12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
Размова пра новую кнігу Валянціна Акудовіча "Код адсутнасьці" .



“Код адсутнасьці”, бадай што, самая вострая кніга Валянціна Акудовіча. Яе называюць літаратурнай правакацыяй (у тым ліку і нашыя эксьперты): шлях роздуму філосафа праходзіць проста перпендыкулярна пэўным непахісным для “сьвядомага беларуса” ідэалагемам і міфалагемам. Гэта шлях пасьлядоўнага аспрэчваньня ці, як мінімум, карэкцыі базісных пастулатаў, з якіх фармуецца паняцьце нацыянальнай ідэі. У кожным падразьдзеле ўздымаецца пэўнае пытаньне з разраду нібыта рытарычных і вырашаных і ставіц­ца рубам (напрыклад, “Уласна нацыянальнае”, “Праблема ўласных межаў”, “Расейская імперыя – калыска беларускай нацыі”, “Ідэя Адраджэньня”, “Мова (Знак Бяды)” і г.д.). За савецкім часам да дасьледаваньня падобнага спосабу выкладу быў бы ўжыты эпітэт “псеўданавуковае”: вялікая колькасьць тэзаў існуе, кажучы словамі аўтара, “у фармаце версіі” і выносіцца, уласна, дзеля іх супольнага асэнсаваньня. Калі ўявіць магчымасьць зьяўленьня кнігі гадоў дзесяць таму, аўтара можна было б назваць літаратурным камікадзэ.
Пасьля зьяўленьня першага разьдзелу кнігі (“Дзеяслоў” №№ 10 – 12, пад агульнай назвай “Вялікая здрада. Суплёт эсэ”) чакалася калі не зацятая, дык палеміка з удзелам гісторыкаў, этнолагаў, філолагаў, палітолагаў (то ж бо ўсе гэтыя веды скампіляваныя ў дасьледаваньні) – тых, хто па логіцы мусіў бы адстойваць ідэалы, на якія замахнуўся аўтар сваім крытычным сьцілом. На справе ж – амаль поўная ці-шы-ня (за выняткам рэзка крытычнага водгуку Алеся Астапенкі ў “Дзеяслове”, які наўрад пакідае месца для палемічнага адказу, рэцэнзіі Пётры Рудкоўскага ў “Arche” і асобных рэплікаў). Выходзіць, што правакацыя не атрымалася? Альбо ніякая гэта не правакацыя й не суплёт палемічных эсэ, а тэзы В. Аку­довіча не патрабуюць абмеркаваньня?
Вядома, “Код адсутнасьці” – ня проста й ня толькі правакацыя. З пэўнасьцю, кніга й не задумвалася як нейкая бомба пад на­цыянальную ідэю. Як сказана ў прадмове, гэта “думаньне пра Беларусь”, грунтоўная, актуальная праца з моцнай сістэмай доказаў, напісаная папулярнай мовай (першапачаткова існавала як курс лекцыяў) і разьлічаная на адносна “шырокія масы” (чым таксама розьніцца ад ранейшых кніг В. Акудовіча, што гукалі й самаадгукаліся ў метафізічнай прасторы даволі замкнёнага філасофскага дыскурсу). Невядома, ці філосаф напраўду лічыць, што нацыянальныя сілы пацярпелі поўную паразу ў барацьбе за “беларускі народ”, які, паводле аўтара “Коду...”, ужо ніколі ня пойдзе за “сапраўднымі беларусамі” (гл. падразьдзел “Героі адсутнасьці”) альбо гэта толькі самотны кліч, спосаб хоць крышку разварушыць гэтыя самыя нацыя­нальныя сілы. Кніга заклікае да сумоўя. Маўчаньне ў адказ на кнігу ёсьць аль­бо знакам згоды, альбо грэблівым нежаданьнем уступаць у палеміку са “змрочным прарокам-садыстам” (П. Рудкоўскі). Альбо... Даволі шмат лю­дзей, да якіх мы зьвярталіся па водгук, казалі, што кнігу ці тое зусім не чыталі, ці тое праглядалі, але покуль ня мелі часу агораць цалкам (гэта больш як за два гады ад моманту публікацыі ў “Дзеяслове”). “Код адсутнасьці” – праверка для незалежнага грамадства. Калі мы ня хочам слухаць няхай і ня самыя прыемныя, але справядлівыя словы пра сябе, – гэта ўжо знак бяды...
Наступнай да абмеркаваньня мы прапануем кнігу
Анатоль Івашчанка.


Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:
“Код адсутнасьці” – гэта кніга, якая, безумоўна, даўно чакалася, бо Валянцін Акудовіч мае талент даступна для ўсіх фармуляваць і “сьціскаць” у адну кнігу тое, што ў іншых аўтараў, якія спрабуюць аналізаваць тую ж праблематыку, раскіданае ў безьлічы публікацыяў і выданьняў. Адзін знаёмы літаратар, прачытаўшы новую кнігу Акудовіча, падзяліўся са мной радасьцю, што цяпер у ягонай нацыяналістычнай галаве нарэшце ўсё стала на свае месцы. На жаль, ці на шчасьце, пра ўласную галаву я гэтак катэгарычна сказаць не магу, бо па шэрагу пазіцыяў працягваю палемізаваць з бясконца дарагім мне філосафам.
Да прыкладу, ніколі не пагаджуся з думкаю, што “БНР і БССР пачынаюць выглядаць не як дзьве сьмяротна варожыя паміж сабой падзеі, а як адна і тая самая, толькі ў розных варыянтах палітычнай фармалізацыі”. Акудовіч дагаварыўся нават да таго, што назваў БНР і БССР – што ідэалагемна, што ідэалагічна – блізьнюкамі.
Зрэшты, мяркую, гэта ўсяго толькі адна з ягоных заўсёдных інтэлектуальных правакацыяў.
Напэўна, ня толькі мяне ў папярэдняй Акудовічавай кнізе “Дыялогі з Богам” зачапіла паведамленьне, што ў нас няма гісторыі, няма мовы, свабоды і, ня вы­ключана, урэшце ня будзе сваёй дзяржавы. Пагатоў, што “краіна Беларусь жыве бяз нас” (гэта ўжо “Код адсутнасьці”). І, разам з тым, Беларусь для нашага мысьляра ёсьць прасторай сакральнага з “тысячагадовай (як мінімум) гісторыяй”. А беларуская нацыянальная апазіцыя, паводле Акудовіча, зусім нядаўна была адной з найбуйнейшых у Еўропе.
Зьвярнуўшы ўвагу на гэтыя ды іншыя супярэчлівыя, а часам проста процілеглыя сьцьверджаньні Акудовіча, ягоны шаноўны калега з мысьлярскага цэху Пётра Рудкоўскі, як выглядае ня цалкам сур’ёзна, але з лёгкай роспаччу, пытаецца ў адным з апошніх нумароў часопісу “Архэ”: “Дык хто ён, Акудовіч?.. Змрочны прарок-садыст, які знаходзіць асалоду ў прапаведаваньні сьмерці беларускага народу? Інтэлектуал-скандаліст, які эксьперыментуе з сакральнымі паняткамі немавед для якое мэты? Паэт-нігіліст, які навязвае нам думаньне пра Беларусь у катэгорыях “няма”?”
Аднак, калі Акудовіч думае пра Беларусь у катэгорыях “ёсьць”, ён мае поўнае права вучыць тых сваіх уяўных апанентаў-палітыкаў, што “не спыняюць марных спадзяваньняў на ідэалагемную манапалізацыю гэтага краю”. Бо – і гэта бачыцца адной з найістотнейшых высноваў кнігі – паколькі цягам дзесяці вякоў сваёй гісторыі “прастора Беларусі” ніколі не была монаэтнічнай, монарэлігійнай, монамоўнай і г.д., “нічога не застаецца, як меркаваць, што і ў персьпектыве:
– Беларусь ніколі ня будзе толькі беларускай, але і ніколі ня будзе толькі расейскай ці польскай...
– Беларусь ніколі ня будзе толькі праваслаўнай, але і ніколі яна ня будзе толькі каталіцкай ці пратэстанцкай...
– Беларусь ніколі ня будзе толькі празаходняй, але і ніколі яна ня будзе толькі праўсходняй ці якой там яшчэ...”.
“Краіна Беларусь жыве бяз нас” – піша аўтар “Коду адсутнасьці”. Магчыма. Але гэтая краіна зьявілася, існуе і пакідае надзею на іншую будучыню дзякуючы нам (Акудовічу etc.) і нашым папярэднікам – тым, для якіх незалежная Беларусь была і ёсьць мараю, мэтаю і працай.
Для мяне “Код адсутнасьці” – яшчэ адно яскравае сьведчаньне нашай прысутнасьці тут. Учора, сёньня і заўтра.

Альгерд Бахарэвіч, празаік:
Валянцін Акудовіч кажа ўголас тое, прызнацца ў чым большасьці з нас не ставала сьмеласьці. Усе так званыя сьвядомыя беларусы – як куфары з двайным дном, і на гэтым другім дне мы, без сумневу, заўжды мелі нешта падобнае да прыладаў самазабойцы: там было ўсьведамленьне крохкасьці нашых высакародных мараў, прасьцей кажучы, там былі нашыя страчаныя ілюзіі. Тэма балючая й таму забароненая. Без надрыву, бяз сьлёз, але й без залішняе іранічнасьці аўтар “Коду адсутнасьці” выцягвае на сьвятло гэтыя мілыя сэрцу, але спарахнелыя сантыменты наконт “беларушчыны”. Ён аніякім чынам ня зьдзекуецца з іх, наадварот – ставіцца да іх з усёй належнай павагай, ён дакранаецца да “сьвятыняў” ашчадна, але ж кожны, хто мае вочы, бачыць цяпер – час бараніць стаўся бясплён­ным, надыйшоў час асэнсоўваць. А наўкола кружляе пыл.
Кожны мастак – вар’ят, але ж ня кожны вар’ят абавязкова мастак. Бо мастак кіруе ўласным вар’яцтвам і можа мяняць свае паветраныя замкі на іншае жытло, ка­лі пажадае. Вар’ят жа дарэшты падуладны сваёй хваробе. У сітуацыі такіх вар’я­таў і знаходзяцца фанатыкі, якія ўзьнялі пасьля выхаду “Коду адсутнасьці” разьюшаны гвалт: “Пакуль іншыя за кратамі, гэты Акудовіч...”. “Код адсутнасьці”, як і іншыя кнігі спадара Валянціна, выдатны сродак супраць фанатызму ва ўсіх ягоных праявах. Аўтар мае тое, што й мусіць мець сапраўдны філосаф, – заўжды халодны розум. Аніякае асьляпленьне або сонечны ўдар шалёнага патрыятызму яму ня страшныя. “Сёньня” ня мае над ім улады, бо аўтар “Коду адсутнасьці” здольны зазіраць у заўтра. І тым ён каштоўнейшы для Беларусі за тысячу севярынцаў.
Словаў няма, як “этнанацыяналіст” я ніколі не запрашу літасьці ў нацыяналіс­таў “супольна-грамадзянскіх” (а менавіта на гэта правакуе аўтар “Коду адсутнась­ці”). Асабіста мяне прыцягвае рамантыка “тонучага карабля”. Але ж астатнім раю ратавацца ў Акудовічавым чаўне. Бо толькі так тая Беларусь, якую мы сабе панапрыдумвалі, і зможа выжыць. Мне здаецца, што я чую той грандыёзны калектыўны выдых палёгкі пасьля словаў Акудовіча: “Лукашэнка – гэта нашая вялікая паўза...”. Супольнасьць, здольная да асэнсаваньня паўзы як гістарычнае неабходнасьці, асабліва ў такія змрочныя часіны, як цяпер, мае шанцы на ратаваньне. “Акудовіч выкапаў нам магілу,” – з прыкрасьцю сказаў неяк адзін з маіх знаёмых. Не. Ён паказаў, як ня трапіць туды, жывучы на могілках.
У “Кодзе адсутнасьці” Акудовіч ня толькі выбітны мысьляр, але й файны літаратар. Чаго вартае параўнаньне беларускага грамадства ўзору 1991 году з чалавекам, які раптам заўважыў, што ня мае ценю... Стыль Акудовіча выразны, празрыс­ты, трапны, няма чаго зьдзіўляцца, што ён, у ягоным веку, стаў культавым аўтарам для інтэлектуальнае моладзі. “Пра што б ні пісаў, атрымліваецца пра Беларусь,” – любіць прызнавацца філосаф. Дадам: піша ён для сябе, а атрымліваецца для ўсіх нас. Найлепшы падыход да літаратуры.
Вялікая здрада Акудовіча (“Беларусь ніколі ня будзе толькі беларускай”) ёсьць, па сутнасьці, вялікім вычынам, вычынам думаньня і, калі хочаце, грамадзянскім вычынам таксама.

Сяргей Кандраценка, вярстальнік:
Нічога аб’ектыўнага пра кнігу Валянціна Акудовіча я сказаць не змагу – так моцна на мяне паўплывала ў свой час яшчэ часопісная публікацыя ў “Дзеяслове” пад назвай “Вялікая здрада”.
“Код адсутнасьці” – добры дыягнастычны сродак для выяўленьня каланіяльных комплексаў. Суплёт эсэ пачынаецца аддзяленьнем “гістарычнага” ад “нацыя­нальнага” (гэта каб, напрыклад, Еўфрасіньня Полацкая перастала нарэшце шчыраваць “на карысьць ідэі нацыянальнай Беларусі”). Далей – грунтоўная тэза “Расейская імперыя – калыска беларускай нацыі”. Сьледам за тэзай пачынаецца сапраўдная містэрыя, падчас якой усе назапашаныя веды пра радзіму продкаў пачынаюць пашырацца, зьмяняць форму і пералівацца ўсімі колерамі вясёлкі. Малады і амбітны Кастусь Каліноўскі, рэалізуючы “волю да ўлады”, “разыгрывае беларускую карту ў польскім паўстаньні”, Купала з Багдановічам, расчараваўшыся ў польскіх і расейскіх выдаўцах адпаведна, шчыруюць на карысьць беларушчыны. У літаратуры разгортваецца дыянісійска-апаланічная барацьба паміж Міцкевічам і Багушэвічам, у выніку якой літаратурна адораныя паны (іх імёны дзеці вучаць у школе на занятках па “белліту”) пачынаюць навыперадкі рымаваць апакаліптычныя вершы пра дурнейшага за варону мужыка з каўтуном у валасах, Вялікая Айчынная пераўтвараецца ў грамадзянскую, а Пазьняку з Лукашэнкам сьняцца аднолькавыя сны аб Беларусі. І гэта толькі малая доля праблематыкі, разгледжанай у кнізе. Ня кожны true-нацыяналіст перажыве такі шквал.
“Код адсутнасьці” – сапраўдны падручнік, які дазваляе здароваму сэнсу выкараскацца з-пад улады нацыянальных міфаў, што ствараюцца й па сёньня. Кніга, на мой погляд, настолькі карысная, што яе варта надрукаваць дзесяцімільённым накладам і раздаваць на вуліцах, як Біблію, каб асобнік трапіў у кожны дом. Бо па ўдумлівым прачытаньні высьвятляецца, што няма больш такой агіткі, якая змагла б апанаваць ваш розум. Гэта свайго роду чырвоная пігулка з “Матрыцы”, горкая ў роце ды салодкая ў чэраве, якая не зашкодзіла б ні маладафронтаўцу, ні бээрэсэмаўцу, ні міліцыянту, ні вайскоўцу, ні чыноўніку, ні пралетару... Варта яе праглынуць, і Скарына вернецца з Піцеру.
А пакуль што на “Лініі Сталіна” без пераменаў.

Марыя Мартысевіч, эсэістка, перакладчыца:
Нягледзячы на тое, што добрая палова тэкстаў кнігі «Код адсутнасьці» Валянціна Акудовіча выклікала дэжа вю, агулам чытво прынесла безьліч пазітыўных эмоцыяў.
Гэтую кнігу трэба перавыдаваць ужо зараз, і нават не таму, што яна апынулася надзвычай актуальнай тут і цяпер, а таму, што такой жахлівай вёрсткі і дызайну я ў жыцьці ня бачыла. Зрэшты, магчыма, выдаўцам ішлося пра ўплыў на чытача, перадусім маладога, на падсьвядомым узроўні. Бо ў сваім «матэрыяльным вымярэньні» кніжка робіць уражаньне збору лекцыяў, якія сьпехам, не зважаючы на эстэтыку, выдаюць універсітэцкія выкладчыкі, каб пасьля студэнты начамі зубрылі іх на сесіі, трасучыся перад залікам ці іспытам. Валянцін Акудовіч распрацаваў шыкоўны курс лекцыяў па гуманітарнай дысцыпліне “Уводзіны ў Беларусь”.
“Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова не-гераічны. Масавы збройны гераізм народу – аксюмаран. Калі б гэтая зьява існавала папраўдзе, а не была рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыньня, дык народы ўжо даўно павыбівалі б адно аднаго ўшчэнт”;
“...ніводзін з піянераў і будучых герояў нацыянальнай будоўлі ня быў, так бы мовіць, чыстым плёнам жыцьцядайнасьць самога беларускага народу. Усё яны вярталіся на сваю этнічную радзіму з нейкіх іншых этнакультурных абсягаў – найперш расейскага, польскага і ўкраінскага”;
“Як ні дзіўна, але і найразумнейшыя з беларусаў не жадаюць заўважаць канцавога антаганізму паміж Рэлігіяй і Нацыяй, іх сьмяротнага двубою, дзе адно перамагае толькі коштам другога”, – гэтыя і іншыя думкі, што, хоць правакатыўна, але досыць канструктыўна крытыкуюць рыторыку Адраджэньня 1990-х, на мой погляд, даўно вартыя таго, каб быць вымаўленымі папулярнымі сродкамі для самых шырокіх масаў. У кніжцы “Код адсутнасьці” Акудовіч бліскуча дае сабе рады з місіяй публічнага філосафа. Ягоны галоўны публіцыстычны прыём – гэта апісаньне рэчаў такімі, якімі яны ёсьць, а не такімі, якімі яны павінны быць, – і пошук у іх безумоўнай онталагічнай перавагі, якая дазваляе беларусу па-новаму, бяз комплексаў зірнуць на сваю не-беларускамоўнасьць, не-пасіянарнасьць, не-ге­раічнасьць, ня-ўдачлівасьць.
Для мяне, як для прадстаўніцы маладзейшага пакаленьня, цікавым стаўся мемуарны дамешак “Коду...”. Акудовіч згадвае, ілюструючы гэтым выпадкам здольнасьці Зянона Пазьняка як стратэга, як на тым “самым першым”, на ўжо гістарыч­ным мітынгу на Дзяды 1988 году, Пазьняк загадаў натоўпу сесьці на кукішкі, каб усім было відаць выступоўцаў. Дзякуй Акудовічу і за гэты магутны вобраз, няхай дадзеная асацыяцыя – справа ўжо майго, а не ягонага мысьленьня. Я нарэшце даведалася, што беларуская свабода пачыналася з тыповай “зэкаўскай пасадкі” (такую можна пабачыць, калі сядаць на начны цягнік на Менску Усходнім: зэкі, якіх вязуць у Оршу, сядзяць так, зьбіўшыся ў кола, а ахоўнікі вырываюць іх па адным і запіхваюць у арыштанцкі вагон).
Падчас чытаньня “Коду...” да галавы прыходзіць дзіўная асацыяцыя: Акудовіч у баксёрскіх рукавіцах стаіць перад ігрушай, адзетай у патлаты парык, падвязаны стужачкай з літарамі КХП-БНФ. І – па мордзе гэтай ігрушы, па мордзе, па мордзе*. А потым – наастачу – пад пах: “За свабоду!”. Кажуць, у японскіх карпарацыях ёсьць сьпецыяльныя залы, дзе супрацоўнікі могуць ад душы палупіць па грушах, часам нават стылізаваных пад іхніх босаў, для псіхалагічнай разрадкі і супакаеньня нерваў. Пасьля чытаньня Акудовіча пачуваешся як пасьля наведваньня такой залы, толькі створанай з улікам беларускай сьпецыфікі.