12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Івана Джундова

_____________________
Жыцьцё - вандроўніцтва. Тыпалагічная канфрантацыя творчасьці А. Разанава і Л. Дранько-Майсюка

Івана Джундова – асьпірантка кафедры славістыкі Прэшаўскага універсітэту філасофскага факультэту (Славакія), які скончыла па сьпецыяльнасьці беларусіс­тыка. Цяпер піша дысертацыйную працу, дзе супастаўляе постаці Самуіла Цамбела і Яўхіма Карскага. Наогул займаецца, як сама кажа, “канфрантацыяй” беларускай і славацкай моў – г. зн. параўнальна-гістарычным мовазнаўствам, дасьледаваньнем узаемных кантактаў нашых моў і апісаньнем іх месца ў агульнаславянскім кантэксьце. Вольны ад навукі час прысьвячае літаратуры, выступаючы ў друку як крытык і перакладчык (з беларускай і польскай). Праз пасрэдніцтва Славацкай амбасады тры разы наведвала Беларусь, дзе сустракалася з аб’ектамі сваёй перакладацка-літаратура­знаўчай дзейнасьці (Н. Гілевічам, С. Законьнікавым, У. Арловым і інш.).
Прапанаваны чытачам “Дзеяслова” артыкул – спроба супастаўленьня творчасьці паэтаў з надзвычай адрознымі творчымі падыходамі як з жанрава-тэматычнага гледзішча, гэтак і сутнасна. Прачытаньне Іваны Джундовай цікавае найперш як незаангажаваны “погляд з боку”. Гэтае дасьледаваньне хаця і базуецца не на самых найноўшых тэкс­тах, закранае надзвычай важныя і малаасэнсаваныя асьпекты нацыянальнай міфалогіі.
Анатоль Івашчанка.

“Мы толькі падарожныя –
папутнікі сярод нябёс.”
М. Багдановіч

“Паэт ведае: толькі стаўшы на шлях маральнага самаўдасканаленьня, можна пазьбегнуць неабавязковага, а менавіта – сьцьвердзіць у сваёй душы перавагу вечнага над часовым. Гэты шлях, як царква – ён адчынены для кожнага. Ён вядзе чалавека ад сябе да сябе, вылечвае духоўную сьлепату, робіць чалавека інтэлектуальна і нацыянальна відушчым. На гэтым шляху абуджаецца інтэлект нацыі”, — сьцьвярджае Леанід Дранько-Майсюк.
Шлях, які вядзе чалавека да самапазнаньня, адчыняе дзьверы да новых магчымасьцяў, панадчасавых і надчалавечых. Гэты шлях, як царква, адчыненая для ўсіх. Яна належыць усім, але адначасова гэта найбольш асабістая рэч у сьвеце, таму яна ў кожнага свая, кожны – творца свайго шчасьця. Разуменьне самога сябе, адкрываньне ўласных вачэй і сэрца для іншых, для народу – гэта асноўныя агульныя знакі творчасьці Л. Дранько-Майсюка і А. Разанава.
Прыгадаем словы саміх паэтаў: “Спазнай самога сябе” (А. Разанаў, 1995), слухай самога сябе – “Сябе даслухаць немагчыма, як застацца без сябе” (Л. Дрань­ко-Майсюк, 2002)... Так, можна сказаць, што кожны паэт імкнецца да самапазнаньня, бо паэзія – адзін з найбольш суб’ектыўных відаў мастацтва. Дзейнасьць і творчасьць гэтых двух паэтаў уключае ў сябе ня толькі пазнаньне, раскрывае падобныя тэмы і іх моўнае ўвасабленьне, але нясе і глыбокі зьмест, імпрэсіянізм верша, наватарскае стаўленьне да паэзіі.
Імкненьне Л. Дранько-Майсюка зьмясьціць у вершы ўвесь сьвет знаходзіць водгук ў А. Разанава, які сваю паэзію творыць, каб спазнаць сусьвет, паэтызаваць найпрасьцейшыя, штодзённыя рэчы і сітуацыі. Там, дзе Разанаў знаходзіць апору ў рэчах, прадметах і іх лёсах, Дранько-Майсюк заўважае кветкі і ваду. Сімвалічнае выражэньне прыроды, спалучэньне прывычнага з непрывычным, пошукі глыбейшага сэнсу чалавечага быцьця – гэта іх паэзія. Таму што, як ў філасофскай паэзіі А. Разанава, за кожным прадметам хаваецца вобраз зьнічкі, ці несьмяротнасьці:

Жывы на Зямлі, нашу ў сабе сваю сьмерць
і сваю неўміручасьць,
і адкрываю жыцьцём зямлю,
і адкрываю сьмерцю нябёсы,
а неўміручасьцю – што найвышэй за ўсё,
а неўміручасьцю – што найбліжэй за ўсё,
а неўміручасьцю – зоркі.
(“Зоркі”)

так, кожная кветка і кожная кропля вады Л. Дранько-Майсюка ўвасабляюць каханьне, пачуцьцё і дом:

А я жыхар гароднага эдэму,
Там я знайшоў свой камень хрызаліт,
Калі петунію прасіў і хрызантэму
Суцешыць баязьлівы твой блакіт.
О, твой блакіт – цяпло жывых петуній
І хрызантэмнай музыкі жывой,
Такі ж блакіт у позірку матулі
Любові Аляксееўны маёй.
(“Ты ўчора вінаградзінкай была...”)

Гэтыя сімвалы і вобразы, накіраваныя да чалавека, да яго жыцьця з усімі яго штодзённымі радасьцямі і клопатамі. Да яго жыцьцёвага шляху.
У цэнтры ўспрыманьня абодвух аўтараў — чалавек і прастора, у якой ён жыве. Вядома, раскрыцьцё гэтай тэмы рознае, для кожнага з творцаў цікавая свая праблема. Дранько-Майсюк – паэт, які бачыць сябе, сваю малую радзіму, родны горад, дом і каханьне (асабісты шлях):

Я жыву поўным жыцьцём тады, калі зьяўляецца жанчына.
І я ўбачыў рубеж гэтага жыцьця, калі зьявілася Яна.
(“Інтрадукцыя”)

Разанаў – “усёбачны” паэт, скіраваны да высокіх тэмаў, які хвалюецца за ўвесь сьвет (шлях чалавечага быцьця – каардынаты быцьця).

Сьвет бязмоўна дапытаецца ў мяне, куды я іду.
Але хіба я ведаю сваю канчатковую мэту?
Я толькі спраўджваю тое, на што я здатны,
што вымагае ад мяне жыцьцё.
(“У крузе”)

Чалавек у яго вачах – частка прыроды, і прырода найважнейшая, бо яна – прастора для жыцьця. Яна ўплывае на чалавечыя думкі, звычкі, магчымасьці...
У зборніку “Над пляцам” Дранько-Майсюк выявіў сябе паэтам, скіраваным у “вышыню”: тэматычна аддалены ад дому, ён спрабуе выйсьці за межы нацыянальнага мастацтва і Беларусі ўвогуле. Вандроўніцтва, якое сплятае разам некалькі яго твораў (зб. “Вандроўнік”, “Над пляцам”, “Акропаль”, “Стомленасьць Парыжам”) – шлях да невядомага. Паэта вядзе імкненьне спазнаць іншыя краіны, на ўласныя вочы пераканацца ў праўдзівасьці міфаў – напрыклад, аб Парыжы як горадзе мастацтва.

Мяне ў Парыж ты правяла, у дым,
Якім я дыхаў і якім я плакаў.
(“У стомленасьці ёсьць тваё імя...”)

Душа вандроўніка жыве ў кожным з нас, толькі што большасьць праз страх або праз зручнасьць ня хоча гэта бачыць. Дранько-Майсюк прынёс у нацыянальную літаратуру Заходнюю Еўропу, горад, новыя сьмелыя тэмы. Яго ўплыў бачны ня толькі ў арыгінальных сімвалах (кветкі, вада), але таксама ў імкненьні пашырыць стандарты і нормы. Ён творца, мастак, прынцыпы “эстэтыкі для эстэтыкі” і высокай чыстай паэзіі стаяць у яго на першым месцы, але навізна з яго твораў амаль крычыць. Новыя тэмы, новыя сімвалы, новы тып паэта...
У адрозьненьне ад схільнасьці Дранько-Майсюка да санетаў, паэмаў і баладаў, Разанаў – наватар у галіне жанраў і формаў.

Ці доўга
вагам
калыхацца
лёс разважае
незаўважаны крок
(“Квантэмы”)
Найбольш часта ён карыстаецца вольным вершам, і яго аўтарскія мініяцюры (квантэмы, вершаказы, пункціры) ня знойдзеш у іншых паэтаў.
Акрамя сьмеласьці зьмяняць нібыта ўжо ўсталяванае гадамі, агульным пунк­там творчасьці абодвух паэтаў выступае мова. Для Дранько-Майсюка мова – філасофія, ён любіць пісаць па-беларуску і матчына слова зьяўляецца натуральнай праявай яго жыцьця. У Разанава падобны падыход.
У беларускай мове вельмі важнымі паэтычнымі сродкамі выступаюць гучаньне, націск, інтанацыя. І Разанаў, і Дранько-Майсюк працуюць з мілагучнасьцю і гукам. У абодвух “гук верша” – вельмі важны і выразны. Можна сказаць, што гэта нейкім чынам зварот да мінулага, да часоў, калі музыка была непадзельнай часткай інтэрпрэтацыі вершаў. Мініяцюры Разанава найперш канцэнтруюцца на гуку і ўнутранай паэтызацыі слова. Гэтыя кароткія формы гавораць ня толькі сваім зьместам, але і сваім гучаньнем: “У мікрасьвеце мініяцюр ня менш таямніцаў і магчымасьцяў, чым у макрасьвеце іншых жанраў. У мініяцюры пачынае “гучаць”, істотнець ня толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук – “электрон” верша.” (Разанаў). Падобны стыль мае і Дранько-Майсюк, для яго высокай паэзіі важныя ня толькі метафары, але і карпатліва падабраныя словы, якія разам з гукам узмацняюць пачуцьцё “красы”: “Беларуская мова – гэта і ёсьць мая філасофія.” Наватарская лірыка ні ў якім выпадку не адхіляецца ад традыцыі і не імкнецца паказаць новае, замежнае як лепшае. Гэта перш за ўсё ўключэньне беларускага ў еўрапейскі кантэкст. Гэта шлях Беларусі ў сьвет.
Спробы Дранько-Майсюка ўвесьці ў паэзію парыжскія або афінскія матывы закончыліся вяртаньнем да роднай зямлі. Параўнаньне ўласнай і замежнай прасторы прывяло паэта да перакананьня, што ўласная прастора найлепшая, адвечная, і што ўсе дарогі, усе напрамкі прывядуць яго дадому. Матывы грэчаскай міфалогіі, як і гарадская тэматыка, зьяўляюцца наступным знакам яго паэзіі:

Тваё цела абвіў вінаград старажытных Афінаў.
(“Завушніцы”)

Гэта т.зв. аўтарская міфалогія, якая нас давяла да наступнага падабенства з творчасьцю Разанава. Міфалогія сьвядомасьці, якую прадстаўляе Разанаў, караніцца ў гісторыі, якая выкарыстоўвае міфы, легенды, фальклор, але не вычэрпваецца імі, кіруючыся да невытлумачальных зьяваў. Міфалогія ў абодвух паэ­таў адыгрывае важную ролю, у яе аснове ляжыць гісторыя. Найлепш гэта растлумачыць словамі А. Разанава:

Адзінага, каго ня можна пакінуць, –
Гэта чалавека: калі рухаецца ён – рухаецца і яна,
Калі спыняецца ён – спыняецца і яна. Ён – яе другое
“я”, яе спадарожнік і павадыр, які дырыгуе, як ёй
ісьці – таропка ці паволі, ціха ці гучна.
(“Дарога”)

Культурніцкі міф шляху, шуканьня сябе, адкрыцьця сусьвету – гэта аснова, да якой мы прыходзім, калі параўноўваем нават фрагменты творчасьці гэтых двух паэтаў.
Калі паэт задаволены сабой, калі ўжо не пачуваецца недасканалым ў дасканалым сьвеце, ён перастае быць паэтам. Дасканаласьць навакольля і нашая ўласная недасканаласьць – гэта гарантыя таго, што ў сусьвеце яшчэ існуе шмат невядомага. Паводле Разанава, паэзія – сустрэча з невядомым. Паэт павінен шукаць, знайсьці, растлумачыць... Калі ён задаволены, ён як паэт памірае. Таму можна сказаць, што існуе і пэўнае падабенства ў іх поглядах на творчы працэс. Творчасьць – гэта пастаянны пошук. Для гэтага найперш патрэбна пакорнасьць і пачуцьцё. Пакорнасьць перад сусьветам, дзе чалавек не гаспадар.
Паэзія абодвух аўтараў – філасофская. Накіраваная да глыбокага пазнаньня. Ня толькі эстэтычна. Аднак гэтая філасофія не аднолькавая: калі, да прыкладу, Дранько-Майсюк хоча знайсьці праўду аб каханьні, то Разанаў – універсальны філосаф чалавечага лёсу.

Жанчына адыходзіць, як стагоддзе,
І я хачу стагоддзе затрымаць –

выяўляе сваю жыцьцёвую філасофію Л. Дранько-Майсюк, філасофскім адказам на ўсе пытаньні чалавечага быцьця гучаць вершы А. Разанава:

Як бы ні імкнулася дрэва
ў неба,
яно ўсё роўна не дасягае
неба...
Але, магчыма,
ніякага іншага неба няма,
апроч самога імкненьня.
(“Як бы ні імкнулася дрэва...”)

Шлях як лейтматыў праходзіць праз творчасьць гэтых двух паэтаў. Зьяўляецца сімвалам шуканьня, свабоды і сучаснай паэзіі ўвогуле. Хто мы і якім напрамкам ісьці? І на гэтыя пытаньні паэты шукаюць адказ, кожны па-свойму, суб’ектыўна. Рэчы і кветкі, руіны і рэкі – “усе шляхі вядуць у Беларусь”. Дасканалая праца з мовай, як у строгіх формах Дранько-Майсюка, так і ў вольных вершах Разанава, вядзе таксама ў Беларусь. Дадому ў Давыд-Гарадок вядзе Дранько-Майсюка стомленасьць Парыжам, на сустрэчу са сваім домам сьпяшаецца Разанаў y сваёй “Першай паэме шляху”...
Гарантыяй наватарскай паэзіі выступае традыцыя, жаданьне спазнаць сябе і... не застацца задаволеным. У звычайных рэчах – скарб, у звычайных рэчах – філасофія. Толькі звычайныя рэчы прывядуць нас “дарогай ці без дарогі” да сябе...