12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Чайкоўская

_____________________
Ледзяныя карункі. Вершы


* * *

Я хаджу басанож
Па вогнішчы тратуараў.
Я хацела б, каб ты быў бязмежна харошы,
Быў жывым увасабленнем маіх
X-files-мараў.
Я таньчу фламенка, панк, нейкія абрадавыя танцы
На тонкім лязе тваіх вострых позіркаў.
Па небе сонца марудна паўзе,
І вечар забірае ў яго ўсе шанцы
Застацца ў ролі джокера.
Я прамяняю свой сумнеўны дабрабыт
І ўсе астатнія, шкодныя для душы, выгоды цывілізацыі,
Каб ты не думаў: “Няхай ўсё зваліцца ў нябыт!”,
А думаў: “Я цябе кахаю”
І заўсёды меў рацыю.


* * *
Выходжу з метро на аўтамаце.
Зіма крочыць за мною след у след.
Мне б узімку толькі спаць і
Гатаваць табе духмяны абед.
Мне бы ў спячку ў тваіх абдымках –
Не працаваць, не думаць, не перажываць.
З ненатуральным выразам твару,
Як на старых паляроідных здымках,
Горкую шакаладку часу жаваць.
Мне б узімку манікюр старанна рабіць,
Каб начыста памыць чужую падлогу.
А потым падлогу памыць забыць.
Ну, і няхай сядзяць у брудзе! Ну, і дзякуй Богу!
Мне б узімку каб натхнення
Ты з нябёсаў прыносіў вёдрамі.
Я магу быць тваім збавеннем –
Саграваць цябе ад зімовага холаду
Сваімі дзявочымі сцёгнамі.


* * *
Бывае, дождж – гэта
Прыгожая паэтычная з’ява.
Бывае, наадварот.
Дождж – гэта яшчэ й ваніты,
Калі ў неба баліць жывот.


* * *

Мой горад, мой голас выслізгвае,
Уцякае бясшумна, як пясок
Скрозь пальцы.
Час пацеркі-дні
На нітку жыцця нанізвае
Худымі дрыготкімі рукамі,
Баючыся, што абпаліцца.
Хуткаплыннасць палохае
Сваёй настойлівасцю.
Становіцца паранойяй,
Хаваецца ад лячэння.
Я хаваюся ад сябе
Пад пылам сваёй
Няўстойлівасці.
І плыву насуперак цячэнню.


* * *
Субтыльныя ліхтары
Павыцягвалі свае шыі.
Тужліва на поўню выюць:
У-у-у! Ы-ы-ы!


* * *

Я надзяваю берэт і зіма прыходзіць.
Фарбуе ўсё ў белы да небакраю.
Худых і знясіленых птушак з сабой прыводзіць,
Якія ў футры з пёркаў крылы хаваюць.
І цяжка далей ісці. Холадна.
Ніякай табе глыбіні і перспектывы.
Адно плоскасць.
Малюеш на завеяным шкле што-заўгодна.
Але пад уздзеяннем святочнай істэрыі
Выходзяць толькі пошлыя навагоднія матывы.
Сядзіш у старым фатэлі, уцягнуўшы шыю,
І мерзнеш мозгам.
Для нейкіх сумнеўных нашчадкаў
кансервуеш думкі.
Па небе плыве дым стагоддзяў
недаўгавечным абозам.
Зіме ўсё роўна.
Зіма нетаропка пляце
Свае ледзяныя карункі.