12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Дубавец

_____________________
Стагоддзе НН. Нататкі з нагоды юбілею. (Заканчэньне)

У публікацыі
выкарыстаныя
матэрыялы
перадачы
«Вострая
Брама»
беларускай
службы
Радыё Свабода.

Заканчэньне.
Пачатак
у №1 (26).




Віленскае паветра
Такім чынам, у 1906 годзе беларусы ў Вільні былі на тых самых правах і ў тым самым аб’ёме прысутнасьці, што і літоўцы. Вобразна кажучы, і беларускія, і літоўскія пачынальнікі нацыянальнага адраджэньня прыехалі сюды ў адным вагоне з Санкт-Пецярбургу, дзе вучыліся ў адных універсітэтах. Віленскі універсітэт, як вядома, даўно быў зачынены – як “рассаднік” незалежніцкага супраціву патрыётаў колішняга ВКЛ. Дык вось, прыехаўшы, і беларусы, і літоўцы ўзяліся за работу. Але ўзяліся па-рознаму. Беларусы паводзілі сябе як рамантыкі, літоўцы – як прагматыкі. Чым дыктавалася такая розьніца? У першую чаргу, выбарам назвы. Літоўцы адра­джалі вядомую еўрапейскую дзяржаву – Літву. Беларусам жа трэба было стварыць тое, чаго дагэтуль ніколі не было – Беларусь. Літоўцы ехалі нібы ў разбураны горад, які яны мусілі адбудаваць. А беларусы ехалі ў чыстае поле, на ца­ліну, што ўяўля­лася ім культурным Кландайкам. Адсюль параўнаньне беларускіх піянераў з амерыканскімі. Адсюль таксама сёньняшняя гатовасьць літоўцаў быць часткаю Еўразьвязу, да чаго беларусы не дасьпелі дагэтуль. Словам, выбар назвы краіны і нацыі адыграў у нашай гісторыі вызначальную ролю. Мы не маглі стаць прагматыкамі з-за свайго юнага веку. Затое, у адрозьненьне ад літоўцаў, сталі нацыяй паэтаў.
На мове фактаў гэтая розьніца выглядае так. У 1906 годзе літоўцы супраць адзінага беларускага тыднёвіка “Наша Ніва” мелі ажно дзьве штодзённыя газеты і шэсьць тыднёвікаў, тры месячнікі і адзін гадавік.
“Між імі “Наша Ніва”, – пісала яна пра саму сябе, — адна-адзіная беларуская газеціна. А тым часам нас, беларусаў, ёсьць 8 1/2 мільёнаў чалавек; літвіноў жа і трох мільёнаў не набярэцца. Затое літвіны шчыра ўзяліся за сваё нацыянальнае адраджэньне і працуюць, не пакладаючы рук”.
Літоўцы стваралі прэсу, а беларусы пісалі паэму. Гэта добра відаць з вышыні часу. Ніводзін з тых літоўскіх перыёдыкаў і ўсе яны разам узятыя ня сталі такім эпасам, які б можна было з захапленьнем перачытваць сёньня. З іншага боку, мы дагэтуль як сьлед не аформіліся ў сучасную нацыю. Але важна тое, што і таго задзелу, які мы маем цяпер – пачынаючы ад “Нашай Нівы” – магло ня быць. Бо, у адрозьненьне ад літоўцаў, беларусы не ўхапіліся за канец гістарычнае заканамернасьці, а слухалі біцьцё ўласнага сэрца і былі захопленыя чысьцінёй разгорнутае перад імі новай старонкі гісторыі.
Паэмы і эпасы не ўзьнікаюць як гістарычная заканамернасьць. Тут імпульс прыходзіць з сэрца. Прыходзіць, або не прыходзіць.
Ці магло ў шапцы “Нашай Нівы” замест слова “першая БЕЛАРУСКАЯ газэта” зьявіцца нейкае іншае? Першая літоўская, літвінская, крывіцкая?.. Верагодна, калі б зьявілася, гісторыя нашай краіны была б істотна скарэктаванай. З іншага боку, самавызначэньне, абранае Багушэвічам, не было зусім эфемерным. У артыкуле “Беларусы”, які ў 1909 годзе выйшаў у Санкт-Пецярбургу ў зборніку “Формы нацыянальнага руху ў сучасных дзяржавах”, Антон Луцкевіч піша: “Перапіс 1897 году налічвае ў Расейскай імпэрыі 5 885 547 беларусаў”. Аднак, удакладняе Луцкевіч, лічба гэтая ня можа лічыцца поўнай.
Рэч ня ў тым, што беларусы былі прыдуманыя – гэта ня так, а ў тым, што нацыі й дзяржавы з такой назвай не існавала ў гісторыі. Вось чаму, у адрозьненьне ад тых жа літоўцаў, у нас гаворка ішла (і ідзе) не пра адраджэньне, а пра нараджэньне.
Гэта ня добра і ня дрэнна, гэта папросту іншы шлях. Гэта можа быць дрэнна для палітыкі, бо адставаньне ў дасьпеласьці нацыі ўжо закладзенае такім выбарам. І гэта можа быць добра для культуры, бо тварэньне нацыі і краіны “з чыстага ліста” – гэта суцэльная творчасьць. Гледзячы на Купалу й Багдановіча, адныя нашыя пачынальнікі прасякаліся іхным натхненьнем абсалютных творчых узьлётаў. Гледзячы на суседзяў-літоўцаў, іншыя пачынальнікі імкнуліся быць прагматыкамі і не зважаць на ўсякія там эстэтычныя палёты. Адсюль нараджалася супярэчнасьць, якую можна прасачыць праз усю “Нашу Ніву”, калі аўтары ўяўлялі сабе зусім розныя, амаль процілеглыя чытацкія аўдыторыі.
Характэрны прыклад – два артыкулы ў суседніх нумарах. Першы — “Аб патрэбе стылю ў жыцьці народу”:
“Больш здольны чалавек умее арыгінальней, значыць, больш па-свойму выявіць свой духоўны твар і астаецца надоўга ў памяці тых, што яго акружаюць. Гэтаксама і цэлы народ, які ўмеў ярка паказаць сваю духоўную арыгінальнасьць, заўсёды будзе даражэйшы, цікавейшы для іншых народаў... Разглянема цяпер, што ў жыцьці вымагае стылю і што носіць характар яго ды на чым адбіваецца стыльнасьць.
Бачым тут перш за ўсё мову, каторая надае асобны характар таму спосабу, якім выяўляюцца настраеньня душы чалавека. Посьле ідзе адзежа, будоўлі, аздобы і прыкрасы, а ў канцы – грамадзянскае жыцьцё, каторае відаць у звычаях, веры, забабонах, а далей у інстытуцыях грамадзкіх і дзяржаўных”.
Гэтак Вацлаў Ластоўскі заклікае публіку мысьліць абстрактымі катэгорыямі ды паверыць у нематэрыяльныя каштоўнасьці. Побач, у наступным нумары – “Рады для гаспадароў” – “Як абыходзіцца з коньмі”. “Пугі ўжывай як найменш; не крычы, не праклінай каня, бо ты чалавек, а ён – неразумнае стварэньне”.
Нараджэньне замест адраджэньня – такі выбар быў зроблены ад пачатку. Спа­дзевы на тое, што ВКЛ адродзіцца ў колішнім выглядзе, не апраўдаліся, і беларусы апынуліся за бортам – сам-насам з сабою. Мабыць, і ў гэтым не было ніякае фатальнае страты. Усё залежала ад нашых піянераў. Працэс нараджэньня нацыі ні ў якім разе ня мог быць плябейскім, басяцкім, сацыялістычным, для якога заўсёды галоўнае – матэрыяльнае, з чаго нацыю не пабудуеш. Таму ў ніву мусіла кідацца арыстакратычнае зерне. Беззапаветная любоў да роднага слова, да роднага краю і да ўласных радаводаў. Культ старое гісторыі, літаратуры і слаўных продкаў, патрыярхальнае вясковае хаты і гарадзкіх камяніцаў. Культ Скарыны і культ Вільні.
“Вільня, як вядома, — самы прыгожы горад у сьвеце”, – пісаў Максім Гарэцкі. І “Наша Ніва” была зьяваю віленскай.
Заснавальнікі яе браты Луцкевічы жылі ў Менску і займаліся кансьпірацыйным рэвалюцыянізмам – тайнымі сходамі, падрыхтоўкай збройнага паўстаньня. Гэта ў іхнім доме захоўвалася бомба, якую Іван Пуліхаў кідаў у губернатара Курлова. Бомба ня выбухнула, бо падпольшчыкі не пасьпелі выпрабаваць свой механізм – як ён спрацуе ў моцныя маразы. Курлоў застаўся жывы, Пуліхава павесілі на браме менскай турмы. Астатнія падпольшчыкі паўцякалі і пахаваліся ў іншых гарадах імперыі. Іван і Антон Луцкевічы знайшлі сабе нелегальны прыстанак у Вільні.
І вось тут пытаньне: ці магла “Наша Ніва” распачацца ў Менску? На маю думку, не. Па-першае, таму, што і не распачалася. Па-другое, Менск быў хоць горадам і губернскім, але не сталічным, як удвая большая Вільня, якую называлі сэрцам усяго беларуска-літоўскага краю. Ня тыя, словам, мелодыі і рытмы. Ня той узровень талеранцыі й вялікадушнасьці. Па-трэцяе, цэлая анталогія беларускай паэтычнай класікі прысьвечаная Вільні. Менск, можа быць, калі й атрымае такую анталогію, дык яшчэ ня хутка. У чым тут рэч?
У тым, што, у адрозьненьне ад Вільні, якая заўсёды заставалася вечнай Вільняй, еўрапейскай сталіцай, гэткай самай завершанай у сваім вобразе, як Рым ці Парыж, Менск яшчэ й сёньня ня мае яснага адказу – што ён?
У Вільні беларуская душа набіраецца той энергіі, якую пасьля выдаткоўвае ў Менску. Нездарма ж і ідэя незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе была прывезеная з Вільні ў Менск.
Калі мы з калегамі ў 1991 годзе пачыналі аднаўляць “Нашу Ніву”, мы мусілі паўтарыць шлях Луцкевічаў. Рэч у тым, што аднаўлялася газета яшчэ ў СССР, савецкім працягу Расейскае імперыі. Пры тым яна не магла быць нелегальнай – як увесь тагачасны нефармальны друк у Менску. Таму ўся сітуацыя мала чым адрозьнівалася ад 1906 году. Гэта пасьля абвешчаньня незалежнасьці Літвы і Беларусі ўзьнікла натуральная ідэя перабазаваць газету ў Менск.
Беларуская паэма пад назвай НН не магла ўзьнікнуць у іншым горадзе яшчэ й таму, што стваралі яе абсалютна натхнёныя Вільняю людзі. Паэтам кружыць галаву паветра. Віленскае паветра – гэта сумесь хваёвага паху навакольных бароў і павеваў з Балтыкі. Да мора адсюль далекавата – больш за тры сотні кіламетраў, але якраз таму, што горад стаіць на самай кромцы дасягальнасьці марскога паветра, яно тут вычуваецца больш востра.
l l l
З тых адрасоў на Вялікай Пагулянцы, на Завальнай, на рагу Троцкай, на Віленскай, зноў на Завальнай і зноў на Віленскай, якія рэдакцыя “Нашай Нівы” займала напачатку мінулага стагодзьдзя, да нашых дзён не дажыў толькі адзін – там цяпер іншы будынак. Таксама, згадзіцеся, не характэрная для Менску сітуацыя. Усе астатнія ня толькі датрывалі, але й выглядаюць амаль гэтаксама, як і сто гадоў таму. Для фантазіяў гісторыка – поўная раскоша.
Дасьледнік беларускай Вільні Лявон Луцкевіч у сваёй кнізе “Вандроўкі па Вільні” самым важным адрасам называе дом на Завальнай, 7. Тут рэдакцыя пра­існавала тры гады. У наш час у гэтым памяшканьні ў мадэрнавым будынку на рагу колішніх Завальнай і Малой Пагулянкі, а сёньня – Піліма і Кастуся Каліноўскага — месьціцца невялічкая пякарня.
Згадваючы, як гэта ўсё выглядала сто гадоў таму, Вацлаў Ластоўскі піша:
“Рэдакцыйнае памяшканьне дзялілася на дзьве палавіны: ад вуліцы, у быўшым магазыне, была кантора рэдакцыі, ад падворку ж пакой, у тры вакны, з прысёнкам — кватэра Ўласава, і ў ім маленькі зачатак будучага беларускага Музэя, які зьбіраў Іван Луцкевіч. У прывулічным памяшканьні, акром рэдакцыйнай канторы, быў яшчэ начлежны лёкум для трох асоб: А.Лявіцкага, за дашчанай перагародкай справа, Я.Купалы і рабочага Нагурскага — за шафай, зьбітай зь негабляваных дошак.
На другі дзень прыйшоў я ў рэдакцыю рана і застаў усіх кватарантаў канторы ў поўным камплекце і даволі кіслых настраеньнях, якія былі вынікам дрэнных кватэрных варункаў. Кантора была ў запушчаным стане і на першы погляд рабіла ўражаньне складу макулатуры, якая ў постаці ўсякіх газэт была звалена каля сьцен і сторшылася на паліцах спамянёнай дашчанай шафы. Наганялі нуду даўно не аднаўляныя і спрадвеку не апыляныя сьцены. Паветра было прасычана кіслай вільгацьцю, дымам ад жалезнай печкі, на якой пякліся прамочаныя наскрозь учора зьвечара чыесь камашы, і тут жа, у скавародцы, сквірчэлі скваркі, якія зь вялікім адданьнем асьцярожна мяшаў пальцам чалавек з рыжаватай бародкай, у расхрыстанай кашулі і ў апорках на босую нагу, а другі, малады, пасьпешна апрануўся ў камізэльку над свайго роду мадэявым расьцяганым ложкам, якое ад уходу рабіла ўражанне сьвежа сканаўшага на сьцюдзёнай тундры вярблюда.
Незнаёмы над скваркамі быў Антон Лявіцкі, незнаёмы пры ложку назваў сябе Янка Купала. Я сказаў, што прыехаў сюды на сталую працу. Лявіцкі асьцярожна адставіў на падлогу скавародку і зьдзіўлена выпрастаўся, Купала, які да гэтага часу скончыў свой туалет, схапіў капялюш і палку і, прабурчэўшы нешта кшталтам: «Сам чорт тутака ня ўбудзе, калі так далей будзе», — выскачыў за дзверы”.
На думку віленскай мемуарысткі Галіны Войцік, Ластоўскі ў сваіх успамінах быў схільны зьмяняць акцэнты. Прынамсі гэтак сьцьвярджала маці спадарыні Галіны, пісьменьніца Зоська Верас, якая бывала ў той рэдакцыі й запомніла яе крыху іншай.
Аднак, у канцы 20-га стагодзьдзя ўсё паўтарылася ледзьве ня ў тых самых дэталях, пра якія згадваў Ластоўскі. Супрацоўнікі зноў жылі ў рэдакцыі, многія тут спыняліся, тут жа гатавалі сабе есьці й перажывалі бясконцую колькасьць усялякіх вартых успамінаў сітуацыяў ды канфузаў.
У той, апісанай Ластоўскім, рэдакцыі дзьве ночы правёў і Максім Багдановіч, што моцна паўплывала на ягоную творчасьць. Наагул, візіцёры часьцяком выходзілі з рэдакцыі з новай жыцьцёвай праграмай. Тое самае было і ў наш час, калі рэдакцыя адноўленай газеты мясьцілася на вуліцы Жыгімонта, 12. Здараліся й забаўныя выпадкі. Вось цытата з нумару пятнаццацігадовае даўніны:
“Напрыканцы кастрычнiка, калi пачалiся ўжо восеньскiя халады, а ў Вiльнi ўсё нiяк не ўключалi ацяпленьне, у Рэдакцыi НН пабываў госьць з Аўстрыi сп. Гербэрт Гартль. Дзякуючы цяплу ў рэдакцыйным памяшканьнi (дамы на Жыгiмонта, 12 абаграваюцца печамi) i добрай кампанii (з Гербэртам быў ягоны сябра — менскi фатограф Уладзiмер Парфянок), размова доўжылася некалькi гадзiн”.
Я прыгадаў гэты выпадак, калі ў стогадовай газеце натыкнуўся на такі эпізод:
“Вільня. Гэтымі днямі быў у рэдакцыі НН цікавы мандровец, каторы выехаў на матацыклетцы (машыне-самакатцы) з Адэсы і маніцца аб’ехаць кругом усю Расею. Дагэтуль пабываў ён у 40 вялікіх гарадох. Гэта малады хлопец гадоў 19, украінец, родам з Херсонскай губэрні”.
Трэба мець на ўвазе і тую розьніцу ў геаграфічных уяўленьнях людзей пачатку мінулага стагодзьдзя і нас сёньняшніх. Беларусь, якую яны ўзяліся ствараць, уяўлялася ім не такой, як цяпер. Вільня для іх была натуральнай сталіцай іхнае Беларусі, а паведамленьні са Смаленску і Беластоку ішлі ў рубрыцы “Зь Беларусі і Літвы”. Допіс з Магілёва пачынаўся так: “Хоць наш горад і стаіць чуць не пасярод Беларусі, але яшчэ мала тутака ёсьць інтэлігентаў, каторыя цікавіліся б нашай роднай мовай, нашымі звычаямі”.
Каардынаты будучае краіны “намацваліся” на яе межах: “Калужская губэрня гэта ўжо Вялікарусія. Але часьць Масальскага павету і ўвесь Жыздрынскі мае беларускі дух. Гэта была пагранічная зямля паміж Літвой і Масквой. Рыбоўская, Семілёўская, Маманеўская, Саўцінская, Лосінская, Бутчынская воласьці беларускія, але трошкі абруселі, хаця захавалася адзежа і многа звычаяў. У палудзённай часьці ў Падбужскай і Мілееўскай воласьці бліжэй к Бранскаму павету Арлоўскай губэрні жывуць палешукі. Граматных больш, як у нас, бо тут працуе земства, але культура зямлі горшая і ніжэйшая, як у Беларусі. П’янства большае, як у нас”.
Шмат месца ў кожным нумары “Нашай Нівы” адводзілася самой Вільні, з якою часьцяком параўноўваўся Менск: “Вільня – найбольшы горад у Беларусі і Літве. Тутака жывуць 174 тысячы народу; гэта па велічыні дзясяты горад у Расеі. Папярэднія 9 – гэта Пецярбург, Масква, Варшава, Адэса, Лодзь, Кіеў, Рыга, Харкаў, Баку. У Менску – 106 тысяч. Гэта другі горад у краі”.
Пазьней параўнаньне Вільні й Менску, пасьля таго ўжо, як стане зразумела, што сталіцаю Беларусі будзе Менск, адлюструецца ў праграмным артыкуле Антона Луцкевіча “Два цэнтры”, дзе аўтар сьцьвердзіць, што Вільня па-ранейшаму мусіць заставацца беларускай культурнай сталіцай, тады як Менск павінен быць цэнтрам адміністрацыйна-палітычным.
За прамінулае стагодзьдзе шмат разоў зьмянялася аблічча і Вільні, і Менску. Менск некалькі разоў руйнаваўся і будаваўся наноў, Вільня перажыла прыніжэньне да статусу міжваеннай польскай правінцыі, за што францускі пісьменьнік Рамэн Гары, які ў тыя часы гадаваўся тут, назаве яе “захалусьцем Усходняй Еўропы”. Сёньня Вільня рыхтуецца да 2009 году, калі яна стане культурнай сталіцай Еўропы. Менск, тым часам, далёкі ад падобных праблемаў. Пасьля Варшавы альбо Масквы Вільня і Менск выглядаюць гарадамі менш жывымі. Вільня такая, бо па сёньняшніх мерках зусім невялікая. Менск такі, дзякуючы заведзенаму ў ім парадку. Ён нагадвае музей, дзе з будынкаў і вуліцаў акуратна зьмецены пыл, а людзі больш падобныя да экскурсантаў, якія сваёй прысутнасьцю толькі замінаюць так характэрнай для музею атмасферы чысьціні і сну.
І хоць Вільня за гэтыя сто гадоў мала чаго страціла, а Менск стаў цалкам іншым горадам, нешта зусім адваротнае адбылося з іх унутранай сутнасьцю. У Менску тая сутнасьць засталася па-ранейшаму неразбуджанай, а ў Вільні – быццам стаілася да нейкіх іншых часоў. Пасьля ўздыму 1990-х, калі ў беларускай паэзіі зноў пачалі пісацца вершы пра Вільню, наступіла чарговая пярэрва. І ў выглядзе газетаў паэмы сёньня ня пішуцца таксама. Мне цікава з гэтага гледзішча зірнуць на журналістыку на старонках стогадовае “Нашай Нівы” і параўнаць яе з журналістыкай сёньняшніх СМІ.

СМІ праз сто гадоў
Дыскусіі ў “Нашай Ніве” сто гадоў таму нічым не нагадваюць палемікі сёньняшніх журналістаў. Напрыклад, гаворка пра выбар графікі для беларускай мовы. Пяць першых гадоў НН выходзіла і кірыліцай і лацінкай, але ўрэшце з фінансавых меркаваньняў мусіла пакінуць толькі адзін варыянт і спынілася на кірыліцы.
З аднаго боку, пытаньне гэтай палемікі магло быць вырашана толькі на дзяржаўным узроўні, а дзяржавы беларускай яшчэ не было. Таму калі ў 1916 годзе той самы рэдакцыйны калектыў пачаў выдаваць газету “Гоман”, ён вярнуўся да дзьвюх графік. З іншага боку, сама тэма палемікі сьведчыць пра дзяржаўны ўзровень мысьленьня пачынальнікаў. І гэта першае, што адрозьнівае іх ад нашых сучасных журналістаў – і афіцыёзных, якія палемізуюць хутчэй супраць нацыянальнай дзяржаўнасьці і яе атрыбутаў, бо застаюцца ў душы грамадзянамі адной з савецкіх рэспублік, і апазіцыйных, якія палемізуюць супраць антыбеларускае па сутнасьці ўлады і формы дзяржаўнасьці. Таму падкрэсьлю галоўнае — дзяржаўнае мысьленьне адрозьнівае стогадовую НН ад сёньняшніх СМІ ў Беларусі.
Адсюль паходзяць і ўсе астатнія адрозьненьні. Найперш – тон. Стваральнікі сучаснай беларускай нацыі ставіліся да яе па-бацькоўску. Веліч задачы вымагала ад іх велікадушнасьці, мудрасьці і цярплівасьці, што і выяўлялася ў манеры размовы з чытачом. Вось характэрны эпізод перапіскі з чытачамі ў рубрыцы “Паштовая скрынка”:
“М. Жалудак Лідзкага павету, Віленскай губэрні. Земляробу Р. Калі ў вас народ цёмны і ня хоча нічога чытаць, з гэтага выходзе якраз тое, што трэба дабівацца, ня гледзячы ні на якія перашкоды, каб ён прывыкаў да кнігі, газэты. Англічане, напрыклад, іншы народ, як мы, беларусы; ён калі павядзе сваю лінію, то ўжо не затрымаецца. А наш беларус будзе перш вылічаць розныя перашкоды, а потым палезе на печ...”
Дзеці (нават калі гэта цэлы народ) гадуюцца й вырастаюць у атмасферы сям’і, а не палітыкі, і толькі ў такой атмасферы народ набывае тыя ўнутраныя перакананьні й каштоўнасьці, якія зробяць яго нацыяй.
Стогадовую “Нашу Ніву” ніяк не назавеш палітызаванай газетай, бо іншая, большая ў яе задача. Яна нагадвае лемантар “з рысункамі”, прычым ня ў сэнсе прымітывізму, а якраз наадварот – у сэнсе інтэлектуалізму. Простымі словамі расказаць пра складаныя рэчы. Не заплятаць элементарныя думкі ў слоўныя бароды, ня хлусіць, не выстаўляцца. Гэта ўсё таксама робіць стогадовую НН газетай на ўсе часы і адрозьнівае яе ад сучасных СМІ, дзе над простаю праўдай часта дамінуюць ідэалагічнае круцельства, фанабэрыя аўтара і ўсялякія іншыя другасныя матывацыі.
З уласнага досьведу ведаю, што сучасная незалежная прэса ад самых сваіх пачаткаў 20 гадоў таму адчувала на сабе недаверлівы і быццам раўнівы позірк тых, хто займаўся й займаецца незалежніцкай палітыкай. Прынамсі, поўнага паразуменьня тут ніколі не было. І гэта таксама адрозьнівае наш час ад стогадовага. Тагачасная Беларуская Сацыялістычная Грамада мысьліла сябе адной з галінаў шырокага беларускага руху, вяршыняй якога і была першая беларуская газета, у якой акумулявалася ўсё беларускае жыцьцё, а партыйныя амбіцыі БСГ ці асобных палітыкаў у дачыненьнях з газетай не выяўляліся ўвогуле.
Натуральна, маючы дзяржаўніцкую праграму, “Наша Ніва” не магла пачувацца чымсьці апазіцыйным, рэфлексным, а ў выніку — другасным. Яна пачувалася зоркай-праводніцай.
“З гэтым днём “Наша Ніва” ўступае ў пяты год свайго жыцьця. Вось, чатыры гады таму назад горстка людзей заснавала першую беларускую газэту, засьвяціла зорку – праводніцу нацыянальнага жыцьця, пазвала сыноў забытага краю шукаць згубленую ў паходзе вякоў сваю народную ідэю. Горстка пасланцоў, весьцячых беларускаму народу добрую навіну, з году ў год усё разрасталася...
Забыты народ, як зерне пад прамянямі сонца, як Лазар пад дзействам дзіва, ажыў... Добрая навіна сьветлага, будучага, культурнага жыцьця, як звон сьвяточны пранеслася па краю і клалася ў вушы і сэрцы сыноў, аж сэрцы тыя ўскалыхнуліся вялікай міласьцю да роднай зямлі.
Празначаным сьледам ідзем зь верай у гэты Новы Год, ведаючы, што як край наш шырокі, усюды нас спаткаюць браты нашы, што сямейка наша ўзрасла, што ў цяжкай працы досьвіткаў нашага адраджэньня маем сьвежыя, новыя, неспрацаваныя рукі. Дык зь верай у новую, сьветлую будучыню вітайма, браты Беларусы, гэты Новы Год!”
Хто цяпер такімі словамі зможа апісаць ролю сваёй газеты ў жыцьці краіны і нацыі...
Апазіцыйныя выданьні сьціраюць у пыл дыктатарскі рэжым, не даючы практычна ніякай пазітыўнай праграмы, а афіцыйныя даюць адзін пазітыў, але спрэс фальшывы. Зрэшты, так яно, відаць, і мусіць быць. Газеты – люстэркі свайго часу. Што да стогадовае НН, яна не была ўласна газетай, СМІ. І таму засталася захапляльнай чытанкай на ўсе часы.

l l l
З моманту стварэньня першае беларускае газеты гісторыя, зрабіўшы кола ў пяць эпох, збольшага вярнула сітуацыю НН на ранейшы рубеж. Гэта ў 20-я гады было шмат беларускіх газетаў па абодва бакі польска-савецкай мяжы. Пасьля — яшчэ некалькі віткоў гісторыі, і вось праз 100 гадоў – зноў фактычна адна беларуская газета і зноў – “Наша Ніва”, і ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці публікі – той самы... Нягледзячы ані на інтэрнэт, ані на мабільную сувязь ці там заваёвы космасу.
Але зьмяніліся акцэнты журналістыкі. Сто гадоў таму галоўнымі тэмамі “Нашай Нівы” былі ня столькі палітычныя паводле свайго характару, колькі грамадс­кія палемікі: з чарнасоценцамі і русафіламі – за беларускую нацыянальную ідэю, з засільлем расейскага праваслаўя (пры абавязковай згадцы беларускай праваслаўнай традыцыі), з п’янствам (“У нашым мястэчку чуць ня ў кожнай хаце – шынок”, — пішуць з Валожына), з цемнатой народнай і яе галоўнымі праявамі: дзікунствам нораваў, неадукаванасьцю і непрафесіяналізмам. Сёньня ўсё збольшага зводзіцца да Лукашэнкі і рэфлексіяў на ягоныя словы ды ўчынкі (пратэставых ці ўхвальных – у залежнасьці ад таго, апазіцыйны гэта СМІ ці дзяржаўны).
У прынцыпе мала чаго зьмянілася ў грамадстве. Чарнасоценцы-западнаросы па-ранейшаму вядуць рэй і ва ўладзе, і ў СМІ, і ў царкве. П’янства – на месцы. Цемната народная – таксама. Адно што за сто гадоў усе гэтыя заганы, прайшоўшы праз гарніла пралетарскае пыхі, набылі ваяўнічы характар, а за беларушчыну цяпер можна лёгка трапіць “на суткі”.
Калі стогадовая НН адсочвала кожную праяву нацыянальнай ці гаспадарчай ініцыятывы на месцах, дык зараз інфармацыя пра такія рэчы цалкам можа вы­глядаць на данос.
Вось, прыкладам, паведамленьне 1915 году пра пачаткі прыватнага бізнэсу – такія праблемныя ў сёньняшняй Беларусі “маршруткі”:
“Жыхар м. Ракава Н.Пазьняк стараецца аб пазваленьні наладзіць яму перавозку пасажыраў на аўтамабілі паміж ст. Заслаўем і м. Ракавам і паміж м-мі Ракавам і Івенцам”.
Відавочна, што машыны ў гэтага ракаўскага Пазьняка ніхто не адбіраў, а сам ён на знак пратэсту не абвяшчаў галадоўку.
Альбо – пра месца беларускай мовы ў грамадстве. У першым жа нумары Алаіза Пашкевіч пад псеўданімам Мацей Крапіўка друкуе артыкул “Як нам вучыцца”:
“Доўга мы, беларусы, цураліся сваёй мовы і, як кажуць, хаваліся зь ёю за печ перад чужымі людзьмі. Вось і злажылася нейкая дурная пагаворка, што наша мова хамская, брыдкая, што на ёй ня можна гаварыць з вучоным чалавекам, ані пісаць кніжак, як на іншых “дэлікатных” мовах. Але гэта толькі выдумка. Тож дзьве-тры сотні гадоў таму назад усе законы і ўсе казённыя паперы пісаліся ў нас няйначай, як на нашай мове. Во і цяпер бачым: друкуюцца кніжкі, выходзіць ужо другая газэта. І ніхто не сьмяецца, ніхто не плюе на нашу мову – напроціў, суседзі літоўцы, палякі, украінцы спрыяюць нашай справе і жычаць спору ў рабоце”.
Гэта 1906 год – нібы наш пачатак 1990-х. А вось як становішча зьмяняецца. Прайшло восем гадоў:
“У Пінскім павеце прабуджаецца беларускі рух. Пішучы гэта сам чуў, як адна памешчыца беларуска загадала свайму служачаму, каторы гаварыў зь ёй на “культурнай расейскай мове”, гаварыць па-беларуску. Часы, калі гаварыць у сваёй мове лічылася ў беларусаў “мужыцтвам” даўно мінуліся. Астаецца пажадаць толькі, каб усе памешчыкі беларусы пайшлі сьледам тэй патрыёткі-памешчыцы, тады б нашы сяляне сталі б болей шанаваць мову сваіх продкаў”.
Праўда, калі вяртацца да тэмы “даносаў” на беларускіх актывістаў, заўважце, што ніякай канкрэтыкі ў гэтай інфармацыі няма. “Адна памешчыца” ў цэлым Пінскім павеце – паспрабуй такую знайсьці. Дый за што, за якое злачынства яе шукаць? Гэта калі б сёньня яна ў вочы амапаўцам сказала “калі ласка”, маглі б і аштрафаваць за нецэнзурную лаянку. Дарэчы, такі прынцып ананімнасьці ў той колішняй НН ужываўся вельмі часта. Галоўнае – сутнасьць падзеі і норавы лю­дзей, а ня іх адрасы і прозьвішчы. Дзякуючы гэтаму таксама першая беларуская газета і сёньня чытаецца як эпас.
“Кітай шпарка разьвіваецца, і сіла яго расьце” – фраза, нібы з сёньняшніх газетаў, а гэта 1911 год. Альбо: “Зь Менску”: “Гарадзкі галава задумаў праславіць сябе і падыймае справу аб збудаваньні новае ратушы”. Ці вось яшчэ:
“Неспадзяваная сьмерць прадсядацеля міністраў П.А.Сталыпіна паказвае яшчэ адзін лішні раз, што гасударственае жыцьцё не апіраецца і ня можа апірацца на адным чалавеку, хаця б ён і быў дужы, і здольны, хаця б уся ўласьць была ў яго руках...”
І зноў як жыва гэта ўсё сёньня: “Г. Дзісна. За Дзьвіной у нас з давён-даўна была старэнькая драўляная царква, будаваная ў пекным беларускім стылю, і заўсёды вока міла спачывала на ёй, бо стаяла на высокім, відочным месцы. Летась гэту царкоўку збурылі і будуюць новую мураваную, але ўжо не ў тутэйшым стылю; а шкада, бо будзе яна выглядаць тут чужаніцай, занесенай з Суздалю ці Масквы”.
А вось як падавалася праблема сурагатнай гарэлкі, што не сыходзіць са старонак і сёньняшніх газетаў:
“С. Вялікая Ліпа. Наваградзкага пав. Менскай губ. На Сёмку ў мястэчку Ішкалдзі што лета бывае вялікі кірмаш на быдла. Шмат народу едзе на гэты кірмаш. Так было і сёлета. З самай раніцы адусюль цягнуліся людзі – да Ішкалдзі. Разам з сваім братам Тодарам выбраўся на кірмаш і Казюк Радаман зь вёскі Кляпачоў. На дарозе знайшлі яны кусок сала, хлеб і кварту гарэліцы. Усьцешыліся браты. Выпіў Казюк са дзьве чаркі; маніўся зрабіць таксама Тодар, але не пасьпеў. Казюк тым часам яшчэ й не закусіў, як вытарашчыў вочы і пачаў вырабляць вар’яцкія штукі: крычаў, кусаўся, кідаўся, — а нарэшце скончыў сваё жыцьцё. Тодар – хаця і мала пацягнуў, а і то ўсё корчыўся і ванітаваў, — відаць гарэлка нішто!”
Інфармацыйныя паведамленьні “Зь Беларусі і Літвы”, “З усіх старон”, рубрыка “Паштовая скрынка” балансуюць на мяжы рэпартажу і мастацкае занатоўкі:
“Станцыя Заслаў Менскай губэрні і павета. Баляславу Віткоўскаму. Вы ўжо другі раз просіце рэдакцыю (?!) выдаць вам сьвядоцтва... “18 гадоў, акончыў весь курс сваёй навукі па станковых, качагарных, пілаточных, кузьнецкіх работах, і ня п’яніца ніякі...” Не разумеем, на якую хваробу вам гэта сьвядоцтва ды яшчэ ад “Нашай Нівы”. Зайдзіце да доктара!”
Альбо вось, наўгад:
“Навасёлкі, Віленск. губ. Сьвянцянскага пав. Ноччу на дарозе, што вядзе з Смаргоні ў вёску Старая Рудня, натрапілі на нейкага забітага нежывога ўжо чалавека. Ураднік мясцовы зараз жа паведаміў аб гэтым нашага прыстава Абрамовіча. Той з паліцыяй прыехаў на месца і пасьля допыту людзей натрапіў на вінаватых. Гэта тры браты Пятрусь, Язэп і Юрка Фомічы, а забілі яны чалавека з памшчэньня. На калёсах у іх надворку знойдзена колькі кропель крыві, а ў скрынцы ў хаце патрапілі на саўсім скрываўлены кулёк. Яны сьпярша не прызнаваліся, але потым расказалі аб усім па шчырасьці. Іх арыштавалі”.
Мала сказаць, што кожная самая глухая вёска тут ажывае, але кожны допіс, нібы радок эпасу, дазваляе расшыфраваць сябе вялікім артыкулам альбо нават і кніжкай.
Ведаю я гэтыя Навасёлкі каля Старой Рудні. У грыбны сезон тут у лясах народу шмат. А ў астатні час гэта – дзясятак жылых хатаў, да цэнтру сельсавету – 15 км праз пушчу, да цывілізацыі – 8 км, і тое калі не залье дажджамі і не занясе сьнегам грунтовыя дарогі. Узімку сюды нават аўталаўка даязджае рэдка. Хоць гэта мяжа Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, бераг Вяльлі, у часы “Нашай Нівы” – зусім не глухі край, ня тое, што сёньня.
Дарэчы, мерцьвяка таго, паводле апісаньня, знайшлі за 8 км ад Навасёлак, там, дзе Смаргонская дарога з Жодзішак за мастом на Старую Рудню паварочвае на гэтыя самыя Навасёлкі. Дзіўна, што пісаў карэспандэнт ня з Жодзішак – немалога мястэчка, і не са Старой Рудні, таксама ладнай вёскі, а з гэтых глухіх Навасёлак. Можа таму, што якраз там знайшлі злачынцаў? Але, па ідэі, найперш мусілі шукаць у Жодзішках і Рудні, а не за 8 км. Штосьці тут з чымсьці не стасуецца. Можа, зьезьдзіць у тыя Навасёлкі? Пэўна там якая бабулька памятае, што старыя казалі пра забойства. А там, глядзіш, намалюецца цэлая карціна таго жахлівага памшчэньня. Вось вам і дэтэктыў, і народная драма, і што яшчэ сабе хочаце.
Літаральна ў кожным нумары НН знойдзецца дзясятак і больш тых эпасных радкоў, з якіх вырастаюць кнігі. А ўжо да чаго любяць у нас усялякія страшныя гісторыі, асабліва як расказваць іх нанач:
“Каля нас (Віцебская губ. Лепельск. пав.) чуваць, што недзе каля Даўгінава муж жонку зьеў. Кажуць, было гэта так: любіў дзяцюк дзьве дзеўкі, адну ў сваёй вёсцы, а другую ў суседняй, і тэй, што ў суседняй, прыстараўся бахура, а з бліжэйшай ажаніўся. Прайшло некалькі часу, паехаў ён у Даўгінаў на кірмаш і спаткаўся там з тэй дзяўчынай. Яна запрасіла яго ў карчму на падвячорак і там дала яму зьесьці два піражкі. Калі ён прыехаў дамоў і селі вячэраць за стол, грызь ён жонку за плячо. Ну, — кажа жонка, — здурнеў ты ці што! Гэтак укусіў, як сабака! – А ён яшчэ. Бацька відзіць, што ён дрэнна жартуе, трах яго лыжкай у лоб. Ляглі спаць. Назаўтрае як усталі, то знайшлі ад кабеты толькі косьці, а ён увесь у крыві, наеўся як бочка, вочы вылупіў, нічога не гаворыць і зара і сам памёр. Гэта я чуў ад цёткі Алены, а ёй баілі ў Струкоў, дзе яе дачка замужам, і ніяк ня мог дазнацца я лепей, ці гэта толькі можа дзе званы адліваюць, ці і ўзапраўды нешта падобнае было”...
Газетны рынак сто гадоў таму ў Беларусі мала чым адрозьніваўся ад сёньняшняга. Выходзілі вялікія афіцыёзныя і, ясная рэч, рускамоўныя “народныя газеты” і маленькія, ліберальныя, але ня менш рускамоўныя, нібы нават і апазіцыйныя публікаткі. Характар афіцыёзу і апазіцыйнасьці задаваўся тады з Санкт-Пецярбургу. Большасьць жа рынку займалі разбухлыя ад абвестак пра ўсё на сьвеце газеткі “з рук у рукі”, што таксама глядзеліся маргінальна на фоне піцерскіх і маскоўскіх першаўзораў. Па аналогіі і па сутнасьці я далучыў бы ў сваё параў­наньне менскія ФМ-станцыі і, вядома ж, тэлеканалы – паводле характару тыя самыя правінцыйныя копіі маскоўскіх арыгіналаў, што і “северо-западные жизни” пачатку стагодзьдзя... Тады, на пачатку стагодзьдзя ўвесь гэты газетны шум зьнік пры першай зьмене агульнапалітычнай сітуацыі. Яго яшчэ згадвалі пасьля ў вузкіх дасьледаваньнях навукоўцы, але ў прынцыпе сыйшоў ён як дым. А за­сталася... Засталася “Наша Ніва” – у школьных праграмах і ў сэрцах многіх як сьвятыня. Засталася ў бясконцых цытаваньнях і перадруках, а ўрэшце – у фак­сімільным перавыданьні. Тая “Наша Ніва” – першая беларуская газета з рысункамі і з накладам, што сягаў хіба трох тысячаў. Міжволі падумаеш пра падманныя вяршыні твайго часу, якія некалі ў адно імгненьне сыйдуць у нябыт, і пра непрыкметныя зьнешне падзьвіжніцкія праекты, якія і ўтвараюць вечнасьць.

Галоўныя героі
Яшчэ з часоў вучобы на факультэце журналістыкі ў некаторых маіх сукурсьнікаў засталося пачуцьцё нехаці называць сябе журналістамі, а тое, што мы робім – журналістыкай. Мы хацелі паведамляць навіны ды аналізаваць падзеі з натхненьнем паэта, з віртуознасьцю музыкі, каб нашыя галасы гучалі ў боскай гармоніі агульнага хваласьпеву сваёй зямлі й народу. Тым часам журналістыка на практыцы была заняткам даволі руцінным, з вялікім дамешкам таго, што называюць палітычным цынізмам. А да ўсяго дадаваліся ледзьве не абавязковыя для кожнага журналісцкага калектыву ўнутраныя плыні, што паўставалі з барацьбы за месца пад сонцам у тонкай ерархіі малога й вялікага рэдакцыйнага начальства, якое заўсёды было капрызьлівым і амаль ніколі не абцяжарвала сябе тлумачэньнем уласных рашэньняў. Словам, у журналістыцы прываблівала творчасьць, але называцца журналістамі не хацелася. Нездарма яшчэ на першым курсе журфаку старэйшыя студэнты адразу паведамлялі нам хто з гонарам, а хто з горыччу: журналістыка — гэта другая паводле старажытнасьці прафесія. Пасьля прастытуцыі. На ўвазе мелася нібыта ўласьцівая журналісту прадажнасьць.
Натуральна, свае ідэалы журналістыкі мы знаходзілі не ў савецкіх і не ў заходніх газетах, хоць і там, і там было чаму павучыцца. Па ідэалы даводзілася азірацца кудысьці ў пачатак мінулага стагодзьдзя. Там адшуквалася тая натхнёная журналістыка, у аснове якой ляжаў “механізм” паэзіі. Сто гадоў таму ў “Нашай Ніве” гэты “механізм” працаваў бяз збояў.
Рэдактары-пачынальнікі з агульнага патоку інфармацыі абіралі ня толькі важныя актуальнасьці і пазнавальныя цікавосткі, а найперш тое, дзе адбіваліся этычныя калізіі дачыненьняў у тагачасным беларускім грамадзтве.
“Лебедзеўская воласьць, Віленскай губ. Вялейскага павету. Памешчык К. хацеў пабудаваць для сялянскіх дзяцей гаспадарскую школу. На гэта ён даў грошы і, апрача таго, адсек кавалак зямлі і даў патрэбны на гэта лес. Справа затрымывалася толькі за прыгаворам сялян. Сабраліся сяляне на сходку і сьпярша не хацелі, а посьле згадзіліся зрабіць аб гэтым прыгавор. Але зрабіўшы прыгавор, грамадой пайшлі да памешчыка К., вымагаючы, каб ён даў ім магарыч за тое, што яны згадзіліся на будоўлю школы! Гледзячы на гэта, прыходзіш чалавек да перакананьня, што народ наш як нялетняе дзіця, ня ўмее адрожніць правай рукі ад левай і не разумее, дзе яго карысьць, а дзе шкода”.
Гэты эпізод — ня толькі пра цемнату народную, маўляў, нашто нам тая школа, а калі й хочаш школы для нашых дзяцей, давай грошы. Тут усё больш складана. Гаворка йдзе пра дачыненьні сялянаў з панамі-памешчыкамі, якія насамрэч былі зусім не такімі, як падавала іх савецкая школа. Жорсткі і несправядлівы памешчык-эксплуататар у Беларусі пачатку мінулага стагодзьдзя быў чыстым анахра­нізмам чужой гісторыі. Тут якраз сяляне нярэдка “круцілі” памешчыкамі, адчуваючы пры гэтым падтрымку афіцыйнае ўлады.
А пачалося ўсё яшчэ ў папярэднім, 19-м стагоддзі, калі на далучаных да Расеі беларускіх землях адначасова адбываліся некалькі важных грамадзкіх працэсаў. З аднаго боку, расейская ўлада масава перахрышчвала сялянаў з уніяцкае веры ў праваслаўную, тым самым разводзячы іх і беларускае дваранства па розных канфесіях. З іншага боку, шляхта адно за адным падымала антырасейскія паўстаньні за незалежнасьць, за што расейская ўлада помсьціла шляхце калі ня шыбеніцай і катаргай, дык паніжэньнем у правох і прыніжэньнем у грамадскай думцы. Ужо ў часы паўстаньня Каліноўскага нярэдкія былі выпадкі, калі “добранадзейныя” сяляне за грошы здавалі сваіх “нядобранадзейных” паноў расейскай адміністрацыі, якая ўжо сама разьбіралася з добранадзейнасьцю і нават калі адпускала такога памешчыка дахаты, дык уявіце, з якой рэпутацыяй у вачах сялянаў.
Сто гадоў таму памешчыкі Беларусі выразна падзяляліся на праваслаўных, якія прыехалі сюды з Расеі ў абозе Мураўёва, і каталікоў – тутэйшых, часта апалячаных дваранаў. Вобраз першых нам добра знаёмы з класічнай расейскай літаратуры. Пра другіх жа мы ня ведаем амаль нічога. Чытаючы пра іх у старых кніжках, міжволі параўноўваеш іх з сёньняшнімі дэмакратамі ў інтэрпрэтацыі дзяржаўнае прапаганды і кухоннай плёткі. Надоечы мне трапіла ў рукі такая старая даваенная кніжка — аўтабіяграфічны раман Антона Мілера “Пакліканьне” – пра выхаванцаў Віленскай духоўнай семінарыі. Эпізод адносіцца да канца 19 ст.:
“Слухаючы гутарак на кухні, чуў я сказ: “паны зьбяднелі, прагарэлі”. Старая кухарка Сафея была тэй думкі, што “калі-б паны за картамі не сядзелі і за бабамі не ганялісь, то б цар іх ня трогаў”.
Цяпер мы ведаем, калі й чаму прапала пашана мужыка да пана – а менавіта да тутэйшага памешчыка-каталіка-беларуса. І што было далей, вядома. Вобраз памешчыка, створаны савецкай прапагандай, гэтую вольніцу хама перад панам замацаваў у сьвядомасьці пакаленьняў. Фраза “мы ўніверсіцетаў не канчалі” стала гучаць горда. І ўсё гэта ў такім вось выглядзе прывандравала ў наш сёньняшні грамадскі быт. Мы ў масе сваёй так і не даведаліся праўдзівай гісторыі, так і ня ўведалі, што беларускі памешчык і пан – зусім ня той расейскі, з твораў Ганчарова ці Гогаля. А ў выніку эпізод з гаспадарскай школай у “Нашай Ніве” трэба ўспрымаць як правобраз сёньняшняга заняпаду беларускае школы, дзе бацькі, пастаўленыя перад патрэбай пісаць адмысловыя заявы на навучаньне дзяцей па-беларуску, масава сказалі “Очань нада!” і леглі на дзяржаўную плынь русіфікацыі, якая для навучаньня па-расейску ніякага напружаньня ў выглядзе заяваў і асабіс­тае далучанасьці да адукацыі іхных чадаў не вымагала.
Што да беларускіх паноў, дык некалі мы перагледзім іх ролю ў гісторыі краіны. Бо большасьць іх, якія ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай не ўцяклі за мяжу са сваімі капіталамі, хоць мелі такі выбар, былі сапраўднымі патрыётамі, носьбі­тамі маральнага кодэксу грамадзяніна Вялікага Княства, людзьмі высокае культуры і адукацыі. Гэтая большасьць заплаціла за свой патрыятызм жыцьцём, свабодай, разарэньнем, а ўрэшце, што, можа быць, самае страшнае, пашанаю з боку наступных пакаленьняў, для якіх каштоўнасьцю стала басяцтва, невуцтва і прымітывізм быту, а высокія мэты былі замененыя жывёльнымі інстынктамі.
У “Нашай Ніве” сустракаюцца эпізоды з удзелам зьбяднелага беларускага дваранства, якія таксама ня вытлумачыш з дапамогай савецкіх альбо сёньняшніх ідэалагічных лякалаў:
“Фальварак Ляўшова, Менскай губэрні, Барысаўскага павету. Яшчэ леташняй вясны ў тутэйшага шляхціца Ч. нехта з-пад сена ўкраў некалькі снапоў акалоту і выцягнуў касу. Ч. пасьля нейкага часу прызнаў сваю касу ў свайго ж сваяка Р. Завялі суд. Але на судзе Ч. ня мог давесьці, што гэта яго каса. Суд адлажылі. Р, баючыся, што яго засудзяць, што раз больш і больш набіраў сьведак (а ў нас іх хоць гаць гаці!), і гэтак валтузіліся аж да сёлетняга году. Колькі то раз езьдзілі да земскага за тры мілі, два разы апынуліся ў зьезьдзі. Вось і абышлася гэтая каса Р., як ён сам прызнаецца, больш за сотку рублёў; нямала каштавала яна і Ч.; дый нічым так і ня скончылася справа. Ня кепска, відаць, яшчэ нашым жывецца, калі на глупствы выкідаюць столькі грошы і столькі марнуюць часу”.
Тут у аўтары паведамленьня загаварыў знаёмы сёньняшні рацыяналіст. А мне дык убачыўся водгук тых часоў, калі кожны дзясяты беларус быў шляхтай і вышэй за ўсё ставіў свой гонар. Хоць бы ўвасабленьнем гонару была простая сялянская каса. Можна глядзець на яе як на падставу для насьмешкі, а можна — як на сімвал блізкасьці да зямлі. Бо з часоў раньняга Сярэднявечча беларускія рыцары-шляхта ад дзяцінства не цураліся сялянскае працы і мусілі быць блізка да зямлі, каб заўтра, ідучы ў чарговы ваенны паход, ведаць, што яны бароняць і за што гатовыя на пагібель.
Гардыня і гонар, сьмяротны грэх і доблесьць – вось што адрозьнівае герояў апавяданьняў пра школу і пра касу.
Зразумела, што нашаніўцы, выхаваныя на ўзорах беларускай сацыяльнай ідыліі – з твораў Дуніна-Марцінкевіча, імкнуліся згарманізаваць гэты падзел паміж дваранамі й сялянамі. Тым больш, што ўласна сацыяльнага, маёмаснага падзелу найчасьцей ужо й не было. А вось прававы — быў. Прычым, не на карысьць шляхты.
“Вялікія Бясяды, Менскай губэрні, Барысаўскага павету. Многа каля нас дробнай шляхты. Усе яны каталікі; гавораць дома па-беларуску, як паявіцца чужы чалавек, то прабуюць гаварыць па-польску, але гэта ня вельмі добра выходзіць.
Шляхта гэта народ працавіты. Іншыя жывуць на сваёй зямлі, а іншыя арандуюць. Блізка ўсе ўмеюць чытаць і пісаць па-польску і па-руску, але да большай навукі ня горнуцца. Ад газэты і кніжкі, як ад чартапалоху старонюцца. І вось, замест быць для мужыкоў добрым прыкладам, яны й гаспадараць ня лепш за мужыкоў, хоць часам маюць шмат зямлі, і аб чарцы таксама не забываюць. Мужыкі зь імі жывуць згодна і дружна.
Адна толькі бяда, што шляхта, мяшчане і мужыкі, маючы адзін валасны суд, не выбіраюць разам судзьдзяў, а маюць гэтае права адны толькі мужыкі. Праз гэта бывае, што валасны суд воўкам пазірае на засьцянковага шляхціца беларуса. Каб жа завялі адзін выбарны суд для ўсіх на роўных правох, дык згінула б гэтая прычына няпрыязі”.
Такім чынам этыка зьбяднелых арыстакратаў спалучалася з традыцыйнай сялянскай. Таму і жылі ў згодзе. У прынцыпе гэта і складала асноўную адметнасьць тагачасных дачыненьняў паміж беларусамі.
Арыстакратычная беларуская этыка, як праблема, усё глыбей заганялася кудысьці ў падпольле спачатку ўладамі Расейскай імперыі, потым савецкай Беларусі і цяпер вось Рэспублікі Беларусь. Але як праблема яна толькі набрыньвала і працягвае набрыньваць ды знаходзіць сабе самыя нечаканыя выхады. Хоць традыцыйны выхад для яе – гэта высокая культура, якая цяпер таксама перасьледуецца палітычным рэжымам. Гісторыя з Саюзам пісьменьнікаў, з тэатрам Мазынскага, з забаронай рокераў – гэта, як ні дзіўна, па сутнасьці сваёй усё тая ж гісторыя пра шляхту з Вялікіх Бясядаў, пазбаўленую выбарчага права.
Калі ж “выняць” шляхецкую тэму з калонак чалавеказнаўчых навінаў НН, дык застанецца поўны пералік людскіх жарсьцяў, заганаў ды вычварэньняў у самых разнастайных праявах. Галоўная “рухальная сіла” ў тагачасных норавах – усё тая ж народная цемната.
“Надоечы ў Вільні было такое здарэньне: работнік Ю.Балюкевіч, ачышчаючы ад сьнегу палатно на чыгунцы знайшоў вялікі набой. Каб даведацца, што ў ім сядзіць, Балюкевіч палажыў яго на рэйцы ды стукнуў зьверху ломам. Раздаўся ўзрыў, каторы адарваў Балюкевічу колькі пальцаў на абедзьвюх руках, выбіў левае вока і параніў увесь твар”.
“У вёсцы Тарасовічы Наваградзкага павету ў часе спрэчкі за зямлю паміж суседзямі Лойкам і Касьцень узьнялася бойка, прычым Лойка так спрытна ўдарыў палкай па галаве Альжбету Касьцень, што тая павалілася і памерла”.
“Маліноўшчына Віленскай губэрні Ашмянскага павету. У нас праз гарэлку здарыўся нядаўна адзін смутны выпадак. Тутэйшы сталяр Янка Вашэта, хлебануўшы трохі залішне гары, захацеў яшчэ лепей падлімоніцца: узяў бутэльку і, забраўшыся ў бровар, палез у чоп набіраць бражку, дзе і ўваліўся з галавой. Па нейкім часе знайшлі яго нежывога. Відаць, задушыўся бражным газам, бо ўта­піцца ня мог, дзеля таго, што ў чопе бражкі было толькі да пояса”.
Гэтыя паведамленьні ўжо нібы з сёньняшніх газетаў, і дазваляюць параўноў­ваць, як зьмянілася наша жыцьцё за гэтыя сто гадоў. Бадай, ніяк і не зьмянілася. Чаго ня скажаш пра наступную інфармацыю:
“Радашкавічы, Віленскай губэрні, Вялейскага павету. У Радашкавічы прыяжджаў зь Вільні госьць. Госьць такі, каторым даўно пара зьвясьціся на гэтым сьвеце.
Прыехаў нікому ня знаны жыд, багата і фанабэрыста адзеты і закватараваў у аднаго тутэйшага гандляра коньмі. Вечарам – а гэта было пад суботу, стаў цягацца гэты злыдзень па хатах, дзе сабіралася моладзь, і пачаў нагаварываць маладзенькіх дзяўчат на службу ў Вільню, нібыта да магазыну шыцьця сваёй жонкі, абяцаючы па 50 рублёў платы ў месяц, на ўсём гатовым. Гэткая пасула зразу кальнула шмат каму ў вочы і паказалася падазронай. Тутэйшыя жыдкі – хлопцы скора разьнюхалі, што гэты багатыр – франт – гандляр жывым таварам. Выклікалі яны яго за цэркаў, быццам для нейкіх угавораў і... усыпалі-усыпалі, колькі ўлезла”.
Тут трэба каторы раз патлумачыць, што слова “жыд” у беларускай традыцыі ў цэлым, і ў “Нашай Ніве” ў прыватнасьці, ня мела абразьлівага адценьня. Проста слова “яўрэй” у беларускай мове не было. Яно зьявіцца ў савецкія часы на ўзор мовы расейскай, дзе яўрэй – гэта нацыя, а жыд – абраза. Каб зразумець, як яно было ў нас, трэба зьвярнуць увагу на мовы нашых суседзяў, палякаў і літоўцаў, дзе “жыд” і “жыдас” так і засталіся назваю нацыі, і толькі.
Аднак вярнуся да замалёўкі пра таго, як мы цяпер кажам, габрэя.
Не, не сустракаў я сёньняшняй інфармацыі на гэтую ж тэму з такім фіналам. Можа, таму што “жыдкоў” у Беларусі амаль што не засталося. Гандаль жывым таварам беларусы ў габрэяў перанялі, а вось ролю тых, хто адвёў бы гандляра за цэркаў, — не. Між тым, стогадовая “Наша Ніва” якраз на гэтым акцэнтавала ўвагу. Вось канец занатоўкі:
“Цікаўна тое, што наракаюць у нас на прагавітасьць грошай у нашай маладзежы, але калі дайшло да гонару і чэсьці сёстраў гэтай маладзёжы, то патрапілі адказацца ад гэтай прагавітасьці. Віленскі госьць аддаваў ім і свой залаты гадзіньнік, і грошы, але хлопцы гэткага запаганенага выкупу адракліся, і ўзяць – не ўзялі, а даць – далі”.
Калі вы ўважліва чыталі паведамленьне, дык адцемілі, што гэтая пахвала “нашай маладзежы” належыць зусім не беларускім хлопцам, а габрэйскім, якія надавалі кухталёў свайму віленскаму супляменьніку. І гэта не таму, што, напрыклад, рабілі “Нашу Ніву” габрэі, якраз не, а таму, што такой была рэдакцыйная палітыка і такім было перакананьне пачынальнікаў беларускага руху.
Габрэйская тэма скразной лініяй праходзіць праз “Нашу Ніву”. Гэтай тэме прысьвячаюцца рэдакцыйныя артыкулы “Аб жыдох”, допісы з месцаў, шматлікія згадкі ў аглядных тэкстах. Як, напрыклад, гэтая – “Жыды і рэкрутчына”:
“Вось што піша дэпутат цяперашняй Гасударственай Думы Ніселовіч: “Як відаць зь перапісі 1897 году, у Расейскім гасударстві жыдоў крыху больш за 4 працэнты з агульнай лічбы жыцелёў. Калі б пры наборы бралі жыдоў з кожнай сотні па гэтулькі, як з сотні людзей іншых нацый, то між 318 тысяч рэкрутаў павінна было б быць жыдоўскіх навабранцаў 13 тыс. Тым часам у тым гаду жыдоў здалі ў салдаты 19 тыс. чалавек, значыць, узялі 6 тысяч жыдоў лішніх. Значыць, гутарка аб тым, быццам жыды менш за ўсіх даюць рэкрутаў, гэта – байка”.
Каб займаць такую пазіцыю, стваральнікам “Нашай Нівы” ня трэба было кагосьці любіць або не любіць. Такую пазіцыю падказваў здаровы розум. Глядзіце самі. Уся Расейская імперыя ахопленая хваляй габрэйскіх пагромаў і выкрывальніцкімі артыкуламі ў прэсе, дзе габрэі называюцца прычынаю ўсіх бед. Але і тут, як у выпадку з панамі-памешчыкамі, сітуацыя габрэяў у самой Расеі і ў Беларусі радыкальна адрозьніваецца. Калі там іх колькасьць ледзьве дасягала двух-трох працэнтаў, дык тут складала часьцяком палову і болей усяго насельніцтва гарадоў і мястэчак. Прычым там яны былі, як правіла, новапрыбылымі з паласы аселасьці, гэта значыць — адсюль, дзе яны жылі вякамі. Можна, вядома, казаць пра талерантнасьць беларуса, але ўявіце сабе, ці магчыма агітаваць на пагромы супраць паловы насельніцтва вашага гораду і вашага краю. Апроч таго, без удзелу габрэяў у Беларусі не магла рабіцца ніякая паважная справа – у тым ліку і “Наша Ніва”.
І рэч ня толькі ў тым, што, працуючы з фірмамі альбо з антыкварыятам (а менавіта з гэтых угодаў здабываліся галоўныя сродкі на газету), Іван Луцкевіч проста ня мог абмінуць кантактаў з габрэямі. Рэч у тым, што ад пачатку ня дзелячы жыхароў Беларусі паводле нацыянальнасьці, “Наша Ніва” патрапляла і ў закрытыя габрэйскія асяродкі, дзе таксама запальвала сэрцы, як гэта здарылася, да прыкладу, з навучэнцам ешыботу, будучым рабінам Зьмітраком Бядулем, які рабінам ня стане, а стане класікам беларускае літаратуры і ледзьве не народным паэтам. У пазьнейшым сваім артыкуле “Жыды ў Беларусі” Бядуля апіша, як дзякуючы “Нашай Ніве” адбылося знаёмства жыдоўскіх адраджэнцаў з беларускімі:
“У 1912 годзе, калі ў чарнасоценных газэтах “Северо-Западного края” паміж другімі нападкамі на беларускую газэту “Наша Ніва” ў Вільні, яе вінавацілі яшчэ і ў тым, нібыта яна выдаеццца то на польскія, то на нямецкія, то на расейскія, а таксама і на жыдоўскія грошы, некаторыя зь віленскіх жыдоўскіх журналістаў зацікавіліся гэтай “народнай” газэтай на “мужыцкай мове”. Пазнаёміўшыся з гэтымі “дзіўнымі” новымі нацыяналістамі са складу рэдакцыі “Нашай Нівы”, якія ня толькі не аказвалі нянавісьці да чужых нацыяў, але — наадварот — чым болей чужая нацыя нацыянальна ўсьвядомлена, тым болей яе шанавалі, жыдоўскія журналісты пачалі ў новаадкрытым для сябе руху знаходзіць усё новыя Амэрыкі і цуды. Аказалася, што беларусы-інтэлігенты ня толькі цікавяцца старасьвецкімі памяткамі культуры сваёй нацыі, але і культурамі другіх нацыяў, якія жывуць на Беларусі”.

Вайна палітыкі з культурай
У гэтым супрацьстаяньні мне бачыцца галоўны для нас урок стогадовае “Нашай Нівы”. Тады культура ў гэтай вайне перамагла, дзякуючы чаму мы маем цяпер сваю краіну і называем сябе беларусамі.
А ўвогуле згаданая вайна ідзе цягам усяго існаваньня чалавечае цывілізацыі. Калі палітыка ў грамадзкім жыцьці разглядаецца як толькі частка культуры, тады запаноўвае мір і суладнасьць. Калі ж наадварот, культура заганяецца ў рамкі палітычнае мэтазгоднасьці, тады пачынаецца вайна. Людзі губляюць адчуваньне часу і пачуцьцё рэальнасьці, чорнае здаецца ім белым, хлусьня выдаецца за праўду, а зло ўрэшце перасільвае дабро.
Варта зазірнуць у сёньняшнія газеты ці інтэрнэт-сайты – што дзяржаўныя, што незалежныя. Першай рубрыкай там ідзе палітыка, і толькі на дзясятым месцы, недзе пасьля крыміналу, спорту й бамонду – культура. Гэта значыць, што культурная прастора не пашыраецца на ўсё нашае жыцьцё, а палітыка і грамадства пазбаўленыя культуры. Адваротны прыклад – знакаміты польскі часопіс Ежы Гедройця, што адыграў не апошнюю ролю ў польскай палітычнай гісторыі і які Гедройць назваў “Культура” – з тым сэнсам, што ўсё наогул – культура, дзе яе няма, там пануе адно інстынкт і цынічная мэтазгоднасьць.
Калі палітыка не падпарадкаваная культуры, яна пазбаўленая глыбокага зроку і коўзаецца на плоскасьці, яна служыць толькі нейкім прыватным інтарэсам, а ўрэшце прыносіць адно беды. Тады зачыняюцца школы і тэатры, а пісьменьнікі і музыкі абвяшчаюцца персонамі нон грата.
Рана ці позна настае час, калі гэтыя паняткі разыходзяцца па розныя бакі лініі фронту і ператвараюцца ў абсалюты – абсалютнае дабро і абсалютнае зло. На хвіліну сьвет вакол нас азараецца рэальным сьвятлом. Дабро і зло не ўзаемапранікаць, як сёлетняя Плошча не магла ані перацячы ў планы лідэраў апазіцыі, ані злучыцца з ачапленьнем сьпецназаўцаў.
Вайна, пра якую гаворка, успыхвала заўсёды і працягвае ўспыхваць паўсюль у сьвеце. Тэракты ў Іраку і канфлікт з Іранам, карыкатурны скандал і гучныя забойствы журналістаў – усё гэта эпізоды вайны палітыкі з культурай. Дзесьці гэтая вайна гарачая, а дзесьці – халодная, як у нас, дзе грамадства расколатае і разрозьненае, нібы дэманстрацыя амапаўскімі клінамі.
Так адбываецца не таму, што палітыка дрэнная, а культура добрая ці наадварот. А таму што падмяняюцца паняткі: рэаліі першага апісваюцца катэгорыямі другога, і наадварот. У гэтай падмене знаходзіць сабе апраўданьне цэнзура і хлусьня афіцыйнае прапаганды, якая падмяняе сабой інфармацыю. Інфармацыя, факты – гэта праўда палітыкі, а вобразы і эмоцыі – праўда культуры. Памяняйце іх месцамі, і вы атрымаеце карыкатуру на палітыку, якая кіруецца харызмай і эмоцыямі аднаго чалавека, і хлусьню культуры, якая фармалізуецца ў выглядзе “Дажынак” ці шлягераў “Слушай бацьку”. Фармальна гэта нібыта культура, а сутнасна – чыстая прапаганда, гэта значыць, палітыка.
Чым яны між сабою далей – тым далей ад вайны, чым бліжэй – сутыкненьне непазьбежнае. Пачынаюцца захопы, акупацыі, экспансія палітыкі.
Вынікі гэтай барацьбы праяўляюцца толькі ў культуры – што ад яе адымаецца і што да яе дадаецца. Чыстая палітыка – фантом, яна нічога ня страчвае і не набывае. Таму палітыка на сваю карысьць можа толькі адымаць ад культуры. А культура можа толькі прырастаць нечым дадатковым. Нобелеўскай прэміяй, новай кнігай, песьняй, сьпектаклем, кінафільмам. Культура такім чынам адваёўвае тэрыторыю свабоды. А палітыка заўсёды адваёўвае тэрыторыю гвалту – такая яе прырода. Але палітыка толькі тады справа брудная й цынічная, калі вырываецца з-пад культуры і сама сабе прапісвае правілы этыкі ці поўную іх адсутнасьць.
Лёс краіны, нацыі, мовы ў палітычнай плоскасьці заўсёды няпэўны, заўсёды пад пагрозай. Ён залежыць ад цэнаў на газ, ад заўтрашніх перамоваў у Маскве, ад санкцыяў Еўразьвязу. Ён вісіць на валаску. У кантэксьце культуры ён, гэты лёс, і вызначае ўсё астатняе. Ён першасны.
Культура – гарманізуе грамадства, палітыка – парадкуе яго. Культура спалучае розныя адценьні, няроўнасьці й віхры ў адно гарманічнае цэлае, а палітыка ўсё абразае пад адну лінарку.
Сама па сабе палітыка жыве толькі гэтым днём. Пазбаўленая культуры, яна – аднахадовая – яна прагне задаволіць гэты канкрэтны інтарэс. І толькі ў падпарадкаваньні культуры яна можа знайсьці сваю гармонію і далёкую персьпектыву разьвіцьця.
Культура – гэта нашая цывілізацыя, духоўнасьць і самое жыцьцё. А палітыка – толькі палітыка.
Сто гадоў таму “Наша Ніва” зрабіла вось гэты сьветапоглядны крок – перавяла палітыку ўсяго беларускага руху ў падпарадкаваньне культуры.
Як палітыка яна магла быць і зусім іншай – прапольскай ці прарасейскай ці пра- яшчэ якой. Як культура, яна магла быць толькі такой, якой атрымалася — беларускай. Магла быць або ня быць увогуле.
Пачаўшы ў 1906-м годзе выдаваць радыкальную палітычную, бадай што партыйную газету “Наша Доля”, пачынальнікі на чацьвёртым нумары адмовіліся ад гэтай ідэі і прыступілі да стварэньня “Нашай Нівы”, зусім іншага выданьня, не скіраванага наўпрост супраць дзейнага палітычнага рэжыму, але пакліканага на ўзгадаваньне сучаснае нацыі й сучаснага грамадства. Менавіта гэты момант я назваў перамогаю культуры. І менавіта гэты момант стаў вырашальным у наступных ацэнках паэмы пад назвай НН.
Яе пазітыўная, стваральная роля ніяк ня ўпісвалася ў бальшавіцкую ідэалогію, што патрабавала найперш класавае барацьбы. Усе нібыта разумелі, якім дзівам сталася ў Беларусі “Наша Ніва”, але дзівосаў марксізм-ленінізм не прызнаваў. Таму ў ягоных катэгорыях станоўчая роля першай беларускай газеты выглядала так:
“Беларуская газэта “Наша Ніва” пад выглядам культурнай газэты зьяўлялася самай радыкальнай газэтай ня толькі ў Беларусі, а і ўва ўсёй Расеі, ня лічачы сацыялістычных газэт, ужо ў 1907 годзе кончыўшых сваё жыцьцё ажно да 1912 году”.
Гэта піша старшыня першага беларускага савецкага ўраду Зьміцер Жылуновіч, колішні, дарэчы, аўтар НН Цішка Гартны. Піша ў 1923 годзе, і пяро ў яго, мабыць, не дрыжыць. Бо ён толькі ўступае ў перыяд хлусьні і перакручваньня гісторыі.
А вось – дыяметральна супрацьлеглая характарыстыка з самой “Нашай Нівы”. Праз 5 гадоў пасьля пачатку выданьня, адказваючы на нападкі чарнасоценнай “Белорусской жизни”, Антон Луцкевіч сьцьвярджае:
“Кідаючы на нас абвінавачаньне ў сэпаратызме, “Б.Ж.” лічыць нас вінаватымі ў злачынстве, за якое мясцовыя прадстаўнікі дзяржаўнае ўлады павінны былі б даўно аддаць нас пад суд. Але зрабіць гэтага нельга: нельга таму, што сэпаратызм ёсьць форма палітычнага руху, а беларускае нацыянальнае адраджэньне – гэта чыста культурная справа”.
У 1939 годзе ў паказаньнях сьледчаму НКВД арыштаваны Луцкевіч па-сутнасьці паўторыць гэтую ацэнку:
“Польскія памешчыкі наогул ставіліся да “Нашай Нівы” варожа, і польская нацыяналістычная прэса ўвесь час папракала яе ў дагаджаньні “маскалям”, у той час як расейскія чарнасоценцы называлі “Нашу Ніву” польскай інтрыгай. Праўдай, аднак, было тое, што ў той пэрыяд мы падтрымлівалі сувязь як з расейскай, так і з польскай лібэральнай буржуазіяй, ня маючы нічога агульнага з нацыяналістамі абедзьвюх нацыянальнасьцяў”.
Безумоўна, вагаліся многія з удзельнікаў “Нашай Нівы” паміж палітыкай і культурай, заступаючы то на той, то на гэты бок. Пазьней камусьці кружыла галаву магчымасьць называць НН партыйнай газетай, органам Беларускай Сацыя­лістычнай Грамады, чым паводле зьместу свайго яна ніколі не была. І ня ў тым рэч, што яна цуралася першай беларускай партыі. Натуральна, не. Але яна была па-над. Як мастацкі твор, як паэма.
У кнізе “За 25 гадоў” Антон Луцкевіч пра гэты дзіўны момант пісаў: “Скажу толькі, што адгэтуль рэдакцыя... “Нашай Нівы” зьяўляецца фактычным цэнтрам ня толькі Грамады, якая фармальна як быццам замірае, але і ўсяго беларускага адраджэнскага руху – яго “генэральным штабам”.
І хоць словы “генэральны штаб” Луцкевіч бярэ ў двукосьсе, мы разумеем, чаму тут зьявіўся панятак з ваеннай тэрміналогіі і пра якую вайну ідзе гаворка. Трансфармацыя БСГ як штабу палітыкі ў НН як штаб культуры –метамарфоза пачынальнікаў, якая прывяла ўрэшце да перамогі іхных найвялікшых ідэяў – стварэньня нацыі і краіны.
Я так падрабязна спыняюся на тэме партыйнасьці прэсы, бо яна працягвае заставацца нявырашанай дагэтуль. З аксіёмай “прэса ня мусіць быць партыйнай” згодныя нібыта ўсе. Але кожнаму палітыку насамрэч карціць, каб прэса была партыйнай. Каб прадстаўляла пэўных фігурантаў палітычнага поля й змагалася з дзейным палітычным рэжымам. Калі параўнаць такую прэсу са стогадовай НН, мы ўбачым радыкальнае адрозьненьне. НН максімальна шырока прадстаўляла людзей Беларусі і займалася ўзгадаваньнем нацыі. Героямі газеты ніколі не былі палітыкі. Затое яна ўсяляк узносіла асобаў культуры. Гэты прыярытэт быў абсалютным і выявіўся ня толькі на старонках выданьня, але і ў яго арганізацыі, калі рэдактарам паэмы пад назвай НН быў прызначаны Янка Купала.
Што да палітыкаў, дык яны, фігуральна кажучы, працавалі ў маторным адсеку карабля, і на палубе не паказваліся. Галоўнае, каб карабель плыў патрэбным курсам і каб мора было да яго спагадным.
Напэўна, у стогадовай НН шмат разоў узьнікала спакуса ператварыць карабель у субмарыну і пісаць пра палітычны рэжым і прыгрэтых ім русіфікатараў-чарнасоценцаў усё, што яны пра іх думалі. Але тады і ўсё было б па-іншаму. Пачынальнікі маглі задаць беларускаму руху характар падпольнага змагарнага супраціву, што, дарэчы, цалкам адпавядала ўяўленьням беларускіх паўстанцаў і тэрарыстаў папярэдняга, 19-га стагоддзя. І тады сёньня мы мелі б нешта накшталт ІРА ў Ірландыі альбо ЭТА ў Гішпаніі або сітуацыю Прыднястроўя ці Абхазіі... Варыянтаў шмат, і ўсе яны сьведчаць, як цяжка пасьля субмарыну ператварыць у карабель легальнага мора.
Сёньня рэцыдывы падпольшчыны, кшталту акцыяў Мірона ці расьцяжак “Зубра”, калі б яны сталі ў беларускім руху магістральнымі – былі б эвалюцыйным крокам назад, у параўнаньні з тым, што зрабіла сто гадоў таму “Наша Ніва”. Думаючы пра дзяржаўныя інтарэсы яшчэ ня створанай беларускай дзяржавы, нашаніўцы не маглі дазволіць сабе стаць апазіцыянерамі альбо падпольшчыкамі.
Хто быў той геній, які сто гадоў таму абраў, напэўна, самы цяжкі, але й самы плённы ў выніку курс, дзякуючы якому нам і сёньня ня трэба даказваць, што мы – гэта краіна і нацыя? Верагодна, ён быў калектыўным і складаўся з шырыні поглядаў дыпламата Антона Луцкевіча, з вялікадушнасьці жыцьцялюба Аляксанд­ра Уласава, з энергіі завадатара Івана Луцкевіча.
Тое, што НН была не газетай, а паэмай, не палітычным прадпрыемствам, а самаахвярным культурным актам, ускосна вынікае з таго, як і чым жылі яе стваральнікі. Гэта было існаваньне на сумежжы багемы, аўкцыёну і мастацтвазнаўчае эксьпертызы. Гэта ні ў якім разе ня быў прагматычны, выбудаваны пад гранты праект. Вось што ўспамінала сяброўка Івана Луцкевіча Кветка Вітан:
“Наша Ніва” – асабліва спачатку – мела мала платных падпішчыкаў... З гле­дзішча гаспадарскага гэта было моцна дэфіцытнае прадпрыемства, і, каб утрымаць яго, трэба было шукаць нейкіх пабочных крыніцаў. І вось гэтае заданьне ўзяў на сябе Іван Луцкевіч... Ён бярэ прадстаўніцтва ад розных фірмаў, пасярэднічае ў транзакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод Жыдоў і ў сваіх частых разьездах выконвае розныя гандлёвыя даручэньні, за што дастае пэўны працэнт. Але... больш пэўны прыбытак прыносіў перапродаж антыкварных рэчаў. Іван Луцкевіч быў найлепшы знавец старасьвеччыны й мастацтва на ўвесь край. Усюды, дзе толькі ён ні бываў, ягоныя вочы шукалі старасьвецкіх і мастацкіх рэчаў: старой або народнай старасьвецкай разьбы, мастацкіх абразоў сьвецкіх і царкоўных, старых рукапісаў і друкаў ды іншых падобных рэчаў... Ён знаходзіць іх на кірмашох, на падстрэшшах старых двароў, у букіністых, перакупнікаў і рызьнікаў або й ледзь што не на сьметніках. Набываў ён іх пераважна як бязвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць, і калі яны мелі беларускую характарыстыку – пакідаў іх у сваіх музэйных зборах, калі ж яны гэтай характарыстыкі ня мелі – прадаваў за належную ім цану й гэтак здабываў сродкі на беларускую нацыянальную справу. Дзякуючы ягонай стараннасьці, беларуская справа расла і дужэла, разам з тым расьлі зборы беларускай старасьвеччыны, зь якіх пасьля склаўся музэй – адзін з найбагацейшых у Вільні...
Больш вартасныя рэчы не беларускага значэньня ён прадаваў у Пецярбургу, у Варшаве або й за межамі – у Кракаве ці Львове, дзе меў сталую сувязь з большымі антыкварыятамі. За некаторыя рэчы ён даставаў па колькісот рублёў (раз нават за абраз якогась старога францускага маляра дастаў больш як тысячу рублёў). Такія большыя транзакцыі былі для яго сьвятамі. Прыехаўшы ў Вільню, ён перш за ўсё плаціў даўгі за газэту – за паперу й друк, і іншыя старыя даўгі; плаціў задаўненую пэнсію хатняй наймічцы, купляў даўна нагледжаныя экспанаты для свайго музэю і канечна патрэбныя рэчы для сябе. Калі боты былі ўжо да немагчымасьці дзіравыя або вопратка занадта заношаная, дык купляў сабе ці брату Антону. Але неўзабаве зноў браў напавер паперу й рабіў іншыя даўгі, пакуль зноў здабываў грошы перапродажам. Гэтак Іван Луцкевіч, жывучы вельмі сьціпла з сваім братам Антонам, фінансаваў газэту “Наша Ніва” ды бадай усю беларускую працу ў Вільні... Ад іншых супрацоўнікаў “Нашай Нівы” нельга было вымагаць грашовага падтрыманьня на газэту. Досыць таго было, што яны ў ёй задарма працавалі ды так ці інакш самі сябе ўтрымлівалі”.
Карціна быту пачынальнікаў беларускага руху з гледзішча палітыкі бачыцца суцэльнай авантурай, з гледзішча культуры – перформансам альбо творчым подзьвігам.
Нашаніўцы не былі настолькі закаханымі ў сваю партыю, каб спакусіцца пераводам газеты на нелегальнае і, трэба сказаць, нашмат прасьцейшае становішча. Газета ня тое што пазьбягала крытыкаваць дзейны палітычны рэжым, яна проста мела большыя задачы. Перш чым чалавек захоча свабоды, ён павінен зразумець, што такое свабода для яго, а значыць – хто такі ён сам?
Як ні проста гучыць гэтая думка, але сёньня мы зноў апынуліся ў яе палоне. Беларускі чалавек не зусім ясна ўсьведамляе, што значыць ягонае самавызначэньне – беларускі чалавек. Ён беззапаветна любіць сваю радзіму, але ягоная любоў на грамадскім узроўні ня мае выйсьця. Ён не зусім разумее, што адбываецца з беларускай мовай альбо чаму, напрыклад, перайменавалі прасьпект Скарыны? Хоць гэтыя рэчы самым непасрэдным чынам тычацца ягонае самаідэнтыфікацыі.
Мова ў гэтым ва ўсім – самае галоўнае. Яна – ня толькі сродак камунікацыі, яна – мысьленьне і сродак яднаньня. Галоўны матыў стогадовае НН: чым болей у Беларусі будзе беларускай мовы, тым болей у нас шанцаў на нармальнае жыцьцё. Хіба ён страціў сваю актуальнасьць? Чым болей мовы, тым болей шанцаў на дэмакратыю. Нездарма ж усе антыдэмакратычныя рэжымы ў нас – ад сталінскага ў 30-я і застойнага ў 70-я да сёньняшняга аўтарытарнага – расейскамоўныя.
І ўлада, і апазіцыя не надаюць мове першаступеннага значэньня менавіта таму, што культуру разглядаюць як частку палітыкі, а не наадварот. Хоць прыклад краінаў Балтыі, а цяпер і Украіны даўно мог пераканаць іх, што мова – гэта перадумова гаворкі пра дэмакратыю.
Сёньня лідэры грамадзянскай супольнасьці Беларусі, прадстаўнікі дэмакратычнай эліты, палітолагі, юрысты, якія ня ўмеюць гаварыць па-беларуску, паступова ператвараюцца ў выключэньне з правіла. Пра родную мову загаварыў і Лукашэнка. І зусім ня раптам, гэтага можна было чакаць. Гэтаксама ў свой час ён загаварыў пра незалежнасьць, адабраўшы ў апазацыі адзін з галоўных яе козыраў. Згадаем, што на той момант месца незалежнасьці ў апазіцыі было прыкладна такое самае, як цяпер месца беларускай мовы. Гэта значыць, ня ўсе і не да канца, але пераважная большасьць была “за”. Хоць гэтае “ня ўсе і не да канца” – і ёсьць паразай культуры перад палітыкай, а ў выніку паразаю ўсяго.
Рускамоўнасьць у нашай сітуацыі ўжо сёньня азначае адсутнасьць пазацыі. Калі расейскамоўнае дэмакратычнае выданьне ў сілу свайго радыкалізму мусіла б сысьці ў падпольле, яно непазьбежна ператварылася б у рупар якога-небудзь РНЕ, бо міжволі шукала б апраўданьня свайму нелегальнаму становішчу.
Калі заўтра ўсё чынавенства загаворыць па-беларуску – як бы ні фантастычна гэта гучала – апазіцыя ў прынцыпе застанецца ні з чым. За што яна тады выступае? Нават зьнешне на фоне беларускамоўнае ўлады яна, расейскамоўная, успрымалася б як пятая калона суседняй краіны.
Вы скажаце – а як жа свабода? Свабода, па-першае, можа быць запатрабаваная беларускім грамадствам толькі ў будучыні, калі грамадства засвоіць першасныя выгоды цывілізацыі, тыя ж рынкавыя дачыненьні, адсутнасьць голаду, “пенсіі воўрамя” – чаму дагэтуль усё яшчэ дзівіцца паспаліты беларус. Па-другое, свабода ніколі ня будзе запатрабаваная насельніцтвам, якое не ўсьведамляе сябе нацыяй. Вось чаму сёньня заклікі да свабоды ў вуснах апазіцыйных лідэраў гучаць фантомна, бо нішто ня сьведчыць пра тое, што яны прынясуць свабоду ў грамадства, дзе яна яшчэ не запатрабаваная. Адсюль — недавер да слова “свабода” ў вуснах апазіцыйных лідэраў. А гэта значыць, што апошняя карта ў іхнай калодзе, з якой улада ўжо выбрала сацыяльную апеку, незалежнасьць, вось-вось забярэ мову, апошняя карта – свабода – на жаль, ня козыр.
Адставаньне апазіцыі ў цэлым – і з незалежнасьцю, і з роднай мовай – аб’ектыўнае. Яно магло і можа быць пераадоленае хіба што моцнай воляй асобных лідэраў, якія здолеюць зьмяніць прыярытэты і разглядаць палітыку як адну з частак культуры. Так, як 100 гадоў таму здолелі гэта зрабіць пачынальнікі-нашаніўцы. Чаму мы і сёньня памятаем пра іх і адзначаем юбілей гэтага іхняга ўчынку.