12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянцін Дубатоўка

_____________________
Боты.
Аповед


Друкуецца
ў скароце.



Дождж ліў як з вядра. Дзягцяваны плашч, летась набыты чалавекам на слонімскім кірмашы, упарта трымаў вадзяную аблогу. Гаспадар плашчу, насунуўшы на нос башлык, крочыў асьцярожна, але шпарка, спрытна абмінаючы лужы ды залітыя па край дарожныя выбоіны. Шлях да агнёў недалёкага фальварку хутка скарачаўся. Сабака, пачуўшы на гасьцінцы крокі і не распазнаўшы па іх гаспадара, заліўся насьцярожаным брэхам.
Чалавеку было гадоў каля сарака пяці. Ён адкашляўся, агледзеў падворак і павярнуў ад брамы да ганку. Каля ўваходных дзьвярэй змахнуў дзеркачом з ботаў гразоту і зайшоў у абстаўленыя лавамі сенцы. Вобмацкам пачапіў на вяшак мокры плашч. Побач з лазам у склеп паставіў зьнятыя таўстаскурыя ялавыя боты. З торбай ступіў у сьвятліцу. Там было цёпла і суха. Са спальні, спадзеючыся на пачастункі, высыпалі дзеці. Калі цукеркі скончыліся, да стала пады­шла жонка: падрыхтавала мужу вячэру.
– Стаміўся, Мікола? – запытала.
– Стаміўся… Дурны быў, што цябе не паслухаў, каб паехаў на брычцы – дык даўно быў бы дома.
– А ці шмат было ванілаўскіх у мястэчку?
– Не…
Мікола павольна ўстаў, зьняў прамоклы бурнос і, нахіліўшыся да лавы, падхапіў прынесеную з мястэчка торбу.
– Глядзі, Ганна, – расхвалявана амаль крыкнуў ён.
Карычневыя, прыгожа прашытыя тонкімі скуранымі ніткамі боты пераліваліся і паблісквалі…
– Паслухай, а мы падчас прыезду ў мястэчка князя ці не такія на ім бачылі?
– Не, Ганна, там была штампоўка. Я такіх шмат бачыў у Амерыцы, а тут дубовыя цвічкі, слаёная цьвёрдая падэшва, дый скура якая, во – чысты велюр? – Мікола прыпыніў прагляд, спрытна нацягнуў адзін бот на сваю масіўную нагу, падскочыў, як кавалер, і падаў руку жонцы: – Калі ласка.
Ганна сарамліва ўсьміхнулася і адступіла ад мужа:
– Ты, пэўна, на дажджы зусім мазгі астудзіў...
Гаспадар супакоіўся і, прысядаючы на лаву, прашаптаў:
– Хто мог падумаць гадоў дзесяць таму, што я, парабак з Мошак, калі-небудзь набуду фальварак, пастаўлю мур і спраўлю сабе боты – лепшыя, чым у самога Сапегі.

Хутар ляжаў у нізіне. У цёплы дзень ён нагадваў вялізарна-шэрага ў дрымоце цмока, што выпаўз з балота пагрэцца на ранішнім сонцы. Па­між аддаленымі адна ад адной хутаранскімі сялібамі вілася закручаная, як вужака, рачулка. Яна ў некалькіх месцах перасякала абсаджаны сям-там вербамі брукаваны гасьцінец. Праваруч ад балота, трохі бліжэй да Зэльвы, месьціўся фальварак Казіміра Досты. Драўляная хата была збудаваная парадным уваходам да гасьцінцу. Нібы вартуючы купіну балотнае альшыны, каля самае рачулкі стаяў мураваны, пакрыты чарапіцай дом Сьцяпана Дыцка. Збудаваны ён быў так, каб жыць пад адным дахам маглі найменей дзьве сям’і. Непадалёк, упіраючыся падмуркам у балота, стаяла нізкая драўляная хатка Рыгора Лукажэвіча. Упрыгожваў увесь гэты раскінуты на значнай тэрыторыі куток дом Міколы Шпака. Быў ён узьведзены зусім нядаўна, напрыканцы дваццатых. Высокі ка­менны падмурак трымаў на сабе прыгожыя чырвоныя сьцены. Уся пабудова была пакрыта гонтаю. На масіўным франтоне былі выкладзеныя з чырвонай цэглы год пабудовы і прозьвішча гаспадара.
Уся балотная мясьціна звалася хутарам Забайкі. Чаму так называлася – ня ведаў ніхто. Напрыканцы дваццатых Забайкі выкупілі і зася­лілі пераважна “беларускія амерыканцы”, якія зарабілі грошы на варштатах Моргана ды Форда і, атрымаўшы разам з далярамі яшчэ і неблагую кваліфікацыю ды веды, спадзяваліся на радзіме ажыцьцявіць свае мары і спадзяваньні.
З той восеньскай пары, калі Мікола вярнуўся з мястэчка, прайшло некалькі месяцаў. Адышла цяжкая і халодная зіма, мінулі вясёлыя каляды і таямнічныя грамніцы. Хутар рыхтаваўся да сустрэчы Вялікадня.
Велікодная раніца выдалася халаднаватая, але сонечная. Дзеці падняліся ўжо. У пярэдняй, як нейкі дзіўны іншаземец, стаяў, апрануты ва ўсё новае, бацька. Лысіну прыкрывала драпавая ў чорныя кропелькі шапка, з-пад пінжака выглядала бліскучая, прыгожа расшытая камізэлька, за якой, у сваю чаргу, хаваўся вузкі, прывезены яшчэ з Амерыкі гальштук. Нагавіцы, якія гаспадар, сьмеючыся, называў вушатымі, упрыгожваліся шырокаю папругаю. І ўвесь гэты няхітры гарнітур адмыслова аздаблялі новыя скураныя боты.
– Тата, ну й прыгожыя яны! – сказала дачка Гандзя: – Я такіх ні ў Зэльве ня бачыла, ні нават у Слоніме.
На вокліч сястры зьбегліся ўсе дзеці, сталі нахвальваць бацькаву абнову. Толькі Ганна, запраўляючы вышываную блузку ў сьвяточны андарак, гучна прыгаворвала:
– Ой Мікола, не абувай ты іх, будзе бяда – пабачыш!..

Старажытнае места сустракала гасьцей з ваколіцаў. Тавары ды прыкускі прэзентавалі па ўсёй галоўнай вуліцы гаваркія і трохі надакучлі­выя гандляры-габрэі. З шынкоў цягнуўся смачны пах смажанага мяса ды каўбасаў. Пасьля ўсяночнае і ранішняга застольля народ адпачыў ды выбраўся ў мястэчка, каб разам са сваякамі і знаёмымі пачаставацца валачоным і адсьвяткаваць першы дзень Вялікадня.
Мікола прыпыніў каня, пачакаў пакуль зьлезуць дзеці ды жонка, прывязаў лейцы і ступіў на брукаваную плошчу. Яму здалося, што ўсе мяшчане павыбягалі са сваіх дамоў, каб глянуць на ягоныя княжацкія боты. Перахапіўшы ў левую руку шапку, Мікола накіраваўся ў царкву, дзеці і жонка рушылі за ім. Служба была ня доўгай. Званы галасілі на ўсю ваколіцу, народ валам сыпаўся з царквы, гоман жанчын, рогат дзяцей, іржаньне коней – усё перамяшалася на малой местачковай плошчы. Мікола Шпак, вітаючыся направа і налева са знаёмымі ды суседзямі, крочыў да каня. І тут Ганна пацягнула яго за пінжак.
– Глядзі, Мікола – Сьцяпан Кулак, ды не адзін…
Мікола выглядаў спакойным.
– Ну што, хутаранін, усё нажываешся, міраед?.. – абапёршыся на аглоблі, выціснуў праз зубы мужчына гадоў сарака. Шпак сходу прызнаў у ім адвечнага Кулаковага канкурэнта Альбіна Клімашэўскага.
– Працуй так, як я, і ты будзеш міраедам, – з насьцярожанасьцю, але бяз страху адказаў Мікола.
– Ведаеш, што я табе скажу, Шпак, я – Кулак па прозьвішчу, а ты па ладзе жыцьця, прыйдзе час, і мы даведаемся, хто з нас кулак сапраўд­ны, – на мускулістым твары прамоўцы зьявілася злосная ўсьмешка…

Надышла сялянская восень. Жыцьцё на хутары Забайкі, як і да гэтага, было звычайным. Бацька з Юзікам працаваў у полі, маці з дочкамі апратвала тое, што было прывезена з палеткаў. Аркадзік зьбіраў сваю падарожную торбу дзеля ад’езду ў Слонімскую гімназію. Толькі Алесь сядзеў паблізу ганку і бавіўся насыпаным на брукаванку жвірам. Раптам за сьпіной у малодшага Шпака гучна трэснулі весьніцы. На падворак, аглядаючыся навокал, бытта шуляк, уляцеў сусед Казік.
– Здароў, гаспадар. Дзе бацька?
– Як дзе? Каля вёскі грыку косіць.
– Пабяжы і хуценька пакліч яго сюды!
Алесь хоць і быў малы, але адчуў, што здарылася нешта сур’ёзнае. Праз некалькі хвілінаў Мікола, пакінуўшы ў полі Юзіка, уваходзіў на падворак.
– Ну, што там, сусед?
– Вайна, Мікола! Вайна. Саветы пад Слонімам ужо.
Дачакаўшыся, калі ў хаце ўсё супакоіцца, Ганна шэптам зьвярнулася да мужа:
– Ну, што будзем рабіць, бацька?
Гаспадар паглядзеў навокал і адказаў:
– Кулак са сваімі бандытамі па мястэчку шастае, відаць, трэба тэрмінова пахаваць каштоўнае, а то, крый Бог, наляціць, усё адбярэ. Толькі глядзі, каб дзеці ня бачылі: як біць пачне – прызнаюцца малыя, тады ўсім капец.
Прыкапаўшы пад падмурак сабраныя Ганнай рэчы, Мікола прываліў іх камянём. Пасярод хаты, трымаючы ў руках боты, стаяла жонка:
– А што з імі?
– Давай іх пад сабачую буду прыхаваем – ніколі не здагадаюцца.
Дзень скончыўся ў вялікіх клопатах, хутар заснуў намнога пазьней, чымсьці звычайна. Але ні заўтра, ні праз некалькі дзён у Забайкі ніхто чужы не зьяўляўся. Зноў мінула звычайная сялянская восень, адскрыпела цяжкая студзёная зіма, за ёй праляцелі вясна ды лета, а ў Шпакоў ды іхніх суседзяў усё было як і раней...
Мікола яшчэ спаў, калі Ганна заўважыла, што па гасьцінцы ад мястэчка ехалі дзьве падводы.
– Уставай, уставай! Едзе нехта.
Мікола павярнуўся некалькі разоў у цёплай гусінай пярыне і нясьпешна падняўся: навіна, якую паведаміла жонка, яго не застала зьнянацку. Візіцёраў Мікола чакаў ужо не адзін дзень ці месяц. Надзеўшы нагавіцы ды вынашаную авечую камізэльку, гаспадар фальварку павольна выйшаў на двор.
Два савецкія вайскоўцы, апранутыя ў форму шэрага колеру, адчынялі ўваходныя весьніцы. Праз некалькі хвілінаў на сярэдзіну падворку, вагаючыся і паскрыпваючы ад перагрузу, заехалі дзьве перапоўненыя людзьмі падводы. З першай выскачылі яшчэ некалькі вайскоўцаў і, нічога не гаворачы Шпаку, адпіхнулі гаспадара і забеглі ў хату. На падводзе Мікола пазнаў Кулака, – абапёршыся на біла, той глядзеў на Шпака і зьедліва ўсьміхаўся.
– Всё чисто, здесь только дети, – пачуўся голас па-расейску.
З бліжэйшай падводы саскочыў малады, гадоў дваццаці пяці, чалавек у форме афіцэра з кубікамі на кляпах і партупеяй праз левае плячо.
– Здравствуйте, хозяин, – павітаўся расеец.
– Добры дзень, пан афіцэр! – зьняўшы з галавы шапку, адказаў Шпак.
– Меня зовут Владимир Даренко, я политрук Красной Армии, – працягваючы правую руку, прамовіў афіцэр. Мікола падаў руку і трохі нахіліў галаву.
– Можа, у хату зойдзеце, падсілкуецеся з дарогі?
– А почему нет? – і, павярнуўшыся да Кулака, палітрук прамовіў:
– Идём, председатель.
Кулак пахітаў галавой.
– Ну, как хочешь...
Ганна выставіла з прыпеку на стол гарачыя, толькі што прыгатаваныя блінцы, патэльню з падсмажанымі секанцамі і каўбасой. Чырвонаармейцы пераглянуліся і, адставіўшы да сьцяны вінтоўкі, нахвальваю­чы гаспадыню, наваліліся на ежу.
– Мікола, а чаго гарэлкі не прапануеш гасьцям? – адазвалася Ганна. Афіцэр нечакана падняўся, праглынуў кавалак секанца і, паправіўшы партупею, прамовіў:
– Мы пить не будзем.
Пасьля гэтых словаў палітрука нават Ганна, якая зьяўлялася ў пярэдняй толькі зрэдзьчас, заўважыла, як рэзка зьмяніўся настрой за сталом: у адначасьсе прыемны сьняданак пераўтварыўся ў звычайнае паглынаньне ежы. А праз некалькі хвілінаў вайскоўцы пачалі вылазіць з-за стала. Пабраўшы вінтоўкі, яны стрымана падзякавалі гаспадыні і па-аднаму пачалі выбірацца на падворак. Як толькі дзьверы за апошнім з іх зачыніліся, афіцэр нахіліўся праз стол да Міколы і прашаптаў:
– Это сотрудники НКВД, они здесь разыскивают пособников бело-поляков или местных помещиков и кулаков. Вчера возле Белого Села арестовали панских холуёв, которых вы называете осадниками. Поэтому я бы поостерёгся с ними пить, – затым іранічна ўсьміхнуўся і да­даў: – Чтобы не закончить, как осадники…
Мікола трохі памаўчаў, а потым, гледзячы ў вочы афіцэру, спытаў.
– А вы?
– А я довожу до местного населения политику партии и Советского правительства, – упэўнена, нават ганарліва выгукнуў афіцэр.
– А Кулак кім у вас цяпер?
– Как кем, председателем сельского совета… Ну да ладно, некогда мне – пора, вы уже побеседуйте с нашими людьми, а я в другой раз заеду.
– Дык вы што ж, нават гарбату піць ня будзеце?
– Да в другой раз, некогда. – Пасьля гэтых словаў ён зрабіў пад казырок і выйшаў на двор. Пакуль Шпак даваў нейкія распараджэньні жонцы, падвода з афіцэрам і нкусаўцамі паварочвала ўжо на гасьцінец. Выскачыўшы з хаты, Мікола толькі пасьпеў правесьці яе вачыма. І тут хтосьці ззаду яго крануў за плячо. Мікола ведаў, хто гэта, і даволі спакойна пачаў паварочваць галаву. Але раптоўны ўдар проста ў патыліцу ледзьве не зваліў яго з ног.
– Што ж ты робіш, гад! – ня гледзячы на крыўдзіцеля, крыкнуў Шпак.
– А ты што думаў, міраед, я з табой як гэты расеец буду цацкацца? Грошы давай ды золата, а калі скажаш, што няма, дык я цябе як жабу разьдзяру! – І наступным ударам ужо ў твар Кулак зваліў гаспадара фальварку на зямлю. Да разьюшанага старшыні падскочыла Ганна, яе крык ды пранізьлівыя просьбы на хвіліну падзейнічалі, і ён адступіў:
– Прыеду на днях, каб былі грошы і золата, – а потым, паклаўшы на плячо Шпака руку, дадаў: – І боты, якія Ёсель справіў…
Заснуць ноччу Мікола ня змог. Ганна, адчуваючы, як перажывае муж, і сама падрамала толькі з вечару. А калі пеўні на хутары зацягнулі свою першую песьню, Мікола падняўся з ложку і пачаў паціхеньку апранацца.
– Ты куды? – усхвалявалася гаспадыня. Мікола нічога не адказаў. – Ты што, нямок? – яшчэ з большай насьцярожанасьцю спытала жанчына.
– У Зэльву паеду, Ганна, той малады афіцэр, што заязджаў да нас учора, як мне падалося, хоць савецкі, але прыстойны чалавек, – а по­тым, трохі падумаўшы, дадаў: – Ды і выбару няма, не паеду – нас альбо паб’юць усіх, альбо сашлюць да белых мядзьведзяў…

Мікола крочыў шпарка і ўжо праз нядоўгі час выйшаў з гасьцінца на шашу. Праз гадзіну чаканьня і паўгадзіны язды на папутных падводах ён стаяў ля старога Сапегаўскага будынку, што мясьціўся каля тамтэйшай царквы. Даволі вялікі двухпавярховы дом з калонамі і завужанымі ўверсе дзьвярыма і вокнамі знаходзіўся ў самым цэнтры Зэльвы. На халодным восеньскім ветры балондаўся чырвоны сьцяг. Каля ўваходу мітусіліся людзі. І раптам Шпака нехта паклікаў:
– Хозяин!
Ён павярнуў галаву і ўбачыў знаёмага маладога савецкага афіцэра, – стаяў каля грузавічка і весела ўсьміхаўся.
– Добры дзень, пан афіцэр, – радасна павітаўся Шпак.
– А чего вы к нам? – спытаў палітрук Дарэнка.
– Ды да вас прыехаў, пан афіцэр, паратунку прасіць, бо як толькі вы паехалі з хутару, Сьцяпан Кулак, карыстаючыся сваім становішчам, стаў біцца ды золата патрабаваць. Ды я што, я і не такое цярпеў, вось толькі нашто дзяцей палохаць, яны ж малыя яшчэ? А за што? За тое, што ўсё жыцьцё працаваў зранку і да самае ночы?!
афіцэр азірнуўся і, нахіліўшыся да Міколы, прамовіў: – Ти-хо! Зачем кричать на весь город, пойдёмте со мной.
Мікола зразумеў, што зрабіў штосьці ня тое, але хвілю паразважаўшы, павольна пакалдыбаў за палітруком. Пакуль Дарэнка, так яго звалі, здымаў шынель, Мікола аглядзеў пакой. Пасярод кабінету стаялі два новыя пафарбаваныя ў чырвоны колер сталы. На падваконьніку – дзьве шклянкі і круглы, як галава, букач, на сьцяне невялікі партрэт. Мікола пазнаў таго, хто быў на ім, – ён яшчэ да вайны, набываючы польскія газеты ды часопісы, часта бачыў там здымкі вусатага, з хітрымі вачыма грузіна ў вайсковым фрэнчы.
– Ну, рассказывайте, что там произошло?
Расповед аказаўся не такім працяглым, як здавалася б напачатку, і пасьля яго заканчэньня Мікола зьвярнуўся да палітрука:
– Дык вы мне скажыце, пан афіцэр, няўжо савецкая ўлада хоча, каб Мошкаўскі парабак, які ўсё жыцьцё дзённа і ночна працаваў, як конь, пад старасьць стаў зноў галадаць, і ўжо не адзін, а з усёй сваёй сям’ёй?
Шпак нечым імпанаваў Дарэнку, можа таму, што чымсьці нагадваў яму бацьку, які таксама жыў на хутары пад Харкавам, а з прыходам савецкай улады быў прымусова пераселены ў вёску, дзе і сканаў ад голаду на пачатку 30-х. А можа, таму, што інтуітыўна разумеў: перад ім не кулак, які здабыў свой дабрабыт за кошт эксплуатацыі аднавяскоўцаў, а чалавек, які ўсё жыцьцё працуе без прасьвету.
– Скажите, Шпак, вы нанимали батраков к себе на работу?
– У час жніва, калі сілаў не хапала, так, наймаў, – упэўнена адказаў Шпак і пасьля невялічкае паўзы дадаў: – Але і я з імі сам працаваў, а напрыканцы кожнага тыдня грошы за працу выплочаў. А ваш цяперашні старшыня Сьцёпка акрамя як толькі біць людзей ды сядзець па паліцэйскіх пастарунках, нічога ў жыцьці не рабіў. І не запрашаў парабкаў, бо куды ён мог іх запрасіць, не ў турму ж?
Дарэнка падняўся і злосна прамовіў:
– Ну мы сами разберёмся, кому быть представителями советской власти, – і рэзка павярнуў галаву да вакна.
У кабінеце стала ціха, як на пахаваньні габрэя. Па вуліцы зрэдку праязджалі машыны, будзячы сваім гулам вокны палітруковага кабінету, нават надакучлівая муха прытаілася на партрэце таго самага грузіна…
– Вот что я вам скажу, Шпак, пока ещё не поздно, вступайте в колхоз, – пасьля сказанага палітрук дастаў цыгарэту, пакруціў яе паміж пальцаў, чыркнуў запалкам і, не прыкурваючы, працягнуў: – Если откажетесь, то мне будет очень сложно спасти вас от судьбы осадников. Я надеюсь, Шпак, вы меня панимаете?
У Міколы ўжо не засталося сумніву, што становішча ў яго вельмі складанае, і ён надламана прамовіў:
– Ну, калі вы гаворыце, што іншага выйсьця няма, кажыце, дзе можна запісацца ў гэты “кал-хоз”.
– Вы здесь напишите заявление – ну, а я его передам кому надо…
Учынак, які ўчора здаваўся б Шпаку немагчымым, быў зьдзейсьнены ў гэтым казённым пакоі за некалькі хвілінаў. На чалавека раптоўна накацілася незразумелае адчуваньне роспачы. Здавалася, што жыцьцё скончылася і далей толькі пустэча. Усё, дзеля чаго ён працаваў на панскіх палетках ды заводах Амерыкі, гінула з напісаньнем заявы. Але нейкая незразумелая сіла вадзіла ягонай рукой. На чырвоным стале з інвентарным нумарам ляжаў дакумент, які дзяліў жыцьцё Шпака на дзьве часткі: да калгасу і пасьля. Дарэнка дастаў з шуфляды папку з надпісам “Дело” і акуратна паклаў у яе заяву Шпака.
– Вот и славно, а вы куда сейчас, а то я еду в местечко, мог бы и вас захватить до хутора...
Ужо праз некалькі хвілінаў яны сядзелі ў кузаве грузавіка.
– Скажите, Шпак, – весела спытаў палітрук: – А что там за сапоги у вас, о которых говорит вся округа?..

Раніцай, калі дзеці яшчэ спалі, да хутару ад мястэчка кацілася брычка. На ёй Мікола прызнаў Сьцяпана Кулака: той сядзеў ззаду і, як зачараваны, неадрыўна глядзеў пад ногі. Мікола адчыніў браму, брычка, не прыпыняючыся, заехала на падворак. Усе, хто сядзеў побач з Кулаком, як і сам старшыня, былі з Мошак, Шпак ведаў усіх. Не чакаючы, пакуль конь прыпыніцца, старшыня саскочыў і накіраваўся да гаспадара.
– Ну, што, кулацкая морда, я ж абяцаў прыехаць – вось і прыехаў. Грошы гані, міраед!
Рашучае патрабаваньне расхваляванага старшыні ня стала для Шпака нечаканасьцю:
– Якія грошы ў звычайнага калгасьніка?
Кулак спачатку не зразумеў і хацеў было прыкласьціся з левай са ўсяго маху, як тут з хаты вылецела Ганна ды зацягнула на ўвесь хутар:
– Ты што, Сьцяпан, простых калгасьнікаў рабаваць сабраўся?
Упэўненасьць жанчыны зьдзівіла Кулака. Агоўтаўшыся, ён павольна прагаварыў:
– А, сабака, выкруціцца захацеў? Хопіць лухту несьці, зацягнулі: кал-га-сьнікі… – Кулак раптам апусьціў галаву і шпарка накіраваўся да брычкі, раптам на хвіліну прыпыніўся, рашуча павярнуў да Шпака: – А боты, боты дзе?
Мікола ведаў, што рана ці позна Кулак усё ж спытае пра боты і загадзя падрыхтаваў адказ:
– Дык перад самым адыходам палякаў прыязджаў твой былы сябар Клімашэўскі.
– Няўжо аддаў?
– Ну а што мне было рабіць, прыехаў ноччу з жаўнерамі, ну вось, як ты – запалохаў мяне, жонку ды і забраў боты. – Мікола гаварыў спакойна і ўпэўнена, варочаючы галаву ў розныя бакі, каб не паказаць Кулаку, што гаворыць няшчыра. Раптам ягоны позірк прыпыніўся на Аху, які расхвалявана мітусіўся каля буды. І тут ногі ў Міколы падкасіліся: сабака, не зважаючы на тых, ад каго ён і павінен быў ратаваць гаспадарскую таямніцу, самааддана трос зрэб’е, у якое Шпак завярнуў Ёселевы боты… Пад гучны сьмех Кулаковых памагатых Ах скончыў свае гульні і, за­драўшы ўгору кароткую лапу, шчодра паліў рог закапанага лахмана…

Новы восеньскі дзень выдаўся надзвычай сонечным і цёплым, на местачковай плошчы каля царквы сабралася народу як на Вялікдзень. Тут былі і местачкоўцы, і гаспадары з вакольных хутароў, і вайскоўцы, што круціліся каля грузавіка-“палутаркі”. На кабіне стаяў вялізны бляшаны рупар, з якога па ўсім мястэчку разносіліся песьні савецкіх выканаўцаў. Два вайскоўцы майстравалі вялізарныя дашчаныя лавы. За імі наглядаў маладжавы міліцыянт. Людзі, што сабраліся на плошчы, энергічна абмяркоўвалі ўсё, што адбылося ў мястэчку і ваколіцах за мінулы год. Але сход, які павінен быў пачацца тут праз некаторы час, турбаваў усіх найбольш. Мужчыны, якія адрозьніваліся ад астатніх мод­нымі строямі і разважнымі паводзінамі, упэўнівалі астатніх, што ні за якія ўгаворы не аддадуць свае зямельныя надзелы, другія – у лапцях ды брудных лахманах – услых лаялі першых і ўпэўнівалі адзін аднаго, што тых надзелаў мелі мала, а трэція толькі слухалі... І толькі габрэі, што стаялі трохі зводдаль, вялі размову пра нешта сваё, выразна дэманструючы, што зямельная справа ў дадзеных варунках іх зусім не цікавіць.
З-за царквы выпаўз чорны легкавік. Ён, нахіліўшыся на правы бок, спрытна разьвярнуўся каля грузавіка і, выдаўшы некалькі гучных стрэлаў, рэзка спыніўся.
Да натоўпу падышоў Кулак, акінуў вокам сабраных і адрывіста скамандаваў:
– Сядайце, мужыкі.
Як толькі Кулак заняў сваё месца ў прэзідыуме, паднялася народная “глашатая” Серадзіха і, не адрываючы галаву ад тэксту, гучна зачытала:
– Мы, жы-ха-ры За-хо-дняй Бе-ла-русі, дзя-ку-ем са-ве-цкай у-ла-дзе, што яна ас-ва-ба-дзі-ла нас ад поль-ска-га іга-га.
Госьці за сталом незаўважна для слухачоў усьміхнуліся. У адрозьненьне ад іх, кінутае неадукаванай жанчынай глупства ня выклікала аніякай рэакцыі сабраных, бо яны ня ведалі, што такое іга. А галоўнае, ім было не да сьмеху. Серадзіха, дабіўшы тэкст да канца, з адчуваньнем выкананага абавязку ўвалілася зноў на сваё месца. З-за стала падняўся чарнявы, з вялікім гарбатым носам чалавек. Ён падзякаваў за мажлівасьць выступіць і, праглынаючы “р”, па-расейску пачаў распавядаць пра нагоду, якая сабрала іх на гэтай плошчы. Пасьля адзін за адным пачалі браць слова іншыя госьці. Слухачы нярвова палілі самасад і абыякава паглядалі на прыезджых.
Нейкі актывіст падскочыў і прапанаваў абраць старшыню і тых, хто павінны былі стаць калгасьнікамі. Сход раптоўна ажыў, некаторыя па­ўста­валі з лавак. І тут Кулак папрасіў у вядучага слова.
– У калгас павінны ўступаць усе, – выкрыкнуў ён і, паглядзеўшы на Шпака, дадаў: – Акрамя, канешне, кулакоў...
– Нет, в колхоз будут приниматься все желающие, ещё раз повторяю для вас, Кулак, все!
Народ, які яшчэ хвілю таму ажыўлена абмяркоўваў прапанову Кулака, як па камандзе, сьціх. У ваколіцах мястэчка ніводзін чалавек ня мог бы так размаўляць з Кулаком, і калі гэты малады афіцэр насьмеліўся так сябе з ім паводзіць, значыць, ён вельмі важны альбо вельмі сьмелы чалавек…

Пасьля таго, як адбыўся сход, у мястэчку пабольшала вайскоўцаў, памяшканьні колішняга Сапегаўскага палацу пераабсталявалі пад вайсковыя кашары, вакол будаваліся абарончыя валы ды дзоты. Пачыналася лета 1941 году. Мікола часта прыязджаў у мястэчка па справах калгасу і ўсё гэта бачыў на свае вочы. Са шматлікіх размоваў ён зрабіў выснову, што адносіны саветаў з немцамі пагоршыліся, ад былых пацалункаў, якія яшчэ ня высахлі пасьля падзелу Польшчы, не засталося і сьледу.

…Мястэчка гарэла. Па гасьцінцы бегла калгасная кабыла, цягнучы за сабой невялічкі вазок з двума Забайкаўскімі “калгасьнікамі”: Шпаком і ягоным суседам Сьцяпанам Дыцкам. На Зэльвенскай шашы перад іхнімі вачыма разгарнулася жудасная панарама: паабапал дарогі гарэлі машыны, дзе-нідзе храплі параненыя коні, санітары ў акрываўленых халатах цягнулі няведама куды параненых чырвонаармейцаў, тыя альбо цяжка стагналі, альбо галосна крычалі. Над шашою слаўся едкі дым і жудасна непрыемны пах. Раптам з кустоўя, патрасаючы рэвальверам, вылецеў чалавек у бруднай ваеннай форме з перабінтаванай галавой. Ухапіўшыся за вуздэчку, ён пацягнуў каня з дарогі. Непадалёк ад старых габрэйскіх могілкаў, каля паламаных і апаленых бярэзінаў адзін каля аднаго ляжалі некалькі параненых салдат. Незнаёмы афіцэр скамандаў:
– А ну, мужики! Вы что, ети вашу мать, по-русски не понимаете...
Мікола ўхапіў параненага і разам з афіцэрам павольна паклаў яго на падводу. Калі салдат так-сяк разьмясьцілі, афіцэр махнуў ляйчынаю, і кабыла, упіраючыся, ірванула па шашы ў мястэчка. Ашалелыя ад убачанага, Мікола са Сьцяпанам моўчкі папляліся сьледам.
У мястэчку панаваў хаос, але больш за ўсё Міколу ўразілі руіны, на якіх было зусім ціха. Яны падышлі да калгаснага падворку. Напалоханыя коні дзіка храплі і насіліся па бязьлюднай канюшні, каровы, якіх ніхто і не зьбіраўся даіць, раўлі на ўсё мястэчка. Мужчыны знайшлі сваю скаціну і, сабраўшы яе ў адзін статак, вечарам былі ў Забайках.
Некалькі дзён вакол грымела кананада, насельнікі хутару чакалі пераменаў да горшага. І вось праз пару дзён стрэлы і выбухі заціхлі, навокал стала, як і да вайны, ціха і спакойна. Мікола, як і ў папярэднія дні, касіў за адрынаю атаву, калі да яго з падворку падбег перапалоханы Юзік:
– Тата, тата, хадзем, да нас прыехалі нейкія людзі… – і больш спалохана дадаў: – І яшчэ два нем-цы!
Мікола спакойна працёр скошанай травой касу і павесіў яе на грушу.
– Два немцы, кажаш… Ну добра, пойдзем паглядзім.
Каля ганку стаяла новая, прыгожа пафарбаваная фурманка. Каня і хамут Мікола пазнаў яшчэ здалёк і беспамылкова: Кулака. І тут яго як апарылі – на ганку стаяў, пастукваючы бізуном па хромавым боце, Клі­машэўскі, так-так, той самы Альбін Клімашэўскі, які яшчэ перад прыходам Саветаў запыняў яго разам з Кулаком каля местачковай царквы.
– Ну што, міраед, думаў, што мяне застрэлілі?
– А мне што, – апусьціўшы галаву, амаль што пра сябе прагаварыў Мікола.
І тут Клімашэўскі з развароту ўрэзаў Шпаку нагой проста ў пах.
– З Кулаком сябраваць! – і зноў стукнуў ляжачага на зямлі Шпака. Худы, як хрушч, немец, які сядзеў на падводзе ззаду, адрывіста крыкнуў: “Nain!”. Падышоў да Шпака і працягнуў яму руку: “Kom”. Мікола, апёршыся на калена, стаў паціхеньку падымацца. “Kom qer”, – немец зноў працягнуў руку Шпаку.
Да іх наблізіўся яшчэ адзін чалавек у немецкай форме, які без акцэнту па-расейску запытаў:
– Чего он вас так не любит, хозяин?
– Ня ведаю? – стогнучы, адказаў Шпак. – Пэўна, за тое, што я маю хутар, а ён ня мае, – а потым, выплюнуўшы цягучую сьліну і адкашляўшыся, дадаў: – І мець ніколі ня будзе.
– Знаеце, хозяин, ему конь и бричка нужны, вы отдаете ему? – ча­лавек у нямецкай форме, сказаўшы гэта, разьвярнуўся і, не чакаючы, што яму адкажа Шпак, пакрочыў да падводы. Уладкаваўшыся ў драбах, ён пачакаў, калі ўсядзецца ззаду худы немец, тыцнуў дулам аўтамата ў сьпіну вознага, з такой жа павязкаю, як у Клімашэўскага. Паліцай павярнуўся назад, агледзеў седакоў на падводзе і махнуў бізуном. Мікола застаўся адзін на адзін са сваім старым знаёмым.
– Жарабца запрагай, кулацкая морда! – Клімашэўскі паправіў партупею, абмацаў рэвальвер, паляпаў каня па загрыўку і турзянуў за ляйчыну. Шпак ня мог глядзець на тое і, моўчкі вылаяўшыся, накульгваючы, пацягнуўся да хаты.
– Стой, Шпак!
– Чаго яшчэ?
– Як чаго? – навязаўшы жарабца за брамны слуп, паліцай падышоў да Шпака. – Боты дзе?
– Якія боты?
– Ты мне тут дурня не валяй, а то зараз дастану вось гэтую штуку – адразу ўспомніш, якія, – і пацягнуўся па рэвальвер.
– А, тыя? Як – дзе? Кулак жа забраў пасьля таго, як ты зьбег з мяс­тэчка.
– Ты-ы! – варожа пацягнуў Клімашэўскі. – Я нікуды не ўцякаў, проста адступіў з польскім вайскам. А твой хвалёны Кулак зараз сам зьбег, як заяц.
– Ну вось якраз у маіх ботах і зьбег…

Скончыўся першы ваенны год. Зіма выдалася лютая і суровая. Забайкі жылі, як і ўся заходняя Беларусь – голадна і халодна. Калгасы і налёты на хутары немцаў і паліцаяў дарэшты зруйнавалі гаспадарку мясцовых фальваркаў.
…Ах заліваўся гучным і насьцярожанным брэхам. У вакно нехта пастукаў.
– Хто там?
– Мы, – прамовіў глухі голас за дзьвярыма.
– Хто – мы? – зноў спытаў Мікола.
– Эй, Шпак, зараз як дам чаргу па дзьвярах з аўтамату, адразу зразумееш, хто? – сказаў другі, больш рашучы голас, – адчыняй, каму кажу!
Мікола яшчэ хвіліну падумаў і асьцярожна адсунуў засаўку. Дзьверы адчыніліся, і, адштурхнуўшы гаспадара, у сені зайшоў Кулак.
– Ну, што, Шпак, здарова?
– Вечар добры, – насьцярожана адказаў Мікола. За былым старшынёй сельсавету ў сені ўваліліся яшчэ два чалавекі.
– Запрашай на вячэру, гаспадар!
Ганна паглядзела на мужа і, атрымаўшы ад яго маўклівы дазвол, пайшла на кухню. Мікола паставіў лямпу на стол і прысеў насупраць Кулака. Той, не падымаючы галавы, прамовіў:
– Ну што, Шпак, як будзем дапамагаць партызанам?
– Якім партызанам?
– Шпак, тут гуляць з табою ніхто ня будзе, гэта ты да вайны мог схавацца за маладога палітрука, а цяпер – я тут галоўны. Ты павінен даць нам золата, коней, ежу і цёплую вопратку.
– Дык рэч у тым, што Клімашэўскі адсюль усю восень не вылазіў: і жарабца забраў, і брычку, і нават курэй пастраляў, падлюка.
Кулак паглядзеў на свайго нярвовага падначаленага і кіўком галавы скамандаваў:
– У хлеў! Пацікаўся, што там у яго ёсьць? – і пасьля паўзы: – Кажаш, гэты нямецкі халуй Клімашэўскі часта тут бывае, а можа, ты з ім заадно? – потым усьміхнуўся: – Ну а як твае боты, яму ня ціснуць?
Мікола махнуў галавою: не пытайся. Ганна падала на стол капусту, прыгатаваную на сьвіной костцы, і чыгунок яшчэ не зусім халоднай бабкі. Тут дзьверы адчыніліся і ў хату зайшоў нярвововы.
– Ну, што там? – спытаў Кулак.
– Толькі карова ды старая кабыла.
– Можа, схаваў дзе?
– Не, я там усё агледзеў, – сядаючы за стол, адказаў нярвовы і злосна спытаў: – А пляшка дзе?
– Дык выгнаць няма з чаго, усё немцы за восень паадбіралі, толькі на сяўбу трошкі і схаваў.
Трэці госьць, той, што ўвесь час маўчаў, пахітаў галавой і, адкашляўшыся, павольна расшпіліў зялёную армейскую куфайку. Мажная рука згінула недзе пад безьліччу вопратак, і праз хвіліну на сьвет зьявілася зялёная вайсковая біклага.
– За пабеду! – крыкнуў Кулак, і начныя наведвальнікі амаль што разам перакулілі кубкі, пасьля чаго агідна захраплі і прагна накінуліся на ежу. Шпак сядзеў побач моўчкі.
– Ну ты, Ганна, і смачна гатуеш!
– Спадабалася, дык дзякуй Богу.
– Так, Шпак, запомні: нашыя людзі да цябе прыходзіць будуць, ты ім харчы давай ды прытулак, – павольна падымаючыся з месца прамовіў Кулак. Мікола пачасаў лысіну, пакруціў галавой і ціха прамовіў:
– Сьцяпан, дык што я ім дам, усё, што было, ужо забралі, а ў мяне дзеці.
– Ты мяне не дуры, вунь найшоў, што на стол паставіць, дый і даць што – знойдзеш, – беручы аўтамат, спакойна адказаў Кулак. – А калі тыя, хто да цябе прыйдуць, пакрыўдзяцца, то я да цябе сам прыйду. Зразумеў? – а затым ужо сьмеючыся: – Кулацкая морда.
Два ягоныя спадарожнікі смачна зарагаталі. Не разьвітваючыся, начныя госьці выйшлі з хаты…

– Мікола, Мікола, падымайся, Клімашэўскі едзе! – з кухні крыкнула жонка.
– А адкуль ты ведаеш, што на санях Альбін?
– Дык што, я свайго жарабца не пазнаю?
– Адчыняй!
– Зараз-зараз, яшчэ хвіліну!
– Ты што, парцізанаў корміш, так доўга не адчыняў! – злосна спытаў Клімашэўскі.
– Дык а чым мне іх карміць? – насьцярожана адазваўся Мікола.
– Нічога, пападуцца яшчэ мне гэтыя бандзюгі, – паліцай пагля­дзеў на Шпака. – Ну, Ганна, давай паесьці!
Ганна прынесла на стол тое, што яшчэ засталося ад начных візіцёраў.
– Ну, а пляшку? – па-гаспадарску загадаў Клімашэўскі.
– Няма, нават на лекі няма.
Клімашэўскі падняўся, плюнуў пад ногі і скамандаваў:
– Пайшлі адсюль! – і стукнуў ботам у лаўку, дзе сядзелі яго спадарожнікі. Паліцаі паўскоквалі і, перажоўваючы тое, што пасьпелі ўхапіць, пацягнуліся да дзьвярэй. Клімашэўскі, прапусьціўшы наперад падначаленых, ціха сказаў: – А бандыт гэты ў маіх ботах быў, га?
Шпак нічога не адказаў і толькі паціснуў плячыма. Не пачуўшы адказу, паліцай зьвёў бровы і патрос пальцам перад тварам Шпака:
– Чаго маўчыш, кулацкая морда, адказвай!
– Дык я яго ня бачыў!
Сані, патрэскваючы на ранішнім марозе, разьвярнуліся амаль што на месцы і схаваліся за мурам. Мікола ўздыхнуў і павольна прайшоў да печы, дзе Ганна ўжо смажыла сьняданак. Падходныя блінцы, прыгатаваныя на здоры, пахлі на ўсю хату. Дзеці ўжо даўно ня спалі і чакалі, калі маці пакліча да стала...

“Народныя мсціўцы” выцягнулі з ямы апошняе сьвінчо, паплечнікі Клімашэўскага застрэлілі Аха. Шмат разоў білі ды палохалі Шпака і тыя, і другія, але жыцьцё на хутары працягвалася, і кожную вясну Шпакі зноў сеялі збожжа ды бульбу, адзначалі, як маглі, Каляды ды Вялікдзень, дзелячы паміж сабой усе нягоды ваеннага часу. А тут, нарэшце, вайна і скончылася. Мястэчка пасьля габрэйскіх пагромаў і партызанскіх налётаў за некалькі гадоў ператварылася ў звычайны засьценак. Кулак у лесе даслужыўся аж да камандзіра атраду, але пасьля вайны ня змог паказаць сябе на адміністрацыйнай працы і быў зноў вернуты ў мястэчка змагацца з новымі насельнікамі Ліпічанскае пушчы: “краёўцамі” ды “бульбоўцамі”. Клімашэўскі стаў начальнікам нейкага паліцэйскага злучэньня, але пры наступе Чырвонай Арміі зьнік. Шпак, пабыўшы ў Германіі пасьля таго, як партызаны ўзарвалі каляю каля Зэльвы, якую ў 1944 годзе ён ахоўваў з суседам Достам, вярнуўся ў Забайкі схуднелы і аслаблы. Усё ішло, як і павінна было ісьці ў першыя гады пасьляваеннае пары.
Забайкі рыхтаваліся да Вялікадня. Мікола, узяўшы з гумна рыдлёўку, павольна накіраваўся да гнілой буды. Пастаяў моўчкі і ўзяўся за працу. Некалькі хвілінаў, і на божы сьвет з-пад сабачага жытла зьявіўся шэры, акуратна згорнуты скрутак. Шпак спраўна замахнуў яго пад паху і накіраваўся да лаўкі. Дашчаная, яшчэ даваенная, лаўка мясьцілася пад высокай таполяй. Мікола пасадзіў гэтае дрэва даўно, як толькі набыў зямлю пад фальварак.
Дзеці хуценька акружылі лаўку. Асьцярожна, нібыта скарб, Мікола разгортваў клунак. Як толькі апошняе крыло амаль спарахнелага лахмана было адкінута, перад вачыма гаспадара і зьдзіўленых дзяцей паўсталі тыя самыя даваенныя Ёселевы боты. Дзёгаць амаль абсыпаўся, але боты былі ў добрым стане і выглядалі як новыя.
– Ух ты! – не стрымаўся Алесь.
– Сёньня ў іх на ўсяночную пайду, вайна скончылася, мірна жыць трэба пачынаць. Годзе баяцца!
Вечар быў ціхі і халаднаваты. Мікола, апрануўшы ўсё, што ў яго засталося пасьля пабораў партызанаў ды паліцаяў, прысеў на зэдлік і пачаў нацягваць боты.
– Мікола, можа, не абувай ты іх? Вось пасьля сьвятаў будзе кірмаш у Слоніме, пойдзеш і прадасі гэтыя праклятыя боты, – амаль з адчаем усклікнула Ганна.
– Добра, так і зробім, але сёньня яшчэ схаджу да царквы.
На плошчы было шмат народу, палова з іх мела зброю. Мікола прыпыніўся. Ад натоўпу вылучыўся чалавек з забінтаванай рукой і накіраваўся да Шпака. На правым плячы, пад параненай рукой, ён нёс вялікі і цяжкі, як калун, савецкі аўтамат з круглым дыскам.
– Ну што, здарова, Шпак!
Мікола, павітаўшыся, пазнаў Нярвовага, які заходзіў у Забайкі з Кулаком яшчэ напачатку вайны. Той акінуў поглядам Шпака, прыпыніўшы позірк на ботах:
– А казаў, Клімашэўскі забраў, значыць, абдурыў “бацьку” (так называлі Кулака партызаны яго атрада). Вось-вось ён сюды падыдзе – і табе капут, кулацкая морда! А твой зямляк Клімашэўскі разьбіты, сёньня пабілі яго краёўцаў, вунь на возе, як селядцы, ляжаць. Толькі сам, паскуда, зьбег!
Нярвовы плюнуў пад ногі, паправіў аўтамат і пайшоў да астатніх. Мікола маўкліва падаўся да хутару. Калі заходзіў на падворак, было яшчэ не зусім цёмна, хаця сонца ўжо схавалася за небакрай. Каля хаты было ціха, можа аж занадта, на падворку не было ні дзяцей, ні жонкі. Дзьверы, якія звычайна былі зачыненымі, расхлябешчаны насьцеж. Пераступіў парог і акамянеў: за сталом, на яго драўляным крэсьле, паклаўшы перад сабой нямецкі аўтамат, сядзеў Альбін Клімашэўскі. Сівавалосы, хударлявы, з непаголеным тварам, ён, не зьвяртаючы на Шпака ўвагі, еў прыгатаваную на заўтра поліўку.
– Ну што, да сябра свайго хадзіў, пся крэў? – не адрывачы галавы ад бляшанай міскі, прагаварыў былы паліцай.
– Да якога гэта сябра?
– Як да якога, да Кулака?
Мікола трошкі адсопся, а потым вымавіў:
– Знайшоў мне сябра!
І тут Клімашэўскі адарваўся ад вячэры, паглядзеў на гаспадара і папярхнуўся.
– Ах ты, кулацкая морда, падманваць мяне? – тыцкаючы на боты, выкрыкнуў паліцай. – Застрэлю, гад! – і пацягнуўся па аўтамат.
Мікола ня ведаў, што яму рабіць: ці то кінуцца на бандыта, ці ўпасьці на калені ды прасіць літасьці.
– Ды што – боты, паабяцай, што адчэпішся ад нас, і я табе золата аддам, – нечакана вымавіў ён.
– Нясі!
– Добра.
– Пачакай, я з табой, – і паліцай шпарка вылез з-за стала. – А дзе яно?
– У адрыне, пад сячкарняю закапанае.
Мікола ішоў паперадзе, Клімашэўскі трошкі ззаду, пад нязручную левую руку Шпака. Адчыніўшы мажныя дзьверы, Мікола пераступіў парог.
– Дзе? – крыкнуў паліцай.
– Вось тут!
Клімашэўскі ўхапіў са сьцяны старую рыдлёўку і стукнуў у цьвёрдую, як камень, зямлю.
– Чаго стаіш, памагай! – загадаў узбуджана.
Мікола гэтага і чакаў. Ён падхапіў вілы, імгненна падняўся і з усяго маху ўсадзіў іх у плечы злыдню. Вілы зайшлі ў цела са скрыгатам і трэскам. Клімашэўскі зароў ад нечаканасьці і страшнага болю, рыдлёўка вывалілася з рук. Сашчапіўшы зубы, паспрабаваў разьвярнуцца і падхапіць з пляча аўтамат, але моцныя рукі Шпака прыціснулі яго віламі да зямлі. Хвіліна змаганьня, і цела сьцішылася.
З падворку пачуўся нечы голас. Мікола, яшчэ не супакоіўшыся, ціхенька падышоў да дзьвярэй – і нечакана перад ім паўстала постаць Кулака.
– Ну што, Шпак, гаворыш, Клімашэўскі забраў? Я за цябе, міраед, буду немцаў і паліцаяў біць, а ты, а ты ў новых ботах! – і стукнуў Міколу ў сківіцу. Той на некалькі крокаў падаўся назад, зачапіўся за труп паліцая і зваліўся на ток. Лежачы, памацаў рукой каля нябожчыка, стараючыся хучэй адшукаць адкінутую зброю.
У адрыне было цёмна. Кулак ступіў наперад і натыкнуўся на цела забітага.
– Уставай, сука! – і штурхнуў хромавым ботам труп паліцая.
Мікола, апіраючыся на вілы, падняўся і прыціх. У дзьвярах сілуэт заслужанага партызана быў добра відзён. Кулак пачаў абмацваць на партупеі рэвальвер.
– Ну што, боты табе патрэбныя?! На!!!
Вілы, не адчуўшы аніякага супраціву, мякка ўвайшлі ў жывот Кулака. Яшчэ некалькі хвілінаў – і ўсё было скончана. Мікола адным рухам дастаў вілы і па-гаспадарску адставіў іх да сьцяны. Галава ў яго закружылася, ногі падкасіліся...
Ён сядзеў, як мярцьвяк. На акамянелым твары не было ні радасьці перамогі, ні адчаю, ні пакаяньня.
Мікола глядзеў у зямлю, на свае боты глядзеў, і ні пра што ўжо ня думаў…