12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Данільчык

_____________________
Нанова вучуся хадзіць.
Вершы


* * *

намацваю прастору
вывучаю структуры сказаў
структуры міністэрстваў і устаноў
абрэвіятуры
значэнне якіх напаўняецца сэнсам
настолькі канкрэтным што нават няёмка
дзе я была ўвесь гэты час
у якім існавала свеце

на дахах старога горада
чаіцы чаіцы чаіцы
сотні ці можа тысячы
быццам зараз не снежань
быццам зусім не менск
быццам пад мостам аператар Хічкока
а яны чакаюць каманды
гэтыя дрэсіраваныя птушкі
што крычаць так пранізліва
быццам крыкам можна разбурыць
гіпсакардонавыя інсталяцыі
пабудаваныя вакол узлётнай паласы
быццам крыкам можна нешта спыніць

дзе я была ўвесь гэты час
адкуль вярнулася

горад нібы калаж
успамін на ўспаміне
і памяць – старая сцяна
заклееная газетамі
абдзіраю адну за адной
да самае тынкоўкі
адштурхоўваюся ад сцяны
адштурхоўваюся ад парэнчаў
іду ад
іду да

нанова вучуся хадзіць
мой крок паступова робіцца
цвёрдым


* * *

Кропля вады апякае далонь ландрынкай,
на вуліцы мінус -надцаць.
Светапогляд не ёсць нязменнай адзінкай,
у гэтым можна не сумнявацца.

Не выклікаюць ніякіх сумненняў змены
ў прыродзе сэнсу, у прыродзе навокал,
вадкасць, што запаўняе нашыя вены,
змяняе свой склад – працэсы нябачныя воку

ці бачныя не адразу, напрыклад, плесня
спачатку ўсярэдзіне, потым – звонку.
Грыбніцай запоўненая паверхня
зусім інакшая з цэнтру і збоку.

Быццам усмешка, што недзе ў куточках вуснаў
застыла ў нязручны момант,
непадуладныя форме пісьмовай ці вуснай
думкі сціскаюцца – холад.

Але міжвольным уцелаўленнем
словаў, якіх нам заўсёды мала,
працягваецца трансфармацыя ценяў.

Пра гэта я б вам расказала,
таварыш Бродскі.


* * *

пад мікраскопам
пад пільным вокам старэйшага брата
пад пільным вокам старэйшых сёстраў
што жадаюць пранікнуць глыбока
па калідоры нібы па моры
дзе кожны кільватэр навідавоку
і думка бязлітасна душыць
што так прэпаруюць чужыя душы
што ў гэтай нацятай прасторы
іх вывучаюць нібы інфузорый
дай мне руку тваю чалавек
твая безабароннасць палохае
твая постаць здаецца крохкаю
а праца розуму спыненай
плямы шэрыя плямы сінія
словы маніпулятыўныя

надыходзіць вечар
і праз ваконную раму вялікая поўня
разглядае напружаныя фігуркі
дзетак якія ўжо выраслі
але яшчэ хочуць гуляць
чаму ж не ў мячыкі
хлопчыкі-зайчыкі
чаму ж не ў чароўныя карцінкі
дзяўчынкі-мальвінкі
свет падзелены на дзве палавінкі
нашую і не нашую

пад мікраскопам

* * *

Што азначае рух па жыцці аўтастопам –
пошукі спадарожніка ці сродку перамяшчэння?
Я па прасторах скептычнае маці-Еўропы
спрабую дайсці да гэтага
ўласным сваім разуменнем.

І паступова мне адкрываюцца новыя дзіўныя рэчы,
і паступова мне спасцігаюцца новыя дзіўныя людзі,
а потым мне застаецца вольны пранізлівы вечар,
і колаў віскат, і болем прабітыя грудзі.

А здрадца мой і дарадца –
зноў у адным флаконе,
а лініі на далонях зблыталіся да неверагоднасці.
Пытанне жыцця і смерці – калі пісталет ля скроні,
але і гэта не можа быць апраўданнем подласці.

Мой асабісты адказ на вечнае “хто правакатар?”
не зменіць раскладу, таму даволі:
мяняю краіну з пераважнай большасцю фіятаў
на краіну з пераважнай большасцю вольва.


* * *

Статак сланоў ідзе мэтанакіравана,
маршыруючы па зялёнай вадзе,
і запаланяе сабою ўсю прастору.
Гэта шэрыя рулі дрэваў,
як тонкія шэрыя ногі,
пераступаюць з месца на месца,
але рухаецца толькі вецер.

Ступай асцярожна,
і табе пакінуць жыццё.


Паэзія ў вялікім свеце

І кім была тая, што разглядала вітрыны Max Mara
i Cerruti, і швэдры Marina Militare, простыя лініі,
якія злучалі простыя рэчы, і хацела выйсці
праз вялікія вокны на лётнае
поле аэрапорту Malpensa,
і пра што яна думала? Не, зусім не пра тое. Яна згадвала юную жанчыну, якая пайшла ад мужа, і перад тым, як пакінуць на доўгі час сваю краіну, стаяла перад шапікам з каляровымі снікерсамі, і думала, што ўсё няўдала і бесперспектыўна. І ў гэты самы момант паміж снікерсамі ўзнікла белая скрыначка з намаляванымі бананамі. Маленькая-маленькая... Шчаслівая ўсмешка асвяціла юны твар, і стала зразумела, што трэба рабіць.
А дзе ж тут паэзія?
А паэзія ў тым, што нават калі пакутліва балюча
за бязмэтна патрачаныя хвіліны ўласнага жыцця і болей жыць не хочацца, купляйце прэзерватывы
з бананавым пахам.
Дасць Бог, спатрэбяцца.



* * *

ты пісаў пра вуліцы незнаёмага горада
схаванага ў ракавіне
з якой аднойчы выйшаў світанак
схаванага ў кроплі бурштыну
разам з усімі яго насельнікамі і
ўсімі яго раслінамі
а я збірала твае вершы як дзіця
збірае скарбы ў бляшаную скрынку
з упэўненасцю што яны ніколі не згараць
вазіла іх з сабою па прасторах жытнёвых палёў
толькі жыта шумела на розных мовах
не ведаючы як гэта расці самому
прарастаць самому не зважаючы
на орды чужых плямёнаў
гэта крапіва ведае як жыць
гэта крапіва ведае як выжываць
крапіва што вучыць мяне трыванню
яе дотыкі яшчэ доўга паколваюць рукі


* * *

У ціхую купальскую ноч
мятлікі здаюцца такімі пяшчотнымі,
у ціхую купальскую ноч
сэрцы робяцца шчодрымі-шчодрымі.
Вядзьмаркі валодаюць найбольшай сілай,
раскрываюцца старыя магілы,
раскрываюцца магілы новыя,
душы выходзяць з іх адмысловыя.
І вось тады мае нерукатворныя стварэнні
змогуць напоўніцу
матэрыялізавацца на непадуладных адлегласці
інтэрнэт-старонках,
і вось тады яны пачнуць сыпаць іскрамі,
а ты зразумееш як і пра што,
бо ў ціхую купальскую ноч
табе ў вокны пастукаюць тутэйшыя кажаны,
і прыпаўзуць нетутэйшыя скарпіёны,
а мая прысутнасць зробіцца неабавязковай,
таму я проста пакіну табе на доўгую памяць