12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
Толькі б не канчалася дарога...
Вершы

* * *

Сябрам-шасьцідзясятнікам
Мы – розныя,
Як розныя мясьціны,
Што нас у сьвет шырокі прывялі.
У кожнага ёсьць свой куток адзіны,
Найлепшы,
Найраднейшы на зямлі.
У кожнага свае хмызы і крушні,
Свае лугі, пагоркі і раўкі,
Свой маладзік,
Загадкавы і скрушны,
Свой адзінокі явар ля ракі…

Мы – розныя,
Як розны лёс і досьвед,
Якія мы пранесьлі праз гады.
З нас кожны зьберагае ў сэрцы водсьвет
Загадкавых заранак маладых.
У кожнага свае шляхі і вёсны,
Свае вышыні,
Бездані свае,
Свае чаўны і ветразі,
І вёслы,
Якія час ужо ў архіў здае…

Мы – розныя.
Ды нас усіх яднае
Спазнаная душою спакваля
Крынічная,
Сунічная,
Лясная
Пясчаная бацькоўская зямля,
Радзінны край,
Цярплівы і збалелы,
Гасьцінны,
Як расьцелены абрус,
У тысячах навалаў ацалелы
З благаславёным імем –
Беларусь…


* * *

Ня знаю,
Чым узварушыць душу –
Глынуць віна вясёлага кілішак,
Ці зладзіць спавядальную імшу,
Або схавацца з кніжкаю ў зацішак,
Ці выйсьці ў цемру восеньскай начы
Шукаць між дрэваў сьцежкі невядомай,
Балюча спатыкацца аб карчы
І толькі ўраньні дабрысьці да дому…

Хто тут параіць,
Што найлепей мне –
Ці выплакацца на плячы каханай,
Ці патапіць самотнасьць у віне
І ўсё стрываць з цяжкой душэўнай ранай,
Ці ірвануць кашулю на грудзях
І кінуцца ў няроўны бой зацята,
Каб,
Загарнуўшыся ў змагарны сьцяг,
Ахвярна ўпасьці пад прыкладам ката?..

…Ляціць, ляціць зямны маўклівы шар,
Ламаючы арбіты і праменьні,
І курчыцца, баліць мая душа
У сьвеце,
Поўным жаху і зьняменьня…


Вецер дзяцінства

Ранішні вецер з радзімы маёй
Пахне густой баравою смалой.
Пахне аерам
І дзікаю мятай.
Пахне вясковай бацькоўскаю хатай,
Сенам і кменам,
Ячменем і жытам,
Зрубам суседскім
І мёдам разьлітым.
Пахне адбеленымі рушнікамі.
Пахне матулінымі рукамі.
Лесам сунічным
І возерам чыстым…
Пахне сьвятым, незабытым дзяцінствам.


* * *

Блукаю ў незнаёмым лесе,
Разблытваю сьцяжын вузлы…
А ўжо цямнее паднябесьсе,
І падпаўзае вецер злы.

І я спыняюся ў адчаі,
Даю на міг спачыць нагам –
І нечакана прыкмячаю
Наперадзе,
Між дрэў,
Прагал.

Хоць хату я яшчэ ня бачу,
Але ўжо чую –
Ад яе
Зьвяглівы малады сабачка
Свой звонкі голас падае.

Як успамін аб прамінулым
І спадзяваньне на цяпло,
Дымком ядлоўцавым дыхнула
Чужое блізкае жытло.

І я ўжо ўпэўнена шыбую
Праз засьцярогу і спалох,
Нясу сваю душу жывую
На невядомы мне парог…


* * *

Хаваю ад зайздросных рук
Былых гадоў тугую повязь.
Пасьля пакутлівых разлук
Сьпяшаю ў родны край на споведзь.

Хачу наплакацца над тым,
Што ўжо ня вернецца ніколі,
Што на шляху маім крутым
Рассыпана драбкамі солі.

Ні з кім дзяліцца не магу
Віною горкай і грахамі.
Хай застануся я ў даўгу
За ўсіх адзін перад бацькамі.

У хату матчыну прыду
Шукаць між сьцен старыя цені
І за парогам упаду
Пад абразамі на калені.

Хай будуць дзьверы на замку,
Пакуль з душы ня сыйдуць сьлёзы.
Хай пастаяць усе ўбаку –
Сябры,
Суседзі
І бярозы…
* * *

Гараць у печцы дровы,
Патрэскваюць сучкі.
Прыходзяць самі словы
У першыя радкі.

Зусім не па заказу,
Не для пустых забаў,
А проста так,
Адразу,
Як вечар падказаў,
Ці падарыў мне крэўны
Душы сьвяты парыў,
Ці нашапталі дрэвы,
Што ў печы я спаліў…


* * *

Ты, горад мой,
Даруй мне,
Што кожнаю вясной
Ірвуся я
Да руні,
Да засені лясной.

Хоць ты даўно любімым
Прыстанішчам мне стаў,
Дарогамі любымі
Бягу да першых траў,
Дзе сьпіць на кожным дрэве
Шпачыных крылаў шум,
Дзе мне вятрыска грэе
Вясковую душу…


* * *

Як чужою красою ня цешся,
Як далёка свой шлях не масьці,
Прывядзе незабытая сьцежка
Хоць аднойчы
Да родных мясьцін.

Пойдзеш ты,
Абмінаючы лозы,
Да лагчыны,
Дзе сьвеціцца плёс,
Дождж скупы,
Як мужчынскія сьлёзы,
Праліецца зьнячэўку з нябёс.

Сьціхне вецер
За сьцежкаю вузкай,
Пыл саб’е з незнаёмых сьлядоў.
І астудзяць
Засьмяглыя вусны
Кроплі даўніх хлапечых гадоў.

І аблокі,
Як сьветлыя плямы,
Паплывуць па люстранай вадзе.
І яшчэ непазбытая памяць
У душу ціхі сум прывядзе…


* * *

Прырода зьмены прывячае,
Наперад ім дае пасад –
І восень
Яснымі вачамі
Глядзіць прыціхла з-за прысад.

Яна ўжо адшукала сьцежку
За далягляды,
За палі,
Дзе верас высахлы
На ўзьмежку
Агонь блакітны распаліў,
Дзе павуціньне
З лоз намоклых
Зьвісае струнамі тугі,
І пыл асеў,
І птушкі змоўклі,
І чорна высяцца стагі.

Там ноччу выстылі барозны,
Лёг пад паветкаю нарог,
Як сьвечкі,
Тонкія бярозы
Стаяць паныла ля дарог…
І хоць антонаўкі і грушы
Яшчэ хаваюцца ў гальлі,
Вятры ў садах
Ужо цярушаць
І гоняць лісьце па зямлі…


* * *

Я жыву на лецішчы даўно.
Аддаю душу сваю спакою.
За вяртлявых плісак талакою
Назіраю зранку праз вакно.

Уцякаю ў вечаровы цень,
Дыхаю паветрам верасовым,
Веру хмаркам і суседскім словам,
Што і заўтра будзе добры дзень.

Мне тут лёгка ў соннай цішыні
Аддавацца думкам
На сугрэве,
Цікаваць,
Як Бог на кожным дрэве
Ад дажджоў хавае прамяні…

Тут я п’ю густы настой травы
З гаркаватым прысмакам аеру
І, нібы дзіця малое,
Веру,
Што наш сьвет
І вечны,
І жывы.


* * *

Ён з намі жыў.
Ён з намі быў.
Хадзіў па вуліцах адных.
Ён побач з намі піва піў
У перапоўненых піўных.

Ён нэндзу разам з намі кляў.
Бег за трамваем напрасткі.
І хлеб у булачнай купляў.
І галубоў карміў з рукі.

Ну а яшчэ
Мяшкі цягаў
І быў рамантыкам крутым,
І ў тайны космасу сягаў…

Ды мы ня ведалі аб тым.

І вось нясуць яго труну,
І чорны надпіс на крыжы.
І адкрываем мы цану
Таго,
Хто побач з намі жыў.


* * *

Я да славы не раўную
Ні калег і ні сяброў
І ў запале не руйную
Іхніх вежаў і муроў.

Хай яны сабе будуюць
Замкі з дахамі ля хмар.
Хай ніколі не бядуюць
Ад памерлых марных мар.

Хай сабе ў дарогу ладзяць
І пастронкі, і гужы
І сябе прароча садзяць
На высокі трон чужы.

Хай віжуюць і гізуюць,
З пахвалы плятуць вянкі
І насьпех прыватызуюць
Маўзалеі і вякі…

Мне ўсё гэта нецікава.
А калі іх час міне,
Што ж,
Тады ўжо пані слава
Хай зірне і на мяне…


* * *

Зірнеш здаволена наўкруг –
Амаль што райская карціна:
Прыветна зелянее луг,
І ціха пасьвіцца скаціна.

Сьляпнеча кружыцца траха.
Курыцца вогнішча ля ўзьмежка.
Схавана ў вуснах пастуха
Лянівая, скупая ўсьмешка.

Сумуе пуга пад нагой.
Лагодаю прыўзьняты бровы…
Але здалёку
На яго
Глядзяць спалохана каровы.

Яны ня здолелі забыць,
Хоць дзікі боль і сьціх імгненна,
Як люта ён умее біць,
Аж на губах бялее пена.

Ён біў штораз усё ямчэй
І сыпаў новыя пагрозы.
У іх каціліся з вачэй
Вялікія, рудыя сьлёзы…

Ня вабіць іх суседскі луг,
Ня кліча збажына гасьцінна…

Чым больш бязьлітасны пастух,
Тым больш слухмяная скаціна…


* * *

Мяне агітуюць на ўсе лады,
Хто як умее
І хто як можа,
Які я багаты,
Які малады,
Які я здаровы,
Які я прыгожы.

Паслухаеш іх,
Дык нідзе на зямлі
Няма шчасьлівейшага недарэкі, —
Каб проста да ганку ад ранку плылі
З кісельных пагоркаў малочныя рэкі…
Ах, родныя, кіньце.
Суцішце імпэт!
Калі гэта бачылі вы ў гэтым сьвеце,
Каб быў не абыйдзены зьдзекам паэт,
Каб зайздрасьць яго не таптала ў кювеце?

Якое багацьце?!
Хіба што адны
Адвечнай жальбой нашаптаныя словы,
Ды роднага шляху рушнік ільняны,
Ды матчыны песьні,
Ды ветах вясновы…

І дзе ўзяць здароўе,
Калі ўсе гады
І ворагі-злосьнікі,
І аднаверцы
Вачэй не спускалі з няроўнай хады
І рвалі на часткі збалелае сэрца?..

Мяне не турбуе пустая хвала.
Калі ж спагадаць мне вы мелі на мэце,
Прашу:
Не цягніце мяне з-за стала,
Пакіньце ў спакоі
І ўсё зразумейце…


* * *

Матулі ня трэба ніякіх гасьцей –
Абы толькі дзеці бывалі часьцей,
Сядалі за стол і мачанку хвалілі
І ў вочы яе заглядалі штохвілі.

Яна ўсё ня можа на іх наглядзецца.
Забыла зусім пра нямоглае сэрца.
То спусьціцца ў пограб,
То кінецца ў сенцы –
Абы дагадзіць…
Дзе тут думаць аб сэрцы!

А дзеці…
Раскажуць хіба без прынукі,
Ну як там гадуюцца ў горадзе ўнукі,
Як ладзіцца праца,
Чым поўніцца хата?..
Пытаньняў заўсёды ў матулі багата…

І што ні кажыце,
Няправільна штосьці,
Калі дзеці дома бываюць,
Як госьці.


* * *

Калі б я меў на ўсё адказ,
Сьвет зрэдку б агарошваў,
Не адыходзіў бы ад кас
Бяз ладнай сумы грошай,
Для прыгажунь не шкадаваў
Шыкоўных самых руж бы
І ўсім навокал раздаваў
Цяпло ад царскай дружбы…

Ды казырнуўся я дарма,
Усё будзённа-проста:
Ні грошай у мяне няма,
Ні царскага сяброўства.

І хто ж у наш бязладны час
Спрыяць ва ўсім мне стане?...

Ах, каб я меў на ўсё адказ!
А то –
Адны пытаньні…


* * *

Ва ўсе часы былі і сьмех, і сьлёзы.
Ва ўсе часы над пыльным бальшаком
Шумелі разгайданыя бярозы,
І віс жаўрук сярэбраным званком.

Ды нашы дні зусім зьмянілі далі.
Схавалі сонца ў змроку хмызьнякоў.
Вячыстыя бярозы сьпілавалі
І патруцілі звонкіх жаўрукоў.

Даўно тут болей не блукае посах,
Машыны не імчацца з вецярком,
Чарнеюць пні на ўзбочынах зарослых,
І не курыцца пыл над бальшаком…

І ці ўзгадае нехта
Пра абозы,
Пра тое,
Як у роднай старане
Шумелі разгайданыя бярозы,
І жаўранак сярэбраны зьвінеў?..


* * *

Колькі ні прайшоў дарог і сьцежак,
Колькі пералескаў не схадзіў,
Як зямной красой душу ня ўсьцешваў,
А не разгадаў адвечных дзіў.

Ці каля Дзьвіны,
Ці каля Піны,
Дзе чакаюць шчасьця землякі,
Шэпчуць аб нязьведаным яліны,
І маўчаць аб вечным лазьнякі.

Берагуць яны дасюль сакрэты,
Ад чаго
Праз доўгія вякі,
Роднасьцю,
Лагоднасьцю сагрэты,
Кожны кут тут дарагі такі.
Чым ён непаўторны і бясцэнны,
Што здалёк
Да сосен і кляноў,
Да бацькоўскай хаты пяцісьценнай
Кліча нас сьпяшацца зноў і зноў…

І я зноў
З надзеяй і трывогай
Крочу па загадкавай зямлі…
Толькі б не канчалася дарога.
Толькі б дзівы дзіўныя жылі…