12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дайнека

_____________________
Пра лісоўчыка, злога хлопчыка.
Раман. (Пачатак)

Скарочаны
часопісны
варыянт


“Раней пісьменнікі пісалі кніжкі, а чытачы іх чыталі.
Сёння чытачы пішуць кніжкі, і ніхто не чытае”.
Оскар Уайльд.

“Я не збіраюся пісаць для чытачоў, якіх няма”.
Міхаіл Зошчанка.

“Мы – лісоўчыкі, злыя хлопчыкі.
З цара-бацькі здзярэм панталончыкі.”
Песня лісоўчыкаў з непераможнай лёгкай кавалерыі
камандзіра яны мелі славутага віленскага пана палкоўніка Аляксандра Язэпа Лісоўскага.
У яго ўзялі адвагу ды імя сваё.

І

Гэтая гісторыя пачалася тады, калі сусветны фінан­савы крызіс, нібы жахлівае нечаканае цунамі, ударыў па ўсіх кантынентах. Лопаліся, як мыльныя бурбалкі, яшчэ ўчора магутныя вялікамоцныя фінансавыя імпе­рыі. Банкіры страляліся або рабілі сабе харакіры. Спыняліся заводы. Застывалі на будаўнічых пляцоўках вежавыя краны. Пакрываліся пылам бліскучыя шыкоўныя непрададзеныя аўтамабілі. Самалёты не ўзнімаліся ў неба, бо не было паліва. Дзесяткі тысячаў раззлаваных пасажыраў штурмавалі білетныя касы і кабіны дыспетчараў. Гнеўна ўзвіваліся кулакі. Рэзка звінела разбітае шкло. Ды пратэстоўцаў сустракала не паліцыя, а страшэнна стомленыя, але спакойныя позіркі аэравакзальнага службовага персаналу. Адказ быў адзіны:
Чакайце. Крызіс.
І людзі аціхалі. Асабліва ўражваў іх, людзей, той ледзяны спакой, з якім прамаўляліся словы. Усе разумелі: «Хоць плач, хоць галасірады не дасі». Пасажыры пачыналі ўмошчвацца на начлег. Тыя, каму не пашэнціла з гатэлем, клалі галовы на валізкі і чамаданы, на свае далоні і прымушалі сябе заснуць. Асабліва ж змораныя і непераборлівыя, прыняўшы позу эмбрыёна, спалі проста на падлозе.
Катастрафічна абваліліся кошты вуглевадародаў. За барэль нафты давалі трыццаць пяць даляраў, хоць яшчэ напрыканцы мінулага 2008 года ён цягнуў на ўсе 160. Адразу ж змізарнела Сібірнафтагазавае вымя Расіі, ды й уся расійская вуглевадародная імперыя. Аравійскія шэйхі-мільярдэры прыкметна засумавалі, і ручай упрыгожанняў, што няспынна цёк ды цёк у іхнія гарэмы, перасох. У Ісландыі ваяўнічыя нашчадкі вікінгаў вываліліся, як белы мядз­ведзь з-за айсбергу, на вуліцы і змусілі пайсці на «вольны хлеб» свой урад. Рэспубліка Беларусь ліхаманкава шукала інвестараў і крэдытаў...
Шаноўны чытач, хоць раз у жыцці вы правальваліся пад лёд? Калі ён не тонкі, як папера ці як маладая бяроста, не гнецца-трашчыць, асцерагаючы, папярэджваючы, а з рэзкім вострым хрустам ломіцца, пераварочваецца, выслізгвае і вырываецца з-пад ног у адно імгненне, адразу ж. Гоп!!! – і вы з галавою ў лютамарознай вадзе. Незайздросная сітуацыя. Вось такое ж здарылася і з сусветнай эканомікай. Такі шок атрымаў і наш герой, ІП (індывідуальны прадпрымальнік) Вітаўт (імя сапраўднае) Гарткевіч.
Гэта быў трыццацівасьмігадовы цёмнарусы смугласкуры чалавек у акулярах. Ён меў прыгажуню жонку Віялету і дзесяцігадовую дачку Валькірыю (імя таксама сапраўднае). У свой час Вітаўт скончыў вайсковую яшчэ агульнасаюзную вучэльню ў Мінску, падчас практыкі ездзіў на ракетны палігон Капусцін Яр у расійскай Астраханскай вобласці, але рванула гарбачоўская перабудова, рухнуў «сплоченный навеки Советский Союз», і наш герой у прамым сэнсе апынуўся на вуліцы. Каму служыць? Каго абараняць? Куды ісці? Хто за ягоную вайсковую службу дасць яму, Вітаўту Гарткевічу, хлеб і кватэру?
Такія ці прыкладна такія пытанні задаваў разгублены Вітаўт сабе і Сусвету. Ды, як спяваецца ці як спявалася ў папулярнай песні, «а в ответтишина».
А зусім жа нядаўна ён, Вітаўт Гарткевіч, быў упэўненым у сабе поўным сілаў маладым мужчынам, які, кінуўшы неперспектыўную вайсковую службу, ірвануў у бізнэс і даволі паспяхова. «Сядзіць ІП, да трубы прыліп». Гэта пра яго і пра такіх, як ён, несупынна балбаталі з экранаў тэлевізійныя маскоўскія задорнавы. Вітаўт валодаў прыватнай фірмачкай, што вельмі прыбыткова перапрадавала за мяжу расійскі мазут. Не будзем удакладняць, якім чынам ён атрымаў ліцэнзію, каму, як кажуць, «падмазаў», каго далікатна і пачціва ўзяў пад локцік. Гэта справа будучых рэвізораў...
Ды людзі, прынамсі, маладыя і найболей актыўныя з іх, аказаліся на праверку далёка не такімі пасіўнымі і зусім не драўлянымі. Як жарабкі-рысакі падчас англійскага дэрбі, усе вельмі рэзка, галопам ірванулі ў бізнэс. Вядомая расійская тэлевуман Святлана Сарокіна якраз зазначыла тады ў сваім шоў, што на ўсёй постсавецкай прасторы канчаткова і беспаваротна спыніўся пераход з ніжэйшай сацыяльнай групы ў вышэйшую па вертыкалі, бетон зацвярдзеў, ператварыўся ў камень. Прасцей кажучы, калі вы праспалі, праміргалі, не паспелі ўзяць у сваю ўласнасць нафтавую свідравіну, або швачную майстэрню, або вулічны шапік па продажы надзіманых паветраных шарыкаў, вы і, вядома ж, вашыя дзеці ўжо ніколі іх не возьмуць. Вы назаўсёды застанецеся пралетарамі, будзеце ў нядзелю смактаць разам з такімі ж як вы сябрукамі цёплае нясмачнае бутэлечнае піва, хадзіць, як калісьці на паншчыну, на нямілую працу, жыць-ліпець ад аванса да палучкі, а самыя «прасунутыя» між вас зноў успомняць «мудрых барадачоў»: Маркса, Энгельса, Леніна і будуць у хаўрусе са сваімі напаўгалоднымі і таму агрэсіўнымі дзеткамі развучваць у былых ленпакоях «Інтэрнацыянал». Найвелькая радасць для таварыша Генадзя Зюганава!
«Тыніхто, – сказаў сам сабе Вітаўт Гарткевіч (А ён умеў быць сурова-самакрытычнымвайсковая казарма навучыла.), – Тыпаршывы абсыпаны блохамі шчанюк, месца якому на памыйніцы. Тымокрая ануча, якой падціраюць падлогу. Тыбрудны шматок туалетнай паперы, які выкарысталі па прамым прызначэнні і шпурнулі ў сьметнік, ды й нават тут шматку не пашанцавалаён праляцеў міма і ўпаў у смярдзючую зялёную лужыну. Ты...». І гэтак далей. Славяне, асабліва беларусы, умеюць самабічавацца.
Але што ж рабіць? Ісці ў пралетары? Ніколі! Гвардыя памірае, але не здаецца. Гэта ён, Вітаўт Гарткевіч, як чалавек адукаваны-начытаны, успомніў старых французаў. Ды французы французамі, а, як, казалі ў войску, кішка кішцы марш грае. Кажучы цывільнай моваю, дужа хочацца жраць. А каб добра жраць (прабачце, есці), трэба мець грошы.
За прымітыўна-нясмачнай ранішняй яешняй жонка Віялета спачувальна глянула на Вітаўта, павяла прыгожым аголеным плечыкам, падкусіла:
І доўга, князь, будзеш у паход збірацца?
Князем яна называе мужа таму, што імя ў яго дужа рэдкае, з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Імем сваім Вітаўт, дарэчы, ганарыўся.
На жончыну кпіну Гарткевіч не зрэагаваў. Паныла еў бела-жоўтую яешню. Аб нечым дужа засяроджана думаў.
І калі ж, князь, палюддзе паедзеш збіраць? – не адставала Віялета.
Адразу відно, што вучылася на гістарычным факультэце, хоць працуе ў дробнай турыстычнай фірмачцы.
Віялета, ягоная Віялета, прыгожая жанчына, нездарма Вітаўт біўся за яе са студэнтамі-гісторыкамі на дыскатэцы. Пасля той бойкі ў яго нават захістаўся пярэдні зуб, а рэбры смылелі з тыдзень. Ды й ён добра памахаў тады курсанцкай дзягаю з цяжкой спражкай. Як любой нармальнай здаровай самцы Віялеце спадабалася крывавая жорсткая баталія, што ўскіпела за права валодання ёю, і яна абрала Гарткевіча.
Жонцы трыццаць два. Светларусая васільковавокая з пяшчотнай малочнай скураю, на якой падчас гневу альбо ў час бурнага кахання ярка ўспыхвае мілая чырвань. Вітаўт, будучы ў лагодным настроі, называў яемая русалка. А калі злаваўся (апошнім часам такое здаралася амаль штодня) – Софя Пяроўская. Гэта ў гонар тэрарысткі, генеральскай дачкі, якая ў дужа далёкім 1881 годзе кіравала забойцамі расійскага цара.
Вітаўт, павольна жуючы, апусціўшы і ледзь не ўваткнуўшы галаву ў талерку, знізу ўверх паглядзеў на жонку. Так, прыгожая. Але зусім нядаўна ледзь прыкметна акруглілася-пацяжэла пяшчотнае падбароддзе, вось-вось (не дай, Жаночы Бог!!!) зявіцца складка. Ужо разы два Віялета прасіла даць грошай на пластычную аперацыю, і Гарткевіч згадзіўся, абяцаў, і раптамгэты неспадзяваны дзікі, востра-непрыемны, як хворы пеніс, Крызіс! Ён аж скрыгатнуў зубамі.
Жонка зразумела гэтае ягонае скрыгатанне як нязгоду са сваімі словамі і рэзка матнула прыгожай галоўкай, бо таксама была дужа нервовая:
Грошай у сямі няма. Калі, нарэшце, пойдзеш працаваць, бізнэсмэн наш няўдалы? Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца!
Бач ты яепрымаўкамі загаварыла, – шпурнуў убок відэлец, гняўліва пачаў узнімацца над сталом Вітаўт, ды яго апярэдзіла дачка Валькірыя. Яна, сярдзіта бліснуўшы чорнымі вачыма, крыкнула маці проста ў твар:
Перастань чапляць бацьку, Софя Пяроўская!
Ад такіх доччыных словаў светлыя шчочкі Віялеты адразу ж узяліся дробнымі чырвонымі плямкамі. Яна аж задыхнулася. А Гарткевіч са здзіўленнем і вострай бацькоўскай радасцю (абараніла! падтрымала!) паглядзеў на дачку. Не, нездарма ў свой час ён, хоць жонка пярэчыла, настояў, каб нованароджаную дачку назвалі нязвычным для беларускага вуха імем Валькірыя. Валькірыя! Грозная ваяўнічая дзева германскіх міфаў.
Валькірыя знешне вельмі падобная на бацьку, як кажуць, усе кропелькі пабрала. І такая ж порстка-гарачая.
Хто, хто я? – слабым абмяклым голасам пралепятала агаломшаная Віялета.
Два разы не паўтараю, – сказала, як адрэзала, дачка, але, заўважыўшы іскры слёз у матчыных вачах, цмокнула яе ў шчаку:
Ты харошая.
І выбегла з-за стала ў свой пакойчык.
Тваё семя, – злосна выдыхнула Віялета мужу.
Разам сеялі, – агрызнуўся Вітаўт.
Раптам яму захацелася ўдарыць жонку. Схапіць левай рукою за пяшчотную безабаронную шыю, сціснуць, што ёсць моцы, а правым цяжкім кулаком стукнуць у прыгожы, калісьці такі родны, а цяпер ненавісны твар. Ён уявіў, як хрусне, звернецца набок, ператворыцца ў агідна-крывавае месіва акуратненькі напудраны носік, як пырсне кроў на стол, на мярзотную нясмачную яешню. З бела-жоўтай яешня зробіцца чырвонай. Такая ашаламляльная відзежа прымусіла яго ўздрыгнуць усім целам. Зашумела кроў у скронях. Каб не зрабіць непапраўнае, Гарткевіч трасянуў рукамі, глыбока ўцягнуў у сябе паветра, сказаў амаль спакойным голасам:
Дзякуй за смачны сняданак. Пайду ў Цэнтр занятасці.
Які Цэнтр?! – істэрычна залямантавала Віялета, – Ведаю я твой Цэнтр! Папаўзеш да шлюшкі Скаблінскай. Але навошта ты той сухазадай Скаблінскай?
Яна ядавітым позіркам акінула мужа з ног да галавы:
Крызіс не ў свеце і не ў краіне. Крызіс у цябе ў штанах, мой дарагі князь. Дзе тое падзелася, што ў штанах вярцелася?
Закрой пасть, – спакойна парыраваў Вітаўт гнеўную жончыну тыраду. – А ў перакладзе на беларускую мову: зачыні хлеў.
Ён мякка ўзяў жонку за плечы, мякка пасадзіў яе на кухонны пуфік, падышоў да насценнай вешалкі ў калідоры, зняў плашч, пачаў апранацца. Са свайго пакойчыка вытыркнула галаву Валькірыя і, нешта жуючы, лаканічна спытала:
Куды?
Туды, – у тон ёй адказаў Гарткевіч.
Ну-ну, – усё зразумела дачка. – Глядзі, не затрымлівайся, вярніся на родны аэрадром.
Дзверы ў пакойчык зачыніліся. Гарткевіч з рэзкім шчаўчком крутнуў паваротную галоўку замка, выйшаў на лесвічную пляцоўку.
Няўдаліца! – данеслася ззаду.
Ну вось і пагаварылі
Ён ішоў па мінскіх вуліцах, ішоў у нікуды. Абы ісці. Абы перастаўляць ногі. Вуліцы гэтыя звычайна хваляць за чысціню. Але яны малалюдныя і нейкія халодныя гэтай сваёй малалюднай чысцінёй. Дзе людзі? Пэўна, сядзяць у кватэрах, як падчас дажджу сядзяць у маленькіх гнёздах верабі. Людзі і верабі... Верабі і людзі... Ён, Вітаўт Гарткевіч, не гледзячы на гучнае імя, таксама адзін з гэтай шэрай шматлікай чарады. Шукай і дзяўбі, калі знойдзеш, зерне, як усе. Ціўкай-чырыкай, як усе.
Што ж рабіць? Паспрабаваць уладкавацца ў Замежны французскі легіён? Нерэальна. Смешна. Пайсці ў ахоўнікі да якога-небудзь грашовага туза? Такія цёплыя сытыя месцы даўно занятыя. Зрабіцца «тарбэшнікам» і вазіць у Беларусь шмоткі з-за бугра? Калісьці ў Польшчы такіх называлі мурашкамі. Але бізнэс гэты канчаткова лопнуў. Застаўся хіба Кітай. Ды да Кітая далёка, як да Марса. І ўсё там перахапілі расейцы. Ламануць у Маскву будаваць кацапам-мільянерам катэджы? Будзеш рачкаваць, як раб, дажывеш да першага грашовага разліку, а потым знікнеш у бясконцых лясах і снягах. І будзе Ігар Кваша шукаць цябе па ўсім свеце ў тэлеперадачы «Жди меня». Што ж рабіць?
Глыбока задумаўшыся, Гарткевіч раптам сутыкнуўся з грузнаватым апранутым у зялёны вайсковы бушлат чалавекам. Чалавек той злосна мацюкнуўся, бо з роту ў яго выпала цыгарэта. Ён жвава нагнуўся, падабраў яе з зямлі, як найкаштоўнейшы скарб, нават не атросшы, зноў уваткнуў у рот. Потым накінуўся на Вітаўта:
Ты чаго прэшся, як слон, людзей ціснеш?
Не паспеў Гарткевіч што-кольвеч адказаць, як уладальнік вайсковага бушлата моцна абшчаперыў яго сваімі нібы жалезнымі рукамі, цыгарэтаю апёк яму шчаку, залемантаваў сіплым яўна прапітым голасам:
Віцька! Гарткевіч!
Вітаўт, лёгенька пастукваючы пальцамі апечанае месца, адхіснуўся, бо ад незнаёмца пахла яўна не французскай парфумай.
Вы што? – пачаў быў ён, але асекся на паўслове, бо нешта знаёмае мільганула ў даўно няголенай зарослай сіваватай, як пасыпанай попелам, шчэццю фізіяноміі з характэрным бура-сінім колерам носу і шчокаў. Такіх завуць «загарэлымі».
Ваня Мастоўскі? – няўпэўнена прамовіў Гарткевіч, абачліва адступаючы на крок-другі назад.
Ён! Ён самы! – радасна заскакала ў абсівераных вуснах бушлатаносца брудная цыгарэта. Чырвоныя тоўстыя, як падушкі, далоні пацягнуліся да Вітаўта.
Мастадонт, – нарэшце ўпэўнена сказаў Вітаўт, пазнаўшы свайго колішняга аднакурсніка па вайсковай вучэльні. – Але ж дужа змяніўся ты, браце.
Ён самы! Мастадонт! – пякучая цыгарэта зноў пачала пагрозліва набліжацца да Вітаўтавай ужо апечанай шчакі. – А не змяняецца толькі гара Джамалунгма!
Па тым, з якой лёгкасцю і ўпэненасцю прагучала цяжкавымаўляемая назва славутай самай высокай у свеце гары, можна было меркаваць, што Іван Мастоўскі, некалі адна з самых светлых галоваў іхняга курсу, яшчэ, як кажуць у народзе, не прапіў мазгі.
Пойдзем у двор, – пацягнуў Гарткевіча за рукаў плашча Мастадонт.
Яны, а было гэта ў раёне мінскай вуліцы Максіма Танка, дзе прыгожым чырвонацагляным ланцугом высяцца жылыя будынкі, якія просты народ называе «Брэсцкая сцяна», прайшлі праз арку, селі на сцёртую, зрэзаную сцізорыкамі лавачку непадалёк ад дзіцячай пляцоўкі. Насупраць, між старадаўніх дрэў з шурпатай цёмнай карою, стаяла трохпавярховая фарбаваная ў жоўты колер саўна. Туды заходзілі людзі са спартыўнымі і з гаспадарчымі сумкамі, пэўна ж, ішлі мыцца. Гарткевіч успомніў, як калісьці з песняю, з прарэзлівай камандаю «Раз! Два! Тры!», іх, маладзенькіх курсантаў, ганялі ў лазню, ганялі і ў мароз і ў спёку. Мастоўскі маршыраваў тады ў заднім ад яго, Вітаўта, шэрагу, горача дыхаў у патыліцу і на кожнае «Раз! Два! Трыпрамаўляў так, каб чулі суседзі:
Мне спіну патры.
Курсанты смяяліся. Узводны Елісавецкі грозна крычаў:
Прекратить смех!
Цяпер гэты Ваня Мастоўскі, ён жа на курсанцкім жаргоне Мастадонт, сядзіць побач з Гарткевічам. Ён пагрузнеў, папаўнеў, а, дакладней, разбух. Гэтакая дзяжа з кароткімі тоўстымі нагамі, прытым дзяжа вельмі гаварлівая.
А я цябе адразу пазнаў, – ашчасліўленым голасам казаў Мастоўскі. – Бачу, шпарыць цывілік, галаву ўнурыўшы, быццам трэба неадкладна вырашыць усе праблемы Сусвету. І булдых мне галавой у самае плячо!
Ён весела рагатнуў, зірнуў на гадзіннік, які насіў на правай руцэ (так прэзідэнты Пуцін і Лукашэнка носяць):
Трэба ўзяць дзве Веры Мацвееўны.
Гарткевіч уздрыгнуў:
Ты ж, Мастадонт, здаецца, ніколі не быў асаблівым бабалюбам. Гэта я ў самаволку бегаў, як марцовы кот.
Мастоўскага скалануў прыступ раскацістага сакавітага смеху. Ён адсмяяўся, выцер рукой-падушкай узмакрэлыя вочы:
Так, ты ў нас, Віця, лічыўся спецам па бабскай частцы. А Вераў Мацвееўнаў не бойся. Гэта ўсяго дзве бутэлькі, два «фугасы» вермуту. Так нашая алкагольная знаць іх велічае.
Ён зноў зарагатаў.
Пайшлі да найбліжэйшай крамы, каля якой тоўпіўся худы абшарпаны люд з характэрным прагавітым бляскам у вачах, купілі дзве «Веры Мацвееўны», хлеба, каўбасы і пачак цыгарэтаў. Мастадонт урачыста нёс гэтае багацце ў дзіраватым цэлафанавым пакеце, які выцяг з кішэні бушлату. Гарткевіч чакаў-непакоіўся, што вось-вось стары пакет лопне, бутэлькі пакоцяцца па зямлі, і з усіх бакоў рынецца да іх згаладалая па алкаголю чалавечая зграя. Ды абышлося.
Насупраць саўны літарай «Г» стаялі чатыры невялікія будаўнічыя вагончыкі. Мастадонт, не выпускаючы з правай рукі свой каштоўнейшы пакет, левай спрытна дастаў з унутранай кішэні бушлата ключ, адамкнуў замок, што вісеў на дзвярах вагончыка.
Нахіліўшы галовы, увайшлі ў шэры змрок. Амаль увесь вагончык, ад падлогі да столі, быў нашпігаваны штабельчыкамі будаўнічай абліцовачнай пліткі. Толькі каля маленькага закратаванага вакенца меўся акрайчык вольнага месца, дзе стаяў зялёны пластмасавы стол і дзве металічныя табурэткі. Мастадонт плюхнуўся на адну з іх, весела сказаў Гарткевічу:
Сядай, зямеля.
Вітаўт асцярожна апусціўся на табурэтку. Яна была вельмі халодная, ледзяная, і давялося асцярожна-далікатна, каб не заўважыў былы аднакашнік, напружваць свой азадак, рабіць ім кругавыя сагравальныя рухі. Ды Іван Мастоўскі быў радасна захоплены наразаннем каўбасы і хлеба, адкаркоўкай бутэлек. Гэта, відно па-ўсім, напаўняла ягонае вялізнае цела адрэналінам. З неабдымных кішэняў усё таго ж бушлата ён вылавіў два пластмасавыя кілішкі, шумна дзьмухнуў у іх, да краёў напоўніў легендарнай «Верай Мацвееўнай» і, шчаслівы, бліскучавокі, па-братэрску зірнуў на Гарткевіча:
Ну, будзьма, брат па шэрым шынялі!
Выпілі вермуту. Не, гэта быў не рэмаркаўскі кальвадос. Гэта было нешта тутэйшае, слівова-яблычнае, гаркавата-кіславата-салодкае, мярзотнае.
У-у-х! Добра зайшло! – ляпнуў сябе па круглым пульхным жываце Мастадонт.
Падазрона абнюхаўшы, Вітаўт пачаў старанна, як навучалі яшчэ ў дзяцінстве, перажоўваць каўбасу. На вялікае шчасце, ніякіх пабочных прымесяў у ёй не аказалася.
Скажы мне, Ваня, – пацікавіўся ён, – як ты, прабач, дакаціўся да гэтага вагончыка і чаму ты ўвесь час такі вясёлы? Хіба можна быць, яшчэ раз прабач, вельмі вясёлым у такім вагончыку?
Мастадонт, пачуўшы сябрава запытанне, зноў забулькаў-закалыхаўся аптымістычным смехам, пачаў наліваць па новым кілішку:
Гэта, вядома ж, не генеральскі і не царскі штаб-вагон, а, як ты правільна зазначыў, вагончык. Тут у навакольных дамах планавалі зрабіць вонкавы еўрарамонт. Прыцягнулі гэтыя вагончыкі. Напакавалі іх пліткаю, вёдрамі, цэментам, яшчэ рознай трасцаю. Ужо й рабацягі заехалі. Але грымнуў яго вялікасць крызіс. Помніш, як у школьнага паэта Някрасава? Я толькі адно слова замяніў.

В мире есть царь.
Этот царь беспощаден.
Кризис названье ему.

Ён урачыста зірнуў на Вітаўта.
А чаму я такі вясёлы? А якім мне загадаеш быць? Ліць слёзы ў пяць ручаёў? Я пасля нашай вайсковай вучэльні недзе ўсяго з год цягнуў лейтэнанцкую лямку. А потым на турэмныя нары загрымеў.
Ты сядзеў у турме?! – Гарткевіч аж прыўзняўся з халоднай металічнай табурэткі.
Не, за мяне мая цётка сядзела, – зарагатаў Мастадонт. – Сядзеў. І ганаруся гэтым. Кожны мужык, як я мяркую, павінен за жыццё сваё пася­дзець. Ну неабавязкова ў турме, а хоць дзянёк у міліцэйскім «малпоўніку», у цёшчынай кладоўцы, калі перапе, пачне талеркамі шпурляцца, і яго звяжуць. Ды мала дзе!
Як жа ты ўліп?
Проста. Вельмі проста. Так, як, выводзячы з кватэры на ранішні мацыён сабаку, уступаюць-уліпаюць нагою ў какешкі на сабачым лужку. Не быў сабакаром? Шчаслівы чалавек. Дык вось пасля Мінскай вайсковай вучэльні турнулі мяне ў Варонеж. Там ёсць атамная электрастанцыя. Яе мы ахоўвалі ад магчымых тэрактаў. Каравульная нашая рота стаяла ў бярозавым лесе над Донам. Прыгажэйшыя мясціны! Рыбалка. Баравікі з твой капялюш. Адным словам, курорт. Але служба ёсць служба, прытым каравульная служба. Як у нас казалі: «Через день на ремень, через два на кухню». Быў я лейтэнанцікам. Халасцякаваў. Жыў, можна сказаць, як Дыяген у бочцыу зваранай з металічных лістоў вялізнай нязграбнай пасудзіне, якая называлася балок. У такіх цюменскія нафтавікі жылі, а, можа, і зараз жывуць.
Мастадонт зноў лінуў чароўнага зелля ў кілішкі.
Начальнікам каравула хадзіў. Развяду салдацікаў, сяджу ў каравульным памяшканні і старыя газеты чытаю. Сум найвялікшы! Гарачыня. Летні сквар. А ўвечары з Дону холадам цягне. І камары пачынаюць свой канцэрт, граюць на сваіх малюсенькіх-малюсенькіх мярзотных дудачках. Б-р-р-р!
Ён трасянуў галавою і нават ляпнуў сябе даланёй па вуху, нібы ў тое толькі што ўпіўся бязлітасны камар.
Верыш: наляцяць камары, загудуць, хапаю стос газетаў і хвашчу, хвашчу наўкола, а потым, зачыніўшы дзверы на засоўку, каб ніхто неспадзявана не зайшоў, хаджу сагнуўшыся, або наогул поўзаю на коленцах і лічу камарыныя трупікі. Сорак сем... Шэсцьдзесят восем... Б-р-р-р...
Гэта цябе, брат, дэпрэсія ламала, – уставіў сваё слова Гарткевіч.
Можа, і дэпрэсія, – ахвотна згадзіўся Мастадонт. – Адным разам іду па бярэзніку са свайго балка і чую: бум!!! бум!!!. Нейкія рэзкія металічныя гукі. Што такое? Павярнуў у той бок і ледзь не наступіў на важычанё, малюпасенькае, яшчэ не шэрае, а беленькае, з мяккімі іголкамі. Некуды, бач яго, бегла. Радасна мне зрабілася, што Бог у апошнюю хвіліну адвёў цяжкую нагу маю. Выходжу на гук і бачу: радавы Уладзіміраў, якога толькі што на пост адвялі, павесіў на бярозавы сук свой СКС (самазарадны карабін Сіманава), зняў пілотку, разуўся (!), боты павесіў на той жа сук, узяў у рукі нейкую ламачыну і штосілы лупцуе ёю па старым іржавым балку, які выкінулі па старасці ў металалом. Бум!!! Бум!!! «Адставіць! – крычу, – радавы Уладзіміраў!». А ён на мяне нуль увагі. Ён быў з хрышчаных татараў, з Казані, а бацька ягоны працаваў дырэктарам цукерачнай фабрыкі. «Адставіць! – крычу». А ён павярнуў да мяне твар (вочы пустыя, пагардлівыя) і цэдзіць скрозь зубы: «Чаго разваняўся? У мяне, ведаеш, якая радня? Паскарджуся, і яны зядуць, праглынуць цябе і гузікі выплюнуць». Ну, я й урэзаў яму па самай поўнай праграме правым кулаком у ніжнюю сківіцу. А кулачок у мяне, як бачыш, цяжкі.
Іван Мастоўскі, ён жа Мастадонт, ужо пянаваты, выкінуў угору свой магутны кулак-булдавешку. Ад такога нечаканага руху Вітаўт Гарткевіч адхіснуўся і нават заплюшчыў вочы.
Не бойся. Сваіх не бем, – паляпаў яго па плечуку Мастадонт. Зноў выпілі.
Мінуў тыдзень, другі. Жаўнер спіцьслужба йдзе. Быў я дзяжурным афіцэрам па вайсковай частцы. Прайшоў па тэрыторыі, зазірнуў на кухню, зняў, як кажуць, пробу з салдацкай кашы. Смачная каша. Усё нармальна. Заходжу ў сталоўку. Салдаты толькі селі за сталы. Днявальныя цягаюць хлеб, бачкі з гарачай кашай. Сяржант дае каманду: «Устаць!». Усе ўстаюць. Уладзіміраў сядзіць, як не чуе. Сяржант кінуўся да яго, нібы звер: «Устаць, радавы Уладзіміраў!». Бедны сяржант. Ён, пэўна б, заехаў гэтаму адмарозку па вуху, але пры мне стрымаўся. Падыходжу я. «Устаць». Сядзіць. Нават разваліўся, як у піўбары, вочы нахабныя, дзёрзкія. Крычу: «Устаць!». А ён у адказ лянівым голасам: «А што ты зробіш мне, бульба дробненькая?». Такія словы гэтая сапля кажа мне, амаль двухмятроваму беларусу! Я бяру яго за каршэнь, адной рукою адрываю ад табурэткі. І тут ён вывернуўся, схапіў са стала бачок з гарачай кашай-пярлоўкай і пляснуў мне ў твар. Ён, гадзянё, схапіў бачок, а я праз паўхвіліны свой пісталетмакар» і застрэліў яго на месцы. Толькі пуканне ў гадзяняці з задняга праходу пайшло. А потымтрыбунал, абураныя працоўныя горада Казані, і ўпяклі мяне. А я б і сёння яго застрэліў.
Ну, ты, Ваня, даеш, – пачціва-баязліва прамовіў Гарткевіч. – Я б так не змог.
Змог бы, каб рожу, афіцэрскую, заўваж, рожу, гарачай кашай заляпілі.
Не, не змог бы. Трэба ваяваць не кулямі, а словамі. Трэба вучыць людзей цярпенню, талерантнасці.
Ах, як мы заспявалі, – зедліва пакланіўся Гарткевічу Мастадонт. – Мы любім усіх, мы даруем усім. Мымаці Тэрэза.
Не блазнуй, – пакрыўдзіўся Вітаўт.
Раптам дзверцы вагончыка захадзілі ходырам ад частых цяжкіх удараў. Мастоўскі і Гарткевіч ускочылі з-за століка. Бутэлькі з ляскатаннем пакаціліся на падлогу. Звонку пачуліся злыя пяныя галасы:
Выпаўзай з бярлогі!
Мачыць будзем!
Вітаўт спалохана зірнуў на Мастадонта. Той нагнуўся, падабраў парожнія бутэлькі, адну з іх, слізкую, вялізную, амаль сілком увапхнуў у рукі Гарткевічу:
Бяры гранату, зямеля!
І нечакана заспяваў на ўсю глотку:

Когда я был мальчишкой,
Носил я брюки-клёш,
Соломенную шляпу,
В кармане финский нож.

З вагончыка яны вываліліся на вуліцуспераду Мастадонт, за ім Гарткевіч. Тры-чатыры няпэўнага ўзросту бамжы, худыя, замызганыя, пяненькія, перабіраючы для раўнавагі нагамі і ўсёроўна пахістваючыся, сустрэлі іх прарэзлівым бязладным лямантам:
Сучара, навошта забіраеш нашую ўпакоўку і наш кардон?!
Як мы дамаўляліся?!
Мэблевы магазін наш!
Але ваяўнічы крык адразу ж асекся, як толькі бамжы ўбачылі ў руках сваіх праціўнікаў цяжкія «фугасы».
Мэблевы магазін, панове, не ваш, а фірмы «Пінскдрэў», – смела выкругліўшы магутныя грудзі, сказаў Мастадонт. – Гэта па-першае. А па-другое: хто з вас, галапупікі, абгаўкаў мяне сучарам? Ты, Чэрап?
Ён падышоў да таго, каго назваў Чэрапам, высокага бледнатварага абсалютна лысага мужычка, рэзка махнуў бутэлькай, але не ўдарыў, а, падкінуўшы бутэльку, лоўка, як цыркавы жанглёр, перахапіў яе ў паветры, і рыльцам тыцнуў таму ў сонечнае спляценне. Чэрап, зламаўшыся напалам, схапіўся за жывот.
Хто яшчэ хоча пакаштаваць камісарскага цела, як казала непараўналь­ная народная кінаактрыса? – засмяяўся Мастадонт.
Бамжы як анямелі. Баявы імпэт адразу ж выветрыўся.
Вось так, хлопчыкі, лепш, – міралюбна сказаў Мастадонт. – Не бяру я ваш кардон. А, значыць, нехта іншы бярэ. Праверце. І не трэба нам ваяваць. Вазьміце вось дваццаць тысячаў белрэ і выпіце за нашае непарушнае сяброўства. Табе даю грошы, Чэрап. Прабач, што прычыніў невялічкі дыскамфорт. Нічога, да наступнай «ходкі» зажыве.
І ён і бамжы весела засмяяліся. Чэрап, пакрыўджана нахмурыўшыся, не засмяяўся, але грошы прагна згроб. Узбадзёраная кампанія жвава паваліла да піўнухі.
Здаецца, майму мабільніку кранты,– сказаў Гарткевіч, дастаўшы з кішэні плашча тэлефон.
Дай гляну.
Мастадонт узяў тэлефон, патрос яго, папстрыкаў кнопкамі, потым зноў патрос, вярнуў Вітаўту:
Жыве.
Вітаўт набраў нумар Валькірыі.
Алё, – даляцеў з далечыні родны цёплы доччын голас.
О, маленькі казачны цуд пад назваю мабільны тэлефон! Як мы жылі раней без цябе? Як існавалі? Заблудзіўшыся пасля сяброўскай пянкі ў цёмных начных гарадскіх дварах, спыніўшыся на паламаным аўтамабілі на пустыннай палявой дарозе, мы, яшчэ зусім нядаўна, рабіліся бязмоўнымі рабамі няшчасных абставінаў, пакорліва схілялі галовы перад непазбежным. Ты, дзіця нечуванага тэхнічнага прагрэсу, даў нам збавенне. О, маленькі казачны цуд пад назваю мабільны тэлефон! Дзе той, паэт, што напіша пра цябе паэму?
Як справы? Што робіць маці? – стараючыся надаць голасу звыш­цвярозыя ноткі, спытаў Гарткевіч.
Усё окэй. Маці глядзіць чарговы серыял. Не забудзь вярнуцца на родны аэрадром, – хуценька адказала Валькірыя, і са слухаўкі палілося бадзёрае піпіканне.
Значыць, дома ўлёгся тайфун, паспакайнела. Гэта добра. Не любіў Вітаўт спрачацца з жонкаю, абменьвацца фехтавальнымі ўколамі. Дарэмная трата часу. Жанчыну, а тым болей ягоную Віялету, ніколі не пераможаш у слоўным паядынку. На адно тваё слова яна выпусціць у адказ чаргу з дзесяці. Толькі прыгінайся, толькі хавайся. Больш прымітыўныя мужчыны ў такіх выпадках усё-ткі дамагаюцца свайго, даючы волю кулакам. Але ж на вуліцы, спадарства, дваццаць першае стагоддзе, а ён, Гарткевіч, вайсковы інжынер, бізнэсовец, джэнтльмен. «Былы інжынер і былы бізнэсовец», – мільганула ў галаве думка, ды Вітаўт адагнаў яе. Усё, урэшце, наладзіцца, бо ўсё некалі канчаецца: крыўда, хвароба, дрэннае надворе... Скончыцца і Крызіс.
Ты чаго засумаваў, зямеля? – ляпнуў яго па плячы цяжкой рукою Мастадонт. – Трэба прадоўжыць нашую прыгоду. Грэх не прадоўжыць, маючы поўныя кішэні белрэ.
Ён зноў заліўся густым здаровым смехам.
Ды я, у прынцыпе, ужо і пяны і сыты, – вяла паспрабаваў адмовіцца Гарткевіч. – Даўно хачу сесці на дыету...
Хіба тыбалерына? – здзівіўся Мастадонт. – Збіраючыся галадаць, парайцеся са сваім урачом і сваім салітэрам. Ану, пайшлі!
Ён пацягнуў Вітаўта за крысо плашча, ажно пачуўся лёгкі трэск. Яны, рашучы Мастадонт і пакорлівы Вітаўт, пакіраваліся ў напрамку да мінскай піўнухі, якую ў простым народзе называюць гадзюшнікам. Зорка Прыгодаў зноў заззяла ўсімі сваімі чароўнымі праменнямі!
Дык, кажаш, лопнуў твой бізнэс? – не змаўкаў Мастадонт. – Шмат хто з вашага брата на дно пойдзе.
Ты шторадуешся? – аж спыніўся Вітаўт.
Няхай радуюцца пралетары, а я ж таксама нейкім чынамдробны буржуа, ІП, – пацягнуў яго далей курсанцкі сябра. – Ведаеш, што такое ў нас, макулатуршчыкаў-картоншчыкаў, ІП? Выпем і паўторым. Усёк? Выпем і паўторым! І паўторым! ІП.
Жыццярадасны рогат скалануў вуліцу, аж азірнуліся мінчукі-пешаходы. Людзі гэтага слаўнага горада чамусьці не дужа эмацыянальныя. Ці клімат тут такі памяркоўна-разважлівы, ці дысцыпліна добра пастаўлена. Хто ведае
Прыйшлі ў кафэ, што гуло, як сотня чмяліных гнёздаў. Кафэшны люд быў значна гаварлівейшы, чым люд вулічны. Тут кіпела сваё непадуладнае ні крызісам, ні дэвальвацыям жыццё. Самая розная публіка густа запаўняла даволі абёмную паўцёмную залу пад старадаўняй яшчэ сталінскіх часоў столлю, на якой яркімі мазаічнымі пліткамі былі выкладзены сярпы і молаты, снапы залатой пшаніцы, крамлёўскія вежы з непагаслымі пуцяводнымі зоркамі. Народ харчаваўся па-шведскустоячы. Наўкруг дзесяці-дванаццаці сталоў ляпіліся людзі. Хто піў, хто ўжо закусваў, хто дымна, як фабрычны комін, курыў. Некаторыя былі даволі інтэлігентнага выглядуу чыстых непакамечаных плашчах, пад гальштукамі. Каля некаторых сталоў у мужчынскіх кампаніях зазыўна-аптымістычна пішчалі свежанафарбаваныя нявызначанага ўзросту дзяўчаткі. «Баль жыцця», – сказаў бы паэт.
Смачна есці! – гаркнуў Мастадонт.
Ды ніхто не звярнуў аніякай увагі на такі маладзецкі вокліч. Кожны стараўся як мага хутчэй уліць у асмаглы ад учарашняга перапою рот гаючую кроплю алкаголю. У прагныя людскія страўнікі ўслед за гарэлкай, віном і півам імкліва ляцелі кавалкі хлеба, каўбасы, плаўленыя сыркі, піражкі з капустай і яшчэ богведама што. Жылі імгненнем. Ніхто не думаў пра бязлітаснае заўтрашняе пахмелле.
Мастоўскаму і Гарткевічу пашанцавала заняць акраец стала побач з арачным вакном, што глядзела на праспект Незалежнасці. Толькі што за гэтым сталом, паклаўшы галаву ў засаленым капелюшы на рукі, соладка драмаў каштанававалосы кучаравы дзяцюк. Раптам ён прахапіўся, няўцямна зірнуў на суседзяў, закрычаў:
Ба-тэ! Ба-тэ!
Футбольны фанат? – ласкава паправіў яму на галаве капялюш Мастадонт. – Хутчэй ідзі, а то без цябе гол забюць.
Каштанававалосы й сапраўды няцвёрдай хадою накіраваўся да выхаду. У самых дзвярах яшчэ раз пачулася перамоганоснае:
Ба-тэ!
Мастадонт рашуча змёў шырокай даланёю са стала крошкі, замовіў афіцыянтцы, што, вядома ж, аказалася ягонай даўняй прыяцелькай, пітво і закусь.
Толькі сваё не піце, хлопчыкі, – папрасіла афіцыянтка. – У нас наконт гэтага строга.
Нельга сваёбудзем піць тваё, – рагатнуў Мастадонт.
Вітаўт глядзеў на яго, і зайздрасць выспявала ў душы. Вось стаіць побач аднагодак, былы аднакашнік, можна сказаць, сябра. Елі адзін хлеб, хадзілі амаль адзінымі дарогамі, глядзелі адно і тое ж тэлебачанне, чыталі аднолькавыя газеты і аднолькавыя кніжкі, чулі вакол сябе аднолькавыя размовы, бачылі добрае і злое, святое і цынічнае, а як па-рознаму павярнулася-склалася жыццё. Яму, Мастоўскаму-Мастадонту, жыць чамусьці лягчэй, весялей, хоць ён не меў і не мае сваёй фірмы, сваёй чатырохпакаёўкі ў самым цэнтры, ён, вядома ж, не лётаў на Канары і на Кіпр. У яго, Мастадонта, ёсць бедны маленькі пакой недзе на Чыжоўцы, ёсць часовы вагончык, з якога не сёння, дык заўтра вытураць будаўнікі, ёсць прымітыўны макулатурна-кардонны бізнэс, калі можна назваць бізнэсам штодзённую мышыную беганіну вакол мэблевых і кветачных крамаў. У яго, здаецца, ёсць немалая сямя, якую трэба карміць. І ёншчаслівы! А я? Ці магу я сабе і Богу сказаць, што я шчаслівы? Не, бо такія словы будуць хлуснёй. Чаму ж я няшчасны? Не маю адказу. Ведаю толькі адно, недзе чытаў: вецер дзьме зусім не так, як хочуць ветразі.
І Вітаўту Гарткевічу неадкладна захацелася напіцца, захацелася нырнуць у цёмны хвалісты вір, з якога не заўсёды выплываюць. Ды ці трэба выплываць?
Раптам зазваніў ягоны мабільнік.
Віцютка, – данеслася са слухаўкі, – Нешта ты забыўся пра мяне. Гэта яЭльвіра Скаблінская. Успомніў мінскую сто першую школу, дзесяты клас, выпускны вечар? Чаму хаваешся? Я ведаю, што ты цяпер у кафэ. З нейкім бамбізам ты зайшоў туды. Я ехала на Камароўку і выпадкова ўбачыла цябе. Зірні ў вакно. Мая сіняя «Мазда» стаіць якраз насупраць ГУМа. Праўда, тут нейкая заварушка пачынаецца. Па праспекце ідзе калона апазіцыі, а міліцыянты хочуць перагарадзіць ёй дарогу. Ой, зараз нешта будзе!.. Зматваюся. Сазвонімся і сустрэнемся на станцыі метро «Купалаўская», як звычайна, у дзевятнаццаць нуль-нуль. Ды ці слухаеш ты мяне, Гарткевіч? Калі слухаеш, неадкладна адзавіся!
Слухаю, – сказаў Вітаўт.
Ну й лады, – весела выгукнула Эльвіра. – Цісну на газ і рву кіпцюры, а то растопчуць маю бляшаначку, як сланы. Купалаўская. У дзевятнаццаць нуль-нуль. Гуд бай!
Недзе на праспекце ірванула з месца, паімчалася далей ад бяды «Мазда», за рулём якой сядзела ягоная каханая жанчына. Так, так, сэрца не падманеш. Не з Віялетай ён павінен бы жыць, а з Эльвірай Скаблінскай, гэтым залатавалосым падобным на хуліганістага хлапчука чарцянём. І ў старэйшых класах школы, і на выпускным вечары, калі, збегшы ад надаедлівых аднакласнікаў, яны, узяўшыся за рукі, пабрылі ў туманістую белую чэрвеньскую ноч, у бліскучую таямнічую расу і над Свіслаччу пад покрывам густалапай ніцай вярбы горача і востра ўпершыню пазналі адно аднаго, ён кахаў яе. Наіўныя, яны адчувалі тады сябе Рамэо ды Джульетай, кляліся памерці, але не здрадзіць. Дзе тыя клятвы?
Уздыхнуўшы, Вітаўт глянуў у вакно. На праспекце шумна клубіўся народ. Бел-чырвона-белыя сцягі і сінія з белымі зоркамі сцягі Еўразвязу трапяталі-плылі над людскімі галовамі. Чорная непарушная сцяна «АМАПу» пераразала праспект. Міліцыянты білі дубінкамі ў свае шчыты.
Пі, зямеля, – тыцнуў яму амаль у твар шклянку з гарэлкай Мастадонт. «І ўсё-ткі, трэба напіцца», – зноў падумаў Гарткевіч.
Каля суседняга стала, амаль сутыкаючыся галовамі, гаманілі за чаркаю два дзецюкі, кучаравы і лысы. Па шчырай апантанасці, па святой наіўнай веры ў сваю праўду і ў сваю абранасць можна было беспамылкова вызначыць, што гэта беларускія паэты.
Не друкуюць, – казаў лысы. – А калі й друкуюць, то не плоцяць ганарар. А калі надрукуюць, заплоцяць ганарар, то не чытаюць. Русіфікацыя заела. Усё! Хопіць з мяне. Паеду ў вёску, прыдбаю хатку, супакою нервы. Буду трусоў гадаваць.
Вазьмі мяне з сабою, – прасіў кучаравы. – І я паеду. Я з дзяцінства трусоў люблю. Вазьмі мяне, браце.
Згода. Бяру, – літасціва ўсміхнуўся, ляпнуў сябрука па плячы лысы. – Ты ж са сваёй буфетчыцай разбегся? Пакуй рэчы, якія тая не паспела атабраць, і паедзем мы з табою, братка, з русіфікацыі ў трусіфікацыю.
Крык на праспекце і шум у кафэ тым часам нарасталі. Узнімаліся дэцыбелы. Узнімаліся градусы. Кожны хацеў перагаварыць і перакрычаць суседа. Металічны мегафонны голас ляцеў з праспекту:
Паважаныя грамадзяне! Вашае шэсце несанкцыяванае! Просім разысціся!
У адказ грымела:
Жыве Беларусь!!!
«Што я тут раблю? – сціскаючы рукамі скроні, думаў Вітаўт Гарткевіч. – Што прывяло мяне ў гэтае кафэ, у гэты дябальскі тлум?».
Побач далдонілі сваё паэты: русіфікацыятрусіфікацыя. Нечакана яны, як гэта часцяком бывае з пянымі, пасварыліся. Лысы закрычаў:
А ты, Даніловіч-Гоцкізлы!
Язлы. А выказлы, – успыхнуўшы ўсім тварам, адказаў кучаравы.
«Даніловіч-Гоцкі, – адзначыў пра сябе Гарткевіч. – Гучыць прыгожа, нават калі гэта псеўданім».
Кучаравы, адпіхнуўшы ад сябе лысага, высока ўзняў чарку, закрычаў, натхнёна бліскаючы блакітнымі вачамі:
Мымарсіяне з планеты Зямля! Увага! Цішыня! Зараз я прачытаю ўсім вам сваю паэму «Лісоўчыкі»! Абсалютная цішыня! Я пачынаю чытаць сваю новую паэму!
Цішыня, вядома ж, не наступіла. Усчаўся яшчэ гарачэйшы гармідар. Праз два сталы ад Гарткевіча і Мастадонта дробненькі непрыкметненькі мужычок абявіў:
Яразборны чалавек!
Ён адляпіў са сваёй галавы сівы парык, раскрыў рот і выцягнуў адтуль пратэз верхняй сківіцы, затым ніжняй выкалупнуў з вачніцы, як жолуд, штучнае шкляное вока, лоўка махнуў левай рукою, і аказалася, што па самы локаць яна таксама нежывая, а нібы парцалянавая.
Ну й дае, – прысвіснула кафэ.
Тым часам на праспекце зноў выбухнуў шматгалосы крык. Усе прыляпіліся да вокнаў, пачалі глядзець, што дзеецца. Там круціўся пярэсты ярасны клубок: дэманстранты счапіліся з амапаўцамі. Было няспыннае мільгоцце колераўчорны, сіні, бел-чырвона-белы...
Прыгожы, – маючы на ўвазе бел-чырвона-белы сцяг, сказаў Мастадонт. – Я толькі на заканчэнні вайсковай вучэльні даведаўся, што ён наш, беларускі. Палітрукі ж называлі яго «сала-мяса-сала». Помню, у апошні дзень, у дзень выпуску, ужо калі Савецкі Саюз сыграў у скрынку, мы расчынілі ўсе вокны ў спальнях, цалаваліся, абдымаліся, крычалі «Ура!!!». А потым украінцы, а за імі й расіяне вывесілі ў вокнах не савецкія сцягі, а свае нацыянальныя. Мы, беларусы, глядзелі на іх, пасміхаліся. І раптам Васіль Патаповіч нібы разбудзіў усіх нас: «А чаму мы спім у шапку? Дзе наш сцяг?». Прывалаклі з ленпакою бэсэсэраўскі. «Гэта не тое», – забракаваў сярпасціка-малаткасціка Патаповіч. Схапіў са свайго ложка белую прасціну, з кладоўкі прынеслі лыжны кіёк. Не хапае чырвонай паласы. Што рабіць? Круць-верць галовамі ва ўсе бакі. Тады я ўспомніў, што ў нядзелю хадзіў на спатканне з Наталкай (была адна такая весялуха) і зажучыў ейную губную памаду. «Давай хутчэй!», – крыкнуў Патаповіч. Усім курсам паласу тую малявалі!
Калі шум за вокнамі крыху аціх, зноў закрычаў Даніловіч-Гоцкі, пісьменнік:
Увага! Я буду чытаць вам сваю паэму!
Супакойся. Перастань, – цягнуў яго за локаць сябрук.
Пайшоў прэч, лысы хэ! – адмахнуўся Даніловіч-Гоцкі і, пахіснуўшыся, учапіўся белымі вялікімі рукамі за край стала, каля якога атабарыліся Мастадонт з Гарткевічам.
Думаў, што творчыя людзі больш далікатныя, – незадаволена прамовіў Мастадонт.
Лухта! – абняў і ледзь не пацалаваў яго пісьменнік. – Мыжвачныя жывёлы інтэлекту.
Ён трасянуў прыгожай кучаравай чупрынай, пачаў чытаць-спяваць звонкім рашучым голасам:

Мылісоўчыкі, злыя хлопчыкі.
З цара-бацькі здзярэм панталончыкі.

«Добра, – адразу ж падумаў Вітаўт Гарткевіч. – Нязвычна і добра». Гэты пісьменнік ці паэт (хто іх ведае, як яны называюць самі сябе!) завалодаў нейкім нервам, нейкім стрыжнем у ягонай душы, завалодаў і не адпускаў. Быццам сонечныя прамяні іскрыстай дарожкаю прабеглі па душы, як па рачной вадзе.

Ты, лісоўчык, добры хлопчык,
Зайдзі ў мой гародчык,
Сарві вяргіню-кветку,
Пакахай мяне, дзеўку.

«Добра», – заплюшчыўшы вочы, слухаў музыку слоў Вітаўт Гарткевіч. Словы былі нечаканыя, непадобныя на шэрыя будзённыя словы.
Мудра-мудра, зямеля, – мармытаў, ківаючы галавою, Мастадонт. – Як кажуць, хто мае вуха для слухання, хай слухае.
Ён узняў угору ўказальны палец, заклікаючы ўсіх прысутных да цішыні, спытаў у расчырванелага ўзбуджанага паэта:
А хто такіялісоўчыкі?
Якім месцам слухаеш? – пакрыўдзіўся Даніловіч-Гоцкі. Ён, як, бадай, усе творчыя людзі, быў шчыра ўпэўнены, што ягоныя творы не патрабуюць тлумачэння, зразумелыя кожнаму, як глыток паветра і глыток вады. Ды геній (а ён сам сябе лічыў, вядома ж, геніем) павінен быць цярплівым.
Лісоўчыкігэта нашыя беларускія, а, дакладней, ліцвінскія, лёгкія кавалерысты, можна сказаць, лясныя казакі, якія ў свой час далі шораху і маскалю, і шведу, і татарыну-крымчаку. Лісоўчыкі, – паэтавы вочы заззялі, – гэтавіхор, парыў, агонь, вулкан. Лісоўчыкігэта гарачы конь, сядло, шабля, лук, дзіда, рушніца. Лісоўчыкі...
Ялісоўчык! – гаркнуў Мастадонт, не даўшы паэту скончыць думку. Ён стукнуў сябе кулаком у грудзі і сурова глянуў наўколці сумняваецца хто? Такіх не знайшлося. Хто-кольвек нават заапладзіраваў.
Малайчына! – усклікнуў Даніловіч-Гоцкі. – Хвалю! Ведай жа, мой незнаёмы браце, што ў душы я таксамалісоўчык. Але ты не даў мне дагаварыць. Лісоўчыкі кахалі жанчын.
Тады ятройчы лісоўчык! – весела зарагатаў Мастадонт.
Гарткевіч увесь гэты час знаходзіўся як бы ў іншым вымярэнні. Вядома ж, паўплывалі алкаголь і паэзія. Ён быў у кафэ, стаяў побач са сваім аднакашнікам Мастоўскім, чуў і бачыў, як той крычыць, шырока раскрываючы рот, выскальваючы моцныя жаўтлявыя зубы, але нейкая частка душы адасобілася і кудысьці ляцела, як ляціць летняе воблака ці сарваны з дрэва ліст. І бачыўся яму малады зялёны бярэзнік, што аж кіпеў пад бурлівым парывістым ветрам. Бачыўся абліты сонцам і дажджом бяскрайні луг. З таго срэбнага лугу бег да яго, зазыўна іржучы, малады прыгожы вольны конь з доўгаю рассыпістай грываю і доўгім хвастом. Вочы ў каня былі вельмі разумныя, як чалавечыя. «Сядай мне на спіну, і паімчымся, – казаў конскі позірк. – Мы паімчымся, і знойдзем іншае жыццё, непадобнае на тваё сённяшняе. Ты жывеш сумна і шэра. Жывеш не ў сваім жыцці. Не бойся, хутчэй сядай, і мы адшукаем край і час, дзе будзе лёгка сэрцу».
Раптам у кафэ, яўна ратуючыся, уварваўся танклявы светлавалосы юнак. Лоб ягоны перахоплівала стужка з надпісам «Малады фронт». Лёгкі сіні палітончык быў парваны на правым плечуку. Юнак цяжка сіпла дыхаў. Ён толькі на імгненне прыпыніўся, каб ацаніць сітуацыю, і горкая міна расчаравання перасмыкнула малады вішнёвы ад прыліву крыві твар: кафэ было тупіком. За дзвярыма кафэ на каменнай лесвіцы ўжо грымелі каваныя чаравікі тых, хто яго даганяў.
Дуй сюды! – крыкнуў маладафронтаўцу Мастадонт, і, калі той падбег да іхняга стала, хуценька зняў з сябе вайсковы бушлат, накінуў на маладыя вузкія плечы, што аж калаціліся ад цяжкога дыхання. Потым сунуў сваю чарку з гарэлкай:
Пі і закусвай!
Юнак няўцямна зірнуў, але адразу ж выпіў.
І здзяры гэту шыльду! – загадаў Даніловіч-Гоцкі. Не чакаючы, пакуль да маладафронтаўца дойдзе сэнс сказанага, ён ірвануў у яго з галавы стужку, увапхнуў яе ў сваю кішэнь.
На парог кафэ ўскочылі два плячыстыя задыханыя амапаўцы, у чорнай форме, у бліскучых круглых, нібы марсіянскіх, шлемах, з дубінкамі ў руках.
Дзе пацан?! – выдыхнуў пярэдні.
Пытанне, як кажуць, павісла ў паветры. У аматараў выпіць і закусіць ад такой неспадзяванкі быццам адняло мову. Адзін Мастадонт не разгубіўся.
Які пацан? – здзівіўся ён і, напоўніўшы чарку, няспешна накіраваўся насустрач слугам закону. – Нікога тут не было апроч нас. Можа, выпіце, хлопчыкі, разам з намі?
Ты, дзядзя, стань на месца, – строга сказаў амапавец і паклаў загарэлую натрэніраваную далонь на плячук Мастадонту. Гэтай далонню ён лёгенька прыбраў стакілаграмовага Мастоўскага з дарогі, ды так акуратна, што ў таго з чаркі не пралілося ні кроплі.
Амапаўцы павольна пайшлі ўздоўж сталоў, зазіраючы ў твары ўсё яшчэ анямелых ад нечаканасці прыхільнікаў Бахуса. Гэта былі маладыя сімпатычныя хлопцы, хлопцы, як прынята казаць, славянскай знешнасці. Русавалосыя, сінявокія і загарэлыя. Але ў самай глыбіні маладых вачэй, як хмурынка, адчувалася стомленасць.
Вось яны параўняліся са сталом, каля якога здранцвелі Даніловіч-Гоцкі, Гарткевіч і пераапрануты маладафронтавец. Кафэ затаіла дыханне. Усе напружана чакалі, што адбудзецца. Амапаўцы спыніліся.
Дык, можа, выпеце разам з намі? – парушыў цішыню Мастадонт, які ішоў следам і трымаў у руках ужо не толькі чарку, але й бутэльку. – Гарэлка ў нас добрая, – Ён зірнуў на бутэльку. – Гарэлка фірмы «Белпі» і называецца «Генерал». Дай вам Бог, хлопцы, даслужыцца да генералаў.
Але амапаўцы не пачулі яго. Яны стаялі і глядзелі на маладафронтаўца. Той глядзеў на іх. Шчокі з вішнёвых паступова рабіліся белымі.
Пойдзем, Змітровіч, – раптам сказаў пярэдні, пэўна, старшы па званні. – Памыліліся мы. Не ў тыя дзверы заскочылі.
Яны развярнуліся і трушком пабеглі на выхад. У звонкай цішыні загрукалі цяжкія чаравікі.
Ух ты-ы! – шматгалоса выдыхнула кафэ. Нават пачуліся воплескі, як падчас нейкага спектаклю. І некаторыя адразу ж, як каршуны на верабя, накінуліся на маладафронтаўца:
Ходзяць! Лепш рабілі б, чым махаць сваімі сцяжкамі!
З-за вас усім людзям спакою няма!
Які толк ад вашай хадатні? У каршэнь вам натаўкуць, і ўсё!
Ходзяць таму, што маюць права хадзіць, – рэзка ўскінуў руку, зычна загаварыў Даніловіч-Гоцкі. – Па канстытуцыі маюць такое права. Ва ўсім свеце людзі ходзяць. І ў Штатах, і ў Францыі.
А ты што, іхні адвакат? – раздражнёна загучала ў адказ.
Я не іхні адвакат, – нахіліў кучаравую галаву, звузіў вочы паэт. – Я іхні аднадумец. Толк ёсць ад гэтай, як вы кажаце, хадатні. Увесь свет пачуў пра Беларусь, ведае яе. І газеты ў шапіках пачалі прадаваць – «Народную волю», «Нашу Ніву».
Ну й чытай свае газеткі! – злосна закрычаў худы жоўтатвары ін­тэлігенцік. – Падумаеш, вялікае шчасце – «Народная воля». Бэнэ­эфаўка!
Раптам невысокі, але каржакаваты маладзён, што стаяў насупраць крыклівага, пляснуў яму ў твар півам са свайго куфля. Адразу ж узвіхурылася бойка. Людзі нібы чакалі яе. Нібы лопнуў якарны ланцуг і спакойны дагэтуль карабель аддаўся дзікаму жорсткаму шторму. Пакаціліся сталы. Зазвінелі, разбіваючыся-рассыпаючыся на друз, шклянкі, талеркі і бутэлькі. Некаторыя прыхільнікі Бахуса спалохана шуганулі на выхад. Але шмат хто з асалодаю таўклі адно адному фізіяноміі, зварочвалі набок насы. Любіць гарачую бойку славянская душа!
Што вы робіце, ідыёты?! – пранізліва заверашчала афіцыянтка. – Міліцыя! Міліцыя! Амон!
Ды ў міліцыянтаў хапала справаў на праспекце. А тут, у кафэ, кіпела баталія. Даніловіч-Гоцкі з Мастадонтам рынуліся на падмогу маладзёну, які ярасна махаў цяжкім рабрыстым куфлем. Мастадонт схапіў за крыссё жоўтатварага інтэлігенціка, адарваў ад падлогі і шпурнуў у вакно. Затрымцелі акаваныя цяжкім жалезам вялізныя шыбы. Паэт, цяжка сапучы, бораўся з нейкім лысым жылістым здаравяком. Гарткевіч сцярожка стаяў збоку, не лез у вір, але дапамог Даніловічу-Гоцкаму: даў пажножку ягонаму лысаму апаненту. Цікава зазначыць, што на баку нашых герояў адважна змагаўся й «разборны» чалавек. Ён палохаў праціўнікаў, нечакана круцячы перад самым іхнім носам парцалянавай рукой.
Ваня, змываемся адсюль! – крыкнуў Вітаўт Гарткевіч Мастоўскаму.
Не бойся, – усміхнуўся Мастадонт, магутным ударам зноў кладучы на падлогу лысага жылістага здаравяка. – Раней смерці не памерці!
І ўсё-ткі патрэбна было як мага хутчэй пакідаць поле бітвы, бо са свайго кабінета прыбег дырэктар кафэ, жвавы чарнавусы таўсцячок, і пачаў свістаць у міліцэйскі свісток. Спатыкаючыся аб паваленыя сталы, мацюкаючыся, рынуліся на вуліцу. Ратаваліся ўсе, бо амапаўцы не будуць разбіраць, хто вінаваты: усіх пачастуюць пякучай гумовай кашай.
Аршанская бітва, – шпарка бючы падэшвамі чаравікаў па ступенях каменнай лесвіцы, задаволена ўсміхаўся Даніловіч-Гоцкі. На правай ягонай шчацэ ярка расцвітаў чырвоны пісяг.
Праспект Незалежнасці і вуліца Леніна пакрысе супакойваліся, цішэлі. Амапаўцы, пагрозліва грукаючы аб шчыты дубінкамі, выцяснялі дэманстрантаў у двары ды на суседнія вуліцы. У адзін з такіх двароў заскочылі Гарткевіч з Мастадонтам і паэт. Зморана плюхнуліся на жоўтыя лавачкі, што стаялі наўкруг дзіцячай пляцоўкі, пачалі аддыхвацца, сціраць з твараў кроў і пот.
Халера, – паляпаў сябе рукамі па плячах Мастадонт, – аддаў свой бушлат маладафронтаўцу, а мне ўвалілі па поўнай праграме. Бушлат быў бы добрай пракладкайне так бы смылела. Але нічога. Няхай той хлопчык носіць. Яго ж, пэўна, яшчэ не адзін раз дубасіць будуць.
Так, яго, калі толькі, як кажуць штатныя прапагандысты, не паразумнее, чакаюць новыя баявішчы, – глыбакадумна прамовіў Даніловіч-Гоцкі, палячы цыгарэту і адначасова прамокваючы насоўкай крывавы пісяг на шчацэ. – Але такі ці амаль такі лёс усіх змагароў, лёс лісоўчыкаў.
Ён прыгожым колцам выпусціў з роту дым, паглядзеў, як плыве колца ўгору, і раптам рэзка змяніў тэму гаворкі:
Ці ведаеце вы, спадарове, якое самае найпрыгажэйшае слова ў свеце?
Гарткевіч і Мастадонт здзіўлена перазірнуліся. Яны яшчэ не здагадваліся, што вось так весці размовукідацца з адной тэмы ў абсалютна процілеглую, кідацца, так бы мовіць, ад аднога борта да другогаулюбёная звычка паэта.
Напэўна, слова «мама», – сказаў Вітаўт, а Мастоўскі толькі паціснуў плячыма.
Даніловіч-Гоцкі эфектна сапстрыкнуў пальцам са сваёй цыгарэціны белы чарвячок попелу, шырока ўсміхнуўся:
Самае прыгожае слова ў свецетурэцкае слова «якамоз», што азначаеадбітак месяца на вадзе. Нядаўна прайшоў міжнародны конкурс, у якім брала ўдзел шэсцьдзесят краінаў, і слова якамоз абявілі пераможцам.
Ён прыжмурыўся, прагаварыў, прыслухоўваючыся да сказанага:
Якамоз... Адбітак месяца на вадзе... Прыгожа. А яшчэ хачу вам паведаміць, шаноўныя спадарове, як, прабачце за нясціпласць, вельмі эрудыраваны чалавек, што па-англійску слова «жыта» гучыць гэтак сама ж, як наша беларускае слова «рай», а па-японску хлеб называецца «пан». Ці не праўда, нешта ў гэтым ёсць?
У гэты час да іх падышоў вельмі эфектны, вельмі незвычайны чалавек гадоў сарака пяці-пяцідзесяці. На ім быў бездакорна адпрасаваны белы ільняны касцюм. На галаве саламяны ў дробных дзірачках капялюш. На нагах шчыгульныя вастраносыя чаравікі. Чалавек быў усмешлівы чарнавусы (аля-шляхціц), а на локці левай рукі ён трымаў грацыёзны японскі парасончык.
Незвычайны чалавек узняў капялюш, злёгку нахіліў высакародную сіваватую галаву, сказаў з найвялікшай годнасцю і карэктнасцю:
Ад усёй душы вітаю вас, паны лісоўчыкі.
Гэты дзіўны незнаёмец яўна быў прыхаднем з іншага невядомага ім жыцця, можа, з нейкай забытай аперэты, з нейкай старадаўняй кінастужкі.
Хто вы? І адкуль вы ведаеце пра лісоўчыкаў? – узняўся з лаўкі Даніловіч-Гоцкі. Гарткевіч з Мастадонтам таксама ўзняліся са сваіх месцаў, бо нельга было размаўляць з такім супермэнам седзячы.
Аляксандр Іосіфавіч Лісоўскі, – зноў элегантна паплыў угору краёк капелюша. – Патомны беларускі граф. Меў гонар бачыць, як вы ў кафэ мужна па-рыцарску адбівалі нахабную атаку пянага плебсу. Назіраў гэты бой і, мушу сказаць, ганарыўся вамі. Толькі так, панове, толькі падобным чынам патрэбна выхоўваць павагу да сябе і да сваіх высокіх ідэалаў.
Галівуд ды й толькі! – засвяціўся тварам, шырока ўзмахнуў рукамі і аж схапіўся за галаву Даніловіч-Гоцкі. – Дык, можа, вы цяпер скажаце нам, што вы з тых самых Лісоўскіх, што вы...
Так. Япрамы нашчадак у шаснаццатым калене віленскага шляхціца палкоўніка Аляксандра Язэпа Лісоўскага, які стаўся, калі перайсці на паэтычную мову, родным бацькам грозных лісоўчыкаў, – прамяніста ўсміхнуўся прыгажун. – Я чытаў вашую паэму, пан паэт, у якой вы апяваеце лісоўчыкаў, паказваеце іх нават лепшымі, чым яны былі. І гэта вельмі-вельмі добра, бо нашую з вамі айчынную гісторыю ўсе, хто толькі ні зажадае, прывыклі мазаць чорным дзёгцем, прымалёўваць ёй дябальскі хвосцік і дябальскія рожкі. Быццам на велізарным абшары між Бугам і Сожам ва ўсе часы раслі толькі шэрая крапіва ды калючы дзядоўнік. Але канчаю свой маналог. Не доўга слухайце, маладыя, старую песню, бо вашыя галовы пасівеюць. Пераходжу да канкрэтыкі. Я недарэмна ішоў за вамі следам з кафэ. Хачу прапанаваць вам добрую цікавую працу, калі вы, вядома ж, будзеце згодныя.
Ён дастаў з кішэні карычневы кракадзілавай скуры партаманет:
Даю вам, панове, свае візітоўкі. Там усё напісана. І ёсць нумары тэлефонаў. Калі надумаеце, званіце. А заразраскланьваюся. Прыемна было пазнаёміцца з такой цудоўнай беларускай моладдзю.
Пакланіўшыся, Лісоўскі нетаропка пайшоў з двара на праспект Незалежнасці, а нашыя героі адразу ж пачалі разглядваць ягоныя візітоўкі. Усё было па вышэйшым, як кажуць, разрадзе. Беласнежная цвёрдая папера. Графскі герб. Ціснёныя золатам віньеткі. Ясныя строгія літары. Тэкст быў на беларускай, англійскай і лацінскай мовах. Вось што было надрукавана:

Аляксандр Іосіфавіч Лісоўскі, граф,
кандыдат гістарычных навук,
Генеральны дырэктар фірмы «Дуга Струвэ».

Дуга Струвэ! – усклікнуў Даніловіч-Гоцкі. – Нават мой гуманітарны мозг нешта прыпамінае. Дуга Струвэ... – Ён пачаў церці пераноссе ўказальным пальцам.
Гарткевіч і Мастадонт паглядзелі адзін на аднаго.
Ну-тка, Ваня, дакажы, што недарэмна слухаў калісьці ў вайсковай вучэльні лекцыю палкоўніка Музафарава па геадэзіі і картаграфіі, – сказаў Гарткевіч.
Мастоўскі нагнаў на лоб з дзесятак маршчынаў, прыплюшчыў вочы, лёгенька пастукаў сябе вялізным кулаком па галаве:
Прачынайся, медны кацёл. Разагравайся... Успамінай-успамінай...
Так доўжылася колькі імгненняў.
Ёсць! – радасна засмяяўся Мастадонт. – Ёсць!
Ён пераможна зірнуў на Гарткевіча, потым на паэта:
Дуга Струвэсетка з двухсот шасцідзесяці пяці пунктаў, што ўяў­ляюць са­бою закладзеныя ў зямлю каменныя кубы. Даўжыня геадэзічнай дугі больш за дзве тысячы васемсот дваццаць кіламетраў. Стваралася сорак гадоў, з тысяча васемсот шаснаццатага па тысяча васемсот пяцьдзесят пяты год, з мэтаю вызначэння дакладных параметраў Зямлі, яе формы і памеру. Ідзе ад Паўночнага Ледавітага Акіяну да ракі Дунай праз Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю, Расію, Эстонію, Латвію, Літву, Беларусь, Малдову і Украіну, ідзе праз лясы, праз балоты, адным словам, праз глухмень. Кіраваў гэтай гіганцкай працаю расійскі астраном і геадэзіст, заснавальнік і першы дырэктар Пулкаўскай абсерваторыі Фрыдрых Георг Вільгельм Струвэ, чым і абяссмерціў сваё імя. З двухсот шасцідзесяці пяці пунктаў захавалася па сённяшні дзень толькі трыццаць чатыры, прычым, у Беларусідзевятнаццаць. Болей, чым дзе! Вось так.
Ну, братка, тыунікум! – захоплена ўсклікнуў Даніловіч-Гоцкі, сціскаючы Мастадонта ў абдымках. – Я б ніколі не запомніў такое. Галава б расклеілася.
Гарткевіч таксама з найвялікшай павагаю глядзеў на сябрука. Жыве ў забруджаным вагончыку, збіраючы макулатуру і кардон, у святы і ў будні хадзіў у адным і тым жа старым вайсковым бушлаце, а як захаваў, не растранжырыў інтэлект! Правільна кажуцькалі чалавек ад прыроды сваёй разумны, кемны, ён зберажэ ў сабе гэты Божы дарунак на самым дне жыцця, у самых неспрыяльных катастрафічных умовах. Гены пальцам не раздушыш.
Цікава, што за працу хацеў нам прапанаваць гэты абаяльны граф? – круціў у руках візітоўку Лісоўскага паэт. – Нутром адчуваю, што нешта незвычайнае і рамантычнае. Магчыма, я й пазваню яму. Крыху адсохну ад пянкі, супакою нервы і пазваню. Усёроўна збіраўся гадаваць у вёсцы трусоў. Хочацца змяніць жыццё, прычым, змяніць кардынальна. Апошнім часам нібы не жыву, а паўзу па нейкім брыдкім агідным балоце.
Ён зірнуў на прыземленае шэрае ад аўтамабільных выхлапаў і заводскіх дымоў гарадское неба, пафасна прадэкламаваў:

А жыццё маёадно балота.
І ў грудзях сядзіць грудная жаба.

Што ж, панове, будзем расцякацца па сваіх жыццёвых нішах. Прыемна ўсведамляць, што ў гэтым няласкавым і не заўсёды нашым горадзе ёсць людзі вельмі блізкія па духу, і людзей такіх нямала. Пэўна, не памылюся, калі скажу, што вам падабаюцца песні Зміцера Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, музыка гуртоў «NRM» і «Старога Ольсы», што вы ходзіце ці некалі хадзілі на Дзень Волі, што бел-чырвона-белы сцяг і сёння застаецца для вас святыняю. Ці не так? Бывайце ж. І будзьце такімі ж!
Даніловіч-Гоцкі рашуча пакрочыў у вядомым толькі яму накірунку. Але мы яшчэ сустрэнемся з ім.
Пайду і я, – сумнавата сказаў Мастадонт. – Трэба да вечара правярнуць адну справу, што пахне добрай капейчынай. Гуд бай, зямеля. Ты ведаеш цяпер, дзе мая штаб-кватэра. Заўсёды буду рады вітаць цябе.
Ён ляпнуў Вітаўта па плечуку сваёй велізарнай рукою, нават цмокнуў у шчаку. І знік, як не было яго.
Гарткевіч застаўся адзін. Уздыхнуў, потым набраў на мабільніку нумар.
Чакаю, – адказала Эльвіра Скаблінская.
Але яшчэ ж далёка да дзевятнаццаці нуль-нуль.
Дурненькі, я чакаю цябе заўсёды. У любы час. І пры любым надворі, – данеслася са слухаўкі. – А зараз я ў аўтамабілі. Стаю ў двары за Нацыянальным банкам. Знайдзі мяне, рыцар.
Залатавалосае чарцянё засмяялася, спакусліва і звонка.
Неўзабаве Вітаўт Гарткевіч ужо сядзеў у сіняй «Маздзе», у яго на нагах сядзела Эльвіра, і яны ненасытна і прагна цалаваліся. Шторкі былі апушчаныя.

Я ішоў да цябе
Ад мінулай зямлі,
З тагачасных снягоў,
Што даўно адмялі. –

спяваў на кружэлцы Зміцер Вайцюшкевіч.
І бачыліся гэтыя бясконцыя снягі, гэтая мінулая зямля з чорнымі сілуэтамі зледзянелых кашлатых дрэваў, што гудуць і стогнуць пад парывамі няспыннага злога ветру. Бачыліся чорныя маўклівыя хаты, дзе ні голасу, ні агеньчыку. Бачыліся адзінокія чалавечыя сляды-яміны ў зімовым полі. Хто ішоў? Куды ішоў? Невядома. І ці трэба ведаць?
Ой, што тут было! – паміж пацалункамі гаварыла Скаблінская. – Міліцыянты білі дэманстрантаў дубінкамі.
Дручкамі, – чамусьці паправіў яе Вітаўт, раптам успомніўшы, што паэт Даніловіч-Гоцкі менавіта так называў гэтыя «дэмакратызатары».
Няхай дручкамі. Усёроўна балюча. Я сядзела, затаіўшыся, у машыне, а наўкол мяне кіпеў сапраўдны бой. Моладзь шпурляла ў міліцыю тратуарную плітку, выдзіраючы яе з зямлі. І я ўзгадала, як у школе на ўроку гісторыі (памятаеш нашую сто першую школу?) настаўнік Самуіл Яфімавіч расказваў пра падзенне Рыма. Як падчас гэтага крывавага падзення, гэтага краху багатыя раскошныя патрыцыянкі аддаваліся ўсімрабам, варварам... Уяўляешнаўкол агонь, пякучы попел, стогны, кроў, смерць, наўкол заваёўнікі разбіваюць на друз, на дробныя кавалачкі мармуровыя статуі алімпійскіх багоў, што яшчэ міг назад былі святынямі, а яны, звышпрыгожыя і недаступныя, аддаюцца любому, хто пажадае!
Эльвіра, балюча пацалаваўшы Гарткевіча, ярка бліснуўшы вачыма, моцна прытулілася да каханка, спытала шэптам:
Скажы, што такоежыццё?
Жыццё? Цяжка вось так адразу вызначыць. Не ведаю, – мармытнуў Вітаўт. – А што па-твойму?
Пошукі аргазму.
Не апашляеш?
Ні кропелкі. Так яно і ёсць, – дрыготкім узбуджаным голасам адказала залатавалосая тэмпераментная рызыкантка і раптам крыкнула:
Бяры мяне!
Гарткевіч імгненна падпарадкаваўся гэтаму страстнаму клічу, гэтаму нябеснаму сігналу, які адчыняе ўсе запоры, ломіць усе замкі, спалучае ў адно целы і душы.
Бяры мяне, – звіваючыся ў Вітаўтавых руках, абміраючы ад ягоных пяшчотаў, прасіла-маліла Эльвіра. – Бяры салодка. Бяры балюча. Я не патрыцыянка. Я твая рабыня.
Яны кахаліся ў цесным аўтамабільным салоне, у паўцемры, на каляным цвёрдым сядзенні, а, здавалася, плывуць на мяккім залатым воблаку ў ранішнім яркаблакітным небе.
Нарэшце Вітаўт, знясілена-спустошаны гэтым вострым вогненным каханнем, абмяк, раскінуў рукі, заціх. Так адвальваецца ад яркай кветкі лугавы чмель, абпіўшыся густым пяным нектарам. Эльвіра ўсё яшчэ гарнулася да яго, і ён чуў, як хутка бецца, горача трапеча ейнае сэрца.
Ці знойдзецца ў цябе што выпіць? – спытаў ён.
Яна моўчкі дастала з «бардачка» маленькую прыгожую бутэлечку:
Вось вазьмі. Крамбамбуля «Панская».
Адным доўгім прагным глытком ён выпіў бадзёрае пахкае змесціва бутэлечкі, цмокнуў каханку ў шчаку:
Я пайду.
Не забывай мяне, рыцар, – ціха сказала яна, і ў голасе халаднеў сум. Яна глядзела, як ідзе ён па цесным ужо вечаровым гарадскім двары, дзе пад кантролем мамаў і бабулек бегаюць шумлівыя ярка апранутыя дзеці, уздыхаюць аб нечым дзяды-пенсіянеры, збіваюцца ў агрэсіўныя купкі бамжы. Сонца падала яму на спіну, і, здавалася, што на ім залатыя бліскучыя латы, што ён і насамрэч рыцар. Ён аддаляецца, вось-вось увойдзе ў арку, знікне з вачэй. І яна хуценька перахрысціла яго.
Гарткевіч кіраваўся дахаты. Вядома, Віялета адразу ж уключыць бензапілу «Дружба» (так называў Вітаўт іхнія ўжо амаль пастаянныя хатнія спрэчкі), пачне раздражнёна казаць сухім нібы драўляным голасам зняважлівыя рэзкія словы, потым будзе крычаць, затымбегаць па вітальні і кухні, уздымаючы ўгору тонкія яшчэ прыгожыя рукі, якія калісьці ён любіў цалаваць. Але няхай. Гэта ўжо не надта хвалюе яго, зрабілася звычным, нават у нечым як бы абавязковым рытуалам. Сэрца паступова пакрываецца лядком. Хіба толькі сустрэчы з даўняй школьнай сяброўкаю Эльвірай Скаблінскай дадаюць перцу ў прэснае нецікавае жыццё, прыносяць у яго, як ён недзе вычытаў і запомніў, халодныя дрыжыкі шчасця. Ды ёсць нязменная радасцьдачка Валькірыя. Дзеля яе, мілай разумнай безабароннай дзяўчынкі, захоўвае ён сямю. Толькі дзеля яе.
Па дарозе дадому Гарткевіч завярнуў у піўнуху і яшчэ выпіў амаль шклянку гарэлкі. Для смеласці. Пачуваўся даволі пяным, калі дабрыў нарэшце да свайго падезду. У галаве злёгку шумела. Але ён рашуча набраў на дзвярах код кватэры, высока ўздымаючы ногі, каб не зачапіцца за ступенькі, пайшоў па лесвіцы да ліфта. Сустрэчы з Віялетай ён не баяўся, нават дэманстратыўна перабраў з гарэлкаю, зыходзячы з прынцыпу: калі ўжо надумаў тапіцца, дык выбірай вялікую раку.
Раптам у сваёй паштовай скрынцы, якая была напаўрасчынена, заўважыў нейкую паперчыну. Што гэта магло быць? Не шукаючы ключык, ірвануў пагнутыя хуліганістай дзятвой дзверцы. Паперчына ўпала на брудную затаптаную падлогу. Вітаўт падабраў яе. Гэта быў паштовы квіток на атрыманне бандэролі. Нехта яму, Гарткевічу, прыслаў бандэроль. Цуд, ды й толькі! Аказваецца, нехта ў гэтым агромністым халодным жорсткім свеце памятае пра яго, ведае ягоны хатні адрас. І ён вырашыў неадкладна атрымаць бандэроль, развярнуўся, пайшоў у паштовае аддзяленне.
Там да вакенца з касіркай цёк тоненькі журботны ручаёк пенсіянераў. Змарнелыя стомленыя няпростым жыццём старыя людзі (у большасці жанчыны) цярпліва выстойвалі сваю чаргу. Сціплая вопратка. Патухлыя позіркі. «Няўжо й я буду такім?» – падумаў Гарткевіч. Некалі ж яны, гэтыя ціхія людзі, былі ярасна шумнымі гарачымі камсамолкамі і камсамольцамі, аддана верылі ў светлую будучыню, спявалі звышбадзёрыя песні, радасна крочылі з чырвонымі сцягамі і партрэтамі крэмлёўскіх правадыроў на дэманстрацыях. Ці думалі яны пра такую старасць?
Калі нарэшце ён прасунуў свой пашпарт і квіток у запаветнае вакенца, касірка, маладзенькая строгая дзяўчына, павяла кірпаценькім носікам, суха спыталася:
Чаму вы такі пяны?
Я таму такі пяны, таму што я такі пяны, – з фальшывай жыццярадаснай усмешкаю паспрабаваў скаламбурыць Вітаўт. Ды нумар, як кажуць, не прайшоў.
Пенсіянеркі, быццам па камандзе, забурчэлі:
Ходзяць тут, коні здаровыя, пюць...
Глыбокашаноўныя любімыя пенсіянеры, – галантна пакланіўся суровай чарзе Вітаўт Гарткевіч. – Вы, вялікі-вялікі дзякуй Богу, дажылі да сваёй пенсіі, а я не дажыву. Я памру, а вы яшчэ будзеце доўга жыць, атрымліваць пенсіі, і яны будуць большыя, бо мая вам дабавіцца.
Гэтымі неабачнымі словамі бедалага канчаткова ўзюшыў чаргу. О, маўклівы беларускі народ! Як пісаў калісьці класік: «Я маўчу-маўчу, трываю, але хутка загукаю: “Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!”». Калі б у гэты момант у руках у пенсіянерак была стралковая зброя, не выйсці б Гарткевічу з пошты. Якія толькі гнеўныя словы не паліліся ў ягоны адрас!
Улавіўшы, што на гэтым фронце ён церпіць ганебную паразу, Вітаўт утапіў галаву ў плечы, лісліва зашаптаў у вакенца:
Разумееце, я развёўся. З вялікай радасці напіўся. І адразу ж жанюся на вас, як толькі вы, непараўнальная каралева прыгажосці, выдасце мне бандэроль.
Касірка фыркнула, але, схадзіўшы ў бакоўку, прынесла бандэроль, ладнаваты жоўты пакунак. Пэўна, на яе падзейнічала не прымітыўная пахвала ейнай прыгажосці; пэўна, яна проста захацела суцішыць разгневаную чаргу, як найхутчэй выправадзіўшы недарэчнага пянага субекта.
На вуліцы Гарткевіч хуценька разарваў бандэроль і аж ускрыкнуў: на яго ва ўпор глядзелі матчыныя вочы, вочы, што патухлі васемнаццаць гадоў таму. У руках ён трымаў медальён з помніка на матчынай магіле, металічны эліпсавідны з пацямнелым ад часу, але такім родным незабыўным матчыным партрэтам. Маці была гладка прычасаная, з крыху прыжмуранымі вачыма. Пэўна, нявопытны вясковы фатограф, здымаючы на вуліцы, пасадзіў яе так, што сонца свяціла ў твар.
Да медальёна прыкладалася цыдулка, якую напісала сястра Іна:
«Добры дзень, дарагі братка! Грошай прысылаць ужо не трэба. Мы самі, я й мае дзеці, склаліся і паставілі мамцы новы помнік. Высылаю табе гэты партрэт, каб не забываў нашую мамку і ўсіх нас, бо на помніку мы ўманціравалі новы, прыгажэйшы. Прывітанне Віялеце і Валькірыі. Шчасця і моцнага здароўя табе, наш дарагі багаты братка!».
Слова «багаты» было густа падкрэслена.
Гарткевіч, стоячы на шумнай мінскай вуліцы, глядзеў на сціплы немудрагелісты медальён, і адшумелае, здавалася, назаўсёды забытае жыццё пачынала ўладна віраваць-звінець у душы. О, як бедна-багата, о, як добра, о, як па-юначы трывожна было ў тых незваротна далёкіх залатых днях! Там шумелі дажджы і круціліся белыя студзеньскія завірухі, стаяла пад старой шумналістай ліпаю прасторная амаль новая хата, жыў кот па мянушцы Драпежнік. Там усё было першае: першая радасць, калі пад калючай зялёнай лапкаю елкі знаходзіш крамянага таўстаногага баравіка; першая крыўда, калі цябе не бяруць з сабой старэйшыя хлопцы ісці купацца пад жалезны мост на раку Нясяту; першае шчасце, калі маці расчэсвае жоўтым касцяным грабеньчыкам твае дзіцячыя выгаралыя на сонцы валасы, цалуе цябе ў макаўку і шэпча на саменькае вуха: «Малы... Мой малы, мой любімы хлопчык...».
Неяк дзесяцігадовым падшыванцам ён доўга падцягваўся на школьным турніку, пэўна, перасіліў руку, і пад скураю на левым запясці пачаў з дня ў дзень расці, перакочвацца, цвярдзець нейкі як бы шарык. «Грызь», – вызначылі аднавяскоўцы. У раённай бальніцы яму зрабілі аперацыю. Ён амаль цэлы месяц ганарліва хадзіў з забінтаванай рукою. Калі ж перавязку знялі, на руцэ ярка бачыўся глыбокі няроўны сіняваты шнар. Маці тады пацалавала ягоную руку, сказала: «Некалі, як вырасцеш, станеш вялікі, глянеш на яго і ўспомніш гэты дзень».
Гарткевіч схаваў медальён у кішэнь, падвярнуў рукаў плашча, зірнуў на запясце. Шнар, ужо не такі выразны, быў на сваім звычным месцы, напамінаў аб маці і аб тым незваротным дні.
Гады два таму пазваніла Іна, паведаміла, што помнік на матчынай магіле патрэскаўся і нахіліўся, трэба нешта рабіць. «Людзі кажуць, што ў цябе ў Мінску ёсць багаты брат. Няўжо ён, багач, не знойдзе грошай на новы помнік?» – не прамінула падкалоць сястрычка.
Як яны ўсе абрыдлі з гэтымі пастаяннымі грубымі напамінамі аб нейкім міфічным ягоным багацці! Ды нельга ў такой краіне, з такім народам быць багатым. Нельга. Тут багатых людзей ненавідзяць нейкай паталагічнай пячорнай нянавісцю. Адкуль гэта вядзецца? Можа, яшчэ з часоў прыгону, калі мясцовыя сяляне былі рабамі ў паноў. Потым наляцелі, як саранча, бальшавікі, пратрубілі на ўвесь свет аб зямным чырвоным раі ў адной шостай частцы свету, ды неўзабаве загналі сялян у калгасыяшчэ большае і страшнейшае рабства. Пры панах хоць усё было чэсна і адкрыта. Япан. Тымой халоп, і я луплю з цябе скуру. Пры бальшавіках усё было абмазана густым мёдам хлусні. Усе, і першы сакратар райкама, і вясковы пастух, і калгасная даярка роўныя, усебраты і сёстры. Аб гэтым дзень і ноч з чорных талерак, што віселі на сцяне ў кожнай хаце, крычала, аж захліпвалася, маскоўскае і мінскае радыё. Аб гэтым жа звонка чаканіў у сваіх несмяротных вершах Янка Купала: «Якалгасніца маладая. Жыву весела, ані дбаю!». Потым рухнуў-абваліўся, як стары калгасны амбар, СССР. Прыйшлі дэмакратыя і рынак. Ён, Гарткевіч, звольніўшыся з войска, цягам пакутлівейшых высілкаў, поўнай мабілізацыяй сваіх духоўных, фізічных і фінансавых магчымасцяў здолеў арганізаваць свой такі-сякі бізнэс. І што ў выніку? Якая з усяго гэтага радасць? Дыніякая. Сёння ён у вачах аднавяскоўцаў, родзічаў, былых саслужыўцаў, словам, у вачах усіх тых, хто й пальцам не паварушыў, каб хоць нешта зрабіць, – рвач, бандзюга, крывасмок. «Не буду рабіць на пана!» – крыкнула яму проста ў твар пянаватая вясковая маладзічка, калі ён прапанаваў ёй працаваць у ягонай фірме.
Гарткевіч нярвова паправіў акуляры, што ледзь не зваліліся з пераносся. Багач! Які ён багач? Збіраўся зрабіць аперацыю на вачах, каб не насіць гэтыя, як пісаў Маякоўскі, «очки-велосипед», ды элементарна не хапіла грошай. А цяпер наогул ён, калі ляснулася фірма, ніхто, нуль, пустое месца, чорная дзірка. Гэта калі ты на кані, калі вецер удачы бе пад крыло, сябры і знаёмыя робяць выгляд, што не заўважаюць тваіх поспехаў, хоць па начах грызуць падушкі ад зайздрасці. Але варта толькі спатыкнуцца, пахіснуцца, знізіць вышыню палёту, як аказваецца, што абсалютна-абсалютна ўсе вельмі пільна сочаць за табою. Званіў жа пазаўчора былы аднакурснік Сундукоў, весела выгукнуў у слухаўку:
Вітаю, брат, і віншую! Зноў ты такі, як усе мы
Гарткевіч, усё яшчэ пяны, паныла плёўся дадому, раздражнёна пазіраючы на сустрэчных людзей. У некаторых былі даволі вясёлыя задаволеныя жыццём твары. Сусветны крызіс, а ім хоць бы хны. Расце інфляцыя, растуць беспрацоўе і кошты ў крамах ды супермаркетах, а яны, як дзеці, шчабечуць аб нечым сваім дробязным. Як зразумець такі народ? Пэўна, ён, народ, ужо нараджаецца запраграмаваным на вельмі невысокія жыццёвыя патрэбы. Дзе еўрапеец адламаў бы сабе цэлы кавалак, тутэйшы чалавек адшчыкне кавалачак. І шчаслівы.
Заставалася толькі адзіная на гэты момант радасць: медальён з выяваю маці, які Вітаўт паклаў ва ўнутраную кішэню плашча якраз насупраць сэрца. Медальён грэў душу, вяртаў у маленства. Гарткевіч брыў па гора­дзе, але быццам не заўважаў апрыклыя аднастайныя будынкі, аўтобусы і тралейбусы з яркай прымітыўнай рэкламаю на баках. Яму ўспаміналася, як малымі яны зімой гулялі-біліся ў снежкі і лядзянкі, летаму глышкі, цвёрдыя балючыя кавалачкі сухой зямлі. Там, у малалецтве, было, аказваецца, так добра, і нездарма сказаў калісьці мудры чалавек: «Будзь малым, не спяшайся ўцякаць з дзяцінства».
Дома жонка Віялета сустрэла мужа абыякава-пагардлівым позіркам, зедлівым пытаннем:
Ну й што новага ў Цэнтры занятасці?
Яна была ў пярэстым, пад леапарда, халаце, які Вітаўт вельмі не любіў. Віялета ведала пра такую нелюбоў і наўмысна апранула халат.
Гарткевіч, стараючыся нейкім чынам замірыцца з жонкаю, шырока ўсміхнуўся, дастаў з кішэні медальён:
Вось прынёс.
Што гэта за бляшанка? – ускіпела Віялета. – Можа, у Цэнтры занятасці пачалі асабліва няшчасным бамжам уручаць прызы?
Са свайго пакойчыка выйшла Валькірыя. Яна ўжо прывыкла да амаль штодзённых спрэчак сваіх бацькоў, і твар быў спакойны. Узяла ў рукі медальён, спыталася:
Што гэта?
Гэта партрэт тваёй бабулі Веры, – пачаў тлумачыць Вітаўт. – Ты яе, на жаль, не бачыла, бо памерла бабуля да твайго нараджэння.
Я бачыла яе фатаграфіі. Прыгожая ў цябе была маці, – сказала Віялета.
Дзякуй, дачка. Ты падобная на бабулю, і таксама вельмі прыгожая.
Клуб прыгажуноў, дый толькі! – узялася за бакі Віялета. Было відно, што яна не жадае прымірэння, нарываецца на скандал.
Гарткевіч, адчуўшы такое, стараўся ўсё-ткі стрымлівацца. Старанна працёр медальён насоўкай, задуменна прамовіў:
Васемнаццаць гадоў таму памерла мая мамачка, уручыла Богу сваю душу. Васемнаццаць гадоў, а, здаецца, усё было ўчора. Помню, як мы ставілі помнік з гэтым медальёнам. Тады ішоў дождж. І шумелі мокрыя хвоі на нашых могілках, быццам плакалі.
Дык ты быў у Цэнтры занятасці ці не? – рэзка перапыніла ягоныя лірычныя ўспаміны Віялета. Яна прасавала бялізну на дошцы, трымала ў руках гарачы прас, і твар быў чырванаваты. Адчувалася нешта нядобрае ў гэтай чырванаватасці.
Але Вітаўт, цалкам адплыўшы ў мінулае, нібы не чуў жонку. Ёйныя злыя словы праляталі міма свядомасці.
Пастаўлю цябе, мамачка, побач з абразком Маці Божай, – расчулена казаў Вітаўт. Як чорны глухі сон, мінуліся дзесяцігоддзі драпежнага камуністычнага атэізму, і можна было, не хаваючыся, хадзіць у царкву альбо касцёл, хрысціць дзяцей, трымаць у сябе дома на самым пачэсным месцы святыя абразы. Гарткевіч таксама змайстраваў на покуце ў спальні дыхтоўную рэлігійную палічку, дзе былі свечкі, якія дачка Валькірыя запальвала ў адпаведныя дні і адкуль са строгай мудрай журбою глядзеў на людзей лік Дзевы Марыі. Вось да гэтай палічкі ён і накіраваўся. Але дарогу, кінуўшы на прасавальную дошку прас, перагарадзіла Віялета.
Ты хочаш сказаць, што гэты медальён ажно васемнаццаць гадоў быў на могілках? – звузіўшы светла-карычневыя бліскучыя вочы, пераходзячы на шэпт, сказала яна. – Ажно васемнаццаць гадоў? Паміж магіл, крыжоў... Удзень і ўначы... Паміж смерці і тлену... І ты валачэш яго ў нашую спальню? Але ж у імсурокі, чары, насланнё, псота... У імхваробы, мае і тваёй дачкі... Здыхай сам, але мы яшчэ хочам жыць!
Яна раптам з дзікай сілаю выхапіла ў Гарткевіча медальён, закрычала:
Выкіну! Выкіну ў фортку гэтую клятую бляшанку!
На пальцы ў Вітаўта выступіла кроўтак рэзка шмаргануў востры край медальёну па скуры. Віялета ж ірванулася да вакна.
Не смей! – зароў Гарткевіч. – Не смей!
Ён балюча ламануў жончыну руку, адабраў медальён. Вогненным малаточкам застукала ў скронях. Пацямнела ўваччу. Ён аж пахіснуўся.
А-а-а! – залямантавала Віялета. Схапіўшы гарачы прас, па-звярынаму ашчэрыўшы зубы, яна тыцнула прасам мужу ў твар. Ён ледзьве паспеў засланіцца рукою, балюча апёкшыся.
Няўдаліца! Вырадак! Імпатэнт! – шалёна круцілася наўкол яго з гарачым прасам разятраная жонка, рыхтуючыся, нібы кобра, да новага пякучага ўдару.
У Вітаўта смылела рука. Гэтай рукою ён размашыста тыцнуў жонку ў зубы. Яна завалілася спіною на канапу. З вуснаў (імгненна заўважыў Вітаўт) звісла чырвоная нітка сліны і крыві. «Што я раблю?» – жахліва халадзеючы, падумаў ён.
Садыст! – крыкнула раптам Валькірыя, любімая дачка.
Гарткевіч у нейкім бяспамяцтве ўдарыў і яе. Потым, прыціскаючы да грудзей медальён, падышоў да палічкі, асцярожна паставіў яго побач з абразком Маці Божай, запаліў свечку. Чуў, як за спіною ціха гавораць маці з дачкою, збіраюць рэчы. Ляснулі дзверы. Ён застаўся адзін. Затрымцела цішыня. Так трымціць апошні жоўты лісток на халоднай восеньскай бярозе.
Ён упаў на ложак, тварам у падушку. Як жыць? Дзеля чаго жыць? Навошта жыць, калі ведаеш, што некалі абавязкова памрэш? Толькі што ён ударыў жонку і дачку, ударыў жорстка, балюча. Навошта ён іх ударыў? Хіба нельга было стрымацца, сцярпець, а калі й біць, то словам, а не чыгунным мужчынскім кулаком.
Асабліва невыносна было думаць, што ўдарыў Валькірыю, сваю любімку, сваю кветку. Як спявае Зміцер Вайцюшкевіч:

Ёсць у мяне дочачка.
Янаадзіночачка.

Навошта зняважыў ударам сваю адзіночачку, даражэй якой няма нікога на цэлым свеце? Пылінкі здзьмухваў з малой, расчэсваў валосікі, мыў-купаў з духмяным мылам у ванне, цалаваў дзіцячую вішнёвую ад цёплай вады попку. Іударыў!
Гарткевіч глуха застагнаў, укусіў сябе за руку.
Не, не так ён жыве. А як жыць па-інакшаму не ведае. Лопнуў бізнэс, што яшчэ з паўгода таму быў сэнсам усяго. Трэба ўсё пачынаць з нуля, трэба нешта рабіць. Але няма сілаў, ды й няма, шчыра кажучы, жадання зноў упрагацца ў тыя ж самыя калёсы.
Ён перавярнуўся на спіну, ляжаў, заклаўшы рукі за галаву, глядзеў у змрок. Цяклі хвіліны, гадзіны... Заціхаў за вокнамі горад. Заціхаў дом. Паступова глухое дыханне ночы завалодала ўсім. Дзе цяпер Віялета з Валькірыяй? Некалькі разоў званіў па мабільніку, але ў адказмаўчанне.
Раптам там, дзе была палічка з абразком Маці Божай і куды ён уладкаваў медальён, успыхнула слабое таямнічае святло. Быццам сама сабою ўключылася малюсенькая электралямпачка.
Гарткевіч, не адрываючы позірк ад покуці, павольна ўзняўся, сеў на ложку. Што гэта? Галюцынацыя, белая гарачка?
Святло павялічвалася, пашыралася, з бледнага рабілася жоўтым, залатым, а затым чырвоным. Выступіў са змроку твар Богамацеры. Мудрыя ўсёдаравальныя вочы глядзелі проста ў душу.
Вось святло парывіста затрапятала, нібы падзьмуў моцны вецер, налілося нясцерпнай вогненнай зіхоткасцю, і ён, халадзеючы сэрцам, зразумеў, што прычынаю ўсямумедальён, які доўгіх васемнаццаць гадоў у дождж, у завіруху, у спёку, удзень і ўначы жыў-існаваў на закінутых вясковых могілках. Гэта магло б падацца недарэчным незразумелым сном, але гэта было яваю.
Ярка-чырвоны аж іскрысты медальён раптам адарваўся ад палічкі, як лёгкі паветраны шарык, узвіўся пад самую столь спальні і быццам прыліп да яе. Здавалася, адтуль ён цікуе, куды паляцець далей.
У Вітаўта ад спалоху закалацілася сэрца. Ён усхапіўся, але не пабег са спальні, а незразумела чаму стаў у поўны рост на ложку, прыляпіўшыся спіною да халоднай сцяны, і неадрыўна глядзеў на медальён. Што гэта? Таемны знак, сігнал? Начны трывожны госць з паралельнага свету? Успомнілася, як у вайсковай вучэльні ўсе смяяліся з курсанта Пупышава. Той, вярнуўшыся ўначы з каравульнай вышкі, дрыжаў ад страху, кінуў прэч карабін і крычаў, што больш не пойдзе на пост, бо да яго толькі што прыходзіў ягоны нябожчык-брат. «Ён пацалаваў мяне ў самыя вусны», – кляўся-бажыўся худзенькі белабрысы Пупышаў. Смяяліся. Не верылі. А праз тры дні Пупышаў застрэліўся падчас каравулуразуўся, узяў ствол карабіну ў рот і вялікім пальцам правай нагі націснуў на спускавы кручок.
Праз нейкія хвіліны медальён, нібы адшукаўшы ахвяру, павольна, а затым усё хутчэй пачаў лётаць-кружыцца па начной спальні. Прыкладна так лунаюць у небе кордавыя авіямадэлі. З кожным бясшумным і страшным гэтай сваёй бясшумнасцю кругам медальён набліжаўся да Гарткевіча. Вось ужо пачало абдаваць ветрам твар, узвіхурыла валасы.
Што азначаў палёт вогненнага медальёна? Якая злавесная таямніца была ў гэтым нібы рытуальным кружэнні?
«Такога не можа быць. Гэта сон», – ліхаманкава думаў Вітаўт. Ён хацеў узняць рукі, каб адмахнуцца, абараніцца, ды рукі былі як не свае, не падпарадкоўваліся. Ён хацеў крыкнуць, але знік голас.
Медальён зрабіў яшчэ адзін ужо непадуладны воку круг, падскочыў, як шаравая маланка, угору і з усяе сілы ўдарыў Гарткевічу ў грудзі, убіўся, упіўся, уплавіўся ў самае сэрца.
<…>
V

Яны сустрэліся ў Інстытуце траўматалогіі: Антон Даніловіч-Гоцкі, Іван Мастоўскі і Вітаўт Гарткевіч. Так патрэбна было Богу, так патрэбна было Небу, каб яны сустрэліся. Усе трое цяжка параненыя, знявечаныя, але жывыя. Ляжалі пад скальпелем хірурга, пад кропельніцамі, у бінтах, у гіпсе, цярпелі боль і высокую тэмпературу і нават не здагадваліся, што знаходзяцца зусім побач, у суседніх бальнічных палатах.
Першы ачуняў, стаў на ногі Даніловіч-Гоцкі. Павольна хадзіў па бальнічным калідоры, здароўкаўся і жартаваў з медсястрычкамі, абяцаючы напісаць пра іх паэму, напрошваўся, каб узялі яго да сябе ў памочнікі.
А што вы ўмееце рабіць? – смяяліся медсёстры.
Я шмат чаго ўмею, – глыбакадумна адказваў паэт. – Хоць я не вялікі скульптар, але магу рабіць маленькіх людзей. Хоць я не доктар, але добра ўмею падслухоўваць шум у чужых вушах.
Сабраўшы купку цікаўных, расказваў пра сваіх вясковых сваячак Хадору і Аксеню. На свае вочы сам іх ужо не пабачыў, але чуў шмат аповедаў ад людзей.
Старэйшая Хадора, калі калгасны брыгадзір не даваў у дровы каня, казала (а было гэта перад самай вайною):
Скарэй бы ўжо тыя немчыкі прыйшлі.
Калі ж «немчыкі» і сапраўды прыйшлі, дакладней, прыехалі на матацыклетках у Захараўшчыну, і праз нейкі час пачалі зганяць мясцовую моладзь для адпраўкі ў Германію, яна ў летнюю спякоту абвязала галаву вялізнай хустай, намазала шчокі сажайвыдавала сябе за глухую і сляпую бабулю. Вяскоўцы смяяліся:
Хадора, чаму не пячэш аладкі? Твае ж немчыкі прыйшлі.
Ужо калі скончылася вайна, у тлумны хрушчоўскі час у адзін дзень памерлі ейныя брат Пятрок і сястра Аксеняучадзелі. Яны ляжалі ў трунах, а Хадора, зваряцеўшы ад такой неспадзяванкі, хадзіла наўкол, нешта шаптала сама сабе і час ад часу гаварыла нябожчыкам:
Чаго разлегліся? Дроў у хаце няма, вады. Вазьміце па вядру, прынясіце ў хату халоднай вадзіцы.
Чаму Даніловіч-Гоцкі ў траўматалагічнай бальніцы, у «краіне зламаных касцей», як жартавалі пацыенты, успомніў пра Аксеню і Хадору? Цяжка адказаць. Пэўна, шукала душа нейкага супакаення, нейкага трывалага берагу паміж крыві і пакуты. А толькі ўспаміны аб назаўжды страчаным, але й назаўжды дарагім і незабыўным даюць чалавеку такую трываласць.
У палаце хворых было, як селядцоў у дзежцыажно дзевяць чалавек. Самы розны люд і з самымі рознымі траўмамі. У пераважнай большасці маладыя рабочыя з мінскіх заводаў і будоўляў. Гісторыя атрымання траўмы амаль класічная: у дзень зарплаты выпіў з сябрукамі, ішоў, паслізнуўся, ачуняўгіпс! Вырваныя нечаканым калецтвам са звычнага жыцця, гэтыя людзі, яшчэ ўчора такія здаравякі-магуты, у імгненне вока ператварыліся ў статак істэрычных капрызлівых самцоў. Рэзаліся ў карты ў падкіднога. Лапалі медсястрычак за ўсе іхнія выпукласці-акругласці. Гаварылі толькі пра сэкс і гарэлку. Паэт паспрабаваў быў заікнуцца пра палітыку і эканоміку, ды яго адразу ж абсеклі:
Ты што, блін, разумнейшы за ўсіх?
Можа ён і быў разумнейшы за шмат каго з іх, але менавіта гэты розум даў яму самую правільную ў падобнай сітуацыі каманду: «Не лезь. Не вытыркайся. Пражыві непрыкметна».
Жыць-існаваць у гэтым вэрхале з такой устаноўкаю было для гаваркога Антона надзвычай цяжка. Ды што паробіш? Як кажуць: жыццё кароткаекрышку пацярпі. Даводзілася цярпець, выслухоўваючы ў свой адрас перлы прыкладна такога кшталту:
Ну ты й храпеш ноччу! Як кабан, якога рэжуць.
І Даніловіч-Гоцкі ратаваўся чытаннем. У прыватнасці, прачытаў, накрыўшы галаву падушкаю, біяграфію Адольфа Гітлера. Аказваецца, на германскага фюрэра было ажно сорак замахаў. І ўсе няўдалыя. «Мяне беражэ Бог! » – крычаў Гітлер на шматтысячных мітынгах і падчас выступленняў у рэйхстагу. Уся штуковіна аднак была ў тым, што Бог і сапраўды бярог Адольфа, але бярог для таго, каб фюрэр на свае вочы пабачыў абсалютны крах фашысцкай сістэмы, ператварэнне ў чорны дым і шэры попел задуманага нацыстамі тысячагадовага рэйху. Лепей было б яму загінуць у ліпені 1944 года ад бомбы графа Шуленберга.
Лявон Кукарэка, што прыносіў у траўматалогію кніжкі і сякія-такія немудрагелістыя прадукты, аднойчы сказаў:
А чаго ты топчашся адзін у калідоры? Тут жа лечыцца Іван Мастоўскі. Яго яшчэ называюць Мастадонтам. Памятаеш нашую баталію ў кафэ?
Такая навіна вельмі ўзрадавала Даніловіча-Гоцкага. Ён адразу ж памкнуўся адшукаць здаравілу, які, аказваецца, ляжаў зусім недалёкау трэцяй палаце. Ды медсястра, чарнавалосая пухлаваташчокая дзеўчынёха, паведаміла, што хворы Мастоўскі знаходзіцца цяпер у перавязачнай.
Вырашылі пачакаць, стоячы каля вакна з патрэсканымі запыленымі шыбінамі. Антон, згаладалы па інтэлектуальных размовах, гаварыў і гаварыў. Лявон Кукарэка, зрэдзь устаўляючы слоўца-другое, слухаў, згодна ківаў галавою.
І я праліў кроў сваю ў Курапатах, – як бы дзівячыся, казаў Даніловіч-Гоцкі. – Ніколі б і не падумаў пра такое, аж, бачыш, як склалася. Колькі ў той зямлі беларускага люду пакладзена! Ды не абы якога люду. Інжынеры. Аграномы. Вайскоўцы. Пісьменнікі. Эліта нацыі. Там, пэўна ж, у курапацкім пясочку і Алесь Дудар ляжыць. Памятаеш ягоны верш «Пасеклі край наш напалам»?
Кукарэка хітнуў лысай галавою.

Пасеклі край наш напалам, –

глухаватым усхваляваным голасам пачаў дэкламаваць Даніловіч-Гоцкі, –

Каб панскай вытаварыць ласкі.
Вось гэтавам, а гэтанам.
Няма сумлення ў душах рабскіх.

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края.

Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым.

Паэт Дудар быў надзвычай адважным, у нечым рызыкоўным чалавекам, – крыху памаўчаўшы, зноў загаварыў Антон. – У час паэтычных выступаў, калі слухачы з залы перадавалі яму цыдулкі, напісаныя па-расійску, казаў: «Я не буду размаўляць на гэтай кітайскай мове». Праўда, пад час допытаў у НКУС адказваў следчым (захаваліся пратаколы) толькі расійскай моваю.
Калі пяткі падсмажаць, загаворыш і на папуаскім дыялекце, – строга варухнуў цёмнымі бровамі Лявон Кукарэка. – А ты тут пішаш што-небудзь?
Гэта ж Садом і Гамора, – усміхнуўся Даніловіч-Гоцкі. – Тут галава ацалела б, а не нейкія звіліны ў мазгах. Хаця адзін вершык сачыніў.
Чарговы шэдэўр? – падкалоў сябрука Кукарэка.
Ды нешта ў стылі таго ж Алеся Дудара. Называецца «Маналог беларускага верабя». Усяго адзін-адзіны куплецік.
Пачытай.
Выконваю заяўку, – кашлянуў у кулак Антон. – Слухай.

Хочуць гускамі лятаць.
А я не лячу.
Хочуць рускімі стаць.
А я не хачу.

Ой, не павесяць табе на грудзі медалёк падчас твайго юбілею, – нахмурыўся Лявон Кукарэка.
Які медалёк? – весела зарагатаў Даніловіч-Гоцкі. – Мне наша роднае Міністэрства культуры нават малюсенькую граматку пашкадавала. Ды мы ж творым не дзеля ўзнагародаў. Ці не праўда, пііт?
Так то яно, можа, й так, – па-філасофску зазначыў Кукарэка. – І ўсё ж не грэх мець узнагароду ад ураду, а не толькі ад народу.
Як мы паразумнелі за апошнія дні, – кісла зморшчыўшыся, прамовіў Антон.
І ў гэты самы час з канца калідора пачулася громагалоснае:
Прывітанне панам лісоўчыкам!
Да Антона і Лявона, шырока раскрыліўшы рукі для абдымкаў, жвава шыбаваў Іван Мастоўскі. Гэтакі ж масіўны, як і раней, шыракаплечы, але жывот апаў, схуднеў, што надавала ўсёй ягонай паставе нечаканую элегантнасць. Галава шчыльна забінтавана белай марляю і выдае за галаву снегавіка. Вочы ззяюць шчырай радасцю. Падышоў, моцна абняў, пацалаваў абодвух. Такая чуллівасць старонняму воку магла падацца крышку тэатральнай, але патрэбна было ведаць Мастоўскагагэты агромністы чалавек меў ад прыроды тонкую трапятлівую душу. Ні вайсковая казарма, ні суровае штодзённае жыццё-існаванне на сацыяльным дне, на самым памежжы з крымінальшчынай не здолелі ператварыць яго ў механічнага робата для здабывання ежы і грошай, у прымітыўнага звера, які дбае толькі пра свой страўнік, спадзяецца толькі на вострыя зубы і кіпцюрыстыя лапы. Нездарма ён прыйшоў у святы касцёл і напоўніцу адчыніў сэрца Хрысту.
Як я рады такой сустрэчы! – горача ўсклікнуў Іван Мастоўскі. – Можна сказаць, само неба звяло нас!
І мы радыя бачыць цябе, Мастадонт, жывым і аптымістычным, – паціснуў яму руку Антон Даніловіч-Гоцкі.
Болей не называйце мяне Мастадонтам, хлопцы. ЯІван Мастоўскі, – сказаў, злёгку пачырванеўшы, усхваляваны здаравяка.
Антон з Лявонам перазірнуліся.
Усяклі. Замётана, пане Іван, – усміхнуўся Даніловіч-Гоцкі.
Усе трое яны павольна пайшлі па бальнічным калідоры, прыпамінаючы і бітву ў кафэ, якая зблізіла іх, і графа Аляксандра Лісоўскага, і крыжаломаў у Курапатах, і Чэрапа. Падсвядома яны адчувалі невыпадковасць наканаванасць сваёй сустрэчы. Іхнія лёсы, іхнія жыццёвыя дарогі павінны былі зліцца ў адно цэлае. Але дзеля чаго?
Насустрач ім шпарка рухаўся белахалатны людскі гурт. Пачыналася звычнае для гэтай установы свяшчэннадзействаранішні абыход. У галаве гурта рашуча ішоў загадчык хірургічнага адзялення Андрэй Кірылавіч Штурхай, саракасямігадовы вусаты таўстун з кароткім нібы абструганым носам. Белы ягоны халат быў незашпілены, бо перашкаджаў жывот. Ва ўсе бакі ад Штурхая струменілася неўтаймаваная энергія. У свой час урач Штурхай удала перабраўся з раённай бальніцы ў мінскую, прынёсшы з раёну грубаваты народны гумар і крылатае падслуханае ў вядомым кінафільме выслоўе: «Резать к чертовой матери!». З хворымі ён абыходзіўся даволі бесцырымонна, быў упэўнены, што бачыць іх наскрозь. Нязводнай народнасцю патыхала ад ягоных парадаў сваім пацыентам: «Какие диеты? Можно и кусочек сала съесть, и рюмочку водки выпить, и красной икоркой себя побаловать. Всё можно, но умеренно».
Разам са Штурхаем тупацелі па бальнічным калідоры доктар Баёк і практыканты з медыцынскага інстытута, у большасці сваёй жылістыя хлопцы са строгімі пранізлівымі вачамі.
Что за непорядок? – рэзка спыніўся насупраць нашай тройцы Андрэй Кірылавіч Штурхай. – Почему больные не в своих палатах?».
Пытанне адрасавалася доктару Байку. Той аж спатыкнуўся, разгублена зняў з пераносся акуляры ў таннай пластмасавай аправе.
Где медицинская сестра? – наддаў голасу металічную суровасць Штурхай. Яшчэ ў правінцыі ён засвоіў самае галоўнае, на ягоны погляд, жыццёвае правіла: з падначаленымі трэба размаўляць толькі камандзірскім голасам. Пачнеш сюсюкаць, гуляць у гуманізм, каменем пойдзеш на сацыяльнае дно, і новы начальнік, твой жа ўчарашні падначалены, пакажа табе, дзе ракі зімуюць.
Прыбегла перапалоханая медсястра. Аддана пазірала на загадчыка хірургічнага аддзялення. Скажы ён ёй зараз скокнуць з вакна трэцяга паверха, без ваганняў скокнула б.
Где вас черти носят? – напусціўся на дзяўчыну Штурхай. – Гуляете, прохлаждаетесь, а больные тем временем без присмотра. Бродят, понимаете, туда-сюда. А вдруг случится приступ, инфаркт, инсульт? И тю-тюна тот свет. А с того света еще никто не возвращался.
Няпраўда, – прагучала раптам у ліслівай цішыні. Усе ўздрыгнулі. Усе паглядзелі на Івана Мастоўскага, бо менавіта ён прамовіў гэтае нечаканае слова.
Няпраўда, – адважна глянуў у вочы разгневанаму белахалатнаму начальніку Мастоўскі. – Вярталіся. З таго свету вярнуўся Хрыстос.
Немагчыма апісаць найвялікшае здзіўленне, якое авалодала ўсімі прысутнымі, у тым ліку, Даніловічам-Гоцкім і Кукарэкам. Нібы адбыўся імгненны пералёт з шэрага нічым неадметнага бальнічнага калідора ў іншае вымярэнне, у паралельны свет. Так праз чорную-чорную густую навальнічную хмару прарываецца калі нікалі вельмі яркі асляпляльны сонечны прамень, ад якога людзі заплюшчваюць вочы. Некалькі хвілінаў усе стаялі моўчкі.
Что это у вас за проповедник отыскался? – нарэшце ачомаўся, павярнуўся да доктара Байка Штурхай. Баёк хуценька заміргаў-затрапятаў доўгімі каштанавымі вейкамі:
Іван Станіслававіч Мастоўскі. Чэрапна-мазгавая траўма.
Всё ясню. То-то его на религиозную тематику потянуло, – хмыкнуў Штурхай і зноў накінуўся на медсястру:
Почему оставили свой служебный пост? Может, на танцульки бегали? Крутите, извиняюсь, задом, а в это время больные слоняются неизвестно где, как, извиняюсь, стадо баранов.
Прашу не зневажаць мяне і маіх сяброў, спадар Толкай, – нахіліўшы галаву, прамовіў Антон Даніловіч-Гоцкі. Ноздры парывіста трапяталі.
Зноў усе здзівіліся, і, у першую чаргу, загадчык хірургічнага аддзялення Андрэй Кірылавіч Штурхай.
Какой то КВН получается, – раздражнёна сказаў ён. – Милейший, моя фамилия Штурхай. Доктор Штурхай. У вас, видимо, тоже черепно-мозговая травма? Очень сочуствую. Надеюсь, у нас вам оказали высококвалифицированную медицинскую помощь?
Дапамогу аказалі. Вялікі дзякуй, – усміхнуўся, нават галантна пакланіўся грознаму загадчыку Антон. – І прабачце, калі ласка. Вы ўвесь час размаўляеце па-расійску, і вам лепей быць Толкаём. Які ж з вас Штурхай? Толкай, ды толькі.
Павісла пераднавальнічнае маўчанне. Усе чакалі як адрэагуе Штурхай. Ён стаяў, наліваўся ў шчоках чырванню. Потым суха шчоўкнуў пальцамі правай рукі. Падалосявавёрка раскусіла лясны арэх.
Я вижутоварищ абсолютно здоров, – сказаў нарэшце Штурхай Байку. – В ближайшую пятницуна выписку!
І белахалатная кавалькада, цокаючы абцасамі і абцасікамі, рванула па бальнічным калідоры. На месцы засталіся толькі нашая тройца ды медсястра, у вачах у якой ужо нараджаўся кіпучы слёзны ручай. Раптам медсястра ўваткнула расчырванелы твар у белы рукаў халата, пабегла следам. А Даніловіч-Гоцкі, Кукарэка і Мастоўскі весела засмяяліся.
Ды ты, браце, як той Марцін Лютэр, – ляпнуў Мастоўскага па плечуку рукою Антон.
Я не Марцін Лютэр. Якаталік. Такі ж вернік, як і ты, – надзіва сурёзна прамовіў Мастоўскі. – І, як ты, я хаджу на імшу ў Чырвоны касцёл і спавядаюся ў ксяндза-пробашча Завальнюка.
Антон з Іванам, наказаўшы Кукарэку, каб чакаў іх у калідоры, хуценька разышліся па сваіх палатах. Усё-ткі не пашкодзіць лішні раз паслухаць парады медыцынскага начальства.
Даніловіч-Гоцкі, як і належыць дысцыплінаванаму хвораму, лёг у ложак, накрыўся шмат разоў мытай тонкай бальнічнай коўдрай. Суседзі па палаце таксама прыціхлі. Кожны думаў пра свае балячкі. Побач з Антонам з пазаўчарашняга дня пасяліўся былы хакеіст Грымукін, высокі хударлявы мужчына гадоў пяцідзесяці. Аказваецца, у які ўжо раз паламаў адну і тую ж нагу. Быў ён вельмі маўклівы. Увесь час трымаў у руцэ кіёчак, на які цяжка абапіраўся. Нават клаўся ў ложак з кіёчкам, што катэгарычна забаранялі медсёстры. І Антон зразумеўгэты чалавек востра сумуе па хакейнай клюшцы. Кіёчакнапамін аб ёй.
Ён жа, Даніловіч-Гоцкі, сумаваў па сваім пакойчыку, дзе яго чакалі кніжкі, рукапісы і кампутар. Толькі там ажывала распроствала крылы душа. Там быў ягоны Сусвет. Там, толькі там рабіўся ён сам сабой. І ўсплывалі ў памяці словы мудрага Янкі Брыля: «Ты пачынаешся тады, калі ты застаешся адзін, калі ніхто, нішто не памагае табе быць добрым ці дрэнным, калі ты робіш выбар сам».
Загадчык хірургічнага аддялення Штурхай, як ні дзіўна, ні словам, ні жэстам не выдаў сваёй непрыязні, вельмі старанна і заклапочана абследаваў Антона, даў парады доктару Байку. Цікава, гэта хітрасць ці службовы прафесіяналізм? Хацелася думаць і верыць, што грозны доктар не забыўся пра студэнцкую клятву Гіпакрата.
Тут жа ў палаце Антон, паслухаўшы размовы ўрачоў, даведаўся, што ў рукі эскулапаў патрапіў і Вітаўт Гарткевіч. Напачатку завезлі яго ў псіхбальніцу ў Навінкі, бо ўсё крычаў пра нейкія таямнічыя медальёны, якія з начных могілак залятаюць да людзей у кватэры. Потым аказалася, што ў яго паламана не адно рабро, разбіты правы плячук, і наогул гэты бізнэсмен, калі казаць грубай моваю тутэйшых кастаправаў, разваліўся на запчасткі.
Улучыўшы хвілінку, Даніловіч-Гоцкі спытаў у доктара Байка дзе знаходзіцца пацыент Гарткевіч. Аказалася, у першай палаце.
Пасля таго, як схлынула белахалатная кавалькада, Антон разам з Іванам і Лявонам зазірнулі ў першую палату. Вітаўт Гарткевіч, вельмі сумны і надзвычай дэпрэсіўны, ляжаў на крайнім ложку, павярнуўшыся тварам да сцяны.
Ён у нас нямы. Ні з кім не гаворыць, – патлумачылі супалатнікі.
Зямеля, – асцярожненька крануў Гарткевіча за плячо Іван Мас­тоўскі.
Гарткевіч узвіўся, яу уджалены гадзюкаю. Вочы мутна-туманныя.
Дзе медальён?! – закрычаў пагрозліва і адначасна спалохана.
Там, дзе й патрэбна яму быць. На могілках. На помніку, – дыпламатычна адказаў Мастоўскі.
А, гэта вы, хлопцы, – пазнаў сябрукоў, слаба ўсміхнуўся Вітаўт. І адразу ж вочы спахмурнелі. Ён хацеў зноў легчы, павярнуўшыся да сцяны, ды Іван Мастоўскі цвёрда ўтрымаў яго за плячо:
Сядзі.
Гарткевіч падпарадкаваўся, падпёр галаву рукамі, з вялікай шкадобаю прамовіў:
Пакарала мяне мамачка. За бяспамяцтва маё пакарала. Медальёнам проста ў сэрца ўдарыла.
Маці не можа караць сваіх дзяцей, – строга і ўрачыста сказаў Антон Даніловіч-Гоцкі. – На тое яна й маці, каб не караць, а любіць. Любіць. А карае нас, людзей, дябал. Ён хоча адвярнуць людзей ад Бога, павесці за сабой у пекла. Уставай, лісоўчык. Не йдзі ў дяблава пекла. Цябе чакае слаўная дарога, на якой ты пераможаш слабасць і страх. Цябе чакаем мы, твае верныя сябры.
Пачуўшы такое, Вітаўт Гарткевіч адразу ж ажыў, ускочыў з ложка, абняў па чарзе Антона, Івана і Лявона. Было відно, што апошнім часам яму проста не хапала цёплага таварыскага слова, цвёрдага надзейнага пляча побач. І вось, калі слова такое прагучала і плячо было падстаўлена, як бы нанова нарадзіўся чалавек.
Усе чацвёра выйшлі ў лядашты бальнічны скверыкнекалькі разбэрсаных дажджом і ветрам кустоў бэзу, два клянкі, тры бярозкі. Селі на шэрую ад непагадзі зрэзаную сцізорыкамі драўляную лаву з паламанай спінкай. Першы загаварыў Антон Даніловіч-Гоцкі, які (чамусьці так сталася) быў у іх за лідэра. І вось што ён сказаў:
Хоць і не ў самым вясёлым месцы, але мы зноў сустрэліся. Лічу, што гэта невыпадкова. Усе мы, як мне бачыцца, неўладкаваныя людзі. Як птушкі без гнязда. А ў каго і было тое гняздо, то сёння яно разбуранае і раскіданае, прычым, не толькі па нашым легкадумстве або гультайстве. Тут спрычыніўся і крызіс, і ўсеагульная грамадская апатыя, і падкопы нашых нядобразычліўцаў. Узнікае заканамернае пытанне: што ж рабіць далей? Ці, патрапіўшы ў жорсткі жыццёвы вір, спрабаваць выплыць кожны паасобку, ці трымацца разам, бо, як мудра гаворыць народ, гуртом нават роднага бацьку лягчэй біць? Што думаеце на гэты конт, спадарове?
Наступны пачаў прамаўляць Лявон Кукарэка, пагладзіўшы сваю раскошную зіхоткую лысіну тонкімі нервовымі пальцамі:
Мы жывем, як ужо ясна нават школьнікам, не ў эпоху развітога сацыялізму, а ў эпоху гастарбайтэра. Яшчэ ўчора ўсе з цяжкасцю вымаўлялі гэтае каструбаватае замежнае слова, а сёння яно адно з самых ходкіх, самых распаўсюджаных. Гастарбайтэр корміць сямю і, па вялікім рахунку, корміць усю сваю дзяржаву. І, заўважце, ён неабавязкова таджык або паўночнаафрыканец. Тысячы й тысячы нашых беларусаў таксама ядуць гэты нялёгкі хлеб, едуць у чужыя краіны ў пошуках шчаслівейшай долі. Іншая рэч, ці ўсё ў іх атрымліваецца так, як яны плануюць, але людзі, асабліва маладыя людзі, едуць. Сёння адбываецца своеасаблівае вялікае перасяленне народаў. Глабалізацыя зачапіла абсалютна ўсіх, зрушыла тысячагадовыя падмуркі. Япаэт. Так ужо склалася і так павярнулася, што я, як раб да галеры, прыкаваны да рыфмаў і рытмаў. Ябеларускі паэт. Беларушчына для мянемаленькі цяністы ўтульны аазіс у спякотнай пустыні глабалізму. Але я разумеюі яна не ў стане адказаць на ўсе вострыя пякучыя пытанні, якія задае кожнаму з нас дужа імклівае зменлівае жыццё. Для сябе я вырашыў так: захаваўшы ў душы беларушчыну, нырнуць у вір глабалізму і пастарацца выплыць. Прасцей кажучы, ці не паехаць нам усім разам куды-небудзь не толькі, як раней спявалася, за туманам, але й за добрым далярам ці еўра? Заадно і свет паглядзім і жыццё, як некалі заклікалі нас з табой, Антоне, цэкоўскія камуністычныя прапагандысты, вывучым. А раптам пашанцуе? Тым больш, што ва ўсіх нас маецца вельмі добры, вельмі яскравы прыкладашаламляльны поспех нашага абаяльнага зямляка Аляксандра Рыбака на тэлевізійным песенным конкурсе «Еўрабачання». Выступаючы за Нарвегію, ён скарыў сэрцы мільёнаў тэлегледачоў. А нам крычалі і яшчэ сёння крычаць: «В Европе и в целом мире белорусов никто не ждет!». Ды няпраўдаждут і чакаюць. Еўропа чакае нас.
Вітаўт Гарткевіч, усё яшчэ поўнасцю не ачомаўшыся пасля псіхалагічнай траўмы, сказаў вельмі коратка:
Лічу, што нам трэба трымацца разам.
Калі ж чарга дайшла да Івана Мастоўскага, той узняўся з краю лавы, памкнуўся да Даніловіча-Гоцкага, усхвалявана паціснуў яму руку. Усе чакалі, што будзе далей. У разварушанай абмытай начным дажджом лістоце бэзу, бярозак і клянкоў бегаў шумеў вецер.
Я ведаю, Антон, што ты пішаш раман «Тры лісоўчыкі», – сказаў Мастоўскі. – Цябе, як я разумею і як ты сам прызнаваўся, натхніў Аляксандр Дзюма і ягоныя «Тры мушкецёры». Некалькі начэй я чытаў, дакладней, перачытваў гэты раман. Сіла! Зацягвае, як добрае старадаўняе віно! І вось, што я думаю. Ты, вядома ж, напішаш свой раман. Добры і патрэбны ўсім нам. А пакуль штобудзь нашым дАртаньянам! Некаму гэта можа падасца дзівацтвам і хлапчукоўствам, але прашу цябестань нашым дАртаньянам! Ты ж, ЛявонАртос. Ты, ВітаўтАраміс. А я (тут Іван Мастоўскі крыху сумеўся і пачырванеў) – Партос.
Сказанае было такім нечаканым, так не пасавалася з шэрымі бальнічнымі халатамі прысутных, з шэрай ад дажджоў і ветру няўклюднай лавай. Быццам з галёканнем і свістам уварвалася на ціхі бальнічны двор рознакаляровая гарачая мушкецёрская кавалькада: фыркаюць, танцуюць коні, віюцца яркія плюмажы і плашчы, ззяе-слепіць вочы зброя. Вось-вось саскочаць мушкецёры з сёдлаў, выхапяць вострыя шпагі, адсалютуюць імі, а затым пацалуюць баявыя смертаносныя клінкі.
Вочы ў Даніловіча-Гоцкага пасля такіх словаў радасна і натхнёна заблішчалі. Ён парывіста абняў Мастоўскага, прамовіў:
Яшчэ раз пераканаўся ў вечнай сіле добрай старой літаратуры. Ні тэлевізары, ні кінатэатры, ні дыскатэкі не заменяць яе. Яна несмяротная, бо з кожным новым векам і з кожным новым чалавечым пакаленнем, як клапатлівая пчала, напаўняе старыя сухія соты свежым мёдам. Дзякуй табе, Іване, што ўзвёў мяне ў дАртаньяны. Гэта найвялікшы гонар. Але ж неўзабаве, дзякуй Богу, эскулапы адрамантуюць нас, выпішуць са сваёй лякарні, і што мы будзем рабіць далей? Зноў распаўзёмся па сваіх ціхіх норах? А хочацца ж нечага іншага, нязвычнага, яркага. Тым больш, пачынаецца летні сезон, які так і кліча ў дарогу, у прыроду. Што ж будзем рабіць, спадарства?
Раптам Вітаўт Гарткевіч усхапіўся з лавы:
Я ведаю, што нам трэба рабіць. Нам трэба сазваніцца з графам Аляксандрам Лісоўскім. Памятаеце пра такога? Ён яшчэ назваўся кандыдатам гістарычных навук. Ён даваў нам візітоўкі і абяцаў уладкаваць на працу ў сваёй фірме. Трэба пазваніць і ўсім разам паехаць да яго.
Прапанова спадабалася. Ды загвоздка была ў тым, што ні ў кога не знайшлося візітоўкі таямнічага графа. Хто калісьці паклаў не ў тую кішэнь, хто проста згубіў.
Як хоць называлася ягоная фірма? – наморшчыў лоб, паглядзеў на сяброў Лявон Кукарэка.
– «Дуга Струвэ», – адразу ж сказаў Іван Мастоўскі. – Вы мне яшчэ тады экзамен учынілі па гэтай геадэзічнай дузе.
Правільна. «Дуга Струвэ», – узрадаваўся Антон Даніловіч-Гоцкі, – Недзе на берасцейскім Палессі. У самым сэрцы зялёных шумлівых лясоў. Каля прыгожай срэбнахвальнай рэчкі з чароўнай назваю Ясельда. У рэчцы плывуць адлюстроўкі белых нябесных воблакаў. Як белыя караблі.
Антон задуменна прымружыў вочы. У ім імкліва і бурна, як кіпучы вясновы ручай, пачаў прачынацца паэт.
Гэй-гэй! – трасянуў яго за плячук Лявон Кукарэка, які добра ведаў такую сябраву асаблівасць. – Не знікай. Пабудзь яшчэ трошкі ў рэальным свеце. Нам трэба адшукаць тэлефонныя нумары і каардынаты графа Лісоўскага, калі толькі ён не хімера, а рэальнасць.
І ў гэты самы момант на ціхім бальнічным двары рэзка засігналіў аўтамабіль. Сіняя «Мазда», эфектна крутнуўшыся-развярнуўшыся, стрэліўшы гарачымі каменьчыкамі з-пад чорных колаў, спынілася ледзь не перад самай лаваю. З аўтамабіля імкліва выпырхнула Эльвіра Скаблінская, дужа загарэлая і рашучая. Усе (асабліва Вітаўт Гарткевіч) аж уздрыгнулі ад нечаканасці і здзіўлення. Ды Вітаўтава здзіўленне павялічылася ўтрая, калі следам за Скаблінскай, ён убачыў сваю родную дачку Валькірыю. Вочы ў дачкі былі заплаканыя, твар бледны, але ва ўсіх рухах адчувалася маладая свежая сіла, бурлівы імпэт.
Валькірыя кінулася бацьку на шыю, пачала цалаваць. І ўсё пыталася:
Ну, як ты тут, татачка? Як тваё здароўе?
Эльвіра ж, счакаўшы пакуль сціхнуць доччыны эмоцыі, падышла да Вітаўта, цмокнула ў шчаку, выклікаўшы тым самым міжвольную зайздрасць у астатніх лісоўчыкаў. Кожны з іх быў не супраць, каб і яго прылюдна пацалавала такая прыгажуня. Асабліва перажываў Лявон Кукарэка, які ў душы, як і належыць сапраўднаму лірыку, быў адчайным сэрцаедам. Ён галантна пакланіўся Эльвіры, нават шаркануў ножкай, сказаў:
Вітаю спадарыню. Якім ветрам занесла вас у нашу ціхую гавань? Буду вельмі рады пазнаёміцца з вамі. Беларускі паэт Лявон Кукарэка. Падкрэсліваюбеларускі. Паслухайце, будзьце так ласкавы, маё тварэнне.

Са сваіх шляхоў не звернем.
Будзе жыць, як выклік бедам,
Наша мужнасць, наша вернасць,
Наша бел-чырвона-беласць.

Ну, як вам твор?
Востра. Сучасна. Цудоўна, – асляпляльна ўсміхаючыся, прамовіла Эльвіра. – Думаю, такі верш павінен падабацца моладзі.
Станоўчая лаканічная рэцэнзія з вуснаў прыгажуні так узбадзёрыла паэта, што на адным дыханні ён прадэкламаваў яшчэ адзін перл:

Не жывем чужой падказкай,
А свае ствараем міфы.
У тых светлых міфах-казках
На гадзінку мыкаліфы.

Ды чарговая пахвала не прагучала, бо Эльвіра Скаблінская павярнулася да Вітаўта, а Даніловіч-Гоцкі таўхануў сябрука ў бок:
Супакойся, каліф.
Тым часам Вітаўт гладзіў доччыны валасы, плечы, прытульваў яе да грудзей, ашчасліўлена казаў:
Прыехала, дочачка. Дзякуй табе. І прабач, што ўзняў на цябе руку. Не магу сабе дараваць такое.
Не хвалюйся, татка. Усё нармалёва, – шмыгала носам Валькірыя. – Усё нармалёва. Ты тады перанерваваўся. А мы ж любім адно аднаго. Праўда, любім?
Яна пазірала бацьку ў вочы, пазірала з найвялікшай пяшчотай і адданасцю. Гэтая прыгожая тоненькая безабаронная дзяўчынка была плоць ад плоці, крывінка ад крывінкі ягоная. Ён успамінаў, як упершыню ўзяў яе ў раддоме з рук медсястрыбязважкі цёплы камячок. І сэрца затрапятала, да краёў напоўнілася бацькоўскай любоўю. «Вось маё дзіця, – расчулена думаў ён тады. – Залаты плод майго кахання. Яшчэ ўчора яе не было. З нейкіх невядомых нябесных вышыняў прыйшла яна да мяне. Прыйшла, як светлая ранішняя зорачка. Божа, прашу цябезрабі так, каб ніхто і ніколі не крыўдзіў яе ні грубым словам, ні жорсткім учынкам, каб гэтыя родныя вочкі плакалі толькі ад шчасця».
Так, – цалуючы дачку, казаў усхваляваны Вітаўт. – І заўсёды будзем любіць. Заўсёды.
Затым, калі ўжо супакоіліся, Гарткевіч асцярожна пацікавіўся, як жыве-пажывае жонка.
Нармалёва жыве, – строга сказала Валькірыя. – Ні разу пра цябе не загаварыла. І ў бальніцу ні разу не зездзіла. Для яе цябе ўжо няма.
Такія жорсткія балючыя словы дачка прамовіла роўным спакойным голасам. Вітаўт аж уздрыгнуў. «Для яе цябе ўжо няма. Нібы я нябожчык», – падумалася яму.
Тым часам Лявон Кукарэка, у якім порстка прачнуўся паляўнічы азарт Дон Жуана, і так і гэтак круціўся перад Эльвірай, каб толькі завалодаць ейнай увагаю.
Я яшчэ й перакладчык. Прычым, з розных моваў, – хваліўся ён залатавалосай прыгажуні. – Вось, напрыклад, як я пераўвасобіў на нашую родную мову з расійскай біблейскі выраз «Глас вопиющего в пустыне». Лямант пустэльнага крыкоўцы. Вам падабаецца?
Ды, на жаль, Эльвіра Скаблінская яшчэ ў школьныя гады не надта захаплялася літаратурай, у тым ліку, і паэзіяй. І хто за гэта шпурне ў яе камень? У дадзены ж момант яе цікавіў Вітаўт Гарткевіч, а не Кукарэка. Яна пачала тлумачыць Вітаўту, якім чынам у ейным аўтамабілі апынулася і прыехала разам з ёй у бальніцу Валькірыя.
Я ж не ведала, дзе ты ляжыш, – гаварыла яна. – Бальніцаў шмат. І я вырашыла пазваніць табе дадому. Званіла і баялася, каб слухаўку не схапіла твая мегера. Прабач, але ты сам так называеш сваю каханую жоначку. Мегеры ж ты, як я зразумела, быў да лямпачкі. Ляжы, здыхай. Слухаўку ўзяла Валькірыя. Слаўная, трэба зазначыць, дзяўчынка. І вельмі моцна цябе любіць. Вельмі моцна. Але не мацней, чым я.
Усім сваім гарачым гнуткім целам Эльвіра пажадліва прытулілася да Вітаўта. Яе ні кропелькі не бянтэжыла, што падумаюць Валькірыя, або той жа Лявон Кукарэка. Такая ўжо яна была суперсучасная вумэн, Эльвіра Скаблінская.
Зусім іншым клопатам жыў у гэтыя імгненні Антон Даніловіч-Гоцкі. З найвялікшай радасцю адчуўшы сябе лісоўчыкам і (з лёгкай рукі Мастоўскага) дАртаньянам, ён адчуваў адказнасць за лёс людзей, што стаялі побач з ім на шэрым занядбаным бальнічным двары. Гэтых людзей (такіх розных) не задавальняла іхняе сённяшняе прымітыўнае быццё-існаванне. Яны жадалі жыць напоўніцу, дыхаць на ўсе грудзі, гаварыць вольна, а не прыдушанымі галасамі. А яшчэ ў гэтым сонным жыцці-балоце хацелася прыгодаў, яркіх, незвычайных, бо толькі дзякуючы ім, прыгодам, чалавек, нават не пісьменнік з абвостранай фантазіяй, можа замест свайго адзінкавага шэрага жыцця, пражыць некалькі захапляльных, як галівудская кінастужка, жыццяў.
Даніловіч-Гоцкі адразу ж ухапіўся за ідэю паездкі ўсёй гурмою на ўсё лета да графа Аляксандра Лісоўскага ў ягоную таямнічую фірму «Дуга Струвэ». Да дябла нарачанскія хвалі і абрыдлы крымскі пясок! Трэба свідравацца ў гушчыню зялёных шумлівых лясоў і ў бяздоннасць пракаветных чорных балотаў. Толькі там захавалася яшчэ рамантыка, калі наогул была яна на свеце. Ды як звязацца з Лісоўскім? Памятаецца, ён запрашаў да сябе, але ж мінулася некалькі тыдняў. Магчыма, фірма ягоная ўжо даўно збанкрутавала, лопнула, як тысячы падобных? Наўкол жа бушуе крызіс.
Выручыла Эльвіра Скаблінская. Пэўна, сам Бог паслаў да лісоўчыкаў гэтую тэмпераментную бяскомплексную гром-бабу. Некуды званіла, з некім перамаўлялася рашучым атакуючым голасам і, урэшце рэшт, працягнула Антону слухаўку:
Гаварыце. На дроце Аляксандр Лісоўскі ўласнай персонаю.
Ало, – данеслася з тэлефоннай слухаўкі. – Генеральны дырэктар фірмы «Дуга Струвэ», кандыдат гістарычных навук, граф Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі. Чым магу служыць вашаму вялікароддзю?
Адразу відно: чалавек арыстакратычнага кораню і старадаўняга гарту. Аказваецца, на беларускай зямлі захаваліся й такія. Як ні вынішчалі іх, нібы каларадскіх жукоў, як ні сціралі на дробны пыл нават памяць аб іх.
Даніловіч-Гоцкі, стараючыся гаварыць як мага лаканічна і даходліва, патлумачыў прычыну свайго тэлефанавання. Хвалюючыся, чакаў адказу.
Выдатна памятаю пра вас і вашых сяброў, пан лісоўчык, – бадзёра выгукнуў на другім канцы граф Аляксандр Лісоўскі. – Маё запрашэнне застаецца ў сіле. Усім, хто пажадае прыехаць, гарантую працу, добры стол і прыстойны заробак. З жытлом таксама няма праблемаў. У мяне тут маецца невялічкі даволі камфортны гатэлік. Толькі папрашу, каб ва ўсіх на руках былі пашпарты і працоўныя кніжкі. Такі парадак, разумееце.
Потым ён пачаў тлумачыць, як дабрацца да фірмы «Дуга Струвэ».
Вы на аўтамабілі? У вас, пэўна ж, маецца геаграфічная мапа Беларусі. З Мінску едзьце на Баранавічы. Затым на Івацэвічы. Потым паварочвайце на поўдзень, на Моталь. З Моталю кіруйцеся ў вёску Асаўніца. Побач з ёй у 2001 годзе «Белаэракосмагеадэзія» знайшла базісны пункт Дугі Струвэ. На тым месцы ўстанавілі трохгранную трубчастую піраміду з візірным цыліндрам. Я вас там буду чакаць у папярэдне дамоўлены час. Палюбуемся пунктам і возьмем налева праз лес да возера. Таммой офіс. Усе падрабязнасці абгаворым пры сустрэчы.
На гэтым размова скончылася. Колькі імгненняў Антон трымаў слухаўку каля вуха, пераварваючы і запамінаючы пачутае, потым хмыкнуў:
Круты граф, нічога не скажаш.
Ехаць пажадалі ўсе: Антон Даніловіч-Гоцкі, Лявон Кукарэка, Іван Мастоўскі, Вітаўт Гарткевіч, Эльвіра Скаблінская і Валькірыя. У кожнага на гэты конт меліся свае прычыны, хоць самай галоўнаю была адна: рэзка змяніць жыццё, вырвацца хоць на нейкія два-тры месяцы з ліпкай задушлівай павуціны шэрай і прэснай паўсядзённасці.
Антон упрогся ў працу над раманам «Тры лісоўчыкі», канчаткова вызначыўшы для сябе, што гэта будзе беларускі рамантычна-містычна-гістарычны баявік. Трэба даць чытачу, асабліва маладому, кніжку, якая вучыць адвазе, вернасці і гордасці за свой край, свой народ. Пад шатамі пракаветных палескіх лясоў ён спадзяваўся знайсці новыя ўражанні і новыя словы.
Лявон Кукарэка, няўрымслівая паэтычная душа, заўсёды ішоў следам за сябрам, прызнаючы яго за лідэра. Паездка да графа Аляксандра Лісоўскага ўяўлялася яму рамантычнай пілігрымкаю.
Вітаўт Гарткевіч, шчасліва напаткаўшы дачку Валькірыю і каханку Эльвіру, хацеў разам з імі супакоіць ашалелыя нервы, неяк спланаваць сваё будучае жыццё. З жонкаю ж развітаўся назаўжды. І на жалезным ланцугу ніхто і нішто ніколі не зацягне да яе.
Асабліва няпроста было прыняць рашэнне шматдзетнаму бацьку неафіту-хрысціяніну Івану Мастоўскаму. Паныла было на душы. Ён у нейкі момант хацеў адмовіцца. Ды раптам убачыў трох ластавак. Імклівыя востракрылыя птушачкі трапятліва і парывіста вылецелі з-за шэрага гмаху бальніцы, нібы іх кінула нейкая магутная катапульта, нізка-нізка крутнуліся над лавай, над Іванавай галавой, звонка шчабятнулі і зніклі ў заходнім накірунку. І ён зразумеў іхні покліч.
Адезд прызначылі на суботу. У пятніцу іх усіх, як абяцаў грозны доктар Штурхай, павінны былі выпісаць, і яны рабіліся вольнымі людзьмі. Да выпіскі, такім чынам, заставалася яшчэ двое сутак. За гэты час неабходна было вырашыць усе праблемы: сазваніцца-сустрэцца са сваімі сямейнікамі, падрыхтаваць дакументы, грошы, вопратку, прадукты. Ды мала што яшчэ можа спатрэбіцца ў вандроўцы! Праўда, значную частку гэтых клопатаў узваліла на сябе няўседная Эльвіра Скаблінская.
І вось надышоў дзень, дакладней, раніца адезду: дванаццатага чэрвеня, самы росквіт сонечнага яркага першалецця. Паехалі на двух аўтамабілях. Паперадзе Эльвіра на сваёй «Маздзе», і ў ейным салоне ўсе падарожнікі, акрамя Лявона Кукарэкі. На «Шкодзе-Фаварыт» Лявон газаваў у арергардзе, спаўняючы вельмі адказную місію кіроўцы грузавога таксі.
Вырваліся за Мінск, за смуродліва-пыльнае скопішча размаляваных у розныя адценні будынкаў, і адразу быццам перасяліліся ў іншы свет. Тут было на што глянуць. Адцвілі сады. Асыпаўся, скідваў долу пышныя шапкі сваёй квецені бэз. З таполяў і асінаў сплываў цэлымі воблакамі лёгкі пух. Лугі наўсцяж магістралі ўспыхвалі дзесяткамі яркіх свежых колераў. Цвілі белы рамонак, жоўты казялец, сіні мышыны гарошак, ружовая канюшына. Разам з імі пачыналі зацвітаць незабудка, смолка, светнік, аўсяніца лугавая і цімафееўка. На прагрэтых сонцам і прадзьмутых мяккім цёплым ветрам узлесках дружна выторквалі свае галоўкі першыя летнія грыбы: падасінавікі, падбярозавікі, баравікі. Якраз пачынала каласіцца густое хвалістае жыта, і таму ў народзе ўсе гэтыя раннія грыбы называюць каласавікамі. Нальецца сілай, замацярэе цяжкі жытнёвы коласзнікнуць, як скрозь зямлю праваляцца, каласавікі.
Прыгажосць! – узбуджана ўсклікнуў Даніловіч-Гоцкі. – Разумею будыстаў. Ператварыцца б у якую небудзь кветку, расліну і мірна жыць вось тут на волі, пад сонцам, дажджом і ветрам.
А ў вужа не хочаш ператварыцца? – падкалоў Іван Мастоўскі. – Якраз цяпер пад апалым лісцем, у сырым імху або проста ў гнаявой кучы яны адкладваюць свае яйкі.
Усявед, ты й гэта ведаеш? – здзівіўся Гарткевіч.
Ведаю, – сціпла сказаў Мастоўскі. – У свой час лічыўся юным натуралістам.
Вужом быць не хачу, – засмяяўся Даніловіч-Гоцкі. – Абрыдне ўсё жыццё поўзаць ды поўзаць. Як там сказана ў пралетарскага класіка? Рожденный ползать, летать не может.
У жартаўлівых размовах, у ціхім захопленым сузіранні цудоўных краявідаў, як пушчаная з луку страла, ляцела ўперад імклівая дарога. І не было ёй канца-спыну, бо ўсе чалавечыя дарогі, па вялікім рахунку, ніколі не канчаюцца.
Ды ўсё-ткі гэтая канкрэтная дарога ўрэшце рэшт скончылася. Недзе пасля абеду ўбачылі шыльду з надпісам «Асаўніца». З палёгкаю ўздыхнулі. Эльвіра запытала ў мясцовага хлапчука, што гнаў з лугу пярэстую карову, дзе знаходзіцца геадэзічны знак.
Там, – махнуў тонкаю загарэлаю рукою хлапчук. Слова «там» прагучала так будзённа, так звыкла. А гэты ж пункт Дугі Струвэ, адзін з 258 на гіганцкай прасторы ад Дунаю да Паўночнага Ледавітага акіяна, закладзены яшчэ ў далёкім 1848 годзе, з цягам часу знік, заплыў зямлёю, зарос дзікім кустоўем. Памерлі, зрабіліся зямным прахам ўсе людзі, якія ведалі пра яго, бачылі яго. Дзесяцігоддзі вучоныя ўпарта шукалі пункт і нарэшце знайшлі.
Каля трохграннай трубчастай піраміды з візірным цыліндрам падарожнікаў чакаў генеральны дырэктар фірмы «Дуга Струвэ», кандыдат гістарычных навук, патомны граф Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі. Сама гжэчнасць і зухаватасць! Стройны падцягнуты і чарнавусы. У бездакорна адпрасаваным белым ільняным касцюме. На галаве саламяны ў дробных дзірачках капялюш. На нагах шчыгульныя вастраносыя чаравікі. Адной рукой граф прытрымліваў руль дарожнага веласіпеда. На руль быў начэплены кошык з жывымі кветкамі.
Шчыра вітаю ўсіх! – зычна прамовіў граф, калі аўтамабілі спыніліся, і падарожнікі вылезлі з іх, адчуўшы нарэшце пад нагамі цвёрдую зямлю.
Вам і вам, спадарыня, – дастаўшы з кошыку, эфектна падараваў граф букеты кветак, спачатку Валькірыі, затым Эльвіры.
Евіны дочкі, як і належыць ім рабіць у такой сітуацыі, захоплена віскнулі і ўваткнулі носікі ў кветкі. Колькі імгненняў чуліся ахі ды вохі. Тонкая жаночая душа рэагуе на мужчынскую ўвагу, як сухое дрэва на агоньадразу іскрыста ўспыхвае.
Потым Лісоўскі парукаўся з мужчынамі, прычым, перад кожным злёгку прыўздымаў брыль свайго капелюша. Рукі ў яго былі загарэлыя смуглыя парослыя цёмным воласам. На безымянным пальцы левай рукі ярка зіхцеў вялізны тоўсты залаты пярсцёнак з адмысловай выяваю двух узброеных вершнікаў, што імчацца на адным кані.
Мы з вамі знаходзімся каля мясцовай адметнасці, – як сапраўдны гід пачаў казаць граф. – Гэтая піраміда ўстаноўлена на месцы аднаго з пунктаў знакамітай Дугі Струвэ. Тут у 2001 годзе пошукава-даследчая група адкапала выраблены з пясчаніку куб, на верхняй плоскасці якога прачэрчаны дыяганальныя лініі. Кропка іхняга перасячэння і зяўляецца цэнтрам пункта. Людзі заўсёды, яшчэ з часоў Арыстоцеля, імкнуліся вызначыць памер і форму планеты Зямля. Дуга Струвэнайбольш дакладнае і каласальнае вымярэнне ў чалавечай гісторыі. Пясчанікавы кубжывы голас інжынераў-геадэзістаў і шараговых жаўнераў расійскага царскага войска, што даляцеў да нас аж з пазамінулага стагоддзя, з 1848 года.
Усе маўчалі. Усе быццам бачылі і чулі той далёкі-далёкі дзень, бязлітасны гарачапад сонечных промняў, хруст сухога з каменьчыкамі пяску, які разразаюць цяжкія вострыя рыдлёўкі, цёмныя лапіны поту на белых кашулях маладых вусаценькіх жаўнераў.
Давайце, я зраблю здымак, – дастаўшы з паходнага заплечніка фотаапарат, прапанавала Валькірыя.
Сталі паўкругам (у цэнтрыЛісоўскі) каля піраміды, зірнулі ў чырвонае вочка фотаапарату. Некалі нехта праз дзесяцігоддзі, а мо й праз стагоддзі возьме ў рукі фатаграфію, гляне і ўспомніць усіх.
А зараз паедзем на маю фазэнду, – бадзёра прамовіў імпазантны граф. – Я паперадзе на ровары буду за Сусаніна. Вы трымайцеся следам за мною на аўтамабілях. Едзьце асцярожна, бо дарога лясная вузкая.
Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі хвацка асядлаў веласіпед, закруціў педалямі. Ехаў павольна, раз пораз азіраючыся і ўсміхаючыся. Было ў ягоных паводзінах нешта ад гарэзлівага няўседнага хлапчука.
У цемнаватым яловым лесе, дзе белымі зіхоткімі астраўкамі пракідваўся тонкі бярэзнік, панавалі цішыня і прахалода. «Ціхалісціцца лес», – адразу ж прыплыў да Лявона Кукарэкі паэтычны вобраз. Аўтамабілі мякка падскоквалі на вузлаватых каранях дрэў, слізгацелі чорнымі коламі па жоўтай ігліцы і бледна-зялёнай макраватай траве. Часам пад коламі гучна лопаліся сухія апалыя галіны, смачна храбусцелі карычневыя яловыя шышкі.
Лесдобры. Ён дае цень нават дрывасеку, які яго сячэ, – азіраўся, гучна гаварыў Лісоўскі.
Неўзабаве дарога вужом вільнула між старых камлюкаватых ялінаў, і позіркам адкрылася невялікае круглае лясное возера. Як зіхоткае венецыянскае люстэрка ў смарагдава-зялёным футарале цяністых узбунтаваных свежым ветрам дрэў. На абодвух берагах возера стаялі абгароджаныя складзеным з чырвонай цэглы плотам будынкі і будыначкі, віліся акуратныя асфальтоўкі, пыхкала светлым дымам труба кацельні. Да вады вяла доўгая шэрая драўляная лесвіца з высокімі парэнчамі. Пэўна, за савецкім часам тут месціўся піянерскі лагер.
Прыехалі! – абявіў Лісоўскі, калі ён сам і аўтамабілі спыніліся насупраць арачнай брамы са шлагбаўмам. На арцы буйнымі літарамі выразанымі з ліставой чырвонай медзі было выкладзена: «Сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства «ДУГА СТРУВЭ». Узвіваліся пад ветрам дзяржаўныя сцягі, а паміж іх сіняе палотнішча з белым кругам, у якім трапятала выява двух узброеных вершнікаў на адным кані. Абсалютна ідэнтычны малюнак-сюжэт меўся на залатым пярсцёнку ў графа Аляксандра Лісоўскага. Пэўна, гэта быў герб фірмы. Ахоўнік, апрануты ў плямістую уніформу, прапусціў усіх на двор, вымашчаны вялізнымі бетоннымі плітамі. Тут каля рампы стаяла некалькі аўтамабільных фураў. Грузчыкі, маладыя маўклівыя хлопцы, рухаючыся ланцугом, насілі ў іх даволі важкія кардонныя скрынкі. Летняе неба тым часам, яшчэ зусім нядаўна блакітнае і чыстае, імкліва запаўнялася розных памераў і колераў хмарамі. Чакаўся дождж, можа, нават навальніца, бо ў тоўшчы хмараў усё пагрозлівей грымела, і праскоквалі промільгі сліпучага неспакойнага агню. Грузчыкі бачылі гэта і пачалі працаваць хутчэй.
Вогненнае будзе лета, – глянуўшы на неба, сказаў Лісоўскі.
Узышлі на другі паверх службовага белацаглянага корпуса і патрапілі ў офіс. Гэта быў абёмісты квадратны пакой з вялікімі вокнамі, са стыльнай канторскай мэбляймасіўнымі паліраванымі сталамі на тумбах і ў зручнымі мяккімі крэсламі-круцёлкамі з падлакотнікамі. На сталах стаялі кампутары, тэлефоны, аўтафакс, ксеракс, прыгожыя вазачкі з дзюбатымі пукамі ручак і алоўкаў, ляжалі стосы беласнежнай паперы, даведнікі і календары, каробачкі з кнопкамі і сашчэпкамі. Усцяж сценаў у прасторных зашклёных шафах, строга пабліскваючы металічнымі колцамі, захоўваліся папкі з разнастайнай службовай дакументацыяй. Ва ўсім адчуваўся сучасны гаспадарніцкі практыцызм. Неабходная для працы рэч павінна займаць вызначанае ёй месца і заўсёды быць пад рукой.
На сцяне, якраз над дырэктарскім крэслам графа-прадпрыймальніка, пашанотнае месца займаў абразок Маці Божай Будслаўскай. Значыць, тут верылі ў добрую нябесную сілу.
На супрацьлеглай сцяне вісела карцінастарадаўні гатычны, пэўна, нямецкі горад засыпаны белым зімовым сгнегам. Чырвоныя кірхі, вострадахавыя, таксама чырвоныя, будынкі, пакручастыя лабірынты вельмі вузкіх бліскучых ад лёду вуліц, калматыя, бязлітасна абрэзаныя цвёрдай чалавечай рукою дрэвы. У маленькіх вокнах, што былі выштукаваны ў самых нечаканых месцах, тлела жоўтае святло. Карціна і жыццё, намаляванае на ёй, рэзка кантраставалі з шумлівым быццём офісу, нават здаваліся несумяшчальнымі. Але паступова вочы і душа прывыкалі да кантрасту, і ён ужо не здаваўся такім вострым. Думаецца, што той чалавек, які павесіў на сцяне карціну, павесіў яе невыпадкова. Чалавек жа гэты быў кіраўнік фірмы «Дуга Струвэ» граф Аляксандр Лісоўскі
Размяшчайцеся там, дзе вам зручна, – ветліва сказаў ён. – Што будзеце піць? Гарбата? Кава? Джус?
Удакладніўшы кулінарныя прыярытэты кожнага, націснуў кнопку селектарнай сувязі:
Зіначка! Чатыры гарбаты, дзве кавы, адзін джус, пячэнне і цукар.
Праз колькі хвілінаў сакратарка прынесла ўсё заказанае. Падарожнікі ды й сам граф не скардзіліся на апетыт, былі людзьмі без комплексаў, і пачалося дружнае гучнае пасёрбванне.
Раптам Валькірыя спытала:
А чаму ў падваконніках там, на вуліцы, густа панаўбіваны цвікі і панаўбіваны вострымі канцамі ўверх?
Быць табе разведчыцайзаўважыла, – пахваліў дзяўчынку Лісоўскі. – Так мы ваюем з ляснымі галубамі, якіх тут процьма. Лятуць, стукаюцца ў вокны, брудзяць. Згодзен, што не дужа гуманны гэты метад, але што паробіш?
Потым ён пачаў дзелавую размову. Расказаў пра фірму. Ён, Аляксандр Лісоўскі, валодае пяцьдзесят адным адсоткам капітала, сорак дзевяць адсоткаў належаць Гансу і Фрыдрыху, братам-бізнэсоўцам з нямецкага горада Альтану. Салідныя сурёзныя і надзейныя кампаньёны.
І ведаеце якое іхняе прозвішча? Струвэ!
Паведаміўшы такую навіну, граф Лісоўскі, адкінуўшыся на спінку крэсла, весела засмяяўся.
Яны з таго самага Альтану, дзе калісьці нарадзіўся Фрыдрых Вільгельм Георг Струвэ, славуцейшы расійскі астраном і геадэзіст. Расіяне, як вядома з гісторыі, няспынна, хоць у большасці выпадкаў безпаспяхова, шукаюць другі адметны ад іншых народаў шлях, усё замежнае перайначваюць на свой капыл, вось і немца Струвэ назвалі Васілём. <…>
Чым, калі не сакрэт, займаецца фірма «Дуга Струвэ»? – спытаў Антон Даніловіч-Гоцкі.
У мяне сакрэтаў ад падатковай інспекцыі і ад сваіх сяброў няма, – зноў засмяяўся Лісоўскі. – Накірункаў у фірмы шмат. Нам належыць тысяча гектараў зямлі. Тут, у ваколіцах вёскі Асаўніца, і далей на поўнач аж за раку Ясельда, да вёскі Буса. Вырошваем рапс, жыта, бульбу, сою. Рапс ідзе на алей і на корм жывёле, бо ў нас маецца малочная ферма і свінагадоўчы комплекс. Тое ж самае з жытам і бульбай, хоць большую частку іх у нас купляюць спіртзаводы. Сояй займаемся нядаўна, але адносіны з гэтай сельскагаспадарчай культурай самыя рамантычныя. Справа ў тым, што ў нашу фірму звярнуўся вядомы японскі бізнэсмэн з Токіо пан Міядзава з прапановай удзельнічаць у вытворчасці японскага нацыянальнага прадукту місо. Гэтае місо, ці гэты місо (я яшчэ не зусім асвойтаўся, як прамаўляць), што робіцца з соі, ахвотна ў нас бяруць японскія сушы-бары, якіх распладзілася ў Беларусі і ў Расіі, як лягушак у мокрае надворе. Місо абавязкова ўваходзіць у рацыён японскіх спартсменаўбарцоў сумо. Дні праз два-тры пачастуем вас гэтым місо, і зробім з вас сумаістаў.
Не хачу быць таўстуном! – узняў рукі ўгору Лявон Кукарэка. – Няхай ім будзе Іван Мастоўскі. Яму дазваляе камплекцыя.
Усе засмяяліся, а Мастоўскі ні кропелькі не пакрыўдзіўся, лагодна буркнуўшы:
Магу пайсці і ў сумаісты.
А што за людзі працуюць у вашай фірме? Адкуль яны? – працягваў роспыты Даніловіч-Гоцкі.
З рабочай сілай праблема, – нахмурыўся Лісоўскі. – Яе пастаянна не хапае. Тут жа не Мінск і не Брэст. Спачатку бралі тутэйшых. Але, шчыра кажучы, народ адвучыўся працаваць. Шаляй-валяй дацягнуць да першай зарплаты і адразу да бутэлькі. Чарніла. Настойка «Бульбаш». Усё беларускай вытворчасці.
Усё, як кажуць, пад рукой і ўсё ў небмежаванай колькасці, пакуль хапае грошай.
Бульбаш! – раздражнёна ўсклікнуў Лявон Кукарэка. – Хіба можна даваць такую назву, такую мянушку-клікуху? Гэта самаедства. Гэта тое ж самае, што кацап, хахол, жыд, пшэк, чурка. Але ж я нідзе не сустракаў гарэлку з наклейкаю «Кацап»!
І не сустрэнеш, – строга прамовіў граф Аляксандр Лісоўскі. – Масква ўмее берагчы свой гонар. А мы
Ён махнуў рукой, сярдзіта плюнуў. Трохі памаўчаўшы, загаварыў зноў:
Я разумею, чаму ў нашай краіне даюць зялёнае святло такім зневажальным назвам. Людзі-арганіpатары гэтых піяр-кампаній хочуць праз назву аднаго з самых масавых прадуктаў увабіць у свядомасць усіх і кожнага, што беларусы недзяржаўны негістарычны народ, што яны адпачатку толькі сяляне-мужыкі, толькі халопы, адным словам, бульбашы і няздольныя жыць сваім самастойным гаспадарствам. Але ж у нас яшчэ задоўга да зяўлення на нашых палетках бульбы ўжо былі Скарына і Гусоўскі, быў «Статут Вялікага Княства Літоўскага», была шматлікая беларуская шляхта. А шляхціц, нават самы дробны засцянковы шляхціцне бульбаш! Ябеларускі граф Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі, прамы нашчадак славутага водцы грозных непераможных лісоўчыкаў, ніколі не быў і ніколі не буду бульбашом!
Усе прысутныя горача заапладзіравалі.
Брава, граф! – усклікнула Эльвіра Скаблінская.
Адчувалася, што Лісоўскі (не быў бы ён патомным арыстакратам) цікавіцца гісторыяй і сучаснай палітыкай. Нечакана было сустрэць такога чалавека ў ціхім лясным куточку, на фірме, якая займаецца вырошчваннем бульбы, жыта, рапсу і соі. Але не трэба забываць, што ўся беларуская шляхта была калісьці павятовай і засцянковай, жыла ў не дужа шыкоўных маёнтачках, кармілася з зямлі, гадавала валоў, кароў, парсюкоў і авечак, саліла вяндліну і вэндзіла бараніну, гнала спірт, біла масла і сушыла сыры, што ніколькі не перашкаджала ёй у пераломныя лёсавызначальныя часы ўскокваць на каня, браць баявую шаблю, рабіцца ваярамі за Айчыну.
Па тэлебачанні, – казаў далей Лісоўскі, – прайшлі паведамленні, што Расія перавезла з-за мяжы ў Санкт-Пецярбург на самыя свае ганаровыя могілкі парэшткі генералаў Дзенікіна і Капеля. Гэтыя белыя генералы ў грамадзянскую вайну залілі крывёй паў-Расіі, вешалі рабочых, закопвалі жыўцом у зямлю палонных чырвонаармейцаў. І яны атрымалі дараванне. Нашыя ж беларускія бэнээраўцы, дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, такія, як Палута Бадунова, Аркадзь Смоліч ды іншыя і дагэтуль нерэабілітаваныя, хоць на сваім сумленні не маюць ні кроплі нечай пралітай крыві. Як такое разумець? Ды хопіць мітынгаваць. Вернемся да нашых з вамі сённяшніх спраў. Апёкшыся на тутэйшых, я пачаў прывозіць рабочых з Іванава і Янава Палескага, з Моталя, нават з Пінску. Вось і вас запрасіў.
І ён распавёў, што мяркуе Даніловіча-Гоцкага, Мастоўскага і Гарткевіча прызначыць ахоўнікамі, Кукарэку сваім асабістым шафёрам, Эльвіру сакратаркай і адначасова перакладчыцай, бо калі-нікалі прыязджаюць замежныя партнёры, а Валькірыю ейнай памочніцай.
Без аховы нельга, – тлумачыў граф. – Калі я толькі пачынаў тут свой бізнэс, адразу ж, нібы саранча, наляцелі з усіх бакоў крымінальнікі, што называлі самі сябе рэкецёрамі. І адкуль толькі яны ўзяліся? На якіх агародах выраслі? Пэўна, за савецкім часам былі цімураўцамі, ваду з калонак старэнькім бабулям насілі. А тады як пазвярэлі. Памятаю, зайшлі ў мой кабінет, нахабна расселіся наўкол стала, і іхні галоўны, іхні шэф, дастаў з кішэні ножык, растапырыў сваю здаравенную пяцярню і ну паміж пальцаў ножыкам гэтым вострым у стол тыкаць. Ды хутка-хутка! Шчоўк-шчоўк-шчоўк. І не на сваю руку, а мне ў вочы пазірае, гіпнатызуе. Хоча, каб я спалохаўся. І абяўляе, што з гэтага дня яны будуць «дахам» маёй фірмы, і я павінен штомесяц выплочваць ім вельмі-вельмі салідныя грошы. Назваў суму і зноў ножыкам шчоўк-шчоўк-шчоўк. Шчыра скажу, хоць я й Лісоўскі, але халодненькі ветрык пад маёй кашуляю прашалясцеў. <…>
А чаму на сцягу вашай фірмы (як я зразумеў, ён узняты на флагштоку паміж дзяржаўнымі сцягамі Беларусі і Нямеччыны) намаляваны два вершнікі на адным кані? – спытаў Лявон Кукарэка.
Цэлая прэс-канферэнцыя ў нас, – зноў засмяяўся граф, бо па натуры сваёй быў невынішчальным аптымістам. – Два вершнікі на адным канігэта старадаўні герб-кляйнот Ордэна рыцараў тампліераў. Былі ды й сёння ёсць такія, хоць і спальвалі іх, як ерэтыкоў. Але, як бачыце, не спалілі. Калі я пачаў ствараць фірму, то ўвесь час думаў пра лісоўчыкаў. Вы разумееце чаму я думаў пра іх. Я жпатомны Лісоўскі. І мне падалося поўнасцю заканамерным узяць за ўзор для гербу фірмы «Дуга Струвэ» герб тампліераў. Лісоўчыкі ж таксама баявое рамантычнае брацтва. Калі падчас бою лісоўчык атрымліваў рану, або пад ім забівалі каня, ягоны сябра, як і рыцар тампліер, ніколі не кідаў яго ў бядзе, а забіраў з сабой, і яны імчаліся на адным кані. На нашым гербе, калі вы больш уважліва прыгледзецеся, напісаны дэвіз: «Вера і адвага!». Гэта спрадвечны дэвіз адважных лісоўчыкаў.
Пачутае ўразіла ўсіх. Аказваецца, і ў сённяшнім, на першы погляд, прэсным будзённа-шэрым жыцці, можна, калі толькі сам захочаш, запаліць яркі агеньчык рамантыкі. Лявон жа Кукарэка, востра заблішчаўшы вачыма, заціх, пачаў нешта шаптаць сабе пад нос. І ўжо калі ўзняліся, каб разысціся на прызначаныя месцы пражывання, усхвалявана папрасіў Лісоўскага:
Аляксандр Язэпавіч, верш у галаву прыйшоў. Можна прачытаць?
Чаму не? Вершам і паэтам на фірме «Дуга Струвэ» заўсёды зялёная вуліца, – адразу згадзіўся граф. – Мы, хоць і жывем у дрымучых лясах, але не забыліся на яшчэ камуністычнага часу ісціну: «Нам песня строить и жить помогает».
Лявон Кукарэка, па сваёй нязводнай звычцы пагладзіўшы лысіну, дзе калісьці кучаравілася пышная шавялюра, звонка прадэкламаваў:

З табой нас двое.
А конь адзін.
Сябе ў няволю
Не аддадзім!

Няма для смелых
Шляхоў назад.
Не бойся смерці,
Лісоўчык-брат.

Па ратным полі
Імчым праз дым.
Літву ў няволю
Не аддадзім!

Пад Літвою я, вядома ж, маю на ўвазе Беларусь, а не Летувухуценька патлумачыў ён.
Мы ўсё цудоўна разумеем, бо, як кожны свядомы беларус, чыталі гістарычныя хронікі і верылі не Абэцэдарскаму і Трашчанку, а Міколу Ермаловічу і Анатолю Грыцкевічу, – моцна абняў паэта граф Лісоўскі. – Верш выдатны. Напісаны, як бачым, на адным дыханні. Малайчына! <…>
Сакратарка Лісоўскага Зіначка развяла ўсіх па пакоях для жытла. Даніловічу-Гоцкаму дастаўся асобны пакойчык на другім паверсе. Тут нават меўся балкон. Зіначка расказала, што за савецкім часам у пакойчыку жыў начальнік піянерскага лагера...
На балкон клалі свае калючыя зялёныя галіны маладыя елкі. Пахла цёплай празрыстай смалой. Караваны мурашак (тоненькія рыжавата-бліскучыя нітачкі) няспынна ішлі здолу да самай макаўкі дрэва, а потым назад. Што яны шукалі-збіралі ў густых нетрах цяністай свежай ігліцы?
Антон прыбіў на сцяне над сваім ложкам невялічкі драўляны хрысціянскі крыжык. Яго ён змайстраваў з кавалачка бервяна дзедавай хаты. Яно навечна паслужыць святым абярэгам для Антонавай душы.
Затым, як яшчэ колькі гадоў таму ўсхвалявана славасловілі журналісты раённых газетаў, пачаліся працоўныя будні. Памятаеце папулярную саўковую песню? «Трудовые буднипраздники для нас». Даніловіч-Гоцкі, Іван Мастоўскі і Вітаўт Гарткевіч пайшлі працаваць у кругласутачную ахову. Ім выдалі кітайскія ліхтары, гумавыя дручкі, свісткі і газавыя пісталеты маркі «Агент». Да таго ж у іхняе распараджэнне выдзелілі пяць спецыяльна падрэсіраваных каравульных сабакаў. Удзень сабакі спалі ў будках, а з надыходам ночы бегалі, начэпленыя ашыйнікамі на доўгі бразготкі дрот, і ярасна брахалі ў трывожную злую цемру.
А вартаваць было што. Офіс. Гаспадарчы двор. Склады. Аўтамабільная стаянка. І каля тысячы гектараў зямлі, на якой былі пасеяны жыта, соя, рапс і бульба. Менавіта гэтыя агромністыя палеткі амаль штоночы атакаваліся агрэсіўнымі групамі мясцовых жыхароў, а таксама бамжоў, якія пастаянна жылі на недалёкім гарадскім сметніку, дзе панавыкопвалі сабе норы. Ледзь толькі пачынала паспяваць жыта, галодныя бамжы жалі яго самаробнымі сярпамі, касілі косамі, проста рвалі каласы рукамі і пружылі зерне на агні. Бульбу, толькі пасаджаную ў барозны, выкопвалі і пяклі ў вогнішчах. Яны былі бязлітаснай вечна галоднай саранчой. Незразумела было, як можна спыніць такое нашэсце?
Антон, Іван і Вітаўт на старэнькім джыпе, не ўключаючы фараў, абязджалі начныя палеткі, чуйна прыслухоўваліся да цішыні, і, калі выпільноўвалі ў густой цемры нязваных гасцей, рэзка ўключалі святло, каб агаломшыць іх. Часам адбываліся даволі сурёзныя сутычкі. Нават даходзіла да крыві.
Перавагаю бамжоў было тое, што яны выдатна ведалі ўсе мясцовыя сцяжынкі і палявыя дарогі, усе, як кажуць, хады-выхады. У ахове не хапала чалавека, які б гэтак жа сама разбіраўся ў тутэйшай геаграфіі. Ды неўзабаве такі чалавек знайшоўся. Гаўрыіл Сямёнавіч Караба, былы ўчастковы, саламянавалосы сінявокі ўсмешлівы мацак гадоў трыццаці-трыццаці пяці. Яго прывёў сам Лісоўскі, лаканічна сказаў:
Знаёмцеся. Шэрлак Холмс.
Гэтаму Холмсу і сапраўды не было цаны. Ён, як сабака-ганчак, меў надзвычайны востры нюх на бамжоў, папарэджваў іхнія вылазкі, рыхтаваў начныя засады. Вельмі хутка бамжы ўзвылі: подступы да палеткаў былі амаль поўнасцю перакрыты мабільнай начной аховай.
Гаўрыіл Сямёнавіч, чаму ты сышоў з органаў? – пацікавіўся аднойчы Даніловіч-Гоцкі. – Ты ж класны спец. Пэўна, нешта ўтварыў?
Ды не. Па ўласным жаданні звольніўся, – усміхнуўся Караба, і светлыя бровы ўзляцелі ўгору, як пшанічныя каласкі. – Разумееш, душа засумавала. Не на сваім месцы адчуў сябе. Хто такі для народу міліцыянер? Слуга дзяржавы. Мент. Так у кінафільмах міліцыянеры самі сябе называюць. А народ (мне не адзін раз даводзілася чуць) называе нас больш жорстка і больш зняважлівамусара. Гэта ад слова МУСМіністэрства ўнутраных спраў. Не захацелася быць мусарам. <…>

Як і прадбачыў граф Аляксандр Лісоўскі, лета надарылася вогненнае. Амаль штодня грымелі ярасныя навальніцы, бушавалі сакрушальныя ліўні, часта з градамхалоднымі празрыстымі ледзянымі шарыкамі, якія прастрэльвалі навылёт шыфер на дахах, на дробныя калючыя аскялёпкі разбівалі цяпліцы і шыбы ў вокнах. Аднойчы аднекуль з-за Ясельды, ломячы ўсё на сваім шляху, прыйшоў сапраўдны тарнадатоўсты бруднашэры слуп-верацяно, вышынёю пад сто метраў. Усё ў ім аж раўло, кіпела і стагнала. Ён, як жахлівы цыклоп, глытаў і пажыраў самыя розныя рэчы, што трапляліся па дарозестажкі сена, крушні камянёў, пчаліныя вуллі, чароды качак і гусей. Узняў на крыло, працягнуў па полі трактар «Беларус», а затым кульнуў яго ў рэчку. Трактарыст ледзь паспеў выскачыць, праўда, зламаў бедалага руку.
За прыроднымі катаклізмамі прыйшлі сацыяльныярэзка ўзраслі набегі на палеткі фірмы «Дуга Струвэ», прычым, адбываліся яны ўжо не толькі ноччу, але й днём. Бралі ўсё, што можна падняць і вынесці. Па навакольных вёсках нехта распаўсюдзіў чуткі, што не дзеля сельскагаспадарчай працы прыбыў у гэтыя мясціны і стварыў сваю беларуска-германскую фірму граф Аляксандр Лісоўскі. Граф то ён граф, але несусветны прайдзісвет і пад прыкрыццём фірмы шукае вялікае золата, якое нарабаваў калісьці разам з лісоўчыкамі і схаваў недзе тут (яшчэ ў семнаццатым стагоддзі!) ягоны славуты грозны родзіч, які паходжаннем быў з Берасцейшчыны і толькі пазней перабраўся ў Вільню. Казалі, што ў дужа сакрэтным падземным склепе замуравана Залатая Баба, свяшчэнны стод вугора-фінскіх народаў. Гэта некалькі пудоў чысцюткага золата! Лісоўчыкі прывезлі Залатую Бабу ажно з Паўночнага Урала, адбіўшы яе ў мясцовых шаманаў. Ды шаманы тыя наклалі крывавае пракляцце на лісоўчыкаў, Лісоўскага і ўсіх ягоных нашчадкаў. І ў нейкі загадзя абумоўлены дзень (дата, вядома ж, не называлася) возьме іх усіх зямны або нябесны Агонь.
Пачуўшы пра такое, Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі правёў спецыяльную нараду, на якой у самай рэзкай форме адмёў усю гэту лухту-небывальшчыну, высмеяў яе. Адна баба сказала пра Залатую Бабувось цана ўсім гэтым варяцкім чуткам.
Я й сапраўды не толькі дзеля рапсу, жыта, бульбы і соі арганізаваў фірму «Дуга Струвэ», – прызнаўся ён. – Я па натуры сваёйрамантык. Можа, гэта смешна гучыць у дваццаць першым стагоддзі, але гэта так. Заўсёды ў душы сваёй я чуў покліч мінулага, мяне хвалявалі кніжкі Караткевіча, Іпатавай, Арлова. І, вядома ж, па ўсім маім жыцці мяне натхняў і натхняе мой вялікі гераічны продак, мой славуты цёзкаАляксандр Язэп Лісоўскі. Я й цябе, спадар Антон, адшукаў таму, што прачытаў тваю паэму пра лісоўчыкаў. Лягла яна мне на сэрца. І тваіх сяброў я адшукаў і запрасіў на працу ў фірму таму, што ўбачыў, як мужна і дружна біліся яны ў кафэ, абараняючы свой гонар. Як сапраўдныя лісоўчыкі! <…>
Аляксандр Лісоўскі скончыў нараду цвёрдым патрабаваннем да ўсіх і кожнага падвоіць пільнасць, не расслабляцца. Ды ўсе гэта і самі добра разумелі.
А лета рабілася ўсё больш грымотнае і навальнічнае. Штодня, недзе адразу пасля абеду, нябёсы пачыналі выліваць на зямлю дзікую нястрымную ярасць. Бухаў ва ўсе свае званы гром, рэзала неба вострая шматгаліністая маланка, дождж валіўся з верху суцэльнай шкляной сцяной, падмінаючы пад сябе лясы, лугі, палеткі, гаспадарчыя пабудовы, чалавечае жытло. Стаяў сярдзіты драпежны гул. Усё ажно калацілася, трымцела нібы на апошнім уздыханні. Здавалася, яшчэ адзін напор, адно імгненне, і ўвесь звычны зямны свет рухне, і навакольнай прастораю, ды й наогул усім і ўся завалодае даастатку біблейскі Патоп.
Тым часам ад надзейных людзей паступіла інфармацыя, што ў недалёкай суседняй вёсцы абявіўся Васіль Стрыгун, па мянушцы Кажух. Тры гады сядзеў у турме ў Глыбокім за крадзёж, выйшаў нарэшце на волю, вярнуўся ў родныя мясціны і адразу ж пачаў гуртаваць бамжоў і ўсіх мясцовых алкаголікаў на штурм, як ён казаў, панскага маёнтку. Пад панскім маёнткам падразумявалася, вядома ж, фірма «Дуга Струвэ».
Я ім пакажу семнаццаты год! – гразіўся Кажух.
Надзейныя людзі паведамілі і пра тое, што Кажух, абпіўшыся самагонкаю, крычыць пра Залатую Бабу, якую мяркуе падзяліць між усіміраспілуе роўна на столькі кавалачкаў колькі чалавек пойдзе за ім.
Лісоўскі адразу ж напісаў у райаддзел міліцыі заяву, прасіў абараніць. Там пачыталі, скептычна ўсміхнуліся, назваўшы пагрозы Кажуха «трызненнем варята», паабяцалі ўзяць справу пад кантроль. На гэтым усё і скончылася. Міліцыі хапала іншых клопатаў.
У гэтай калатнечы і нервовасці мала хто заўважыў, што ўжо дні два-тры не выходзіць на працу Мацвей Бабнікна дзвярах ягонай майстэрні, былога ленінскага пакою, маўкліва павіс цяжкі замок. На такую нязвычную сітуацыю (Бабнік лічыўся вельмі дысцыплінаваным работнікам) звярнуў увагу толькі Лявон Кукарэка. І адразу ж перакінуў лагічны масток паміж зяўленнем Кажуха і знікненнем Бабніка. Падумалася яму, што разьбяр перахіснуўся на бок Ваські Кажуха. Аб сваіх падазрэннях Лявон расказаў Лісоўскаму. Той задумліва цёр падбароддзе, маўчаў.
Няўжо нас тут, як у Пушкіна, чакае рускі бунт, бязлітасны і бессэнсоўны? – спытаў Кукарэка.
Усё можа быць, – спакойна прамовіў граф. – Хоць у любым бунце маецца, на маю думку, нейкі сэнс. Той жа Кажух хоча, пальцам аб палец не ўдарыўшы, забраць чужое багацце. «Усё наўкол калгаснаеусё наўкол маё». Так яго вучылі ў школе. І ён вельмі добра засвоіў школьную навуку. Так штобудзем абараняцца.
А няўжо нельга мірам уладкаваць гэтую справу?
Думаю, што нельга, – грозна бліснуўшы вачамі, адказаў Аляксандр Лісоўскі. – Ялісоўчык, нашчадак славутага ваяра, а не белы галубок міру. Там, дзе шмат каршуноў, галубы не водзяцца.
Не перастаючы пазвоньваць у раённую міліцыю, пачалі рыхтавацца да магчымай атакі Ваські Кажуха і ягоных аднамыснікаў. Яшчэ й яшчэ раз раз правяралі запоры і замкі, дзверы, вокны і брамы, пажарную сігналізацыю ў будынках, заланцужылі сабак на пляцоўцы, дзе стаяла сельскагаспадарчая тэхніка. І ўвесь час рабілі аўтамабільныя рэйды па аддаленых палетках. Рэагавалі на кожную падазроную нітку дыму ў полі і ў лузе. Адным словам, як вол абуха, чакалі бяды кожны дзень.
Аляксандр Лісоўскі разам з Лявонам Кукарэкам, Эльвірай і Валькірыяй спецыяльна зездзіў у мястэчка Лагішын, што пад Пінскам. Там горача памаліліся перад абразом Маці Божай Лагішынскай, каралевы Палесся, заступніцы ўсіх палешукоў, папрасілі ў яе падтрымкі і абароны, умацавання духу.
Неба ж тым часам у чарговы раз напаўнялася цяжкімі суровымі папялова-шэрымі хмарамі, агнём і громам. Нейкі біблейскі трагізм быў у бясконцасці навальніцаў, у дзікім бушаванні непадуладнай чалавеку стыхіі.
Як гэта звычайна бывае, джала бяды ўдарыла знячэўку і зусім не ў тым месцы. Загарэўся лес, а затым і тарфянік каля ракі Ясельды. Ці наўмысна падпалілі, ці стрэліла з нябёсаў маланка. Ратуючыся ад агню, пабеглі звяры. Птушкі, цяжка адпіхваючы крыламі паветра, паляцелі ў бяспечныя мясціны. Не паспеўшы нідзе схавацца, смажыліся ў пякельным полымі вужы, гадзюкі, вожыкі і мурашкі. Сцяна агню і дыму пайшла на палеткі фірмы «Дуга Струвэ». Не Васька Кажух, а прырода атакавала лісоўчыкаў. І трэба ж так здарыццааціх дождж, які мог прытушыць пажар.
Лісоўскі адразу пачаў званіць да раённых пажарнікаў, прасіў дапамогі. Сам жа мабілізаваў усіх сваіх людзей, якія на той час былі пад рукою, раздаў рыдлёўкі, вёдры, сякеры. Тры трактары пачалі ўзорваць ахоўныя барозны паміж лесам і полем. З найвялікшым напружаннем не пусцілі агонь у каласістую ніву. Усе былі потныя, прапахлыя дымам, перапэцканыя сажай, валіліся з ног ад стомленасці. Ды ў душах віравала радасцьадстаялі поле і збажыну.
Думаю, лес падпалілі, – сказаў Лявон Кукарэка Даніловічу-Гоцкаму, калі, змываючы бруд, стаялі пад душам.
Падобна на гэта, – пагадзіўся Антон. – Сто гадоў расце, набірае моц дрэва, а мярзотнік чыркне запалкай, іканец.
А ўначы зноў узюшылася грамабойная навальніца. Ад маланак было светла, як днём. Цэлае бурлівае зіхоткае мора агню няспынна трапятала ў небе. І Васька Кажух павёў сваю крыклівую пяную раць проста на офіс фірмы «Дуга Струвэ». Недзе ў далёкіх расійскіх гарадах, на фабрыках і заводах гэта называецца рэйдэрскім захопам. Тут, між палескіх лясоў і балотаў, гэта трактавалася як вяртанне працоўным сялянам, карэннаму тутэйшаму насельніцтву, іхняй зямлі і маёмасці, якую пры дапамозе мясцовых уладаў захапілі хцівыя прагныя прадпрыймальнікі. Ненасытнымі ж прадпрыймальнікамі верхаводзілі немцы і нейкі падазроны граф, што хаваў у падзямеллі пад сваім офісам Залатую Бабу. Кліч у атакоўцаў быў адзіны:
Аддай! Аддай нашу зямлю! У нас ёсць на яе дакументы!
Яны кійкамі і металічнымі прэнтамі да смерці забілі вартавых сабак. Праўда, сабакі не здаліся без бою, шмат каго пакусалі, цапнулі, у тым ліку, за лытку самога Кажуха. Гэта разятрыла натоўп. Завялі на пляцоўцы сельгастэхнікі бульдозер, з разгону ўдарылі ў браму, зламалі яе.
Лісоўскі пазваніў у раённую міліцыю. Да яе прыезду вырашылі забарыкадыравацца ў офісе і трымаць абарону. У прыёмнай і ў дырэктарскім кабінеце знутры падпёрлі дзверы сейфамі, сталамі, паліцамі з дакументацыяй. Тут сустрэлі шалёны бязлітасны ўдар натоўпу сам граф, Даніловіч-Гоцкі, Кукарэка, Гарткевіч, Мастоўскі, Эльвіра з Валькірыяй, Караба і трое маладых хлопцаў-грузчыкаў. Трашчалі, калаціліся дзверы. Ляцелі пагрозы і адборны мат. Сітуацыя абвастралася з кожным імгненнем.
Аддай! – лемантавалі за дзвярыма. – Аддай, падла, Залатую Бабу!
А Чыгуннага Дзеда не хочаш?! – крыкнуў у адказ Лявон Кукарэка і брыдка вылаяўся. Валькірыя зірнула на разгневанага паэта з містычным жахам. У гімназіі на ўроках літаратуры ёй здавалася, што паэты і празаікі нейкая вышэйшая каста, што яны ні кропелькі непадобныя на звычайных людзей у штодзённай бясконцай гонцы тых за кавалкам хлеба, а нібы птушачкі-калібры пырхаюць між яркіх цудоўных кветак, прыгожа свішчуць і пюць салодкі нектар.
Між тым на вуліцы грымела магутнейшая навальніца. Водсветы нябеснага мільготкага агню ярасна ўрываліся ў закрачаныя вокны, залівалі кабінет і прыёмную, палалі на сценах, на людскіх тварах. Усё было залаціста-мармуровае, востра трывожнае і нерэальнае.
Штурм дасягаў свайго апагею. Ужо з рэзкім хрустам расколваліся тоўстыя дошкі дзвярэй. Праз дзіркі ў дзвярах бачыліся тупатлівыя людскія ногі, мноства цяжкіх ног. Уварвуццазатопчуць.
Кажух! – зычна крыкнуў граф Лісоўскі. – Не будзь ідыётам! Спыні банду! Калі не хочаш здохнуць на турэмных нарах, спыні гвалт!
Супакойся! Мы цябе зараз газком пачастуем! – весела і зларадна данеслася з-за дзвярэй.
Лісоўскі зірнуў на сваіх людзей:
Адчыняем дзверы. Будзем прарывацца на вуліцу. Жанчынусярэдзіну. Даем залп з газавых рэвальвераў і бяжым уніз па лесвіцы. І не забывайце, панове, баявы кліч лісоўчыкаў: – Вера і адвага!
Усё атрымалася дакладна так, як сказаў граф. У адно імгненне разбарыкадавалі дзверы, рэзка расхінулі іх, крыкнулі:
Вера і адвага!
Разгарачаныя ашалелыя налётчыкі, які толькі што рыкалі ад злосці і нецярпення, папярхнуліся газам, заплюшчылі вочы, заляпілі рукамі твары, хітнуліся хто куды. Як сталёвы клін у дрэва, лісоўчыкі злёту ўбіліся ў натоўп, пранізалі яго навылёт, раскідалі кулакамі і плячмі, пабеглі па лесвіцы ўніз на вуліцу.
Там бушавала навальніца. Скрыжоўваліся ў злавесным віхурыстым небе вострыя чырвоныя шаблі маланак. Ліў, як з лубу, захліпісты халодны дождж. Ветрасек біў па тварах. А яны беглі, беглі і крычалі:
Вера і адвага!
І раптам нібы праламалася, з гулам-стогнам рухнула на мокрую здратаваную цяжкім ліўнем зямлю неба. Бязмежная надзвычай яркая сліпучая маланка затапіла ўсё наўкол, верх і ніз, праглынула ўсё. Затым гэта ярасная супермаланка імгненна расчлянілася на мноства вогненных ручайкоў, нітачак, вяровачак, як бы спляла ў нябёсах велізарную жахлівую сетку і бязлітасна шпурнула, кінула яе на зямлю, на людзей, што беглі пад дажджом і пад громам.


VI

Жыхнула маланка. Ад такога нечаканага яркага ўспыху конь спуджана спыніўся, захроп, нервова заматаў галавой і нават падаўся назад. Але яго адразу ж узбадзёрыў строгі ўладны голас вершніка:
Наперад, аўсяныя зубы!
Конь падпарадкаваўся чалавеку, смялей затупаў, зачасціў капытамі па пыльнай мяккай палявой дарозе, ды не пабег, а з грацыёзным высакародствам сапраўднага шляхоцкага каня нібы паплыў уперад. Гэта быў надзіва прыгожы жарабец усходніх арабскіх крывей, які не раз вырываўся з ваўчынай пашчы, разам са сваім гаспадаром шматкроць ляцеў у самае пекла лютай бітвы. Сівы ў яблыкі, з сухой галавой і чорнымі яснымі вачамі, з шырокімі мясістымі лапаткамі і такімі ж грудзьмі, з моцнымі нагамі і пляскатымі прыўзнятымі капытамі, з дужым прапарцыянальным росту целам і непраседжанай спіной. На агалоўі аброці, што была выштукавана з чырвонай скуры, пад конскім горлам быў падвешаны бунчуккутас з чорнага цвёрдага воласу ў форме цыбуліны, памешчанай у латунны шарык. На грудзях у каня шыкавалася завязаная лапамі плямістая шкура рысі.
Высокае сядло-кульбак таксама было пыхліва пакрыта рысінай шкурай.
У каня мелася імяВецер. Праўда, з нядаўняга часу гаспадар даў яму новае імяСамум, што азначала таксама вецер, але вецер пустынны, пякельны і шалёны, як напамін аб краіне, адкуль яго калісьці прывезлі. Гэты конь-цуд, конь-лялька ўжо другі год належаў пану Вітаўту Вінцэнту Гарткевічу. У 1603 годзе ў Вільні пан купіў кніжку «Гіпіка, альбо Кніга пра коней», якую напісаў вялікі маршалак літоўскі Крыштаф Мікалай Дарагастайскі. Кніжку аздобіў выдатнымі малюнкамі мастак Тамаш Макоўскі, а пабачыла свет яна ў той жа год у Кракаве ў друкарні Анджэя Пётркоўчыка. Некалькі дзён, не адрываючыся, чытаў «Гіпіку» ў сваім лясным маёнтачку над ракой Ушой пан Гарткевіч. Усё ў ёй было пра баявых коней-арабчыкаў, пра іхнюю прыгажосць, сілу і кемлівасць, пра тое, як праз агонь і дым лятуць яны ў бой, несучы на сабе адважнага жаўнера. І вельмі-вельмі захацелася Гарткевічу, каб і на ягонай стайні іржаў гэткі ж прыгажун. Але здзейсніць такую задуму аказалася надзвычай няпроста. Быў Вітаўт Гарткевіч малаёмны: меў мала зямлі і ўсяго шаснаццаць душаў людзей цяглых. Як з такім мізэрным багаццем замахвацца на прыдбанне пародзістага дарагога жарабца? Пра такіх, як ён, сціплых ды непрыкметных, ганарыстая магнатэрыя гаворыць: «Qui non habet kobylkam – piechotare debet!» – «Хто не мае кабылкі, мусіць ісці пешшу!». Але шляхціц на тое й шляхціц, каб самога дябла трымаць за рогі і хвост. Напружыўся пан Гарткевіч, пашкроб па кішэнях і сусеках, выбіў са сваіх хлопаў чынш за год наперад, а калі ўсёроўна не хапіла, узяў пазыку ў самога найвышэйшага маршалка літоўскага, ваяводы трокскага і віленскага, ардыната нясвіжскага, князя Мікалая Крыштофа Радзівіла, якога з малалецтва ўсе называць Сіроткам. За гэта абавязаўся служыць Сіротку ў ягонай асабістай свіце-ахове. Вось і сёння, хоць грымела і бліскала ў небе і чакаўся немалы дождж, ён ехаў да князя ў Нясвіж.
Было яму трыццаць восем поўных гадоў. Быў ён цемнарусы смуглявы і год таму аўдавеў, застаўшыся з трынаццацігадовай дачкой Вандаю. Жонку разбіў паляруш, калі яна, катаючыся на санках з ледзяной гары, раптоўна правалілася ў палонку, якую не заўважылі пахолкі, што слугавалі ёй. Амаль тры гады ляжала пані Альжбета без руху і без мовы. А такой гаварунняю была калісьці! Як вясновая птушка, весела і несупынна шчабятала ў маёнтачку, у пакоях. Срэбным званочкам разліваўся ейны смех, такі знаёмы і такі родны.
Невыносна цяжка разумець і бачыць, як тая, з якой у агонь кахання было кінута сэрца, тая, з якой ішоў па жыцці, з якой нарадзіў дзіця, з якой дзяліў сямейнае ложа, хлеб, радасць і бяду, ляжыць нерухомай калодаю між падушак і пярынаў. І неадрыўна глядзіць некуды, глядзіць не на цябе, а нібы праз цябе. Якіх толькі лекараў ні прывозіў Гарткевіч. З Нясвіжа, з Вільні, з Варшавы. Якіх толькі бабак-шаптухаў ні вышукваў у глухіх лясных вёсачках. Нічога не дапамагло. Нездарма кажуць: «Быў бы чалавек, з душою і целам, а хвароба ўчэпіцца, так учэпіцца, што толькі смерць яе адчэпіць».
І ён, шчыра памаліўшыся Пану Богу, змірыўся з тым, што малжонка памрэ. Значыць, так накавана звыш. І хутка анёлы, праваднікі чалавечых душаў, узнясуць яе на неба.
Ён самаруч зрабіў, паклаў ёй пад галаву падушку для салодкіх сноў. Уперамешку з гусіным пухам і хмелем напхаў у падушку пялёсткі і галоўкі высушаных ружаў, рамонкаў і герані. У той дзень жонка заснула з ціхай усмешкаю на спакутаваным твары. А праз тыдзень, калі ён, як звычайна, сядзеў каля ейнага ложку, яна раптам парывіста прыўзнялася, села, прамяністымі-прамяністымі вачамі зірнула на яго, сказала звонкім усхваляваным голасам:
Напакутваўся ты са мною, пане Вітаўт. Адыходжу. Раскажу Пану Богу пра любоў тваю і ласку. Дзякуй табе, каханне маё. Дзякуй за ўсё.
Моцна пацалавала яго ў самыя вусны і памёрла.
Ванда! Дочка! – закрычаў Гарткевіч, – Бяжы сюды!
Але было ўжо позна.
Шляхціц Вітаўт Вінцэнт Гарткевіч ехаў на сваім Самуме пад хмарным няўтульным небам і ўспамінаў тыя жончыныя словы і прамяністы жончын позірк. Душа ягоная ўжо супакоілася, загаілася. Душа шляхціца, рыцарская душа, не мае права доўга плакаць. Яна павінна заўсёды заставацца цвёрдаю.
Мінуў рок з дня смерці пані Альжбеты. І Гарткевіч пачынаў задумвацца над тым, каб прывесці ў свой халасцяцкі дом новую гаспадыню. Не толькі для сябе, але й для дачкі Ванды патрэбна гэта. Без жанчыны пуста і холадна на зямлі.
Ён ужо і кандыдатку прыкмеціў, залатавалосую смуглявую дачку пана Скаблінскага Эльвіру. Іхнія землі суседзяць. Пан Ігнацы ўсімі паважаны радавіты шляхціц. А дачку ягоную колькі разоў шэнціла сустракаць у Нясвіжы і нават у Вільні. Прыгажуня, разумніца. І, як падалося Гарткевічу, кідала на яго хітравата-зацікаўленыя позіркі. Ды ўсё, вядома ж, залежыць ад бацькіці захоча выдаваць дачку за ўдаўца.
Сёння, едучы ў Нясвіж да князя Радзівіла, пан Вітаўт наўмысна зрабіў кругаля, каб апынуцца каля маёнтку Скаблінскіх. Паненку Эльвіру не ўбачыў, але пачуў крыўдлівую песеньку, якую спявалі, грабучы на лужку падсохлае сена, панскія дзеўкі-хлопкі:

У майго мілёначка
Худая кабылёначка.
Не даехаў да гары
Кабылу зелі камары.

Няўжо паненка Эльвіра падвучыла іх спяваць такое? Гэта ў яго, Гарткевіча, худая кабылёначка? Пан Вітаўт прыгнуўся ў сядле, пяшчотна ўскудлаціў раскошную грыву свайго Самума. Дарэмна толькі што абазваў арабскага прыгажуна аўсянымі зубамі. Гэтасын ветру і перамогі, ганарлівы сваёй паставаю і высакароднай панскай пышнасцю. Ён, як чалавек, толькі гаварыць не ўмее.
Тым часам набліжаўся Нясвіж, што стаіць ля самых вытокаў рэчкі Ушы, славутая сталіца Радзівілаў. Хоць не яны напачатку валодалі ім. У 1430 годзе ўладаром Нясвіжу быў нехта Федзька, мяркуючы па ўсім, бязродны выпадковы чалавек. Потым тут вялі рэй Кішкі з магнацкага роду герба «Дуброва». Прыгажуня Ганна Кішкава ў 1513 годзе выйшла замуж за Яна Радзівіла Барадатага і прынесла замак і горад у пасаг Радзівілам. Не баявым мячом, не розумам і кемлівасцю прыдбалі яны гэту звышцудоўную залатую скарбонку, а спрытам у сямейным ложку аднаго са сваіх самцоў. Гэта й цяпер, улетку 1605 году, бянтэжыць славуты магутны род, і Радзівілы ў сваёй гаспадарчай дакументацыі і ў прыватных размовах далікатна абыходзяць такую казытлівую тэму.
Вітаўт Гарткевіч, павольна едучы на Самуме, любаваўся Нясвіжам. Сённяшні гаспадар горада і замка Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, сын Мікалая Радзівіла Чорнага, заўзятага кальвініста, не схацеў ісці бацькавым шляхам, выгнаў са сваіх земляў пратэстантаў, спаліў на гарадской плошчы кнігі Сымона Буднага ды іншых мудрагеляў, прыняў каталіцтва. Паспрыялі гэтаму натхнёныя вогненна-страсныя пропаведзі Пятра Скаргі і падарожжа ў Святую Зямлю. Пабачыўшы мясціны, дзе нарадзіўся, навучаў людзей і балюча сканаў на пакутніцкім крыжы Збаўца, падыхаўшы тым бласлаўлёным цудадзейным паветрам, уражлівы Сіротка перарадзіўся душою. Адразу ж па ягоным запрашэнні ў Рэч Паспалітую, а затым у Нясвіж прыехаў з Італіі знакаміцейшы дойлід Ян Марыя Бернардоні. Радзівіл даў яму грошы і будаўнічыя матэрыялы, даў людзей, даў поўную творчую волю. Фантазіруй, стварай, праслаўляй сваім цудоўным умельствам на гэтай не самай горшай зямлі Бога і Радзівілаў! І Бернардоні разгарнуўся на ўсю моц.
З душэўным трапятаннем, з гордасцю (а як жаён жа таксама тутэйшы шляхціц, Радзівілаў службовец!) пазіраў Гарткевіч на абведзеныя непрыступнымі валамі і бастыёнамі магутны замак, касцёл, калегіум езуітаў, прыгожыя будынкі, вуліцы і плошчы, на новенькую Слуцкую браму, куды кіраваўся. Здавалася, на зялёны бераг Ушы апусціўся з сонечных нябёсаў Божы Град, такі, якім яго малююць яркімі сакавітымі фарбамі на сваіх палотнах хрысціянскія жывапісцы.
Раптам плынь узнёслых шляхоцкіх думак была спынена самым неспадзяваным чынам. Леваруч ад сябе на дарозе Вітаўт Гарткевіч убачыў маладога высакарослага селяніна ў белай палатнянай кашулі, падперазанай сплеценым з сырыцы поясам, у даматканых цёмных суконных штанах і ў лапцях-лыкоўніцах. На галаве ў яго быў саламяны брылясты капялюш. На раменьчыку праз плячо вісела каліта, скураная сумка, у якой вясковы люд звычайна носіць крышаную табаку, люльку, трут і крэсіва. Малады хлоп шпаркім крокам ішоў насустрач вершніку.
Уразіла Гарткевіча тое, што ён не сцішыў хаду, заўважыўшы шляхціца, не зняў капялюш і не пакланіўся нізка-нізка, як належыць рабіць у такіх выпадках. Яшчэ ўразілі сінія дзёрзкія вочы, у якіх не было відно ні кропелькі страху. Адразу падумаласягэты быдлятнік ці пяны, ці нейкі варят.
Яны ўжо амаль размінуліся, калі Вітаўт Гарткевіч, гнеўна прыкусіўшы чарнявы вус, рэзка развярнуў Самума, выхапіў з-за пояса бізунчык і з усяе сілы шлегануў лапцюжніка. Саламяны капялюш зваліўся з галавы. Малады селянін уздрыгнуў ад нечаканасці, спыніўся, падняў з пыльнай зямлі капялюш, зірнуў на Гарткевіча. У яго былі жоўта-русыя, колеру спелага жыта валасы.
Што, мужык, ніхто не вучыў, як трэба вітаць пана?! – уладным звонкім голасам закрычаў Вітаўт. – На калені!
У маладога селяніна нервова заторгалася цёмнае брыво. Ён глядзеў на шляхціца, і сутарга прабягала па дужа загарэлым твары, і нейкая незразумелая ўсмешка пульсавала ў смелым позірку.
На калені! – зноў загадаў Гарткевіч і, не дачакаўшыся, парывіста саскочыў з каня, схапіў хлопа за каршэнь, за худую жылістую шыю, пачаў нахіляць галаву ягоную да зямлі. Ды хлоп заўпарціўся. Сваімі вялікімі цвёрдымі кулакамі ён упёрся шляхціцу ў грудзі так, што таму перацяло дыханне, а ў вачах успыхнулі сінявата-чырвоныя іскры. Ад хлопа ішоў цяжкі задушлівы пах. Гэта была дзікая невядомая шляхціцу, які з малалецтва нюхаў толькі французкую ды варшаўскую парфуму, сумесь пахаў гнілой саломы, мокрай зямлі, упрэлага гною, спарахнелай драўніны і яшчэ богведама чаго. Гарткевіч адчуўпраз імгненне-другое яго пачне ванітаваць.
Сапучы і крэкчучы, яны моўчкі бораліся, быццам былі нямымі. Конь нерухома стаяў на дарозе, чакаў, толькі нервова трапяталі вейкі над вялізным карычневым вочным яблыкам.
Збоку гэты двубой выглядаў даволі жывапісна. Селянін у зрэбі і ў лапцях і шляхціц у парадным мундзірыу пунсовым кунтушы з чорнымі адваротамі і залатымі эпалетамі, у чорным жупане, у чырвоных скураных ботах. З галавы ў маладога хлопа адразу ж зваліўся капялюш, шляхціцава ж рагатая канфедэратка сядзела на галаве пыхліва, як карона.
Гарткевіч усё намагаўся выцягнуць з похваў шаблю. Ды супраціўнік не даваў гэта зрабіць, разумеючы, што востраю шабляю шляхціц адразу зарэжа яго, як авечку.
Не ўсё вам панаваць, – загаварыў раптам малады хлоп напружаным сіплым голасам. – Скончыцца вашае панаванне. Прыдзе Севярын Налівайка. Ён ідзе, ён ужо блізка. Будзе й на крапіву мароз.
Перамог, як і трэба было чакаць, вялікамоцны шляхціц. Значна лепшы мясны харч, пастаянныя трэніроўкі з самага ранняга дзяцінства, упэўненасць і рашучасць, – усё гэта, урэшце рэшт, не магло не ўзяць верх. Гарткевіч, злаўчыўшыся, моцна ўдарыў кулаком селяніну ў пацямнелы ад сонца твар. Хлоп адразу ж абвяў, абвіс, як сноп. Гарткевіч заламаў яму назад рукі, звязаў іх сырыцаю, счапіўшы яе з ягонай потнай кашулі. Сам жа прутка ўскочыў на ногі, выхапіў шаблю, загадаў:
Уставай!
Вочы ў селяніна, яшчэ міг таму такія сінія і дзёрзкія, патухлі. З напругаю ён узняўся з зямлі, унурыўшы жаўтавалосую галаву, ціха стаяў перад грозным пераможцам. Зноў бачыў ганарлівы ўсёўладны пан пакорлівую бязмоўную жывёліну, якая, пабрыкаўшыся і паматаўшы рагамі, заняла сваё месца ў належным ёй стойле.
Падчас барукання скураная каліта, што боўталася ў селяніна на плячы, расчынілася, з яе выпаў на прытаптаны пясок нейкі скрутак. Вітаўт Гарткевіч падняў яго. Гэта была наматаная на круглы драўляны кіёчак грубая вошчаная паперына. Чырвонымі няроўнымі літарамі на ёй было напісана:


Універсал вольнага казацка-мужыцкага гетмана Севярына Налівайкі.

Усім хрысціянскім людзям, праваслаўным і каталікам, цяглым мужыкам і нерэестравым казакам, бедным і галодным, усім, хто стогне пад панскім бізуном і адбывае шмацькротныя палявыя паншчыны, земляныя работы, церпіць згоны і гвалты, абліваецца крывавым потам, плоціць аброкі і даніны жывёлай і мёдам, а за ўсё гэта мае толькі дыбы, калодкі, ланцугі, дубцы-розгі, пішу я гэты Універсал. Годзе цярпець і ліць слёзы! Ужо ўстае над нашай хрысціянскай зямлёй залатое сонца мужыцкай і казацкай вольнасці. Мы ўзялі Петрыкаў, Слуцак, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў і Пінск. Зараз ідзем да вас. Адчыняйце ўсе брамы! Вешайце на брамах сваіх паноў!

Вітаўт Гарткевіч прачытаў усё гэта, пакруціў у руках паперчыну, затым парваў яе на шматкі, грэбліва шпурнуў сабе пад ногі, насмешліва сказаў хлопу:
Ужо восем гадоў таму спяклі гэтага твайго гетмана, ягонага спадкаемца Шавулу ды іншых тацяў-галаўнікоў у Варшаве. Спяклі, як лясны грыб, на агні. Толькі смурод пайшоў ад іх. Восем гадоў таму, дурная твая галава. А ты ўсё носіш гэтую цыдулку-паршыўку. Хто ты і чый ты?
Отчыч пана Рудкоўскага з двара Сакаўшчына Мацвей Караба, – глухім голасам прамовіў селянін.
Чый хлеб ясі і чаго бадзяешся каля Нясвіжу? Збег, нябось, ад свайго пана і жывеш лупежствам, людзей рабуеш, як воўк крыважадлівы?
У адказ было маўчанне. Тым часам яркая маланка разарвала цёмнае неба. Вось-вось павінен быў хлынуць бурлівы дождж.
Пойдзем у Нясвіж да князя дабрадзея Радзівіла. Там з табою разбяруцца і з Божай дапамогаю павернуць на праўдзівую дарогу.
Кажучы такое, Гарткевіч сеў на каня, разматаў пяньковы шнур, маток якога быў прытарочаны да сядла, зрабіў на ягоным канцы пятлю, накінуў яе на шыю селяніну і кальнуў шпорамі, зрушыў з месца Самума. Так і пакіраваліся яны да Нясвіжушляхціц у сядле, мужык са звязанымі рукамі і ўдаўкай на худой жылістай шыі бегма побач з канём.
Неўзабаве перад імі ва ўсёй сваёй моцы і велічы паўстаў новы каменны Нясвіжскі замак, размашыста адбудаваны князем Мікалаем Крыштофам Радзівілам замест ранейшага драўлянага. Сцяну дойліды замянілі каменным валам, вежы ператварылі ў бастыёны, на якія паставілі гарматы, што пры вайсковай неабходнасці павінны былі абстрэльваць перадполле за ровам. Гарматны агонь па фронце і флангах мог пакрыць кожную пядзю зямлі да суседніх бастыёнаў, не даваў праціўніку блізка падысці да замку і атакаваць валы-курціны. Па версе была вымашчана дарога, якую засланяў бруствер. Увесь жа замак уяўляў сабою высокі востраў, што пагрозліва ўздыбіўся на раўнаполлі. З усіх бакоў ён быў акружаны азёрамі і каналамі. Некалькі гадоў запар сяляне-капачы пашыралі рэчышча ракі Ушы, рабілі азёры, а выкапаную зямлю на фурманках альбо ў лазовых кашах вывозілі і выносілі, каб павялічыць гару, на якой сядзеў непрыступны грозны замак. Трапіць у яго можна было толькі па драўляным мосце, які імгненна разбіраўся падчас варожай пагрозы. Сёння ж такой пагрозы не было, наваколле дыхала цішынёй і спакоем, і таму Вітаўт Гарткевіч разам са сваім палоннікам бесперашкодна ўзехаў на мост.
Вось і замкавыя вароты, двухпавярховыя, з дазорнай вежаю. Другі паверх адно цэлае з валам. На каменнай сцяне вежы маляўніча выкладзены герб Радзівілаўу чырвоным полі тры чорныя паляўнічыя трубы, злучаныя муштукамі, кожная з чатырма залатымі паяскамі і перакручаным шнурком. Клейнод гербанад прылбіцай з каронай пяць страусавых пёраў. Ніжэй герба залатой яркай фарбаю напісаны дэвіз Радзівілаў: «Мужнасцьу тым, каб імкнуцца да цяжкасцей».
З другога паверху дазорнай вежы нетаропка спусціўся, стаў перад Вітаўтавым канём ротмістр ахоўнай роты, чарнавусы, густа смуглявы і гарбаносы пяцігорац, адзін з тых, што прыбылі калісьці ў гэтыя мясціны ажно з Паўночнага Каўказу, каб верай і праўдай служыць Вялікаму Княству Літоўскаму. Быў ён у сінім кароткім плашчы-даламане, апранутым на кольчаты панцыр, з міскападобным шлемам-місюркай на галаве. У зарослай чорным валоссем руцэ сотнік чэпка трымаў вострую дзіду. За шырокі скураны пояс, на якім вісела доўгая шабля, быў заткнуты пісталет.
Да каго едзе яснавяльможны пане? – спытаў ён гартанным рэзкім голасам, каверкаючы словы.
Еду па запрашэнні шляхетнага дабрачыннага і набожнага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла. Ягоны службовец, – адказаў Вітаўт Гарткевіч.
А гэты? – дзідаю паказаў пяцігорац на запалоненага селяніна.
Злоўлены мной у лесе, у тутэйшым наваколлі. Магчыма, былы налівайкаўскі казак. Трэба дапытаць.
Ротмістр падазрона зірнуў на палонніка, які абліваўся густым едкім потам і захліпіста соп, потым даў знак, махнуўшы рукою. Цяжкія акутыя цёмным жалезам вароты з натужным рыпеннем расчыніліся. Гарткевіч з Карабам апынуліся на ўнутраным галоўным двары, куды выходзіў парадны падезд. Тут быў трохпавярховы цэнтральны корпус, упрыгожаны пілястрамі, мармуровымі скульптурамі, разнастайнымі рэльефнымі аздабленнямі. У ім жылі самі Радзівілы.
Пяцігорац, якому ротмістр загадаў суправаджаць прыбышоў, павёў іх на другі двор, конна-гаспадарчы, дзе месцілася падземная стайня. Побач у яме-бункеры грымеў ланцугом вялізны тлусты мядзведзь з карычнева-бурай поўсцю. Ягоную прысутнасць адчувалі радзівілаўскія коні, карэтныя і выяздныя. У доўгай высокай галерэі стайні з калонамі, пафарбаванымі пад колер чырвонага дрэва, з мяккім дываном на праходзе, з прамяніста-зіхоткімі люстэркамі на сценах яны нервова перабіралі тонкімі мускулістымі нагамі, шумна ўцягвалі ў трапяткія ноздры паветра. І хоць паветра было густа накурана духмянасцямі, лясны звярыны пах даходзіў і сюды. Але конюхі лічылі, што лёгкая ўзбуджанасць і трывожнасць толькі на карысць гарачым стаеннікам.
Самуму знайшлі месца ў раскошнай стайні, Вітаўта Гарткевіча павялі ў двухпавярховую прыбудову з тэрасай і рагавымі вежамі, дзе меліся спачывальныя пакоі-ложніцы для радзівілаўскіх гасцей. Мацвея ж Карабу напаткала больш суровая і жорсткая доля.
Бадзяга? Налівайкаўскі казак? – гнеўна зірнуў на няшчаснага палонніка стары снегабароды домакіраўнік. – У гансёру яго! Няхай пастаіць дзень-ноч і добра падумае пра гвалт, што чыніў людзям паспалітым.
Амаль упрытык з мядзведзевай ямай-бункерам яшчэ пры ранейшых Радзівілах была змайстравана гансёра. У зямлю ўкапалі два тоўстыя дубовыя слупы. Паміж імі наструнілі дзве цяжкія разёмныя дошкі з адтулінамі для чалавечай шыі і рук. Той, каго каралі, клаў сваю галаву і рукі на ніжнюю дошку, затым кат апускаў верхнюю, туга закручваў калкі, і ўсёахвяра трапляла ў мёртвую пастку. Лютасць пакарання была ў тым, што чалавек стаяў сагнуўшыся, стаяў на пальчыках ног, ледзь-ледзь кранаючыся імі зямлі. Праз нейкі час ён траціў прытомнасць, абвісаў, як прыдушаная таўшчэзным пластом снегу танюсенькая яловая лапка.
Калі Мацвея Карабу падвялі да гансёры, калі пачалі заціскаць дошкамі, ён, натужліва да балючага хрусту выварочваючы шыю, зірнуў услед Гарткевічу, зірнуў яму ў спіну. Шляхціц, пэўна, адчуўшы гэта, павярнуўся, і позіркі іхнія сустрэліся.


VII

Мікалай Крыштоф Радзівіл, які з лёгкага ласкавага слова караля Жыгімонта Аўгуста яшчэ ў самым найраннім ружовым сваім малалецтве атрымаў мянушку Сіротка, быў у 1605 годзе пяцідзесяцішасцігадовым энергічным сухарлявым чалавекам з тонкім адухоўленым тварам, доўгімі русымі вусамі і кароткай пасівелай барадой-эспаньёлкай. Ён меў дзевяць дзяцей, з якіх сын і дзве дачкі-блізняткі нядоўга затрымаліся-гасцявалі на белым свецеБог забраў іх. Гэта, вядома ж, было жорсткім ударам для чуллівага бацькавага сэрца. Ён, Сіротка, заўсёды імкнуўся жыць у згодзе і паразуменні з Панам Богам. Дзеля гэтага 16 верасня 1582 года (трыццацітрохгадовы, як Хрыстос!) накіраваўся ў пілігрымку з Нясвіжа да Святой Зямлі, плыў неспакойным штармавітым Міжземным морам, пешшу ішоў па сухой камяністай спаленай сонцам зямлі да самага Ерузалему, пакланіўся Бетлеему і Труне Гасподняй, пастаяў, абміраючы ўсхваляваным устрывожаным сэрцам, на Галгофе. Акрамя гэтага разам са сваімі спадарожнікамі наведаў шумныя егіпецкія рынкі, дзе прадавалі залатыя ўпрыгожанні, трапічную садавіну і чарнаскурых рабоў, саляварню на востраве Кіпр, купаўся ў Тыверыядскім возеры, якое дало свету рыбакоў-апосталаў. З доўгага падарожжа прывёз дадому ў Нясвіж камяні і кафлю са старадаўніх разбураных часам і людзьмі храмаў, егіпецкія мумііабматаныя сатлелымі тканінамі чалавечыя бязвокія чарапы і косткі, што адначасна напаміналі аб тлене і аб вечнасці. Прычым, дзве муміі па патрабаванні матросаў і пасажыраў давялося выкінуць у мора, калі карабель, на якім плылі з Александрыі, трапіў у люты шторм. Прывёз таксама некалькі дзівосных жывёлін: малпаў, леапардаў, суслікаў, паўлінаў і папугаяў. Звярам і птушкам прызначылі сталае месца жыхарства ў звярынцы, які быў пабудаваны ў паўднёвым прыгарадзе Нясвіжа ў маладым парку «Альба».
Ад маці Альжбеты Шыдлавецкай Мікалай Крыштоф узяў абвостранае адчуванне Бога. «Шукай Бога, – навучала маці сына. – Бо Пан Бог ёсць справядлівасць, мудрасць і прыгажосць». Менавіта яна, натхнёна-апантаная аматарка мудрага і прыгожага, пераканала свайго мужа Мікалая Радзівіла Чорнага заснаваць нясвіжскую бібліятэку. За такі дабрадзейны ўчынак паэт Ян Каханоўскі прысвяціў ёй трапятлівую паэму «Сусана». Над галоўнаю брамаю замка, дзе месцілася бібліятэка, захоўваліся па прыгавору вялікіх князёў (самае надзейна абароненае месца!) акты Вялікага Княства Літоўскага, пачынаючы з часоў ЯгайлыЛітоўская метрыка, мноства найрэдкіх манускрыптаў і старадрукаў. У гэтай жа бібліятэцы знайшла пачэснае месца кніжка самога Мікалая Крыштофа пра свае вандроўкі «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую Зямлю князя Мікалая Радзівіла Сіроткі», якую надрукавалі ў горадзе Брунсберг на лацінскай мове. Партрэт падарожніка ў кнізе выгравіраваў мастак Тамаш Макоўскі. Вось з гэтым знаным мастаком, што быў каморнікам пры двары Радзівілаў, слугаваў па самых разнастайных князевых даручэннях і кіраваў нясвіжскай друкарняй, гутарыў сонечнай ліпеньскай раніцай першы ардынат Нясвіжу Сіротка.
Яны сядзелі ў Рыцарскай зале замка за шырокім чырвонага дрэва сталом з мармуровымі ножкамі ў выглядзе львіных лапаў. На сценах залі, упрыгожанай вытанчанымі ляпнымі аздобамі і разьбой, віселі поўныя камплекты вайсковых даспехаў, маршальскія жэзлы, мячы, шаблі, кінжалы і буздыганы, шчыты і лукі. Усё тут дыхала зброяй і вайной. Перад гэтым Радзівіл паказаў Макоўскаму ў адным з сутарэнняў замку ўцеху сваёй душы, свой гонардваццаць гарматаў, якія хоць зараз гатовыя былі страляць па ворагу. І хоць быў князь не дужа каб ваяўнічы натураю, больш вабілі яго мастацтвы і навука, але ён добра разумеўбез зброі нельга выжыць у гэтым суровым непрадказальным свеце. Кожная з гарматаў мела сваё імя, сваё адмысловае аздабленне і дэвіз. Гармата «Цэрбер» уяўляла сабою неабчасаную калоду, ад якой узвіваліся ўгору драпежныя языкі полымя. «Цэрбергрымлю пранізліва, калі жаўнерам даю дзяржавы», – напісалі на ёй майстры-адліўшчыкі. Гармата «Цырцэя» была, як тоўстая калода, перавязаная ў трох месцах бронзавым канатам. Наўкол адлітай з бронзы чалавечай галавы віўся надпіс: «Цырцэязняслаўлю кожнага, да каго дакрануся».
Пасля агляду грознай вогнебойнай зброі ўзняліся ў Рыцарскую залу, каб заняцца больш мірнай справаю. На стале перад суразмоўцамі ляжала надрукаваная ў 1603 годзе ў Нясвіжскай друкарні мапа Вялікага Княства Літоўскага. Яе яны й разглядалі з найвялікшай цікавасцю.
Тамаш Макоўскі, жвавы чарнабароды чалавек гадоў сарака з вялікімі звычнымі да разца, дрэва і металу мазольнымі рукамі гравёра, з густым чорным чубам, які непакорліва выбіваўся з-пад сіняга суконнага берэту, даваў тлумачэнні Радзівілу, водзячы па мапе срэбнай указкаю ў выглядзе вострадзюбага ключыка з казлінай рагатай галавой:
Вось тут, князь дабрадзею, на рацэ Ака сядзяць вярхоўскія князі, землі якіх мяжуюць з нашым Княствам. Вось гэта Дзікае поле, якое было то нашым, то маскавіцкім, але з якога з году ў год налятаюць на нашую дзяржаву крымчакі.
Радзівіл Сіротка слухаў рысавальшчыка і гравёра вельмі ўважліва, часам ківаў галавой, часам браў з аксамітнага футаральчыка лупу, прыкладваў яе да вока, нахіляўся, каб больш дасканала разглядзець самыя найдрабнейшыя элементы мапы. Па ўсім адчувалася: такі занятак, разглядванне мапы, прыносіць яму вялікае задавальненне.
Святло ад мноства свечак, запаленых у вялізным залатым, аздобленым каштоўнымі камянямі кандэлябры, які вісеў пад мармуровай столлю якраз над сталом, маляўніча і шматфарбна пералівалася на парадным адзенні Сіроткі, якое ён апрануў дзеля гасцей, што чакаліся сёння ў замку. Гэта быў улюбёны шляхтаю сармацкі стыль. Князь апрануў доўгі з вузкімі рукавамі расклёшаны жупан са светла-зялёнай усходняй тканіны. Ад каўняра да таліі ён зашпільваўся густа пасаджанымі адзін каля аднаго зіхоткімі залатымі гузікамі. Жупан быў падперазаны скураным надзвычай прыгожа выштукаваным поясам, на якім пыхліва красавалася шабля карабела. Паверх жупана вольнай хваляю струменілася аднаго з ім светла-зялёнага колеру дэлія, падшытая ярка-плямістым футрам рысі. На нагах у князя былі вастраносыя жоўтыя боты. На паголенай па шляхецкаму звычаю галавеневялікая круглая шапачка. Калі Радзівіл браў лупу, на пальцах ягоных рук прамяніста ўспыхвалі масіўныя залатыя пярсцёнкі-сыгнеты.
Я задаволены гэтай мапаю, – сказаў Сіротка. – Але ж, пане Тамаш, як я мяркую і як мы дамаўляліся, гэта толькі першы крок. Каб увесь хрысціянскі свет уведаў пра нашую бласлаўлёную радзіму, патрэбна надрукаваць куды большую мапу. І не на адным аркушы, а на некалькіх. І каб там было падрабязнае апісанне нашага краю: гарады, гандаль, святыя храмы, навуковыя ўстановы, звычаі народу, рэкі, пушчы. Адным словамтой, хто возьме мапу ў рукі, павінен як бы ад мяжы да мяжы праехаць і прайсці па Вялікім Княстве Літоўскім.
Цалкам згодны з вамі, вашамосць, – усміхнуўшыся ў бараду, злёгку пакланіўся князю гравёр. – І штодзённа працую над гэтым з маімі памочнікамі. Упэўнены, што народзіцца гэтая мапа і паслужыць Айчызне нашайпанству Літоўскаму.
Няхай Пан Бог пачуе гэтыя словы і дапаможа, – таксама ўсміхнуўся Сіротка. – А яшчэ б мне хацелася, пане Тамаш, каб тлумачэнні на мапе былі выдрукаваны не толькі латынню, але й нашай прыроднай моваю, якой пан падканцлер Леў Сапега надрукаваў Статут Вялікага Княства Літоўскага ў 1588 годзе. Францыск Скарына ў сваіх друках называе мову гэтую рускай, Міхалон Літвін у кніжцы «Пра норавы татараў, літвінаў і маскавітаў» рутэнскай. Для мяне яналіцвінская мова. І хоць род мой палягае, як кажуць, ад старабытнай рымскай арыстакратыі, ад Дорспрунга, які разам з дастаслаўным князем Палямонам даплыў морам да Літвы, не ведаю я мовы лясных аўкштайтаў і родных ім плямёнаў. Змалку жыве ўва мне латынь, пальшчызна і мова нашай навакольнай шляхты і простага людуліцвінская мова.
Радзівіл крыху памаўчаў, узіраючыся ў мапу на стале, затым загаварыў зноў:
Міхалон Літвін бачыць моваю моў толькі латынь, піша супраць рутэнскай мовы і супраць маскавіцкай. Маскавіцкая мова, як лічыць ён, не заклікае да доблесці. А ўвогуле ёнвыдатнейшы патрыёт Княства. Шкадуе, што падчас пажару ў віленскім касцёле Святога Станіслава згарэла трыста трафейных сцягоў і між імі дванаццаць маскоўскіх, узятых нашымі ваярамі ў 1514 годзе пад Воршай. Ды тут пан Міхалон памыляецца. Не ўсе сцягі страчаныя. Ёсць у мяне Марцін Жабыка-Жэмба з ваколічнай шляхты, службоўца на маім двары. Дык ён на вайсковы попіс прыехаў, падперазаны маскоўскім сцягам. Продак ягоны, таксама Марцін Жабыка-Жэмба, запалоніў гэты сцяг у Аршанскай бітве.
Калі нарэшце Макоўскі пайшоў са сваёй мапаю, Радзівіл Сіротка застаўся ў Рыцарскай залі і колькі часу сядзеў, заплюшчыўшы вочы. Як камень на душу і цела навалілася стома. Цяжар велізарнай улады і велізарнай адказнасці апошнім часам усё болей прыгнечваў нясвіжскага ардыната. Добра было падарожнічаць па Святой Зямлі і па Егіпце: плыві, едзь конна, ідзі пешшу, глядзі, здзіўляйся, абмацвай позіркам і рукамі невядомыя дагэтуль дзівосныя рэчы, слухай чужыя мовы, некаторыя з якіх льюцца, як птушыны свіст, спрабуй раскумекаць чужыя манускрыпты, дзе літары непадобныя на звычныя лацінскія, а нагадваюць сабою мудрагелістыя звілістыя хады жукоў-дрэваточцаў. Але там, у пілігрымцы, ён ні за што не адказваў, хіба толькі за свой невялікі караван. Тут жа, у Нясвіжы, Вільні і Варшаве, у Вялікім Княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай, ён адзіны абаронца роду і скарбу Радзівілаў, сваёй сямі, сваіх малодшых братоў і сясцёр, якіх давялося апекаваць падчас іхняга малалецтва.
Тры Учынкі зрабіў ён, Мікалай Крыштоф Радзівіл, за якія абавязкова трэба будзе напрыканцы жыццёвага шляху трымаць суровую справаздачу перад Панам Богам. Першага ліпеня 1569 года падпісаў акт Люблінскай вуніі. І хоць пазней, у 1572 годзе, на зездзе сенатараў абвяшчаў, што ліцвіны не перастануць змагацца за вяртанне Вялікаму Княству Падляшша, Валыні, Брацлаўшчыны і Кіеўшчыны, Люблінскай вуніі не здрадзіў, бо добра разумеў, што толькі зліўшыся ў адно цела, адну сілу Польшча і Літва, Арол і Пагоня змогуць не зрабіцца пылам падножным для жалезных рацяў ненаеднага маскоўскага цара Івана Жахлівага.
Падтрымаў ён і царкоўную Берасцейскую вунію 1596 года, быў адным з трох каралеўскіх паслоў на саборы ў Берасці. Тут таксама патрэбна было ратаваць дзяржаву, ратаваць Рэч Паспалітую ад разладу і разлому, бо маскавіцкія цары і святары абявілі сябе адзіназаконнымі духоўнікамі ўсіх праваслаўных усёй Русі, у тым ліку, і ліцвінскіх праваслаўных. Толькі вуніяй з каталіцтвам, з Рымам можна было ўтрымаць народ і край свой у Еўропе. Моцна пасябраваў у той час Сіротка з Іпаціем Пацеем, вуніяцкім мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Пазнаёміліся яшчэ ў малалецтве, калі Іпацій (тады Адам) быў пажам пры нясвіжскім двары Мікалая Радзівіла Чорнага, ягонага роднага бацькі. Як і ўсе наўкол, яны былі кальвіністамі, горача падтрымлівалі Рэфармацыю. Але скончылася ўсё, у рэшце рэшт, Варфаламееўскай ноччу ў Парыжы, сялянскай вайной і Томасам Мюнцэрам у Германіі. Дзікая бура вальнадумства магла перакуліць карабель, на якім праз стагоддзі плыў уганараваны Богам і людзьмі славуты род Радзівілаў. І малады Сіротка, у адрозненне ад свайго бацькі, своечасова зразумеў гэта. Бацька памёр на Лукішках у прадмесці Вільні 29 траўня 1565 года. Гэта выратавала яго, шчыра-ўпартага кальвініста, ад непазбежнай цяжкой сутычкі з сынам, які цвёрда вырашыў прыняць каталіцтва. Ён і прыняў яго ў 1566 годзе ў Рыме патаемна ад свайго дзядзькі-апекуна Мікалая Радзівіла Рудога, які (о, неба!) гэтаксама, як і памерлы брат, звіхнуўся на кальвінізме.
Зрабіць найважнейшы жыццёвы выбар дапамог цуд. У пятніцу, калі малады Сіротка адязджаў з Варшавы ў Вільню, нечакана ажылі тлустыя пеўні-каплуны, якіх кухмістр падрыхтаваў на сняданак і паставіў перад княжычам на стол. Яны пачалі хаатычна рухацца, а затым наогул зваліліся на падлогу. Сэнс цуду быў у тым, каб не дазволіць Радзівілу парушыць вялікі пост, якога ў гэты дзень спрадвеку прытрымліваецца каталіцкі касцёл. Такая падзея надзвычай уразіла, агаломшыла Сіротку. Быццам выбухнуў у душы слуп найярчэйшага пякучага полымя. «З гэтага імгнення якаталік!», – сказаў, загадаў ён сам сабе.
Потым казалі, што птушак напаілі, абскублі і паклалі на стол. Дотык вострага нажа абудзіў іх, і яны заварушыліся. Але гэта ўжо не мела аніякага значэння для Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Ён убачыў ва ўсім Божы Правід! І ён перайшоў Рубікон!
Ды аказалася, што быць каталіком вельмі й вельмі няпроста, што гэта не самы лёгкі жыццёвы крыж у Вялікім Княстве Літоўскім. Незадаволеныя пратэстанты абядналіся з незадаволенымі праваслаўнымі і ўсюды, дзе толькі можна, іхняя канфедэрацыя ўпіралася, як кажуць, рогам, ні на ёту не хацела здаваць свае пазіцыі. Ад іх перападала на горкія арэхі і каталікам і вуніятам. Праўда, за каталікоў і вуніятаў стаяў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза, сын караля Швецыі Юхана і Кацярыны Ягелонкі. Ды апошнім часам ягоным целам і душою канчаткова завалодалі езуіты. Ён быў лялькаю ў іхніх руках. Да таго ж у 1599 годзе шведская пратэстанцкая шляхта скінула яго са шведскага трону, які ён займаў адначасна з тронам Рэчы Паспалітай, і абрала каралём Карла ІХ, ягонага роднага дзядзьку. Горды сын вікінга і сарматкі абявіў у 1600 годзе Швецыі і свайму дзядзьку вайну. Войскі Кароны і Княства пайшлі на паўночны бераг Дзвіны-Рубона ў Інфлянты. Разам з усімі рушылі туды і вайсковыя аддзелы Радзівіла Сіроткі. Заўтра на ўзмацненне іх з Нясвіжскага замка выпраўляўся яшчэ адзін почат, які быў цалкам набраны з наёмнікаў і водцам-камандзірам якога Сіротка прызначыў віленскага шляхціца Аляксандра Лісоўскага. Сёння было вырашана зладзіць урачыстыя праводзіны. Вось чаму з усіх бакоў зязджаліся ў Нясвіж узброеныя суровыя людзі, а на двары замка служкі расстаўлялі сталы з багатым пітвом і закускаю. Распальвалі велізарныя вогнішчы. Няшчадна рэзалі быкоў, авечак, гусей і курэй. З падземных лёхаў выкочвалі пузатыя бочкі з віном. Вясёлыя музыкі даставалі з футаралаў скрыпкі, дудкі і гудкі. Вучні нясвіжскай музычнай школы-бурсы ўсе ў яркіх прыгожых строях і хвастатых смешных каўпаках пад наглядам настаўнікаў цырымонна ішлі на плошчу, каб урачыстым зладжаным хорам заспяваць там свае канты-псальмы.
Цяпер самы час расказаць вам, мае шаноўныя цярплівыя чытачкі і чытачы, пра Аляксандра Язэпа Лісоўскага.

Працяг будзе.