12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
"Групавы партрэт з Бабай Броняй", "In Вільня veritas"
Размова пра кнігі твораў фіналістаў конкурсаў маладых літаратараў, прысьвечаных 75-годдзю У. Караткевіча і 100-годдзю "Нашай Нівы"


Вызначальнай рысай найноўшага пакаленьня літаратараў бачыцца тое, што яно абсалютна ўнікае якое-кольвечы суполкавасьці. Літаратурныя конкурсы, з’арганізаваныя Беларускім ПЭН-цэнтрам, чарговым разам выявілі немалую колькасьць цікавых – недзе эстэтычна і стылёва блізкіх, недзе дыяметральна адрозных – аўтараў, што выправіліся ў аўтаномнае плаваньне і жадаюць рэа­лізоўвацца і разьвівацца цалкам самастойна, без паплечнікаў і пасярэднікаў. Гэта, а таксама тое, што іх знайшлі, а не яны самі сабраліся, адрозьнівае іх ад ранейшых пакаленьняў “тутэйшых” і “бумбамлітаўцаў”/“шмэрц­вэркаўцаў”. Сёньняшнія маладыя не ствараюць маніфестаў і не вышукваюць сабе найменьняў (відаць, тое ёсьць вынікам заняпаду адпаведнага мысьленьня альбо сьвядомым ігнараваньнем плакатнасьці), пакідаючы гэтую пачэсную працу сваім будучым крытыкам. Да ўсяго, маладыя літаратары ніяк не адмяжоўваюцца ад агульнага літаратурнага працэсу і не скідаюць творы папярэднікаў з карабля сучаснасьці (плаваньне хоць і аўтаномнае, але не ў падводных чоўнах). Вось жа, не заангажаваныя ў нейкай суполцы і практычна ніяк не абазначаныя ў літаратурным полі, але маючы выразныя галасы й тэмпераменты, яны, падобна, пачуваюцца па-над кантэкстам (зрэшты, як і ўсе іхнія папярэднікі). Да часу.
У прадмове да кнігі “Групавы партрэт з Бабай Броняй” Ганна Кісьліцына піша пра “лёгкасьць і нязмушанасьць” пісьма фіналістаў конкурсу. Варта працягнуць: мае месца ня толькі лёгкасьць пісьма, але й чытаньня. Калі доўжыць пачатыя паралелі, то тэкс­ты сёньняшніх маладых бачацца гэткім мастком, залатой сярэ­дзінай між “загружанай” сэнсамі ды метафізікай творчасьцю “тутэйшых” і шаманскімі скокамі пад пуставатае бразгатаньне меднага тазу “бумбамлітаўцаў”. У “караткевічаўцаў” ды “нашаніўцаў” (некаторыя з якіх плаўна мігруюць з конкурсу ў конкурс і з кнігі ў кнігу) у дастатковай колькасьці прысутнічае і першае, і другое. І, гэтак жа, як і раней, маладыя творцы найбольш востра адчуваюць і перадаюць непаўторнасьць свайго часу і... “несправядлівасьць быцьця” (гл. допіс Зьмітра Серабракова).
Аўтар гэтых радкоў удзельнічаў у першым ПЭН-аўскім конкурсе, што ла­дзіўся ўсяго нейкія 5 гадоў таму. Мушу сказаць, розьніца адчувальная. І справа не ў павелічэньні нецэнзурнай ці жаргоннай лексікі на старонку друкаванага тэксту… Калі папросту, то пісаць сталі больш чытэльна (“не хацелася б нікога пакрыўдзіць”, як кажа адзін вядоўца на расейскім TV). І ставіцца да раньніх спробаў будучых петраркаў і караткевічаў варта як да акутагаваўскага пачку запалак – ня дужа сур’ёзна (бо сьмешна), але й не зусім несур’ёз­на (бо небясьпечна). Асабіста для мяне тыдзень майстар-класаў і наступны “тур Фабрыкі зорак імя Арсеньневай” па духу ды энергетыцы важыць болей за ўсё ранейшае школьна-універсітэцкае навучаньне. Таму, наастачу, хочацца шчыра падзякаваць арганізатарам і куратарам конкурсу за іх працу й пажадаць – усім нам! – новых конкурсаў, імёнаў і далейшых групавых партрэтаў.

Да наступнага абмеркаваньня прапануем кнігі Наталкі Бабінай, што выйшлі ў 2007 г.: “Крыві не павідна быць відна” і “Рыбін горад”. Лістуйце!
Анатоль Івашчанка.

Маргарыта Аляшкевіч,
літаратурны крытык:

Нясьпелых мы рыдлёўкамі зьбіваем...


Ляжу на схіле дзіцячай горкі
гляджу на неба пільную зоркі
Ірына Барысевіч
Дрэўца абкопваюць, падкормліваюць, падвязваюць, прышчапляюць, прыкры­ваюць ад маразоў, паліваюць у сухмень. Калі б да маладых літаратараў прымяняўся такі садаводчы падыход, пэўна, мы б ня кошык дзічак мелі, а грузілі б апельсіны бочка­мі. Беларускі ПЭН-Цэнтр штогод шукае пладаносныя парасткі і акружае знойдзеныя клопатам – арганізоўвае для фіналістаў конкурсу маладых літаратараў майстар-класы, літаратурныя ды іншыя сустрэчы. Нат кніжку па выніках конкурсу выпускае – квітнейце, дарагія (увосень вас як сьлед абтрасем).
А яны прызвычаіліся самі змагацца за сьвятло, вільгаць ды што там ім яшчэ трэба. Таму ім – што ёсьць клопат, што няма – да лямпачкі. Яны поўныя нерастрачанага соку, да віраваньня якога з цікаўнасьцю прыслухоўваюцца і ўпэўненыя, што мы прыслухаемся таксама (эгацэнтрычныя дзеткі, вакол якіх, вядома, варочаецца сусьвет):

Чуеш, як да маіх скроняў падымаецца сок?
Ён амаль нясмачны пакуль;
не сячы мяне дачасна.
Я хачу яшчэ набрыняць новым днём!
Алесь Сушчэўскі, Сонца промні выціскаюць вочы...

Новы дзень не пазбаўлены старога мысьленьня ў форме гатовых слоўных выразаў. Дэканструяваць, наноў адкрыць сьвет і даць назвы ўсяму – на гэта з пачатку мінулага стагоддзя замахваюцца ўсе новыя адамы (натуральна, бяз хвігавых лісткоў, бо яшчэ няма чаго саромецца). Нашы – задумваюцца над словам: “Мне не сентябрементально. Мне уже октябрёво”; “Логинский…прямо с порога стрелял очередным шедевром: «Твоя любовь волнует мою кровь…» А потом стрелял в портрет Лобачевского – «Ничего логарифм получился?» И контрольный (в обоих разом): «А что? Логично и в рифму!»” (Юлія Арцёмава); “Вось такая гісторыя. Вось такія справы. Вось такія зьлевы” (Андрэй Пакроўскі); “дзень заакіяніўся і зьнік” (Алесь Сушчэўскі), “за акном / Грывасьціць мора” (Алеся Башарымава), “сем пазладзён у тыдні” (Тацяна Нядбай) і г. д.
І толькі зрэдку ўпадаюць у фанетычныя гульні, не абцяжараныя сэнсам: “ня зловіш/ зло вішнёвымі/ косткамі/ халакосткамі/ новымі/ выміраюць/ людзі добрыя/ ці то брыльянты/ робяцца мутнымі/ чаму ты ні/ кроплі не зьмяняесься/ як зьмяя ясі сябе/ з хваста/ лічыш да ста...” (Сяржук Мядзьведзеў).
Не абыходзіцца і без вынаходніцтва ровару: “калі чуеш: “халоднае зорнае неба”/ ня вер/ бо кожная зорка – гэта таксама/ чыёсьці сонца” (зноў папаўся Сяржук Мядзьведзеў).
Рэаліі таксама варта ператрэсьці, бы рэчы з бабулінага куфра: мольлю зьедзенае выкідаем, тое-сёе пераніцоўваем, а што ня ведаем як насілася раней – прыдумляем новае карыстаньне: “наша плянэта першая, калі лічыць ад Вэнэры” (Алеся Башарымава); “Бамжы злавілі качку на Сьвіслачы, зьелі й памерлі ад птушынага грыпу...Я зьеў шаўрму на Чэрвенскім рынку, ванітаваў птушыным грыпам на мінакоў, што елі чабурэкі з птушыным грыпам... Браты Грып, пляскаючы вейкамі, лётаючы па-над спартовым палацам, перадавалі птушыны грып менчукам фэкальна-аральным шляхам...”, “сымбалем швэдрыкагальштукоўцаў зьяўляецца галяграфічная выява сясьцёр Мангальфье, што зьдзейсьнілі з дапамогай барбітурату на безпаветраным шары першую вандроўку праз выпадкова адчыненыя парталы, знойдзеныя ўкраінскімі спэліёлягамі ў сутарэньнях лецішча Янкі Купалы...які... пратэставаў супраць бамбардаваньня Дрэздана й экспарту доўгаграючых сьвечак у краіны Трэцяга Сьвету (калі лічыць справа налева)” (Андрэй Пакроўскі. Птушыны грып, Швэдрагальштукоўцы).
Дастаецца, як бачым, і літаратурным “шыльдам”:

...Вось Вільня – гэта фішка,
Яна была і ёсьць, і вечна мусіць быць.
Цень Каліноўскага блукае па Лукішках
І сарамліва просіць закурыць.
Навокал шыльды, шыльды, шыльды, шыльды,
Францішак, Цётка, Янка і Кастусь...
Валянцін Бойка, Віленскі лунаход

Сама Вільня часам паўстае ня згубленым раем беларусаў, а наборам гэтых шыльдаў. Ці міфам “любай мінуўшчыны”, які яшчэ трэба дадумаць, апрацаваць (“Іслач ці Берасьце, Менск – ўсё адно для стваральніка міту”, кажа Андрэй Адамовіч), які хтосьці ўжо прыдумаў і пакінуў нам замест сапраўднага гораду (ідэя штучнай рэальнасьці – Мядзьведзеў, “Чалавек, які падрабіў Вільню”, Сірошка Пістончык “Пабачыць Вільню і ... паржаць:)”).
Бывае, замест моднай апраткі з бабуліных скарбаў атрымліваецца дзіўны ўбор кшталту “трусы на галаве” – калі аўтар забываецца праверыць значэньне слова, якім сабраўся карыстацца (як кажа герой Валянціна Бойкі, “хто такія сарацыны, я ўяўляў сабе даволі цьмяна, але слова было прыгожым”): “Алаг быў ягоным надзейным ахоўным татэмам” (Сяргей Прылуцкі, “Апакрыфічны жыцьцяпіс Магамэта”: Бог як адзіная Асоба – вышэйшая ў параўнаньні з татэмам прыступкі рэлігійнай сьвядомасьці), “Высьпела роспач,/ высьпела,/ зьзяючай язвай на целе выступіла,/ рапсодыяй высахлай,/ срэбраным выстралам,/ вызнала...” (Віталь Рыжкоў, “Роспач на продаж”: рапсодыя – інструментальная ці аркестравая фантазія на тэмы народных сьпеваў і танцаў. Музыка, канешне, можа быць высахлай, але такі вобраз было б няблага падмацаваць у вершы дадатковымі вобразамі, нейк патлумачыць). А вось да нашай калекцыі вывіхнуты недарэчнай інверсіяй празаіч­ны сказ: “Не крануў душу яго анэмонаў лёгкі сьнег на лясных палянках” (Юлія Яфімовіч, “Гравійка”). Антаніна Курдзя не шукала, здаецца, асновы прыпадабненьня: “Мне будзе сьніцца,/ дзе б ні апынулася я, –/ як Хрыстовая плашчаніца,/ Беларусь шматпакутная” (плашчаніцаю спавівалі памерлага Бога, па паданьні на ёй захаваўся Ягоны адбітак, пры чым тут шматпакутная Беларусь?). Наступны верш той жа аўтаркі хочацца прывесьці цалкам:

Мярзотнік-дождж нахабна лезе
Ў маю кватэру цераз шкло.
Пішу тваё імя на сьнезе...
Ці ёсьць што-небудзь? Не. Прайшло.
Скавыча сумная мабілка,
гарбата стыне памяркоўна.
Напэўна, гэта не памылка,
што мы сустрэліся раптоўна.

Пытаньні: як можна напісаць што заўгодна на сьнезе падчас дажджу? Папіваю­чы гарбату ў кватэры? Вы даўмеліся сэнсу апошніх двух радкоў (мы сустрэліся раптоўна і гэта не было памылкай/ мы, дальбог, сустрэліся раптоўна/ лепей бы мы не сустрэліся, або сустрэліся не раптоўна... ды ўсё гэта яшчэ і “напэўна”)?
Каб быць да канца жорсткімі, давайце прачытаем яшчэ адзін верш Курдзі:

Шукай мяне
ў атрутных зёлках
ў вадзе што выбух скалане
ў недамалёваных вясёлках
у бункеры шукай мяне
З надзейнай стрэльбаю ў шуфлядзе
зь ліцьвінскім сьцягам на сьцяне
ў віне
у чорным чакалядзе
шукай спакой –
знайдзі мяне.

Пытаньне для “знаўцаў”: хто я? Хада развагаў прыблізна такая: у віне шукаюць ісьціну (In vino veritas, урэшце рэшт!), у атрутных зёлках – яд для сябе ці ворагаў; у вадзе, якую скалануў выбух, знаходзяць хіба дохлую рыбу...
Многія плады творы палепшаныя прышчэпкамі з сусьветнай літаратуры (беларуская ў сусьветную ўваходзіць апрыёры). Па-першае, разнастаіцца форма: на фоне верлібраў добра выглядаюць пяцірадковыя стансы Сяргея Прылуцкага, сафічная страфа Віктара Ыванова, дактылі Антона Брыля з чаргаваньнем мужчынскіх і жаночых рыфмаў і ягоны ж “Сумны рандэль”, смс ад Тацяны Нядбай “мэтрам гекзамэтру ў форме санэту”... Па-другое, дадаецца да сьвежага соку маладога дрэва моцная настойка (сідр?) з вядомых вобразаў – “у маладога паэта старая памяць, быццам бы цэдзіць традыцыю...” (Тацяна Пузенка “ALTE”). Мапа прышчэпак атрымаецца значна багацейшая за мапу міфічнай Вільні (вежа Гедыміна, касьцёл сьв. Ганны, Вострая Брама, брукаванка, кавярні), але і тут ёсьць агульныя месцы пакланеньня, як стоды Караткевіч, Кізі ці Муракамі. Самы багаты збор алюзіяў (беларуская Шахеразада Баба Броня – па-за канкурэнцыяй) у Валянціна Бойкі. Ягоны запраўлены півам лунаход (замест непаліткарэктнага алюзійнага танку) у суправаджэньні “падонкаффскага” бабра вандруе па радкох беларускай паэзіі (“узьляцеў па-над раскіданым гняздом”, “ён даплыве. Ён здолее. Ён зможа”, “паставім пляшкі шчыльнымі радамі”, “Бабёр ў Вяльлі свой слуцкі пояс мые”...), Пушкіна (“няхай Бабруйск вас болей не трывожыць”), нават Бібліі (“з падэшваў ног абтрусім менскі пыл”), грукоча па савеччыне (бабёр-та – падрыўнік, “ў яго зубох – іржавая граната, Марат Казей з зубамі і хвастом”) і па віленскай брукаванцы... У апавяданьні “Каханьне ў чатыры рукі” В. Бойка ўмела карыстаецца цытатамі. Адкрытыя: прыве­дзеныя радкі Сартра, Ніцшэ й Караткевіча ня толькі дапамагаюць разгортваць тэкст, але і працуюць на выяўленьне цытатнага мысьленьня героя-літаратара. Прыхаваныя: высьмейвае жаночую прозу як “няспынную работу над апошнімі памылкамі Афанасія” (вітаем Югасю Каляду) і карыстаецца югасінымі ж улюбёнымі прыёмамі – апавяданьне ў апавяданьні, апісаньне самога працэсу творчасьці. Самацытаты: у вялікай колькасьці, бо гэта ж апавяданьне пра тое, як пішацца апавяданьне...
Баба Броня заслугоўвае асобнага дасьледаваньня як культурны феномен. “Дзевяць з палавінай начэй” Макса Восіпава – гэта і рэакцыя на штогадовы літаратурна-патрыятычны заказ да дня Перамогі, і ўсемагчымыя кпіны з літаратурных і жыцьцёвых сюжэтаў. Рэчыцу акупавалі немцы, Кубэ адпраўляе вясковых баб па чарзе ў “Германью” (у дом цярпімасьці, а папярэдне штоночы правярае, ці гадзіцца баба для Германьі). Баба Броня ў пограбе хавае сорак пяць габрэяў і выратоўвае вёску, расказваючы Кубэ казку, якую ўсё не пасьпявае да ранку скончыць. Чаго ў той казцы няма! Багацьце фантазіі, дасьціпнасьць (“немцы зьелі яшчэ адну карову. З гэтай нагоды ўсе бабы з факеламі і ў белых капелюшах прыйшлі да маёй гасподы і страшна на мяне глядзелі. А потым... павырывалі з карэньнямі ўсе мае гладзіёлусы. Гэто ў нашай вёсцы – самая страшная абраза...”), бурлескная стылі­зацыя пад народную гаворку – перад намі новы стваральнік Беларусі ў фантастычных апавяданьнях. Чакайце, дачакаемся пра ББ дысертацыяў.
На жаль, не прывядзеш тут усіх цудоўных, чароўных, густоўных радкоў, якімі ўзбагацілі літаратурны сьвет гэтыя дзьве кнігі. Радкі – як галінкі на маладых дрэвах, і таму страшна нават падумаць пра тое, што садовым культурам фармуюць крону, праводзячы абрэзку. А яшчэ труцяць жамяру, якая прагрызае на лісьціках адмысловыя карціны. Можам атрымаць у выніку культывацыі аднолькавыя кругленькія дрэўцы, і тады з іх назаўжды зьнікнуць – сумныя мабілкі-скавытухі (Курдзя), вушы трамваяў, што ўзімку абрастаюць белым пухам (Віялета Пачкоўская)...
Так што абразаць ня будзем, толькі ўгнойваць (крытыкай :).


Зьміцер Серабракоў,
публіцыст, крытык, перакладнік,
пастаянны ўдзельнік праектаў “Навінкі хоўм-відэа”:

Дажыць да фуршэту

Кніжкі фіналістаў конкурсу, прысьвечанага 100-гадоваму юбілею газеты «Наша Ніва» «In Вільня veritas» і да юбілею Уладзімера Караткевіча «Групавы партрэт з Бабай Броняй» яскрава сьведчаць пра тое, што эпоха Рэтардацыі1 , якую аднойчы ў лекцыі абвясьціў Андрэй Хадановіч скончылася. Сэнс «Рэтардацыі», то бок адтэрміноўкі, раскрывала апавяданьне Борхеса «Цуд» пра чэшскага паэта, якому Бог даў жыцьця роўна столькі, колькі спатрэбіцца, каб скончыць свой твор, і, калі ён склаў апошнія вершы, прагучаў стрэл ката, на якога гэты цуд не распаўсюджваўся. І Беларусь, якая заставалася ў замарожаным стане, пакуль паэты не пачнуць складаць прагрэсіўная вершы, а празаікі ствараць прагрэсіўную прозу, ня мела права на высокае імя еўрапейскай краіны.
У сваю чаргу, я ў тым самым далёкім 2003 годзе напісаў артыкул для часопісу «Маладосьць» пад назвай «Хэпіміл ад Андрэя Хадановіча», дзе літаратурная творчасьць паэтаў разглядалася з гледзішча рытуальнага стаўленьня да ежы – я па­дзяліў паэтаў і пісьменьнікаў на тых, хто чакае балю – посьнікаў і адвентыстаў, і тых, хто знаходзіцца ў перманентным стане карнавальнага спажываньня, як Хадановіч. І, нарэшце, адзін бадуніст Адам Глёбус, які перапіў на сьвята і займаецца пакутлі­вым, з галаўным болем, аналізам «дзе, з кім, каго і ў якой колькасьці». Можна пагадзіцца за тым, што «пасты» і «адвенты» свайго роду адтэрміноўкі перад сьвятам тлустых каўбасаў, якія надаюць тупому гарызантальнаму спажываньню і посткаляднай абстыненцыі трансцэндэнтны вертыкальны сэнс. Безумоўна, класіфікацыя далёка ня поўная. Што ж датычыцца моладзевай ці дзіцячай літаратуры, то тут ёсьць пэўныя адрозьненьні і нюансы. Маладыя паэты знаходзяцца ў працэсе карнавальнага сьвяткаваньня заўсёды – і тады, калі іх добрыя цёці прымушаюць есьці карысную манную кашу, і тады, калі яны жлукцяць адвёртку ў падваротні. Больш таго, у сэкулярызаваным сьвеце маладыя вастрэй ад дарослых адчуваюць несправядлівасьць быцьця, дзе самае смачнае не заўсёды самае карыснае, памятаючы пра адзінства ў эмбрыянальнай Плероме, дзе ежа тоесная і з жыцьцём, і з ягоным сэнсам. З цягам часу прыходзіць сумнае разуменьне таго, у якую банальную ежу пры нястачы гарэлкі ператвараюцца самыя чароўныя закускі.
Паэзіі, у сваю чаргу, патрэбнае “поле забароненага”, якое апошнім часам усё больш і больш звужаецца, леташнія рок-хуліганы атрымліваюць урадавыя ўзнагароды “за разьвіцьцё культуры”, а сёньняшнія няпрызнаныя геніі скардзяцца, што ўжо Беларусь да некаторага часу заставалася “белай плямай” на мапе Еўропы, дзе не засталося нічога сьвятога ў буржуазна-антыбуржуазнай барацьбе за вялікае Нішто.
Юбілейныя кніжкі – гэта, безумоўна, не пачатак новай эпохі, а лагічы працяг працэсаў, распачатых у 1990-я. Паказальна, што сярод маладых няма тых, хто грукаў тазікамі і руйнаваў парыжыкі на сутыкненьні тысячагоддзяў, і Хадановіч, якога ў 1998 годзе на семінары маладых літаратараў у Іслачы Навум Гальпяровіч вучыў вучыцца “ў клясыкаў” сам цяпер вучыць маладых вучыцца ў самога Хадановіча. Але, як пакаленьне 1990-х не жадала пажоўваць абрыдлую шкалярскую кашу без гарэлкі свавольства, новае пакаленьне выбірае свае ўзоры насьледаваньня.
Калі правесьці статыстычны аналіз алюзіяў і спасылак, то найбольшы ўплыў на канкурсантаў “Нашай Вільні” стварыў расійскі інтэрнэт-рэсурс УДАФФ.com. Тут і традыцыйныя згадкі пра горад-легенду Бабруйск, і ПРЕВЕДы з мядведамі, і іншыя патрэбныя і непатрэбныя рэчы, і “ёпыты” Пістончыка пераклікаюцца з крэатывамі падонкаў на “албанскай мове”. Немагчыма ў гэтай сувязі не ўзгадаць шэдэўры дзеяцелей опшчэства саўрыменнава біларускава езыка, якое існавала пры газеце “Навінкі” ў 2000-03 гадах. “Опшчэства” ставілася да арфаэпіі і арфаграфіі ньюсьпіка з сур’ёзнасьцю дыпламаваных філолагаў, а “ёпыты” часам маюць прысмак наіўнага дылетантызму і пасьлядоўнай арфаграфічнай анархіі, уласьцівай “албанскай” мове, дзе аніводнае слова ня можа быць двойчы напісана аднолькава.
Фіналістка конкурсу імя Караткевіча “Баба Броня” па-албанску пераадольвае ня толькі стэрэатыпы агульнапрынятай мовы, але і пазбаўляецца ад дыктату гісторыі, ператвараючы кананічны сюжэт гісторыі гадзіньніка, які спыніўся апоўначы, у беларускія казкі 1000+1 ночы, самі казкі падазрона нагадваюць трызьненьні ўпыханага рушнічка з 9 сезону мультсерыяла Трэя Паркера і Мэта Стоўна “Паўднёвы Парк”1 , што ўвогуле сьведчыць не пра запазычаньні і дурныя перайманьні, а пра пашырэньне межаў беларускай літаратуры, якая цяпер ужо ня можа ціха канаць на зямлі, што нам дадзена лёсам і агароджана калючым дротам. Ну і што, што ўсё было ў “Сімпсанаў” і “Грыфінаў”?
Сюжэтаў насамрэч няшмат, таму ў модзе сіквэлы, рэмэйкі, рэтэйкі, гоблінскія пераклады... Беларуская літаратура перажыла свой залаты, срэбны, медны, шкляны, алавянны і драўляны вякі, будуць і іншыя шэдэўры. Пасьля дзевяці з палавінай начэй з Бабай Броняй ці ня будзе лагічным нашым маладым археолагам гуманітарных ведаў знайсьці інтымныя дзёньнікі Еўфрасіньні Полацкай?


Ася Паплаўская,
студэнтка журфаку, вядучая рубрык «Літаратура» і «Культура»
на сайце www.uff-by.org:

“Рэха літаратуры” з бутэлькай піва ў руцэ

“Маладая літаратура набывае жаночы твар?”, – запыталася я ў сябе пасьля таго, як перагарнула апошнюю старонку зборніка твораў фіналістаў конкурсу маладых літаратараў імя У. Караткевіча “Групавы партрэт з Бабай Броняй”. Мала таго, што пад яркай вокладкай кнігі сабраныя творы дванаццаці дзяўчат (супраць васьмі хлопцаў), дык яшчэ й назву дала нейкая Броня – даўганосае стварэньне жаночага полу…
Зборнік твораў конкурсу маладых літаратараў, прысьвечанага стагоддзю “Нашай нівы”, “In Вільня veritas” крыху супакоіў: усё ж такі дзесяць “м” супраць васьмі “ж” глядзіцца неяк больша натуральна. Пазіцыя мужчынаў да жаночай творчасьці не прымусіла сябе чакаць: “Калі быць шчырым, то я ставіўся да жаночай любоўнай прозы крыху перадузята: іхнія творы пра каханьне апошнім часам выдавалі на няспынную работу над апошнімі памылкамі Афанасія”, – кідае камень у бок Югасі Каляды і Ко Валянцін Бойка.
Выглядае на тое, што Наста Манцэвіч ды Наталка Харытанюк аказаліся самымі хітрымі: першая сьцьвярджае, што яна “маладЫ”, а другая распавядае пра тое, як яна “хварэЎ”… Хаця Наста вярнулася-ткі ў сваю скуру, дзякуючы чаму мы даведаліся, чаму яна больш ня п’е. Дарэчы, пра “піць”… “Групавы партрэт” аказаўся нашмат больш цьвярозым за “Іn Вільню”. Ці то горад і “кумпанія” равесьнікаў натхняла маладых людзей больш за Караткевіча ды сумніўнага выгляду бабу Броню, ці то першая “тусоўка” прытрымліваецца “сухога закону”… Але ж такое адчуваньне, што “трохі датай” у Вільні была большасьць: і “чалавек, які падрабіў Вільню”, бо як яшчэ можна растлумачыць тое, што “Васілявічус нарабіў нямала памылак ды недакладнасьцяў”, і Сірошка Пістончык, які падлічвае “агульны літраж ужытава алькаголю” у сваім ЖЖ-аччоце, і Валянцін Бойка, які “запраўляў півам лунаход”…
Тым часам як Ірына Барысевіч “рабілася крыху прамяністай і паціху перша­друкавала”, узгаданая (-ны?) ужо Наста Манцэвіч марыла (-ў?) вярнуцца ў дзяцін­ст­ва “… і быць маленькім і лёгкім,/ і, ё.. вашу маць,/ шчасьлівым”. Яно й зразумела: у Насты было, як яна сьцьвярджае, “афігенна шчасьлівае дзяцінства”. Яшчэ б! Толькі пасьля дзяцінства з шашлыкамі, гульнямі, хованкамі ды “афігеннага юнацтва” можна “раз і назаўсёды ўцяміць, што не гарэлка рабіла нас шчасьлівымі…”
У Валянціна Бойкі мары больш літаратурныя: нягледзячы на тое, што “у свеце дзейнічаюць два непарушныя законы: закон сусветнага прыцягнення і закон подласці”, для Валянціна “пытанне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры застаецца злабадзённым”. Жан-Поль Сартр, Ніцшэ й Караткевіч з Арловым не даюць маладому літаратару спыняцца на шляху да пастаўленай мэты, у той час, як “фінал шчасьлівага аповеду” пра Ізабэль і Джона (дарэчы, ня толькі імёны, але й сюжэт з залётам, істэрыкамі ды марскім ветрам вельмі змахвае на адарваную ад беларускай літаратурнай традыцыі пародыю на французкія раманы а-ля “Каханьне пад месяцам”) пісаўся “ў чатыры рукі”.
Якой нормай беларускай мовы карыстаўся Валянцін Бойка пры напісаньні “сего шэдэўра”, для мяне засталося загадкай: адсутнасьць мяккіх знакаў паказвала на быццам бы наркамаўку, але ж упартае паўтарэньне “тарашкевіцкага” прыназоўніка “ня” перад словамі з націскам на першым складзе прымушала задумацца… Далейшае чаргаваньне “нЯ мелі” ды “нЯ гэтае” з “нЕ церпяць” прывяло мяне ў літаратурны экстаз.
Вось з Сірошкам Пістончыкам і Ўласікам Смаркачом усё зразумела! Для маладых людзей існуе адна норма – выкшталцоная трасянка, замяшаная на адборных (а часам і ня вельмі) мацюках. Уласік з Сірошкам ахопліваюць сваім несумненным літаратурным геніем вялікі сьпектр тэмаў: ад суседа-папа, Васільеўны і мясцовых підарасаў да підарасаў грэчаскіх. Прычым дзеяньне адбываецца ні абы-гдзе, а ў BSSR (так і хочацца ў тон хлопцам ўскрыкнуць: “гэта вам ня конікаў з га...на ляпіць!”). Хлопцы настолькі шчырыя і адкрытыя сьвету, што выказваюць свае пачуцьці проста і яскрава. Аб існаваньні дзьвюх кропачак пасьля “х” ды “б” яны нават не здагадваюцца, таму чытачы могуць назіраць усю палітру іх слоўні­кага запасу… Часам хлопцы заігрываюцца і пераходзяць мяжу ня толькі маралі, але і элементарнай павагі да сьвятых рэчаў. Выкарыстаньне словаў “Бог”, “Біблія”, “бацюшка” побач з гэтымі самымі “х...” ды “ё...” вяртае з бясьпечна-ігрывага тону. Як на мяне, дык тэксты Смаркача ды Пістончыка не прайгралі б ні на грам, прыбяры з іх ўсе “моцныя выразы”. Мат нармальна глядзіцца там, дзе ён выражае экспрэсію, пачуцьці, якія немагчыма стрымліваць. У гэтых жа тэксьціках такіх момантаў я ня ўбачыла. Пост-скрытпум “І нех.. к нам даё..цца!!!” паказаў, што мальчЭГам аж карцела вы­плюхнуць на паперу набыты падчас п’яных пасядзелак моўны запас.
Пасьля такой “прозы жыцьця” расой на сэрца праліваецца чыстая паэзія Юліі Шадзько, якая нізкаю вершаў з шасьці пачуцьцяў “слухае ў цішы душу”, ды “адчувае цябе бы нізкаю рваных думак”.
Баба Броня сабрала пад сваімі кволымі ручкамі, зыходзячы з яе партрэту на вокладцы зборніка, зусім іншых літаратараў. Крыху больш душэўных ды адухоўленых, як мне падалося. Можа, менавіта таму, што дзявочых твораў тут больш?.. Пры напісаньні групавога партрэту з Броняй кожны з маладых літаратараў пакінуў свой сьлед. У кожнага з іх свае колеры, сваё адчуваньне слова, прыгажосьці (памятаеце словы мастака Сіманіда: «живопись — это немая поэзия, а поэзия — говорящая живопись»?)
У фарбах Алесі Башарымавай “вочы шукае свабода” (а ня вочы свабоду), “вецер бяжыць па зямлі бяз ботаў”, “курачка нясе яйкі ў кошыку”, “восень плюецца холадам”...
Ад пэндзля Алеся Сушчэўскага, які, мяркуючы па неаднаразовым ўзгадваньні “рэбраў вагонаў”, вельмі любіць вандраваць і назіраць за жыцьцём з-за шыбаў, так і хочацца пранесьціся з ветрыкам пад мелодыю грукату колаў.
Аліса Бізяева падхоплівае ініцыятыву Алеся й запрашае нас у “Нашыя з табой падарожжы”. Разам з Алісай (так і хочацца дапісаць “у краіне цудаў”) мы выпраўляемся зьбіраць зоркі, назіраем за “пялёсткамі ўчорашняга туману”, катаемся “на сьпінах зэбраў, чапляючыся за белыя палоскі”, знаходзімся “пасярэдзіне подыху, паміж расплюшчанымі і заплюшчанымі вачыма, пасьля сонца і перад месяцам, на падыходзе ад сьвятла да ценю, на самай мяжы сяброўства ды каханьня…” Вы яшчэ не навучыліся “дыхаць пад вадой, чытаць будучыню па сьлядах на пяску, размаўляць з сабой зь мінулага, разумець мову жывёлы”? Я, здаецца, навучылася… За Алісай – сьветлыя фарбы. Нават ад чорнага квадрату Сонца ліецца гэты сьвет – сьвет паэзіі ў прозе, сьвет жывапісу.
“Таварышч Броня” малявала “Дзевяць з паловай начэй” гісторыю свайго нялёгкага жыцьця. Сьцёб з фашыстаў пераплятаецца з рэаліямі вайны: знаёмыя ўсім гаўляйтэр Кубэ, Талаш, Мінай, Трэці Рэйх, “Партызанская Мадонна”, “часы”, што “астанавіліся ў поўнач!” Мова Броні таксама больш падобная на трасянку, але ж яе, у адрозьненьне ад мовы Уласіка й Пістончыка, чытаць нашмат прыемней. Спакайней неяк. Ды й казка пра Каток, венік, ёршык, Гіпацэазіду ды “вядомага ў вузкіх кругох польскага порнахватографа Кшыштафа Паняводзкага” нашмат цікавей за паходы “підарасаў” па кабаках.
Марыйка Мартысевіч зьвяртаецца да Бога, каб той дараваў “феміністцы, каторая кажа: усе мужыкі казлы…”, што вельмі арганічна ўпісваецца ў фабулу “дзявочага” зборніка.
Павал Сьвярдлоў лёгкімі мазкамі дадае крыху філасофскіх фарбаў: “Гаспадары майго жыцьця/ не дазваляюць мне/ ні пачуцьця, ні разьвіцьця,/ ні веры, ні мяжы./ Гаспадары майго жыцьця,/ мне цяжка на крыжы”. Пасьля ён гуляецца ў “хМАРНЫЯ ХОВАНКІ” ды знаёміцца ў бібліятэцы...
Вельмі павесялілі “Рассказы о Минске и его метрополитене” Паўла Анціпава. Аўтар распавёў нам гісторыю зьяўленьня на дзьвярах метро шыльдаў “ВХОД” і “НЕТ ВХОДА”, падзяліўся з намі гісторыямі сердабольнага Івана Інвалідава, і няшчаснай бабулькі Дануты Каліласкі. Падчас чытаньня сну Івана Нікіціча пра “громаднейшую библиотеку в форме диаманта”, так і хацелася выдыхнуць радкамі складальніка й рэдактара кнігі Андрэя Хадановіча: “Хораша гопніцы, добра эстэтцы/ ў Нацыянальнай Бібліятэцы”. Але Павел вырашыў спыніцца на пяціпавярховіках: “функционально и недорого”.
У жыцьці Яўгеніі Манцэвіч, у адрозьненьне ад сваёй сястры Насты, што мела “афігенна шчасьлівае дзяцінства”, “зусім мала радасьцяў”… Жэня бачыць “сьлед ваўкалака”, чуе “плач перапёлкі. Рэха літаратуры”.
Па “Гравійцы” Юліі Яфімовіч, якой сканчваецца “Іn Вільня veritas”, ідзем і чуем “Рэха літаратуры”, апошнія радкі “Групавога партрэту з Бабай Броняй”. Ідзем. Ёсьць спадзяваньне – не! – вера!, што прыйдзем.


Віка Трэнас:
паэт, літаратурны крытык:

Ісьціна ня толькі ў Вільні

Традыцыя правядзеньня літаратурных конкурсаў сярод маладых пісьменьнікаў, запачаткаваная беларускім ПЭН-цэнтрам у 2003 годзе (першы з гэтай серыі зборнік пад назвай “12+1” пабачыў сьвет годам пазьней), безумоўна, вартая ўвагі і заслугоўвае самых станоўчых водгукаў. Па-першае таму, што арганізатары і кіраўнікі праекту, вядомы паэт, выкладнік, перакладнік Андрэй Хадановіч і знаны крытык Ганна Кісьліцына ствараюць для маладых паэтаў творчы асяродак, праводзяць сур’ёзную літаратурную работу. Таксама фіналісты конкурсу маюць магчымасьць набыць вопыт выступленьняў перад шырокай глядацкай аўдыторыяй (як вядома, маладзёны аб’еха­лі з прэзентацыямі кніг фактычна ўсю Беларусь, пабывалі і ў бліжнім замежжы). Варта адзначыць і тое, што кіраўнікі праекту дапамагаюць пачаткоўцам зрабіць у літаратуры першы крок – зьдзейсьніць публікацыю ў калектыўным зборніку.
Зрэшты, мімаволі пачынаеш задумвацца: ці на карысьць маладым талентам настолькі, калі можна так выказацца, “цяплічнае” выхаваньне? Кожны творца ведае: для таго, каб адбыцца ў літаратуры, каб пабачыць сваё імя на старонках газеты або часопісу, неабходна прайсьці пэўныя выпрабаваньні, наведаць не адну рэдакцыю, доўга працаваць над сабой, дабівацца рафінаванасьці кожнага слова, вытанчанасьці кожнага радка. Сьпецыфіка творчага працэсу, на радасьць ці на жаль, не прадугледжвае дапамогі іншага чалавека, хоць і куратара, у той момант, калі паэт знаходзіцца сам-насам са сваім натхненьнем.
Выданьні “Групавы партрэт з Бабай Броняй” ды “Іn Вільня veritas” (абодва надрукаваныя ў 2007 годзе) прадстаўляюць нам творы 37 маладых талентаў: паэтаў і празаікаў, беларуска- і рускамоўных. На першы, магчыма, не зусім уважлівы погляд, гэтыя зборнікі выглядаюць, як эстэтычныя браты-блізьняты. Ганна Кісьліцына, аўтар прадмоваў як да першай, так і да другой кнігі, з захапленьнем апавядае пра фіналістаў конкурсу, сьцьвярджаючы, што ў айчынную літаратуру прыйшло новае пакаленьне: “Як літаратуразнаўца скажу, што гэта пакаленьне выбітных індывідуалістаў, здатных, тым ня менш, прызнаваць і чужое права на яркасьць, адметнасьць, харызму. Сабраныя воляю выпадку ў Вільні, нашы канкурсоўцы дзень за днём па-харошаму ўражвалі ўменьнем слухаць і чуць адзін аднаго, радавацца чужому радку, перажываць, калі крытыкуюць іншых. І атрымліваць кайф ад узаемнага перасячэньня ў чароўным часе і прасторы”. Сапраўды, ня могуць не спадабацца дзёрзкія і прыгожыя радкі, прыкладам, Віялеты Пачкоўскай (верш увайшоў у “Віленскі сшытак»):

***
Вільня-Вільня,
а ты такая,
што мае зьвіліны
самі ператвараюцца
ў твае тонкія вуліцы.

Але варта падумаць і пра тое, што добрыя якасьці, якія праявілі канкурсанты падчас падарожжа ў Вільню – адчуваньне еднасьці, уменьне працаваць у камандзе – могуць быць небясьпечнымі для індывідуальнага творчага разьвіцьця, яны часьцяком мяжуюць з пачуцьцём калектыўнасьці, “статкавасьці”. Падаецца, што менавіта адчуваньнем еднасьці абумоўленыя агульныя практычна для ўсіх маладзёнаў матывы Вольнасьці, Вясны, Вільні, менавіта таму ў многіх таленавітых паэтычных радках чуецца так званы “голас пакаленьня”, апісанага спн. Ганнай як “пакаленьне індыга”, пакаленьне інтэлектуалаў з паранармальнымі здольнасьцямі”, або як “пакаленьне Y”, пакаленьне прагматыкаў, якія імкнуцца да пастаўленай мэты любымі сродкамі”. Безумоўна, перад намі – прадстаўнікі інтэлектуальнай плыні паэзіі: гэта і разважлівая Юлія Шадзько, і эксцэнтрычны Віця Ываноў, іранічная і сьмяшлівая Юлія Арцёмава (якая, гледзячы па ўсім, любіць творчасьць Данііла Хармса) і стоена эмацыйная Тацяна Нядбай, а яшчэ Тацяна Пузенка (Нілава), Алёна Рыбік, Соф’я Марозава, Ціхан Чарнякевіч і многія іншыя. Што ж датычыцца празаікаў, то яны відавочна схіляюцца да малых жанравых формаў – апавяданьняў і лірычных імпрэсіяў (гэта творы Насты Манцэвіч, Кірылы Дубоўскага, Наталкі Харытанюк, Паўла Анціпава і іншых). Найвялікшай папулярнасьцю ў чытачоў карыстаюцца аповеды Бабы Броні, а таксама экспрэсіўныя нататкі Уласіка Смаркача і Сірошкі Пістончыка, што заваявалі прызнаньне ў прасторы беларускага Інтэрнэту.
На старонках зборнікаў “Групавы партрэт з Бабай Броняй” ды “Іn Вільня veritas” можна пабачыць ня толькі новыя імёны. З году ў год у конкурсах ПЭН-цэнтра бяруць удзел ужо вядомыя, таленавітыя і самадастатковыя літаратары Андрэй Адамовіч, Сяргей Прылуцкі (ён жа Пістончык), Марыя Мартысевіч, Павал Сьвярдлоў. Застаецца спадзявацца, што гэтыя выдатныя пісьменьнікі не ператворацца ў так званых “фестывальных хлопчыкаў і дзяўчынак”, і большую ўвагу будуць надаваць напісаньню і выданьню сваіх персанальных кніг.
Гавораць, што ў пяшчотным паэтычным узросьце, у пачатку творчага шляху, словы складаюцца ў вершы, як кубік Рубіка; у такім узросьце марыш пра раптоўную, лёгкую і вялікую папулярнасьць, абіраеш прыгажосьць слова, а не яго дакладнасьць; у такім узросьце ўпэўнены, што ўсё робіш выключна правільна. З часам разумееш: ісьціна ня толькі ў Вільні – яна глыбока ў душы кожнага з нас.


Сяргей Макарэвіч,
студэнт журфаку:

Чарговая «салянка»...

Каго сёньня можна назваць з маладых беларускіх пісьменьнікаў, гадоў, скажам, да 40, хто сапраўды вядомы і чытаны ў Беларусі. У паэзіі – гэта Андрэй Хадановіч, у прозе – Альгерд Бахарэвіч. Прычым Бахарэвіч усё-ткі значна прайграе свайму калегу. І справа ня ў якасьці твораў, а ў рэкламе: у тым, што сёньня можа даць папулярнасьць. Важны ня ўзровень пісьма, а на колькі часта цябе ўзгадваюць на вуліцах. Гэтага бракуе і маладым. Але і рэкламуюць у нас, на жаль, не заўжды лепшае і якаснае.
Так сталася і са зборнікам фіналістаў конкурсу маладых літаратараў імя Ула­дзімера Караткевіча. За справу выданьня кнігі ўзяліся Андрэй Хадановіч і Ганна Кісьліцына. Ужо гэта прыцягнула ўвагу чытачоў. Сучасныя, раскручаныя паэт і літаратурны крытык. Але, лічу, яны ня здолелі выканаць сваю работу на 5+. Хадановіч, як рэдактар, ня змог выбраць вартыя ўвагі творы (шмат сярод іх шалупіньня), а Кісьліцына не змагла напісаць якаснае ўступнае слова. Хваліла маладых, замест таго, каб даць добрую, хоць і крытычную параду. Патрапіўшы на старонкі зборніка, маладыя задралі насы ўгару. І свае творы лічаць геніяльнымі. Леанід Галубовіч, праўда, у рэцэнзіі на зборнік у “ЛіМе” крыху паабпальваў крылы навасьпечаным класікам.
Увогуле, складваецца ўражаньне, нібыта выбіраць журы пераможцаў конкурсу даводзілася па прынцыпе: лепшае з горшага. Як можна атрымаць уяўленьне пра творчасьць аўтара па 2-4 вершах. І чаго варты паэт, які ня можа прадставіць хаця б 5-6 вершаваных твораў? Праблемы з плошчай у зборніку не было, мяркуючы па тым, як неаднолькава разьмеркаваліся старонкі па колькасьці сярод аўтараў. Відаць, усё-такі бракавала ў некаторых з іх твораў.

Не дае натхненьня жыць,
Растудыць яго тудыць!

Як вызначыць па жанры такі “твор”? Чаго варты зборнік і беларуская літаратура, калі друкуецца невядома што. Купала з Коласам у трунах перавароч­ваюцца...
З маладых пісьменьнікаў, каму да 30 гадоў, не магу назваць ніводнага, хто напісаў бы добрую вялікую паэму ці нешта большае за апавяданьне. Яны проста не вылазяць з аповедаў, чатырохрадкоўяў – з іншых дробных формаў. Калі Брыль пісаў мініяцюры, дык у яго ўжо быў за сьпіной досьвед чалавека і пісьменьніка. Калі Разанаў піша свае пункціры, дык гэта ня просты набор словаў. Максім Танк у сваім дзёньніку 26 сакавіка 1955 году зрабіў запіс: “...Вельмі хутка расьце ў нас колькасьць твораў, сярэдніх, твораў, якія можна друкаваць, але калі б былі лепшыя, ня варта было б іх друкаваць”. І гэта піша паэт у той час, як дваццацівасьмігадовы Шамякін напісаў раман “Глыбокая плынь”, Мележ – раман “Мінскі напрамак” і працаваў над Палескай хронікай, Брыль – аповесьці “Сірочы хлеб”, “На Быстранцы”... Што тады ўжо казаць пра наш час.
Бадай адзінае адкрыцьцё ў зборніку – Баба Броня. “Дзевяць з палавінай начэй” – гэта пародыя на “Шляхціца Завальню” Баршчэўскага і “Калыханкі” папулярнага ва Украіне, але беларускага дуэта Сашы і Сірожы. Ад Баршчэўскага ў творы форма, ад Сашы і Сірожы мова і гумар. Апошняга проста адбаўляй. Гэта чорны гумар. А яшчэ перагукаецца з ужо абмеркаванай у “Бліц-крыце” кніжкай “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве” Ахроменкі/Клімковіча.
Калі два гады таму былі падведзеныя вынікі конкурсу, нехта з журы выказаўся, што варта было б асобнай кнігай выдаць “Гісторыі з майго нялёгкага жыцьця” Бабы Броні, чым рабіць чарговую “салянку”. Але як зрабілі – ведаем.


Кацярына Лабецкая,
студэнтка 2-га курсу журфаку БДУ (razgovorka.livejournal.com):

Групавы партрэт з Бабай Броняй,
або Недарэчна прыгожыя вывіхі

Часта ў дзяцінстве мая матуля, з усьмешкай кудлацячы мае непаслухмяныя валасы, казала: “Ну, паглядзіце на яе... Раскусіла Хыма квас”. Я рагатала і з задавальненьнем пачынала за дзьве шчакі аплятаць яшчэ хвіліну таму невядомы мне прадукт харчаваньня. Відаць, да таго баялася... Не разумела смаку...
Я нездарма пачала разгляд кнігі “Групавы партрэт...” з гастранамічнага ўспаміну дзяцінства. Каб разважаць над кнігай (ці то раманам, ці то паэмай, ці то зборнікам твораў маладых літаратараў) неабходна мець пэўны густ. Трэба ўмець ўбачыць у капусьніку радкоў і нават шматкроп’яў навізну думкі творцы, арыгінальнасьць аўтарскіх словаспляценьняў. Кожны чытач спачатку пільна ўглядаецца ў тэкставыя блокі, ацэньвае іх на свой густ. А потым, задаволена плямкаючы вуснамі, выпісвае самыя трапныя радкі і павольна перагортвае старонку. Як кажуць, раскусіла Хыма квас...
“Групавы партрэт з Бабай Броняй” – гэта 185 старонак філасофіі маіх аднагодкаў, якія жывуць побач, дыхаюць тым жа паветрам, мараць... Іх паветраны шар імчыць скрозь стагоддзі, вандруе з пані Барбарай Радзівіл, містычна зьмяншаецца ў памерах і працягвае шлях з чортам, а потым уздымаецца да Бога. Маладыя творцы не сьпяшаюцца вывезьці сваіх герояў за межы Беларусі. Навошта? Ім тут зручней расказаць пра сябе, хай з нейкім сьцёбам, іроніяй, але – з праўдзівасьцю, як гэта робіць Баба Броня. І, як заўважае Тацяна Нядбай пра нашую краіну, “дзе ўсе мы дзеці Сансары, дзе ўсіх нас няма, дзе ўсе мы былі і будзем”.
У дадатак аўтары прапаноўваюць пераклады з ангельскай, ірландскай, украінскай і г.д. літаратураў. Вытанчанасьць і дакладнасьць тэксу з іншаземнай глебы бачная адразу. Усё арганічна. Напрыклад, рукою Антона Францішка Брыля, які прадстаўляе сабой асобу пісьменьніка-традыцыяналіста, праз легенды характэрна паказваецца народны дух Ірландыі. Аксамітнасьць беларускай мовы не замінае ўспрыманьню тэкста, а яшчэ больш збліжае дзьве розныя культуры. Ствараецца атмасфера народных вечарынаў, якія апошнім часам усё больш сталі ладзіцца ў сталіцы. Бо людзі пачынаюць адчуваць духоўную патрэбу ў назапашваньні тых далёкіх ведаў, якія пакінуў нам прашчур у выглядзе фальклору, абрадаў, танцаў. Суцэльная радасьць ахоплівае ўдзельнікаў вечарыны – і ў целе лёгкасьць, і ў душы птушкі лётаюць. Паглядзіце, як трапна сюды пасуюць радкі з тэксту Алісы Бізяевай “Нашыя з табой падарожжы”: “Першая вада, хуткая – наталеньне смагі, другая вада, моцная – насалода, трэцяя вада, вострая – адчуваньне густу, чацьвертая вада, лёгкая – медытацыя, пятая, празрыстая – разьнявольваньне”.
Пройдзеш праз пятую ваду – і адчуеш сябе чалавекам, адчуеш саму Беларусь “у бульбе, вадзе ды хлебе” (Ан. Брыль).
Маладыя і, безумоўна, таленавітыя хлопцы і дзяўчаты так ладзяць сваю літаратуру, як ім здаецца гэта патрэбным і арыгінальным. Хаця за метафарычнасьцю думкі не заўсёды яскрава бачна аўтарская пазіцыя, быццам бы думку “змазалі” з дапамогай фільтру па Гаўсу, што ёсьць у фоташопе, але ўсё роўна яе можна прагледзець. Іранічна мае развагі ўвасабляе верш Соф’і Мароз:

Мы наладзілі лажу. Нам собіць яе ўвасобіць.
Гэта шалы шальмоўства, сьляпыя, як тангна мустанга.
Гэта мроі і сны, што ліюцца лікёрнай ракою.
Гэта зманка.
А зрэшты...
А можа...
Але
ГЭТА ТОЕ.

Вось і ўвасабляюць сваё маладое адчуваньне жыцьця ў словах, структураваных большасьцю ў вольныя вершы. Бяз рыфмы, з рытмам. Як, жартуючы, кажа мой кіраўнік у хоры: “Не рытмічна, затое фальшыва”, калі ўсё здорава атрымліваецца, але, вядома ж, працы ня трэба замінаць.
Толькі часам працу трэба карэктаваць. Ня ведаю, як вам, а мне ня вельмі падабаецца, калі літаратары выкарыстоўваюць лаянку ў сваіх тэкстах. Адразу скажу – у гэтым зборніку не прасочваецца буйнае захапленьне такім, можна сказаць, мастацкім прыёмам. Але не заўважыць не магчыма. Херова, нішчымны лох, маць іх ё.. – эмацыйна напружаныя словы, якія ў вершах выкарыстаў Сяргей Прылуцкі, ніякім чынам не паспрыялі большай вобразнасьці. Такое ўражаньне, што гэта “падарунак” ад сучаснай гаворкі, сучаснага стаўленьня да эстэтыкі мовы. Цікавае назіраньне – побач з вершамі, дзе месьцяцца жаргонныя словы, стаяць вершы рэлігійнай, філасофскай накіраванасьці, дзе галоўным героем можна назваць асобу Бога. Узгадайце толькі, што ў даўнія часы продкі (асабліва жрацы) выкарыстоўвалі мацерную лексіку ў дачыненьні да Зямлі, да Матулі, да Карміцелькі. Словы былі сьвяшчэннымі. То бок, у Сяргея Прылуцкага атрымалася адмыслова сплесьці вянок таямнічасьці і сэнсоўнасьці. Як Бог сплятае цыбулю ў вянкі, паводле Марыі Мартысевіч, так і ў творах на філасофскія тэмы літаратары імкнуцца злучыць усё магчымае. У гэтым і іх адметнасьць:

– Прабачце, як даехаць да мяжы?
– Зьезд на Галгофу. Гродзенскі напрамак.
Марыя Мартысевіч.

Гэта цытата з “Barbara Radziwil’s LiveJournal”. Указаньне на гістарычныя даты, на мой погляд, стварае толькі тэатральную афішу для паэмы. Марыя інтрыгуе, трымае чытача ў напружаньні, але не паказвае гістарычную, даволі вядомую Чорную Пані Нясьвіжа. Мне здаецца, што паэтка мае рацыю. Падчас чытаньня я злавіла сябе на думцы, што яе твор, як савецкі кінафільм, можна расьцягнуць на цытаты. А гэта найпершая і даволі важкая прычына магчымай будучай папулярнасьці.
Маладыя аўтары, што патрапілі ў зборнік, пішуць выключна па-беларуску. І толькі Павал Анціпаў выкарыстаў расейскую мову. З жартам падыйшоў да тэмы менскага метро, да будаўніцтва нацыянальнай бібліятэкі.
Таксама закранула балючую тэму Яўгенія Манцэвіч. Чарнобыль аздобіўся ў яе вачах у вобразе лысай жанчыны. Шляхам монамедыйных паўтораў аўтарка спрабуе прыцягнуць увагу чытача да чарнобыльскай трагедыі. Да нашай з вамі рэчаіснасьці, на якую людзі забываюцца з-за абыдзеннасьці, з-за нябачнасьці злодзея, што косіць дзяцей і дарослых. Такія жанчыны з лысымі галовамі паміж намі. Яны з “паскобленымі сэрцамі”... Я бачыла іх у адным анкацэнтры. Цяжка было слухаць размовы гэтых людзей. “Набыла ікону, чытаю малітвы. Божа, ды за што мне гэта?” Амаль безвыходнасьць, не жыцьцё, але запіс у амбулаторнай картачцы, што жыў, жыве, які шчэ дае надзею...
Праўду кажа Тацяна Пузенка, што ў “маладога паэта старая памяць”. Калі так, то гэта ідэальна. Калі так, то гэты творца ніколі ня схлусіць сам сабе, не пакіне сваю індывідуальнасьць, ня стане звычайным дрэўцам, хаця раней яго называлі “недарэчна прыгожым вывіхам”. Дрэўца стала звычайным праз тое, што надзела такія ж штаны, якія носяць усе.
Што ж, прыемнага чытаньня!


Сяргей Кандраценка,
вярстальнік.

Татальная індывідуалізацыя…

Куплены ў 2005-м годзе 18-ы нумар “Дзеяслова” з творамі фіналістаў літаратурнага конкурсу імя Уладзімера Караткевіча, абвестка пра які вісела на сайце litara.net (дарэчы, праект адной з аўтарак зборнікаў – Алісы Бізяевай), па-добраму мяне зьдзівіў і ўразіў. Уразіў абсалютнай ідэалагічнай неангажаванасьцю “маладых аўтараў”, чаго я, па шчырасьці, проста не чакаў. Нават пра Караткевіча згадаў, здаецца, толькі адзін з канкурсантаў, – аўтар расейскамоўных тэкстаў Павал Анціпаў – дый тое ўмудрыўшыся з дапамогай арыфметыкі спалучыць юбілей класіка з расьцягнутым на два гады сьвяткаваньнем юбілеяў вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх акупантаў і Перамогі ў Вялікай айчыннай.
А яшчэ зьдзівіла якасьць тэкстаў. Віртуозныя аповеды бабы Броні, містычная паэзія Тамаша Лярмата, паэма Марыі Мартысевіч “Barbara Radziwil’s livejournal”, вершы Тацяны Нядбай і Сяргея Прылуцкага прымусілі задумацца: а ці гэта ня тая самая маладая шпана? І што канкрэтна яна будзе руйнаваць?
“Гуртам добра і бацьку біць” – так кажуць беларусы, стараючыся выконваць гэты запавет нават тады, калі займаюцца мастацтвам. Калі пазнаёміцца, у прыватнасьці, з гісторыяй беларускай літаратуры, то няцяжка заўважыць, што мае месца шматвяковая нацыянальная літаратарская традыцыя шыхтавацца шчыльнымі радамі для творчых патрэбаў. Я нават не пабаюся выказаць меркаваньне, што сама беларуская літаратура да нядаўняга часу існавала і разьвівалася выключна ў рамках гэтай традыцыі з рэдкімі выключэньнямі, якія адно дадавалі кантрасту.
Гістарычна абумоўленую і запачаткаваную “філяматамі” з “філярэтамі” пісьменьніцкую звычку зьбірацца больш за трох ні на каліва не зьмянілі якасна ні Кастрычніцкая рэвалюцыя (у выніку якой “згуртаваліся” літаб’яднньні “Полымя” “Маладняк”, “Узвышша”, быў спароджаны, урэшце, Саюз пісьменьнікаў са сваімі Сталінскімі прэміямі, Дамамі творчасьці і Лысай гарой), ні паўстаньне Беларусі ў якасьці незалежнай дзяржавы (“Таварыства вольных літаратараў”, “Бум-Бам-Літ”, “Schmer­z­werk”). Зразумела, што рана ці позна сябры такіх арганізацыяў (часта не зарэгістраваных, дарэчы), паасобку і цэлымі групамі пакідалі свае калектыўныя трампліны дзеля ўласнага творчага палёту падалей ад абрыдлых маніфестаў і бясплённых спрэчак за круглымі сталамі і на рэдакцыйных радах. Але творчую біяграфію не перапісаць, і студэнткі-філфакаўкі штораз з заміраньнем сэрца адкрываюць для сябе, што “такі-та аўтар зьяўляўся сябрам суполкі”...
Я ня ведаю, наколькі гэта карэктна – публічна выказваць сваё меркаваньне пра творы людзей, з якімі сябруеш, у кампаніі з якімі сьмела чарагуеш піва з гарэлкай, з кім шпацыруеш па начным горадзе, з кім, нарэшце, працуеш у адным пакоі... Ведаю толькі, што гэта настолькі ж цяжка, як няпроста было б заўважыць істотную розьніцу паміж канцэпцыямі зборнікаў, каб раскідала чыя злая рука тэксты канкурсантаў па кнігах у адвольным парадку. Тое, што “двайнік” складаецца з твораў, паміж якімі двухгадовая прорва ў часе (у томіку “In Вільня veritas” рэпрэзентаваныя тэксты фіналістаў конкурсу 2007 году, прысьвечанага стагоддзю газеты “Наша Ніва”), яшчэ больш у гэтым пераконвае.
Такім чынам, рызыкну выказаць меркаваньне, што беларуская літаратура на пачатку другога тысячагоддзя сутыкнулася з якасна новай для сябе зьявай – татальнай індывідуалізацыяй аўтараў.
Новае пакаленьне беларускіх літаратараў нішто ня лучыць, нават мова (апроч П. Анціпава па-расейску пішуць Юлія Арцёмава і Кірыла Дубоўскі, Баба Броня карыстаецца “аўтэнтычнай” паляшуцкай гаворкай, Сірошка Пістончык з Уласікам Смаркачом – трасянкай). Для іх няма забароненых тэмаў, непечатных словаў, нявыпрабаваных формаў. Ім непатрэбныя суполкі і маніфесты, каб заявіць пра сябе, – рэгулярна выступаюць на кватэрніках і літаратурных фестывалях Андрэй Адамовіч, Сяргей Прылуцкі, Яўгенія і Наста Манцэвіч, Віталь Рыжкоў, Кірыл Дубоўскі і Павал Анціпаў. Лічаныя тыдні засталіся да выхаду кніг Марыі Мартысевіч, Сяргея Прылуцкага, Віктара Ыванова, Сірошкі Пістончыка і Ўласіка Смаркача. Даводзіць да ладу пераклад “Байцоўскага клюбу” Паланюка Сяргей Мядзьведзеў...
Мне здаецца, прагнозы пра тое, які плён прынясе руйнаваньне калектывісцкай традыцыі ў белліце, і чым усё гэта можа скончыцца, рабіць ужо позна. Затое яшчэ ня позна набыць гэтую пару кніжак.

PS: Тэксты кнігі “In Вільня veritas” відавочна больш “разьняволеныя” за тэкс­ты “Групавога партрэту з Бабай Броняй”, таму сярод чытачоў абавязкова знойдуцца тыя, хто палічыць расейскую мову пад вокладкай з надпісам “Наша Ніва” непрымальнай, тэматыку тэкстаў некаторых аўтараў – амаральнай і г. д. Вялікая просьба не забывацца на тое, што на пачатку стагоддзя “першая беларуская газэта з рысункамі” пад расейскамоўную рэкламу прэзерватываў з задавальненьнем аддавала цэлыя старонкі.