12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
«Мільярд удараў».
Размова пра кнігу Юрыя Станкевіча


Проза Юры Станкевіча не для тых, хто мае хісткія нервы. На ноч яе дакладна лепш не чытаць, вядома, калі вы не аматар апакаліптычна-парнаграфічных сноў. У нейкім гламурным выданьні (калі б такое існавала па-беларуску), дзе галоўны прынцып выкладу матэрыялу ў мінімальнай колькасьці знакаў поруч з клішавана кідкімі фармулёўкамі, проза Станкевіча непазьбежна была б параўнаная з шокавай тэрапіяй. Напэўна, у адносінах да яе стаяў бы яшчэ шэраг эпітэтаў, накшталт “мізантрапічная”, “песімістычная”, “цынічная”, а, можа, і “расісцкая”...
Кніга “Мільярд удараў” засмоктвае, асабліва калі казаць пра праграмную аповесьць – антыўтопію “Эрыніі”, выкананую ў лепшых традыцыях фантастычнае белетрыстыкі. Пры гэтым, чытаючы, разумееш, што наўрад бы за падобнае ўзяўся, калі б аўтар пісаў не па-беларуску (з прынцыпу “а ці нам слабо?”). Не, нацыянальнае аўтару баліць, але, выглядае, ён даволі скептычны што да мажлівых персьпектываў. Больш за тое, пры перакладзе, скажам, на расейскую многія творы Станкевіча маглі б мець немалы посьпех, і ня толькі ў беларускага чытача трылераў ды экшнаў. Але тое ня ёсьць самамэтай аўтара.
Проза Станкевіча шырэй за “шырпатрэб”. Аўтара цікавіць перадусім перадача, як той казаў, псіхалагізму абставінаў і персанажаў у іх. Яго можна назваць прадаўжальнікам традыцыяў экзістэнцыялізму, але ў значна меншай ступені канцэптуальнага, параўнальна, напрыклад, з Васілём Быкавым. Калі быкаўскія героі, пастаўленыя ў экзістэнцыйную сітуацыю, маюць праблему выбару між ганьбай і захаваньнем жыцьця, то станкевічаўскі герой, трапіўшы ў пастку зламанага ліфта, перарэзвае сабе вены. Падаецца, шмат у чым прозу Станкевіча можна разглядаць як кіч экзістэнцыялізму. Хаця, параўноўваючы, прыкладам, п’есу “Гарпіі” і “фантастычны аповед” Быкава “Інтэграцыя”, знойдзем агульны падыход да тэмы...
Агульны пафас “Эрыніяў” перагукаецца са словамі слаўназнанага агента Сьміта з “Матрыцы”, які параўноўвае чалавецтва з вірусам, што з шалёнай хуткасьцю памнажаецца, паглынаючы планету, каб урэшце зьнішчыць яе. Ю. Станкевіч не дае адказаў на тое, як пазьбегнуць сусьветнае катастрофы, але таго й не вымагае абраны жанр антыутопіі (маўляў, раней трэ было думаць). Тут змадэляваны працэс пераўтварэньня чалавека разумнага ў “чалавека бесклапотнага”, а пасьля – у малпу. Працэс, згодна з аўтарам, незваротны (дзея адбываецца ў 2036 годзе). Лейтматывам аповесьці праходзіць ідэя асуджанасьці чалавецтва на самаразбурэньне. Словамі свайго персанажа Крэза аўтар даводзіць, што тое ёсьць вынікам чалавечага абжорства і распусты, якія спарадзіла... дэмакратыя. Яна адабрала ў еўрапейца волю да ўлады, жорсткасьць і моц. Гэтая ідэя кантрастуе з апісаным у другой аповесьці кнігі механізмам падаўленьня індывідуальнага і нацыянальнага ў беларускай савецкай школцы.
У “Эрыніях” асабіста мне бракуе не адказаў і нават не аптымізму ці промня надзеі, але – гумару. Ну, хоць якое іроніі (самаіроніі). Адзін іранічны сімвал, алюзія з сёньняшнім днём маглі б выратаваць ад агульнага змрочна-прарочага тону ў “Эрыніях”. Ну, хай бы ў дыскаграфіі Крэза знайшліся рарытэтныя запісы якогась NRM’у. Альбо Сьлядак, едучы ў цягніку, праслухоўваў забароненыя аўдыёкнігі (ну хіба не пражывуць творы Быкава яшчэ 30 гадоў?). Няхай бы чытач хоць раз пасьміхнуўся, адпачыў ад суцэльнага “сур’ёзу” ды ціску немінучага апакаліпсісу. У гэтым сэнсе п’еса “Гарпіі” і саркастычнае апавяданьне “Тэрыторыя шчасьця” (а ў апавяданьнях Станкевіч, як на мяне, выявіўся большым майстрам, чым у тэкстах буйнога жанру) няхай і праз скрушлівы, “чорны”, гумар успрымаюцца сьвяжэй.
Станкевіч правакуе, эпатуе, часам шакуе... Але колькі б цэтлікаў ні спрабавалі навешваць на яго прозу, тое занятак бессэнсоўны, бо яна – розная. Не, у ідэйным сэнсе паўтораў шмат. Катэгарычнасьць і пэўная дэкларатыўнасьць часам могуць раздражняць. І ўсё ж сярод вышэйшых вартасьцяў празаіка – уменьне перадаць пачуцьцё (як вядома, з узростам сьвежасьць пачуцьцяў прытупляецца), прымусіць пражыць частку жыцьця разам з героямі. Чытаўшы апавяданьне “Мільярд удараў” (эх, на сон, дарма, дарма!), напраўду адчуў клаўстрафабічную жуду. Цяпер ліфтамі стараюся не карыстацца.
Анатоль Івашчанка.

Тася Бацькава: літаратурны крытык.
Хаос па правілах і без
Ці ня хочацца вам адчуць мільярд удараў? Калі раптам захочацца, пачытайце аднайменную кнігу Юрыя Станкевіча, якая выйшла ў гэтым годзе ў “Галіяфах”. У томіку сабраныя дзьве аповесьці, апавяданьні і п’еса. Па праўдзе, мне хапіла і прозы, таму драматургію я пакінула без увагі (ды і не люблю чытаць драматычныя тэксты) – нахапалася ўражаньняў ад лакальна-сусьветных катастрофаў і суцэльнага хаосу ў аповесьцях і апавяданьнях.

Катастрофа адбылася яшчэ ў першай аповесьці кнігі (“Эрыніі”) – другі Чарнобыль, пасьля якога ў мастацкую прастору Ю. Станкевіча прыйшлі хаос і дысгармонія. Людзі страцілі ці ня ўсё чалавечае, нешматлікая эліта зьнішчаная; сьвет ператварыўся ў суцэльны бруд, гвалт і зьдзек. Але ў гэтым хаосе яшчэ існуюць праваахоўныя органы...
І вось з Мегаполісу ў Паселішча, разглядаючы ў вузкае акно цягніка пустынныя краявіды, едзе Сьлядак па справе дзіўных забойстваў (так, усё ўмоўна, таму неканкрэтна). Родныя яго загінулі: бацькі – ад эпідэміі, сястру згвалтавалі і забілі. Сьлядак не падобны на іншых насельнікаў мастацкага сьвету твору: чалавечае ў ім яшчэ жыве, ён здольны адчуць шчасьце, апынуўшыся ўдалечыні ад Мегаполісу, ля берага возера, здольны разважаць, разумець, шукаць і знаходзіць. Але дзіўнага хапае і ў гэтым персанажы. Ну вось хаця б тое, што гіганцкія белыя птушкі з выцягнутымі шыямі асацыююцца ў яго з варонамі. Магчыма, пасьля катастрофы нават вароны зьмяніліся да непазнавальнасьці.
І вось усё ў мастацкім сьвеце “Эрыній” нейкае пачварнае, ненатуральнае. Нават лета засьпякотнае, лістота на дрэвах счарнелая і трава высахлая. Людзі раптоўна паміраюць ад неймавернай гарачыні. Па берагах возера, вуліцах Паселішча – “шпрыцы з рэшткамі крыві і сьмецьця”. Жахлівы пейзаж! А яшчэ – паўсюль бязладдзе, выхаваўча-працоўныя прадпрыемствы, сьмецьцевыя звалкі, жоўта- і цёмна-скурыя скрозь у тату, блатны слэнг, сьпітыя твары, дамы-баракі, плантацыі, сельскагаспадарчы кластэр, забаўляльны комплекс у будынку школы... Нават чароўны востраў, дзе жывуць і ўчыняюць сваю помсту эрыніі, – скрозь балоты. Людзі тут паважаюць толькі сілу і зброю. Адзін з герояў так і гаворыць: “Жыцьцё – гэта бруд. Няма чаго і бачыць”. “Гісторыя павярнулася назад” – вось у чым катастрофа. І такі ня надта аптымістычны погляд на час, калі Шапенгаўэр стане ўжо старажытным філосафам, – на нашую з вамі будучыню – захаваецца і ў апавяданьнях. Таму калі ў вас ружова-прыўзьняты настрой, пакіньце чытаньне пра падзеі дзьве тысячы трыццаць шостага году на перыяд дэпрэсіі ці абыякавасьці да жыцьця.

А другая аповесьць, “Партрэт выпускніка на фоне адлігі”, рэч зусім іншая, праўда, шпрыцы ў гарадскім парку і памыйка за школай яшчэ нагадваюць чытачу пра бруд і хаос “Эрыній”.
З чатырох аднакласьнікаў, выпускнікоў дзявятага класу, погляд аўтара спыняецца на Ігнаце Канюкове. Герой – гуманітарый, які любіць чытаць і чытаць шмат, працягвае навучаньне ў вячэрняй школе і адначасова працуе на фабрыцы. Ігнат піша “амбіцыйныя” сачыненьні, выклікае настаўніцу на дыскусіі, тлумачыць этымалогію свайго прозьвішча, ужываючы лацінскія назвы, чытае Салжаніцына і цытуе рускага графа Растопчына.
Урэшце партрэтны жанр (як заяўлена ў назьве) не вымагае падзейнасьці. І гэта насамрэч зусім іншы, у параўнаньні з “Эрыніямі”, мастацкі падыход. Па-першае, абраны для аповеду час – мінулае, ня будучыня, і фантастыкі тут не патрабуецца; па-другое, канкрэтыка ў імёнах, месцах, установах (чаго ў кнізе ня так і шмат). Сітуацыя не адчуваецца як наўмысна змадэляваная, як тое было ў першай аповесьці ці ў апавяданьнях.
Ігнат, галоўны герой “Партрэту...”, усё вымярае кнігамі, нават жытло сваіх сяброў: якое б прывабнае ні было, але калі з кніг там толькі падручнікі і дэтэктывы... (Дарэчы, Астапковіч – адзін з тых чатырох аднакласьнікаў, што вырашылі сысьці са школы пры першым зручным выпадку, – згадвае пра магчымасьць наняць рэпетытара, каб падвучыцца перад паступленьнем у інстытут. Няўжо ў той час ужо ведалі такія словы?..)
Па сутнасьці, гэтая аповесьць ёсьць замалёўкай з жыцьця вячэрняй школы, гісторыяй узаемаадносінаў вучня і маладой, ня самай лепшай, замужняй настаўніцы. У кожнага з іх сваё месца ў сэрцы для каханьня. У рэшце рэшт, усё гэта жыцьцёвае, і салодкага хэпі-энду не атрымліваецца, ды Ю. Станкевіч да яго і не імкнецца як тут, так і ў апавяданьнях.
Падзейнасьці, як і варта было чакаць, асабліва няма.

Ці ня ўсё ў “Мільярдзе ўдараў” будуецца на анамальнасьці, звышнатуральнасьці ці псіхалагічнай сітуацыйнай завостранасьці: Мегаполіс пасьля катастрофы, сны, што збываюцца пасьля расповеду, чалавек-мутант, што бегае хутчэй за аўтобусы і цягнікі, звышпадабенства героя са знакамітым Чэ, камета, што прамаўляе, і г.д.; удава, што церпіць выхадкі прыёмнага сына і яго сяброўкі, мужчына, які вар’яцее ў спыненым ліфце... Героі Ю. Станкевіча – не выбітныя асобы, не высокаінтэлектуальныя, заглыбленыя персанажы. Некаторыя ведаюць штосьці з Кастанэды, некаторыя баяцца вакзалаў, некаторыя маюць імя, але збольшага гэта “чалавекі па імені”, а таму самое імя не іграе аніякай ролі. Хутчэй, калі б вы сустрэлі іх у рэальным жыцьці, то не зьвярнулі б на іх увагі.
Пісьменьнік аддае перавагу сітуацыям-мадэлям, а таксама замалёўкам са школьна-студэнцкага жыцьця. Так, Станкевіч мадэлюе, але яго мадэлі-сітуацыі самыя простыя. Толькі ў іх, як у пастку, адразу трапляюць героі: чалавек атруціўся і, апынуўшыся ў шпіталі, закахаўся ў сваю доктарку; выйшаў ад палюбоўніцы, а ліфт спыніўся між паверхамі; ня здаў залік – і вымушаны ісьці да выкладчыка ў інтэрнат; закахаўся – і прымае ўдзел у шоў, каб зарабіць для Яе грошы; ехаў у камандзіроўку – сустрэў былую аднакласьніцу; паехаў да стрыечніцы ў горад і высьветліў, што трапіла яна ў сапраўднае балота... У гэтыя мадэлі-сітуацыі аўтар уводзіць героя-мадэль, не абцяжаранага залішняй філасофіяй і адукацыяй, але гэтыя простыя сітуацыі ці даводзяць гэтых “чалавечкаў” да ступару (“Сястра мая, Сьвета”) ці наогул забіваюць іх (“Мёртвая кропка”, “Мільярд удараў”, “Вельмі смачная рыба фугу” і інш.). Вось толькі герой “Стрыечніцы” пачынае дзейнічаць, але аўтар наўмысна абрывае аповед, так і не паказаўшы чытачу вынік: галоўнае, што герой здолеў зрабіць такі крок, маленькі, але ўчынак, не застаўся абыякавым.
Толькі калі вы, усё ж ткі, шукаеце прозы пачуцьцёвай, псіхалагічнай, лірычнай, тонкай – гэта ня той выпадак. А калі хочаце сучасных прыпавесьцяў і замалёвак з таго, былога студэнцка-школьнага жыцьця – калі ласка, гэта вашая кніга. Хаос і наступствы другога Чарнобылю вам гарантаваныя.

Міхась Южык: празаік, літаратурны крытык:

Сьлёзы скрозь сьмех
Беларускія празаікі страшэнна захопленыя сабой. Сказаць ім добрае слова пра калегу – што сабе руку адсекчы. Яны зазвычай і не чытаюць адно аднаго. А калі ўжо апускаюцца да гэтага нізкага занятку, то найчасьцей – з пачуцьцём грэблівасьці і чуйнай рэўнасьці. Таму трэба мець нешараговы талент, каб прымусіцькалегаў пра цябе гаварыць.
Юры Станкевіч – з тых нешматлікіх сучасных беларускіх празаікаў, каго чытаюць і абмяркоўваюць. Незалежна ад таго, любяць ці не. Часьцей нават ня любяць. Асабліва людзі з рамантычным складам мысьленьня (аматары Караткевіча) і... феміністкі. Чуў ад жанчын, што іх абурае грубае стаўленьне аўтара да іхняга полу, маўляў, не знаходзіць ён у іх належнай душэўнай глыбіні, а полавыя стасункі апісвае выключна тэхналагічна. Тут можна спрачацца, але пэўная рацыя ў гэтым ёсьць: Станкевіч – не для рамантыкаў, а для жадаючых разабрацца ў жыцьці, намацаць ягоную сутнасьць, у якой бы гаркоце яна ні паўстала.
За апошні год я купіў толькі дзьве кнігі прозы беларускіх аўтараў. Ды і тое адна, мінчанкі Алены Паповай, рускамоўная. Другая ж – Станкевічаў “Мільярд удараў”. Абедзьве кнігі я набыў пасьля прачытваньня іх твораў у перыёдыцы. Словам, талент не схаваеш. Хоць падчас чытаньня і Паповай і Станкевіча хацелася больш спрачацца, чым згаджацца.
Парадокс у тым, што чым больш са Станкевічам спрачаешся, тым азартней хочацца яго чытаць. Не прыгадаю ніводнага яго аповеду, які б не хацелася дамалаціць у адзін прысест. У чым жа сакрэт? Падаецца, у ідэйнай напоўненасьці твораў, нягледзячы на ўсю іх грубасьць і нахабны сарказм. Ідэйнасьць па сёньняшнім часе – штука рэдкая, можна сказаць, эксклюзіўная. Большасьць беларускіх празаікаў “новай хвалі” – банальныя папсавікі, іх творы нагадваюць грыбы-порхаўкі, калі не паганкі. Таму і заглыбляцца ў тыя “грыбы” ня хочацца, каб не апырскацца іхнім чыхлівым пылам, або не атруціцца зусім. Такім аўтарам нішто ўжо не баліць, бо яны самі поўныя атрутай. Той жа, каму не баліць, – ніколі ні з чым не змагаецца праз свае творы, а адно самавыражаецца і забаўляе.
Станкевіч жа абсалютна рэальна і відавочна ваюе з навакольным дзярмом, жыць у якім “душа паэта” ня ў змозе. Прымітывізм яго тэкстаў, які адзначаюць некаторыя крытыкі, – гэта насамрэч вылучэньне напаказ самых брыдкіх і выродлівых праяў нашага побыту, побыту сучаснага еўрапейскага чалавека.
“Нашая цывілізацыя дагнівае знутры, яна неўзабаве лясьнецца!” – б’е ў набат Станкевіч у сваіх шчырых аповедах, а дасьведчаныя крытыкі, вывучаныя на Коласе ды Шамякіне, працягваюць абурацца грубаму натуралізму ягоных твораў. “Зашмат агідных сцэнаў! – па-старэчы бурчаць яны. – Выявіце нам прыгажосьць, любіць хараство жыцьця навучыце!” Дык хай бы тады працягвалі чытаць паэтычнага Караткевіча – там усяго гэтага прыгожага і натхнёнага аж пад завязку. Толькі ці праўдзівая тая Караткевічава прыгажосьць?
Юры Станкевіч з гогалеўскай упартасьцю працягвае даводзіць нам, якія мы брыдкія (а нягеглыя з твару ці любяць глядзецца ў люстэрка?). Мы ж з ня меншай упартасьцю зарываем галовы ў пясок, аддаючы, зрэшты, рэчаіснасьці нашы... скажам так, сьпіны ў бязьмежнае карыстаньне.
Героі аповесьцяў і апавяданьняў, што паўстаюць перад намі ў кнізе “Мільярд удараў”, гэта ня столькі людзі, колькі тыпажы нашых сучасьнікаў. Нават тады, калі Станкевіч піша пра шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, пра час хрушчоўскай “адлігі” (“Партрэт выпускніка на фоне “адлігі”), ён экстрапалюе тагачасныя праблемы на сучаснасьць. Тыпы ж яго герояў трывалыя і нязьменныя ў любым часе. Гэта найчасьцей людзі, у якіх адабралі веру, пазбавілі высокай ідэі. Хто пазбавіў? Рэчаіснасьць, і толькі яна – так вынікае з філасофіі аўтара. Таму адзінай вартай ідэяй выпускнікоў школы 60-х гадоў зьяўляюцца ўцёкі за мяжу – праз Фінляндыю на блаславёны Захад. Утапічная, нерэальная, асуджаная, як заўсёды ў Станкевіча, на паразу ідэя. Але без яе жыцьцё тых выпускнікоў, і без таго бязрадаснае, будзе зусім ужо пеклам.
Бессэнсоўнасьць існаваньня абываталяў, што вандруюць у аўтара з твору ў твор, уражвае і гняце чытача. Вось чалавек “па імені дойлідаў” (“цацка ад творцы”) ад сваёй унутранай пустэчы зьвіхнуўся на глебе набліжэньня да зямлі каметы, пра што паведамілі ў навінах, якія ён млява глядзеў. Дойлідаў (у аўтара – з маленькай літары) імгненна ажывіўся і літаральна захварэў ідэяй каметы. Усё яго жыцьцё засяродзілася на ёй. Бядак кінуў хадзіць на працу і суткамі пільнаваў камету з балкону. Пакуль, зразумела, ня шухнуў долу. Абсалютна тыповы канец для твораў Станкевіча. Бо апакаліпсіс – гэта больш нездаровы ўнутраны стан, чым зьнешняе атачэньне, якое ў творах аўтара не фатальнае, а трагікамічнае. Незайздросна, напэўна, скончыць сваё жыцьцё і мастак Арцём Ліс (“Вельмі смачная рыба фугу”), якога ўсё тая ж адсутнасьць сэнсу жыцьця штурхае да бязглуздай рызыкі і самаразбурэньня. Ён маніякальна жадае паспытаць ядавітай рыбы, што падаецца ў рэстаране за шалёныя грошы як заморскі далікатэс. А вось чалавек “па прозьвішчы Цьвіль” з апавяданьня “Клон Чэ і ягоная жонка” зьязджае з глузду на фоне свайго падабенства са славутым Чэ Геварам. Чалавека даймае верад сваёй несамадастатковасьці, і ён хоча пражыць лёс героя. Канец, зразумела, трагічны ня толькі для яго, але і для навакольных. Адметна, што Станкевіч ні ў чым не вінаваціць сваіх герояў. І не пацьвельвае. За зьнешнім нейтралітэтам аўтара, аднак, бачыцца спачуваньне ім як вінцікам магутнага бязьлітаснага механізму. Адсюль і манера называць іх “чалавек па імені”, “чалавек па прозьвішчы”. А далей, паважаны чытач, падстаўляй сюды любога, хоць самога сябе – магчыма, і не памылішся.
Ёсьць у кнізе і апавяданьні кшталту сцэнак з рэальнага побыту сучаснага беларуса (“Забілі негра”, “Сястра мая, Сьвета”, “Настаўнік сьпеваў і цемра” ды інш.), дзе героі як быццам не вар’яцеюць, але да гэтага вельмі блізкія, бо рэчаіснасьць іх, мякка кажучы, ня песьціць. Вось звычайная, здавалася б, сітуацыя: маці, удава, ня можа ў адзіночку справіцца з бэйбусам-сынам і яго нахабнай сяброўкай (“Яйка зязюлі павінна быць выседжана”), якія зашываюцца ў сынавым пакоі і там... нешта непатрэбнае робяць. Выхаваная на патрыярхальных традыцыях жанчына – у зьбянтэжанасьці і смутку. Далей наступ маладых на яе псіхіку і побыт робіцца незваротным. Калі ў доме завялася гніль, то менавіта яна і будзе весьці рэй і перамагаць – такая логіка жыцьця”, – не бяз долі рацыі пераконвае нас аўтар. Мяркую, кожны ў сваім жыцьці калі не сутыкаўся, то мае шанец сутыкнуцца з нечым падобным. І фраза з апавяданьня: “Двое моцных маладых цел, не абцяжараных аніякімі маральнымі вартасьцямі. І ёй супраць іх – ня выстаяць”, – толькі на першы погляд здаецца не па-мацярынску эгаістычнай. У жыцьці, чытач, часта бывае, што ня ўсе дзеці – дзеці, а ня ўсе маці – маці. Сапраўднасьць, на жаль, часьцяком далёкая ад пастулатаў Старога Запавету.
Цэнтральным творам кнігі мне падалася аповесьць “Эрыніі”, дзе ў форме антыўтопіі малюецца карціна ўжо ня толькі ўнутранага, а і зьнешняга апакаліпсісу. Паказана наша тэрыторыя ў будучым, дзе пануе чалавечая супольнасьць, толькі вонкава падобная да людзей. Маральных каштоўнасьцяў практычна няма. Ёсьць толькі Закон, які з-за адсутнасьці маральных тармазоў у галовах выконваецца са скрыпам і трэскам. Белая раса патрапляе пад уплыў іншых, больш жывучых і агрэсіўных рас. З ежай праблемы. Са здольнасьцю жанчын нараджаць – таксама. На вуліцах і ў трушчобах царуе гвалт, наркотыкі і цынічны секс. Рэшткі людзей белай расы пакідаюць свае кварталы толькі на верталётах. Асабліва кепскія справы з Законам у Правінцыі, куды з Мегаполісу і накіроўваецца Сьлядак, каб навесьці нейкі парадак. Гэты нібыта станоўчы герой таксама пазбаўлены (а куды ён падзенецца, з ваўкамі жыць...) асаблівых маральных асноваў. Яму падкладваюць у гасьцініцы прастытутку – ён цынічна ёй карыстаецца як нейкай зубачысткай, а чаму не? Сьлядак – гэта чалавек бяз роду і племя, і станоўчы ён толькі таму, што выконвае сваю функцыю ахоўніка правапарадку. Што ўжо казаць пра астатніх герояў аповесьці! Гэта істоты, якія бадзяюцца па зямлі таму, што іх нехта жыцьцём пакараў. Такі праект будучыні, паказаны Станкевічам, ужо даўно, трэба прызнаць, прапагандуецца на ўвесь сьвет Галівудам з блакітных экранаў. Так што сама па сабе аповесьць мяне не шакавала. Балюча толькі, што гэта, паводле аўтара, адбудзецца на тэрыторыі, па якой мы так любім хадзіць.
Агідныя натуралістычныя сцэны, што апісваюцца Станкевічам амаль у кожным аповедзе, мяне зусім не бянтэжаць, бо, па-першае, строга ўкладваюцца ў стрыжневую ідэю ягонай творчасьці, а па-другое, носяць не разбэшчвальны, а выхаваўчы характар. Аўтар іх не смакуе, а імі гідзіцца. У гэтым яго адрозьненьне ад нашых аматараў паказу разнастайнай “клубнічкі”, якія, пэўна ж, самі прыходзяць ад яе ў юрлівы экстаз. Мараль у творах Станкевіча ня проста прысутнічае, яна часам зашкальвае і пераходзіць у “маралітэ”, чаго сучасны прасунуты чытач ня будзе вітаць.
Варта яшчэ зазначыць, што абвінавачваньні некаторымі крытыкамі аўтара ў яго нядбайнасьці да слова, неакуратнасьці ў апісаньні побытавых дэталяў падаюцца мне непісьменнымі і бязглуздымі. Такую прозу значна цяжэй пісаць, чым традыцыйны рэалізм, якім поўніцца беларуская савецкая літаратура. У рэалістычным ключы “пад Талстога” сяк-так накрэмзае любы графаман, якога вывучылі на філфаку прыгожаму і высокаму. Напіша, вядома ж, кепска, але напіша. У стылі ж Станкевіча ён будзе бясьсільны, таму што тут трэба апераваць ужо сімваламі і вобразамі, а для гэтага патрэбна нешараговая фантазія і пачуцьцё меры. Параўноўваць Станкевіча з Шамякіным – усё адно што параўноўваць Ван Гога і Рэмбрандта. Абсалютна розныя школы мастацтва, спосабы выяўленьня.
У тэкстах Юры Станкевіча відавочна прысутнічае іронія, а гэта заўсёды зьяўляецца крытэрам таленавітасьці. Маляваць апакаліпсіс і пры гэтым па-гогалеўску ўсьміхацца – такое могуць адзінкі. Іронія, якой нідзе не навучаць, акрамя лабараторыі Госпада Бога, стварае поліфанічнасьць гучаньня твораў, не дае ім зрабіцца плоскімі ў чытацкіх вачах. Сьмех скрозь сьлёзы? Не, хутчэй – сьлёзы скрозь сьмех, што бачацца мне ў творах Станкевіча, якраз і прымушаюць іх з цікавасьцю чытаць, з імі спрачацца, пра іх разважаць, не ўпадаючы ў маркоту.
Станкевіч чалавек мужны. Бо проза такога кшталту (страшэнна песімістычная на першы погляд) кідае цень і на самога аўтара, у сэнсе спараджае пагалоскі ў яго неадэкватным успрыманьні жыцьця, а часам – і ў псіхалагічных комплексах... О, бедныя шызафрэнік Гогаль з эпілептыкам Дастаеўскім, як жа ім гэтыя псіханеўрозы нашкодзілі ў творчасьці! Замест таго, каб проста жаваць і наталяцца сабой, гэтыя ідыёты марнавалі паперу сваім бурклівым трызьненьнем...
Высокая літаратура, у адрозьненьне ад пошлай белетрыстыкі, заўсёды пратэстуе і баліць страшным болем. Не сумняваюся, што Станкевіча будуць чытаць наступныя пакаленьні. Калі, праўда, згодна канцэпцыі самога аўтара, на нашай тэрыторыі не запануюць іншыя расы.