12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
У Вільні і больш нідзе. Аповесць. (Працяг)

Максім Танк. 1938 год

Хтось “Мацюся” хрыпла запеў
Пад струны гавайскай гітары…
Максім Танк. “На пероне”.

Дзе мяне паліцыя шукае –
На Завальнай, Бакшта, Каляёвай?!
Канфідэнты, шпікі і шакалы
Кожны крок абнюхваюць і слова.

Іхнія візіткі і манішкі,
Іхнія пранізлівыя вочкі –
Напамінак слаўны пра Лукішкі,
Пра лагоду вабнай адзіночкі…

Цяжка мне з Луцкевічам згаджацца,
Але ў гэтым, пэўна што, згаджуся –
Ён Лукішкі ахрысціў палацам
Найгалоўным самым Беларусі!

Беларусь у тым палацы, бачыш,
Ад аратага і да паэта…
Неба добрае, чаго ты плачаш?
Хіба першы раз такое гэта?!

От у парку над Вілейкай мнішкі
Хай памоляцца за камсамольца,
Каб не трапіў зноў ён у Лукішкі,
Дзе па лыжцы ў дзень прыносяць сонца!

Хай памоляцца яшчэ й за тое,
Каб, сваёй не трацячы свабоды,
Беларусі слова дарагое
Засталося дарагім заўсёды.

І каб несціханая Вілейка
Дзецям гаварыла і дарослым:
Гедзімінавы мудрэц Ліздзейка
З беларускае паходзіў вёскі!

Але до пра гэта. Шчасце будзе,
Лішне гаманіць аб ім не трэба.
Золата ягонае ў пакуце
Выспее і выбухне да неба.

А пакуль што, радасны вандроўнік,
Я іду па вуліцы Вялікай.
Дзе ты – стражнік-пракурор-пшадоўнік –
Звер, ап’янены турэмным крыкам?!

Знікні, спрахні, счэзні, утапіся
У нагах святога Хрыстафора;
Застаніся за магільнай рысай
І за нарачанскаю прасторай!

Мне ж далей трывожнае трывожыць,
А прыгожае рабіць патрэбным
І ў нацыянальным бездарожжы
Маршы выдумляць, а не малебны.

А таксама ж на сваё настройваць
Струны той гавайскае гітары,
Каб забыла на чужыя мроі
І пра нашыя спявала мары…

На пероне холадна і ціха.
Цягнікі на захадзе далёка.
Можа, хоць якім цыганскім цыркам
Вільня посная пацешыць вока?!
7 траўня 2010. Пятніца. Менск.
4 красавіка 2010. Нядзеля. Дзяўчына М. ехала да чыгуначнай станцыі Солы, вязла торт бацькам (сёння ж Вялікдзень!), гартала гламурны часопісік і нешта слухала ў навушніках.
З яе худзенькай шыі звісаў каляровы шалік з надпісам па-англійску: “Манчэстэр”; такімі шалікамі заўзятары звычайна вітаюць футбалістаў.
М. набыла яго за 20 даляраў у Менску, бо любіць каманду “Манчэстэр Юнайтэд”, у якой гуляе яе кумір – нястрымны Руні.
Вучыцца М. у БНТУ, мае стыпендыю 160 тысяч; грошай такіх, канечне, бракуе, таму пайшла ў начны клуб барменам-адміністратарам.
Заробак у клубе 600 тысяч ды яшчэ чаявых за месяц тысяч на 300 набіраецца, а гэта для студэнткі ўжо добрая капейка!
Бацька ж М. працуе на нафтабазе, маці ў школе, а родная цётка…
З роднай цёткай надзвычай пашанцавала, бо тая жыве ў Лондане і аднаго разу, калі М. гасцявала там, цётка завезла яе ў Манчэстэр на матч з удзелам любімай каманды…
Такая от сучасная сацыяльная казачка.
А вось яшчэ адна.
Памятаючы запіс Максіма Танка: “…Уладак Барысевіч завёў мяне на Скапуўку, дзе ў доме № 5 размясцілася рэдакцыя “Папросту”…” – я пайшоў па гэтым адрасе.
Скапуўка, Скапоўка, Скапо – само чыталася ў маёй душы.
Гісторыкі ж у гэтай назве чулі словы – “капа”, “капіць”, “копны суд”.
Іван Касяк і Язэп Найдзюк у сваім папулярным нарысе “Беларусь – учора і сёння” тлумачылі: “…Копныя суды збіраліся пераважна ў найважнейшых месцах гарадоў каля княжых палацаў, на рынках і ад гэтага нават гэным месцам даваліся адпаведныя назовы. Так, прыкладам, у Вільні па сённяшні дзень адна з вуліц, недалёка Замкавай гары, называецца “Скапоўкай”…”
З нашымі гісторыкамі згадзіцца можна, хоць іншая крыніца кажа гэтак: каралеўскі сакратар Станіслаў Скап у пачатку 16 стагоддзя купіў тут зямлю, пабудаваў дом, чым і паспрыяў таму, што вуліцу назвалі ў яго гонар.
Зусім не думаючы, што рэдакцыя “Папросту” магла знаходзіцца ў сакратарскім будынку, на Скапоўцы сустрэўся з былым жыхаром нашых Паставаў М. Ш. – ён якраз выходзіў з брамы, над якой чарнела лічба “5”, што й спакусіла мяне загарадзіць яму дарогу.
– Чаму так называецца вуліца? – спытаў я, вядома ж, толькі дзеля аднаго, каб завязаць гаворку.
М. Ш. не ведаў адказу, тады я разгаварыў яго лягчэйшымі пытаннямі і от што пачуў: М. Ш. нарадзіўся ў 1962 годзе, працуе ў Вільні інжынерам, зарабляе 2000 літаў, жыве з дачкой і жонкай у доме № 5 на першым паверсе ў двухпакаёвай кватэры…
Маім словам, што, магчыма, у яго кватэры некалі бываў малады Максім Танк, М. Ш. не здзівіўся і не ўзрадаваўся.
– Кватэра не халодная? – так сабе пацікавіўся я.
– Ёсць электрабатарэі, а калі трэба, то палю дровамі.
– Дровамі?!
– Так, дровамі…
– А дзе вы іх складаеце?
– Маю адрынку ў двары…
Пачуўшы пра адрынку – “…недалёка Замкавай гары…” – мне захацелася ўжо не сацыяльнай, а велікоднай казкі.
З самага ранку, як толькі паміж пагранічнымі слупамі бліснуў цень плыткага ручая; як толькі ясная Вільня сустрэла на Кармеліцкай птушынымі спевамі; як толькі на Замкавай за 5 літаў і 90 сантымаў узяў кавы з мінеральнай вадой і пагаварыў з падносчыкам Альбертам пра нарцысы, якія ўквецілі ганак яго кавярні; як толькі ў Мікалаеўскай і Раманаўскай цэрквах паставіў свечкі ў падсвечнікі, а ў касцёле бернардзінцаў у белы пясок; як толькі ўспомніў, што Святая Ганна здавалася Наталлі Арсенневай зыркай кветкай; як толькі пацікавіўся ў прыкасцельнай гандляркі, ці б’юць сёння ў Вільні яйкі…
Інакш кажучы, з самага ранку мне захацелася таго, давыд-гарадоцкага…
На Вялікдзень у Давыд-Гарадку па царкоўнай адправе з радасным воклічам: “Хрыстос уваскрос!” б’юць яйкі, звараныя ў цыбульніку.
Перад біццём іх каштуюць, спрабуюць на моц, злёгку пастукваючы аб сціснутыя зубы.
Калі ад такога каштавання йдзе добры гук – значыць, яйка моцнае, калі слабы – тады слабое.
Выбраўшы моцныя, рахуюцца – хто першы будзе біць…
Той, каму выпадае яйка трымаць, далікатна сціскае яго ў кулаку, закрывае шчыльна, пакідае адкрытай толькі вострую дзюбку, якая, як вядома, мацнейшая за бакі.
Калі ж дзюбка разбіваецца, тады яйка падстаўляюць пухой – тупым канцом.
Калі ж і пуха не вытрымлівае, то такое яйка называецца біткай і аддаецца таму, хто біў.
Здаровым яйкам можна выбіць да дзесяці бітак…
Раней ішлі на хітрасць – голкай прапорвалі шкарлупіну, выпускалі бялок і жаўток і залівалі пустое яйка гарачым воскам.
Такой “вошчанкой” можна было набіць мора бітак, аднак жа, калі лавілі на падмане, то тады падманшчыку давалі ў косці.
Іншы раз у кулаку хавалі мацнейшыя за курыныя – яйка цэсаркі ці пафарбаванае гусінае.
І за гэта ж таксама, калі лавілі, давалі “копняка”!
І хай сабе!
Велікодная казка не магла быць без вясёлага падману!
А што яшчэ?
Ага, на Вялікдзень трэба ўспомніць свайго ворага, запрасіць у рэстарацыю і добра накарміць!
Прызнаюся: гэта ўжо чыста мая прыдумка!
Мне пашанцавала: свайго ворага сустрэў у Гарбарскім, ля індыйскай ядальні, але зазваць туды не насмеліўся.
Прычына ў маёй абачлівасці: вораг жа таксама чалавек, а ў індыйскай ядальні Бог святы ведае што за кухня!
Яны ж там робяць усё вельмі адмыслова, гатуюць шмат нейкай каляровай яды – не, яна не для майго ліпкага недруга.
От блізенька страўня “Зое”, і гэта, здаецца, тое, што й трэба…
Мы селі за стол ля вялікага акна, якраз напроці званіцы Кафедральнага сабора, – і наплыло-набегла чытанае ў Лявона Луцкевіча, што менавіта пра гэтую званіцу Максім Багдановіч сказаў: “… І на вежы, як круглае вока савы, Цыферблат – пільны сведка мінулых учынкаў…”
Я любаваўся званіцай і радкамі Багдановіча; афіцыянтка ж Алена карміла майго праціўніка, а той, сыта чвякаючы, гроб усё, што яна ставіла перад ім.
Адным словам, дзюдзік, лабай скану (вельмі смачна)!
У выніку рахунак склаўся такі: гарэлка “Фінляндыя” 100 грамаў – 17.50, бульбяны суп з цыбуляй – 14, бартфіш (смажаная рыба, пададзеная на дошцы) – 35, гарбата – 7.
Разам – 73 літы 50 сантымаў.
Дорага, вядома, асабліва, калі згадаць інжынерскі заробак М. Ш.
Але ж полудзень велікодны і для найлепшага ворага, таму не шкада.
Ну што, наеўся, убогі?
Наклаўся за губу?
Тады паўзі ў сваю мураўёўскую нару, друкуй украдзеную прозу, абслугоўвай маскоўскіх памешчыкаў, пашырай русіфікацыю…
Што?
Ты не русіфікатар?!
Ты гатовы памерці за беларускую мову?
Заяву такую зрабіў…
Не, такія, як ты, за мову не паміраюць…
Зрэшты (раптам надумаеш!), то скажы, калі гэта будзеш рабіць і дзе, – прыйду паглядзець на тваю агонію!
Ды не, ніякай агоніі не будзе!
Ты сыты, ты збіраешся доўга жыць!
Аднак, дарагі мой накормлены, заўважу: калі ты паабяцаў жыццё ад­даць за беларускую мову і не аддаў, то ты тады паводле дзіцячай цвяльбы: няўдака – гола ср…ка!
Схапі сябе за сядро і выкінь на сметнік, або накаўтайся чаго і здохні!
Беларускай мове непатрэбны вылюдкі!
Беларуская мова не хоча, каб яе баранілі крэціны…
Так я развітаўся са сваім ворагам і пайшоў у касцёл Святога Станіслава.
У бажніцах, у якія заходзіў зранку, надзіва было мала людзей (нібыта й не свята сёння, дарэчы, праваслаўна-каталіцка-іудзейскае!), а от у гэтым калонным касцёле крыху сабралася вернікаў.
Паволі абышоўшы храм, на выхадзе прыстоіў ля скульптурнай фігуры Майсея, і тут у кішэні заспяваў далькажык: мой траюрадны брат В. Я. падаў думку на Радаўніцу паехаць дадому.
Там, у Давыд-Гарадку, у яго дзве свежыя магілы – братава і матчына; у мяне таксама ж дзве…
В. Я. – гасцінны, вытрыманы, адукаваны; працуе ў Доме Урада.
У свой час меў работу ў Кіеве.
Яго ўкраінскія калегі-эканамісты звычайна пры чарцы чыталі вершы Тараса Шаўчэнкі і кожны раз падступалі з просьбамі:
– Пачытай што-небудзь па-беларуску!
І ён тады вывучыў на памяць амаль усю “Новую зямлю” Якуба Коласа…
В. Я. – сын залатой маці, якую за яе дабро гарадчукі ласкава называлі Надзечкай; яго маці была ўмелай вышывальшчыцай і чытальніцай – чытала па нябожчыках малітвы з псалтыра і за духоўную работу сваю грошы не брала; летась чытала па маіх бацьках – 27 красавіка па Васілю, 2 верасня – па Любе; 12 ж лістапада ў свае восемдзесят прыехала за 300 кіламетраў у Менск праспяваць і па Алегу “Памілуй мя, Божа”, а тады ўжо вярнулася дадому, пажыла з нейкі месяц і ціхенька сышла на вечны спакой.
Ад Надзечкі ніхто ніколі не чуў ніводнага благога слова…
У В. Я. на руках застаўся бацька (дзядзька Міхалко – колішні майстар, сталяр), скалечаны старасцю і цяжкой хваробай.
Некалі я атрымаў ад яго важны маральны урок.
А было так.
У траўні 1978-га, вяртаючыся з войска, я даў тэлеграму дадому: “Буду 19-га”, а прыехаў на суткі пазней, бо затрымаўся ў Маскве.
Вось тады дзядзька Міхалко й падступіў да мяне на вуліцы:
– Лёнік, так няможна рабіць!
– Як?
– Калі абяцаеш 19-га, то й будзь 19-га!
А я, дурны малады, вякнуў:
– Нічога страшнага. Усё адно ж я прыехаў!
– Як гэта нічога страшнага?! Маці ж твая ўсю ноч на аўтобуснай прастаяла…
Такі ён, дзядзька Міхалко…
В. Я. забраў яго ў Менск (яшчэ да смерці маці) і глядзіць ужо тры гады.
Божа мой, тры гады – гэта ж не мае васямнаццаць бальнічных начэй…
В. Я. баіцца за бацьку, любы напамін пра Давыд-Гарадок выліваецца для старога ў бясконцыя слёзы, слабое здароўе імгненна горшае, таму пра смерць маці В. Я. не сказаў яму, на пахаванне яго не вазіў, на сорак дзён таксама – рассудзіў, што адкрыецца на Радаўніцу…
Разважлівасці свайго траюраднага брата я зайздрошчу і крыху шкадую, што цяпер ён не са мной, а то пасядзелі б на Вастрабрамскай, на тэрасе рэстарана “Феліцыя”, за куфлем нямецкага піва “Эрдзінгер”.
А так сяджу адзін; бачу ненавідны ганконг – сінія гнілыя зубы на Сніпішках; яны злавесна ўзвышаюцца над старым местам.
Дзе тыя архітэктары, якія так спаскудзілі Вільню?!
Пакажыце мне іх, недарэкаў!
Кельнерка Аушра (і тут Аушра!) крыху прытушыла мой пафас, сказаўшы вінавата:
– Сёння нельга піць на тэрасе…
“Прычына, відаць, у тым, што сёння Вялікдзень!” – здагадаўся я.
Але ўсё ж дазволіла, праўда, з той умовай, каб я, калі трэба будзе, сказаў, што сам напрасіўся на тэрасу.
І тут падсеў нейкі стараваты паляк – чалавек гасціннага выгляду; ён таксама ж папрасіў піва, але адкінуў сваю просьбу, калі даведаўся, што піць можна толькі ў самім рэстаране.
– Я проста пасяджу, падыхаю! – сказаў Аушры.
Далікатны!
І не кіўнуў у мой бок: маўляў, а чаму ён з півам на вуліцы?!
За гэта я захацеў патрактаваць яго цыгарэтай, але паляк шырока развёў рукамі, што значыла: не палю!
Я тут жа згадзіўся: паліць шкодна, і патрэбная мне мова павялася.
Я дазнаўся, што ён эмерыт (пенсіянер), што ягоны цесць нарадзіўся ў Браславе, што яго жонка любіць трускалкі, а дачка замужам за аўстрыйцам, і гэты аўстрыец не можа дня пражыць без індычай смажаніны з памідорамі.
А яшчэ мы пагаварылі пра чыгунку – далікатнага старога цікавіла, якая каляя ляжыць з Вільні да беларускай мяжы: шырокая ці вузкая…
Спадабаўся мне гэты гжэчны выпадковец!
Ад такіх, як ён, не баліць галава і не распаляюцца нервы; пасля сустрэчы з такімі людзьмі хочацца яшчэ болей захоўваць спакой, быць памяркоўным, незаўважным і, здушыўшы ў сабе дакучлівую несамавітасць, хочацца ў дарозе перачытваць тое, што прыносіць радасць – напрыклад, апавяданне Якуба Коласа “Пракурор”: “Рабілася гэта тады, калі не было ні дроў, ні газы, ні солі, а важныя чыноўнікі сядзелі без службы…”
На аўтобусным гадзінніку запалілася 24-я хвіліна, а на дарожным указальніку мільгануў 24-ты кіламетр.
Вядома ж, наступная хвіліна была 25-я, а кіламетр – 23-ці.
Час рос, адлегласць памяншалася.
Такая ж сувязь – паміж клопатамі і ўласным жыццём; клопаты большаюць, жыццё скарачаецца…
Словам, як было, так і будзе, і, як той казаў, як ёсць, так і добра.
А калі добра, то вельмі хочацца даведацца, што робіцца на чыгуначнай станцыі Солы – у доме дзяўчыны М.
Магчыма, усе ўжо спяць, а на апошні кавалачак велікоднага торта мышыным позіркам нацэлілася блізкая ноч.

10 траўня 2010. Панядзелак. У 9-ым томе Максіма Танка (з новага 13-томнага збору твораў) ёсць фотаздымак з такім подпісам: “Дом у Вільні па вул. Букавай, 16 (цяпер Скроблю, 16), у якім жыў Максім Танк у 1930-я гады…”
Мікола Арочка ў кнізе “Максім Танк. Жыццё ў слове” кажа: паэт жыў на гэтай вуліцы, але ў доме 11.
А ў паліцэйскіх данясеннях указана: дом 14…
24 сакавіка 1932 года ваяводскі камендант дзяржаўнай паліцыі дакладваў акруговаму следчаму суддзі Віленскага акруговага суда Язэпу Булгаку, што Яўген Скурко жыве ў Вільні пры вуліцы Букавай 14, кв. 1…
Дакладны адрас, вядома ж, пазначаны ў паліцэйскіх паперах, але яны трапіліся мне пазней, таму 10 траўня 2010 г. я шукаў у Вільні на вуліцы Скроблю дом менавіта пад нумарам 16.
Гэты дом, мяркуючы па фотаздымку, – драўляны, доўгі, самавіты, на два чыстыя хады; а пра дом пад нумарам 14 самадзейны паэт Пятрусь Граніт сказаў: “…драўляная хата, але на два канцы і на падмурку высока паднятая…”
Людзі радзей, а будынкі часцей бываюць падобныя адзін на аднаго!
Карта падказвала: вуліца з таемнай назвай Скроблю знаходзіцца паблізу добра вядомай мне Навагрудскай, і таму адсюль, з Навагрудскай, і пачаў дазнавацца: што значыць Скроблю?..
Жанчына ля рэстарана “Пан Тадэвуш” адно паціснула плячыма:
– Гэта нейкае дрэва…
– Можа, бук? – падказаў я.
– Можа…
Вуліца ж называлася Букавай да 1940 года, а пры царскай уладзе была Базарнай, і от, ужо ідучы па ёй, апісальна кажучы, базарнай, застаўленай пуставатымі камяніцамі і ўбогімі гаражамі, запыняю мужчыну з сіямскім катом на плячы.
Пачуўшы, што я хачу, мужчына няцямліва паглядзеў на мяне і, пасля кароткага роздуму, пяшчотна пагладзіў ката:
– Скроблу, Скроблу… Жыву тут, а што гэта такое, і не ў галаве мне…
Тады, падкусіўшы верхнюю губу, я падступіў да юнака з гантэляй.
– Скроблу?! – юнак апусціў гантэлю на лаўку. – Гм, гэта штосьці такое, куды зойдзеш і не выйдзеш!
Во як!
Мяне разабрала яшчэ большая цікавасць, і я пастанавіў: разаб’юся ў блін, а дамагуся свайго!
Узброены такой рашучасцю і адзначыўшы: тутэйшыя кажуць не “Скроблю”, а “Скроблу” – праз нейкую хвіліну загарадзіў дарогу… здаецца, былому афіцэру.
Ён быў стрункі, пруткі, станісты – сапраўды ж, выпраўка вайсковая.
– Гэта нейкае дупло! – голасна рэкнуў “афіцэр”.
Розум пагонны, называецца: унёс яснасць!
Я саступіў з ходніка, бліжэйшым дваром прайшоў да школы, вядома ж, не ведаючы, што выйду да школы, і ўткнуўся, як у скамечаную газеціну, у вёрткага п’яніцку...
– А-а-а! – сплюнуў травіну п’яніцка. – Гэта вуліца Кляновая!
Так, гэта Кляновая (я й сам бачу), на ёй і стаіць школа, але ж пытаўся я не пра Кляновую.
Тады п’яніцка больш акрэслена падняў на мяне свае галубіныя вочы, пагаварыў сам з сабою па-літоўску і раптам скокнуў за бліжэйшы куст, за якім, як выявілася, спаў яго напарнік.
Напарнік прачнуўся адразу, бо, мусіць, падумаў: яму прынеслі выпіць!
О, як ён па-турынаму незадаволена рыкнуў, ушалопаўшы: гарэлкай і не пахне; ад яго проста хочуць пачуць пра нейкую там назву!
Не, ён нічога не скажа!
Не ўстаючы, з прыкрасцю павярнуўся за сваім утульным кустом на ямчэйшы бок і зламаў пры гэтым некалькі галін.
Неадступная цікаўнасць, можна сказаць, раз’ядала мяне, і я не засмучаўся, бо чамусьці шчыра верыў у поспех свайго пошуку.
Вось падсунулася нямоглая жанчына, не проста ж так прыстала да нас, калыхнуўшыся на распухлых нагах.
Убачыўшы яе, вёрткі п’яніцка надзвычай узрадаваўся:
– Во, цётка Марыя скажа!..
Пакуль цётцы Марыі казаць, я падумаў, гледзячы на яе, пра сваё…
Гадоў пяць мучылася й нагамі маці; яны апухалі, на нейкі тыдзень стухалі і зноў апухалі.
Хады, не хочацца ўспамінаць, было столькі ж, колькі ў напарстку вады магло набрацца – ад ложка да печы, а калі пашанцуе, то ад ганка да хорткі.
Што тут казаць, хады ніякай не было, і лячэнне калыхалася такое ж, як і хада.
Рабілі і тое, і гэтае; прыходзіў адзін доктар і другі, і трэці – нічога не памагло.
Старасць!
І вось ужо пяты год, як сэрца маё закіпае, калі бачу старых жанчын з распухлымі нагамі…
Цётка Марыя нарадзілася ў гэтым віленскім кутку і пражыла тут усё сваё доўгае жыццё, але таксама ж не ведала, што такое Скроблу і – што цікава – вельмі здзівілася, што яе родная вуліца так называецца.
– Гэта вуліца Букова! – рашуча сказала цётка Марыя, у хваляванні не могучы ўтаіць свой беларуска-польскі акцэнт. – З Ізраіля мне пішуць лісты і на канвертах так і ставяць: Букова!
– І лісты даходзяць?
– Даходзяць…
Тады я павярнуў гаворку пра дом 16 і пачуў гісторыю, вартую сапраўднай прозы…
У гэтым доме, якога ўжо няма, некалі жыла таварышка цёткі Марыі; да вайны яна габрэям насіла ваду, а пры немцах ратавала іх у сваім падвале; пасля вайны ж тыя ўдзячныя людзі выпісалі яе да сябе ў Ізраіль і ўжо самі – так яна пісала цётцы Марыі – носяць ёй ваду!
Я слухаў з такім захапленнем, што й не заўважыў, як вёрткі п’яніцка ўвёў у мой клопат і чалавека інтэлігентнага вобліку.
Так я пазнаёміўся з Сігітасам Саладжынскасам, знаўцам у інжынернай графіцы.
Сігітас – пенсіянер, але яшчэ працуе – у прыватнай калегіі дызайну і ў гэтай школе на Кляновай; выкладае нарысную геаметрыю і матэматыку.
Калі ён даведаўся адкуль я, то тут жа адкрыўся, што сябруе з даследчыкам беларускага друкарскага шрыфту прафесарам Паўлам Семчанкам.
– А хто жыў у доме 16? – спытаў Сігітас.
– Максім Танк…
(Зноў жа нагадаю: 10 траўня я не ведаў, што ў 16-ым доме паэт не жыў, а паводле даклада ваяводскага каменданта кватараваў у доме 14.)
– Максім Танк? – Сігітас паглядзеў на мяне здзіўленымі вачыма.
– Вы ведаеце Максіма Танка?!
– А хто не ведае Максіма Танка! – быў такі Сігітасаў адказ.
Ад пачутага на душы маёй пацяплела.
Я тут жа па-школьнаму загаварыў, што Максім Танк сябраваў з Ёнасам Каросасам, Альбінасам Жукаўскасам, Уладасам Дрэмам, Онай Міцютэ, Ёзасам Кекштасам…
Склаў, як умеў, беларуска-літоўскі творчы букет, і гэты букет прыйшоўся да душы Сігітасу – асабліва сяброўства Максіма Танка з Уладасам Дрэмам.
Такая маладая здаволенасць жыла ў маёй крыві, што на хвіліну нават здалося: ключ ад Вільні ў маёй кішэні!
Сігітас тым часам параіў звярнуцца ў Дзяржаўны архіў Літвы, там павінны ж быць паперы пра дом 16, а над словам “Скроблу”, дарэчы, таксама ж задумаўся: маўляў, трэба зірнуць у слоўнік.
– А дзе стаяў дом? – схіліўся я перад цёткай Марыяй.
– Ля гаражоў, там такая пустка цяпер…
Цётка Марыя паказала куды йсці і дадала:
– Я правяла б, але не з маімі нагамі…
Мы развіталіся.
Я дайшоў да пусткі, прыкметнага хацішча, пастаяў з нейкую хвіліну, а потым, паволі кіруючыся на высокую Навагрудскую, ужо весела думаў: і літоўцы ж часам разбіраюцца ў сваіх назвах гэтак жа, як і мы ў сваіх!
На сцежку да хацішча, на стаянне там і далей на павольную хаду адпусцілася, мусіць, хвілін з дзесяць.
І добра, што не спяшаўся, бо неўзабаве пачуў здалёку сваё імя:
– Леанід! Леанід!
Сігітас даганяў мяне, каб сказаць, што “Скроблас” па-літоўску – граб, і, значыць, вуліца называецца Грабавая.
Першае, што зрабіў гэты слаўны чалавек, калі прыйшоў на работу (у тую школу, што на Кляновай) – разгарнуў слоўнік…
Сігітасаў учынак зачараваў мяне, шляхетная сіла жыла ў гэтым учынку, і я прапанаваў абмяняцца нумарамі тэлефонаў…
Я ап’янеў ад раптоўнай радасці і з вышыні Навагрудскай, убачыўшы тры белыя крыжы, выгукнуў эрныя радкі Пімена Панчанкі:

Вунь Трохкрыжовая гара.
І як тут ні кружы –
На ёй пад промнямі гараць
Дакладна тры крыжы…

А на Францысканскай, у кавярні “Шауні ветале” (Удалае месцейка), падумаў: некалі ж пасяджу тут, у зацішку, напроці каталіцкай кнігарні, і з Сігітасам Саладжынскасам.
А на Ратушным пляцы…
На Ратушным пляцы ў сеткавай загарадзі хлопчыкі гулялі ў футбол, а ў пустым касцёле Святога Казіміра было поўна святла і прахалоды.

23 траўня 2010. Нядзеля. Сігітас ведаў, што сёння я з Эдуардам Акуліным буду ў Вільні (паэт Ромэк Мячкоўскі запрасіў нас на польскае літаратурнае свята “Май над Вяллёй”).
За апошнія два тыдні разы чатыры я званіў Сігітасу – то ўдакладняў сэнс патрэбнага мне літоўскага выразу, то пытаўся, як правільна пісаць тое ці іншае прозвішча, або вулічную назву, а таксама ж расказваў пра адрасы беларускай Вільні, і яны, дарэчы, зацікавілі Сігітаса.
Ён пабываў на Піўной – у кватэры, дзе жыў Антон Луцкевіч; адшукаў таксама й загадкавага спадара Шымелёніса, з якім па-беларуску (!) – удакладненне Сігітаса – можна пагутарыць пра лёс антыкварнай спадчыны братоў Луцкевічаў.
У архіве ж літаратуры і мастацтва зрабіў ксеракопіі фотаздымкаў Максіма Танка, Я. Шутовіча, А. Салаўя і падрабязна апісаў два іншыя фота: на першым зняты А. Жукаўскас, Ё. Каросас, Максім Танк, Я. Шутовіч; на другім – О. Міцютэ, Максім Танк, А. Салавей, Я. Шутовіч.
А ў фондзе Онэ Міцютэ знайшоў для мяне ліст гэтай паэткі, адрасаваны Максіму Танку.
Сказаць, што мне пашанцавала – значыць, мала сказаць!
Здавалася, сама ўдача паціснула мне руку!
Сігітас прыйшоў на вакзал і паводле свайго маршруту правёў нас па старым горадзе.
Пра Вільню ў Сігітаса – воз гістарычных навін!
Слухаючы, можна й стаміцца…
Аднак жа, поўныя ўвагі, мы не стаміліся.
Гледзячы на “…акрэслены контур званіцы вялікага Яна…”, якой захапляўся Караткевіч, у канцы шпацыру павярнулі на Нямецкую, і наш ветлівы павадыр паказаў, дзе могуць знаходзіцца падмуркі некалі разбураных на Нямецкай будынкаў, а на Вялікай Пагулянцы коратка й цікава расказаў пра выдатнага архітэктара Чагіна (сябра дыктатара Мураўёва!); яшчэ сыпануў поўнай жменяй самых розных звестак, а тады ўжо запрасіў да сябе на Закрэтавую – то бок, на сённяшнюю вуліцу Чурлёніса...
Жонка Сігітаса – Апалінарыя Лаўраўна, жанчына прыроднага хараства, расіянка паходжаннем, дзіця стараверскай сям’і – накарміла нас пловам і з настальгічнай ноткай у голасе ўспомніла пра сваіх менскіх знаёмых.
Нам было добра і ўтульна.
Мы не глядзелі на гадзіннік і надта не думалі аб тым, што нам трэба быць у Францысканскім касцёле, дзе збіраюцца па абедзе ўдзельнікі літаратурнага свята; мы адпачывалі ў аб’ёмнай, высокай, поўнай лёгкага паветра кватэры, багатай на кнігі, сярод якіх вылучаліся два тамы нашай энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае”, і таксама ж бачным было менскае выданне 1988 года “Францыск Скарына і яго час”.
А на ўзроўні вялізнага балкона рунелі купалы Раманаўскай царквы!
Гутарка задоўжылася і не задоўжылася, вялася роўна столькі, колькі й патрэбна звычайна бывае гасцінным гаспадарам і (пахвалім жа й сябе!) не вельмі дакучлівым гасцям…
На адыход Сігітас пацешыў гістарычным жартам, расказаў, як у 1927 годзе Антанас Сметана прыехаў да старавераў у вёску Дзягучай, што непадалёку Зарасая.
Падзея ж, вядома, для паспалітага люду была вялікая, таму ўзрушаныя жыхары Дзягучая сустрэлі першую асобу Літоўскай Рэспублікі самым урачыстым і святочным творам, які ведалі – спевам “Боже, Царя храни!..”
Сметана ж не ўбачыў у пяянні царскага гімна ніякай правакацыі, ніякага пратэсту – усё зразумеў па-чалавечы, падзякаваў і сказаў, што ён не цар, а ўсяго толькі прэзідэнт.
А каб такіх казусаў болей не было, рэдактар часопіса “Балтийский альманах” паэт Яўген Шкляр (з 1921 г. жыў у Коўне) адмыслова для старавераў (пэўна ж, выконваючы просьбу-загад якога-небудзь службоўца з прэзідэнцкага круга) у 1928 годзе пераклаў на рускую мову гімн Літвы Вінцаса Кудзіркі:

Летува, отчизна наша,
Ты – земля героев,
И сыны Твои на прошлом
Все величье строят.

Пусть шагают Твои дети
К правде, шаг за шагом.
Пусть творят Тебе на пользу
И людям на благо.

И пусть солнце Летувы
Мрак ночной развеет,
И слава, и право
Путь наш озаряют.

Пусть горит любовь Литвы
В сердцах яркой чашей.
В честь судьбы той Литвы –
Единенье наше!
Трэба сказаць, Літоўская Рэспубліка прыхільна ставілася да старавераў, лічыла іх надзейнымі грамадзянамі.
20 траўня 1923 года ўрад прыняў часовыя правілы, якія ўнармоўвалі адносіны паміж стараверскімі прыходамі і дзяржавай – гэта значыла, што менавіта ў Літве ўпершыню ў гісторыі стараверская царква была прызнана дзяржавай.
У Польшчы ж яна была прызнана ў 1928 годзе, а ў Латвіі – у 1935-ым.
Стараверы ацанілі мудрасць Літвы – яны выконвалі ўсе законы, былі паслухмяныя, выказвалі ўдзячнасць кіраўніцтву краіны, святкавалі дзяржаўныя святы – і 16 лютага (Дзень незалежнасці), і 23 лістапада (Дзень літоўскай арміі)…
Ідучы ў Францысканскі касцёл і пазней, па Вялікай Пагулянцы вяртаючыся ў гасцініцу, Эдуард Акулін узбуджана гаварыў пра Сігітаса, усё не мог паверыць:
– Вы сапраўды пазнаёміліся на вуліцы?
– На вуліцы…
– І пасля выпадковага вулічнага знаёмства нас, чужых людзей, ён сустрэў на вакзале і, як экскурсавод, вадзіў па Вільні, а пасля запрасіў у свой дом?!
– Як бачыш…
– Чалавек, адным словам!
– Мы пазнаёміліся, дзякуючы Максіму Танку! – знарок пафасна заключыў я.
Увечары ж прачытаў ліст Онэ Міцютэ:
“Вільня, 1970. 02. 19.
Шаноўны Дружа Максіме,
Перад Новым годам у нас выйшла Твая кніга “Лісткі календара” ў літоўскім перакладзе. Я ў захапленні! Які гэта цудоўны дзённік маладосці, вясны жыцця, незмарнаванай на спакусы і на пустыя легкадумныя рэчы!
Дарагі Сябра, шчыра дзякую, што ў сваім дзівосным жыццяпісу маладых гадоў не забыў і маю сціплую асобу, а таксама ж згадаў і пра іншых літоўцаў з таго далёкага і цяжкога для ўсіх нас часу. Я вельмі ўдзячна Табе за гэта.
Наша віленская маладая літоўская літаратура ў 1937-1939 гадах рабіла першыя, але самастойныя і даволі моцныя крокі. Перш за ўсё гэта заслуга перадавой моладзі, якая здолела заснаваць літоўскі рух і ўзяць яго ў свае маладыя, моцныя рукі. На вялікі жаль, – вайна, наплыў новых людзей, якія не разумелі нашага жыцця, прынеслі нам багата шкоды, а некаторых маладых літаратараў нават выкраслілі з творчага жыцця.
Яшчэ раз дзякую за напамін аб маладых творцах таго часу.
Зычу Табе, дарагі Сябра, здароўя, доўгіх гадоў жыцця, і каб Тваё пяро (а яно мае вялікі талент) доўга служыла на карысць братэрства і адзінства народаў.
З павагай
Она Міцютэ-Шутовіч.
Выбачай, калі ласка, што пішу па-польску. Не зусім упэўнена, ці здолела б дакладна выказаць свае думкі па-беларуску”.
На адвароце архіўная пазнака: фонд 269, вопіс 1, справа 3, ліст 1 і прыпіска, зноў жа па-польску: “Максіму Танку” – пэўна ж, гэта адказ Онэ Міцютэ на пытанне: “Каму адрасавана пісьмо?”
Пра гэты ліст хочацца сказаць, як пра добрага чалавека – ён мілы і культурны!
Гэты ліст, як доказ таго, што на беларуска-літоўскіх творчых шляхах усё яшчэ можна дыхаць нечапаным архіўным паветрам.
Адам Мальдзіс у кнізе “Белорусские сокровища за рубежом” апавядае пра нашага паэта Янука Касцевіча, рукапісы якога знаходзяцца ў лондан­скай бібліятэцы імя Францішка Скарыны.
Невядомы нам Касцевіч сябраваў з Майронісам, Басанавічусам, Прапалянісам, прысвячаў сваім літоўскім сябрам вершы…
У той жа кнізе А. Мальдзіс піша і пра Янку Шутовіча (мужа Онэ Міцютэ) і нібыта прымушае сваіх чытачоў падумаць, што беларуска-літоўскія творчыя сем’і – кропля шчасця і мора пакуты!
Янка Шутовіч, рэдактар-выдавец часопіса “Калосьсе”, быў арыштаваны сталіністамі і вярнуўся ў Вільню толькі ў 1956 годзе.
Выпускнік універсітэта Сцяпана Батуры, ён працаваў пажарным вартаўніком у карціннай галерэі, у якую быў перароблены віленскі Кафедральны сабор…
Вучыўся на тэалагічным факультэце, а таксама ж на факультэце права і грамадскіх навук, пісаў рэфераты “Праблема кампенсацыі ў законе аб зямельнай рэформе ў Польшчы” і “Крыніцы фінансавання органаў самакіравання сельскай гміны на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў”, браў удзел у семінарах па цывільным праве, падрыхтаваў двухгадзінную лекцыю пад назвай “Судовая медыцына”.
Штудзіраваў палітычную эканомію, палітычнае права, нацыянальнае права, дзяржаўны лад Францыі, гісторыю рымскага права, гісторыю дзяржаўнага ладу Польшчы, старое судовае польскае права, касцельнае права, а таксама іншыя прадметы.
Адзнакі ж меў у асноўным здавальняючыя; часам здаваў іспыты па два разы – так на вясновай сесіі 1928/29 навучальнага года атрымаў пераэкзаменоўку на восень па рымскім праве.
Універсітэцкае жыццё адкрылася перад ім 25 верасня 1924 года; у гэты дзень склаў заяву (вядома ж, па-польску):
“Яго Магніфіцэнцыі Пану Рэктару Універсітэта С.(цяпана) Б.(атуры).
Яна Шутовіча, які жыве на вуліцы Вастрабрамскай № 9, кв. 23.
Заява
Прашу Яго Магніфіцэнцыю залічыць мяне слухачом на Юрыдычны Факультэт.
Дадатак:
1. Гімназічнае пасведчанне № 140/330.
2. Пасведчанне аб нараджэнні.
3. Апытальнік.
4. Тры фотаздымкі.
5. Curriculum vitae.
25.09.1924 г. Вільня. Ян Шутовіч…”
У канцы заявы прыпіска падаўца, з якой вынікае, што арыгінал атэстата сталасці і арыгінал пасведчання аб нараджэнні з 9 лютага 1920 года знаходзяцца ў кураторыуме Віленскай школьнай акругі.
А зверху накладзена рэзалюцыя: “Прыняць вольным слухачом…”
Праз тры гады 28 верасня 1927 г. Я. Шутовіч, а жыў ён тады ўжо на вуліцы Полацкай (дом 4, кватэра 10) злажыў на імя дэкана заяву наступнага зместу:
“Гэтым прашу Пана Дэкана ласкава залічыць мяне студэнтам на Факультэт Права і Грамадскіх навук.
У 1926/27 навучальным годзе з’яўляўся студэнтам Тэалагічнага Факультэта У.(ніверсітэта) С.(цяпана) Б. (атуры).
Да заявы прыкладаю:
1. Атэстат сталасці.
2. Пасведчанне аб нараджэнні.
3. Біяграфія.
4. Апытальнік.
5. Тры фотаздымкі.
Ян Шутовіч, 28.09.1927 г., Вільня…”
Заява засведчана круглай пячаткай дэканата тэалагічнага факультэта; побач дазвол дэкана Фалькоўскага: “Не пярэчу”, – і 14 кастрычніка Я. Шутовіч стаў студэнтам факультэта права і грамадскіх навук…
З апытальніка ж можна даведацца, што ён беларус веры рымска-каталіцкай, што родная мова ягоная беларуская, а бацькоў клікаць Язэп і Ядвіга.
Паводле ж Curriculum vitae (жыццяпісу) – нарадзіўся 11 студзеня 1904 года ў вёсцы Шутовічы, Смаргонскай гміны, Ашмянскага павета, Віленскай зямлі; пачатковую адукацыю атрымаў у Шутовіцкай нелегальнай пачатковай польскай школе; калі скончыў два класы, паступіў у чатырохкласную расійскую пачатковую школу ў вёсцы Сукневічы, вучобу ў якой завяршыў у 1915 годзе – пасведчання ж не атрымаў, таму што на Віленшчыну прыйшла вайна; у 1916 годзе паступіў у мінскую польскую гімназію таварыства дапамогі ахвярам вайны, але праз два месяцы вучобу пакінуў, бо не было чым плаціць; у 1918 годзе быў прыняты ў пачатковую меставую рускамоўную школу ў Глыбокім; адвучыўшыся ў другім класе, праз год паступіў у Віленскую беларускую гімназію, па сканчэнні якой у 1924 годзе займеў пасведчанне № 140/330…
У адным з пазнейшых сваіх жыццяпісаў Я. Шутовіч паведамляў, што сусветная вайна перапыніла яго навуку, і да 1918 года ён жыў на вёсцы з бацькамі, а восенню 1919-га быў узяты ў чацвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі; восенню ж 1925-га пачаў вучыцца і ў Віленскім духоўным вучылішчы, у якім у чэрвені 1926-га здаў іспыт сталасці для экстэрнаў гуманітарыяў перад дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіяй, створанай кураторыем Віленскай школьнай акругі…
Вучоба ва ўніверсітэце расцягнулася, бо давялося 28 ліпеня (па іншых дадзеных – 13 жніўня) 1929 года йсці ў салдаты; просьбу адтэрмінаваць прызыў, не прынялі – яшчэ 8 чэрвеня прыйшла адмова…
За час вучобы здаралася ўсялякае: скажам, 19 лютага 1931 г. студэнцкі суд універсітэта вынес Я. Шутовічу заўвагу за невыкананне пісьмовага абавязацельства, якое ён даў Альбіну Стаповічу 16 снежня 1930 г.
Што гэта за абавязацельства, гадаць не буду, але сюжэт цікавы: студэнт нешта пісьмова паабяцаў нядаўняму дэпутату сейма і не стрымаў сваё абяцанне!
А вось новы эпізод: 18 лютага 1932 г. (роўна праз год!) усё той жа студэнцкі суд ужо ад імя дэкана зноў жа зрабіў заўвагу Я. Шутовічу.
За што?
Гэтым разам за злоўжыванне дазволам рэктара.
Дзеля дакладнасці было б цікава дазнацца – якога рэктара?
Аляксандра Янушкевіча, які ў 1932 г. здаў рэктарства, ці Казіміра Апачынскага, які з рук Янушкевіча ўсяго толькі на год рэктарства прыняў?
Аднак вынятка з пратакола разбору вельмі скупая; з яе можна зразумець хіба толькі тое, што Я. Шутовіч, атрымаўшы дазвол на выступленне, публічна выказаў нейкую сваю нязгоду і тым самым выйшаў за межы дазволенага.
Трэба сказаць, што будучага рэдактара-выдаўца “Калосьсяў” не толькі цягалі па студэнцкіх судах, не толькі “каралі”, аднак жа й спрыялі яго настрою.
Напрыклад, ужо новы рэктар Вітольд Станевіч прызначыў яму грашовую дапамогу (60 злотых) на аплату другога паўгоддзя 1933/34 навучальнага года.
Тут, канечне, уражвае не сума (хаця таксама ж грошы немалыя), а хуткасць, з якою рэктар разгледзеў просьбу: сваё прашэнне Я. Шутовіч падаў 22 лютага 1934 г., і ўжо праз два дні – 24 чысла – яно было станоўча вырашана.
Пра Вітольда Станевіча вядома, што ён дапамагаў беларусам – скажам, дамагаўся, каб з турмы выпусцілі Тарашкевіча (дарэчы, і Станевіч, і Тарашкевіч належалі да віленскай масонскай ложы імя Рамуальда Траўгута).
А вось яшчэ прыклад адміністрацыйнага спрыяння – 3 сакавіка 1934 г. з варшаўскага міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы ў рэктарат універсітэта прыйшло распараджэнне, паводле якога студэнту Я. Шутовічу вярнулі 92 злотых (вярнулі грошы, заплочаныя за 1929/30 навучальны год, калі не вучыўся, а служыў у войску)…
Вучоба вучобай, аднак жа галоўнай падзеяй у жыцці беларуса Я. Шутовіча была сустрэча з літоўкай О. Міцютэ.
“…Амур сваёй стралой даўно прыгваздзіў яго сэрца да адной харошай дзяўчыны-літвінкі, ад якой ён зараз ні на крок не адступае…” – пісаў Максім Танк 18 траўня 1938 года.
Арсень жа Ліс адкрыў мне: О. Міцютэ пераняла ад мужа беларускую мову.

24 траўня 2010. Панядзелак. У “Лістках календара” Максім Танк незычліва згадваў Антона Луцкевіча (класава ацэньваў!), аднак жа перад смерцю, згадаўшы яго ў вершы “Кафэ “Штраль”, нібыта папрасіў у “кніжніка Антона” прабачэння.
“Кафэ “Штраль” – дзівосны верш…
І ў старасці паэт ствараў шэдэўры – “Іудавы сярэбранікі”, “Карыятыды”, “Калі памёр змагар за волю – Байран…”, “Errata”, “Над эпітафіямі Мастэрса”, “Відаць, ад найвышэйшага прысуду…”, “Карынфская ваза” і зноў жа – “Кафэ “Штраль”…
І “Лісткі календара” – дзівосная кніга…
Праўда, ёсць крытыкі, якія даводзяць і, здаецца, доказна, што асобныя запісы Максіма Танка недакладныя!
Магчыма, але толькі не гэты запіс; ён ад 27 снежня 1936 г.: “… я, з накіраваннем доктара Кона, мусіў ісці на прыём у яўрэйскае процітуберкулёзнае таварыства “Брыюс”…”
Хворы паэт прыехаў у Варшаву, каб прайсці “…усе аналізы, рэнтгены і кансультацыі…”
Захаваўся бланк габрэйскага процітуберкулёзнага таварыства “Брыюс – Здрове” ад 28 снежня 1936 г., на якім змешчана надрукаванае на машынцы і падпісанае доктарам заключэнне:
“…№. 1065
Яўген Скурко, г.(адоў) 25
Накіраванне д-ра Кона.
Не выяўлена паталагічных змяненняў ва ўнутраных органах грудной клет­кі…”
Таварыства “Брыюс – Здрове” знаходзілася на вуліцы Гранічнай у доме 15, туды можна было тэлефанаваць па нумары 234-59, а нумар рахунку ў ПКО (Польска Каса Ошчэндносьці) быў – 5457.
Колькі паэт, як пацыент, пералічыў злотых на гэты рахунак, на жаль, не­вядома…
З самага ранку гартаў “Лісткі календара”, пераконваючы ў думках недаверлівых крытыкаў, што гэта ўсё ж такі збор дакументальна-пацверджаных запісаў.
Магчымыя ж несупадзенні – плён стомленай памяці.
Пастанавіўшы, што гэта так, выбраўся ў Літоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў; ехаў у тралейбусе, маючы ад Сігітаса адрас, патрэбныя тэлефоны і нават падказку, што чытальная зала знаходзіцца на першым паверсе.
Там, у чытальнай зале (як часам у жыцці ўсё складна бывае!) пазнаёміўся з даследчыцай Аленай Глагоўскай – яна збірала звесткі пра паэта Хведара Ільяшэвіча.
Колькі гадоў таму я чытаў артыкул спадарыні Алены пра рэлігійнага дзеяча Лукаша Дзекуць-Малея “…Хоць бы і памёр, жыць будзе” – артыкул змястоўны, таму з чытацкім смакаваннем уявіў глыбіню яе будучай працы пра творцу, жыццё якога было і авантурным, і трагічным…
Ромэк Мячкоўскі запрасіў на сваё свята таксама ж і Алену, але от жа, прыехаўшы ў Вільню, выбрала яна архіў.
Я ўхваліў гэткі выбар і пажартаваў:
– Ад нас на свяце будзе Эдуард Акулін! Ён хоць і не складае верлібраў, але, спадзяюся, гэта не вельмі засмуціць польскіх верлібрыстаў!
Алена прыняла мой жарт і сказала, што ёй падабаюцца Эдуардавы песні.
У зале аматараў даўніны было мала, аднак жа ўсё адно ўголас не пагаворыш, таму нам даводзілася перашэптвацца, балазе сталы нашы стаялі побач.
У жаўтлявых польскамоўных паперах я шукаў сляды Антона Луцкевіча і Максіма Танка; вельмі часта, дарэчы, сустракалася імя Браніслава Тарашкевіча; Алена ж, гартаючы інвентар Віленскага акруговага суда, раз-пораз паказвала мне: прозвішчы засуджаных найчасцей беларускія!
І напраўду ж, я бачыў доўгія-доўгія спісы пакараных беларусаў, у ліку якіх быў і дзед паэткі Таццяны Сапач…
Ці ведаюць сучасныя польскія паэты, што слова “беларус” для афіцыйных мужоў давераснёвай Польшчы гучала нароўні са словам “камуніст”?
Думаю: не ведаюць, а можа нават і не хочуць ведаць, таму варта нам часцей казаць ім, што менавіта з такой прымітыўнай палітычнай мудрасцю “паньства” і ўехала ў 1939 год і далей – у Катынь!
Светлыя бельведэрскія галовы!
Далі б нацыянальным “меншасцям” аўтаномію і свае школы, адкрылі б у Львове – украінскі, а тут, у Вільні, беларускі ўніверсітэт – і займелі б сабе шмат абаронцаў.
Аднак жа не аўтаномію, не школы, не ўніверсітэты – давалі часцей Картуз-Бярозу і Лукішкі.
Антыбеларускай, антылітоўскай, антыўкраінскай, антыгабрэйскай – такой ты была, мая любая даваенная Польшча!
Дзяржава, у якой нарадзіліся мае бацькі…
– А вось і жыхарка Давыд-Гарадка! – Алена падала мне бланк з фотаздымкам.
На фота – красуня, а з напісанага даведаўся, што гэта Брэўда Эстэра, што бацька яе – Шмул (крамар у Беластоку), а маці – Гэня (пэўна ж, хатняя гаспадыня).
Нарадзілася Брэўда Эстэра 10 ліпеня 1901 г. у Давыд-Гарадку, нацыянальнасць яе (як сказана ў дакуменце) – ізрайліцкая, вера – Майсеева, а мова – жыдоўская.
Скончыла ў Беластоку гімназію саюза настаўнікаў, а 21 верасня 1923 г. паступіла ў Віленскі ўніверсітэт на мастацкі факультэт вольнай слухачкай (жыла ў Вільні на вуліцы Вэнглёвай 12, кв. 11).
Для ўнукаў і праўнукаў Брэўды Эстэры (а раптам ёсць такія!) падаю архіўнае апісанне гэтага дакумента: фонд 175, вопіс 9XIB, справа 14…
А што да маіх пошукаў, то й тут усё складна адбылося: я знайшоў тое, што хацеў.
І апошняе на сёння.
У нашых з Аленай шэптах узнікла імя і Францішка Аляхновіча.
Ад Сержука Вітушкі Алена даведалася, што мой Васіль у Менску праводзіць канцэрты-чытанні п’ес Аляхновіча і пераказала мне летуценнае жаданне спадара Вітушкі: а што, калі б такое чытанне правесці ў любімай кавярні Аляхновіча, што паблізу Кафедральнага сабора?!

25 траўня 2010. Аўторак. “…Максіма Танка звыкла называюць песняром Нарачы, а мне больш падабаецца, што ён пясняр журавінавага цвету… Паэт вельмі дакладна акрэсліў паняцце беларуская доля: “…Больш нараканняў на жыццё, як самога жыцця, больш дыму лучыны, як святла…” – гэта аднойчы я давёў удзельнікам народнага клуба “Жывіца”, і тады да мяне падступіла жанчына:
– Мой бацька ў маладосці сябраваў з Максімам Танкам, разам яны разносілі забароненую літаратуру… Праўда, бацька быў вельмі сціплы, маўклівы, сваёй падпольнай дзейнасцю не хваліўся і пра яго нідзе не напісана…
– З якога года ваш бацька?
– З 1913-га…
– А з якой вёскі?
– Са Слабады…
– А як яго зваць?
– Кірыла Карабейнік…
– Пра вашага бацьку ў “Лістках календара” напісаў Максім Танк!
– Праўда?! – жанчына паглядзела на мяне шчаслівымі вачыма…
У архіве зноў сустрэў Алену Глагоўскую.
Колькі трэба мы пасядзелі над сваім папкамі, зрабілі выпіскі і копіі, дамовіліся вечарам убачыцца і па абедзе раз’ехаліся – Алена на Зыгмантоўскую ў бібліятэку Акадэміі Навук чытаць старыя газеты, а я на Святаянскую ў польскае пасольства, дзе Ромэк Мячкоўскі праводзіў чытанні, паводле якіх урэшце трэ было вызначыць: хто ўсё ж такі перамог пад Грунвальдам – палякі? літоўцы? беларусы? украінцы? татары?
У фае пасольства была разгорнута фотавыстаўка, і мяне зацікавіў віленскі здымак Пілсудскага: не, не сам Пілсудскі, а тое, што за яго маршальскай спінай, на бліжэйшым доме, добра чыталася шыльдачка – “вуліца Ахвярная”.
На вуліцы Ахвярнай, у цэнтры Вільні, Максім Танк працаваў чорнарабочым.
У “Лістках календара” за 22 траўня 1939 г. сказана: “…Праз нашага знаёмага студэнта В. Папуцэвіча Лю атрымала на пару тыдняў працу на віленскім складзе насенных траў, а разам з ёю – і я. Цяпер штодзень ходзім на вуліцу Афярную (якая назва!). Праца як для мяне не такая цяжкая, толькі вельмі пыльная. Вяртаемся дамоў чорныя, як чэрці. За тыдзень можна зарабіць 16 злотых…”
У даведцы, якую працадаўца выпісаў для страхавой касы, адзначана: Яўген Скурко прыняты рабочым і падлягае абавязковаму страхаванню на выпадак хваробы.
Дата на даведцы супадае з датай вышэй працытаванага, а менавіта – 22 траўня 1939 г. (паклон недаверлівым крытыкам!), аднак сума заробку не супадае; даведка гаворыць: за тыдзень Яўгену Скурко адлічвалі не 16, а 18 злотых.
Трэба думаць: 2 злотыя якраз і ўносіліся ў страхавую касу…
У дакуменце аднатаваны й такія звесткі, як адрас склада насенных траў – Ахвярная, 2; нумар рахунку працадаўцы ў страхавой касе – 20029; на пытанне, скажам, трэцяй графы: ці дамова па найму будзе працягнута? – адказана: так; на пытанне графы чацвёртай: ці застрахаванаму адмоўлена ў працоўным пагадненні? – адказана: не
Як бачна, усё зроблена па закону, а тое, што паэт пайшоў у чорнарабочыя – нядзіва.
Як вядома, у жніўні 1938 г. была распушчана КПЗБ, ранейшая матэрыяльная падтрымка спынілася, таму давялося станавіцца хоць на якую працу…
Пабыўшы на чытаннях і нават коратка выступіўшы (маўляў: пад Грунвальдам перамаглі ўсе!), сабе ж самому сказаў: выбачай, літаратурнае свята, дзе шмат гавораць і мала слухаюць – я з радасцю ўцякаю ад цябе!
Уцякаю, бо раптам адчуў тую эмацыйную вышыню, калі здаецца, што рэальнасці няма; калі згадваецца ўсё адначасова, калі ўяўляецца неверагоднае – Вільня ў тваёй душы плача і плача таму, што ніяк не можа сустрэцца з усімі сваімі дзецьмі, цені якіх раскіданы скрозь…
Вільню любіў Караткевіч, пісаў пра места ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”, і нават у самых выпадковых сказах гэтага слаўнага рамана мне чуецца віленскае дыханне:
“Як можна было хлусіць, калі на свеце ёсць салаўі?..
…Не магло здарыцца нічога дрэннага, пакуль на зямлі існавала на­дзея…
…Ён быў малады чалавек і любіў ужыць лацінскае слова…”
Як тры асобныя сціслыя вершы, мне ўспомніліся гэтыя раманныя сказы, і раўналежна ім паўсталі ў памяці і Купалавы словы пра Сыракомлю:
Над Вяллёй, дзе сталіца была Гедыміна,
На магілках, што Роса завуцца…

Караткевіч у “Каласах” параўнаў Сыракомлю з меламанам, у якога абсалютны слых!
Пра віленскага падданага Сыракомлю Караткевіч пісаў, што ён жыў недзе на рагу Нямецкай і Дамініканскай, і героі ж Караткевіча Алесь Загорскі і Усяслаў Грыма аднойчы йшлі па Дамініканскай да Святаянскіх муроў (міма сённяшняга польскага пасольства!) у госці да гісторыка Адама Кіркора – дзе і ўбачылі Лірніка Вясковага…
Вось так.
Я лёгка зайшоў у дзевятнаццатае стагоддзе, нібыта ў палац, з якога ўцякла варта.
Якім бы крывадушным і крывавым гэта стагоддзе не было, аднак жа мараль тады яшчэ заставалася мараллю…
Я жыву ўяўленнямі і страхамі, мяне абурае тое, што свінства ўжо амаль нікога не абурае!
Трэ было ездзіць і ездзіць у Вільню, каб менавіта ў Вільні зразумець простае і жахлівае – мараль памянялася…
Некалі чуў:
– Рабі так, як людзі робяць!
А тады людзі (прынамсі тыя, што былі вакол мяне) у пераважнай большасці сваёй і рабілі добрае.
А што сёння?
А сёння я ўжо гатовы пачуць:
– Не рабі так, як людзі робяць!
І пачую, нідзе не дзенуся…
Я сустрэўся з Аленай ля дома, ад якога некалі пачыналася вуліца Міцкевіча; у гэтым доме, на першым паверсе, і павінна была быць любімая кавярня Аляхновіча, над якою, дарэчы, жыў яго сябар мастак Адам Медзыблоцкі.
Аднак жа заместа кавярні мы ўбачылі банк.
Расчараваныя, знайшлі сабе іншае кафэ непадалёку – “Санатору калонас”.
Алена цікава расказала пра польскамоўныя публікацыі Аляхновіча ў “Кур’еры Віленьскім”, яна старанна расшыфравала ў гэтым выданні крыптанімы і псеўданімы драматурга…
Я слухаў і лавіў сябе на тым, што слухаць пра Аляхновіча, усё адно што слухаць пра кароткую радасць і хуткую бяду…
Алена пагартала мой архіўны здабытак – ксеракопіі крымінальных спраў, заведзеных на Максіма Танка, і прызналася, што любіць перачытваць “Лісткі календара”.
Калі ўжо добра змеркла, тады й развіталіся…
З Вялікай Пагулянкі падалькажыў Сігітасу, сказаў пра свой плённы архіўны дзень і аб тым, што заўтра зноў жа буду ў архіве, а ўвечары з Эдуардам пакідаю Вільню.
– Тады заўтра я правяду вас! – падаў думку Сігітас.
Я ж прапанаваў развітацца па-іншаму: паглядзець на купалы Раманаў­скай царквы!
От у гэтую хвіліну!
Ён – са свайго вялізнага балкона, а я – з Вялікай Пагулянкі…

26 траўня 2010. Серада. Жыццё Браніслава Тарашкевіча, невядомае беларусам, схаванае ў архівах, зняважанае бяспамяцтвам – жыццё незвычайнае, прыгодніцкае, шляхетнае, прыгожае, трагічнае.
Яно цікавае рамантыкам і мянялам…
Тарашкевіч кіраваў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадой (БСРГ) – легальным парламенцкім клубам, пасля разгрому якога ў студзені 1927г. на бясконцых допытах і судах даказваў следчым і суддзям, што Грамада не займалася змоўніцкай антыдзяржаўнай дзейнасцю і, галоўнае, не мела кантактаў з камуністамі.
Уяўляю, як следчыя і суддзі паблажліва ўсміхаліся, бо цудоўна ведалі пра сувязь кіраўніка БСРГ з лідарамі кампартыі Польшчы і кампартыі Заходняй Беларусі.
Кажуць, трагедыя Тарашкевіча ў тым, што звязаўся з камінтэрнаўскім рухам; кажуць гэтак, бо, пэўна, не хочуць разумець: у 1920-я гады кіраўніку масавай беларускай арганізацыі проста немагчыма было пазбегнуць стасункаў з Менскам і Масквой…
У крымінальнай справе Тарашкевіча, пачатай 31 жніўня 1932 г., а скончанай праз тры месяцы 29 лістапада, напаткаў заяву на беларускай мове:
“Да Пана Гарадзкога Старасты ў Вільні.
Паведамленьне.
Гэтым паведамляем Пана Гарадзкога Старасту ў Вільні аб тым, што на паседжаньні ініцыятыўнае групы 15 гэтага месяца ў памешканьні пры Вострабрамскай вуліцы № 27 утварыўся Беларускі Цэнтральны Сялянска-Работніцкі Выбарчы Камітэт у Вільні, старшынёй якога зьяўляецца грамадзянін Язэп Баліцкі, сэкрэтаром гр. Ўладзімір Кур’янка і скарбнікам грамадзянка Кацярына Шаблоўская.
“Беларускі Цэнтральны Сялянска-Работніцкі Выбарчы Камітэт у Вільні” месьціцца пры вуліцы Вострабрамскай у доме № 27.
Вільня, 16.09.1930 г. Старшыня Камітэту Я. Баліцкі.
Сэкрэтар Кур’янка Ўл.
Старшыня Я. Баліцкі пражывае – вул. Бэліна (?) 40 – 6 у Вільні.
Сэкрэтар Ўл. Кур’янка (пражывае) – вул. Вінгра 15 – 8 (у Вільні).
Скарбнік К. Шаблоўская (пражывае) – вул. Шкаплерная (?) 42 (у Вільні)…”
У той жа дзень, 16 верасня, паведамленне, а яно за нумарам 1, было зарэгістравана ў старостве, а вось новае, за нумарам 2, на тую ж тэму паведамленне, але ўжо на польскай мове, зарэгістраванае 11.10.1930 г.; яно сведчыць: ролі размеркаваліся іначай…
“Да Пана Гарадскога Старасты ў Вільні.
Паведамленне.
Гэтым паведамляем Пану Старасту, што 9.10.1930 года на пашыраным сходзе выбаршчыкаў быў рэарганізаваны перад гэтым заснаваны Беларускі Цэнтральны Сялянска-Работніцкі Выбарчы Камітэт на Беларускі Цэнтральны Работніцка-Сялянскі Выбарчы Камітэт “Змаганьне”.
У склад Камітэта ўвайшлі: старшыня – Браніслаў Тарашкевіч, сакратар – Ян Грэцкі, скарбнік – Мікалай Верамей.
Камітэт знаходзіцца на вуліцы Вастрабрамскай № 27.
Вільня, 11 кастрычніка 1930 г.
За старшыню: Мар’яна Петкунова.
За сакратара: Вацлаў Баярчук…”
М. Петкунова – імя невядомае мне, а В. Баярчук – паводле нататак Тарашкевіча – былы вучань радашковіцкай гімназіі, выключаны з 7 класа; на той час яму было 24 гады, 4 месяцы адбыў за кратамі, 2 разы (у якасці кур’ера) ездзіў у Вішнева Маладзечанскага павета; Тарашкевіч адзначаў, што хлопец ён “…вельмі разумны…”
Прыведзеныя дакументы гавораць: у другой палове 1930 года Тарашкевіч паспрабаваў вярнуцца да легальнай палітычнай работы.
28 красавіка (прыкладна 5 месяцаў таму) яго выпусцілі з турмы, і ён, як піша Арсень Ліс у нарысе “Трагічны пошук свабоды”: “…з восені 1930 года абраны старшынёй Цэнтральнага сялянска-работніцкага выбарчага камітэта “Змаганне”, уключыўся ў яго працу, даў згоду балатавацца ў дэпутаты. Аднак магчымасць дзейнасці была мізэрнай, улады “апякалі” ўзніклую структуру жорстка: спіс, пададзены выбарчай камісіяй, быў адразу ануляваны. Тарашкевічу, як і іншым вызваленым паслам, якія ўзялі ўдзел у новай выбарчай кампаніі, давялося перабрацца ў Гданьск і адтуль праз сувязных кіраваць ёю. Працавалі ва ўмовах поўнай канспірацыі…”
Аднак жа й “поўная” канспірацыя не ратуе ад турмы!
Дарэчы, турмы ў міжваеннай Польшчы былі, кажучы мовай 1970-х гадоў, ці не разлікова-гаспадарчымі прадпрыемствамі?!
Падлічваўся кожны злот.
Скажам, за 300 дзён (з 1 ліпеня 1929 г. па 26 красавіка 1930 г.), якія Тарашкевіч правёў у вязніцы Грудзёндза, на яго ўтрыманне згодна турэмнай бухгалтэрыі пайшло 450 злотых.
А вось яшчэ рахунак, падпісаны начальнікам турмы ў Каранове 11 жніўня 1933 г.: тут распісаны расходы на вязня Тарашкевіча, асуджанага 29 лістапада 1932 г. на 8 гадоў зняволення пасля вядомага арышту ў Тчэве (у дакуменце пазначаны й тэрмін сканчэння кары: 6 траўня 1939 г.).
За першыя два гады з 11.02.1931 г. па 23.02.1933 г. (744 дні) сума склала 1116 злотых.
Начальнік караноўскай турмы накіраваў рахунак у крымінальны аддзел Віленскага акруговага суда з просьбай распарадзіцца адносна пагашэння сумы.
Суд сабраўся ў складзе: старшыня – Бжазоўскі, суддзі – Сянкевіч і Занеўскі, віцэ-пракурор – Гедройц, пратакаліст – Вільканец і 21 верасня 1933 г. пастанавіў: спагнаць з асуджанага Тарашкевіча 1116 злотых.
І ўжо назаўтра дзве копіі пастановы былі высланы пракурору да выкання і асуджанаму да ведама.
І тут варта звярнуць увагу на такую акалічнасць: два тыдні таму, 7 верасня, у Коласаве адбыўся гістарычны абмен – польскага засуджанага Тарашкевіча памянялі на савецкага катаржніка Аляхновіча.
Два тыдні мінула, як Тарашкевіч ужо быў у СССР, а суд усё яшчэ разбіраўся з яго “неўпарадкаванымі” фінансамі!
Вельмі верагодна, што копію выслалі жонцы Тарашкевіча Веры Снітчанцы, яна ж з маленькім сынам Радаславам засталася ў Польшчы.
Магчыма й тое, што Веры Андрэеўне растлумачылі: 1116 злотых будуць пагашаны з тых сум, якія выяўлены ў яе мужа пры затрыманні ў Тчэве, а рэшта забіраецца ў бюджэт, бо суд не палічыў, што гэтыя грошы сумленна зароблены.
Празрысты намёк на тое, каб ніхто з сям’і аўтара “Беларускай граматыкі для школ” не прэтэндаваў на астачу камінтэрнаўскай гатоўкі…
А вось і данясенне пра затрыманне ў Тчэве.
27 лютага 1931 г. камісар паліцыі Люцыян Галчынскі далажыў у пракуратуру пры Варшаўскім акруговым судзе віцэ-пракурору па шпіёнскіх і палітычных справах:
“5 лютага 1931 г. у цягніку № 118 Гданьск – Мальборк, які прыбывае ў Тчэў у 21 г. 32 хв., падчас праверкі ў пасажыраў дакументаў кіраўнік Памежнага Камісарыята Дзяржаўнай Паліцыі ў Тчэве падкамісар Скальскі ўстанавіў па фатаграфіі на адным з пашпартаў, што асоба, якая мае замежны чэхаславацкі пашпарт № 758 на імя Уладзіслава Паўляка (?), грамадзяніна Чэхаславакіі, – гэта збеглы ў другой палове мінулага года з Польшчы ў Гданьск былы пасол Сейма Польскай Рэспублікі Браніслаў Тарашкевіч…”
Заўважу: у далейшых данясеннях падробленае прозвішча “Паўляк” падаецца як “Паўлік”!
Паводле камісара Галчынскага, у купэ (а Тарашкевіч ехаў адзін!) было знойдзена шмат літаратуры, змест якой звязваў беларускі рух з 3-ім інтэрнацыяналам (камінтэрнам); затрыманы прызнаў, што ў 1930 г. па выхадзе з турмы напісаў дэкларацыю, якую разаслаў дзеячам беларускага руху, а таксама надрукаваў яе ў “Звяздзе” і “Новым Пшэглёндзе” і ў гэтай дэкларацыі выказаў свае выразныя адносіны да польскай дзяржавы…
Сваё данясенне камісар завяршыў паведамленнем, згодна якога 10.02.1931г. акруговы следчы суддзя Уладзіслаў Хмеляж пастанавіў: затрыманага Тарашкевіча (Уладзіслава Паўляка), сына Адама і Алены, народжанага ў 1892г. у Мацюлішках Віленскага павета, рыма-каталіка, жанатага, які апошнім часам жыў у Сопаце на вуліцы Швэдэнхофштрасэ 12, і які падазраецца па артыкулу 102 частка 1 крымінальнага кодэкса (пашырэнне рэвалюцыйнай прапаганды – Л. Д.-М.) – даставіць у варшаўскую турму, што на вуліцы Дзельная 24/26, у распараджэнне таго ж суддзі…
А яшчэ камісар Галчынскі адзначаў: Тарашкевіч у 1920 г. арыштоўваўся за камуністычную дзейнасць і ў дачыненні да яго ў Вільні вялося следства…
А яшчэ камісар пісаў пра вялікія грошы: у час арышту пры Тарашкевічу было 1792 даляры, 1790 злотых, 939 нямецкіх марак, 3 гульдэны і 59 пфенігаў.
Банкноты і манеты, вядома ж, былі ўзяты на ўлік – з кожнай (!) банкноты старанна перапісалі нумары.
Суддзя Я. Булгак вызначыў колькасць і якасць грошай, і 21 сакавіка 1931г. склаў у Вільні на чатырох старонках пратакол агляду з такой высновай: даследаваныя прадметы маюць для судовай справы істотнае значэнне, іх трэба далучыць да справы ў якасці рэчавых доказаў…
Цікавы рукапісны тэкст Я. Булгака пачынаецца з апісання дзвюх 50-ці даляравых банкнотаў ЗША за нумарамі AO1267378A і AO1027873A, далей ідзе падрабязная абмалёўка марак, злотых і нямецкіх манет, а завяршаецца рукапіс апісаннем металічных галандскіх грошай – адной срэбнай паўгульдэнавай манеты, адной нікелевай пяціпфенігавай і чатырох медных аднапфенігавых манет…
У пратаколе адзначана: у Тарашкевіча знойдзена яшчэ й распіска на нейкія 10 злотых, атрыманых з дэпазіту.
Словам, была ўлічана любая драбніца…
Каб уявіць вартасць канфіскаванага багацця, нагадаю тадышнія цэны: за гадавое навучанне ў гімназіі плацілі 600-700 злотых, гектар зямлі каштаваў 500 злотых, карова – 250-300 злотых, аперацыя на апендыцыт – 150-200 злотых, конь – 100 злотых…
За адныя толькі злотыя, з якімі ў Тчэў прыехаў Тарашкевіч, можна было прыдбаць добры табун коней!
Улада, вядома, чакала паясненняў, і ён тлумачыў следчаму: такая ладная гатоўка падрыхтавана на тое, каб у Берліне заняцца выдавецкімі справамі і каб выдаць там свой пераклад “Іліяды”.
Разумнае тлумачэнне.
Улада верыла і не верыла, ведаючы адно: Тарашкевіч заўсёды распараджаўся значнымі сумамі.
Вось паказанні старшага пшадоўніка следчай службы Яна Крулікоўскага, які сачыў за Тарашкевічам з 1924 года.
12 траўня 1931 г. у Вільні ўсё той жа суддзя Язэп Булгак дазнаўся ад Крулікоўскага, як ад сведкі, што, напрыклад, Мікалай Верамей атрымаў ад Тарашкевіча на выбарчыя справы 33440 злотых; актывіст ТБШ Юры Муха першы раз з “фонду” Тарашкевіча ўзяў 200 даляраў і 500 злотых, а другі раз – 13000 злотых; рэдактар варшаўскага часопіса “Рух” Уладзімір Павелкевіч займеў 3500 злотых, а за друкаванне выбарчых нумаркоў – 1100 злотых…
Шкада грошай.
Яны гінулі ў палітычным пяску, шырокай ручаінай сплывалі ў паліцэйскую касу, у бюджэт Польскай Рэспублікі.
Лепей было б, каб разумная рука накіравала іх на заснаванне беларускага ўніверсітэта, які мог бы дзейнічаць у той жа Празе ці, скажам, у Стакгольме!..
9 лютага 1931 г. старшы пшадоўнік следчай службы Уладзіслаў Грэла дапытаў Тарашкевіча ў Варшаве і склаў на 3,5 старонках запіску, з якой можна даведацца, што гульдэны, даляры і нямецкія маркі – уласнасць арыштаванага, а злотыя – узносы, прызначаныя для беларускага фонду ў Берліне.
Уласнасць Тарашкевіча (паводле яго дыпламатычнага тлумачэння!) паходзіла з наступных крыніц: 700 даляраў палітык атрымаў авансам за сваю “Беларускую граматыку для школ”; 500 даляраў – за “Сінтаксіс беларускай мовы”; 300 даляраў вярнуў інжынер з Коўні К. Дуж-Душэўскі, якому пазычыў іх яшчэ ў студэнцтве; 500 даляраў аддаў надзейны чалавек, які назаўтра па арышце лідара БСРГ (па Тарашкевіча “прыйшлі”, як вядома, 14 студзеня 1927 г.) нейкім цудам паспеў забраць гэтыя грошы з яго варшаўскай кватэры № 14, што ў доме 8 на вуліцы Новасенатарскай, перад самым правядзеннем вобыску…
Магчыма, пан Грэла паверыў у ганарары за граматыку і сінтаксіс, а таксама ж у сумленнасць не названага, але надзейнага (!) чалавека, існаванне якога мог пацвердзіць Радаслаў Астроўскі.
У запісцы адзначана, што гісторыю вяртання 500 даляраў са сваёй варшаўскай кватэры Тарашкевіч расказваў Астроўскаму ў часе іхняга турэмнага побыту.
Але ці паверыў пан Грэла ў тое, што некалі ў Пецярбурзе студэнт Тарашкевіч пазычыў студэнту Дуж-Душэўскаму 300 даляраў?
Ці мелі наогул студэнты, няхай сабе й царскія, такія грошы?
Анатоль Сідарэвіч сказаў на гэта проста:
– Тут Браніслаў Адамавіч прыдумаў не вельмі ўдала!
А мне здаецца: ён разлічваў на тое, што інжынера Дуж-Душэўскага не спытаюць, бо ён жа ў Літве…
Скажу й пра такую акалічнасць: канфіскавана 1792 даляры, а тлумачэнне дадзена роўна на 2000 – то-бок, на 208 даляраў больш!
Паколькі адносна паходжання нямецкіх марак і жменькі галандскіх гульдэнаў у запісцы нічога не сказана, то, магчыма, гэты лішак не што іншае, як тыя ж маркі (939) і гульдэны (3) па тадышнім даляравым курсе?!
А яшчэ з Грэлавай запіскі можна даведацца, што на часопіс, які меўся выходзіць у Берліне, знаёмая Тарашкевіча Кульчыцкая атрымала ад эміграцыі каля 150 нямецкіх марак, а сам ён у студзені 1931 г. у тым жа Берліне ад эмігрантаў і Беларуска-вызваленча-народнага фонду займеў 300 нямецкіх марак на выданне беларускай газеты, а таксама ж яшчэ былі атрыманы сродкі на выбары, на дапамогу вязням і зноў жа на выдавецкую дзейнасць.
Лінія абароны Тарашкевіча была простая: увесь час ён даводзіў следству пра свае кантакты з беларусамі на эміграцыі – з навучэнцамі, студэнтамі і рабочымі, якія вучацца і працуюць у Нямеччыне, Чэхаславакіі, Францыі, Амерыцы – гэта, маўляў, яны даюць грошы на беларускую культурніцкую (!) справу.
Нядаўні лідар БСРГ нібыта казаў: я займаюся асветніцкай дзейнасцю і нічым больш!
Пра грошы, якія йшлі з Менска, вядома ж, маўчаў – умовы палітычнага існавання прымушалі маскіраваць камуністычныя крыніцы фінансавання сваёй небяспечнай работы…
Шчыра кажучы, здзіўляюць не так гэтыя сумы, як тое, што палітык вёз з сабою цэлы архіў (сапраўдны скарб для паліцыі!) – рэфераты, пракламацыі, справаздачы, шматлікія запісы пра выбары, пракамуністычныя лекцыі, фінансавыя ведамасці, лісты з Парыжа і Берліна (там было бюро КПЗБ), 90 пустых, але заадрасаваных (!) канвертаў (збіраўся дарассылаць заяву-тлумачэнне пра сваё датэрміновае звальненне з турмы ў Грудзёндзу 28.04.1930 г.); урэшце меў пры сабе картатэку на 537 старонак з прозвішчамі і адрасамі падпісчыкаў…
Адрасы былі занатаваны на васьмі асобных старонках…
А яшчэ вёз доўгія спісы – напрыклад, на 16 машынапісных старонках спіс чальцоў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) з гродзенскага, маладзечанскага, ашмянскага, баранавіцкага, браслаўскага, беластоцкага і брэсцкага паветаў, а таксама ж спісы чальцоў ТБШ з асобных гмін; спіс студэнтаў з азначэннем іх спецыялізацыі і партыйнасці; спіс і адрасы выключаных за прыналежнасць да камсамола вучняў…
Адрасоў было шмат.
Вядома, паліцыя ўчыталася і ў асобныя чатыры старонкі, густа спісаныя адрасамі і прозвішчамі ад рукі па-польску; учыталася і ў адну польскамоўную паперыну, на якой была выкладзена прычына скасавання выбарчага спіса Беларускага Сялянска-Работніцкага Клуба “Змаганне”, і старанна вывучыла ўсе беларускамоўныя старонкі…
Але найбольш старанна, трэба думаць, следчыя гарталі блакнот у чорнай скураной вокладцы з рознымі нататкамі па-беларуску і па-польску; з рознымі ж імёнамі, кароткімі характарыстыкамі і зноў жа адрасамі, найперш варшаўскімі:
1. Марыя Глесманова, вуліца Паркавая 39, кв. 16 (гандлярка).
2. Казімір Таран, вуліца Груйецка 39, пакой 414, інтэрнат (студэнт 2 курса ўніверсітэта, слухач агранамічнага факультэта, каталік, скончыў беларускую гімназію ў Дзвінску, грамадзянін Латвіі… “Вясковы хлопец. Жыве сціпла…”)
3. Уладзімір Павелкевіч, вуліца Бельведэрская 48 (рэдактар часопіса “Наш Рух”, адміністратар газеты “На варце”).
4. Ян Піваварчык, вуліца Зэмбкоўская 45.
5. Міхал Шэўко (скончыў беларускую гімназію ў Навагрудку, былы камсамолец; 2 курс… “Мае арганізатарскія здольнасці. Вельмі добра працаваў у ТБШ… Найлепшы…”)
6. Уладзімір Тамашык (скончыў школу і беларускую семінарыю, з Вільні паехаў у Прагу; меў 4 гады турмы па 102 артыкуле /рэвалюцыйная прапаганда – Л. Д.-М./)
7. Якуб Тарасевіч (скончыў беларускую гімназію ў Навагрудку, былы камсамолец, 2 год вывучае ветэрынарыю).
8. Пратасевіч (скончыў беларускую гімназію ў Навагрудку, былы камсамолец, студэнт універсітэта, 2 год вывучае хімію).
9. “Казік” (скончыў беларускую гімназію ў Дзвінску, грамадзянін Латвіі… “Уражанне, здаецца, добрае…”)
Паліцыя наведалася да М. Глесмановай – кабета часта ездзіла ў Гданьск, прадавала ў мясцовыя рэстараны прадукты і курэй з качкамі.
Праўда, вобыск у яе доме нічога не даў, і гандлярка заявіла, што пра Тарашкевіча нават не чула і камуністычную літаратуру з Гданьска не прывозіла.
Пэўна ж, 42-гадовая пані Глесманова была авантурысткай: 20 кастрычніка 1926 г. яе арыштавалі ў Гурнічай Дэмброве за тое, што пусціла ў абарот фальшывую манету; за гэта сядзела ў турме на вуліцы Дзельнай да 5 кастрычніка 1929 г., а 1 сакавіка 1930 г. здала пакой для працаўнікоў беларускай газеты “На варце”.
Паводле следчага пратакола, газету спачатку рэдагаваў Сцяпан Дзядовіч, а тады ўжо рэдакцыяй кіраваў У. Павелкевіч.
М. Глесманова расказала, што аднойчы па пошце з Вільні рэдакцыя атрымала 300 злотых, што ў рэдакцыю часта заходзілі беларускія студэнты, у тым ліку і К. Таран; яна чула пра паслоў-дэпутатаў Дварчаніна, Грэцкага, Крынчыка і Гаўрыліка, аднак жа наогул пра што йшлі размовы ў рэдакцыі не магла зразумець, бо не ведае беларускай мовы…
Будучы аграном 23-гадовы Казімір Таран (а ў яго інтэрнацкім пакоі паліцыя таксама нічога не знайшла) даў такія паказанні: палітыкай не займаецца, бо вельмі заняты вучобай; адрасоў Шэўко, Тарасевіча і Павелкевіча не ведае, а Пратасевіч жыве ў студэнцкім інтэрнаце…
З беларускіх дзеячоў знае Радаслава Астроўскага, нават прасіў яго дапамагчы перавесціся ў Пражскі ўніверсітэт, аднак просьба засталася не пачутай; знае таксама Янку Станкевіча і Антона Луцкевіча, а пра Тарашкевіча толькі чуў, зрэдку чытаў пра яго ў газетах і, вядома ж, ніякія грошы ад яго ніколі не атрымліваў.
Грошы атрымлівае ад бацькоў з Латвіі, а яшчэ штомесяц мае 75 злотых ад пана Галуўкі з усходняга аддзела міністэрства замежных спраў.
Адзначу: стыпендыю Галуўкі атрымлівалі таксама Тарасевіч, Пратасевіч і Шэўко, і менавіта пан Галуўка фінансава паспрыяў, каб у Варшаўскім універсітэце 1 лютага 1931 г. паўстаў гурток беларускіх студэнтаў (у гурток увайшло 20 чальцоў)…
Казімір Таран прызнаўся, што заходзіў у дом, які на вуліцы Паркавай 39, кв. 16, але толькі для таго, каб пазнаёміцца з дзяўчатамі, якія жылі ў пані Глесмановай…
Як бачна, паліцэйскія чыноўнікі мала пажывіліся ад Казіміра Тарана, а з Уладзімірам Павелкевічам ім наогул не ўдалося спаткацца.
Апошнім часам Павелкевіч пражываў не на Бельведэрскай 48, а на Паркавай 48, але 12 снежня 1930 г. выпісаўся адтуль і выехаў невядома куды.
Ці праверылі адрас: Зэмбкоўская 45 (жытло Яна Піваварчыка) – у пратаколе не адзначана, але адзначана іншае: паліцыя не ўстанавіла адрасы Шэўко, Тамашыка, Тарасевіча, Пратасевіча і, напэўна ж, і “Казіка” таксама.
Усё, здаецца, для ўсіх складвалася няблага, і ў сваіх паказаннях Тарашкевіч быў даволі асцярожны.
Пра таго ж Павелкевіча гаварыў зусім скупа і прыкладна так: знаёмства нейкі час было завочным, а наогул жа сустракаліся яны разы два; раіў Павелкевічу стрымана пісаць у часопісе “Наш Рух”; падтрымліваў рэдакцыю грашыма; абгаворваў магчымасць выдання часопіса “Беларускі Гаспадар”, прысвечанага эканамічным, сельскагаспадарчым і культурным праблемам, але справа далей за гаворку не пасунулася, бо Павелкевіч раптам пакінуў грамадска-палітычную працу…
Відаць па ўсім, гэты Павелкевіч быў не зусім шараговым дзеячом, Тарашкевіч разлічваў на яго і ў сваіх нататках згадваў часта:
“…Газета Павел.(кевіч). Праз Мушку 21.10.(19)30 – 2000 зл.(отых). З забраных пры сваім прыездзе 1000 зл. з 3000 зл.
Прыблізны падлік: Павелк.(евіч). 1. Кватэра – 100, 2. Заробак Пав.(елкевіча) – 300, 3. Дагаворная стаўка 2 тыд.(ні) – 200, 4. Зіц-рэдактар – 50 зл., за нумар – 100 зл., 5. Памочнік – 150 зл., 6. Замежная экспедыцыя маркамі – 25-50, 7. Дробязь – 50, 8. Нумар разам з экспедыцыяй – 700-1400-2350 зл. На 10 (?) да гэтага часу трэба 1225, засталося 750, трэба 475.
Беларускі гаспадар. Фактычны рэдактар Павелкевіч. Эканоміка, гаспадарка, трохі літаратуры, вершы, хроніка. У Вільні. Прыблізны падлік. Наклад 1000 паасобнікаў. 1. Кватэра – 100, 2. Укладанне двух аркушаў – 250, 3. Вокладка – 20, 4. Пераплётчык – 30, 5. Папера – 30. Экспедыцыя, маркі – 100. Адказны рэдактар – 100, фактычны рэдактар – 250-880…”
Грошай Павелкевічу Тарашкевіч не шкадаваў.
На іншых старонках свайго славутага ў чорнай скураной вокладцы блакнота пакідаў такія выразныя запісы:
“…У Варшаве Павелкевіч надрукаваў № 8 – 250000; № 3 – 250000. Праз салдат распаўсюдзіў у Беластоцкім ваяводстве (гаворка пра выбарчыя нумары – Л. Д.-М.)… Павелкевіч 4.11. – 10000; Павелкевіч 20.11. – 10000… Трэба грошы для Павелкевіча на газеты і харчы (падкрэслена – Л. Д.-М.)…”
Грошы трэ былі, вядома, не толькі Павелкевічу, – і Тарашкевіч не шкадаваў іх нікому.
Ён выступаў як бухгалтар, як фундатар, як мецэнат, падрабязна занатоўваючы кожную дачу, кожную рату:
“…Памяняў 22.10. (19)30 2000 зл. (на) 223 даляры. Даў на дарогу 1. Бурсевічу 100 дал.(яраў), 2. Сымону 70 дал.(яраў), 3. Пятру 20 дал.(яраў), Бакачу 24.12.(19)30 – 2440…”
Праясню для сябе, аб кім гэтым разам паклапаціўся Тарашкевіч.
Бурсевіч – гэта, відавочна, Максім Бурсевіч (кіраўнік Цэнтральнага Сакратарыята БСРГ); Сымон – думаю, што гэта С. Рак-Міхайлоўскі; Пят­ро – магчыма, Пятро Мятла…
Апошні ж у спісе – гэта, мусіць, той Бакач, за якога ў 1938 г. прасіў у чэхаславацкага кіраўніцтва Васіль Захарка, калі хацеў, каб менавіта П.Бакач стаў загадчыкам Беларускага Загранічнага Архіва ў Празе…
А вось новы запіс:
“…Прасілі трохі грошай. Я паслаў прыблізна 6000 злотых…”
І такіх сведчанняў шмат.
Вышэй я казаў, што грошы гінулі ў палітычным пяску, шырокай ручаінай сплывалі ў паліцэйскую касу…
І гэта так.
Аднак жа часта яны йшлі і на вельмі патрэбную дапамогу сем’ям арыштаваных.
Толькі адзін прыклад.
У жніўні 1930 г. былі кінуты ў вязніцу дэпутаты сейма Язэп Гаўрылік і Флягонт Валынец, а праз два месяцы ў кастрычніку ў турме апынуўся й знакаміты Рыгор Шырма.
Жонкам пацярпелых Тарашкевіч тут жа зрабіў наступныя выплаты:
“…Гаўрылікова – кастр.(ычнік) 300 зл., ліст.(апад) 300 зл.
Валынцова – кастр.(ычнік) 200 зл., ліст.(апад) 200 зл.
Шырмова – кастр.(ычнік) 300 зл., ліст.(апад) 300 зл. …”
У гэтым спісе былі таксама іншыя жанчыны, чые мужы сталі арыштантамі, таму агульная сума, якую Тарашкевіч выплаціў, склала 1360 злотых…
Дык вось, у сваіх паказаннях ён быў асцярожны – пра гандлярку Глесманову, студэнтаў Піваварчыка, Тарана, Шэўко, Тамашыка, Тарасевіча, Пратасевіча і “Казіка” заявіў: гэтых людзей не знаў і не ведаў, і толькі збіраўся з імі пазнаёміцца, а запісы пра іх зрабіў з чужых вуснаў…
Уведзена ў пратакол і такая ягоная характэрная фраза: “Знаёмых жыдоў у часе свайго побыту ў Гданьску і Сопаце не сустракаў…”
Не хацеў тапіць людзей!
І ўсё рабіў, каб даказаць: ТБШ – арганізацыя культурніцкая, а не палітычная, і ён, палітык, у яе рабоце не ўдзельнічаў (гэтак спрабаваў адвесці ад Таварыства Беларускай Школы пагрозу закрыцця).
І ўсё ж, і ўсё ж…
Чаму ён – вопытны канспіратар (вольны мысляр! рыцар чырвонай ружы!) паступіў так легкадумна?
Можна сказаць, даставіў у рукі паліцыі воз дакументаў, адна спецыфікацыя якіх склала ажно 77 пунктаў!
Ён вёз тэксты, змест якіх і малапісьменнаму паліцыянту праясняўся ж адразу, бо меў выяўнае “антыпаньствовае” (антыдзяржаўнае) гучанне: “…Грамаду народ разумеў як падрыхтоўку да паўстання… Няхай жыве рабоча-сялянскі ўрад!.. Папулярызацыя поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва ў СССР, увага на добраахвотную калектывізацыю, машынізацыю і механізацыю гаспадаркі…” і г.д.
Ці не стаўся палітык ахвярай правакацыі, скажам, таго ж Камінтэрна – выканаўчай структуры АДПУ?
Аляксандра Бергман у кнізе “Слова пра Браніслава Тарашкевіча” пісала: “Мяркуючы па судовых актах, арышт быў старанна падрыхтаваны. 5 лютага 1931 года Тарашкевіч павінен быў ляцець на самалёце з Гданьска ў Берлін. Калі ж прыехаў у аэрапорт, то выявілася, што самалёт, на які меў куплены квіток, вылецеў на паўгадзіны раней. Тады купіў квіток на наступны самалёт. Праз нейкі час яму сказалі, што другі самалёт не паляціць, вярнулі грошы і параілі ехаць цягніком. Паколькі меў устаноўлены тэрмін прыезду ў Берлін, сеў у цягнік. У купэ быў адзін, таму замкнуўся. У Тчэве ў купэ ўламаўся камісар паліцыі Тадэвуш Скальскі. Пакуль камісар тузаўся з дзвярыма, Тарашкевіч паспеў толькі знішчыць адрасы…”
Не, адрасы, як мы ўжо бачылі, знішчыў не ўсе…
Аналізуючы сітуацыю, можна пэўна сказаць: Тарашкевіч ужо быў непатрэбен камуністам (прынамсі, на свабодзе!); яму прапанавалі з усім рукапісна-машынапісным скарбам перабрацца ў Берлін (зманлівую легенду не цяжка было прыдумаць: тая ж выдавецкая дзейнасць, да якое беларусы заўсёды ахвочыя!); яго забяспечылі грашыма, фальшывым пашпартам і, вядома ж, “стукнулі” пра пераезд у дэфензіву…
Дэфензіва ой як узрадавалася!
Невыпадкова ж, правяраць падроблены пашпарт узяўся сам кіраўнік памежнага камісарыята пан Скальскі, – нібыты на гэты час усе ягоныя падначаленыя былі занятыя…
Дарэчы пра пашпарт.
Следчаму Грэлу Тарашкевіч даў такое тлумачэнне: за 100 даляраў дастаў ліпу на імя Уладзіслава Паўліка, віза ў “дакуменце” несапраўдная, а фотаздымак яго; асобу ж, якая пасрэднічала ў вырабленні фальшыўкі, назваць не можа…
На пытанне, чаму вырашыў стаць чэхаславацкім падданым, адказаў, што збольшага ведае чэшскую мову – нямецкай жа, французскай і англійскай валодае не вельмі добра, каб выдаць сябе за немца, француза ці брытанца…
Чамусьці пра свае моўныя здольнасці выказаўся вельмі сціпла!
Аляксандра ж Бергман адзначала:
“Побач з валоданнем беларускай, польскай, чэшскай і рускай мовамі… грунтоўна вывучыў грэчаскую і лацінскую… лёгка чытаў па-французску і па-нямецку. Вывучаў літоўскую, англійскую мовы, а таксама санскрыт…”
У гэты зайздросны пералік можна яшчэ дадаць – іспанскую; за мову Сервантэса ўзяўся ў апошнія гады жыццця…
Справа з пашпартам набыла дыпламатычны розгалас.
Суддзя Я. Булгак звярнуўся ў чэхаславацкае пасольства ў Варшаве з адпаведным запытаннем, і 28 верасня 1931 г. атрымаў адказ:
“Консульскі Аддзел Чэхаславацкага Пасольства ў Варшаве мае гонар паведаміць, што згодна заявы Камісарыята Паліцыі ў Усці н./Л. (Усці-над-Лабай. Л. Д.-М.) Уладзіславу Паўліку, які нарадзіўся 16.10.1893 г. у Усці н./Л., чэхаславацкі пашпарт не выдавалі. Памянёны грамадзянін ні ў якім паліцэйскім участку не зарэгістраваны і наогул такой асобы ў Усці н./Л. няма.
Праўда, названая ўстанова выдала пашпарт за № 758, аднак жа не на імя Паўлік (пасля коскі ўсё падкрэслена – Л. Д.-М.), а на імя – Валерыі Хулзелавай, памочніцы ў гаспадарцы; В. Хулзелава нарадзілася 23.09.1909г. у Страйкове, пав.(ет) Усці н./Л., дзе й жыве; яе пашпарт прыгодны для паездак у Аўстрыю і Нямеччыну да 19.06.1932 г.
З прычыны падробкі чэхаславацкага пашпарта, Консульскі Аддзел Чэхаславацкага Пасольства просіць Вашай ласкі зрабіць і спешна выслаць фатаграфіі пашпарта, а перш за ўсё – зняць вокладку з абодвух бакоў і 1, 2, 3, 4 і 5 старонкі, а таксама ўкладышы з савецкай візай, выдадзенай 1.09.1930 г. Генеральным Консульствам СССР у Гданьску.
Таксама ж Консульскі Аддзел Чэхаславацкага Пасольства просіць Вас ласкава паведаміць пра вынікі следства ў справе падробкі чэхаславацкага пашпарта, знойдзенага ў Браніслава Тарашкевіча.
За Вашу ласку Консульскі Аддзел Пасольства дзякуе наперад…”
Пісьмо гэта (1/2 старонкі машынапісу) прыйшло за нумарам 9562/31, і заместа пасла яго падпісала нейкая чыноўная душа.
На дакуменце, да слова сказаць, ёсць пасольская пячатка, аднак жа ніякай рукапіснай адзнакі па-польску – нібыта яго й не чыталі.
Мінула больш за два тыдні.
І што, пасольства атрымала адказ?
Не, ні радка не атрымала, таму 15 кастрычніка тая ж старанная чыноўная душа за нумарам 10.014/31 і пад дэвізам: “Уладзіслаў Паўлік – падробка чсл. (чэхаславацкага – Л.Д.-М.) пашпарта” зноў напісала вяльможнаму пану Я. Булгаку ў Вільню:
“Консульскі Аддзел Пасольства Чэхаславацкай Рэспублікі ў Варшаве мае гонар прасіць Вашай ласкі зрабіць і даслаць фатаграфіі вышэйназванага падробленага чэхаславацкага пашпарта для рэквізыцыйных спраў у Варшаве, Новы З’язд № 1. Аб гэтым ужо прасілі Пана Следчага Суддзю ў пісьме 9562/31 ад 28 верасня г.г. і маем надзею разам з фотаздымкамі атрымаць і судовыя пратаколы крымінальнай справы, заведзенай на Браніслава Тарашкевіча.
За аказаную прыязнасць Консульскі Аддзел загадзя ўдзячны Пану Суддзі…”
На дакуменце дзве паметкі, адну з якіх (чорным алоўкам) лёгка рас-чытаць: “Атрымана 19.10.31 г. Я.Б. (Язэп Булгак. Л. Д.-М.)”
І што, пасля гэтага спадар суддзя, сарамліва ўздыхнуўшы, засеў за сваё пасланне?!
І блізка таго не было!
Пачакаўшы 19 дзён, 3 лістапада невядомы чэхаславацкі чыноўнік мусіў быў зноў скласці за свайго пасла эпісталу (№ 10.654/31) – вельмі кароткую і, здаецца, ужо з ноткай раздражнення:
“Консульскі Аддзел Пасольства Чэхаславацкай Рэспублікі ў Варшаве ветліва просіць Вяльможнага Пана Суддзю тэрмінова адказаць на наша пісьмо ад 15.10. г.г. за нумарам 10.014/31…”
Гэты па аб’ёме тэлеграмны ліст паклалі перад Я. Булгакам 6.11.31 г., рэзалюцыю суддзя пакінуў зноў чорным алоўкам, але нечытэльную і, трэба думаць, на тым ліставанне й скончылася.

30 красавіка 2011. Субота. Менск.