12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Венанцы Бутрым

_____________________
...Першы сьнег, беспрычынная радасьць!
Вершы


* * *
Першы сьнег, беспрычынная радасьць!
На гарачыя вусны рабiн –
пацалункi халодныя градам...
Сьмех таропкi ад гнуткiх галiн...
Стынуць пальцы, падступна халодзiць
прытуманены шэраньню стан.
О, спрадвечна салодкi падман,
ты, чаканьне, сумненьняў разводдзе!..

З кузьнi звон, перастукi. Бунтуе
ў гулкiм горане полымя шар,
ды абняты дрымотай абшар
нат уласнага сэрца ня чуе...

Будзе ноч насьцярожана сьветлая
сiлуэты лiчыць збоч дарог...


* * *
Млява шэпчуць стамлёныя губы –
лiсьце скаргу бясконца вядзе
у чаканьнi бяды або згубы:
навальні... Навальніца ідзе!..

– Адарвешся ад роднай галiны –
i выгнаньне – жабрацтва i сьмерць!
Гоман дробны, глухi, безупынны:
– Што ж цяпер? Што ж цяпер?..

Сiне-белым ускiнецца ў хмарах –
трацiш слых i цямнее ў вачах,
бо зарнiцай бiблейскiх пажараў
працiнае зьнямелы абсяг...

А ў тунелi начнога маўчаньня
занясе, паўтараючы зноў,
то азёрна-аернаю тваньню,
то жывiцай прагрэтых лясоў...

Што ж цяпер? Пад нажамi маланак
кiламетры расьпятай зямлi
у надзеi, жаданьнi спантанным
каб дажджы стараной не прайшлi...

Ну а мне? Тэлефон не паклiча.
Ліпне духмень на рукi i твар.
I дрыжыць –
на суцэльнасьць разьлiчаны!.. –
на фрагменты iрвецца абшар:

то губляюць камлi мае дрэвы,
то мiж хмарамi кроны нясе.
I грымiць на паўтор, перапевам,
што, нядбайны, я страцiў цябе...


* * *
В. В-у
Кiнем усё i на досьвiтку едзем,
у дробнай хвалi губляць паплаўкi...

Дальнi бор i аблокi-суседзi
мiж драцiн патанулай лазы;
цела сьветлае ў цёмнай кашулi –
цягне век свой крывуля-вярба;
i над грудам, дзе продкi паснулi,
тлумiць ветрам кiрмаш вараньня.

Процi сонца iскрыць павуцiньне,
сьпеюць словы, ўбiраючы сiнь...
Хай мой голас тут раптам загiне,
толькi ты, дарагая, ня згiнь!
Сотня год – толькi кропля расы
на спакойным аблiччы тваiм...


* * *
М.М.Ш.
Цякуць гады. I часу плынь нясе
ўсё новую вясну, як i мяне з табою.
Ты ведаеш, i я перад сабой ня ўтою,
што наблiжаемся да мэты пакрысе.

Адным знайдзёнкаю, а iншым – горкай згубаю
ператасуецца часамi ўсё, нiбы калода карт:
з каханьня – лёгкi цi нiкчэмны жарт
і недарэчны фарс – з работы любай.

Ды што! Вось жнiвень дабiвае днi,
і хутка астрам дацьвiтаць на каранi...

Ўжо неба пачало хiлiцца долу,
твар месяца зьлiняў ад смутку i турбот –
быў сёньня першы павуцiньня лёт:
спакойна ўпэўнены, хаця яшчэ i кволы.

* * *
Апалi чаканьня аковы!
Заняты адным суцэла,
зноў цягнеш, вырай чарговы,
на Пiну, Басфор, Дарданелы...
...Унiзе поўня на ўсходзе
нырае ў тонкiя хмары.
Ды буйна зоры ўзыходзяць
над вамi ў чорным абшары...

На ўзьлёт! I парывам, ня тлумам,
і ўжо толькi сьмерць вас супынiць,
крылы павяжа самумам
ускрай Аравiйскай пустынi.
Ня зважыць, што вы – жывыя,
на ўзгоркi бязводныя кiне.
I зноў пераможа стыхiя
ускрай чарговай пустынi...
Яшчэ раз – ужо каторы!–
вам, дробным, сiл не хапiла –
жывое зьмяла без разбору
сьляпая варожая сiла.
Вiруе шэрае пер’е
над бурым каменьнем бясконцым,
ды шэлест пясчанага зерня
пад бельмам засьмяглага сонца...

А будуць чакаць пад Валожынам
палi ў красавiцкiх туманах.
I нехта штодзень заварожана
будзе вышукваць старанна
за Iслаччу, ў небе абноўленым,
аздобленым сонца каронай,
лёт дзiўна свабодны i роўны
ўпартых iстот не скароных...


Восень
(урывак)

Дз. Шчаснаму
А между прочим, осень на дворе...
М. Рубцоў
І
Кастрычніцкая яснасьць!.. Як праз шкло,
Прамытае ня раз да таўшчыні належнай,
Ільецца створанае вечнасьцю сьвятло,
Сатканае з журбы і радасьці бязмежнай.
І песьні горнуцца, бы ветразі плывуць,
У словах, знойдзеных і сказаных другімі.
І сьпее ўласнае. Зьбірай і не забудзь,
Што так пяецца толькі між сваімі...

ІІ
І пракрадзецца досьвіткам туман нямы,
Абдыме кветку кожную. І стан яліны дужай.
Счакаўшы раніцу, пад сонца пойдзем мы,
Зямляк і суайчыннік – шчыры дружа –
Адчуць, як у гаі з бяроз, ляшчын, асін
Страсаецца цішком пад кірзавыя боты
Начышчаная медзь, прынадлівы кармін,
Нейтральнасьць блякласьці
пры кроплях пазалоты.

ІІІ
Спакой і цішыня – ня маюць меж і мер.
Ахейцы сінявы такой не сустракалі!
Халаднаваты клімат... Быў бы свой Гамер,
Калі яны Руна яшчэ і не шукалі,
А нам – элегіі, санеты... Конь сівы,
Барвовым захадам ружова фарбаваны...
І гэты вось кастрычнік! Залаты,
Да дробязяў знаёмы, зноў жа – нечаканы...

ІV
Быў млын калісь... Праз рэшткі паляў лье
У нізкіх берагах рака струмень халодны.
Спрамляюць рэчышча. Чакае тут яе
Бетонная труба. Над ёю – мост выгодны.
Падыдзем? Пастаім, каб лепей ацаніць
Прыкметы навізны, наканаванай часам.
Цякла – як сонная, тут – пеніцца, бурліць!
І зноў спакойная – пакінулі сам-насам!

V
Зусім як чалавек! Ды праз матора гук
Ён нашых разважаньняў не пачуе:
З навюткім кошыкам лазовым паляшук
З-пад Пінску на Наваградак шыбуе!
Да тых грыбкоў, што ў кошыку ляжаць,
Зяць прынясе што-кольвечы з сельмага...
Без кроплі ж той – ні быць, ні гасьцяваць:
Адолее, замучыць смага...


Ах, колькі ж іх было: тых кропель, баразён,
Крывавых мазалёў, крыжа здранцьвеньня, поту,
Дажджоў заложных, каб буяў драсён,
І тых, чаканых, ссунутых на потым!
Шчасьліва, дзядзька! Ўнукаў падтрымай,
Хай доля мачыхай ніколі ім ня будзе!
А розных там хвароб, нястач –
о, непачаты край! –
Адолеем і куды-небудзь збудзем!

VІІ
Зноў цішыня. А шэранькі біплан
За хмару лепіцца ледзь бачнаю стракозкай...


* * *
Астры, дзецi восенi любай,
спадарожнiцы явы i сноў!..
Холад дзёрзка i шчытна на губы
пульсаваць падштурхоўвае кроў...
Ўсе жыцьцёвыя колкасьцi спрэчак
у бяздонную прорву апалi.
Вашы ўсьмешкi – апошняй сустрэчы...–
белай пенай на хвалi,
што нясе праз каменьнi на строму.
Вы – усiм. Вы – нiкому.
Пад няўмольным мароза нажом
род увесь ваш зьнянацку загiне.
Сэрца чуе, сумуе цiшком.
Неба зорыцца, стромiцца, стыне...


Медытацыі

І прытупіліся пачуцьці голаду і смагі –
ляжу ў духмянай цішыні.
Зноў праявіліся і набіраюць бляску і адвагі
яшчэ няясныя, ды чыстыя агні.

У вышыні, ня дзеля нас, бо сілай
той непазьбежнасьці, з якой не саўладаць.
О, нездарма Дэдал маўклівы ладзіў крылы –
паліла неабходнасьць існасьць апраўдаць.

...А пад гарою, дзе сяло на грудзе,
вачам маім адсюль нябачнае ўжо аніяк,
сабе і мне запальваюць іх людзі.
Дар Праметэя? Пражываньня знак...

Пад локцем мулкасьць жвіру – прахалодай,
– пад пальцамі –
падсохлая на ветры поўсьць зямлі:
памлела зельле. Ці ня з той нагоды
медытаваць са мною зьявы наплылі?
...І чайкі падаліся з возера на Нёман,
да водмеляў начлежных; час і мне –
ня блізкі шлях. І думка падсьвядома
пясчанаю дарогаю пад зорамі вядзе.

Да раніцы – мо век. Ды доўга не стаміцца,
грудзям дасць сілу подых роднай стараны.
І будуць клікаць ўсё далей таемныя зарніцы,
праводзіць таямнічыя, як вечнасьць, кажаны...


* * *

А. Бакачу
...у нячуты павер запавет,
палюбі непазнаную мэту...
А. Разанаў
За пасмам бору, ўжо за даляглядам!..–
па лапінах іржышча, па ральлі
калі і кім пасеяна прынада?
Чые зярняты радасна ўзышлі?

Ня быў ніколі там... А, мусіць, і ня буду –
што не сабраць, а дзе і не дайсьці:
сплываюць дні без нашага прысуду
у хуткаплынным ручаі – жыцьці...

Няўмольны час гадзіну за гадзінай
зрывае з дрэва існасьці тваёй.
І толькі хмар і ветру безупынны
праход, пралёт і сьвіст над галавой...

А там... такая позьняя ўжо восень,
што лістапад, яе апошні сын,
ужо і промня цёплага ня просіць
для схаладалых, голых арабін.

І гнецца вецьце!.. І парывам новым
страсае гронкі, бы жывую кроў,
на незаменную нічым аснову
халоднай гліны, мокрых верасоў.

А ўжо і прыцемкі – наканавана.
І цемра цяжкая лягла на ўсё.
А заўтра? Сонцам мо спавіты ранак,
такі, які адзін за ўсё жыцьцё.

Каб нехта ўбачыў – слаўны міг удачы!..–
ня слотай змучаны, здранцвелы лог,
а рай зямны для ўсіх – і не іначай! –
ступіўшы там, дзе я прайсьці ня змог.