12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Фазыл Хюсьню Дагларджа

_____________________
Выкрадальнік сьвятла.
Вершы


Пераклад
з турэцкай
Сяргея
ЧЫГРЫНА.




Турэцка-беларускіх літаратурных сувязяў раней і цяпер практычна не існавала і не існуе. Нават і не магу згадаць, ці выходзілі асобнаю кнігай пераклады турэцкіх літаратараў на беларускай мове. Хіба толькі некаторыя творы Назыма Хікмета, Сабахаціна Алі, Суада Дэрвіша, Шырвані ў перакладзе на беларускую мову Максімам Танкам, Уладзімірам Дубоўкам, Анатолем Вялюгіным, Аляксеем Русецкім. Да сёньняшніх дзён мы ня маем турэцка-беларускага і беларуска-турэцкага слоўніка. У нацыянальным музеі Літоўскай Рэспублікі ў Вільні захоўваецца турэцка-беларускі размоўнік 1836 году, які быў напісаны ў Слоніме Мустафой Шагідзевічам. Дзякуючы Сяргею Шупу і Галіне Александровіч-Мішкінене гэта размоўнік быў перавыдадзены ў 1995 годзе ў Нью-Ёрку пры падтрымцы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Вось бадай і ўсё, што мы маем.
А турэцкая літаратура – вялікая і багатая літаратура, вытокі якой пачынаюцца яшчэ з даісламскага агульнацюркскага фальклору і з пісьмовых помнікаў, такіх, як напрыклад эпас “Агуз-намэ”. У 60-х гадах мінулага стагодзьдзя ў Турцыі вельмі актыўна распрацоўваліся ў паэзіі сацыяльныя і грамадскія матывы. Адным з такіх паэтаў быў Фазыл Хюсьню Дагларджа – сёньня адзін з папулярных турэцкіх паэтаў, аўтар шматлікіх кніг, лаўрэат многіх нацыянальных і міжнародных прэміяў.
Першы зборнік вершаў Фазыла Дагларджы быў надрукаваны ў 1935 годзе. Ён называўся – “Сьвет, напісаны ў паветры”, другі – у 1940 годзе пад назовам “Дзіця і Бог”. Калі першы паэтычны зборнік застаўся для чытачоў амаль незаўважаным, то другі выклікаў сенсацыю. Кніга тады хадзіла па руках, пра яе казалі ўсюды. Адны чытачы і крытыкі захапляліся ёю, другія злосна крытыкавалі. Але і тым, і іншым было зразумела, што ў турэцкай паэзіі зьявіўся яркі, самабытны талент. Адвечныя тэмы – дзяцінства, каханьне, адзінота, Бог, сьмерць – раскрываліся ў гэтай кнізе па-новаму. Фазыл Дагларджа ставіў важныя філасофскія праблемы, паэтычна дасьледаваў сувязь чалавека з навакольным асяродзьдзем, прыродай.
У 1963 годзе Фазыл Хюсьню Дагларджа адкрыў у Стамбуле невялікую прыватную кніжную краму. Ён вывесіў у вітрыне крамы плакат, на якім было напісана: “Насьценны часопіс “Супраць”, а ніжэй напісаў верш пад нумарам адзін. Верш называўся “Быць туркам”. Хутка перад вітрынай крамы сабраліся некалькі дзесяткаў людзей, пасьля – сотні, тысячы. Адны чыталі і перачытвалі верш, стараючыся вывучыць яго на памяць, другія – перапісвалі сабе. “Быць туркам, — пісаў паэт,— значыць умець працаваць, умець пастаяць за сябе, умець змагацца за шчасьце сваёй Радзімы”. Глыбока ўсхваляваныя людзі заходзілі ў краму і дзякавалі паэту. Праз два тыдні Фазыл вывесіў новы верш, а пасьля – яшчэ, яшчэ і яшчэ. Насьценны часопіс “Супраць” сьмела зьвяртаўся да самых актуальных сацыяльна-палітычных праблемаў, выступаў супраць насільля, супраць падаўленьня студэнцкіх дэманстрацыяў, супраць палітыкі здрады нацыянальных інтарэсаў. Плакатныя вершы мелі тады вялікі посьпех. Людзі сюды ішлі і ішлі. Гэта, вядома, не падабалася шматлікім рэакцыянерам. Яны ня раз разьбівалі шкло вітрыны, пагражалі паэту. Але іх ніхто не баяўся, а тым больш паэт Фазыл Дагларджа. Вершы, якія зьмяшчаліся ў насьценным часопісе “Супраць”, пазьней увайшлі ў кнігі паэта “Быць туркам”, “Нафта” і многія іншыя. Усяго Фазыл Дагларджа выдаў 104 кнігі, яму цяпер 93 гады.
У Фазыла Хюсьню Дагларджы, вершы якога прапаную чытачам “Дзеяслова”, нам варта сёньня павучыцца — быць... беларусамі.
Сяргей ЧЫГРЫН.

Чатырохкрылая птушка

Цямрэча расплюшчвае
Чацьвёра вачэй,
Каб сны ўбачыць
Чатырох маіх крылаў.

Падарожжа

Кагосьці зразумець —
Гэта значыць зьдзейсьніць
Падарожжа
У іншую краіну.

Выкрадальнік сьвятла

Я сьвятло выкрадаю
У чорных
Начэй,
Калі я пішу вершы.

Рух
На мяне
І на маё маўчаньне падобныя
Караблі, цягнікі, самалёты,
Якія праплываюць скрозь ноч.

Караван
Магчыма чорную цемру,
А можа каханьне
Вось ужо столькі вякоў
Вярблюды нясуць.

Запрашэньне

Я атрымаў запрашэньне
У сэрца ўсіх на сьвеце паэтаў.
Я на шар зямны паклаў сваё сэрца —
Усіх паэтаў да сябе запрасіў.

Пяць напрамкаў

Пяць напрамкаў
На лініях нашых далоняў:
Усход і захад, поўнач і поўдзень,
І напрамак пяты — ты.

Чорнае каханьне

Мая непраглядная ноч
Падпільноўвае
Цябе
Каля тваіх дзьвярэй.

Воддаль
Усю ноч да сьвітаньня
Туды і сюды
Мая бяссоньніца ходзіць
Да тваёй прыгажосьці.

Мой дрэнны дзень

Сёньня я не вандраваў,
Не шукаў,
Не кахаў —
Лічыце, што сёньня ня жыў.

У сэрцы

Вас
Няма са мною.
Думаю, думаю толькі пра вас.
І вы ўжо побач.

Бог і я

Ён у сваёй справе —
Паэт,
Я ў сваёй справе —
Бог.

Зьверху ўніз

Настаўнік неба —
Гара.
Настаўнік гары —
Арол.

Сьвячэньне

Калі кладземся ў ложак,
Мы вечарамі
Пакоі асьвечваем
Сьвятлом успамінаў.

Бясстрашны

Цемра
Не дае мне
Убачыць
Ноч.

Тое, што застаецца

Думку сваю
Выкідваю ў неба.
Адчуваю
Закопваюся ў зямлю.

Быцьцё

Мы нараджаемся,
Мы жывем.
Мы нараджаемся зноўку,
Калі пачынаем думаць.

Страла

Вылецела
З лука нейкага продка,
Вось і чакаем:
Не даляцела яшчэ.

Сёньня і заўтра

Сёньня наша каханьне
Нясуць ад вёскі да вёскі,
Заўтра наша каханьне
Панясуць ад зоркі да зоркі.

Хлеб

Толькі
Галодны рот
Робіць хлебам
Хлеб.

Думкі мужчыны

Жанчына — шлях,
Ступіўшы на які
Прыходзіш
Да тварэньня.

Парадокс

У старых хатах жывуць
Ня новыя людзі,
У новых хатах жывуць
Старыя людзі.

Пачатковая школа

Перш, чым літарам вучыць.
Тут вучаць
Дзяцей
Сьмяяцца.


Разумная прыгажосьць

Калі мяне зразумееш —
значыць, пакахаеш мяне.
А калі прыгожая ты —
Значыць, лепш мяне зразумееш,
Значыць, мацней пакахаеш мяне.

Забарона
У гэтых вершах
Забаронена адно:
Цябе
Не кахаць.

Праўда наконт чытаньня вершаў

Голасна чытаць вершы —
Гэта вершам шкодзіць:
Гук заўсёды намагаецца
Нешта ў думкі ўкрасьці.

Ноччу, упершыню

Першымі
Бачаць птушкі,
Як крыніцы
Зьліваюцца з ноччу.

Няўпэўнены
Калека з асьцярожнасьцю
Перастаўляе ногі,
Таму што зямлі
Ня верыць.

Старэюць мужы
Дык чаго ж ім, жанчынам, трэба —
Сінь нябёсаў
Ці цемры начной?
Старэюць мужы, а жанчын не разумеюць.

Гаманлівая вуліца

Калі прачынаешся раніцай, чаго ты баішся?
Сьмерць забівае толькі тое,
Чаго яшчэ ты не пражыў,
А тое, што ты пражыў, забіць ня можа.

Усім прачнуцца

Палова людзей на Зямлі сьпіць,
Ня дрэмле другая палова.
Ну, вядома, Богу ня хочацца,
Каб усе мы адразу прачнуліся.

Каранаваная журба

Галава пеўня — каранаваная.
Галава вала — каранаваная.
У каго галава каранаваная —
Пазбаўляецца галавы.

Розум

Розум —
Трывожнае вока,
Якое не абаронена
Стагодзьдзем.

Маленькае апавяданьне

Глядзець
Не хапала позіркаў,
Плакаць —
Вачэй не хапала.

Тое самае

Убачу цябе — добра.
Ня ўбачу — таксама нядрэнна.
П’ю і паціху старэю,
Ня п’ю — атрымліваецца тое самае.


Папалам

Сьвятло —
Палавіна ночы.
А што, калі мы
Другая палавіна.


Голас тугі

Ці прыйдзі
Сама,
Ці прышлі
Сьмерць.

Даль

Ты так далёка ад мяне!
Адлегласьць такая
Нават Богу
Не адолець.

Мудрасьць

У разуменьні
Ёсьць проста мудрасьць.
У неразуменьні –
Старая мудрасьць.

Вялікасьць

Калі і ёсьць у мяне
Вялікасьць –
Яна
Ад зямлі і неба.

Багацьце

Дрэвы –
Багацьце зямлі.
Неба –
Маё багацьце.

Цесната

Ні адзін чалавек
Не ўмешваецца ў дом,
Ні адзін чалавек
Не ўмешваецца ў сьмерць.

Дваістасьць

Дзіця – дзьве палавінкі
Аднаго яблыка.
Зялёная – тая, што да зямлі,
Румяная – тая, што да неба.

Колас і газеты

Колас
Адзін адзіны
Сытны
За ўсе газеты

Вера

Сонца верыць
Вадзе,
А вада –
Табе.

Каханьне

Каханьне – гэта значыць
Са сваёй каханай
Разьдзяліць усю зямлю
На дзьве роўныя часткі.