12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
Пункціры жыцьця.
Далітаратурная біяграфія


Працяг.
Пачатак у №2 (15).
Публікацыя
Ірыны
Быкавай.

Падрыхтоўка
да друку
Алеся
Пашкевіча.

Сшытак першы.


...І тут – вайна...

Яна ішла яшчэ недзе далёка, але ўжо праз якіх пяць дзён высока ў небе паявіліся адзінкавыя нямецкія самалёты-разьведчыкі. Аб’явілі паветраныя трывогі. Раздалі супрацьгазы. Праца нашая на будоўлі, аднак, не спынялася. І тут стала ведама, што захоплены Менск. Гэта мяне спалохала: як жа цяпер мне дабрацца дадому — дом пад фашыстам? Але пад фашыстам апынуўся ня толькі дом. Яны ўжо – пад Гомелем.
Усіх нас кінулі кіламетраў за трыццаць на поўнач ад Шосткі капаць супрацьтанкавыя ровы. Працавалі ад цямна да цямна. Гэта была катаржная праца. Роў шырокі, глыбокі. Каб выкінуць зямлю з дна, трэба было яе некалькі разоў перакідаць з прыступкі на прыступку. Працавала маса народу на той бязмозглай непатрэбнай рабоце. Наўрад ці затрымалі сотні і тысячы кіламетраў тых равоў хоць дзясятак нямецкіх танкаў. Але капалі. Так патрабавалася па савецкай ваеннай навуцы – можа самай бяздарнай з усіх існуючых вайсковых навук. І сапраўды, вельмі хутка немцы абышлі Гомель, пачалі ахопліваць з поўначы Кіеў. Каб не пакідаць пад немцам моладзь, ваенкаматы прызвалі ўсіх і, сфармаваўшы тысячы людзей у калоны, скіравалі іх у тыл. Нас у дадзеным выпадку – на поў­дзень, пад Харкаў.
Усё лета па дзясятках украінскіх дарогаў паўзьлі калоны маладых людзей. Ішлі марудна, скрозь пехатой, харчуючыся чым бог пашле. Добра, украінскі люд нам спачуваў, давалі хлеб ды іншае, кармілі ў часе начлегаў. Прайшлі гістарычныя мясьціны Кіеўскай Русі – Глухаў, Канатоп, Ахтырку. У Сумах стаў сьведкай зьдзічэлага выпадку, калі натоўп забіў на вуліцы чалавека. Нехта сказаў, што той – шпіён, падаваў сігнал нямецкаму самалёту, які на той час паявіўся высока ў небе. Як падаваў? Нібыта газеткай, што трымаў у руках, нібыта засланяючыся ад сонца. Ды і гамашы на ягоных нагах былі не тутэйшыя – на тоўстай падэшве. А як забілі, вынялі яго дакументы: аказалася, што гэта бежанец са Львова. І тут жа знайшлі позву з ваенкамату. Ішоў, значыцца, у ваенкамат. І не дайшоў.

Моладзь вандравала на ўсход, а немцы тым часам захапілі ўсю Беларусь і падышлі пад Харкаў. Хлопцаў ахапіла паныласьць. Куды ісьці? Зьбіраючыся ўранку пасьля начлегу ў сяле, мы недалічваліся суседзяў. Некаторыя, асабліва ўкраінцы з бліжніх абласьцей, паварочвалі аглоблі назад. Дадому. Нам, беларусам, вяртацца назад ужо не выпадала, і мы ішлі Бог ведае куды. З харчаваньнем рабілася ўсё горш, надта шмат нас было тут, шмат бежанцаў, эвакуяваных, вайскоўцаў, што ішлі з тылу на фронт і з фронту ў тыл. Пасьля аднаго пераходу пад вечар мы ўвайшлі ў Белгарад.
На вуліцах ішло звычайнае жыцьцё, яшчэ былі адчыненыя некаторыя магазіны. Купіць у іх ужо не было чаго, але я заўважыў, як у адзін з іх, не­­вялічкі магазінчык, шмыгаюць людзі – нешта купляюць, ядзяць на хадзе. Заскочыў і я. Аказваецца, там прадавалі фруктовую гарбату, якую можна было есьці, як сушаныя фрукты. Я купіў два пачкі, але пакуль дамогся таго, маёй калоны на вуліцы ўжо не аказалася. Я пабег далей. Ды патрапіў на разьвілку і, трохі паазіраўшыся, пабег па шырэйшай вуліцы. То была вялікая мая памылка, якая ледзь не каштавала мне жыцьця.
Тою шырэйшай вуліцай я, здаецца, выбег на ўскраіну гораду і тады папытаўся. Ніхто ня бачыў ніякай калоны. Тады я вярнуўся назад на разьвілак, пабег па іншай вуліцы. На той таксама нікога не дагнаў. І тут стала зьмяркацца. А я ледзьве цягнуў ногі ад стомы і ня ведаў, што рабіць. У вёсцы можна б папрасіцца да якой цёткі, каб пераначаваць, а як папросішся ў горадзе? Так разважаючы, я патрапіў на нейкі недабудаваны ці разбураны дом і зайшоў у яго. Там было пуста, і я ў зьнямозе прылёг на нейкую лахманіну ў куце.
Здаецца, толькі задрамаў, як нехта засьвяціў у вочы ліхтарыкам. Аказалася, што вайсковы патруль. Мяне забралі ў камендатуру. Там абшукалі, адабралі ўсе дакументы, небагатыя мае рэчы ў палявой кірзавай сумцы. Асаблівае падазрэньне выклікаў невялікі аркуш геаграфічнай карты, вы­дранай мною з падручніка ў нейкай школе. На той карце я адзначаў лінію фронта паводле паведамленьняў ТАСС. Крыклівы старшы лейтэнант у сіняй фуражцы НКВД патрабаваў прызнацца, якое і ад каго я атрымаў заданьне. Я бажыўся, што адстаў ад калоны, але ён не хацеў і слухаць. Што я затрыманы шпіён – сьведчыла тая карта.
Нічога ад мяне не дабіўшыся, старшы лейтэнант загадаў адвесьці мяне ў склеп. У склепе пад камендатурай было поўна народу, можа, чалавек пяцьдзясят. Хто спаў, хто плакаў, хто стагнаў. Але ў цэнтры нікога нельга было ўбачыць. У тым сутарэньні мы прасядзелі можа сутак чацьвёра. Ніхто нас не карміў. Некаторых выклікалі на допыт. Некаторыя не вярталіся. Мяне не выклікалі. Пасьля нас стала неяк менець. І аднойчы ўранку мы прачнуліся ад страшнай бамбёжкі, думалі, заваліць нас у тым склепе. Ды не заваліла. А як сьціхла, расчыніліся дзьверы – і пачалі выводзіць па два. Назад ніхто не вяртаўся. Мы ўслухаліся: так і ёсьць, непадалёк грукаюць стрэлы. Грукне два разы і сьціхне. Страх ахапіў мяне: гэтак недарэчна загінуць.
Я зашыўся за шула, далей ад дзьвярэй. Побач сядзеў пажылы чалавек у фуфайцы. Мы былі апошнія. За намі нешта даўгавата не ішлі. Але во расчыніліся дзьверы. За парогам стаялі два чырвонаармейцы. Адзін малады, белабрысы, у пілотцы, і другі высокі, як мне здалося, пажылы, з вусамі, як у майго бацькі.
Нас вывелі за камендатуру на агарод. Тут буяла бульбянішча, былі нейкія грады. А далей стары паламаны плот і чужы суседскі садок. Зразумеўшы, што нас чакае, я не стрымаўся, сьлёзы самі лінулі з вачэй. Майго суседа тут жа белабрысы зваліў стрэлам у патыліцу і вярнуўся ў камендатуру за вугал. А мой канваір нешта марудзіў. Запытаў толькі “Адкуль будзеш?”. – “З Беларусі”, – сказаў я праз сьлёзы і пачуў ціхае: “Бяжы! Туды!” Я кінуўся цераз бульбу, да блізкага плоту, і як ужо пераляцеў праз яго, ззаду бахнуў стрэл. Угару. Мой расстрэльшчык паварочваў за мураваны вугал на двор.

Выбраўшыся з садкоў і агародаў, я апынуўся каля лініі чыгункі. Куды бегчы, ня ведаў. Пайшоў узбоч сьцежкай, аж неўзабаве спаткаў чыгуначніка. Той адразу спыніў мяне строга: “Куды ідзеш? Куды ідзеш? Там за разьездам немцы!”. Я моўчкі павярнуў у другі бок. Папытаўся, куды вядзе чыгунка. Чалавек мусіць здагадаўся, хто я і што мне патрэбна. “Што, адстаў ад сваіх?” – “Адстаў, ага.” – “Там вашых многа пагналі ў Ваўчанск. У Ваўчанск кіруй…”
І праўда, у Ваўчанску я дагнаў сваіх. На ўскраіне гарадку ў лесе фармаваліся новыя часьці. Усе мае дакументы засталіся ў Белгарадзе, але тут мяне ведалі. І я сказаў, што дакументы згубіў. А паколькі значыўся ў агульных сьпісах, дык асаблівага клопату не было. Нас разьмеркавалі на групы. Я трапіў у нейкі інжынерна-сапёрны батальён. Зноў нешта капалі на поўнач ад Харкава – нейкія вялізныя ямы-катлаваны. Казалі, КП для маршала Будзённага. Але наўрад ці для Будзённага. Пасьля зноў пачаўся адыход – на поўнач, на Стары Аскол, у бок Варонежу.

У Варонеж трапілі ўжо ўвосень. Дажджы, сьцюжа. І галадуха. Цягніком скіравалі нас на станцыю Гразі, дзе зноў нешта фармавалі. Але там аказалася, што 1924 год нараджэньня яшчэ не прызываўся. І нас, сямнаццацігадовых, выбракавалі. Далі, памятаю, па бохану хлеба і даведку, што эвакуяваны ў Сумскую вобласьць. Зноў сфармавалі новую калону на чале з адным падпалкоўнікам запасу, той павёў нас на ст. Апна. Далей апынуліся на памятнай мне станцыі Елань Калена. Гэта было якраз на 7 лістапада, у сьвята. Надта добрыя людзі заапекаваліся намі на той станцыі. І далі памыцца, і накармілі. Быццам мы былі іхнія дзеці, якіх яны чакалі. Але прабылі мы там якіх два дні. І пайшлі далей, несучы ўдзячнасьць у душах. Удзячнасьць, якая жыве і цяпер. Мусіць усё ж рэдкая зьява ў той жорсткі час была дабрыня. Таму і запомнілася.
На зямлю ўжо лёг сьнег, як мы прытопалі на станцыю Салтыкоўка Саратаўскай вобласьці. Тут нас разьмеркавалі па сёлах. Мы з Лёшкам Арловым (родам з Ушачы) трапілі ў калгас “Камінтэрн” – на поўдзень ад станцыі-райцэнтру.
У калгасе мяне пасялілі ў сям’і камбайнёра, які з тае прычыны меў браню і не прызываўся ў войска. У яго была даволі малажавая жонка, маленькая, пяцігадовая дачушка і старая маці. Калгас даваў паёк – 5 кг проса ў месяц, з якога трэба было рабіць пшано. Гатавалі мне асобна, кармілі таксама – перад тым, як сядаць самім, клікалі мяне. Зімой працы ў калгасе асаблівай не было, і мой асноўны занятак быў – езьдзіць з санкамі ў стэп і прывозіць дуддзё сланечніка – на паліва. Сьпярша, вядома, трэба было яго наламаць і перабрацца цераз два равы. Не адзін раз я сядзеў над тымі равамі ў адчаі і роспачы і думаў-думаў. Усё пра тое ж: як там на маёй зьняволенай Беларусі? Што з бацькамі? Як сястрычка Валечка і адзінаццацігадовы браток Міколка? Часам у стэп езьдзілі-хадзілі з Лёшкам, адзі­наю роднай душой у той чужыне. (Пасьля прызыву ўлетку 1942 году зьнік Лёшка Арлоў бяз сьледу. Ніхто нічога ня чуў, ня ведае. Колькі я не пытаўся…) Як да мяне не адносіліся ў сям’і камбайнёра: усё ж я адчуваў, што чужы тут, лішні. Маладая гаспадыня амаль са мной не размаўляла, мусіць таму, што ў асноўным апеквалася мной яе сьвякроў, з якою яны былі ў вялікай нязгодзе. Гаспадар стараўся захоўваць нейтралітэт. Неяк пад весну мы з Алёшкам рашылі рваць когці на фронт. Вядома тайком. Але дабраліся толькі да Рцішчава, дзе нас затрымалі і вярнулі назад. Быў, вядома, скандал. Тады ў пачатку мая мы падаліся ў чыгуначную школу ФЗН у Атнарску. На тое калгас не пярэчыў – усё роўна яму гэта пайшло ў план.
У той чыгуначнай школе ў г. Атнарску мы вучыліся на пуцейцаў. Укладка, догляд, рамонт пуці. Была сьпякотная вясна, дах над галавой, нас кармілі – што яшчэ трэба? Праца была ня лёгкая, але што ж… Працавалі, рамантавалі чыгунку Урала-Каўказскую, па якой бясконца ішлі цягнікі на захад. Адно толькі засмучала – казалі, чыгуначнікаў не бяруць на фронт. А мы хацелі на фронт. Мы жылі толькі фронтам. Лавілі ўсе чуткі адтуль, перачытвалі ўсе газеты. Найперш на гарадскіх вітрынах. Аднойчы з тае вітрыны я дазнаўся пра жахлівую вестку – сьмерць Янкі Купалы. Такое цяжка было перажыць. Мінуў год, як я расстаўся з Беларусьсю, і сэрца маё балела штодзень ад той ростані. Усё сьнілася яна мне – бацька, нашыя рэчкі-азёры, нашы родныя алешнікі. Вакол жа ляжаў стэп, голыя вуліцы бязьлеснага гораду.
У жніўні 1942-га пачаўся прызыў 1924 году нараджэньня. Вучоба ў школе яшчэ ня скончылася, і нас не выклікалі. Але аднойчы мы з Арловым пайшлі ў ваенкамат. Запыталіся павесткі, але мы сказалі, што эвакуяваныя, і нас прызвалі. Мяне прызначылі ў вайсковае вучылішча ў Саратаў, а Лёшку, памятаю, – у Вольск. Так мы з земляком рассталіся назаўсёды.

Праз шмат год давялося прачытаць твор А. Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, які дужа ўразіў некаторых жахам паднявольнага існаваньня, бяспраўем, нявольніцкай працай і г. д. Мяне ж ён ня ўразіў ніколькі, бо тое, што мы ў вучылішчы прымалі як нармальнае, было куды больш цяжкім і бяспраўным. Па-першае: строгі, нейкі бязмозгла-зьдзеклівы рэжым з безьліччу яго рэгламентацыяў, абмежаваньняў, патрабаваньняў. Увесь час быў разьдзелены на гадзіны і хвіліны, усё бягом, строем, па камандзе. Жахлівая скучанасьць, казармы з трох-яруснымі нарамі, шматлюддзе, беднае харчаваньне, гадзіны страявой і фізічнай падрыхтоўкі – на сьцюжы, марозе ў шынельках і чаравічках з абмоткамі. Зноў жа: нарады, праца, поўная адсутнасьць вольнага часу. І хоць мы былі людзі не расьпешчаныя, ужо трохі цёртыя вайной і жыцьцём, часам было невыносна. Невыносна пяць дзён у тыдзень тактыкі па 6 гадзінаў у полі, на сіверкім ветры, пры тэмпературы 25-30 градусаў марозу. Марозілі рукі, марозілі ногі. Дурная страявая з фінальным: “Запявай!”. “Взвейтесь соколы орлами” сьпявалі мы пасінелымі вуснамі, з даўно пустымі жыватамі. Шчасьцем былі заняткі па Статутах ці матэрыяльнай частцы зброі. Але іх было мала. Затое куды як шмат гадзінаў тактыкі, страявой, ПХЗ, інжынернай. Палітзаняткі былі ўзнагародай, на палітзанятках мы адсыпаліся. Асабліва мой зямляк Іваноў, у якога была адна неспатольная ма-ра – дзе чаго паесьці.

Камандзіры на той час былі асаблівыя. Мала хто з іх рваўся на фронт, некаторыя жылі з сем’ямі пры вучылішчы і дужа стараліся адпавядаць, дагаджаць начальству, бо тых, хто ня змог дагадзіць, адпраўлялі, каб не вярнуліся. Дужа стараўся драць з нас скуру наш камандзір узводу крыкун лейтэнант Корш, з маўклівай зласьлівасьцю патрабаваў дысцыпліны наш ротны, старшы лейтэнант Грыб (здаецца, зямляк з Гомельшчыны). Трохі інакшы быў камандзір батальёну, пажылы, ужо мабыць з запасу, маёр Ан­ціпас. Іншага начальства мы мала ведалі, хіба бачылі ў часе агульнавучылішчных пастраеньняў начальніка вучылішча палкоўніка Гагунова ды ягонага намесьніка падпалкоўніка Кіма.

Добрыя адносіны склаліся ў мяне з памяркоўным, неяк не вайсковага складу характару, выкладчыкам тапаграфіі старшым лейтэнантам Рамяственскім. Тапаграфію я любіў наогул як навуку пра карту і мясцовасьць, і наш выкладчык часам пакідаў мяне ад палявых заняткаў маляваць дапаможнікі – нейкія схемы, карты. Зімой гэта было як падарунак, як усьмешка лёсу. На якіх тры гадзіны да ці пасьля абеду.
Вайсковыя заняткі займалі дзесяць гадзінаў часу – шэсьць да абеду і чатыры пасьля. Але, апроч таго кожны тыдзень былі работы – па гаспадарцы, нарыхтоўцы і транспарціроўцы дроваў, дастаўцы прадуктаў. Улетку 1942-га мабыць з месяц капалі траншэі пад нафтагазапровад каля Альшанкі, дзе адкрылі радовішча нафты. Працавалі па 10 гадзінаў, а пасьля ўсё ж праводзілі заняткі. Жылі па ротах і батальёнах, заняткі праводзілі па ўзводах і аддзяленьнях. У нашым аддзяленьні сабраліся неблагія хлопцы, у асноўным паходжаньнем з Саратаўскай вобласьці. Камандзірам быў сяржант Лёшка Сямёнаў, родам з Аткарска. Былі яшчэ Ананьеў з Алма-Аты, Валодзя Ляўчук з Саратава, Зудзікаў. Коля Беражны быў, здаецца, з Днепрапятроўшчыны. І быў мой адзін зямляк Іваноў, беларус. Гэты слаўны і добры хлопец не хацеў вучыцца, заўжды быў галодны, і яго камандзір роты хутка адкамандзіраваў у маршавую роту, што рэгулярна фармавалася для фронту. Больш я майго земляка ніколі нідзе ня бачыў – ня чуў. Мясцовыя хлопцы, вядома, часта атрымлівалі пісьмы ад бацькоў, якія таксама часьцяком наведвалі сыноў. Я ж не атрымаў ніводнага пісьма ні ад каго, пошта мяне мінала. Можа і добра, што надта перажываць ад таго не выпадала, вольнай часіны амаль не было ніколі.

Увосень, 1942-га, як немцы падышлі да Сталінграду, у блізкім ад яго Саратаве пачалося пекла. Кожную ноч горад бамбілі: з вечару вешалі ў небе некалькі ліхтароў на парашутах і пачалі нішчыць вайсковыя аб’екты – асабліва крэкінг (перагонка нафты) і камбайнавы завод, які вырабляў самалёты-зьнішчальнікі. Кожную ноч нас, курсантаў, накіроўвалі на гэтыя аб’екты для дзяжурства і тушэньня пажараў. На камбайнавым дык гарэць было ня надта чаму (наш абавязак быў выкочваць самалёты з разбомбленых цэхаў), а вось на крэкінгу ўсё пылала, не перастаючы ні ўдзень, ні ўначы. Кожны дзень мы хавалі нашых хлопцаў, шмат згарэла бяз рэшты. Так працягвалася да позьняй восені.
Як пачалося нашае наступленьне пад Сталінградам, у Саратаве трохі пацішэла. Горад быў забіты шпіталямі, дзе ня толькі лячыліся, але і памі­ралі параненыя. Хавалі памерлых на могілках, што месьціліся (як і нашае вучылішча) на Манастырцы. Гэта былі старыя гарадскія могілкі, між магілаў і камянёў якіх праводзіліся нашыя заняткі. Месца ўвогуле – адкрытае, бяз дрэваў. Там жа высіўся помнік Чарнышэўскаму, купецкія ды дваранскія помнікі. У добрае надвор’е, расьсеўшыся на могілках, курсанты слухалі сваіх камандзіраў. Ці стоячы між магілаў у страі. Ледзьве ня ўся наша вайсковая навука засвойвалася намі на тых могілках. Ну, а тактыка, вядома, патрабавала прастору і праводзілася ў ваколіцах гораду, на Лысай гары, у прыгарадах, якія мы добра ўтапталі за тую зіму і лета. Страявой, вядома, займаліся на пляцу, то была ледзьве не галоўная з вайсковых навук. Таксама як і палітзаняткі. Я вучыўся ўвогуле лёгка, і калі прыйшла пара выпускных экзаменаў, усё здаў на выдатна. Выпусьцілі з правам датэрміновага прысваеньня чарговага званьня, з фатаграфіяй выдатнікаў на вучы­лішчнай дошцы. Было гэта ўвосень 1943 году. Нам выдалі новыя салдацкія шынялі, кірзавыя боты, гэткія ж палявыя сумкі і залатыя пагоны з адной зорачкай малодшага лейтэнанта.
На фронт, які ад Сталінграда ўжо адкаціўся на Украіну, ехалі ў таварным цягніку, голых, непрыстасаваных вагонах. Прыстасоўвалі іх у дарозе – цягалі дошкі на нары, нейкія печкі, дровы і вугаль для іх. На дарогу мы атрымалі паёк – па кацялку мукі, трохі крупоў. Нейкія кансервы. З таго варылі суп, кашу. Ехалі з радасьцю, што набылі волю, ня будзе болей муштры, заняткаў. Было трохі трывожна за жыцьцё, але… Але аб тым стараліся дужа ня думаць. Амаль усе былі камсамольцы, толькі адзін хлопец з Віньніцы перад выпускам уступіў у партыю. Мы кпілі з яго: навошта? Ці камуністам загінуць лепей? Ён толькі пасьміхаўся, але не спрачаўся.

І вось недзе пад Краменчугом на Дняпры прыехалі. Баі ішлі на дняпроўскіх плацдармах, а нас скіравалі ў франтавы рэзерв – на некалькі дзён, пакуль кадравікі разьмяркоўвалі па дывізіях. Найперш, вядома, у тых, дзе былі найбольшыя страты. Я трапіў у 111 стралковую дывізію. Абмяняліся хатнімі адрасамі і разьвіталіся. З многімі назаўжды.
А той віньніцкі сябра, які паступіў у партыю, быў пакінуты пры паліт­аддзеле арміі як інструктар па камсамольскай рабоце. Учуўшы тое, мы ўжо ня кпілі. Мы толькі падзівіліся ўласнай наіўнасьці.
Дывізія знаходзілася ў другім эшалоне, рыхтавалася да наступленьня. Толькі што ва ўпартых баях яна ўзяла горад Александрыю і атрымала назву 111 Александрыйскай. Каман­дзірам 2-га стралковага батальёну, куды мяне паслалі, быў капітан Сьмірноў, нейкі дужа франтаваты па тым часе афіцэр у блішчастых хромавых ботах, што мяне зьдзівіла. Ён паслаў мяне ў роту лейтэнанта Міргарада, якога я знайшоў у нейкай адрыне, дзе ён спаў на саломе паміж сваіх салдат. Ён, як пасьля дазнаўся, быў з ліку акружэнцаў, нядаўна вызвалены Чырвонай арміяй, адчуваў нейкую сваю правінку і камандваў ротай надта строга. Нават празьмерна. Гэткі ж, з акружэнцаў, быў камандзір першага ўзводу старшы лейтэнант Н., але той наадварот зусім не камандаваў. Мне ён скардзіўся, што сам артылерыст, але во накіравалі яго ў пяхоту, тым, безумоўна, пакрыўдзіў­шы. Ён падаў рапарт, ды адказу пакуль няма. А ў пяхоце жыцьцё нядоўгае.
Пачалося наступленьне і з ім няспынная ні ўдзень, ні ўначы калатнеча – душы і цела. Агонь і пекла, грымоцьце разрываў мін і снарадаў, кулямёты, дым, бамбёжкі нямецкай авіяцыяй праз кожныя дзьве гадзіны. Крыкі і лаянка камандзіраў ззаду за ланцугом, кулявыя чэргі вакол. Забітыя, параненыя. Свае і немцы. Звычайна ўдзень ішоў агнявы бой у стэпе, сярод засьнежанага сланечніка ці кукурузы, уначы мы некуды ішлі, беглі – то ланцугом, то паходнай калонай праз стэп і па прасёлках. Сьпераду і збоку джгалі кулямётныя трасы, рассыпа­ліся веерам над галовамі. Перад сьвітаньнем коратка спыняліся па дарозе ці ў полі, старшына прыносіў у рэчмяшку мёрзлы хлеб, дзялілі па кавалку на чалавека. І, грызучы той хлеб, зноў – наперад. У абход ачагоў супраціўленьня, зьбіваючы нямецкія заслоны.
Аднойчы ўначы нешта даўгавата ішлі ў спакоі, мінаючы сёлы, праз стэп, і на сьвітаньні спыніліся на ўскраіне нейкага сяла. З галавы калоны пачуліся крыкі, лаянка. Зацікаўлены, я прайшоў туды і ўбачыў незвычайную ў войску зьяву: нашага начальніка штабу біў палкай па галаве нейкі генерал. Той нават не абараняўся. Пасьля генерал садраў з ягоных плячэй пагоны, накінуўся на нас, хто стаяў непадалёк. Я пабег да сваёй роты. Пасьля аказалася, што начштабу заблудзіў у начным стэпе і прывёў полк не туды, куды трэба было. Болей у палку мы яго ня бачылі.

Дужа даймала сьцюжа. Ногі ў ботах з адной анучкай. Пад шыняльком, праўда, аўчыная камізэлька. І салдацкія трохпалыя рукавіцы. Здорава мёрз, асабліва начамі на сьнезе. Са зброі – быў аўтамат з адным магазінам (пісталета ў артзабесьпячэньні не далі, сказалі: пакуль няма, пісталет мне аддаў пасьля паранены лейтэнант з суседняй роты). На рамяні супрацьтанкавая граната (кумулятыўная). Кірзавая сумка цераз плячо. Там трохі папераў, вайсковыя статуты. (Дзівак!) Такая экіпіроўка камандзіра 2-га ўзвода малодшага лейтэнанта Быкава Васіля.
Уся вайсковая навука, якой мы набіраліся ў вучылішчы, на фронце была непатрэбна. Такое было маё самае першае ўражаньне. Тут трэба было нешта іншае, чаму нас не вучылі.
Так, мы ляжым у ланцугу на мёрзлым полі, наперадзе з ускраіны сяла лупяць нямецкія кулямёты, а паступае каманда: устаць, у атаку! Гляджу, ніхто не падымаецца. Камандзір роты замест таго, каб падаць загад і кінуцца першым, падымае над галавой лапатку. Адразу ў ёй дзве дзіркі ад куль. Мы чакаем.
Чакае таксама камбат у недалёкай варонцы. Але ў камбата тэлефон, і нам чуваць, як ён апраўдваецца тым, мабыць, перад камандзірам палка.
– Зараз, зараз падымаю ў атаку. Як толькі артылерыя перанясе агонь.
Праз дзесяць хвілінаў чуем:
– Левы фланг пайшоў. Зараз падымаецца Міргарад. (А між тым ніхто яшчэ не пайшоў.)
Праз гадзіну:
– Зачапіўся за ўскраіну. Вяду бой каля МТФ.
Я думаю, як жа ён будзе выкручвацца? Але выкручвацца і ня трэба было: недзе паднаціснулі суседзі, пад вечар немцы драпанулі з сяла, і мы ўвайшлі ў яго без атакі.

Між тым увабралася ў сілу зіма, стаялі добрыя маразы. Асабліва па начах. Раніцой часьцяком выпадала шэрань, дрэвы ў сёлах, платы, быльнёг ля дарогі – усё стаяла прыбранае ў срэбра.
У такі ранак мы батальённай калонай ішлі кудысь у абход Кіраваграду. Я даўно ўжо прызвычаіўся спаць на хадзе. Сьпіш і ідзеш. Як стануць усе – і ты спыняешся і адразу прачынаешся.
А тут я, мабыць, ішоў па ўзбочыне і не прачнуўся, як калона спыні­лася. Бачыў у сьне, быццам іду нейкай алеяй, між дрэваў, а наперадзе сьцяна нейкага замку і арка пад’езда. Цёмная арка, і я з трывогай набліжаюся да яе.
І тут я прачнуўся. “Куды ты прэшся?” – пытае нехта перада мной. Аказваецца, то разьведчыкі, калона засталася ззаду. Адзін стаіць на дарозе, двое ляжаць у канаве. “Там немцы, глухі ці што?”
Трохі нават спалохаўшыся, вярнуўся назад у сваю роту. Міргарад ужо затрывожыўся. “Куды ты прапаў?” Камандзіры параіліся, і батальён павярнуў з дарогі ў стэп. А я думаў: ну і сон прысьніўся! Што б гэта ён значыў?

Сьвітанак застаў нас на ўскраіне нейкага сяла, побач былі могілкі, ямы, з якіх сяляне, відаць, бралі пясок. Батальён разгарнуўся ланцугом на ўскраіне і залёг. Недзе наперадзе былі немцы. Але пакуль што скрозь было ціха.
Першы стрэл грымнуў як разьвіднела, і мы толькі атрымалі сьняданак. Каб зьесьці халодны пшонны суп, ускочылі ў тыя ямы на могілках. Хлябалі з аднаго кацялка ўдвох: я і мой памкамузводу Хазяінаў, пажылы ўжо чалавек, здаецца, з Сібіры, які ваяваў ужо другі год, быў двойчы паранены. Бой, што неўзабаве пачаўся, яго мала непакоіў, непакоіла болей, што нас абдавала пяском ад выбухаў, пясок трапляў у кацялок, і Хазяінаў лаяўся: “Не дадуць зьесьці, фрыцы праклятыя…”
Немцы метадычна абстрэльвалі сяло, цяжкія міны ірваліся перад намі ў стэпе і ззаду — між сельскіх мазанак. Забілі там каля школы двух нашых афіцэраў. У нас пакуль што страт не было. Наперадзе відаць быў прыгарад Кіраваграду, ягоны шэры элеватар на гарызонце. Каля поўдня мяне выклікаў Міргарад, даў на ўзвод кулямёт (Дзегцярова), які я ня ведаў каму ўручыць. Каго ні пытаўся, ніхто не прызнаў­ся, што ўмее з яго страляць, а палова байцоў наогул мяне не разумелі, бо былі з Сярэдняй Азіі. Тады я ўзяў кулямёт сам (ня кідаць жа зброю). Праўда, пад вечар яго забраў у мяне Хазяінаў, камусьці ўсё ж уручыў.
Абстрэльвалі сяло ўвесь дзень, і мы ляжалі пад тым абстрэлам да вечару. А як трохі пацямнела, далі каманду ўстаць і ўзяць накірунак направа, – на гару, у стэп. Ішлі па кукурузе, пасьля далучыліся да батальённай калоны і палявой дарогай рушылі кудысь у абход гораду. Страляніна сьціхла, настала ноч, у небе вісеў малады месячык, было ўвогуле сьветла на асьнежаным стэпавым прасторы. Я ішоў поруч з камандзірам першага ўзводу, ён ціха расказваў пра тыя баі, якіх я ўжо не засьпеў, пра забітых камандзіраў. Неяк паўзіраўшыся ў неба, мовіў: “А заўтра раство, між іншым”. Ага, значыць, каляды, падумаў я, і адразу думкі мае скіравалі туды, на поўнач, дзе быў дом, бацькі… Як яны там, ці жывыя? Ці будуць сьвяткаваць заўтра? Да вайны ж сьвяткавалі заўжды. Як маглі. Як дазваляла наша шматгадовая нэндза. Можа, мама сьпячэ што смачнейшае. Сястра Валя надзене навейшае (калі ёсьць), брат Міколка, мабыць, дастане свае арэхі, што назьбіраў, прыпас да калядаў. А мае каляды вось тут, у марозным стэпе.

Усе тыя дні і тыдні рэчаіснасьць даходзіла да сьвядомасьці ўрыўкамі, размытая, бы праз сон. Спалі ўрыўкамі, – у акопчыку, у сьнезе, на хадзе: заўсёды хацелася спаць. Мабыць, на той дарозе я прыдрамаў – можа, на хвіліну, ды раптам прабудзіўся немаведама ад чаго. І тут жа ўбачыў: блізка, збоч ад дарогі, у кукурузе нейкія постаці. Толькі хацеў сказаць аб тым старшаму лейтэнанту, як кукуруза выбухнула шквалам агню па калоне. Крапанка трасіруючых куль джгала над галовамі, між людзей, трасы рыкашэтам разьляталіся ўбакі – у зорнае марознае неба.
Сьпярша мы пападалі, з аўтамата я даў некалькі чэргаў па кукурузе, па цёмных постацях у ёй. Але там, згледзеў, паявіліся іншыя постаці – цёмныя кучы насунуліся бліжэй, і з іх шалёна джгала трасамі – па дарозе, па полю. Я азірнуўся – ну так, батальён разьбегся ад дарогі далей – іншыя ляжалі, а іншыя ўцякалі пад агнём як мага далей ад кукурузы.
Я таксама ўскочыў і, прыгінаючыся, між чэргаў і трас кінуўся наўздагон. Часта падаў – як асабліва блізка і паразьліва над галавой джгалі трасы, азіраўся і бег далей. Здаецца, я ўсё ж адарваўся ад даганятых. Калі б ня танкі. Тыя ўжо выйшлі з кукурузы і пачалі даганяць нас. І страляць ня толькі з кулямётаў, але і з гарматаў. З гарматаў гахалі ўдалечыню, дзе ў полі чарнеліся сьцірты летняй саломы, і куды кіравалі нашы. Беглі, вядома, ня ўсе – многія ўжо ляжалі ня кратаючыся, параненыя спрабавалі грэбсьціся ў рыхлым сьнезе.
Я ўжо амаль дагнаў сваіх, як па назе дужа выцяла вышэй костачкі, у боце хутка замакрэла. Ну ўсё, падумаў я, лежачы на сьнезе. Калі куля перабіла косьці, дык я тут і застануся. Каб дазнацца аб тым, паспрабаваў ускочыць – не, нага не падламілася.
Тое, што я ўскочыў, мусіць, было нечакана для нямецкага танкіста, і ён павярнуў танк на мяне. Укленчыўшы, я накіраваў сваю кумулятыўную гранату і шпурнуў у танк. Здаецца, аднак, граната не ўзарвалася, ці я прамахнуўся. І ў той жа момант ледзьве выкруціўся з-пад танкавай гусеніцы, тракі якой праехалі па полах майго шыняля. Мяне засыпала сьнегам, я схапіўся за аўтамат, але выцягшы яго са сьнегу, ня мог узьвесьці затвор, здалося, магазін зьвернуты ўбок і раструшчаны. Немцы тым часам былі ўжо блізка і крычалі: “Рус, здавайся!”.

Танк, які ледзьве не раздушыў мяне, быў, можа, у метрах 50-і напера­дзе, і тады недзе там узьнікла імклівая постаць, яна размахнулася – і на брані танка выбухнула. Як чалавек размахваўся, я згледзеў на ім палявую сумку і зразумеў, што гэта быў лейтэнант Міргарад. (Здаецца, гэта было апошняе імгненьне, калі я яго бачыў. З таго стэпу ён ужо не вярнуўся). Танк спыніўся, на яго браню з люка выскачылі два танкісты, я ўсё ж выпусьціў па іх кароткую чаргу, аўтамат не страляў болей.

Немцы, аднак, прамінулі нас, яны кіравалі ўбок, туды, дзе былі сьцірты. Да мяне прышкандыбаў баец з нашай роты, у якога нерухома вісела прастрэленая рука, ён дапамог мне дабрацца да гусьцейшых зарасьцяў кукурузы. Беручы ўбок, мы доўга прадзіраліся з ім па кукурузе, слухаючы, як грыміць побач бой. Апоўначы выбраліся на нейкую палявую дарожку, дзе нас напаткала фурманка з параненымі і дзяўчынай санінструктарам. Тут упершыню я зьдзеў бот і выліў з яго з паўлітра крыві. Санінструктарша перавязала нагу. Палявая дарожка вывела нас са стэпу ў сяло, пасярод якога ля царквы быў зборны пункт параненых.
У хаце я правёў цяжкую ноч. Толькі задрамаў на лаве, нехта будзіць; гляджу, нада мной стаіць камандзір батальёна, пытаецца: куды паранены? Кажу, у нагу. Ён сказаў, што батальён разгромлены. Цяпер зьбірае яго рэшткі. Мабыць, ранкам нямецкія танкі ўвойдуць у сяло.
Пад ранак у хату прыбіўся знаёмы па вучылішчы малодшы лейтэнант, з якім мы зрабілі спробу выбрацца з гэтага сяла. Але на гародах ён быў цяжка паранены ў горла і памёр у мяне на руках. А пасьля сяло атакавалі нямецкія танкі.

Сьпярша яны са стэпу пачалі абстрэльваць мазанкі, нашы кінуліся на грэблю і далей па лагчыне. Параненыя, хто мог, распаўзьліся з хаты. Я выпаўз, мабыць, апошні, падабраўшы кінутую кімсьці супрацьтанкавую гранату. Яна мне здорава дапамагла, калі я замахнуўся на вуліцы на апошнюю фурманку, што ўцякала з сяла. Тая фурманка пад танкавым абстрэлам давезла мяне да суседняга сяла, дзе на пагорку нейкі камандзір ладзіў абарону і ўсіх уцекачоў клаў у ланцуг. Лёг і я. Да вечару мы вялі бой з танкамі. Ззаду падышлі нашы трыццацьчацьвёркі, яны нам дапамаглі, і ўвечары параненыя сышлі з пагорка ў сяло.

Абудзіўся ўранку, мой сусед усё ляжаў побач, але я адчуў, што, здаецца, ён нежывы. Салома поруч была мокрая ад крыві. Ужо разьвіднела, і я дужа зьдзівіўся, згледзеўшы, што гэты нежывы – нямецкі афіцэр, оберлейтэнант, мяркуючы па пагонах. У хаце болей нікога не было, не чуваць было і бой у сяле. Толькі недзе гулі машыны і чуліся гранатныя выбухі.
І тут мне здалося, што ў сяле немцы.
Зрэшты, так яно і было. Яны ўжо ехалі і ішлі па вуліцы, зазіраючы на падворкі. Сонца ўзышло над сялом і ярка сьвяціла на сьнег. Я споўз з ложка і выпаўз у сенцы. Тут было цёмна, ля дзьвярэй у куце грувасьціўся засек з бульбай. Я лёг на бульбу і падрыхтаваў свой ТТ.
Доўга чакаць не давялося. Ад групы немцаў, што разбрыліся па вуліцы, аддзяліўся адзін і скіраваў на падворак. Адной рукой ён прытрымліваў аўтамат, а другой узяўся за ручку дзьвярэй і прыадчыніў іх. Я бачыў яго твар, яго позірк, мой пісталет быў скіраваны яму ў грудзі з біноклем. Але я ня стрэліў. А ён мяне, мабыць, ня згледзеў з ярка асьветленага падворку ў засені, і, кінуўшы расчыненымі дзьверы, вярнуўся да сваіх. Здаецца, яго паклікалі. Так мы падарылі адзін аднаму жыцьцё.

На тым бульбяным засеку я ляжаў доўга, чакаў. Аднак у сяле ўсё было ціха. А пасьля немцаў, якія кудысь сышлі, паявіліся нашы з танкамі. Я выпаўз на падворак, тут жа на вуліцы сабраліся яшчэ з паўтузіна параненых. Нехта ўгаворваў танкістаў ня кідаць, забраць нас з сабой. Але афі­цэр-танкіст злаваўся: “Куды я вас забяру? Мы ўваходзім у прарыў”. І ўсё ж каб ня кідаць нас невядома каму, ён дазволіў залазіць на браню. Неяк мы ўскараскаліся на танкі, і на цёплай брані паехалі. Толькі ня ў тыл, не на ўсход, а на захад, у прарыў.

Гэта была жахлівая ноч, нас няспынна бамбілі.
У зорным небе нічога не было відаць, а на асьветленай поўняй сьнежнай дарозе танкі былі відны, як удзень. І з невялікімі перапынкамі на дарогу сыпаліся бомбы, выбухі якіх намагаліся паскідваць нас з брані. Але мы трымаліся рукамі і нагамі, а асколкі аж высякалі на брані сінія іскры. На нашым танку аднаго параненага ў грудзі забіла, другі быў паранены другі раз у галаву. Я неяк утрымаўся, стуліўшыся за вежай.

Ранак застаў нашую калону каля чыгункі. Два ці тры танкі засталіся ззаду, на дарозе. Адзін згарэў. Далей танкі не ішлі, паварочвалі ў іншым напрамку. Танкісты нам паказалі кірунак у стэп. Сказалі, там нашы. Трохі цяжкапараненых мы пакінулі ў будцы на пераезьдзе, а самі пайшлі ў стэп. Я ішоў, абапіраючыся на нямецкі карабін – замест мыліцы. Хутка мы дазналіся, чаму тут не паехалі танкі. Ля дарогі стаяла бірка з нямецкім надпісам “МІNEN”. Але для нас іншага выйсьця не было – ззаду насядалі нямецкія танкі. Нейкі час мы ішлі па мінным полі і гадалі: якія тут міны? Калі супрацьтанкавыя, дык можа і пройдзем. А калі супрацьпяхотныя… Аказалася, і тыя, і другія. Хутка рванула, і адзін паранены быў расшкуматаны. Добра, што мы абралі дыстанцыю адзін ад аднаго — метраў на 30.

Ішлі па полі доўга і марудна, болей ніхто не падрываўся. Але ззаду да пераезду на чыгунцы паявіліся нямецкія танкі. За намі яны не пайшлі, і, як ні дзіўна, па нас не стралялі. Можа, яны не маглі згле­дзець, хто мы – свае ці чужыя. Адлегласьць была ўсё ж далекаватая. Урэшце мы прыбіліся да адной з групы сьціртаў, што чарнеліся ў стэпе. Нас тут сабралася чалавек дванаццаць. Апроч параненых яшчэ было некалькі разьведчыкаў і артылерыстаў. Мы ўбіліся ў салому і сядзелі, ня ведаючы, куды падацца. Бо наперадзе стала відаць шаша, па якой няспынным патокам ішлі нямецкія машыны – адступалі з Кіраваграду. Куды мы ўлезьлі?
Так, улезьлі. Дзякуй саламяным сьціртам, якія ў стэпе заўжды давалі прытулак тым, хто меў у ім патрэбу. І сховішча. Так бы нас у стэпе даўно расстралялі. Старшым сярод нас аказаўся капітан-артылерыст. З ім было тры ці чатыры салдаты. Мы дасядзелі да ночы. Але рух на шашы не спыняўся. Якраз усчалася невялікая мяцеліца (пазёмка), а найгорш – на небе ўзышла поўня. У стэпе было скрозь відно. Нам, аднак, тут сядзець стала нясьцерпна. Рашылі ісьці наперарэз шашы. Хто пойдзе першы? Тое вырашыў капітан, і ён вызначыў: ты, малодшы лейтэнант. Ну вядома ж, я чужы. Не свайго ж ён пашле на пагібель.
Сглытнуўшы крыўду, я ўстаў і, абапіраючыся на карабін, пашкандыбаў па сьнезе. За мной крокаў праз сто рушылі іншыя.

Немцы на дарозе не зьвярнулі на нас ніякай увагі – яны сьпяшаліся вырвацца з мяшка. Я чакаў аўтаматных чэргаў з шашы, але чэргаў не было. Як пералез цераз канаву, пастаяў крыху, прапускаючы нейкія аўтамабілі-фуры. Як зьявіўся прамежак, перайшоў дарогу і з усяе сілы пашкандыбаў у стэп. З шашы ўсё не стралялі. Як я адышоўся далекавата, усчалася страляніна, я паддаў хады. Нехта адтуль бег за мной – але, падобна, гэта прарываліся нашы. Хтось застаўся на дарозе, а чалавек шэсьць даганяла мяне. Але я іх не чакаў. Я стыргікаў у ноч – далей ад шашы.

Пад ранак я і яшчэ шасьцёра з тых, што перайшлі шашу, выйшлі да нейкага сяла над рэчкай. Тут былі нашы: абозы, машыны. Мы разышліся па хатах, набітых салдатамі. Я залез пад лаўку ля парогу і, здаецца, адразу заснуў.
Прачнуўся ад жахлівай бамбёжкі, зямля трэслася, вакол усё абвальвалася і сыпалася. З хаты ўсе павыбягалі, а я ня мог канчаткова прачнуцца. Так пад той лаўкай я ператрываў дзьве ці тры бамбёжкі, а пасьля вылез. Мусіць, трэба было ратавацца.
Удвох з нейкім салдатам у паўшубку, параненым у руку, мы распыталі, дзе тут санчасьць. Санчасьць аказалася ў хаце цераз вуліцу. Там нас перавязалі і пачалі выпісваць карткі перадавога раёну на эвакуацыю ў шпіталь. Санчасьць, аднак, аказалася нейкай часьці танкавай арміі, і дзяўчына не хацела выпісваць яе мне, афіцэру з невядомай дывізіі. Але тут зноў наляцелі “юнкерсы”, пасыпалася гліна са сьценаў, і яна выпісала мне лісток паперы з чырвонай паласой наўкось.
Але выбірацца ў тыл было нашай праблемай – транспарту ў іх не было ніякага.
Усё ж нам пашэньціла – па дарозе імчаў “Віліс” з нейкім начальнікам, ягоны шафёр аказаўся знаёмы майму спадарожніку, той крыкнуў: “Грыша!”, і “Віліс” спыніўся.
Пад вечар мы апынуліся ў гарадку Александрыя, дзе быў шпіталь 5-й танкавай арміі.
(Пасьля ўжо дазнаўся, што ў тых баях загінуў Міргарад, а таксама і камбат Сьмірноў, і камандзір палка Казар’ян, і шмат-шмат нашых салдатаў і афіцэраў. Большасьць з іх пахавана (пасьля, як растаяў сьнег) у сяле Вялікая Севярынка пад Кіраваградам.)

Шпіталь быў перапоўнены параненымі, і разьмяшчаўся, як звычайна, у будынку гарадской школы. У кватэры дырэктара ляжалі афіцэры. Мяне паклалі другім у ложак да лейтэнанта Варашылава, танкіста. Тут увогуле былі скрозь танкісты. Рану перавязвалі, і яна гаілася. Аднак неўзабаве выйшаў кавалак косьці з галёнкі. Пачалося нагнаеньне.
Абмундзіроўку ў нас не адбіралі, можна было калі выйсьці ў горад. На базар, дзе прадавалі семкі. Іншага я за свае грошы купіць ня мог.
Часу было шмат, пасьля перавязак увечары афіцэры расказвалі пра нядаўнія баі, пра даваенную жытку. Запомніўся расказ пра рэйд 8 МК (механізаванага корпусу) у тыл да немцаў на ст. Малая Выспа, які скончыўся разгромам гэтага корпусу. Усе дактары былі жанчыны, сёстры – таксама. Нас, афіцэраў, даглядала вясёлая Нінка Барысава, што раздавала таблеткі глюкозы. Замест цукерак.

Здаецца, у канцы студзеня шпіталь перасоўвалі на поўнач, у раён Знамянкі. Сьнег тую зіму рана растаяў, і тыя, што былі ў валёнках, аказаліся ў незайздросным становішчы. Ішлі пехатой. Атабарыліся на нейкай жывёлагадоўчай ферме. У даўгіх аборах наслалі ля сьценаў саломы, па­ставілі на сярэдзіне бочкі-печы. Параненыя ляглі па абодва бакі ад праходу. Афіцэры, праўда, пасяліліся ў нейкай дамоўцы.

Каб чымсьці заняць салдатаў і сяржантаў у аборы, мяне і лейтэнанта Тавакіна прыкамандзіравалі да іх праводзіць заняткі. Кожны дзень пасьля сьняданку мы чыталі ім статуты. Слухалі, аднак, дрэнна, у моладзі былі свае інтарэсы.
Пасьля было яшчэ адно перамяшчэньне – пад ст. Цьвяткова. Там я некалькі дзён пажыў у мілай украінскай сям’і сельскіх інтэлігентаў з дзьвюма дочкамі – студэнткай медінстытуту і дзесяцікласьніцай. Малодшая мяне зацікавіла, але часу на разьвіцьцё якога пачуцьця не ставала. Здаецца, у тым сяле я ўпершыню выпіў украінскай самагонкі і здорава ўпіўся. Ноччу ішоў дадому, трымаючыся плятня.
Вясной нас з Тавакіным выпісалі са шпіталю.

Гэта цэлая эпапея – даганяць фронт, які перайшоў у наступ...


(Працяг у наступным нумары.)