12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
Яшчэ ня вечар.
Вершы

* * *
Здавалася б,
Пражыта ўжо так многа,
Што можна ўсё наперад угадаць.
Але жыве ў душы маёй трывога
Аб невядомых будучых гадах.

Што прынясуць яны ў наш край панылы,
Што пакладзе на ім наш век ліхі –
Ці новыя дачасныя магілы,
Ці ясныя і шчасныя шляхі?

Ці хутка наша веліч уваскрэсьне?
I што пачуе ўвесь абсяг зямны –
Матуліны няскончаныя песьні
Ці звонкія чужыя кайданы?..

Чаго цыбаты белакрылы бусел
Дадому прылятае ўсё радзей?..

Я за сябе даўно ўжо не баюся –
Баюся за Радзіму і дзяцей...


* * *
...А нашы дрэвы,
Нашы рэчы
Жывуць на сьвеце пасьля нас.
У іх куды мацней,
Дарэчы,
Зямной трывучасьці запас.

Яны ня ведаюць маралі.
І пасьля здрад людскіх
Яны
Так і стаяць,
Як і стаялі,
Ці – пад вакном,
Ці – ля сьцяны...

І ўсё ж,
Я спадзяюся ўпотай,
Што ў гарачынь
І ў халады
Яны
Наш кожны стогн
І дотык
Хаваюць моўчкі праз гады.

І, можа, ў тым таксама шчасьце,
Што ўсё,
З чым мы жылі ў свой час,
У што пасьпелі сэрца ўкласці,
Не памірае пасьля нас...


* * *
Калі пражытыя гады
Зьбяром усе да кучы мы,
Дык, можа, ўбачым:
Сапраўды
Мы добра надакучылі
Бярозам тым,
Што каля нас
Пасьпелі ўжо састарыцца,
І тым сарокам,
Што з-за нас
Ужо даўно ня сварацца,
І сьцежкам тым,
Што столькі год
Тапталі ўдзень і ўвечары,
I зоркам,
Што ў часы нягод
Надзеі нам падсьвечвалі,
І рэчцы той,
Што пад гарой
Булькоча заклапочана,
І песьні,
Сумнай і старой,
Што так і не закончана,
І храму,
Што ўцалеў ад куль
І ўзнёсься ўвысь над кручаю...

Ну, а вось мне,
Дык і дасюль,
Жыцьцё не надакучыла...


* * *
Мы ўрэшце ўсе адыдзем –
Я і ты –
У незямное царства нематы,
Адкуль ніхто ня вернецца назад.
І будзем там –
Бяз званьняў і пасад –
Нанова прыглядацца да ўсяго:
Былога,
Незабытага,
Таго,
Чаго ўжо ні паправіць, ні зьмяніць...
І там ніхто ня здолее зманіць.

Ён збудзецца,
Той непазьбежны цуд,
Калі паклічуць нас на Боскі суд
І ўрэшце праўда –
Хочаш ты ці не –
Адкрыта ў вочы кожнаму зірне.

Хоць там пагроз не прагучыць зусім,
Ты сам сабе прызнаешся ва ўсім,
Сам назавеш сумленна ўсё як ёсьць –
І страх,
І зайздрасьць,
І хлусьню,
І злосьць.
І не папросіш літасьці,
Бо ты
З дзяцінства чуў пра гэты суд сьвяты...

Дык дай нам Бог,
Нібыта пры жыцьці
І там да сябра сьмела падыйсьці!..



* * *
На зямлі даўно сьвятых няма –
Кожны хоць бы трошкі ў нечым грэшны.
І ніякі пост або намаз
Не ачысьціць грэшных душ дарэшты.

Кожны з нас нясе –
І ці ж адну? –
Да нябеснай немінучай брамы
Горкую міжвольную віну
Перад Богам і перад сябрамі.

Хто нам скажа,
Ці пасьпеем мы
Хоць аднойчы стаць перад бажніцай
І ў шчасьлівы, ачышчальны міг
Шчыра ўсё прызнаць і павініцца?

Можа,
І даруецца прытым
Нейкая правіннасьць ці дзівацтва...
Дзе ўжо лезьці ў сваякі сьвятым –
Добрымі людзьмі хаця б застацца...


* * *
Кажуць,
І ў нашым краі
Ёсьць чорная глухамань,
Дзе моўчкі жыцьцё памірае,
Дзе кладкі зацягвае твань,
Дзе поле даўно не ворана,
І не прыбраны лаўжы,
Дзе воран ляціць да ворана,
А воўк да ваўка бяжыць,
Дзе квакаюць жабы сытыя,
І плодзяцца сьлімакі,
Дзе злосна гадзюкі сыкаюць,
І рохкаюць грозна дзікі...

Я гэткай ня бачыў мясьціны,
Але з некаторай пары
Мне багнаю,
Цьвільлю
І цінай
Ня раз патыхаюць вятры
І ў прыцемку шэрым здаецца –
Крадзецца балотная здань,
І душыць збалелае сэрца
Дрымучая глухамань...



* * *
Гэткі ў сьвеце адвечны парадак,
Што прыходзяць асеньнія дні,
Калі болей няма ўжо загадак,
Засталіся адгадкі адны.

І крыло сваё бусел падставіў
Пад вятры на далёкай мяжы.
І няма ўжо ніякіх падставаў
Пра вясновыя сны варажыць.

Ды, хоць дзень павуцінкаю тонкай
Спавівае смугу і журбу,
На лугах столькі позьніх рамонкаў
Што ня варта канчаць варажбу.

Красавіцкі дождж

Доўгачаканы красавіцкі дождж
З дарогі лісьце прэлае змывае
І па зямлі халоднай басанож
Бяжыць насустрач маладому маю.

Маўклівую зімовую тугу
Перад сабою гоніць безупынку.
І раптам пакаўзнецца на бягу,
Пад кроплямі ня згледзеўшы ільдзінку.

Буйны капеж павесіў на сасну,
Загруз у глейкім прыдарожным брудзе
І ўрэшце ціха ў лужыне заснуў,
Пакуль яго вясновы гром разбудзіць...


Сьпёка

Соннаю мухаю сноўдаюся
па паўдзённаму скверу,
На лавачцы пад разамлелымі дрэвамі сумую па ценю.
І ніколькі ня веру
Ні парасону,
Ні вееру –
Проста пад сонцам пякучым пацею.

Смажуся на патэльні гарадскіх плошчаў.
Разяўленым ротам хапаю
хвалі нагрэтага ветру.
І ў адчаі пытаюся ў Бога:
«Навошта?
Навошта такая сьпякота?
Я ніяк не дапетру.»

Смуроднай гарачынёю
патыхае асфальт прасьпекта.
На ягоным бяздымным кастры я,
здаецца, ужо дагараю...
І раптам усё разумею:
Гэта нас прывучаюць да пекла!
Бо хто ж і завошта, скажыце,
нас запросіць да раю?..


* * *
Блакітным слупом
аж да неба ўздымаецца дым.
Ні ветрыка.
Позьняе вогнішча ціха чадзее.
Пяюць салаўі.
І так хочацца быць маладым!
І першая зорка ўсплывае,
Нібыта надзея.

Зусім недалёка вясёлыя крыкі чутны.
І пыл асядае
На бойкай вясковай дарозе.
Уткнуліся ў бераг насамі
Пустыя чаўны.
І люлькі свае
Раскурылі дзяды на парозе...

А я –
Як чужы,
Як ня свой
Ні адным, ні другім.
Самотна сяджу
Ля сатлелага недагарка...
Пяюць салаўі.
Адплывае за возера дым.
І зорку
Закрыла лятучая лёгкая хмарка...


* * *
Курлычуць журавы над голай нівай.
Да сонца павуцінка паплыла.
І сам я –
Частка восені журлівай,
Хмурынка ля бусловага крыла.

І для мяне гаі адшапацелі,
І адцьвілі рамонкі між атаў.
Свой горкі дым касьцёр асірацелы
Па жоўтаму іржышчу распластаў.

Я ў невядомы край не адлятаю,
Але нуды пазбыцца не магу. Мне намятае
Замяць залатая
На сэрца палыновую тугу...


* * *
Капае, капае дождж.
Кроплі аб шкло разьбіваюцца.
Восень сумуе...
А ўсё ж
Летнія мары збываюцца.

Мокрыя шаты садоў
Перагукаюцца весела –
Зыркія поўні пладоў
Яблыня шчодра разьвесіла.

Вецер гуляе ў тарпах,
Зжатае поле парадкуе,
Кропу дасьпелага пах
Носіць нясьмела над градкамі.

Хоць паніжэў небакрай,
Кінуты песьнямі звонкімі,
Змоўклы рабінавы гай
Сьвеціць чырвонымі гронкамі.

Лета
За рыжыкаў кош
З лесам ніяк не расплоціцца...
Капае дождж.
Ну і што ж?
Хай сабе восень клапоціцца...


* * *
Не шукаю адмыслова,
Не прыладжваю ў радку –
Да мяне прыходзіць слова
Сам ня ведаю
Адкуль.

Без пакутлівага болю,
Без выседжваньня ў цішы,
Проста так,
Само сабою,
Раптам выпырхне з душы.

І пасьля я сам зьдзіўлюся,
Як,
Бяспамяцтву на зло,
Ці ад казак,
Ці ад гусьляў,
Ці ад сноў
Яно прыйшло.

І разгадваць буду вечна,
Хто мне болей дапамог –
Ці то вецер,
Ці то вечар,
Ці то маці,
Ці то Бог...


* * *
Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Наперадзе ў нас тысяча сустрэч.
І будзе бэзам новы май расквечаны.
І салаўі аглушаць насамрэч.

І ўзыйдуць зоркі раньнія над вязамі.
І ты даверыш
Сон майму плячу
І тыя словы,
Што яшчэ ня сказаны,
Табе я нечакана прашапчу.

І засьмяецца маладзік у фортцы.
І вернецца блакітны вецер наш...
А калі раптам нешта не паўторыцца,
Ты літасьціва тое не заўваж.

І не бяда,
Што бэз цьвіце ня вечна
І лісьце асыпае вяз ня раз...
Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Вясна яшчэ не разлучыла нас...