12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Дэбіш

_____________________
Мая свечка. Вершы


* * *

Не спалася. Не змружыў нават воч.
Бо страціў сон, бо хтосьці мяне клікаў.
Ці гэта жураўліны клін курлыкаў?..
Ці згадкі мяне клікалі праз ноч?..

Свяціўся чысцінёю сад мой белы,
І пах мядовы з груш і яблынь цёк.
І ясна так, так светла зіхацела,
Бы сотні сонцаў, мокрае лісцё.


* * *

Сціскае ноч халодным колам
Кусты, развіліны дарог.
Зіма ўжо хутка. Гоняў голых
Я чую дзікі, страшны стогн.
Бы мерцвякі, застылі грушы.
Гразь. І з дажджом пякучы снег.
Ноч… Сцісне горла і задушыць,
Здаецца, гэты змрок мяне.


* * *

Крычаць у небе журавы.
Трывожныя насталі ночы.
Лісток апалы, шчэ жывы,
Малітву ціхую шапоча.

Не спіцца мне. Я страціў сон.
Іду па вуліцы, па сцюжы.
І гул званоў, і неба звон –
Разбітым шклом замерзлых лужын.


* * *

Максіму Багдановічу

Вось і птушкі замоўклі ў гаях.
Змрок накрыў і дарогі, і гоні.
Разгараецца свечка мая,
Што запалена на падваконні.

Ты гары, мая свечка, гары!
Матылёчак ты мой, яснакрылы.
Не згарай да апошняй зары.
Дай жыццём мне нацешыцца, мілы.

Мяне, любая, ты не журы,
Што так рэдка шапчу пра каханне.
Маё сэрца палае, гарыць,
Толькі блізіцца час развітання.

Я ўсяго толькі госць на зямлі.
І, калі мяне болей не стане,
Свечку, любая, ты запалі…
Матыльком прылячу на спатканне.


* * *

Свет напаўняецца сумнымі спевамі.
Цёмна так стала навокал і днём.
Парк пастарэў, і між чорнымі дрэвамі, –
Змрочна кружляе, крычыць вараннё.
Людзі навокал такія няветлыя.
Колькі ж прайшло, як рунелі палі,
Сонца свяціла вялізнае, ветлае,
Цуда-аблокі над намі плылі?..

Колькі ж прайшло, як з табою кахалі?.. Сёння няма каму слова сказаць.
Белыя птушкі ў нябёсах прапалі, –
Чорныя пёры да долу ляцяць.


* * *

Прачнуцца сярод ночы...
Страх сэрца скалыхне:
Так жудасна грукоча
Гадзіннік на сцяне.

Раз’ехаліся дзеці,
Пакінулі сябры.
Адзін на цэлым свеце.
Душы адчайны крык.

Дождж за вакном хлюпоча...
Як там сынок, унук?..
Прачнуцца сярод ночы.
Да ранку не заснуць.


* * *

Прынесла ноч мне смутак, неспакой.
Сцякае сонца з хмар. Святлеюць дрэвы.
Прачнуўся я сягоння сам не свой:
Прымроіўся мне сёння бераг левы,

Дзе скончу назаўсёды свой палёт
Я ва ўладаннях змрочнага Харона.
Так, левы бераг – вечны холад, лёд,
А правы бераг – неспакой да скону.


ВОЗЕРА

У дно ўцяліся вербалозы,
Нібы кінжалы, гнуцца аж.
І танкастволыя бярозы
Глядзяцца ў возера наўсцяж.
Дна не відно зусім – сутонне.
Зжаўцелы на вадзе лісток,
Яго кудысьці хвалі гоняць...
Там замка бель, што ўкляты ў змрок.

Там волі дух – на дне – жаданы
Лунае. Дзед, як свет, стары
Пасе там зорак караваны
І разнявольвае вятры.

Гляджу на хвалі. Апантана
Плывуць кудысьці. Звон нябёс
Чуцён. А возера, як панна,
Гайдае сонца ў промнях кос.


НАЦЮРМОРТ

Скідае дрэва лісце ў жорны восені.
Як куст бружмелю, ссохлы нікне дзень.
І косіць, косіць дождж даўгімі косамі
Палі, зусім пустыя, ноч і дзень.

Дзе гоман плыў, цяпер маўчанне дзікае.
У вокны зрэдку сонца зазірне.
І жаласна ў хляве карова рыкае.
А з кветак, што завялі, смерцю тхне.


* * *

З пакінутага горада начнога
Сышоў ліхтар, ледзь свеціць ля дарогі.
За мной мой цень пляцецца, змрочны, шэры –
Нам доўга, аж да ранку, крокі мерыць.


ПЕРАД ЦАРКВОЮ

Тленнае ўсё на зямлі. Мы – пясчынкі з табою.
Дзе б ні было, прыпынюся я перад царквою
І памалюся на крыж, і схілю я калені.
Тут, на зямлі гэтай, мы – толькі цені.
Воблака цені, якое ціхутка сплывае.
Гучна на свет мы з’яўляемся, ціха знікаем.
Так, нас не будзе калісь. Толькі плакаць не трэба.
Станем травой прыдарожнай ці птушкаю ў небе.
Ластаўкі шчасна выводзяць кругі над зямлёю…
Тленнае што ні вазьмі, але ўсё і жывое.


НІТКІ ДУМАК


* * *

Навастрылі дзюбы
кропелькі
дажджу.

* * *

Дабравест…
Сыплецца белы снег,
звініць…

* * *

Каровы прагна п’юць
з рэчкі
неба.

* * *

Сонны пастух выпускае з хлява
маладзенькае
сонца.

* * *

Жнівень.
Гарыць ядловец
сонца.

* * *

Божа! Як хутка час бяжыць:
заснуў на хвіліну – у вясне,
а прачнуўся – зіма.

* * *

Страшна ступаць па расе
на золку –
зорак асколкі.

* * *

Узіраюся ў люстэрка –
шукаю свой
твар.

* * *

З ацяжэлых галін
скідае восень лісцяў
успаміны.

* * *

Трыснёг самотны
стыне ў вадзе –
адбітак кратаў.

* * *

На касцёльным цвінтары
ціха ўкленчыла
малітва.

* * *

Прамень сонца
злавіла кветка
і не хоча адпускаць.

* * *

З летуцценняў
нарадзілася
сонца.

* * *

На камені – звіліны.
А, можа, ён, як чалавек,
мысліць?

* * *

Дождж.
Чарвяк з-пад ліста спалоханым вокам
сочыць.