12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Дубавец

_____________________
Інтрыга Сачанкі.

Барыс Сачанка – з тых пісьменьнікаў, у якіх вяршыняю творчасьці сталі дэбютныя кнігі, а наступнае шматкніжжа або пацьвярджала гэтую думку, альбо змагалася з самім паняткам “вяршыня творчасьці”, затуляла і нівелявала яго.
Талент альбо дар Божы даецца кожнаму ў сваім аб’ёме і расходуецца па-рознаму. Ты можаш абраць сабе шлях раманіста-эпіка, але перадвызначаны табе жанр лірычнае імпрэсіі. Гэтыя дадзенасьць і выбар спалучаюцца заўсёды па-іншаму. Плюс – тая грамадская сітуацыя, у якой ты апынуўся, і ў якой сімбіёз твайго таленту і абранага табой шляху істотна карэктуецца. Плюс – твой уласны характар, плюс – тысяча іншых дробязяў... Словам, калі сталы і прызнаны пісьменьнік Сачанка забараняў сабе выходзіць з дому, не напісаўшы 15-ці старонак, гэта быў ужо рацыяналіст-вытворца, а не вандроўнік, які блукае ў чаканьні Божае яскі, і, не дачакаўшыся яе, — маўчыць. Маўчаць Сачанку не дазваляў ані ягоны набыты сацыяльны ста­тус, ані выпрацаваная ім жыцьцёвая стратэгія. Ён цалкам усьведамляў вартасьць таго, што робіць, і гэтае ўсьведамленьне дазваляла яму шукаць найбольш плён­нага спосабу прыкладаньня сі­лаў.
Падобна, што ад самага па­чатку Барыс Сачанка мысь­ліў сябе ня тым пісь­мень­нікам, які служыць найперш і толькі эстэтыцы. Удалы дэбют у прозе ў яго адбыўся адначасна з удалым дэбютам у публіцыстыцы, які ў іншых умовах мы маглі б назваць дэбютам у палітыцы. Артыкул «Шанаваць родную мо­ву» на­ват папярэднічае кні­гам «Дарога ішла праз лес» і «Барвы ранняй во­сені».
Гэтыя празаічныя зборнікі, што выйшлі на эйфарычнай хвалі свабоды пасьля антысталінскага дакладу Хрушчова, і сёньня захоўваюць настрой тае эйфарыі. Нечым няўлоўным яны нагадваюць мне італьянскія фільмы канца 50-х, зрэшты, як і сам Сачанка нагадвае персанажаў тых фільмаў. Гэта той кшталт чалавека, які праз усё жыцьцё нясе на сабе адбітак самай сьветлай падзеі, сьведкам і ўдзельнікам якой быў, – ва ўсьмешцы, у манерах, а нават у гардэробе і фрызуры. Ягонае пакаленьне прыходзіла ў літаратуру ня новымі Талстымі ці Фанвізінымі, а папамі Хэмамі, і п’янкое паветра лібералізацыі кружыла ім галаву. Дэбютныя кніжкі Сачанкі не стыкаваліся з аналітычным інструментарыем сацрэалістычнае крытыкі, бо, як мінімум, ня мелі станоўчага героя.
Апроч гэтага, многія з таго літаратурнага пакаленьня разумелі сваю фантастычную місію – адраджэньня ўласнай культуры на руінах таталі­тарызму і вайны. Што да Сачанкі, дык менавіта гэтая адраджэнская місія вяла яго праз усё жыцьцё, падпарадкоўваючы сабе ўсе астатнія, у тым ліку і місію пісьменьніка. І калі ўдалы празаічны дэбют застаўся ззаду, Сачанку хапіла ці то волі, ці то рацыяналізму, каб амаль цалкам пера­ключыцца на гэты самы адраджанізм.

l l l
Барыс Сачанка нарадзіўся 15 траўня 1936 году ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёну. У вайну разам з бацькамі быў вывезены ў Нямеччыну. У 1945-м вярнуліся на радзіму. Будучы студэнтам журналістыкі БДУ, у 1957-м Сачанка публікуе ў «ЛіМе» артыкул «Шанаваць родную мову», які меў шмат водгукаў і перадрукоўваўся ў эмігранцкай прэсе, што ў тыя часы дазваляла аўтаматычна навесіць на аўтара таўро антысавеччыка і выклікала пільную ўвагу да яго з боку КДБ. Пасьля універсітэту Сачанка працаваў у літаратурных часопісах, у Саюзе пісь­меньнікаў, езьдзіў на сесію ААН у Нью-Ёрк (1980). Кіраваў выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя». Раптоўна памёр у сваім працоўным кабінеце 5 ліпеня 1995 году адразу пасьля працяглае гаворкі з пасланцом Лукашэнкі Кучынскім.
Напісаў мноства кніг прозы, эсэістыкі, крытыкі, шмат перакладаў, укладаў аўтарскія зборнікі і анталогіі. Вылучу тут ягоныя дэбютныя кнігі «Дарога ішла праз лес» (1960), «Барвы ранняй восені» (1962), «Зямля маіх продкаў» (1964), а таксама аповесьці “Ваўчыца з Чортавай Ямы” і «Дыярыюш Мацея Белановіча», раман «Чужое неба» і трылогію «Вялікі Лес».

l l l
Пісаў пра лес, а напісаўся лёс.
Сачанка быў яркім персанажам таго раману, які называецца жыцьцём, нягледзячы на тое, што сам сабе адводзіў ролю аўтара. Як аўтар ён меў імпрэсійную, хутчэй паэтычную здольнасьць да сіюмінутнага выплеску настрою або назіраньня, пасьля чаго паэт часта замаўкае. Ён выказаўся. Ён, вядома, можа і далей займаць сябе літаратурнай працай, пісаць раманы, аналізаваць творчасьць эміграцыі альбо, скажам, складаць энцыклапедыі, але колькі б літаратурным ні выглядаў ягоны занятак, герой у ім перамагае аўтара, а ўчынкі становяцца важнейшымі за творы. Гэтак у жыцьці Сачанкі этапамі былі ня кнігі, а ўчынкі, нават калі гэта былі кнігі. Пасьля яго застаўся не раман, так падобны да жыцьця, а засталося жыцьцё, так падобнае на раман.
Кажучы гэта, я ня маю на ўвазе фабулу і факты ягонай біяграфіі: даваенную вёску, прымусовы выезд у Нямеччыну, самасьцьверджаньне ў Менску – складанае ва ўсіх сэнсах і праявах. Я маю на ўвазе інтрыгу, без якой не напішацца раман, і якая, нібы ў рамане, чырвонай ніткай прахо­дзіла праз асобу і лёс.
Сачанка інтрыгаваў. Мы жылі ў сьвеце вялікіх і малых тайнаў, сакрэтаў і табу, і ён абраў сабе ролю правадніка, які хадзіў па лязе небясьпечнага намёку, рызыкоўнага параўнаньня, а часам і блефу. Ён недагаворваў. Заўсёды крыху недагаворваў да канца. Калі пасьля перабудовы ён пачаў дагаворваць, інтрыга зьнікла.
Сачанка інтрыгаваў, а ўрэшце і сам стаў адной з інтрыгаў беларускае літаратуры. Ягоны лёс і вобраз – складаны, але не супярэчлівы. Ён складаны як сама інтрыга, у якой розныя складнікі ўтвараюць не канфлікт, а пэўную гульню ў канфлікт, і самі сабе не супярэчаць.
Ён прымаў рэчаіснасьць як рацыяналіст і меў справу з тым, што было дадзена.
Некалі ён сказаў, што ня так важна, у якую школу пойдуць ягоныя дзеці – беларускую ці расейскую – як тое, на якой мове яны будуць размаўляць дома. Логіка наступная: школу, як і ўсе нацыянальныя грамадскія інстытуцыі, можна закрыць, і калі яна – апошняе, на чым трымалася нацыя, дык ня будзе й нацыі. Дом не закрыеш. Прынамсі, давялося б фізічна зьнішчыць ягоных насельнікаў.
Сачанка інтрыгаваў, і гэта нараджала вакол яго шмат чутак. Да пры­кладу, пра тое, што ён – агент КДБ. А інакш – як бы ён выблытаўся з гісторыі з тым сваім скандальным артыкулам пра мову? А інакш – хто б яму дазволіў трымаць дома цэлую бібліятэку «сьпецхранаўскай» літаратуры? А інакш – чаму ён піша і друкуе артыкулы пра Арсеньневу ды іншых эмігрантаў, што жылі й працавалі ў Беларусі пад немцамі, і чые ўжо толькі імёны мусіў выкрэсьліваць галоўліт?..
Шчыра кажучы, ня ведаю пра дачыненьні Сачанкі з КДБ, але ведаю пра дачыненьні іншых. У тыя часы каб рэальна нашкодзіць камусьці, зусім неабавязкова было «састаяць». І зусім неабавязкова было камусьці шкодзіць, калі ты «састаяў». А толькі гэтая самая шкода і можа быць крытэрыем ацэнкі паводзінаў. Калі я вучыўся на журфаку, у мяне было ўражаньне, што «куратар» лейтэнант Баброў сустракаецца з усімі маімі сукурсьнікамі. Што-небудзь прадпрыняць «з дапамогай» КДБ ці нават нешта ад яго даведацца яны не маглі. Можна было толькі ўцячы, ухіліцца, выкруціцца ад тых караў, якімі пагражаў Баброў.
Сёньня мінула дастаткова часу, каб «подзьвігі» колішніх сексотаў сталі яўнымі і публічнымі. Калі тыя “подзьвігі” закраналі лёс іншага чалавека, яны ўжо мусілі стаць прадметам гаворкі. І таму асабіста мяне прыцягвае іншы крытэр. У мяне няма ніякага сумневу ў тым, што сёньня Барыс Сачанка не выступаў бы на старонках «Саўбеліі», не сядзеў у «Мастацкай літаратуры», ня йшоў бы ў Саюз Чаргінца. Ускосна пра гэта сьведчаць і дагэтуль не пазбаўленыя таямніцы абставіны ягонае сьмерці. Ня здрадзіць самому сабе калісьці можна было і сустракаючыся з Бабровым. Але ня здрадзіць сабе сёньня і пры тым ісьці ў яўна варожыя для Беларусі і яе літаратуры фалангі – немагчыма. Выглядае, што савецкі канфармізм не патрабаваў ад вас такой адназначнай здрады сабе, як канфармізм сёньняшні. Урэшце і артыкул Сачанкі пра мову ў сёньняшніх афіцыёзных СМІ з цэнзурных меркаваньняў уявіць сабе немагчыма.
Апроч канфармізму-на-карысьць-адраджэньня, канфармізм Сачанкі быў яшчэ й ні чым іншым, як распаўсюджаным у Беларусі мафіёзным прынцыпам зямляцтва – калі ты з сям’і, з вёскі, з раёну выбраўся ў сталіцу і замацаваўся там, дык працягні руку іншым. «Сачанкі праходзяць праз журфак, праз філфак Шамякіны праходзяць», — ці то іранізаваў, ці то ўхваляў паэт.
Сачанку залічвалі і ў кансерватары-«почвенники» і ў лібералы-заходнікі. Яго ўвогуле – залічвалі. Ён быў заўсёднікам «абоймаў» – абавязковага атрыбуту савецкага літаратуразнаўства, які разам са сваім часам адпаў за непатрэбнасьцю. Гаворачы сёньня пра Адамчыка, Пташнікава ці Чыгрынава, мы ўжо не адчуваем ніякага памкненьня пісаць іх імёны праз коску. Наадварот, кожны з іх робіцца асобным прадметам асобнае гаворкі. Прынамсі тое, што сёньня напісалася пра Барыса Сачанку, немагчыма прыпісаць іншым, абойме.
Паміж недагаворваньнем і дагаворваньнем у Сачанкі здарыўся стрэс «перагаворваньня», калі ён наехаў на некаторых эмігрантаў і пахваліў сталіністаў. Гэтак выглядаў Сачанкаў блеф, абаперты на разуменьні, што і які-небудзь бясконца далёкі ад беларушчыны начальнік-сталініст праз такую вось «мёртвую пятлю» пачне нарэшце атаясамліваць сябе з уласнай нацыянальнай культурай. А што свае будуць крытыкаваць, дык ад іх нічога не адымецца. Затое ўжо праз адно толькі называньне Арсеньневай – у любым кантэксьце – можна прасунуцца да яе наступнае легалізацыі.
У апошніх артыкулах і кнігах Сачанкі не было цудоўнага адкрыцьця. Замест яго была гэтая самая легалізацыя імёнаў і зьяваў нацыянальнае культуры, якія дасюль былі пад жорсткай цэнзурнай забаронай. Гаварыць праўду пра сьмерць Купалы, пра Бэндэ, пра многіх расстраляных Сачанку давялося ледзьве ня першаму.
Але ішоў час. Гаварыць пра становішча мовы, помнікаў архітэктуры, нацыянальнае гісторыі можна было зноў і зноў, бо нічога ў гэтых сферах на ўзроўні дзяржаўнае палітыкі не зьмянялася (дый не зьмянілася). Тэмы заставаліся і засталіся «актуальнымі вечна». Таму ўжо проста называць імёны, пераказваць факты, згадваць творы – было недастаткова, каб твая публікацыя стала ўчынкам. З іншага боку, яго ўсяго – гэтых імёнаў і фактаў – было так шмат, што яно ператваралася ледзьве не ў самастойную культуру, і трэба было ўключаць больш магутныя, сістэмныя механізмы легалізацыі.
У тыя часы Сачанка настойліва раіў мне заняцца напісаньнем гісторыі літаратуры, а гэта значыць, што і шмат каго іншага ён уцягваў у свой сістэмны працэс.
Такое сьпецыфічнае імкненьне вылучае Сачанку з літаратурных абоймаў, бо ніхто больш гэтым не займаўся. Займаліся літаратуразнаўцы – Александровіч, Кісялёў, Мальдзіс, Саламевіч... Але і сярод іх Сачанку месца няма, бо ягоны імпульс ня быў імпульсам акадэмічнага навукоўца. Гэта быў імпульс бібліяфіла-адраджэнца. Больш за ўсё Сачанка хацеў – адра­джаць, падымаць, легалізаваць: мову, забытых пісьменьнікаў, творы, помнікі, культуру. І менавіта ў Энцыклапедыі яму знайшлося найбольш адэкватнае месца. Тоўсты энцыклапедычны даведнік «Беларусь» стаў вяршыняй ягонае творчасьці як адраджэнца. Упершыню за ўсю гісторыю наша легальнае і дазволенае было аб’яднанае з нашым нелегальным, забароненым і забытым – у адно цэлае. Канцэптуальнае адзінства ўсяго беларускага — старога і новага, усходняга і заходняга, рознаканфесійнага і рознапалітычнага – у гэтай кнізе можа быць прыраўнанае хіба што да Багушэвічавай «Прадмовы».
Пасьля сьмерці Сачанкі, апроч ягоных пісьменьніцкіх і адраджэнскіх вяршыняў, засталася на будучыню і тая самая ягоная інтрыга. Яна ў тым, што стэрэатыпны Сачанка відавочна не адпавядае таму рэальнаму вобразу, якім бачыцца ён у культуры і ў жыцьці. А пра Сачанку іншага пакуль ня пішуць. Такое адчуваньне, што ўсе, нібы згаварыўшыся, недагаворваюць. Разгадкі пакінутыя на будучыню.