12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юлія Цяльпук

_____________________
Дзень чужой мовы. Вершы


* * *
ніколі не будзе дастаткова
кавалі і падковы
мармуровыя паўзы
у гісторыі словаў
наступная серыя Гаўза
Дзень Мовы

тое што несла мяне на плячох
спынілася
а я без панчохаў
не рэдзі
не ледзі
ружовыя ногі
замерзлі ў снезе
але не ратуйце
я мушу быць незде
уласнай дарогаю
хоць неяк
хоць трохі

лірыка белых пухнатых аблокаў
з покатам памаранчовага дыску
за небакраю пруцце
ніколі не плыць мне такою шырокаю
густою ракою празрыстых пачуццяў
так блізка зямлі
што туман уцякае
з яе ў варожыя грудзі

як спраўдзіцца
так
цераз ўласны праклён
цераз уласны
пра клён
аповед
на Мове
якая сканае
на Мове
якою не важна пра што
толькі б апавядалі

ніколі не будзе дастаткова
кавалі і падковы
пакручастыя словы
з адмыслова
зробленаю паміж паўзаю
апошняя серыя Гаўза
Дзень Мовы
чужой мовы

на ёй не гучыць Нарачанскі Хлеб
Бабуля на ёй
не такая трапяткая
і Вогнішча
нібы ўжо не гарыць
і Сонца
якое ўстае з-за гары
нібы напалову сонца
Паветраны Шар разбіваецца на балонікі
свінцовыя конікі-аднадзёнкі
змятаюць дворнікі з-пад балконаў
калі яшчэ цёмна
і спяць непрытомныя
пад пільнай аховаю звонку...

й няможна выказацца без цябе
няможна да сэрцаў знайсці пароляў
дастаткова не будзе ніколі
я смакую твой снег
я няспынна гатова
даць свой голас табе
быць адбіткам цябе
дараваць табе сціпласць
Мова

* * *
хіт-малахіт
я на мапе цалую Крыт
я ў вочы гляджу
відавочнасцю нізкіх патрэбаў
калі гэтае неба
над табою балюча вісіць
фак ін неба

кажаш – веюць не тыя вятры
пазяхаеш на роспач
а ў мяне было
цэлых тры
а чацвёрты быў трошкі-трошкі
і заўсёды глядзеў згары...

90 старонак падману
шпацыруе з табою Мой Бой
па алеях і рэстаранах
там дзе кідаюцца глыбінёй
крыважэрцы навечна п’яныя

гэты вечар
не па кішэнях нам
дай мне плечы
гайда ў натуральны стан
фарбаваць зразумелыя рэчы
гэты вечар
не па кішэнях нам
дай мне плечы

кажаш – цёплага не нацякло
ад сярэдзіны кнігаў не пішуць
з ніадкуль не гарыць святло
не спявае начная ціша...

я цябе абдымаю-маю
бачыш краем
правага вока
як шкляныя згасаюць вокны
як за дзіва цябе прымаюць
як трымаюць адлегласць сэрцы...
вер мне
спраўдзіцца і праліецца
хто нясе той заўжды атрымае
пераможа хто б’ецца

...лёсы як кросны
сплятае рука твая рваная
бронзавым кноццем
па нягнуткасці чорнага вечара
запалілі ліхтар
і зрабілася простае спрэчным
не глядзі
не глядзі
чысцінёю сваёй не знявечвай...

хіт-малахіт
паляцелі са мною на Крыт

* * *
вераснем быць
а застацца знаёмым
цацкі мае
цяпер бяздомныя
любыя людзі
зрабіліся гномамі
ходзяць прыдуманыя
пад балконамі
вясны непрытомнай
па мапах сталіц
дабіцца якіх –
літаральна – на «хуткім»
і проста

якога росту
мяцеліца ў горадзе
імклівыя людзі
фарбуюцца ў чорнае
ад вейкаў густых
да лабковай косці
кантрастныя ў снезе
малююць сляды
а ты вырываеш
пазногцямі
сівое з сваёй барады

звыклы з маршрутамі
не прымае
рамонту дарог
й неспадзеўнае слаты
а я выварочваюся
вар’ятам
пракладваючы шляхі
да хворай сваёй
невяртальнасці
я ў нідзе
як заўсёды адзін

мелодыі мрояцца
б’юць у падрэбра
у сонечны зайчык
ля цвёрдага сэрца.
манія дбання
і несупынны кантроль
над сваім
чалавекаўмельствам

гэты горад
мая бандэроль
з сургучнай пячаткаю
падобнай да шакаладу
недасціпная
і бескаштоўная
таму я рассыпаны
як вінаград
бо не ведаю
што за сусвет
трапіў
у папяровы квадрат

дзень ляціць
без любых варыянтаў
і цыклічнасць яго
узаконеная
я палю
на балконах горада
я не кінуў
і страціў спробы
не паліць
не любіць
і не быць
апраўдаў сябе
выкінуў прэч
я быў трусам
шэрым як воўк
і ваўком
палахлівым
як трус

а цяпер
я не звер –
я гнюс
што бяжыць мімаходзь крыватолкаў
у новы свет
дзе накрыты абрус
дзе вятры
не чакаюць прычынаў
там я здзейснюся як мужчына
бо любая баба надломіцца
кожны раз націскацца спачатку
і спыняцца ў першай траціне


* * *
мурашы завяліся
рудыя
вымятаюць усё
што знайшлося

пад плітой
у каралеўскіх талерках
пад адзеннем
і перад вачыма
пралятаюць яны
як лавіна
нас жывымі ядуць!!!
нас жывымі!!!
непрыкметна!!!
непрыкметна!!!
вымятаюць усё
што знайшлося...

...нам самотна было
ды страшна
што заўважылі іх
выпадкова
проста седзячы
у мурашніку