12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
Пункціры жыцьця.
Далітаратурная біяграфія. Працяг

Працяг.
Пачатак
у №№2-4 (15-17).
Публікацыя
Ірыны
Быкавай.

Падрыхтоўка
да друку
Алеся
Пашкевіча.

...1 красавіка выйшлі на мяжу з Аўстрыяй.
Далей немцы не хацелі пускаць – завязаліся ўпартыя баі. Мы стаялі з гарматамі перад вялізнай разложыстай далінай, за якой былі немцы – танкі і пяхота. Нашая пяхота спрабавала атакаваць, ды амаль уся засталася на гэтым схіле. Прыехала нейкае начальства на «Вілісах», якраз палезла на маю гармату, і генерал загадаў: гармату на прычэп і цераз даліну – на той бок. Кепская гэта была справа, але нічога не папішаш… Хоць і не хацелася гінуць у са­мым канцы. Прычапілі, паехалі. А немцы сыплюць мінамі, толькі шмацьцё ляціць з абодвух бартоў. Неяк праскочылі між кусьцікаў, занялі АП, пачалі акопвацца. Болей з нашых – нікога. І толькі акапаліся, з нашага боку пачалі садзіць па нас з палкавых 120-міліметровых мінамётаў. Так ужо яны старанна нас абклалі, што мы думалі: канец! І быў бы канец, калі б не насунулася хмарка і не шыбануў лівень. Ён нас схаваў ад зыркастых вачэй сваіх жа «самаварнікаў».
Але пакуль па нас стралялі свае, немцы нас не чапалі, хоць мы былі ў іх пад самым носам. Мабыць, не маглі зразумець, што адбываецца.

Ад венгерскай мяжы ў Аўстрыі пайшлі суцэльныя баі, кожны дзень. Немцы не хацелі аддаваць Аўстрыю, хопіць таго, што яны страцілі Венгрыю. Колькі сваіх танкавых дывізіяў яны там пакінулі. Ды й нашых там засталося нямала.
У гарыстай мясцовасьці танкам не было дзе разьвярнуцца, болей дзейнічала пяхота. Танкі дробнымі групамі дапамагалі. На нашым участку дзейнічала самаходная артылерыя. 76-міліметровыя самаходкі з брызентавым верхам. Мы іх звалі «Прашчай, Родзіна». Яно так і было. Неяк не маглі зьбіць немцаў з ваколіцаў аўстрыйскага гарадка, расстралялі ледзьве ня ўсе снарады. Пакінулі толькі па два снарады – на крайні выпадак. І тут з тылу едуць штук шэсьць самаходак, сходу кіруюць у атаку. Мы крычым: «Ашалелі ці што? Там у іх «тыгры» – «Ні чарта! – крычаць у адказ. – Мы тыграў не баімся, самі паляўнічыя, сібіракі!». І ўсьміхаецца чарнявы такі, вусаты самаходчык у танкавым шлеме.
А пад вечар, як узялі гарадок, бачым, стаіць каля рэчкі абгарэлая самаходка, на брані якой, зьвесіўшыся, ляжыць той вусаты. З абгарэлымі вусамі.

Як заўжды пад вечар ці нават ужо ўначы занялі пазіцыі на краі поля. Наперадзе – роў, а за ровам нейкія будынкі. Абнесеныя мураванай сьцяной. Раніца выдалася ціхая, дзе немцы – нікому не вядома. На ўскраіне недалёкага паселішча быццам наша пяхота. А за ровам у тых будынках, кажуць, манастыр.
Было цікава, і я наважыўся зьбегаць, паглядзець. Сапраўды, цікава. Царква з убранствам, кельлі, калідоры. Кляштар. Насельнікаў манастыра нікога не было, толькі іхняе майно… І тут – страляніна. Чую: страляюць танкі. Выскокваю і – куляй цераз роў да сваёй агнявой. А гарматы ўжо няма. Па ўзараным полі да дарогі бяжыць пяхота, удалечы хаваюцца апошнія машыны… Далі драпу!
Над полем джагаюць кулямётныя чэргі, людзі то падаюць, то некаторыя ўстаюць, каб бегчы зноў. І тут я бачу нашага ўпаўнаважанага «Смершу», капітана. Мы бяжым з ім удвох. Але тое, што творыцца, гэта – паніка. Чаго яны пабеглі? Хто пабег першы? Хто даў каманду на адход? Гэта і яшчэ шмат што раззлаванае я крычу на бягу «асабісту», а ён толькі маўчыць. Той мой крык таксама можна палічыць як праяўленьне панікі. Але здаецца, шанцу ў нас дабегчы да дарогі па гэтай ральлі ня шмат. І тое надае мне рашучасьці.
Усё ж мы дабягаем. Тут за пагорачкам мае хлопцы. Я крычу: «Чаго вы рванулі?». А мне кажуць спакойна: «Усе рванулі, ня мы адны…».
А таго капітана я пачаў усяляк пазьбягаць, каб лішні раз не трапляцца яму на вочы, бо тое, што я яму выказаў у запальчывасьці пад агнём, вельмі лёгка магло спляжыць усё маё жыцьцё.

У баях, наступленьнях мы, афіцэры, дзейнічалі аўтаномна і рэдка калі сыходзіліся разам. Хіба што ўначы, на вячэры. Размова ішла галоўным чынам пра надзённыя справы, баі. Пра начальства таксама. Але ніколі пра генералітэт, пра тых, што сядзелі ў Маскве, таму што ў баях ніякіх генералаў мы ня бачылі – мы толькі на сваёй скуры адчувалі «мудрасьць» іхняга камандваньня, але гаварыць пра тое было небясьпечна. Мы ўжо ведалі, што кожны другі-трэці – сексот. Напэўна, у кожнай батарэі ён ёсьць. Але хто – во ў чым загвоздка. І таму лепш памаўчаць.

Ноч, імжыць дожджык, сьцюдзёна. Мы занялі АП на ўскраіне паселішча. Больш-менш акапалі гарматы. Дужа хочацца спаць. А побач ладны дамок, і я пастукаў у дзьверы.
Сям’я ўся ня сьпіць (вядома, які сон, калі ў двары гармата, гатовая адкрыць агонь па танках). Я зайшоў, кажу: пару гадзінаў шляфэн. Я, я, кажуць, фэрштэйн. Мне трэба было, каб яны зразумелі, што я – не забіваць, не рабаваць, а толькі пакімарыць трохі. А гаспадыня, папоркаўшыся, кажа: біттэ! Гляджу, чысты ложак, накрахмаленыя прасьціны… Але я не магу нават распрануцца. І няма сілы тлумачыць. Так і заваліўся на той ложак, у шынялі і ботах.

Пад’язджалі на «Студэбекеры» з гарматай да ладнае вілы – наводшыбе ад гарадку, стукаем у дзьверы. Няхутка выходзіць дзяўчына, аднак не нямецкага (ці аўстрыйскага) выгляду, і пытаецца чыста па-расейску: «Что вы хотите?». Во як! «А ты хто такая?» – «А я тут работаю». – «Русская?» – «Русская. Из Днепропетровска». – «Дык чаго ж ты так нас сустракаеш?» А яна і праўда – стала на парозе і не пушчае. «А ну пакліч гаспадара!» Не ідзе, бароніць гэтага гаспадара ад сваіх. Во дзіва! Мы яе адпіхнулі, яна – у крык. Выйшаў стары гаспадар з кіёчкам, нейкі адвакат ці што.

Я захварэў на малярыю. Мабыць, гэта вярнулася тая летняя хвароба. Варта было дзе толькі зірнуць на ваду – рэчку ці сажалку, як пачынала трэсьці.
Тады таксама затрэсла, і я лёг пад кусьцікамі, непадалёку ад АП, нехта накідаў на мяне кучу трафейных коўдраў, і я забыўся ў гарачцы. Ачнуўся таму, што пачуў незнаёмыя галасы. Галасы немцаў. Выграбся з-пад коўдраў. Бралася на прыцемак, гарматы на агнявой не было, хтось побач капаў зямлю.
Унізе было паселішча, дзе ўдзень быў КП камбата Ахрына, і я прыпусьціў па схіле ўніз. Аказваецца, зьмянілі АП, а пра мяне падумалі, што я пайшоў да камбата.
Між тым Аўстрыя ўражвала. Горад, краіна, горныя дарогі, невялічкія гарадкі, асобныя будынкі ў гарах. Жылі аўстрыякі культурна, але бедна – ня тое, што венгры. Харч быў нармаваны. Хлеба было мала. Нашае наступленьне прыпынілася ў нейкім гарадку, які мы занялі, а далей немцы не пусьцілі. Маю гармату паставілі каля аднаго з апошніх дамоў, ля самай дарогі. Ззаду была лесапільня – дрэва, дошкі, пілавіньне. Там я раздабыў веласіпед і ноччу на дарозе вучыўся езьдзіць. Па асфальце веласіпед добра ішоў, асабліва з гары. Як навучыўся, часам езьдзіў і ўдзень, калі ня надта стралялі. Неяк добра разагнаўся ад агнявой да павароткі, а як павярнуў за будынак, бачу, на сярэдзіне асфальту стаіць наш асабіст. Я разгубіўся, мабыць, ён – таксама, і я яго ўдарыў колам між ног. Мы абодва ўпалі, пасьля ён падняўся, вылаяўся і кажа са злосьцю: «Ты думаеш, я забыўся, што ты гаварыў, там, бегучы… Я табе гэта папомню…»
Сталася, аднак, што не папомніў. Ці, можа, я ня ведаў, як ён мне папомніў.

У батарэю прыслалі новага ўзводнага лейтэнанта Бахцігозіна. Вы­глядаў ён надта маладым нават для сваіх 20 гадоў, быў танклявы, як трысьцінка, з дзявочым тварам. І памкненьні былі ў яго хлапечыя: то – давай згуляем у валейбол, то зьбегаем во да той дачы. «Ды там жа немцы. Ты што?» – «Немцы, да? Гэта сур’ёзна»… Начальства яго не ўзьлюбіла. Ён яго таксама.

Наш Ахрын сябраваў з камандзірам 3-й батарэі капітанам Коханам. Калі была магчымасьць, хадзілі адзін да аднаго ў госьці. Тады Кохан трохі пабыў, яны выпілі, і ўжо ў прыцемку капітан пайшоў да свае батарэі, якая была, можа, у якім кіламетры ад нашай. Ды так і не прыйшоў да яе. Назаўтра спахапіліся, шукалі і знайшлі. Ляжыць камбат з прастрэленым сэрцам у кусьціках за 20 метраў ад свае гарматы. Аказваецца, ішоў, вартавы, як звычайна, «Стой, хто ідзе?». Ці камбат не пачуў пытаньня, ці вартавы не пачуў адказу – стрэліў, і ўсё сьціхла. І якраз у сэрца камбата.
Пахавалі ў горадзе Оберварт, у парку.

Атрымаў з інжынернага батальёну адказ на маё пісьмо да Тосі. Пісаў знаёмы, пісаў са штабу, што Кастэнка Таісія дэмабілізаваная па цяжарнасьці. Такі сюрпрыз.

Па салдацкай пошце пайшлі чуткі, што Германія капітулюе. Берлін ужо быў узяты. А немцы ўсё стаялі перад намі, акопваліся, лупілі ва ўсю з мінамётаў. А бліжай – і з кулямётаў. Нашы, адчуўшы хуткі канец вайны, кінуліся рабаваць. Неяк адышоўся за рэчку, там на схіле сядзі­бы на падворку ў траве ляжыць маладая жанчына – згвалтаваная і забітая. У доме ўсё перавернута, мяккая мэбля парэзаная фінкамі, толькі тырчаць спружыны. Люстры пабітыя…
7 мая быў дзень, як і ўсе, немцы пастрэльвалі. Нашую ўскраіну, дом і дарогу некалькі разоў за дзень абстралялі з буйнакалібернага кулямёту – папсавалі ўсю сьцяну будынку. Але горш за ўсё – мы атрымалі загад на наступленьне. У 19.00 гадзінаў. Я падумаў: во будзе здорава, калі загіну ў апошнім баі. Выбраў хвіліну часу, напісаў пісьмо бацькам. На канверце (трохкутніку) дапісаў, каб пераслалі ў выпадку маёй сьмерці.
Роўна ў 19.00 пасьля кароткай артпадрыхтоўкі пяхота паднялася. Але… бою не было. Хутка бяжыць камбат, крычыць: хутчэй падганяць машыны.
Немцы перад вечарам ірванулі на захад. Нам загадалі даганяць.

І мы даганялі.
Ноччу і ранкам таго пагоднага майскага дня. Абганялі калоны нямецкай пяхоты, якая зважліва ўступала нам дарогу на вулічках аўстрыйскіх гарадкоў. Насельніцтва скрозь вітала нас, у вокнах і на балконах віселі белыя прасьціны. Нам кідалі прысмакі, цукеркі. Я злавіў пачак падушачак, і мы ласаваліся тады знаёмымі змалку цукеркамі, якія я не смакаваў шмат гадоў.
А на душы ігралі аркестры, і было так вольна і бясьпечна – вайне канец!!! Гэта было асаблівае пачуцьцё, ад якога мы адвыклі за гады вайны. І ў аснове яго – упэўненасьць, што будзеш жыць, што жыцьцё тваё не абарвецца ні сёньня падвечар, ні заўтра. І нішто табе не пагражае.

Аднак пагражала.
З лесу з-за рэчкі падбілі нашую самаходку на дарозе, другая, ва­дзіцель якой, мабыць, быў п’яны, звалілася на крутым павароце ў раку. Мы, аднак, не спыняліся, мы ўсіх абганялі, каб хутчэй дапяць да амерыканцаў.
Дапялі толькі ў канцы 8 мая перад ракой Энс. Тут быў невялікі гарадок Ротэнман, мост цераз раку, і за мастом амерыканцы. Яны туды зьявіліся раней, чакалі нас. І як толькі на гэтым беразе зьявіліся нашыя машыны, завіталі на госьці. То былі маладыя, рослыя салдаты, некаторыя гаварылі па-польску, мы мелі на такі выпадак віно, добра ўпіліся, напаілі амерыканцаў. Тыя ўсё мяняліся «на памяць»: то пілоткамі, зоркамі, гадзіньнікамі, то пісталетамі, а то нават штатнымі карабінамі.
Пад вечар я, п’яны, заснуў ля свае машыны.

Прачнуўся ноччу. Вакол усе ўпокат спалі. Нашыя ў абдымку з амерыканцамі. Камандзіраў нашых нікога нідзе не было, я пабрыў па гарадскіх вуліцах, якія, аднак, кішэлі ад народу – нашых, амерыканцаў, аўстрыйцаў.
У адным месцы ўбачыў, як з нейкай будыніны людзі цягнуць скрынкі. То быў прадуктовы склад: мука, масла, кансервы. Я вярнуўся да батарэі і пабудзіў шафёра сваёй машыны. Мы пад’ехалі на «Студэбекеры» да складу. Падыходзяць аўстрыякі, адзін пытаецца: пан афіцэр, ці можна ўзяць місачку мукі? Кажу: бяры, дзед, мех! Абы данёс. Узвалілі хлопцы на яго мех, захістаўся, але ня ўпаў, панёс.
Мы там пагрузілі на машыну колькі скрынак шакаладу, сыру, лікёру. Трафеі нашых войск.

На другі дзень – Дзень перамогі – прыехала начальства. Усіх амерыканцаў прагналі на той бок ракі, на мосьце паставілі каравул. Полк выстраілі ў паходную калону, і мы рушылі далей ад амерыканцаў, у тыл, да горада Леабэн.

Усе гады на чужыне быў сярод чужых людзей. А так хацелася спаткаць земляка, чалавека з Беларусі. Хоць каб павітацца, а то пагаварыць, успомніць. На жаль, тое здаралася дужа рэдка. Было ў батарэі два-тры чалавекі, салдаты аднекуль з-пад Брэсту. З афіцэраў за вайну не сустрэў ніводнага беларуса.

Пад Леабэнам у лесе каля лужка разьмясьціліся лагерам. Пабудавалі буданчыкі. Саставілі ў шэраг машыны і гарматы. Начальства надумала зрабіць страявы «смотр». Пасьля быў мітынг. Назвалі ветэранаў палка. Самым старым ветэранам (з часу фармоўкі) аказаўся начфін. Усе астатнія ня больш, як па году. А камандзіры батарэяў і ўзводаў – нават меней. Кароткі быў наш век у баях. Для мяне гэта быў трэці полк. Плюс два шпіталі. Такая во франтавая служба.

Скончылася вайна, а ня ўсе радаваліся. Валька Бахцігозін захандрыў, і было чаму. Не заслужыў Валька ніякіх узнагародаў. Быццам і служыў, як усе, і ў баях удзельнічаў, а вось жа камусьці недагадзіў. Мне было шкада Вальку. Несправядлівае ўсё ж да яго начальства.
Усе нашыя трафеі загадалі здаць тылавой службе ПФС. Прыйшло начальства, ператрэсла нашыя машыны, забралі скрынкі. А пасьля загадалі здаць і рэчы, якіх трохі завялося ў батарэях. Здаваць не хацелі, хавалі, дзе маглі.
Полк паднялі па трывозе, выцягнулі на шашы. Камандзір брыгады Парамонаў аб’явіў, што будзе марш на поўдзень, у Балгарыю. Зьявілася вышэйшае начальства, з арміі. Сказалі: здаць усе трафеі, барахольшчыкамі вас цераз Еўропу не павязём.
У нас былі хромавыя скуры, узятыя яшчэ ў Венгрыі, – знайшлі, адабралі. Загадалі здаць музыку. І тады хлопцы, каб не здаваць, пакідалі хто што меў у раку. Паплылі гітары ўніз па Дунаі. Лаяліся і крыўдавалі салдаты. А начальства мела свой інтарэс. Даведаліся пасьля: ужо з Балгарыі наш начальнік палітаддзелу і начальнік контрразьведкі адправілі ў Адэсу кожны па нагружаным «Студэбекеры». Родзічам і вышэйшым начальнікам. На прэзент.
Нам жа яшчэ ў баях вясной было дазволена паслаць па адной пасылцы бацькам. Помніцца, я паслаў кірзавыя боты. І яшчэ шакалад.

Ехалі цераз Венгрыю, Югаславію. Па тых жа мясьцінах, дзе нядаўна паўзьлі з баямі. Уразілі статкі іржавых, пакалечаных танкаў (сваіх і нямецкіх) пад Секершэферварам. Югаславы махалі нам скрозь, пакуль ехалі па Сербіі. У балгарскім горадзе Відзін пераехалі па пантоне цераз Дунай.
І вось – Сафія!

Плоўдзіўская шаша, 4-ы кіламетр. Цераз поле велічная Віташа. Тут у балгарскім вайсковым гарадку суджана будзе пражыць год.
Салдат разьмясьцілі ў казармах, афіцэры жылі ў інтэрнаце – па чатыры-шэсьць чалавек у пакоі. З першых дзён заняткі па баявой і палітычнай падрыхтоўцы. Пасьля баявой вольніцы цяжкая гэта аказалася справа для салдатаў і афіцэраў. Нецікавая, надакучлівая. Ніхто не хацеў служыць, чакалі дэмабілізацыі. У горад сьпярша не пускалі. Хадзілі ў самаволку. Уцякалі некаторыя. Лавілі, судзілі. Будучыня наша, маладых афіцэраў, была няпэўная.

У канцы лета дэмабілізавалі старэйшыя ўзросты да 1924 году нара­джэньня ўключна. Але – салдатаў і сяржантаў, не афіцэраў. Афіцэры атрымалі права выхаду ў горад. І яны рынуліся.
Сафія была дужа еўрапейскім горадам, з буржуазным укладам жыцьця, ад якога мы былі ўжо адвучаныя. Або зусім ня бачылі. Вайна таксама зьмілавалася над Балгарыяй. Людзі да нас адносіліся сапраўды як да братоў, і клікалі братушкамі. Усюды, дзе мы з імі сустракаліся, нас чакала прыязнасьць, а то і пачастунак.
У цэнтры Сафіі перад помнікам Аляксандру-вызваліцелю быў арганізаваны Дом афіцэраў з рэстаранам, куды мы ірваліся кожны выхадны. Пілі так, што балгары хапаліся за галовы: шклянкамі ня толькі віно, але і каньяк. Апроч таго ў горадзе было шмат піўніцаў, сладкарніцаў, дзе можна было выпіць віна, ракіі, мастыкі. Трохі горш было з закусьсю, але што-небудзь знаходзілася.
Кожны вольны час мы наведваліся ў горад, але былі вельмі кепска апранутыя. У мяне быў зусім папалены шынэлак. А гімнасьцёрка… Яшчэ ў баях, старая, разьлезлася на плячах, і ў ОВС мне выдалі з рамонту: з двума лапікамі, меншым – зьлева над кішаньком і большым – ззаду пад лапаткай. Гімнасьцёрка з забітага. Стаю, бывала, на Арловым мосце ў Сафіі, чакаю аўтобуса ў свой гарадок, ідзе дробны сьняжок, і чую, як балгары пра мяне кажуць: пэўна, сібірак, марозу ня чуе.
А шынэлак мне зусім нельга апрануць.
Балгарскія афіцэры амаль усе былі звольненыя з арміі і жылі з таго, што прадавалі абмундзіроўку. Нехта мне параіў завітаць на пэўную кватэру, дзе мне прапанавалі амаль новы шынэлак. (Рэч у тым, што форма балгарскіх афіцэраў была вельмі падобная на форму рускай арміі і – савецкай таксама, толькі на шынялях замест пяці гузікаў у радзе было шэсьць). Але гэты шынэлак быў адмысловы – генеральскі, з выдатнага англійскага драпу і, што мяне крыху засмучала – на чырвонай падкладцы – пад поламі і пад бартамі. Адпаведна і кант быў чырвоны. Вагаўся я, але аддаў грошы і перачапіў на генеральскія плечы лейтэнанцкія пагоны.
Раніцай я спазьняўся на развод і ішоў пехатой – чатыры кіламетры па шашы да нашага гарадка. Раптам мяне абганяе «Віліс» і спыняецца. Я радасна падбягаю, бачу, то наш камбрыг. Кажа: сядай. Сеў, прыехалі ў гарадок, я хацеў неўпрыкмет шмыгануць у батарэю, але камбрыг кажа: пастой. І вядзе мяне на развод на плац, дзе ўжо выстраена брыгада. І там пасьля прыняцьця дакладу начштабу і каманды «вольна» ён пачаў бэсьціць мяне перад строем: «Паглядзіце, перад вамі генерал, яму наш, рускі салдацкі шынель не даспадобы» і г. д. Строй сьмяецца, пацяшаецца, а я гатовы згарэць ад крыўды і сораму.

Начальнік ОВС выдаў мне новы – наш «рускі» шынэль, ды толькі дужа кароткі. Я спрабаваў падшыць яго зьнізу, атрымалася ня лепш… З гімнасьцёркі, што нам выдалі неўзабаве (англійскай, ваўнянай) у горадзе пашыў кіцель – як колечы абарахліўся. А раскошны генеральскі шынэлак прадаў начальніку палкавой школы, дзе яго таксама чакаў незайздросны лёс: быў перашыты на кіцель і брыджы, якія неўзабаве густа абліў чарнілам п’яны камандзір узводу. Каб адпомсьціць за нейкую зьнявагу.

У пачатку зімы мяне перавялі з батарэі ў палкавую школу, вучыць сяржантаў. Парадкі там былі, вядома, болей строгія, чым у палку, і кожны дзень – заняткі. То на плацы, то ў артпарку, то ў полі. У полі мне нават падабалася: неглыбокі пухнаты сьнег. Марозік градусы 2-3, цёплы, амаль ласкавы вецер з Адрыятыкі. Дужа мне падабалася тая зіма ў Балгарыі. Але астатняе… Да таго ж начальнік школы маёр Батурбаеў быў нейкі дзіўны чалавек – дурны і дужа строгі. І я пачаў хадайнічаць, каб мяне вярнулі ў полк.

У адным пакоі са мной жыў старшы лейтэнант К. Сам родам з Ула­дзівастоку. І па гадах старэйшы, ён ня надта вадзіў дружбу з намі, заўжды ў вольную часіну недзе зьнікаў і зьяўляўся на службе толькі перад разводам на заняткі. Аднойчы вярнуўшыся раней часу, я засьпеў у нашым пакоі палкавога «асабіста» з яшчэ адным афіцэрам, яны штосьці шукалі. Пад ложкам у К. Яны сказалі мне, каб – нікому, нічога. Усё ж я расказаў аб той сустрэчы К., які здагадаўся, што гэта рэч у ім. Бо ў яго завялося каханьне з адной балгаркай. Аднойчы ў выхадны зімовы дзень ён запрасіў мяне зрабіць вандроўку на Віташу. Па дарозе мы зайшлі ў адно кафэ на Рускім бульвары, дзе ён спаткаў сваю Ліляну. Пайшлі ўтрох. Ліляна аказалася прыгожай цемнавокай балгарачкай, студэнткай універсітэту, дочкай нейкага партыйнага дзеяча. Здаецца, нават члена ЦК. Але ўсё роўна мець такія адносіны з балгарамі (тым больш з балгаркамі) нам катэгарычна забаранялася. А К. меў намер з ёй ажаніцца.
Мы доўга паднімаліся сьнегавой дарогай на Віташу, любаваліся недалёкім Пернікам, Сафіяй унізе. Пасьля дабрылі да паляўнічай хаці­ны – горнага гатэлю, і там павячэралі. К. з Лілянай засталіся і назаўт­ра, а мне заўтра ранічкай трэба было заступаць у нарад, і я на сьвітанку пабрыў з Віташы.
Але тую рамантычную пілігрымку запомніў назаўжды.
А К. неўзабаве злавілі з Лілянай і дэмабілізавалі. У сакавіку я праводзіў яго на вакзал. Ліляны не было.

Мяне абралі камсоргам палкавой школы, начальнік палітаддзелу сказаў, што трэба рыхтавацца ўступаць у партыю. Якраз выдавалі камсамольскія значкі, за якія трэба было сабраць нейкія грошы. Заадно і членскія складкі. То было ў суботу, а ў вечары таго дня мы, вядома, завіталі ў Дом афіцэраў. Але грошай было малавата, перад палучкай, якая мелася быць у панядзелак. І вось хлопцы кажуць: у цябе ж ёсьць складкі, пазыч, а ў панядзелак з зарплаты мы аддамо. Я і пазычыў. Усё, колькі меў, там і засталося. Але так сталася, што ў панядзелак начфін грошай не атрымаў. А мяне ўвечары паклікаў начпалітаддзелу палкоўнік Юрчанка. «Ну, як справы?» – «Ды, так…» – «Працуеце?» – «Працую». – «Узносы зьбіраеце?» – «Зьбіраю…» – «І здаеце?» – «Не. Яшчэ не…»
Карацей кажучы – выкрыў мяне і тут жа зьняў з пачэснай пасады камсорга. Пра ўступленьне ў партыю размовы больш не было.

Сяброўства тае пары было калектыўнае – група камандзіраў узводаў палка. Борматаў на той час стаў камандзірам батарэі. Валька Бахцігозін быў па-ранейшаму мой лепшы сябра. Яшчэ я зблізіўся з афіцэрам штабу Віталём Дзібнерам. Гэты апошні быў старэйшы за мяне год на сем, родам з Ленінграду, да вайны скончыў Ленінградскі універсітэт, быў чалавек інтэлігентны і адукаваны. А мяне на той час дужа пацягнула да культуры, ведаў, якіх я не дабраў да вайны. Мы з Дзібнерам абходзілі ўсе музеі у Сафіі, усе выставы і саборы. Зноў пачаў маляваць – пераважна акварэльлю, вядома, цудоўную Віташу, прыгарадныя каплічкі, прыроду. Таксама заняўся фатаграфіяй – купіў старэнькі «Кодак». З дому атрымліваў невясёлыя пісьмы – разруха, голад, недарод… Бацька падрабязна апісваў сваю жытку, пісаў, як заўжды, алоўкам, акуратна, сваім каліграфічным, набытым у царкоўна-прыходскай школы почыркам.

Недзе пад вясну мяне зноў вярнулі ў полк, у тую ж другую батарэю.

Здаецца, у маі 1946 году полк (і брыгаду) нечакана расфармавалі. Афіцэраў параскідвалі па розных часьцях. Бахцігозіна перавялі ў нейкі артполк. Дзібнер дэмабілізаваўся, паехаў у свой Ленінград. Мяне прызначылі ў стралковую дывізію, якая дыслакавалася пад Бургасам.
З некалькімі афіцэрамі ехалі ў новую часьць. Білеты ў Сафіі далі самыя лепшыя – у першы клас, з мяккімі аксамітнымі полкамі, занавескамі. Але аксаміт той быў парэзаны фінкамі і чарнеў палосамі. Стала адразу зразумела: «братушкі» здабывалі тут «бархаткі» для бляску на ботах… Такая ўжо была нашая расейская салдацкая натура: узяць, дзе кепска ляжыць, а што нельга ўзяць – панішчыць.
Бургаская дывізія таксама доўга не ўтрымалася на месцы – пачала грузіцца ў вагоны для адпраўкі ў Саюз.
Увогуле, у Саюз мы ўвесь час імкнуліся. «Дамоў», – было ва ўсіх на языку, хоць і любілі Балгарыю, хоць і неблагая тут была жытка. Але доўгая ростань з роднымі, з Радзімай ужо станавілася нясьцерпнай. Цяпер мы ехалі дамоў. Толькі надта вялікі быў наш «дом», і шанец трапіць мне ў маю Беларусь быў мізэрны. Тое не магло не засмучаць.

Нядоўгае чыгуначнае падарожжа скончылася на прыгранічнай станцыі Унгены, пад якой нашая дывізія стаяла ў абароне ўлетку 44-га і якую затым бралі. Якраз выгрузіліся і на сваім гужавым транспарце паехалі цераз Малдову на ўсход. Праязджалі знаёмыя месцы. І тую вёску, куды мы з НП камандзірам палка хадзілі ў самаволку, і тую вышыню, за якую полк біўся ўсю вясну 44-га. Але які жах быў перад намі! Скрозь ляжалі чорныя палі, палеткі не былі засеяныя, усё спляжыла другая запар засуха. Сёлы стаялі пустыя, ратуючыся ад голаду, людзі падаліся хто куды: на поўнач, у Букавіну, на Украіну. Мы ўсе панылі, прадчуваючы кепскае.

Перайшлі Днестр і спыніліся на станцыі Кодыма, Адэскай вобласьці. Тут належала расфармавацца, здаць людзей, тэхніку, майно і атрымаць новае прызначэньне. Нямногія з нас, маладых афіцэраў, прагнулі тых прызначэньняў, – мы хацелі дэмабілізавацца і пачаць новае, цывільнае жыцьцё. Але ў нас не пыталіся. Усё вырашалі за нас вышэй, адпаведна з яшчэ больш высокімі загадамі.
Клопату ў Кадыме было няшмат, заняткаў амаль не праводзілі. Хапала вольнага часу, толькі зусім не было грошай. Яшчэ ў вайну я паслаў бацькам атэстат на 600 рублёў, сабе засталіся нейкія рублі. Але гэта тады ў вайну і за мяжой. Тут жа, на радзіме, права на тыя дадатковыя грошы я страціў.
А ў станцыйным буфеце між тым прадавалі віно і напоі. І заўжды былі на закусь бутэрброды з чырвонай ікрой. Каб грошы… А ўвогуле, жытка тут ня тое, што ў Балгарыі: усё па картках, на кірмашы – дарагоўля. Нас, вядома, кармілі. Але заўжды былі мы галодныя – і афіцэры, і салдаты. Дужа хацелася дамоў, – у адпачынак, якога ніхто з нас ня меў, ці назусім. Тады я падаў ці не другі рапарт на дэмабілізацыю. Але адказу – ніякага.
Напачатку лета атрымаў прызначэньне ў стралковы полк, які кватараваў у Нікалаеве.
Прыехаў у гэты вядомы на поўдні горад, які мне ўвогуле спадабаўся. Казармы яшчэ старой, царскай будоўлі, у цэнтры гораду. Побач зьліваюцца дзьве ракі. Адносна зялёныя вуліцы. Адно кепска – полк за Бугам, у стэпе ў лагерах. Каля вёскі Цярноўка.
Зноў, як і колісь, трапіў у палкавую батарэю 45-міліметровых гарматаў. Адразу – на заняткі ў стэп. Сьпёка, пыл, вецер. Жылі ў палатках. Скрозь усё пакрыта пяском і пылам: коўдра і падушкі на ложках, сталы і посуд у сталоўцы. Ценю ў лагеры няма ніякага. Неўзабаве стаў, як і ўсе – загарэлы, аж аблупілася скура на носе.

Бясконца марыў пра Беларусь, нашыя палі і пашы, лясы і гайкі. Дрэвы! Вязы, клёны на падворках, бярозкі. І дубы. І хваёвыя бары, пошум якіх з дзяцінства стаяў увушшу. А азёры! Маё з дзяцінства Белякоўскае возера жыло ў маёй душы, прыходзіла ў снах… А, прачнуўшыся, бачыў зусім іншае. Найперш пясок на зубах, сухавей у стэпе. Ссохлая трава навакол, хамлакі палыну. Адно прывабнае месца было адразу за лагерам – бераг Буга. Але туды не падступіся: ганяе начальства. Ды і заняткі. Ад штабу відаць усё вучэбнае поле – хто дзе займаецца. Хіба калі тактыка. Тады можна адысьціся далей.

І я адышоўся. Заняткаў было да самага абеду, справіліся трохі раней. Заставалася якая гадзіна часу, і памкамузвод кажа: а давайце пакупаемся, таварыш лейтэнант. Кажу: ладна, толькі нядоўга. Сам сеў над абрывам, салдаты распрануліся і – у ваду. Трохі пабоўталіся. Даў каманду заканчваць. Вылезьлі, апрануліся. А адзін камплект абмундзі­роўкі ляжыць на пляжы. Дзе? Хто?
Хутка вызначылася – хто.
Пачалі шукаць у вадзе – знайшлі. Але ўжо тапелец. Хлопец з Заходняй Беларусі. Чаму і як – ніхто не заўважыў.
Далажыў начальству. Тапельца адвезьлі ў горад, у шпіталь на ўскрыцьце. Мяне пачалі цягаць па начальстве: чаму дазволіў купацца?
Праз дзён тры камандзір батарэі адправіў з фурманкай на пахаваньне. Змайстравалі труну, усё зрабілі, як мае быць. Выкапалі магілу на гарадскіх могілках. Пахавалі. Памкамузводу асабліва перажываў – то быў ягоны зямляк. Пасьля паховінаў кажа: давайце памянем бедалагу, у мяне во трохі грошай ёсьць. Зьбегаў ён у закусачную, купіў дзьве бутэлькі «Горнага дубняку», нейкую закусь. Селі мы на старых могілках пад акацыямі і выпілі той напой. Пасядзелі. Вяртацца ў наш лагер было ранавата, некаторыя расьцягнуліся ў засені, падрамалі. Калі сонца апусьцілася, я падаў каманду «Пад’ём». Усталі, пачалі строіцца. Аднаго няма.
Шукалі, крычалі, бегалі па вуліцы, пыталіся прахожых – ніхто нікога ня бачыў. Зьнік чалавек.
Праклінаючы ўсё на сьвеце, павёў строй у полк.
Не хапіла духу далажыць камбату, што прапаў салдат. Думаў: далажу заўтра, усё роўна вечар, вячэра і адбой. Аж уначы выклікае камандзір палка. Мяне і камбата. Прыйшлі да яго ў палатку. Палкоўнік сьвірэпы, як тыгр. Камбат не разумее, у чым справа. А я разумею, але маўчу. Толькі думаю: адкуль яму ўначы стала вядома пра маю бяду? Наіўны я быў яшчэ хлопец. Толькі споўнілася 22 гады.
З тае палкоўнікавай палаткі адправіўся на гарнізонную гаўптвахту.
Першую за маю нядоўгую службу.
А салдат назаўтра прыйшоў на абед.
Аказваецца, так добра заснуў, што праспаў амаль суткі. Казаў, спаў бы і болей, ды захацеў есьці.
Мне ж усё роўна трэба было адбыць пяць сутак.

Парадкі на гаўптвахце былі жорсткія, зусім турэмныя. Арыштаваныя жылі напаўгалодныя, у цесных камерах. Трэба было яшчэ выконваць рэжым. У 5 гадзінаў быў пад’ём, канваіры забіралі тапчаны – каб ня спалі. А каб не ляжалі на бетоннай падлозе, налівалі на яе 2-3 вядры вады. Добра, аднак, што не было сумна. У камерах сядзела па пяць-шэсьць афіцэраў, якія ўвесь час «травілі», размаўлялі. І ня толькі размаўлялі. З волі знаходзілі спосаб перадаць бутэльку, і тады тайком выпівалі. Але начальнік гаўптвахты быў чысты зьвер – здавалася, ён усё жыцьцё ненавідзеў афіцэраў і помсьціў ім за штосьці.
Вярнуўшыся з гаўптвахты, я падаў чарговы рапарт на дэмабілізацыю.

Самае горкае становішча ў вайсковай службе – апынуцца ў адзіноце, страціць сувязь з сябрамі, быць вырваным са звыклага сяброўскага асяроддзя. Шчасьлівыя тыя людзі, што праваявалі ўсе гады вайны ў адной часьці, не апыналіся, як я, кожны раз у якасьці новенькага, чужога. І ўжо шчасьцем было спаткаць на вайсковых дарогах старога сябра. Выпадкам у Нікалаеве я сустрэў Вальку Бахцігозіна, аказваецца, ён служыў у артпалку гэтай жа дывізіі. І ўсё быў малодшым лейтэнантам. Не шанцавала Вальку на службе. Мабыць, як і мне таксама.

Увосень я захварэў на дызентэрыю і трапіў у шпіталь.
Хвароба гэта, як вядома, ня надта цяжкая, але даволі дакучлівая, трэба выконваць дыету, прымаць нейкія лекі. Сьпярша было нават прыемна – адпачыць ад прыгнёту службы, заняткаў, пастраеньняў, парадаў. Нават ад арганізаваных паводле планаў нампалітаў выхадных дзён. Ад выводак конскага саставу, якія выматвалі сілы ў салдатаў і афіцэраў. Але шпітальнае жыцьцё хутка і надакучвала – найперш адсутнасьцю волі. Так хацелася проста выйсьці за агарожу, на гарадскія вуліцы. А нельга ў шпітальным халаце, тапках.
Выпісаўся акурат перад восеньскай інспектарскай праверкай.
На праверку прыехаў са штабам камандуючы Адэскай акругай маршал Жукаў. Пастроілі афіцэраў палка. Далажылі. Выйшаў, стаў перад строем – каржакаваты, у шынялі, са строгім тварам. І загадаў – усіх у фізгарадок. Прывялі, перастроілі ў калону па два. Загадаў: на «каня» – наперад! Адзін за адным пабеглі. Мала хто пераскокваў, большасьць не магла. Яно і зразумела: афіцэры былі розныя – маладыя і гадоў пад пяцьдзясят. Жукаў загадаў: хто пераскочыў – вольныя, астатніх трэні­раваць і пасьля далажыць. Адбэсьціў нас усіх: «Зажрались, разжирели!.. Вот смотрите, как надо!». Падагнуў полы шыняля, коратка разьбегся і гоп – пераскочыў.
Мы засталіся, ашаломленыя зласьлівасьцю знакамітага палкаводца сталінскай школы.

Полк перабраўся на зімовыя кватэры – у гарадскія казармы. Трэба было шукаць якое жытло ў горадзе. У часьці нікому кватэр не давалі. Я перанёс свой мяшэчак да Валькі, які яшчэ раней кватараваў за паркам імя Пятроўскага. Гаспадыняй кватэры была старая сівенькая бабка ды бабчын кот. Яна папрасіла ў нас грошай – прасіла: можа б прывезьлі якога паліва. Мы бадзёра абяцалі, хоць ведалі добра – дзе мы яго возьмем, тое паліва? Так і жылі ў сьцюдзёнай бабчынай хатцы, накрываліся салдацкімі коўдрамі, шынялямі і плашч-палаткамі. Саграваліся лепш на вуліцы, хуткім крокам па дарозе ў казармы. Па-ранейшаму было галаднавата, грошай амаль не было зусім. Да новага, 1947 году ўвесь мой заробак пераводзіўся на атэстат, які я не хацеў адклікаць. Неяк перабіваўся на надзённым пайку. Пасьля новага году стаў атрымліваць свае 650 рублёў у месяц.

Між тым у паўднёвым горадзе Нікалаеве буяў бандытызм. Былі выпадкі нападу бандаў на каравул пры складах. Ноччу рабавалі запазьнелых прахожых і афіцэраў. Асабліва ў раёне Пятроўскага парку. Аднойчы камандзір роты суседняга палка, позна вяртаючыся са службы, прыхапіў з сабой свой ТТ, і як яго спынілі двое, патрабаваўшы зьняць боты, стрэліў і забіў аднаго. Афіцэра судзілі і далі шэсьць гадоў за забойства. Такое было заканадаўства – у інтарэсах крымінальных элементаў, як і заўжды, дарэчы. Пасьля таго выпадку забаранілі даваць афіцэрам іх зброю. Хай лепш зьдзіраюць боты.
А зьдзіралі доўга яшчэ. Беспакарана.

У лютым нечакана мне далі адпачынак. Выправіў дакументы і кінуўся на вакзал. (Там сустрэў колішняга вучылішчнага выкладчыка тапа­графіі Рамественскага). Валька зьезьдзіў у свой Ачынск, здаецца, раней за мяне.
Дабіраўся з перасадкамі: у жахлівым Харкаве, Вільнюсе. І вось на золаку зьлез з цягніка ў Падсьвільлі, дзе працавала рахункаводам сястра Валя. Знайшоў яе ў нейкай раённай установе. Разам з сяброўкай яна начавала на сталах у той жа ўстанове. Былі сьлёзы і радасьць сустрэчы. Удзень мы пехатой выбраліся цераз лес і балота да Кублічаў. Трохі падвезьлі на санях лесанарыхтоўшчыкі. А каля Кублічаў сустрэла стрыечная сястра Жэня, паклалі на яе сані мой няцяжкі ўвогуле, але надаедны чамадан.
Дома ўсё аказалася такім, якім я пакінуў гадоў 7 таму. Вёска неяк убераглася ад разгрому. Маці пастарэла дужа, бацька таксама. Затое падрос брат Мікола. Удвох з ім мы зьезьдзілі ў Гаі, сьсеклі і прывезьлі сухадрэвіну на дровы. Жыцьцё тут было да жаху беднае, каровы не было. Бацька хадзіў прасіць паўлітра малака ў брыгадзіра – для афіцэра Чырвонай арміі. Гадавалася малое парасё, якога вырашылі прырэзаць з нагоды госьця. Каб хоць заскварыць булён. Расказвалі пра вайну, што давялося перажыць. Страху натрываліся даволі і за сябе, і за сына, ад якога не было ні слыху, ні духу. А затым па вызваленьні ў 44-м прыйшла «пахаронка». Добра, што тут жа прыйшоў ад мяне ліст. Сястру Валю немцы вывозілі ў Германію, ды яна ўцякла – саскочыла з цягні­ка. Пасьля былі нямецкія аблавы, у часе адной з якіх яе выдала стрыечная сястра. Схавалася была ў кусьце каля сажалкі, а тая паказала немцу. З зайздрасьці, што ўратуецца.
Хлеба не было, бульбы таксама. Успамінаючы, аднак, вайну, казалі: затое тады ад’еліся. І хлеба было, і да хлеба. Калгасы распусьцілі, абраблялі свае надзелы. Было і немцам, і партызанам, і сабе заставалася. Ня тое, што ў калгасах.. Ды мінулася тое. Цяпер зноў калгас.
Сябры дзяцінства былі дзе хто. Некаторыя маладзейшыя яшчэ служылі. Некаторыя пагінулі ці зьніклі за вайну. Настаўнікі таксама. Ды і настаўніцы. Мястэчка Кублічы, ладнае такое, старажытнае мястэчка, было панішчана дашчэнту, засталося некалькі хат. Усё яўрэйскае насельніцтва знайшло свой канец яшчэ ў верасьні 41 году каля Ушацкіх могілак, у агульнай яме.
Увечары прыходзілі да мяне старэйшыя аднавяскоўцы, расказвалі пра свае партызанскія жахі. Жахі блакады. Жахі пераходу фронту, як іх бяззбройнымі калонамі пасылалі праз Віцебскія вароты па зброю. Пра тое расказваў Азевіч Дзям’ян, сын «ворага народу».

Маці падумала схадзіць у свой родны Завулак пазнаёміць мяне са сваім братам Лявонам і яго сям’ёй. Першы раз у жыцьці перайшлі з ёй былую дзяржаўную мяжу, лесам, каля спаленай Асінаўкі выйшлі да спаленага Завулку. Дзядзька Лявон з немалой сям’ёй жыў у асеці. Там мы з маці і гасьцявалі дзень. Адзін сын дзядзькі Лявона загінуў пад Кенігсбергам, другі яшчэ служыў у войску. А дзядзька Лявон, аднавокі вясёлы чалавек, як і ўсё жыцьцё, лавіў рыбу. З таго і жылі.
Трэба было зрабіць адзнаку ў ваенкамаце аб прыезьдзе і выезьдзе, таму паехаў у Вушачу. Там спаткаў сябра дзяцінства Мішу, які працаваў загадчыкам парткабінету, а жанаты быў з маёй аднакласьніцай Сімай. Ён нядаўна дэмабілізаваўся і цалкам ужо ўвайшоў у грамадзянскае жыцьцё. І, вядома, быў членам ВКП(б). У Мішы і Сімы я добра пачаставаўся самагонам і пайшоў дадому. Ішоў доўга. Сьпярша па саннай дарозе, пасьля з Селішчаў па цаліку. Ледзьве дабрыў.
Некалькі разоў падаў, але, паляжаўшы, уставаў. Баяўся замерзнуць.

Няласкава сустрэла мяне радзіма Беларусь, але дужа не хацелася ад’язджаць на далёкі апрыклы поўдзень. Ды мусіў. Нічога нельга было зрабіць па сваёй волі, усё маё жыцьцё падлягала волі чужой. Дзяржаўнай. І не было каму скардзіцца, да каго апеляваць.
На тлумных, набітых пасажырамі цягніках неяк дабраўся да Нікалаева. Урэзаў свой водпуск дні на тры – каб не спазьніцца ў часьць. За спазьненьне дужа ўшчувалі. А я і так быў ня самы ўзорны ўзводны. Прыехаўшы, адразу падаў рапарт на дэмабілізацыю. І тут жа атрымаў адмову. Трэба служыць, мацаваць абароназдольнасьць Радзімы, у чым і заключаецца абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Дзякуй за тлумачэньне, думаў я, пакідаючы кабінет начальніка аддзелу кадраў дывізіі. Мацуем, аж уваччу цёмна.

Вясной зноў пярэбары ў надакучлівы, пракляты лагер пад Цярноўкай. Уся мая душа пратэставала супраць бязмозглых армейскіх парадкаў, камандзірскай дэспатыі, улады паліторганаў, якая пасьля вайны ўсё болей убіралася ў сілу. Пасьля зімовага водпуску я, здаецца, абсьмірэў, мабыць, рашыў, што па-добраму з войска ня вырвацца. Думаў, як быць далей. Менавіта ў той час да мяне пачалі пад’язджаць: уступай у партыю. Хоць малады, але франтавік і г. д. А мне ўжо абрыдзеў нават камсамол з яго нуднымі папяровымі справамі, фармальнымі сходамі, усёй яго дзелавой нікчэмнасьцю. Я, колькі можна было, аднекваўся. Але ўрэшце парторг загнаў у кут: дамовіўся, рэкамендацыю дадуць. Ужо і далі. Што ж, напісаў заяву. На сходзе пярвічнай нават прынялі. І я думаў: здаецца, папаўся, што было рабіць?
Але душа мая пратэставала, не згаджалася. Адчуваў: прымуць у партыю – з арміі ня вырвуся. А я не хацеў служыць ні аднаго дня.
І тут у канцы красавіка – загад аб дэмабілізацыі вялікай групы афіцэраў. І Быкава ў тым ліку.
Я кінуўся ў штаб, з абхадным лістом аббегаў службы. Хутчэй-хутчэй, пакуль не затрымалі тыя… Бо ўжо засталася толькі парткамісія пры дывізіі… Але я адчуў волю, да якой імкнуўся і апроч якой у мяне нічога не было ні ў душы, ні ў сэрцы.

У Дзень перамогі 9 мая 1947 году шчасьлівы і вольны ехаў цягніком з Харкава ў Менск. Будучае ўяўлялася дужа няпэўна. Канешне, да бацькоў у галодны, разбураны край ехаць ня мела сэнсу. Якой хлебнай сьпецыяльнасьці таксама ня меў. Думаў, можа ўдасца паступіць вучыцца ў тае ж мастацкае вучылішча? Дачуўся, што ў Менску жыве колішні наш дырэктар мастак І. Ахрэмчык. У паўразбураным горадзе адшукаў Саюз мастакоў, сказалі, Ахрэмчык будзе пасьля абеду. Пасоваўся па горадзе, пасядзеў на лаўцы ў скверы. А надвячоркам і праўда пабачыў Ахрэмчыка.
Сустрэў ён мяне невясёла, сказаў, што мастацкага вучылішча ў Віцебску няма і наўрад ці будзе. У Менску нават прафесійным мастакам жыць цяжка. Асабліва матэрыяльна. У Заходняй Беларусі ў гэтым сэнсе трохі лепш. Многія мастакі атабарыліся там. Напрыклад, у Гародні. Пакуль што, канешне, халтура, заказы. А праз год-два, мабыць, зьявіцца магчымасьць арганізаваць вучобу. У Менску ці Віцебску.
Ён даў мне накіраваньне да старшыні гарадзенскай філіі мастакоў Віктара Марозава, і я пайшоў на вакзал выпраўляць білет. На Гародню.

У Гародню цягнік прыйшоў зраніцы, я выйшаў на маленькую прывакзальную плошчу і спыніўся. Старыя, невялікія дамкі, старыя дрэвы, некалькі вуліцаў, што разыходзіліся ў розных кірунках. Па якой ісьці?
У мяне быў невялічкі фібравы чамаданчык і шынэлак. У кішэні вайсковыя дакументы і 1.200 рублёў грошай. А ў горадзе ніводнага знаёмага. Праўда, у вагоне пазнаёміўся з дзяўчынай, якая, дазнаўшыся, хто я і за чым еду, расказвала пра Гародню. Расказвала з захапленьнем. І я ўжо гатовы быў захапляцца. Асабліва Нёманам, замкам над ім. Толькі дзе яны? Зьнікла і дзяўчына. Абяцала пачакаць, ды прапала.
Пайшоў па адной вуліцы – Будзённага, павярнуў на Пясочную, выйшаў да гарадскога парку. Папытаўся, дзе вуліца Клары Цэткін. Паказалі. Пайшоў...