12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Іван Добнік

_____________________
Запісы на лісточках дрэў.
Вершы

*
Уварваньне мовы, ураган слоў:
апаўдзённы дождж у кроне куста.

*
Спаць уранку і галубіць час.

*
Зусім пазнаны.
Калі дакранаюся да цябе –
незнаёмец, менш за ўсё твой.

*
Увесь дзень спаў.
Увесь месяц спаў.
Усё жыцьцё праспаў.
Не адчуў ні ядраных раніц,
ні спырсканых духамі жанчын,
што прыходзілі, яшчэ гарачыя,
з мокрых рэк.

*
Лісточкі ветру. Лісточкі сноў.
Між імі прапаўзае мураш.
Адкрытая роўнядзь,
лета ў куфэрку ўспамінаў,
супакаеньне, уздых сяброўкі.

*
Ты гаварыў са сваім маўчаньнем?
Бываў у сваім небыцьці?
Быў прысутны ў сваёй адсутнасьці?

*
Гасьцінны двор на рацэ:
Густы дождж усю ноч –
як падушка сну,
каб паслухаць гаваркіх жаб.

*
Ноч ва ўборы зор.
На тваім целе пушок.
Апошні сакавіцкі сьнег.

*
Дзе пачнема?
У нейкай непрагляднай квецені?
Пад ветрыкам сярод лугу?

*
Што пяюць ручаі?
Што крычаць дрэвы?
На што скардзяцца вавёркі?

*
Глянь, глянь!
Галіны сярод ветру
і травы сярод сьнегу.

*
І на моху,
між скошаных траў,
па той бок рачное лукі,
сьпіць мой коцік, нібы
самотны лісток вярбы
на амаль нерухомай плыні.

*
Зёлкі, што тхнуць з гарбаткі
гэтай позьняй зімой! Сьнег:
як дзьме цішыня зьверху!

*
Ніякая ноч мяне ня будзіць.
Нічога ня сьню,
водар цела твайго – мой сон.
Зіма. Ледзяністы сьнег:
што мне ўсё гэта,
калі на шчацэ
тваё цёплае дыханьне?

*
Паэзія не прызнае
ніякага адпушчэньня.
Не магу запыніцца
і пачаць нешта другое.

*
Лясны закутак
з яго лёгкім сьвятлом.
Насьпела пытаньне:
у чыім будане
мы заўтра з табою прачнёмся?

*
Што ёсьць сьвятлом песьні?
Што ёсьць дыханьнем паветра?
Хто ёсьць лістом цюльпана
на ўспыхнутым сьнезе?

*
Любавацца роднай зямлёй.
Праляцець небам над уласным целам.
Пасадзіць дрэва і сьніць
яго магутную крону.

*
Лунь, акачанелы ў паветры
над успалымнелым морам.
У сьне чорнага лісьця грабаў,
у сьне твайго цела, у сьне,
які яшчэ перажывеш ты.

*
Адгэтуль зусім ужо блізка,
дзе перазімуем. Ніколі
ня мецьмем даволі часу.

*
Супакоіць сутоньне.
Ашчасьлівіць ноч.
Пабыць з той, што ніколі
ня будзе з табой.
Якая пранізьлівая цішыня!

*
Знаходжу сябе
у абдумваньні верша.
Вяртаюся. А ўсё гэта ёсьць
толькі кружэньне.

*
Праз мушу. Праз мушу.
З вобразам лясной ластаўкі.

*
Гэта адзіны сон цішыні.
Тут больш, чым жыцьцё.

*
Кружэньне зімы.
Белыя мазаікі начных сноў.
Па дарозе чуем галасы,
але – бяз слоў.
Начныя вуліцы агаляюцца,
як кіяхі кукурузы.

*
Ніякае вяртаньне немагчымае.
Ніякая дасьведчанасьць немагчымая.
Ніколі не было падрыхтоўкі.

*
Лясны вецер гадае-думае,
калі ты вернешся.

*
Кожны голас
мае свой бурштын.

*
Перазімую. Як лісток,
перасплю гэты сьцюжны час.
Як чорны куст сярод траў
у даліне.

*
Час з цябе здыме грахі.
Вочы будуць заплюшчаныя,
але ўсё будуць бачыць.
Сонца згусьціцца,
крумкач дакрычыць
да канца тваю песьню.