12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Данільчык

_____________________
Біяграфія.
Вершы


Маніякальна-дэпрэсіўны сіндром

Проста вясна мне ня стала сястрою,
проста залішняя радасьць паўсюль:
кволае вецьце, дымная мроя,
руні і парасткаў цела жывое,
толькі спакою няма ніадкуль.

Я вымаўляю, я прамаўляю,
я адчуваю заганнасьць быцьця,
а да вяршыняў тугі і адчаю,
тых, ад якіх я штодня паміраю,
хто можа ўзьняцца, хто можа дастаць?

Не па раскладзе, не пад капірку
вецер стварае сонечны рай.
Шчасьце, вар’ятня ці чорная дзірка?
Мне цесна ў межах быційнай прабіркі
і я выплёскваюся цераз край.



* * *

Мае дзеясловы апошнім часам
пазьбягаюць катэгорыі роду.
Я думаю, я пішу, я ствараю...
Бо такім чынам
мая сутнасьць
пазьбягае дыскрымінацыі.
Ці зайздрасьці?...



«Камуністы ў жалобе»
або яшчэ раз пра чырвонае і чорнае

В. Ю. Дэконскай прысьвячаецца
Нам вецер нічога ня зробіць,
Завея нам будзе сястрой, –
Ідуць «камуністы ў жалобе»
На свой вырашальны бой.
Яны прыхавалі кінжалы,
Прыгладзілі валасы,
Іх словы ляцяць, як джалы,
І ворагам джаляць насы.
Яны не баяцца хваробаў,
Іх вочы блішчаць, быццам сталь,
Пра іх, камуністаў, жалобу
Пісаў у свой час Стэндаль,
Пра іх, барацьбой нестамлёных,
Я гучную песьню пяю,
А шоўкавы шалік чырвоны
Пагладжвае шыйку маю,
А чорны жыкет і спадніца –
Не падыходзьце бліжэй –
Мне дапамогуць адбіцца
Ад розных трацкісцкіх ідэй.


Вакзал

Менавіта тут і цяпер
па гэтых шкляных сьценах
сонечныя промні распаўзаюцца,
быццам зграя тэрмітаў,
а нудны голас вось-вось
абрынецца зьверху,
каб абвясьціць:
шчасьце адмяняецца,
шчасьця ня будзе.
І ня будзе блакітных экспрэсаў,
якія ідуць на захад,
і ня будзе больш чорнай кавы
перад тым, як вагон скранецца,
а буду адна толькі я,–
адна між шэрых калонаў,
адна між ружовых прыцемкаў,
адна між рэек, шпалаў і перонаў...



Адна

А ня дзьве, ня тры, не чатыры.
Непадзельная і непадзеленая.
Бо я – ня Ганна Карэніна.



* * *

Scorpio, Bad Spider, Die...
Anne Sexton
Быць мастаком
і адчуваць сваю магутнасьць,
свой супраціў
упарты і штодзённы,
замкнёны ў мірыядах
дробных жэстаў
магчыма, не заўсёды зразумелых,
і быць паддосьледнай
у клетцы простакутнай,
чыёй сьвядомасьцю маніпулююць
так няўмела;

быць таямніцай
сонечнага зьзяньня,
глядзець містычнай поўні
вочы ў вочы,
каб выведаць аднойчы слова словаў,
і адчуваць
злавеснае гайданьне
любімай вежы
са слановай косьці,
якая ўрэшце
рухне ад разломаў.

Быць мастаком –
ня значыць ратавацца,
быць мастаком –
ня значыць ратаваць,
але прашэпча нехта –
можа стацца –
Bad Scorpio,
ня трэба паміраць.



Савецкія жанчыны

Народжаныя дзеля
задавальненьня грамадскіх патрэб
у рэпрадукцыі таннай працоўнай сілы,
адкуль вы маглі ведаць,
што змагацца можна
ня толькі за сьветлае заўтра сацыялізму,
што змагацца можна
і за ўласнае шчасьце,
а, урэшце, можна і не змагацца —
пытаньне стратэгіі.
Адкуль вы маглі ведаць —
вы маглі толькі верыць
у цнатлівасьць маладагвардзейцаў
і камсамольскія запаветы.
І зараз, баючыся ня толькі свайго цела,
але і ўласных вачэй у люстэрку,
вы запаўняеце рэшту жыцьця
таннымі амерыканскімі раманамі,
каб ня бачыць таго, што адбываецца навокал.
Каб ня бачыць вашых дачок,
такімі, якімі яны ёсьць –
жывымі і няўрымсьлівымі.
Яны ня хочуць быць муміямі
з камуністычнымі ідэаламі замест вантробаў.
Дык бывайце, савецкія жанчыны,
я памалюся за вашае змарнаванае жыцьцё,
у якім было занадта мала любові,
каб вы маглі з кім-небудзь ёю падзяліцца.



Біяграфія

Каменьчык з краямі шурпатымі
пасьля таго, як перамагае
свавольства акіянскіх плыняў —
ня толькі цёплага Гальфстрыму,
але і плынь Заходніх Вятроў —
становіцца пяшчотна гладкім
і больш ня драпае далоні.
Так набываецца іншая якасьць, —
першая з тых, што кідаюцца ў вочы.
І мая біяграфія
настолькі гладкая,
што ў ёй
не засталося месца для крыку.



* * *

місія спраўджана
рэшткі труны
хваля ад выбуху
зрушыла краты
складзена рацыя
баль цішыні
цягнецца ў дымным паветры
зацята

місія спраўджана
анты-герой
твар адвярнуў
ад краіны няўтульнай
дзе дастаткова
кулі адной
каб завяршыць
шпіёнскія гульні

місія спраўджана
час заціхаць
нарэшце я скуру
старую скіну
і буду думаць
што ў выніку дасьць
зіма як бясконцы
мінус на мінус



Імпрэсія

Вечар, які раптам сканцэнтраваўся ў барвовай кропцы сонца, пакінуў прастору неба безаблічна-шэрай, і я, напоўненая нерашучасьцю, думала пра тое, што мана не бывае бясконцай, што яна абавязкова скончыцца, але пытаньне ў тым, хто ў гэтай безаблічна-шэрай прасторы скончыцца раней.

Я пачынала разумець, наколькі беспадстаўнымі былі мае спадзяваньні на вонкавыя ўласьцівасьці прадметаў і зьяў – яны так хутка зьмяняюцца, нязьменнай застаецца толькі сутнасьць, але часта сутнасьць застаецца ня толькі нязьменнай, але і няўлоўнай, а магчыма – яна проста адсутнічае.

Барвовая кропка сонца апускалася ў зеленаватае мроіва красавіцкіх таполяў, як незвычайны паўднёвы плод, што пераблытаў мерыдыян, паралель, а разам з імі і пару года, і мне заставалася безаблічна-шэрая прастора, у якой я павінна была адшукаць сваё месца або пакінуць яе назаўсёды.



* * *

Па бетонных далонях прасьпекту,
ідэнтыфікацыя якога
так і не адбылася,
мы рухаемся насустрач сонцу.
Ты і я –
абаронцы нязьдзейсьненай нацыі,
якая лічыць,
што ня мае ў нас патрэбы.


P.S.
Інстытут літаратуры
або яго адсутнасьць

Згадваецца міжволі
ў сьвятле апошніх падзей,
як мы вывучалі ў школе
праблему лішніх людзей.
А потым – якая ўдача –
зьмяніўся і сьвет, і час,
і я не магла прадбачыць,
што пойдзе гаворка пра нас,
і я не магла прадбачыць
сустрэчу з праблемай такой,
што хутка складанай задачай
паўстане перада мной.
Так не хацелася верыць
у верагоднасьць «зьліцьця»,
нас выштурхнулі за дзьверы
краіны, навукі, жыцьця.
Усе нібы анямелі
і моўчкі чакаюць прысуд,
як быццам не зразумелі,
што скончыўся не Інстытут,
што гэта канец ілюзій –
так годна адсьвяткаваць,
каб потым спыніцца прымусіць
на лічбе семдзесят пяць* ?

Хтосьці пакуль спадзяецца,
што можа… нешта… яшчэ…,
ды нам паказалі месца
ў самым дальнім куце.


* У 2006-м годзе Інстытут літаратуры
адзначыў сваё 75-годдзе.