12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
Мне голас быў...
Вершы

* * *
Скупыя высокія словы —
Як споведзь,
Як роспачы ўздых.
Яны — нашай веры аснова.
Ня кпіце паблажліва з іх.

У шчасьці,
Адчаі
I бунце
I ў нашы праклятыя дні
Вы сэрцам сягнуць паспрабуйце
Да іхняй сьвятой вышыні.

Яны нам паходню запаляць
У здрадлівай шэрай імжы.
Яны яшчэ прыдуць на памяць
На самай апошняй мяжы...


* * *
Была сьвяточнасьць.
Быў уздым.
Душа ўзьлятала ў паднябесьсе...
Ды ўсё прайшло,
Як лёгкі дым,
Як незапомненая песьня.

Будзённасьць сумная прыйшла.
I ўжо нянавісьць іклы шчэрыць.
I гвалтам лезуць з-за вугла
Тупое невуцтва і шэрасьць.

Для іх настаў шчасьлівы час –
Такога не было ніколі:
Касі,
Як свой,
Чужы папас,
Вазі снапы
З чужога поля.

I абжывай на скразьняках
Другімі ўробленае ляда,
Абы ва ўчэпістых руках
Была захопленая ўлада...

I дзе ім зразумець,
Што дні
Усё бліжэй вядуць да згубы,
Што ўсіх
Пільнуе з вышыні
Груган галодны,
Вострадзюбы!..


* * *
Мне голас быў...
Ганна Ахматава.

Мне голас быў
Аднекуль з паднябесься
Ці, можа, з-за высокіх курганоў —
Анёл трубіў,
Ці дуб шумеў на ўзьлесьсі,
Ці далятала водгульле званоў...

Мне голас быў.
I я пачуў яго.
I ён узьняў мяне да зор нібыта,
Спавіты ціхай незямной тугой,
Таемны і знаёмы,
Як малітва.

Як стомленая песьня на жніве,
Як самы першы жаўранак вясновы,
Мне голас быў.
І ён са мной жыве.
І шэпча мне свае скупыя словы...


* * *
Горка ўспамінаючы нягоды,
Судзячы глухую даўніну,
Як жа нам ня хочацца
Заўсёды
На сябе прымаць усю віну!

Сьцішваючы скрушнае рыданьне,
Боль свой разбаўляючы ў віне,
Мы сабе шукаем апраўданьне
На чужой, нялюбай старане.

У душы пануюць невылазна —
Колькі іх сабе ні выбачай —
Раўнадушны сьмех старога блазна
І бясьсільны малады адчай.

I ўзыходзіць на лугах наступства
Забыцьця калючая трава...
Нам пакорнасьць нашую і глупства
Бог ужо стаміўся дараваць...


* * *
Я ўжо зусім ня злосны.
Мой гнеў адпалымнеў.
Разьятраныя вёсны
Даўно ня сьняцца мне.

Ня ходзяць талакою
Ні зайздрасьць,
Ні жуда.
У акіян спакою
Сплыла гадоў вада.

Няхай цяпер другія
Бягуць да перамог.
Я нават настальгію
Здушыць у сэрцы змог.

Я з думкаю зьмірыўся,
Што зараз —
Іншы час,
Што бітвы
I піры ўсе
Сягоньня
Не для нас.

Я ветла саступаю
Дарогу маладым...
Хаця
Сьляза скупая
Навернецца пры тым...

* * *
Сягоньня лес ня той,
Як быў учора –
Ня можа ўратавацца ад людзей.
Чырвоны капялюшык мухамора
I той здалёк відзён усё радзей.

Да самых нетраў
Ад людскога статку
Пракладзены віхлястыя шляхі,
I вытаптаны ў пыле
Да астатку
Ігліца,
І грыбніца,
I імхі.

Ужо не паблукаеш адзінока,
Ня ўгледзіш расамаху за лаўжом.
Наважышся на грыб пакласьці вока,
А там ужо стаіць дзяцюк з нажом.

І коціцца наўсьцяж гуканьняў рэха,
I цішыню ірвуць гудкі машын.
I хмуры лес,
Як нейкі недарэка,
Разгублена стаіць каля шашы...

* * *
Ты ўдачлівы,
Калі табе ня трэба
Шторанку думаць пра кавалак хлеба,
I над табою цэлы дзень ня вісьне
Начальнік,
Як наглядчык ненавісны.

Ты ўдачлівы,
Калі цябе хвароба
Ня джаліць,
Як бязьлітасная кобра,
I абмінае тваю хату злодзей,
І ўся сям’я жыве ў вясёлай згодзе.

Ты ўдачлівы,
Калі ў дурным тубыльлі
Твае сябры твой адрас не згубілі,
I груз бясьсільля не ссутуліў плечы,
I страх табе душу не пакалечыў...

Хто скажа мне,
Калі такая ўдача,
Урэшце рэшт і да мяне прыскача?..


* * *
Жнівеньскаю цёплаю часінай
Я люблю спыніцца ля ракі,
Калі ўспыхнуць над смугою сіняй
Мігаткіх сузор’яў сьветлякі.

Галаву да зорак задзіраю,
Срэбны сьлед шукаю ў вышыні,
Нібы ў рай бяз спросу зазіраю
У зямной бязлюднай цішыні.

Веташок над даляглядам вісьне.
Ні машын, ні крокаў не чутно.
І здаецца —
Там, у зорнай высі,
Тчэцца нашай долі палатно.

Я пад гэтым дзівам заціхаю
І душой шчасьліваю лаўлю
Вечнасьці спакойнае дыханьне,
Што сыходзіць з неба на зямлю...


* * *

Камары хварэюць на бяссоньніцу.
На лясной паляне
Ці ў двары
На хвіліну нават не ўгамоняцца,
Звоняць
Ад зары і да зары.

Гоняць іх
Над пыльнымі дарогамі
Волкія вячэрнія вятры.
Коні
Б’юць па іх хвастамі доўгімі.
Труцяць іх
Начлежныя кастры.

Іх малеча
Вецьцем за адрынай
Хвошча спрытна так не па гадах...
Незайздроснай долі камарынай
Хай бы хто хоць раз паспагадаў.

Дзе там!..
А калі яны пад соснамі
Несьціхана мак таўкуць на дождж,
Дзівяцца з іх,
Што такія злосныя
I яшчэ худыя да таго ж...


* * *

Час даўно пераблытаў семафоры і рэйкі,
Пасадзіў нас усіх у свае цягнікі.
І, пакінуўшы родныя хаты і рэкі,
Мы ў нязнаную далеч ляцім нацянькі.

Мы баімся адны на вакзале застацца
I імчым па палях, па лясах, па жыцьці.
I мільгаюць,
Мільгаюць за вокнамі станцыі.
I хто ведае,
Дзе каму трэба сысьці...


* * *
Вецер ходзіць каля хаты,
Хіліць вішню да сьцяны,
Дзьме у комін глухавата,
Нібы ў рог берасьцяны.

На двары галосіць зычна
Згаладнелай пустальгой —
Ці то просіць,
Ці то кліча
Сам ня ведае каго.

Шамаціць травой ля плоту.
Кветкі пнецца здратаваць...

Гэта ён ад адзіноты
Мяне хоча ўратаваць...


* * *
Адыходзяць хлопцы,
Адыходзяць.
Адлятае жураўліны клін.
Хочацца ўжо небу крыкнуць:
— Годзе!
Ты хоць трохі талентаў пакінь.
Што ж ты забіраеш іх на ўзьлёце?
Што ж ты пакідаеш на зямлі
Шэранькіх,
Што ў таннай пазалоце
Самі кут чырвоны занялі?
Не шкадуеш ім гадоў заможных,
Душы ім сумненьнямі ня рвеш.
А ніхто ж з іх выдыхнуць ня можа
Хоць адзіны лебядзіны верш...

...Павуцінка вісьне адзінока
На галінах сьцішаных калін...
I ляціць у сіняве высокай,
I курлыча жураўліны клін...