12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кася Дземянчук

_____________________
Такой восені больш ня будзе.
Імпрэсіі


Лісьце пад нагамі

Божа, падаруй мне верасень! Я з задавальненьнем прыму твой дарунак. Ты маеш рацыю ска­заўшы, што я не заслужыла яго. Але ж кожны мае права на шчасьце! Простае чалавечае шчасьце…
Сяджу на прыступках у восеньскім парку, сьціс­каю ў руках сухі жоўты кляновы лісток з чырвонымі прожылкамі. А дрэвы не перастаюць губляць лісты, якія засыпалі ўжо ўвесь дол мяккай рознаколернай коўдрай. Хочацца доўга-доўга глядзець на сумнае восеньскае неба, да якога ўжо не заходзіць у гасьці­ну сонца, але яно яшчэ прыгажэйшае, чым улет­ку: здаецца, глядзіць на цябе сваімі сумнымі ва­чыма-хмарамі. Такое самотнае і ў той жа час мілае і прывабнае.
Надвор’е стаіць вельмі цёплае. Цёплыя нават пры­ступкі, на якіх сяджу ў задуменьні. Вакол шумяць восеньскія дрэвы. Пад маімі нагамі ляжыць безьліч лісточкаў. Яны ўсе аднолькавыя і ў той жа час такія розныя: жоўтыя, чырвоныя, ра­дзей зялёныя і самыя, на мой погляд, цікавыя лісточкі колеру моцнай кавы. Гэта яны толькі з выгляду такія сухія ды цёмныя... Мне здаецца, яны самыя прыгожыя з усіх лістоў у гэтым парку. Чаму? Таму, што яны адны такія.
Яны вылучаюцца з няхай і рознаколернага агулу. Іх можна параў­наць з людзьмі. Самастойнымі асобамі, якія думаюць, жывуць так, як лічаць патрэбным, не зьвяртаючы ўвагі ні на што, ні на каго. Са свабоднымі людзьмі. З сапраўды вартымі асобамі. А такіх, на вялікі жаль, вельмі мала. Можна пазайздросьціць гэтым лісьцікам. Яны ўмеюць вылучыцца. А людзі... Яны ўсе такія аднолькавыя. Чалавек павінен прайсьці пэўны шлях, дзеля станаўленьня сваёй асобы. Свабоднай і незалежнай. Непадобнай ні на кога. Ісьціннай. Адзінаю. Кожны чалавек павінен мысьліць самастойна. Няхай яго думка і няправільная, часам, нікому не зразумелая, але ж яна яго, уласная, індывідуальная, ні на чыю не падобная.
Пачало зьмяркацца. Вершаліны дрэваў апынуліся ў змроку. Іх не відаць. Падняўшыся з прыступак, я пайшла і пачула лёгкі шоргат лісьця пад нагамі. Дрэвы моўчкі праводзілі мяне – дзяўчыну ў чорнай кофтачцы, з зялёнымі вачыма і самотным позіркам.


Восень у душы маёй

Восень сышла. Нечакана і прыгожа. Я шкадую, што не пасьпела сфа­таграфаваць гэтую восень, тое лісьце, дрэвы, якія стаяць ужо голыя, страціўшы сваё рознакаляровае ўбраньне. Больш такой восені ня бу­дзе. Бо хутка, ужо вельмі хутка, яе зьменіць зіма, якая цягнецца за ёй па пятах і перашкаджае дапаліць апошнія восеньскія ліхтарыкі, што засталіся б у памяці кожнага. Але ж... Усё ў прыродзе адбываецца свое­часова. Зіма ўжо можа браць уладу ў свае магутныя, ледзяныя рукі. Мабыць, некаторыя чакалі зімовага марознага паветра і... сьнегу! Хутка будзе, не сьпяшайцеся, бо не пасьпеем мы і азірнуцца, як неба пачне сыпаць белыя зорачкі, і яны будуць кружыцца ў паветры і падаць нам на далоні. Зіма знойдзе ў шаліках нашыя твары і пакіне нам у сэрцы агеньчык, які начніком будзе асьвятляць нашыя сны.
А цяпер восень разьвітваецца з намі, махаючы апошнімі лісточкамі, як далонямі. Здаецца, без яе і горад апусьцее, апусьцее без сьвяточнага дывану, бяз яркіх фарбаў, без рознакаляровых лістоў, якія кружацца вакол вежаў нашага замку, нібыта абуджаючы іх ад векавога сну. Не чуваць ужо сьпеваў птушак. І гэта ня дзіўна. Людзі і тыя пахаваліся па сваіх «норках». А восень... Восень адыходзіць. Мне будзе яе вельмі не хапаць, яе красак, кветак, лісточкаў, і асабліва сапраўднай восеньскай казкі, дзе дрэвы ў прыгожым убраньні стаяць нерухомыя, а лісьцікі, як чараўнікі, варожаць вакол, вецер падхоплівае іх і нясе далёка-далёка, туды, дзе яны знаходзяць сабе прытулак і чакаюць, калі мы зноў пазавем іх, калі ў нашай душы зноў зьявіцца месца для гэтых маленькіх лісьцікаў…
А пакуль яшчэ… у паветры кружацца, нібы ў танцы, лісьцікі – гэтыя маленькія кавалачкі шчасьця. Чаму кавалачкі шчасьця? А я адкажу: у свае 15 гадоў я ўжо такая багатая! Дрэвы, кусты, будынкі, паркі, скверы, нарэшце горад, краіна – гэта ўсё маё. А што чалавеку патрэбна для шчасьця? Лічу толькі адно: ісьці па родным горадзе, адчуваць, што ён твой, неадрыўны кавалачак тваёй душы, які напаўняе сэрца сапраўд­най любоўю да Бацькаўшчыны, да роднага краю, слухаць шоргат лісьця пад нагамі і марыць, марыць..