12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзіслаў Бубен

_____________________
Некрапацук.
Урывак з казкі для дарослых

Прысвечана пакаленню,
згубленаму ў раёне гастранома №…

У горадзе Хмарачосаўск, на вуліцы Дваццаць восьмай рэвалюцыі, у доме № 18 у кватэры на пятым паверсе нікога не было. Рэч у тым, што жыхары гэтай прасторнай кватэры літаральна тыдзень таму з’ехалі адпачываць. Усё стомлена маўчала. Гарачае дыханне летняга дня паступова затухала. Дзесьці ў двары істэрычна вішчала аўтамабільная сігналізацыя. На кухні, за халадзільнікам, штосьці ціхенька зашамацела. Толькі той, хто меў вельмі тонкі слых, змог бы адрозніць гэты неверагодна ціхі гук. Пацук Мыхан Шуршэвіч з цяжкасцю перавярнуўся на іншы бок. Мыхан заўсёды ўздыхаў, калі думаў пра свой нялёгкі лёс. Шчыра кажучы, грэх было яму жаліцца на жыццё. Нават яго суседка па пад’ездзе мыш Марфа Пацукевіч аднойчы заўважыла: “Ты, Мыхан, самец што трэба: нара ў цябе цёплая, глыбокая, ежы хапае, нават супер-ложак у цябе ёсць, зроблены з карабка ад запалак, і некалькі коўдраў са старых газет. Што яшчэ патрэбна даросламу пацуку?”
Але чым далей Шуршэвіч жыў, тым больш яму хацелася штосьці змяніць. Гэта пачалося аднойчы раніцай, калі, дагрызаючы чарговы кавалак сыру, Мыхан адчуў неверагодны прыліў эстэтычных перажыванняў, якія прымусілі яго прыпыніць перажоўванне. “Вось табе і на!.. Няўжо памыліўся? Можа, гэта не сыр? Няўжо гэта наркотыкі? Так, напраўду, гэта людзі спецыяльна робяць: у сыр сталі дадаваць наркотыкі, каб кіраваць чалавецтвам. А пакутуем ад гэтага мы – маленькія хатнія жывёлы”.
Мыхан спалохаўся. Падступства людзей настолькі ўразіла яго, што навяло на дзіўную думку аб ілюзорнасці навакольнага свету. “Усё вакол падман. Свет вялікі і непазнавальны. Магчыма, за кантэйнерам са смеццем, што стаіць у двары, ёсць штосьці яшчэ”.
Шуршэвіч нарадзіўся ў кантэйнеры для смецця некалькі гадоў таму. Дзяцінства ў яго было складанае і поўнае небяспекі. Падвальныя каты, жорсткая канкурэнцыя з іншымі грызунамі выкавалі ў Мыхана жалезны характар і дазволілі яму дасягнуць таго, што ён меў цяпер. “Матэрыяльны дастатак, становішча ў грамадстве…” Шуршэвічу нясцерпна захацелася чагосьці яшчэ. “Трэба для пачатку з’ездзіць на радзіму”.
Мыхан пачаў збіраць рэчы.

Ад’езд

Перад ад’ездам Мыхан надумаў вырашыць некалькі неадкладных спраў. Рэчы ён склаў хутка.
Сваё жыццё Мышэвіч пачынаў у спартанцкіх умовах. З маёмасці, акрамя кавалка падэшвы ад чаравіка, у яго раней нічога не было. Шуршэвіч склаў усё неабходнае ў каўпачок ад зубной пасты, які ён скарыстаў замест валізкі. Перад тым як канчаткова пакінуць родныя сцены, Шуршэвіч вырашыў зазірнуць да Марфы Пацукевіч і папрасіць, каб яна прыгледзела за яго жытлом, пакуль ён будзе ў ад’ездзе. Мыхан спусціўся на лесвічную пляцоўку, збочыў за вугал і пастукаў у нару Марфы. Там штосьці грукнула, а потым упала… Праз некалькі хвілінаў дзверы адчыніліся і збянтэжаная Марфа ўпусціла пацука ў сваё жытло. Мяркуючы па яе знешнім выгля­дзе, Пацукевіч весялілася ўжо некалькі дзён. Апухлыя вочы і ліхтар злева былі сведкамі таго, што весялосць была бурнай і эмоцыі часам білі праз край. У нары, апроч Марфы, знаходзіўся вядомы халяўшчык – прусак Еша з суседняга пад’езда. Было бачна, што Еша толькі што пахмяліўся, таму ўвесь час жартаваў, варушыў вусамі і дэманстраваў розныя іншыя прыкметы пахмельнай эйфарыі.
– Вось, паглядзі, Шуршэвіч, з прусакамі п’ю, – сказала Марфа надарвана-істэрычным голасам. – Дажылася! Здохну хутка ад жыцця такога! Сілаў маіх мышыных больш няма. Гэта ў мяне з-за генетыкі запоі такія: прабабка мая была белай лабараторнай мышшу. Па мне, безумоўна, гэтага цяпер не бачна – апухлая крыху. Дык вось, мая прабабка збегла з лабараторыі. Доследы над ёй ставілі, гадасцю рознай напіхвалі, вось таму ў мяне і здараюцца запоі, аж на цэлы тыдзень. Ды і Чарнобыль паўплываў: удыхнула радыяцыйнага пылу, у вентыляцыі тады жыла. Калі б ведала, што такая шкодная гэтая радыяцыя, то хоць марляй рот прыкрыла б.
– Ведаеш, дарагая суседка, ты сабе марлю пад хвост можаш хоць кілаграмамі запіхваць, усё адно не дапаможа. Ты як перасялілася сюды з вёскі, дык, дзякуй богу, з запою і не выходзіла.
– Гэта чаму ж “дзякуй богу”? – смачна ікнуўшы, спытала Марфа.
– Ды таму, што, каб я з табой цвярозай размаўляў, я б цябе за грызуна даўно не лічыў.
У гэты час у кутку заварушыўся Еша. Ад яго пайшоў непрыемны дух:
– Э, м-м-м, э-э, – сказаў прусак, павольна і глыбока расцягваючы гукі. – Ты, дарагі, маю бабу, гэта… як яго… не чапай!
Шуршэвіч прарэагаваў адразу ж:
– І праўда, Еша, маўчаў бы. А калісьці паважаным прусаком быў, на кірмашы адходамі ад садавіны гандляваў, у іншых насякомых аўтарытэтам быў, а цяпер вось з Марфай звязаўся, дэградуеш тут паціху. І акцэнт у цябе прусачыны больш прыкметным стаў.
– Я з акцэнтам спецыяльна размаўляю, каб сэксуальней было.
Мышэвіч кінуў крытычны позірк на Ешу:
– Якое “сэксуальней”… Ты б на сябе паглядзеў… Акрамя вусоў нічога не засталося. Вось і гадзіць пад сябе налаўчыўся. Годзе, абрыдла мне з вамі размаўляць, – сумна сказаў Мышэвіч, – паеду я на радзіму, родзічаў наведаць і на родны кантэйнер паглядзець. Ты, Марфа, за маёй кватэрай прыгледзь, толькі рэчы там не чапай. Не дай бог што, сама ведаеш. Мы, пацукі, жартаваць не любім… А як вярнуся, піва з мяне.
Мыхан уздыхнуў, задумаўшыся пра тленнасць быцця грызуноў, і на­кіраваўся да выхаду.
– Гэта ж трэба, якія жорсткія людзі. Генетычная розніца паміж намі і імі – мінімальная, а здзек з нас, грызуноў, проста неверагодны. Душаць, труцяць, палохаюць. Карацей, робяць, што хочуць. Канчаць трэба з гэтым… А як – незразумела.
З такімі развагамі Шуршэвіч накіраваўся ў дарогу, напяваючы вясёлую народную пацучыную песеньку: “Я цябе кахаю, я цябе люблю, я цябе, прыгожую, у труну пакладу”.

Вандроўка і новае знаёмства

Любая вандроўка, нават запланаваная, у месцы даўно знаёмыя, хавае ў сабе пэўную энергію. Мыхан адчуў лёгкае, прыемнае хваляванне, калі сядаў у маршрутнае таксі, якое хадзіла проста да кантэйнера са смеццем. Таксі ўяўляла сабой старога дварнягу нявызначанага колеру. Сабака перацягваў зубамі старую сумку, якую калісьці пакінулі бамжы. Гэты навык застаўся ў яго з мінулага, сытага, жыцця, калі сабака жыў у хатніх умовах. Дробныя жыхары пад’езда і кантэйнера са смеццем карысталіся гэтым, і цяпер у поўнай бяспецы перасякалі двор, камфортна седзячы ў сумцы і мелючы розную лухту.
Мыхан залез у сумку адным з першых і, зручна размясціўшыся ля дзіркі, што замяняла акно, расслабіўся. З радыёпрыёмніка лілася новая лірычная песня ў выкананні вядомай спявачкі Пацукоўны Мыхавай:

Сёння я трошкі выпіў,
Потым глядзеў рэкламу,
Альбо тэлевізар працуе дрэнна,
Альбо я выпіў мала.

Песня скончылася, і пачалася рэклама: “Для вас і вашых дзяцей – неверагодная забава! Заапарк нябачных жывёл!”
Тоўсты пацук, што прысеў поруч з Мыханом, нервова таргануўся:
– Забава гэта яшчэ тая! Мой сусед хадзіў у гэты заапарк. Паглядзеў ён на нябачных жывёл і пайшоў дахаты. Па дарозе азірнуўся, а за ім наўздагон – велізарны тыгр. Уяўляеш сабе, які жах! Ён бегма дахаты – тыгр за ім. У кватэру забег разам з ім і давай з яго па-рознаму здзекавацца ды прыніжаць.
– А як прыніжаў? – раптам праявіў цікавасць да гісторыі Мыхан.
– Ды гарэлкі не даліваў, прымушаў жонку абражаць, лаяцца нецэнзурна.
– Ну і як твой сусед справіўся з гэтай скацінай?
– У тым і рэч, што ніяк. Жонка выклікала хуткую, і дактары забралі яго з белай гарачкай. А тыгр па кватэры да гэтага часу ходзіць.
Пасля гэтай фразы таўстун замоўк і задумаўся.

Прыезд

Маршрутнае таксі павольна спынілася ля кантэйнера са смеццем. Сонечныя промні адлюстроўваліся на яго сценках, надаючы новыя адценні нядаўна пафарбаванаму сховішчу смецця. Мыхан прымружыў вочы і прыемна пацягнуўся. Стомленыя суставы глуха затрашчалі.
– Як бы дрэнна ні было, але будоўля ў нас паціху вядзецца. Вунь як кантэйнер пафарбавалі – люба-дорага паглядзець.
Яркія фарбы і колеры радавалі Мыхана, але на падсвядомым узроўні ён разумеў, што ў кантэйнеры нічога не змянілася. Шэрасць, безвыходная самота – усё гэта засталося бяззменным для насельнікаў смеццясховішча.
На прыпынку Мыхана сустракалі родзічы. Больш за ўсё іх цікавіла тое, ці прывёз ён заказаныя імі рэчы і прадукты. Ніякай асабістай прыязнасці да Шуршэвіча яны не адчувалі.
Жыхары кантэйнера са смеццем любілі разважаць пра сваю ўласную гасціннасць, хаця насамрэч яны былі надзвычай зайздроснымі, сквапнымі і скрытнымі.
Дзядзькі, цёткі і пляменнікі акружылі Мыхана шчыльным гуртам і не­цярпліва пачалі выхопліваць з яго лапаў заказаныя сувеніры. Праз некалькі хвілінаў родзічы рассеяліся, пакінуўшы пасля сябе шматкі паперы, кавалак вяроўкі і старога, даўно спітага пацука, па мянушцы Ламахвост, які даводзіўся Мыхану дзядзькам.
Ламахвост быў шчырым працаўніком, які з часам дэградаваў, стаўшы цяжарам для дзяцей і жонкі. Ён цэлы дзень цягаўся вакол кантэйнера ў пошуках выпіўкі. Прыезд Мыхана быў для яго вялікай падзеяй і магчымасцю раздабыць чаго-небудзь алкагольнага.
Ламахвост падышоў да Шуршэвіча і, абняўшы Мыхана, паспрабаваў пацалаваць яго абвіслымі, слінявымі вуснамі. Шуршэвіч раздражнёна вывернуўся ад прыліву пачуццяў родзіча. Беспамылкова ацаніўшы стан Ламахвоста, Мыхан прапанаваў яму пахмяліцца. Удзячны пацук адразу пабег па бутэлечку.
Пасля набыцця выпіўкі родзічы знайшлі спакойнае месца і зручна ўладкаваліся на сонейку. Спяшацца не было куды. Сонца ляніва спаўзала на захад. Рамантычна рассеўшыся поруч з Мыханом, Ламахвост дастаў з парванай кішэні кавалак заплеснявелага сыру, які павінен быў стаць іх закускай.
– Прытрымліваюся старых традыцый: з алкаголем абавязкова трэба што-небудзь у страўнік закінуць, – павучальна сказаў Ламахвост.
– Лепш бы ты зусім нічога не еў, чым такой гадасцю набіваць жывот, – ляніва адказаў Мыхан.
– Чаму нічога?.. Гэта зусім не дрэнны сырок – айчынны. Ведаеш, а я патрыёт у плане ежы. Не люблю гэтых замежных прыштыкаў.
– А ты іх хоць раз каштаваў? У цябе ж на іх ніколі грошай не было. Заўсёды нашае з-за таннасці бярэш.
– Ты што?.. Я некалі крышку ад чэшскага піва аблізаў.
– Крышку – гэта, канечне, сур’ёзна, але недастаткова. Відаць, ты ніколі не зможаш прыстойна харчавацца. Будзеш перабівацца рэшту жыцця з хлеба на сала. Але гэта добра. А то прывыкнеш да лепшага, дык потым цябе не адвучыш, калі раптам бяда якая ці вайна здарыцца, голад пачнецца. Далікатныя мучыцца пачнуць, а ты не: адпачатку да адыходаў прывучаны. Нават пагаршэння не заўважыш. Вось, крызіс эканамічны нядаўна быў, шмат хто грошы страціў.
– Так, чуў я. Пацук з суседняга пад’езда заробак атрымаў і з таварышамі па цэху гатовай другаснай сыравіны адзначыць вырашыў, потым дахаты пайшоў. Неяк ён доўга і крыва ішоў. У выніку ўсе грошы згубіў.
– Эх ты, Ламахвост, п’яніца цёмны. Я ж пра сусветныя рынкі кажу.
– Так, рынкі ў нас нармальныя. Да сусветных ім пакуль, безумоўна, далёка. Учора вось хвосцік ад кілбаскі набыў. А яшчэ лыжныя чаравікі і мацаванні прыхапіў.
– А навошта мацаванні? Лета на двары! – здзівіўся Мышэвіч.
– А я іх ціхенька ля парога да падлогі прыкруціў. Хаджу, як бачыш, у лыжных чаравіках. Апошні час жонка набіла руку мяне мянціць. Паваліць на падлогу, і давай нагамі калбасіць. Дык я цяпер у кватэру заскочу, ногі ў мацаваннях зафіксую і стаю, як алавяны салдацік. Па мне хоць катком для ўкладкі асфальту можна праехаць – усё адно на месцы застануся.
– Катком цікава было б. Потым бы жонка цябе на сцяну замест дывана павесіла. А на ноч надувала б і як гумавую ляльку для розных брудных мэтаў выкарыстаўвала. А яшчэ б незамужніх сябровак з суседняга пад’езда паклікала. Вось бы свята дзяўчаты наладзілі! Дні тры б цябе не адпускалі, а ты б, як дурань, ляжаў і плакаў бы ад бяссілля.
– Не, тады катком не трэба. Гэта я так сваю ўстойлівасць гіпербалізаваў крыху.
– Ты пакуль сваёй фізічнай устойлівасцю займаўся, маральную губляць пачаў: ужо два разы з бутэлькі глынуў.
– Гэта я каштаваў, хваляваўся, каб мы не атруціліся. Бывае так, што пад крышкай атрутныя газы збіраюцца, і, калі адразу выпіць, то атруціцца можна. Гэта я цяпер самае небяспечнае на свой арганізм прыняў.
Аднекуль здалёк вецер данёс булькатанне гукаў рэгі. Надтрэснуты голас спевака разліваўся па наваколлі, напаўняючы паветра ваганнямі.

Раста, раста, раста фарая
Васька Любку ў хляве чакае.

– вяшчаў пацучыны Боб Марлі.
– Якая глыбокая растафарыянская ідэя ў тэксце, – адзначыў Мыхан. – “Чакае ў хляве”. Гэта значыць, што Васька зрабіў неверагодныя запасы сушанай травы – цэлы хлеў. А цяпер ён чакае каханую, каб папаліць з ёй і яшчэ чым-небудзь заняцца.
Да Мыхана і Ламахваста данесла ветрам пах паленай лістоты.
– Хутка восень. Пэўна, дворнікі сталі сухое лісце паліць, – адзначыў маладасведчаны Ламахвост.
– За такія лісты, у лепшым выпадку, тры гады “хіміі” даюць, – зазначыў Мыхан.
– Ды ну, – здзівіўся Ламахвост і сціснуўся. – Не пайду дворнікам працаваць.
Павольна перавальваючыся з нагі на нагу, з-за вугла выйшаў невялікі пацук са зблытанай на галаве поўсцю. Ён паглядзеў затуманенымі вачыма на Мыхана і спытаў:
– Прабачце, вы не бачылі трывокага прусака-ўсебачніка?
– Не, мы алкаголь п’ём, таму бачылі хісткага, абстрагаванага звераяшчура.
– Дзякуй, значыць ён ізноў праскочыў паўз мяне, – адказаў абкураны.
– Дарэчы, ты грызуна па прозвішчы Кумарэвіч ведаеш? – спытаў Мыхан, згадаўшы свайго даўняга знаёмага.
– Ведаю, ён гады два таму памёр. Адплыў, так бы мовіць, на лодцы сваіх мрояў у паралельны свет асацыяцый.
– Зразумела, ад перадазіроўкі адкапыціўся. А Кумарэвіч разумным, таленавітым быў. Часам так корку ад гарбуза абгрызе, што палова жыхароў кантэйнера збіраецца паглядзець. Мастак, адным словам. А ты, сябар-растаман ішоў бы паціху. Толькі глядзі, з травой асцярожней. Гэта добра, што я не з Міністэрства татальнага кантролю. А то я б адразу табе хвост заціснуў.
– Я грызуноў з гэтага ведамства на адлегласці адчуваю, – адказаў пацучыны растаман.
– Як гэта? – здзівіўся Мыхан.
– Па агульнай ардынарнасці. Ад іх бездарнасцю і шэрасцю за кіламетр нясе. Яны нічога рабіць не ўмеюць, а жыць хочуць добра. Таму ў Міністэрства татальнага канролю і пруцца. Я на іх не крыўджуся. Ім жа сваіх нашчадкаў карміць трэба. А як карміць, калі лапы з-пад хваста растуць і мазгі працуюць толькі ў адным накірунку – як і на каго б данос напісаць? Хоць ты ў лабараторыю для эксперыменту здавайся. Вось і мікаюцца, няшчасныя, па кантэйнеры ў пошуках ахвяры.
– Добры ты, раз так да іх ставішся, – адказаў Мыхан, зласліва ўсміх­нуўшыся.
– А мы, растаманы, увогуле добрыя, – адказаў пацук і, зірнуўшы мутнымі вачыма кудысьці ўверх, пайшоў па сваіх травяных справах.
– Так, час ідзе, старэю я. Вось і былыя таварышы паміраць сталі, – уздыхнуў Мыхан, паглядзеўшы на добра прыхмялелага Ламахвоста, які падчас размовы з растаманам паспеў наліць сабе паўшклянкі і несанкцыянавана выпіць.
Ад агульнай расслабленасці і выпітага на Мыхана раптам нахлынулі сентыментальныя ўспаміны. Шуршэвіч узгадаў сваю дваровую кампанію, у якой пакойны Кумарэвіч заўсёды вылучаўся энергіяй і вынаходніцтвам. Даўным-даўно Мыхану здавалася, што жыццё незвычайнае і цудоўнае, свет вялікі і з нецярплівасцю хоча пазнаёміцца з яго адкрыццямі, і ўсе вакол толькі і чакаюць таго, каб рэалізаваць прыдуманае Мыханом. Усё аказалася значна больш празаічным і змрочным. Прастору вакол кантэйнера аднойчы абгарадзілі, і свет зноў стаў маленькім, правінцыйным і да ванітаў пошлым. Рамантычны і таленавіты Кумарэвіч, які сваімі талентамі хацеў ашчаслівіць усіх, паступова скаціўся на самае дно пацучынага грамадства, сам таго не заўважыўшы. Творчыя пад’ёмы паступова змяніліся на наркатычную эйфарыю.
Аднойчы Мыхан наведаў Кумарэвіча ў яго смярдзючай, запушчанай нары, застаўленай бруднымі бутэлькамі і падгарэлымі каструлямі. Седзячы ля стала, на якім валялася некалькі скарыстаных шпрыцоў, Кумарэвіч накінуў сабе жгут на худую, пакрытую сінякамі лапу, і зрабіў ін’екцыю. Сінія вены пульсавалі пад бляклай скурай. Зрабіўшы ўкол, Кумарэвіч млява закаціў вочы і ціхенька застагнаў.
– Кайф, – хліпла прапішчаў ён.
– Ну і колькі ты яшчэ гэтым займацца будзеш? – спытаў тады ў яго Шуршэвіч. – Такі таленавіты пацук быў, такія надзеі падаваў.
– Заўтра кіну, пачну новае жыццё. Вось зараз пакайфую, а з раніцы ўсё змяню.
Успаміны пра апошнюю сустрэчу пранесліся ў памяці Мыхана. Кумарэвіч так нічога і не змяніў. Дадатковыя стымулятары рабілі яго жыццё ярчэйшым. Але за вялікае задавальненне заўсёды трэба плаціць, пры гэтым расплата часамі бывае фатальнай.
– Давай за Кумарэвіча вып’ем, заўпакойную.
Шуршэвіч наліў і змрочна, не стукаючыся шклянкай, выпіў.
Недалёка ад месца, дзе Мыхан аргаізаваў спантанны фуршэт, узвышалася дзіўная пабудова. Гэта быў даволі вялікі будынак, што нагадваў выкінуты макет сярэднявечнага замка. З іншага боку, вялікая колькасць навамодных матэрыялаў і бяздарны дызайн, сведчылі пра яго сучаснае паходжанне.
– Гэта што за балаган? У нас што, новы цырк размясціўся? Або, магчыма, гэта пашыраны варыянт пакою жахаў пад назвай “У гасцях у графа Дракулы”?
– Не, тут нашы менеджэры і бізнесмены жывуць, – адказаў Ламахвост, спрабуючы адкалупнуць рэшткі каменнага сыру.
– Цікава, чым жа ў такім месцы кіраваць можна? – здзівіўся Шур­шэвіч.
– А навошта кіраваць? Гэтыя грызуны пры перамяшчэнні кантэйнера добра хапанулі. Цягнулі сабе ў нару што пад лапу трапіць. Пакуль усе думалі, як і што, або пакуль каго сумленне мучыла, у іх поўная нара размаітага дабра назбіралася. Потым яны яшчэ адну нару захапілі. Так і пайшоў у іх бізнес. А цяпер часы ціхія, страшныя, давялося ім сваю працу змяніць.
– А хто яны такія, можа я іх ведаю? – зацікавіўся Шуршэвіч.
– А як жа? Яны з табой сярэднюю спецыяльную школу грызуноў наведвалі. Хамякі Мікалай і Барыс.
– Ведаю, сквапнымі з дзяцінства былі. На памыйцы адкідаў у іх не дапросішся. А як цяпер гэтыя прайдохі штукараць?
– Мікалай у Міністэрства гультайства і лайдацтва пайшоў працаваць загадчыкам Аддзела па незразумелых пытаннях. Вялікім грызуном стаў. А Барыс цяпер у апазіцыі.
– У апазіцыі да чаго? – здзіўлена спытаў Мыхан.
– Я дакладна не ведаю. Я пацук просты, працоўны. Барыс мне неяк лістоўку са сваёй праграмай даў. Я прачытаў і нічога не зразумеў. Надта ж няўцямна напісана. Затое паперка была харошая, гладзенькая, я ў прыбіральні за ўнітазам ёй сценку заклеіў. Малюнак вясёлы атрымаўся, вока радуе.
– Ну і за якія сродкі Барыс цяпер існуе?
– Ён дапамогу з-за Пагорка атрымлівае. То зерне адборнае, то цукеркі амаль ненадкусаныя. Яны яму прыпасы і сродкі розныя, а ён ім справаздачы, маўляў, змагаемся як можам. Усё высланае вамі патрачана на супрацьстаянне злым сілам. А сам усё сабе ў нару цягне. Вунь як уладкаваўся.
– Так, добры бізнес сабе Барыс арганізаваў. Галоўнае, працаваць не трэба, – зайздросна прамовіў Мышэвіч. – Атрымлівай ды ў нару складай. Толькі ўлік вядзі, колькі ў цябе дабра накапілася і справаздачы своечасова пішы. Заўсёды пра такое марыў: затрат ніякіх, адзін толькі прыбытак. Цікава, як ён з Міколам у адной хаце ўжываецца, той жа пры ўладзе прапісаўся?
– А вельмі проста. Сябруюць яны насамрэч, пастаянна бачу, як разам прагульваюцца, усміхаюцца. Па вялікім рахунку, справу яны адну робяць – на сябе працуюць. Якая розніца, якія лозунгі? Галоўнае, каб кішэня напаўнялася. Яны ўжо пра ўсё зараней дамовіліся: калі Мікола працаваць стоміцца і захочацца яму дурня паваляць, дык ён у апазіцыю пойдзе. А Барысу ў Міністэрстве тады працаваць давядзецца.
– А ці зможа ён пасля столькіх гадоў лайдацтва? – пацікавіўся Мыхан.
– Цяжка, пэўна, будзе, але да ўсяго можна прывыкнуць, асабліва да добрага, – адказаў Ламахвост, умела разліўшы рэшткі спіртнога па шклян­ках. – Сам бачыш, вока ў мяне дакладна мерае, і лапы яшчэ нічога сабе, – пахваліўся Ламахвост.
– Адно дрэнна, дрыжаць толькі моцна. Мы з табой ужо выпілі дастаткова, а ўсё адно яшчэ прыкалбашвае, – адзначыў Мыхан.
– Я гэты трэмар раней на працы выкарыстоўваў: на кандытарскай фабрыцы фігурныя малюнкі на тартах рабіў, але адтуль мяне таксама выперлі. Сказалі, што чым далей працую, тым авангардней атрымліваецца.
– Ну, давай, Ламахвост, закругляцца. Пайду я начлег шукаць, а то чым больш родзічаў, тым складаней дзесьці спыніцца.
– Я б да сябе запрасіў, але баюся, што жонка, як звычайна, сварыцца пачне, потым паб’е крыху… Балюча табе на ўсё гэта глядзець будзе.
– Добра, скончым п’янку. Заўтра з раніцы пахмяляцца пойдзем. Сустрэнемся на тым жа месцы. Заадно раскажаш, што з табой сёння адбудзецца, якія дзівацтвы вытварыш. Гэта з бадуна – самае галоўнае: успаміны пра ўчорашняе. Часам, праўда, сорамна бывае, але заўсёды цікава.
Даўшы Ламахвосту каштоўныя ўказанні наконт заўтрашняга ранішняга after party, Шуршэвіч накіраваўся ў бок цэнтральнага ўваходу ў кантэйнер.
Высока над кантэйнерам лунаў рознакаляровы кавалак тканіны, які выпадкова быў занесены сюды ветрам. Багатая фантазія стваральніка гэтага палатна спалучыла ў адзінае дзіўны геаметрычны малюнак з фрагментамі несумяшчальных колераў. Нядаўна жыхары кантэйнера вырашылі называць гэты кавалак анучы сваім сцягам. Лёгкі ветрык гойдаў тканіну, ствараючы на яе паверхні невялікія хвалі. Гонар, які павінен быў ахопліваць шараговага грамадзяніна кантэйнера пры такім патрыятычным відовішчы, ледзь паказытаў Мыхана недзе ўнутры тонкай пярынкай і выліўся вонкі гучнай адрыжкай. “Ну і ну, як мяне ад абдымкаў Радзімы праняло. Напэўна, адгукнуліся доўгія гады патрыятычных трэніровак, што складаліся з завучвання на памяць клятваў і статутаў розных эфемерных арганізацый і паходы ў шэрагах”, – падумаў Шуршэвіч. Выгляд дзяржаўнага сімвала навёў яго на роздум пра адносіны з Сістэмай, якая ніколі не песціла яго сваёй увагай і дабрынёй.
Для таго каб кагосьці дапусцілі да кіравання працэсамі ў кантэйнеры, яму было неабходна выказаць адданасць вялікай Сталёвай Дупе. Выява гэтага прадмета красавалася на самых відных і значных месцах у кантэйнеры. Асабліва адданыя прыхільнікі сістэмы насілі выяву задніцы ў выглядзе бірулек, але асабліва папулярнымі былі невялікія дупкі, прымацаваныя да ланцужка, што некаторыя насілі на шыі. Галоўным паказальнікам любові да сістэмы з’яўлялася колькасць пацалункаў сімвала. Сталёвая Дупа, што вісела ў цэнтры кантэйнера, была адпаліраваная да бляску, а ў некаторых месцах працёртая да дзірак. Сотні грызуноў прыкладаліся да сімвала да тых часоў, пакуль тыя, хто стаялі за імі ў чарзе, не адпіхвалі іх. Важнай умовай таго, каб заняць прыстойнае месца ў бюракратычнай іерархіі кантэйнера, з’яўлялася наяўнасць мазалёў ці крывавых ран на вуснах, набытых у выніку цалавання стальной статуі. Для таго, каб атрымаць запаветныя пашкоджанні, асабліва адданыя грызуны-кар’ерысты цэлымі днямі прыкладаліся да сваіх кішэнных дупаў, цешачы надзею на тое высокае становішча ў грамадстве, якое яны змогуць заняць.
Мыхана не цікавілі гэтыя гульні. Цалаванне Стальной Дупы і яе шматлікіх клонаў было для яго заняткам непрымальным і агідным. Шчыра кажучы, большасць прыхільнікаў культу задняй часткі цела не верыла ў ідэалогію, якую прапаноўвала Сістэма. Але жаданне атрымаць няцяжкую і высокааплочваемую працу брала сваё і прымушала паўтараць надакучлівы і балючы рытуал.
Заняты дзяржаўнымі думкамі, Шуршэвіч не заўважыў, што ўжо амаль сцямнела і прыйшоў час вызначыцца з месцам для начлега. Нара пацучынай сям’і Кілбасевіч была найбольш прыдатным для гэтага месцам. Муж і жонка Кілбасевічы даўно і шчасліва жылі разам і вялі сумесную гаспадарку. Яны маглі б лічыцца прыкладнай сям’ёй, калі б не некалькі лёгкіх пераломаў і раненняў, што былі імі атрыманыя ці нанесеныя ў працэсе міжсямейнай камунікацыі.
Мінуўшы цёмны дворык, Мыхан нахіліўся і нырнуў у дрэнна асветленую, прапахлую плесенню і таннымі, немудрагелістымі адкідамі нару. Большасць жыхароў кантэйнера лічыла асабліва важным максімальнае накапленне рэчаў на невялікай тэрыторыі сваёй нары. Гэты адказны і цяжкі працэс называўся гучным словам гаспадарлівасць. У цэнтры маленькай, цеснай кухні, запоўненай неверагоднай колькасцю непатрэбных прадметаў, знойдзеных сям’ёй Кілбасевічаў і прыцягнутых у нару, стаяла пацучыха Таня, гаспадыня жытла.
– Прывет, Танюха, сімпотная пацуха! – радасна ўсклікнуў расслаблены выпітым Мыхан і абняў старую знаёмую.
– Здароў, прыгажун, – адказала пацучыха, сціпла апусціўшы вочы долу.
– А ты ўсё круглееш! – здзівіўся Мыхан.
– А як жа ж, мне цяпер фігура не патрэбна, я замужам. Мне цяпер выстаўляцца неабавязкова. Магу зусім за сабой не сачыць. У нас нашчадкі такія, што мужычок ад мяне нікуды не дзенецца.
– Зразумела, але па-мойму, ты занадта расслабілася. А дзе твой, дома ці пасля працы адпачывае?
– Ды так, з сябрамі ў двары дзесьці тусуецца. Выйдзі, глянь, дзе ён, скажы, каб дахаты ішоў вячэраць. Хопіць яму хуліганіць.
– Добра, пайду гляну, як твой муж разгаўляецца.
Мыхан выйшаў з душнай нары і накіраваўся ў альтанку, якую ўмелыя жыхары кантэйнера змайстравалі з выкарыстанага пластыкавага кубка. У цэнтры гэтага будынку сядзеў разамлелы Наран Кілбасевіч. Напэўна дзеля душэўнай раўнавагі на абодвух яго каленах сядзела па адной сімпатычнай белай мышцы. Яны па-дурному верашчалі і спрабавалі абняць і пацалаваць Кілбасевіча. Наран усміхаўся, пагладжваў мышэй па задніх частках, пры гэтым не перастаючы адпускаць жарты.
– Здароў, стары распуснік, – павітаўся Мыхан з таварышам.
– Здароў, мой маленькі чумны імпатэнт, – дзёрзка адказаў Наран.
– А што, ён спраўды ўжо ні на што не варты? – радасна запішчалі мышы.
– Ды не, усё з ім нармальна, сур’ёзны ён толькі занадта. Ва ўсім сэнс шукае, таму расслабіца па-сапраўднаму не можа.
– Затое ты па расслабленні чэмпіён. Глядзі, жонка зловіць і прыгаворыць да пакарання.
– Не зловіць. Яна пра ўсё ведае ці, прынамсі, здагадваецца. Галоўнае для сябе ў жыцці яна ўжо зрабіла: выйшла замуж, нашчадкаў займела. Усё астатняе яе цяпер не хвалюе. Жыццё ў яе склалася.
– Так, добра вы з ёй уладкаваліся. Галоўнае, усім зручна.
– А то ж, у мяне не жыццё, а сэксуальна-эратычная казка. Я, калі хочаш ведаць, прафесійны адпачывальніка. Задавальнення мала не бывае, – прадэкламаваў Наран, падняўшы лапу, нібы выступовец на мітынгу.
– Глядзі, надарвешся ад задавальнення, – перасцярог Мыхан.
– Так, было такое, сябра, прыхварэў я неяк, пайшоў у бальніцу са спецыялістамі параіцца. А яны мне сказалі, што хвароба настолькі сур’ёзная, што нават яе назвы не ведаюць. Медыцына ў нас у кантэйнеры бясплатная. А ты ж ведаеш, што бясплатным бывае толькі сыр у пастцы. Таму вынайшлі ў нас спецыяльны сродак ад усіх хваробаў – сядзець у чарзе на прыём да доктара. Пасядзіш так разы два па тры гадзіны, глядзіш, ужо лепш сябе адчуваеш. Потым яшчэ хвілінаў за трыццаць на цябе картку завядуць, дакументы нейкія запоўняць – вось і дахаты ўжо захацелася. Выздаравеў, значыць. Але і гэта мне не дапамагло, таму я цяпер вонкавымі народнымі сродкамі лячуся: любыя настоі на травах п’ю. Галоўнае, каб на спірце. Бывае такое, што і трава ў настойцы не патрэбна. Чыстым спіртам таксама шматлікія хваробы лечац­ца, толькі трэба пабольш унутр ужываць. Вядома, можна ім і расцірацца, асабліва, калі сімпатычныя мышкі ўціраць будуць, то вылечышся дакладна хутка, – сказаў Наран і заціснуў мышэй, якія радасна завішчалі.
– Давай, можа, дахаты збірацца. Заўтра з раніцы пахмяляцца з Ламахвостам пойдзем. Я ўсё прастаўляю, – прапанаваў Шуршэвіч.
– Раз частуеш, подзем, вядома, на халяву і “Крысин” сырам падасца. Можа, да мышак зараз рванём, сыру пагрызём, папішчым у інтымных абставінах.
– Хадзем, хадзем, – радасна закрычалі мышкі.
– Дахаты мы заўсёды паспеем, а тут сум развеем і туга пройдзе, – прапанаваў Наран.
– Дамовіліся, толькі гадзіны на дзве, не больш, – нечакана для сябе згадзіўся Шуршэвіч.
У Мыхана з’явілася жаданне заняцца распустай і яшчэ выпіць. “Жыццё і так кароткае. Колькі часу патрачана на розныя сур’ёзныя справы. Нахлыне старасць, дык не будзе чаго і ўспомніць. Трэба добра адарвацца перад надыходам нямогласці”, – падумаў Шуршэвіч. Захоплены гэтымі геданітычнымі думкамі Мыхан далучыўся да вясёлага Кілбасевіча і яго сябровак.

У гасцях.

Мышкі, разам з якімі Наран і Шуршэвіч вырашылі правесці рэшту вечара, не былі карэннымі жыхаркамі Кантэйнера. Нейкі час таму яны жылі ў адной з нор, што знаходзіліся на бліжэйшым полі. Прыгожая прырода і свежае паветра не змаглі ўтрымаць мышэй на іх малой радзіме. Вялікая колькасць ежы і забаваў падштурхнула іх да пераезду ў Кантэйнер. Аграмадная памыйка паступова пазбавіла іх найлепшых якасцяў, прывучыла да няшчырасці і прывіла ім шэраг дрэнных звычак. Сяброўтва з жанатым Наранам стала яшчэ адным этапам у працэсе іх дэградацыі. Наіўныя палявыя мышы пачалі з цягам часу фарбаваць сваю поўсць у белы колер і вульгарна сябе паводзіць. Сяброўкі жылі ў старой нязручнай скрыні, што складалася з вузкіх аддзяленняў. Неверагодная скучанасць масы жывых істотаў у адным месцы магла шакіраваць навічка. Але ўважліва прыгле­дзеўшыся можна было заўважыць, што нават у такіх экстрэмальных умовах некаторыя асобіны паводзілі сябе ўпэўнена і бойка. Асабліва актыўныя і беспрынцыпныя паспявалі даволі ўдала размнажацца.
Добра падпітая кампанія ўвалілася ў невялікую ячэйку, што з’яўлялася прыстанкам для мышэй. Адсутнасць рэчаў і надзвычайная ўбогасць убранства нявыгадна падкрэслівалі беднасць і неналаджанасць мышынага існавання. З суседняга памяшкання даносілася новая песня немаладога заслужанага альтэрнатыўнага гурта:

Радыё моўчкі лічыць хвіліны
Радыё дурняў, радыё слоў.
Чаму перадачы яно прыпыніла,
Дзе думкі без сэнсу, дзе шэраг размоў?

– пранікнёна спяваў хвастаты Курт Кабэйн.
Наран падышоў да сцяны і пастукаў па ёй, заклікаючы суседзяў да парадку.
– Вось расшумеліся. Я нават сябе дрэнна чую, а не тое што мышэй. Што яны там пішчаць? – спытаў Наран у Мыхана, які ўтульна ўладкаваўся на кучы памятых кавалкаў газет.
– Хочуць яшчэ выпіць, напэўна, – інтэрпрэтаваў Шуршэвіч малазразумелую словатворчасць бландынак.
– Так мы ў поўныя дровы нахлешчамся. Будзем потым усю ноч Іхтыяндра выклікаць.
– Нічога не зробіш. Жаданне дамы для мяне закон, – схлусіў Шуршэвіч, для якога чужыя памкненні ўжо не мелі ніякага значэння.
Толькі адно ўсеахопнае жаданне выпіць яшчэ ізноў захапіла яго свядомасць.
– Вось жа ненасытныя якія! Давай тады будзем працягваць. Няхай мышы ў магазін злётаюць, а мы пакуль з табой, Шуршэвіч, пагаворым, – прапанаваў Наран.
Узрадаваныя перспектывай працягу п’янкі, мышкі вокамгненна накіраваліся за спіртным.
– Раскажы, Наран, як ты да такіх дрэняў скаціўся, – пацікавіўся Мыхан, выклікаючы свайго сябра на шчырую размову.
– Пачаў я неяк колькі гадоў таму бізнесам займацца. Са сродкамі, ты сам ведаеш, у мяне заўсёды туга было. А тут неяк адразу прываліла. Я расслабіўся, стаў па рэстарацыях хадзіць, на Танюху сваю перастаў увагу звяртаць, каханку сабе завёў, большасць заробку на забавы траціў. Раптам у нас у кантэйнеры палітыка строгасці і пакарання пачалася. Грошай стала менш. Я да Танюхі назад паспрабаваў падкаціць, а тая за час маіх гульбішчаў, відаць, канчаткова мяне разлюбіла, сварлівай стала і сквапнай. Увесь час грошай патрабуе ды сварыцца бясконца. Большасць сяброў ад мяне адвярнулася – хто ж будзе з няўдачнікам справу мець.
– А ты на апошнія выбары, Наран, хадзіў? – пацікавіўся Шуршэвіч.
– Не, у мяне ж усё добра было: забавы, самкі, грошы. А як скончылася ўсё, дык задумвацца стаў, ці толькі ў багацці шчасце.
– Ну і што надумаў?
– Пакуль не вырашыў: занадта сквапным за час працы ў бізнесе стаў. Падманваць ніяк не адвучуся. Так прызвычаіўся, што на простыя пытанні не магу шчыра адказаць. Пры прыёме на працу адзін раз такую біяграфію напісаў, што яе потым асобнай кнігай выдалі пад назвай “Жыццё, страчанае ў пошуках грошай. Гісторыя маральнага падзення”.
– Усё з табой зразумела. Можаш на жыццё не скардзіцца: ты сваё выбраў, таму атрымлівай задавальненне ад таго, што маеш.
– А я і атрымліваю. Глядзі, вось і мышы вярнуліся, прынеслі нам штосьці для павышэння тонуса.
– А паесці чаго прыхапілі? – пацікавіўся Мыхан.
– Не, канечне, – абурыліся мышы.
– Ты, відаць, даўно у нас у кантэйнеры не быў. Цяпер прынята больш алкаголю браць ды ігнараваць закуску. Стараемся вочы хутчэй заліць, каб усё гэтае вычварэнства не бачыць.
Пасля некалькіх шклянак алкаголю для ўсёй кампаніі настала сітуацыя, што называецца поўнай раскаванасцю пры страце сораму. Апісваць усю бязладзіцу, што адбывалася ў той вечар, не выпадае магчымым, паколькі нават удзельнікі гэтых падзей наўрад ці маглі б усё прыгадаць. Потым Мыхан з цяжкасцю ўспамінаў, што ён біўся аб заклад, што ўзаб’е хвастом кактэйлі, час ад часу адводзіў мышэй па чарзе у суседняе памяшканне, дзе ўчыняў з імі распусныя дзеянні.
У Шуршэвіча сталі выяўляцца нерэалізаваныя жаданні, што крыліся глыбока ў яго падсвядомасці. Са стрыманай, сканцэнтраванай на сваім унутраным свеце істоты, ён раптам ператварыўся ў развязанага хама і распусніка. Так засталося і не высветленым, хто прапанаваў усёй кампаніяй пайсці ў госці да Нарана Кілбасевіча.

Растрапаная, заспаная Танюха, адчыніўшы дзверы ў пяць гадзін раніцы, пабачыла п’яную кампанію, у якой, акрамя Нарана і Шуршэвіча, асобна вылучаліся дзве неакуратна выфарбаваныя мышы.
– Што ж гэта за бязладзіца тут адбываецца і што гэта за пачвары? – спытала Танюха, агрэсіўна глянуўшы на збянтэжанага Нарана.
– Гэта м-м-м… – прамычэў Наран ды ікнуў.
У гэты момант Шуршэвіч зразумеў, што трэба ратаваць сітуацыю:
– Танюха, гэта ж нашы аднакласніцы. Прыехалі ў кантэйнер на пару дзён, а пераначаваць ім няма дзе. Не можам жа мы на вуліцы іх у халодную ноч пакінуць, таму Наран, добрая душа, з сабой іх паклікаў.
– Добра, заходзьце ў нару, размяшчайцеся, – сказала Танюха, кінуўшы недаверлівым вокам на распуслівых, п’яных мышэй.
Ноччу Наран цяжка спаў, перамяжоўваючы глыбокі, некантралюемы сон з яркімі прароцкімі вобразамі. У нейкі момант ён яскрава ўбачыў наступленне калапсу ў кантэйнеры. Нібыта па ўзмаху чароўнай палачкі бестурботныя жыхары стальнога мегаполіса раптам сутыкнуліся з рэаліямі навакольнага свету. Усе прыдуманыя, эфемерныя адносіны, што актыўна ствараліся мясцовай уладай, раптам пачыналі разбурацца, і ўся безадказная несамастойнасць абарочвалася для жыхароў кантэйнера сур’ёзнымі праблемамі. Напаўгалодныя, спалоханыя грызуны кідаліся ў пошуках цяпла і харчавання. У адчаі цэлыя статкі спрабавалі перабегчы на прылеглыя да кантэйнера тэрыторыі, аднак істоты, што там жылі, актыўна выцяснялі іх са свайго ўчастка ў халодны, змрочны і асуджаны на выміранне кантэйнер...