12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ярына Дашына

_____________________
Мне не стае Айчыны...
Вершы

МАНАЛОГ НАСТАЎНІЦЫ

Паскудна так, што нават вершы ня пішуцца...
І толькі крэйда ў тонкіх пальцах раскрышыцца:
адна палова — на асфальтавыя сонейкі,
другая — трупная, для крымінальнай хронікі.

І я — паскудная, сьцярвозная і безыдэйная.
Атрутнасць дозаў — уваскрашэньні пахмельныя.
Зарыфмаваная, але не ямбічная.
Сьвятая ўся й часткова педагагічная.
Расьпятая да дошкі далонямі:
і пальцаў выпэцканасьць,
і рук агонія.
Не пакідайце... каб не памерці...
«Дзень добры, дзеці!» — росчыркам дробным.
— Дзень добры, добры, добры, добры...



* * *
Лавіла дажджынкі
тварам і ротам,
шыракарота.
Пальцамі і каленьмі
пускала карэньне.
Голая зямля — скура
Амура.



* * *
Усе пяшчотнасьці пяшчотныя —
тысячы кінжалаў
я за пазуху схавала.
За рукаўчык, за каўнерчык,
за парцьеры.
Усе ўмоўнасьці ўмоўныя
з не маёю шчырасьцю —
са шляхамі да абрывасьцяў,
праўду рук з хлусьнёю вуснаў —
вусную...
За рукаўчык, за каўнерык —
рык.



* * *
Мяне пераходзяць уброд
сьляпыя, глухія, кульгавыя...
Любімыя і ласкавыя
ідуць у абход.

Сьмялейшыя — кідкія ўплаў,
палахлівыя — ледзь акунаюцца,
ды толькі назад не вяртаюцца
ахвочыя да перапраў.

І я, каб не патануць,
зямлю прыціскаю каленьмі
на высьпе сярод тапельнікаў.
Баюся віры скалануць…


* * *
На грудзях
пацалункаў пункціры:
туды — сюды,
туды — сюды, —
сьляды, што вядуць
да абрыву
і зрыву голасу
на грудны.



* * *
Зьлепленыя з пластыліну,
лёгка зьмінаць у камякі
сполахі,
шорахі,
шолахі
губна-згубныя.
Вусны чужыя — штыкі.



* * *
У пальцаў маіх памяць крохкая...
аголеныя:
бязгрэшныя і бессаромныя,
ды вопытныя:
безбранзалетныя і бесьпярсьцёнкавыя,
рукі мае — арабінава-гронкавыя.
Каго хочуць любяць...
Каго хочуць згубяць...



* * *
Дзевачка.
Дзевушка.
Жэншчына.
Ад Віцебска да Берасьцейшчыны.
Ад Гомеля да Гарадзеншчыны.
Дзевачкі.
Дзевушкі.
Жэншчыны.
Нават у пышнай сталіцы
ня знойдзеш ніводнай дурніцы.
І толькі ў літаратуры —
адныя выключныя дуры.



* * *
Мне нестае Айчыны,
быццам яе няма.
Быццам на мапе з гліны
надпіс: «Няма Айчыны».
...у сэрцы гучыць сьвяточна
«ІНТЭРНАЦЫЯНАЛ»...
Быццам мяне няма,
так нестае Айчыны.