12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
«Малая падарожная кніжка па горадзе Сонца». Размова пра кнігу Артура Клінава


Кажуць, што пры пэўных сьпектры, вытрымцы й ракурсе на фотаздымку мажліва зафіксаваць чалавечую душу (ці аўру). Кніга Артура Клінава – спроба сфатаграфаваць душу Менску. Гаворка, вядома, не пра густоўныя фоткі, якімі аздоблена кніга. Калі спрабаваць вызначыць жанр працы А. Клінава, то менавіта да літаратурнага фотамастацтва яе можна было б аднесьці. І ўжо адсюль вынікае і лірычная проза, і экскурсійны даведнік, і іншыя жанры, названыя Валянцінам Акудовічам...
“Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” мае складаную сістэму паўтаральных вобразаў і алегорыяў. Ключавой тут з’яўляецца алегорыя Гораду як сцэнічнай пляцоўкі, на якой шторазу разгортваецца дзея аднаго актора – Сонца. Часам сімвалізм кнігі пазычаны, бо цяжка апісваць архетып Гораду, не паўтарыўшы кагосьці. Часам крыніца пазычэньня называецца (Кампанэла, Скарына). Часам – не называецца, але пазнаецца. Напрыклад, як у не аднойчы паўторанай аўтарам тэзе пра Горад, якога няма, пазнаецца версэт Алеся Разанава “Вандроўны горад”. Альбо як у прыведзеным ніжэй фрагменце ўгадваецца ідэя песьні гурта ДДТ “Актрыса вясна” (што праўда, у адносінах да іншага гораду): “...Горад – паўнюткая народам глядзельная заля, што патанала ў прыцемках чаканьня часу, калі кулісы расчыняцца і праменьне яго хараства сыдзе на змрочныя аксанамэтрыі ды абудзіць Горад для чарговага акту бясконцае п’есы, што завецца Вясна”.
З аднаго боку, задума “Малой падарожнай кніжкі...” бяспройгрышная, бо кожны мянчук і госьць сталіцы носіць у сэрцы свой вобраз гэтага гораду. З той жа прычыны заўжды знойдуцца тыя, хто ня прыме “пратуберанец” А. Клінава.

Валянцін Акудовіч, філосаф:

Італьянскі філосаф ХVІ ст.Тамаза Кампанэла адпакутаваў у турме 29 год. Часам яго там моцна катавалі. Калі ён ня мог нават сам пад’есьці, да яго ў турэмную цэлю пускалі бацьку. Той яго і карміў, і абслугоўваў. А яшчэ ўкладаў аловак паміж раструшчанымі пальцамі філосафа, каб ён мог працягваць пісаць сваю кнігу пра “Горад Сонца”.
Утопія Тамаза Кампанэлы, па сутнасьці, была архітэктурным праектам, але ня столькі самога месца (горада-дзяржавы), колькі яго сацыяльнай прасторы. Філосаф распланаваў паводзіны чалавека (абавязкі і правы) гэткім чынам, каб у “Горадзе Сонца” магла запанаваць справядлівасьць. Гэта значыць, каб усім было пароўну і працы, і харчу, і забавы.
Потым, калі ў цывілізаваным сьвеце зробіцца папулярнай дэмакратыя, гэты сацыяльны праект па кшталтаваньню шчасьлівага чалавека назавуць таталітарызмам. І будуць мець рацыю. Таму за саветамі ў нас ня толькі шанавалі філосафа-“камуніста” Тамаза Кампанэлу, але і будавалі жыцьцё (архітэктурна і сацыяльна) паводле ягонага праекту. Прыкладам таму – Мінск.
Ідэя Мінска як горада “Сонца” завабіла Артура Клінава досыць даўно. Спачатку ён апрабаваў яе на старонках уласнага часопісу “Партызан”. Затым выдаў альбом мастацкіх фотаздымкаў (візуальную паэму) пра Мінск – “Горад (Сон)ца”. Але відаць тэма гэтым сябе ня вычарпала і тады ён напісаў раман (сам паўжартам так кажа) – “Малая падарожная кніжыца па Гораду (Сон)ца”.
У гэтай кароткай рэпліцы з нагоды свайго захапленьня “кніжыцай”, я ня буду нават рабіць спробаў, каб разблытаць усю размаітую семантыку клінаўскай метафары “Горада (Сон)ца”. Як і ня буду нават кранаць надзвычай багатую тэкстуру кнігі, спрэс паточаную залатымі шашалямі ідэяў ды сэнсаў. Я тут скажу толькі вось што…
Такія кнігі ня пішуцца. Такія кнігі толькі здараюцца (альбо не здараюцца). Аднойчы. Сьведчаннем чаму і новы, ужо сапраўдны раман Артура Клінава “Шалом” (ён яшчэ не надрукаваны, я яго чытаў у рукапісе). Пакуль ня стану пра яго нічога казаць, але гэта ўжо зусім іншае ад таго, пра што ў нас гаворка.
І яшчэ. Найперш “кніжыца” ўразіла мяне тым, што гарманічна спалучыла ў сабе багаты суплёт самых розных жанраў літаратуры (у шырокім сэнсе): ад лірычнай споведзі хлопчыка да гісторыясофскага трактата. А паміж імі публіцыстыка, культуралогія, памфлет, мастацтвазнаўства… і нават экскурсійны даведнік. І ўсё гэта ня проста ў адным пакеце, а як натуральна цэлае, зьнітаванае ў арганічным самаіснаваньні…

* * *

На пачатку ХХ стагоддзя Канстанцін Бальмонт надрукаваў кніжку вершаў з назвай-заклікам: “Будем как солнце”…
Цяпер, ужо добра пажыўшы, я ведаю, чаму мара Тамаза Кампанэлы пабудаваць “Горад Сонца” ня спраўдзілася. Нешта падобнае магло стацца адно ў тым выпадку, калі б насельнікі гэтага гораду самі былі, “как солнце”. А такіх людзей лічы не бывае. Прынамсі іх ніколі не бывае столькі, каб імі засяліць цэлы горад. Бадай менавіта таму ў метафары “(Сон)ца” Артур Клінаў асобна і паперадзе вылучае “сон”…
Якраз апошняе і падштурхнула мяне наастачу працытаваці колькі радкоў П’ера Беранжэ (пераклад на рускую Васіля Курачкіна):
Господа, если к правде святой,
Мир дорогу найти не сумеет,
Честь безумцу, который навеет
Человечеству сон золотой.
(Цытую на памяць, якой у мяне няма).

Сяргей Дубавец

Клінаў стварыў пратуберанец. У нас шмат хто спрабаваў прыдумаць "ідэю Менску", але ўсё неяк фрагментарна выходзіла і не сьцьвярджальна. Або кпіны, або сатыра. Або па-голаму: Ой, люблю Менск. Так ці інакш, ідэя менскай "табліцы Мендзялеева" лётала ў паветры. Клінаў яе злавіў і выказаў. Практычная вартасьць (пры ўвасабленьні) – мільённыя даходы ад турбізнесу. Культурная вартасьць – гарманізацыя прасторы паводле зразумела і поўна сфармуляванае гармоніі. Для Менску гэта шанец раз і назаўжды спыніць сумневы ў сваім праве быць сталіцай і мегаполісам. "Горад Сонца" не патрабуе доказаў і тлумачэньняў.

Аднак... Вялікія ідэі часьцяком не атрымліваюць належнага ўвасабленьня і застаюцца хіба што помнікамі культуры, па якіх пасьля з тугою ўздыхаюць далёкія нашчадкі. Баюся, што ідэя Клінава асуджаная на той самы лёс, што і вынаходка ягонага земляка, менскага шляхціца Казіміра Чарноўскага. За свае сімпатыі да сьнежнікаў Чарноўскі патрапіў у Петрапаўлаўскую крэпасьць у Пецярбургу і там змадэляваў першую ў сьвеце субмарыну. Гэта было даўнавата – у 1829 годзе. Чарноўскі таксама хацеў гуляць па-вялікаму і праз ліставаньне дайшоў да цара: «Я вынайшаў падводнае судна. Цяпер можна будзе пад вадой падплываць пад варожыя караблі і зьнішчаць іх». Цар патрабуе даць падрабязнае апісаньне. Чарноўскі адказвае на 32-х старонках. Цікава, што рухалася субмарына вёсламі, а запас паветра ўтрымліваўся ў скураных мяхах. Што праўда, падлодку так і не збудавалі, а Чарноўскага перавялі ў Шлісельбург, дзе ён спрабуе зрабіць самагубства, за што яму ставяць дыягназ – вар'ят. Праз пяць гадоў яго высылаюць у Архангельск, пасля ў Сарапул (сучасную Удмурцію), дзе ён і завяршае свой шлях...

Зразумела, ня той час, ня тыя абставіны. Толькі глухата і сьлепата тых, хто прымае рашэньні ў адносінах да пратуберанцаў, -- тая самая.

Што да "Падарожнай кніжыцы", дык я б аддаў яе ў выдавецтва "Мастацкая літаратура" ўзору сярэдзіны 1980-х на правах "ідэі кнігі". Тады там яшчэ працавалі сур'ёзныя рэдактары, якія ведалі, што такое стыль і што такое жанр. На жаль, сёньня гэтая інстытуцыя не існуе, і ў кнігарнях найчасьцей даводзіцца набываць эскізы і чарнавікі ў выглядзе кніг. Праблема менавіта ў выдавецкім рамястве высокага ўзроўню, якое з добрых ідэяў робіць добрыя кнігі, гэта значыць, прадукт і, калі хочаце, тавар. Вялікая ідэя Клінава – далібог варты матэрыял, з якога ў МЛ 80-х маглі б вышліфаваць сапраўдны дыямент.

Зрэшты, не цяпер, дык у чацьвер. Забыцьцё Чарноўскага зусім не азначае, што чалавецтва "так і не дадумалася" да субмарын.

Сяржук Сыс, паэт, журналіст:

Артур Клінаў: “ Warum nicht, канешне, магу”

У Горадзе Сонца шчыраваў лівень… Каб дзесьці схавацца ад ляскатаньня па целе буйных, што дасьпелы гарох, кропляў, я імкліва ўварваўся ва ўтульнае ўлоньне “Акадэмкнігі”. Відаць, выгляд у мяне быў ня надта каб будзёны, бо адразу некалькі прадавачак зірнулі ў мой бок запытальна. Крыху разгубіўшыся я адказаў на іх нямы запыт: “Мне… Клінава Артура. “Горад Сонца”. Адна з іх пайшла шукаць кнігу кудысьці на склад. Нарэшце я адаптаваўся і зьвярнуўся з пытаньнем “Горад Сонца” яна называецца, можа “Малая падарожная кніжка”. З падсобкі кнігарні прынесьлі “Горад Сонца”, кнігу, якая ў свой час зачаравала мяне. “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” знайшлася проста на адной з паліц “Акадэмкнігі”. Так я стаў уладальнікам унікальнага выданьня, якое пад адной вокладкай спалучыла, словамі філосафа Валянціна Акудовіча: “лірычную прозу, культуралагічнае эсэ, метафізічны росшук, гісторыяграфічны нарыс, геапалітычную гісторыю прасторы і амаль турыстычны даведнік”. Усе разьдзелы мусілі быць змацаванымі паміж сабой вялікім міфам, дакладней – ілюзіяй, мрояй, утопіяй пра Сонечны Горад, пра Горад, якога няма…
Шчыра скажу, гэтае шматпланавае спалучэньне мне, як чытачу, даводзілася раскручваць, распростваць, разблытваць, затым ізноў вяртацца да вузельчыкаў метафар, алюзій, нават сімвалаў, каб аднавіць загублены сэнс не адзін раз… Менавіта таму чытаў раман доўга… а часам і з рэальным раздражненьнем.
“Малую падарожную кніжку па Горадзе Сонца” вядомы мастак-канцэптуаліст Артур Клінаў напісаў, не, хутчэй такі “зрабіў”, вельмі хутка, за два месяцы, прынамсі так ён сам заяўляе. Гэта, на жаль, дзе-нідзе заўважаецца. Альбо абмежаванасьць часу, альбо нейкім чынам літаратурнае пачаткоўства аўтара месцамі прарастае скрозь старонкі тэксту струбламі творчага неафітства. З іншага боку – пачынаць з нечага трэба. Клінаў пачаў з Радзімы… З Краіны Шчасьця, з Гораду Сонца.
Найбольш перканаўчая, на маю думку, частка раману, ізноў жа, зыходзячы з канцэпцыі “спалучэньня” Акудовіча, – кранальныя дзіцячыя ўспаміны, якія ўласна і складаюць найперш лірычную прозу “Малой падарожнай кніжкі…”. Спагадліва-сонечныя аповеды пра час, менчукоў (ці лепей – сонцакоў?), ды сам Горад Сонца, паўстаюць перад чытачом настолькі непасрэдна, настолькі дакладна, што падаецца часам – гэта ня толькі аўтара, гэта й твае ўласныя ўспаміны. Сапраўды, як зазначыў Алесь Кудрыцкі (“НН”): “Клінаў апантаны ідэяй даць Менску тое, чаго яму бракуе: твар, ідэнтычнасьць, і праз гэта вызначыць яго сапраўдныя каардынаты.”
Шчыра захапіла мяне дасьведчанасьць Клінава кветкавай разнастайнасьцю Гораду Сонца, найперш – чароўнымі архідэямі, а на скрайні выпадак – хрызантэмамі ды ружамі … якімі аўтар называе дзявоцка-жаночую частку насельнікаў Гораду. Гэта й сапраўды выглядае ў кантэксьце ўспамінаў як дасьціпнае і эстэцкае параўнаньне. Прычым, аўтару ўдалося не дапісацца да банальшчыны, а знайсьці трапнае і сьвежае слоўнае атачэньне гэтаму нярэдкаму метафарычнаму рашэньню. Але вось той таемны падзел, за якім пачынаюцца “кветкі ў вазонах” (герані, фікусы, азаліі і г. д.), я так і не спасьцігнуў. Можа, атрымаецца іншым разам?
Няўцямна таксама, з якою мэтаю, расшыхтаваныя па ўсёй кнізе разьдзелы-ўспаміны раману, нярэдка пачынаюцца такімі вось шаблоннымі канструкцыямі сказаў: “У маленстве я (мне)…”, “У дзяцінстве я (мне)…”, “У школе я (мне)…”, “У юнацтве мне…”. Ёсьць версія, што аўтар такім чынам пакідае чытачу права выбару для прачытаньня асобных разьдзелаў раману, не паглыбляючыся ў нетры “метафізічнага росшуку”. Увогуле, уражаньне ад успамінаў – спрэс станоўчае: добра ўспамінаць, калі ёсьць пра што (напрыклад, пра Горад, якога няма).
Элементы культуралагічнага эсэ, раскіданага плямкамі сьнегу на сакавіцкіх пляцах ды прасьпектах Жоўтага гораду, сапраўды ў кнізе прысутнічаюць. Яе мастацка-архітэктурны каларыт часам занадта навязьлівы; карынтаўскія калоначкі, аксанаметрыі, пілястры, абеліскі, медальёны, разэткі, псуюць там-сям уражаньне ад сапраўды добрага стылю раману. На маю думку, культуралагічнае эсэ і складае аснову гэтага раману, яго характар.
Дабраліся ўрэшце да “метафізічнага росшуку”. Калі ня ўлічваць уласна Метафізіка з хеўрай паплечнікаў (Любоў, Мудрасьць, Моц і гэтак далей), якія нахабна бадзяюцца ў сутарэньнях “Малой падарожнай кніжкі…” , дык іншыя, глыбока філасофскія, росшукі аўтара, схаваныя ў слоўным хмызу імёнаў бога-герояў, назоваў сьвятаў, нагодаў, каб піць, часам зусім застаюцца незаўважнымі для чытача. Але месцамі, пошук галоўнага сэнсу скіраваны на пераасэнсаваньне мінулага, таго, чаго болей няма. У такім разе аўтарская метафізіка абмяжоўваецца найчасьцей канстатацыяй стратаў, ды сьцвярджэньнямі адсутнасьці ўвогуле ўсяго: “Храм, якога няма. Краіна, якой няма. Народ, якога няма. Горад, якога няма. Востраў, якога няма” і г.д. Кодам жа гэтай песімістычнай адсутнасьці (ізноў Акудовіч!) выступае антыгорад – ілюзорны Горад Сонца, горад-прывід, у якім, тым ня меней, нарадзіўся аўтар, ягоныя дзеці, у які лепей уязджаць з захаду… даўжыня галоўнага прасьпекту якога 18 кіламетраў, і г.д. У ранейшых водгуках на кнігу сьцвярджалася, што “гэтая кніга — не чытво для пэсымістаў”. Цалкам згодзен, бо чалавеку, які ня мае станоўчага жыцьцёвага крэда ды творчага запалу, падасца, што соль Клінаўскай метафізікі ў смутку і жалю ад непапраўнасьці стратаў Гораду Сонца. Насамрэч гэта ня так.
Геапалітычную гісторыю прасторы складаюць спрошчаныя экскурсы ў гісторыю Утопіі, камунізму (гэткія “Кароткія курсы…” ў сучасным прачытаньні), гістарычныя паданьні Краіны Шчасьця і ўласна Гораду Сонца. Прычым, аўтарскае асэнсаваньне гістарычнага матэрыялу праз калейдаскоп метафар для шэраговага чытача хутчэй за ўсё будзе нагадваць шараду, а тым, хто знаёмы з гісторыяй ВКЛ, Беларусі і ўвогуле геапалітычнай “прасторы” – проста нецікава. Гэта менавіта тыя месцы ў кнізе, калі я карыстаўся закладкай, а “Малая падарожная кніжка…” хавалася на дно заплечніка да новага прыліву энэргіі… Кажуць, рыхтавалася кніга для нямецкага чытача… Але ж Богу – Богава, а беларусу – беларусава… Ой ня трэба было ў гэтым выданьні пакідаць кавалкі гістарычных экскурсаў.
Зьмест кнігі, які Акудовіч ахрысьціў “турыстычным даведнікам”,– праз сваю залішняю гульню ў метафары ня мае аніякай практычнай карысьці: бавячыся чытаньнем, нярэдка даводзілася бязладна кідацца з захаду на ўсход Гораду Сонца, блукаючыся ды блытаючыся сярод Палацаў, Пляцаў, Сьценаў, Прасьпектаў, Паркаў. Тут ня толькі бюргер-турыст, тут любы грамадзянін “Краіны Шчасьця” можа разгубіцца ды заблукаць. А ўрэшце ўвогуле нечакана высьветлілася, што гід-павадыр прапаноўвае экскурсію па маршруце, якога больш няма, па горадзе, якога ўжо няма, па краіне якой яшчэ няма. А яшчэ й такое можна знайсьці: “ Кожны глядач павінен быць уяжджаць у Горад толькі з заходняга яго боку” . Мне ж падаецца, наадварот, – з усходу, са сталіцы Утопіі ехалі: захад доўга заставаўся за жалезным парканам.
Але…
Як мантру, як заклён не стамляецца паўтараць Клінаў формулу “Утопія – Краіна Шчасьця – Горад Сонца”. Гэты назоў, які сустракаецца на старонках рамана амаль дзьве сотні разоў, дапаўняецца сінанімічным радам – Жоўты Горад, Сонечны горад Мрояў і ўрэшце проста Горад. Ці не перабор? Кажуць жа некаторыя: “Колькі не паўтарай “халва” – салодка ў роце ня стане”. А вось надакучыць можа… Можа яшчэ й таму, што ў многіх з нас ёсьць свой “Горад Сонца”?
Так сталася, што “Малая падарожная кніжка па горадзе Сонца” выйшла спачатку па-нямецку. Гэта нейкім чынам і тлумачыць асаблівую, часта неапраўданую ўвагу аўтара да Германіі, якая міжвольна (ці наўмысна?) прысутнічае ў самых розных месцах раману, нягледзячы на несупадзеньне геапалітычных прастораў. Колькі прыкладаў:
“прарока, які напісаў “Капітал” (с.23), “Яна мела мянушкі СС і Гестапа…(с.66), “Мы ня мелі нянавісьці да немцаў” (с.85), “Як ні дзіўна, але нам падабаліся і героі зь іншага боку…Нам падабалася гэтая прыгожая чорная форма, гэтыя строгія і стылёвыя эсэсаўскія строі…” (с.86), “У палаце пэрсаніфікаваных багоў былі й два вялікія немцы – Карл Маркс ды Фрыдрых Энгельс… На Алімпе прысутнічалі яшчэ некалькі немцаў: Карл Лібкнэхт, Роза Люксэмбург ды Клара Цэткін…” (с.165), “Мы рабілі якасна, з сапраўднай нямецкай грунтоўнасьцю” (с.168) і гэтак далей. Некалькі старонак прысьвечана гаўляйтэру Вільгельму Кубэ. Верагодна, так трэба было пісаць для “Sonnenstadt der Traume”. Верагодна, варта было нейкім чынам адаптаваць той нямецкі варыянт для беларускага чытача, каб пазьбегнуць залішняй дыдактыкі і гістарычных экскурсаў з папулярных падручнікаў.
Тым ня меней, як кажуць немцы: “Abgemacht!” – зроблена! Пакладзены пачатак беларускаму раману пра Менск, і гэта сапраўды добра. Добра спадзявацца і верыць, што “над Горадам Сонца зьзяла Сонца…яно было над Горадам заўсёды”. А яшчэ Артур Клінаў паведаміў у нейкім інтэрвію, што мае задумы напісаць яшчэ дзьве кнігі. Чакаем, Кампанэльля!