12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Данільчык

_____________________
Сумная мелодыя 2002
Вершы

* * *

Зноў на лесьвіцы п’яны нябога.
Размаўляе з ліфтам зацята.
Надвор’е не абяцае нічога,
Акрамя навагодніх сьвятаў.
Ці да лепшага штось перавернецца –
Абсалютна пакуль невядома,
Бо сьмярдзіць, як звычайна, сьметніца
Каля сто дваццаць пятага дома.


* * *

Круціцца б на лісьце гарлачыку
у плыні нетаропкае ракі
і разглядаць бясхмарныя
нябёсы
праз сьлюдзяныя крылцы страказы
што так здрабняюць ліпеньскае
сонца
а ўсе экзістэнцыйныя пытаньні
пакінуць хвалям птушкам і
расьлінам
што не пакутуюць ані хвіліны
дзеля чаго зьяўляюцца на
сьвет


* * *

Брыду скрозь лес маўклівых дат
то безнадзейна, то з — няёмкасьцю.
Нібы выконваю загад,
і цішыня такая стромкая.
I ў гэтай стромкай цішыні
глухімі фарбамі расквечанай
не адгукаюцца званы,
а пыл ляціць іржавым вечарам.
I на ядлоўцавых кустах
тугія бубкі не варушацца,
і пыл зьнікае на вачах
за пасівелаю ігрушаю.
Замкнёны весьніцы як сьлед,
і шар паветраны гайдаецца.
I толькі нечы сілуэт
сюды павольна набліжаецца.


* * *

дождж ня мае пачатку дождж ня мае канца ён плыве над азяблымі дахамі ён трымае хвіліны пад пахамі ён ціхутка сядзіць пад карчамі ён стварае тваімі рукамі абразы што за хмарамі бачацца ён гучыць метраномам і значыцца ён захоўвае рытм тэлеграфны ён цябе падзяляе на графы у якія ня будзе ўпісана ні сузор’е ні імя аксана толькі лічбаў шыхты беспрасьветныя і радкі пераможцаў газетных гэта студзень такі пакалечаны з-за адсутнасьці сонца прыгнечаны і даж­-джы непралазныя сьлізкія прыляцелі з вят­рамі балтыйскімі

* * *

Вечар топіцца ў самоце,
захлынаецца прасьцяг,
нехта ходзіць па балоце
з запальнічкаю ў руках.
I ад краю і да краю
на зьляжалы чорны лёд
боты нечыя ступаюць
абуджаюць крыгаход.


* * *

цішыня пустых квадратаў
выпраменьвае спакусу
застацца і ня думаць пра тое
што трэба зрабіць
што неабходна зрабіць
што немагчыма не зрабіць
хай будзе вада
хай вырашае каму адыходзіць
каму падстаўляць далоні
ніхто ня будзе пакутваць ад невядомасьці
кожны ўбачыць тую каляіну
па якой пойдзе яго сьвядомасьць
да першапачатку



* * *

за кожным ліхтаром — Поўня
за кожнай кветкай — Сонца
за кожным дзіцём — мама
галоўнае — абароненасьць


* * *

Ён сочыць за тваімі рухамі
I ўзбуджаецца раптоўна,
I мармытаньнем малітоўным
Паветра сонечнасьць парушана.
А з-пад зямлі гучыць настойліва
Падковаў конскіх грукат жвавы
I сонца як імгненьне славы
У сьвеце хісткім і няўстойлівым...

* * *

я плыву на хвалях ветру
да зялёнае мяжы
на бурштынавых аблоках
выяўляюцца крыжы
і вачыма птушаняці
пазіраюць гарады
палатняныя кашулі
расьцілаюць ля вады
ляжа складзеная ў куфар
мудрасьць прадзедавых кніг
гул далёкага зьмярканьня
насьцярожваецца слых
і падхопленая хваляй
не сумуй і не тужы
я плыву ў струменях ветру
да зялёнае мяжы


* * *

Пакінуць некалькі радкоў
на аксамітавым пергаменце
на бяросьце патрэсканай
на камяні гранітным.
Пакінуць неразгаданымі...
Пакінуць некалькі старонак
і ягады чароўных гронак
на радасьць сьмелым вераб’ям,
і адляцець туды, дзе мора
ці ў горшым выпадку азёры —
прыемны краявід вачам.

Пакінуць некалькі усьмешак
і на талерачцы арэшак,
але зусім не залаты,
пакінуць выцьвілыя зёлкі,
пакінуць нітачкі ды голкі,
мінулагоднія лісты.
Пакінуць радасьці агеньчык
і эбанітавы грабеньчык,
І рукапісы — назусім.
I цэлы сьвет як на далоні —
лясы, лугі, палі і гоні.
Аrrivederсі.
Вам усім.

* * *

сказаць ня проста і пайсьці ня проста
хоць нехта просіць закахана
у выніку прычын адрозных
узьнікне пустка нечакана
краіна жоўтага абшару
краіна зьменлівых намётаў
і неба без адзінай хмары
і незалежнасьць і самота
перад сабой цябе штурхаюць
да вызначальнага бар’еру
а далей — вуліца глухая
і рваныя шматкі паперы
і надпісы на кожным кроку
папераджальнага значэньня
і ўжо зусім навідавоку
пачварны прывід выраджэньня


* * *

адчыняюцца вокны мансардаў
і ляцяць саламяныя птушкі
адчыняюцца вокны мансардаў
зіхацяць металёвыя трубы
над майстэрняй
дзе фарбы схаваныя ў тубы
патэнцыйна гатовыя выбухнуць колер
адчыняюцца вокны мансардаў
над прасьпектам
дзе дрэмлюць рэкламныя стужкі
дзе мільганьне машын не зьнікае ніколі

а па даху ідуць закаханыя
і сьмяюцца з чужой баязьлівасьці
і зьвініць маладосьць нечаканая
абыякавая і шчасьлівая
і мая астывае кава


* * *

Надыйдзе час сказаць дзеля чаго,
з якою мэтай столькі намаганьняў
прыкладзена,
ці будзе ўзнагарода,
і да таго ж яшчэ пачатак году,
і сумная мелодыя чаканьня
ўсё доўжыцца
то кропка то працяжнік то лесьвіца
то ўздых то перапынак.
Хто выйграе сьмяротны паядынак,
хто выйграе бясконцае змаганьне? . .


* * *

Твае гуманістычныя памкненьні
быццам мухі
разьбіваюцца
аб шыбіну нігілізму,
а ў рэшце рэшт,
хто ты такі,
каб любіць усё чалавецтва?


* * *

Спараджаюцца розуму сном
бессэнсоўныя вобразы-згадкі:
камяні апенінскіх узгор’яў,
рык ільва ў афрыканскай саване,
як спакой, што сыходзіць на рану,
як зьмяшэньне кавы з цыкор’ем
і раптоўнага ветру здагадкі
дзе шукаць свой нязнойдзены дом.


* * *

чорным крыльлем ВМW адсякае
неба ад аўтастрады
між буслоў і дзьмухаўцоў
між вясёлак і дажджоў
усьлед за сонцам якое плыве на захад
віншуем палякаў што цягнуць праз мяжу
скрыні славацкага піва і струдэлю
(натуру не пераробіш)
з днём польскай канстытуцыі
мне радасна ад таго,
што ў адным з гарадоў
былой Аўстра-Венгрыі я зноў пачую сьвяточныя званы

* * *

Неадольным трымценьнем напятае аркі
разбураюцца постаці ўяўных палотнаў
І гады дасягаецца вынік зваротны,
і вясна набліжаецца з тварам гандляркі.
Той, хто зьведаў няволю,
ахоплены страхам
немагчымасьці вырвацца з гэтага кола.
Дзеці сьпяць. А дарослыя плачуць міжволі,
а дарослымі круцяць пагарда і Бахус.
Ухапіліся дрэвы за пругкае неба.
Ад зямлі б адарвацца, ды сілы ня тыя.
Мы жывем спадзяваньнем,
што прыйдуць другія,
і ўсё стане да месца, і будзе як трэба.


* * *

разглядаць людзей праз шкло кавярні
за хадою іх сачыць расслаблена
занатоўваць постаці і ўражаньні
давяраць вачам сьляпым ліхтарні
матылёў нявымерлых прывабліваць
здацца самастойнаю і ўважлівай

толькі тут і каралям і пешкам
у праменьнях сартраўскай усьмешкі