаку ці прыгледзець пчолы , гукнуць бацьку , калі яны ўздумаюць раіцца . Наколькі гэта магчыма , мы стараліся аблегчыць іхнюю працу : Віктар прыладзіў электраматор да сячкарні , дровы пілавалі бензапілой , асабліва выгоду займелі , калі я прывёз і прыладзіў у студні электрапомпачку , якой можна было падаваць ваду хоць у хату . Бацька , як і маці , і не задумваўся , навошта яму гэтак улягаць з апошніх сілаў . Для яго ніколі нават не ўзьнікала такога пытаньня . Штодзённыя спрадвечныя сялянскія клопаты былі для яго абсалютна натуральным спосабам існаваньня , іншага яны з маці сабе і не ўяўлялі . І нават ня крыўда , а вялікае неразуменьне абглытвала іхнія душы , калі Віктар з жонкай , перабраўшыся , каб прадоўжыць іхнюю сялянскую справу , як толькі атрымаюць пенсію альбо плату за прададзенае калгасу малако ці сабраныя для нарыхтоўшчыкаў грыбы , губляюць галовы , забываюць на ўсё , на тыдзень -два ўпадаючы ў запой ці ў Шчучыне , ці з панаехалымі ў вёску дый сваёй гадоўлі алкашамі ...
Кожны год бацька гадаваў двух кабанчыкаў , аднаго сьвежавалі перад калядамі , а другога – перад вялікаднем , і заўсёды наказваў прыехаць памагчы ўправіцца , узяць сьвежаніны , зробленых сямейнай талакой пальцам пханых каўбасак , а мусіць , галоўнае – пабачыць у роднай хаце нас усіх разам . Я прыязджаў не заўсёды , зрэдку – дарога пад трыста кіламетраў ня жартачкі , аднак бацька ўсё роўна дзяліў сьвежаніну , каўбасы на чатыры часткі , настойліва загадваў сястры пазваніць мне , каб хутчэй прыехаў і забраў сваю долю . Ня столькі патрэбна была тая сьвежаніна , колькі боязь пакрыўдзіць бацьку , пабачыцца ў рэшце рэшт . Ну во , пэўна , апошні раз вас частую , кожны раз гаварыў ён , сілаў няма ... Аднак не праходзіла і тыдня , як у апусьцелым хляве весела парохквала -папісквала парачка парасятак . Да апошняга ён трымаў карову , якой , па словах маці , колькі жылі ня мелі , і Бог даў напасьледак – летам бацька надойваў па тры вядры за дзень , і ня ведалі куды падзець тое малако , асабліва – калі нейкі час перасталі прымаць у калгас . Ад пуза пілі парасяты , сабака , напаўдзікія каты , якія галоднай зграяй хаўрусіліся ля хлява ледзь толькі ў вядро ўдаралі першыя струменьчыкі .
Звычайна , дома бываў я наездам , толькі летам прыязджаў на нейкі больш -менш працяглы час , каб нарыхтаваць сена на зіму , абкасіць межы , падрамантаваць платы , страху ці яшчэ што , памагчы па гаспадарцы , проста пабыць з бацькам і маці , па пераезьдзе ў Менск з якімі бачыўся радзей і радзей . У апошнія тры гады асабліва відно было , што ўпраўляцца з гаспадаркай бацьку ўсё цяжэй і цяжэй , і мы ўгаворвалі збыць карову , махнуць рукой на парасяты – вунь куды маладзейшыя і здаравейшыя не трымаюць . Ён нібыта і згаджаўся , што і , праўда , сілы ўжо ня тыя , здавалася , усур ’ёз намерыўся адмовіцца ад дзялкі сенакосу . Аднак назаўтра заглядваў брыгадзір з пытаньнем : колькі вам пракосаў , Максімавіч ? Бацька нейкі час думаў і рашуча казаў : пяць , а потым , нібы вінавацячыся за нястрыманае слова , патлумачваў : апошняя гэта справа жыць у вёсцы і купляць малако , дый не магу чужога , ад чужой каровы ... Трымаў удалую сваю да апошняга , рашыўшыся прадаць усяго за колькі дзён да сьмерці , калі малодшы з нявесткай зьехалі ў Шчучын і больш за месяц не паказвалі носу ...
Прыкметней і прыкметней занемагаючы , ён у свае амаль дзевяноста заставаўся пры абсалютна сьветлым розуме і незатуманенай , вострай памяці . У апошнія гады ўсё больш і больш выклікаў трывогу і нядобрае прадчуваньне ягоны незнаёмы самотна -тужлівы , трохі адчужаны , скіраваны ў далячынь доўгі пагляд : ат , мне ўжо ўсё роўна , сваё я адгаспадарыў ... Бы знарок кідалася ў вочы , кранаючы халадком душу , што на ўсім тут , пачынаючы з варот , плоту , вульлёў , канчаючы хлеўчыкам , разгалістымі яблынямі , самой хатай , неяк раптам стала выразна праяўляцца старэньне , струхленьне , запусьценьне – прыкмета паміраньня ...
Шчасьлівы лёс дараваў мне не адчуваць сябе сіратой да шасьці з паловай дзясяткаў гадоў , а значыць – і свайго ўзросту , бо пакуль жывыя бацькі , дзеці заўсёды адчуваюць сябе маладымі . Розумам разумеў , а сэрцам ня верылася , не хацелася верыць , што так будзе ня вечна ... На ўсе нашы , асабліва маёй жонкі -урача прапановы легчы ў бальніцу палячыцца ці то ў Шчучыне , ці то ў Гродне , ці то ў нас у Менску толькі махаў рукою : і нікуды я не паеду , і хто гэта мяне ўжо вылечыць ...
У пачатку сакавіка , не чакаючы вялікадня , нечакана бацька склікаў усіх нас на сьвежаваньне кабанчыка . Я кепска сябе адчуваў , здаецца , грыпаваў , і не паехаў , рашыўшы , што як заўсёды , управяцца без мяне . Вярнуўшыся з вёскі , пазваніла сястра і перадала бацькаву просьбу хутчэй прыехаць , і паведаміла : пакуль што трымаецца малайцом , хоць суседка Жэня – медсястра , якая ці не штодня заходзіць зрабіць яму ўкол , папярэджвае , што трэба быць гатовымі да самага горшага . Асьцерагаючыся ўводзіць суседзяў у траты , ён амаль ніколі не званіў мне ў Менск , я сам час ад часу набіраў Жэнін нумар , прасіў паклікаць ці проста даведацца , як пачувае бацька , перадаць яму прывітаньне , а тут патэлефанаваў сам і настойліва папрасіў хутчэй прыехаць і забраць падрыхтаваны гасьцінец . Толькі як праз колькі дзён здарылася непапраўнае , да мяне дайшло : мусіць , адчуваў , што канчаецца адлік ягоных дзён , і меў патрэбу пабачыцца са мной апошні раз , мо сказаць нешта самае важнае перад тым , як назаўжды разьвітацца ... Некалі напаўжарт дамовіліся : ён нізашто не дазволіць сабе адыйсьці , не разьвітаўшыся са мною . Шчыра кажучы , па ягоным голасе чуў , што ён вельмі чакае мяне , але нешта падсьвядома змушала адкласьці паездку да трохі цяплейшых дзён , цешачы надзею : само чаканьне надасьць яму сілы трымацца , дачакацца выхаду з вульлёў у першы аблёт ягоных пчол , а там ужо , як заўсёды па вясьне , ажыве душою ... Каб жа ведаў ! Пехам пайшоў бы ...
Бог яму даў лёгкую сьмерць . Прыселі з маці на цёплы мурачак перад тэлевізарам глядзець чарговую серыю бясконцага серыялу . Да пачатку заставалася хвілінаў пятнаццаць , і маці папрасіла , каб перасеў на канапу , яна ж трохі пагрэе сьпіну лежачы . Ён перасеў , раптам застагнаў , асунуўся – і ...
Мы з жонкай дабраліся а другой палове наступнага дня , калі ён спакойны , зусім не падобны на нябожчыка ўжо ляжаў пасярод хаты ў труне ... Пастаяўшы , пасядзеўшы ля бацькі , выйшаў уняць сьлёзы на вуліцу . Пахадзіў ля гумна , зайшоў у агарод – і застыў , бы токам працяты : ад вульля да вульля на яшчэ не зусім уляжалым сьнезе ягоныя зусім -зусім сьвежыя сьляды ...
Пахавалі яго на старых дзембраўскіх могілках , дзе ўжо амаль нікога не хаваюць , побач з магілай дзеда Максіма . Такое было ягонае жаданьне . Ён даўно абгарадзіў выбранае месца жэрдачкамі і кожны год хадзіў з сякеркаю высякаць дужа агрэсіўны кустоўнік ... Не прайшло і паўгоду , як сюды побач , пакінуўшы месца для маці , лёг і Віктар , каб недалёка было прасіць дараваньня ў бацькі , якога не пасьпеў папрасіць на гэтым сьвеце ...
Пасьля памінак мы з жонкай і сястра з мужам ад ’язджалі разам , на іхняй машыне – яны рабілі кругаля , каб падкінуць нас да Шчучына на менскі аўтобус . Сядаючы ў машыну , механічна павярнулі галовы , і ўпершыню за многія гады ня ўбачылі ля варот самотную бацькаву постаць , ягонага доўгага журботна -пранізьлівага разьвітальнага позірку ...
Я ня надта веру ў розную містыку , хоць часам цяжка патлумачыць нейкія дзіўныя рэчы . Тым летам , як заўсёды , я наведаўся на колькі дзён у вёску . Выбраўся схадзіць у Дзембрава да бацькі на магілку . У двары падзівіўся , убачыўшы на страсе маладога цыбатага бусла , што самавіта аглядваў хату , нібы цікуючы сабе месца для будучага жытла . У нас на вёсцы яны ніколі не вяліся , вялізная буслянка колісь была толькі ў Дзембраве ля касьцёлу , пакуль старую падгнілую прысаду не зваліла бура . Угледзеўшы мяне , бусел скокнуў на комін , а як я накіраваўся праз вёску ў дарогу , узьляцеў і стаў кружыць і кружыць нада мною . Пасярод вёскі мяне пераняў трохі ўжо вясёленькі Коля Ключнік , чый двор аж кішэў ад дзятвы – зьехаліся дзеці з унукамі адсьвяткаваць юбілей гаспадыні , увішнай і спрытнай Эмы , немкі па нацыянальнасьці , якую колісь прывёз з цаліны Коля . Эму адразу ж упадабалі , прынялі за сваю ў вёсцы . Мо за тое , што амаль адразу ж , а праз нейкі час і без аніякага акцэнту загаварыла па -нашаму , а мо за дабрыню , працавітасьць і акуратнасьць – павучыцца кожнай мясцовай гаспадыні . Адмовіцца завярнуць у двор , павіншаваць , узяць чарку за здароўе юбіляркі я проста ня мог , і калі заўважыў , што бусел на радасьць дзятвы , сеў на слуп перад Колевай хатай , нібыта цярпліва чакае мяне , – бы токам працяло . Падзякаваўшы гасцінным гаспадарам , пасьпяшаўся пакінуць устаўлены прысмакамі стол у двары . Бусел адразу ж узьляцеў са слупа , працягваў кружыць нада мной аж да самых могілак . І толькі там , зрабіўшы апошні круг , растварыўся ў паднябесьсі ...
І не павер пасьля гэтага , што добрая бацькава душа ўсялілася ў гэтую сьвятую белую птушку ...
Пэўна ж , белым буслом лунае над Беларусяй і сьветлая душа аўтара пранікнёнай “Зямлі пад белымі крыламі ” Уладзіміра Караткевіча , з кім мне пашчасьціла знацца пры ягоным жыцьці . Пазнаёміліся мы недзе ў сямідзясятых , калі ён ад Саюзу пісьменьнікаў прыязджаў у Гародню на нейкі семінар з маладымі аўтарамі , які праводзіла абласное аддзяленьне . Ня ведаю , як у яго , а ў мяне першае знаёмства пакінула ня надта добрае ўражаньне – Уладзімір Сямёнавіч увесь час быў на добрым падпітку , і гэта шакавала нават мяне , ня кажучы пра вялікага цьвярозьніка Карпюка . Уведаўшы , што мае прыехаць Караткевіч , Быкаў і Карпюк прапанавалі арганізаваць выезд з менскім госьцем у народ . Карпюк настойліва падбухторваў наведацца па суседству ў Скідзель , дзе ён ня быў , як яшчэ езьдзіў выступаць разам з Васільком , і любіў расказваць , як яму і гаварыць не давалі , патрабуючы слухаць толькі Васілька . І зараз яго дужа займала , цікавіла , як успрымуць яго , вядомага , у нечым скандальна вядомага , скідзельцы сёньня . Дый мне таксама хацелася пабыць у роднай школе , прывезьці туды вядомых пісьменьнікаў і ў першую чаргу , канешне , вельмі папулярнага ў моладзі Уладзіміра Караткевіча , аўтара раману “Хрыстос прызямліўся ў Гародні ”. Пазваніў сакратару Гарадзенскага сельскага райкаму Уладзіміру Мацкевічу : ёсьць такая прапанова ... А прапановы з вышэйшых па рангу партыйных інстанцыяў тады было прынята ўспрымаць як дырэктывы ...
У прызначаны час на абкамаўскай машыне выехалі за дваццаць сем кіламетраў у Скідзель . Спачатку наведаліся ў маю , а па -сутнасьці ўжо не маю , зусім незнаёмую , наноў пабудаваную ў зусім іншым месцы трохпавярховую школу пад нумарам адзін . Мая някідкая , маленькая месьцілася сярод прысадаў на ранейшым месцы на скрыжаваньні гарадзенскай шашы з дарогай на Лунна і насіла менш ганаровы нумар 2. На жаль дзеці былі ўжо на канікулах , і мы сустрэліся проста пагаварыць , як кажуць , за жыцьцё з настаўнікамі , а потым ужо меўся адбыцца агульнагарадскі літаратурны вечар у былым РДК , а зараз ГДК . І хоць Караткевіч быў ня надта ў форме , але як толькі пераступілі парог школы , хмель з яго , як рукой зьняло . Атрымалася добрая , нефармальная гаворка , якая доўжылася за дзьве гадзіны , і каб не падціскаў час сустрэчы ў ГДК , працягвалася б , пэўна , яшчэ столькі . Караткевіч быў гаваркі , раскаваны , падавалася , што з яго проста фантануюць разумныя думкі , дасьціпныя словы і жарты . Ён быў у цэнтры ўвагі , трымаў гаворку ў сваіх руках . Падумаў : бедны Карпюк , зноў табе , мусіць , не давядзецца пакупацца ў праменьнях увагі і славы ... З былых маіх настаўнікаў працавала на паўстаўкі яшчэ толькі матэматычка Ася Яўсеена Кемель , яно і зразумела – прайшло амаль два дзесяцігоддзі . Затое ў строгіх , сур ’ёзных настаўніцах пазнаваў былых вучаніц , адна з якіх Люба Буцьвілоўская з паралельнага “А ” класу .
У Доме культуры сабралася столькі народу , што мы ледзьве прабіліся да сцэны . Я прадставіў і першаму даў слова менскаму госьцю . Караткевіч быў беспадобны – узьнёсла -рамантычны , дасьціпны , ён нібыта заражаўся ўвагай залы , з новай і новай энергіяй расказваў , адказваў на пытаньні , чытаў свае вершы . Але ішла другая гадзіна і Карпюк стаў трохі хвалявацца , нагадваць мне , вядучаму , пра нейкі рэгламент . Караткевіч , мусіць , нейкім чынам атрымаў ягоныя флюіды , бо на канцы другой гадзіны пакланіўся зале і сеў . Быкаў сарыентаваўся і адчытаў сваю падрыхтаваную на ўсе выпадкі прамову ў зусім скарочаным выглядзе , коратка адказаў на колькі дзяжурных пытаньняў , і трыбунай завалодаў Карпюк . Што -што , а выступаць ён умеў , і атрымаў апладысьментаў , пэўна , ня менш , чым менскі госьць .
А потым была абавязковая ў такіх выпадках пачостка ў прасторным доме дырэктара саўгасу на ўскрайку гораду пасярод старога зарослага панскага парку . Міма гэтага парку мы колісь штодня езьдзілі на веласіпедах у школу і са школы . Апроч нас , гасьцей , тут прысутнічалі людзі з кіраўніцтва гораду , саўгасу , нікога з іх я ня ведаў . Стол быў па вышэйшым класе , нават бочка са сьвежым півам у пакоі пры ўваходзе , і ніхто не адмовіўся ўзяць па куфлю з духаты ў зале ГДК . А потым гаспадыня паклікала за стол , і рэй адразу ж павёў Караткевіч . Ён расказваў вясёлыя гісторыі , анекдоты , практычна ніхто ня мог і слова ўставіць , і , як сёньня сказалі б , даваў майстар -клас , як трэба піць . Прадстаўнікоў мясцовай улады , дый усіх нас ахапіў жах , калі той разбаўляў куфаль піва фужэрам гарэлкі і піў гэта чарка ў чарку з усімі . Ня памятаю , як мы выбраліся адтуль , прыпамінаю толькі , што дзякуючы намаганьням цьвярозага , як шкельца , Карпюка , і тое , што было ўжо даволі позна ...
Наступны раз сустрэліся , а калі дакладней – перазнаёміліся з Уладзімірам Караткевічам больш чым праз дзесяць гадоў , калі я пераехаў у Менск . Да таго часу ў яго прайшоў той буйны шал – браў рэдка , пераважна адну -другую чарачку віна для падтрымкі кампаніі , аджартоўваючыся , што свой ліміт вычарпаў , і толькі сяды -тады з нейкай важнай нагоды ці ў кампаніі старых “разакоў ” “узмахваў сярэбраным крылом ”. Нас прадставіў адзін аднаму Генадзь Бураўкін на нейкім мерапрыемстве ў Доме літаратара . Уладзімір Сямёнавіч пазнаў мяне , але нейкай зацікаўленай агульнай тэмы не знайшлося , яго абступілі іншыя людзі . У наступны раз пабачыў яго ў купалаўскім скверыку , дзе ён сядзеў на першай ад уваходу з прасьпекту лаўцы , і было падобна , што некага чакаў . Я паздароўкаўся , выказаў сваё захапленьне ягоным выступам на нядаўнім зьезьдзе пісьменьнікаў , ён прапанаваў мне , калі не сьпяшаюся , прысесьці , і з найвялікшай зацікаўленасьцю , нават болем пачаў разьвіваць , паглыбляць тое , пра што гаварыў на зьезьдзе і што ня ўсім прыйшлося даспадобы і было ўспрынята . А ён заклікаў : для таго , каб павярнуць чытача да нашай літаратуры і роднай мовы , давайце пісаць цікава і займальна , дбаць пра сюжэт , не цурацца дэтэктыўнасьці , авантурнасьці , як гэта сьвядома рабілі колісь чэшскія пісьменьнікі , практычна з нуля адраджаючы родную мову . Адчувалася , гэтая праблема яго дужа хвалюе , ён працягвае жыць ёю і па пісьменьніцкім зьезьдзе . Пасьля той п ’янаватай сустрэчы ў Гродне і Скідзелі я і ўявіць сабе ня мог , наколькі ён насамрэч шчыры , далікатны і тактоўны чалавек .
Потым неяк пад канец лета мы сустрэліся ў Васіля Быкава . Яны сем ’ямі адпачывалі разам у Піцундзе . А па вяртаньні з нейкіх вандровак Васіль Уладзіміравіч , звычайна , зьбіраў нашу кампанію , каб расказаць , што бачыў , што чуў , як правёў час , паслухаць , што адбылося -надарылася тут у ягоную адсутнасьць . На гэты раз “справаздачу ” трымалі абодва вясёлыя , у добрым гуморы вандроўнікі . Яны як ніколі добра адпачылі , былі вельмі задаволеныя , расказвалі розныя сьмешныя гісторыі , што надараліся з імі . А найперш пра свае паходы ў горныя аулы на пошукі сапраўднага самаробнага абхазскага віна , і цяжка было зразумець , асабліва ў Караткевіча , дзе тут праўда жыцьця , дзе прыпраўлены паўднёвым гумарам літаратурны вымысел . Мы за жываты браліся , яны таксама пасьмейваліся , дабаўляючы ці папраўляючы адзін аднаго , ад чаго намаляваныя сітуацыі падаваліся яшчэ больш камічнымі . Прысутнічалі тады , добра памятаю , Генадзь Бураўкін , Мікалай Матукоўскі , здаецца , ня буду сьцьвярджаць дакладна , і Ніл Гілевіч ... (...)
Тады з -за адсутнасьці па нейкай прычыне Сяргея Законьнікава ў кампаніі аказаліся толькі два заядлыя курцы – Караткевіч і я . Ён быў ужо зусім не пітак , прыгубляў толькі за кампанію чарачку з віном , я гэтаксама ніколі не вылучаўся імпэтам да чаркі , і мы даволі часта адлучаліся на балкон праз гаспадароў кабінет , дзе дымілі на сьвежым паветры . Балкон рукамі Васіля Уладзіміравіча быў абсталяваны , але без зашкленьня , атрымалася ўтульнае месьцейка з маладым дзікім вінаградам зьнізу даверху ды яшчэ нейкай расьлінай з буйнымі цёмна -чырвонымі кветкамі . Сьцены акуратненька пафарбаваныя ў прыемны сьветлы колер , ніз засланы дывановай дарожкай . Шчыльна зачынялі дзьверы , каб дым не трапляў у памяшканьне , Караткевіч па старой звычцы аддаваў перавагу папяросам , а я смактаў адну за другой цыгарэты . Завязваліся розныя гаворкі . Адна асабліва запомнілася . Узгадалі Івана Пятровіча Шамякіна , ягонае ўменьне закруціць і раскруціць сюжэт , што вельмі цаніў у ім Уладзімір Сямёнавіч . Я запярэчыў : усё роўна па майстэрству закруціць сюжэт , захапіць чытача Шамякіну далёка да Караткевіча і ўвогуле па майстэрству , а найперш культуры мовы Караткевіч куды больш маштабная велічыня . Сказаў гэта зусім не для таго , каб падпусьціць лёстачку , капнуць бальзам на душу суразмоўцы , а зусім шчыра , у чым быў абсалютна перакананы , не падазраючы , як гэта зьбянтэжыць Караткевіча . Уладзімір Сямёнавіч спалохана , ледзь ці не адчайна замахаў рукамі : ну што ты , ну што ты !.. І гэта ў яго было так шчыра і непасрэдна , што я аж зьбянтэжыўся ад нечаканкі . Відаць было , што падобныя самаацэнкі яму і насамрэч не прыходзілі ў галаву , хоць ня думаю , што сказанае мною не спадабалася яму . Але ён быў чалавек гранічна сьціплы , не разбэшчаны ўвагай і не расьпешчаны славай ... Нават пасьля сьвяткаваньня свайго пяцідзесяцігоддзя ў перапоўненай зале Дома літаратара , дзе ён з толькі што ўручаным ордэнам на грудзях у ганаровым прэзідыуме побач з высокімі цэкоўскімі і ўрадавымі чынамі , мусіць , упершыню наслухаўся такіх хваласьпеваў , пасьля якіх нельга было , ну , хоць трошачкі , не паверыць у сваю геніяльнасьць і вялікасьць . А ён пачуваў сябе ніякавата , няўтульна за сталом з высокім начальствам , раз -пораз , мнучы папяросіну , выходзіў пакурыць за кулісы . Я прыгадаў яму той вечар , і ён патлумачыў , што ставіцца да юбілейных хваласьпеваў па -філасофску , як да нечага непазьбежнага , і даволі іранічна – толькі юбіляраў і нябожчыкаў заведзена абкуродымліваць на поўнае кадзіла ...
Тым ня менш , думаецца , той юбілейны вечар з масавым паломніцтвам моладзі да Караткевіча , узнагароджаньне яго ордэнам не апошняй пробы шмат каму адкрыў вочы на адметную фігуру гэтага расхрыстанага чалавека і пісьменьніка , які жыў , як хацеў , пісаў , як умеў – часьцей за ўсё пад натхненьне , на адным дыханьні , пераважна начыставую , без аніякіх правак і паправак , менш за ўсё дбаючы пра славу , узнагароды , званьні і пра тое , што яго тут абыходзяць на паваротах меней таленавітыя , але болей спрытныя калегі . Удумлівыя чытачы ведалі цану кожнаму , не давалі залежвацца кнігам Караткевіча , якія разыходзіліся па -беларуску нечуванымі тады накладамі . У адрозьненьне ад многіх калегаў ён не шукаў прызнаньня , ня гнаўся за славай , яна даганяла і знаходзіла яго ...
На жаль , сышліся блізка мы з Уладзімірам Сямёнавічам толькі ў апошнія гады , мо нават месяцы ягонага жыцьця . Са сваім падарваным здароўем ён ледзь ці ня цераз месяц трапляў у бальніцу , дзе нудзіўся , і быў вельмі рады , калі мы наведваліся да яго ў палату . Караткевічава здароўе і лячэньне трымаў пад пільным асабістым кантролем АТК . Ён распарадзіўся Караткевіча без аніякіх ганаровых званьняў і лаўрэатскіх медалёў прыпісаць да лечкамісіі , а галоўурач ледзь ці не штодня дакладваў яму пра стан здароўя пісьменьніка . Раз -два на тыдзень сакратар па ідэалогіі ЦК бываў у хворага , дзе падоўгу вялі нетаропкія гаворкі пра жыцьцё альбо слухалі розныя вясёлыя і павучальныя гісторыі , на якія абодва былі вялікія мастакі . Выпісаўшыся з бальніцы , Уладзімір Сямёнавіч у цёплы час і добрае надвор ’е любіў выходзіць у купалаўскі сквер побач з домам , сядаў на адну і тую ж лаўку непадалёк ад старога фантану , абкладваўся кнігамі , чытаў ці проста адпачываў пад прыемны пошум водных струменьчыкаў , чакаў , калі мы з Сяргеем Законьнікавым і Генадзем Бураўкіным , насьпех адабедаўшы ў цэкоўскай сталоўцы , на хвілінаў сорак , а то і на добрую гадзіну далучымся да яго разам пабавіць час . Заўсёды гэта былі вельмі цікавыя гаворкі . Часьцей за ўсё нешта займальнае расказваў Караткевіч , а мы слухалі ці жартавалі наперабой . А каля дзьвюх ці ў дзьве роўна разьбягаліся , разьвітваючыся да наступнага дня . А ў тое апошняе лета мы амаль увесь чэрвень правялі з ім разам . Мяне тады трохі прыціснула сэрца , і дактары на месяц уклалі ў бальніцу . Праз дзень усё ўляглося , аднак працягвалі лячыць . Урачэбны абход і працэдуры заканчваліся да адзінаццаці . Пасьля іх нацягваў спартыўны касцюм і накіроўваўся ў купалаўскі скверык да Караткевіча , які амаль заўсёды чакаў мяне на адной і той жа лаўцы непадалёк ад фантану . Побач праходзілі сур ’ёзныя , заклапочаныя людзі да будынку ЦК , прабягалі чародкі студэнтачак і студэнтаў гістарычнага факультэту БДУ на Чырвонаармейскай , і ніхто не зважаў на старога чалавека з кніжкамі на лавачцы , а хутчэй за ўсе проста не пазнавалі яго . Ён вельмі і вельмі здаў пасьля сьмерці жонкі Валянціны , і тым , хто ведаў Караткевіча па ранейшых сустрэчах і фотакартках , насамрэч няпроста было ўгледзець у пагрузьнелым , непазнавальна і не па гадах пастарэлым чалавеку рамантыка і летуценьніка , маладзёвага куміра Уладзіміра Караткевіча , убачыўшы на лаўцы ў скверы . Ён без усялякага шкадаваньня адкладваў кніжку , і пачыналася наша доўгая гаворка пра ўсё на сьвеце , што толькі прыйдзе ў галаву . Кідалася ў вочы , што браў з сабою ў сквер ён пераважна кнігі пазнавальнага зьместу – па гісторыі , прыродазнаўстве , краязнаўстве , пра розныя займальныя падарожжы і вельмі рэдка томікі паэзіі ці мастацкай прозы . Я і сёньня не магу зразумець , чаму Уладзімір Сямёнавіч гэтак лёгка перапыняў чытаньне , адкладваў кніжку ўбок , аддаючы перавагу бавеньню часу ў гаворках са мною . Ці то па сваёй далікатнасьці і тактоўнасьці , ці то яму ўжо хацелася болей выказацца , чым пра нешта ўведаць з кніжак , ці то ён , гранічна кампанейскі па натуры , калі здароўе не дазволіла браць ані грама , пачуваў сябе самотным , забытым сябрамі -прыяцелямі і быў вельмі рады тым кароткім пасьляабедзенным сустрэчам з намі , а мо знайшоў у маёй асобе ўважлівага і ўдзячнага слухача . Сам ён быў цудоўны суразмоўца , выдатны з насамрэч энцыклапедычным кругаглядам апавядальнік . Не пасьпявалі і агледзецца , як падыходзіў абед і да нас далучаліся Сяргей з Генадзем . А калі іх клікала служба , наступала нашая чарга – Уладзімір Сямёнавіч паціху рухаўся дадому , а я бег у бальнічную сталоўку , каб праз гадзіну -другую зноўку сустрэцца на тым жа месцы .
Ён мог з захапленьнем бясконца расказваць пра свае часам вельмі незвычайныя сьветапоглядныя ўяўленьні , філасофскія бачаньні . Самае цікавае , што па ўспрыняцьці сьвету ён быў бліжэй да пантэізму , чым да матэрыялізму , тым больш атэізму . Па ягоным перакананьні , Бог ёсьць сама прырода , ён раствораны ў ёй , дапускаў , што жывая і нежывая прырода , нават сама Зямля надзеленыя ня толькі органамі адчуваньня , але і розумам . Сьцьвярджаў , што ўмее размаўляць з дрэвамі , падзараджацца ад іх жыцьцёвай энергіяй , вывучыў іхнюю мову , пераконваў і мяне , і ўсіх нас , што гэта зусім проста – варта толькі ў цішыні і без усялякай сьпешкі прытуліцца да дрэва сьпіною , заплюшчыць вочы і вельмі пажадаць слухаць яго . Мы часта не прымалі ўсур ’ёз прыгожыя мроі і фантазіі вялікага рамантыка , а ён на поўным сур ’ёзе , з найвялікшым перакананьнем адстойваў сваё бачаньне Бога і Прыроды . Уладзімір Сямёнавіч сьцьвярджаў , што ніколечкі не баіцца сьмерці , казаў , адчувае , што яна недзе зусім блізка , непадалёк , і выразна ўяўляе іхнюю сустрэчу ...
А праз нейкі час у яго зьявілася ледзь ці не ідэя -фікс прайсьці ўсім нам учацьвярых , мо прыхапіўшы за кампанію яшчэ каго , на баркасе з Гомелю па Сажы , а далей уверх па Прыпяці , дзе яму хочацца разьвітацца , паказаць і перадаць нам вядомыя яму незямной прыгажосьці палескія мясьціны , чысьцюткія крынічныя рэчачкі ў гранітных ложах , з перакатамі , якія кішаць тарпедападобнымі прыгажунямі стронгамі , і хапаюць нават голы кручок , няходжаныя дубровы , бары , гаі , дзе растуць вялізныя грыбы , якіх мы ніколі яшчэ ня бачылі . Падарожжа на баркасе было і насамрэч заманьлівым , але Генадзь адразу спасаваў – ён , як звычайна , на пачатку восені намерваўся лячыць ныркі ў Трускаўцы , а потым на дзён дзесяць бязвылазна засесьці на лецішчы ды адпісацца за ўвесь год . Мы ж з Сяргеем дамовіліся разам адпачыць у Юрмале і заказалі на пачатак ліпеня пуцёўкі . Ледзь ці не штодня Уладзімір Сямёнавіч настойліва адгаворваў : ды кіньце вы , хлопцы , гэтую Юрмалу , тут вы пабачыце і адпачнеце ў тысячу разоў лепей . Яно падобна было , што так , але ў нас былі ўжо на руках пуцёўкі , і ў рэшце рэшт прыйшлі да кампраміснай высновы : напачатку ўсё ж едзем у Юрмалу , але вяртаемся на дзень -два раней тэрміну і ў нас застанецца яшчэ добры тыдзень на сумеснае воднае падарожжа ў глыбіню Палесься . Я сказаў , што пазваню Аляксею Камаю , які быў першым сакратаром абкаму ў Гомелі , дамоўлюся наконт добрага плаўсродку , у іх , здаецца , меліся быстраходныя кацяркі на падводных крылах , але Уладзімір Сямёнавіч запярэчыў : ай , навошта зьвязвацца , дурыць галаву начальству , калі ў мяне ў Гомелі добры сябра , на чыім баркасе ледзь ці ня кожны год ходзім у тыя запаведныя мясьціны . На тым і дамовіліся ...
Надвор ’е ў Прыбалтыцы ў той год было цёплае , нават гарачае , ласкавае мора , і мы выдатна адпачылі . На два дні раней заканчэньня тэрміну загадзя купілі білеты на вячэрні цягнік , каб праз дзень накіравацца з Караткевічам ў тыднёвае падарожжа па Прыпяці . За два дні да ад ’езду ледзьве вярнуліся з Сяргеем з пляжу , як у вестыбюлі дзяжурная паведаміла : званілі з Менску , прасілі перадаць , што памёр нейкі пісьменьнік .
– А хто ? Прозьвішча не называлі ?
– Называць то называлі , але не запомніла . Пачынаецца на “К ”...
Грэшнай справай падумалі , што стары Крапіва , пра Караткевіча ж і ў галаву не магло прыйсьці . Разьмянялі ў дзяжурнай папяровыя рублі на капейкі і кінуліся да міжгародняга тэлефону -аўтамату , які ўмеў бесцырымонна глытаць дваццацікапеечныя манеты , ня надта дбаючы з першага ці другога разу злучаць з абанентам у Менску . На дзіва ўдалося дазваніцца адразу ... Калі сказаць , што гэта было нешта накшталт грому сярод яснага дня ці ўдару абухам па галаве – гэта і блізка нельга параўнаць з тым шокам , які здарыўся з намі ад паведамленьня пра сьмерць Караткевіча . Ачомаўшыся , сталі сьпешна зьбірацца , а найперш вырашаць пытанне з білетамі на Менск . Ні на сёньняшні вячэрні , ні на заўтрашнія цягнікі ніводнага месца не было , і нічога не заставалася , як на шэсьць раніцы выклікаць таксі і ехаць у аэрапорт , спадзеючыся ўбіцца на які -небудзь рэйс калі не да Менску , то хоць да Вільні , адкуль дабрацца прасьцей . Ні на Менск , ні на Вільню білетаў не было , адна маленькая надзея , што нехта адмовіцца ад палёту ... І тут пацьвердзілася старая ісьціна пра цесны сьвет – у залу зайшоў у суправаджэньні генерала і двух палкоўнікаў мой даўні добры знаёмы па Жалудку брат Валодзі Фядотава Міхаіл , зараз генерал , кіраўнік транспартнай міліцыі Беларусі , з якім мы даўным -даўно ня бачыліся . Абняліся і я сказаў пра свае праблемы з білетамі , і яны тут жа , амаль імгненна былі вырашаныя – ляцім да Менску разам з ім напаўпасажырскім , напаўгрузавым сьпецрэйсам . Ягоныя латышкія калегі -праважатыя павялі ўсіх нас у нейкі пакойчык з сервіраваным пад фуршэт сталом , узялі па пару чарак за знаёмства і на разьвітаньне , і праз якіх паўгадзіны АН -24 падняў нас разам з Міхаілам у паветра , узяў курс на Менск ...
Пахаваньне Караткевіча было прызначанае на заўтра , і мы , а найперш Сяргей як загадчык сектару літаратуры , пасьпелі яшчэ прыняць удзел у арганізацыі і правядзеньні жалобных мерапрыемстваў . Разьвітаньне адбывалася ў вялікай зале Дому літаратара пры вялізным наплыве народу . Труна была ўбраная сьціплымі палявымі валошкамі і рамонкамі , і нахіленымі , гатовымі пад серп , сасьпелымі ўжо каласамі . У зале ўвесь час гучала музыка , але не жалобная , а , як таго пажадаў нябожчык , задумліва -журботныя народныя мелодыі ...
Высьветліліся абставіны ягонай сьмерці . І было загадкай , і не было загадкі , чаму Уладзімір Сямёнавіч не дачакаўся , як было дамоўлена , нас з Юрмалы , чаму за пяць дзён да нашага вяртаньня накіраваўся ў тое падарожжа са сваім даўнім сябрам – мастаком Пятром Драчовым ? Магчыма , адчуў , што канчаюцца ягоныя дні , іх ужо ня хопіць , каб дачакацца нас і пасьпець разьвітацца назаўсёды з запаветнымі , дарагімі і любымі яму мясьцінамі . А мо аберагаў нас ад маральнай адказнасьці перад людзьмі і самімі сабой за тое , што магло ці нават мусіла здарыцца ў тым апошнім ягоным падарожжы ... Хто ж яго ведае ... Усё роўна спазьніўся – не даплыў ... А нам не наканавана было пабачыць ягоныя райскія мясьціны з празрыстымі крынічнымі рэчкамі ў гранітных ложах , дзе кішма кішаць элегантныя , празваныя царскай рыбай стронгі , гаі , бары , дубровы , у якіх растуць аж паўмятровыя баравікі , чырвонагаловікі ... І па сёньня не пакідае сумненьне : а мо і варта было паслухацца Караткевіча і адмовіцца ад той паездкі ў Юрмалу ? Хто ж яго ведае ...
На сваім жыцьцёвым шляху мне пашчасьціла сутыкацца , мець знаёмства , таварышаваць з многімі вядомымі і ня надта вядомымі , цікавымі і ня надта цікавымі людзьмі . Мог бы , у прыватнасьці , нямала расказаць пра гаворкі з патрыярхам нашай літаратуры Кандратам Крапівой , сустрэчы і бяседы з Максімам Танкам , Янкам Брылём , Іванам Шамякіным , Іванам Навуменкам , Алесем Адамовічам , Вячаславам Адамчыкам , Барысам Сачанкам , Іванам Чыгрынавым , Леанідам Гаўрылкіным , Нэляй Тулупавай , Анатолем Грачаньнікавым , Міколам Матукоўскім , Жэняй Янішчыц , Уладзімірам Верамейчыкам і многімі -многімі іншымі , але выдатна разумею , што не настолькі блізкімі , даверлівымі былі стасункі са многімі з іх ці настолькі значнымі , яркімі і запамінальнымі сустрэчы , гаворкі , каб дадаць да іхняга вобліку нешта новае , ня сказанае імі самімі ці тымі , хто іх больш ведаў . Кажу пра тых , хто ўжо адышоў . А пра жывых час успамінаў яшчэ не наступіў – здаўна лічылася кепскім знакам згадваць жывых , таму пра сяброў і блізкіх людзей у гэтым расповедзе намагаюся згадваць выключна ў зьвязку з іншымі асобамі і падзеямі . Хоць , шчыра кажучы , так і пад ’юджвае прысьвяціць асобныя разьдзелы ці эсэ Міколу Каралёву , унікальна таленавітаму чалавеку , з кім мяне зьвязвае дружба практычна ўсё маё сьвядомае жыцьцё , на працягу больш чым паўстагоддзя ніколі не азмрочвалася нават нейкім самым маленькім непаразуменьнем . Прыгадаць запамінальныя вясёлыя і сур ’ёзныя , нейкія бытавыя і з глыбокай сакральнай падсьветкай гісторыі , гаворкі , уражаньні , яркія штрышкі і эпізоды з Генадзем Бураўкіным , з кім нас зьвязвае поўнае аднадумства і амаль трыццацігадовая шчырая мужчынская дружба . З маімі малодшымі блізкімі сябрамі Сяргеем Законьнікавым і Алесем Жуком . З Анатолем Кудраўцом , з кім яшчэ з гарадзенскіх часоў нас зьвязваюць добрыя прыяцельскія стасункі і ўзаемная сімпатыя . З Нілам Гілевічам , з кім прайшло ў свой час столькі шчырых запамінальных сустрэчаў у Васіля Быкава , Генадзя Бураўкіна , дый у яго ці ў мяне дома , вясёлае , часам з розыгрышамі , але заўсёды плённае супрацоўніцтва ў час майго рэдактарства ў “Вожыку ”. З Анатолем Вярцінскім , з якім яшчэ ў Гродне вялі гарачыя філасофскія спрэчкі пра альтруізм і эгаізм , а нашым арбітрам быў Васіль Быкаў . З Данутай Бічэль , Вольгай Іпатавай , Юркам Голубам , Васілём Зуёнкам , Міколам Аўрамчыкам , Генрыхам Далідовічам , Аляксеем Дударавым , Уладзімірам Някляевым , Янкам Сіпаковым , Уладзімірам Правасудам , з якімі сыходзіліся , перасякаліся нашы шляхі -дарогі . З Зіновіем Прыгодзічам , з кім не адзін год прахадзілі і ў цэкоўскіх уладных і прасторных калідорах старога Дому друку , абсьледавана разам столькі грыбных узьдзенскіх лясоў , пералескаў , як і з Валодзем Ліпскім , маім аднакурсьнікам , які , прымкнуўшы да чаргінцова -аўруцінскага Саюзу , падобна , стаў абачліва асьцерагацца нашай кампаніі . З Анатолем Бутэвічам , у якога хапіла мужнасьці ўзьняцца над жыцьцёвымі абставінамі , мо нават над самім сабой , каб вызначыцца са сваім прызваньнем , застацца чалавекам . Вядома ж , з Рыгорам Барадуліным , з кім яшчэ з гарадзенскіх часоў нас зьвязваюць ня толькі шчырыя прыяцельскія стасункі , але і дружба з Васілём Быкавым , Генадзем Бураўкіным . Хацелася б расказаць пра шмат каго з блізкіх і дарагіх мне людзей з журналісцкага і колішняга партыйна -савецкага асяродку , як Сяргей Паўлюкевіч , Барыс Саўчанка , Іосіф Навумчык , Павел Антонавіч Васілеўскі , Пятро Дзевяцень , Яўген Місарэвіч , Леанід Толкач , Іосіф Сярэдзіч , Павел Шаўчук , Віктар Крукоўскі , Іосіф Багіна , Яўген Коктыш , Іван Пяшко , Косьця Клебан і , канешне ж , універсітэцкага аднакурсьніка , абаяльнейшага і шчырага чалавека Івана Журко , былога рэдактара клімавіцкай газеты і многіх -многіх іншых . Але я чалавек трохі прымхлівы ...
А свой расповед , пэўна , закончу згадкай пра апошняе месца работы , якое пакінула ў памяці такія ж добрыя і сьветлыя ўспаміны , як і колісь першае ў шчучынскай раёнцы . Мой прыход у “Нёман ” адбыўся нечакана , роўна праз год , як у пажарным парадку выправілі мяне ў поўным здравіі з “Вожыка ” на заслужаны адпачынак . Ня даўшы ня тое што адсвяткаваць 60-цігоддзе часопісу , як сьлед “абкатаць ” свайго зьменшчыка , пра што толькі -толькі прасіў -угаварыў міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны , а нават дабыць адпачынак . Відаць , некага ў вярхах надта ж даняў зьедлівы сьмех у выпусках вожыкавай “Лупцакоўскай праўды ”, дзе ў хроніцы з Хамутоўскай аўтаномнай акругі можна было знайсьці паведамленьні кшталту : усенародна абраны хамутоўскі прэзідэнт Лёха Лупцакоў , праяўляючы клопат пра ветэранаў , інвалідаў і пенсіянераў , сваім указам прадаставіў ім права хадзіць на чырвоны сігнал сьветлафору . У выніку эканомія пенсійнага фонду склала амаль 50 працэнтаў . Альбо : той жа Лёха Лупцакоў намерыўся далучыць сваю аўтаномную акругу да Гандураса і Маршалавых астравоў і стаць прэзідэнтам саюзнай дзяржавы , дзе ніколі не заходзіць сонца . А цярпеньне лопнула , магчыма , пасьля эксьпертызы , пра якую , мусіць , варта трохі расказаць ...
Неяк пазванілі з пракуратуры і запыталі , ці можам мы зрабіць эксьпертнае заключэньне на выпушчаную ў Гродне і канфіскаваную адпаведнымі органамі брашуру карыкатураў у сувязі з узбуджэньнем крымінальнай справы “по признаку оскорбления Президента Республики Беларусь и дискредитации власти ”? І таемна дадалі : вельмі патрэбна і важна ... Падумаў : во толькі гэтага яшчэ не хапала ў амаль шасьцідзесяцігадовай гісторыі “Вожыка ”! Але куды падзенешся – мы адзінае дзяржаўнае сатырычна -гумарыстычнае выданьне , і было б незразумелым , каб адмовілі сьледчым органам у высьвятленьні ісьціны . Неўзабаве на маё імя з Гарадзенскай пракуратуры паступіла бандэролька з той брашурай і просьбай на афіцыйным бланку пад нумарам і подпісам сьледчага Тонкавіча , змацаванай для надзейнасьці яшчэ і пячаткай пракуратуры . Гэта была так сабе , на самадзейным узроўні аформленая і выкананая даволі аб ’ёмная брашура з карыкатурамі , дзе ці не праз адну фігураваў вусаты тыпаж . Як і было прапанавана пракуратурай , я сваім загадам стварыў эксьпертную камісію , у склад якой увёў найбольш аўтарытэтных і вядомых у рэспубліцы мастакоў -карыкатурыстаў і журналістаў -фельетаністаў – як штатных вожыкаўскіх , так і пазаштатных , абавязаўшы ў двухтыднёвы тэрмін зрабіць абгрунтаванае эксьпертнае заключэньне . Камісія пастаралася , і доказна , пераканаўча з фактамі і тэарэтычнымі выкладкамі засьведчыла , што няма ніякай падставы індэфікаваць асобу Прэзідэнта з карыкатурным тыпажом па наяўнасьці ў абодвух такой даволі распаўсюджанай сярод мужчынскага насельніцтва дэталі , як вусы , а каб нават можна было і дапусьціць такое , то ўсё роўна не было б нічога абразьлівага для Прэзідэнта . У пацьверджаньне прыклалі ксеракапіраваную вытрымку са стэнаграмы сустрэчы Лукашэнкі з высокапастаўленай дэлегацыяй расейскіх журналістаў , дзе ён на пытаньне кіраўніка Башкірскай журналісцкай арганізацыі , адначасова галоўнага рэдактара іхняга сатырычна -гумарыстычнага часопісу Марселя Салімава : мы пастаянна друкуем карыкатуры і шаржы на свайго прэзідэнта Рахімава , і ён ня крыўдзіцца , ставіцца вельмі спакойна , а вось пагартаў гадавы камплект вашага цудоўнага “Вожыка ” і не заўважыў гэтакіх эфектных вусоў ... Аляксандр Рыгоравіч адказаў , што таксама спакойна ставіцца да карыкатур і шаржаў на сябе , паабяцаў падказаць “Вожыку ” на істотнае ўпушчэньне ... І хоць ніякай падказкі не паступіла , але надрукаваная ў афіцыйным бюлетэні Адміністрацыі прэзідэнта заява магла трактавацца не інакш , як афіцыйная пазіцыя Прэзідэнта і ўсёй вышэйшай улады . Словам , з крымінальнага працэсу , які , магчыма , рыхтаваўся як паказальны , атрымаўся пшык , а на галоўнага рэдактара , была дадзеная каманда “фас !”... Я даўно быў гатовы да сыходу з пасады галоўнага , толькі не зусім разумеў прычыну гэткай сьпешкі , але махнуў рукою і ўспрыняў усё больш чым спакойна .
З палёгкай зьехаў на лецішча і , нарэшце , з найвялікшай радасьцю цалкам і без астачы аддаўся рабоце над аповесьцю “Вяртаньне на Саарэмаа ”, задумка якой высьпявала даўно , а ўпершыню зьявілася -прабліснула ў час адпачынку на Рыжскім узьбярэжжы разам з Генадзем і Юляй Бураўкінымі . Тады нас шчыльна апекаваў Генадзеў латышскі калега , чалавек рэдкай гасьціннасьці , дабрыні і шчырасьці Леанард Барткевіч , які ўсё лета жыў тут жа ў Юрмале на дачы , і кожныя выхадныя разам з мілейшай жонкай Галяй арганізоўваў нам нейкую культурна -пазнавальную праграму , якая , звычайна , заканчвалася сяброўскай вечарынай у яго ці ягонага сябра – старшыні камітэту па кінематаграфіі Івара , чыя дача была ледзь ці не на пляжы нашага санаторыя . У адну з нядзель ён і рашыў звазіць нас на сьвята ў далёкі рыбалавецкі саўгас на самым краі Рыжскай затокі , ну і заадно , канешне , паказаць трохі іншую , чым курортная Юрмала , Латвію . Нам гасьцінна паказалі ўсю вытворчасьць – трохузрастовыя гадавальнікі моладзі стронгі , ляшча , іншай таварнай рыбы , завадскія цэхі , вывезьлі ў мора , дзе ў кіламетрах пяці ад берагу ў агромістых заякараных сетках -сачках на сотнях , мо тысячах буёў у амаль натуральных марскіх умовах нагульвала вагу таварная рыба . А потым мясцовыя кухары і гурманы частавалі і дэманстравалі , вядома ж , пад чарачку белай , каньяку на што здольная іхняя фантазія ў прыгатаваньні рыбных страў . Для мяне было вялікай нечаканкай сустрэць тут дэлегацыю з эстонскага вострава Саарэмаа , дзе колісь амаль два гады салдацкай тэрміновай адбухаў у памежнай ахове . Амаль неверагодна , але дэлегацыя была з рыбалавецкага саўгасу непадалёк , дзе праходзіла мая служба і дзе мне адно лета нейкі час даводзілася выпускаць рыбакоў у мора . Аказалася , што саўгасы дружаць і спаборнічаюць , а аддзяляюць іх усяго нейкіх сорак хвілінаў ходу на сучасным быстраходным катэры . Узяўшы добра , стрыманыя негаваркія эстонцы выказалі гатоўнасьць захапіць мяне на Саарэмаа , а заўтра даставіць назад . Канешне ж , гэта ўжо было занадта , але менавіта тады і прабліснула думка , што гэта магло б быць сюжэтам для апавяданьня , мо нават для аповесьці . Назаўтра прагульваючыся па самым краёчку залізанага лёгкімі хвалямі пясчанага юрмальскага пляжу , расказваў Генадзю пра Саарэмаа , сваю вайсковую службу , розныя прыгоды там . Выслухаўшы , ён гэтаксама быў думкі , што пра гэта трэба абавязкова напісаць . Колькі разоў браўся , падступаў да тэмы , але яна не давалася . І прыдуманы сюжэт з выпадковай сустрэчы галоўнага героя з дачкой , пра існаваньне якой ён чвэрць стагоддзя і не здагадваўся , падаваўся залішне сентыментальным , меладраматычным , у стылі сьлязьлівых дамскіх раманаў , і не хапала веданьня пра сёньняшнія рэаліі ў Эстоніі , у прыватнасьці на Саарэмаа , паколькі сюжэт ня мог трымацца на адной рэтрасьпекцыі . А самае галоўнае – без аніякіх ілюзіяў разумеў , што не змагу , мне не дадуць сказаць нават сотай долі праўды і пра жыцьцё на востраве ў тыя гады , і пра “легендарную , непераможную ”, праўду , якую бачыў на свае вочы , адчуў на сваім хрыбце . І апускаліся рукі . Але мяняліся часы , і самая горкая праўда пераставала быць вялікай крамолай , тэма пачынала “сьвярбець ”, набываць рэальныя абрысы . І вось , вызваліўшыся ад рэдактарства і ўсіх іншых штодзённых службовых клопатаў , праз месяц -паўтара аповесьць была гатовая ўчарне . Учарне , бо ў мяне дык ледзь ці не асноўная работа пачынаецца пры перадруку на машынцы , калі , бывае , мала што застаецца ад напісанага ад рукі . Вярнуўся ў горад , і з ранку да позьняй ночы ў кватэры раздаваўся падзабыты ўжо радасны стук машынкі . Словам , як і меркаваў , друкаваньне , перадрукаваньне і пастаронкавы рамонт быў закончаны да Новага 2001 году . Раздаў усе тры экземпляры пачытаць , паслухаць заўвагі і прысуд Сяргею Законьнікаву , Генадзю Бураўкіну , Алесю Жуку . Найпершы прачытаў Сяргей , пазваніў з работы і сказаў : аповесьць – што трэба , будзем тэрмінова ставіць ужо ў трэці нумар “Полымя ”, ёсьць нейкія заўвагі , але яны здымуцца ў працэсе падрыхтоўкі да друку . Алесю Жуку аповесць гэтаксама спадабалася , да ўсяго ён нечакана заявіў , пра што я нават і не падумаў : будзем друкаваць у “Нёмане ”. І загадкава прапанаваў разам памазгаваць , каму б аддаць на пераклад , выразна намякаючы : чаму б табе самому ня ўзяцца , ты ж усё роўна ў “гультрэсьце ”, нагадаўшы без намёку , што лішняя капейчына лішняй ня будзе для радавога постсавецкага пенсіянера ... Падумаў : і насамрэч чаму б не перапісаць па -руску самому ? Як Быкаў , ці Казько , дый ня толькі ... А з перакладчыкамі меў сякі -такі вопыт – практычна ўсе аповесьці , за выключэньнем першай “Час прылёту журавоў ”, выдаваліся ў Маскве і за асобнымі перакладчыкамі даводзілася практычна перапісваць наноў самому ... Ну і , канечне ж , ведаў свой характар – нізашто ня змушу сябе ўзяцца за нешта новае , пакуль добра не “адыйду ” ад папярэдняй аповесьці ... Я ніколі ня ўмеў і страшэнна не люблю займацца адначасова некалькімі справамі , пачынаць новую , не закончыўшы пачатую .
З Алесем мы разам працавалі ў ЦК , а як выпала яшчэ і пасяліліся па суседству ў адным пад ’езьдзе , сталі і сем ’ямі пачуваць , як блізкія сваякі . У апошнія гады ў Алеся ўзьніклі і абвастрыліся праблемы са здароўем . Да боляў у суствах і пазваночніку , якія ён прыглушаў абязбольвальнымі ці чаркай , далучыліся непаладкі з сэрцам , ды так , што пройдзе крокаў дзесяць – і пачынае задыхацца , глытаць нітрагліцэрыну . А пасьля таго , як выдавецтва “Полымя ” саматугам выпіхнула свае выданьні ў самастойнае плаваньне , на неспрактыкаваных у гаспадарчых і фінансавых справах галоўных рэдактараў навалілася праблемы і клопаты , да якіх яны і ня ведалі , з якога боку падступіцца . Я перажыў гэта яшчэ ў 91-м годзе , пасьля забароны партыі , калі , памяняўшы шыльду , цэкоўскае выдавецтва бесцырымонна , абабраўшы да ніткі , кінула свае былыя выданьні на волю лёсу . У тым ліку і “Вожык ”, “Работніцу і сялянку ”, якія на працягу дзесяцігоддзяў прыносілі выдавецтву ледзь ці не палавіну ўсіх прыбыткаў – мусіць , не хацелі ствараць прэцэндэнту . Давялося набіць шышак , але за дзесятак гадоў і набыць багаты вопыт выжываньня ва ўмовах аўтаномнага плаваньня , таму і ўзяўся падставіць плячо , падстрахаваць Алеся . І не даўшы дачакацца восені ці хоць непагадзі , гарачым ліпеньскім днём быў прадстаўлены ім калектыву “Нёмана ” ў якасьці адказнага сакратара і свайго намесьніка ...
Справы ў рэдакцыі былі незайздросныя , а найперш у фінансава -гаспадарчай дзейнасьці . На месяцы затрымвалася выплата зарплаты , ганарару , безнадзейна выбіліся з графіку выпуску , у тым ліку цягнуўся мінулагодні даўжок на два нумары . Каб ліквідаваць разрыў , укласьціся ў графік прадстаяла да канца году рыхтаваць і выпускаць як мінімум два нумары за месяц . Здаецца , бальшыня калектыву глядзела на гэта даволі скептычна , але калі неўзабаве бяз збояў пачалі выплочваць зарплату і ганарары , выдавецтва па старой памяці без перадаплаты пад маё чэснае слова брала падрыхтаваныя нумары да вытворчасьці , настроі сталі мяняцца . З ранку да вечара даводзілася круціцца , лічыць і пралічваць кожную капейку , званіць , дамаўляцца , шукаць больш выгадных пастаўшчыкоў паперы , расходных матэрыялаў , для чаго вельмі дарэчы аказаліся былыя сувязі , і канешне ж , я ведаў хады , мяне помнілі ў міністэрстве , казначэйстве , Белпошце , Белсаюздруку . Загадам рэдактара давялося мяняць некаторыя звыклыя рэчы ўнутры рэдакцыі , дамагаючыся зладжанасьці , дакладнасьці , дысцыпліны і парадку . Да апошняга дванаццатага нумару ўвайшлі ў выдавецкі графік , ліквідаваўшы мінулагадні даўжок і пры тым , што выпусьцілі на два нумары больш , фінансавы год закончылі з акупальнасьцю выдаткаў на 56 працэнтаў . Гэта быў выдатны паказчык , калі ўлічыць , што “Полымя ” мела 34, а “Маладосць ”, “Крыніца ”, “Всемирная литература ” не дацягвалі і да 5 працэнтаў . Упершыню людзі сталі атрымліваць прыстойныя прэміі , і гэта таксама згуртоўвала калектыў , настройвала на аптымізм , памкненьне рабіць часопіс больш цікавым і папулярным , павялічваць наклад . З першага нумара 2002-га памянялі афармленьне і вокладку , зрабіўшы яе больш сучаснай , але некранутым захавалі традыцыйны лагатып .
Мне вельмі падабалася атмасфера ў рэдакцыі – зычлівая , спакойная , нават трохі сямейная . Такой , казалі , яна была з часоў рэдактарства Андрэя Макаёнка . Амаль два дзесяцігоддзі Макаёнкавы традыцыі беражліва захоўваў і разьвіваў адзін з найбольш таленавітых і маштабных празаікаў , спакойны , разважлівы Анатоль Кудравец . Аж пакуль не пагарэў , як апошні цяльпук . Гісторыя даволі анекдатычная і знаёмая – пра яе ў нейкай газеце пісаў сам Анатоль Паўлавіч , тым ня менш дазволю сабе ў некалькіх словах нагадаць яе . У свой час “Нёман ” надрукаваў вялікі матэрыял з традыцыйнага так званага круглага стала , дзе госьцем быў і дырэктар шклоўскага саўгасу , дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка . А праз колькі год рэдакцыя папрасіла ўдзельнікаў таго “круглага стала ” вярнуцца і выказацца па той жа актуальнай праблеме . Мудры і адначасова наіўны Кудравец падпісаў ліст з тою ж просьбай і да прэзідэнта Лукашэнкі . Рэакцыя была імгненнай – галоўны рэдактар без тлумачэньня прычынаў апынуўся ў крэсьле загадчыка аддзелу прозы . Магчыма , за дзёрзкасьць , непачцівасьць , бестактоўнасьць у дачыненьні да першай асобы дзяржавы , магчыма , дзеля навукі іншым – не забывайце , хто ёсьць хто ... Кудраўца зьмяніў Алесь Жук , і добрыя рэдакцыйныя традыцыі працягнуліся . Калектыў фарміраваўся на працягу дзесяцігоддзяў , канешне ж , нехта пакідаў рэдакцыю , нехта прыходзіў . Тут былі і ветэраны , што працавалі яшчэ з Макаёнкам – Генадзь Бубнаў , Тацяна Чуйкова , Алена Шашкова , і зусім маладыя Алесь Пашкевіч , Ірына Шаўлякова , Вікторыя Салаўёва , аднак гэта была адна дружная сям ’я , якая вельмі даражыла высокай рэпутацыяй нёманцаў . Адчуваў , што пасьля прыглядкі і пэўнай насьцярогі на мой даволі аўтарытарны і часам рэзкі стыль , і я ўпісаўся ў дружны калектыў , асабліва – як справы пайшлі на папраўку , сталі без затрымкі атрымоўваць зарплату , ганарар і , канешне ж , прэміі , пра якія дасюль і ня чулі . Алеся ўсё часьцей і часьцей стала даймаць хворае сэрца , раз за разам трапляў у бальніцу , на час сваёй адсутнасьці абавязкі галоўнага ўскладваў на мяне , у чым я выказваў яму пэўнае сумненьне : ці варта парушаць субардынацыю . Аднак Жук і я добра ведалі , наколькі важна ў стасунках з чынавенскім і бізнэсоўскім людам мець права першай асобы ... Дый Генадзь Фёдаравіч Бубнаў , здаецца , ставіўся да гэтага парушэньня субардынацыі спакойна , аддаючы пальму першынства ў арганізацыйных , гаспадарча -фінансавых пытаньнях мне і майму вопыту .
У нас былі добрыя планы і персьпектывы на новы 2002 год . Прыкметна павялічылася падпіска , куды лепш “Нёман ” стаў распаўсюджвацца ў кіёсках “Белсаюздруку ”, засьвяціла рэальная магчымасьць ужо ў першым квартале займець для набору і вёрсткі тры новыя сучасныя кампутары з прафісійнымі лазернымі прынтарамі , сканерамі , ксераксам , што прыводзіла ў захапленьне нашых жанчынак , якія мучыліся на дапатопнай тэхніцы , а “выбіты ” мною ў Падгайнага перад новым годам новы прынтар падаваўся немаведама якой раскошай . Мы ставілі перад сабой задачу – дасягнуць і стабільна трымацца на 75-95-працэнтнай акупальнасьці , каб мець максімальныя прэміі , і больш ні кроку наперад , паколькі пры поўнай акупальнасьці тут жа ліквідуюцца пэўныя прэферэнцыі і па арэндзе памяшканьня , і па аплаце паштовых , паліграфічных паслугаў , і падаткаабкладаньні , і г .д . На першы погляд такія парадкі былі нейкай абсурднай недарэчнасьцю . Але за тым абсурдам была хітрая палітыка – ні ў якім разе не дапушчаць фінансавай незалежнасьці , а значыць , і свабоды , магчымасьці рабіць і пісаць што заўгодна . Словам , памянялі адыёзны ідэалагічна -цэнзурны на меней прыкметны і кідкі , але куды больш дзейсны і эфектыўны эканамічны наморднік для прэсы , літаратуры , цынічна ўдасканальваючы і ўдасканальваючы яго .
Дык вось , пакуль мы абдумвалі , пралічвалі “наших планов громадьё ”, у высокіх уладных кабінетах абдумваліся далейшыя стратэгічныя планы і тактычныя захады , каб канчаткова прыжучыць , прыбраць да рук , зрабіць паслухмянай і лагоднай і літаратуру , і ейных залішне самастойных і незалежных творцаў . Работа ў гэтым накірунку вялася даўно , метадычна і мэтанакіравана , паэтапна , маленькімі крокамі , каб ня выклікаць розгаласных міжнародных скандалаў і пратэстаў . Спачатку Саюз пісьменьнікаў пазбавілі фінансаваньня : маўляў , хай падумаюць , як жыць далей , і нікуды не падзенуцца , прыдуць на паклон . Не прыйшлі , знайшлі выйсьце , здаючы ў арэнду частку памяшканьняў у прасторным Доме літаратара . Наступным крокам стала экспрапрыяцыя Дому літаратара заадно з асабняком па суседству , дзе разьмяшчалася пісьменьніцкая паліклініка , на карысьць Кіраўніцтва справамі прэзідэнта . Праўда , офіс Саюзу пісьменьнікаў пакуль ня выкінулі на вуліцу , але перакрылі кісларод , пазбавіўшы платы за арэнду , больш таго – на яе пасадзілі і саміх былых гаспадароў – во цяпер запяеце Лазара , станеце згаворлівымі , на каленях прыпаўзеце ... Не дачакаліся .... Тады стварылі ініцыятыўную групу па арганізацыі новага , згаворлівага і паслухмянага пісьменьніцкага Саюзу пад эгідай і ўзяўшы за сьцяг Героя , Народнага , вядомага і аўтарытэтнага , лаяльнага да ўсіх уладаў Івана Пятровіча Шамякіна , дакляраваўшы вярнуць гэтаму Саюзу калі ня ўсё , то частку рэквізаванага . Абышлі -аб ’ехалі ледзь ці ня ўсіх 500 пісьменьнікаў , але набытак аказаўся невялікі – за новы Саюз падпісалася толькі трохі больш за 60 чалавек . Прынесьлі сьпіс Шамякіну . Мудры Іван Пятровіч уважліва прачытаў і гэтак па -шамякінску ўсьміхнуўся : а -а -а , ды тут жа адны творчыя імпатэнты і графаманы ! Не -е , з імі мне не па дарозе ... Задуму засунулі ў доўгую пыльную скрыню , дзе яна праляжала да сьмерці Шамякіна , затым зноў выцягнулі на сьвет божы , даручыўшы рэалізацыю яе не нейкаму там літаратурнаму аўтарытэту , а каранаванаму ў сенатары міліцэйскаму генералу Мікалаю Чаргінцу . Генерал куды больш пасьпяхова справіўся з пастаўленай задачай . Але гэта я ўжо забег наперад . Да таго былі яшчэ этапы паступовага закручваньня гаек , прыжучваньня занадта гордага , незалежнага і непачцівага Саюзу пісьменьнікаў . Фактычна адабралі ў яго “ЛіМ ”, “Полымя ”, “Нёман ”, “Маладосць ”, “Крыніцу ”, пазбавіўшы права выступаць заснавальнікам пісьменьніцкіх выданьняў . Аднак і гэта ня стала вялікай трагедыяй . Заціскальнікі гаек не маглі ня бачыць , што рэдакцыі літаратурна -мастацкіх выданьняў , дзе па -сутнасьці і адбываецца , матэрыялізуецца бягучы літаратурны працэс , усё роўна працягвалі пачуваць сябе занадта вольна і незалежна як у выбары тэмаў , зьместу публікацыяў , так і аўтараў , твораў . Па -ранейшаму на старонкі часопісаў трапляла ўсё , што выходзіла з -пад пяра Быкава , Брыля , Барадуліна , Бураўкіна , Гілевіча , Казько , іншых на думку ўладаў апазіцыйна настроеных пісак , розная сумніўная эмігранцкая літаратура , папулярызаваліся , на думку кансультантаў высокіх уладаў , аўтары з “цёмным мінулым ”. Выкараніць гэта было немагчыма , спыніць можна толькі адначасовым шырокамаштабным пагромам літаратурна -мастацкіх выданьняў , перадачай іх у адны надзейныя рукі ...
(...) 2005-2007 г. Менск.
|