12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леаніла Бортнік

_____________________
"Божа, як жа цяжка было на душы!"
Мая проза жыцьця



У Смалявічах на Меншчыне жыве 83-гадовая Леаніла Аляксандраўна Бортнік. Беларуская патрыётка, шчырая верніца. Яна доўга не давярала паперы гісторыю свайго жыцьця, поўнага пакутаў і выпрабаваньняў. Толькі ў кастрыч­ніку 2005-га Леаніла Бортнік занатавала, часам схематычна, тое, пра што марыла, што перажыла, згадала пра лю­дзей, якіх сустракала на сваім жыцьцёвым шляху. Рукапіс пад назвай “Мая проза жыцьця” яна даверыла рыхтаваць да друку мне. У ім нямала вельмі кранальных эпізодаў. Прыкладам, Леані­ла Аляксандраўна прыгадвае, як ёй і яе сяброўцы спачатку не спадабалася Віленская беларуская гімназія, выкладаньне па-беларуску, і яны зьбіраліся пасьля вакацыяў не вярнуцца туды. Аднак славутая настаўніца Алёна Сокалава-Лекант здолела дастукацца да іх сэрцаў, дапамагла ўсьвядоміць сябе беларускамі, палюбіць родную мову. Беларушчына засталася з Леа­нілай Бортнік на ўсё жыцьцё.
Гадаванцы Віленскай беларускай гімназіі мусілі стаць у будучыні нацыянальнай элітай, будаваць і ўмацоўваць беларускую дзяржаўнасць. Аднак многіх з іх чакаў іншы лёс — турмы НКВД, этапы, канцлагеры. Леаніла Бортнік двойчы трапіла ў ГУЛАГ. Першы раз яе арыштавалі і асудзілі за сяброўства ў СБМ, другі раз — за мужа, які браў удзел у беларускім антысавецкім супраціве.
Леаніла Барадзіна ўзяла шлюб з Георгіем Бортнікам, сынам праваслаўнага сьвятара, у верасьні 1947 году. Ён быў на год маладзейшы за яе. Георгі скончыў духоўную семінарыю ў Жыровічах, быў высьвечаны на сьвятара, служыў у вёсцы Забор’е на Глыбоччыне, дапамагаў бацьку. І адначасова быў кіраўніком антысавецкай падпольнай арганізацыі.
Як і Леаніла, Георгі вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Падчас нямецкай акупацыі быў сябрам СБМ. У 1944 г. яго вывезьлі ў Нямеччыну. Там ён уступіў у беларускую падафіцэрскую школу, стаў сябрам Беларускай Незалежніцкай Партыі. У канцы 1945 году, як рэпатрыянт, ён вяртаецца на Бацькаўшчыну — ў Пліскі раён Полацкай вобласьці (цяпер — Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці), дзе жылі бацькі. Адначасова з Бортнікам вярнуліся па рэпатрыяцыі яшчэ чацьвёра маладых вайскоўцаў, раней завербаваных ім у БНП. Група Бортніка неўзабаве ўлілася ў падпольную арганізацыю “Саюз Барацьбы Супраць Камунізму”.
Пасьля гібелі ў 1948 годзе ў перастрэлцы з супрацоўнікамі МГБ кіраўніка “Саюзу Барацьбы Супраць Камунізму” Пятра Шыпка, Бортнік ачоліў арга­нізацыю. Яна займалася агітацыяй і прапагандай праз выпуск улётак, якія складаліся па матэрыялах перадачаў заходніх радыёстанцыяў. Адначасова Г.Бортнік падтрымліваў сувязь з нейкім беларускім партызанскім атрадам. У 1950 годзе Бортнік быў арыштаваны і асуджаны на сьмерць. У канцы 1951-га арыштоўваюць і яго жонку Леанілу. Нягледзячы на тое, што дома засталіся два маленькія сыны, яе асудзілі на 25 гадоў лагероў...
У пачатку 90-х Леаніла Бортнік спрабавала дамагчыся рэабілітацыі мужа. У красавіку 1991 году з Віцебскай пракуратуры прыйшоў адказ: “Вина Бортника подтверждается материалами дела. По приговору Военного трибунала от 10 августа 1951 года был осужден за измену родине к высшей мере наказания — расстрелу. В деле имеются данные, что приговор приведен в исполнение 1 ноября 1951 года. Оснований для постановки вопроса о пересмотре дела и реабилитации Бортника Г. В. не имеется. Ваше заявление оставлено без удовлетворения”.
Перакананы, што ўспаміны Леанілы Бортнік нікога не пакінуць абыякавымі. Яе лёс і лёс яе сям’і — гэта адлюстраваньне пакутлівага шляху, па якім ідзе Беларусь. І паколькі Георгі Бортнік, як і тысячы іншых удзельнікаў беларускага супраціву, яшчэ не рэабілітаваны, значыць шлях да вольнай і незалежнай Беларусі пройдзены не да канца.
Сяргей ЁРШ.


1. Вёскі Касута і Княгініна. 1923-1932 гг.
Я, Бортнік Леаніла Аляксандраўна, нарадзілася 5 лістапада 1923 году ў вёсцы Касута на Вілейшчыне ў былой Маладзечанскай вобласьці ў сям’і псаломшчыка Аляксандра Вікенцьевіча Барадзіна. Вёсачкі гэтай ужо даўно няма на карце, яна зьнесеная з зямлі. У 1924-м бацькі з сям’ёй пераязджаюць у вёску Княгініна Вілейскага павету. Той час я ўжо добра памятаю. Вёска была невялікая. Тата там таксама быў псаломшчыкам. А паколькі ў яго ад прыроды быў добры голас (тэнар), ён кіраваў хорам і сам у ім сьпяваў.
У сям’і жыла бабуля (маці бацькі), якая гаварыла выключна на беларускай мове і была абсалютна непісьменнай. Яна шмат ведала беларускіх песьняў і добра сьпявала. У мамы таксама быў добры, моцны голас – альт. Добрыя галасы былі і ў дзьвюх сясьцёр таты, у той час яшчэ незамужніх дзяўчат. Цётка Надзя – альт, а цётка Алімпіяда – сапрана. Тата ў той час ужо ведаў нотную грамату і пісаў царкоўныя нотныя напевы. Перапісваў партытуры, для кожнага голасу паасобку (сапрана, альт, тэнар, бас). Ён валодаў скрыпкай і мог кожную партыю разабраць самастойна. А разабраўшы, вучыў сваіх сясьцёр і жонку.
Мяне заўсёды вадзілі ў царкву на службу. Хор быў чатырохгалосы. Мне падабалася слухаць царкоўныя малітвы ў выкананьні маіх родных, якія былі вядучымі ў хоры. І пры першым царкоўным звоне я ўжо сама бегла ў царкву. Мне было чатыры ці пяць гадкоў.
Удзень усе працавалі на гаспадарцы. Была ў нас карова, пару сьвіней. Хадзілі з цёткай Надзяй на могілкі альбо на панскую зямлю і, крадучыся, рвалі траву ў мех. Быў свой агарод. Ля хаты было шмат кветак, кустоў бэзу, ружаў, язьміну. Рос невялікі клёнік пры ўваходзе ў двор, на якім вясной было шмат хрушчоў. Я трасла гэты клёнік, і жукі з яго сыпаліся мне на галаву. Было радасна і сьмешна.
Недалёка ад хаты расьлі вялікія, прыгожыя бярозы, а на вуліцы, насупраць хаты, пяць вялікіх таполяў. Адно дрэва было крывое і пахілае, па ім я з іншымі дзецьмі вельмі любіла лазіць.
Брамка на вуліцу была заўсёды зачыненая. Адчыніць яе мне яшчэ не хапала сілаў, і я вылазіла праз жэрдкі, якімі была агароджаная нашая сядзіба. Бегалі мы з дзецьмі босыя па вуліцы, па белым і вельмі мяккім пяску.
Памятаю сьвята Тройцы (Сёмухі), калі ля ганку ставіліся зялёныя бярозкі (прывезеныя з лесу), а падлога ў хаце пасыпалася пахучым аерам. Кожную суботу ў хаце мылася падлога, апырскваліся вазоны, якіх было вельмі шмат у пакоі (фікусы, алеандры, клёнікі, кактусы, мірты ды іншыя), засьцілаліся саматканыя ходнікі на вымытай драўлянай падлозе.
У нядзелю ўсе людзі адпачывалі, ніхто нідзе не рабіў ніякай працы. Усе ішлі ў царкву, а пасьля сядзелі на лавачках ля кожнай хаты, гаманілі. Ня памятаю, каб хтосьці быў п’яны. Ня чулі мы матаў, лаянкі ні ў доме, ні на вуліцы.
Вечарамі ў буднія дні ўсе былі чымсьці занятыя. Тата ў пакоі на скрыпцы разьбіраў ноты. Бабуля ткала кросны. Цётка Надзя на машыне нешта шыла, то сарочкі ніжнія з ільнянога радна для нас траіх, то яшчэ што. Цётка Алімпіяда вышывала, а мама дапамагала на кухні бабулі гатаваць альбо нешта шыла. Калі ўсе разам былі ў спальні, пачыналі сьпяваць. Прыходзіў тата са скрыпкай, граў. Сьпявалі беларускія, расейскія, украінскія песьні. Усе нешта рабілі і ўсе сьпявалі – не маўчалі.
Да цяперашніх гадоў у маёй памяці ўсе тыя песьні...
Тата вучыў мяне чытаць па-расейску і па-стараславянску некаторыя малітвы. І пакуль мне трэба было ісьці ў пачатковую школу, я навучылася чытаць.
Школа была польская. У ёй я пасьпела скончыць першы клас. У 1931 годзе тата ўжо быў дыяканам. Яго перавялі на службу ў «мястэчка з пяці вуліцаў» Турэц, што недалёка ад Міру і Карэлічаў.


2. Турэц. Вільня. (Дзяцінства, юнацтва, першае каханьне).
Калі мы пераехалі ў Турэц, тата пачаў службу ў прыгожай белакаменнай царкве, якая стаяла на горцы, вакол яе стаялі высозныя дрэвы. Побач быў вялізны сад, дзе расьлі аграмадныя яблыкі. Ля самай горкі стаяла невялікая старэнькая хацінка, дзе жыў глухі званар са сваёй жонкай. З другога боку горкі знаходзіўся наш невялікі драўляны дом. За горкай стаяла вялікая драўляная польская школа. Другая школа, вялікі, белы каменны будынак, знаходзіўся воддаль. Калісьці ён належаў пану Баранскаму, які яго прадаў.
Я пачала вучобу ў школе, якая была бліжэй да майго дому, дзе месьціліся малодшыя класы. У гэтым доме жыла і мая любімая настаўніца – пані Марыя Пранеўская. Яна вяла сьпевы. А паколькі я мела добры слых, добры голас, яна на мяне зьвяртала асаблівую ўвагу. Я хутка запамінала песьні, якім яна нас вучыла пад гітару. Прыйшоўшы са школы дамоў, я залазіла на вялікі драўляны ложак, дзе на сьцяне вісела маміна гітара (яна на ёй крыху іграла, а пазьней вучыла і мяне), і сьпявала песьні, акампанавала сабе басамі гітары. Пачуўшы маё «выкананьне», тата зьняў гітару, паказаў мне пару акордаў…
У той жа школе вучыўся і будучы пісьменьнік Янка Брыль. Калі я была ў чацьвёртым класе, ён ужо скончыў сямігодку. Брыль быў абсальвэнтам, часта прыходзіў да пані Марыі і браў у бібліятэцы патрэбныя кнігі.
У школе вельмі сачылі за намі, каб нават на пераменках не гаварылі з каляжанкамі па-беларуску, а толькі па-польску.
Турчане былі вельмі заможнымі людзьмі, у кожнага было па 10 гектараў зямлі, адкупленай у паноў Баранскага і Ліпінскай. Землі былі дагледжаныя і вельмі ўрадлівыя. Сеялі шмат лёну. Мы таксама мелі 5 гектараў царкоўнай зямлі, якую самі апрацоўвалі. Былі ў нас конь, карова. Летам мне прыходзілася пасьвіць карову. Прымушаў тата адводзіць пасьля працы і каня на пашу, альбо прыводзіць яго нанач дамоў. Я ўмела ўзлазіць на каня і не баялася ехаць верхам. Бабуля навучыла жаць жыта. Усё па гаспадарцы рабілі самі...
Пры Польшчы паліцыянты былі вельмі інтэлігентнымі людзьмі. Яны шыкоўна, акуратна апраналіся. Хадзіў такі прыгажун і загадваў, каб падмяталі і на вуліцы, і ля хаты, каб пабялілі платы, памылі драўляныя ходнікі. Людзі загадаў слухаліся і ўсё выконвалі. Паўсюль былі парадак і чысьціня.
У мястэчку жыло шмат габрэяў. Яны мелі свае крамы, рэстарацыі, пякарні. Габрэі былі добрымі краўцамі, шаўцамі. У Турцы была сінагога, куды яны ў суботу хадзілі маліцца. Увечары ў пятніцу адзін з іх бегаў і крычаў незразумелыя мне словы («Энцы, бенцы, ліхт»). Пачуўшы гэты вокліч, замыкаліся ўсе крамы, у габрэйскіх хатах запальваліся сьвечкі, яны пачыналі маліцца. У суботу габрэі не працавалі, усё было зачынена. Іхнія дзеці ў гэты дзень прапускалі заняткі ў школе.
У сьвяточныя дні я сьпявала ў царкоўным хоры, дзе сьпявалі будучыя артысты Лаўровіч, Пеця Конюх (ён уцёк у Польшчу, а пасьля апынуўся ажно ў Італіі і сьпяваў у оперным тэатры Ла Скала). Хорам кіраваў добры рэжысёр Іван Антонавіч Антановіч, а таксама і мой бацька, калі ня быў заняты ў службе дыяканам. Сьпеўкі рабіліся ў нашай хаце. У кожнай партыі было па 6-8 чалавек. Сьпявалі ўсе толькі па нотах.
У школе таксама быў хор (два разы на тыдзень). Кіравала ім пані Марыя Пранеўская. Дзіцячы хор (з малодшых класаў) ня раз выступаў на сцэне «народнага дому». Я лепш за ўсіх і хутчэй запамінала мелодыі, была вядучай у сапранавай партыі. У школе быў струнны кружок. Ігралі на мандалінах.
Мы вельмі любілі сваіх настаўнікаў і ўсіх паважалі. У школе панавала добрая дысцыпліна. На ўроках, дзе трэба было толькі слухаць, мы сядзелі роўна, заклаўшы рукі за сьпіну. Настаўніцы сачылі, каб сядзелі ня згорбіўшыся, з роўнай сьпінай, каб не пісалі нізка нагнуўшыся над сшыткам. Правяралі нашыя вушы, рукі, каб былі чыстымі, галовы – каб не было вошай. Сачылі, каб хлопчыкі былі пастрыжаныя пад машынку – ніякіх доўгіх валасоў!
Калі сустракаліся на вуліцы з настаўнікамі, трэба было затрымацца, прысесьці на правай назе з невялікім паклонам. Хлопчыкі абавязкова здымалі галаўны ўбор і кланяліся. Непаслухмяныя на ўроку атрымлівалі «лапу» (пару ўдараў у далонь шырокай лінейкай) або ставіліся ў кут на нядоўгі час. Адну настаўніцу мы вельмі баяліся. Яна выкладала гісторыю. За невялікае парушэньне дысцыпліны яна цягала за вушы, круціла іх. Але такое здаралася рэдка.
У школе была адпаведная абавязковая форма: цёмныя сінія спаднічкі і сінія блюзкі. Чорны фартушок з крылцамі (іх гатовыя куплялі ў краме). Прышпільваліся белыя каўнерыкі і гальштучкі банцікам. Кожны клас меў свой адпаведны колер (чырвоныя, жоўтыя, блакітныя, фіялетавыя, цёмна-сінія, а 7-ы клас – вялікія чорныя шаўковыя банты). Хлопчыкі таксама мелі цёмна-сінію форму: пінжачкі і доўгія выпрасаваныя на кант штонікі.
Перад першым урокам усе ўставалі і чыталі хорам адпаведную малітву па-польску. Калі на ўрок рэлігіі прыходзіў старэнькі бацюшка, чыталася малітва па-царкоўнаславянску. Бацюшка карыстаўся толькі расейскай мовай. У старэйшых класах быў урок беларускай мовы. Падручнікі – надрукаваныя лацінкай. Выкладала мову пані Марыя Пранеўская.
Скончыла я 6 класаў. Бацька пачаў думаць, куды мяне аддаваць далей на вучобу. Польскія гімназіі былі платныя. І аднойчы ён дзесьці ў дарозе сустрэў (а ён часта езьдзіў у Загор’е і ў іншыя вёскі выкладаць рэлігію) дзяўчыну з старэйшага класу беларускай гімназіі – Марыю Друцьку. Яна загітавала тату, каб аддаў мяне на вучобу ў Віленскую беларускую гімназію. Там за вучобу трэба было плаціць менш, чым у польскіх навучальных установах. Бацька згадзіўся.
І вось вязуць мяне да цягніка – чыгунка была за 30 кіламетраў ад Турца, у Навагрудак. На кані трэба было ехаць доўгіх 5 гадзінаў, а часам і ўсе 6! Было мне ўжо 13 гадоў. Першы раз я ехала ў вялікі горад у суправаджэньні амаль незнаёмай дзяўчыны. Прыязджаем. На выхадзе з вакзалу нас сустракаюць знаёмы настаўнік Марыі – Барыс Кіта, і дырэктар – Радаслаў Астроўскі. Вітаюцца з Друцькай і пачынаюць з ёю гутарыць па-беларуску. Ой, якой мне дзіўнай падалася гэтая мова! Інтэлігентныя людзі і так гавораць па-вясковаму?!..
Прыйшлі ў бурсу (інтэрнат), дзе сустрэла нас кіраўнічка Быхаўцова, якая з намі таксама гаварыла па-беларуску. Вучаніцы апошняга класу гімназіі ўзялі нас, новенькіх, пад сваю апеку. Маёй «апякункай» была Марыя Друцько.
Вучыліся ў беларускай гімназіі, якая была адзіная на ўсю Польшчу. Мне не падабалася, што ўсе прафесары выкладалі ўрокі на беларускай мове, акрамя ўроку польскай. З сяброўкай Верай Какарэка дамаўляемся, што прабудзем тут да зімовых вакацыяў і больш сюды не прыедзем. Але праходзіць паўгоду, і нам усё пачынае падабацца. І як мы палюбілі нашую настаўніцу пані Алёну Лекант, якая выкладала беларускую мову! Яна сардэчна пераканала, што мы беларусы, што мы павінны любіць сваю мову, бо гэта нашая родная мова, што польская – чужая, ня нашая! Дзякуючы ёй мы зразумелі, хто мы і што мы.
Вільня, Вільня! Які цудоўны горад! Гімназія нашая знаходзілася ў дамах каля Троіцкага манастыру на другім паверсе. Заняткі пачыналіся з малітвы. Усе класы выходзілі на калідор, дзе на сьцяне вісеў абраз. А праз вуліцу быў Духаў манастыр, куды я хадзіла з сяброўкамі на вячэрняе набажэнства. Якія ўражаньні! Цяжка гэта перадаць словамі. У храме – безьліч абразоў, у ківотах, у залатых рамах, калоны з шэрага, белага мармуру, ля кожнага абразу шмат рознакаляровых лампадак, паўсюль шмат сьвечак. А колькі духавенства!.. Слухаю. Які цудоўны бас, якая дыкцыя ў дыякана! А хор! Божа добры! Гэта так усё настройвае, так заварожвае… Стаім у храме, як на небе, з усімі навокал сьвятымі.
А там жа – пячора. У ёй знаходзяцца мошчы сьвятых Антонія, Іаана і Яўстафія. Я любіла маліцца на каленях каля пячоры. Душа цалкам аддавалася малітве Богу, ні аб чым іншым у гэты момант ня думаеш… Нібы знаходзішся ў іншым сьвеце, а пасьля заканчэньня службы атрымліваеш такое супакаеньне! Гэтага забыць немагчыма.
Побач была Вострая Брама! Якая велічнасьць, якая паўсюль сьвятасьць! Па гэтай вуліцы ня ходзіць транспарт. Людзі ідуць пешшу, з непакрытымі галовамі, усе жагнаюцца. Шмат хто стаіць на каленях, моляцца, шэпчуць малітвы.
У Троіцкім храме былі два хоры. Я часта хадзіла на службу, каб паслухаць, як сьпяваюць семінарысты (мужчынскі хор) і манашкі (жаночы хор).
У свабодны ад вучобы час хадзілі ў Бернардынскі парк. Божа, якая там была прыгажосьць! Безьліч кустоў ружаў розных колераў, прыгожыя дрэвы, а які пах ад кветак! Мы часта рабілі здымкі на фоне гэтай прыгажосьці.
На Пагулянцы месьціўся тэатр, часам нас вадзілі туды на сьпектаклі. Там жа вялі ўрокі ткацтва – мы вучыліся ткаць беларускія паясы. У гімназіі нас вучылі і танчыць: вальс, лявоніху.
Вечарыны ладзілі нашыя гімназісты ў сваёй бурсе. Вызваляўся ад ложкаў вялікі пакой, арганізоўвалася добрая музыка. Я вельмі любіла танцы. І з сваёй сяброўкай Маргарытай Бяляўскай бягом беглі на другі паверх, дзе ўжо чуліся першыя гукі вальсу Штраўса. Толькі адчынялі дзьверы, як нашыя кавалеры тут жа запрашалі нас – і мы кружыліся ў першых парах. Са мной заўсёды танцаваў Бронісь Канцылярчык. Высокі хлапчына, сьветлавалосы, з блакітнымі вачыма. Ён мне вельмі падабаўся, і я яму таксама. Я адчувала гэта ў танцы, як ён лёгенька прыхінаў мяне да сябе. Ён ніколі не сказаў мне ні аднаго слова пра каханьне, але яно было, гэтае першае гарачае пачуцьцё. З любой вечарыны ён стараўся мяне праводзіць да нашай бурсы, ніколі ня ўзяўшы мяне пад руку, ніколі не імкнуўся нават да пацалунку...
Дамоў у Турэц я прыязджала на летнія вакацыі. Насупраць нашага дому, праз вуліцу, жыў Вася Конюх. Таксама прыгожы хлапчына, са смуглым тварам, карычневымі вачыма, чорнымі валасамі. Ён скончыў 7 класаў, а далей ня змог паступіць на вучобу, быццам бы быў у яго «воўчы білет» з-за таго, што старэйшы брат удзельнічаў у нейкай арганізацыі, і польскія ўлады ставіліся да ўсёй сям’і з вялікім падазрэньнем. Вася добра граў на гітары. Вечарамі садзіўся ля свае хаты на доўгае бервяно (яно выкарыстоўвалася як лава) і пачынаў граць. Зьяўляўся ягоны сябар Павел Бударкевіч, які граў на скрыпцы. Адкуль у іх былі такія музычныя здольнасьці, я ня ведаю. Я хутчэй выскоквала праз акно са сваёй гітарай і бегла ў іх кампанію. Мае бацькі і асабліва бабуля былі супраць майго з імі сяброўства. Бацька сябраваў з дыяканам Максімам Рулінскім, у якога быў сын крыху старэйшы за мяне, і яны хацелі мяне з ім пазнаёміць, каб пасьля выдаць замуж. Знаёмства адбылося. Дзьмітры Рулінскі прыехаў да нас. Ён граў на мандаліне, я – на гітары. Дуэт быў цудоўны. Ён добра сьпяваў. У пазьнейшыя часы Дзьмітры скончыў кансерваторыю і стаў дырыжорам у хоры Шырмы. Але мне ў той час спадабаўся Вася Конюх. З ім прыйшлося быць на вясельлі ў маёй сяброўкі Вольгі Грынько (яна старэйшая за мяне на пару гадоў). Ён – шафер, я – шафярыца. Пасьля вясельля Вася праводзіў мяне дамоў. Вечар быў летні, вельмі цёплы. Вялікі месяц сьвяціў над царквой, ля якой мы селі адпачыць на невялікіх прыступках. Прытуліліся адзін да аднаго. Вася абняў мяне і пацалаваў. Гэта быў першы пацалунак у маім жыцьці, у 14 гадоў. Мы пацалаваліся яшчэ два разы і разышліся...
Вечарамі моладзь зьбіралася то на Паштовай вуліцы (дзе мы жылі), то на Мірскай, Карэліцкай, Ярэміцкай ці Новай. Моўчкі не сядзелі. Хтосьці на нечым іграў, адусюль чуліся сьпевы. Зьбіраліся групамі, сьпявалі. То расейскія, то беларускія, а часам і польскія песьні. Калі ўсё заціхала, мы з Васем сядзелі за брамкай яго хаты, на лавачцы каля вялікага куста пахкіх ружаў. Абдымаліся і любіліся.
Палякі лічылі нашую гімназію «камуністычнай». Аднойчы падчас вакацыяў мяне сустрэў камендант паліцыі і калі даведаўся, што вучуся ў беларускай гімназіі, матнуў рукой і сказаў: «Stracone dziecko!»…
Праз год нашая гімназія была перанесеная з Троіцкіх муроў у памяшканьне польскай гімназіі, дзе былі прахадныя класы, цяснота, а праз некалькі гадоў забаранілі паступаць у першы клас – паволі яе ліквідавалі. Бурсу перанесьлі з Садовай вуліцы на вуліцу Велькую. Выхавацелькай стала пані Вера Сасноўская, якая з намі гутарыла выключна па-польску. Бурса належала Віленскаму ваяводству. Пан ваявода часта прыязджаў да нашай кіраўнічкі, з ёй вяліся доўгія размовы на польскай мове. Дысцыпліна ў бурсе была вельмі суровая. Але калі прыехаў у Вільню з канцэртам Забэйда-Суміцкі, уся гімназія запаланіла галёрку. Было гэта летам. Усе – з букетамі бэзу. І калі ён засьпяваў нашую “Лявоніху”, букеты паляцелі на сцэну, мы яго закідалі кветкамі і заглушылі воплескамі. Забэйда-Суміцкі на біс мусіў нам сьпяваць яшчэ некалькі песьняў на беларускай мове.
І вось 1939 год. Вайна. 17 верасьня ўязджаюць савецкія танкі з салдатамі. Турчане радасна сустракаюць «сваіх» з хлебам і сольлю. На загад савецкай улады Вільня адыходзіць да Літвы і робіцца яе сталічным горадам!.. А куды ж мы, беларусы!? Гэта ж наш любімы горад! Бывай, Вільня, бывай назаўсёды! Душа баліць, што кідаем усё тут нашае, усё сьвятое і вельмі нам блізкае…
Гімназію пераводзяць у Наваградак. З-за таго, што трэба было правучыцца яшчэ адзін год і займець сярэднюю закончаную адукацыю, адсадзілі нас у 8 клас сярэдняй школы. Каб вывучаць гісторыю КПСС і іншыя савецкія прадметы. Гэта ўжо не была гімназія, а беларуская сярэдняя школа. Ужо не была патрэбная нашая асаблівая гімназійная форма…
Два гады вучыліся ў савецкай дзесяцігодцы. Вывучалі савецкія песьні, хвалілі Леніна і Сталіна. А ўлады тым часам робяць свае справы: вывозяць у Сібір асаднікаў, багатых местачкоўцаў. У Турцы ўсе людзі былі багатыя, мелі па некалькі кароў, коней, гадавалі сьвіней, авечак, курэй і г. д. За гэта лічылі іх «кулакамі», «эксплуататарамі». За тое, што працавалі шчыра на зямельцы законна купленай...
Добра памятаю марозную зіму 1939-га, 30-ціградусны мароз. Перад вачыма павозкі з закутанымі ў сваё цёплае адзеньне людзьмі, на вяроўцы цягнуць з сабой карову. А куды ж ім, бедным, загадана ехаць? Ды ці змогуць даехаць на сваіх калымагах да тае Сібіры?!.. Канешне, не! Як стала пасьля вядома, яны замярзалі і паміралі ад холаду. Жах! Дык чаму ж чынілі такі зьдзек з народу, з людзей, добрых гаспадароў?
Як пазьней мы даведаліся, ужо былі падрыхтаваныя сьпісы на тых, хто меў сваёй зямлі і па 5 гектараў. Іх таксама меркавалі вывозіць і зьнішчаць на лесапавалах ці ў шахтах. У нас таксама было 5 гектараў царкоўнай зямлі, і мы ўжо калаціліся ад страху, што і нас можа спаткаць лютая доля.
Але Бог пашкадаваў. Мы засталіся ў сваёй роднай краіне. Нас з гэтага страху вызваліла… нямецкая ўлада летам 1941 году.


3. Нямецкая акупацыя. 1941-1944 гг.
22 чэрвеня выбухнула вайна. Немцы напалі на Савецкі Саюз. Але ў Турцы яны зьявіліся не адразу. Больш за тыдзень не было ніякай улады. Нямецкія самалёты скінулі некалькі невялікіх бомбаў на мястэчка, але забітых не было – усе пахаваліся ў сваіх пограбах. На ўсход адыходзілі аддзелы Чырвонай арміі. Некаторыя вайскоўцы, якія аптымістычна глядзелі на сітуацыю, казалі, што «яны яшчэ павінны згуртавацца ўсе разам і даць немцу адпор». Іншыя кідалі свае вінтоўкі, маўляў, яны ім ужо непатрэбныя.
Была вялікая сьпёка. Бязьлітасна паліла сонца. Змучаныя чырвонаармейцы спыняліся каля нашага калодзежу. Тата даставаў ваду, наліваў у вядро, даваў ім кубкі. Афіцэры і салдаты з прагнасьцю пілі, дзякавалі і ішлі далей. Усе сьпяшаюцца. Ідуць і ідуць бясконца. Ідуць немаведама куды…
Праз пэўны час зьявіліся нямецкія машыны. Некалькі афіцэраў заходзяць у нашую хату, глядзяць карту, гавораць, што маюць намер дайсьці толькі да Уралу. Немцы загадваюць забраць з царквы ўсе царкоўныя рэліквіі. У храм нясуць салому і заганяюць шмат палонных чырвонаармейцаў. Немцы пахапалі ў машыны мясцовых габрэяў. Схапілі і майго бацьку. У яго была невялікая барада і вусы, цёмныя валасы – немцы палічылі і яго за габрэя. Цётка Алімпіяда, даведаўшыся аб гэтым, прыбегла з плачам да мяне. Я пайшла да немцаў і вызваліла тату, сказаўшы некалькі словаў па-нямецку.
Тата атрымаў ад духоўнай улады павышэньне: яго ўзводзяць у сан сьвяшчэньніка. У сувязі з гэтым ён атрымаў другі прыход, аж у Брэсцкай вобласьці – у Івацэвіцкім раёне, у вёсцы Любішчыцы. Мы мусілі выехаць з Турца, спакавалі свае рэчы. Жагнаемся мы з маім каханым Васем, абяцаем памятаць вечна адно аб адным і пісаць лісты, толькі пісаць. Але гэтае нашае расстаньне стала нашай апошняй… сустрэчай, больш мы ўжо ня бачыліся. Пошты не было, лісты не дасыла­ліся…
Ехалі возам на кані некалькі сутак. Любішчыцы – вёска, якая складалася з трох асобных вёсачак, што знаходзіліся ля магістралі Брэст–Масква. Сядзіба нашая была воддаль ад вёскі. Драўляны дом быў вялікім, з даўнейшымі невялікімі вокнамі. Вакол дому расьлі некалькі вялізных ліпаў, шмат кустоў сухадрэўцу, яблыні, сьлівы. На панадворку стаяў хлеў, дзе трымалі карову, крыху далей – пуня, дзе ляжала сена, зжатае збожжа. А на даху пуні – вялікае бусьлінае гняздо. Буслы спакойна і важна хадзілі па панадворку. Прыгажосьць!
У інсьпектараце ў Івацэвічах даведаліся, што зьявілася беларуская дзяўчына, якая можа быць настаўніцай. Пасылаюць мяне ў мястэчка Косава, дзе ў школе ў сёмым класе я пачала выкладаць беларускую мову. Усе настаўнікі (былыя расейцы) адразу ж загаварылі выключна па-беларуску. Прыемна чуць навокал сваю родную мову!
У Косава да мяне прыехаў прыстойны кавалер, які вельмі падабаўся маім бацькам і знаёмым. Яму трэба было абавязкова жаніцца, каб пасьля быць праваслаўным сьвятаром. Павел Лянько робіць мне прапанову выйсьці за яго замуж. Я катэгарычна адмаўляюся (у мяне ёсьць каханы хлапчына). Ён вельмі стараецца мяне ўгаварыць, каб канчаткова не адмаўляла яму. Я не згаджаюся.
Год я працавала ў Косаве. А ў 1942 годзе было вырашана адкрыць 4-класную школу ў Любішчыцах. Мяне прызначаюць загадчыцай. Даюць у дапамогу двух маладых мужчынаў: Мікалая Грынчыка і Косьцю Макарэвіча. Працуем дружна. З Колем атрымліваюцца больш блізкія адносіны, а пасьля зьяўляецца і каханьне. Часта езджу ў інсьпектарат па сшыткі, алоўкі для дзяцей. У Івацэвічах у гасьцях у сваёй знаёмай пазнаёмілася з маладым мужчынам – Валодзем Неграбэцкім. Бацька ягоны быў нейкім вялікім украінскім вайсковым начальнікам. Валодзя пачаў за мной “ухажваць”. Толькі прыеду ў Івацэвічы ў інсьпектарат, як ён тут жа сустракае мяне на ровары, а пасьля і праводзіць 7 кіламетраў дамоў. Ён – прыгожы, разумны хлопец. Мне з ім весела, ён мне вельмі падабаецца, але ж ня можна любіць двух адразу!?.
У Івацэвічах я ўступіла ў Саюз беларускай моладзі. Езджу на зборкі, слухаю лекцыі, дзе зьбіраецца шмат моладзі. Сьпяваем, вывучаем новыя патрыятычныя песьні. Вучу сваіх школьнікаў гэтым жа песьням, пад якія дружна маршыруем каля школы. Кліч у нас: «Жыве Беларусь!», адказ: «Жыве!» Усе ўрокі вядзем на беларускай мове.
Вайна навокал нас. За нейкі кіламетр кожную ноч лятуць са страшэнным лязгам жалеза нямецкія цягнікі пад адхон. Іх узрываюць партызаны. Гараць вёскі з людзьмі, якія падпальваюць немцы з-за таго, што ноччу давалі дапамогу партызанам. Здалёк відаць вялізныя водбліскі агню. Ноччу лётаюць самалёты і асьвятляюць зямлю так, што становіцца сьветла, як удзень. Сядзім у хаце. Вокны завешаныя.
Немцы пачынаюць адступаць. Днём ад’язджаюць вайсковыя машыны з нашага панадворку, немцы прапануюць ехаць і нам разам з імі, уцякаць ад Саветаў. Прыязджае мой Валодзя і ўгаворвае ехаць разам з ім, хоць куды, абы не заставацца, «іначай будзем сядзець у турме» (гэта ягоныя словы). Я катэгарычна адмаўляюся. Думкі мае аб Колю Грынчыку: дзе ён? Што з ім? А ён, як пазьней выявілася, ужо даўно падаўся ў лес да партызанаў. Я засталася разам з бацькамі, вырашыла, што ўжо будзе, тое будзе.
У Любішчыцах была самаахова. У вялікай школе, збудаванай яшчэ пры «першых саветах», стаялі літоўскія жаўнеры. Партызаны да нас не паказваліся. У нашым доме, у другой яго палове, жылі высокія нямецкія чыны. На іх загад нямецкія жаўнеры прывялі 10 мужчынаў, якіх маюць намер расстраляць, бо лічаць партызанамі. Я заступаюся за іх, гавару з немцамі на нямецкай мове і пераконваю, што гэта – беларусы, вяскоўцы, я за іх ручаюся. Немцы вераць мне і адпускаюць усіх дамоў.
Ад’язджае на машынах, матацыклах усё вялікае нямецкае начальства. Немцы прыкрываюцца коньніцай мадзяраў. Яны запальваюць кулямі хаты вёскі. Лета, соцна сьвеціць і горача грэе. Хаты гараць, як сьвечкі, і навокал – мора агню! Шуміць усё і гарыць. Ніхто нічога ня тушыць. Людзей нідзе не відаць. Усе пахаваліся ў ямах ад бульбы. Мы прыгатаваліся да пажару. З татам вынесьлі з хаты ўсё, што толькі можна было, павыкідалі ў кусты воддаль ад хаты. Але раптам дзынкнулі кулі ля галавы. Тата крыкнуў, каб хутчэй беглі ў сховішча, у яму. Усе туды ўскочылі, прытуліліся, жагналіся, маліліся і прасілі Бога, калі ўжо нам паміраць, дык каб усім разам. Мама абняла нас траіх і прытуліла да сябе. Мне не цярпелася вызірнуць з ямы, падлажу наверх – і раптам мяне паветрам адкідае аж у самы вугал. Усе думаюць, што ад такога штуршку я параненая. Не, дзякуй Богу! Немцы ўзарвалі мосьцік праз рачулку...
Мы сядзім у яме ў вялікім страху. Мадзяры кідаюць у сховішчы людзей гранаты. Яны больш страшныя за немцаў.
Нарэшце ўсё сьціхае. Вёска гарыць, але нашая хата засталася цэлая. Чакаем, што зараз прыйдзе сьмерць, зараз у яму кінуць бомбу ці гранату. Сядзім, затаіўшы дыханьне!.. Страх жудасны!..
І раптам чуем голас суседа: «Вылазьце, нашыя прыйшлі». О, Божа, якая радасьць, што нарэшце «нашыя». А яны, гэтыя «нашыя», усе мокрыя, брудныя (фарсіравалі раку), на плячах нясуць ручныя кулямёты. Даем ім хлеб, бульбу. На хаду зьядаюць, адпачыць ім няма калі, трэба «гнаць немца».
Праходзяць часьці, праязджаюць ужо ваенныя савецкія машыны, танкі, грукацяць па асфальтаванай дарозе. У Любішчыцах – цішыня. Ня бачым ніводнага забітага немца ці партызана. На могілках (яны былі недалёка ад нашай сядзібы) устанаўліваюць вялікую гармату, якая сыпле агнём па немцах, аж у Івацэвічы. Гэта – «кацюша». Савецкія камандзіры затрымліваюцца ў нашым доме і некаторы час жывуць у ім, у той частцы, дзе яшчэ нядаўна жылі нямецкія афіцэры. У майго таты былі поўныя мёду вульлі, і ён частуе мёдам нашых вызваліцеляў.
З лесу вяртаюцца партызаны. Адзін з іх, настаўнік, прызначаецца дырэктарам 7-класнай пачатковай школы. Набірае настаўнікаў, шукае тых, хто мае хоць нейкую адукацыю. Я, як настаўніца «са стажам», стала завучам сямігодкі і выкладаю беларускую мову ў малодшых класах. Працуем дружна. Год набліжаецца да канца.


4. Першы арышт. 1944-1950 гг.
Але напрыканцы сьнежня мяне арыштавалі. Павезьлі ў Івацэвічы ў КПЗ. Там я сустрэла сваіх каляжанак. Доўга тут не трымалі. Праз тыдзень адправілі пешшу ў Пружаны. Зранку ішоў моцны сьнег. Разам з іншымі дзяўчатамі плялася за возам, на якім везьлі нашыя рэчы. Так ішлі цэлы дзень. Страшэнна стаміліся, згаладалі. Вопратка на нас была мокрая, усе зьмерзьлі.
Нарэшце канвой прывёў да белага будынку – турмы. Але туды нас не ўпусьцілі, сказалі, што «няма месцаў». Канваіры купілі нам хлеба, каўбасы і пляшку гарэлкі. Падсілкаваліся. А калі па глытку паспрабавалі гарэлкі – турма пачала хістацца перад вачыма… Сагрэліся мы, стала весела, пачалі сьмяяцца. Нарэшце нас прынялі ў турму. Далі прытулак у адзіночнай камеры. Леглі мы ўсе дзесяць чалавек упоперак ад сьценкі да сьценкі адна да адной і заснулі.
Назаўтра пагналі ў іншую турму – у Кобрын. Адтуль – у Брэст. У Брэсьце ўсіх разьмясьцілі ў розных камерах, дзе ў кожнай меліся двухпавярховыя нары. Спала я на сваіх рэчах, накрывалася таксама ўсім сваім. У камеры нас было шмат. У куце стаяла сьмярдзючая «параша». Паветра сьпёртае. Пад стольлю вісіць лямпачка – гарыць і днём, і ўначы. Дзесьці там было акенца, прыкрытае шыбінай, праз якое ледзь-ледзь прабівалася ў камеру сьвятло.
Пачалі заводзіцца вошы і гніды. Днём распранаемся і стараемся іх забіваць. Уначы выклікаюць на «допросы». Таксама днём забіраюць мыць даўгі калідор.
У адной камеры сядзелі амаль паўгоду. У траўні раптам чуем стрэлы. Аказалася, што канец вайне. Канваіры ад радасьці страляюць. Але пасьля нас вядуць праз увесь горад на суд. Ідзем па сьветлай вуліцы, сонца радасна сьвеціць, нам ужо і ад гэтай «свабоды» становіцца весялей на сэрцы.
На судзе прысутнічаў Коля Грынчык. Ён прыехаў, каб апраўдаць мяне. За той час, што я была ў турме, ён пабываў у Чырвонай арміі, быў цяжка паранены на фронце ў галаву, ляжаў у бальніцы, гаварыў заікаючыся... Нас разам з нашым кіраўніком Лісам асуджаюць на 10 гадоў за антысавецкую агітацыю (у нашай песьні «У гушчарах» была такая зваротка: «Ні маскаль, бальшавік і ня ляхі, але ты нас вядзеш да зары», – маецца на ўвазе Беларусь).
На маё пытаньне: «За што нас судзяць?», быў адказ: «Вам должны были дать оружие!». Вось якія мы важныя палітычныя вязьні, вось якія злачынцы!
Рыхтуюць нас на этап. У цялятніках вязуць у Архангельскую вобласьць. На пару тыдняў затрымліваемся ў перасыльным лагеры ў Архангельску. Нават ладзім нейкі канцэрт і на сцэне сьпяваем «Васілёчкі» пад мой акампанемент на гітары. Радаваліся, што дыхаем сьвежым паветрам! Але вось новы этап. Ідзем на параход, нас заганяюць у трум.
Праязджаем тры моры: Белае, Карскае і Баранцава. Пару дзён было спакойна, але на трэція суткі карабель стала страшэнна хістаць: на моры быў шторм. Нашыя двухпавярховыя нары сталі трашчаць. Страх авалодаў усімі. Гінем! Божа, ратуй! Хто плача, хто крычыць, хто моліцца... Хаос, паніка! Ад марской качкі людзі ванітуюць на падлогу, не пасьпеўшы далезьці да бочкі. І раптам праз адкрыты люк з шумам залятае марская хваля, якая залівае нас і нашыя рэчы (у каго яны былі на першым паверсе). Параход моцна хістае то ў адзін, то ў другі бок. Канваіры даюць нам анучы і вядро. Мы ўтрох, дзьве беларускі і ўкраінка, зьбіраем бруд, а вядро ад нас уцякае… І страшна, і сьмешна адначасова…
Былі мы на мяжы гібелі. Аднак Бог нас сьцярог, ня даў загінуць у марской глыбіні. Прыплылі ў порт Дудзінка. Калі выходзілі па трапу з параходу, спаткала нас вельмі благое, мокрае надвор’е. Навокал бруд, балота і нідзе ні будынку, ні кусьціка, ні дрэва. На душы стала маркотна…
А калі прыехалі ў Нарыльск, нас сустрэла ноч і зіма. Навокал – электрычнае сьвятло. Паўсюль суцэльныя баракі, высокі дрот, вышкі. Пасярэдзіне заўважыла белы прыгожы будынак. Гэта быў праектны аддзел.
Замерзлых, нас зьмяшчаюць у зону, у жаночы барак, дзе сьветла і цёпла. Назаўтра падрыхтоўваюць да выхаду на працу. Даюць апрануць страшэнна бруднае і старое адзеньне. Мужчынскія ватныя штаны, целагрэйка, бушлат. А шапка мужчынская, ватная, замусоленая, сьмярдзючая! На ногі апранула войлакі, вялізныя, палатаныя. Вось у такім адзеньні, як у скафандры, мы выходзілі на 30-ціградусны мароз на працу. Завея. Ідзём шчыльна, каб не згубіцца.
Вядуць нас у шахту. Тры дні мне прыйшлося быць у гэтым падземным, чорным і страшным царстве. Прыйшлося стаяць на канвеернай ленце і глядзець, каб спраўна ляжаў вугаль. Работа лёгкая, але страшна ў гэтай «магіле» і робіцца холадна. Тры дні я там працавала і аглядалася, як турыстка. Аж пераводзяць мяне на гіпсавы завод. Там былі вялізныя чатыры печы, у якіх камень напальваўся да белага. Праз пэўны час мужчыны яго вывозілі на тачках, зусім распранутыя (там гарачыня страшэнная была). А мы, дзяўчаты, вялікімі малаткамі разьбівалі камяні і кідалі ў «мясарубку», адкуль высыпаўся белы гіпс. Тры машыны нам трэба было за зьмену нагрузіць, такі быў план. Цяжка было цягаць гружаныя насілкі. Вельмі стамляліся. Працавалі на гіпсавым заводзе некалькі тыдняў. Стомленыя, вярталіся ў свае баракі. Кармілі дрэнна. У кансервавую бляшанку з дроцікам улівалі чарпак капусты толькі пасоленай, без аніякага тлушчу. У другую бляшанку, толькі меншую, шлёпалі малы чарпак пшоннай кашы і 20 грамаў сланечнікавага алею. Два разы ў суткі такое «меню». Хлеба давалі 500 грамаў.
У пашывачным цэху працавала мая сяброўка Аляксандра Маслоўская. Яна пастаралася, каб і мяне забралі туды, як добрую краўчыху. Норму трэба было зрабіць (за зьмену пашыць 8 кашуляў), я ледзь спраўлялася з чатырма. Пасылаюць мяне на вязаньне рыбалоўных сетак. Пасьля вязаньня 2-х мятровай сеткі ў мяне страшэнна баліць у плячах, не магу паварушыць рукой…
Раптам заходзіць міліцыянт, чытае: «Бородина Леонила на выход с вещами и на волю». Божа! Якая радасьць! Але пакуль тая воля, дык трэба чакаць навігацыі, самалётам мяне ніхто не павязе. На паўгоду трэба ўладкоўвацца на нейкую працу, ды і дзе жыць на волі?
Дапамагаюць мне Шура Маслоўская і яе сябар (які пасьля стаў мужам). Вядуць мяне да іх знаёмай расіянкі. Яна жыла ў невялікім дамку, складзеным з вялікіх бярвеньняў. Пакуль мы дайшлі, я адмарозіла калені. У хатцы гарэла жалезная печка. Гаспадыня змазала мне калені гусіным тлушчам і завязала іх палатнянымі анучамі. У маіх суправаджаючых ад марозу былі белыя шчокі і пальцы на руках – адціраюцца. Дзякуючы сябрам мяне прынялі на працу ў Працоўны аддзел, у гідрагеалагічны сектар. Праца цікавая – з грунтамі. Мой начальнік і ўся адміністрацыя – былыя зьняволеныя, кожны адсядзеў па 10 гадоў. Працуем увесь час пры электрычным сьвятле. Паўгоду ноч і ноч! І толькі ў траўні расстае сьнег, зьяўляецца сонца. А пад канец траўня ўжо былі белыя ночы. Лісты дахаты пішу, не ўключаючы сьвятла. У гаспадыні расьце гародніна, паўсюль зялёная трава…


5. Вяртаньне на Радзіму. Вянчаньне.
Прыходзіць час навігацыі. Еду са сваімі сябрамі параходам па Енісею. Рака брудна-карычневага колеру і вельмі шырокая. Прыязджаем да Краснаярску. Нарэшце я еду ў Маскву. Там давялося пераначаваць у адной знаёмай, пабываць у музеях і нават прайсьці ў маўзалей і пабачыць камуністычнага бога – Леніна.
Колькі давялося ехаць цягніком – ня памятаю. Ля маёй вёскі цягнік ледзь-ледзь затрымліваецца. Я хутка саскокваю са сваімі рэчамі. Добра памятаю, што была цудоўная сонечная, цёплая раніца. Я ішла жытнёвым полем па сьцяжынцы. Навокал пахла грэчкай, яна якраз цьвіла. Мне было так радасна на душы, што хацелася цалаваць гэтую родную зямлю, лашчыць гэтае збожжа, гэтыя кветкі!.. Я ад радасьці плачу!..
Воддаль бачу нашую сядзібу. Нарэшце зьяўляюся на парозе нашай хаты. Сустракаю маму, тату. Кідаемся ў абдымкі. Мы ўсе плачам. Я пачынаю распавядаць тату аб перажытым, але ён перабівае мяне: «Ня трэба, ня трэба нічога, не гавары!». Дзякуй Богу! Слава Богу!
Я прабыла ў зьняволеньні на Таймыры ўсяго паўтары гады замест 10. Прычынай хуткага майго вяртаньня было тое, што тата меў знаёмства з адным сьвятаром (партызанам), які з-за свае дачкі, каб вызваліць, езьдзіў аж у Маскву. Узяў дакументы і ад майго таты, які клапаціўся пра мне. Шмат чым дапамог у гэтай справе і Коля Грынчык.
1946 год. Прыязджае да мяне Ліля Спорык. Прапануе вучобу ў педінстытуце. Але я паступаю ў музычнае вучылішча, год вучуся, іграю на габоі. На другія інструменты я ўжо была пераросткам. Мне было 23 гады! Коля Грынчык рэгулярна прыязджаў да мяне. Аб жаніцьбе не было канкрэтна нічога сказана. Ён яшчэ ня меў ніякай прафесіі, сьпецыяльнасьці, толькі зьбіраўся паступаць у інстытут (пасьля ён яго скончыў, стаў доктарам філалагічных навук).
І вось аднойчы ў назначаны дзень Коля не прыехаў. А раней сустрэўшыся ў Бытэні з яго сястрой і маці (былі мы з Ліляй там на нейкім сьвяце), была гутарка, што Колю перасьледуе яго стрыечная сястра і часта затрымлівае ягоныя паездкі да мяне. Здрада, здрада! Ён не прыехаў! Такога ў мяне ніколі не было з маімі хлопцамі. У гэты ж самы дзень увечары я атрымліваю ліст ад дзядулі з вёскі Забор’е Глыбоцкага раёну. Ён пісаў, каб я тэрмінова прыязджала, ёсьць добры жаніх, якому трэба жаніцца і пасьвяшчацца ў сьвятары, у дапамогу свайму хвораму бацьку – айцу Венедыкту. Ну, добра. Гавару маме: «Выйду замуж, абы не праціўны. Не абавязкова тое каханьне». Ён быў беларус, праваслаўны, вучыўся ў беларускай гімназіі (я яго памятала). Сям’ю ягоную таксама калісьці мела магчымасьць бачыць. Еду ў Глыбокае, а адтуль – у Забор’е. Тры дні знаёмства і – заручыны. Вяртаюся ў Любішчыцы далажыць бацькам, што выходжу замуж.
Я прыехала ў Забор’е. 7 верасьня вянчаюся з Жоржам Бортнікам у маленькай вясковай царкоўцы. Адносіны ўсёй яго сям’і да мяне былі вельмі добрыя, а Жоржа – асаблівыя. Мы вельмі дружна жылі. Жорж займаўся гаспадаркай, канём араў зямлю пад агарод. А ў вольную хвіліну рыхтаваўся да паступленьня ў духоўную семінарыю. У Жыровічах пад Слонімам Жорж здаў экзамены за першы курс. У 1948 годзе я нарадзіла першага нашага сына – Лаўра. 29 сакавіка 1950 году ў нас нараджаецца другі сын – Алег.


6. Зноў арышт. 1950-1955 гг.
У траўні 1950 го­ду арыштоўваюць мужа. Перад тым, як яго павялі, Жорж разьвітваецца з усімі намі (старэйшаму сыну было 2 гады, а малодшаму 2 месяцы). Больш мы яго ніколі ня ўбачылі. Ягоная сястра Ніна часта вазіла яму перадачы ў менскую турму на Валадарцы. У 1951 го­дзе паехала туды і я. Прывезла перадачу, а яе не прымаюць. “Чаму?” – пытаюся. Адвакат кажа (яго наняла сястра), што «дело очень плохое, темное, но я ничего не могу сказать». Так, нічога канкрэтнага не даведаўшыся, я вяртаюся ў Глыбокае, куды пераехалі з Любішчыц мае бацькі.
Раніцай, я нават не пасьпела пасьнедаць, зьявіўся міліцыянт з нейкай жанчынай. Яны адразу зьвяртаюцца да мяне: хто я і што? Даведаўшыся маё імя і прозьвішча, арыштоўваюць і вядуць у міліцыю. Там я начую на нарах у падвале. А раніцай 4 сьнежня (Уводзіны Божай Маці) вязуць мяне ў Забор’е. Там усе спалохана на мяне глядзелі, пыталіся: “За што? Чаму?..” Адказваю: «Жоржа няма, а мяне забіраюць». Робяць у хаце вялікі «шмон». Я разьвіталася з усімі роднымі, са сваімі маленькімі дзеткамі. Алег ручкамі цягнецца да мяне, плача, крычыць «мама, мама!»… Сьлёзы льюцца руччом ва ўсіх. Сэрца баліць! Але нічога ня зробіш. Жах! Трэба пакідаць такіх маленькіх дзетачак!.. Старэйшага пакідаю ў сьвякроўкі, малодшага аддаю сваёй маме.
Мяне вязуць у Полацак, у турму. І вось там ізноў нары, ізноў допыты па начах. А што мяне дапытваць? Бярыце ўсе сьледчыя тамы з Брэста і перапісвайце іх нанава, бо там ужо даўно ўсё сказана пра СБМ, – кажу я сьледчаму. Больш на допытах нічога не гавару. Пытаюцца пра мужа, а пра яго я наогул нічога ня ведала. Дзень і ноч сядзела ў камеры. Дакуль жа будзе гэты зьдзек? Кормяць баландой, на прагулку водзяць кожны дзень на 10 хвілінаў. Ізноў каля паўгоду ў турме. На судзе мне даюць 25 гадоў, за тое, што я «неблагонадежный элемент». Вярнуўшыся з суда, я плачу цэлы дзень. Думаю, што ня вытрымаю і звар’яцею. Жах! Божа добры, Божа, зьлітуйся! 25 гадоў у лагерах! Як перажыць, як выжыць?.. Неўзабаве вязуць у перасыльную турму ў Воршу. Там давялося сядзець некалькі месяцаў. Нарэшце адпраўляюць на этап – у Казахстан, у Карагандзінскую вобласьць, Бурмінскае аддзяленьне, пасёлак Мухтар.
У зоне было шмат бытавікоў, злодзеяў і г. д. Працуем на малочнай ферме. Апрацоўваем вялікія ўчасткі буракоў, морквы, цыбулі, дыняў і кавуноў. Зімой зноў вывозілі на палі, летам на валах ехалі на сенакос, дзе трава, толькі скошаная, адразу сохне (сьпякота невыносная!), а пасьля абеду ўжо скірдуем. Зімой прыязджаем, разьбіраем гэтыя скірды і на санях вязем у зону. Працы шмат. Але ўсе мы былі маладыя, а наша брыгада заўсёды на «молнии», выконваем, перавыконваем план. Восеньню выбіраем бульбу. Пасьля гэтых палявых работаў баляць рукі, ногі, сьпіны. Ледзь жывыя вяртаемся ў зону. А блатныя не працуюць, яны крадуць нашыя рэчы і прадаюць за зону. Мы, палітвязьні, падымаем бунт, забастоўку, не выходзім на работу. Пасьля гэтага начальства забірае ад нас усіх бытавікоў.
Я пішу скаргі ў розныя інстанцыі ў Маскву. Праз два гады з майго тэрміну здымаюць 15 гадоў. Я ўжо была расканваіраваная. Езьдзіла на двухколцы па стэпе і мятроўкай вымярала скошаную палітвязьнямі траву. Ставіла ім патрэбныя працэнты. У зону мы цішком праносім бульбу, памідоры – канваіры былі «сваімі» хлопцамі. З дому рэгулярна атрымлівала пасылкі, найперш тлушч.
У сакавіку 1953 году памёр Сталін. Радасьць была вялізная. Пасьля прыходзіць вестка, што Малянкоў адпускае з лагероў зьняволеных.
У 1955 годзе я вярнулася дамоў у Глыбокае да сваіх бацькоў. Дзеці мяне не пазналі!..


7. У чаканьні рэабілітацыі. 1956-2007 гг.
Трэба ўладкоўвацца на працу. Іду на кансервавы завод. Тры дні даюць мне лёгкую працу – сартаваць памідоры. Затым напару з мужчынам нашу ў топку каменны вугаль, у вялікіх і цяжкіх скрынях. Пасьля такой працы прыходзіла дамоў як разьбітая, назаўтра не магла падняцца. Больш на завод я не пайшла. Запісалася на курсы кройкі і шыцьця. Але партніхай ня стала – не ляжала ў мяне душа да гэтай прафесіі… Усё жыцьцё прысьвяціла выкладаньню музыкі і сьпеваў.
17 гадоў жыла на прыватных кватэрах. Толькі ў ліпені 1985-га атрымала сваю. А ў 1993 годзе, калі мне было 70, мяне рэабілітавалі...
Цяпер мне 82 гады. Хварэю. Жыць дапамагае сын Лаўр.