12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ганна Чакур

_____________________
Прадчуваньне шчасьця.
Вершы

Душа
Прачнуўшыся незнарок сярод ночы,
Чую,
Як мая душа, упэўненая, што я сплю,
Распрамляецца, расьце,
Раскрышыць спрабуе ўласны кокан.
Каб, вызваліўшыся,
Напоўніцца ветрам.
Залунаць у небе мяцежным сьцягам.
Ветразем стаць.
Або хаця б хмаркай…
Стрымліваю яе старанна.
Супакойваю.
Доўга далдоню даўжэзную калыханку –
Няхай сабе сьпіць.
А то, вырваўшыся на волю,
Яшчэ (чаго добрага!) пакахае.


* * *
Кожная сустрэча,
Нават самая нязначная,
Недаўгавечная, як пасмачка цукровай ваты,
Пакідае ў памяці незьнішчальны сьлед.
Гаючы. Атрутны. Саладкавы. Агорклы.
Ці прэсны – зусім бяз смаку.
Каб потым, у будучым
Уклініцца раптам
У рэчаіснасьць.
Ці хоць бы ў сон…


* * *
Ноч ­–
Час панаваньня
Ліхтароў.
Калі
Штучнае сьвятло
Абясцэньвае,
Робіць дарэмным
Сьвятло сапраўднае –
Ад зорак.


Туман
Час усеагульнай страты контураў.
Малочнасьць быцьця.
Калі ўсе колеры ў паніцы адступаюць,
А голас у гука грубее.

Калі вільготным становіцца
Нават сьвятло –
Роіцца разгублена вакол ліхтароў,
Не рызыкуючы расьцякацца…


* * *
Мабільная сувязь
Прынесла сягоньня
Мне дзіўныя словы
«Кахаю цябе ўсім сэрцам»
І нумар –
Зусім незнаёмы…


* * *
Спрабавала знайсьці цябе
ў мітусьлівым натоўпе
Гарадской вуліцы.
Сярод тысячы тысяч выпадковых твараў.
У датыклівай цеснаце
перапоўненага аўтобуса,
У зацемненай раскошы
шыкоўнага лімузіна…
І не знайшла…

Спрабавала знайсьці цябе
ў нясьпешнай хадзе
Прасёлачнай сьцяжынкі.
Углядалася ў кволасьць
яе прыдарожных бярозак.
У ватнай мяккасьці высахлай лужыны
Шукала адбітак тваёй нагі –
няхай сабе даўні…
І не знайшла…

Спрабавала знайсьці цябе
ў празрыстым бяздоньні
Усюдыісных нябёсаў.
У зьменлівасьці
плывучых у нікуды аблокаў
Адшуквала рысы тваёй невядомасьці.
Хаця б намёк на магчымасьць. Прывідны настрой надзеі.
І не знайшла…

Што ж… Цяпер паспрабую
Пашукаць у сабе…


* * *
Прадчуваньне вясны
Зрадні прадчуваньню шчасьця.
За вакном яшчэ люты лютуе,
А я
Выкручваюся
Перад насьценным люстэркам,
Прымяраючы бікіні.


* * *
Каханьне пакінула?
Не сумуй!
Затое ты стала
Багацей – на сустрэчу.
На словы, якіх табе
Больш ня скажа ніхто.
Так ня скажа…


* * *
Перш, чым заснуць,
Я пакладу твой голас
Сабе пад падушку.
Няхай уплятаюцца ў мае сны
твае словы.
Тыя, што ўжо прагучалі,
І іншыя –
пакуль непачутыя.


* * *
У чыстага аркуша паперы —
Невыказныя чыстыя вочы.
Гляджу ў іх
І сорамна
Пісаць абы што.