12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________

Размова пра кнігу Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча "Янкі, альбо астатні наезд на Літве"



Кніга “Янкі, альбо астатні наезд на Літве”, відавочна, запоўніла вялізны жанравы прагал у авантурна-прыгодніцкай літаратуры па-беларуску і выклікала супярэчлівую рэакцыю на беларускіх форумах і ў блогах. Ацэнкі кнігі палюсаваліся ад выказваньняў захаленьня і па­трабаваньняў працягу да называньня плёну творчага тандэму Ахромен­-кі – Клімковіча парнаграфіяй.
Асабіста ў мяне падчас чытаньня (пры агульным пазітыўным уражаньні) узьнікаў пратэст праз залішнюю сканцэнтраванасьць на грубым гумары. І не таму, што я лічу немажлівым самы факт наяўнасьці грубага гумару па-беларуску. Скажам, пры абмалёўцы адмоўных герояў твору (аўтарскае вызначэньне – “амаральных мудзілаў”) адпаведная лексіка, укладзеная ў іх вусны, цалкам дарэчная ў “кінарамане-фарсе”, што напісаны ў забаўляльным ключы. Альбо прыём кантрасту, калі беларускае (прыкладам, у выглядзе сьпеваў кранальнай Беларусачкі) супрацьпастаўляецца зьвяругам-“энкавэдзістым” ці “ворагу-жандару” Янукевічу (ягоны літпрататып – Мікіта Зносак), цалкам дарэчны. Чаго вартая бліскуча выпісаная сцэна задушэньня Беларусачкі “ў чатыры рукі” Сталіным і Гітлерам (хаця сказ “Па рацэ далёка ручнікі плылі...”, якім тое апісаньне завяршаецца, ізноў вяртае да агульнага зьдзекліва-кічавага тону).
Але сама гіпертрафаваная фабульная зацыкленасьць на алкагольна-наркатычна-парнаграфічнай тэматыцы поруч з г. званай інтэртэкставай гульнёй, дзе скарыстоўваюцца сакральныя для беларускай літаратуры цытаты твораў Купалы, Багдановіча, Караткевіча, Арсеньневай, Быкава, Сыса і многіх іншых, выглядае як свайго роду акт гвалтаваньня класічных тэкстаў. Прычым робіцца тое сьвядома і наўмысна – выключна дзеля камічнага эфекту, пад падбадзёрвальнае “ржу-не-магу” прасунутай-выкшталцонай публікі. Што за “дасьціпныя алюзіі і мудрагелістыя тэкстуальныя стратэгіі” (узята з анатацыі да кнігі) у тым, каб пачаць са слова “дупа” і скончыць словам “срака”, не разумею хоць страляйце. Няхай мяне зьвінавацяць у катэгарычнасьці, пурытанстве, адсутнасьці пачуцьця гумару і неразуменьні сучаснага літаратурнага працэсу, але мусяць быць пэўныя межы такту й самацэнзуры.
Тыя ж Сарокін з Акуніным і цэлая пляяда расійскіх рэмейкераў, што робяць з рускай класікай рэчы куды больш брутальныя, не ўспрымаюцца як вандалы, паколькі ў іх не стаіць пытаньне пра захаваньне ўласнае мовы й культуры. Скарыстаўшы выпадак, выкажу неўразуменьне з таго, што ладная частка беларускіх блогераў узяла моду актыўна выкарыстоўваць у сваіх допісах расейскую табуяваную лексіку, не разумеючы, што гэтым ліе ваду на млын агульнае каланіялізацыі. У той час, як беларускамоўных арыштоўваюць за “лаянку ў публічных месцах”, а лаянка тая запаланяе ўсё большую прастору – ад двароў, школ і універсітэтаў да тэлескрыні, – ня трэба распавядаць пра тое, што, маўляў, Беларусь ня стане паўнавартаснай, покуль “пралетарыят” і прасталыткі не пачнуць размаўляць па-беларуску. Пагатоў для названых катэгорыяў грамадзян трэба пісаць жаночы раман ці немудрагелісты баявік. Аўтары ж “Янак...” нібыта арыентуюцца на (ізноў цытата з анатацыі) “прыхільнікаў інтэлектуальнай літаратуры”, якой, перапрашаю, тут не патыхае.
Атрымліваецца дзіўны “ёрш”: высокія нацыянальныя ідэалы і суцэльнае сьцябалава, “палп-фікшн” і сакральныя словы беларускай паэзіі. “Дык гэта ж постмадэрн, тут няма межаў і забаронаў, зрывайма покрыва з цнатлівай беларускай літаратуры дзеля яе разьвіцьця й папулярызацыі!”, – скажа сучасны “буржуазны літаратар”. І тут узьнікае банальнае, але не такое й простае пытаньне пра мэту і сродкі. Калі звышмэта аўтараў у тым, каб прыцягнуць цікавасьць далёкіх ад сучаснай беларускай літаратуры людзей, ва ўсім гэтым гуляньні з цытатамі са школьнай праграмы па белліту, магчыма, і ёсьць сэнс (хаця я асабіста ня ўпэўнены, што нават пры зьяўленьні беларускага аўтара роўню Акуніна нешта кардынальна зрушылася б). А цяпер уявім, пачуцьці тых, для каго “Магутны Божа”, які зьяўляецца тут інструментам марчандайзынгу, ёсьць нечым большым, чым папросту рыфмаваны тэкст...
Любіць сваё і адначасна кпіць з тае любові – як жа гэта па-нашаму! “Янкі...” – ня вынятак, а пацьверджаньне агульнае тэндэнцыі. Застаецца спадзявацца, што раман станецца стымулам для творчасьці іншых літаратараў у зададзеным жанравым полі.
Пра станоўчыя бакі кнігі чытайце ў нашых эксьпертаў.

Для наступнага абмеркаваньня прапануем вам кнігі лаўрэатаў літаратурных конкурсаў “караткевічаўскага” – “Групавы партрэт з Бабай Броняй” і “нашаніўскага” – “Іn Вільня Veritas”. Узяць удзел у размове могуць усе чытачы “Дзеяслова”. Дасылайце свае меркаваньні на электронны адрас часопісу.
Анатоль Івашчанка.


Андрэй Хадановіч, беларускі буржуазны літаратар:
“Тлумачыць мудзілу, што ён мудзіла, – усё адно, што танчыць мазурку ў прывакзальнай прыбіральні”, – слушна сьцьвярджаецца ў “кінарамане-фарсе” “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве”1 . Аўтары твору – Уладзіслаў Ахроменка і Максім Клімковіч, “беларускія буржуазныя літаратары”. Як яны самі сябе называюць.
Абодвух цяжка назваць літаратурнымі дэбютантамі. Кніга “Здані і пачвары Беларусі” Марціна Хлуса і Францішка Юра (яны ж Ахроменка/Клімковіч) была, як на мяне, адной з найцікавейшых падзеяў у нашай літаратуры 90-х. Падзея, што крыўдна, была мала кім заўважаная. Ды і як іначай, калі выдаеш кніжку ў маргінальным правінцыйным выдавецтве вартым сьмеху накладам. Але шчасьліўцы, што тую кніжку займелі, добра пацешыліся. Цікавая і дасьціпная, адметная бурлівай творчай фантазіяй аўтараў і не абы-якім літаратурным стылем, кніжыца абяцала новую яскравую зьяву ў сучбелліце. Абяцаньне, што праўда, тады так і ня спраўдзілася. Больш кніжак, напісаных таленавітым тандэмам, прынамсі мне на вочы не траплялася. Дый цікавых твораў, напісаных асабіста Максімам Клімковічам, выходзіла значна меней, чым хацелася б. Затое ў пісьменьніцкіх колах актыўна цыркулявалі чуткі пра двух… “беларускіх буржуазных літаратараў”, што актыўна працавалі на рынак расейскай масавай літаратуры.
З апошняга заканамерным чынам вынікае пэўны пісьменьніцкі прафесіяналізм. Цягам усёй сваёй гісторыі белліт – пераважна дзейнасьць дылетантаў, чыё пісаньне ніяк ня ёсьць таварам і ніяк не арыентаванае на продаж. За савецкім часам ані наклад, ані ганарары літаратараў не былі зьвязаныя з рэальнай колькасьцю кніжак, набытых за свае кроўныя жывымі людзьмі – іх чытачамі. Цяпер (як збольшага і ва ўсім сьвеце) у нас за рэдкімі выключэньнямі ніхто не жыве з сваёй пісьменьніцкай працы. Таму прыйшоў у заняпад такі цэнтральны жанр, як раман. Бо раман – гэта кавалак жыцьця яго аўтара, які трэба фізічна пражыць і не памерці з голаду, пакуль пішацца кніга. Без усякай гарантыі посьпеху, ганарару й нават самой публікацыі. На замежныя стыпендыі нашыя пісьменьнікі, за рэдкім выключэньнем, ня езьдзяць. А нашая дзяржава падтрымлівае творцаў самі ведаеце як. Вось і выходзіць, што ўся актуальная літаратура складаецца збольшага з вершаваных падборак, кароткіх апавяданьняў і эсэяў, якія худа-бедна можна прыстроіць хоць у тых часопісах, якія мы сёньня маем. Альбо ў інтэрнэце. Скажам, ва ўласным блогу. Але, зноў-ткі, не сакрэт, як у нас чытаюцца постынгі з вялікай колькасьцю літараў.
Пералічаныя праблемы не датычаць толькі адной катэгорыі аўтараў. Беларускіх буржуазных літаратараў, як яны самі сябе называюць. Усё зробленае імі па азначэньні: альбо добры тавар шырокага попыту, альбо наогул нікому не патрэбна. Хто, калі не яны, валодае ў нас элементарнай тэхналогіяй пісьменьніцкага рамяства; ведае, з чаго робіцца твор; разьбіраецца ў законах жанру, кампазіцыі й г.д.; яшчэ памятае, што кніжка найперш мусіць быць камусьці цікавая? Таму калі і ёсьць падстава аднекуль чакаць добрага сучаснага беларускага рамана, то ад іх. У тым рэдкім выпадку, калі аўтарскія амбіцыі, пэўны пісьменьніцкі азарт прымушае не хаваць сваіх імёнаў за брэндавымі псеўданімамі і моцна рызыкаваць, пераходзячы на пакуль што “некамерцыйную” беларускую мову.
Ці варта было рызыкаваць у дадзеным выпадку? Пачнем з таго, што аўтары, як маглі, пастараліся гэтую рызыку мінімалізаваць, улічыўшы досьвед папярэдніх пасьпяховых беларускіх культурных праектаў. Найперш “Народнага альбому”. “Супольны літаратурны праект” Ахроменкі/Клімковіча апрацоўвае той жа кавалак беларускай рэчаіснасьці, што й некалі Вольскі/Анемпадыстаў. Перад намі яшчэ адзін варыянт “даверасьнёўскай лірыкі”, зноў міфалагізацыя Заходняй Беларусі (яна ж польскія Усходнія Крэсы) да пакту Молатава-Рыбентропа і Другой сусьветнай вайны. Пісьменьніцкі метад аўтараў нагадвае мне матэматычны доказ ад супраціўнага. Літаратары бяруць асабліва ненавісныя ім фрагменты сучаснай беларускай постсавецкай (трэба яшчэ вызначыць межы гэтага “пост-”) рэальнасьці – і канструююць наўпрост супрацьлеглыя. І выходзіць Беларусь талерантна-шматнацыянальная і шматкультурная, буржуазная і рамантычная. З каталікамі й праваслаўнымі, габрэямі й татарамі. Якія ўсе апынаюцца беларусамі, не канфліктуюць міжсобку, а наадварот, аб’ядноўваюцца перад абліччам агульных ворагаў – шматнацыянальных “хаблоў” і “мудзілаў”. “Хаблы, зрэшты, яшчэ так-сяк перавыхоўваюцца… А вось мудзілаў трэба толькі на горкі яблык зьбіваць. Бяз жалю і бяз літасьці” (с. 95).
Метафара “горкага яблыка” вядзе аўтараў ня толькі да боек (з часоў Караткевіча ніхто ў нас з такім дзіцячым захапленьнем не паказваў мардабояў!), але й да іншай буржуазнай рамантыкі, і тут прыдалася адна эфектная паралель. Якая краіна ў нас выклікае найбольш буржуазных і рамантычных асацыяцыяў? Слушна, Амерыка: ад слыннай Мерыкі Багушэвіча да пэўнага сучаснага радыё, якое часам падтрымлівае пэўных беларускіх буржуазных літаратараў. Таму й назва рамана “Янкі” прачытваецца падвойна: з аднаго боку гэта чатыры сябры, што прадстаўляюць чатыры “беларускія” нацыянальнасьці: Янка Лабановіч, Іван Брыль, Янкель Фінберг і Аянька Кільмандовіч; з другога боку, герояў увесь час блытаюць з сапраўднымі “янкамі”-амерыканцамі. І Амерыка выяўлена ў дзьвюх іпастасях: як далёкая, але цалкам дасяжная для заходніх беларусаў краіна неабмежаваных магчымасьцяў; але таксама як зусім блізкая вёска Амерыка. А ёсьць яшчэ беларуская амерыканская дыяспара! Напрыклад, такі персанаж, як Хросны – “лідэр беларускай мафіёзнай групоўкі “Тутэйшыя” ў Чыкага, беларускі буржуазны нацыяналіст (sic!) і дасьведчаны гангстэр”. Далей усё проста. Сухі закон, бутлегерства, экспарт “вялікай амерыканскай мары” ў Беларусь – і вытворчасьць нацыянальнага алкагольна-наркатычнага брэнду “Горкі яблык”. Так бы мовіць, купляй беларускае! Вось яно, простае чалавечае шчасьце, якое было б такім магчымым, каб не “мудзілы” самых розных нацыянальнасьцяў: тут і расейскія постімперскія манархісты, і сталінскія чэкісты, і польскія жандары, і летувіскія шавіністы (гэтых аўтары, ігнаруючы ўсякую паліткарэктнасьць, называюць “жмудзіласамі”), і два падазроныя персанажы “геносэ Юзік” і “таварыш Адзік”, што вырашаюць лёс міжваеннай Еўропы – якраз на нашай тэрыторыі.
Карацей, усе плюсы “махлярскага” й прыгодніцкага раманаў. І ўсе мінусы, зразумела. Аматарам псіхалагізму ў літаратуры просьба не турбавацца, гэта не ўвахо­дзіла ў намеры аўтараў. Увогуле вялікая практыка пісаньня “камерцыйных” кніжак відаць ва ўсім. Ніякіх нюансаў і паўтаноў: калі мастацкі прыём ужываецца – то ўжо рубіцца з пляча. Метафары і параўнаньні аж падкрэсьлена эфектныя. Каб самы непадрыхтаваны чытач не забываўся, што для яго тут стараліся, а значыць і грошы за кніжку ён плаціў не дарэмна. Так, адзін з персанажаў выяўляецца пафасным, “як малады Ізя Харык на вечарыне ўласнай паэзіі” (с. 151). Галодныя кракадзілы ў заапарку “падобныя да разьдзьмутых маласольных гуркоў” (с. 168) і г.д. Стыль кнігі афарыстычны. Я, напрыклад, лавіў сябе на думцы выпісаць сёе-тое. Напрыклад, такое: “Адраджэнства – гэта яшчэ не прафесія!” (с. 121) Здавалася б, банальнасьць, але ў нашай сітуацыі бываюць ісьціны, якія варта паўтараць часьцей.
Разам з тым той ці іншы прыём, эпізод, персанаж (так здараецца ў масавай літаратуры) часьцяком ужываецца толькі дзеля хвіліннага эфекту тут і цяпер, бяз думкі, як гэта адгукнецца праз 20-30 старонак. Часам сюжэтныя хады вядуць у нікуды. “Дупа ў яе была вабная, – чытаем у першым жа сказе. – Янка Лабановіч зірнуў на яе і зразумеў: гэта лёс” (с. 5). Калі заінтрыгаваны чытач чакае разьвіцьця падзеяў у гэтым кірунку, то мушу яго расчараваць. Прыўкрасная Ісабэль Карвальес будзе круціць чароўнай дупай падчас цыркавых выступаў, глытаць швайкі і прынагодна нават зьдзейсьніць забойства, але ніводным мала-мальскім love story аўтары нас не ашчасьлівяць.
Здорава, што аўтары парадыйна цытуюць хрэстаматыйна вядомыя тэксты, выклікаючы ў чытачоў часам лёгкую ўсьмешку, а часам і выбухі рогату! Вось толькі моцна раздражняюць элементарныя памылкі ў цытаваньні – польскай, расейскай, нават беларускай паэзіі. “Королева играла на башне Шопена,” – спрабуюць аўтары працытаваць Ігара Севяраніна (с. 117). Так напраўду: “…в башне замка Шопена”. Але аўтары гоняць сюжэт – дзе ім зьвярацца з першакрыніцамі! Ня без забаўнасьці абгульваецца цытата з Уладзіслава Бэлзы “Катэхізіс малога паляка”: “– Chto ty jesteњ? /…/ – Orzeі Biaіy! – самавызначыўся маскальскі папуга” (с. 201). Але ў арыгінале, як і наогул у польскай мове: “– Kto ty jesteњ?” Нават усеагульна вядомаму купалаўскаму “Хлопчыку і лётчыку” з цытаваньнем не пашанцавала:
Бо, ведай, вялікі я хлопчык
І лётаць умею ў сьне! –
так у Ахроменкі/Клімковіча (с. 157). А так у Купалы:
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сьне.
Як той казаў, знайдзіце дзесяць адрозьненьняў. У часы майго дзяцінства гэты вершык вучылі ў дзіцячым садку. Хоць, магчыма, мы з будучымі аўтарамі рамана гадаваліся ў розных садках.
Але ўсе прыведзеныя прэтэнзіі – так напраўду драбяза, і вынікаюць адно з майго педантызму. Што напраўду турбуе, дык гэта неадпаведнасьць характару й прызначэньня кнігі таму, як яна выдадзена. Усё ў тэксьце раману – рэсьпектабельна-таварна. Усё ў папяровай версіі кніжкі – танна і ўбога. Калі ты на вокладцы пішаш пра сябе “беларускі буржуазны літаратар”, то прынамсі дбаеш пра элементарную якасьць паперы пад гэтай вокладкай. (Хіба што нашы “буржуазныя літаратары” спадзяюцца, што цікавая кніжка разваліцца ў чытача ў руках – і ён набудзе яшчэ асобнічак.) І сур’ёзьней: калі ты дбаеш (і, па-мойму, пасьпяхова!), каб твой раман заінтрыгаваў шырокае кола чытачоў, каб нават чалавек, які ніколі не чытае беларускай літаратуры, тут зацікавіўся і атрымаў чытацкую прыемнасьць, – ты прынамсі дбаеш пра тое, каб гэты патэнцыйны чытач мог недзе тваю кніжку знайсьці. Які наклад гэтай “масавай літаратуры”? 500 асобнікаў. (Хочацца верыць, што выдаўцы махлююць і напраўду кніжак болей, але ж наўрад ці.) Хто бачыў гэты “буржуазны прадукт” хоць у адной кнігарні? Дзе ён наогул прадаецца? На былой вуліцы Варвашэні? Яшчэ ў пары прыватных распаўсюд­нікаў. Даруйце, але часам нават паэтычныя кніжкі ў нас выдаюцца большым накладам і распаўсюджваюцца значна лепей. Цікава, ці размаўлялі аўтары на гэтыя тэмы з выдаўцом? Ці ён не разумее, што гэтая кніжка магла б – і дагэтуль можа! – прынесьці рэальны прыбытак? Бо рабіць кніжны бізнэс так, як гэта зроблена з вельмі неблагой кніжкай “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве” (дазвольце вярнуцца да цытаты на пачатку) – “усё адно, што танчыць мазурку ў прывакзальнай прыбіральні”.

ЖЖ-юзер arshanski:
Беларускай літаратуры бракуе якаснай белетрыстыкі. Па пальцах аднае рукі можна назваць ТВОРЫ. Не кажу пра літаратараў. Белетрыстыка 60-70-х гадоў арыентавалася на выхадцаў з вёскі: яны акурат тады асвойвалі горад. І яны чыталі Шамякіна й Брыля. Аднак іхнім дзецям ужо не было чаго чытаць па-беларуску. Бо яны былі гарадскімі. А гарадской белетрыстыкі ў нас яшчэ не было…
“Янкі” — чарговая спроба прышчапіць на дрэва беларускай літаратуры замежную гарадскую кветку, pulp-fiction. Спроба неблагая. І можна зразумець чаму аўтарам не бракуе досьведу працы ў абраным жанры (хоць найбольш шчыравалі яны па-расейску).
Аднак пры ўсім пры тым бачу і вялізную хібу ў “Янках”. Як і вялікая частка сёньняшняга літаратурнага “мэйнстрыму” (які для мяне асацыюецца найперш з Андрэем Хадановічам), “Янкі” — твор бясконца “паразітарны”. Ён наскрозь парадыйны, увесь збудаваны на “сьмешачках” і “хіханьках”. Быў бы толькі “за”, калі б такі твор зьявіўся пасьля навалы авантурных, дэтэктыўных, шпіёнскіх раманаў па-беларуску. А так толькі застаецца цяжка ўздыхнуць… і падзякаваць аўтарам – хаця б і за гэта.

Алесь Аркуш, літаратар,
галоўны рэдактар альманаху “Калосьсе”:

Гэтую кнігу няма з чым параўноваць у беларускай літаратуры. Яна, практычна, адна, як першы магіканін.
Некалі “тутэйшаўцы” ў сваім “Маніхвэсьце” заклікалі, перадусім сваіх сяброў, пачаць распрацоўваць дзірван маскульту. Маўляў, аўтарытэт беларускай мовы можа быць узьняты толькі тады, калі па-беларуску загавораць уласныя Шэрлакі Холмсы, Д’Артаньяны і Анжалікі. Інакш кажучы, беларускія пісьменьнікі павінны задаволіць усе літаратурныя запатрабаваньні паспалітага беларуса – усе, без выключэньня.
Неўзабаве пачалася актыўная праца – дзясяткі, а можа і сотня, беларускіх пісьменьнікаў уселіся за свае працоўныя сталы, выдаючы на гара раманы за 2-3 месяцы. Праўда, праца гэтая кіпела на культурным полі суседняй краіны – Расеі. Неяк Уладзімір Сьцяпан у полацкай кнігарні падвёў мяне да паліцы, разьвёў максімальна рукі ў бакі, ахапіўшы цэлую бібліятэчку кніг, і сказаў: вось гэта напісаў я.
Усё тут зразумела, як белы дзень. Расейскія выдавецтвы плацілі больш, а беларускія пісьменьнікі ў той час амаль галадалі. Але толькі сёньня стала відавочна, на колькі падманлівымі былі словы пра тое, што мы, маўляў, такім чынам закідаем расейцаў літаратурным “сьмецьцем” і “гноем”. З гэтага “сьмецьця” праклюнулася новая расейская літаратура, гэты “гной” стаў гумусам для найноўшага расейскага кінематографу. Беларускіх пісьменьнікаў выкарысталі па поўнай праграме.
Сярод тых, хто гарбаціўся на Расею, былі і Маскім Клімковіч з Уладзіславам Ахроменкам – ці ня самыя таленавітыя гастарбайтэры расейскага маскульту з цэтлікам Made in Belarus.
І вось, калі пыл ад расейскай шабашкі асеў, майстры прыгодніцкага пяра паказалі і свайму чытачу, на што яны здольныя. І трэба сказаць, паказалі феерычна, буфанадна і бурлескна. Гэта як адзін герой-марыман з апавяданьня Вінцэся Мудрова прыехаў у свой беларускі гарадок на пабыўку: на двух таксоўках – у адной ён сам, а ў другой яго валіза, аблепленая “голымі дзеўкамі”. Ня цяжка здагадацца, якія гісторыі ён вёз сваім сябрам-аднагодкам і субутэльнікам.
Сюжэт “Янкаў” настолькі крута закручаны, што вучню сярэдніх класаў адарвацца ад яго немагчыма. Тут і пагоні, і бойкі ў рэстарацыях, і агенты ГПУ і Дэфензівы, і нават амерыканскія ганстэры. Карацей, цяжка прыдумаць штосьці з класічнага сюжэтнага набору падобнага жанру, чаго няма ў “Янках”, ну хіба толькі сексу, хаця сексуальныя вычварэнцы ў рамане ёсьць.
Яскрава прасочваецца і двайное дно твору: беларусы, дакладней “тутэйшыя”, – карэнныя насельнікі Беларусі, бо сярод Янкаў ёсьць татарын і габрэй, насамрэч крутыя “перцы”, якія, калі захочуць, могуць рабіць вялікія справы. Што беларускія нацыяналісты, гэта круцей чым Коза Ностра. Што беларускія нацыяналісты, гэта культурныя, маральныя, адданыя справе людзі, якія на дух не пераносяць здраду, падман і хаблоў. Гэта праходзіць праз увесь твор. І гэта мне падабаецца.
Праўда, з-за празьмернай феерычнасьці, твор часам успрымаецца як зборнік анекдотаў, аб’яднаных умелай рукой укладальніка ў канву аднаго сюжэту.
Са станоўчых якасьцяў раману – яго мова. Звычайна мова падобных твораў адыходзіць на другі план, галоўнае – інтрыга сюжэту. Але ў Клімковіча і Ахроменкі мова твору бездакорная, прычым пісьменьнікі зрабілі шмат сапраўдных вынаходніцтваў у галіне беларускага слэнгу крутых “перцаў”. А гэта, я вам скажу, ня лёгкая задача. Асобныя цытаты з гэтай кнігі маглі б стаць крылатымі выразамі.
На жаль, кніга гэтая выдадзена невялікім накладам і не прадаецца ў кнігарнях і супермаркетах па ўсёй краіне і з тае прычыны робіцца хутчэй элітарнай, чым маскультнай. Мне здаецца, калі б мы мелі такіх кніг хаця б сотню, з іх абвязкова штосьці вырасла б. Можа, нацыяналісты, якія ня любяць здраду і хаблоў. Можа, новая беларуская літаратура, якую чытаюць у электрычках і на аўтобусных прыпынках. А можа і тое, і другое.

Марыя Мартысевіч:
“Страх і нянавісьць у Гародні”, “Беларускі буржуазны pulp-fiction”, “Янкі пры двары караля Стаха” – слоганы, што так і просяцца ў назвы рэцэнзіі на новую кніжку Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча. Але раптоўна разумееш, што ніякай рэцэнзіі не атрымаецца: асабіста для мяне прачытаньне “Янак...” сталася канцом аналітыкі і пачаткам бурных і малазьмястоўных захапленьняў. Захапленьняў тым, як удала пісьменьніцкі тандэм запусьціў сімулякра маскульту туляцца па беларускай культурнай прасторы.
Чаму сімулякра? Бо ровар-тандэм гэтага твору ніколі не абапіраўся на дрэва жыцьця, ён надзейна “прышчоўкнуты” замком да слупа культуры. Можна ні разу ў жыцьці не пабыць у Беларусі, але калі (сіндром Багдановіча) ты добра знаеш корпус ейных тэкстаў, то будзеш рагатаць, як шалёны, ад мяшанкі стыляў, тэмаў, цытатаў. Адмысловы дзякуй за афрыканку ў галоўнай ролі, апісаньне азадка якой, па законах літаратурнага марчандайзінгу, пачынае аповед і – за монтыпайтанаўскі гумар суаўтараў, аздоблены тутэйшым акцэнтам:
“Тамтэйшыя клу-клукс-кланаўцы – моцныя белыя людзі, якія вядуць рэй на ўсёй Луізіяншчыне. Гэта заможныя і нахабныя мудзілы. З раніцы яны п’юць шампан і паляць кубінскія цыгары, а ўвечары жлукцяць ром і палююць на цемнаскурых людзей”;
“– Матка Боска Чэнстахоўска! – жахнулася [мнішка], гледзячы на крывавыя пісягі. – Цо то ест?
– Яны сцягнулі з яе майткі! – імгненна сігналізаваў з шафы Пярдолэк, – збіраліся гуляць у паноў гінеколагаў!”;
“Беларускі мафіёзі перажагнаўся гранатай па-каталіцку, пацалаваў зброю і кінуў у доўгі паліцэйскі “Плімут”, на якім прыбыла новая порцыя копаў. Легкавік падскочыў і кульнуўся набок.
– Ave Maria! – узрадаваўся сіцыліец.
– Матка Боска Вострабрамска! – па сітуацыі азваўся Хросны. – Ды каталік я, каталік, з-пад Гародні.
– Sicilia, Palermo, – назваў сваю радзіму сеньёр Спагеці.
– Карацей, ты з Заходу, я з Усходу, – падвёў лагічную рысу кулямётчык”.
“– Бог з намі! – згодна адгукнуўся Лабановіч і шалёна бліснуў п’янымі вачыма.
– І поц з імі! – Янкель Фінберг зняў акуляры і ўрэзаў на скрыпцы папуры з “Лявоніхі” і “Хавы Нагілы”. Гэта сталася сігналам да агульнай бойкі. (...) Фінберг, адклаўшы скрыпку, з надзвычайным спрытам трапна кідаўся ў асадніцкія пысы варшаўскімі пірожнымі”, –
а-а-а-а, спыніце мяне хто-небудзь!..
Даведзены на кіпеньня, астуджаны і серваваны на бабульчынай парцаляне з ружачкамі рамантызм Нацыянальнага Адраджэньня 1990-х, старанны мультыкультуралізм, персаніфікаваная настальгія па міжваеннай Заходняй Беларусі, жангляваньне элементамі масавай культуры (у дадзеным выпадку – пастыж галівудскіх кінажанраў), – што называецца, знайдзі дзесяць адрозьненьняў ад “Народнага альбому”. Зрэшты, адно адрозьненьне ёсьць, і яно вельмі істотнае. “Народны альбом” выйшаў на касетах/кампактах, “Янкі...” ня выйшлі на DVD, і невядома, ці ўвогуле калі выйдуць.
Надоечы блытана спрабавала пераказаць польскім сябрам нашую версію гісторыі Барбары Радзівіл: “... і з тых часоў па Нясьвіжскім замку ходзіць Чорная Дама”.
– Чорная? – ажывіліся палякі? Мурынка?
– Ды не, кажу, у чорным строі.
– Шкада. А што, файны постмадэрнізм – фільм пра Чорную панну Нясьвіжу, у галоўнай ролі – чарнаскурая акторка.
– Ужо было, – пасьміхаюся я, згадаўшы, што ў “Янках...” апісваецца, як галоўная гераіня-мулатка Ісабэль Карвальес, “артыстка бадзяжнай цыркавой трупы, паглынальніца шваек”, здымаецца па запрашэньні Галівуду ў блакбастэры пра Барбару з Радзівілаў.
Ахроменка і Клімковіч прэзентуюць новы жанр беларускай літаратуры – кінасцэнар. Кінасцэнар бяз права на экранізацыю ў сучаснай Беларусі. Напісаны паводле падзеяў, якія ніколі не маглі адбыцца ў мінулым, на бюджэт галівудскага маштабу, які ніколі не акупіцца ў будучыні. Але, відаць, на меншае сцэнарысты ня згодныя.

Алесь Яўдаха, кнігараспаўсюднік:
Вельмі добрая ідэя – беларусацэнтрычны погляд на ўсё. Нам гэтага ўвесь час бракуе. Звычайна нехта абірае пэўны цэнтр сілы для сябе – на Усход ці на Захад – і з гэтага пункту гледжаньня палівае супрацьлеглы бок. А тут менавіта беларускі погляд на ўсё. Крыху бянтэжыць, што гэта ці не ўпершыню гучна заявіла пра сябе ў такой кічавай стылістыцы.
Уразіла, што ўплёўся бэнээраўскі міф пра беларускі народ, што складаецца з розных нацыянальна-культурных фрагментаў: галоўны герой увасоблены ў абагульненым вобразе праваслаўнага, каталіка, габрэя і татарына, у кожнага з якіх свая функцыя і задача, каб дасягнуць агульнае перамогі. Тое, што ён быў агучаны – ужо добра. Тое, што да паспалітага чытача дойдзе – сумнеўна. Усё ж моцна адарвана ад жыцьця. Хаця, калі дасягне крытычнае масы, – гэты міф можа ўвасобіцца і ў жыцьцё. Наогул жа твор чытаецца досыць лёгка. І гэта, пэўна, галоўны паказчык.
Спадабалася, што ёсьць варункі, у якіх “нашыя” перамагаюць, то бок няма дэпрэсьняку, да якога мы прызвычаіліся, які дзяўбе нас штодня і штохвіліны, і ад якога рукі апускаюцца. Агульнае ўражаньне крыху псуе канцоўка. Тут лагічным глядзеўся б хоць які happy end. Пры нашай ментальнасьці мы дамалёўваем у галаве “капец”. Атрымліваецца, што, нават калі мы нешта пазітыўнае выкопваем з мінуўшчыны ці прадукуем тут і цяпер, то канец у нас заўсёды кепскі. Атрымліваецца, што ўсё лепшае было ў мінулым. Мне ж падаецца, што ўсё ў нас наперадзе. Хацелася б больш пазітыўнага шматкроп’я. Сама кніга досыць пазітыўная, а шматкроп’е ўсё вяртае на досыць невясёлыя кругі свае. Каб я шукаў працяг гэтай кніжкі, трэба крыху болей пазітыву. Бо нам гэтага нестае ў рэальным жыцьці.
Людзі, якія выдавалі кнігу, маглі б зрабіць так, каб яна трапіла ў кнігарні. Вокладка магла б быць больш папсовай, кічавай, бо з цяперашняй магла б выйсьці і навуковая кніга. Само выданьне мусіла б быць ілюстраваным. Бо намаляваныя аўтарамі героі маюць усе шанцы пераўтварыцца ў персанажаў нацыянальнага фальклору.

Сяржук Сыс, паэт, журналіст:
…Чарговы наезд на Літве скончыўся ў цягніку “Вільня-Менск”. Дадому мяне вяла невядомая сіла. Давёўшы выраз твару да стану скамянелага дробнага грызуна, я лісьліва зазірнуў у вочы мытніка-ўдава. Гэта выратавала добрую батарэю бутэлек з летувіскімі напоямі ад безумоўнай канфіскацыі. Цяпер – спаць! Але як заснуць, калі няма нічога на сьвеце прыгажэй за дзяўчыну, якая сьпіць.Урэшце задрамаў, змарыўшыся сузіраць суседку па купэ.
Сон у перапоўненым вагоне дрогкі, калі больш няма чаго піць. Цягнічок парыпвае, у купэ – задуха, за вакном жа краявід наскі, не чужы… Праз нейкі час залязгацелі, тармозячы, колы, а за вакном у жнівеньскім надвячорку прыязна ўсьміхнулася шыльда “Маладэчна”. Імгненна прыйшло рашэньне: “Навошта Менск? Тут жа можна перасесьці на электрычку, якая спыняецца на станцыі “Зялёнай”, а там і да Лысае Гары даплюнуць, дзе на лецішчы бавіць час жонка з дачкой”. Каля вакенца білетнае касы ўраз сталася млосна: у кішэні – аніводнага рубля, а банкі, дзе можна было абмяняць валюту – пазачыняліся. На шчасьце, лёс паслаў тутэйшага маладзілу, які дакладна зразумеў маю роспач, і падараваў запаветны квіток на электрычку. Але прыгоды толькі пачыналіся. Праз паўтары гадзіны, на пероне “Зялёнай”, мяне цяжкай коўдрай ахутала ноч. І пад сховай цемнаты я зразумеў галоўную памылку Афанасія. 5 кіламетраў лесам у абсалютнай цемры з цяжкай торбай за сьпінай – выпрабаваньне жахлівае. Адным словам: “Партызаны, партызаны, беларускія сыны…” Вузкая і зьвілістая сьцяжына да Лысай Гары здавалася бясконцай. Я намацваў нагамі жвір, я чапляўся за гэтае жыцьцё, выпрастаўшы перад сабой рукі, каб не пацалавацца з дрэвам, і крок за крокам рухаўся ў сьветлыя далі, пакуль не адолеў дарогу. А жыцьцё ў цемры пад скураю тонкай пульсавала, як кроў. Часам навальваўся адчай, хацелася прасьпяваць “а я лягу-прылягу”, ды ўпасьці да раніцы ў вільготную траву. Толькі можа гадзіны праз дзьве скрозь цемру прабілася сьціплае сьвятло, на якое я, зьнясілены цяжкай дарогай, завітаў. Пад электралямпачкай за сталом, пасярод рамантычнага дворыку, сядзелі Максім Клімковіч і Уладзя Ахроменка. Далёка ў разлогах начнога лесу драбіўся рэхам хрыплы рык Сяргея Верацілы, які распавядаў свае гісторыі стоячы крыху наводдаль. Хлопцы сьвяткавалі народзіны “Янак…” Разам з кілішкам моцнага айчыннага напою я атрымаў у падарунак асобнік кнігі з памятнымі надпісамі аўтараў пра начную сустрэчу на Лысай Гары. Такая вось прэлюдыя з жыцьця.
Уласна твор, які аўтары класіфікавалі як “кінараман-фарс”, чытаецца адным махам. Запоем. “Янкі…” агаломшваюць фактурай, лексікай, архітэктурай сюжэтных пабудоваў, героямі. Іх у рамане намешана да халеры: і жандараў з паліцыянтамі, і вайскоўцаў Войска Польскага, Чырвонай Арміі ды Вермахту. Мільгацяць па Крэсах Усходніх агенты Дэфензівы, Гестапа і НКВД, палітвязьні, чыкагскія гангстэры, італьянскія мафіёзі, а таксама асобы самых розных нацыянальнасьцяў, акторы і… дупы. Вось-вось, і я задумаўся. А ці не занадта? Ці не зашмат для аднаго раману цынізму і пошласьці, шчодра перасыпаных прыхаванымі цытаткамі з класікі і сучаснай літаратуры? Дык цытаткі, як бачна вышэй, падабраць ня надта складана.
“Mens sana in corpore sano” — сьцьвярджае лаціна. Здаровы дух y здаровым целе. Як казаць увогуле пра сёньняшнюю літаратуру – дык ейны дух, на мой погляд, здаровы і моцны. Нават занадта – у цела сваё часам ня ўлазіць, замінае вузкае моўнае асяроддзе. І ня могуць яму, як мне падаецца, перашкодзіць нейкія там “Янкі...” са сваёй нясьціплай лексікай ды экзатычным вінегрэтам дзейных асобаў. Хіба крыху паморшчыць нос пані Высокая літаратура. Але на гэты конт аўтары абачліва самавызначыліся: “кінараман-фарс”. Маўляў, на вялікае не замахваемся, а так, пажартавалася ў вольны час, памацюкалася. Здаровы такі расейскі цынізм, прышчэплены да цела беларускай літаратуры? А можа, і не расейскі, а проста інтэрнацыянальны?
Каб жа так! Нельга не прызнаць, што раман “Янкі альбо астатні наезд на Літве” ствараўся грунтоўна, з любоўю і пачуцьцём. Таму і чытаецца ў аднадых, прымушае вярнуцца да яго яшчэ і яшчэ. Прызнаюся, мой асобнік кнігі пяцёра чытачоў за месяц зьведалі. Таму – а гэта ўжо трывожна! – магу сьцьвярджаць: раман запатрабаваны. Прынамсі зараз, калі чытач, стаміўшыся каўтаць сюжэтна аднатыпныя стэрыльныя творы сучасьнікаў, шукае новай хвалі, іншага разьвіцьця падзеяў. Шукае і, на жаль, знаходзіць. Яму падносяць порцыю вострасюжэтнай літаратурнай заціркі, запаранай на вульгаршчыне і самаіроніі. Але ж Клімковіч і Ахроменка павінны ведаць, як пішуцца “правільныя” раманы: досьвед ёсьць, тэхналогіі таксама адпрацаваны, асабліва розныя там кампазіцыйныя пабудовы, “камерцыйныя” хады… Нажыўка што трэба, таму удзячны чытач глынае… І тут ужо не да пачуцьця меры, да таго, што здрадзіла, на маю думку, аўтарам. Меры ў інтэлектуальнасьці і тонкай пародыі.
Прыкладна ў адзін час чытаўся і раман “Роўна/Ровно” Аляксандара Ірванца (“Дзеяслоў”, №28, 29). Міжволі параўноўваў два творы, знаходзіў шмат агульнага і ў сюжэтных выкрунтасах, і ў пабудове дыялогаў, і ў выкарыстаньні лексічных сродкаў. Нават “дупа” прысутнічае. Аднак ёсьць у Ірванца апроч астатняга непрыкметная такая адзнака – мастацкая мера, якая ўрэшце і вызначае “якасьць” літаратуры. І там, і тут аўтары “сьцябаюцца”, часам даводзячы сітуацыю да поўнага абсурду. Але і сьцёб бывае розны. Ірванец спрабуе спрагназаваць сітуацыю, калі частка Украіны (Роўна, напрыклад) вызваляецца ад кэдэбісцка-камуністычных набыткаў былой эсэсэсэрыі, становіцца іншай, вольнай, няхай сабе на кароткі час. Сюжэт “Янкаў…” не прапаноўвае варыянтаў. Падзеі заганяюць Беларусь, частку яе, у безвыходны тупік, дзе ўласна з-за рознай прышласьці і беларусаў нябачна.
Ды і хто яна, радзіма ў рамане? Чаго варты, скажам, вобраз малой беларусачкі, якая прагульваецца з авечкамі па старонках раману. Такі вось вобраз мілай ра­дзімы. То яна падаецца не па ўзросту прагматычнай (абачліва сагнала…, нічога ня бачыла), то злоснай і нядобрай (злосна плюнула… нядобра скасавурылася…), а то і проста вульгарнай кабетай (…З неба зорачка упала прама міламу ў штаны, …Весела была, як дзядзьку хавалі). Урэшце малая беларусачка гіне ад рук патаемных змоўцаў з Усходу і Захаду, “геносэ Юзіка” і “таварыша Адзіка”, якія падзялілі гэты край. А што чытач? Ну, задушылі вусатыя дзядзькі дзіцятка, ну і што. Гэта ж шыза! Але шыза, яна, ведаеце, таксама розная. З ідэяй і без яе. У рамане ідэі я не знайшоў, хаця і спрабаваў паглыбіцца ў капаньне між радкоў: а раптам? Верагодна, у яе аснову пакладзеная думка стварыць “буржуазна-камерцыйны” раман на беларускім субстраце? Ці стварылі? Такі, скажам, як выгадавала на польскім гумусе Дарота Маслоўская (Раман “Вайна пад бел-чырвоным сьцягам”). Раман, у якім патрыятызм вытыркаецца з кожнай шчыліны, раман, які за кароткі час вытрымаў некалькі выданьняў і ў першы год перакладзены на некалькі моваў, раман, які жыве як сапраўды ўдалы камерцыйны праект, раман, які напісала сямнаццацігадовая “буржуазная літаратарка”.
Непакоіць мяне толькі адно: многія сёньня захапляюцца “Янкамі…”, некаторыя адкрыта сьцьвярджаюць, што Караткевіч у параўнаньні з Ахроменка – “г… на палачцы”. Верагодна, прыйшоў час, калі “буржуазныя” літаратары шукаюць на Беларусі неспакушанага добрым раманам чытача, каб прапанаваць яму сваё інтэрнацыянальнае чытво.