12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дайнека

_____________________
Пра лісоўчыка, злога хлопчыка.
Раман. (Працяг)


VІІІ

Гэта быў трыццацігадовы вельмі адважны і вель­­мі прыгожы чалавек, з тых, што з аднолькавымі ўпэў­ненасцю, рашучасцю і поспехам заваёўваюць-адчыняюць варожыя брамы і жаночыя сэрцы. Калі шляхта й са­праўды пайшла-павялася ад ваяўнічых вандроўных сарматаў, то ён, Аляксандр Лісоўскі, быў класічным яе прадстаўніком. Конь, шабля, дарога, вайна – вось тыя словы, якія з самага ранняга малалецтва цешылі яго, гучалі нябеснай музыкай. Нездарма бацькі, беднаватая, але ганарлівая шляхта з Берасцейшчыны, далі свайму няўрымсліваму сыну імя Аляксандр. Вялікі македонец на ўсё жыццё стаўся для яго яркай пуцяводнай зоркаю.
Высокі, з доўгімі светлымі валасамі, што хваляю апускаліся на шырокія плечы, з цёмнымі бровамі і ву­самі, з сінім агнём вялікіх заўсёды адважных вачэй, Лі­соўскі хадзіў па зямлі і ўзлётваў у баявое сядло з ней­кай крылатай лёгкасцю, быццам нябачныя староннім людзям анёлы падхоплівалі яго. Здавалася, без ніякіх высілкаў ён мог цэлы дзень імчацца на кані альбо ісці пешшу па пяску і па балоту. Амаль не было яму роўні і ў шабельнай сечы, і ў стральбе з рушніцы, пісталета і лука. Вядома, давалася ўсё гэта няспыннымі цяжкімі трэніроўкамі, працаю да сёмага поту.
Свядомае ж сваё жыццё пачынаў Лісоўскі, як амаль усе шляхецкія сыны ў Вялікім Княстве Літоўскім: пачатковую адукацыю атрымаў у каталіцкай школцы ў Берасці. Потым, хоць і не густа было з грашыма, паехаў у Нямеччыну адольваць мовы і павучанні старадаўніх філосафаў ды айцоў Касцёла. Слухаў лекцыі ва ўніверсітэтах Цюрыха і Страсбурга, пабываў пры двары імператара Максіміліяна, дзе браў удзел у рыцарскім турніры і магутным ударам дзіды зваліў на зямлю славутага турнірнага байца Марціна фон Рэдліха.
З блуканняў па Еўропе вярнуўся ў родныя мясціны загартаваны і фізічна, і духоўна. Ужо не для яго было правіла, якое кажа: калі цябе ўдарылі па адной шчацэ, падстаў другую. Ягоны жыццёвы прынцып быў цяпер такі: на адзін удар трэба неадкладна адказаць двума ўдарамі. І ён адказваў у любы момант і кожнаму, хто асмельваўся кінуць яму пальчатку. Не спыняўся нават перад праліццём крыві, хоць у некаторых выпадках за гэта магло чакаць уцяцце рукі або каранне горлам.
Почут пра Аляксандра Лісоўскага ішоў па ўсім Вялікім Княстве. Яго пабойваліся, з ім хацелі не варагаваць, а сябраваць. І паступова вакол яго пачала гуртавацца шляхецкая моладзь. Як сынкі магнатаў, так і дзеці засцянковай шарачковай шляхты, што багатая не залатым посудам ды пенязямі, а славаю і гордасцю продкаў. Нібы маладыя гарачыя ваўчаняты, насіліся яны па наваколлях Бярэсця, а потым і Вільні. Асабліва бушавала кроў падчас каляднага карнавалу. Тады ўспаміналі пра кулагу – сармацкі звычай нязванага гасцявання. П’янай шумнай гурмой увальваліся ў які-небудзь палявы ці лясны маёнтачак. Усё, што толькі можна было з’есці і выпіць, знікала ў ненасытных, здавалася, бяздонных чэравах. Знішчыўшы ўвесь хлебны і вінны запас, выпівалі аглаблёвую, або, як палякі кажуць, чапковую чарку, хапалі агаломшанага гаспадара, кідалі яго на сухое сена ў рыпучыя сані, імчаліся, як саранча, у ноч па белым снезе пад туманістым месячным святлом да суседзяў, і дзікае баляванне з новай сілаю пачыналася там. Назаўтра трашчалі галовы і калаціліся рукі. Ды Лісоўскі суцяшаў сябрукоў аптымістычнай прымаўкай, якую прывёз з Нямеччыны: «Бойся восені, за ёю – зіма. Не бойся зімы, за ёю – вясна». Такое сумятліва-парывістае і хаатычнае, як агонь пад моцным ветрам, жыццё маглі спыніць або смерць, або нейкі надзвычайны нечаканы выпадак. І выпадак такі надарыўся. У малюсенькім мізэрным маёнтачку над заснежанай ракой Ясельдай сілком змусілі піць разам з сабой гаспадара, худога жоўтатварага шляхцюка. Як той ні адгаворваўся, як ні кляўся-бажыўся, што ў яго слабое сэрца, трымаючы за рукі, пасадзілі на кут, сілком улілі ў рот каронны гарнец (амаль чатыры літры!) гарэлкі-міндалёўкі. Бедалага амаль адразу ж сканаў, аддаў Пану Богу душу. Загаласіла жонка, пачалі плакаць шматлікія дзеткі.
– Дрэнь справы, панове, – нахмурыўшыся, сказаў Аляксандр Лісоўскі кулажнікам, якія амаль адразу зрабіліся цвярозымі. – Бачыць Пан Бог: мы не хацелі такога.
Паклалі нябожчыка на стол, высыпалі каля яго са сваіх кішэняў і ка­шалькоў усе наяўныя грошы, паклалі ўсе свае залатыя пярсцёнкі і бранзалеты, багатыя бабровыя і лісіныя футры, шапкі, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі шаблі і пісталеты і зніклі, растварыліся ў віхурыстай імгле зімовай ночы.
Нейкі час сядзеў-хаваўся Лісоўскі ў маёнтачку сваіх бацькоў, слухаў шум ляснога трывожнага ветру, запальваў свечкі, маліўся. Тады ж, зусім нечакана для родзічаў, перайшоў з каталікоў у вуніяты.
– Сыне, ці не звар’яцеў ты? – пытаўся вельмі здзіўлены і ўзрушаны пан Лісоўскі-старэйшы.
– Як я, нарадзіўшыся каля слаўнага месца Бярэсця, магу быць не вуніятам? – адказваў сын. – Іду за ракой. Куды рака, туды й я.
Ніяк не мог зразумець бацька, пра якую раку гаворка. На ягоны цвярозы розум чалавеку, а тым болей шляхціцу, заўсёды патрэбна быць там, дзе ўлада і сіла, дзе бляск і пашанота, дзе кароль і вялікі князь. Нават затурканыя цёмныя хлопы і тыя добра разумеюць, што да чаго.
– Нашая вера там, дзе больш сала даюць, – часцяком чуў ён ад іх. І гэта натуральна і зразумела, як узыход сонца, як ранішні крык пеўня. Не трэба быць белай варонаю там, дзе ўсе ў чорным пер’і – задзяўбуць.
Пэўна, у галаве ў сына шатан пасяліўся. Трэба ратаваць сына. А ратаванне бачылася бацьку толькі ў адным: неабходна зланцужыць Аляксандра Язэпа і завезці альбо ў Нясвіж да Радзівіла Сіроткі, альбо ў Вільню да вялікакняжай канцылярыі. Там з ім разбяруцца, а калі й атрымае кару, дык заслужаную, за душагубства і разбой. Затое гонар Лісоўскіх будзе абаронены.
Але сын апярэдзіў бацьку. Белатуманнай раніцай, калі мірны маёнтачак яшчэ не прачынаўся, стары Лісоўскі паслаў цівуна з трыма пахолкамі да пуні, дзе, укруціўшыся ў цёплыя кажухі, спаў на сене Аляксандр. Справа абяцалася быць не надта шумнаю і не надта цяжкою. Ды цёк час, а цівун са сваімі людзьмі не вяртаўся назад і не прыводзіў арыштанта. Калі ж пайшлі ў пуню глянуць, што там дзеецца, убачылі цівуна. Ён сядзеў, прыслонены да бярвеністай сцяны, і трымаў у пасінелых руках сваю адсечаную галаву. Побач у гэткіх самых позах сядзелі мёртвыя пахолкі. Праўда, галовы іхнія былі на тым месцы, дзе ім і належала быць – на шыі. Але ўсіх траіх напаткала смерць не менш жахлівая: доўгімі вострымі дзідамі, што навылёт пранізалі грудзіну, яны былі прыгводжаны да скрываўленых бярвенняў.
Стары Лісоўскі, убачыўшы такое, глуха застагнаў, ударыў сухімі кулакамі па сваёй сівой галаве і пашкодзіўся розумам: сеў у лужыну каля пуні, пачаў далонямі чэрпаць з яе брудную ваду і піць. Спалоханыя куры, што прыйшлі сюды на звычны вадапой, з вэрхалам разляцеліся ў розныя бакі.
Тым часам Аляксандр Лісоўскі разам са шляхціцам з суседняга засценку Іванам Мастоўскім, разам з трыма маладзёнамі з ваколічнай шляхты і дваццаццю пахолкамі вершна імчаўся ў напрамку Бярэсця. Там ён меркаваў сустрэць войска гетмана Януша Патоцкага, якое ішло на валашскага гаспадара Міхая. Міхай быў васалам асманскай Порты. Праўда, турэцкі султан трымаў яго не на дужа кароткай шворцы – дазваляў калі-нікалі згуляць у самастойнасць. Вось і гэтым разам з маўклівай згоды турэцкага султана валашскі гаспадар узяў у саюзнікі маскавітаў і шведаў, раптоўна напаў на Рэч Паспалітую. Патрэбна было паставіць яго на месца.
Іван Мастоўскі, буйнацелы, з тоўстымі рукамі і нагамі, з абвіслым пульхным жыватом, з цёмным калючым вожыкам валасоў на круглай галаве, у сядле, як ні дзіўна, сядзеў з арыстакратычнай элегантнасцю і, прышпорваючы гнядога каня, безупынна гаварыў, хоць сустрэчным ветрам забівала рот:
– Калі б не мы іх, яны б нас да святога Пятра адправілі. Не пашкадавалі б. Такія не шкадуюць. А я чую праз сон, як нехта каля сцяны шкрабецца. Яшчэ падумаў: конь прыйшоў пачухаць бок. Аж гэта яны, з кайданкамі ў руках. Ну я й закрычаў і схапіў шаблю.
– У мяне ад твайго крыку, пане Іван, і зараз у вушах ломіць. Зароў, як ерыхонская труба, – усміхаўся ў цёмныя раздзьмутыя ветрам вусы Лісоўскі.
– Крычаць я ўмею, – задаволена крактаў Мастоўскі.
Яны імчаліся па вычарненай нядаўнім дажджом жоўтай пясчанай палявой дарозе. Следам магла ляцець пагоня, і яны не шкадавалі ні сябе, ні сваіх змораных коней, білі іх шпорамі і хвасталі плёткамі. Коні як не вылузваліся з успацелай скуры.
Гэта, пэўна, было Божым заступніцтвам, што сённяшняй ноччу ў пуню прыйшоў пераначаваць Іван Мастоўскі. Без мацака-здаравілы ўзялі б Аляксандра Лісоўскага цёпленькага, як птушанё ў гняздзе. Лісоўскі гэта разумеў і кідаў удзячныя позіркі на свайго спадарожніка.
Усё ж праз нейкі час далі спачыць коням, прыпыніўшыся ў беластволым бярэзніку, дзе густа расла калючая кусцістая трава і зялёныя, чырвоныя і сінія сыраежкі між яе. Злезлі з сёдлаў, селі на паваленую ветрам бярозку.
– Пойдзеш са мною? – спытаў Лісоўскі.
– Я ўжо іду. Нават, як бачыш, еду, – адказаў Іван Мастоўскі. – Але што ты надумаў, пан Аляксандр?
Лісоўскі сашчыкнуў травінку, пакруціў у загарэлых руках, потым кінуў на зуб, пажаваў і рэзка выплюнуў.
– На мне і на табе кроў, – задумліва прамовіў нарэшце. – Як ні старайся, яе ўжо не адмыеш, не адшаруеш. Я не хацеў гэтых смерцяў, але так здарылася, так павярнулася кола фартуны. Не будзем жа пасыпаць галовы попелам. А надумаў я, пан Іване, бадзяючыся па чужых краінах, прыглядваючыся да людзей, што жывуць там, прыслухоўваючыся да іхніх філосафаў-мудрагеляў, стварыць-арганізаваць войска, якое б ахоўвала межы нашай дзяржавы на ўсходзе і на поўдні, там, адкуль ідзе пастаянная пагроза Вялікаму Княству Літоўскаму. Цар Іван Жахлівы, крывавы казак Налівайка, крымскія ханы Гірэі… Хто толькі ні нёс вароп і знішчэнне ў нашую зямлю! Маскавіты з крымчакамі-набежнікамі й сёння зазіраюць у нашыя вокны, залазяць у нашыя хаты, а мы сядзім, склаўшы рукі. На нашым усходнім парубежжы жыве такая прымаўка:
«– Тату, тату, лезе чорт у хату... – Нічога, сынку. Абы не маскаль.»
Ты скажаш: ёсць паспалітае рушэнне. Але ж гэта сіла часовая, непастаянная і непаваротлівая. А мне хочацца, каб было нешта мабільнае і лятучае, каб яно прасочвалася, як навальнічная вада ў перасохлую зямлю, на чужую тэрыторыю, біла ворага на ягонай зямлі. Я шмат чытаў і чуў пра іспанскіх канкістадораў, пра нарманаў, пра ватажнікаў Ермака, пра данскіх казакоў і запарожцаў-чаркасаў. Мая нянька, выратаваўшыся ад налівайкаўцаў, яшчэ доўга спявала:

Чаркас малады
Чарнабровы.
А ў чаркаса
Кінжал новы.

Як мне хацелася, малому, патрымаць у руках гэты востры кінжал! Я ж з дзяцінства люблю зброю, люблю ваяваць. Такі ўжо ўрадзіўся!
– Вось што ў цябе ў галаве! – здзіўлена ўсклікнуў Іван Мастоўскі.
– Так, я не думаю чужымі галовамі. У мяне ёсць свая, – з годнасцю сказаў Лісоўскі. – Мы – сыны вялікай сілы. Запомні гэта, дружа. Ты – каталік. Я стаўся вуніятам, наўмысна прыняў гэту новую веру, бо яна, як я мяркую, дазволіць нашаму Гаспадарству абраць свой шлях, сваё месца пад Божым сонцам. І ніхто не будзе замест нас размаўляць з Панам Богам, ніякія самааб’яўленыя маскоўскія патрыярхі.
– Але ж, прабач, пане Аляксандр, адзін ты не здолееш зрабіць і асіліць тое, што надумаў. Без караля і вялікага князя, без дзяржавы нельга пацягнуць такі воз, – асцярожна запярэчыў Мастоўскі, хоць глядзеў на сябрука з захапленнем.
– Я гэта ведаю, – згодна хітнуў галавой Аляксандр Лісоўскі. – Ведаю я й тое, што незадоўга да смерці маскоўскі цар Іван Жахлівы ўзяў пад сваю руку данскіх казакоў. Дамовіліся так: ён дае ім свінец, порах і хлеб, а яны служаць яму, ахоўваюць межы ягонай дзяржавы. Скончыцца валашскі паход, і я звярнуся са сваёй прапановаю да караля і вялікага князя Жыгімонта III Вазы.
– На табе, як і на мне, кроў, – напомніў Мастоўскі.
– Некалі кроў змыецца. Калі мая справа будзе паспяховаю, у Кракаве ды Вільні заплюшчаць вочы на гэтую кроў. Даравалі жорсткія справы Ермаку, канкістадорам. Думаю, даруюць і мне. А да караля і вялікага князя я ўласнай пярсонаю магу й не паехаць. Пашлю давераных людзей, – спакойна адказаў Лісоўскі. Было відно, што ўсе свае будучыя ўчынкі і дзеянні ён загадзя абдумаў і не баіцца неспадзяванак.
Адпачыўшы, напаіўшы коней, зноў паімчаліся да Бярэсця. Там, на зялёным беразе Мухаўца, напаткалі нарэшце войска Януша Патоцкага, якое шумна і пыхліва рухалася на Валахію, Малдову і Сяміграддзе. За нядаўнім часам гэтыя землі далі Рэчы Паспалітай грознага і мудрага Стафана Баторыя. Сёння даводзілася ісці туды з шаблямі і гарматамі, каб стрыножыць гаспадара Міхая, прывязаць яго да свайго стрэмені.
Наваколле калацілася ад рыклівай вайсковай музыкі. Галасілі дудкі. Грукаталі барабаны. Сіпелі дуды і флейты. Да гэтага шумнагалосага вэрхалу далучаліся рыпенне колаў фурманак, іржанне коней, ляскат зброі, крыкі камандзіраў. Хмары ўстрывожаных спуджаных са сваіх гнёздаў птушак насіліся ў небе. Толькі ў небе патрэбна было ім цяпер быць, толькі ў небе, бо на зямлі адразу ж растопчуць.
Здавалася, цячэ зіхоткая залатая рака. Паперадзе ганарліва ехалі дзве сотні шляхціцаў, якія належалі да самых вядомых польскіх сем’яў. Яны былі апранутыя і экіпіраваныя, як антычныя героі. Адзенне іхняе нагадвала сабой персідскае – такое ж залататканае з кветкавым узорам, з аксаміту самых яркіх і разнастайнейшых расфарбовак. І ўсё гэта было падбіта каштоўнымі футрамі: спінкамі собаляў і пантэраў. Чым болей кружкоў налічвалася на шкуры пантэры, тым багацейшым пачуваў сябе валадар гэткай раскошы.
Пад плашчамі-даламанамі іскрыліся жупаны, амаль цалкам выштукаваныя з золата, срэбра і шоўка, вышытыя пяшчотнымі рукамі прыгожых паненак, якія кахалі гэтых адважных рыцараў. Галаўныя ўборы маладых шляхціцаў былі аздоблены футраю з куніцаў. Пад парывамі ветру грацыёзна трапяталі на іх шыкоўныя плюмажы з пёраў чорнай чаплі або з каршуновага пяра. Хоць пяро тое было адно-адзінае, затое вельмі доўгае, падобнае на вострую бязлітасную шаблю.
На плюмажах, як сонечнае ззянне, што слепіць вочы, успыхвалі россыпы брыльянтаў.
Коні багаццем і пыхлівасцю ўбрання не адставалі ад сваіх гаспадароў. Яны былі пакрыты рознакаляровымі аксамітнымі папонамі, гэтаксама расшытымі золатам і срэбрам. Іхнія вуздэчкі адлілі з чысцюткага золата.
Лісоўскі з Мастоўскім, сыны сціплых шэрых лясных засценкаў, уражана пазіралі на гэтае ашаламляльнае відовішча, на быццам нябеснае, а незямное буянства найярчэйшых фарбаў. Гэта быў іншы і вышэйшы свет. Але адразу ж у іхніх жылах высакародна загаварыла непакорлівая шляхецкая кроў, і кроў гэта напомніла, што яны – роўня ўбраным у золата і срэбра пыхліўцам. Яны, як і ганарлівыя дзеці магнатаў, абсалютна роўныя перад законам (aegualitas). Яны маюць права на свабоду голасу, на свабодныя выбары-элекцыю караля і вялікага князя (libera vox), права на пратэст (iusvetandi) і на недатыкальнасць асобы і маёнтка. І, значыць, смела пазірай у вочы кожнаму і вышэй задзірай вус!
– Прыгожа ідуць, – захоплена прамовіў Аляксандр Лісоўскі, гарцуючы на кані. – Так і патрэбна ісці на бой і на вайну. Ісці, як на свята. Ісці ў самым лепшым і самым багатым адзенні, з самай грознай зброяю.
Шляхецкі авангард расступіўся, прапусціў новапрыбылых да кароннага гетмана. Януш Патоцкі, седзячы на парывістым белым скакуне, сустрэў іх з прыязнай усмешкаю. Смуглай рукой, у якой была заціснута булава, паказаў на зарослы густым лесам небасхіл:
– Уперад, паны-брацці!
Валахія, куды выступала войска, пачаргова адыходзіла то да туркаў-асманаў, то да Рэчы Паспалітай. Мясцовыя ваяводы-гаспадары спрабавалі неяк утрымацца на сваім вельмі хісткім стальцы. Але адбіць націск такіх велізарных дзяржаваў не хапала моцы. На гэты раз гаспадар Міхай, дамовіўшыся са шведамі і маскавітамі, вырашыў падпарадкавацца турэцкаму султану, што дужа не спадабалася Кракаву і Вільні. Вось чаму няўтрымна і грозна рухаўся на поўдзень каронны польны гетман Януш Патоцкі са сваімі апранутымі, як на баль, расфранчанымі гусарамі, некаторыя з якіх мелі за спіной крылы. Не зважаючы на яркую пярэстую квяцістасць, гэта была магутная ўсесакрушальная сіла для франтальнага ўдару па праціўніку, бо ў бітве перамагаюць не золатам, а жалезам. Немагчыма вытрымаць такі жорсткі ўдар.
Яны мелі адборных коней, металічныя кірасы, шышакі, прылбіцы, нарукаўі і шчыты-тарчы. Ворага знішчалі дзідамі, рапірамі, шаблямі, баявымі малаткамі-чаканамі, страляючы з пісталетаў.
Услед за гусарамі, узбіваючы жоўты дарожны пыл, ішлі пешцы-драбы з шаблямі, сякеркамі, кнотавымі ручніцамі з парахаўніцамі і гатовымі набоямі пораху-лядункамі. Яны абліваліся густым бліскучым потам.
Ішла рота (трыста жаўнераў) наёмнай нямецкай пяхоты начале з маё­рам. Рослыя, бледнатварыя, бязлітасныя.
Цяжка рыпучы коламі, рухаўся гетманскі абоз. Везлі частаколы, лесвіцы, вяроўкі, порах і кулі, шанцавы інструмент.
Пакуль невядома было, што за праціўнік чакае наперадзе. Валахі? Туркі? Перакопскія татары? Паветра і зямля, чым далей на поўдзень укліньвалася войска, усё больш сушэлі. Сонца свяціла з нябёсаў ярчэйшае і гарачэйшае.
Першы бой адбыўся за ракою Серат. Тысячы дзве-тры вершнікаў гаспадара Міхая раптоўна выскачылі-скаціліся з пляскатых зарослых садамі і вінаграднікамі ўзгоркаў. Пранізлівы ярасны крык і цяжкі гуд конскіх капытоў страсянулі наваколле. Здавалася, абрушылася неба. Прызняўшыся ў страмёнах, валахі нацягнулі цяцівы лукаў, і густы шчыльны град вастрадзюбых стрэл са злым ляскатаннем бязлітасна ўдарыў па гусарах Патоцкага і па нямецкай пяхоце. Таго, хто не паспеў ухіліцца або прыкрыцца тарчом, пякуча пацалавала смяротнае жалеза. Грузна, як бярвенні, спаўзлі з залітых крывёю сёдлаў на зямлю першыя мерцвякі. Застагналі, заекаталі параненыя. Звярэючы ад болю, дзіка заіржалі, заматалі галовамі падзяўбаныя стрэламі коні.
Януш Патоцкі высока ўзвіў над галавой гетманскую булаву, размашыста тыцнуў ёю ўперад, туды, дзе, равучы і галёкаючы, грозна ляцела на вояў-паспалітчыкаў валашская конніца. Усе паглядзелі на гэтую булаву, што іскрыста ўспыхнула пад сонцам, і ўсе ў адно імгненне падпарадкаваліся ейнаму загаду.
Гусары, распусціўшы вайсковыя сцягі, выставіўшы перад сабой калючы смертаносны частакол дзідаў, адразу ж ірвануліся ў атаку, ірвануліся з вялікай радасцю і нецярпеннем. Коні пайшлі буйной рыссю.
Войска на войска. Чалавек на чалавека. Конь на каня. Шабля на шаблю. Косць на косць. Жыццё на жыццё. Хто пойдзе да самага-самага канца, а хто ў самы апошні міг зверне?
Аляксандр Лісоўскі ды Іван Мастоўскі імчаліся на валахаў стрэмя ў стрэмя. Толькі рэзкі вецер свістаў увушшу і ўсё спрабаваў вывернуць з гарачай далоні дзяржальна шаблі. Раз-пораз перакідваліся позіркамі і бадзёрымі ўсмешкамі.
– Як пачуваешся, пане Іван?! – крычаў, бліскаючы ярка-белымі зубамі, Лісоўскі.
– Раней смерці не памерці! – адказваў Мастоўскі.
Усё бліжэй дрогкая сцяна варожай конніцы. Ужо відны аскаленыя конскія пысы і расчыненыя пранізлівым доўгім крыкам чорныя шырокія раты валашскіх вершнікаў. Ярка-ярка блішчаць лёзы крывых шабляў.
Вайна – гартоўня мужнасці. Вайна, калі верыць старадаўняму мудраму эліну Геракліту, адных аб’яўляе багамі, другіх – людзьмі, адных робіць рабамі, другіх – вольнымі.
Дзве магутныя імклівыя сцяны ярасна сутыкнуліся, цяжка ўдарыліся адна аб адну. Пачуўся жахлівы тысячароты стогн-крэкт. Акрывавіліся-зачырванелі шаблі і дзіды. З ліхаманкавай хуткасцю кожны стараўся нанесці ўдар хутчэй, чым ягоны вораг. І адразу ж узвіўся моцны вецер, хоць яшчэ некалькі імгненняў таму ветра не было, не варушылася й травінка. Гэта пачаўся звышрэзкі, звышабломны пераход дзесяткаў і соцень людзей ад жыцця да смерці. Чалавечыя душы адначасова вырываліся з чалавечых мёртвых целаў, узляталі на неба.
Валахі ў адрозненне ад вояў-паспалітчыкаў не мелі ахоўнага баявога адзення. Звычайныя мяккія палатняныя кашулі і штаны. Скураныя сандалі на нагах. Круглыя лямцавыя шапачкі на галовах. І таму людзі польнага гетмана Януша Патоцкага няшчадна секлі іх, як капусту.
Аляксандр Лісоўскі, конь у конь сутыкнуўшыся з чарнавусым смуглатварым валахам, разваліў яго адным страшным ударам шаблі ад ключыцы да сцягна. Ручаём пырскнула гарачая кроў, абліўшы Лісоўскага. Так і ўрэзаўся ён на хрыпучым узбуджаным кані ў самую гушчу ворагаў, чырванатвары і страшны.
Тут ужо толькі паспявай сячы шабляю, прыгінайся, хітайся ў розныя бакі або валіся ў сядле ўсім тулавам назад, каб не падставіць уласную шыю пад смяротнае жалеза. І адна-адзіная думка б’ецца-трапеча ў галаве: «Святы Божа, пранясі смерць міма».
Побач гучна мацюкаўся, цяжка варочаўся ў сядле, махаў і махаў зачырванелай шабляю Іван Мастоўскі. Шлем зваліўся з ягонай галавы. Цёмныя мокрыя ад поту валасы ляпіліся на вочы. Ды здаравіла, не зважаючы ні на што, з найвялікшым імпэтам і азартам вёў паядынак, зразаючы-збіваючы з коней валахаў і паміж салёнымі мацюкамі выкрыкваў сваю любімую прымаўку:
– Раней смерці не памерці!
Толькі на адно-адзінае імгненне нібы спатыкнулася, замерла ў паветры занесеная для чарговага ўдару цяжкая бязлітасная рука – у цеснай крывавай мітусні бою краем вока ўбачыў Мастоўскі, як, выкінуўшы ўперад вострую дзіду, бяжыць у атаку безгаловы драб. Яму адцялі галаву, а ён бяжыць.
Валахі, як і трэба было чакаць, не вытрымалі сечы, паказалі хвост, пакінуўшы на месцы бою сваіх забітых і параненых. Іхнія коні, з акрываў­ленымі сёдламі, без гаспадароў, збіліся ў бязладную кучу, тужліва іржалі. Сумнавокія коні, гэтаксама як і людзі, адчувалі сябе пераможанымі.
Януш Патоцкі, даўшы войску дзень, каб пахаваць мёртвых, забінтаваць раны, паправіць амуніцыю і хоць трошкі адпачыць, зноў хуткім маршам павёў яго на поўдзень. Каля Васілёва пераправіліся цераз раку Днестр, затым цераз Прут, пайшлі на перавал Ізвор, які адчыняе шлях у Малдову.
Жоўтым колам трымцела ў дымным небе спякотнае сонца. Валахі падпальвалі стэп і ўсё, што магло гарэць. У час бою пускалі густыя дымавыя завесы, хаваліся за імі, рабіліся нябачнымі. А самі білі і білі з лукаў з дымнай імглы.
Праз перавал Гімеш Януш Патоцкі ўварваўся ў Трансільванію. Аднак валашскі гаспадар Міхай, адчуваючы за сваёй спіной магутную асманскую Порту, усё яшчэ ярасна супраціўляўся. Амаль кожны дзень адбываліся жорсткія сутычкі. На месцы баёў пахавальныя каманды ўсё часцей пачалі знаходзіць між трупаў валахаў трупы турэцкіх янычараў. Польны гетман Патоцкі нервова грыз вус – яму не хацелася тварам у твар сустрэцца на полі бітвы з грознымі і амаль непераможнымі на той час янычарамі. Войска ж Рэчы Паспалітай, усё глыбей уцягваючыся ў бясконцую вайну, паступова слабела. Не хапала правіянту і фуражу. На жаўнераў наваліліся невядомыя дагэтуль хваробы. Да таго ж дзеці магнатаў ушчэнт стаміліся і расхацелі ваяваць. Вайна ўжо перастала быць для іх прыгожай забаваю, дзе можна пакрасавацца, пафарсіць сваім пышным адзеннем, хутканогім канём і апраўленай золатам зброяй. Вайна паказвала свой сапраўдны твар: смерць, кроў, раны і пякучыя мазалі. І магнатчыкі, выліваючы глухое раздражненне, пачалі задзірацца з Аляксандрам Лісоўскім і ягонымі людзьмі. Асабліва дапякаў, як той авадзень валу, Казімір Брудзеўскі, самаўпэўнены даўгавусы белабрысы шляхціц з-пад Кракава. Ёсць такія людзі, для якіх найвялікшай асалодаю з’яўляецца пастаянная насмешка над іншымі, не такімі, як яны. Насмешка тая можа быць надзвычай тонкаю дробнаю, нібы парушынка ў воку, але пакуты яна прыносіць вельмі адчувальныя, не дае спакойна жыць.
– Нешта запахла кажухом, – казаў Брудзеўскі, пагардліва моршчачы нос, калі хто-небудзь з людзей Лісоўскага праходзіў або праязджаў міма. Напачатку гэта тычылася толькі пахолкаў, ды паступова колкія кпіны пасыпаліся і на шляхцюкоў, і нават на самога Аляксандра Язэпа. Пан Казімір, сустрэўшыся каля рачулкі, дзе паілі коней, назваў яго Літвой кажуховай. Ды не ведаў ён Лісоўскага!
– Сарматам запахла, – шумна ўцягнуўшы ў трапяткія ноздры паветра, засмяяўся Лісоўскі. – Хто тут сармат? Ты, пане Казімір? Дык чаго ж ты таўчэшся між нас, лясных еўрапейцаў? Тваё месца ў стэпах, у Азіі. Здаецца ж, адтуль у лапленых вазках прыехалі калісьці твае яснавяльможныя продкі. Вяртайся назад. Там будзеш пасвіць вярблюдаў і лавіць яшчарак. Там шмат пяску – будзеш ляпіць з яго свае цацкі.
– Не смей! – гнеўна закрычаў Брудзеўскі і выхапіў шаблю.
– Ці даўно, лях, нямецкую стайню чысціў? – засмяяўся Аляксандр Лісоўскі. – А шабля ёсць і ў мяне. І даволі вострая.
Яны скрыжавалі шаблі і, здаецца б, пасеклі адно аднога, каб не відочцы здарэння, што разнялі іх. Лісоўскі, хаваючы зброю, прачытаў пану Казіміру верш паэта Яна Каханоўскага:

Я вас, палякі, заклікаю
У згодзе жыць, каб вольнасць залатая,
Што вы ўзялі ў наследдзе ад бацькоў,
Да вашых родных перайшла сыноў.

Ды Казімір Брудзеўскі стаўся з гэтай хвіліны найлюцейшым ворагам Лісоўскага і толькі падчэкваў зручны выпадак, каб адпомсціць. Лісоўскі ж наўмысна не заўважаў такую чорную навальнічную хмару, у перапынках між баямі быў вясёлы і шматслоўны. Сабраўшы ў кружок ваколічных шляхцюкоў, загадваў ім загадкі.
– Каго згвалціў Авель? – пытаўся ён.
Шляхцюкі паціскалі плячыма.
– Авель згвалціў сваю родную бабулю. А бабуля ягоная хто? Зямля. З яе зрабіў Пан Бог першалюдзей Адама і Еву, бацькоў Авеля. Авель жа парушыў цноту зямлі, бо быў першым сейбітам, першы ўваткнуў у яе саху.
Потым чарга падыходзіла да Івана Мастоўскага.
– Чаму Афіна нарадзілася з Зеўсавай галавы? – пытаўся ў яго, хітра ўсміхаючыся, Аляксандр Лісоўскі.
– Не ведаў, пане Аляксандр, што ты такі мудрагель, – натужна-раз­гублена чырванеў здаравіла. – Мне лепей шабляй махаць, чым гэтыя твае вузельчыкі развязваць. Людзі ж, як я разумею, нараджаюцца зусім з іншага месца. Зусім з іншага. І ты тое месца добра ведаеш.
– А таму яна нарадзілася з Зеўсавай галавы, – весела тлумачыў Лісоўскі, – што старадаўнія грэкі больш за ўсё на свеце паважалі ў чалавеку муд­расць і розум. Мудрасць і розум, а не сілу. Вось так, пан Мастоўскі.
– Але ж і без сілы нельга, – не з усімі словамі свайго сябрука пагаджаўся здаравіла. – Нават каб келіх віна да роту паднесці, сіла патрэбна. А кабетку аблагодзіць. А шабляй узмахнуць.
– Твая праўда, пане Іван. Шануйма ж сілу сваю, пакуль старасць да зямлі не прыгорбіць.
Тым часам гетман Януш Патоцкі, спрабуючы замацавацца ў гірле Ду­наю, канчаткова заграз у бясконцых водных пратоках і гусцейшых трыснягах. Трэба было як мага хутчэй выходзіць на сухазем’е, бо праціўнік зноў пачаў падпальваць усё, што мог. Хмары чорнага едкага дыму засланілі небасхіл. Сажа лётала, як аравійская саранча.
Ледзьве выкараскаліся на сухі бераг. Не ўтапіліся самі і не ўтапілі коней. Сядзелі на грудку, які вытыркаўся з глухатраўя, сашкрэбвалі агідны бруд. І раптам нешта гучна трэснула, быццам напалам пераламаўся тоўсты прут. Пахолак, што за тры крокі ад Лісоўскага цёр шчоткаю конскі бок, дзіўна хліпнуў носам, уткнуўся тварам у зямлю.
– Страляюць! – закрычаў Іван Мастоўскі. – Вунь з тых чаратоў!
Чараты, на якія ён паказаў шабляю, варушыліся, трапяталі. З іх тырчэлі дулы аркебузаў. Вось-вось павінна была прыляцець яшчэ адна смерць.
– Кладзіся! – загадаў сваім людзям Аляксандр Лісоўскі і сам рухнуў на зямлю там, дзе стаяў. Потым, звіваючыся, як вуж, сціскаючы ў руцэ шаблю, папоўз да невядомых аркебузераў. Хто гэта мог быць? Валахі? Туркі?
– Пан Аляксандр, я з табою, – прасіпеў Іван Мастоўскі і папоўз следам, уплішчваючы ў калючую траву тоўсты жывот. У вялікім целе бушавала вялікая злосць. Ён гатоў быў голымі рукамі раздзерці на дробнае ашмоцце таямнічых стралкоў.
Ды праціўнік аказаўся зусім нечаканы – пан Казімір Брудзеўскі ўлас­най пярсонаю і два ягоныя сябрукі. Вось яшчэ адна куля свіснула над галовамі ў Лісоўскага і Мастоўскага. Ззаду пранізліва заіржаў конь: значыць, смяротны метал упіўся ў бедную жывёліну.
– Пане Казімір, не ведаў, што ты ваюеш за гаспадара Міхала! – крыкнуў Лісоўскі і, адштурхнуўшыся ад зямлі, скокнуў у ломкія чараты. Так скача лясная рысь.
– Пся крэў! – прагучала ў адказ. Узвіхурыўся люты двубой.
Біліся не на жыццё, а на смерць. Нехта абавязкова павінен быў загінуць, знайсці свой вечны спачын у гнілой вадзе. Слізкія карычневыя п’яўкі ўжо рыхтаваліся высмоктваць ягоныя вочы. А праз колькі гадоў гады паўзучыя звіюць гняздо ў бязвокім чэрапе.
Аляксандр Лісоўскі недарэмна ўдзельнічаў у рыцарскіх турнірах пры двары германскага імператара Максімільяна. Яго амаль немагчыма было перамагчы, бо быў вельмі моцны спрытам, рукой і адвагаю. На пятым шабельным удары ён зваліў Брудзеўскага. Той упаў у ваду, што адразу ярка зачырванелася, выпусціўшы на паверхню густы булькотны рой паветраных пухіроў.
Лісоўскі рэзка крутнуўся, узлюцелым вокам зірнуў наўкол. Побач валтузіліся, цяжка саплі Іван Мастоўскі з двума шляхцюкамі. Ужо падбягалі пахолкі з рагацінамі ў руках.
– Канчайце й гэтых! – крыкнуў Аляксандр Язэп. – Яны нас не пашка­дуюць!
Потым, астываючы ад бою, сядзелі каля паламаных стаптаных чаратоў. Бухала ў сэрцах і ў скронях усхваляваная кроў. Адразу зрабілася сумна. Калі ты адбіраеш жыццё ў іншага чалавека, хто б ты ні быў – Ахіл ці Геркулес, – табе робіцца сумна, бо ты ў гэты момант востра разумееш, што некалі і з твайго цела адляціць у халодныя нябёсы душа. І ўсё роўна, хто цябе заб’е – вораг ці старасць. Табе сумна. Бо што такое наша чалавечае жыццё, як не спрадвечны нязводны сум?
– Нікому пра гэта ні слова, калі не хочаце, каб гетман пасадзіў усіх нас на палю, – строга прамовіў Аляксандр Лісоўскі. – Яны загінулі, утапіліся ў балотах. Іх забілі валахі. І ўсё.
Раптам твар ягоны зрабіўся суровы і жорсткі. Лісоўскі стаў на калені, перахрысціўся, глуха сказаў:
– Клянуся табе, наш Ойча нябесны – той, хто надумае зняважыць мяне або ўчыніць зло мне і справе, якой я служу і буду служыць, няхай адразу ж развітваецца са сваім бязглуздым жыццём.
Усе прысутныя паглядзелі на Аляксандра Лісоўскага з нейкім трапят­лівым страхам і асцярогаю. Было адчуванне, што ён здатны на ўчынкі, якія не па сіле звычайнаму чалавеку. Такое здараецца з дураслівымі дзяцьмі, калі раптам у пакой, дзе яны валтузяцца, крычаць, ставяць усё з ног на галаву, зазірне дарослы, трымаючы ў цвёрдай руцэ пякучую папружку. Шмат хто падумаў: «Гэты не спыніцца ні перад чым». Але з ім было спакойна, з ім было надзейна, і за гэта яму даравалася ўсё. Нішто жывое не можа існаваць без важака – ні ваўкі, ні журавы і гусі, ні чалавек. Тут важаком-завадатарам быў Лісоўскі. Што ж, няхай кіруе, няхай вядзе ў бой, няхай загадвае, абы толькі пакінуў душу ў целе.
А ён яшчэ з малалецтва ўсвядоміў, што выжываюць у гэтым суровым свеце толькі адчайна-рашучыя, толькі жорсткія. Калі пасля найвялікшых пакутаў зусім маладою раптоўна памерла маці, мяккасардэчная шчырая малітоўніца, кінуў на калоду святое распяцце, схапіў сякерку, крыкнуў Богу:
– Навошта матульку маю забраў?! Пасяку!
Не пасек. Апусціў вострую сякерку. Але ў душы да самага скону застаўся гэты жахлівы гарачы крык.
Лічыў шляхту, а, значыць, і сябе, патомнага шляхціца, абранай Богам вы­шэйшай кастай. На мяшчанаў і на хлопаў глядзеў, як на спартанскіх ілотаў. Яны павінны працаваць і слугаваць шляхце, бо ў свой час продкі іхнія з-за слабасці або з-за палахлівасці не здолелі абараніць сваю вольнасць. Яны – дзеці неразумнага Хама, што здзекліва засмяяўся, убачыўшы свайго бацьку Ноя, які моцна перапіў віна і голы лёг спаць каля намёту.
Шляхціц плоціць за вялікае права быць панам уласнай крывёю і ўлас­ным жыццём. Прымаўка «Або пан, або прапаў» – абсалютна справядлівая. Калі на Княства і Карону пагрозліва ідзе татарын, або маскавіт, або немец, мяшчане з хлопамі хаваюцца ў сваіх хатках, як шэрыя вераб’і ў маленькіх гнёздах падчас з’яўлення ў небе каршуна. І трымцяць там, калоцяцца ад жаху. І толькі шляхціц адважна садзіцца на баявога каня, бярэ дзіду, шаблю ды пісталет і ляціць насустрач ворагу. І вельмі часта, вельмі часта на полі бою цалуе яго ў маладыя пунсовыя вусны пані Смерць.
Ніхто, на думку Аляксандра Лісоўскага, не можа абмежаваць зала­тую шляхецкую вольнасць. Вось чаму ён упарты перакананы вораг Мас­коўшчыны, дзе ўся ўлада знаходзіцца ў руках цара, як павуціна ў ліпучых лапах шэрага павука. Там уладарыць адзін адзіны чалавек, а ўсе наўкол – нікчэмныя рабалепныя слугі. Пра гэта Лісоўскі прачытаў у кнізе нямецкага барона Сігізмунда Герберштэйна «Запіскі аб маскавіцкіх справах». Барон-падарожнік усё бачыў на ўласныя вочы, бачыў усясільную пыху і прыніжаную ліслівасць, і пад ягоным пяром леглі на папепру пранікнёныя словы: «Гэты народ знаходзіць большае задавальненне ў рабстве, чым у свабодзе».
Ледзь не сваім асабістым ворагам лічыў Лісоўскі ўжо памерлага мас­коўскага цара Івана Жахлівага і ўвесь царскі «кровопийственный род», як пісаў князь-уцякач Андрэй Курбскі. Звышжорсткая Лівонская вайна… Захоп і разбурэнне Полацку… Тысячы й тысячы нявінных ахвяраў… Народ, які давялі да жывёльнага стану… Пасаджаны на востразаточаную палю па загадзе самога Івана Жахлівага, стары сівабароды баярын курчыцца ад дзікага болю, памірае, і, сабраўшы вакол гэтай палі ўсіх сваіх сямейнікаў, са шчырымі слязьмі сыноўняй удзячнасці дзякуе бацюхну-цару Івану Васільевічу за нечуваныя шчадроты і бацькоўскі клопат. Дзе, акрамя Масковіі, знойдзеш такое?!
Ад дзікага неабмежаванага дэспатызму ідзе і адчуванне сябе і сваёй дзяржавы цэнтрам усяго свету. Самыя найлепшыя, вядома ж, маскавіцкая вера і маскавіцкая мова. Маскавіцкія воі самыя моцныя і адважныя, а маскавіцкія жанчыны самыя прыгожыя і пладавітыя. Усё, што пахне не Масквой, сумніўнае і кепскае. Лічыцца за найвялікшае шчасце нарадзіцца маскавітам і, не шкадуючы ўласнага жыцця і жыцця сваёй сям’і, верна служыць цару. Спачатку ідзе цар, а ўжо потым Бог. Ды ці не бязрадаснае такое існаванне?
Так думаў Аляксандр Язэп Лісоўскі, ведучы ў бой сваіх людзей, церпячы, як і ўсе, ад задухі і смагі, ад пякучага дыму, што выядаў вочы, ад валашскіх вострадзюбых стрэл, якія густым няспынным роем ляцелі з усіх бакоў, шукалі і часта знаходзілі жывое чалавечае цела. А кола вайны пачынала раскручвацца ўсё хутчэй.
Так-сяк выбраліся на сухазем’е з гнілых чаратоў. Януш Патоцкі вы­рашыў не рызыкаваць і вывеў сваё войска ў стэп, дзе больш упэўнена адчу­валі сябе кавалерыя і пяхота. Тут было дзе разгарнуцца вялікаму гуфу жаўнераў, якія прывыклі бачыць ворага твар у твар, вока ў вока, а не шукаць яго ў дзікарослай траве і хмызняках.
Адразу ж сутыкнуліся з коннай лаваю валахаў. У густых клубах сухога шэрага пылу яны імчалі з дзікім пранізлівым крыкам на паспалітчыкаў, палохалі. Іван Мастоўскі навастрыў вуха, сказаў:
– Ніякія гэта не валахі. Маскаль прэ.
– Адкуль тут узяцца маскалю? – здзівіўся Лісоўскі.
– Зараз даведаемся. А што гэта маскалі, дык няма сумнення. Прыслухайся, пан Аляксандр – крычаць, і ўсё па матушцы, усё маць-перамаць.
Крыкуноў змусілі прыкусіць язык даволі хутка. Папласталі шаблямі, пакалолі дзідамі. Шасцёра ўзялі ў палон. Яны стаялі, збіўшыся ў купку, пераміналіся з нагі на нагу. Куды дзелася ваяўнічая пыха!
– Хто вы? – грозна спытаў Лісоўскі, наязджаючы на палонных канём.
– Мы з Дону. Казакі атамана Вакулы, – прагучала ў адказ.
– Маскоўскі хлеб ясцё?
– Ды цар-бацюхна Гадуноў прысылае і хлеб, і порах, – адказаў за ўсіх чарначубы сотнік з прамяністымі карымі вачыма. Ён з выгляду быў, бадай, самы адважны і не дужа каб разгублены.
– Але ж Вялікае Княства Маскоўскае не ваюе сёння з Рэччу Паспалітай. Чаму ж вы надумалі праліваць нашу кроў? Ці вам не хапае татараў і тур­каў?
– Мы ваюем за ісцінна хрысціянскую праваслаўную веру супроць бяз­божнай ляшскай, – смела вымавіў сотнік.
Лісоўскі з хмурасцю паглядзеў на яго, памаўчаў. Скрозь па стэпе ен­чылі параненыя, трывожна іржалі коні. Ужо хадзіла пахавальная каманда, падбіраючы забітых і зброю, ловячы асірацелых коней.
– У нас няма хлеба, каб карміць вас. І тым больш няма пораху, – жорсткім голасам сказаў нарэшце Лісоўскі. – Вы самі абралі свой шлях і канец свайго шляху. Вазьміце іх у шаблі, – павярнуўся ён да пахолкаў. – А гэтага, – кіўнуў на сотніка, – уздзець на палю.
Пахолкі імгненна выканалі загад. Данчакі нават не паспелі міргнуць вокам, як ужо ляжалі на выгаралай ад сонца жоўтай стэпавай траве. Бялелі твары. Шклянелі вочы.
Сотнік, прадчуваючы пакутлівую кару, пачаў прасіцца ў Лісоўскага. Голас ягоны ўсхвалявана дрыжаў, перасякаўся.
– Пан, – сказаў ён Аляксандру Язэпу, – захавай мне жыццё, і я адкрыю табе таямніцу, ды такую, што ты зробішся вельмі багатым чалавекам, бу­дзеш піць і есці на золаце.
– Ці ў гэтым, казак, шчасце чалавечае? – горка ўсміхнуўся Лісоўскі. – Але давай – гавары. Ды напачатку скажы імя тваё.
– Макар Бабок, – аблізнуў ссушэлыя вусны чарначубы сотнік. – Я хадзіў з атаманам Ярмаком Цімафеевічам за Каменны Пояс, у тайгу, лясы ды балоты. І там у самым вусці ракі Об мы адбілі ў мясцовых самаедаў Залатую Бабу – дваццаць пудоў чыстага чырвонага золата! Яны, самаеды, пакланяліся гэтай Бабе. Мы змайстравалі плыт, пагрузілі яе на яго і хацелі везці ўніз па рацэ. Ды ўзняўся шалёны вецер, самаеды пачалі біць па нас з узбярэжнай тайгі касцянымі стрэламі. І ўсё-ткі нам пашанцавала. Неўзабаве сціх вецер. Адсталі самаеды са сваімі шаманамі, што грукалі ды грукалі ў бубны. Але нам не хапала сілаў, каб справіцца з цяжкім плытом. Шмат хто быў паранены. Навалілася цынга. І мы прыбіліся да лясістага берагу, адшукалі ў гэтым дзікалессі непрыкметную пячору, завалаклі ў яе Залатую Бабу, а ўваход замуравалі каменнем. Вырашылі: вернемся сюды ў першы ж зручны час. Ды час той не надышоў. Увязаўся наш атаман Ярмак у бясконцую вайну з татарамі, і ўсе, хто вёз і хаваў гэту Бабу, загінулі. А потым загінуў і сам Ярмак. Застаўся я адзін. Я, калі ты захочаш, магу паказаць тое месца, дзе ляжыць Залатая Баба, і ты зробішся найбагацейшым чалавекам.
Сотнік змоўк, вычакальна пазіраў на Лісоўскага. Сотніку не хацелася па­міраць.
– Салодкія песенькі спяваеш ты, казак, – сказаў Лісоўскі. – Залатая Баба і Залаты Дзед… Падчас бою лепей быць у жалезе, чым у золаце. Мне і табе патрэбна не гэта. Нам патрэбна баба жывая і гарачая, каб у ложку побач ляжала, каб сыноў і дочак раджала. Але я не буду забіваць цябе. І так шмат ужо сёння смерцяў. Жыві. Толькі пры адной умове: мы пакінем табе твайго каня і тваю шаблю, а ты будзеш ваяваць за Рэч Паспалітую і за Вялікае Княства Літоўскае. У нас тут таксама ёсць праваслаўныя. Згодзен?
Пачуўшы такое, Макар Бабок пабялеў. Кроў адхлынула ад смуглых шчокаў. Па шыі пабеглі жаўлакі.
– Згодзен? – сурова перапытаў Аляксандр Лісоўскі, павольна выцягваю­чы з похваў сваю страшную шаблю.
– Згодзен, – пакорліва хітнуў галавою сотнік.
– Ну то й добра, казак. Будзеш жыць. І шабля твая не заржавее. А Хрыс­тос усюды адзін – і на Доне, і на Вісле, і на Ушы, і на Віліі.
Імкліва ляцелі дні і месяцы. Накаціўся 1600 рок. У Рыме спалілі Джардана Бруна. Януш Патоцкі ваяваў з валахамі, ваяваў усё больш паспяхова. Халаднаватым восеньскім днём Аляксандр Лісоўскі, спыніўшыся са сваімі людзьмі каля невялічкага гайка, што аж гарэў жоўтай трапятлівай лістотаю, задумліва сказаў:
– Упадзе некалі й маё жыццё, як гэты жоўты лісток, ціха і непрыкмет­на.
Ды дрэва ягонага жыцця яшчэ ярасна квітнела, і да восені было далёка. Самыя гераічныя і самыя дзёрзкія справы яшчэ наперадзе.
Падчас чарговага бою з валахамі, калі з вялікай напругаю праціўніка адкінулі за плоскі травяністы курган, адтуль, з-за кургану, зноў вырвалася купка вершнікаў, галопам паімчала проста на шыхты паспалітчыкаў. Білі цвёрдую звонкую зямлю капыты. Свістаў пругкі калючы вецер.
– Ну й ну, – здзівіўся Лісоўскі разам з усімі. – Ім яшчэ мала прачуханцу. Хочуць яшчэ пагрызці гарачых арэшкаў.
Калі да сутычкі заставалася крокаў пяцьдзесят-семдзесят, вершнікі аднаімгненна рэзка перавярнулі свае дзіды, выставілі іх тупымі канцамі ўперад.
– Яны здаюцца! – зразумеў манеўр, закрычаў Аляксандр Лісоўскі.
Вершнікі й сапраўды здаліся ў палон. Іх павялі да гетмана Патоцкага. А праз нейкі час прымчаўся гайдук-пасланец, сказаў Лісоўскаму:
– Вашамосць, вас кліча да сябе пан гетман.
Дзіўна было Аляксандру Язэпу. Януш Патоцкі, каранёвы паляк, паводзіў сябе з ліцвінамі даволі стрымана і суха. Незразумела чаго тут было болей: вялікапольскай пыхі або звычайнай асцярожнасці. Адным словам, у гетманскім намёце за ўвесь час валашскай кампаніі Лісоўскі віно не піў.
Гетман сустрэў яго ледзь не з абдымкамі. Пасадзіў побач з сабою на абцягнуты яркай шаўковай тканінаю паходны пуф, прыязна ўсміхаўся. Потым загадаў гайдуку:
– Няхай увойдзе той, хто хоча адкрыць таямніцу.
У намёт хуткім крокам увайшоў высокі хударлявы чалавек з рашучым тварам і пранізлівымі вачыма, якія аж свяціліся ў паўзмроку, быццам бліскучыя прамяністыя каменьчыкі. На ім быў цёмны дарожны плашч, доўгія скураныя боты, засыпаныя шэрым дарожным пылам, і цёмна-віш­нёвая круглая шапачка. Ён стрымана з адчуваннем уласнай годнасці пакланіўся Патоцкаму і Лісоўскаму.
– Ты можаш гаварыць, – сказаў яму гетман.
Незнаёмец яшчэ раз схіліў у паклоне галаву, загаварыў. Голас быў рэзкі і ўладны.
– Я – пасланец ад генерала Ордэна езуітаў Клаўдзіё Аквівы. Нашае «Таварыства Езуса» праз вас, яснавяльможныя панове, хоча паведаміць ардынату нясвіжскаму князю Мікалаю Крыштофу Радзівілу, што ягонага старэйшага сына Яна Юрыя, які навучаўся ў Аўгсбургу ў езуіцкім калегіуме, тры тыдні таму ўкралі невядомыя людзі. Яны хаваюць яго ў невядомым месцы і патрабуюць велізарнейшы выкуп. А яшчэ яны патрабуюць, каб Рэч Паспалітая неадкладна вывела сваё войска з Валахіі. Мяркуючы па-ўсім, дзейнічае агентура турэцкага султана. Генерал Ордэна Клаўдзіё Аквіва загадаў мне тэрмінова імчацца ў Нясвіж, каб паведаміць князю аб няшчасным здарэнні і ўручыць яму запячатаны сургучом пакет, у якім даюцца падрабязныя рэкамендацыі аб паводзінах у такой трагічнай для сямейства Радзівілаў сітуацыі. Нашае «Таварыства Езуса» вельмі і вельмі цэніць гэты знакаміты старадаўні род, як цэніць і тое, што Рэч Паспалітая з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам III Вазай шырока расчыніла на сваіх бязмежных абшарах дзверы Ордэну і ягоным верным слугам. Выконваючы загад генерала, я адразу ж паехаў на ўсход праз Венгрыю, ды быў схоплены туркамі на пераправе цераз Дунай. Каб не рассакрэціць таямніцу, адразу ж прыняў мусульманства і апынуўся тут, на лініі агню. Угаварыўшы некаторых валахаў, перакінуўся да вас. Vivere est militare – Жыць – значыць змагацца.
– Дзе пакет? – счакаўшы пакуль езуіт змоўкне, спытаў Януш Па­тоцкі.
Езуіт расхінуў плашч, расшпіліў чырвоную нацельную кашулю, і на ягоных зарослых рыжаватымі валасамі грудзях Патоцкі з Лісоўскім убачылі тонкі скураны мяшэчак.
– Вось, – сказаў ён, лэпнуўшы рукой па мяшэчку. – Але я павінен уручыць яго толькі самому Мікалаю Крыштофу Радзівілу. Толькі яму.
Пры такіх словах Януш Патоцкі зморшчыўся, нібы ад нечаканага зубнога болю. Пэўна, вельмі хацелася прачытаць напісанае. Ды перамагла шляхетнасць, і ён, суха кашлянуўшы ў абветраны кулак, сказаў:
– Няхай пан не хвалюецца – нас не цікавяць чужыя таямніцы. Мы не навучаны парушаць сакрэтнасць прыватнай перапіскі.
Потым ён павярнуўся да Аляксандра Лісоўскага:
– Папрашу вас, васпане, разам з вашымі людзьмі быць эскортам пасланцу Ордэна, суправаждаць і ахоўваць яго да самага Нясвіжу. Вы ўраджэнцы Княства. Вам і толькі вам патрэбна тэраз убяспечыць пасланца, зберагчы яго ад небяспекі.
Так зусім нечакана для сябе Аляксандр Язэп Лісоўскі вымушаны быў пакінуць баявыя пазіцыі. Узрадавала яго гэта ці не, цяжка адказаць адназначна. Толькі адчуў смак сапраўднай вайны, аб якой заўсёды сумавала душа, як трэба кіраваць каня ў супроцьлеглы бок. Ды загад ёсць загад.
Хуткім маршам накіраваліся на поўнач. Усярэдзіне кавалькады, як каштоўнейшае ядро арэха ў цвёрдай шкарлупіне, езуіт з таямнічым пакетам. Побач з ім сам Лісоўскі і запалонены чарначубы данчак Макар Бабок. У вачах у сотніка нязгасна тлеў сум, быццам халодны першавосеньскі лядок. Якімі неспадзяванымі пакручастымі шляхамі водзіш ты зямных дзяцей сваіх, Божа!
Ужо калі ўшчэнт змораныя пад’ехалі надвячоркам да каменных курці­наў і бастыёнаў Нясвіжскага замку, прагрукацелі па перакінутым цераз глыбозны роў шырокім дубовым мосце і апынуліся ўрэшце рэшт у велічнай сталіцы Радзівілаў, амаль першы ж сустрэчны, што ішоў па замкавай плошчы, кінуўся раптам да езуіта, схапіў яго за стрэмя, здзіўлена-радасна закрычаў:
– Якубе, кадук цябе бяры! Ці ты гэта?!

IX

Такія словы вырваліся з грудзей у Лявонція Кукарэцкага, васемнац­ца­цігадовага послуха Нясвіжскай езуіцкай калегіі, цёмнавалосага бледнатварага юнака з сумнымі надзвычай сінімі, як васількі, вачыма. Ён быў апрануты ў грубы чорны плашч з капюшонам. Плашч падперазваўся вітым чырвоным шнуром. На нагах у послуха, калі ён ішоў, звонка ляскаталі драўляныя чаравікі-саба. Пад пахаю Лявонцій трымаў багаслоўскую кніжку, якую напісаў стваральнік Ордэна езуітаў першы ягоны генерал іспанскі шляхціц з горнай лясістай правінцыі баскаў Іньіга Лопес, ён жа Ігнацій Лаёла. Лаёлай (у гонар замка, у якім пабачыў свет) ён пачаў называць сябе ўжо дарослым чалавекам. Гэты Лопес быў трынаццатым дзіцем у шматдзетнай беднай сям’і. Маці ягоная, Марына Сонэ, беручы прыклад з Багародзіцы, нарадзіла сына ў хляве і затым паклала ў яслі.
У адрозненне ад хроснага бацькі езуітаў Лявонцій Кукарэцкі быў адзіным сынам у сваіх бацькоў, багатай нясвіжскай шляхты. Праўда, меліся яшчэ тры сястры, але жанчыны ёсць жанчыны, і не ім працягваць гісторыю роду, славіць яго. Якім чынам адзін-адзіны нашчадак апынуўся ў езуіцкай калегіі, мы даведаемся крыху пазней.
Уражлівы Лявонцій ведаў жыццяпіс Ігнація Лаёлы, свайго куміра, амаль назубок. Ведаў, што хлопчык-гідальга нарадзіўся ў 1491 годзе. Напачатку быў такі, як усе. Высакарослы, статны, спрытны, знаходлівы балбатун, вялікі аматар жанчынаў, віна і вайсковай славы. Любімай кніжкай юнага Лаёлы стаўся славуты рыцарскі раман партугальскага пісьменніка Васка дэ Лавейра «Амадыс Гальскі». Ап’янеўшы ад прачытанага, ён абраў сабе даму сэрца, прыгожую маладзенькую фрэйліну, і запісаўся ў іспанскае войска, што пачало вайну з Францыяй за Наварру. Падчас гэтай кампаніі Лаёлу прызначылі камендантам цытадэлі Памплона, якую штурмаваў французскі генерал Фуа-Леспар. На аднаго іспанца ішло аж дзесяць французаў. Ды ваяўнічага цвёрдага, як крэмень, баска такі паварот падзеяў ні кропелькі не бянтэжыў. Ён не баяўся смерці, бо верыў у вечнае жыццё душы. Ён баяўся бясслаўя. Фуа-Леспар некалькі разоў прапаноўваў ганаровую капітуляцыю. Але аматар рыцарскіх раманаў вырашыў стаяць са сваімі жаўнерамі да канца. У час апошняга жорсткага наступу, калі французы ўзарвалі сцяну, Лаёла са жменькаю сваіх людзей, з мячом у руках адважна секся ў праломе. Цяжкім абломкам сцяны яму перабіла левую нагу. Затым куля ўпілася ў правую нагу. Лаёла страціў прытомнасць і трапіў у палон. Французы, уражаныя такім геройствам, перавязалі яму раны, адпусцілі дадому. Левая нага дрэнна зрасталася, і лекары зноў пачалі ламаць яе. Вышэй калена вытыркалася нейкая костачка. Лаёла настояў, хоць лекары не згаджаліся, адпілаваць яе. Адна нага зрабілася карацейшаю, і яе выцягвалі спецыяльнай жалезнай машынай. Ён сцярпеў столькі нечуваных пакутаў, якіх хапіла б на дзесятак чалавек. З вайсковай кар’ераю ўсё было скончана. Іспаніі непатрэбны былі калекі. Лаёла сеў на мула і паехаў у кляштар Монт-Серрат, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Богамацеры. З гэтага дня ён аб’явіў сябе рыцарам Прасвятой Дзевы Марыі. У начышчаных да бляску вайсковых даспехах, у поўным узбраенні цэлую ноч непарушна стаяў Ігнацій на варце цудатворнага абраза, а раніцою павесіў сваю шпагу на адну з калонак святой капліцы, раздаў вайсковую амуніцыю жабракам, апрануўся ў лахманы і знік. Ранейшага Лаёлы больш не было. Нарадзіўся новы Лаёла, які на скалістым беразе ракі Лабрагат, што ўліваецца ў Міжземнае мора, праз густое калючае кустоўе прапоўз-прадзёрся ў непрыступную нябачную старонняму воку пячору і замураваўся ў ёй. Там ён выпрабоўваў сябе дзікім голадам і знясільваючай грубай працай, змагаўся з шатанам і спасцігаў Хрыста. І пісаў кнігу, якую назваў «Духоўныя практыкаванні». З гэтага часу ягонай цытадэллю Памплонай зрабілася каталіцкая царква, якую ён, Ігнацій Лаёла, павінен быць па найвышэйшым загадзе, што пачуўся яму з неба, абараняць ад усіх адступнікаў, ад мярзотных лютэранаў і кальвіністаў, ад дужа разумных і дужа дурных, ад пыхліва-ганарлівых і абыякавых. Так нарадзіўся першы езуіт.
Перад тым, як распачаць духоўнае будаўніцтва Ордэна езуітаў, Лаёла вырашыў наведаць Святую Зямлю. Праз усю Італію, дзе бязлітасна бушавала чума, давандраваў да Венецыі. Схуднелы, абарваны, з мёртва-белым тварам, з фасфарычным бляскам у вачах, ён сам быў, як веснік чумы, і напалоханыя людзі запіралі перад ім дзверы, праганялі, не давалі ні вады, ні хлеба. У Венецыі знаёмы іспанец уладкаваў Ігнація на галеру, што кіравалася да вострава Кіпр, а затым у Сірыю. Тут вяла рэй шумлівая заўсёды п’яная каманда матросаў. Лаёла адразу ж пачаў вучыць іх ісціннай веры. Матросы дзень-два слухалі дзіўнаватага пасажыра, але потым ім абрыдлі ягоныя заўсёды правільныя словы, і яны змовіліся пры першай жа магчымасці выкінуць фанатычнага мараліста за борт. Выратаваў Ігнація суровы шторм, што раптоўна ўздыбіў усё Міжземнае мора. Трэба было ратаваць галеру і свае жыцці, і ў матросаў не дайшлі рукі да няўтомнага гаваруна.
4 верасня 1523 года Ігнацій Лаёла з натоўпам багамольцаў ступіў на зямлю Ерузалема, упаў на калені і горача пацалаваў яе. Тут ён зноў пачаў свае казані, рынуўся, як галавою ў вір, у дыспуты, ды аказалася, што тэмпераментны іспанец не ведае латыні. А які ты багаслоў без святой латыні?
Давялося сашчаміць зубы, праглынуць горкі камяк знявагаў і крыўдаў, вярнуцца ў Барселону і ў 33-гадовым узросце (!) сесці за школьную парту поруч з малалетнімі дзяцьмі вучыць латынь. Ён прайшоў і праз гэта выпрабаванне. Ён, горны басконец, лічыў сябе іспанцам, а пра ўпартых сыноў гэтага народу суседзі кажуць так: «Калі іспанцу трэба ўбіць у сцяну цвік, а малатка пад рукою няма, то іспанец заменіць яго ўласнай галавой і ўсё-ткі ўваб’е цвік у сцяну».
У Барселоне ў Лаёлы з’явіліся першыя вучні, першыя прыхільнікі: тры каталонцы – Арціага, Каліс і Кацерас і француз Жэган. З гэтай тройцай ён пачаў заваёўваць хрысціянскі свет. І заваяваў! І дапамагла яму тая суровая эпоха, у якую ён жыў. Як раз перад гэтым Марцін Лютэр нанёс страшны ўдар па ўладзе рымскага Папы, паказаўшы, што можна быць добрым старанным хрысціянінам і не прызнаваць Папу абсалютным валадаром над чалавечай душой і сумленнем. У зямнога намесніка Езуса Хрыстуса вырвалі з рук Англію, Швейцарыю, Франконію, Гесэн, Брандэнбург, Данію, Швецыю з Нарвегіяй. Пратэстанцкая лавіна, усё павялічваючыся і разбухаючы, дасягнула берагоў Рэйна, уварвалася ў П’емонт і Савою, накрыла сабой Францыю, дакацілася нарэшце да Рэчы Паспалітай, да Варшавы і Вільні, да Нясвіжу, дзе гаспадарнічалі князі Радзівілы і дзе ў сваім небагатым маёнтачку бедна-багата жыў шляхціц Міхал Кукарэцкі са сваёй жонкаю, сынам Лявонціем і трыма дочкамі. Неабходна было спыніць гэтую лавіну, гэтую баламутню. Вось так з’явіўся Лаёла са сваімі езуітамі, так па ўсім свеце, у тым ліку, і ў Нясвіжы адчыніліся езуіцкія школы. Так Лявонцій Кукарэцкі зрабіўся послухам Нясвіжскай езуіцкай калегіі.
Трэба зазначыць, што Лявонцій быў натураю вельмі тонкай і шмат у чым непадобнай на сваіх пагодкаў. Размаітыя ўражанні маленства, калі ён жыў, пазнаваў свет між лясоў і лугоў, пад яркім зорным небам, пад снегам, дажджом і бліскавіцамі, зрабілі душу ягоную трапятлівай і рухомай. Як матылёк на вясновай кветцы, як полымя ў абдымках неспакойнага ветру, была душа ягоная.
Ды лёс шляхецкага сына рыхтаваў яму прадвызначаную дарогу: шаб­ля, дзіда, конь, адным словам, вайсковая служба. І ён пагаджаўся з такой будучыняй, цікавіўся жыццём і подзвігамі славутых ваяроў Вялікага Княства Літоўскага. Набыў і захоплена чытаў «Дзесяцігадовую аповесць пра ваенныя справы пана Крыштофа Радзівіла», якую напісаў і выдрукаваў у Вільні Андрэй Рымша. Разам з паэтам нібы размаўляў з Мікалаем Крыштофам Радзівілам, падчашым літоўскім, гетманам польным і гетманам вялікім літоўскім, кашталянам троцкім і падканцлерам літоўскім, ваяводам віленскім, якога народ назваў Перуном. Глыбока западалі ў хлапчукова сэрца, як зярняты ў вясновую ўзараную глебу, малюнкі гераічнай баталіі:

Зноў Масква прэ навалай, зноў вайною страшыць,
Хоча ўзяць сабе Інфлянты, кажа: землі – нашы.
Тут жа войска ў Інфлянты рушыў князь маскоўскі,
Пекны полк быў, што праўда, толькі не байцоўскі,
Бо пан Крыштаф насустрач выслаў сотню коней,
Гуф не дужа каб вялікі – прэч Маскву пагоніць.
Нейкіх дзвесце жаўнераў – вось атрад ягоны.
Перад ім не ўстаялі маскалёў загоны.

Так хацелася быць побач з тымі жаўнерамі, імчацца на баявым кані, высока ўзвіваць вострую шаблю, перамагаць, а калі загадаюць Бог і гетман, дык і загінуць за Айчыну. Што можа быць лепей гэткай смерці? І зноў прагавіта беглі вочы па старонках незвычайнай хвалюючай кнігі:

А маскаль, як агледзеў, што ўжо мае госця,
Прэцца моцнай навалай, поўны лютай злосці;
Як убачыў, што маем мы няшмат жаўнераў –
Рвецца ў бой супраць нашых злосна й агалцела.
Вораг стаў тут сцяною, нашых – жменя будзе.
Ды адвагу ў іх гетман палкім словам будзіць:
«Вам не першы раз, воі, з гэтым смердам біцца.
Прысмірыць яго пыху ці з вас хто збаіцца?
І не бойцеся зараз, што яны ў засадзе.
Вось убачыце – будуць хутка ў заняпадзе».
Тут падняўся Агінскі, і Рагоза потым –
Смела глушаць маскалёў, кожны з собскай ротай.
Колюць дзідамі – і вораг кінуўся на ўцёкі,
Ды стральцоў нашых рота рушыць спешным крокам,
Страшны залп выпускае з гакаўніц і ружжаў…

Ах, як муліць быць там, у дыме і громе, у агні! Чаму, Божа, ты вы­праў­ляеш людзей на белы свет не ў тыя рокі і не ў тыя дні, як ім хацелася б? Чаму забіраеш іхняе жыццё ў ціхім сямейным ложку, а не на віхурыстым полі бітвы?
Пад мацнейшым уражаннем ад пісанняў Андрэя Рымшы, Андрэя Волана, Міколы з Гусава юны Лявонцій Кукарэцкі паціху й сам пачаў нешта прыдумваць і патаемна ад усіх занатоўваць у тоненькі сшытачак. Не ведаў, што з гэтага будзе, што атрымаецца, але душа патрабавала, душа ўсхвалявана прачыналася ў маладым целе, усплёсквала-біла пругкім гарачым крыллем, як вясновая галасістая птушка. Было адчуванне, асабліва на стыку явы і сна, вольнага палёту.
Ды лёс чалавечы ходзіць вельмі пакручастымі дарогамі. Зусім неспа­дзявана сталася так, што Лявонцій апынуўся за тоўстымі сценамі Нясвіжскй езуіцкай калегіі, дзе ўсё жыло і дыхала нязломнай жалезнай апантанасцю Ігнація Лаёлы. Пан Леў Кукарэцкі, бацька Лявонція, трапіў у татарскі палон. Ездзіў ён па справах князёў Вішнявецкіх у чарназёмныя стэпы, якія пасля Люблінскай вуніі адышлі да Кароны. Там і заарканілі яго крымчакі і пагналі ў натоўпе ясыру ў Бахчысарай. Звычайна, за шляхотных палоннікаў яны патрабуюць выкуп і, атрымаўшы грошы, адпускаюць небаракаў дадому. Хто ж бедны і голы, не мае пенязяў, не мае багатых заступнікаў, вымушаны сем доўгіх гадоў гібець у няволі. Потым яго (калі дажыве!) таксама выпускаюць. Такая завядзёнка ў стэпавых драпежнікаў.
Маці Лявонція пані Макрына, калі да яе праз людзей дакацілася горкая навіна пра мужаў лёс, злёгку пашкодзілася розумам, залемантавала:
– Мой найкаханейшы душой і сэрцам Леўчык дабрадзею! Як без цябе жыць буду? Дзеткі малыя. Пазыкі вялікія. Хто без цябе, ясны пане, накіруе мяне на шлях ісцінны?
Агаломшаная нечаканым горам жанчына не ведала, што рабіць, як вызваляць мужа з татарскага палону. Бурыўся звычны трывалы свет, у якім яна жыла да гэтага часу. Кінулася з паклонам да князя Радзівіла, напісала слёзны ліст каралю і вялікаму князю Жыгімонту. Тыя абяцалі даць грошы на выкуп, ды на гэтым справа й скончылася. Мала было мець грошы. Трэба было ведаць, каму іх аддаць. А ў Крымскім ханстве пачалася чарговая замятня: люта перасварыліся за ўладу Гірэевы дзеці. Ручаямі палілася кроў. Брат кастрыраваў брата, сек галаву. Бахчысараю было не да ліцвінскага ясыру.
І тады Макрына Кукарэцкая ўсе думкі свае звярнула да Пана Бога. Дзень і ноч малілася, запальвала свечкі, стаяла на каленях у Нясвіжскім фарным касцёле. Побач з ёю страсна маліліся дзеці, сын Лявонцій і тры дачкі.
Хтосьці параіў пані Макрыне (магчыма, гэта былі людзі з езуіцкай калегіі) здаць сына ў навучанне да езуітаў. І тады Бог убачыць і ацэніць такую велегласную справу, і пан Леў вернецца дадому з Крымшчыны жывы і здаровы. Так апынуўся Лявонцій у калегіі.
Як ноч розніцца ад светлага дня, так і гэта новае жыццё рознілася ад таго, якім яшчэ зусім нядаўна жыў летуценны шляхецкі сынок. Быццам яго кінулі ў ледзяную палонку. Быццам завезлі з чыстага зялёнага поля ў цёмную непралазную пушчу, у самшэлыя карчы і бураломы.
Ігнацій Лаёла, які самаруч напісаў статут езуітаў, падзяліў ордэн на шэсць класаў: послухі, вучні, свецкія кандыдаты, духоўныя кандыдаты, спавядальнікі трох абяцанняў, спавядальнікі чатырох абяцанняў. Гэтыя класы не адгароджаны адзін ад аднога глухімі сценамі – калі ты чалавек настойлівы і здольны, ты можаш перайсці ў вышэйшы клас. Ты нават можаш, намёртва сцяўшы душу і зубы, дабрацца, урэшце рэшт, да шостага класа, зрабіцца спавядальнікам чатырох абяцанняў. На гэтай вышыні цябе чакае абсалютны давер генерала. Ты робішся сапраўдным езуітам, у тваіх руках знаходзіцца лёс ордэну, ты ведаеш усе ягоныя таямніцы. Але набыць такое права вельмі й вельмі цяжка. Таму невыпадкова, што ў часы найвышэйшага росквіту ордэну мелася ўсяго пяцьдзесят чалавек (на ўвесь зямны шар!) спавядальнікаў чатырох абяцанняў.
Зазначым, што юны Лявонцій Кукарэцкі ні слухам, ні почутам ніколі не гарнуўся да такога жыцця, не ведаў пра яго, а патрапіў у езуіцкую калегію толькі збегам нешчаслівых абставінаў: аддаючы сына ў рукі людзей Лаёлы, ахвяруючы ім, маці хацела выбавіць мужа з лютай татарскай няволі. Тым больш, дзверы для выхаду з ордэну былі заўсёды расчыненыя. Не спадабалася, не па плячы суровая езуіцкая ношка – можаш вярнуцца да свайго ранейшага стану. Толькі спавядальнікам чатырох абяцанняў кан­чат­кова і беспаваротна адрэзаны ўсе шляхі назад.
Навучанне Лявонцій пачаў послухам. З гэтага часу ўсё жыццё ягонае падпарадкоўвалася кодэксу, які складаўся з трыццаць адной (!) інструкцыі. Ён павінен быў заўсёды і ўсюды быць сціплым, і, як агалошвала інструкцыя нумар трыццаць адзін, не меў права апраўдвацца і паказваць нават найменшае незадавальненне ні ў выпадку бязвіннасці, ні ў выпадку перабольшання праступкаў, ні ў выпадку відавочнай прадузятасці з боку абвінаваўцы.
Ён няспынна павінен быў адчуваць сябе грэшнікам. Інструкцыя нумар дванаццаць патрабавала, каб кожны послух увесь час правяраў сябе ў думках, словах і справах, усведамляў сутнасць сваіх грахоў і правіннасцей, параўноўваў вячэрняе выпрабаванне з ранішнім, сённяшняе з заўтрашнім, выпрабаванне апошняга тыдня з выпрабаваннем папярэдняга. Адшукаўшы ў самім сабе нават самы маленькі, самы нікчэмны грэх, патрэбна было неадкладна звяртацца да старэйшых са словамі пакаяння.
Послух быў абавязаны нічым не цешыцца і, па інструкцыі нумар трыццаць, на пакой, у якім жыве, павінен быў глядзець як на магілу, у якую ён дабраахвотна пахаваў сябе дзеля Хрыста.
Без дазволу патэра нельга было гаварыць з чужым чалавекам. А калі б і адбывалася такая гутарка, то толькі ў прысутнасці сведкі, які даносіў пра яе начальству. Гэта не вельмі прыгнечвала Лявонція, бо па натуры сваёй быў ён маўчуном, бязмоўна ўмеў размаўляць сам з сабою.
Лісты дадому дазвалялі пісаць толькі раз на месяц. Перад адпраўкаю іх абавязкова прачытваў патэр. Забаранялася хоць чым-небудзь, хоць адным-адзіным слоўкам упамінаць пра калегію.
Дзень быў размеркаваны да драбніцаў. Пасля сну кожны вучань асяняў сябе крыжам, цалаваў сваю сутану, прычашчаўся, маліўся ўголас самому сабе, пакорліва цалаваў зямлю, пакланяўся Богу, прыбіраў ложак, мыўся, прычэсваўся, чысціў шчоткаю адзенне. І пачыналася навучанне.
Вучылі лацінскую граматыку Альвара, і таму ўсюды і ўвесь час раз­маў­лялі толькі на латыні. Вось гэта давалася Лявонцію Кукарэцкаму цяжка. Жыла ў ім прыродная ліцвінская мова, уладна, як вясновая трава, прарывалася з душы, патаемна пісаў ён на ёй свае вершыкі, і балюча было падрэзваць яе сталёвай касой лацініцы. Ды ён паступова прызвычаіўся існаваць як бы ў двух паралельных светах: адзін – знешні, для ўсіх, другі – глыбока ўнутраны, духоўны, для сябе і для сваіх думак. Так, у прынцыпе, жыло, жыве і жыць будзе вялікае мноства людзей на зямлі.
Этыку і фізіку вучылі па Арыстоцелю, багаслоўе і мараль – па Томасу Аквінейскаму. Карпелі над матэматыкай. Займаліся гімнастыкай на свежым паветры. Часта хадзілі на прагулкі. Даглядалі сваіх хворых. Будынак школы ззяў чысцінёй, бо парадак у ім трымалі ўласнымі рукамі.
Паступова гэтае жыццё ўсё болей завалодвала Лявонціем, пачало нават падабацца. І хоць ужываліся ў калегіі розгі, якімі лупцаваў час ад часу нядбаліц і гультаёў карэктар, старонні чалавек, чалавек не з езуітаў, настаўнікі пастаянна даводзілі, што неабходна вучыцца, што чалавек адрозніваецца ад дзікай жывёліны сваёй вучонасцю і набожнасцю.
Хвалілі не тых, хто механічна зубрыў урок, а тых, хто браў сабе ў па­моч­нікі логіку і розум. Асноўным стымулам і рухавіком у вучобе лічылася спаборніцтва. Нішто не магло быць больш ганаровым, чым з году ў год пераўзыходзіць у ведах сваіх пагодкаў. Такія вучні атрымлівалі ўзнагароды. Іх саджалі на ганаровыя месцы. Слабакоў жа і гультаёў пастаянна папікалі. Самых непапраўных чакала ганебнае пакаранне – на вачах усёй калегіі на іх адзявалі блазенскія каўпакі, навешвалі «асліныя вушы».
Вось з такім «аслінавухім», Якубам Луневічам, ціхім блакітнавокім хлапчуком, жыў нейкі час Лявонцій Кукарэцкі ў адным пакоі-«магіле». Як ні стараўся, не давалася Якубу вучоба. Не, ён не быў гультаём. Вучыў зададзеныя ўрокі нават уначы, лежачы ў ложку, нячутна шавелячы, каб не разбудзіць суседа, губамі. У вачах ззяла нязгасная пакута. Калі ў чарговы раз прылюдна яму начапілі «асліныя вушы», прыйшоў у пакой, прысланіўся ілбом да шэрай сцяны і заплакаў, закалаціўся ўсім худзенькім целам, зашаптаў:
– Завошта? Чаму я такі?
Лявонцій (хоць строга забаранялася такое) не вытрымаў, паклаў яму руку на плячук, сказаў:
– Не плач, Якуб. Бог трываў і нам загадаў. Усё яшчэ наладзіцца. Я ж бачу – ты вучыш. Маліся ж Пану Богу, каб у навучанні тваім быў плён. Я таксама за гэта буду маліцца. Ужо гэтай ноччу памалюся.
Блакітныя напоўненыя іскрыстымі слязьмі вочы Луневіча ўспыхнулі яркім святлом. Ён рэзка павярнуўся да Лявонція. Вусны дрыжалі.
– Дзякуй табе, браце мой, – усхвалявана выдыхнуў ён. – Дзякуй за тое, што заўважыў пакуту маю, адгукнуўся на яе. Век не забуду.
Шчырыя малітвы і ўпартая (да знямогі!) вучоба дапамаглі – неўзабаве Якуба Луневіча перасадзілі на ганаровае месца. Далей болей: нібы запульсавала ў ім нейкая нябачная дагэтуль крынічка. Выбіўся ў найлепшыя вучні, зрабіўся ўлюбёнцам настаўнікаў. А затым і наогул знік з калегіі. Казалі, што павезлі яго ажно ў Рым, і пачаў ён службу духоўную ў свіце самога ордэнскага генерала Аквівы.
Лявонцій жа ішоў па сцежцы навучання без асаблівых узлётаў, трымаўся недзе ў сярэдзіне, на аднолькавай адлегласці і ад «асліных вушэй», і ад лаўрэацкіх вянкоў. Ён зразумеў – не ягонае гэта. Не рвецца душа пад езуіцкае сонца. Жыў спадзяваннем, што вернецца з татарскага палону бацька і забярэ яго адсюль дадому. А пакуль што неабходна было паводзіць сябе вельмі й вельмі абачліва, асцярожна, не вытыркацца, не трапляцца лішні раз на вока настаўнікам і асабліва карэктару. Трэба было быць рахманым ягняткам шэрага статку.
Калі ж прыляцела ў Нясвіж вясна, калі заспявалі шпакі і зазвінелі зва­ноч­кі жаўранкаў, калі зазелянелі лугі і лясы над Ушой, а высокае неба зрабілася бяздонна-блакітным, адчуў Лявонцій у душы няясную трывогу, нясцерпнае хваляванне. Быццам нехта клікаў яго ўдалеч пяшчотным незямным голасам, абяцаючы шчасце і найвышэйшую асалоду. Захацелася яму зрабіцца белым лёгкім воблакам і паплыць па бязмежным небе ў далёкія землі, у іншыя краіны, да прыгожых вясёлых людзей. І ў людзей тых былі мяккія жаночыя галасы і чароўныя жаночыя твары. Мужчына прачнуўся ў маладзенькім Лявонцію Кукарэцкім. І адразу ж няўтрымна ўзбунтавалася, затрапятала, налілася пругкай п’янкой сілай уся ягоная гарачая мужчынская плоць.
Як можна ў такія імгненні жыць без сяброўкі, без падатных салодкіх жаночых вуснаў, без наймякчэйшых шаўкавістых валасоў, што звабліва пахнуць срэбным вясновым дажджом і залатым сонцам? Як можна самотна існаваць на цёплай вясновай зямлі, дзе ўсё квітнее і дыхае на поўныя грудзі, будуе гнёзды і высцілае бязважкім чыстым пухам норы, каб напоўніцу аддацца каханню і запаліць таямнічы агеньчык новага жыцця?
Лявонцій уважліва прыглядваўся да таварышаў па вучэльні і разумеў, што большасць з іх хвалююць такія ж самыя думкі. Такі ж самы бляск з’явіўся ў вачах і светлая задуменнасць. Нават галасы пачалі ўзбуджана дрыжаць і ламацца.
Дзеля ж чаго, думалася яму, гэткая пакута і такое цярпенне? Усё дае плод: і дрэва, і звер, і марская рыбіна, і паднебная птушка. І чалавек дае плод. Чаму ж ён, Лявонцій Кукарэцкі, павінен пражыць усё сваё зямное жыццё, як пакрыты мохам халодны камень, як сухі корч?
Некаторыя з вучняў пачалі патаемна займацца рукаблуддзем. Гэтак нека­лі кідаў на зямлю сваё гарачае дзетароднае семя Анон, няшчасны сын Ноя. І не хапала сілы перамагчы няўтрымны мярзотны пякуча-салодкі юр.
Неўтаймаваная энергія патрабавала выйсця. Падоўжылі малітвы. Уз­мацнілі фізічныя практыкаванні. Патэр падчас сваіх казаняў уздымаў рукі з крыжам да неба, страсна абвяшчаў:
– Там, дзе слёзы ўпадуць, дубы прарастуць!
Ясным маёвым вечарам, калі на сінім шкле неба пачалі запальвацца першыя зярняткі зорак, узброіліся камянямі і цяжкімі кіямі, пайшлі граміць адну з нясвіжскіх камяніцаў, дзе была пратэстанцкая малітоўня. Пратэстанты (кальвінісцкія сабакі, як называлі іх айцы-езуіты) якраз праводзілі там сваю імшу. Урачыста гучалі іхнія малітоўныя спевы.
Град камянёў паляцеў у вокны. Зазвінела разбітае шкло. Узвіўся страшны крык. Пратэстанты паспелі зачыніць знутры дзверы. Тады схапілі на суседнім двары ў рамесніка тоўстае бервяно, разгойдаўшы, ударылі ім па дзвярах, як таранам. З першага разу нічога не атрымалася. Пачалі біць яшчэ і яшчэ. Усё часцей, усё гняўлівей. Пачуўся жахлівы трэск.
– Кальвінісцкія сабакі, выбягайце на двор! – лютым хорам крычалі настаўнікі і вучні езуіцкай калегіі. І Лявонцій Кукарэцкі, зрываючы голас, крычаў разам з усімі. У ім нібы пасяліўся злы крыважэрны шатан, з якім, як штодзённа настаўлялі ў калегіі, трэба жорстка змагацца, няспынна ваяваць. А шатан раптам узяў ды пасяліўся ў саменькай душы ў Лявонція і зларадна шаптаў, падзуджваў:
– Вось хто ўсіхны вораг – кальвіністы. Яны твае ворагі. Яны ворагі яснавяльможнага пана князя Мікалая Крыштофа Радзівіла. Іх трэба выдзіраць з Нясвіжу з коранем, як атрутнае пустазелле.
Урэшце рэшт, бервяно-таран прабіла праламала дзверы малітоўні. Езуіты тыцнуліся ў гэты пралом. Ды замест дзвярэй іх сустрэла непарушная сцяна пратэстантаў, якія гатовыя былі памерці, але не пусціць гвалтоўнікаў у свой святы дом. Тут былі мужчыны і жанчыны, старыя нямоглыя дзяды і зусім малады народ. Было некалькі немцаў-наёмнікаў з надворнага войска князя Радзівіла. У гэтых меліся шпагі, і яны адразу ж пусцілі іх у справу. Пралілася першая кроў.
– Агню! – пакаціўся крык між езуітаў. – Дайце агню! Выкурым іх аг­нём, як паршывых тхароў!
У некага ў руках засвяцілася ўспыхнула паходня. Яе кінулі на гонта­вы дах малітоўні. Агонь пачаў павольна ўядацца ў вільготнае шэрае дрэ­ва. Слуп дыму, напачатку тонкі, а затым усё таўсцейшы і спарнейшы, усвід­роўваўся ў вішнёвае вечаровае неба.
Пратэстанты ўнутры малітоўні натхнёна-ахвярна заспявалі «Багаро­дзіцу»:
Багародзіца, Дзева, радуйся …

Гэта ацверазіла шмат каго з наступоўцаў. Яны раптам зразумелі, што тыя, каго хочуць спаліць і знішчыць, не дзікія паганцы, не туркі і не татары, а таксама хрысціяне. І тут падаспелі пяцігорцы з каравульнай роты радзівілаўскага замку. Яны клінам урэзаліся ў раз’юшаны натоўп, распалавінілі яго і стварылі праход для пратэстантаў. Некаторыя ж, схапіўшы лесвіцы, палезлі збіваць агонь з даху.
Лявонцій Кукарэцкі, усё яшчэ сціскаючы ў руцэ цяжкі рубчасты камень, глядзеў, як з малітоўні выходзяць пратэстанты. Некаторыя перапалоханыя разгубленыя, але большасць не апускаюць вочы, смела і годна пазіраюць наўкол. Пячатка блізкай непазбежнай смерці яшчэ не сцёрлася з узбу­джаных усхваляваных твараў і робіць іх надзіва прыгожымі.
І тут Лявонцій убачыў такое, што змусіла ўздрыгнуць, часцей забіцца сэрца. Ён убачыў між пратэстантаў дзвюх маладзенькіх вельмі прыгожых і абсалютна падобных адна на адну дзяўчатак. «Блізняты», – адразу ж зда­гадаўся ён. Русавалосыя сінявокія з мілымі загарэлымі тварыкамі, яны ішлі, узяўшыся за рукі, і звонкімі срэбнымі галаскамі спявалі «Багародзіцу». Ззаду анёлападобных дзяўчатак, паклаўшы кожнай з іх на плячук руку, нетаропка і ўпэўнена ступаў магутны кучарававалосы чалавек. На смуглым ягоным лобе ззяў пот, але ён не сціраў яго, і было ўражанне, што гэта, спусціўшыся з нябёсаў, свецяцца малюсенькія прамяністыя зорачкі.
Лявонцій выпусціў з рукі камень. Той стукнуў па назе. Але Лявонцій не адчуў болю. Ён адчуў толькі адно: з гэтага імгнення і назаўжды ён за­каханы вось у гэтых чароўных анёлападобных дзяўчатак, закаханы, ахвярна салодка і беспаваротна, адразу ў дзвюх! Нібы нахлынула на сэрца гарачая высокая хваля, і ўтапілася ў ёй сэрца. І не хочацца выплываць, вынырваць. Хочацца ляжаць на шаўкавістым пясчаным дне, адчуваць, як расчэсвае твае валасы клапатлівая мудрая вада, і глядзець, знізу ўверх, на гэтых незямных дзяўчатак. Не, яны не дзяўчаткі. Яны – залатыя рыбкі. Яны – нябесныя зоркі.
Невядома як доўга цягнулася такое ачмурэнне. Вось дзяўчаткі параў­няліся з Лявонціем. Вось зірнулі на яго, здзіўлена і (як падалося яму) таямніча.
– Альжбэта і Анэля, ідзіце спакойна, не спяшайцеся, – сказаў кучарававалосы магутны чалавек, не здымаючы свае рукі з пяшчотных плечукоў.
«Альжбэта і Анэля, – выбухнула ў сэрцы ў Лявонція Кукарэцкага. – Альжбэта і Анэля! Такія ў іх імёны».
Ён быў як п’яны. Калацілася сэрца. Не слухаліся, рабіліся нібы чужымі рукі і ногі. І адразу ж сам сабою нарадзіўся верш:

Анёлаў крылы ў небе зазвінелі –
То галасы Альжбэты і Анэлі.

Упершыню ў жыцці яму хацелася глядзець і глядзець на прыгожае дзявочае цела, натольвацца ягонай таямнічай дасканаласцю і чысцінёй, быццам у лютую спёку піць з лугавой крынічкі бруістую прахалодную ваду. Хацелася аддаць гэтым нябесным стварэнням квет маладосці сваёй, увесь даастатку. Але як гэта зрабіць? Як падступіцца да іх? Яшчэ колькі імгненняў, і яны растворацца ў натоўпе, знікнуць назаўсёды. І нічога не застанецца на ўспамін аб іх. Ні голасу, ні водгуку, ні зыку. І зноў пустое жыццё будзе наперадзе.
– Пан Даніловіч-Гоцкі? Пан Антоне? Чым я магу табе дапамагчы? – прагучала раптам побач з Лявонціем Кукарэцкім.
Такія словы жвава выгукнуў тоўсценькі рухавы чалавечак, апрануты ў белы гермак з влоскага сукна з шаўковымі шнурамі. Гермак быў падшыты футраю з чорнай куніцы. На галаве ў чалавечка была сіняя ярмолка, з-пад якой, кладучыся на скроні і патыліцу, выбіваліся кучаравыя сіваватыя пэйсы.
Даніловічам-Гоцкім аказаўся той, што ішоў следам за Альжбэтай і Анэляй, паклаўшы ім на плечы моцныя пукатыя, як чарпакі, рукі.
– Вітаю цябе, пан Самуіле, – весела сказаў ён чалавечку ў белым гермаку. – Ты мог бы мне дапамагчы, каб прынёс сюды са сваёй карчмы паўгарнца халоднага піва і міску гарачых рубцоў-флякаў. Але ж да тваёй карчмы далёка, а да радзівілаўскага двара, куды нас, пэўна, завядуць, блізка. Прасі, пан Самуіле, у свайго габрэйскага бога, каб дапамог мне і маім пляменніцам шчасліва выбавіцца на волю.
– Не хвалюйся, пан Антон, – пакрочыўшы поруч з Даніловічам-Гоцкім, натхнёна бліскаючы чорнымі вачамі, загаварыў Самуіл. – Сёння ў яснавяльможнага пана Радзівіла з раніцы лагодны настрой. Шчасліва разрадзілася, падаравала князю цудоўнага гнядога жарэбчыка ўлюбёная ягоная арабская кабылка Касіпея. Так што асаблівай лютасці да вас, пратэстантаў, у князя не будзе. Шведскі кароль Карл, пратэстант з пратэстантаў, падступае да Рыгі. Насустрач яму рушыў вялікі гетман Хадкевіч. Вось-вось скрыжуюць дзіды. На дапамогу гетману князь Мікалай Крыштоф Радзівіл тэрмінова шле з Нясвіжу вайсковы аддзел начале з Аляксандрам Лісоўскім, кажуць, героем вайны з валахамі. Ідзе запіс у воінства Лісоўскага. Ён, Лісоўскі, бярэ ўсіх, у тым ліку, і пратэстантаў.
– Усё ты ведаеш, пан Самуіл, – захоплена прыцмокнуў языком Дані­ловіч-Гоцкі.
– Такая ў нас, габрэяў-літвакоў, планіда, – трасянуў пейсамі Самуіл. – Мы павінны ўсё ведаць, усё бачыць і чуць. А твае кветачкі-пляменніцы ўсё харашэюць, – змяніў ён тэму гаворкі.
Альжбета з Анэляю, пачуўшы пахвалу з вуснаў карчміта, зірнулі адна на адну і засмяяліся. Гэты смех быў музыкаю для Лявонція Кукарэцкага. Ён, як і Самуіл, вырашыў не адставаць ад Даніловіча-Гоцкага і ягоных юных пляменніц і, па магчымасці, прасачыць, дзе яны жывуць у Нясвіжы. Пра езуіцкую калегію не ўспамінаў. Пасля пагрому пратэстанцкай малітоўні, пасля цяжкіх камянёў, якія разам з усімі шпурляў у вокны, у душы выспела даволі нечаканае, але цвёрдае і канчатковае рашэнне: да езуітаў ён больш ні нагой. Тым больш, што дзверы на выйсце ніколі не былі зачыненыя. Наперадзе чакае дужа нялёгкая і няпростая размова з маці. Ды маці, верыў ён, у рэшце рэшт, зразумее свайго сына. За вяртанне ж бацькі з крымскага палону можна маліцца і прасіць Пана Бога не толькі ў калегіі.
Усіх пратэстантаў (чалавек пяцьдзесят-шэсцьдзесят) пад аховаю ўзброе­ных пяцігорцаў завялі праз арку ва ўнутраны галоўны двор радзівілаўскага замку, і з балкону чарнавусы шляхціц – князеў рэзідэнт – абвясціў ім вырак:
– З гэтага часу з усіх уладанняў яснавяльможнага пана Мікалая Крыштофа Радзівіла, з Нясвіжу, Ліпску, Шацку, Алыкі, Клецку, Свержані, Зэльвы, Міру, Дворышча, Чарнаўчыц, Белай, Хотава, Вострава, Грэску, Крожаў, Салтанаўшчыны, Затур’і, Гарадзеі, Мікалаеўшчыны, Пацеек, Шыдловецу і гэтак далей, і гэтак далей выдаляюцца без права вяртання прыхільнікі мярзотных бязбожных вучэнняў Лютэра і Кальвіна, як аслеплыя і аглухлыя ў сваёй упартай ерасі, як ворагі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Нашая верхнасць, узятая намі ад велегласных продкаў нашых, і ўся зямля нашая не могуць больш цярпець нечуваны глум і здзек са святой веры Хрыстовай. І мы сурова і ўрачыста абвяшчаем: «Ідзіце ад нас! Ідзіце, куды пажадаеце. На захад, на ўсход, на поўнач, на поўдзень. Або ў сырую зямлю. Або за чорную навальнічную хмару».
Тут чарнавусы шляхціц-рэзідэнт адкашляўся ў кулак у белай пальчатцы, грозна зірнуў з балкона на прыціхлы натоўп пратэстантаў. Так пазірае зверху ўніз драпежны каршун на дробнае дворнае птаства – курэй і качак.
– А сынок не пайшоў бацькавай сцежкаю. Пэўна, варочаецца бацюхна ў сваёй залатой труне, – ціха як бы сам сабе сказаў Антон Даніловіч-Гоцкі. Мала хто яго пачуў, а хто й пачуў, дык не ўсе зразумелі. Але словы гэтыя зразумеў Лявонцій Кукарэцкі, што стаяў непадалёку побач з габрэем карчмітам Самуілам і прагна глядзеў на Альжбэту і Анэлю. Пра Мікалая Крыштофа Радзівіла і пра бацьку ягонага Мікалая Радзівіла Чорнага прамаўляў магутны кучарававалосы шляхціц. Радзівіл Чорны пры сваім жыцці зрабіў Берасце і Нясвіж цэнтрамі кальвінізму, адчыняў, дзе толькі мог, пратэстанцкія малітоўныя дамы і школы, і вось усё ішло прахам.
– Той жа з вас, хто пажадае вярнуцца ў матчына лона каталіцкай веры, можа спакойна заставацца ў Нясвіжы і ва ўсіх уладаннях дастаслаўнага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла, атрымае поўнае дараванне, – казаў між тым з балкона шляхціц-рэзідэнт.
Шмат хто з пратэстантаў, глыбока ўздыхнуўшы, згадзіўся з такім па­ва­ротам свайго зямнога лёсу.
– Вяртайся ў матчына лона. Вяртайся ў матчына лона, – ярасна зашаптаў Самуіл Антону Даніловічу-Гоцкаму. – Бог адзін, і жыццё ў цябе і ў тваіх кветачак-пляменніц адно.
Даніловіч-Гоцкі здзіўлена пазіраў на яго, спытаў:
– А ты чаго так перажываеш, пан Самуіле? Цябе ж і тваіх супляменнікаў не выганяюць.
– Люблю разумных і добрых людзей, – адразу знайшоў што адказаць карч­міт. – Калі б ты, прабач, быў яловым чурбаном, я б і пальцам не пава­рушыў. Люблю разумных і добрых людзей. Толькі з-за вялікай любові маёй раю табе такое.
Тым часам з высокага балкона паляцела ў варухлівы павесялелы натоўп яшчэ адна нечаканая навіна.
– Кожны з вас, хто цяпер зрабіў свой канчатковы і абсалютна правільны выбар, можа гераічным учынкам даказаць вернасць нашаму касцёлу, – выгукнуў шляхціц-рэзідэнт. – Заўтра ў задзвінскія Інфлянты на вайну з бязбожным шведскім каралём-пратэстантам Карлам Дзевятым выпраўляецца вайсковы аддзел, згуртаваны воляю і грашыма яснавяльможнага шляхетнага пана Мікалая Крыштофа Радзівіла. Там ужо знаходзіцца войска вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча. Мы пасылаем падмацаванне. Водцам гэтага вайсковага аддзелу князь Радзівіл прызначыў адважнага і вопытнага пана Аляксандра Язэпа Лісоўскага, які толькі што прыбыў з валахскага паходу. Усе, хто абачліва вярнуўся да святой каталіцкай веры, увечары адслужаць урачыстую імшу ў фарным касцёле, а затым кожны, хто жадае паслужыць нашаму Панству, можа ісці да пана Лісоўскага.
– Да Лісоўскага не йдзі, – зашаптаў Самуіл, убачыўшы як успыхнулі вочы ў Даніловіча-Гоцкага.
– Вось тут ты трошкі памыляешся, пане дабрадзею, – гучна засмяяўся Антон Даніловіч-Гоцкі, рашуча трасянуўшы грываю густых кучаравых валасоў. – Сёння я раблю не адзін, а два крокі. Я са шчырай душою прымаю каталіцтва. І я іду да пана Аляксандра Язэпа Лісоўскага. Так што рыхтуй у сваёй карчме халоднае піва і гарачыя рубцы-флякі. Адзначым гэту падзею.
– Ай-ай-ай, – усхвалявана захітаў галавою Самуіл. – Такі разумны, такі зацны шляхціц, так, васпане, было добра мне, карчміту, працаваць з табою. Памятаеш, як мінулай зімою ты прывёз мне ад ляхаў праз мытню ў Бярэсці восем бочак селядцоў і ажно тысячу тлустых браўншвейцкіх трусоў. Хвалілі ўсе, хто заходзіў у карчму да Самуіла Рабіновіча смажаную трусяціну. Ай-ай-ай, хто ж мне цяпер усю гэту смакату вазіць будзе? Хоць чапляй Рабіновіч на шыю торбы ды йдзі жабраваць са сляпымі старцамі, спявай пад вокнамі ў людзей алілую.
– Не нагаворвай на сябе, пан Самуіл, – зарагатаў Даніловіч-Гоцкі. – Ты з любой пелькі выслізнеш сухі, а не мокры, з любога пажару выбежыш, і ні вугалька не ўпадзе на тваю галаву.
– Вось за гэта і пачастуюць мяне на тым свеце вугалькамі, – паныла прамовіў карчміт, але вочы былі вясёлыя. – Ды дарэмна, васпане, збіраешся на вайну ў Інфлянты, забыўшыся, як слаўна мы з табой сябравалі.
– Не жыві ўчарашнім. Яно назаўсёды знікла і ніколі не вернецца. Жыві сённяшнім днём, бо заўтрашняга можа проста не быць, – глыбакадумна прамовіў Антон Даніловіч-Гоцкі.
– Можа й твая праўда, васпане, – згадзіўся карчміт. – Сёння ўвечары заходзь са сваімі сябрамі ў карчму «Сіняя падкова». Самуіл Рабіновіч будзе карміць усіх цудоўнымі галандскімі пеўнямі.

Ах, ты, певень-певунок,
Скокні ў жаркі чыгунок! –

заспяваў ён раптам і нават крутнуўся на левай пятцы.
Увесь гэты час Лявонцій Кукарэцкі цёрся ў натоўпе непадалёк ад Даніловіча-Гоцкага і ягоных прыгожанькіх пляменніц. Пачуўшы, што шляхціц вырашыў з пратэстанта зрабіцца каталіком, узрадаваўся. Гэта нейкім чынам апраўдвала і ягоны намер сыйсці з езуіцкай калегіі. Калі такія людзі, як Даніловіч-Гоцкі, без сумневу перайначваюць свой лёс, то яму, Лявонцію, як кажуць, сам Бог дарогу асвятляе. Думаючы так, ён не адрываў гарачы позірк ад Альжбэты і Анэлі. Гэта, вядома, не засталося незаўважаным.
– Вунь той блакітнавокі з цёмнымі валосікамі хлопчык аж праколвае цябе вачыма, – шапнула Анэля Альжбеце.
– Ды ён на цябе глядзіць, як кот на смятану, – таксама шэптам адказала сястра.
Яны так і не паразумеліся, на якую з іх закахана пазірае бледнатвары вельмі сімпатычны юнак, але два дзявочыя сэрцы, соладка абміраючы, усхвалявана б’ючыся, паплылі, нібы яркія вянкі па бязмежнай начной купальскай рацэ, у такую зваблівую і такую таямнічую невядомасць.
– Пэўна, ён – езуіцік з Нясвіжскай калегіі, – раптам здагадалася Альж­бэта. – Усе яны носяць такія плашчы. І ўсе яны такія ціхмяныя. Бедненькі. Як мне хацелася б месячнай ноччу плыць разам з ім на чоўне па рацэ.
– А я хацела б сустрэцца з ім у радзівілаўскім парку каля фантана «Ундзіна». І таксама ўначы, – летуценна прамовіла Анэля. – У яго павінны быць такія пяшчотныя вусны.
Яны былі маладзенькімі сёстрамі-блізняткамі і яны яшчэ не здагадваліся, што некалі кожнай з іх давядзецца шукаць сваё каханне паасобку, што патрэбна будзе, як гэта ні балюча, аддаліцца адна ад адной і пайсці па жыц­ці рознымі сцежкамі. Сёння пра такое яны нават і не думалі.
– Шкада, што ён вучыцца ў калегіі, – уздыхнула Альжбэта.
– Шкада, – згадзілася ейная сястра.
І яны пайшлі разам са сваім дзядзькам Антонам Даніловічам-Гоцкім дадому. А Лявонцій Кукарэцкі асцярожна пайшоў за гэтай тройцай следам. Ён яшчэ не ведаў, што яго чакае наперадзе. Ён проста ішоў, і сэрца спявала ў грудзях.

X

Навіна пра выкраданне з езуіцкага калегіума ў Аўгсбургу старэйшага сына Яна Юрыя агаломшыла Мікалая Крыштофа Радзівіла. Князь у апошнія дні цалкам быў заняты адпраўкаю ў Інфлянты на вайну з Карлам Дзевятым свайго вайсковага почату. Трэба было падбіраць наёмнікаў, шукаць грошы, зброю, амуніцыю, правіянт. Ды мала што спатрэбіцца ў няблізкім небяспечным паходзе. Да таго ж князь надумаў з нагоды адпраўкі жаўнераў на баявыя пазіцыі зладзіць у Нясвіжы баль і феерверк. Тут таксама хапала клопатаў. Хоць меліся шматлікія памочнікі і служкі, Мікалай Крыштоф, па спрадвечнай радзівілаўскай завядзёнцы, у кожную справу і ў кожную на першы погляд нязначную дробязь прызвычаіўся ўнікаць уласнай персонаю. «Загадай зрабіць, але правер, ці зроблена», – вось які быў ягоны жыццёвы прынцып.
Князь са сваім дварэцкім Янам Лапацінскім якраз абмяркоўваў цы­ры­монію ўрачыстага адкрыцця балю, калі лёкай даклаў аб нечаканым візіцёры-езуіце.
– Што за птушка да нас прыляцела? – здзівіўся Радзівіл і, адпусціўшы Лапацінскага, сеў за стол, загадаў паклікаць пасланца.
Якуб Луневіч, надзвычайны прадстаўнік генерала Ордэна езуітаў Клаўдзіё Аквівы, хуткім рашучым крокам увайшоў у князеў кабінет, нахіліў галаву ў паклоне, расхінуў дарожны плашч, расшпіліў чырвоную кашулю, зняў з шыі тонкі, як блінок, скураны мяшэчак, працягнуў яго Радзівілу. Усё гэта ў звычаі езуітаў рабілася моўчкі, як бы бясстрасна, каб надаць таму, што адбываецца, звышдзелавітасць і таямнічасць.
Мікалай Крыштоф узяў у рукі мяшэчак з асцярогаю. Хто ведае, што наўме ў гэтых не такіх, як усе, людзей? І працавітасць нястомнай пчалы, і вераломнасць падкалоднай чорнай гадзюкі зліта ў іх у адно цэлае. Яны, езуіты, па чутках, найвялікшыя майстры атрутных спраў. Зусім нядаўна прайшла па Вялікім Княстве Літоўскім пагалоска пра тое, як кухар-езуіт адправіў на той свет свайго гаспадара, саксонскага курфюста. Надта асцярожны і надта абачлівы быў гэты курфюст. На кожным кроку бачыліся яму замахі на ўласнае жыццё, і па гэтай прычыне ён не давяраў нікому. Перад тым, як з’есці якую-небудзь страву, прымушаў кухмістра пакаштаваць яе, ледзь не пазіраў таму ў рот. І вось кухар, седзячы за сталом разам з курфюстам, разрэзаў напалам вялікі чырвоны яблык, адну палавінку з найвялікшым апетытам пачаў есці сам, другую на срэбным сподку прапанаваў свайму гаспадару. Курфюст упіўся зубамі ў спакусную садавіну і адразу ўпусціў смерць у скляпенні цела свайго. Справа ў тым, што з аднаго боку нажа тоненькім-танюткім слоем была намазана страшная імгненная атрута, і кухар, вядома ж, пачаставаў няшчаснага курфюста той палавінкаю яблыка, на якую паклала сваю няўмольную пячатку смерць. У які ўжо раз чалавечая асцярожнасць была пераможана ціхай сілай атруты.
Добра ведаючы пра ўсе такія магчымыя хітрыкі-выкрунтасы, Мікалай Крыштоф Радзівіл двума пальцамі ўзяў скураны мяшэчак, паднёс яго да агеньчыка свечкі, што гарэла на стале, колькі імгненняў патрымаў-прапёк. Езуіт спакойна пазіраў на князя. У вялікіх блакітных вачах не было ні хмурынкі, толькі найвялікшая цнота і цярплівасць.
Прачытаўшы сакрэтнае пасланне Клаўдзіё Аквівы, нясвіжскі ардынат пацямнеў з твару, пачаў усхвалявана кусаць вусны. Потым устаў з-за стала, перахрысціўся на абраз Дзевы Марыі, што вісеў на сцяне насупраць стала, спытаў у езуіта перарывістым ссушэлым голасам:
– Тое, што напісана ў лісце, праўда?
– Клянуся святым крыжам і дзідай, якой бязбожнікі паранілі бок нашаму Збаўцу, што ўсё гэта чысцейшая праўда, – пранікліва адказаў Якуб Луневіч.
– Божа, беражы мой род, – ціха прамовіў Радзівіл, пачуўшы такія сло­вы.
Потым пазваніў у настольны залаты званочак у выглядзе рагатага ляснога сатыра, загадаў лёкаю:
– Пакліч княгіню Яўфімію.
Езуіта ж папрасіў пачакаць у суседнім пакоі.
Калі ўвайшла жонка, моўчкі аддаў ёй злашчасны трывожны ліст. Тая прачытала, схапілася рукамі за сэрца, села на абачліва падсунуты лёкаем пуф. Твар быў белы, як студзеньскі снег. Вачыма, поўнымі нясцерпнага хвалявання, зірнула знізу ўверх на мужа, сказала з надзеяй і мальбою:
– Мой найкаханейшы душой і сэрцам Міколенька, ты выбавіш нашага любімага сына, нашага першынца з варожых кіпцюроў. Ты выбавіш. Бачыш – я станаўлюся перад табой на калені, матчыным сэрцам я заклінаю цябе. Ты выбавіш нашага Яна Юрыя. Нашага дарагога Яначку.
Твар у Мікалая Крыштофа перасмыкнуўся і таксама пабялеў. Князь гля­дзеў то на жонку, што ўкленчыла перад ім, то на лёкая, які аж не дыхаў.
– Выйдзі, – ледзь не крыкнуў на лёкая, і калі той, нібы птушынае пяро, вылецеў з кабінета, нагнуўся, абняў жонку за плечы, сказаў:
– Устань і выцеры вочы. Запомні: Радзівілы не плачуць.
Княгіня Яўфімія адразу ж ўзнялася з навошчанага бліскучага паркета, шаўковай хусцінкаю пачала выціраць вочы. Гэтыя чорныя прамяністыя вочы свяціліся непахіснай вераю ў свайго мужа. Ён – Радзівіл. Ён дасць рады і зробіць усё магчымае і немагчымае.
– Elephantum ex musca facis? – Ты робіш з мухі слана, – стараючыся быць як мага спакойным, на латыні сказаў жонцы. – Гэта толькі ліст. Гэта толькі нікчэмны шматок паперы. І падумай – хто яго нам прывёз? Езуіты. А ў гэтых людзей (я дакладна ведаю) душы з двайным, нават трайным дном. Трэба ўсё праверыць і ўсё ўзважыць, – працягваў ён. – Я неадкладна ж шлю ганца ў Аўгсбург і ў Рым, да Святога Прастола. І гэта яшчэ не ўсё. Я сёння ж еду ў Вільню да Гаспадарскай канцылярыі. Кажуць, кароль і вялікі князь Жыгімонт якраз знаходзіцца цяпер у Вільні. Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць. Вер мне.
– Я веру, – ціха адказала жонка. – Веру табе, як самому Богу.
Ён пацалаваў яе ў халодны напудраны лоб і злёгку як бы адпіхнуў ад сябе. Але зрабіў гэта надзіва мякка і далікатна. Так, любячы, адпіхвае гнуткую галіну ніцай вярбы цёплая і спакойная летняя рака.
Адпраўку вайсковага почату ў Інфлянты адклалі на тры дні, бо Мікалай Крыштоф Радзівіл у сваёй упарыгожанай графскімі каронамі пазалочанай запрэжанай шасцерыком карэце з эскортам конных пяцігорцаў, разам з езуітам Якубам Луневічам тэрмінова выехаў у Вільню. Але ўсе гэтыя тры дні па асабістым Радзівілавым загадзе стралялі з гарматаў, пускалі феерверкі. Не пуставалі без пітва і разнастайнай закускі сталы. Ігралі галасістыя музыкі. Толькі гэткім чынам можна было ўтрымаць у Нясвіжы шляхту і наёмнікаў.
Вільня, калі б у яе не прыязджаў Радзівіл, заўсёды хвалявала сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю. Нават сваё родавае гняздо, Нясвіж, не так моцна ён любіў, праўда, не прызнаючыся ў гэтым нікому.
Гэта быў горад ягонай душы, ужо даволі вялікі і прасторны, забудаваны ў зялёных утульных прадмесцях белымі і чырвонымі мураванкамі. У цэнтры над вечна шумным бяссонным рынкам паўставаў, ганарліва высіўся гмах ратушы з гадзіннікам і прыгожа адштукаванымі бакавымі вежамі. У шчыльнае кальцо ратушу бралі шматлікія гандлёвыя крамы, дзе чалавек мог набыць усё, што пажадае душа: яркія заморскія тканіны, футры, мяса, жалеза, соль, абутак, ласункі і цацкі для дзяцей, парфуму для прыгажунь, а ў корчмах піва і віно для ўцехі вясёлага чэрава. У ніжніх памяшканнях ратушы таксама месціліся крамы, вінны і таварны склад. Тут жа стаялі вагі і працавала васкабойня. Вышэйшыя пакоі ратушы займалі гарадская рада, ваяводскі суд, архіў і казначэйства.
Каля ратушнай вежы заўсёды тоўпіўся ў пошуках працы галаднава­ты, апрануты ў грубае адзенне люд. Трымалі ў руках сякеры, малаткі, рыд­лёўкі і пілы.
Побач з ратушай суровым пастаянным напамінам аб зямным зле і лютым пакаранні за гэтае зло ўзвышаліся, чакаючы новых ахвяраў, шыбеніца і слуп ганьбы, які дасціпныя тубыльцы назвалі Пілатам. Тут гаспадарнічаў-вёў рэй гарадскі кат. Са сваімі памочнікамі ён быў спецыялістам на ўсе рукі – па прыгавору суда вешаў, чвартаваў, саджаў на вострую палю. Кат, як запрыкмецілі людзі, меў шырокі нізкавокі твар. Чаму нізкавокі? Пэўна, і ён апускаў вочы долу, і яму не хапала духоўнай сілы глядзець ва ўпор на твары тых, каго жорстка пазбаўляў жыцця.
Акрамя свайго галоўнага абавязку кат з памочнікамі забівалі бяздомных сабак (вось адкуль пайшло слова – гіцаль), вывозілі за горад смецце. Кат, як знаўца чалавечай анатоміі (!), лячыў хворых. А яшчэ ён меў права выратаваць ад смяротнага пакарання жанчыну, жаніўшыся на ёй.
У дзень чвартавання да ратушы збягаліся цікаўныя. Некаторыя, асабліва жанчыны, хусцінкамі збіралі свежую чалавечую кроў з памосту. Лічылася, што такая кроў вельмі дапамагае лячыць эпілепсію.
Мноства пастаялых двароў і брудных бедных корчмаў было рассыпана наўкол. Жыццё не спынялася там ні ўдзень, ні ўначы. Хто прапіваў апошні пенязь, хто патаемна вастрыў нож, каб у цёмным завулку прыкончыць выпівоху і разяваку.
Мясцовы люд у Вільні быў часткова каталіцкі і вуніяцкі, часткова пра­васлаўны. На Лукішках мелася татарская мячэць, ззяла срэбным паўмесяцам яшчэ з часоў Вітаўта. Вялікую сілу мелі ўсюдыісныя рухавыя езуіты. Жылі па прадзедаўскіх законах сваёй Торы габрэі-літвакі. Храмы ўсіх веравызнанняў не зачынялі свае дзверы ні перад кім, багач ён ці жабрак. І ўсіх гэтых такіх розных людзей, іхнюю веру, іхнія жыцці, ахоўвала дзяржава. Здавалася, што яшчэ трэба? Гадуй дзяцей, працуй, плаці падаткі, шануй законы, не крадзі і не забівай, шчыра маліся Богу.
Але ўжо пачыналі бегчы глыбозныя трэшчыны па калісьці адзінай непарушнай сцяне, імя якой – грамадскае паразуменне і згода. Ужо імкліва набіралі сілу, крыкліва патрабавалі сабе ўсё новых і новых правоў тыя, хто лічыў сябе самымі лепшымі, самымі адметнымі. «Мы – хлеб, соль і кроў Рэчы Паспалітай, ейныя – мозг і душа! – крычалі яны. – Усе астатнія – тлен, нішто».
Чым глыбей уязджаў у горад Мікалай Крыштоф Радзівіл, тым усё болей цудоўных пышлівых магнацкіх палацаў бачыў ён. Палацы Хадкевічаў, Сапегаў, Пацаў, Вішнявецкіх. Велічныя. З граніту і мармуру. У атачэнні густых зялёных садоў. Сапраўдны зямны рай. Нават ён, магутны ўсясільны ўладар Нясвіжа, ліцвінскі Крэз, прыцмокваў языком ад здзіўлення.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт III Ваза знаходзіўся, на вялікі жаль для Радзівіла, у Кракаве. І Мікалай Крыштоф, каб атрымаць параду ў вельмі няпростай жыццёвай калізіі, пачуць мудрае слова, вырашыў звярнуцца да свайго даўняга добрага знаёмцы, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Іванавіча Сапегі. Хоць бегала чорная кошка паміж родамі Сапегаў і Радзівілаў, хоць часта варагавалі яны, і даходзіла нават да крыві, але нясвіжскі ардынат быў упэўнены, што ў такой далікатнай справе, якая тычылася жыцця і смерці Яна Юрыя, Леў Сапега працягне руку дапамогі.
У Гаспадарскай канцылярыі ён пакіраваўся ў кабінет канцлера. На дзвярах кабінета канцлера, пячатара, як называлі яго, бо распараджаўся вялікай маястатнай пячаткай Вялікага Княства Літоўскага, яркімі залатымі літарамі зіхцеў лацінскі надпіс. Такія надпісы робяць, звычайна, на геаграфічных мапах: «His sunt leones» – «Тут водзяцца ільвы».
Вялікім мудрацом быў Леў Іванавіч Сапега, што зусім не замінала яму быць вялікім жартаўніком.
Льву Сапегу, сыну старосты дарагічынскага і падстаросты аршанскага Івана Іванавіча Сапегі і Багданы Друцкай-Саколінскай, споўнілася нядаўна сорак восем гадоў. У вялікай мужчынскай сіле, фізічнай і разумовай, быў гэты чалавек.
Ягоны праваслаўны род з часоў Гарадзельскай вуніі 1413 года карыстаўся гербам «Ліс». Малы Леў вельмі рана заўважыў поўнае супадзенне сваіх іні­цыялаў з назваю герба. Гэта падалося ўражліваму хлапчуку невыпадковым. «Я буду мудрым і хітрым, як ліс», – тады ж, у зялёным малалецтве, вырашыў ён. І праз усё сваё няпростае жыццё пранёс вернасць такому рашэнню, спраўдзіў яго. Тады ж, у малалецтве, калі завірушнай халоднай зімою жыў з бацькамі ў маёнтку Чарэі, дужа лёг яму ў памяць адзін выпадак. Аднойчы раніцой, хукаючы на скалелыя чырвоныя ад марозу рукі, прыбег у палацавую кухню, дзе яны снедалі, надворны чалавек Яўсейка, радасна сказаў, зняўшы засыпаную снегам шапку-аблавушку:
– Пане Іван, ліс-курадаў трапіў нарэшце ў сіло. Прадзёр страху, хацеў пакаштаваць салодкай курацінкі, ды задняй лапаю, дуралей, саўгануўся проста ў сіло.
Яўсейка шчасліва засмяяўся, аддана пазіраючы на свайго пана.
– Ну-тка, пойдзем паглядзім, – адсунуў убок талерку Іван Іванавіч Сапе­га.
Спехам пашыбавалі на куратнік. Яўсейка спераду, заліваючыся дробным булькотным, як ручаёк, смехам. Вось ён расчыніў рыпучыя дзверы, прыгнуўшы галаву, увайшоў у нізкі крыты шэрай саломаю куратнік і ў вялікім здзіўленні знямеў, застыў, як слуп.
– Дзе ж твой ліс? – спытаў Сапега.
– Ды быў, толькі што быў тут, – кінуў пад ногі аблавушку, пачаў у найвялікшым здзіўленні шкрэбці калматую патыліцу разгублены Яўсейка. – На свае ўласныя вочы я бачыў гэтага курадава. Быў рудахвосты тут.
Раптам ён нагнуўся, падняў нешта з долу, сказаў адно толькі слова:
– Вось.
– Што – вось? – сярдзіта накінуўся на Яўсейку пан, раззлаваны тым, што з-за нейкага глупства давялося перарваць смачны сняданак.
– Лапа. Ягоная лапа, – ціха патлумачыў Яўсейка. – Перагрыз і пачы­кільгаў на волю.
І тут усе, і малы Леў таксама, убачылі тоненькі яркі шнурок крыві, што цягнуўся да дзіркі ў саламянай страсе. Усіх гэта надзвычай уразіла, асабліва Льва. Нават звер, дзікі лясны і палявы звер, не жадае скарыцца палону, што ўжо казаць пра чалавека. «Я таксама, колькі буду жыць, буду адстойваць сваю волю, чаго б гэта ні каштавала», – тым даўнім зімовым днём пакляўся ён сам сабе.
Канцлер Вялікага Княства Літоўскага з сямейных паданняў ведаў, што Сапегі, гэтак жа сама, як Радзівілы, як Пацы, паходзяць ад самога рымскага сенатара Палямона, які, ратуючыся ці то ад Нерона, ці ад крыважэрных бязлітасных гунаў, прыплыў некалі ў гэты край і стварыў між лясоў і азёраў новую дзяржаву. І мэтаю свайго жыцця малады Леў Сапега зрабіў вернае служэнне гэтай дзяржаве, захаванне і ўмацаванне яе, гарманічнае і ўсебаковае развіццё законаў, па якіх яна павінна развівацца.
Мікалай Крыштоф Радзівіл, разам з пасланцом-езуітам ідучы да канц­лера, памятаў пра сутычку, якая адбылася між імі. Усё пачалося з пасольства ў Масковію ранняй вясной 1584 года, якое воляю Стафана Баторыя ўзначаліў Сапега. Праз лясы і балоты на ўсход разам з маладым паслом рушыла 275 чалавек аховы і прыслугі. Па дарозе да іх далучыліся ліцвінскія купцы са сваім таварам. Гэта было падарожжа, так мовіць, у зусім іншы свет, у невядомасць і непрадказальнасць. Пэўна, так калісьці плыў на сваіх каравелах да яшчэ неадкрытых індзейцаў Амерыкі Калумб.
Якраз памёр цар Іван Жахлівы, і Масковію скаланалі канвульсіі барацьбы за ўладу. На трон урэшце сеў сынок Жахлівага – Фёдар Іванавіч. Гэты, здаецца, не быў жахлівым. Гэты, калі казаць шчыра, быў нікім.
Леў Сапега, упершыню на свае вочы пабачыўшы новага маскавіцкага цара, так пісаў пра яго: «Вялікі князь малы ростам; кажа ён ціха і вельмі павольна; клёку ў ягонай галаве небагата, або, як іншыя кажуць і як я сам заўважыў, зусім няма. Калі ён падчас маёй аўдыенцыі сядзеў на троне ва ўсіх сваіх царскіх упрыгожаннях, дык, пазіраючы на скіпетр і на дзяржаву, усё смяяўся».
Тут, калі паразважыць, прасочваецца заканамернасць і хвалепадобнасць падзеяў – за ўздымам-узлётам хвалі ідзе ейнае падзенне. Адгрукатаў, як крывавы вулкан, Іван Жахлівы, звёў у магілу тысячы й тысячы нявінных людзей, а сынок, следам за ім, прыйшоў ціхмяненькі, як бы ў нечым самым галоўным палахлівенькі.
Леў Сапега, убачыўшы такое, з усёй рашучасцю паведаміў Стафану Баторыю: «Нянавісць і нязгода пануюць паміж самымі знатнымі асобамі, а гэта сведчыць пра іхні заняпад. Самы час скарыць гэтую дзяржаву. Пра тое тут ужо думаюць і адкрыта кажуць, што вашая каралеўская міласць скарыстае такі выпадак, і, як я чуў ад тутэйшых баяр, яны ў думках ужо далучаюць да вашай дзяржавы абодвы княствы, Северскае і Смаленскае, а князь Бельскі нават гаворыць (дай Бог, каб спраўдзілася), што вашая мосць хутка будзе ў самой Маскве».
Ліцвінская шляхта, і ў яе ліку Мікалай Крыштоф Радзівіл, не падтры­малі тады прапанову Сапегі, што балюча кальнула ягонае самалюбства. Дабразычліўцы перадалі Радзівілу словы, якімі абазваўся на гэты конт раззлаваны Леў Іванавіч: «Што з яго ўзяць? Ён жа – Сіротка. Не Леў, як я, а ўсяго толькі Сіротка. А сіроткі ўласныя горкія ды дробныя слёзкі льюць, а не чужую кроў».
І вось яны сустрэліся. Леў Сапега, падцягнуты і сухарлявы, з вострымі вусамі пад даўгаватым пародзістым носам, з лысінаю, што выскубла з галавы валоссе, адкрыўшы высокі прыгожы лоб, энергічна ўстаў з-за стала, і, шырока раскрыліўшы рукі, усміхаючыся, пайшоў насустрач свайму нечаканаму госцю, абняў яго за плечы, пасадзіў поруч з сабою. У праніклівых шэрых вачах ззялі здзіўленне і халаднаватая насцярога.
– Як пачуваецца пані Яўфімія? Як здароўе вашай княскай мосці?– у першую чаргу спытаў ён.
Атрымаўшы ад Радзівіла кароткія станоўчыя адказы, задаў, па сваёй звычнай завядзёнцы, пытанне ва ўпор:
– Якія турботы прывялі яснавяльможнага вельмішаноўнага пана ў Віль­ню?
І глядзеў проста ў твар суразмоўцу, нібы бачыў таго ўпершыню. Чэпкі канцлераў позірк далёка не ўсе маглі вытрымаць, і ён ведаў гэта.
Мікалай Крыштоф расказаў пра ліст, паказаў яго, папрасіў парады. У гэтыя імгненні ён быў не звышмагутным Радзівілам, якому, калі казаць шчыра, належала амаль палова Княства, а бацькам, што горача перажывае за лёс свайго роднага дзіцяці. Радзівіл разумеў гэта, чырванеў, хваляваўся і бянтэжыўся.
Леў Сапега паклаў яму руку на плячо, сказаў:
– Усе мы ў адказе перад Панам Богам за жыццё сваіх дзяцей, за іхнія бяспеку і шчасце, бо мы нарадзілі іх. Я таксама бацька, і я зраблю ўсё, што ў маёй моцы, каб дапамагчы васпану. І Вялікае Княства Літоўскае не кіне васпана ў бядзе. Такі род, як Радзівілы, найкаштоўнейшы дыямент у кароне нашай дзяржавы. Гэта трывалейшы падмурак нашага Панства. Што тычыцца ліста, мае людзі неадкладна правераць яго на праўдзівасць.
Ён рэзка тузануў шнурок званка, сказаў службоўцу, што адразу ж з паклонам увайшоў у кабінет:
– Пане Корсак, вось вам ліст. У пачакальні чалавек, які называе сябе Якубам Луневічам. Вазьміце ліст, вазьміце гэтага чалавека, і праз вельмі кароткі час я павінен ведаць, у чым сутнасць усёй гэтай справы.
Строгім голасам ён паўтарыў:
– Праз вельмі кароткі час.
І адразу ж павярнуўся да Радзівіла:
– Заўтра якраз выпраўляецца нашае пасольства ў Вену і Рым. Мы ўключым пытанне пра лёс Яна Юрыя Радзівіла ў пасольскі пратакол. Я напішу ліст да імператара Максімільяна і крон-прынца Рудольфа. Войска Рэчы Паспалітай, як мне вядома, ужо выходзіць з Валахіі. Так што будзем лічыць – адно з патрабаванняў вашых і нашых нядобразычліўцаў выканана.
– Княгіня Яўфімія і я ніколі не забудзем тваю, Леў Іванавіч, дабрыню і спагаду, – усхвалявана прамовіў Мікалай Крыштоф.
Ліс (так у думках называў сам сябе Сапега) шматзначна зірнуў на яго, перавёў гаворку ў іншае рэчышча. Загаварылі пра вайну са шведамі ў Інфлянтах, пра почат, які Радзівіл абавязаўся накіраваць у Задзвінне. Канцлера цікавіла ўсё. Колькі камбатантаў ідзе ў паход? Якое ў іх узбраенне? Колькі ім плоцяць за службу? Хто ў іх за камандзіра? І нават тэкст прысягі ўспомніў, якую кожны наёмнік-ротмістр прыносіць Вялікаму Княству Літоўскаму. Заплюшчыўшы вочы, адкінуўшыся на спінку крэсла, Леў Іванавіч пачаў напамяць паўтараць словы прысягі (і было бачна, што робіць ён гэта з найвялікшым задавальненнем):
– Я прысегаю через імя Божье его королевской млсці і Велікому Князству Літовскому верне, цнотліве і зычліве на том ураде ротмістрова так на замку, яко і в полю – служіть; небезпечносці вшелякое стереч, і где бых о ней што ведал, ее не таіць, але его королевской млсці і Речі Посполітой панам радам Велікого Князства Літовского ознаймоваці; а пільне врадові моему ротмістровскому і сторожы, мне поручоной, досіць чініці, так около варт обороны замку, яко в захованью зуполна роты завжды служебных, мне поручоных; і теж на местцу і в тягнені заховаться без обтяженья подданых его королевской млсці.
Так мі, Боже, помогай, і тая светая Евангелія.
– Пан канцлер нібы сам быў у наёмніках! – здзіўлена ўсклікнуў Ра­дзівіл.
– А я й ёсць найміт, – строга сказаў Сапега. – Да зямнога скону свайго я – верны найміт маёй дарагой Айчыны, Вялікага Княства Літоўскага. Яму служу і буду служыць у меру сілаў маіх.
Ён вымавіў гэта з такой жарсцю і перакананасцю, так зірнуў на Мікалая Крыштофа, што нясвіжскі ардынат міжволі ўздрыгнуў. «Моцнай сталёвай душы чалавек», – падумалася Радзівілу.
– Почат вядуць паны Аляксандр Лісоўскі ды Іван Мастоўскі, – патлу­мачыў ён Сапегу. – Пад рукой у кожнага па дзвесце вояў. Але верхавенства ў пана Лісоўскага, надзвычай адважнага і галавістага чалавека. Усё, службу, зброю з порахам, вайсковы рыштунак, хлеб і фураж, аплочваю я. Лісоўскі з Мастоўскім атрымаюць па васемсот коп грошаў кожны. Жаўнерам на рукі выдаецца акрамя жалавання, зброі і харчу па шэсць локцяў лунскага сукна.
– Вельмі ўхвальна, васпане, – слухаючы, ківаў галавою Леў Сапега. – Як добра, што мілая Айчына нашая мае такіх вялікіх і мудрых сыноў. Любы вораг ёй не страшны, з якога б боку не ішоў.
Загаварылі пра справы на ўсходніх рубяжах Гаспадарства, пра віхурныя ашаламляльныя падзеі ў Масковіі. Там бясслаўна скончыў цараванне Барыс Гадуноў, і толькі што, дваццаць першага жніўня тысяча шэсцьсот пятага года, на сталец сеў Дзмітрый Першы Іванавіч.
– Дзіўная гісторыя, – задумліва казаў Сапега Радзівілу. – Мы ж з табою, пане Мікалай, бачылі гэтага незвычайнага чалавека, размаўлялі з ім. Разумны. Адукаваны. Са сваім поглядам на жыццё. Ведае некалькі еўрапейскіх моваў. Кароль і вялікі князь Жыгімонт III Ваза, арцыбіскуп гнезненскі, шляхта на сойме ў Кракаве, Мнішкі, бацька з дачкою, – усе, як адзін, падтрымалі яго. Я ж быў напачатку супраць. Я ўсё спадзяваўся на федэрацыю Польшчы, Літвы і Масквы, хацеў вечнага міру з Масковіяй. Але ж, як бачна сёння, маскавітам непатрэбна ні такая федэрацыя, ні мір. Яны, скрозь і заўсёды, хочуць быць галоўнымі, першымі, хоць не маюць ніякіх падставаў для гэтага. І вось з’явіўся Дзмітрый Іванавіч. Вялікую буру ўсчыніў. Падняў народ. Дайшоў да Масквы і ўвайшоў у Крэмль. Выпадкова такое не робіцца. Тут відзён Божы промысел.
– Я таксама быў на тым сойме, дзе прайшлі, так мовіць, агледзіны гэтага цудам ацалелага царскага сына, – пачаў прыпамінаць Радзівіл. – Хто ён, я не магу сказаць. Ці Грышка Атрэп’еў, як крычала Масква, ці сапраўды нашчадак Івана Жахлівага. Галоўнае ў тым, што ён аб’явіўся, не мог не аб’явіцца. Галоўнае ў тым, што сёння ён сядзіць на царскім троне і кіруе маскавітамі.
– І кіруе, трэба зазначыць, вельмі і вельмі талкова, – згаджаючыся з суразмоўнікам, заківаў галавою Леў Іванавіч. – Прычым, не на нашую карысць, а на карысць Масковіі. Вось табе і службоўца ляхаў, як зноў-такі крычалі ў Маскве. Распусціў казацкае войска, каб спыніць рабункі. Вярнуў у ранейшы стан халопаў, пасадскіх людзей і сялянаў. Не аддаў нам Смаленскую і Северскую зямлю, хоць абяцаў аддаць. Усё-ткі я думаю, што ён самазванец. Іван Жахлівы не мог нарадзіць такое мудрае і гжэчнае семя.
Колькі імгненняў ён памаўчаў, потым загаварыў зноў:
– Хваля, пане Мікалай, пайшла ў зваротным кірунку. Я хачу сказаць, што сёння Масква пажынае тыя крывывыя каласы, якія яна на працягу апошняга стагоддзя сеяла на землях нашага Вялікага Княства. Успомнім лютую Лівонскую вайну, захоп Смаленска і Полацка, попел і смерць. Хваля пайшла ў зваротным кірунку. І нам, дзяржаўным мужам Княства і Кароны, неабходна падтрымаць гэтую грозную хвалю, пусціць яе ў выгадным для нас рэчышчы.
У гэты час у кабінет увайшоў службоўца пан Корсак, даклаў канцлеру, што ліст і езуіт правераныя.
– Сапраўдны ліст. І сапраўдны пасланец, – коратка паведаміў ён.
Радзівіл і Сапега паглядзелі адзін на аднаго. І калі ў вачах у Радзівіла свяцілася просьба-мальба, то канцлераў позірк быў напоўнены рашучай упэўненай сілай.

XI

– Якубе, кадук цябе бяры! Ці ты гэта?! – усклікнуў, сустрэўшы Якуба Луневіча, свайго былога суседа па пакоі-«магіле», Лявонцій Кукарэцкі і схапіўся за ягонае стрэмя.
Луневіч ад нечаканага рэзкага рыўка ледзь не зваліўся з каня, бо быў не дужа хвацкім ездаком. Хацеў гняўлівым словам сцебануць, як бізуном, незнаёмца, хацеў крыкнуць, як крычалі калісьці ў езуіцкай калегіі, праўда, падалей ад настаўніцкіх вушэй: «Як дам – адны шалупкі з цябе паляцяць!», але ўбачыў знаёмыя вочы і знаёмы твар, адразу ўсё ўспомніў, кумільгом вертануўся з сядла на зямлю, абхапіў Кукарэцкага за плечы:
– Лявонцій! Брат мой!
Столькі шчырасці і жарсці было ў гэтых словах!
Аляксандр Лісоўскі і ягоныя людзі спачатку падумалі, што адбыўся напад на асобу, якую ім даручылі з усёй пільнасцю ахоўваць. Узвіліся шаблі. Усталі на дыбкі коні. Ды сцэна сустрэчы двух даўніх сябрукоў была такая жывая, такая непаддзельна-шчырая, што заставалася толькі супакоіцца і цярпліва чакаць, калі яна скончыцца.
– Ты зноў у Нясвіжы? Ты з самога Рыму? – усхвалявана пытаўся Ля­вонцій.
– Адтуль, адтуль, браце, – адказваў Якуб Луневіч. Ягонае суровае езуіцкае сэрца зусім нечакана адтала, як адтае сонечным вясновым днём скалелая за доўгую зіму зямля. Адразу ўспомнілася калегія і ўсё звязанае з ёю: кпіны, асліныя вушы, слёзы і цёплае слова спагады ад суседа па «магіле».
Луневіч вельмі хутка, дакладней сказаць, адразу ж зацугляў сваю душу. Гэта было ўсяго толькі мізэрнае імгненне слабасці. Ён строга глянуў на Лявонція, спытаў сухім драўляным голасам:
– Як ідзе навучанне?
– Ідзе то яно быццам бы добра, – адказаў усё яшчэ радасна-ўзбуджаны Кукарэцкі, – але надумаў я пайсці з калегіі. Назусім пайсці.
Ягоны былы сусед, пачуўшы такое, не змяніўся ў твары, не ўздрыгнуў, не міргнуў вокам. Спакойна сеў на каня, спакойна глядзеў зверху ўніз на Лявонція. Таму нават падалося, што езуіт не зразумеў сэнс сказанага, і патрэбна паўтарыць. Але толькі ён надумаўся расчыніць рот, як Якуб Луневіч, узняўшы правую руку ў доўгай чорнай пальчатцы, вымавіў адно-адзінае слова:
– Маўчы.
Потым нетаропка расправіў зблытанае валоссе ў конскай грыве, кла­патліва паляпаў каня па шыі, задуменна сказаў:
– Чалавечае жыццё – падрыхтоўка да смерці. А, можа, смерць – гэта й ёсць жыццё? Ты памёр, браце Лявонцій. Ты ўжо памёр.
– Я памёр, – згадзіўся Кукарэцкі, – хоць, як бачыш, стаю перад табою. Ты, Якуб, шмат дзе быў за гэты час. Шмат што бачыў. Ты высока ўзнёсся над усімі намі. Ты прыехаў ажно з самога Рыму. Я прашу ў цябе, у тваёй святасці і вучонасці, прабачэння за маю слабасць. Я не магу праз усё жыццё несці такі цяжкі крыж. Не магу. І я прашу цябе ў памяць тых дзён, што мы пражылі разам, у памяць тых святых малітваў – блаславі мяне на новы шлях. Блаславі, калі гэта дазваляе твая святасць і вучонасць.
Хвалюючыся, ён глядзеў на езуіта. Чакаў адказу. Ад слоў, якія ён спа­дзяваўся пачуць, залежала ўсё ягонае жыццё.
Ды Якуб Луневіч не прамовіў ні слова. Крануў шпорамі каня, ціха па­ехаў уперад. І ўсё-ткі праз імгненне-другое азірнуўся і рукою ў чорнай пальчатцы акрэсліў над галавою свайго былога сябрука знак святога крыжа.
З развярэджаным сэрцам пайшоў Лявонцій Кукарэцкі па шумлівых нясвіжскіх вуліцах. Было адчуванне, што жыццё надламалася. Так падчас моцнага ветру надломваецца крохкая галінка маладога неакрэплага дрэва. Яна быццам бы яшчэ трымаецца-чапляецца за родны ствол, але вось-вось адарвецца і паляціць, як пушынка, у віхурыстую смяротную невядомасць.
Трэба, думалася Лявонцію, неадкладна вяртацца ў маёнтак да маці, патлумачыць ёй тое, што з ім здарылася. Маці зразумее. Маці даруе свайму аблуднаму сыну. Не можа не дараваць.
А навакольнаму люду было не да ягоных хваляванняў і перажыванняў. Нясвіж па княжым загадзе рыхтаваўся адзначаць, ды ўжо адзначаў выправу на вайну ў Інфлянты радзівілаўскага почату. Чуўся вясёлы бестурботны смех. Гучала бадзёрая паходная музыка. Яшчэ не зусім п’яныя, але ўжо добра п’янаватыя шляціцы-дабраахвотнікі і найміты з Польшчы, Караляўца і Прусаў выхваляліся сваёй амуніцыяй і зброяй, ганарліва агладжвалі вусы, падміргвалі прыгожым кабетам, якія з усіх бакоў злётваліся ў цэнтр горада, нібы звонкія мухі на салодкі мёд. Некаторыя з ваяроў, усклаўшы рукі адзін адному на плечы, стварыўшы кола, танцавалі, зазываючы да сябе гэтых кабет. Там-сям пачціва гнулі спіны перад узброеным рыцарствам жабракі, апранутыя ў казіныя шкуры. Ведалі – будуць паводзіць сябе сціпла ды памяркоўна, перападзе глыток віна і смакавітая мясная костачка з багатых сталоў.
І ніхто ці амаль ніхто не задумваўся над тым, што на шмат каго з гэ­тых сённяшніх абвешаных зброяй весялуноў ужо точыць сваю іржавую касу бабуля-смерць. Ды ад смерці не схаваешся нават лежачы на цёплай печы, на самай чарэні пад тоўстым, як бронь, кажухом.
У гэтым тлуме-гармідары сумны Лявонцій Кукарэцкі раптам зноў убачыў дзве прыгожанькія дзявочыя галоўкі, як дзве кветкі на яркім вясновым лузе. Альжбэта і Анэля! Зноў горача затрапятала і заспявала ягонае маладое прагнае да кахання сэрца.
Дзяўчаткі-анёлкі ішлі, узяўшыся за рукі. Магутны і грозны Антон Даніловіч-Гоцкі ішоў следам за імі. Уражаны Лявонцій адразу ж забыўся пра ўсе свае мітрэнгі і турботы, што яшчэ міг таму не давалі жыць, карэжылі душу. Ён адчуў, як на цёплыя дробныя кропелькі расцякаецца ягонае сэрца. Назіркам ён пайшоў следам за чароўнымі дзяўчаткамі і іхнім дзядзькам.
Нечая рука асцярожна-пачціва кранула яго за плячук. Лявонцій азірнуўся. Стары згорблены жабрак з выцвілымі кусцістымі бровамі і сухім зрэзаным глыбокімі маршчынамі тварам стаяў перад ім. У калісьці сініх, а цяпер патухлых мутных вачах было маленне.
– Хрыстом Богам прашу даць ратаванне майму целу – хоць кавалачак хлеба, хоць яблычак, – зашалясцеў ціхі журботны голас.
– Але я нічога не маю, – разгублена прамовіў Кукарэцкі, як бы раздвойваючыся: адным вокам пазіраючы на жабрака, другім на Альжбэту з Анэляю і Даніловіча-Гоцкага. Вось-вось яны згубяцца ў натоўпе.
– Я стары, – паныла гаварыў жабрак. – Старасць доўгая і халодная, як зіма. Хачу памерці, а не паміраю. Душу ж не выплюнеш з цела.
Ціхія словы зляталі з абсівераных тонкіх вуснаў, як сухое лісце з восеньскага дрэва. Гэта было катаваннем душы для чуллівага Лявонція. Ён рыўком садраў з сябе езуіцкі плашч, працягнуў яго старому:
– Вазьмі. Больш нічога не магу даць.
А сам ірвануў у натоўп падалей ад гэтых невыносна-журботных вачэй. Зноў запрыкмеціў між гаманкога люду Альжбэту з Анэляй, зноў, як іхні цень, пайшоў за імі.
Антон Даніловіч-Гоцкі ўпэўненымі шырокімі крокамі (пляменніцы ледзь паспявалі следам) шыбаваў туды, куды край як трэба было ісці ў гэты час – у заезджую карчму «Сіняя падкова» да Самуіла Рабіновіча. Карчма месцілася на ўскраіне Нясвіжа. Гэта быў крыты вымашчаны шэрым палявым каменнем двор з адрынай і павеццю для коней і фурманак, з глыбокім калодзежам.
Над уваходам у карчму была прыбітая тоўстымі меднымі цвікамі ве­лі­зарная пафарбаваная ў сіні колер падкова, якую Рабіновіч адкаваў і прывёз з Каралевецу. Падобнай ёй не мелася ў цэлым Княстве, чым карчміт вельмі ганарыўся.
– Гэтая падкова з пярэдняй левай нагі Буцыфала, славутага каня, на якім Аляксандр Македонскі скарыў Персію, – часцяком любіў пахваліцца ён, праўда, не тлумачачы, чаму легендарная падкова менавіта сіняя.
Унутры карчмы гасцей сустракалі шырокія сталы на дрогкіх козлах. Удоўж сцен былі наштукаваныя лавы, за доўгі час выслізганыя чалавечымі азадкамі да жоўтага мядзянага бляску. У самым куце стаяла агромністая цагляная печ, у якой амаль заўсёды ярка і нястомна гарэлі, перавальваючыся з боку на бок, тоўстыя бярозавыя чурбаны. Апетытны пах смажанага мяса і сала цёк адтуль.
– Дабрыдзень шаноўнаму панству ў хату! – бадзёра выгукнуў з самага парога Антон Даніловіч-Гоцкі.
Маладзенькія шляхціцы і немцы-найміты (а менавіта толькі яны ба­ля­валі ў карчме) сустрэлі ягоныя словы дружным «віватам» і не менш дружным звонам высока ўзнятых келіхаў.
Адразу ж падбег, не даверыўшы служкам, карчміт Самуіл Рабіновіч уласнай персонаю, бліскучавокі і вельмі радасны.
– Дзякуй-дзякуй, пане Антон, што не забыў дарогу ў «Сінюю падкову», – загаварыў ён, беручы Даніловіча-Гоцкага пад локаць. – Дзякуй, што прывёў сюды сваіх непараўнальных прыгажунек, сваіх пляменніц. Можа, шум карчмы і не самы прыемны для пяшчотнага дзявочага вушка, але зараз мы падсалодзім яго. Абрам! – крыкнуў ён.
Малады чарнавалосы скрыпач з’явіўся тут як тут, падпёр сваю чараўніцу-скрыпку смуглай шчакой, узмахнуў смыком, і палілася, быццам светлы вясновы ручай, нябесная музыка, што размякчала самыя суровыя сэрцы. Немцы-найміты і шляхціцы-дабраахвотнікі сцішылі крыклівую п’яную гаману, павярнулі, як па камандзе, галовы да скрыпача. Іхнія твары, імгненне таму грубыя і жорсткія, палагаднелі і паспакайнелі, зрабіліся задуменнымі. А немец па імені Рудольф, здаравенны шыракаплечы магут з доўгімі светлымі валасамі, нават пусціў слязу. Для яго гэта было так нязвыкла, што ён хаваў твар у далоні, сарамліва ўсміхаўся ды нічога не мог з сабою зрабіць, не мог супакоіць усхваляваную душу.
– Пан Самуіл! Паболей піва і гарачых флякаў! – загадаў Даніловіч-Гоцкі, шырока махнуўшы рукою. – А паненкам, што прыйшлі са мною, салодкі шарбет, цукраванай садавіны і арэхаў!
Замітусіліся служкі, прыносячы на стол заказаныя стравы. Сам Самуіл жвава бегаў разам з імі. Для кожнага наведвальніка карчмы ў яго былі прыхаваны цёплая ўсмешка і дасціпнае вострае слоўка. Ён пачуваў сябе ў сваім асяродку як рыба ў вадзе.
Тым часам немцы за суседнім сталом хорам заспявалі нейкую ваяўнічую песню і ў такт ёй пачалі грукаць аб драўляную падлогу вялізнымі чаравікамі з жалезнымі насамі. Потым узвіхурыўся танец. Той, каго яшчэ трымалі ногі, пускаўся ў скокі. Здавалася, на ўсіх наляцела нейкае вясёлае шаленства. Людзі махалі рукамі, шчоўкалі пальцамі, прыцмоквалі языкамі, кідалі ўгору шапкі. Разам з людзьмі на шэрых карчомных сталах танцаваў посуд – талеркі, кубкі, бляхі пахістваліся, падскоквалі, са звонам каціліся на падлогу.
– Добра, – апаражняючы чарговы куфаль з півам, задаволена крактануў Антон Даніловіч-Гоцкі. – Умеюць у нашым Княстве выпіць і пагуляць. Ва ўсёй нашай шляхты ды і ў простага народу жываты ў сем столак. Вала могуць умяць у адзін прысед, цэбар гарэлкі выпіць.
І ён пачаў расказваць немцам, не дужа зважаючы, разумеюць яны яго ці не, пра тое, як гасцяваў у Вільні, у хлебасольнейшага пана Кісялевіча. Ото быў пан дык пан! За адзін раз мог выпіць поўны гарнец піва, а гэта, панове-немцы, чатыры кварты ці пяць вашых бутэлек. Частаваў ён сваіх дарагіх гасцей да поўнай змогі. За сталом усе павінны былі ўставаць і піць за здароўе тых, каго называў гаспадар. А такіх тостаў былі дзесяткі й дзесяткі. Пасля тостаў за прысутных пачыналі піць за росквіт дзяржавы, за святароў, за жаўнераў, за суддзяў, за кабет і за маладых паненак, за спрыяльнае для ўраджаю надвор’е.
– Я ўжо не мог і кроплі выпіць, – весела казаў Даніловіч-Гоцкі, – адчуваў, што вось-вось лопну, і цішком хацеў выліць віно з келіха пад стол. Апусціў руку, плескануў тое віно пад ногі. Уздымаю руку – келіх зноў поўны з беражкамі. Што за чмут?! Думаю, адпіў ўшчэнт мазгі. У другі раз хачу пазбавіцца ад абрыдлага пойла – зноў у келіху паўнюсенька. Тады я здагадаўся, у чым сакрэт. Грабануў пад сталом рукою і выцягнуў адтуль панскага гайдука з вялізным бутлем віна. Гайдук гэты сядзеў, як корч, пад сталом і падліваў ды падліваў.
Раптам Даніловіч-Гоцкі на паўслове перарваў свой аповед, схапіў за каршэнь Лявонція Кукарэцкага, што аціраўся ў яго за плячыма і закрычаў:
– А табе што трэба, шашок загуменны? Што ты ўсё сочыш, цікуеш за намі, валочышся следам, як хвосцік? Я цябе яшчэ на плошчы запрыкмеціў. Адказвай, хто ты, а то галаву растаўку!
Змярцвелы Лявонцій толькі хаўкаў з перапуду і нечаканасці ротам, нібы шчупачок, якога выкінулі з ракі на бераг. Здзіўленыя Альжбэта і Анэля ва ўпор пазіралі на яго.
– Гэта той самы, – шапнула сястры Анэля.
– Хто ты? – вёў сваё Антон Даніловіч-Гоцкі, усё мацней сціскаючы беднаму езуіціку глотку, аж іскры з вачэй ляцелі.
– Я… Я, – залепятаў Кукарэцкі і раптам нечакана для самога сябе сказаў:
– Я пішу вершы.
– Вершы? – Даніловіч-Гоцкі, надзвычай уражаны пачутым, адпусціў каршэнь сваёй ахвяры, павярнуўся да пляменніц:
– Чулі? Ён сачыняе вершы.
Альжбета і Анэля былі здзіўлены не меней свайго грознага дзядзькі, але ў адрозненне ад яго да здзіўлення дамешвалася найвялікшая доля дзявочага захаплення. Яшчэ б – перад імі быў жывы паэт! Паэт не з Італіі і не з Францыі, а свой, нясвіжскі, мясцовы, якога можна было не толькі бачыць, але й можна было дакрануцца да яго пальчыкам.
– Дык, можа, пан пісарчук раскажа нам які-небудзь свой верш, – нясмела прамовіла Анэля. – І толькі не на латыні, бо мы яе слаба разумеем.
– Раскажыце, раскажыце, – падтрымала сястру Альжбэта.
Антон Даніловіч-Гоцкі, дапіўшы свой куфаль, пляснуў яго аб стол, выцер вялізным кулаком вусны, патрабавальна зірнуў на Лявонція. Нават немцы за суседнім сталом крыху сціхлі і навастрылі вушы.
Кукарэцкаму нічога не заставалася як выканаць просьбу-загад пекных маладзенькіх паненак. Ён прыгладзіў далонню свой цёмны чубок, палыхнуў сінімі-сінімі вачамі і пачаў чытаць:

Дамоў ляці, душа, дамоў.
Там пад счарнелай гонтай
У засені старых дубоў
Бацькоў маіх маёнтак.

Там цёплы вецер біў у скронь.
Гуў акіян калосся.
Там смех звінеў. Гарэў агонь.
Святло ў душу лілося.

Там нарадзіўся я калісь
Людзей шаноўных сынам.
Зірнуў углыб. Зірнуў увысь.
Адчуў сябе ліцвінам.

Я ўсё жыццё ў баях. Калі ж
Загіну ў сечы новай,
Вазьмі й засып мяне, Нясвіж,
Зямлёй сваёй суровай.

І ў лузе над ракой Ушой
Красуня-кветка ўстане.
І панна светлая душой
На тую кветку гляне.

Лявонцій змоўк, унурыў галаву. Яму самому не верылася, што пры такой зборні народу ён асмеліўся выказаць услых сваё самае патаемнае. Пэўна, надалі адвагі і рашучасці прыгожыя бліскучыя ад захаплення вочы сясцёр-блізнятак.
– Панна светлая душой, – задуменна, нібы сама сабе, прамовіла Альж­бэта. – Як гэта прыгожа!
Анэля ж адчаілася на больш эмацыянальны крок. Яна парывіста цмок­нула паэта ў пунсовую ад хвалявання шчаку.
Даніловічу-Гоцкаму таксама спадабалася пачутае. Захмялелы шляхціц пасадзіў Лявонція побач з сабой, крыкнуў карчміту:
– Самуіл, якое ў цябе самае найлепшае віно?! Хутчэй цягні сюды і паболей!
Кукарэцкаму ж сказаў, паклаўшы цяжкую далонь на паэтаў плячук:
– Прыгожая птушка пер’ем, а чалавек вучэннем і розумам. Хочаш загінуць у сечы новай? Тады ідзі са мной у вайсковы аддзел да Аляксандра Лісоўскага, і рушым, пане-браце, на Інфлянты.
У гэты час нейкі драбнаваты някідкі з выгляду чалавек падышоў да стала, ціха сказаў Кукарэцкаму:
– Пане Лявонцій, твой бацька вярнуўся з татарскага палону. Яшчэ ўчора вярнуўся.
– Праўда? – радасна ўспыхнуў тварам Лявонцій.
– Вось табе святы крыж – праўда. Пані Макрына такая шчаслівая была.
– Значыць, Пан Бог пачуў матчыны, мае і сясцёр маіх малітвы, – усхвалявана прамовіў Кукарэцкі. – Значыць, Пан Бог адпускае мяне з езуіцкай калегіі на ўсе чатыры бакі, як вольную птушку.
У гэты час служкі прынеслі віно, разнастайныя закускі, і Антон Даніловіч-Гоцкі, узняўшыся з паўнюткім келіхам, гучна, на ўсю карчму, абвясціў:
– Ідзем на Інфлянты! І няхай не паздаровіцца ўсім нашым ворагам!
Павярнуўшыся да Лявонція шляхціц сказаў:
– Пі, паэт. Далёка не кожнаму дадзены дар – секчы словам так, як сячэ старая добрая шабля. Няхай душа твая будзе адважная, а слова вострае. Пішы свае вершы. Будзі жывых, а мерцвякі й самі ўстануць.
З новай сілай узгарэлася баляванне. Лявонцій быў яшчэ непрызвычаены да віна і вельмі хутка ап’янеў. Паплылі ў вачах вясёлыя людскія твары, іскрыстыя келіхі, пышныя чубы і бліскучыя лысіны, сталы і лавы. Потым ён убачыў карчміта Самуіла Рабіновіча, які на выцягнутай руцэ нёс місу з вялізным заліўным шчупаком. Рука была смуглая, аж карычневая, з мноствам чорных кучаравых валаскоў. Раптам рука гэтая аддзялілася ад цела, пачала імкліва лётаць над сталамі, над людзьмі, пачала хапаць некаторых за насы, за вушы. Вось гэтая лятучая рука ірванулася да Лявонція, балюча ўшчыкнула яго за шчаку. Лявонцій адхіснуўся ад яе, страціў раўнавагу і паваліўся проста на рукі дзвюм сястрычкам – Альжбэце і Анэлі. Ён яшчэ паспеў прамармытаць ім:
– Я кахаю вас.
І глыбокі сон склеіў ягоныя вочы.
А да Антона Даніловіча-Гоцкага падсеў немец па імені Рудольф, чок­нуўся з ім келіхам, папрасіў:
– Пан рыцар, вазьмі мяне з сабою ў паход на Інфлянты. Дужа ж я люблю ваяваць. Нічога апроч вайны не ўмею ды й не хачу рабіць. Вазьмі мяне ў паход, але дазволь мне застацца лютэранінам. Лютэранін мой бацька. Лютэранінам хачу жыць і памерці я.
Даніловіч-Гоцкі, выслухаўшы такую споведзь, абняў і пацалаваў Рудольфа, гучна зарагатаў, калышучыся ўсім сваім буйным целам:
– Я не Лісоўскі. Не я набіраю людзей у радзівілаўскі почат. Пойдзем туды з табою разам. Па мне – абы ваяваў хвацка. А хто ты – католік, лютэранін або магаметанін, не мае ніякага значэння. Пойдзем разам, і я скажу за цябе слова пану Аляксандру Лісоўскаму.
Яны са смакам выпілі віно і зноў напоўнілі свае келіхі. А наўкол шу­мела, танцавала, спявала песні карчма «Сіняя падкова». І гэтак было да самага яснага рання.
Лявонцій Кукарэцкі прачнуўся ў невядомым месцы, на невядомым ложку. Спрасоння падалося, што гэта пакой-«магіла» езуіцкай калегіі. Падалося, што ён спазніўся на абавязковую ранішнюю малітву, на заняткі, і вось-вось уварвецца ў пакой з пякучымі дубцамі ў руцэ разгневаны сярдзіты карэктар. У прадчуванні жорсткай лупцоўкі заныла тонкая маладая скура. Лявонцій спуджана ўскочыў з ложка, ліхаманкава пачаў апранацца, не патрапляючы ў калошыны штаноў нагамі.
Ды спальня, калі ён трохі астыў і агледзеўся, як неба ад зямлі, адроз­нівалася ад сціплай, нават суровай езуіцкай спальні. Ложак быў шырокі і высокі, з прыгожага чырвонага дрэва. Найбялейшая і наймякчэйшая пярына пяшчотна абвівала ягонае цела. Падушка пахла нейкімі надзіва духмянымі зёлкамі. Каля ложка стаяў круглы лёгкі столік, сплецены з тоўстых арэхавых пруткоў. На століку зіхцеў срэбны гладышык і гэткі ж самы срэбны кубачак.
Здзіўлены Лявонцій усё не мог уцяміць, дзе знаходзіцца. Усё было па­добна на нейкі таямнічы сон. «Ці не анёлы занеслі мяне сюды?» – падумалася яму. І адразу ж у спустошаную цяжкую галаву ўбілася-ўсвідравалася чорная здагадка: «А, можа, гэта хітрыкі д’ябла? Д’ябал любіць казаць, што яго няма, але ён ёсць, ёсць на зямлі. З усіх бакоў ён абкружае чалавека, пляце свае жахлівыя цянёты».
Перахрысціўшыся, уздыхнуўшы, Кукарэцкі пакорліва аддаўся лёсу, наліў са срэбнага гладышыка ў срэбны кубачак цёмнай вадкасці, выпіў яе. Гэта быў вельмі халодны і вельмі смачны хлебны квас, які адразу ж узбадзёрыў. Жыццё пачало рабіцца крыху весялейшае. І нібы адчынілася ў галаве нейкая заслонка – прыгадаўся ўчарашні вечар у карчме «Сіняя падкова». Лявонцій аж застагнаў. Ён успомніў, як п’яная імгла зацягнула яму вочы, як упаў на рукі Альжбэце і Анэлі, быццам мокры саламяны куль. Што падумалі пра яго прыгожыя чысценькія сястрычкі? Нават страшна ўявіць! «Дзе б я ні быў, трэба неадкладна ўцякаць, бегчы адсюль. Бегчы дадому, да маці, да бацькі, што вярнуўся з палону, – ліхаманкава падумалася яму. – Як я мог забыцца пра бацьку?».
Лявонцій памкнуўся да дзвярэй, але яны раптоўна расчыніліся перад самым ягоным носам. На парозе вырас высакарослы шчыгульны лёкай у жупане з дарагога чырвонага аксаміту з каўняром-стойкай. Жупан за­шпільваўся залачонымі гузікамі і быў падперазаны жоўтым калматым пасам. Лёкай у правай руцэ трымаў медны нямецкі рукамый, у левай – вышываны дзівоснымі рознакаляровымі кветкамі рушнік.
– Пане пісар, – сказаў урачыстым высокім голасам прыгожы і яркі, як певень, лёкай. – Патрэбна асвяжыць пасля сну ваш твар і вашыя рукі. А потым вашамосць запрошаны ў вялікую залу на сняданак да паненак і да пана Антонія.
Дык вось яно што! Начная бяспамятная дарога завяла яго, Лявонція Кукарэцкага, туды, дзе жывуць Альжбэта з Анэляю, у самае, можна сказаць, іхняе гняздзечка. Лявонцій адчуў, як усхвалявана і горача затахкала сэрца.
Альжбэта і Анэля, апранутыя ў доўгія блакітныя сукенкі-летнікі з рукавамі да локця, са скуранымі вяночкамі-чолкамі на русых галовах і зіхоткімі звонкімі маністамі на белых пяшчотных шыях, сустрэлі з’яўленне Лявонція з бурнай радасцю. Яны паўсхопліваліся са сваіх мяккіх невысокіх крэселцаў, падбеглі да ўшчэнт разгубленага езуіціка, дапытліва і спачувальна зазіраючы яму проста ў вочы, зашчабяталі:
– Як спалі, пане паэт? Як пачуваецеся пасля сну?
І столькі пяшчоты, столькі цёплай дабрыні было ў мілагучных галасках, што Кукарэцкі аж пахіснуўся. Ніколі і ніхто ў жыцці, можа, апрача маці, так не цікавіўся ягоным здароўем, так не хваляваўся і не перажываў за яго.
– Нічога. З Божай дапамогаю, мілыя паненкі, – залепятаў Лявонцій.
Заўважыўшы за сталом Антона Даніловіча-Гоцкага, пакланіўся яму, сказаў упалым голасам і яму:
– Нічога. З Божай дапамогаю, пане.
– А ўчора пан пісарчук быў больш жвавы і больш гаварлівы, – гучна з прыхлёбам засмяяўся Даніловіч-Гоцкі. – Пэўна, учора пана пісарчука падтрымлівалі пад белыя рукі німфы і музы. Ці не так? Але мы зараз зноў запросім да пана пісарчука гэтых крылатых і натхнёных госцяў. Адась! – крыкнуў-загадаў ён прыгажуну лёкаю. – Поўны келіх крамбамбулі на мёдзе і на чырвоным перцы пану пісарчуку! Паўнюткі келіх!
Лявонцій пад вясёлымі позіркамі ўсіх прысутных да дна асушыў срэбны келіх і адчуў, як ажыла, звонка запульсавала па жылах кроў, як пасвятлеў ранак і ўвесь навакольны свет, як папрыгажэла жыццё.
– Васпан п’е, як сапраўдны ліцвін, – пахваліў яго Антон Даніловіч-Гоцкі, – бо ліцвіны п’юць не для таго, каб чмякнуцца мордай у гразь, а для таго, каб душою ўзвіцца ў неба. Вось так п’ем мы, каранёвая ліцвінская шляхта!
Ён адразу ж прадэманстраваў, як п’е гэтая самая шляхта, хвацка куль­нуўшы поўную гранёную чарку крамбамбулі. Шумна выдыхнуў: «Гух!!!» і ўкінуў у рот ладны кавалак паляндвіцы. Потым, жуючы, сказаў:
– Пана, здаецца, завуць Лявонціем?
Атрымаўшы станоўчы адказ, паклаў свае цяжкія рукі на пяшчотна-безабаронныя плечукі дзяўчатак:
– Вось гэта мае пляменніцы – Альжбэта і Анэля. Блізняткі. Альжбэта, так заўгодна было Пану Богу, нарадзілася першая. Я іх люблю аднолькава моцна. Іхні бацька, мой брат Міхал Даніловіч-Гоцкі, загінуў у 1602 годзе пад Рыгаю ад шведскай кулі. Маці памерла, нараджаючы гэтых прыгажунек на белы свет. Сёння я ім і маці, і бацька, і апякун да самага іхняга паўналецця.
Дзяўчаткі слухалі дзядзькавы словы вельмі ўважліва. Хмурынка набегла на чыстыя юныя твары, калі ён прыпомніў пра смерць іхніх бацькоў. Але жыццё так і віравала ў яшчэ нічым незамутненых душах гэтых іскрыстых і трапятлівых, як ранішнія сонечныя праменьчыкі, істотаў. Яны прыязна пазіралі на Лявонція, усміхаліся яму, часам нешта шэпчучы адна адной.
– Пан Лявонцій, ці ўмееш ты біцца шабляю і сядзець на войскім кані? – раптам спытаў Даніловіч-Гоцкі.
Пытанне было нечаканае, ды Лявонцій адказаў на яго без сумневу:
– Як кожны прыроджаны шляхціц, я валодаю шабляй і сяджу ў сядле.
Тут ён трошкі схібіў душою, бо не быў дужа вялікім хватам у такіх справах – у езуіцкай калегіі яго апошнім часам займала зусім іншае, хоць бацька з самага малалецтва прывучаў да зброі і да каня. Але перад прамяністымі захопленымі позіркамі маладзенькіх прыгажунь лепей было праваліцца скрозь зямлю, чым прызнацца ў нейкай сваёй недасканаласці і слабасці.
– Добра, – ухвальна кіўнуў галавой Антон Даніловіч-Гоцкі. – А зараз вы, Альжбэта з Анэляю, скажыце тое, што хацелі сказаць.
Сёстры перазірнуліся. Першаю (усё-ткі старэйшая!) загаварыла Альж­бэта:
– Пане Лявонцій, сёння нашае Гаспадарства ваюе са шведамі. Шведы забілі нашага любімага дарагога бацьку. Калі б мы былі мужчынамі, мы б ускочылі ў сядло, узялі дзіды і шаблі і паімчаліся ў Інфлянты, туды, дзе бушуе вайна. Але Пан Бог нарадзіў нас жанчынамі, і мы, жывучы ў Нясвіжы, толькі штодзённа молімся за перамогу нашых слаўных рыцараў. Пане Лявонцій, пане паэт, шчыра просім – стань нашым Рыцарам, адпомсці за кроў бацькі нашага, каб на тым свеце ён спаў спакойна.
Затым усхвалявана пачала казаць Анэля:
– Пане Лявонцій, у нас з сястрою ёсць грошы. За гэтыя грошы мы мо­жам набыць і каня, і зброю, і ўсё, што неабходна для паходу і вайны. Стань нашым Рыцарам, нашым ваяром, нашым помснікам і абаронцам. Наш дзядзька, пан Антоній, ад’язджае на вайну сам па сабе. Мы ж хочам, каб і наш конь, і наш меч ішлі ў паход супраць ворага.
Лявонцій Кукарэцкі адчуў, як затрапятала ў грудзях сэрца. Аж балюча зрабілася сэрцу. Прапанова была дужа нечаканаю, але хіба можна было пасля такіх словаў і пасля такіх просьбаў, што прамаўлялі пяшчотныя вусны, вагацца хоць імгненне?
Ён апусціўся на левае калена, пацалаваў трапятлівыя дзявочыя рукі, усклікнуў:
– З гэтага часу і да свайго скону я – Рыцар дзвюх цудоўных дам! Ва­шае слова для мяне – закон, і я, Лявонцій Кукарэцкі, іду на вайну ў Інф­лянты!
Позіркі, якімі ўзнагародзілі яго Альжбэта і Анэля, вельмі рэдка бачыў хто з мужчынаў. Такія позіркі, нібы зоркі і нібы маланкі, нараджаюцца на нябёсах, там, дзе на залатым вечным троне сядзіць Пан Бог.
Антон Даніловіч-Гоцкі разам з пляменніцамі і Лявонціем Кукарэцкім адразу ж заняўся купляю каня і ўсёй неабходнай амуніцыі. Як заўсёды, не абышлося без ягонага добрага сябрука Самуіла Рабіновіча з карчмы «Сіняя падкова», і неўзабаве Лявонцій ужо сядзеў на кані з шабляю пры поясе і з дзідаю ў руцэ і мог выпраўляцца ў паход. І тут ён успомніў пра свайго бацьку, што вярнуўся з татарскага палону. Вядома ж, ён ніколі не забываў пра бацьку, ды апошнія нечаканыя падзеі як бы засланілі сабою яго. І вось зноў усплыў у сынавым сэрцы родны твар.
– З’езджу дадому, убачуся з бацькам і адразу ж вярнуся ў Нясвіж, – сказаў Лявонцій Кукарэцкі Даніловічу-Гоцкаму і сястрычкам-блізняткам. Тыя ж, вядома, пагадзіліся, перадалі праз яго свае палкія віншаванні пану Льву Кукарэцкаму са шчаслівым выбаўленнем з басурманскай няволі, пажадалі сто лят жыцця.
Бацька быў змарнелы, увесь нейкі ссохлы і дужа загарэлы, аж абпалены злым крымскім сонцам. Але вочы натхнёна свяціліся, як іскрыстыя сінія вугалі. Убачыўшы свайго адзінага сына на войскім кані і ў поўным узбраенні, ён ні кропелькі не здзівіўся, а моцна-моцна абняў і пацалаваў яго. Потым ухвальна ківаючы галавою, радасна сказаў жонцы:
– Бачыш, пані Макрына, якога рыцара ўзгадавалі мы з табою. Хіба месца ягонае ў езуіцкай малельні пад чорным, як ноч, капюшонам? Не. Толькі ў сядле. Толькі на кані і з шабляю ў руцэ. Ён жа патомны каранёвы шляхціц-ліцвін, а месца шляхціца там, дзе ваююць за Княства. Малайчына, сын. Я б і сам пайшоў у Інфлянты, пайшоў нават простым драбам, ды надламалася сіла мая на татарскіх вінаградніках пад балючай плёткай і пякучым сонцам. Найвялікшы дзякуй яго мосці слаўнаму каралю Жыгімонту, што не кінуў нас, паланёных, у жахлівым татарскім рабстве, а за свае грошы адкупіў у стэпавых людаловаў і вярнуў у родныя сядзібы.
Даведаўшыся пра сынава рашэнне кінуць езуіцкую калегію і рушыць на вайну, блаславіў Лявонція, трымаючы над ім абраз святога Станіслава. Праўда, пані Макрына пярэчыла, але пярэчыла ціха, няўпэўнена, абліваючыся светлымі мацярынскімі слязамі. Ды ў Кукарэцкіх, як, дарэчы, і ва ўсіх іхніх суседзяў, верхаводзіў у сям’і (так ужо спрадвеку павялося) мужчына.
Узрушаны і шчаслівы, вяртаўся Лявонцій Кукарэцкі ў Нясвіж. У яго пачыналася новае жыццё, і ён быў рады гэтаму яшчэ невядомаму, але надта доўгачаканаму жыццю. Толькі ў маладосці гасцюе ў чалавечай душы такая агністая радасць.
У горадзе пакіраваўся да двара Антона Даніловіча-Гоцкага, расказаў таму пра сваю паездку, пра бацькава блаславенне. Шляхціц, адчувалася, быў вельмі задаволены. Загадаў паставіць ягонага каня побач са сваім, насыпаць меру аўсу і наліць вады. Лявонцію ж да заўтрашняга дня, дня выправы ў паход, зноў далі той жа самы пакой. Ён зморана сеў на канапку, заплюшчыў вочы. Адразу ж убачыўся матчын твар, спакутаваны, усхваляваны, родны, дарагі кожнай сваёй рысаю. Успомніліся ейныя слёзы. Толькі цяпер ён зразумеў, які боль прычыніў ёй, і яму захацелася заплакаць. Ды Лявонцій перасіліў сябе, пракаўтнуў даўкі камяк у горле. Сядзеў бязгучна і нерухома, як выараны з зямлі валун.
Затым душой зноў завалодалі Альжбэта і Анэля. Дзе яны? Чым займаюцца? Ці думаюць пра яго? Навошта Бог перакрыжаваў ягоную дарогу з іхняю? Нейкая недарэчнасць – адначасова кахаць абедзьвюх, але ён нічога не можа зрабіць з сабою і сваім сэрцам.
У пакой тым часам увайшоў прыгажун лёкай, моўчкі аддаў Лявонцію нейкую цыдулку, моўчкі знік за дзвярыма. Кукарэцкі разгарнуў паперчыну. Роўным прыгожым почыркам на ёй было напісана: «ЫНІЗДНУ ЯЛАК МЕАКАЧ АЛОК АГАНОВРЫЧ ТАРБ ЫЛЕБ ЕВЫЛПСУ КЯ».
Што гэта? Што хочуць сказаць незразумелыя дзіўныя словы? Лявонцій круціў у руках таямнічую паперчыну. Трэба было б распытаць лёкая, ды таго ўжо й след прастыў. Не пабяжыш жа за ім па чужым доме і чужым двары.
Ясна адно: гэта тайнапіс. І, пэўна ж, пасланне ад Альжбэты і Анэлі, бо хто, акрамя прыгожых вясёлых сястрычак, можа цікавіцца ім, Лявонціем Кукарэцкім? Але як прачытаць галаваломку?
Раптам трывожная халодная здагадка драпнула вострай іголкаю душу – ці не прыклалі тут сваю руку езуіты? Яны найвялікшыя мудрагелі ў такіх справах. Не хацелася б яму зноў напаткаць іх. Адступнікаў-адшчапенцаў яны не шкадуюць, хоць усюды гавораць, што дзверы для выхаду з Ордэна адчынены для кожнага.
У глыбокім одуме сядзеў Лявонцій, так і гэтак узіраючыся ў паперчыну. І ўрэшце рэшт расшыфраваў пасланне – дакумекаў, што ўсё трэба чытаць наадварот. Вось што было напісана на паперчыне: « ЯК УСПЛЫВЕ БЕЛЫ БРАТ ЧЫРВОНАГА КОЛА ЧАКАЕМ КАЛЯ УНДЗІНЫ».
Хто такі белы брат, які павінен усплыць? Што такое чырвонае ко-ла? Ясна, што гэта месяц і сонца. Ундзіна ж – гэта фантан у новым радзівілаўскім парку. Значыць, яго, Лявонція Кукарэцкага, чакаюць сёння ўвечары каля фантана.
З хваляваннем чакаў ён вечаровай імглы. Нарэшце сонца пачало хавацца за густыя навакольныя лясы, а белы чоўнік месяца паплыў па сінім нябесным моры. І Лявонцій пайшоў да Ундзіны – бронзавай русалкі, якая сядзела на агромністым валуне, трымаючы ў руках бронзавы вянок. Срэбны бурлівы ручаёк выбіваўся з-пад цёмнага валуна, абмываючы русалчын хвост. Плеск вады быў бадай адзіным жывым гукам паміж густой цішыні, якая аж звінела ў залітым фасфарычным месячным святлом парку. У такой цішыні і пад такім святлом уваскрасаюць, набываюць плоць самыя запаветныя і таемныя чалавечыя мроі.
Альжбэта з Анэляю ўжо чакалі Лявонція. Былі яны ў белых доўгіх сукенках, з белымі рамонкавымі вянкамі на русых галовах. Здавалася, што гэта таксама ундзіны, якія ажылі пад халоднымі месячнымі промнямі і хочуць, каб ажыла іхняя сяброўка, клічуць прыспешваюць яе. Але яна маўкліва сядзіць на камені, слухае перазвон ручая. Ёй добра. Ёй не хочацца ажываць.
– Пан паэт едзе заўтра на вайну, – ціха сказала Альжбэта.
– На вайну, – як рэха, паўтарыла Анэля.
– Няхай абмінуць пана паэта куля і гарматнае ядро, шабля і дзіда, крывавая гарачая рана і халодная смерць, – разам сказалі яны.
Потым ціха апусціліся на калені, пачалі маліцца:
– Марыя, прыгожая панна, Маці Збаўцы і нашая Маці, зберажы гэтага чалавека на суровых зямных дарогах, заслані яго, як шчытом, сваёй невымернай любоўю, вярні цэлым і здаровым туды, дзе яго чакаюць. Амэн.
Лявонція скаланула і амаль да слёз расчуліла гэтая малітва. Ён стаў на калені побач з дзяўчаткамі, паклаў рукі ім на плечы. Звінела вада. Плыў над паркам месяц. Па імгненнях, па кропельках плыло жыццё.
Пасля прамоўленай малітвы Альжбэта і Анэля адразу ж павесялелі, пажвавелі, пачалі гарэзнічаць. Бегалі вакол фантана, зачэрпвалі далонькамі ваду, пырскалі адна на адну і на Лявонція. Нейкі няўтрымны шал накінуўся на дзяўчатак. Нарэшце задыхаліся, спыніліся, і Альжбэта сказала:
– Толькі, баронь Бог, не трапляйце, пан паэт, у палон. У палоне цяжка. Ваш жа бацька так напакутваўся.
І тут Лявонцій з вялікім запалам прачытаў верш:

Пад месяцам белым,
Пад сонцам чырвоным
Хачу назаўсёды
Быць вашым палонным.

Сястрычкі сустрэлі верш з захапленнем. І Анэля ўсклікнула:
– Давайце, як у французскім рамане, паклянемся ў нашай вернасці ўласнай крывёю!
У яе ў руцэ раптам з’явіўся (пэўна ж, усё гэта было загадзя абдумана і падрыхтавана) малюсенькі кінжальчык. Яна лёгенька кальнула вастрыём сабе ў руку вышэй локця. Тое ж самае зрабіла Альжбэта. Затым аддалі кінжальчык Лявонцію.
– Вас – дзве, я – адзін, – сказаў ён і ўкалоў сам сябе ў дзве рукі.
Пацалавалі вастрыё, перахрысціліся. Рыцарскі рытуал усхваляваў усіх. Усе адчулі, што гэта не вясёленькі жарт, а нешта значна глыбейшае і сур’ёзнейшае. Колькі імгненняў маўчалі, прыслухоўваючыся да сваіх устрывожаных сэрцаў.
З найвялікшай тугою Лявонцій раптам зразумеў, што не дасць плёну вось гэтае ягонае каханне-захапленне дзвюма прыгожымі дзяўчаткамі. Ён, як паэт, хацеў бы адразу кахаць усіх жанчын, усіх, якія жывуць, усміхаюцца сонцу на зямлі. Але ж гэта немагчыма. Ён – хрысціянін, і толькі адна з іх (усяго адна!) прыхіліць некалі сваю галоўку да ягонага пляча. Гэта Магамет у Каране дазваляе таму, хто паверыў у ягонае прароцтва, мець чатырох жонак. Сумна зрабілася Лявонцію ад такой думкі.
Пэўна, нешта падобнае хвалявала і сястрычак, бо Анэля, зірнуўшы на паэта прамяністымі закаханымі вачамі, прапанавала:
– Давай кінем жэрабя, і тая, якой пашанцуе, будзе сустракацца з панам паэтам, калі ён вернецца з вайны.
Альжбэта здзівілася і, вядома ж, не пагадзілася. Яны заспрачаліся, можа, упершыню ў сваім жыцці. Яны стаялі адна насупраць адной, аблітыя трывожным месячным святлом, і прамаўлялі балючыя крыўдлівыя словы. Яны ўжо былі не сёстрамі. Яны былі проста жанчынамі, кожная са сваёй надзеяй на зямное шчасце. Разгублены Лявонцій Кукарэцкі слухаў і не ведаў, што рабіць.
Ах, юнае пяшчотнае дзявочае сэрцайка! Ты не хочаш дзяліць каханага мужчыну напалам. Ты жадаеш, каб ён належыў толькі, толькі табе.

XII

Прыкладна ў гэты ж самы час яшчэ адна жаночая душа трапятліва шукала выйсце з заблытанага жыццёвага лабірынту. Эльвіра Скаблінская, залатавалосая смуглявая шляхцяначка з маёнтку Прасвіры, што згубіўся ў лясіста-балотным абшары недзе паўднёвей Нясвіжу, думала толькі пра Вітаўта Гарткевіча, бачыла ў рамантычных светлых снах толькі яго. Ёй споўнілася ўжо дваццаць пяць гадоў. Ужо гурма дзетак павінна была бегаць-поўзаць вакол яе, але здрадлівы і няўдалы лёс склаўся так, што ейны жаніх, якому пан Ігнацы Скаблінскі прылюдна абяцаў доччыну руку, паехаў па службовых справах у Прусы і знік, як скрозь зямлю праваліўся. Можа, забілі па дарозе. Можа, іншая жанчына перахапіла-перавабіла. Для ўсякага жывога чалавека расстаўляе шатан па бяжмежным свеце свае пасткі... Тры гады чакалі з Прусаў жаніха, а няўмольны час цёк ды цёк.
Асаблівую вастрыню і гаркоту дадавала ў жыццёвую калізію тое, што малодшая Эльвірына сястра Канстанцыя, на агульную думку – менш прыгожая і менш прыкметная, паспела шчасліва выйсці замуж і нарадзіць здаровае дзіцятка. А ёй жа зычылі ці сядзець у дзеўках-векавухах, ці падціраць соплі мужу-дзеду. І вось як усё неспадзявана перамянілася. І ўжо чула Эльвіра ў сябе за спіною, як зняважліва, дужа не тоячыся, гаворыць пра яе малодшая сястра: «Перастарак».
Заставалася адно – ісці ў жаночы кляштар бенедыкдзінак, які заснавала ў Нясвіжы жонка Мікалая Крыштофа Радзівіла Яўфімія, бо аддаваць сваю маладосць і пекнасць якому-небудзь стогадоваму напаўзвар’яцеламу выкапню Эльвіра не жадала. І тут яна сустрэла Вітаўта Гарткевіча. Сустрэла на імшы ў нясвіжскім фарным касцёле. Шчырыя малітвы Пану Богу не перашкодзілі ім абмяняцца імгненнымі палкімі позіркамі, ад якіх затрымцелі сэрцы. Эльвіра адразу зразумела – вось ейны апошні шанец, вось той човен, які, калі не спалохацца, калі паверыць-аддацца яму, вывезе яе ў прасторнае жыццёвае мора, дзе ўтульна душы і целу.
Але пан Ігнацы Скаблінскі ўжо падшукаў ёй, як ён лічыў, сваёй няўдаліцы-дачцы, яшчэ аднаго жаніха – былога суддзю-падкаморыя старога сівога, як лунь, Язэпа Кушлейку. Гэты Кушлейка дапамог яму калісьці ў зямельнай памежнай спрэчцы з суседзямі. На іранічныя словы Эльвіры аб узросце і знешнасці будучага мужа пан Ігнацы адказаў:
– Няважна якога колеру карова – яна доіцца белым малаком.
І тады Эльвіра вырашыла дзейнічаць, дзейнічаць хутка і беспаваротна. Пераканаўшыся, што Вітаўт Гарткевіч кахае яе і жадае мець за жонку, яна ўцякла ад суровага няўступлівага бацькі. Забрала з сабою старадаўні абразок Маці Божай, усе свае дзявочыя ўпрыгожанні, наследнае золата маці-нябожчыцы, ладныя хатулі сукенак, спадніцаў, кашуляў і саянаў і, загадзя дамовіўшыся праз верную дворную дзеўку з Вітаўтам, цёмным вятрыстым вечарам пачала чакаць яго ў альтанцы пад шумнай, амаль стогадовай ліпаю.
Яна амаль не хвалявалася і не адчувала ніякай віны перад бацькам. Яна бараніла сваё шчасце і, як магла, набліжала яго. У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, жанчына на той час усё часцей пачала выходзіць з душных цьмяных пакояў, пакойчыкаў і кухняў на залітую яркім святлом авансцэну жыцця, дзе да гэтага ўладарнічалі адны мужчыны. Няхай такое надаралася яшчэ толькі ў Вільні і Кракаве, між радавітай магнатэрыі і прыдворных, але паступова гэты зваблівы свежы вецер усё больш імкліва залётваў у аддаленыя маёнткі і маёнтачкі, туды, дзе на прадзедаўскай зямлі спрадвеку сядзела каранёвая шляхта. У жанчыне раптам убачылі тое, чым можна ганарыцца, захапляцца, што патрэбна абагаўляць. Залаты і срэбны дождж упрыгожанняў паліўся на гэтых антычных багіняў, якія велічна і грацыёзна выплылі з невядомасці, з глухой і сляпой цемры, каб ускружыць галовы і ўсхваляваць чэрствыя сэрцы.
Эльвіра Скаблінская, як і кожная прыгожая жанчына, адчувала сваю сілу і непаўторнасць. І яна не хацела, каб побач з ёю валачыўся па жыцці які-небудзь атупелы напаўжывы недарэка. Начытаўшыся рыцарскіх раманаў і раманаў пра каханне, яна марыла дзяліць сваё жыццё і сваё сямейнае ложа з Рыцарам. Такім Рыцарам з некаторага часу быў для яе, вядома ж, Вітаўт Гарткевіч. Моцны. Прыгожы. Рашучы. Разумны. Няхай ён удавец, няхай мае маленькую дочачку, але толькі з ім яна будзе пачуваць сябе шчасліваю.
Сябе Эльвіра лічыла моцнаю, здатнаю на не абы-якія ўчынкі і дамаю, і амазонкаю. Яна ўмела і чароўна ўсміхнуцца, павёўшы белым аголеным плечуком, і ўзяць, калі трэба, душу сваю ў кулак. І зусім невыпадкова яна добра ведала не толькі пра францужанку Жанну д’Арк, але й пра віленскую паненку Сафію Доўгую, якая яшчэ ў 1547 годзе падчас рыцарскага турніру, зладжанага каралём Жыгімонтам Аўгустам, апранула баявыя даспехі і адважна змагалася супраць шляхціцаў Гербута і Лашча.
Вітаўт Гарткевіч, як і дамаўляліся, прыехаў за ёю з Нясвіжу. Бясшумна вынырнуў з вечаровай густой цемры на сваім кані Самуме. Да сядла на повадзе быў прытарочаны яшчэ адзін конь.
Вітаўт абняў, прытуліў Эльвіру, моцна пацалаваў. З усёй жарсцю яна адказала на гэты пацалунак. Колькі імгненняў стаялі, нібы зліўшыся ў адну істоту. Шумела над галовамі старая цёмная ліпа. Надзея чулася ў нямоўчным шматслойным шуме.
Пачалі грузіць хатулі на коней. Дапамагала дворная дзеўка, і яна ж была за вартоўцу – насцярожана круціла галавой туды-сюды, нават прынюхвалася. Раптам дзеўка гэтая ірванулася ад Вітаўта з Эльвірай у цемру, прарэзліва закрычала:
– Пане Ігнацы! Пане Ігнацы! Уцякаюць!
– Вось лярва! – вылаяўся і сплюнуў Вітаўт. Дзеўка аказалася здрадцаю.
Адразу ж засвяціліся на двары маёнтку паходні, загучалі ўзбуджаныя людскія галасы, ярасна забрахалі сабакі, пачуўся цяжкі гудлівы тупат мноства ног. Беглі сюды, пад ліпу.
Гарткевіч моўчкі ўзвёў пісталет, стрэліў. Нехта ў цемры роспачна заенчыў, клубком пакаціўшыся па зямлі.
– Дай і мне пісталет, калі ў цябе ёсць яшчэ адзін, – суровым голасам прамовіла Эльвіра.
Вітаўт, выцягнуўшы з-за поясу, паклаў ёй у руку пісталет. Яна стрэліла, і зноў нехта непадалёку застагнаў-заскуголіў.
– На каня! – крыкнуў Гарткевіч. Ён узляцеў у сядло. Эльвіра хуценька села спераду, учапіўшыся рукамі ў каляную конскую грыву.
У апошні міг за стрэмя ўхапіўся адзін з людзей пана Скаблінскага, ды Вітаўт адкінуў яго прэч – моцна размашыста ўдарыў нагой у твар. Падаспелі іншыя нападнікі, цэлы натоўп. Але два кані і два чалавекі здолелі вырвацца з гэтай жахлівай пасткі. Па бездаражы, праз густую трывожную цемру паімчаўся Вітаўт Гарткевіч са сваёй каханаю ў Нясвіж – толькі вецер свістаў увушшу.
За Слуцкай брамай на беразе Ушы нядаўна было забудавана вялікімі камяніцамі і маленькімі дамкамі Новае места. У адным з такіх дамкоў жыла Вітаўтава дваюродная цётка пані Караліна Крышылоўская, вясёлая рухавая бабулька сямідзесяці гадоў з блакітнымі зіхоткімі вачамі і носам-бульбінкай. Ёйны муж згарэў на пажары, сваіх дзяцей у яе не было, і яна ўгаварыла Вітаўта прывезці ў Нясвіж сваю трынаццацігадовую дачку Ванду. Прыкіпела душою да сірацінкі-дзяўчынкі пані Караліна, і была яна ёй замест дачкі.
І вось прыехаў познім вечарам, загрукацеў у дзверы Вітаўт.
– Хто там? – запаліўшы свечку, прыкрываючы яе рукою, ціхім голасам спытала пані Крышылоўская. Ванда ўжо спала, і бабульцы не хацелася яе разбудзіць.
– Адчыні. Гэта я – Вітаўт, – даляцела зпанадворку.
Пані Караліна адсунула з дзвярэй завалу – тоўсты металічны прэнт, упусціла позніх гасцей. Разам з імі ў невялічкі пакой увайшлі вецер і трывога. Кружочак ад полымя свечкі спалохана затрапятаў-залётаў па сценах, на якіх віселі сплеценыя Вандаю з васількоў і рамонкаў вянкі, па падлозе, засцеленай даматканымі каляровымі ходнікамі, і нарэшце спыніўся на твары ў Эльвіры. Папярэджваючы непазбежнае цётчына пытанне, Вітаўт Гарткевіч бадзёрым вясёлым голасам сказаў:
– Гэта мая новая жонка. Панна Эльвіра Скаблінская. Прашу шанаваць, віном і хлебам частаваць.
– Віно і хлеб знойдуцца. Абы каханне і згода ў сужэнстве былі, – суха прамовіла пані Караліна. – Хіба прывозяць жонак з начных дарог? Ясным днём, у касцёле Божым перад людзьмі і перад Панам Богам малжонку за белую руку бяруць і ў сваю гасподу вядуць.
Было відно, што бабулька не вельмі ўзрадавалася навіне. Яна пагля­дзела на ложак, дзе спала Ванда. Дзяўчынка заварочалася, нешта млява замармытала, пэўна ж, бачыліся ёй не дужа салодкія сны.
Ды Эльвіру Скаблінскую не засмуціў такі няласкавы тон і голас старой пані Крышылоўскай. У Эльвіры ўладна і адважна загаварыла амазонка. Толькі што гэтая самая амазонка вырвалася нарэшце на волю з путаў і цянётаў, і не жадала зноў вяртацца са святла, што ярка азарыла ейную душу, назад у цемру.
– Усё будзе, вельмішаноўная пані. І касцёл. І святая клятва перад лікам Божым, – спакойна і ўпэўнена сказала Эльвіра. – Не бойцеся. Ваш любімы пляменнік будзе шчаслівы са мной.
Нават Вітаўт злёгку ўздрыгнуў ад такіх слоў, пранікліва паглядзеў на каханую. А яна ўсміхалася, шчыра і светла.
Пані Караліна, уваткнуўшы ў медны кандэлябр свечку, сабрала стол: віно, хлеб, студзень, смажаную ялавічыну з рэдзькай. Узнялі келіхі за ўсё найлепшае.
Уначы, калі ўжо ляжалі ў суседнім пакойчыку, Эльвіра страсна і ненасытна прыгарнулася да Вітаўта, пачала прагна цалаваць яго, шаптаць у самае вуха:
– Радасць мая. Рыцар мой. Нарэшце ты знайшоў мяне, прыйшоў да мяне. З любоўю аддаю табе сваю дзявоцкую цноту. Навекі буду тваёй.
Яны спляліся салодкімі вуснамі і гарачымі наструненымі целамі. Яны адначасова былі на зямлі і на нябёсах. Гэта было іхняе імгненне. Гэта была іхняя ноч. Невядома, што будзе, што чакае наперадзе, якія неспадзяванкі рыхтуе жыццё, але вось зараз ім было вельмі-вельмі добра. Зараз, кахаючыся, зліваючыся ў адно цэлае, яны размаўлялі з вечнасцю. Яны плылі па светлай сонечнай рацэ, імя якой – шчасце, а за сцяною глядзела ў змрок, усё чула, не спала, шаптала бясконцыя малітвы старая пані Караліна.
Раніцай Ванда радасна абшчаперыла бацькаву шыю, пацалавала яго, спытала, маючы на ўвазе Эльвіру:
– А што гэта за пані гасцюе ў нас?
– Ты ўжо вялікая дзяўчынка, Ванда, – адказаў, злёгку хвалюючыся, Вітаўт Гарткевіч. – Наша маці памерла. Мы з табой вельмі любілі яе. Але яна памерла. Так было заўгодна Богу. Гэтая пані, пані Эльвіра, згадзілася быць маёй жонкай. Кожны мужчына павінен мець жонку. Я думаю, ты зразумееш мяне, дачка.
Ванда ўважліва паглядзела на Эльвіру, прыкусіла губу, наматала на палец пасму сваіх русых валасоў, уздыхнула. І не прамовіла болей ні слова.
– Адзін серп траву жаць, другі пшанічаньку рэзаць, – сказала раптам пані Караліна, прытуліўшы да сябе Ванду. Аб чым яна хацела нагадаць, ад чаго засцерагчы? Так ніхто і не даўмеўся, што хавалася ў гэтых словах. На тым і скончылася гаворка.
А праз дзень, калі Вітаўт з Эльвіраю пайшлі ў горад, на люднай нясвіжскай вуліцы Гарткевіча арыштаваў возны з памочнікамі і трыма панятымі. Не дужа цырымонячыся, схапілі за плечы, хацелі весці ў ратушу.
– Ён? – спытаў рыжавусы возны ў панятога, васпаватага бледнатварага шляхцюка з перавязанай шчакой.
– Ён, – кіўнуў галавой шляхцюк. – Ён учыніў напад на маёнтак пана Скаблінскага. І ён жа ўдарыў мяне нагою ў твар.
Вітаўт рэзка варухнуў плячыма, скінуў з іх чэпкія рукі памочнікаў воз­нага, закрычаў:
– Што за гвалт?! Як вы пасмелі?!
Закрычала і Эльвіра:
– Прэч, хамы!
Вознага гэта ніколькі не збянтэжыла. Ён разгладзіў вусы і ўрачыста абвясціў, смакуючы кожнае слова:
– Статут Вялікага Княства Літоўскага. Раздзел адзінаццаты а гвалцех, а боях, а галаўшчызнах шляхецкіх. Артыкул трынаццаты а гвалтоўнае ўзяцце ў малжэнства дзеўкі, удавы і кождае нявесты. Уставуем: хто бы без волі айца, маткі і стрыеў або іншых блізкіх, будзь тэж апекуноў, на яком колвек месцу ўзяў каго з тых персон, вышэй мянёных, гвалтам, мянуючы, іжбы яму ў малжэнства пашлюбіла, а то бы прышло перад нас, гаспадара, або перад каторы ўрад наш... І гды се покажэць справа, жэ яко прыяцелей крэўных або апекуноў так тэж і яе самое на пазвалення не было, тагды тот, хто се таго важыл, маець горлам каран быці.
Возны змоўк. Вочы ягоныя натхнёна блішчэлі. У які ўжо раз ён прылюдна засведчыў, што напамяць ведае ўвесь Статут!
Але Эльвіра не дазволіла яму доўга самалюбавацца. Яна сказала з усёй рашучасцю:
– Ніякага гвалтоўнага ўзяцця не было. Я самахоць, па сваёй уласнай волі паехала з бацькоўскага дому з гэтым панам.
Прамовіўшы такое, Эльвіра пацалавала Вітаўта Гарткевіча ў вусны. Гэта ўразіла і памочнікаў вознага, і панятых. Яны разгублена пазіралі на свайго грознага водцу, які, зноў разгладзіўшы рыжыя вусы, загадаў:
– Вядзіце да ратушы. Там разбярэмся.
І ў гэты час прагучалі рэзкія ўладныя словы:
– Пан возны, адпусціце гэтага чалавека. Гэты чалавек – мой.
Усе ўздрыгнулі. Падалося – гром скалануў ясную бязвоблачную раніцу. Усе скіравалі позіркі на таго, хто асмеліўся пярэчыць вознаму.
Гэта быў вершнік, апрануты ў поўны баявы даспех, з аголенай шабляю ў руцэ. Ён (нават у сядле бачылася) быў высакарослы, з доўгімі светлымі валасамі, што хваляю апускаліся на шырокія плечы, з цёмнымі брывамі і вусамі, з сінімі пранізлівымі вачыма. Разам з ім на нясвіжскай вуліцы гарцавала яшчэ дзесяць-пятнаццаць вершнікаў. Ягоны конь рыў капытом зямлю, нервова нахіляў галаву і трос доўгай чорнай грывай.
– На гэтым пане кроў, – цвёрдым бязлітасным голасам сказаў возны, вельмі здзіўлены тым, што яму перашкаджаюць рабіць звычную справу. – Ён параніў двух слуг пана Скаблінскага.
– Гэты чалавек – мой, – вёў сваё невядомы. Ён кіўнуў вершнікам. Некалькі іх саскочылі з коней, адцяснілі ад Вітаўта Гарткевіча людзей воз­нага, пасадзілі Вітаўта ў сядло.
– Што за глум?! – пачырванеўшы, закрычаў возны. – Як ты асмельваешся ісці супраць законаў Гаспадарства?! Лішняя галава на плячах?! Ты хто?!
– Я – Лісоўскі, – спакойна адказаў таямнічы вершнік. – Воляю караля Жыгімонта і воляю князя Радзівіла я вяду почат на вайну ў Інфлянты. І гэтага чалавека я забіраю з сабой. Калі трэба будзе, ён уласнай крывёю сплоціць усе свае правіны. Калі таго пажадае Пан Бог, ён пакладзе галаву за Гаспадарства.
– Але ты, пане Лісоўскі, не можаш збіраць у свой почат першых сустрэчных тацяў і гвалтаўнікоў, – горача запярэчыў возны.
– Я бяру да сябе адважных, – усміхнуўся Аляксандр Лісоўскі. – А гэты пан, – ён паглядзеў на Вітаўта, што ўжо спрытна ўмасціўся ў сядле, – відно па-ўсім, не трымціць у час небяспекі, як заечы хвосцік. Такія ваяры мне й патрэбныя. З такімі ваярамі мы пакажам шведу і самому д’яблу, дзе ракі зімуюць.
– І мяне, і мяне вазьміце, пан Лісоўскі, – вырвалася раптам у Эльвіры. Яна парывіста падбегла да каня, на якім сядзеў Вітаўт, узялася за стрэмя.
Надышоў час здзіўляцца самому Аляксандру Лісоўскаму. Ён і сапраўды не надта быў пераборлівы, гуртуючы почат. На княжым радзівілаўскім двары ўбачыў Мацвея Карабу, моцнага шыракаплечага, які паныла шкроб венікам траву, вымятаў смецце, адразу ж, з першага позірку, ацаніў ягоную моц і камплекцыю, сказаў:
– Ці не дужа лёгенькую працу знайшоў сабе, хлопча? Цябе б пагнаць у Вільню горы капаць. Сіла ў табе мядзведзевая варочаецца. Ідзі да мяне. Будзеш добра ваяваць, пуза не хаваць ад варожай кулі і шаблі, станеш шляхціцам.
Вочы ў Карабы ярка заблішчэлі, ажылі, нібы нанова нарадзіліся на свет. Ён шпурнуў убок венік, нізка пакланіўся, сказаў дрыготкім голасам:
– Толькі вазьмі з сабой. Камень і жалеза буду грызці за цябе, васпане.
Але Караба быў мужчына, хоць і хлоп. А тут смела і адначасна ўмольна пазірала на Лісоўскага, прасілася ў почат паненка. Гэта было нешта нязвычнае.
Лісоўскі нахмурыўся:
– Амазонкаю хочаш стаць, паненачка? Спадніцу абрыдла насіць?
– Я вырасла ў лясным маёнтку і шмат што ўмею рабіць, – не адвяла позірк Эльвіра. – Я ўмею варыць, рыхтаваць лекі, зашываць адзенне. Я ўмею супакойваць людзей у цяжкую часіну і чытаць ім святыя малітвы. Я езджу на кані. А гэта, – яна паказала на Вітаўта Гарткевіча, – мой абраннік перад Панам Богам.
Усе сціхлі, чакалі, што адкажа Аляксандр Лісоўскі на незвычайную просьбу. Толькі фыркалі коні ды хмыкаў возны ў рыжыя вусы.
– А што, пане Мастоўскі, – павярнуўся Лісоўскі да аднаго са сваіх спадарожнікаў, – чым мы, ліцвіны, горшыя за французаў альбо грэкаў? Чаму між нашага народу не можа быць сваёй Жанны д’Арк і сваёй амазонкі? Ці мы ў ледзяной вадзе нашымі шаноўнымі бацькамі зачыналіся?
– Мы ў кіпетні зачыналіся, на гарачых пасцелях, – весела засмяяўся Іван Мастоўскі.
– Добра адказаў, – пахваліў яго Аляксандр Лісоўскі. – Радуйся ж, прыгожая паненка. Бяру й цябе ў свой почат. Учынім перапалох шведу. Будзеш пакуль што пры абозе, а там відно будзе. Кажаш ты, што шмат чаго ўмееш рабіць. Гэта, вядома ж, ухвальна. Але дай, Божа, усё ўмець, ды не ўсё рабіць.
Ён засмяяўся, і за ім дружна засмяяліся ўсе вершнікі. Усім зрабілася весела. Толькі возны хмурыў, пагрозліва натапырваў бровы, рабіўся то белы, то чырвоны з твару, парывіста дыхаў, але маўчаў, бо разумеў – ягоная сіла нішто ў параўнанні з сілай гэтага незвычайнага чалавека.
У адной з вежаў радзівілаўскага замку Аляксандр Лісоўскі абсталяваў сваю часовую рэзідэнцыю. Туды няспынна сцякаліся з усіх бакоў тыя, хто даведаўся пра паход у Інфлянты і захацеў сам удзельнічаць у гэтым паходзе. Вельмі розны, вельмі цікавы люд трапляўся там.
Прыйшоў стараваты віславусы шляхціц у суконным зашмальцаваным кунтушы, прывёў з сабой на шворцы вялізнага вішнёвай масці сабаку-ваўкадава. Сабака ашчэрваў вострыя жоўтыя іклы, глядзеў, не міргаючы, на людзей такімі ж жоўтымі вачыма, ціхенька, здавалася, лагодна рычаў. Усе абачліва трымаліся падалей ад яго, бо невядома, што наўме ў лютай жывёліны. А раптам цапне за сцягно і вырве кавалак мяса.
– Ці не на ловы сабраўся, васпане? – пажартаваў Лісоўскі. – Але ж мы на вайну ідзем, а не на ловы.
– А я ведаю, – спакойна сказаў шляхціц, загадаўшы сабаку смірна сядзець каля нагі. – Мы са Шчаслівым Рокам і сабраліся на вайну. Я й рагаціну ўзяў, з якой на мядзведзя ходзяць. Без сабакі нельга на вайне, яснавяльможны пан. Ён усё вынюхае, усё ўчуе, ён папярэдзіць аб небяспецы і, калі трэба, абароніць.
Пры такіх словах сабака ўзняў галаву, паглядзеў на гаспадара, быццам зразумеўшы аб чым той гаворыць. Потым зноў апусціў галаву між вялізных кіпцюрыстых лапаў, застыў. Ды жоўты пранізлівы бляск вачэй не тух. У кожнае імгненне сабака гатоў быў ірвануцца з месца – толькі загадай чалавек.
– Як велічаюць васпана, і чаму так клічуць сабаку – Шчаслівы Рок? – спытаў Лісоўскі.
– Андрэй Пратасевіч з гербу Дрэвіца, асочнік-загоншчык на ловах у Льва Іванавіча Сапегі, – адказаў шляхціц. – Сабаку ж майму пяць гадкоў. У самай сіле сабака. Злы і здаровы. Я назваў яго Шчаслівым Рокам таму, што яшчэ зусім маленькім шчанюком памірыў ён мяне з маёй жонкаю. Можна сказаць, на нажах мы былі з жонкай. Дужа ж упартыя і ганарыстыя. Ніхто не хацеў саступіць. Жонка мая з велькага роду – з саміх Вішнявецкіх. Саўладаць з такой, прабач, пане, вельмі цяжка, як з маладой неаб’езджанай кабылкай. Ледзь што – трубой узнімае хвост. І тут сабачку гэтага мне прынеслі. Камячок камячком. Толькі папісквае ды хвосцікам матае. Уначы сплю, а ён прапаўзе мне пад коўдру, прыціснецца да шчакі і таксама, як дзіця, засынае. І так добра нам! А з жонкай кожны дзень – вайна вайною. Горш чым туркі-басурмане мы адно адному. Адкуль такая нянавісць бралася? І зараз не магу сам сабе патлумачыць. Нейкі гнілы туман у душы плаваў. А ж тут захварэў наш маленькі сабачка. Не есць, не п’е, цэлы дзень ляжыць на бачку, заплюшчыўшы вочы, і цяжка дыхае. І так нам шкада яго зрабілася, бо ён, павер, пане, радней роднага дзіцяці ўжо быў. Адразу ж забыліся мы з жонкай пра спрэчкі-лаянкі свае, а ўзяліся ратаваць сабачку. І ўратавалі. І назваў я яго Шчаслівым Рокам, бо ў той рок, думаецца мне, сабачка захварэў, узяў на сябе цяжкі боль і пакуту, каб толькі мы ў згодзе й ласцы жылі.
Пратасевіч пачухаў сабаку шчаціністы загрывак, казаў далей:
– Люблю чуць, як гаўкае сабака. Голас ягоны люблю. Мне ён, павер, пане, як найлепшая ў свеце музыка. Іншаму скрыпку, лютню давай, а мне б пачуць звонкі прызыўны брэх, калі імчыць мой верны Шчаслівы Рок да мяне па лузе і па полі, імчыць пад дажджом і пад снегам, толькі я паклічу яго.
– Бяру васпана з сабакам у абоз, – паслухаўшы ўсхваляваны шчыры аповед, вырашыў Аляксандр Лісоўскі. – Няхай Шчаслівы Рок шведу штаны раздзярэ.
Неўзабаве на парозе рэзідэнцыі аб’явіўся высокі станісты юнак гадоў дваццаці-дваццаці двух. У яго былі сінія вочы, доўгія светла-русыя валасы, перахопленыя на ілбе чырвоным скураным раменьчыкам. На баку на скураным пасе вісела шпага ў абсыпаных дробнымі срэбнымі гарошынкамі похвах. Крыж-накрыж юнак быў пераматаны нейкімі каляровымі тканінамі.
Ён хвацка адсалютаваў Лісоўскаму шпагаю, сказаў:
– Вазьміце мяне, васпане, у свой почат. Маю найвялікшае жаданне біцца са шведам, а потым з ягоным саюзнікам маскавітам.
– Мы ваюем сёння толькі са шведамі, – строга ўдакладніў Аляксандр Лісоўскі.
– Але заўтра мы пойдзем і на маскаліка, – весела прамовіў юнак, быццам быў найгалоўным дарадцам караля і вялікага князя Жыгімонта па вайсковых справах, вынюхаў усе ягоныя запаветныя планы і памкненні.
– Адкуль васпану вядома такое? – хмыкнуў Лісоўскі.
Замест адказу юнак, не спяшаючыся, пачаў змотваць з сябе каляровыя тканіны, якія аказаліся сцягамі. Разгарнуўшы іх перад Аляксандрам Лісоўскім, патлумачыў:
– Вось гэты белы сцяг з выявай Багародзіцы пасярэдзіне – сцяг маскоўскага вялікага ваяводы Івана Андрэевіча Чалядніна, пад якім ён стаяў 8 верасня 1514 року ў час Аршанскай бітвы. Тады нашыя продкі ліцвіны ўшчэнт разграмілі Маскву, і мой продак Марцін Жабыка-Жэмба запалоніў гэты сцяг. Амаль сто гадоў захоўваецца ён у нас, Жабыкаў-Жэмбаў.
– Дык пан з Жабыкаў-Жэмбаў? – спытаў Лісоўскі.
– Так. З Жабыкаў-Жэмбаў, шляхецкага роду Жаба, герба «Касцеша». І таксама – Марцін, – з годнасцю адказаў юнак і разгарнуў перад ім яшчэ адзін сцяг, бел-чырвона-белы, з вышытым залатымі ніткамі караблём-ветразнікам у левым верхнім кутку старадаўняга палотнішча:
– Гэты сцяг – сцяг Ордэна святога Палямона. Ён разам з іншымі лунаў у час бітвы пад Воршай над шэрагамі нашых ваяроў, даваў ім сілу, вёў іх да перамогі. Ці чулі вы, пан Лісоўскі, пра палеманістаў?
– Чуў, – адказаў Аляксандр Лісоўскі. – Але думаў, што гэта проста пры­гожая легенда...
– Гэта не легенда. Гэта – жыццё, – натхнёна бліскаючы вачыма, усміх­нуўся яму Марцін Жабыка-Жэмба. – Я, колькі памятаю сябе, з самага ранняга малалецтва рос пад аповеды ўсёй маёй радні і суседзяў пра подзвігі палеманістаў. Скажу вам, як на святой споведзі: я й сёння – палеманіст.
Юнак прамовіў гэта з такой жарсцю і захопленасцю, што Лісоўскі міжволі залюбаваўся ім. «Добры будзе ваяка», – падумалася Лісоўскаму. Ён спытаў:
– А чаму, пан Марцін, ты думаеш, што пасля Інфлянтаў мы абавязкова пойдзем на Маскву?
– Куды ж нам болей ісці? – шчыра здзівіўся малады Жабыка-Жэмба. – Толькі туды. Не пойдзем мы сёння, заўтра яны, маскавіты, будуць ужо каля Менску і каля Вільні. Зноў будуць ратаваць нас ад лацінянаў, хоць мы іх і не просім. Туды, на Маскву, разам з Мнішкамі і мноствам шляхты, пайшоў той, які абвясціў сябе Дзмітрыем Іванавічам, ацалелым царскім сынам. І яшчэ ёсць адна вельмі важная прычына, каб ісці ў той бок.
– Якая?
– А вось з-за яе я й хачу стаць пад вашую руку, васпане, – пранікнёна прамовіў палеманіст. – Слухайце ж, што я вам раскажу. Мая прабабка пані Зося Зубрыцкая, якая была жрыцаю Ордэна святога Палямона, перад самай сваёй смерцю занесла на схоў у полацкую Сафію свяшчэнныя сымболі Ордэна: залаты Човен Палямона і залаты Ключ ад Трох Рэкаў. Ключ выкавалі са штандару рымскага Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёна. Тры ракі – гэта Рубон-Дзвіна, Нёман і Дняпро, якія нясуць свае чыстыя светлыя воды ў Атлантычны акіян. На берагах гэтых вялікіх свяшчэнных для нас рэк спрадвеку жыў і будзе жыць наш ліцвінскі народ. І вось, калі маскоўскі цар Іван Жахлівы ў лютым 1563 року захапіў Полацк, пачаў руйнаваць яго, пачаў знішчаць або выводзіць у палон ягоных жыхароў, сымболі палеманістаў зніклі, як знікла амаль усё ў калісьці багатым слаўным горадзе. Вядома ж, усё да макулінкі выграблі маскоўцы. Яны ж, як расказалі відавочцы, забралі з сабой і Залаты човен Палямона, і Ключ ад Трох Рэкаў. Нават бачылі, хто забраў.
– Хто? – нецярпліва зірнуў на Жабыка-Жэмбу Лісоўскі. Яго ўсхвалявала пачутае.
– Келар Троіца-Сергіева манастыра Аўраамій Паліцын. Са сваімі мана­хамі ён ішоў следам за войскам Жахлівага, абшукваў кожную царкву і кожны касцёл, рабаваў усё найбольш каштоўнае. У полацкай Сафіі келар убачыў палеманісцкія сымболі і адразу ж паклаў на іх сваю заграбастую руку. Сёння залаты Човен Палямона і залаты Ключ ад Трох Рэкаў у скарбніцы ягонага манастыра, што стаіць між гор паўночней Масквы над ракой Канчурай. Пане Аляксандр, патрэбна выбавіць з няволі палеманісцкія святыні, вярнуць іх на радзіму. Вы, як кажуць усе і як ёсць на самой справе, адважны рыцар. Толькі вы можаце здзейсніць такое. Вось чаму я прыйшоў да вас, прынёс баявыя сцягі. Можаце лічыць, што са мною прыйшлі ўсе палеманісты, якія змагаліся калісьці за нашую зямлю, за Ліцвінію.
Марцін Жабыка-Жэмба змоўк, вычакальна глядзеў на Аляксандра Лісоўскага. Той задумліва гладзіў палотнішча палеманісцкага сцяга, нібы правяраючы яго на трываласць. Потым сказаў:
– Каб дарогі і сцяжынкі заставаліся бачнымі – трэба, каб па іх нехта хадзіў. Каб дзяржава і слава дзяржавы жыла – трэба, каб яе нехта бараніў. Дзіўныя рэчы пачуў я ад цябе, шаноўны пане. Я даўно ведаў, што мы, ліцвіны, не бязродзічы. Ад Палямона, ад Гедыміна і Рурыка наш корань, корань нашай шляхты і ўсяго простага люду. Але ты капануў яшчэ глыбей, паказаў тое, што дагэтуль было недаступна майму воку.
Лісоўскі разгарнуў баявы сцяг палеманістаў на ўсю шырыню:
– Я надумаў стварыць кавалерыйскія аддзелы, якія б ваявалі на рубяжах Гаспадарства, а, калі ўзнікне неабходнасць, пераходзілі б гэтыя рубяжы. У задуме сваёй я маю поўную падтрымку ягамосці караля і вялікага князя Жыгімонта III Вазы і канцлера Льва Сапегі, словы якога «Спакой Айчыны да скону буду берагчы» звіняць і ў маёй душы. Мне даюць грошы, зброю і амуніцыю, дазваляюць падбіраць людзей. Мы ідзем на Інфлянты, а адтуль (ты, пан Марцін, не памыляешся) на Масковію, бо там усчаўся вялікі пажар, і невядома яшчэ, куды паляцяць іскры. Мне, майму войску патрэбен свой сцяг. І я выбіраю вось гэты – палеманісцкі, бел-чырвона-белы. Ён, як промільг яркай чырвонай маланкі ў белахмарным трывожным небе. Ён кліча ў бой. Але на ім залатымі ніткамі вышыты карабель, а мы – людзі конныя, вершнікі, а не карабельшчыкі. І таму замест карабля мы ўзнімем на нашым сцягу сымболь тампліераў – двух вершнікаў на адным кані, і напішам наш баявы кліч «Вера і перамога!». Дай мне гэты сцяг, і паненка-рукадзельніца Эльвіра Скаблінская, што едзе з нашым абозам, падорыць яму новае жыццё.
Без ваганняў Марцін Жабыка-Жэмба перадаў яму баявы палеманісцкі сцяг, сказаў:
– Ведаю, што ўручаю сцяг у надзейныя моцныя рукі. Веру ў тое, што пад гэтым сцягам будзе здабыта не адна слаўная перамога, і што вы, пане водца, створыце свае кавалерыйскія аддзелы, і яны паслужаць Гаспадарству. І назоў ужо ёсць вашаму войску. Не гусары, не казакі, не пяцігорцы, а лісоўчыкі. З радасцю ўсе мы пойдзем за вамі, бо там, дзе ваша галава, там і нашы.
– Лісоўчыкі? – здзівіўся Лісоўскі. – Дзе пан пачуў такое?
– Увесь Нясвіж і ўся Вільня так гавораць.
Аляксандр Лісоўскі трапятліва ўзяў сцяг, пацалаваў палотнішча, сказаў урачыстым цвёрдым голасам:
– А ў Троіца-Сергіеву лаўру да келара Аўраамія Паліцына мы абавязкова зазірнем. І паглядзім, што скажа нам хцівы келар.

XIII

Пакінуўшы большасць сваіх людзей у Нясвіжы, Лісоўскі спешным маршам павёў у Інфлянты сотню вершнікаў, самых падрыхтаваных і са­мых правераных. У Інфлянтах ён меркаваў уліцца ў харугву усвяцкага старосты Яна Пятра Сапегі. З Лісоўскім ішлі Іван Мастоўскі, Вітаўт Гарткевіч, Лявонцій Кукарэцкі, Марцін Жабыка-Жэмба, Мацвей Караба, Андрэй Пратасевіч са Шчаслівым Рокам, немец Рудольф са сваімі землякамі, маладыя шляхцюкі, якія ў свой час разам з панам водцам весела гойсалі ў наваколлях Бярэсця ды Вільні і выпілі не адзін гарнец гарэлкі і крамбамбулі.
Эльвіра Скаблінская пакуль што засталася ў Нясвіжы ў Вітаўтавай цёткі пані Караліны. Вітаўт настояў, каб яна жыла менавіта там, каб падабрала ключык да сэрца Ванды. Ён ведаў, што ягоная каханка вельмі добра ўмее такое рабіць.
У далёкі паход Івана Мастоўскага і Лявонція Кукарэцкага правялі Альжбэта з Анэляю, уплялі яркія стужкі ў грывы іхніх коней. Потым, стоячы на батарэйным брустверы, доўга махалі рукамі ўслед вершнікам, і срэбны слёзны дожджык ліўся па юных шчоках, а з вуснаў ляцелі гарачыя словы:
– Вярніцеся дадому жывымі!
Лявонцій, расчулены, усхваляваны, абняў і пацалаваў дзяўчатак. Прыемна і трывожна-радасна было яму ўсведамляць, што яго будуць чакаць не толькі маці, бацька і сёстры, але й далікатныя пяшчотныя, як вясенні лугавы ветрык, паненкі. Перад гэтым ён пазнаёміўся з Марцінам Жабыкам-Жэмбам, пачуў пра палеманістаў, сам адразу ж зрабіўся палеманістам і склаў верш, які на развітанне прачытаў Альжбэце і Анэлі:

Клянемся табе, святы Палямоне,
Што вечна, як сонца ўзыход,
Жыць будзе на Нёмне, Дняпры і Рубоне
Табой блаславёны народ.

З гэтага часу натхнёны паэт пакляўся самому сабе, што назаўсёды развітваецца з езуітамі, робіцца чальцом Ордэна святога Палямона Ліцвінскага. Праўда, у вайсковым жыцці з самага пачатку не ўсё ў яго заладзілася. Калі Аляксандр Лісоўскі выехаў са сваімі вершнікамі за нясвіжскі вал, каб патрэніраваць людзей і коней, вялікі канфуз чакаў Лявонція. Уваткнулі ў зямлю лазовыя дубцы, сціснулі ў руках эфесы шабляў, пусцілі коней ускач, і Лісоўскі закрычаў грамавітым голасам:
– Сячы налева! Сячы направа!
Свіснулі шаблі. Захрабусцела, упала, як трава, пад бязлітаснымі вострымі лёзамі гнуткая лаза. І толькі ў Лявонція ў самы апошні момант здрадліва ўздрыгнула, падвярнулася рука. Ён узмахнуў шабляй і адсек свайму каню вуха. Конь спалохана і здзіўлена заіржаў, заматаў галавой, спыніўся. Кукарэцкі кульнуўся з сядла на зямлю, стаяў, не ведаў, што рабіць. Нейкае здранцвенне навалілася на Лявонція. З такога стану вывеў яго паранены конь – падышоў ззаду, лізнуў у патыліцу, таўхануў цёплай пысаю ў плячо, нібы папрасіў: «Сядай на мяне, не стой, як укапаны. Трэба ж нешта рабіць». Падгарцаваў Аляксандр Лісоўскі, глянуў, усё зразумеў, загадаў:
– Рві лісце трыпутніку, кладзі на рану, абматай анучаю. І хутчэй вядзі каня ў Нясвіж. Трэба паказаць яго радзівілаўскаму лекару.
Самога ж Аляксандра Лісоўскага перад выправай у Інфлянты наведаў канцлер Леў Сапега. Прыехаў з Вільні, зайшоў у ягоную рэзідэнцыю, абняў, сказаў:
– Ты, пане, Лісоўскі, а я – Ліс. З адной нары, з аднаго гнязда з’явіліся мы на белы Божы свет. І гняздо гэтае – Вялікае Княства Літоўскае. І нам патрэбна абараняць яго ад ворагаў усімі сваімі сіламі. А ворагаў, пане, шмат. Куды ні зірні – адусюль дзьме халодны вецер.
– Так, пане канцлер, – згодна захітаў галавою Лісоўскі. – Ворагаў шмат. І меней іх не робіцца.
Леў Сапега пранізліва зірнуў на яго, потым паглядзеў на абраз Хрыста, што вісеў на сцяне рэзідэнцыі, прамовіў:
– Ёсць Бог, найвялікшы і наймудрэйшы. І ёсць Мікалай Капернік, які не збаяўся паставіць сонца ў цэнтр вечнага неба. Ёсць Ян Гус, што згарэў у вогнішчы, не адрокшыся ад жыццёвага ідэалу. І ёсць мы, што пастаянна мяняем свае веры і мовы. Як зразумець і як вытлумачыць такое? Я сам нарадзіўся праваслаўным. Потым, калі вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце, запісаўся ў кальвіністы. Потым у 1586 годзе стаў католікам. Тры веры перамянілася ў маёй душы. Хіба гэта правільна? Значыць, няма ўва мне цвёрдага пастаяннага стрыжня. Як агонь пад ветрам, вера мая.
– Пан канцлер не адзін такі, – асцярожна ўставіў сваё слова Аляксандр Лісоўскі. – Амаль усе мы такія.
– А чаму? – спытаў Сапега і сам жа адказаў на сваё пытанне: – Таму што пасяліў нас Пан Бог паміж ляхам і маскалём, а яны ганарыстыя, яны задзірыстыя і агрэсіўныя. І мы, наш народ, як бы разрываемся паміж імі. Мы ўвесь час уступаем ва ўсё новыя вуніі, каб захавацца і не знікнуць, увесь час прыхіляемся да больш моцных, да больш вялікіх. Але ж яшчэ любамудр Сенека сказаў: «Радзіму любяць не за тое, што яна вялікая. Радзіму любяць за тое, што яна радзіма». Я добра разумею гэта, васпане. Я разумею, што немец і швед хоча ўзяць нашую волю, а маскаль ды й той жа лях хочуць узяць нашую душу. Мы, дзяржаўныя мужы Княства, як толькі можам, супраціўляемся гэтаму. Вось чаму ў віленскай друкарні Мамонічаў я фінансаваў і распарадзіўся надрукаваць Статут Вялікага Княства Літоўскага нашай прыроднай моваю, каб паказаць усім і кожнаму, хто мы ёсць на гэтай зямлі.
Ён змоўк, як бы прыслухоўваючыся да нечага ўнутры сябе. Па ягоным твары было відно, што яму не дае спакойна жыць пастаянная барацьба думак, якія неадступна і неадчэпна нараджаюцца ў самай патаемнай глыбіні душы. Вось і цяпер, памаўчаўшы, Леў Сапега сказаў:
– Жыццё павінна быць вострае.
– Прашу прабачыць, пане, але што такое – вострае жыццё? – пацікавіўся Лісоўскі.
– Стыло, якім пішаш. Слова, што нараджаецца пад гэтым стылом. Шпага, якой абараняеш свой гонар і гонар сваёй Айчыны, – з найвялікшай жарсцю і перакананасцю адказаў Леў Іванавіч Сапега.
Канцлер, пажадаўшы радзівілаўскаму почату і самому Аляксандру Лісоўскаму вайсковага шчасця, вярнуўся ў стольную Вільню, а лісоўчыкі з усёй імклівасцю рушылі ў Інфлянты. Верасень фарбаваў у жоўты колер лясы. Шэрымі дажджамі плакала неба. Птушкі ляцелі на поўдзень. Людзі рваліся на поўнач, на раку Дзвіну, спрадвечны крывіцкі Рубон, і далей – у залітую крывёй бясконцых войнаў Лівонію.
Яшчэ на самым пачатку трынаццатага стагоддзя ўвесь Рубон да самага ягонага вусця, дзе ўліваецца ён у Балтыйскае мора, належаў Полацкаму княству. Гэта быў водны шлях палачанаў у Еўропу. Лівы і леты, што жылі на берагах ракі, плацілі Полацку даніну, прызнавалі верхавенства полацкага князя. Але прыплылі з захаду ў гэты край рыцары-мечаносцы, і ўспыхнуў агонь вайны, які, калі зірнуць на падзеі ўважлівым і, па-магчымасці, бясстрасным вокам, гарэў, ніколі не тухнучы. Шмат жыццяў узяў ён. Згарэў у гэтым суровым агні князь Вячка, гераічна абараняючы свае гарады Кукейнос і Юр’еў, якія пад жалезнай пятой мечаносцаў сталі называцца Кокенгаўзенам і Дэрптам. Гарэў агонь бязлітаснай вайны (на гэты раз паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй) і цяпер – у верасні 1605 года. Швецыя імкліва набірала сілу. Ёй было цесна ў сваіх скандынаўскіх межах. І ўрэшце рэшт сіла гэтая штармавіта выплеснулася на ўсходне-еўрапейскія абшары.
На крывавых ратных шляхах сустрэліся вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч і шведскі кароль-пратэстант Карл Судэрманскі. Узнагародаю пераможцу павінна была стаць Рыга, горад, якім валодалі палякі і ліцвіны. Глыбокай ноччу пад шквалістым праліўным дажджом, пад раскацістымі ўдарамі грому павёў на Рыгу сваіх жаўнераў ваяўнічы адважны швед, павёў з надзеяю, што ніхто не чакае яго ў такое жахлівае вар’яцкае надвор’е. Ды ў дзвюх мілях ад Рыгі каля вёскі Кірхгольм не спаў, гуртаваў баявыя шыхты Хадкевіч. Ліў бурны дождж, нібы хацеў астудзіць гарачыя людскія галовы, утрымаць іх ад душагубства. Дзве грозныя сілы стаялі адна насупраць другой. Лепей бы ім не сутыкнуцца на халодных начных дарогах, прайсці, не заўважыўшы адна адну. Але яны сутыкнуліся. Дзьмуў у твары густы мокры вецер, нёс з прыморскіх дзюнаў шурпаты калючы пясок.
На самым золку Аляксандр Лісоўскі са сваім початам далучыўся да Яна Сапегі, які стаяў на правым фланзе. Пад началам ва ўсвяцкага старосты былі дзве сотні ўласных вершнікаў, панцырная сотня Невяроўскага, початы Млоцкага, Гедройца і Баркоўскага – усяго каля дзевяці соцень жаўнераў.
– Вітаем рыцараў з Нясвіжа! – узрадавана выгукнуў Ян Пётр Сапега і пад’ехаў, распырскваючы ліпкую гразь, на сваім вёрткім рыжым коніку да шыхта Лісоўскага. – Хопіць працы і вашаму, панове, востраму мячу!
Калі сплыў-сцёк з мокрых расквашаных дажджом дзюнаў белы ранішні туман, убачылі проста перад сабою шведаў. Яны (каля васьмі тысяч пяхоты) пагрозліва стаялі двума шэрагамі, стаялі на ўзгорках. І ў гэтым была іхняя перавага над войскам вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча, што шыхтавалася ў нізіне. Блішчэлі дзіды адкаваныя са славутага шведскага жалеза. Тапырыліся дулы мушкетаў. Праўда, порах трохі адсырэў пад бясконцым начным дажджом.
Разам са шведамі прыйшлі лавіць вайсковую ўдачу ў мокрых слізкіх лівонскіх дзюнах нямецкія, французскія, галандскія і ангельскія жаўнеры. Яны моўчкі стаялі агромністай непарушнай армадаю. Іх чакалі або вялікія грошы, або смерць.
Карл Судэрманскі, новааб’яўлены шведскі кароль, прыспешваючы перамогу, разгуртаваў пяць соцень кавалерыстаў па флангах пяхоты. Ім жа ў падтрымку даў адзінаццаць гарматаў, якія шквальным агнём павінны былі скрышыць безгарматнага ворага. Сам кароль з гвардыяй застаўся ў тыле, але кожнае імгненне гатовы быў рынуцца туды, дзе дасць першую трэшчыну ліцвінская сцяна.
Хадкевіч падзяліў сваё войска на тры часткі. У цэнтры ішоў у бітву адборны гетманскі полк пад звяршэнствам Вінцэнта Войны. Левым крылом кіраваў Тамаш Дуброва. Тут былі панцырныя гусары, тры конныя татарскія харугвы, лівонскія пешцы-ландскнехты Плетэнберга разам з узброенымі абознікамі. Лісоўчыкі стаялі на правым фланзе разам з жаўнерамі Яна Пятра Сапегі.
Перад самым боем вялікі гетман Хадкевіч, памаліўшыся разам з усімі, зняўшы шлем, ад чаго валасы адразу ж ускудлаціў вецер, сказаў войску:
– Перад намі стаіць швед, услаўлены перамогамі, загартаваны бітвамі ваяр. Але й мы, сыны Княства Літоўскага, умеем ваяваць і перамагаць. Шлях вось з гэтага поля адзін: альбо ў рай, альбо ў пекла. Не саступім жа ворагам. Не адвернем позіркі свае. Хоць ворагаў, шчыра кажу я вам, шмат, іх нават цяжка палічыць.
– А мы іх палічым тады, калі ўсіх пераб’ем! – крыкнуў Іван Мас­тоўс­кі.
Хадкевіч пачуў такія словы, усхвалявана адказаў:
– Дай Божа, каб вашы, пане рыцар, словы споўніліся. За добры знак прымаю вашу ахвоту і спадзяюся на вашую мужнасць.
У гэты самы час на другім беразе Дзвіны загарцавалі тры сотні рэйтараў курляндскага герцага Фрэдэрыка, якія прымчаліся на дапамогу ліцвінам. Злёту яны ўрэзаліся на конях у вірлівую рачную плынь, удала знайшлі брод і неўзабаве былі ўжо побач з шыхтамі гетмана Хадкевіча. Рэйтараў сустрэлі крыкамі захаплення.
Убачыўшы такое, Карл Судэрманскі загадаў барабаншчыку біць сігнал атакі. Ярасна ўдарылі палачкі з найцвярдзейшага шведскага дуба па туга напятай бычынай скуры. Звонкі пошчак пакаціўся па маўклівых мокрых дзюнах. І адразу ж усё ажыло, загуло, зарухалася. Шведы пачалі баталію. Яны ішлі ў сініх мундзірах, у чорных капелюшах, высокія, станістыя, шыракаплечыя, з доўгімі грывамі светлых валасоў, з халоднай ярасцю ў позірках. Зрабілася ціха-ціха. Толькі рыпеў пясок пад тысячамі моцных мускулістых ног. Ды ці можна спыніць такую сілу? Усё змяце яна на сваім шляху, як гняўлівая вясновая паводка змятае масты і грэблі.
Лісоўчыкі з Аляксандрам Лісоўскім чакалі шведскага ўдару на правым крыле ліцвінскага войска. Яны ўзнялі над сабою свой бел-чырвона-белы сцяг з выяваю двух вершнікаў на адным кані. Сцяг трымаў Марцін Жа­быка-Жэмба. Ягоныя сінія вочы натхнёна ззялі.
Непадалёк ад сцяганосца, сутыкаючыся страмёнамі, суцішвалі ўзбу­джаных коней Лявонцій Кукарэцкі і Антон Даніловіч-Гоцкі. Конь у Лявонція быў аднавухі. Гэта прыгнечвала былога езуіціка, накіроўвала ягоныя думкі ў дужа змрочны бок. Перад боем убачыўся Лявонцію сон. Быццам стаіць ён пад бязмежным залатым небам. Зіхоткае найярчэйшае святло льецца з нябёсаў, аж балюча вачам. І плыве там, як воблака, як човен, залаты Божы трон. І вось садзіцца Бог на свой дзіўны трон і кажа Лявонцію, кожным словам прапякаючы ўсхваляваную душу: «Ты чалец Ордэну, але не езуіцкага. Адгадай, якога?». «Навошта, Божа, задаеш такія загадкі?», – хочацца вымавіць Лявонцію, але язык не падпарадкоўваецца яму, не слухаецца.
Сёння, чакаючы першай у сваім жыцці сапраўднай бітвы, бітвы, вядома ж, з непазбежнай крывёю і нават смерцю, Лявонцій думаў: «Няўжо я магу загінуць? Няўжо праз нейкія імгненні мяне ўжо не будзе? Як гэта – мяне не будзе? А дзе ж будуць мая галава, мае рукі і ногі, маё сэрца? Дзе будуць мае думкі, мае вершы? Дзе будзе каханне маё да дзвюх прыгожанькіх сястрычак?».
Даніловіч-Гоцкі бачыў і разумеў хваляванне свайго маладзейшага аднашыхтоўца. Ён вырашыў падчас бою па магчымасці апекаваць, абараняць яго, але рабіць гэта не дужа прыкметна, каб не пакрыўдзіць уражлівага паэта.
Тым часам сіняя непарушная шведская сцяна пагрозліва набліжалася. І тады вялікі гетман Хадкевіч паслаў на пярэднюю лінію вестуна з загадам: адступаць, уцякаць. Гэта быў звычны хітры манеўр з разлікам на ўпэўненасць шведаў і самога іхняга караля Карла ў сваёй непераможнасці і неадольнай сіле. Пярэднія ліцвінскія воі паказалі зад, пабеглі бязладнай гурмою, спатыкаючыся, спалохана хапаючыся за галовы, але не выпускаючы з рук зброю. Такі паварот падзей стаўся салодкім п’янлівым віном для суровых шведаў. Яны паверылі, разладзілі свой дасюль амаль ідэальны шыхт, ашчацініўшыся дзідамі, рынуліся ўперад. І тут іх чакала крывавая і страшная неспадзяванка. За невысокім бязлесным узгорачкам яны напароліся на гетманскі полк Вінцэнта Войны, сутыкнуліся лоб у лоб. Шматдульным злым залпам грымнулі мушкеты, няшчадна зрэзалі ўвесь пярэдні шведскі шэраг. У клубках жоўтага парахавога дыму ўзгорачак на нейкія імгненні як бы знік, быццам яго й не было. Але дым развеяўся, і шведы, тыя, хто ацалеў, убачылі проста перад сабой калючы зіхоткі лес вострых ліцвінскіх дзідаў. Гэты сталёвы лес размашыста і прагавіта ўпіўся ў іхнія гарачыя маладыя целы, беспамылкова знаходзячы сэрца, выпускаючы трапяткую душу ў нябёсы. Пачуўся страшны рык-стогн. Зазвінеў захрабусцеў метал. Ручаямі хлынула яркая чырвоная кроў. Узвіхурылася бітва. Мала было забіць шведа. Яго, моцнага і ўстойлівага, як дуб, трэба было яшчэ й паваліць на зямлю. А такое можна было зрабіць толькі вялікай крывёю і вялікім потам.
На правы фланг ліцвінскага войска ярасна наваліліся шведскія рэйтары ў бліскучых кірасах і шлемах, з доўгімі вострымі шаблямі і ручной агняпальнай зброяй. Іхнія грудастыя мясістыя коні, дзіка храпучы, зразаючы цяжкімі капытамі ўсіх, каму не пашанцавала і хто ўпаў на зямлю, несліся напралом.
– Вера і перамога! – люта закрычаў Аляксандр Лісоўскі, узвіваючы ўгору сваю бязлітасную шаблю, прышпорваючы каня.
– Вера і перамога! – падтрымалі баявы кліч усе, як адзін, лісоўчыкі і, быццам камяні лавіны, што няўмольна абрушваюцца следам за самым першым валуном, рынуліся ў атаку за сваім водцам.
Сутыкнуліся, пачалі грызці адно аднаго коні. Людзі пачалі дзідамі і шаб­лямі калоць і пластаваць ворага. Адчайныя крыкі, пранізлівае конскае іржан­не, звон зброі, гулкія стрэлы з мушкетаў, глухія ўдары па мяккаму жывому чалавечаму целу запаланілі наваколле. Гэта быў страшны голас вайны.
Лісоўчыкі біліся супраць рэйтараў, прафесійных шведскіх ваяроў, якія жылі толькі сечамі і паходамі. Магчыма, не хапала лісоўчыкам такога ж баявога майстэрства, бо зусім нядаўна зліліся-з’ядналіся яны ў адзін почат, але адвагі ім было не пазычаць. І натхнёна вёў іх у самае пекла лютага бою чалавек мужнай рукі і ваяўнічага духу – Аляксандр Язэп Лісоўскі. «Сын грому» – ужо знайшоў яму высокае ганаровае імя паэт Лявонцій Кукарэцкі.
Сам Лявонцій, напружваючы ўсе сілы, абліваючыся салёным потам, выганяючы з сэрца страх, калоў і калоў дзідай. Побач з ім секлі шаблямі, стралялі з пісталетаў і мушкетаў Антон Даніловіч-Гоцкі і Вітаўт Гарткевіч. Крыху далей ярасна кружыўся на кані Іван Мастоўскі, адбіваючыся ад рэйтараў буздыганам, цяжкой жалезнай булавой з рубчастымі вострымі пер’ямі. Гэтым буздыганам ён крышыў шведскія чарапы і крычаў:
– Раней смерці не памерці!
Узброеныя вострымі рагацінамі Мацвей Караба і Андрэй Пратасевіч успорвалі жываты рэйтарскім коням, сцягвалі саміх рэйтараў з сёдлаў на зямлю. У сечу Пратасевіч узяў Шчаслівага Рока, і велізарны ікласты пёс з лютасцю накідваўся на гэтых рэйтараў, толькі крывавае ашмоцце ляцела ва ўсе бакі.
Сцяганосец Марцін Жабыка-Жэмба таксама рынуўся ў самы вір бязлі­таснай сечы. Дрэўка сцяга лісоўчыкаў, бел-чырвона-белага палотнішча, ён намёртва прывязаў-прыкруціў папругаю да тулава і, вызваліўшы такім чынам рукі, хвастаў шабляю налева і направа. Са сваім яркім сцягам ён быў падобны на крылатага ваяра-анёла, што адважна зляцеў з хмарных нябёсаў на залітую гарачай крывёй, здратаваную конскімі капытамі зямлю.
Велізарны шведскі рэйтар у бліскучых металічных латах, якія ў некаторых мясцінах былі ўжо прабітыя, у завірусе бою заўважыў сцяганосца, крута развярнуў свайго каня і, пад’ехаўшы да Марціна, скокнуў на яго ззаду, як драпежная рысь. Яны пакаціліся на зямлю. Швед хацеў запалоніць сцяг. Ён быў больш моцны, больш цяжкі – і пачаў душыць Жабыка-Жэмбу, упіўшыся таму жалезнымі пальцамі ў горла.
Даніловіч-Гоцкі з Кукарэцкім ірвануліся на дапамогу сцяганосцу. Саско­чылі з коней, наваліліся на раз’ятранага шведа. Ён быў магутны, як пушчанскі зубр. Цяжка варочаўся, адбіваўся рукамі і нагамі, укусіў Даніловіча-Гоцкага, а потым ударыў галавой. Ды супроць траіх не ўстояў, здаўся, заціх.
Бітва доўжылася амаль чатыры гадзіны. Нарэшце шведы не вытрымалі. Іхняя конніца кінулася на ўцёкі, топчучы сваю ж пяхоту. Кожны, як толь­кі мог, ратаваў уласнае жыццё. Паранены Карл Судэрманскі цудам вы­слізнуў з ліцвінскай пасткі, даімчаўся да свайго карабля, загадаў неадкладна адплываць ад берагу.
– Ваша вялікасць, як я рады, што вы ацалелі! – радасна ўсклікнуў ягоны верны стары камердынер. Кароль адразу ж пранізаў камердынера шпагаю, істэрычна закрычаў з пенаю на патрэсканых скрываўленых вуснах:
– Мярзотнае гадаўё! Усе вы павінны былі быць там, дзе толькі што быў я!
У войску вялікага гетмана Хадкевіча загінула больш за сотню ваяроў. Між іх адзінаццаць лісоўчыкаў. Шведаў лягло некалькі тысяч. Гэта быў жахлівы разгром. Пераможцы ўзялі шмат палонных. Узялі ўсе адзінаццаць шведскіх гарматаў.
Лісоўчыкі, якія скруцілі велізарнага шведскага рэйтара, не ведалі, што з ім рабіць. Палонны паныла стаяў між іх. Чырвоныя абдзёртыя рукі дробна трымцелі.
– Злавілі плотку, што не лезе ў глотку, – разгублена шкроб падбароддзе Антон Даніловіч-Гоцкі. – Трэба б было адразу прыкончыць яго, і ўвесь гамон. А цяпер думай, куды дзець гэту жалезную ляльку.
І тут прагучаў загад гетмана:
– Палонныя шведы пацягнуць у Рыгу свае ж гарматы.
Даніловіч-Гоцкі ўзрадаваўся, паляпаў рэйтара па плячы:
– Будзеш за каня. Усё лепей, чым на тым свеце ў вогненнай смале кі­пець.
Пахавалі забітых на высокім дзвінскім беразе. Шведы таксама закапалі сваіх мёртвых, але ў ніжэйшым месцы далей ад ліцвінаў. Трупаў было дужа шмат, і невясёлая праца доўжылася амаль суткі.
Бяда напаткала ў сечы Вітаўта Гарткевіча – цяжка паранілі Самума. Шведская дзіда прапарола беднай жывёліне левы бок. Конь ляжаў на пяску, сіпла перарывіста дыхаў, то заплюшчваў, то расплюшчваў вялікія карычневыя вочы, у якіх ззялі гарошыны слёз. Часам ён слаба варушыў хвастом, перабіраў тонкімі сухімі нагамі і ўмольна глядзеў на свайго гаспадара, нібы просячы за нешта прабачэння.
– Самум… Самумчык… Косю мой, – укленчыўшы каля любімага каня, у нейкай ліхаманцы ўсё паўтараў Гарткевіч. – Баліць табе, дружа? Баліць? Прабач, што не ўбярог цябе.
Конь слухаў, з напругаю ўзнімаў галаву, пачынаў церціся ёю аб калені Гарткевіча, мяккімі вільготнымі губамі спрабаваў лізаць ягоныя рукі. Гэта яшчэ болей дадавала гаркоты Вітаўту.
– Самум … Конік мой, – ледзь не плакаў ён.
Пад’ехаў Аляксандр Лісоўскі, паглядзеў на ўсё, сказаў строгім голасам:
– Не да твару шляхціцу румзаць у тры ручаі. На тое й вайна. Гінуць не толькі людзі. Гінуць коні. Уставай. Трэба грузіць пакалечанага каня на фурманку і везці ў Рыгу. Там знойдуцца лекары.
Так і зрабілі. Вітаўт Гарткевіч, як у тумане, ішоў за фурманкаю. Самум, лежачы на травяной падсцілцы, неадрыўна пазіраў на яго.
Па той жа цяжкой пясчанай дарозе палонныя шведы валаклі ў Рыгу адзінаццаць сваіх гармат. Пад прымусам рабілі яны гэтую нямілую зняважлівую працу. А куды дзенешся? Як казалі старадаўнія лаціняне: Memento quia pulvis es – Памятай, што ты прах.
Адзін з лісоўчыкаў, вёрткі чарнавусенькі шляхцючок аднекуль з-пад Ліды, спрытна ўскочыў на гармату, якую цягнулі чацвёра шведскіх рэйтараў, сядзеў на ёй, красуючыся, і ўсё паўтараў вясёлую прыгаворку:
– Я на шведу еду. Я на шведу еду…
Напачатку гэта рассмяшыла лісоўчыкаў. Бач, які хват, да чаго даўмеўся! Аляксандр Лісоўскі таксама паблажліва паставіўся да такога камедыянства. Яшчэ ж невядома, як бы сябе паводзілі шведы, усміхніся ім вайсковае шчасце. А шляхцючок усё трындзеў адно і тое ж:
– Я на шведу еду.
– Злазь, – загадаў нарэшце весялуну Лісоўскі, ды той нібы не пачуў. Ся­дзеў на гармаце, крыўляўся.
– Злазь! Не будзь прыліпучай п’яўкай! – гнеўна рыкнуў Лісоўскі, сха­піў шляхцючка за каршэнь, шпурнуў на пясок, – А яшчэ раз пікнеш, са­мога запрагу, як каня, і будзеш разам з імі валачы гэтае жалеззе да са­май Рыгі!
Усе адразу ж прыціхлі, з апаскаю паглядзелі на свайго грознага водцу. Гэты, ледзь што такое, і шабляй можа паласнуць.
Рыга радасна вітала сваіх збаўцаў ад шведаў. І старыя, і малыя выбеглі на вуліцы і плошчы, махалі рукамі, падносілі букеты кветак, хлеб, збаны з півам і віном, смажаную балтыйскую салаку на закуску. Лісоўчыкі ра­зам з усім ліцвінскім войскам прагарцавалі па горадзе. Ім, вядома ж, было вельмі прыемна чуць такую ўсеагульную пахвалу.
Трыумфатарамі вярнуліся ў Нясвіж, але тут іх сустрэлі зусім не так, як у Рызе. Можна сказаць, не заўважылі іхняе вяртанне. Сам Лісоўскі здзівіўся такому холаду і такой цішыні. Аказалася, радзівілаўскай сталіцы было не да іх. Іншыя страсці клекаталі тут, як вогненны вулкан. Тры дні таму нечакана прыехаў з Аўгсбургу ў родны дом старэйшы сын Мікалая Крыштофа Радзівіла Ян Юрый з паніклай павіннай галавою. Высветлілася, што ніхто яго не краў і не трымаў у змрочных падзямеллях, дзе мітусяцца жахлівыя павукі і пацукі. Глытнуў малады княжыч вольнага салодкага паветра ў Еўропе, пайшла кругам зялёная нявопытная галава, і захацелася яму зрабіцца такім, як усе людзі, што былі навокал яго: бесклапотным, азартным, гуллівым. Захацелася яму быць вагантам, вандроўным паэтам мінулых часоў. Адразу ж прыбілася да багатага ліцвінскага княжыча цэлая плойма нахабнага прагавітага люду, у якога наўме былі толькі віно і распусныя жанчыны. Добра пагулялі яны, забыўшыся пра вучобу і пра ўсё на свеце. Калі ж залаты запас пайшоў на вецер і ў кішэнях не засталося ні дынарыя, падгаварылі гэтыя беспрабудныя п’яніцы-гульцы Яна Юрыя выцыганіць у бацькі яшчэ болей грошай. Так нарадзілася легенда пра таямнічае знікненне радзівілаўскага нашчадка. У яе паверылі нават мудрагелістыя езуіты. Меркавалася атрымаць грошы на выкуп і зноўку рынуцца туды, дзе звабліва гучаць салодкагалосыя лютні і тамбурыны, танцуюць, як аголеныя антычныя багіні, вясёлыя чарнавокія смуглянкі, і ракой льецца віно. Але ў нейкі момант Бог вярнуў Яну Юрыю розум. Патаемна ад сваіх ненапойных шумлівых сябрукоў ён сустрэўся з паслом караля і вялікага князя Жыгімонта ў Вене князем Чартарыйскім, як на споведзі, адкрыў яму душу і неўзабаве прыехаў у Нясвіж.
Гэта было класічнае вяртанне блуднага сына. Дужа разгневаны, аж вішнёваскуры ад порсткага прыліву ўзбунтаванай крыві сядзеў Мікалай Крыштоф Радзівіл у Рыцарскай зале замка за шырокім чырвонага дрэва сталом з мармуровымі ножкамі ў выглядзе львіных лапаў. За некалькі крокаў ад яго стаяў на каленях, нізка апусціўшы павінную русую галаву, ягоны старэйшы сын Ян Юрый. Шчокі адлівалі мармуровай беллю. Ва ўсім замку, ды й, мабыць, ва ўсім Нясвіжы звінела напружаная цішыня.
– Нагуляўся? – сказаў нарэшце ціхім голасам бацька. Сын пры гэтых словах яшчэ ніжэй унурыў галаву.
– Напіўся маёй і матчынай крыві? – пачаў узвышаць голас старэйшы Радзівіл. Сынава галава схілілася ледзь не да бліскучай паркетнай падлогі.
– Зняславіў наш род? Плюнуў на магілы продкаў нашых? – павольна пачаў уздымацца з-за стала Радзівіл Сіротка. Хацеў ляснуць кулаком па стале, а потым і дурному сыну па твары. Ды Ян Юрый заплакаў, тоненька, з усхліпам, па-дзяцінаму. Гэта спыніла ўз’юшанага бацьку. Ён раптам успомніў, як маленькага трохгадовага Яна Юрыя ўджаліў проста ў шчочку чмель. Яны гулялі ў лузе над Ушой, і сын нахіліўся над яркай вельмі прыгожай кветкай.
– Ой, татачка! Ой, баліць! – бег тады да яго сын, заліваючыся горкімі слязамі, просячы дапамогі, шукаючы паратунку.
Ад такога ўспаміну Мікалай Крыштоф Радзівіл пакутліва зморшчыўся, колькі імгненняў стаяў і не ведаў, што рабіць. Затым перахрысціўся на абраз Дзевы Марыі, пазваніў у настольны залаты званочак. На парозе Рыцарскай зале адразу ж з’явіўся лёкай.
– Завезці княжыча ў Альбу, – амаль спакойным голасам загадаў Ра­дзівіл.
Альба была прыгарадным фальваркам Нясвіжа, дзе Радзівілы пабудавалі свой дом. Акрамя яго тут стаяла каля дзесяці сялянскіх драўляных крытых саломаю хатак, вельмі прыгожых, нібы цацачных. Былі загоны і хлявы для быдла, студня з жураўлём, маленькія агародчыкі, лавачкі каля хатак.
Па ўсёй Рэчы Паспалітай квітнела мода на сарматызм, пакланенне продкам-сарматам, якія прыйшлі калісьці ў Еўропу з усходніх спякотных стэпаў і зрабіліся ваяўнічай гераічнай шляхтай. Уладарыў культ апрашчэння, набліжэння да прыродных каранёў. Вось чаму пыхлівыя магнаты са сваімі капрызлівымі распешчанымі жонкамі на некалькі дзён ператвараліся ў звычайных хлопаў і хлопак, апраналі хлопскае адзенне, бралі ў белыя рукі сярпы і косы, старанна хадзілі за плужком, выганялі ў поле скаціну, жылі ў маленькіх драўляных хатках. Вядома ж, гэта была толькі гульня. Усе гэтыя «сяляне і сялянкі» цудоўна ведалі, што яны паны, гаспадары ўсяго жывога і мёртвага на гэтай зямлі, што варта ім толькі пстрыкнуць пальцамі, і да іхніх ног упадуць дзесяткі рабоў і рабынь, каб неадкладна выканаць іхні самы нечуваны капрыз, бо нездарма спрадвеку кажуць: пан пануе, а хлоп гаруе. Але такою была мода, а ваяваць супраць моды ва ўсе часы лічылася і лічыцца безгустоўным. Самі сябе ўдзельнікі гэтага маскараду называлі на італьянскі манер пейзанамі.
Вось куды саслаў разгневаны Радзівіл свайго сына. Ян Юрый, пакорліва згадзіўшыся, падпарадкаваўшыся без аніякіх пярэчанняў бацькавай волі, жорстка памыліўся, калі палічыў, што ў Альбе ён таксама зробіцца на нейкі час бесклапотным пейзанінам. Усяго адну ноч пераначаваў ён у прыгожай хатцы. А назаўтра з самай раніцы з пышнай світаю зноў аб’явіўся ў Альбе Мікалай Крыштоф, грозны, халоднавокі, загадаў сыну выйсці на вуліцу. Яшчэ туман поўз па лагчынах, бялеўся, як гусіны пух. Нясмела пачыналі кукарэкаць пеўні. Непадалёку стары свінапас выганяў на пашу гурт пярэстых вісклівых свіней. Радзівіл узмахам рукі паклікаў яго да сябе. Пастух, хуценька здзёршы з лысай галавы брудную пакамечаную шапку-аблавушку, падбег да князя, нізка-нізка сагнуўся ў паклоне.
– Як завуць цябе? – спытаў Радзівіл.
– Міхаіла, – спалохана прашалясцела ў адказ.
– Вось гэты, – пальцам у залатых пярсцёнках тыцнуў князь на Яна Юрыя, – з сённяшняга дня будзе ў цябе за падпаска. Зразумеў?
У адказ было мёртвае маўчанне. Выцвілыя старэчыя вочы свінапаса напоўніліся невымерным жахам.
– Будзе тваім падпаскам, – княжы голас усё болей люцеў. – І пугі, пугі не шкадуй! Калі што не так зробіць, пугаю яго, пугаю! Вось гэтак!
Мікалай Крыштоф Радзівіл вырваў з рук у старога пугу, шырока раз­махнуўся і з усяе сілы шлегануў, але не сына, а самога свінапаса. Той скурчыўся ад болю. Раскошная яркая світа начале з нясвіжскім ардынатам велічна развярнулася і паехала ў палац. На вясковай туманістай вуліцы засталіся толькі свінячы пастух, княжыч Ян Юрый і мітуслівыя вечна галодныя свінні.
Праз нейкі час Аляксандр Лісоўскі даведаўся пра ўсё гэта і зразумеў, па якой прычыне так холадна сустрэў лісоўчыкаў Нясвіж. Падсаладзіла сітуацыю тое, што Жыгімонт III Ваза за гераічныя дзеянні пад Кірхгольмам надаў яму чын каралеўскага палкоўніка. З такой радаснай нагоды паімчаўся ён у Вільню ў Гаспадарскую канцылярыю да канцлера Льва Іванавіча Сапегі. Калі садзіўся на каня, падбегла ўсхваляваная дзяўчынка, спытала задыханым голасам:
– Пане Лісоўскі, а дзе мой бацька?
– Які бацька? – не зразумеў ён, ужо намерыўшыся ўдарыць шпорамі каня.
– Шляхціц Вітаўт Казімір Гарткевіч. Я дачка ягоная – Ванда, – адказала дзяўчынка і пазірала знізу ўверх з трывогай і мальбою.
– Гарткевіч? – успамінаючы, пацёр лоб Аляксандр Язэп і павярнуўся да сваіх спадарожнікаў. – Можа, загінуў?
– Застаўся ў Рызе, – падказалі яму. – У яго пад Кірхгольмам цяжка паранілі каня, і ён застаўся ў Рызе.
– Застаўся ў Рызе, – як рэха, паўтарыла дзяўчынка і пайшла прэч, журботна апусціўшы прыгожую русую галоўку. Здавалася, для яе патух сонечны дзень.
– Не хвалюйся, маладая паненачка. Ён вернецца. Абавязкова вернецца. Галоўнае, што бацька твой жывы, і за гэта вялікі дзякуй Пану Богу, – сказаў услед ёй Лісоўскі. Ён раптам з вострым сумам падумаў, што заўсёды, калі толькі з’яўлялася жаданне, меў для юрлівай уцехі дужа шмат кабетаў, але ўсё не хапала часу нарадзіць і ўзгадаваць уласных дзяцей, і ніхто на белым свеце не будзе чакаць яго з бітвы вось так, як чакае свайго бацьку гэтая дзяўчынка. Падумаўшы пра такое, уздыхнуў і прышпорыў каня.
Канцлер Сапега вельмі цёпла сустрэў новага палкоўніка, павіншаваў, доўга ціснуў намазоленую эфесам шаблі далонь. Потым распытваў пра кірхгольмскую бітву, цікавіўся, ці праўда, што шведы выдатныя ваяры.
– Праўда, пане канцлер, – з усёй шчырасцю адказваў Лісоўскі. – Хацеў бы я, каб у мяне былі такія. Яны, як крэмень, як валуны. Стаяць да канца.
– Але ж мы іх пабілі, – задаволена рассмяяўся Сапега. – Яны, шведы, як крэмень, а мы іх пабілі. Чаму здарылася такое, пан палкоўнік?
– Не ведаю, – адказаў Лісоўскі. – Пабілі, і ўсё. Бог даў нам такі шанец.
– А я ведаю, – зірнуў яму проста ў вочы Леў Сапега, і ў позірку заіскрыўся метал. – І ты ведаеш, пан палкоўнік. Мы перамаглі, мы клалі за дзяржаву горлы свае таму, што баранілі родны дом, баранілі спрадвечную полацкую раку Рубон. Швед ішоў забраць чужое, мы ж біліся за сваё. І не палохаліся ворага, хоць ведалі, што вайны без мёртвых не бывае. Мы добра засвоілі мудрасць нашых продкаў: «Забіце павука, а павуцінне рассыпецца само сабой».
Потым канцлер загаварыў пра ўсходнія маскавіцкія справы, пра цара Дзмітрыя Першага Іванавіча, які шчасліва пазбег смерці ад рук людзей Гадунова і сядзіць на маскоўскім троне, хоць шмат хто называе яго Самазванцам ці Разстрыгаю. Загаварыў пра Смаленск, які яшчэ Вітаўт у свой час далучыў да Вялікага Княства Літоўскага, але Масква ў 1514 годзе зноў захапіла гэты крывіцкі горад.
– Крыўдна мне і балюча, – казаў канцлер. – Мы, Сапегі, са смаленскіх баяраў. Там нашыя спрадвечныя вотчыны, нашыя землі. Але нас выгналі адтуль, выгналі ненаеднікі-ненасытнікі, якім заўсёды чагосьці не хапае. Кітайскі правіцель Шан Ян яшчэ за трыста гадоў да нараджэння Хрыстова пісаў: «Калі людзі дурныя, можна ўладарыць над імі пры дапамозе розуму; калі ж людзі разумныя, можна ўладарыць над імі толькі пры дапамозе сілы». Маскоўскія цары прызнаюць і паважаюць толькі сілу. Вось таму і мы павінны быць моцнымі, быць адважнымі і рашучымі. Сёння спрыяльны момант, каб вярнуць назад усё забранае ў нас сілай. «Ex unque leonem» – Па кіпцюрах пазнаюць льва. Так што не заплывай лішнім тлушчам, пан палкоўнік, рыхтуйся і рыхтуй сваіх людзей – неўзабаве пойдзем на Маскву.

Працяг будзе.