12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генрых Далідовіч

_____________________
Рурыкавічы і Рагвалодавічы. Раман у апавяданнях з прадмовай
і пасляслоўямі. (Працяг)

Апавяданне трэцяе. Яраслаў


...Сын (Яраслаў), аслеплены ўладалюбствам,
заклікаў з-за мора варагаў на помач, думаючы... падняць меч на бацьку... Неба, прадухіліўшы гэтую вайну
богаадступніцтвам, выратавала Яраслава ад злачынства рэдкага...

Яраслаў заслужыў у летапісах імя гасудара мудрага...
Старажытная Расія пахавала (у аўтара “погребла”)
з Яраславам сваю магутнасць і росквіт
(пераклад, удакладненні мае. – Г.Д.).

М. Карамзін


1.

...Як ніколі дагэтуль за свае ўжо немаладыя гады (перакульвае за 35), сёння ён, Яраслаў, як многія лічаць, чалавек спакойны, уважны, глыбока затоены і рэдка калі з вясёлай усмешкай, надзвычай узбудзіўся. Яшчэ б! Толькі што вёў цяжкую размову-спрэчку з некаторым наўгародскім знатным і рамесным людам і ўпершыню за паўдзясятка гадоў княжання пачуў нямала горкіх дакораў. Больш – толькі што ў абурэнні і запале паслаў іх на смерць. А гэта... Гэта азначае, што скончыліся гулі-перагулі з Ноўгарадам: усчаўся насутыч.
Ён – сярэдняга росту, плячысты, ужо са шчодрай сівізной на валасах і на барадзе, у лёгкім бурачковым карзне на адным плечуку паверсе шаўковай ліловай сарочыцы, – як толькі верныя яму растоўскія дружыннікі павялі на кару бунтаўшчыкоў, ацяжэла апусціў плечы, паставіў локці на дубовы навошчаны, таму бліскучы стол, а рукамі абшчаперыў галаву, адчуваючы, як на твары, шыі і плячах высочваецца пот. Не дзіва, што цяпер, у ліпень, можна ў душнаватай палаці прыпацець, ды на гэты раз пот не толькі збіраўся ледзь не ў поцекі, але і быў халодны. Значыць, не столькі ад разгарачанага цела, колькі ад моцнага ўзрушэння. Яно запаланіла душу. А ў вачах усё яшчэ гучалі звонам нядаўнія гнеўныя выкрыкі яму.
Паманілася паклікаць пакаёўнага і загадаць прынесці келіх, не – нават глечык фрызскага п’янкога віна і ўтаймаваць ім свой шал і сваю... віну. Ды ў апошні міг устрымаўся парушаць змалку дадзены маці Рагнедзе зарок: як бацька, не піць, не туманіць, а то і зрушаць хмелем розум. У гэты, “думны” пакой зайшоў чалавек. І па мала чутных, але знаёма падкрадных кроках пазнаў: былы яго пястун, стары баярын-ваявода Буды. Той стаў збоку. Маўчаў. Яраслаў не зварухнуўся, па-ранейшаму звешваў галаву, як напрацаваны конь.
– Усё, князь... – Буды асцярожна кашлянуў, падаў голас угодліва, хрыплавата, з задышкай (што ні кажы, пад семдзясят гадоў ужо; многія столькі не жывуць ці ў такім узросце самі не ўздзябурацца на каня, не ўвішныя, як гэты жыўчык). – Заўтра пра гэта будзе ведаць і ўвесь Ноўгарад... Ты ляж, пастарайся паспаць, а я загадаю сабраць нашых вояў (значыць, звышверных, са сталых баяраў і дружыннікаў). Возьмем пад назірк усе слабоды. Найбольш – кавальскую, скуль яе вадар Пракоп. Вось што яшчэ, князь, – нахіліўся ў паклоне. – Сам-насам перажывай, але іншым сваёй скрухі не паказвай. Ноўгарад павінен адчуць тваю моцную дзясніцу. Не гардавусіць і не сваволіць. Як не займаўся дурыкамі пры пасадніку Дабрыні. Сам ведаеш, той, каб правесці хрост, не цырымоніўся, не асцерагаўся ўжыць і меч, і агонь...
Пры маладым па бацьку браце Вышаславе тут не проста пасаднічаў, а сапраўды, уладзіў і гаспадарыў бацькаў дзядзька Дабрыня. Калі яго наўгародцы забілі, то тут пасаднікам паставілі ягонага сына Касняціна (Канстанціна); той таксама хацеў заверхаводзіць, але навагародцы яму гэтага не дазволілі. Дый Яраслаў адпіхнуў убок, як і свайго пястуна. Апусціў іх да памагатых. Буды моўчкі згадзіўся, тым больш, што быў першы дарадца, на княскай радзе садзіўся па правую руку Яраслава, а вось Касняцін спадлобнічаў і, як перадаваў яму Буды, п’яны абураўся: “Я – не папіхач яму. Вуй! Больш чым на палавіну старэйшы! Я – сын Дабрыні, а ён яго бацьку на столец ў Кіеве ўссадзіў! Няўдзячныя!”
– Загадай падаць каня, – падаў голас Яраслаў, далоньмі пагладзіў рэдкія валасы на галаве (пасля высокага лоба пасярод былі рэдкія валасы, па баках – вялікія залысіны, а на макаўцы блішчэла лысіна).
Калі выйшаў з хорама, каля ганку ўжо чакалі ягоныя гняды, з агністымі вачыма і рыжа-чырванаватай грывай жарабец ды ахова – як і звычайна, без даспехаў, толькі кожны з мячом. Паблізу сустрэў і няпрошаны гурт наўгародцаў – сваякі, знаёмыя тых, каго ён сёння запатрабаваў нібыта на перамовы. Яраслава супакоіла, што мужчыны голавалосыя і разам з жанчынамі цяпер не толькі пасхілялі галовы, але і ўпалі на калені. Значыць, прыйшлі не патрабаваць свайго, а прасіць.
– Разыходзьцеся, – вывеўшы з-за хорама каня, махнуў на іх рукой Буды – невысокага росту, невялікай сілы, але вельмі ўвішны, без макуша на галаве амаль спрэс лысы, толькі з пасмачкай рыжых валасоў за высокім маршчыністым лобам, перад ім, Яраславам, з паслухмяным позіркам зеленкавых хітрых вачэй, з Касцяціным і знаццю асцярожны і выкрутлівы, а з іншымі ашуклівы і часамі неміласэрны. Але так, каб яго злачын быў незаўважны. Таму і непрыемны многім за гэтую рысу характару. Ды патрэбен. Найперш яму. Яраславу. Ён яго рукамі робіць тое, чаго не хоча чыніць сваімі. Вось і цяпер Буды закрывадушнічаў: – Змоўшчыкі і забойцы ў порубе. Пра іх княская воля будзе аб’яўленая заўтра. У князя, апроч іх, шмат і іншых турбот.
Каленаніцыя ўскінулі рукі, загудзелі, але Буды так борздка ўскочыў на каня і грозна выхапіў з похваў меч, што люд напалохана паўсхопліваўся і пачаў адступаць.
Дзень згасаў. Тут, на ўзвышку дзяцінца, было добра відаць, як ужо не гарачае сонца знізілася блізка да краю зямлі, вабячы за сабой дзённую яркасць і развітальна ашчодрываючы неба вакол сябе, а таксама і верх агароджы, што была вакол дзяцінца ў некалькі чалавечых ростаў з акораных, глыбока ўкапаных у дол сасновых і яловых бярвёнаў. Цяпер Яраслаў зусім не пазважаў на цяперашнюю, перадвячэрнюю часіну дня: найперш падумаў, што дзяцінец, а ў ім і ён пад надзейнаю абаронай. У ёй некалькі радоў, а міжраддзе засыпана зямлёй. Паверсе вытапталі вартавы вал, а яго асланілі вострым коллем і шчытамі, каб не ўзлезці на вось такі тын, не трапіць у вартавых стралою. Калі ж праз адчыненыя вароты і па апушчаным мосце мінулі роў, то ўбачыліся асвечаныя сонцам абнесены агародаю пасад з багатымі двух і трохпавярховымі дамамі знаці ды купцоў (іхняе жыллё, клеці, накрытыя дашчаным і дранкавым дахам, мелі свае, асобныя частаколы з завостраных сухадрэвін), драўляныя цыбулістыя цэрквы. Кінуліся ў вочы і шырокае бліскучае люстэрка Ільменя, стужка Волхава, а за ім – не ахаваныя тынам старыя і новыя пабудовы. Яраслаў перавёў позірк уніз, на “торговище” – плошчу, куды сходзяцца вуліцы, дзе звычайна вядзецца гандаль паміж наўгародцамі і чужаземцамі і дзе збіраецца веча. Яно можа адбыцца і заўтра ды быць бурлівае...
Яраславу завабілася патрапіць у жончын летні хорам, хоць не заўсёды меў там суціш і пяшчоту. Усе ў Ноўгарадзе ведалі: ён калі не пад жончынай пятой, то не вельмі любімы, мусіць шукаць у яе ласкі. Але не кожны разумеў, чаму ён, такі строгі, мяккі, нават падатны перад Ірынай. Найбольш смелыя нават даволі адкрыта пацяшаліся: гэта паводзіны пажылаватага мужчыны з юнай красуняй, ахвотнай да ўсялякіх выбрыкаў і вымудраў.

На гэты раз Ірына сустрэла яго ў прасторнай шыкоўнай святліцы, дзе часцей бавіліся яе землякі, чым нават ён. Ледзь не на палову маладзейшая, высакаватая, светлавалосая, пасля родаў папаўнела ажанчыненая і яшчэ болей ахарашэлая. Як заўсёды, у багатым княскім убранні на манер свайго роду. Паўблакітнымі вачыма, дзе рэдка бывае бляск, перахапіла ягоны позірк – сёння не звысоку ці паблажліва, а запальна, ад чаго высокі лоб яе паяснеў, прадаўгаваты роўны нос яшчэ больш вызначыўся, як і поўныя прыгожыя губы. Гэтая яе цікаўнасць дала яму надзею на змены ў іх сямейным жыцці.
– Рады бачыць цябе, любімая, – усміхнуўся радасна, пакульгаў да яе (левая нага была карацейшая за правую).
Яна, сёння спачуваючы яго калецтву, ступіла насустрач, але блізка не прытулілася, толькі першая пацалавала ў шчаку і прызналася на ломанай наўгародскай гаворцы:
– Я ждал тебья.
І цяпер не сказала, што шчаслівая бачыць яго тут. Канечне, хацела не столькі сузіраць, колькі пачуць ад яго навіны. Можна было пагуляць, адкласці на пазней вестку, але паасцерагаўся выклікаць незадавальненне. Дык і пазбег дзейкання:
– Вінаватыя ў смерці тваіх дружыннікаў пазбаўлены жывата.
Маладая, але добра адчула, што гэта значыць. Для іх абоіх і для іхняга дзіцяці. Ды ўхваліла:
– Вось цяпер ты – князь! Сям’ю, верных сяброў абараніў! – Замітусілася пачціва. – Прысядзь. Адпачні. І не бойся. Ёсць каму цябе абараніць...
Схмурыўся. Не сказаць, што не меў страху з-за свайго падману, з-за пралітай крыві. Тут, у Ноўгарадзе, не прасцей, чым у Кіеве альбо ў Полацку: люд добра ведае сваю даўніну, запаветы прадзедаў, нецярпімы да непачцівых, мае пашану да самапавагі, гонару, нават гордасці.
– Паказаў і баярству, і чэрні, хто тут уладар!
“Паказаў!” А яму і ёй рана-позна не могуць “паказаць!”
– Прысядзь, адпачні, – зноў заўгоднічала. – А я загадаю падаць табе вячэру.

2.

Пакуль Ірына адлучалася, ён не мог зноў і зноў не падумаць пра свой лёс. Калі тут памёр Вышаслаў, наўгародцы, ведаючы, што Святаполк і яго жонка-”ляхіня” ў апале ва Уладзіміра, папрасілі, каб да іх князіць той прыслаў яго, Яраслава, паколькі растоўцы хвалілі яго. Зазгоднічалі. Ды як было не паразумецца, калі ў Ноўгарадзе быў лад і ўсяго тут хапала – лесу, поля, хлеба, свойскай жыўнасці, дзічыны, скур, рыбы, мёду, лёну, руды, на многія акругі былі вядомыя наўгародскія цесляры, кавалі і іншыя майстры і майстрыхі, у гаспадарскіх дамах і на вуліцах было дагледжана і чыста ад укладзеных плашак ці аплазаваных бярвёнаў, а на беразе ракі часта куродыміліся лазенкі. Далёка былі вядомыя наўгародскія купцы. Яны не толькі гандлявалі дома і паблізу, але плылі па Волхаве ў Нева-возера, па Неве-рацэ – у Варажскае мора, а па ім – у Скірынгсал, куды, як лічылася, з’язджаліся купцы з усяго свету. Дзе вадою, дзе волакам дападалі і да Дняпра, а па ім – у Кіеў, далей – да Панційскага мора, а самыя заможныя з дарагімі таварамі – па ім у Візантыю. Праклалі ў розныя блізкія, а таксама далёкія землі і санныя шляхі, па якіх цягнуліся абозы. Зімой любілі наўгародцы збірацца, як тут казалі, у “ватагі” па сотні і больш люду ды разбойна ісці далёка па розныя лясныя, вадзяныя здабычы, а заадно і прыгнятаць тамашні вольны люд. Па Наўгародскай Праўдзе ці на вечы вырашалі, як паводзіцца паміж сабой і з іншаземцамі, дык не варта было задзірацца. Тым больш, што наўгародцы ганарыліся: яны – самыя тут даўнія, раней за Полацк і Кіеў займелі князя, сталі горадам-дзяржаваю, а потым і Наўгародскай зямлёю. Тое, што пэўны час іхні князь – другі пасля вялікага князя кіеўскага, гэта па іхняй згодзе. Лішняга Кіеву яны не саступалі і не дазволяць. Хоць і ў іх было не без турбот: наўгародцы любілі і “шалить”. Час ад часу здараліся маёмасныя і сямейныя спрэчкі, п’яныя бойкі, агаворы, махлярства, крадзяжы ў горадзе і за ім, рабункі па лясных дарогах як іншаземных, так і сваіх гандляроў, вядзьмарства.
Ды тут прымяшалася, нават глыбока раніла Яраслава асабістае: саслабелы Уладзімір (а занепадаць пачаў пасля Ганнінай смерці) заявіў баярству ў Кіеве, што пасля ягонай смерці на пасадзе вялікага князя павінен быць Барыс з Растова. Як першы хрысціянскі ягоны сын. Гэта Яраслава глыбока пакрыўдзіла. Параіўшыся з Будам, Касняціным і наўгародскімі баярамі, ён рашыў паказаць бацьку характар: ты некалі зрабіў вольным князем у Полацку Ізяслава, а чаму не быць мне вольным тут? Тым больш, што Рурыкавічы павяліся якраз адгэтуль. Але... Сам загадзя ведаў, які можа быць яму адказ. Ізяславава ў Полацку, а яго тут княжанне – не адно і тое ж. Брат, хоць і “па кудзелі” аднавіў, а потым і падоўжыў прадзедаўскі род, а ён, Яраслаў, як і бацька некалі, як Вышаслаў, прысланы. Склалася так, што наўгародцы не заснавалі сваёй княскай дынастыі, з часоў Рурыка ім (часта і па іхняй просьбе) даюць князёў, а бывае, і пасаднікаў, хоць яны пільна сочаць за новымі верхаводамі. Рурыкаву сыну Ігару (праз пляменніка Алега), унуку Уладзіміру паспрыялі сесці ў Кіеве і ўзвысіць яго; у сябе самаўпраўства пасадніка Дабрыні не сцярпелі; маладога Вышаслава прыбралі да рук; і за кароткі час Дабрыневага сына (яго вытурылі палачане) падпарадкавалі; з ім, Яраславам, у іх ідзе прыцірка. Але як згадзіліся, каб ён тут завёў свой род, так пры непаладзе яны, “лихие”, могуць і скасаваць дамову ці нават расправіцца... Таму з імі трэба трымаць вуха востра, у тым-сім і паддобрывацца... Вось яго рэзкі бунт супраць бацькі спадабаўся, ім палесціла, калі даў грамату спыніць плаціць Кіеву даніну – штогод дзве тысячы срэбных грыўняў. Гэта не быў вялікі цяжар для не бедных наўгародцаў, але яны, скупаватыя і ганарлівыя, ажно пакланіліся яму; бацька, асцерагаючыся, што такая машна і сіла, як Ноўгарад, можа выйсці з-пад яго рукі, ускіпеў ад шалу і прагі правучыць сына і яго горад сілай. Пакуль той, раптоўна састарэлы (яму было за шэсцьдзясят) збіраў дружыны, вырашыў не спаць у шапку і Яраслаў: маючы ад наўгародцаў помач, падаўся да шведаў. Па наймітаў.
У дарогу яму наўгародцы сабралі нашмат больш дзвюх тысяч грыўнаў. Але яны не зусім зацікавілі заможнага ад рабункаў Олафа Шотконунга. Больш было да спадобы іншае – калі ён без згоды з баярствам і вечам падмеўся (канечне, з падманам) прызнаць яго права на ладажскія землі. Паспрыяў і яшчэ адзін зручны выпадак.
У Растове ён быў жанаты. Ці, лепш сказаць, знатныя баяры звялі яго са сваёй родзічкай. Ды пажыў з ёй нядоўга. Яна, як аказалася, шчырая і сціплая, памерла пры родах, пакінуўшы яму сына (цяпер Ілья пры ім у Ноўгарадзе). Засмучаны, ён ухіляўся ад новай жаніцьбы, толькі праз пэўны час задавольваўся “начнымі жонкамі”. У Ноўгарадзе таксама некаторыя баяры пачалі падшукваць яму малодку – калі не яго палавінай, дык хоць суцешніцай у спальні. Ды ён не спяшаўся заводзіць у сваім хораме гаспадыню, каб не падпасці пад націск яе радні. Адчэпліваўся ад сватоў жартачкамі, чым вабіў іншых знатных бацькоў дачок. І вось у Олафа ён пабачыў яго дачку-красуню Інгігерду. Ужо ў немаладога, у яго ўспыхнула маладое пачуццё. Большае за разлік, што яму выгадна мець такую жонку. Але была адна загвоздка: пакаханая была ўжо засватаная з пляменнікам Олафа нарвежцам Олафам Харальдсонам. Нечакана ягонае засмучэнне разагнаў тамтутэйшы конунг Эймунд. Канечне, за важкі мяшэчак з грыўнамі ды за абяцанак шчодра плаціць яму за будучую найміцкую службу. Той надавуміў яго “адкрыць адзін важны сакрэт” бацьку Інгігерды: пляменнік хоча пашлюбавацца з яго дачкой дзеля далёкай задумы. Каб пасля жаніцьбы пазбавіцца ад яго і стаць уладаром адразу дзвюх зямель – нарвежскай і шведскай.
Хлусня напалохала Шотконунга; пляменнік кляўся, што на яго паклёпнічаюць, а юная Інгігерда рвала на сабе валасы: “Не пайду за старога, пляшывага і крывога!”, ды па цвёрдавай бацькавай волі (той даў ёй сваю дружыну, вызначыў за вена – пасаг – Ладагу), са слязьмі і з нянавісцю да яго, Яраслава, паехала з ім, каб стаць наўгародскай княгіняй Ірынай. Тут жа адразу ўпарта паказала, як гаварылі ў Ноўгарадзе, нурманскі (варажскі) нораў: хачу мець свой асобны хорам, а пры ім бацькаву дружыну. Многія наўгародцы былі людзі заможныя, але Ірына перасягнула ўсіх: абставілася дарагімі дыванамі, пастаўцамі з люстэркамі, апраўленай срэбрам і золатам, а таксама срэбранай і залатой пасудай (нарабаванае ў шматлікіх еўрапейскіх землях). Трымала нямала нявольнікаў і з імі абыходзілася люта. Не дапускала да сябе мясцовых гусляроў, баянаў і казачнікаў, мела спевакоў і ахоўнікаў скандынаўскіх легенд (скальдаў) з землякоў, цешылася ігрой на флейтах з Правансаліі. Яе выезды з дружынай, увабранай ва ўсё шведскае, у латах, з мячамі і коп’ямі, з закінутымі на спіну шчытамі, спачатку зацікаўлівалі наўгародскіх разявакаў, а затым пачалі наганяць страх. Любіла завітаць на склады наўгародскіх і чужаземных купцоў, выбраць упадабанае (футры, пасуду, розныя ўкрасы) і ўзяць нібыта ў доўг (тыя давалі, але пасля яму гэта выходзіла бокам). Ён мусіў патураць і яшчэ цярпець іншае вялікае засмучэнне: праз сваіх людзей і праз свае руны Ірына не пакідала знацца з любімым Олафам. І яшчэ адным яна ашаламіла ўсіх: перад родамі загадала, каб ёй прынеслі чашу свежай конскай крыві. Апускала туды, у “боскі напітак”, рукі, каб “быў сын і каб ён прывык да крыві і не баяўся яе праліваць для храбрасці, заваёвы чужых земляў”. Нарадзілася ж дачка. Яраслаў быў рады і ёй. Тым больш, што Ірына згадзілася назваць яе ў гонар ягонай маці-манахіні Анастасіі. Ён верыў: усё разумнае і добрае, што было ў ёй, павінна перадацца і ўнучцы (не памыліўся. – Г.Д.).
Уладзімір, усё больш слабеючы, не нападаў; вольныя ад вайны Ірыніны дружыннікі ад гультаявання разляноціліся, а лайдацтва запатрабавала буянства. Яны не толькі пры выездах любілі пакрасавацца каптанамі з чорнага сукна з бронзавымі зашпількамі на грудзіне, шырокімі скуранымі портамі і вузкімі, кароткімі зашнураванымі спераду ботамі, чорнымі шапкамі з чырвонай каймой. Яшчэ сваволілі фрызонскімі сабакамі-ваўкадавамі, якія злосным гірчэннем перапуджвалі дзяцей і жанок, прыахвоціліся задарма выпіць у дамах багатых гараджанаў, залучыць прыгожую дзяўчыну, а то і маладзіцу. Яны зусім не зважалі на Наўгародскую Праўду, але тут жа спасылаліся на яе, калі ім давалі ўсяго толькі адпор. Маўляў, па ёй не толькі за забойства, але і за абкрыўду, абразу іншаземнага госця заможнаму трэба плаціць яму штраф, а беднага аддаць ім у нявольніцтва ці навечна выгнаць з горада. Яны ж – госці і ўсяго толькі молада гарэзнічаюць... Не выпадкова некалі Уладзімір іхнім землякам не даў шмат запатрабаванага (шчодра толькі разлічыўся за ўзяцце Полацка, насыпаўшы грыўнаў і надзяліўшы кожнага варажскага воя па маладой і прыгожай палачанцы) і выдаліў тых з Кіева...
Ад наўгародцаў пайшлі яму, Яраславу, чалабітныя-скаргі, але Ірына не дазваляла хоць крыху паўшчуваць “гарэзнікаў”. Цярпенне пацярпелых было не бясконцае, тым больш, што ў наўгародцаў ужо не меней паўтары сотні гадоў то затухалі, то зноў усчыналіся розныя, у тым ліку і ваенназабойныя, стасункі з варагамі-нападнікамі. То з Ладагай запрашалі іх (Рурык), то білі і выганялі. Змагаліся з імі і на суседніх іншаплямённых землях. Калі гэтыя новыя гурмой напалі на дом знатнага наўгародца Парамона, разрабавалі яго і пагвалцілі дачок, то слабада, дзе ён жыў, накінулася, абкружыла “весялуноў” і без літасці перабіла ўсіх. Ірына дамаглася, каб ён пакараў “бунтаўшчыкоў і крыўдзіцеляў”. Іначай, прыпалохала, яна і яе землякі пакінуць яго. Ён, ясна, не хацеў у небяспечную для сябе часіну страціць важкую падмогу. Пайшоў на хітрыку, запрасіў завадатараў расправы на перамовы. Гутарка павялася цяжка, з абвінавачваннямі: перамоўчыкі дакаралі яго за патуранне нахабнікам, а ён выгаворваў за самасуд. Урэшце ўсё магло абысціся не цяжкой караю. Ды тут разышоўся смелы, задзірысты каваль Пракоп: ты навёў набрыдзь не для нашых, а для сваіх інтарэсаў, распусціў яе! І ўрэшце, што вывела яго з цярпення: ты – сляпы крот і глухі цецярук, усе кажуць, што Ірыніна дачка – не твая, а нурманская! Тут ён павярнуўся да Будага – той, плюснуўшы вачыма, адказаў: такое нельга сцярпець. Тады ён у парыве гневу прыпадняў руку, павярнуў яе і апусціў вялікі палец уніз – так у Рыме гледачы на трыбуне давалі знак гладыятару-пераможцу дабіць зраненага. Буды гукнуў ахову – тая ўміг уварвалася, усіх маўчуноў і крыкуноў пад аголенымі мячамі пагнала з грыдніцы. Ноўгарад “обагрился кровью...”
Пакуль усё гэта за колькі хвілін мільганула ў галаве, Яраславу падалі вячэру – засмажаныя вэнджанае мяса з яйкамі, рыбу, зялёную цыбулю, хлеб, кіслае малако. Ірына адпусціла прыслужніцу, пачала сама накладаць яму на талерку смачныя кавалкі.
– З раніцы расінкі ў роце не было, – прызнаўся, – але не хочацца есці.Цягне на сон.
– Паеш, мілы, – папрасіла яна.
“Мілы!” – радасна ўстрапянулася ягонае сэрца. Не мог не паслухацца, падсілкаваўся.
– Хадзем у нашу одрыну (спальню), – бадай, упершыню прамовіла слова “наша” і, здаецца, першы раз ахвотна прытулілася, а пасля ў абдымку павяла яго ў сваю спальню.
...У гэтую ноч яны далі пачатак новаму жыццю. З надзеяй, што цяпер будзе сын.

3.

Яраславу выпала доўжыць пачатае дзедам Святаславам: у Растове, мацуючы яго, абславяньваў племя меранаў (летапіснае “меря”), меў варункі з мурамай, мардвой і чарамісамі, а тут, у Ноўгарадзе, дзеля яго інтарэсаў знаўся з лівамі, чудзінамі, важанамі, наровамі, а каб зацвердзіцца сярод весі дзеля “паўночнай сталіцы” (Ноўгарада), задумаў на тых землях, на рацэ Ра, што ніжэй па цячэнні называецца Іцілем (Волга), пабудаваць новы горад свайго імя. Таму, маючы нямала турбот, і тут пачынаў дзень рана, яшчэ на досвітку.
Сёння ж таксама абудзіўся на золку. Каля ненакрытага жончынага боку. З замілаваннем слухаў, як Ірына, лежучы на спіне, ціхенька і роўна дыхала, маючы моцны малады сон. Засцярожліва, каб не рыпнуў ложак, прыпадняўся на локці і азірнуў поўненькае, светла-матавае, пяшчотнае і на дасвецці жончына цела – раскіданыя светлыя валасы прыкрываюць гладзенькія шчаку, прадаўгаватую шыю, бліжэйшы вабны плячук, але не засланяюць паўкруглыя тугія грудзі, вабкі жывот, стройныя ногі, абхіленыя толькі па калені летняй коўдрачкай. Адхінуў валасы з твару – ён цяпер, без ніякага натужання, лагодны, выпраменьваў маладзенькую яснасць, супакаенне ўсцешанай душы і быў падобны на лік соннай шчаслівай жанчыны. Ад дотыку сваіх жа валасоў Ірыніны светлыя бровы варухнуліся, а за гэтым і яе спакусна паўраскрытыя вусны; яна штосьці невыразнае мармытнула на роднай мове, пасля павярнулася пакатай да яго спіной і несвядома нацягнула коўдрачку на акруглыя, прыгожыя ў сваёй важкасці клубы. Мо каб быў маладзейшы, то іначай сябе адчуваў бы, пагарэзаваў бы і пабудзіў, але нашмат старэйшы, на ўсю моц сталай, малазведанай ласкі душы любаваўся такой простай, але і такой нябеснай праявай жаночай маладосці і красы.
– Спі-спі, любоў мая, – шапнуў, поўнячыся радасцю, што, можа, з гэтай ночы ў іх жончыная непрыязнь зменіцца на людскасць і дабросць, і ён нарэшце зведае такое жаданае і для князя сямейнае шчасце: гэтай ноччу, як ніколі, Ірына была гуллівая, узбуджальная, упершыню нават забыўлівая ў блізкасці і жарскасці.
Апрануўшыся, на дыбачках выйшаў са спачывальні ў паўзмрочны перадспальны пакой, дзе, спаважна падняўшыся з лаўкі, яго ўжо сустрэла зусім не сонная, а ўзбуджаная Ірыніна пакаёвая – яе зямлячка, пажылая і кастлявая Рынгала. І па яе ажыўленым позірку здагадаўся: яна чакала якраз яго. Штосьці залапатала па-свойму, але ён яе не зразумеў. Толькі ясна было адно: Кіюв, Кіюв... Значыць, нейкія навіны не з Ноўгарада (а наўгародцы ўжо і цяпер, раннем, могуць забуяніць), а з “паўднёвай сталіцы”. Павабіла рукой: ідзі за мной. Спусціліся па драўлянай, з прыгожай разьбой лесвіцы, засланай дываном, узбоч сцяны, дзе ў гаршках яшчэ невыразна вызначаліся кветкі, на першы паверх. Па ім, па доўгім таксама з дываном праходзе, прыкрочылі да палаты, дзе прыймалі не надта знатны люд. Тое, што вестка магла быць з Кіева, захвалявала не менш за наўгародскую пагрозу. “Што за весць? Бацька ідзе сюды? Хутка бой з ім?”
У простым пакоі са сталом і лаўкамі быў, сапраўды, чалавек у кіеўскім строі. Яшчэ малады, чарнявы, у звычайных мокрых валовых ботах і каптане, стомлены – вызваленыя ад навушніцы кучаравыя валасы ліпліся да ўпацелага лоба, а вочы запалыя. Значыць, зведаў змушанае бяссонне. Цяжка падняўся, абапёрся далоньмі аб стол. У адной руцэ быў згорнуты скрутачак.
– Здароў быў, князь, – нізка схіліў галаву. – Я – скараход з Кіева. Табе – весткі ад сястры тваёй, Прадславы. Вось, – падаў граматку.
“Гэтаму пасланцу вер. Як і мне”, – напісала яна.
– А весткі ад яе, князь, вусна.
“Верная слову свайму, – падзякліва падумаў пра сястру. – Калі апошні раз бачыліся ў Кіеве, дык без маёй просьбы падмелася перасцерагаць ад усякіх злыбед... Значыць, насоўваеца ліхасць... “ – пахаладнеў. Ды як не здранцвееш, калі трэба падымаць меч на...
– Памёр ваш бацька, вялікі князь кіеўскі... – перапыніў яго думкі скараход.
Што? Яраслаў ад нечаканасці нібы пачуў і быццам не зразумеў нічога, таму і ўголас перапытаў: – Што?
– Памёр ваш бацька, вялікі князь кіеўскі, – пачуўся адказ-паўтор зморанага чалавека.
Вось так. Не стала бацькі, супраць каго замысліў бунт. Значыць, мо і ён, ягоны сыноўскі ослух, даканаў надарванага зямным быццём яго жыццядайца. Значыць, нямала хто будзе вінаваціць яго. Ды... Цяпер, пакуль усё не ўтрасецца, уварвання з Кіева не будзе.
– Садзіся, – сказаў ганцу і сам апусціўся насупраць стала на лаўку. І да Ірынінай пакаёўніцы: – Прынясі добрага віна і закусь. – А госцю зусім без разгубленасці: – Што перадае мне Прадслава?
– Верныя твайму бацьку мужы знатныя хацелі гэтую весць утаіць на час. Каб дачакацца з паходу на печанегаў Барыса з дружынамі. Ад яго печанегі збеглі, і ён іх не знайшоў. Вось да яго, амоцненага, верныя твайму бацьку і паслалі ганца. Але Барыс не захацеў займаць бацькава месца. “Не пайду супраць старэйшага брата, ён цяпер мне за бацьку”, – адказаў. Значыць, прызнаў за вялікага князя Святаполка. Дружыны махнулі рукой на дзівака і разыйшліся па сваіх землях. Кіеўскую сустрэў Святаполк і асыпаў яе дарамі з вялікакняскай казны. Яна прысягнула яму як вялікаму князю...
У Яраслава нянавісць да Барыса раптоўна змянілася на міласць – выходзіць, не прагны да ўлады. А вось Святаполк... Што ж, мае поўнае права на пасад кал не як Яраполкаў сын, то як Уладзіміраў. Старэйшых за яго цяпер няма. Але з ім, уладалюбцам, фанабэрнікам, двудушнікам і вераломцам, закрочыць ліхасць і чорная часіна. Пад знакам помсты за бацьку Яраполка ён пастараецца зжыць са свету ўсіх супернікаў, Уладзіміравічаў.
– Святаполк падаслаў забойцаў да Барыса, – пачаў пацвярджаць яго здогад ганец. – Яны цяжка паранілі Барыса. Абаронцаў ягоных забілі. Нелітасціва пасеклі отрака Грыгорыя Угрына. А каб зняць з яго шыі залаты ланцужок з грыўнай, падораны Барысам, адсеклі яму галаву. Брат яго, Майсей, дужа зранены. І ў небяспецы вялікай.
Каб іншым разам, то Яраслаў усміхнуўся б з гэтых спачувальна-горасных навін Прадславы пра братоў Угрынаў: яна (бедная, бацькам адлучаная ад мужчынскай ласкі) употайкі кахалася з Майсеем. Дык во і клапоціцца дбала пра любімага.
– Зраненага Барыса прывезлі да Святаполка, але той загадаў дабіць яго, – скараход збіраў апошнія свае чалавечыя сілы, каб ясна мысліць і пераказаць Прадславін наказ. – Сястра твая перасцерагае: Святаполк паслаў згубіцеляў-ірадаў і па душу Глеба, Святаслава. І па тваю, князь...
“Так і ёсць, – Яраслаў зноў зведаў халодны пот. Цяпер не столькі ад страху, колькі ад жудасці. – Усіх нас– пад корань... Во Каін...”
– Хоча падкупіць печанегаў, каб не прапусцілі Мсціслава з Цьмутаракані ў Кіеў. Паслаў свайго чалавека да цесця, Баляслава.
“Загадзя ўсё прадумаў злыдзень! З усіх бакоў абкладаецца!”
– І яшчэ адна навіна ад сястры тваёй, князь. Візантыя ваюе з балгарамі, дык ёй цяпер не да Кіева. Прадслава змушала мяне завучыць на памяць словы: “... дык ёй цяпер не да Кіева...”.
Яраслаў яшчэ раз здзівіўся: якая разважлівая сястра, якой спадручніцай была б любімаму мужу! (Ён тады яшчэ не ведаў аднаго жаху: асвечаныя ведамі і мудрасцю візантыйцы павяліся... звышбязлітасна: асляпілі 15 000 запалоненых балгараў. І яшчэ тады не зведаў, чаму Прадслава падала свой загадкавы знак пра Візантыю).
Пакаёвая са слугамі прынеслі сняданак яму і скараходу. Яраслаў не дакрануўся да ежы, а той з прагай выпіў вялікі келіх віна, паспрабаваў есці, але ўміг панік, а потым аббясілена ткнуўся тварам на стол.

Скарахода Ірыніны слугі-мужчыны перанеслі ў спальную палату; Яраслаў, не зважаючы на дождж, толькі атуліўшыся непрамакальным шведскім плашчом, няспешна падаўся ў свой летні дом, што быў паблізу Ноўгарада, за Юр’евым манастыром. Як ніколі, думкі, душа былі раздвоеныя. Трэба было жалобіцца, што не стала бацькі і вялікага князя Русі, а ён не адчуваў нават смутку. Яго перасільвалі тайнае суцяшэнне. Але і трывога. Што да неспакою, то ён быў не столькі ад боязі падасланага забойцы, колькі за тое, да чаго яму хутка трэба будзе прычыніцца...
Не мог не падумаць з падзякай аб Прадславе. Шчыра любіць іх, братоў па няшчаснай маці (ён тады яшчэ лічыў яе менавіта такой, не ведаючы, што яна з-за іх, уладкаваных дзяцей, адраклася ад зямных радасцей), беражэ. Хоць, бач, Прадслава засмучаная за Барысаву загібель, шкадуе Глеба, хоча ўратаваць таго. Міласэрная. Па-свойму гаротніца. З-за незразумелай бацькавай любові. Красуня з красуняў, а вось замуж выйсці не дазволіў. І да Праміславы не дапусціў жаніхоў. Чаму? Не пазбавіўся любові да іх маці? Бачыў яе, маладую, шчодра адароную красой, у асобе дачок? Дзіўная, не зусім здаровая бацькоўская любоў! Які там набожнік! Мучыцель! (Раней, асабліва тады, калі шанавіта апынуўся ў Ноўгарадзе, адкінуў усе папрокі бацьку за былое, але вось нядаўна, калі забунтарыў, набіраўся злосці супраць таго.). Ён, Яраслаў, крыху запомніў маці. З самага ранняга побыту асабліва ўрэзалася ў памяць адно: калі ў матчыную святліцу ўвайшоў злы бацька і агаліў меч. Маці, багата і хораша ўвабраную, засланіў высакаваты для свайго ўзросту іхні Ізяслаў. Таксама з дастаным з похвачкі дзіцячым мячом. Збялелы што снег, але з рашучасцю ўдарыць бацьку. Яраслаў, бадай, нічога не зразумеў з таго, што дзеецца, але і, як лічаць, маленькай дзіцячай душой адчуў вялікую небяспеку для маці, брата і памкнуўся да іх. А ён жа тады не хадзіў. Ды нейкая незразумелая сіла падкінула – ён загаласіў і... пабег! Бацька ажно анямеў. Ад непарушнай жонкі і ад іх, сыноў – старэйшага са зброяй і ад малодшага, імтанутага з месца. Павярнуўся і рушыў са святліцы... Яраслаў пасля таго дня больш маці і брата не бачыў, толькі нядаўна, едучы ў Ноўгарад, завітаў у Полацк, пазнаёміўся з пляменнікам Брачыславам, пабыў з ім каля кургана-гары дзеда Рагвалода і бабулі Прадславы (там знайшлі вечны спачын і два дзядзькі), куды палачане насуперак епіскавай волі падхавалі рана памёрлых і маці, і брата, сынаўца Усяслава. Тады хораша пагаварылі – ён і Брачыслаў. Той спадабаўся раннім ясным розумам, развагаю, хоць яму было не больш дзесяці гадоў. Мо і дзедаў ды бацькаў лёс, матчыныя, баяравы мудрыя парады пачалі прызвычайваць яго змоладу сталець, гаспадарыць. Дамовіліся тады, што Полацк і Ноўгарад паміж сабой будуць мірнічаць і гандляваць.
...У сваім летнім доме Яраслаў не паімкнуўся пабачыцца з Касняціным і сынам, а зажадаў сустрэцца з Будым: першы падабраў толькі бацькаву жорсткасць, але не глыбокі розум; Ілья – па гадах недалёка ад Брачыслава ды зусім не мае самастойнасці-разваротку таго, а вось трэці, Буды, – бадай, шасцігаловы змей, патрэбен для гутаркі і пры людзях, і сам-насам. Без лішніх слоў той ведае: ён, Яраслаў, спажываў і будзе спажываць ягоную выкрутлівасць; трэба – залучыць ягоную думку, трэба – сваю падасць як яго, каб не высоўвацца самому. У іх ужо даўнавата наладзілася своеасаблівая змова-гульня.
– Спачуваю, князь, – Буды вось і цяпер не ўпаў на калена (знае, што непатрэбен такі прытвор), а толькі нізка схіліўся, бліснуў жоўтай, з чырвонымі пражылкамі лысінай.
Яраслаў у тон Буду журботна хітнуў галавой. Выяўлена сыноўская журботнасць. Княскае – наперадзе. Паказаў рукой: садзіся. Насупраць за сталом.
– З сённяшняга дня рашуча запыняй вольныя прагулянкі, – перасцярог Буды, – для сваёй рашучасці... Падасланец калі не сам дабярэцца да цябе, то падшукае нібыта скрыўджаных табой наўгародцаў...
Вось і ў гэтым спачуванні Буды закінуў пробны камень у вызначэнні паняцця “сваёй рашучасці”. На гэты конт ён, Яраслаў, шматлікага не давяраў Буду, але той унікаў, разумеў. Але цяпер – зусім іншае. Буды павінен яго падштурхнуць...
Некалькі хвілін – іспыт адзін аднаго. Буды па позірку зразумеў і сказаў тое, што трэба яму:
– А так, Яраслаў, гэта табе... нябесны знак...
“Нябесны знак...”. Канечне, цяпер яму паратунак. Ад бацькавага гневу. Але Буды хоча сказаць не толькі пра гэта... Той без ніякае натугі зразумеў тыя думы-задумы, што ў яго песціліся з таго часу, калі дайшоў сюды погалас пра Уладзіміраву хворасць. Гэта і добра, і небяспечна, калі самы блізкі памагаты не толькі разумее намёк, але і невымаўленае. Не кожны князь жадае мець такога падсобніка: часта бывае, той не шчыруе, рана-позна можа нанесці ўдар у спіну. А Буды – якраз такі нягоднік: у свой час быў абласканы Яраполкам, а потым затлуміў таму галаву рознымі хітрыкамі-ашукамі і перадаў-прадаў яго Уладзіміру, за што яму далі мянушку Блуд. Хоць яму, Яраславу, такое не пагражае: перабежчыка-прадаўцу Будага-Блуда чакае смерць, калі Святаполк – Яраполкаў сын. Значыць, павінен служыць яму, Яраславу. Як верны пёс. Так што ягонае мярзотніцтва карыснае. Без такіх акаянцаў-шэльмаў, бадай, не абыходзіцца ніводзін уладар.
– Наўгародцы ўжо ўведалі пра ўчыненае, – павёў далей сваё Буды. – Загулі. Канечне, склічуць веча. Захочуць мо і прагнаць цябе. Але цяпер ты не толькі не пацерпіш, але і павядзеш веча за сабою...
“Павядзеш!” Хто ведае, як будзе паводзіцца абураны натоўп. Толькі загадзя ясна: проста так не даруе забойства сваіх гараджанаў. Веча наўгародскае – сіла вялікая. Гэта не полацкае, дзе веча пачало збірацца толькі праз чвэрць стагоддзя, пры немаўляці Брачыславе, і тым больш не кіеўскае, дзе, лічы, яго ніколі не было; там моцныя князі з часоў Алега і раду збіраюць толькі для таго, каб выявіць ёй сваю волю. Так што цягаў воўк авечак – могуць пацягнуць і воўка... Здаўна вядома: наўгародцы ўмелі і могуць хутка перамяніць мірны характар на воінскі. Адно спадзяванне на тое, што паасцерагаюцца Святаполка. Калі той прыбярэ яго, Яраслава, то і адменіць дадзеныя ім прывілеі. Значыць, патрэбны дзьве рэчы: выціснуць з сябе слязу (мо і нацерці вочы цыбулінай), пакаяцца і нацкаваць наўгародцаў на Святаполка. Вось тады мо і “павядзеш...”. І яшчэ вялікая надзея на Прадславу. Трэба папрасіць яе, каб падкупіла каго з тых, хто цяпер блізка да Святаполка...
– Многія наўгародцы не могуць не паспачуваць табе ў тваім горы вялікім, – адгадваў ягоныя думкі Буды. – А калі ты павыбачаешся і прыстрашыш Святаполкам, то суцішацца. А калі...
Яраслаў апусціў галаву, слухаў і добра разумеў, што значыць гэтае новае, не да канца прамоўенае “а калі...”. Яно можа сцвердзіцца толькі тады, калі наўгародцы даруюць яму, згодзяцца пакінуць сваю працу, сем’і, возьмуць у рукі зброю і збяруцца ў раці, каб пайсці з ім і за яго ў Кіеў. А гэта... Не адбылася вайна з бацькам, дык не пазбегчы яе з братам. І трэба ўдарыць першым!
– Што рашаеш, Яраслаў? – запытаў Буды. – Калі наўгародцы памогуць, пойдзеш на Святаполка ці будзеш чакаць ад яго міласці і ласкі?
– А ты што параіш? – пацікавіўся дзеля прыліку.
– Не пойдзеш – прыйдзе ён. Не проста так збірае сілу.
– Вялікая кроў пральецца. Братазабойная!
– Праўда, так ці гэтак яе нямала нацячэ. Ды яе праліў ужо Святаполк, – супакоіў Буды. – І яшчэ большую пралье. Не ён такі першы і не апошні...
Недагаварыў: апроч дзеда Святаслава і прадзеда Ігара, астатнія князі ішлі да вялікай улады ў Кіеве праз забойства, у тым ліку і родных братоў. І рана-позна іх ухвалялі, кланяліся нізка.
– І ў іншых так жа, – супакойваў далей Буды і напамінаў: – Сам жа ведаеш, нядаўна кароль чэхаў Баляслаў Рыжы, як толькі сеў на пасад, загадаў гвалтам пазбавіць мужчынскай сілы брата. Другі брат выратаваўся толькі ўцёкамі. Ляшскі кароль Баляслаў выгнаў братоў, а некаторых небяспечных яму родзічаў асляпіў. А франкі, грэкі, хазарскія і печанежскія ханы... А хвалёная Візантыя!.. Рэкі і братняй крыві пралілі... Так што, паўтаруся, спажывай нябесны знак табе... Не марудзь вельмі, ідзі. А вось з Палацескам трэба перамовіцца, заручыцца, што ён не ўдарыць табе ў спіну. Хоць... Не ўдарыць. Пакуль што...
Буды хацеў сказаць, што цяпер, пасля смерці Уладзіміра, пэўнае права на пасад у Кіеве мае Брачыслаў. Як самы старэйшы Уладзіміраў унук. Але вось іменна толькі пэўнае: бацька, Ізяслаў, не быў вялікім князем кіеўскім, яго вотчына – Полацк.
– Пашлі ганца ў Палацеск, – натхніў Буды. – Нібы запытай, ці будзе Брачыслаў зырыцца на Кіеў. Палацескія гардавусы задаволяцца ўжо і тваім запытам. У тваю бітву са Святаполкам не ўлезуць. Ім цяпер лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе. Найперш – свае, палацескія, інтарэсы. І трэба зрабіць усё, каб пра забойства Святаполкам Барыса ведалі чым далей... І не зашкодзіць, князь, пусціць чутку, што Святаполк не толькі жадае ад цесця Баляслава змяніць веру ад Канстанцінопаля на веру ад Рыма, але намерыўся і перадаць ім і землі нашы. Хлусня, канечне, але яна цяпер трэба... Добра было б, каб пра гэта якую граматку ўмела падрабіць і каб яе люду паказваць... Тады апраўдана было б Святаполка схапіць і зжыць са свету... А пасылаць перасцярогу ў Мурам Глебу не спяшайся... І ён, і Святаслаў з Драўлянскай зямлі, і Усевалад з Уладзіміра слабыя, табе не памогуць. А Мсціслава, канечне, печанегі не дапусцяць.
Блуд ёсць Блуд. Раіць прыбраць як не адзінакроўных, так і родных братоў-супернікаў чужымі рукамі, а сябе падаць іх заступнікам. Ніколі яшчэ не зведваў такога ўзрушэння-уструсу, як за апошнія некалькі дзён. І асабліва за гэтыя суткі. Хоць і ў ягоных братоў, сясцёр гэтыя дні былі мала сказаць трывожныя – адчайна-небяспечныя. Не аднаму з іх рашаўся лёс: жыць ці не. А калі быць на гэтым свеце, то як? Было-ішло ва ўсіх, апроч Святаполка, усё больш-менш гладка – і раптам... Усё – употырч!.. Блуд больш не насядаў і не падспешваў. Мо і адчуваў-бачыў: некалі Святаслаў, збіраючыся ісці на непрыяцеля, пасылаў таму вестку: “Іду на вы!”, а Яраслаў будзе памоўкваць, але рушыць на брата...
“...Не видя лучшего средства, Ярослав прибегнул к великодушию оскорбленного им народа”, пакаяўся на вечы (“я – безразсудный”), заплакаў па бацьку, але нейкі час “народ безмолствовал”, пасля паспачуваў яму. “Ярослав отер слезы и продолжал”, “воспламенил их усердие известием о новых убийствах Святополковых, набрал 40 000 россиян, 1000 варягов” і “вступил в поле” (тут і далей задвухкоссенае належыць М. Карамзіну. У іншых крыніцах колькасць “россиян”, г. зн. наўгародцаў і іх суседзяў, іншая: 30 000, 3000. А “вступить в поле” азначала “пайсці на бітву”. – Г.Д.).

4.

Яраслаў пакінуў у Ноўгарадзе кіраваць за яго, князя, маладога сына (яму, як і стрыечніку Брачыславу было 15 гадоў), пасаднікам – пажылога Касняціна (Ноўгарад быў з рэдкіх гарадоў, дзе маглі кіраваць удвух – князь і пасаднік, і апошні часамі меў большую моц) і адправіўся ў паход па вывучаным ужо стагоддзямі шляху “з варагаў у грэкі”. Пасля Ільменя, наўгародска-пскоўска-гарадоцкай ракі Ловаць і волака па сушы патрапіў у Дняпро і паплыў па ім. На сваіх ладдзях ды плытах, а таксама і на сярэдняга аб’ёму свейскіх дракарах, кожны з высока ўзнятым носам і абстрашаны галавой злога дракона (вялікіх дракараў, што рухаліся не толькі пад вёсламі, але і пад парусамі, маглі ўмясціць шмат вояў і коней і якія зведалі не адно мора, навялі жах на шмат плямён і народаў, не ўзялі з-за іхняй грувасткасці). Абуджаючы цікаўнасць прырэчных насельнікаў (“Ноўгарад на некага ідзе вайной”), падаваліся спачатку па сваёй, крывіцкай, а потым між залежнымі ад Кіева радзіміцкай і дрыгавіцкай земляў, мінулі Магілёў, Оршу, Рэчыцу. За імі Дняпро стаў значна шырэць: яго папоўніла Бярэзіна. А далей уніз, калі дасягнуць яго Сож, Прыпяць і Дзясна, ён яшчэ болей шматводны, разальецца ўбакі. Пасля Рэчыцы Яраслаў замарудзіў рух і паслаў наперад ужо і выведнікаў па берагах (коней “пазычылі” ў прырэчных паселішчах), усё часцей клікаў іх да сябе з адной і той жа турботай: паказаліся Святаполкавы дазнавальнікі (а значыць і перадавыя сілы) ці не? Нельга дапусціць, каб той зашчаміў іх на рацэ, не даючы высадзіцца. Нарэшце яму даклалі: мясцовыя кажуць, што, плаваючы па Дняпры, бачылі шмат вояў на блізкай зямлі севяранаў, каля Любеча. Значыць, Святаполк там будзе сустракаць яго.
Услед за ахоўнымі ладдзямі павольна плывучы ў Эймундавым дракары з полагам ад дажджу, Яраслаў агледжваў берагі: на якім з іх, дзе спыніцца. Нейкае пачуццё падказвала: трэба зрабіць гэта на правым (лоеўскім) боку. Каб іх адгароджвала Дняпро і каб сабраць у адзін кулак сілу і схаваць запасныя дружыны. Хоць аколле тут было няпростае: ёсць дубовыя дубровы, але невялікія, больш хваёва-бяроза-асінавых лясоў з зараснікамі рознага кустоўя, шмат поймавых паплавоў і лугоў, старыц, імшарын, балотцаў з пратакомі, трыснягоў, чароту. Цяпер, ужо ў познюю восень, прыдняпроўская прырода тут была стракатая: і ўдзень неба нізкае, захмаранае, імжыць-цярусіць дробным халодным дажджом, ад чаго дняпроўская вада зацемненая і змрочная; дубы пашарэлі, але яшчэ не скінулі лісце (вунь у гэтай дуброве збірае жалуды статак дзікоў); сярод зялёных хвой жаўцеюць з рудаватым адлівам бярозы і асіны, разам з кустоўем назбіралі макрэчы; паплавы і лугі абшарэлі ды за асеннія часіны авадзянелі, а балотцы з пратокамі сталі сажалкамі (сярод іх ёсць і выгарыны, што сталі дрыговінамі – выгаралы глыбока торф, а яміна заліта вадою, а паверсе яе трава-паплывуха; выпадкова ступіш туды – неспадзявана шухнеш на дно, а сплеценая трава не дасць выбрацца). Яраслаў уздыхнуў: нязручныя мясціны для высадкі, тым больш для стаянкі. Паселішчы (як меркаваць па дарогах да іх) – у лясах ці за поймамі, каля распрацаванага поля. Хоць ужо позняя часіна, але яшчэ не зазімак. Вось раз-другі выблукалі з лесу мужчына і жанчына з пляценікамі, поўнымі зялёнак і апенек, але тут жа зноў шунулі ў лес. Праз дзень-два ўжо мо і не ўбачыць чалавека: люд сыдзе. Што з дабра возьме з сабой, а што схавае. Калі мінулі нешырокую, на крокаў дваццаць з хвосцікам, Песачанку, што непадалёку паселішчаў пры ёй (Сяўкі, Дзяражычы, Глушэц) убірала ў сябе ваду з блізкага наваколля і несла яе ў Дняпро, паказаў рукой: кіруем да берагу.
Прысталі. Яраслаў, як толькі ступіў на зямлю, адразу ж загадаў Будаму паставіць варту на гэтым беразе і пільна сачыць за другім, а то і пераправіцца туды дазорцам. Яму і Эймунду, Будаму і знатным дружыннікам пасярод сухога прагалу пачалі ставіць шатры з прывезеных скур і палатна; іншыя вакол іх ладзілі сабе буданы з тонкіх дрэвін, галля і трыснягу. Для знаку тым, хто будзе прыбываць усю ноч, запалілі на беразе касцёр.
Сілу сабралі і за некалькі дзён былі ў баявых настроі ды здольнасці. А што далей? Ад Святаполка – ні гу-гу. Не кідаецца праз Дняпро і іх не кліча перайсці. Канечне, як і яны, таксама хоча ўведаць, колькі і чаго ў суперніка. А тут з кожным днём надвор’е мала сказаць даецца ў знакі – даймае: то ціш, сонечны пробліск, лёгенечкае цяпло, то раптам вецер-скавыш, хмарнасць, познеасеннія ўлівень і сцюдзёнасць, а тады – стынь, пад раніцу сівы дол, днём мокрая снежная крупа. А затым – замаразкі, лёдзік на лужынах. Усё гэта, зразумела, не несла добрага настрою змакрэлым, многім прастуджаным і варагам, і наўгародцам. Пачала расці буркатня. Паслалі раз, другі выведнікаў на той бераг – не вярнуліся. Значыць, перахапілі іх. Адправілі ганца-перамоўцу да Святаполка: саступі вялікакняскі пасад сыну старэйшага брата, Брачыславу. Адказ: ён – тут збоку-прыпёку, а вось я – старэйшы за ўсіх вас, дык і мне сядзець у Кіеве. А калі ты, Яраслаў, прыйдзеш без медавухі і пірагоў, то і я цябе сустрэну без іх.
Значыць, не баіцца. І мо найбольшая надзея на даўніх ворагаў – лютых печанегаў, радых і ўмяшацца ў кіеўскую міжусобіцу, і пажывіцца, і аслабіць Русь. Калі ж да абодвых берагоў набліжаліся нясцерпныя, то між імі пачыналіся перасварка і абразы. Адтуль захмялела крычалі на наўгародцаў: “Хіба вы – ратнікі?! Вы – цесляры-няўмекі! Даўбежнікі!”. А то дражнілкі з калючай гульнёй слоў: “храмец” і “харамец”. “Храмцом” называлі яго, Яраслава, а слова “харамец” азначала “хорам” (“не ўмееш ваяваць, дык ідзі да нас рубіць новы вялікакняскі хорам”). Нават ваявода Святаполкаў дазваляў сабе злаваць Яраслава асабіста “Баязлівы ты, князь! Як заяц! Ідзі, дык хоць крывую нагу выраўняем!” А ім з гэтага берагу: “Вы – паслугачы і лёкаі! Ваш верхавод – Каін! Забойца братоў Барыса, Глеба, Святаслава! І Яраслава хоча загнаць у магілу! Дзяржаву нашу ляхам перадаць!”
Калі ўжо прыціснуў мароз і зямля ацвярдзела, а сажалкі і азерцы, дзе вада стаяла, аскарыніліся даволі тоўстым (не прабіць костачкамі сагнутай рукі) лёдам (наледзь бралася і па дняпроўскіх берагах), калі ад холаду не ратавалі ні буданы, ні вогнішчы, злыя выкрыкі пачуліся і тут, у іх стане:
– Доколе бездействовать будем? Нас считают за неумек и боязливцев!
– Заживо сгнием или замерзнем!
– Князь, решайся! Иначе уйдем к семьям!
Канечне, стаянне зацягвалася. Яраслаў, Буды і Эймунд, старэйшыны дружын рашылі: хуткая зіма павінна пайсці ім на помач. Паўднёвым качэўнікам, людзям прыкіеўскай зямлі будзе цяжэй вытрываць халадэчу, чым наўгародцам і яшчэ больш паўночным, звыклым да лютасці прыроды варагам. Адпаведна, ішла вайна цярпення і нерваў. Але, бач, яны, нервы, здаліся і ў холадастойкіх. А што тады ў мерзлюкоў? І Яраслаў гадаў-мучыўся: чаму няма ніякага знаку ад таго, чаго ён прасіў у Прадславы. Дзе віжы яе вернага, блізкага да Святаполка чалавека?
І тут перад раннім, але не надта цёмным перадвячэр’ем (зямлю запарушыў лёгкі, сыпкі, па-сапраўднаму ўжо зімні), у шацёр да Яраслава радасна ўбягае Буды.
– Князь, перабежчык...
Па дазволе Яраслава ў шацёр ступіў малады дружынніці вой, упаў на калені:
– Князь, чаго марудзіш?
– Патлумач, – сярдзіта сказаў (“изрек”) Яраслаў.
– Твой дабрадзей ужо тры разы пасылаў табе сказаць, дзе і калі табе напасці. Але ты...
– Я пасланцоў ад “дабрадзея” не бачыў, – у тым жа тоне “отвествовал” Яраслаў, але тут жа зразумеў, што пасланцоў дабрадзея, перахапілі, але заадно ацяпліўся думкай: а ўсё-такі мілая Прадслаўка знайшла свае пуцявіны ў Святаполкавым атачэнні, і яе надзейны чалавек перадаваў і вось цяпер даносіць тое, што менавіта яго, Яраслава, ратуе. Таму строга, але прыязна:
– Гавары, што табе даручылі сказаць.
– Сятаполк неабачліва разлучыў сілы, свае – каля ракі і між азёрамі, а печанегі – асобна за азёрамі. Вінапійца. Гуляе, як пераможца ўжо. А воі яго ад стаяння, ад халадэчы злыя. Печанегі – яшчэ больш, ужо цяпер патрабуюць ад Святаполка вялікай аплаты. Іначай пагражаюць сыйсці. Дабрадзей падказвае: лепш за ўсё уночы напасці на Святаполка – п’янага і соннага.
Гэтыя весткі абагрэлі Яраславага сэрца; ён махнуў рукой Будаму. І той па гэтым позірку зразумеў: Яраслаў не проста запрашае падыйсці, а патрабуе падаць карту. Азначэнне даўніх пуцявін з “варагаў у грэкі”, дзе на добра вырабленым пергаменце былі выкладзены залатой ніцяй Дняпро, сінімі – прытокі да яго, карычневымі – гарады, жоўтымі – найбольш значныя паселішчы.
– Паказвай, – сказаў перабежчыку Яраслаў, – дзе стан Святаполкаў і дзе запыніліся печанегі. І дзе іх заспець знянацку...
А калі той пра ўсё расказаў, Яраслаў задаволена пацёр рукі і павесялела павярнуўся да Будага:
– Скажы ўсім, каб ірвалі на сабе кашулі...
Той, што бывае рэдка, не зразумеў, зірнуў няўцямна.
– Перапраўляцца будзем глухой ночай, – патлумачыў таму. – А каб не пераблытаць сваіх і чужых, няхай кожны з нашых паверсе шолама павяжа белую хусціну. І яшчэ скажы: як толькі мінем Дняпро, ладдзі адштурхоўваць ад берагу і пускаць іх па цячэнні. Ладдзі перахопяць у Чарнігаве. Пераможам – вернем іх, ганебна прайграем, ляжам тут – яны нам будуць непатрэбныя...
Канечне, пасля такой ягонай строгай, нават суровай волі наўгародцы не могуць не біцца да смерці!

“З Рукапісу”

“Нестар у сваім летапісе, напісаў, што Святаполк і Яраслаў, асцерагаючыся адзін аднаго, “стояша месяце 3 противу собе”. Тацішчаў, ведаючы ваенныя стасункі, толькі пасміхнуўся на гэта і сказаў, што тут славуты летапісец, як чалавек не ваенны, як і шмат усюды, хацеў нямала чаго перабольшыць на карысць пераможцы... Можа, паціснуў плячыма Тацішчаў, мірнае супрацьстаянне і было. Ды не больш за “тры сядміцы” – тры тыдні: нават з жалезным ладам не кожнае вялікае войска здолее без упарадкаванага жылля, без руху вытрываць, лічы, у балоце ў безупынныя сіверныя асеннія дажджы, у марозна-снежную сцюжу і застацца баяздольнай сілай.
Яраслаў рызыкнуў на бой першы. Сапраўды, яшчэ да світання першыя з перабежчыкам-правадніком перабраліся на другі дняпроўскі бераг разведчыкі і ціха прыбралі варту, пасля падаліся і астатнія, “отринуша лодье от берега” (тут і далей задвухкоссенае з Нестара) і па надоечнай задуманасці двума патокамі без шуму напалі на сонныя лагеры Святаполка і печанегаў. Вось тут наўгародцы пачалі грэцца – і крыкам-ровам, і сякерамі на доўгіх тапарышчах ды мячамі заспелі Святаполкавых вояў знянацку, ашаламілі, без літасці пярылі-хвасталі і калолі-праціналі іх. Не хутка пачалі даваць ім адпор. Толькі праз нейкі час Святаполкавы воі ачунялі. А калі націск нападнікаў паслабеў, то “бысть сеча зла”. Урэшце “одалати нача Ярослав”, супернікі завагаліся, пахіснуліся і адступілі да возера перад станам печанегаў, спадзеючыся знайсці там помач. Але на возеры, дзе лёд мог лёгка ўтрымаць аднаго чалавека, ад мноства люду пачаў прасядаць, трэскаць, і ў праёміны навек хлынулі як адны, так і другія. Неўспадзеўкі , адкуль ні вазьміся, стаўся няўмольна-забойны набег і для печанегаў. Тыя, што не палі ад абрушаных страшных сякер, не столькі абараняліся, колькі паімчалі да сваіх табуноў за лагерам. Іх праследавалі пеша, а потым і на захопленых іхніх жа конях.
“И одоле” Яраслаў. Ён пераможцам уехаў у Любеч (там, на дняпроўскім беразе, ляжалі перакуленыя і ўжо накрытыя шапкамі снегу наўгародскія ладдзі), а потым і ў Кіеў, дзе яго як выратавальніка і героя віталі святаслужнікі і гараджане ды дружна прысягнулі яму як вялікаму князю (канечне, сама шчыра і цёпла сустракалі ягоныя сёстры Прадслава і Праміслава, і ён сардэчна прыгалубіў іх. Потым нават запюшчыў вочы на тое, што Прадслава кахаецца з асобаю зусім не княскай крыві, з уграм Майсеем. І таго не зачапіў: ён і забіты яго брат, Барысаў пястун Георгій, выступілі супраць Святаполка). Яраслаў таксама, як і Святаполк, не паскупіўся, падчысціў бацькаву казну і шчодра адарыў наўгародцаў і варагаў. Як падлічылі мы з Тацішчавым па названых лічбах розных летапісаў, мог ад радасці патраціць каля 125 пудоў срэбра. Задаволеныя наўгародцы павярнулі дамоў; варагі засталіся пры ім на службе; Святаполк, не паспеўшы прыхапіць жонку, са жменькай вояў “бежа в ляхи”, да цесця Баляслава.
Скажу шчыра, я не разумею яго (Святаполка). Як старэйшы пасля памёрлых Вышаслава і Ізяслава меў поўнае права на кіеўскі пасад, дык навошта забіваў малодшых братоў, сам на сябе наклікаў справядлівыя абвінавачванні і сам даў меч помсты ў рукі Яраславу? А той не толькі нёс кару, а... сам, малодшы, парушаючы даўнія звычаі, захопліваў уладу! Святаполк ужо наперад спяшаўся адным махам пазбавіцца ад супернікаў? Хоць... Хіба толькі ў яго аднаго рукі ў братняй крыві? Менш у іншых, каго нават назвалі святым? У таго ж Уладзіміра – губіцеля будучых цесця і цёшчы, швагроў, брата?! Але чаму іменна на Святаполка абрушылі гнеў і ганьбу летапісцы, а пракляцце – праваслаўная царква?!.
І падумаў я, грэшны, так: доўга летапісы пісаліся манахамі пры манастырах. Імі апекавалася царква, а ёй зямное кормнае давалі князі. Вось летапісцы і славілі ўладных карміцеляў. Яраслаў (цяпер і пазней, што яшчэ пабачым) мог са святаслужнікамі павесціся сурова: яны, мала сказаць, прынеслі яму шмат гаркоты. Але дараваў за тое, што яны пры ягонай вялікакняскай уладзе ўхвалілі яго, пераможцу, а Святаполка зганьбілі. А каб перамог Святаполк?.. (пра гэтыя нюансы паводле Я. Ермаловіча пазней. – Г.Д.). Ці менавіта такі быў бы Нестараў летапіс? Пазнейшыя перапісчыкі ў старыя хронікі тое-сёе дадавалі сваё – “порой разные сказки и басни, лелей властвующим”, – як слушна гаварыў мне Тацішчаў. А як, казалася ўжо, вывезены з Полацка летапіс доўга хавалі, а цяпер (напомню: Ян Ермаловіч пісаў так у 1740-ыя. – Г.Д.) мо, як хітра ўсміхаецца Тацішчаў, схаваюць і навек. Значыць, могуць і ўвогуле знішчыць! Не патрэбен полацкі погляд нават на сваю гісторыю! А якраз пры Яраславе набраў сілы Полацк і кінуў яму выклік!.. Нестар, на першы зірк, даволі спакойна сказаў сваё слова пра яго, той выклік, але і напусціў туману... Пазней перапісчыкі яшчэ больш натуманілі, а вось Тацішчаў дык... (да таго полацкага выкліку мы хутка вернемся. – Г.Д.).
...Дзед, Святаслаў, пасля адной перамогі над кімсьці думаў пра новую над іншымі; бацька, Уладзімір, закладаў новыя гарады і цэрквы; унук, Яраслаў, у знак свайго ўзнясення задумаў пачаць пакідаць пра сябе памяць у Кіеве трыумфальнымі Залатымі варотамі і закладаннем царквы святой Соф’і ды такой, каб была самая вялікасная на Русі, каб з часам цэнтр праваслаўя на ўсходнеславянскіх і іншых землях замацаваць у Кіеве, каб сюды з усіх канцоў крочылі паломнікі... Неўзабаве да яго пераехала Ірына і па часе нарадзіла другое дзіця, таксама дачку. Яе назвалі Елізаветай. Яраслаў палічыў: пабіты Святаполк не мае для яго пагрозы. Таму супакоіўся...”

...“надеясь княжить мирно”, але “Святополк еще не думал уступать ему престола” (М. Карамзін).

5.

Здалёку велічна водамі розных рэк і рачулак плыў любімы не толькі многімі мясцовымі людзьмі і плямёнамі, але таксама іншаземцамі Дняпро ад Кіева, каб патрапіць у Панційскае ці, як некаторыя называлі, Рускае мора і папоўніць яго водарам славянскіх зямель. Багата сонечнае, паўблакітнае, з бела-падсіненымі воблакамі ліпеньскае перадвячэрняе неба, бязветраніца, а значыць і амаль нячутны цёк вады, бульканне воддаль вясёлых рыб, што выскоквалі з вады, птушыныя галасы, пільны назірк за паплаўкамі ўторкнутых у пясчаны бераг вудаў – усё гэта суцешвала Яраслава. Ён, закасаўшы да каленяў лёгкія парты, а па локці – рукавы шаўковай сарочыцы, сядзеў на нізкім столачку і песціў падэшву і пальцы ног у цёплай вадзе, быў у засяроджаным, прыемным задуменні, калі думкі пра ўсё і пра нішто. Ды гэта не столькі думы, колькі няпэўныя мроі, што спрыяюць адлучыцца ад усякіх разваг ды турбот, бавіць час “мирно”.
Ахоўнікі нікому не дазвалялі ісці па гэтым беразе (“князь размышляет”), ды вось яго суціш парушылі конскі тупат, незадаволеныя галасы ягоных дагэтуль сцішаных вартаўнікоў. Вось крокі сюды. Павярнуў галаву: старэйшына суправодзіць маладога дружынніка.
– Князь, – схіліўся той у паклоне, – навіны. І непрыемныя...
Яраслаў яшчэ не цалкам абудзіўся ад задумення. Ды і не чакаў нейкай вялікай бяды. Ні ад чужаземных ворагаў, ні ад сваіх непрыяцеляў.
– Старожа за Бугам перадае: на ляшскай зямлі з усіх бакоў збіраецца раць...
“Раць?”. Гэта, канечне, адно відочнае: Святаполк усё-такі ўпрасіў Баляслава сабраць сілу і ідзе з ёю сюды. Значыць, не выйдзе мірна княжыць: трэба зноў права на княжанне дабівацца таксама сілай. Пазалетась гэта было праз напад, летась і цяпер зноў прыйдзецца адстойваць сваё праз абарону. “З усіх бакоў”. Гэта – што: палякі, угры і германцы? Тады з яшчэ аднаго боку чакай ім падсобнікаў – печанегаў. Бліжэйшых да іх, малдаўскіх. А гэта...
Зноў, як і заўсёды ў небяспечную хвіліну, адчуў і ў цёплую часіну знаёмы прыкры холад на спіне. Пралік! Які вялікі яго хіб! Летась нямецкі імператар Генрык ІІ папрасіў яго памагчы асадзіць “общаго их врага” (М. Карамзін), Баляслава; ён выступіў, але не праявіў руплівага баявога імпэту: бярог свае нешматлікія дружыны. Імператар мусіў падпісаць з Баляславам нялёгкі для сябе мір і затаіў на яго, Яраслава, злосць. Больш – як перадаюць віжы, пачаў нацкоўваць Баляслава на Кіеў: маўляў, хіба не бачыш, Яраслаў слабы, адбірай свае, захопленыя Уладзімірам гарады на Чэрвенскай зямлі, ратуй запалоненую дачку. І Баляслаў летась прыходзіў; Кіева не ўзяў, але падпаліў яго. Пажарышча спапяліла не менш 700 будынін – большасць горада, у тым ліку і пачатак пабудовы царквы святой Соф’і (М. Карамзін мякка пра стасункі Яраслава з Генрыкам ІІ: “Ярослав худо воспользовался благоприятными обстоятельствами... дал ему (Баляславу) время заключить мир с Генриком”).
Павольна вяртаючыся ў свой кіеўскі хорам (ён – першая вялікая каменная будыніна ў Кіеве, яго пабудавала прабабуля Вольга, калі пабыла ў Царгорадзе і паглядзела, якія цуды і абарону надзейную можна рабіць з каменя), Яраслаў яшчэ раз спасцігаў цяжар таго, да чаго гэтак імкнуўся. Ношку ўлады дзяржаўнай. Найперш у міжусобных бітвах і войнах з суседзямі, якія таксама нясуць на плячах яе, сваю ношку, перададзеную прадзедамі, і ахвотныя пажывіцца за кошт Русі.
Як ведае ад людзей вучоных, першымі са славян пачалі адзяржаўлівацца чэхі, маравы, славакі, лужыцкія сербы, а таксама асобныя славенскія і харвацкія землі. Іх, пазбавіўшыся аварскага ярма, злучыў князь Сама (623 – 658); па яго імені і назвалі тую дзяржаву. Але яна без ягонай моцнай рукі тут жа распалася. Тым больш, што ўзмацнілі націск германскія плямёны. Пасля ўзнікла Вялікая Маравія; таксама пала (906) пад ударамі ўграў ці мадзьяраў (венгры). Выдзеліліся чэхі (Пражскае княства на чале з Пржэмысламі); супраць іх завязалі войны ляхі, а калі яны адужэлі, то гэта таксама не зусім узрадавалася германцаў... Цяпер вось трэба сачыць аднаму за іншымі Генрыку, Баляславу і яму, Яраславу... Яны, два заходнія і ўсходні ўладары, зараз, у 2-м дзесяцігоддзі 2-га тысячагоддзя, апынуліся не толькі як сучаснікі, але і як закладнікі таго, што здзеілі іх бацькі ўслед за сваімі і што трэба доўжыць ім, нашчадкам. Так склалася, што прыкладна ў адзін час уладанні папярэднікаў пачалі не толькі буйнець, але і станавіцца дзяржаваю (У Кіеве і Ноўгарадзе лічаць, што гэта пачалося з 862 года, калі паклікалі князіць Рурыка ў Ладагу, а потым у Ноўгарад і калі той пасля паслаў сваіх васалаў у Полацк і Кіеў; у Кіеў мог прыбыць Алег, а вось пра варажскага дабрадзея-прысланца ў Полацк нічога невядома, нават ягонага імя; “9 стагоддзе ёсць стагоддзе ўтварэння дзяржаў як для Усходняй, так і для Заходняй Еўропы”. С. Салаўёў). Невялікім асобным плямёнам было ўжо цяжка ўстояць; мацнейшыя яшчэ заўзяцей падміналі слабейшых. Як шчытом, засланяліся рознымі прыгожымі словамі, а намер, дзеі былі адны – разбойныя. Атон І у 962 годзе многія германскія, былыя рымскія, некаторыя славянскія (палабы) і іншыя землі злучыў у адзін кулак (пазней – Свяшчэнная Рымская імперыя). Мешка І (князіў у 960 – 992-м), удала ваюючы з люцічамі за Памор’е, з чэхамі за Сілезію і з іншымі славянамі, з германцамі, пачаў ладзіць моцны падмурак палянскай (польскай) дзяржавы. Мячом скарыўшы землі віслян, Кракаў, яго сын, Баляслаў, пачаў узводзіць на тым падмурку гмах. Святаслаў – князь кіеўскі (964 – 972), – займеўшы ранейшыя заваёвы, разграміўшы моцны Хазарскі каганат (той выдзеліўся ў асобную сілу з 650-х і доўга тузаў многія славянскія землі) , паўночнакаўказскіх ясаў і касогаў, вяцічаў, прыструніўшы іцільскіх (волжскіх) булгараў, пасля – саму царыцу дзяржаў Візантыю, спрабуючы заваяваць вядомае з 680-га Балгарскае царства і зрабіць яго цэнтрам сваёй дзяржавы, стаў вялікім князем разгорністага падпарадкавання пад найменнем Русь ці Руская зямля. Яго сын, Уладзімір, не толькі захапіў у ёй уладу і насалоджваўся валадарствам. Калі цяжка паклаў руку на вяцічаў, яцьвягаў, радзімічаў, пабіў печанегаў, пашырыў уладанні за Буг (туды ў паходы яшчэ раней хадзіў Алег) і прыняў хрысціянства, то тыя прыгробы яшчэ больш узвысіў і ўмацаваў. Таму і не дзіва, што раўнівы Баляслаў (тыя чэрвенскія абшары за Бугам з гарадамі Чэрвен, Хелм (Холм, Хэлм) і суседняе лічыць сваімі; на іх пасягаюць і белыя харваты) цяпер хацеў бы мець на чале Русі зяця. Як хутка даведаецца Яраслаў, у яго ёсць і яшчэ адзін грозны супернік: угорскі (венгерскі) уладар Іштван І. Той, князь з 997-га, жалезнай рукой скасаваў племянныя ўдзелы, у 1000 годзе стаў каралём, каралеўства падзяліў на акругі, а на чале іх паставіў верных яму ішпанаў – упраўленцаў. А даведаецца таму, што Іштван асцерагаўся Уладзіміра, а цяпер у помач Баляславу паслаў свае дружыны. Значыць, і ён супраць таго, каб Яраслаў па-арлінаму распасцёр крылы.
Дык вось і цісне цяжар вялікакняскай улады – хочаш ці не хочаш, а мусіш умешвацца ў вялікія спрэчкі маладых і агрэсіўных дзяржаў, а значыць – быць пабітым ці суперніка златошыць. Адным словам, сербануць рознага, па-свойму вялікага – як радасці і славы, так і ліха з горасцю ды ганьбай... А тут яшчэ трэба вуха востра натапырваць з Ноўгарадам і асабліва з Полацкам ды з блізкімі не раз бітымі ўжо, але з усё яшчэ неўтаймоўнымі печанегамі. Ды і з Цьмутараканню трэба асцярожнічаць: брат, Мсціслаў, патрабуе большага ўдзелу; ён, Яраслаў, дае яму Мурам. Не хоча: мала...
Цяпер не толькі адзін прахвост Буды, які па моцы свайго перакручанага розуму спасціг тайны глыбіні яго сэрца і душы, можа зразумець... ягоны, Яраславаў, адчай. Так-так, сваю новую і самую страшную паняверку ў сабе: набежны Баляслаў – зусім не безбароды, ужо валадарыць больш 20 гадоў, дабіўся шмат, тым больш у вайне з Генрыкам. Цяпер ён – герой з герояў сярод сваіх падуладных. У свой час, яшчэ як след не амоцнены, шукаў падмогі ва Уладзіміра, шчыра, па закаханасці прасіў рукі ягонай дачкі-красуні Прадславы ды меў халодную. Адмову. Хіба не пакрыўдзіўся? Пры жыцці моцнага Уладзіміра асцерагаўся, а сёння... А цяпер, калі Святаполк і ён, Яраслаў, столькі паклалі сваіх вояў... А калі яшчэ дачка яго тут, у Кіеве, палонніцай, то ўсё змешваецца – асабістае і дзяржаўнае...
Раней там, пры Бугу, жылі дулебы, доўга ратуючыся ад Аварскага каганата. Таго, ваяўнічага, урэшце разграмілі франкі. Ды склалася так, што пасля дулебы разышліся. Адны з іх пайшлі па цячэнні Буга і аселі паміж землямі драўлян, дрыгавічоў, яцвягаў і мазаўшан і некаторыя з іх сталі бужанамі – берасцейцамі, драгічынцамі і падпалі пад уладу Тураўскага княства. Іншыя дулебы пасяліліся каля Заходняга Буга і пачатку Прыпяці, сталі валынянамі, заснавалі гарады Валынь (сталіца), Луцк, Бужск, Турыйск, Чартарыйск, Ратну, а за Бугам – Белз і Холм (на той час горадам лічылася і абмацаваная пабудова тыпу замка). Перад Бугам Уладзімір пабудаваў горад свайго імя і зрабіў яго сталіцай Уладзіміра-Валынскага княства, куды князем паслаў самага малодшага свайго сына з Рагнедай, Усевалада. Забужскія землі, захопленыя Уладзімірам, – асаблівая турбота Баляслава.
Пакуль Буды, малодшыя ваяводы, тысяцкія і сотнікі дазбірвалі дружыны, а цівуны са старастамі – абоз, Яраслаў падбаў пра іншае. Перагаварыў з Ірынай, а потым з Прадславіна (сяло, названае Уладзімірам у гонар дачкі Прадславы. Было на левым беразе Лыбедзі за 2 вярсты ад цэнтра Кіева) паклікаў у Вышгарад, у свой хорам на высокім беразе Дняпра (за вёрст 7 ад Кіева; тут пры бабулі Вользе былі яе святліцы, адрыны і клеці для сабранай ёй даніны) паклікаў сясцёр. Дваякае пачуццё адчуў, убачыўшы іх: Прадславе ўжо за трыццаць пяць, Праміславе – крышку за трыццаць. Але абедзьве так усё яшчэ не замужам, не маюць сваёй сям’і. Люба паглядзець на іх: малодшая чарнявая валасамі і на вочы, станістая, праўда, стрыманая, не вельмі гаваркая, нават крыху замкнёная, то цяжка зразумець, што і як яна думае, а старэйшую маці-прырода, мабыць, ахарашыла ўсім, што магла даць жанчыне. Яна і цяпер ужо ў паважны ўзрост ззяла маладосцю і красой: па-юнаму стройная, высокагрудная, русявыя валасы аблашчва­юць пакатыя плечы, ясны высокі лоб, блакітныя вочы, сакаўныя губы пад роўным прыгожым носам вылучаюць цяпло і дабрыню, што выплываюць у мяккай, сардэчнай усмешцы. Нельга стрымацца, не падабрэць душой ад Прадславінай жвавасці, ад глыбіні яе душэўнасці. Хоць... Якраз яе неўзлюбіла Ірына, нагаворваючы, што тая ведае нейкія вядзьмарскія чары, каб гэтак маладзіцца (значыць, не шчырая хрысціянка). А вось Праміславу набліжае да сябе. Таму сёстры рэдка бываюць у Кіеве, больш бавяць час па-за ім. І гэта, канечне, зусім не да засмучэння, а да спадобы Прадславе з-за яе інтарэсу... Цяпер падышлі, пацалавалі яго.
– Ты ўстрывожаны нечым, брацік? – патушыла жыццярадаснасць Прадслава.
– Ды невясёлыя весці прыйшлі, сястрыцы, – адказаў. – Святаполк і Баляслаў вядуць раць на мяне.
Слухалі схмурана.
– Вось думаю Ірыну з дзецьмі, вас адправіць у Ноўгарад... На ўсякі, так сказаць, выпадак...
Не ва ўсім адкрыўся: задумаў разам з Ірынай адвезці долю казны, а таксама схаваць там і Святаполкаву жонку (адны даследчыкі пісалі, што яе імя нідзе не ўпомненае, іншыя называюць яе Гертрудай, а ў праваслаўі Елізаветай): на яе, Елізавету, у яго былі свае разлікі... Сёстры адчулі ягоную трывогу.
– А можна мы ад’едземся ў Палацеск? Там і перачакаем ліхалецце, – папрасіла Прадслава. Ясна было, што не хацела разам падавацца з непрыязнай братавай. Тым больш, што з жонкай Ізяслава і маці Брачыслава Соф’яй пасябравала: перапісваюцца, перадаюць адна адной падарункі. І яшчэ адно ўгадаў Яраслаў у яе задуме: калі падасца ў Полацк, то не толькі з сястрою. А і з Угрыным. Акрыялым пасля ранення (ён, лічы, прыпоўз пасля расправы з Барысам да Прадславы ў церам на Лыбедзі, упаў у двары без прытомнасці), з рубцом на шчацэ, але відным мужчынам, па якім сохне не адна кіеўлянка.
– Я не хацеў бы, каб вы туды ехалі, – сказаў. – Не трэба даваць палацескім баярам лішніх козыраў... Зразумейце мяне не толькі як брата, але і як вялікага князя...
– Тады Праміслава як хоча, а я застануся тут, – пачала настойваць старэйшая сястра. – Дый люду будзе лягчэй, што мы не ўсе пакінем Кіеў.
– Хочаш застацца з-за яго? – незадаволена завёў роспыт Яраслаў. І, бачачы, што заўсёды ўпэўненая Прадслава ўсё ж сумелася, упершыню падакараў: – Яго брат Барысу, а ён табе ўслужыў, але ж... Ён... Ён – слуга бацькаў і твой, а ты – дачка вялікага князя! Мне ўжо не раз пра гэта напамінаюць. Раней бацька не адпускаў цябе замуж, а цяпер сама не ідзеш. Ужо двум князям адмовіла. Ён як муж табе... Ці мо тайна з ім шлюб узяла?
Канечне, найбольш каханнем Прадславы і Майсея Угрына коле яму вочы Ірына: маўляў, твая сястрыца-красуня ганьбіць ваш род, цябе, брата. Яе маці не хацела некалі выходзіць замуж за Уладзіміра з-за таго, што “ён – сын рабыні”, але ж тая, Малуша, была не з просталюдзінаў, а дачка забітага Вольгай драўлянскага князя Мала. А хто гэты прыхадзень Угрын? Без роду і племені, найміт, шукальнік багацця і славы. Яраслаў разумеў: усё гэта – праўда. Але дагэтуль нібы нічога не заўважаў, не ўшчуваў сястру: яна ж мо і выратавала яго ад падасланых забойцаў. Ды ўсвядомліваў і іншае: як вялікі князь, не павінен глядзець скрозь пальцы на такое сестрыное свавольства.
– Ты цяпер, Яраслаў, пра іншае думай, – без звычайнай вясёласці, нават упершыню рэзкавата асадзіла яго Прадслава. – Цяпер няма такога князя, якога я магу палюбіць ці які табе вельмі патрэбен... А калі я табе замінаю, дык, кажу, адпусці ў Палацеск. Назаўсёды. Ці буду жыць пры сынаўцы, ці, як і маці, у манастыр пайду, не буду табе парушынай у воку...
– Пасля разбяромся, – упершыню не проста сказаў, а хмурна буркнуў, даючы знак, што размова скончаная.

Наўгародцаў у Кіеве не было, а паклікаць іх не мелася часу; сабралі варажскі атрад, свае нешматлікія дружыны і рушылі ў Валынію. Па знаёмым, у 981-м пракладзеным Уладзімірам шляху (Буды быў у тым паходзе, дык ведаў туды дарогі – па лясах, стэпе, узгорках, праз рэчкі Гарынь, Стыр і Тур’ю), па дарозе далучаючы невялікія атрады з Луцка, Уладзіміра-Валынскага і іншых гарадоў (брата не было; сказалі: збаяўшыся Святаполка, збег да чэхаў). Прыбужская старожа данесла: Святаполк з Баляславам захапілі некалькі чэрвенскіх гарадоў і сталі лагерам перад Бугам, мо і чакаючы, з якой сілай падыдзе ён, Яраслаў.
Па дарозе адпачылі, а да Буга наблізіліся ў светлы і цёплы перадполудзень, каб можна было з усімі і свежымі сіламі ўступіць у бой. Яраслаў сам пад’ехаў да ракі: яна тут не вельмі шырокая і, мабыць, за лета крыху абмялелая, а за ёй, на лагчыне ўжо са скошанай травой, не так і шмат непрыяцельскіх шатроў і палатак (за імі ў загарадках стаялі коні). Ды, канечне, хітры Баляслаў не проста абраў для стану скошаны луг: абапал яго быў густы і даволі высокі лясок з бяроз, асін, аляхоўя, што ўсё было зарослае дзікім кустоўем – значыць, немалыя сілы схаваў за бярэзнікам ды алешнікам. Кінешся на сенажаць – трапіш у абоймы з абодвых бакоў. Яму, Яраславу, выпадае прыхаваць дружыну-другую толькі за адным абшарам лесу. Таўсцейшыя бярвёны Баляслававы воі цяпер валаклі коньмі да ракі – для пераправы. Канечне, цесляў – хто з закасанымі па локці сарочыцамі, хто голы па пояс, з загорнутымі па калені партамі, босы – адразу ж абсыпалі стрэламі. Хоць цеслі маглі быць і свае, з прыбужскіх мясцін. Ацалелыя паўцякалі ад вады і з яе.
Як і часта было, ёсць і яшчэ будзе паміж непрыяцелямі, ні цяпер, ні назаўтра бітвы яны не пачалі. Вычэквалі. Ды, як звычайна ва ўсім свеце ў такі момант, паміж імі ўспыхнула перапалка-лаянка.
З таго берагу:
– Кулявы! Клыпша (Кульгавы)! Пукі не пузно, уцекай! І не да Кіева, а да Ноўгарада!
Адгэтуль:
– Сегодня мы переломаем ноги убийце братьев!
Вось там на гнядым цяжкім кані да таго берагу пад’ехаў тоўсты і, як было відаць, знатны лях. У бліскучай кальчузе, у шлеме з пер’ем заморскай птушкі, з пазалочанымі і пасрэбранымі накладкамі з арнаментам і пасрэбранай барміцай, з мячом, але без шчыта. Канечне, гэта быў Баляслаў: пагалоска пра ягоную незвычайную мажнасць ужо даўно была вядомая многім. І, бач, у баявым стане – гэта значыць, для сваёй вагі дадаў яшчэ металёвы цяжар. А калі ўзброй, – то і змагар з мячом!
Цяпер ужо задзёрзнічаў не малады вой, а стары Буды:
– Пузан!
Яраславу не зусім спадабалася гэтая абраза яго ваяводам суседа-князя, але не супыняў: загадзя ведаў, што ніякіх перамоў не павядзецца, бітва будзе немінучая. У кожнага свае інтарэсы, і іх не споўніць без праліцця крыві.
– Бораў!
– Вепр скалечы зграю псув! – агрызнуўся Баляслаў.
– Ты?! Ды і я, стары, скалечу тваё пуза трэскаю!
– Зобачым! Дзісяй будзе вам хрэст баёвы! А для мяне – забава!
На вачах усіх падняў вольную руку, махнуў ёй некалькі разоў па-рознаму – тут жа загулі трубы. У Яраслава ахаладнела душа: не толькі выскачыла безліч ужо гатовых да бою вояў з шатроў і палатак, але, як і прадугадаў, выімкнулася конніца з-за абодвых ляскоў. Тупат заглушыў наваколле. Трэба было вяртацца ў свой стан і падымаць сваіх вояў, дык Яраслаў паспеў толькі ўбачыць: Баляслаў з аголеным мечам першы кінуўся ў раку, а за ім яго ахова і воі ўжо так узбурболілі ваду, што, здавалася, яна выскачыць з рэчышча.
Падалі трывогу і іхнія трубы.
– У бой! – закрычаў пярэднім конным з кіеўскай і варажскай дружын Яраслаў. – Мы павінны адолець! Пераможам – асыплю грыўнамі!
Неўзабаве (а Яраславу здавалася, што яны марудзяць) іхняя лавіна імчалася на чужую, конскія тупат і храп, чалавечыя ярасныя крыкі, трэск паломаных капейных дрэўкай, лязг мячоў – пярэднія хто сам па сабе, а хто з канём падалі, грувасціліся, затоптваліся капытамі сваіх і чужых коней. Яны вялікімі стратамі стрымалі Баляславаў націск (той прапусціў паперадзе іншых і, як Яраслаў, назіраў за бітвай зводдаль); сеча перайшла ў лютае пабоішча; многія з нападнікаў прабіваліся менавіта сюды, дзе ў невялікім атачэнні сядзеў на кані Яраслаў; яго ж воі асабліва рваліся да Баляслава і Святаполка.
Калі парадзелыя дружыны пачалі крок за крокам адступаць, Яраслаў увёў у бой запасную дружыну. Папоўніў свае сілы і Баляслаў. І, як адразу запрыкмеціў Яраслаў, большымі і асабліва добра ўзброенымі – канечне, ваяўнічымі германцамі. Збіванне адны адных закіпела з новым дужаннем. Але Яраслаў бачыў: ім не пацясніць ворага, самае вялікае, што ўдалося, гэта зноў угрузнуць у бітве. К вечару ўжо не дружныя шэрагі, а раскіданыя на гурты яго воі радзелі на вачах. А іх абкружалі і абкружалі з усіх бакоў; да Яраслава падскочыў упацелы, збялелы, але ні кропляй крыві не абпырсканы Буды: дагэтуль больш крычаў, гнаў у бой, махаў мячом, чым імкнуўся пусціць яго ў смяротны ход.
– Князь, сіла наша тае, – перасцярог са страхам. – Нас усіх пераб’юць. Давай ратавацца... Мо ўдасца выскачыць з гэтага пекла...
– Да сваіх людзей! – зайшоўся злосцю ён.
Буды запыніў на ім вырачаныя вочы, дзе апанаваўся жах, а потым паныла, а то і адрачона паціху павярнуў на поле бою, дзе, асуджаны на пагібель, лена замечаваў, а хутка ад удару кап’я рухнуў вобзем. Астатнія ўжо адбіваліся без ніякага ладу. Перад заходам ўсё яшчэ гарачага сонца і па-ранейшаму яснага, нібы ўражанага ад пралітай чалавечай крыві і болем скалечаных неба Яраслаў, мала сказаць, быў уражаны – ашаломлены, рэхнуты да страты свядомасці сваёй такой вялікай паразаю. Адно было выйсце... Паклікаў пальцам трох кіеўлян, аднаго варага і... ганебна кінуўся наўцёкі.
Не ў Кіеў. Туды цяпер яму дарогі няма! Узяў яго, сталіцу вялікай дзяржавы, сілай і праз сілу іншых страціў. Не павярнуў і ў Полацк да пляменніка Брачыслава. Той, можа, нават не адчыніць яму вароты: калі ён, дзядзька, завяліказакнязіў, то нібы забыў аб пэўным праве Брачыслава на гэты ж пасад. Палачане не маглі не пакрыўдзіцца за тое, што вадзіў іх за нос. А калі і ўпусцяць, то толку яму будзе мала: наўрад ці змогуць вярнуць яго ў Кіеў. А быць там князем-выгнаннікам, ізгоем, – ніякая не радасць. Загадзя прадуманы яго шлях павёў у Ноўгарад. Хоць...
Хто ведае: а ці прыме і той яго цяпер? Могуць папікнуць: мы столькі патраціліся, люду свайго пакінулі на полі бою з-за цябе, а ты... Ці не напомніць яму, безабароннаму, панесеную ад яго крыўду? Пераможцу, як некалі казалі ў Рыме, усё даруюць, а бітаму – не. Любы недавярак можа кінуць пагардлівае, абразлівае слова, што цяжэй, страшней аплявухі! Наўгародцы могуць сказаць цвёрда: не трэба нам такога няўдачлівага князя, возьмем новага – твайго сына Іллю ці абыдземся пасаднікам, Дабрыневым сынам Касняціным. Балазе, абодва будуць паслухмяныя...
І яшчэ адно гняло душу: пасля яго сённяшняй паразы, канечне ж, узвысяцца Баляслаў і яго дзяржава. Як усё больш пачынае гучаць, Вялікапольска. Цяпер Баляслаў, канечне ж, стане каралём з блаславення Рыма. Дык вось у славянскай спрэчцы больш, чым пры Уладзіміру і Мешку, насунуўся – мо і надоўга – новы суровы і кровапралітны двубой: Русь і Польша... І ён будзе не без “дабрадзеяў”, не без уцягвання па разліку і прымусе іншых...

6.

Да Ірыны ў яе шыкоўную святліцу стомлены, не набраўшы сіл і за ноч, Яраслаў прычыльгікаў на наступны дзень прыезду ў Ноўгарад (яму на радасць, варта ўсё ж адчыніла перад ім вароты). Светлавалосая красуня – у падпаясаным рудаватым сарафане з вышытымі ўзорамі каля шыі і па падоле паверсе ліловай сарочыцы, у трохкутняй скіндачцы з ліловай празрыстай накідкай на плечы, без ніякіх упрыгожанняў, але ўсё роўна, папаўнелая і па-новаму апрыгожаная пасля другіх родаў, дык яшчэ больш мілейшая сэрцу – сустрэла не сярдзіта, але і не вельмі радасна. Канечне, ужо збеглыя з ім варагі расказалі ёй пра ягоны разгром.
– Пабіты я, Ірына, – не вітаючыся, прамовіў нявесела. – Ушчэнт... Ледзь з-пад носа іх уцёк...
Яна не ачарніла і не абяліла яго, няўдачніка. А калі ступіў, каб абняць, знайсці ў яе жончыную спагаду, ласку ў цяжкія хвіліны, яна сёння толькі злёгку падалася і пацалавала. Не ў губы, а ў іх куточак.
– Прысядзем, – стрымала ягоныя засмучэнне і любоўны парыў, адхілілася і пакрочыла да засланага абрусам стала, дзе цяпер не было кветак. – Што ты думаеш рабіць? Цяпер, калі вывез Елізавету, то Святаполк можа прыйсці і сюды...
Што ён мог адказаць? Калі да страшнай напасці быў яшчэ і гол як сакол (“сакол” – акоранае бервяно, ім нападнікі разбіваюць вароты чужой крэпасці). У яе, Ірыны, у гэты час быў не толькі свой скарб, але і той, што з ёй адправіў сюды з Кіева. Хоць казну ўжо магла пераправіць на сваю радзіму. Здольная на нечаканыя, свавольныя ўчынкі.
– Трэба ехаць да твайго бацькі і зноў прасіць падмогі, – сказаў. – Калі ты, канечне, выдзеліш аплату...
– І я паеду з табой, – ажывілася. – Мне будзе лягчэй угаварыць.
– Не, – папрасіў. – Тут гэта могуць палічыць за нашы ўцёкі.
– Уцяклі з Кіева – трэба збягаць і адгэтуль, – рэзка сказала. – Я тут ні за нішто не застануся. Святаполк і на мяне ды дзяцей можа падаслаць забойцаў. А то і сам прыйдзе, цяпер ужо цябе не асцерагаючыся... Адпомсціць ноўгарадцам за падмогу табе, паставіць свайго пасадніка і змусіць плаціць яму даніну. Пераможца. А пераможцы...
– Дакараеш, – боль паласнуў сэрца. – Але мае воі біліся мужна. Не іх віна, а бяда, што ў Баляслава была большая і лепей загартаваная сіла. Ды ёсць жа яшчэ і мне шанец. Толькі, ясна, за большую, чым раней плату...
– Без цябе я тут не застануся, – стаяла на сваім Ірына. – А што будзеш рабіць з Елізаветай? З сабой павязеш?
Ён пра гэта яшчэ вельмі не думаў. А вось што да Ірыны, то прадумана не хацеў яе браць з сабою. І зусім не дзеля непрыемных размоў у Ноўгарадзе. Асцерагаўся: яна нават з дзецьмі можа застацца на бацькаўшчыне, пахіліцца да каханца. Не напамінае пра таго, але яго душа адчувае: яе сэрца ўсё яшчэ з любасцю б’ецца для сэрца таго.
– Наўгародцам не скажам, колькі маем срэбра, – заўсёды разліковая, дзелавіта сказала яна. – Калі хочуць, каб Святаполк не папомсціўся, дык няхай не скупяцца, а вытрасуць для нас свае кашалі!

Да Яраслава ўвялі знаёмага ганца з Кіева.
На гэты раз, хоць заявіўся таксама цёплай часінаю, той не імчаў ва ўвесь дух, дык быў не змораны, як колькі гадоў таму. Яраслаў сустрэў яго ў сваім летнім хораме, у прасторнай, з дубовымі сталом і лавамі грыдніцы па-хатняму – у простых партах і белай вышыванай расшпіленай на грудзіне кашулі, – узбуджана, але са стрымліваннем, па звычцы цярэбячы ссівелую бараду. Што за весці са страчанага ім і зноў авалоданага Святаполкам Кіева?
– Вітаю, князь, – госць прыпаў на калена. – Мяне зноў прыслала сястра твая. Прадслава. І ад князя Баляслава маю што перадаць...
– Што – Баляслаў? – абарваў, злуючыся, што кіеўскі (!) пасланец назваў яго не вялікім, а проста князем.
– Пасля бітвы на Бугу асадзіў і ўзяў Уладзімір. Люд яго паланілі і павялі ў няволю за Буг.
Уладзімір-Валынскі – уладанне самага малодшага па Рагнедзе брата Усевалада (некаторыя летапісцы пісалі, што Баляслаў тады авалодаў Бярэсцем і заняволіў яго люд; неверагодна: тое Бярэсце (сённяшні Брэст) было ў складзе Тураўскай зямлі, якой да нядаўняга ўладарыў Святаполк; іншыя зазначалі, што Баляслаў скарыў горад брата Яраслава – значыць, Уладзімір. – Г.Д.). Ды Яраслаў цяпер не запытаў пра лёс аднакрэўніка, яго нервова непакоіла іншае:
– А Кіеў? Што – Кіеў?
– 14 жніўня здаўся Баляславу. Яго павітаў епіскап. Кіеўляне зноў прысягнулі Святаполку.
Слухаць гэта – шпількі ў сэрца. Там – не так, як у Ноўгарадзе, дзе люд мае свой голас! Там – дворня! Чэлядзь! Кланяюцца, слугуюць таму, хто ва ўладзе! Кленчылі Святаполку, пасля – яму, а цяпер – зноў Святаполку! І... епіскап! А ён жа, Яраслаў, падмеўся ўважыць яго просьбу, згадзіўся будаваць сабор святой Соф’і... А калі пасля пажару пабудова запынілася, супакойваў: не перажывайце вельмі, будзе новы! Самы вялікі і галоўны на Русі! Мураваны!
А пасыльны абледзяніў з галавы да ног яшчэ адной навіною:
– Анастас перадаў казну Баляславу...
Той быў абласканы бацькам, Уладзімірам, ім, а цяпер... Здраднік. Хоць чаго чакаць ад такіх! У свой час прадаў сваіх, калі паспрыяў бацьку завая­ваць Херсанес у Таўрыдзе (Корсунь у Крыме), чым памог таму змусіць быць больш згаворлівымі візантыйскіх базілеўсаў, узяць замуж іх сястру Ганну, а праз шлюб з ёю – хрысціянства, чым ход Кіева, Русі пайшоў па новым шляху. Прыгрэў таго і ён, Яраслаў. Шмат срэбра з казны яму давяраў. А той, бач, перакінуўся з епіскапам да пераможцы. Адусюль – удары. Нават нібыта цяперашняе жончына халоднае, як у рыбы, спачуванне – зусім не прыліў супакою, веры і надзеі ў сваю далейшую шчаслівую долю.
– Пойдзе Святаполк сюды, на Ноўгарад? – міжволі вырвалася ў яго самае-самае трывожнае запытанне.
– Думаю, не. Цяпер Кіеў у руках трымае не Святаполк, а Баляслаў. А яму не трэба далёзныя краі. Яму найперш патрэбен Кіеў. Дык ён адны свае дружыны з нашым і вышагародскім дабром адаслаў дадому, іншыя пакінуў у нас, разаслаў па блізкіх валасцях на пракорм. А ляхі цешацца, здзекуюцца з люду... Кажуць, нават Святаполку не падабаецца, як яны паводзяцца: ён – як бы паслугаты цесця і іх...
Ясна. Як ён, Яраслаў, і лічыў: Баляславава запаветная мара: заўладаць Кіевам. Хоць... Хоць пацешкі, здзекі яго як чужынца не могуць не зрабіць сваё, супярэчнае яму: выклічуць у кіеўлян абурэнне, гнеў і помсту. Тут Баляслаў не зазірае далёка, надта хутка забыў, што не так даўно зведаў за такое ў Багеміі ці што нядаўна зведалі варагі тут, у Ноўгарадзе: мясцовыя адпомсцілі крыўдзіцелям-іншаземцам. Так было, ёсць і будзе: годны народ можна перамагчы, пасля ацалелых хітрыкамі, маной, абяцанкамі-цацанкамі суцішваць, усыпляць, але ўсё роўна хтосьці абудзіцца, падасць абураны голас і возьме помсны – справядлівы! – меч...
– Князь, – умяшаўся ў ягоныя думкі ганец. – Кажу, я і ад Прадславы...
– А яна – што? – нястрымана ўхмыльнуўся ён. – Таксама цёпла вітала былога жаніха?
– Не, князь, – запэўніў той. – Яна – як і маці твая, годная і гордая. Не кланяецца скаральнікам. Больш – выказвае ім пагарду і непакору. Яе і Праміславу Баляслаў груба зняволіў, трымае за нявольніц. Ён хоча абмяняць іх на дачку. На зямлі палацескай. Святаполк паслаў ужо ганца ў Палацеск, каб сынавец твой Брачыслаў перамовіўся з табой і ўчыніў гэты абмен. Яму будуць дары вялікія за цётак, а табе застаецца Ноўгарад. Толькі...
– Што – “толькі?” – выдушыў з сябе.
– Толькі табе прыйдзецца зноў плаціць даніну Кіеву. І большую, чым плаціў раней.
Не цяжка зразумець: Баляслаў і Святаполк хітруюць-гуляюць. Як кот з мышшу. Уга, так ужо і спакойна Святаполк пакіне яго тут, прадчуваючы: ён зноў можа прыйсці адгэтуль з сілай. Па-новаму шукае любы шанец, каб не толькі выдаліць яго адсюль, але і знішчыць. І чужымі рукамі. Дык і Брачыслава кліча ў абменніка не проста так. Нібы хоча ўважыць і ў выпадку яго, Яраслававай, адмовы настроіць супраць, каб яны, вуй і сынавец, сутыкнуліся лбамі, аслабілі адзін аднаго. А яму, Яраславу, – пастка з чатырох зашмаргаў: ад падасланых забойцаў, ад ваеннага ўварвання. Але пакуль што цесць і зяць, панёсшы вялікія ахвяры і страты, выбралі трэцюю і чацвёртую: калі зноў пачаць плаціць даніну Кіеву, то і зноў ён і Ноўгарад – залежнікі, цяпер Святаполку; наўгародцы гэтага не сцерпяць, могуць выгнаць яго і ўзамен за вольнасць прыняць Святаполкавага пасадніка. Не боль ім, што ён стане князем-ізгоем, свае інтарэсы даражэй. Ды... І пры такой смяртэльнай небяспецы нельга вяртаць Елізавету Святаполку: у іх рана-позна могуць завесціся сыны, Баляслававы ўнукі – яго супернікі на кіеўскі “стол...” і дзедавы паслугачы. А гэта таго яшчэ больш умацуе.
Ганец пільна назіраў за ім і бачыў: ён у одуме моршчыць лоб.
– Ні-я-ка-га аб-ме-ну не бу-дзе! – цвёрда, склад за складам адчаканіў Яраслаў і прыстукнуў кулаком па стале.
Давераны Прадславы не паверыў вушам сваім, вырачыў вочы: ён, брат, адракаецца ад сясцёр? Прадслава ж ратавала яго ад загібелі!
– Так і перадаць Баляславу? Прадславе?
– Ты што – глухі? – ярасць падкочвала да Яраслава. Як да загнанага ў кут і зацкаванага выжламі ваўка.
– Цяжкі лёс чакае сясцёр тваіх... – Уздыхнуў на ўсю грудзіну ганец. – Баляслаў паздзекуецца з іх. Надта з Прадславы... І з-за... Угрына кінуў у поруб, на ланцугу трымае...
– Прэч! – ужо шалёны прыліў гневу шухнуў да Яраслававай галавы, і ён гатовы быў ударыць вернага заступніка яго сястры, які таксама рызыкаваў сваім жыццём і для яе, і для яго. – Прэч з маіх вачэй! Іначай!.. За непавагу, за ослух!..

“Ярослав, устрашенный могуществом короля польского (Баляслаў тады яшчэ не быў каралём. – Г.Д.) и злобой брата, думал уже, подобно отцу, бежать за море к варягам; но великодушние новгородцев спасло его от сего несчастья и стыда. Посадник Коснятин, сын Добрыни славного, и граждане заменитые, изрубив лодки, приготовленные уже для князя, сказали ему: “Государь! Мы хотим и можем еще противиться Болеславу. У тебя нет казны: возьми все, что имеем...” Немедленно призвали корыстолюбивых варягов на помощь и сами вооружились...” (М. Карамзін).

Апэўнены Яраслаў паклікаў да сябе сына, Іллю. Той – высакаваты і ўжо па ім, па бацьку, яшчэ ў маладыя гады залысіністы, але па характары бязвольны пад націскам Яраслава і Касняціна і асабліва пад насмешкамі мачыхі (яна лічыла яго за блазнаватага) – заявіўся з пакорай, кінуўся цалаваць рукі яму, “родителю”.
– Слухай, – строга абсек яго ён. – Ты яшчэ ні разу не вызначыўся як княжыч. Бальшун, але ўсё яшчэ бы сысун! Даю табе важны княскі наказ. Споўніш як след яго – будзе табе гонар, пагалоска добрая, схібіш – табе ганьба.
– Слухаюся, бацюшка.
– Дык слухай. Табе трэба з’ездзіць у Палацеск. Да стрыечнага брата твайго Брачыслава. Ён тваіх гадоў, але ўжо не гнездавік, а лётны драпежны ястраб. Можа высока ўзлятаць і далёка глядзець... Калі не помачы, то міру з ім шукае люты вораг наш Святаполк. Я не магу паслаць туды Касніцына: там яму ці не адчыняць варот, ці, упусціўшы, заб’юць. Ты папросішся да Брачыслава ад майго імя. Я дам табе на гэта даверанасць. Але ўсё, што трэба мне, будзеш гаварыць сваімі словамі... І будзеш Брачыславу паўтараць і паўтараць: не трэба верыць Святаполку, трэба ратаваць маіх сясцёр, а тваіх і Брачыслававых родных цётак... І яшчэ застраш: Святаполк – двудушны, вераломны. Калі асядзе ў Кіеве, то зруйнуе палацескую вольніцу. А з ім, Брачыславам, будзе тое, што з Барысам і Глебам, са Святаславам! Чуеш?
Ілля слухаў, але на ягоным твары не было ніякага ўзрушэння. Найперш паднявольваўся. Касняціну, тым больш – яму, бацьку, які пасля другой жаніцьбы адлучыў яго ад сябе, аддаў на пеставанне Касняціну. А той ляпіў з яго патрэбны сабе мякіш.
– Дык вось едзь у Палацеск. – І па-простаму: – Паўтарай і паўтарай Брачыславу: я, толькі я – самы верны яму вуй. Як і бацька, ушаную яго права на Палацеск, буду берагчы яго. Больш – я згодны з ім уехаць у Кіеў, дзе мы будзем правіць разам... Чуеш: разам?
Ілля не ўсё разумеў, уталоплена пазіраў ў вочы.
– Усё проста, – Яраслаў пачаў злавацца на сына. – Брачыслаў не павінен выйсці супроць мяне, а памагчы. Дык вось перадай ад мяне: паб’ём Святаполка – у Кіеве будзем правіць удвух. Я і ён. Не, скажы іначай: ён і я. Значыць, пастарайся спадабацца Брачыславу. Але вельмі не шчыруй. Не гавары, што я хацеў ехаць да свеяў і што Касняцін з баярамі пасеклі мае лодкі! Іначай ён падумае: я – слабы! Калі мы будзем у Кіеве, то ты станеш князем тут. Хоць...
Недагаварыў, а сын не зразумеў, што ён хацеў дадаць да гэтага “хоць”. А Яраслаў падумаў пра дзве рэчы: падамне Ноўгарад сына. Ды па старшынстве сюды будзе імкнуцца брат Мсціслаў з далёкай Цьмутаракані...

“Начало княженя Ярослава (в) Кыеве. В лето 6524”. Гэта значыць, у 1019 г. Яраслаў перастаў бегаць з Ноўгарада ў Кіеў і наадварот. “Отер пот” (задвухкоссенае Нестара) і пасля пераможнай сечы са Святаполкам і печанегамі, пакаяння, ужо яму вітання епіскапа і прысягі кіеўлян зноў дамогся вярхоўнай улады, каб зноў уцешвацца і`хвалявацца за яе...

7.

Яраслаў збіраў раду з баярамі, старэйшымі дружыннікамі ў Вышгарадзе, што быў за сем вёрст ад Кіева на высокім беразе Дняпра (гэта было вена – пасаг – прабабулі Вольгі, дзе яна захоўвала сваю даніну), а вось адпачываў у бацькавым загароднім цераме ў блізкім ад Кіева Берастове. Згаджаўся з Ірынай, што гэтыя драўляныя церам, розныя пабудовы для слуг і коней, агарода калі не спарахнелі, то ўжо састарэлі. Пара будаваць новае. Ды ўгаворваў яе: аднак цяпер варта не столькі пра сябе асабіста дбаць, а пра Кіеў. Ачомаемся пасля нядаўніх рабункаў і страт, пабагацеем – тады і новае для сябе пабудуем.
Зараз ён сядзеў на акораным, злёгку абпаленым бервяне, што ляжала на тоўстых калодах. Насупраць у цяньку пад высокай і ўжо таўставатай ліпай на такім жа сядзені прымасціліся Ірына і маладая нянька. Дзяўчына трымала між калень неўмаля, іхняга сына-першынца, Уладзіміра. Той – у мяккіх атопачках і ў даўгаватай, па костачкі сарочыцы, для свайго ўзросту (паўтара гады ) высокенькі, толькі худзенькі – парываўся паімкнуцца насустрач яму, бацьку. А ён прыапусціўся на сагнутыя калені і маніў рукамі: ідзі-ідзі да мяне! Сам некалі доўга быў сядун, стаў на ногі, пайшоў ажно ў тры гады, дык вельмі хваляваўся за дзяцей: калі затупаюць і ці не будуць кульгаць яны. У сына ад прагі ступіць самому гарэлі чарнявыя вочкі, але ён баяўся, цягнуў за руку няньку, каб яна павяла яго за руку. Ды Ірына падштурхоўвала ў плечыкі, натхняла: ідзі сам, не будзь баязліўцам! Тым больш княжычу! Яраслаў выпрастаўся, падышоў, падняў сына пад пахі і перанёс яго на сярэдзіну даўно ўжо гладка вытаптанай дарожкі, апусціў на дол, а сам адступіў на крокі тры і зноў павабіў рукамі. Дзіця завагалася на тоненькіх няроўных ножках, ад боязі бездапаможна замахала рукамі, вырачыла вочкі і шырока разявіла роцік. У хадуне тупае, нават спрабуе бегчы, а вось так – ні-ні!
– Ідзі-ідзі! – зноў пачула бацькоўскі заклік. – Хутка табе не пару крокаў, а ў Ноўгарад ісці!
Меў на ўвазе тое, што летась там, у Ноўгарадзе, нечакана памёр старэйшы сын Ілля. Касняцін і баяры яго пасланцу кляліся, што гэта “выйшла па волі Божай”. Ён не зусім паверыў – баяраў не зачапіў, а вось Касняціну не паверыў, загадаў зняволіць, не зважаючы, што ягоны бацька Дабрыня шмат і верна служыў яго бацьку Уладзіміру, а ён – яму. Мала хто ведаў, дзе той, – у Мураме або ў Растове. Як потым нямногія ўвазнаюць: Касняцін пакінуў гэты свет “па волі Божай” ці яго прыдушылі ці пранізалі мячом у цямніцы. Цяпер Ноўгарадам кіраваў пасаднік, але ўжо абвешчана: праз нейкі час туды прыбудзе князіць Уладзімір.
Вось гэты Уладзімір, каб не ўпасці, закрычаў і... зрушыўся з месца, замітусіў ножкамі. Пабег! Яраславава сэрца мігам напоўнілася бацькоўскай радасцю. Падхапіў сына, прытуліў, пацалаваў:
– Малайчына! Малайчына!
Хацеў усклікнуць: калі ты заждгаў, то можна ўжо і пра браціка табе дбаць. Але стрымаўся жартаваць: Ірына, летась нарадзіўшы Уладзіміра, астудзіла яго новы мужаў любоўны парыў. “Дай мне адпачыць. Ды пасля ўсяго таго, што перажыла...”
Аддаючыся такому простаму, але і такому вялікаму бацькоўскаму шчасцю, і не заўважыў, што паблізу апынуўся пасланец ад яго новага ваяводы. Апусціў сына на ногі і падпіхаў яго затэпаць да маці – не, хлапчаня абшчаперыла яго нагу і нізавошта не хацела паўтарыць свой першы жыццёвы подзвіг. Тут і заўважыў госця. Позіркам запытаў строга: ну, якая-такая мусовая патрэба тут мяне турбаваць? Той ведаў, што Ірына не любіць, калі ёй не давяраюць княскія сакрэты, дык і пры ёй паведаміў:
– У паход трэба ісці, вялікі князь...
У які-такі паход? Хто можа нападаць? Пабітыя пазалетась печанегі падтулілі хвост; паралізаваны і звар’яцелы ад паразы Святаполк загібеў; Баляслаў (таго за перамогу над ім пры Бугу пачалі называць Храбрым), адваяваўшы на левым і захапіўшы новыя на правым беразе Буга гарады, супакоіўся, мае цяпер не ваенныя, а іншыя клопаты: дабіваецца ласкі ў рымскага папы, каб той блаславіў яго на каралеўства. Але той марудзіць: хоча, каб у Польшы было яшчэ больш вернікаў па рымска-хрысціянскім абрадзе. Найперш сярод новых, нядаўна далучаных. Дык што – Мсціслаў вядзе сюды раць, не задаволіўшыся ні Цьмутараканню, ні Мурамам? Зноў – вайна? На гэты раз з родным братам! Непачцівы, ганарысты той! Ідзе на яго, старэйшага!
– Ідзе па сушы ці плыве па моры? – запытаў Яраслаў, ведаючы: калі Мсціслаў рушыў па зямной цвердзі, то заявіцца з лютымі ворагамі – печанегамі. А яны прагнуць паквітацца.
Ганец пазіраў на яго няўцямна, а потым паціснуў плячыма:
– Якое мора? Яго ж між намі няма.
– Якое-якое! – перадражніў Яраслаў. – Панційскае! Ці, як называў мой дзед Святаслаў, Рускае!
– Не, князь, – цяпер уцяміў усё пасыльны. – Весці з іншага боку. Наш чалавек з Усвят перадае: на Ноўгарад пайшоў Брачыслаў.
Ён не паверыў вушам сваім:
– Брачыслаў? На мой Ноўгарад?
– Так, князь.
Ну, сынавец! Ну, свавольнік-няўрымста! Буян! Асмеліўся на тое, пра што яшчэ перасцерагалі бацьку: не варта даваць волі Полацку, не трэба, каб ён мацаваўся! Рана-позна скочыць! Як рысь на спіну нават ласю! Вось Брачыслаў і напаў. Ды ў які час. Калі за апошнія тры вайны ўсяго за чатыры гады Кіеў і Ноўгарад абяскроўленыя. Выклік яму, Яраславу! Ды які выклік! Замахнуцца на горад, які першы паклаў падмурак супольнасці – Русі! Які вабны прыклад для іншых! Не, трэба асадзіць бузуна!
– Пакарай строга паганца, – парушыла ягоныя думы Ірына. – Каб не панадна было!.. І яму, і іншым!
Набіраўся злосці, але, павольна едучы ў Вышгарад, не мог думаць і пра іншае – пра свае стасункі з не зусім чужым, духоўна блізкім па дзеду Рагвалодзе, маці, брату Ізяславе Полацкім. Да нядаўнага спачуваў яму за некаляшняе бацькава злачынства над ім і яго княскай сям’ёй, радаваўся, што вернуты ў яго брат спраўна князіць і шчыра засмучаўся, што зарана пакінулі гэты свет маці, ён, Ізяслаў, і яго старэйшы сын. З прыемнасцю ў Кіеве спазнаўся з сёстрамі, а ў Полацку дык зусім пазнаёміўся з сынаўцом, з Брачыславам, быў падзячлівы яму за цёплы прыём, за яго няўмяшанне ў ягоную сутычку са Святаполкам. Ды нядаўна... Пазалетась і сёлета ўзімку... Ад яго, Яраслававага ўчынку, былі ашаломленыя як у Полацку, так і тут, у Кіеве...
Ён намагаўся пра тое не ўспамінаць сам і не хацеў, каб пра яго напаміналі іншыя. Пазалетась не заступіўся за сясцёр, не абмяняў іх на Святаполкаву жонку – усе кажуць, абураны, нават разгневаны Баляслаў згвалціў Прадславу, якую некалі хацеў па-людску ўзяць замуж, а пры адыходзе з мяцежнага да яго Кіева (сабе на шкоду і Святаполк нямала пастараўся, каб тут і ў іншых гарадах зямля загарэлася пад цесцевымі нагамі) яе і Праміславу вывез сабой у палон. Яраслаў ажно сцепануўся. Як і тады, калі чытаў граматку, напісаную рукой Прадславы і перададзеную яму верным ёй чалавекам.
“У бацькі, – пісала яна, – вялікі грэх за забойства нашых дзеда Рагвалода і бабулі Прадславы, дзядзькоў, за гвалт над маці. Потым ён вас, сыноў, ушанаваў. Усім даў удзелы, і вы задаволіліся. А вось маё і Праміславіна жыццё апустошыў. Кажуць, любіў вельмі, дык не хацеў адпускаць ад сябе. Ды каменем на сэрца была гэтая яго любоў. Але цяпер яго, памёрлага, няхай судзіць Бог. Цябе ж, жывога брата, мы, жывыя, маем права судзіць. Ты подла непадзячлівы. Я перасцерагала цябе ад бяды, а ты вось як адплаціў! Мог нас, сясцёр, адпусціць у Палацеск, дзе мы ў пашане былі б. А ты аддаў нас на ганьбу! Клянешся ў любові да Бога, а парушаеш запаведзі яго. Няцяжка здагадацца, чаму і з-за чаго ты гэта ўчыніў. Ды яно цябе не апраўдвае. Ты страціў розум і душу з-за прагі ўлады, з-за таго, каб Святаполк і Елізавета не мелі дзяцей... Яны іх і не мелі б, паколькі ты перамог і давёў Святаполка да пагібелі... Мяне цяпер не выменьвай: не хачу нават бачыць такога брата, як ты... Ты не годны быць сынам нашай гаротнай і ў той жа час святой мамы і братам шчырага, справядлівага і мудрага Ізяслава. Я хацела праклясці цябе ды не раблю гэтага з-за іх, маці і брата... Судзі сябе сам.”
Прадслава не напісала яму больш ні радка. Канечне, ён не мог захоўваць такі яму сястрын прысуд, кінуў кавалак пергамену ў агонь... Прадслава пісала праўду. Горкую. Але ісціную. Ён не мог не зразумець гэта. Ды не мог спазнаць сябе ў іншым: чым болей даймала свядомасць, грызла сэрца віна, тым больш злаваўся. Не на сябе. На іншых. І не толькім на Баляслава за ягоны далёка не хрысціянскі ўчынак, нават на... Прадславу і Праміславу. Таму і сваёй рукой гатоў быць пранізаць кінжалам таго, хто хацеў пры ім пашкадаваць сясцёр. Ці вось пра абяскроўленасць Кіева і Ноўгарада. Хто іх да гэтага давёў? Ён. Войнамі. І чаму ды за што? Як справядліва кажа Прадслава, за прагу вялікай улады. Але нават перад самім сабою не столькі каяўся, колькі на людзях кідаўся ў набожнасць (падмеўся нанова пачаць будаваць у Кіеве мітрапаліцкі храм. І зноў жа не без тайнага разліку: хацеў, каб мітрапаліт быў не прыезджы, а свой, больш падлеглы) і горача прапаведаваў... светлы розум і дабрыню чалавечую...
І яшчэ па-свойму спадзяваўся на лекара-час. Сёстры – незамужнія дочкі былога і сёстры цяперашняга вялікага кіеўскага князя – не засталіся без увагі польскіх суседзяў, князёў і каралёў. Да Праміславы пасватаўся ўгорскі (венгерскі) князь Ласла Рыжы, стрыечны брат караля Іштвана І. Пайшла. Хоць не солад ёй там будзе: Іштван – дэспат, усіх трымае ў моцным і цяжкім кулаку. Пад ім стогнуць як простыя, так і знатныя людзі. Ён паслаў ёй віншаванне з падарункамі. Яна не адказала... Хоць, можа, і таму, што так рашыў павесціся Іштван? Яшчэ цяжэй было Прадславе. Да яе не прысылалі сватоў, канечне, дачуўшыся пра прыставанне да яе Баляслава; яго жонка ажно кіпела ад рэўнасці і злосці; Угрын сядзеў у порубе, потым яго выкупіла маладая, багатая палячка-удава і загарэлася ажаніць яго з ёю, а той, адданы Прадславе, нават пазіраць не хоча на дабрадзейку-спакусніцу... Канечне, усе там, апроч Угрына, з палёгкай уздыхнулі, калі ўжо немаладую ўзростам, але ўсё роўна заварожліва прыгожую паланянку пачаў прасіць стаць яму жонкай чэшскі князь Баляслаў ІІІ... Перавёў дых і ён, Яраслаў, таксама паслаў Прадславе віншаванне і дары, але, кажуць, яна аддала іх іншым...
Ці вось сёлета, ранняй зімою... Полацк даўно ўжо, з часу “сватання” Уладзіміра да полацкай князёўны, ні з кім не ваяваў, дык амаль за трыццаць гадоў абагацеў. Яго князь, сынавец Брачыслаў, як той малады воўк, набраўся развагі, спрыту, сілы. Яму мала было ўжо таптацца каля логава, хацелася адысціся, пусціць у ход меч, кап’ё, лук. Вось ён, Яраслаў, і падумаў, каб залучыць таго сабе ў спадручнікі ды спажыць яго малады запал, хітра заманіў: памажы расправіцца з Каінам, вярнуцца ў Кіеў. Пасля там удвух у згодзе, у памяць добрую да ўсіх нашых “па кудзелі” будзем правіць Руссю. Брачыслаў, канечне, разважаў, раіўся з баярамі і ў дамоўлены час прайшоў узбоч Заходняй Дзвіны па сушы, мінуў рэчку Абалянку, сустрэў яго каля Ршы (Оршы), дзе смаленскі Дняпро рэзка паварочвае на поўдзень, імкнучыся да Панційскага мора. Святаполк, печанегі былі ўшчэнт разбітыя; пасля Брачыслаў на радзе з баярамі і дружыннікамі сядзеў побач з ім і меў важкі голас таксама вялікага князя. Яму ў Кіеве пабудавалі хорам, а месца вакол назвалі Брачыслававым дваром. Тут ён мог сам-насам прыймаць самых розных гасцей. Праўда, не грашыў гэтым, у многіх варунках, дзеях не ўладнічаў паасобку, раіўся з ім (вось яму Прадслава і Праміслава пісалі, расказвалі, што і як робіцца на іх новых землях, як складваецца жыццё ў іх саміх).
Свет вялікі і заадно малы; асабліва на мацерыку, дзе здаўна пракладзены заваёўніцкія і гандлёвыя пуцявіны; далёка дачуліся: у Кіеве разам з дзядзькам уладзіць малады, прыгожы, разумны і, галоўнае, магутны князь-ха­ласцяк. Адусюль пайшлі сваты – так-так, у розведы да Брачыслава з багатымі дарункамі ад уладароў плямён і краін, каб аддаць за яго сваю дачку. Вось паслы і з Даніі ад Кнута Вялікага, які падкаленіў не толькі Данію, але і Нарвегію ды англійскія землі, да “караля Русі” прывезлі паклон: ці не мог бы ён ашчаслівіць яго малодшую сястру Эстрэль? Няма слоў, Данія тады была моцная дзяржава; Эстрэль на партрэце спадабалася; яна з вялікім пасагам прыбыла ў Кіеў; маладыя шчыра пакахаліся (пра жаніцьбу Брачыслава і Эстрэль версія І. Масляніцынай паводле асэнсавання ёю дацкіх хронік і скандынаўскай “Эймундавай сагі”. – Г.Д.). І тут...
Як яму нашэптвалі прыстаўленыя ім да Брачыслава выведнікі, ім адразу ж захапілася Ірына, схіляла яго да блізкасці, ды ён не паддаўся на жаночыя спакусы. Ірына затаіла злосць. Эстрэль яна сустрэла прыязна: багатыя дары дасталіся і ёй, а яшчэ як-ніяк амаль зямлячка, маглі весці бяседы на зразумелай мове і пра славутыя подзвігі іхніх землякоў, спяваць любімыя песні. Ды, як кажуць, чорная кошка прабегла і між імі (мо і з-за таго, што малодшая Эстрэль хацела быць нароўні з ёю. Як жонка таксама вялікага і, на яе думку, больш галоўнага князя; тады яшчэ не зналі, што і як учыніла яе, мякка кажучы, натурыстая маці са збеглым у Данію самым малодшым братам Яраслава Усеваладам; пра той жах пазней. – Г.Д.). Яны ўсё больш і больш пачыналі сустракацца, а калі бачыліся, дык між імі апаноўвалася халодная ветлівасць. Ірына дзень за днём нагаворвала яму, Яраславу, на Брачыслава і ягоную жонку, у праваслаўі Анастасію (у гонар Рагнеды, Брачыслававай бабулі-манашкі): гадуй-гадуй змеяў на грудзіне! Рана-позна ўджаляць! Мабыць, няма страшнейшай сілы, чым жаночыя нашэпты, папрокі, абразы, а ўрэшце і слёзы!.. Яраслаў пацярпеў пляменнікаву роўнасць, пачакаў, пакуль у яго зноў збярэцца сіла, перамовіўся з баярамі, дружыннікамі і аднойчы на радзе не даў сесці побач з сабою. “Вось што, сынавец, – сказаў пагрозліва. – Стала мне ведама: задумы цёмныя супроць мяне і маёй сям’і выношваеш! За здраду мог бы цябе зняволіць. Ды не буду дзеля памяці светлай усіх, хто нам радня “па кудзелі!” Вяртайся ў свой Палацеск і сядзі там ціха!” Карацей, агаварыў. Як некалі Ірынінага жаніха перад яе бацькам.
Брачыслаў пакінуў Кіеў. Канечне, без славы вялікай. Як змоўшчык супраць дзядзькі, “які прытуліў яго як сына”. Кажуць, яго Анастасія не вельмі загаравала, што з Кіева патрапіла ў Полацк, паразумелася з Брачыслававай маці, і яе там не толькі прызналі за жонку іхняга падманутага князя, але і палюбілі. І вось... Брачыслаў – на Ноўгарад!.. Канечне, гэта – не проста так скачок Полацка...Трэба ісці і, як кажа Ірына, збіць пыху з сарвігалавы! Каб іншым не панадна было падняць галаву, забунтаваць! Хоць... Хоць гэта ўжо за ім, Яраславам, – новая варожасць Ноўгарада і Кіева з Полацкам... Мо і далёка наперад... Што ж, каб ён быў полацкі князь, як брат Ізяслаў і пляменнік Брачыслаў, то мо таксама паводзіўся б, як яны. Але ён не полацкі, ён – вялікі князь Русі. Дык мо і варта было б падначаліць, як і ў Ноўгарадзе, полацкую гордасць...
“Паглядзім, – падумаў. – Без бітвы не абысціся. А яна калі не ўсё, то многае пакажа і рошыць...”

Першы ўлегцы (без абозу) са сваёй варажскай дружынай паімчаўся з Кіева Эймунд. Яраслаў нават здзівіўся: у таго ледзь не ўспыхнулі агнём вочы ад радасці, калі пачуў пра Брачыславава ўварванне ў Наўгародскую зямлю. Прадзед, Рагвалод, самае вялікае асмельваўся пасля смерці Святаслава і пры малалетнім ноўгарадскім князі Уладзіміры нападаць на памежныя плескаўскія (пскоўскія) землі, два-тры разы заскочыў у наўгародскія, а вось праўнук... Яраслаў палічыў: заўсёды незадаволены, хмурны Эймунд (а засмучаны таму, што яму мала заплацілі за апошнюю перамогу над Святаполкам і печанегамі) адчуў пах здабычы – яе, канечне, будзе везці Брачыслаў, дык вось можна перахапіць нарабаванае першаму і добра пажывіцца.
Яраслаў не развітаўся з Ірынай (сказалі, што яна з дзецьмі раптоўна выехала ў Берастова) і паволі, везучы з сабой правізію, таксама пакінуў Кіеў. На гэты раз падаўся з дружынамі не па Дняпры (нялёгка веславаць супраць цячэння), а ўздоўж яго на конях. Балазе шлях быў дагледжаны перад яго апошнім паходам сюды – дрэвы і кусты павысяканыя, балоты і балотцы вымашчаныя, а па прыдняпроўскіх рэчках перакінутыя масты. За Любечам трусіў пад ціхім і цёплым даждом у сярэднемесячны дзень, далей – пры яркім сонцам і парнасці і не мог па-новаму не здзіўляцца. Дрыгавіцкае звычайна вельмі ажыўленае прырэчча было абязлюдзенае – ні начных вогнішчаў пастушкоў коней на гуртавым лузе, ні раніцай на сенажацях касцоў у лапцях, зрэбных кашулях і партах ды ў саламяных капелюхах, ні босых, у белых касынках вясёлых жанок каля падсушаных пракосаў, ні коп і стагоў, а ў паселішчах – ні душы, толькі чуўся мляўкі сабачы брэх. Пахаваліся насельнікі. Сям-там сустракалі з хлебам, малаком, яйкамі, засмажанымі курамі, зялёнай цыбуляй толькі пастаўленыя ім старасты, цівуны, падвойскія, знатныя людзі са сваёй чэляддзю. Ад іх і даведаўся, што люд затаіўся не проста з-за варожасці, а з-за Эймундавых пабораў коней і ежы (“Сам злупцую мярзотніка!”) і што для Брачыслава пад назіркам яго вояў гацяць балотцы, наводзяць масты праз рэчку Судому паблізу паселішчаў Дуброўка і Парэчча (так у М. Карамзіна; хутчэй за ўсё Брачыслаў перапраўляўся праз раку Ловаць: сённяшняе пскоўскае Парэчча якраз паблізу яе. – Г.Д.). Калі робяць гаці і масты, значыць будзе сюдой везціся, сапраўды, вялікая здабыча і ісці вялікі палон.
Прылужжа з нечапаным сіўцом, вытаптаная каровамі, коньмі і асабліва авечкамі паплавіна, а бліжэй да ракі прасторны, ужо скошаны, але яшчэ амаль без атавы, з рэдкімі чорнымі кратовінамі луг, абапал лісцёвы, а далей хваёвы лес па абодва берагі здаліся не зялёныя, высокае неба – не блакітнае, сонца – не яркае, а ўсё пацямнела ўваччу: да новага з акораных бярвёнаў маста вось пад’ехаў... Эймунд на чале сваёй дружыны. І ў гарачыню ў даспехах, з мячамі. Значыць, чакалі, што на сёмы дзень Брачыслававага паходу ён, Яраслаў, можа апынуцца тут. Хоць маглі сутыкнуцца за Ловаццю, ужо на віцебскіх абшарах. Эймунд запыніў каня, прыклаў руку да лоба і пачаў пазіраць сюды. Да яго дружыны пад’ехалі полацкія воі, а за імі паказаліся коні, запрэжаныя ў высока напакаваныя дабром калёсы, а за імі – людзі. І іх усё большала і большала. Як пачало хутка бачна, іх была не адна тысяча. Маладыя мужчыны і жанчыны, дзеці. Пярэднія згледзелі яго раць, загаласілі. А хто не нёс неўмаля, ускінулі рукі ўгору. Зразумела. Хто хоча ісці ў палон, быць не гаспадаром на сваёй зямлі, а рабам?! Сціснулася сэрца: значыць, Ноўгарад разрабаваны, а то і спалены. Калі нападзе Мсціслаў, то на гэты раз ужо не будзе ад Ноўгарада помачы. Вось пад’ехаў і стаў каля Эймунда Брачыслаў. Мо і сшапталіся яшчэ ў Кіеве? Брачыслаў – рослы, русявы (валасы доўгія, на высокім лобе і зашыйку бел-чырвоная стужка), з русявымі вусамі, але па маладосці яшчэ безбароды, у вышываных ботах з увабранымі ў іх палатнянікамі, расшпіленай па грудзіну белай шаўковай сарочыцы. Ён і ў Кіеве не прагнуў ні ў чым раскошы. Казалі, такімі былі і ягоныя бацька і прадзед па Рагнедзе Рагвалод. Прайшло толькі паўгода, як яны не бачыліся, але здаецца: ён рэзка амужнічыўся. Пасуровеў. Пазірае спадылба. Але і гэта яго, прыгожага, зусім не брыдчыць. Надае нават вялікаснае аблічча. Быў бы ва ўсім такі ягоны Ілля! Каля пярэдніх ног Брачыславага гнядога каня стаяў высокі рыжаваты, з цемнаватай спіною ваўкадаў (некаторыя князі пры сабе на час сну трымаюць маленькіх сабачак-абярэгаў: тыя пры падыходзе чужога чалавека ўсчынаюць пранізлівы ях).
Па абодва бакі ракі воі стаялі моўчкі, не дражнілі адны адных. Толькі лемантавалі запалоненыя, рваліся сюды, ды ім перагарадзілі дарогу коп’ямі полацкія дружыннікі .
“Брачыслава з Эймундам мне не адолець, – зеляніна і светлата ў вочы, а свядомасць у галаву пачалі вяртацца да Яраслава. – А калі і паб’ём, то гэта будзе Пірава перамога, а я – палкаводзец без арміі. Тады Мсціслаў возьме Кіеў голай рукою. Хочаш ці не хочаш, а трэба ісці на перамовы. Але як і пра што дамаўляцца?”.
Эймунд штосьці горача гаварыў Брачыславу, паказваў сюды рукой. Мабыць, угаворваў напасці, пераконваючы, што ваенная ўдача, а з ёю і багатая здабыча будзе за імі. Яраслаў азірнуўся, даў знак, каб яго дружыны былі непарушныя, а сам адзін падаўся да маста. Запыніўся. Гукнуў:
– Сынавец, давай перамовімся.
Было ўжо чуваць, як гарачыўся Эймунд: не-не, не ідзі. Давай знак трубіць на бой. Мы адужаем яго. І Палацеск табе нізка паклоніцца! А пазней рушым на Плескаў! Або на бліжэйшыя землі радзімічаў ці дрыгавічоў! На яцвягаў альбо пашукаем выйсця да Варажскага мора! Палацеская дзяржава разрасцецца! Будзе моцная славянскасцю!
– Сынавец, – папрасіў ужо Яраслаў. – Не слухай яго. Не вер юдам. Прадаў мяне – прадасць і цябе. Будзе служыць таму, хто больш заплаціць.
Брачыслаў павагаўся. І, здаецца, не вельмі слухаў Эймундавы ўгаворы. Апусціў руку на хораша ўпрыгожаны дамаскі меч, паправіў яго і тузнуў каня. Ехаў спакойна, у вачах – ніякай боязі. Запыніў каня ўзбоч. Не павіталіся. Не міргаючы, пазіралі адзін аднаму ў вочы. Блакітныя ў Брачыслава, яны вылучалі дабрыню. Толькі цяпер суровую. І ніякай віны ў іх.
– У спіну ўдарыў, сынавец, – падакараў Яраслаў. – Адпомсціў?
– Ты ж паклікаў на перамовы, – безуважна адказаў Брачыслаў, – а не на малібоны (папрокі). А калі гаварыць пра помсту, то яна – наўгародцам. За тое, што прадзеда, прабабулю з сынамі забілі, многіх паланілі і прадалі ў рабства, а Палацеск разрабавалі і спалілі. Я, каб ты ведаў, больш міласцівы: многіх наўгародцаў пабіў, у палон вяду, але горад не падпаліў. Я – баявы князь, а не варвар-дзікун. А пра перамовы маё слова такое, вуй: давай разыдземся мірна. Табе нас не адолець. І кіеўскага пасада больш нават не бачыць...
– “Мірна разысціся!” – нервова перакрывіў ён. – Які мір, калі напалі на маю дзяржаву!
– Што ж, – пачуў спакойны адказ. – Калі лічыш мяне вінаватым, то спрабуй пакараць. Бой – дык бой! Мае воі поўныя рашучасці пастаяць і за мяне, абылганага табой і выгнанага з Кіева, і за Палацеск!
– Спажываеш выгадны шанец!
– А хіба гэта не логіка дзяржаўцы? Рагвалодавіча і “па кудзелі”, і па духу? І хіба так лёгка не паслухацца Рады і веча? Яны прынялі на службу – яны за пралікі ды няўдачы і прагнаць могуць... – Усміхнуўся. Гарэзна. Не зважаючы, што ён ўсё ж малодшы, пляменнік. – І яшчэ ёсць адно, што цябе змусіць пайсці на перамовы... Твая Ірына з дзецьмі ў Палацеску... Хацела падацца з Эймундам у Ноўгарад, але я не ўзяў... Так што ёсць пра што перамаўляцца! І строга: – Сясцёр ты лёгка аддаў на ганьбу, а любімую жонку з дзецьці, думаю, пашкадуеш?
У Яраслава адняло мову. Не, не за тое, што пляменнік вось гэтак смела і калюча сцябае па вачах. Ды Эймунд – Эймундам: хцівец. А вось Ірына?.. Што за яе выбрык? (У летапісах будзе тлумачыцца гэта тым, што яе сілай прывёз да Брачыслава Эймунд. – Г.Д.). Сышла ад яго? Ён – муж-пакідалец?
– Давай прысядзем, ногі замлелі за доўгую дарогу, – папрасіў Яраслаў, першы спешыўся, махнуў рукой свайму дворнаму. А калі той падбег, загадаў: – Прынясі лаўкі, стол. Квасу халоднага, – медавухі ці віна не наказаў падаць: ведаў, што пляменнік, як і бацька, не п’е моцных напояў.
Хутка тое, паходнае, стаяла тут. Слуга прыпадняў накрыўку з глінянага збана і наліў рудога ад падсмажаных хлебных скарынак пітва ў гліняныя конаўкі. Сеўшы, Яраслаў адпіў першы: не атручана. Доўга маўчаў. Утаймоўваў думкі і разгубленасць. А каб схаваць гэта, марудна цадзіў квас.
– Дык як мірна мы можам развязаць завязаны табой вузел? – запытаў праз некалькі хвілін.
– Як Македонскі – гордзіеў... – Брачыслаў бачыў ягоную пакуту. Пацяшаўся.
– Што і па чым, па-твойму, нам секчы?
– Ты – вуй, старэйшы і мудрэйшы. Дык падказвай сваё выйсце.
– Здабыча – здабычай, Бог з ёю, – уголас пачаў разважаць Яраслаў. – А вось палон адпусці. Ірыну вярні ў Кіеў.
– Ясна, – сказаў Брачыслаў. – Гэта – выйсце для цябе. А што – мне ўзамен?
– А што ты хочаш?
– Вяртаю я – вярні і ты. Віцьбеск, Усвяты, – Брачыслаў загнуў на левай руцэ мезенец, а пасля пачаў загінаць і большыя пальцы. – Дай заруку, што Смаленск не будзе пасягаць на Ршу і Копысь. Пацвердзі наша права на Менск, Нямігу і Лагожаск. Пакуль што гэта – усё. Але ні ў чым не саступлю. Іначай мір будзе знаходзіць меч. Выбірай.
Яраслаў і зазлаваў, і заадно ўразіўся пляменнікай рашучасці і настойлівасці. А тады:
– Дарагую плату хочаш.
– Не вельмі. Тым больш, што я ўсё роўна буду мець названае. Ты калі не страціш дружыны сёння – страціш хутка ў бітве са Мсціславам... – пацешыўся як пераможца: – Так што пішы, давай грамату, іначай больш запатрабую, скажам, на дрыгавіцкай зямлі!
– Вымагацель! – здаўся Яраслаў.
– А мне, вуй, не выпадае быць іншым... Ды не столькі я вымагаю, колькі вымагаюць палацескія інтарэсы! Іначай, кажу, мне не даруюць. Ні цяпер, ні пазней. Палічаць баязлівым ці бесталковым, а то проста абэлтухам!
– Яны, гэтыя вашы інтарэсы, павядуць цябе і на латгальскія і іншыя землі? Не выпадкова ж ты памежны горад Браслаўль збудаваў! Думаю, і на яцвяжскія землі, на Літву зырышся! (Здаецца, без значных гарадоў паселішчы той, летапіснай, Літвы былі паміж сённяшнімі Мінскам, Навагрудкам, Слонімам і Маладзечна. Пазней там будзе некалькі дробных княстваў, але шмат князёў і міжусобнай барацьбы між імі. Іх мірным шляхам падпарадкуе Навагародак, запрасіўшы да сябе князіць Мендога ці Міндоўга, які мог быць выхадцам з полацкіх зямель. – Г.Д.).
– Як, вуй, у святой кнізе напісана, дасць Бог новы дзень – дасць і ежу!.. – Быў поўны маладой радасці Брачыслаў, ужо не прадчуваючы, а ўпэўніўшыся, што выводзіць Полацкую дзяржаву на новы ўздым. – А ваяўнічыя Яцвязія ды Літва – спакусна смачныя скібы!.. І не для аднаго мяне. Не так, вуй?
– Ладна, – скрушліва прамовіў Яраслаў. – Пра Яцвязію, Літву ды пра іншых пагаворым пазней. Цяпер хачу пачуць ад цябе іншае. Калі на мяне нападзе Мсціслаў, на чыім баку будзеш?
– На сваім... – Брачыслаў не пакідаў усмеху.
– Памажы мне, – папрасіў Яраслаў. – Як-ніяк мы з табой ўжо добра знаёмыя. Я на вялікія ўступкі для цябе пайшоў. Мсціслаў – таксама вуй табе, але ўсё ж незнаёмы чалавек... Не думаю, каб у выпадку перамогі ён запрасіў цябе ў Кіеў...
– Ды не патрэбен мне ваш Кіеў! Мне і ў Палацеску ўсяго хапае. Адно скажу пэўна і цяпер: меч першым на цябе не падыму, – ужо засур’ёзнічаў пляменнік. – А пра тваю просьбу пра падмогу пагавару на Радзе, а то і на вечы. Гэта ў вас веча мала значыць, а ў нас яно моц мае. Дае срэбра і да срэбра – я трачу. Каб цяпер узяць гэтага Эймунда, таксама буду гаварыць з вечам. Думаю, пашлем яго пасаднікам у адну з валасцей.
– Ну, і за гэта дзякуй,– схіліў галаву, але не шчыра і не радасна Яраслаў. – А Эймунда аддай мне. Я яго пашлю... на неба. Ці, лепш сказаць, у пекла. Ці сыдзі і пакінь яго тут.
– Не. Ён зрабіў для мяне вялікую паслугу... Каб не яго пераход, ты так са мной спакойна не гаварыў бы! Нягоднік, але патрэбны мне. І мо не толькі сёння... Ну, кліч, вуй, пісца, давай грамату складаць ды падпісваць. З-за яе я гатоў сёння і медавухі альбо іншаземнага віна конаўку выпіць!..

З “Рукапісу”

“Неўзабаве пасля наткнення каля Судамы альбо Ловаці Яраслава і Брачыслава полацкія пасаднікі спакойна сядзелі ў Копысі, Оршы, Віцебску, Усвятах. Полацк займеў вольны і вельмі выгодны, без мытні і пошліны доступ да шляху “варагаў у грэкі”. Эймунд застаўся на службе ў Брачыслава, яму далі воласць. Ірына вярнулася ў Кіеў. Як яна апраўдвалася за свае ўцёкі з яго, невядома. Ды як хітрая жанчына ўлесціла Яраслава: у новым годзе ў іх нарадзілася дачка, Ганна. Потым яшчэ ў іх будзе пяць сыноў і дачка. Яны працягнуць род Рурыкавічаў-Яраслававічаў надоўга, а вось Яраслававы браты Мсціслаў і Усевалад у гэтым былі нешчаслівыя: іхні род абарвецца на іх жа. Брачыславу Бог доўга дзяцей не даваў, Полацк вельмі перажываў, каб не перасекся род Ізяслававічаў.
Як я даведаўся з трыманага ў руках полацкага летапісу, па-свойму склаўся лёс у Рагнедзіных дачок. Не былі доўга паланянкамі, больш – выйшлі замуж за князёў. Але не былі шчаслівейшыя за маці. Праміслава трапіла ў венгерскае каралеўства па любові, стала маці, ды зведала пакутніцкую долю... У міжусобіцы загінуў муж, тры сыны мусілі ўцякаць; два старэйшыя апынуліся ў дзядзькі Яраслава, у Кіеве. Самага старэйшага Эндрэ (у Кіеве яго называлі Андрэем) ён пашлюбаваў з дачкой Анастасіяй і памог яму срэбрам ды золатам вярнуцца і стаць каралём. Канечне, зрабіў гэта не толькі па дабраце сваёй. Ды праз гадоў 14, у новай міжусобіцы, Эндрэ быў забіты самым малодшым братам. Якая вялікая радасць была ад гэтага Праміславе – удаве, маці?! Не праліла шмат слёз? Ці неяк суцешвалі сын-братазабойца, сярэдні? Ці супакойвала таксама маладая ўдава, яе нявестка-пляменніца (яе назвалі Агмундай)? Яна была разважлівая, спакойная, як і бабуля Рагнеда-Анастасія, кніжніца, цалкам прысвяціла сябе Венгрыі: зладзіла бібліятэку, два манастыры (першыя там каменныя будыніны), натхніла каралеўскага юрыстыка-пісара, епіскапа Мілаша пачаць пісаць аб’ёмнае даследаванне “Дзеі венграў”.
Прадслава выйшла замуж за чэшскага Баляслава ІІІ. Ды не чакала яе шчасце вялікае: ці не праз тры гады пакінула гэты, пайшла на той свет па-ранейшаму красуняй. Чаму? Пры росквіце жыццёвых сіл?
...Нестар, а за ім і іншыя нахвальвалі-узвышалі Яраслава, дык панапісвалі, што ён там, на Судоме, даў бой, перамог Брачыслава і што той, сынавец, нібыта пужлівы заяц, кінуў-рынуў усё, усіх і збег з поля бою без аглядкі. Але ці трэба гэтаму верыць? Нават і таму, што “пераможаны” Брачыслаў не толькі не страціў кавалка сваёй зямлі, а... пашырыў яе і па-ранейшаму быў незалежны ад Яраслава! Пры ім ніхто не асмеліўся нападаць на Полацкую зямлю, і яна з кожным годам багацела і набіралася моцы. А сам Брачыслаў двойчы з Яраславам хадзіў у ваенныя ўдалыя паходы. На Яцвязію і Літву...”


Ад аўтара

Брачыслававы паражэнне-поспех... Цяжка адшукаць ва ўсёй сусветнай гісторыі прыклад: пераможца нічога не ўзяў, а... яшчэ адарыў пераможанага і сышоў!
М. Карамзін услед за Тацішчавым і іншымі затуманіў тлумачэнне: у асноўнай сваёй гістарычнай працы ён, Карамзін, зазначыў: “как вероятно”, Брачыслаў скарыўся, а Яраслаў “оставил его в покое”. Толькі дробненькім шрыфтам у дадатку (а іх і цяпер не ўсе чытаюць!) заўважыў: Брачыславу тут жа дасталіся Віцебск і Усвяты. Вось так! Вось як проста і лёгка Яраслаў расшчодрыўся, каб суцешыць ім пабітага!!! Пазней С. Салаўёў таксама прыбег да такога хітрага прыёму: у сваёй “Истории России с древнейших времен” зноў жа высновы падзяліў на дзве часткі. У першай, на асноўных старонках, спачатку паўтарыў версію Нестара і іншых, але, праўда, вышукаў для яе сваю падставу: “Ярослав видел, что надобно что-нибудь прибавить Брячиславу к его волости, иначе Новгород никогда не будет безопасен...” І яшчэ, нібы спахапіўшыся ды прынізіўшы падзею: “Если только он не дал их (Віцебск і Усвяты. – Г.Д.) за жену, похищенную Эймундом”. А ў дадатку да свайго даследавання ён, С. Салаўёў, выяўляючы больш шчырае і праўдзівае тлумачэнне, ці не выказаў ісціну? Калі вылучыў “желание Ярослава заключить союз с Брячиславом против Мстислава?!”
Задобрываюць моцнага, каб падпісаць з ім саюз! Слабому, скоранаму, загадваюць!

(Працяг будзе)