12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Дзьмітрыеў

_____________________
Хроніка непрыкаянай душы.
Аповесьць. (Працяг)


Студэнцкі інтэрнат на вуліцы Сьвярдлова жыў сваім маладым жыцьцём.
Раніцай на хаду, похапкам – шклянка гарбаты з самай таннай заваркай і, у лепшым выпадку, з такой жа таннай булачкай, у горшым – з лустай чорнага хлеба. Да трох, а то і да чатырох гадзінаў дня – лекцыі, семінарскія і нарэшце “поўнамаштабны” – з першым, другім і кісялём – абед у, дзякуй Богу, таннай студэнцкай сталоўцы. Сытыя ня сытыя, а бэбахі набівалі поўныя. Хтосьці, часта ня маючы аніякага “рублёвага эквіваленту”, ігнараваў сталоўку і сьпяшаўся да валізкаў з салам, якіх нямала вісела за інтэрнацкімі вокнамі, і з якіх зімою заадно з іхнімі ўладальнікамі ласаваліся ўдзячныя сінічкі.
Затое вечарамі інтэрнат гуў, як пчаліны вулей. Мо і неўпатрап параўнаньне, бо пахла там, чым заўгодна, толькі ня мёдам: калі смажаным салам з цыбулькаю ды, вядома ж, з выратавальніцай-бульбачкай, а калі і “водарам” з агульных на кожным паверсе прыбіральняў. Затое гоману і весялосьці заўсёды хапала.
Няўежна, але і няўлежна. Адхлынуўшы ад навукі, крыху паваляўшыся апранутымі ў ложках і зьлёгку падвячэраўшы, будучыя сьвяцілы педагогікі і журналістыкі цягнуліся да танцаў і да любошчаў.
Рыгор ня быў ласы да дзяўчат. Аднак прывезены ім з дому гармонік ды яшчэ, мабыць, густая кучаравая чупрына паспрыялі, каб і ў яго неўзабаве прачнуўся кавалерскі зух. Вопыту ў гэтай маладой справе ў яго яшчэ не было, але затое быў гармонік. Калі Рыгор расьцягваў мяхі ў прасторным файе пры ўваходзе, у лічаныя хвіліны з усяго інтэрнату высыпалі хлопцы і дзяўчаты, каб у ахвоту станчыць полечкі, падыспані, каробачкі, вальсы ды факстроты. Адно што ня ўмеў Рыгор, дык гэта выпілінгаваць модныя тады гарадскія “бугі-вугі” ды “чарльстон”, але імі студэнты асабліва і не захапляліся, бо звышпільныя актывісты-камсамольцы маглі запісаць у так званыя “стылягі” і “накапаць” у дэканат. А гэта ўжо таіла ў сабе нядобрае...
Гарманіст-другакурсьнік не-не, дый лавіў на сабе прыхільныя позіркі дзяўчатак. Але ня кінеш гармонік і ня станчыш бяз музыкі. Іншая справа, калі побач з табою дабрахоць панадзілася пасядзець амаль усе танцулькі залішне сьціплае, яшчэ наскрозь вясковае дзяўчо. Ды калі яшчэ ў гэтай тваёй прыхільніцы такія вялікія, такія выразныя і па-дзіцячы наіўныя вочы, такі шчыры і даверлівы пагляд. Ды калі сьветлы дзявочы твар з нязвыклым сімпатычным авалам мае такія пекныя шчочкі ды вабную ямачку на падбародку. Калі такія пульхныя, відаць, нікім яшчэ не цалаваныя губы. Ды такая стройная, танклявая фігурка са спакусьліва-пругкімі бугарочкамі грудзей... Тады, лічы, прапала маладзецкая душа!
І яна прапала. Напярэдадні Дня Канстытуцыі, калі “увесь савецкі народ” толькі і дбаў, каб як “дастойна, новымі працоўнымі зьдзяйсьненьнямі” сустрэць “вялікі дзень, сьвяточны дзень”, Рыгор купіў два білеты і павёў сваю сімпатычную прыхільніцу Зоську ў цырк.

Толькі, які там цырк...
Мы сядзім –
да пляча плячо.
Лёгкі дотык далоняў гарачых.
Дарагое маё дзяўчо –
Мройны прывід са сноў юначых...

Твае рукі ў далонях маіх –
Дзьве маленькія кволыя птушкі.
Спалучыць бы навекі іх –
Нашы рукі і нашыя душы...

Гэтыя словы і вобразы мітусіліся ў Рыгоравай галаве, яшчэ не ўпакаваныя ў строфы і не аздобленыя рыфмай. Ён амаль ня бачыў, што робіцца на цыркавой арэне, ня чуў бадзёрай музыкі ды імпэтнага сьмеху пад высозным цыркавым купалам. Ён адчуваў неспазнаную да гэтага прыемна-мляўкую асалоду, якая нібы пазбаўляла яго і зроку, і слыху.
У антракце ён двойчы прыносіў Зосьцы марожанае “крэм-бруле”, нават не падазраючы, што яна на дух не пераносіць гэтае “бруле”. Далікатна, для прыліку, лізнуўшы яго колькі разоў, Зоська цішком, каб ня бачыў Рыгор, апускала ледзяны пакуначак на падлогу і падсоўвала яго нагою падалей пад крэсла, аж пакуль адтуль ня выплыла маленькая белая лужынка. Яна так і не наважылася сказаць Рыгору праўду...
Не сьмялейшым за яе аказаўся і кавалер. У гардэробе з рукава ягонага палітончыка высьлізнула шапка, і ў яго не хапіла рашучасьці сказаць аб гэтым гардэробшчыцы. Так і пайшоў ён бяз шапкі на сьцюдзёны сьнежаньскі вецер, балазе густая чупрына ратавала ад марозу вушы.
Затое па дарозе ў інтэрнат Рыгор насьмеліўся ўзяць Зоську пад руку. Яна не працівілася, а толькі шчыльней пры хадзе тулілася да Рыгора.
Яны доўга блукалі па аціхлых гарадскіх вуліцах, ня цямячы толкам, дзе яны, што з імі і куды яны ідуць. Апроч іх на гэтым засьнежаным сьвеце не было нікога. Толькі зіхатлівыя зоркі ды круглашчокая поўня былі маўклівымі сьведкамі іхняга нечаканага маладога шчасьця.
Праз некалькі тыдняў пасьля таго запамінальнага вечару, калі Рыгор і Зоська ўжо не ўяўлялі сябе адно без аднаго, ён “ашчасьлівіў” імяніньніцу вершаванай віншавальнай паштоўкай:
.
..Ты станеш жонкай,
станеш маці,
Ды помні ў сьне і наяву,
Што праз цябе я шапку страціў,
А потым страціў галаву...

Я ўдзячны вуліцы Сьвярдлова
І лёсу ўдзячны за мілосьць:
Жыць можна нават безгалова,
Калі ў душы каханьне ёсьць!

Хай не замружаць аблачынкі
Вачэй шчасьлівых прамяні...
Жыві сто год, мая дзяўчынка!
Хай Бог твае шчасьлівіць дні!

* * *
Пасьля другога курсу Рыгор застаўся летаваць у Менску. На той час ён пасьпеў надрукаваць некалькі сваіх вершаў у рэспубліканскіх газетах, і нават прынялі ягоную падборку ў паважаны літаратурны часопіс. Гэта абнадзейвала, надавала яму імпэту і надалей шукаць сябе ў прыгожым пісьменстве. Вабіла і журналістыка. Будучыя газетчыкі жылі ўпярэмешку з філолагамі ў адным інтэрнаце, часта нават у адных пакоях, і Рыгору іхняя будучая прафесія падавалася больш значнай і рамантычнай, чым ягоная – настаўніка. А калі прыняць пад увагу не такія ўжо і бедныя па студэнцкіх мерках ганарары, то ўвогуле Рыгору закарцела пашукаць шчасьця на гэтай ніве. Яшчэ да вакацыяў ён напісаў некалькі матэрыялаў для піянерскай газеты, і галоўны рэдактар прапанаваў яму больш цеснае пазаштатнае супрацоўніцтва. Калі па праўдзе, Рыгор разьлічваў такім чынам нешта за лета і зарабіць. Аб чым ён і паведаміў лістом Кацярыне. Маці ня вельмі каб ухваліла Рыгораву ідэю, аднак усё ж пагадзілася.
Зарабіўшы крыху на камандзіровачных і атрымаўшы сякія-такія ганарарныя, Рыгор занудзіўся. Летам у інтэрнаце нікога з сяброў не было. А галоўнае – не было Зоські. Пацёршыся днём у рэдакцыі, дзе таксама апошнім часам не было на яго попыту, вечарамі ён, як непрыкаяны, бадзяўся па горадзе альбо валяўся з кніжкаю ў ложку. І тое, і другое хутка абрыдзела, на душы было самотна і няўтульна. Ён пастаянна лавіў сябе на тым, як не хапае яму той слаўнай дзяўчынкі, побач з якой было заўсёды так лёгка і хораша.
Нарэшце рашэньне высьпела само сабой: трэба зьездзіць на Наваградчыну да Зоські. А каб заадно добра разьмяцца ды палюбавацца новымі краявідамі, даўмеўся ён дабірацца туды “на сваіх дваіх” ці, калі дакладней, на веласіпедзе. Ягоны добры знаёмец Барыс, гарадскі хлопец, займаўся ў веласекцыі, і Рыгор выпрасіў у яго на два-тры дні спартыўны “велік”...
Дарога на Зосьчыну радзіму ня здоўжылася, хоць шлях быў і не малы– сто сорак з гакам кіламетраў. Выехаўшы раненькім-рана з Менску і прыхапіўшы з сабою на ўсялякі выпадак перакус, бліжэй да поўдня Рыгор ужо круціў педалі па пыльнай палявой дарозе, папытваючы рэдкіх сустрэчных, як праехаць да канечнага пункту сваёй вандроўкі. Ён ведаў, што Зоська – хутарская гадаванка, хоць па ейных згадках іхнюю сядзібу на самой справе хутарам і не назавеш: яна месьцілася на невялікім, зарослым рэдкім хвойнічкам пагорку за метраў трыста ад вёскі.
Добра змэнчаны, у закасаным вышэй калена спартыўным трыко і ўзмакрэлай ад поту майцы, з ускудлачанай потарчкам чупрынай, ён не выклікаў асаблівага даверу ні ў сабакі, які пагрозьліва рваўся да яго з ланцуга, ні ў маленькай жвавенькай кабеты, якая вынырнула аднекуль на ўядлы сабачы брэх.
Абвёўшы прыдзірлівым позіркам нечаканага госьця і ягоны нязвыклы па ейным разуменьні “транспарт”, кабета адразу паставіла пытаньне рубам: “Хто Вы такія і чаго хочаце?”
Гэтае крыху нязвыклае “Вы” крыху дадало Рыгору сьмеласьці, і ён патлумачыў, што Зоська, калі ён правільна трапіў, – ягоная аднакурсьніца, зманіў, што вандруе з сябрамі па сьцежках Адама Міцкевіча, якія пралягаюць і па іхніх мясьцінах, ды вось вырашыў заадно праведаць каляжанку.
Ён заўважыў, як прабегла па маршчыністым кабеціным твары нібыта знаёмая хітраватая ўсьмешка, па якой ён пазнаў, што гэта няйначай Зосьчына маці.
– Прабачце, ці не магу я пабачыць Зоську?
– Не-а. Ня можаце. Зьехала яна да брата, далёка Вам будзе адсюль. Так што вандруйце сабе...
І зноў хітравата пасьміхнулася.
Ушчэнт разгублены Рыгор не пацікавіўся нават, калі Зоська вернецца дадому і дзе жыве той брат, да якога яна паехала. Яго душылі стома і пякучая крыўда на Зоську, на ейную матку, а найперш – на самога сябе: трэба ж так уляпацца: пяцца такую дарогу, каб пацалаваць не сваю Зосечку, а, лічы, замок...
Ехаць назад Рыгору ўжо не ставала сілаў, і ён заначаваў у вёсцы, улагодзіўшы гаспадароў той самй легендай пра вандроўку. Паверылі ці не – невядома. Толькі пасьля Зоська расказвала, што вясковае “жаночае радыё” нейкі час перадавала чутку, нібыта да Ульянавай дачкі прыязджаў ні то малады вучоны, ці то “спарцмен”, ці то ўвогуле нейкі “чокнуты”, бо хто ж разумны паедзе з Менску за такі няблізкі сьвет на “дурацкім драндулеце”...
Ды не бывае худа без дабра. Менш, як праз паўгода пасьля той памятнай вандроўкі Рыгор і Зоська пажаніліся. “Камсамольскае” вясельле рабіць не было за што. Зосьчыны бацькі зладзілі яго на сваім хутарку, куды па глыбозным сьнезе літаральна прыпаўзьлі і многія аднакурсьнікі маладажонаў.
Рыгорава маці на вясельле не прыехала. Прыслала Рыгору ліст, у якім было старанна выпісана ўсяго некалькі словаў: “Лепшага, сынок, я ад цябе і не чакала. Плакала цяпер твая навука...”
Праз пэўны час хутараначка Зоська ашчасьлівіла Рыгора дачушкай Алінкай.
А цешча ўсё ж пасьля ўпадабала Рыгора і толькі многа пазьней прызналася, што Зоська тады ні ў якага брата не была, а хадзіла з меншай сястрычкай Верачкай у лес па чарніцы...

* * *
Дзіця каханьня – нованароджаную Алінку – маладзенькія бацькі прынесьлі ў агульны інтэрнацкі пакой, дзе жыла Зоська з сяброўкамі. Забіралі з радзільні цэлым студэнцкім хаўрусам, папярэдне аблаташыўшы некалькі гарадскіх кветнікаў з цюльпанамі і гладыёлусамі. Як-ніяк – першае дзіця на курсе...
Для Рыгора і Зоські пачыналася новае жыцьцё – непрадбачанае і неспадзяванае “блуканьне па пакутах”. Заява на асобны пакойчык, на маленькую “бакоўку”, абышла ўсё універсітэтскае начальства ад старшыні студсавету да прарэктара па гаспадарцы. За станоўчымі рэзалюцыямі на ёй не было жывога месца. Як не было і жаданай “бакоўкі”. Калі якая і вызвалялася, яе тут жа гвалтоўна, без усялякіх рэзалюцыяў захоплівалі студэнцкія пары са старшакурсьнікаў, хоць у некаторых з іх дзеці былі яшчэ толькі ў праекце. Спасылаліся на таксікозы ці яшчэ на якія хваробы, падраблялі ключы і самачынна ўсяляліся. І ніякае начальства, ніякая іншая сіла не давалі рады іх адтуль вытурыць.
У дзявоцкім пакоі, дзе атабарылася Зоська з грудной дачушкай, эйфарыя з нагоды зьяўленьня малюпасенькай жыхаркі хутка прайшла. Абуджаныя было незапатрабаваныя мацярынскія інстынкты саступілі месца маўклівым і бурклівым скаргам на неўладкаванасьць пакаёвага быту. Была прычына для бубненьня і ў Зоські: пры адчыненай фортцы па пакоі гуляў скразьняк, і Алінка раз за разам прастуджалася.
Нарэшце дачушка падхапіла запаленьне лёгкіх, і яе адну, бяз маці, паклалі ў дзіцячую бальніцу. Зоську падпускалі толькі на кармленьне. Трэба думаць, як шчымела матчына сэрцайка, калі яна бачыла хворую Алінку, абы-як загорнутую ў грубыя, каляныя пялюшкі...
Гняло гэта ўсё і Рыгора. Асабліва раздражняла тое, што ў інтэрнаце пуставаў пакой, праўда, не “бакоўка”, а крыху большая па памерах. Ня так даўно там жыў несямейны асьпірант.
Камендантка інтэрната – сухая, чэрствая жанчына – і слухаць не хацела ні пра якія рэзалюцыі і ні пра якія пустыя пакоі. Адказ быў адзін: усе пакоі занятыя.
І тады першы раз у жыцьці Рыгор сьвядома пайшоў на злачынства, хоць злачынствам у поўным сэнсе гэта і не назавеш. Ён зразумеў, што прарваць гэтую зацятую чыноўніцкую блакаду можна толькі адным спосабам – даць камендантцы хабар. Такі ход падказваў яму чыйсьці чужы, але такі папулярны ў грамадстве досьвед, які даўно ўвасобіўся ў прыкрую, ды ўсё ж справядлівую показку: “не падмажаш – не паедзеш”. Рыгор з жахам думаў, як ён сумее гэта “падмазаньне” зрабіць, і ці зможа наогул. Аднак выбару не было. Як не было і грошай на той кляты хабар. Заставалася адно...
Употайкі ад усіх, у першую чаргу ад Зоські, Рыгор загарнуў у балоневы плашчык гармонік – свайго даўняга неразлучнага сябра – занёс на Юбілейны рынак і прадаў. Ён выручыў не такія ўжо і вялікія грошы, але пазбыўся чагосьці значна большага, чым гармонік. Ён здрадзіў самаму блізкаму сябру, растаптаў Тарасову памяць, прадаў ня проста дарагую яму рэч, а, здавалася, беззваротна страціў нейкую сьветлую часьцінку сваёй душы...
Ня трэба было асабліва доўга і мудрыць, як “падмазаць” камендантку. Падпільнаваўшы, калі яна нарэшце застанецца адна ў сваім кабінеце, ён неўпрыкметку шмыгнуў у дзьверы і моўчкі паклаў ёй на стол тую бездапаможную заяву з прымацаванай пад сподам дваццаціпяцірублёўкай. Апасьліва зыркнуўшы на дзьверы, яна хуценька прыбрала грошы і на вачах у Рыгора ў адно імгненьне пераўвасобілася з грознай мегеры ў лагодную і рахманую фею.
– Так бы даўно, а то носішся са сваімі рэзалюцыямі, як з пісанай торбай. Што-небудзь прыдумаем...
Літаральна на другі дзень бацькі-маладзёны па парадзе старой санітаркі скралі з бальніцы сваё дзіця і пачалі абжывацца ў тым самым сто саракавым пакоі, дзе яшчэ нядаўна жыў асьпірант.
Не было ўжо толькі з імі слаўнага сябра гармоніка, які некалі іх пазнаёміў, зьвёў у дружную сямейку і пасяліў у гэты пакойчык. Коштам Рыгоравай здрады...

* * *
Усё пакрысе ўладкавалася: хоць дэканат і не дазволіў маладой маці вольнае наведваньне лекцый, яны злаўчыліся недзе на сярэдзіне заняткаў, на хаду, подбегам, мяняцца – хто да Алінкі, хто на лекцыі. Дачка акрыяла пасьля хваробаў і яшчэ да года пачала радаваць бацькоў першымі слоўцамі і першымі нясьмелымі крокамі. Рыгор крыху падрабляў – калі ў газеце, калі на таварнай станцыі. Ачомалася і Кацярына, даравала Рыгору ягоную раньнюю жаніцьбу. Так што была ўжо нейкая падтрымка ня толькі з Зосьчынага хутару, але і з Акунёў. Нават пачалі вымяркоўвацца сякія-такія планы на недалёкае будучае, бо не за гарамі педагагічная практыка і разьмеркаваньне.
Аднак чалавек мяркуе, а чыноўнік вырашае ягоны лёс...
Ня думалі, не гадалі Рыгор і Зоська, што будзе такім караценькім іхняе шчасьце і што так хутка і надоўга яно мінецца.
Яшчэ калі яны былі на другім курсе, ва універсітэце зьліквідавалі ваенную кафедру. Што і як паслужыла таму прычынаю, вядома было толькі тым жа чыноўнікам. А хлопцы-студэнты былі радыя: ня трэба вучыць усялякую, на іхні погляд, лухту, накшталт вайсковых статутаў, тапаграфіі ды рознай артылерыйскай мудрагельні, тым больш, што ўсё гэта ня лепшым чынам уплывала на стыпендыю.
Праз два гады гэтая радасьць вылезла Рыгору і ягоным сябрам бокам. Першую позву ў ваенкамат ён успрыняў, як недарэчны жарт ці нечую памылку. Аднак дасьведчаныя людзі яму патлумачылі, што вельмі мала хлопцаў-прызыўнікоў 1945-га году нараджэньня, у арміі вялікі недабор, і таму доўг радзіме мусяць аддаць усе, хто па нейкай прычыне у войску яшчэ не служыў.
А такіх толькі на філфаку набралася ажно сем хлопцаў. Як ні вылузваўся Рыгор, як ні даводзіў, што ў яго сям’я, гадавалая дачка, што ў яго ў дадатак да ўсяго гастрыт, як ні прасіў, каб далі адтэрміноўку да заканчэньня вучобы, – у ваенкаматаўскіх чыноўнікаў на ўсе ягоныя довады адказ быў адзін: “на общих основаниях”.
І загрымеў Рыгор на гэтых самых “общих основаниях” у “непобедимую и легендарную” ажно на тры гады...
Праз лічаныя дні ён ужо стаяў у армейскай лазьні пад самай Масквою – стрыжаны “пад нулёўку”, голы, яшчэ па дарозе ў Маскву і ў гэтую самую лазню амаль да ніткі абабраны “дзядамі”. Нібыта ў недарэчным кашмарным сьне ён нацягваў на сябе хэбэшнае салдацкае галіфэ, якое было яўна большае, чым трэба, і мяшком вісела на ўчарашнім, ня надта ўкормленым студэнце. Не па памеры вялікімі дасталіся яму і кірзачы. На Рыгоравы далікатныя нараканьні старшына крывіў морду і адмахваўся, як ад надакучлівай мухі: “С большого не вывалишься”.
Ён трапіў у ваенную вучэльню, дзе рыхтавалі малодшых авіяцыйных сьпецыялістаў ці, як жартавалі “дзяды”, вучылі “закручваць самалётам хвасты”. На агульным пастраеньні з нагоды “прибытия нового пополнения” камандзір вучэльні павіншаваў маладых воінаў з вялікім гонарам, які выпаў на іхні лёс – бараніць Радзіму ад “зубастых и алчных империалистических акул”. Таму кожны салдат павінен лічыць сябе “надёжным боевым патроном”...
Патрыятычная прамова палкоўніка амаль не даходзіла да Рыгоравай сьвядомасьці. Думкі блыталіся, усе яны былі там, у студэнцкім інтэрнаце, дзе на доўгія тры гады засталася бяз мужа дарагая Зоська і без бацькі – любая дачушка Алінка...
– Рота, равнясь-сь-сь! Смир-р-ра! Правое плечо вперёд, шаго-о-ом арш!
Нібыта чыясьці нябачная рука ўладна запіхнула Рыгора ў салдацкія шыхты, як запіхаюць патрон у кулямётную ленту…

З Божай ласкі
ці з волі халоднай людской
апранулі ў шынель
нашы сьветлыя мары і будні...
Без цябе мне няўтульна –
здаецца, змарнею душой
і ўпаду у самоту,
нібыта у мёртвую студню...

Веру:
наша каханьне
разлукаю не патушыць,
злая воля людская
ніколі яго не задушыць!
Прагукай да мяне,
прашапчы,
напішы –
можа так мы з табой
уратуем збалелыя душы...

Адзіным адхланьнем для Рыгора ў аднастайна-шэрых салдацкіх буднях былі Зосьчыны лісты...

* * *
Першая рота, у якой выпаў гонар служыць курсанту Рыгору Аўласёнку, традыцыйна лічылася лепшай у вучэльні. Традыцыя гэтая ўзьнікла даўно і доўжылася ня столькі з-за асаблівых посьпехаў курсантаў у “вучобе, баявой і палітычнай падрыхтоўцы”, колькі з-за прыязных, можа нават сяброўскіх адносінаў камандзіра роты маёра Зелянова, старшыны роты Кузьняцова і начальніка ўсёй вучэльні палкоўніка Барадзіна. Усе трое жылі ў адным ДОСе (доме афіцэрскага саставу) і сябравалі сем’ямі. “Беспрацоўныя” жонкі бавілі час на кухнях ды ў пошуку модных убораў, а іхнія мужы ў выхадныя дні скідалі пагоны і ехалі на прыроду – паляваць альбо рыбачыць. Пра гэта ведалі ня толькі афіцэры часьці, але і курсанты, ды і сама “тройца” не рабіла з гэтага сакрэту.
Пад “страхой” самога начальніка вучэльні, вядома ж, пачуваецца вальней. І гэта добра ўсьвядоміў старшына Кузьняцоў. Былы ўдзельнік вайны, ён быў чалавекам настрою, несправядлівым, а часам нават бязьлітасным да курсантаў, да тых, за каго ў свой час клаў на плаху жыцьцё. Штораніцы ён падымаў роту амаль па трывозе, шыхтаваў паўсонных салдацікаў у калідоры насупраць спальнага памяшканьня і наводзіў паказальны “шмон” у іхніх прыложкавых тумбачках. І ня дай Бог знайсьці там штосьці, на ягоны погляд, лішняе! Ён шпурляў гэтыя “знаходкі” на калідор з такой злосьцю і з такой сілай, што толькі лаўчыся ўхіляцца... Шчодра раздаваў курсантам пазачарговыя нарады з абавязковым мыцьцём лесьвіцы на трэці паверх вынайдзеным ім самім спосабам – зьверху ўніз і зьнізу ўверх. Дзівацкім фантазіям старшыны Кузьняцова не было мяжы...
Але найбольшы клопат меў Рыгор ад камандзіра роты маёра Зелянова і ягонага намесьніка па тэхнічнай частцы – нампатэха – капітана Падольскага. Апошні карыстаўся заслужанай непавагай курсантаў, так што тыя “перахрысьцілі” яго ў капітана Падонскага. Як выявілася, абодва яны завочна навучаліся ў Маскоўскім авіяцыйным інстытуце, былі на розных курсах, але мелі адну і тую ж “тактычную” задачу: каму з курсантаў даручыць чарговую кантрольную работу. Балазе што з ВУЗаў падчысьцілі не аднаго Рыгора. Як на зьдзек, Аўласёнку “даверылі” кантрольныя па нямецкай мове, канешне ж, ведаючы, што ў яго ўжо здадзены па ёй дзяржаўны экзамен.
І трапіў Рыгор у нерат – ні ўзад, ні ўперад... Адмовіць было немагчыма. Але ні адзін, ні другі ня мелі слоўнікаў, і яму даводзілася перакладаць з нямецкай і на нямецкую, карыстаючыся сваімі ня дужа вялікімі слоўнікавымі набыткамі. І ўсё ж неяк перакладаў: трохі выратоўвала тое, што тэксты былі, як правіла, на тэхнічную тэматыку, ды недзе дапамагала інтуіцыя.
Кожны раз Рыгор напамінаў пра слоўнікі, тлумачыў, што ён не настолькі добра валодае нямецкай мовай, каб рабіць кантрольныя бяз іх. Нібыта гэта было пільнай патрэбай ня ім, а яму самому. Але худа-бедна кантрольныя залічвалі, а слоўнікаў як не было, так і не было.
Нарэшце высьпеў канфлікт, які істотна паўплываў на ягоны далейшы салдацкі лёс.
Бліжэй да лета служба ў вучэльні заканчвалася, і курсантам належала здаць экзамены ня толькі па сьпецыяльнасьці, але і па страявой падрыхтоўцы. У адсутнасьць камандзіра роты, які нечакана зьлёг у шпіталь, “страявую” прымаў нампатэх Падольскі. Напярэдадні “капітан-завочнік”, не зважаючы на чарговы Рыгораў напамін аб слоўніках, у загаднай форме запатрабаваў, каб кантрольная была гатова не пазьней, як да заўтрашняга экзамену па “страявой”.
І Рыгор ня справіўся. Не сказаць, каб ён схібіў і не зрабіў знарок. Але ўсё ж тлеў у душы і нейкі ўнутраны пратэст. Відаць, рана ці позна гэта павінна было здарыцца... І як на тое ліха, здарылася вельмі недарэчы.
Калі дайшла чарга Рыгору паказаць сваю салдацкую выпраўку, капітана Падольскага нібы “заклініла”. Са зласьлівай усьмешкай на твары ён пачаў ганяць Рыгора на страявым плацы перад строем, нібыта “салагу” з каранціну. Адну і тую ж каманду ён змушаў выконваць яшчэ і яшчэ, каментуючы кожны Аўласёнкаў рух зьедлівымі, нават абразьлівымі заўвагамі. За ўсім гэтым бачыўся непрыхаваны зьдзек, помста за ня выкананы ў адведзены тэрмін загад.
Хай бы яна гарэла сінім полымем тая кантрольная!..
Аднак згарэла не кантрольная. Згарэў Рыгораў “дзесяцідзённы без дарогі” адпачынак, на які ён так спадзяваўся, якога так чакалі і ён, і Зоська, і які належаў яму за посьпехі ў “вучобе, баявой і палітычнай падрыхтоўцы”. Згарэла і кволая надзея на тое, што таварышы камандзіры пранікнуцца разуменьнем і спачуваньнем да ягонага статуса “жанаціка” і пасьля вучэльні, як абяцаў маёр Зеляноў, накіруюць на службу ў родную Беларусь...
Праз некалькі дзён нампатэх капітан Падольскі – нядбайны студэнт-завочнік і самазадаволены чыньнік салдацкіх лёсаў – падкрэсьлена ўрачыста працягнуў Рыгору Аўласёнку заштампаваны армейскай пячаткай пакет з дакументамі:
– Ну, вот Авласёнок. Завтра же тебе надлежит отбыть на новое место службы. Оно, конечно, лучше бы в отпуск, к семье. Но что поделаешь – Родина зовёт!.. Езжай. Покорми комаров в Горьковских болотах…

* * *
Горьковская обл.
П/о Истомино. В/ч №…
Дарагі, любы наш муж і татка!
…Усё згадваю той момант, калі ўжо ня стала відно цягніка, нашы сябры пазіралі на мяне з асьцярогай і шкадаваньнем, а я тады падумала: няўжо калі настане той дзень і той момант, калі закончацца гэтыя праклятыя тры гады, і буду я сустракаць, а не праводзіць са сьлязьмі цягнік з табою...
Ведаеш, чаму людзі, народжаныя ў сорак пятым, прыгожыя? Таму што пад час доўгай і страшнай разлукі жылі згадкамі пра сваё каханьне, летуценьнямі пра свае першыя сустрэчы з каханымі пасьля вайны...
...Перабіраю ў памяці ўсё па парадку. Згадваецца толькі нешта сьветлае і радаснае. Ці памяняліся мы з табой больш як за год разлукі? Яна многаму нас навучыла. Ты стаў мне ў стокраць даражэй...
Як мы і дамовіліся з табою, ды і з бацькамі я параілася, – па заканчэньні нашай ВУЗы еду працаваць на радзіму, у сваю родную Альхоўскую школку. Дырэктар дакляраваў, што гадзіны для “салдаткі” знойдуцца. Можа і правільна: там усе свае, усе мяне ведаюць, дапамогуць. Ды і бацькі за пяць кіламетраў, дапамогуць Аліначку прыгледзець...


БССР. Гродзенская вобл.
п/а Альхоўка.
Дарагая мая Зосечка!
Ня так часта ў жыцьці мне шанцавала, дык, можа, хоць на гэты раз мне пасьміхнецца лёс...
Даруй, што так доўга не пісаў. Сёньня роўна месяц, як я ў шпіталі...

Атакуюць мяне дактары,
Марна ловяць хваробы прычыну...
Што з табой, маё сэрца?
Ці мо без пары
Мне зямныя гады адлічыла?

Ці стамілася ты
ад бяскрылых надзей,
Ад халоднай самоты чаканьня,
Ад бяссоньня у мроях каханьня?
Чуеш сэрца?
Займаецца толькі на дзень –
Так далёка яшчэ да зьмярканьня...

Ты вярні свой былы неспакой,
Ты вярні мне шалёныя будні –
Мо спатолюся доляй зямной,
Ці пашчасьціцца лёс мой аблудны...

...Матор мой ня так хутка, але ўсё ж набірае абароты. Доктар-кардыёлаг усьцешыў, што з такой хваробай жывуць па сто гадоў, а на менш я і не разьлічваю... Яшчэ казаў, каб паменей прыслухоўваўся да сваіх “экстрасісталаў”, а паболей “спажываў” станоўчых эмоцый. Так што назапашвай гыныя эмоцыі, каб хапіла на дваіх...
Па заканчэньні курса лячэньня медкамісія вызначыць адзін з двух варыянтаў: альбо “камісацыя”, альбо да 60-ці сутак адпачынку па хваробе. Не было б шчасьця ды няшчасьце можа нам паспрыяць. Калі адпачынак па хваробе даецца пасьля 1 ліпеня, то салдата звальняюць у запас. Так ці інакш, дзе-небудзь у жніўні месяцы я магу быць з вамі, мае дарагія...

г. Горький. В/ч №…
Госпиталь.
Дарагі наш муж і татка!
...Чакаем – у гэтым увесь сэнс нашага існаваньня. І Аліначка вельмі чакае. Учора так наіўна, па-дзіцячы, суцяшала мяне, а потым і сама расплакалася...
...Як ты там? Ці спытаўся ў доктара, як я прасіла, а раптам яны дазволяць мне быць пры табе? Дазваляюць жа часам у нашых бальніцах... Хіба што нельга ў ваенным шпіталі. І ўсё ж запытайся. Я пакутую ад думкі, што нічым не магу табе дапамагчы. Неяк уладкавалася б у гэтым няшчасным Горкім. Вось ужо сапраўды “горкі”...
...Было б цудоўна, каб выпісалі са шпіталю і адразу адпусьцілі дадому. У любым выпадку, Рыгорка, у цябе адна задача: усе сілы на тое, каб паправіцца, паздаравець, вычухацца з гэтае хваробы...
...Пытаюся ў Алінкі, як жа яна сустрэне татку. Кажа: “Спачатку ўцяку, а потым буду падманвацца і хавацца, а як знойдзе ды пасадзіць на плечы, то і пацалую...”
...Мяне не пакідае дзіўнае адчуваньне, што вось-вось адчыняцца дзьверы і ў хату зойдзеш ты. Лаўлю сябе на тым, што выглядваю ў акно і чакаю, чакаю, чакаю...

БССР.Гродзенская вобл.
П/а Альхоўка.
5 жніўня быў на камісіі.
Няма слоў!!!
Мне даюць адпачынак па хваробе на 60 сутак!
А гэта азначае, што праз які тыдзень – Я ВЯРНУСЯ ДА ВАС!
Разумееш, любая? Не пішы мне больш ні на шпіталь, ні на часьць, ні ўвогуле ў войска…
НЕ ПІШЫ МНЕ БОЛЬШ ЛІСТОЎ У АРМІЮ!!!

* * *
Незнаёмая дагэтуль Рыгору Аўласёнку вёска Альхоўка – новае ягонае прыстайнішча – жыла сваімі штодзённымі рабоча-сялянскімі клопатамі. Рабоча-сялянскімі яны былі з тае прычыны, што, апроч калгасьнікаў, тут жылі і рабочыя мясцовага сьпіртзаводу. Альхоўка адразу і не заўважыла зьяўленьня свайго новага жыхара.
Доўгачаканым і жаданым ён быў толькі для любай Зоські і маленькай Аліначкі. З радаснымі воклічамі яны павісьлі на Рыгоравай шыі, матлашылі і цалавалі яго, а шчабятунка-дачка спачатку ўзьдзябурылася на бацькавы плечы, а потым пакацілася па вёсцы, апавяшчаючы ўсіх сустрэчных: “Ага! А ў нас татка прыехаў!..”
Ні да таго, ні праз шмат гадоў пасьля ня мела Рыгорава душа такога вялікага, хоць і мімалётнага шчасьця. Хіба толькі як нараджаліся іхнія дзеткі ды як вярнуўся некалі з Афгану іхні сын Алесь...
Сьвята траіх было сьветлым і радасным. Такім жаданым, але такім нядоўгім. Пачыналіся будні...
Як і абяцаў дырэктар Альхоўскай дзесяцігодкі Аляксей Міхайлавіч Зайцаў, Аўласёнку “нашкрэблі” ажно дваццаць гадзінаў – усяго патроху: сьпеваў, працоўнага навучаньня і крыху беларускай мовы і літаратуры ў малодшых класах. Апроч таго, паставілі ўмову, каб арганізаваў вучнёўскую мастацкую самадзейнасьць.
Да пачатку новага навучальнага году Рыгор зьезьдзіў у Акуні. За тры гады ягонае службы Кацярына ня тое каб надта пастарэла, але зморшчынак на ейным твары стала значна больш, магчыма, і з-за ягонай хваробы таксама. Падрасьлі і пайшлі ўжо ў Міхалёўскую школу Алесік і Натка. Айчым за “доблестный труд” атрымаў узнагароду – ордэн “Знак Почёта”. Відаць, ня толькі за сумленную працу трактарыстам ды камбайнёрам, але і за тое, што, ня ў прыклад іншым механізатарам, так і не навучыўся красьці калгаснае...
4 верасьня, па зьяўленьні на сьвет Загаду Міністра абароны СССР аб звальненьні ў запас вайскоўцаў тэрміновай службы, сьвежасьпечаны настаўнік Рыгор Іванавіч Аўласёнак паўстаў перад раённым ваенкомам падпалкоўнікам Авечкіным. Як яму тлумачылі тады ў войску, выпраўляючы ў доўгатэрміновы адпачынак па хваробе, ягонае звальненьне ў запас па месцы жыхарства было “справай тэхнікі”.
Аднак чамусьці зусім па-іншаму разважыў райваенком Авечкін...
Зьмерыўшы прыдзірлівым вокам “цывільнага” Аўласёнка і выслухаўшы ягоны клопат, падпалкоўнік Авечкін раптам зароў зусім не авечым голасам:
– В запас его, видите ли… У тебя что, на лбу написано, что ты военнослужащий? Почему не в форме? Выйди и зайди, как положено по Уставу!
Рыгор пяўся яшчэ нешта патлумачыць, што згодна з законам яго павінны звольніць у запас і што ён ужо прыняты на працу настаўнікам, ёсьць на гэты конт загад па РайАНА. Аднак перад ім была глухая сьцяна, якую не прабіць і танкам…
– Кру-гом! Шагом марш! И чтоб я больше не видел тебя в своём кабинете! Младший сержант он, видите ли…
Даруй, Божа, цяжкі грэх!.. Але ці па Сваёй волі, ці з лепшых памкненьняў плодзіш Ты на зямлі стварэньні, увасобіўшы іх у цялесную абалонку, але не ўдыхнуўшы ў іх жывую душу? Ці гэта вычварная прыдумка адвечнага ворага Твайго – сатаны, які насуперак Твайму чалавекалюбству падсунуў нам чыноўніка па вобразу свайму і падабенству? Ці ёсьць на сьвеце чын, чыноўнік, які чыніў бы людзям дабро?..
Навучальны год у Альхоўскай школе пачаўся фактычна без Аўласёнка. Дастаўшы з дэмбельскага куфэрку свой сяржанцкі мундзір, адпрасаваўшы яго і падшыўшы сьвежы падкаўнерык, падаўся ні то салдат, ні то настаўнік у абласны ваенкамат за дзьвесьце кілометраў ад Альхоўкі. Праз два дні чыноўніцкай цягамоціны ён быў нарэшце звольнены ў запас і па вяртаньні адрапартаваў сваёй зьбянтэжана-насьцярожанай Зосьцы:
– Двойчы звольнены ў запас сяржант-настаўнік Аўласёнак зьявіўся для далейшага выкананьня сямейных абавязкаў!...

* * *
Настаўніцкая праца як бы заўсёды лічылася справай нялёгкай, але пачэснай. Альхоўскія старажылы ўспаміналі, што “за Польшчай” пры сустрэчы з настаўнікам вяскоўцы віталіся з лёгкім паклонам, а мужчыны найчасьцей нават здымалі шапкі. Адзін стары патомны паляк, які нейкім чынам даўно атабарыўся ў Альхоўцы, вітаючыся з настаўнікам, лісьліва прыгаворваў: “Здрастуйте, пан-таварыш наставнік! Пачот Вам і ўважэньне...” Пры гэтым ветліва прыпаднімаў за казырок сваю шапку. Таго паляка так і празвалі ў вёсцы “Пачот і ўважэньне”. Хто пайшоў? – “Пачот і ўважэньне”...
Што датычыцца “савецкага” настаўніка, то тут пра гонар і павагу да яго – асобная гаворка. На словах чынавенства ўсіх рангаў – ад старшыняў сельсавету і калгасу да першых асобаў партыі і дзяржавы – выказвалі настаўнікам “почёт и уважение”, не раўнуючы, як той альхоўскі паляк. На справе ж усё было інакш. Сейбіты “разумнага, добрага, вечнага” цярпліва несьлі свае “сявенькі”, згорбіўшыся пад цяжарам бесталковых метадычных эксьперыментаў ды чужых сумніўных досьведаў, скукожаныя ад страху перад бясконцымі праверкамі – ад пажарнікаў да высокіх і нізкіх чыноў так званай “народнай асьветы”. Што ўжо казаць пра неўладкаванасьць настаўніцкага быту, пра мноства грамадскіх абавязкаў і бяскрайняе папяровае мора. Планы паўрочныя, каляндарныя, выхаваўчыя, штодзённыя і персьпектыўныя, планы на ўсе выпадкі школьнага і няшкольнага жыцьця. Падпіскі на дзяржаўную пазыку, палітінфармацыі для вучняў і насельніцтва, так званая “палітмасавая работа”. Нават “кантрактацыя цялят”... Усё, што “страляла” ў маразматычныя галовы ўшчэнт састарэлых партыйных і дзяржаўных лідэраў, так ці інакш, прама ці рыкашэтам трапляла ў бедных настаўнікаў. Не абыходзіла іх бокам і такая “адказная” сельскагаспадарчая кампанія, як праполка буракоў. Была ў іх затое на ўсё пра ўсё адна радасьць – па словах аднаго першага сакратара райкаму – “цялячыя” адпачынкі...
У свой час усё гэта добра зьведала на сабе Рыгорава маці, сьведкам чаго ў дзяцінстве быў сам Рыгор. Да скону дзён запомніцца яму, як млела ад страху і курчылася ад сардэчнага прыступу Кацярына пад час чарговай праверкі. Як ратавалі яе добрыя людзі, а потым дактары, калі цяжарная на блізьнят, з нязвыкла вялікім “жыватом” яна хадзіла па суседніх вёсках “па займу” і на яе напаў залётны пчаліны рой...
За два дзясяткі гадоў, што мінулі з тае пары, нічога ў лепшы бок не зьмянілася. Зоська – Соф’я Ульянаўна – сталася здольнай настаўніцай і ўжо набыла такі-сякі досьвед. Яна, як магла, дапамагала Рыгору намацаць сябе на педагагічнай ніве, аднак у таго ня надта “клеіліся” стасункі са школьным і райаноўскім начальствам.
Неўзабаве ён зразумеў, што навучаньне сьпевам і “працы” без належнай падрыхтоўкі і пры адсутнасьці адпаведнай базы ня толькі не дае аніякай карысьці дзецям, але зьневажальнае і для самога настаўніка. А часам тоіць у сабе і пэўную небясьпеку...
Яшчэ ў войску Рыгор крыху пасябраваў з баянам, а ў школе дастаткова хутка асвоіў “Самоучитель игры на баяне”, авалодаўшы такім прымітыўным чынам азамі нотнай граматы. Сам ён меў ня надта “сьпеўны” голас, але выручаў добры музычны слых. Да таго ж Мінасьветаўская праграма па сьпевах рэкамендавала для развучваньня даўно знаёмыя Рыгору песенькі. Горш было з Дзяржаўнымі гімнамі СССР і БССР, якія належала выконваць на кожным уроку сьпеваў у кожным класе. І хорам, і сольна, і проста паўтараць словы. Як на зьдзек, чатырох-пяцікласьнікам ніяк не давалася запомніць “дзяржаўныя” тэксты.
Аднойчы гэта прывяло да інцыдэнту. Пад час “франтальнай” праверкі РайАНА ўрок сьпеваў у пятым класе пажадаў наведаць сам загадчык усёй раённай адукацыі Мікалай Кузьміч Холадаў. Вядома ж, крыху разгублены ад прысутнасьці на ўроку высокай асобы, Рыгор Іванавіч неабачліва выклікаў паўтарыць словы гімну СССР вучня, які меў істотныя хібы ў маўленьні: замест гука “л” у яго атрымоўваўся гук “р”... Калі дайшло да прыпеву, прагучала нешта зусім несуразнае: “Сравься Отечество наше срободное...” Мікалай Кузьміч быў шакаваны пачутым і пры аналізе ўроку абвінаваціў настаўніка ня толькі ў няўважлівасьці, але нават у “палітычнай некарэктнасьці і блізарукасьці”...
Усю зіму на ўроках працоўнага навучаньня, зноў жа згодна з Мінасьветаўскай праграмай, Рыгор Іванавіч “глыбока“ вывучаў з вучнямі будову такарнага станка з усімі ягонымі “прыбамбасамі”. Вучыў нават, як на ім выточваць дэталі. Вядома, усё гэта па плакатах ці, як кажуць, на пальцах, бо аніякіх станкоў, апроч драўляных старых варштатаў, у школе не было.
Затое малады настаўнік Рыгор Іванавіч Аўласёнак на сваім горкім вопыце, часам нават на сваёй скуры, зьведаў і зразумеў, чаго вартыя гучныя заклінаньні партыйных і дзяржаўных дзеячаў, што савецкая сістэма адукацыі, бадай, ці ня самая лепшая і перадавая ў сьвеце...

* * *
Яшчэ да таго, як падступіўся да настаўніцкай працы, Рыгор зьезьдзіў у сталіцу і перавёўся на завочнае аддзяленьне БДУ. Апроч трох армейскіх, страціў яшчэ адзін год: завочная вучоба разьлічаная на шэсьць гадоў, а яго перавялі з чацьвёртага курсу стацыянару на чацьвёрты завочны, бо ў сувязі з прызывам у войска не была здадзеная зімовая сесія. Як ні дамагаўся ён, каб дазволілі даздаць усяго некалькі прадметаў і перавялі адразу на пяты курс – усё было марна. Як заўсёды, дзейнічала формула: “на общих основаниях”... Такім чынам, Аўласёнак не па сваёй волі трапіў у ганебны разрад “вечных” студэнтаў.
Завочная вучоба, як “рэзюміравала” мама Кацярына, – гэта “не вучоба, а нешта так сабе, шалтай-балтай, абы сесію здаць”...
У гэтым ён не аднойчы меў магчымасьць пераканацца сам. Справа даходзіла да таго, што іхняя сімпатычная, у спакусьлівым целе, аднакурсьніца Люся час ад часу абвяшчала:
– Ну, вось што. Зьбірайце па “пятаку” на рэстарацыю, і хай стараста зьбярэ заліковыя кніжкі. Астатняе – ня вашая справа...
Адзін з элементаў лепшай у сьвеце сістэмы адукацыі звычайна дзейні-чаў надзейна і спраўна. Шчасьлівыя завочнікі ня тое што з радасьцю “скідаліся” па пяць рублёў, але гатовы былі насіць сваю Люсю на руках. Як потым выявілася, Люся у той час ужо працавала дырэктарам васьмігодкі у Менскім раёне... Пры абароне дыпломнай, прысьвечанай творчасьці Янкі Купалы, на пытаньне камісіі, чаму абрала менавіта класіка, Люся, не міргнуўшы вокам, адказала, што даўно ўлюбёная ў ягоныя цудоўныя вершы і паэмы. На просьбу працытаваць нешта на памяць выдала: “Між алешын-кустоў, дзе пяе салавей...” Ну, ды Бог ёй суддзя...
Нарэшце-такі ён закончыў сваю шматпакутную і шматгадовую вучобу ў БДУ. Дыпломную абараніў на “выдатна”, а вось на дзяржаўным экзамене па так званаму “навуковаму камунізму” напачатку ледзьве не “засыпаўся”. Ну, ня верыў ён – і ўсё тут – у перамогу камунізму ня толькі на ўсёй планеце, але і ў “асобна ўзятай краіне”. Ня верыў, што можна збудаваць шчасьлівую грамадскую супольнасьць, папярэдне вынішчыўшы фізічна і нават генетычна сапраўднага гаспадара, тым больш у краіне, якою здольна кіраваць кухарка ці нейкі там “гегемон”. Не магла пагадзіцца ягоная душа і з тым, што нехта ў ясным розуме здольны паверыць у казку, пазбаўленую здаровага сэнсу. Наўрад ці верылі ў яе нават самыя ярыя бальшавікі з той жа самай кірючай эліты. Відаць, фанатызм іхні быў замешаны зусім на іншым... Можа нават і з гэтае прычыны ён набраўся нахабства пайсьці на дзяржэкзамен па гэтай хітрай “навуцы”, адно пагартаўшы “галопам па яўропам” нейкі дапаможнік. Экзаменатар, выслухаўшы адказ на білет і задаўшы пару дадатковых пытаньняў, цяжка ўздыхнуў: “В коммунистической философии, Авласёнок, Вы мелко плаваете, но язык у Вас подвешен неплохо”...
Другая падзея сталася самай чаканай і самай жаданай за ўсе пасьляармейскія гады: Зоська нарадзіла сына Алесіка. Ці трэба казаць, колькі было ў сям’і радасьці, хоць, вядома, шчасьлівых клопатаў “падваліла” кожнаму. Алінка не адыходзілася ад браціка, за ёй трэба было вока ды вока, бо на патрабавальнае Алесікава “у-а” наравіла падсілкаваць яго нечым смачным...
Нечакана для іх саміх найлепшым чынам вырашылася жыльлёвая праблема. Вялікімі высілкамі калгас пабудаваў у “персьпектыўнай” Альхоўцы двухпавярховы васьмікватэрны дом. На першым паверсе разьмясьцілася калгасная кантора і сельсавет, а другі разьмеркавалі паміж калгаснымі сьпецыялістамі, адну з чатырох кватэр выдзелілі школе. Аўласёнкам пашэнціла, бо на той час іхняя маладая сям’я жыла ў маленькім пакойчыку “на падсуседзях” у альхоўскага механізатара Альбіна Вераб’я. Верабей то ён Верабей, але гарэліцу ці прадукцыю мясцовага сьпіртзаводу жлукціў напоўніцу і часта “пад газам” па сваім п’яным разуменьні “выхоўваў” сямейнікаў. Перападала вэрхалу і кватарантам...
У новым жытле і зажылося па-новаму. Трохпакаёўка была даволі вялікая па плошчы, але бесталковая па планіроўцы і кепска прыстасаваная для жыльля. Ацяпленьне пячное і ня вельмі ўдалае. Усе “выгоды” на вуліцы. Апроч таго, вечна п’яныя будаўнікі пераблыталі вапну з аміячнай сялітрай і змуравалі такім растворам амаль палову другога паверху – з гэтай прычыны вясной і восеньню сьцены літаральна “плакалі” ад вільгаці. На вялікім падворку – галоўны аб’ект агульнага карыстаньня – цагляная прыбіральня на дзьве асобы. А паколькі жадаючых “асобаў” было значна больш – апроч жыхароў дому ды “канторскіх” шмат “хадакоў” да старшыняў калгасу і сельсавету – то неўзабаве ў прыбіральню было не зайсьці. Як сказаў адзін зьедлівы наведвальнік, “не дзіўлюся, што так многа, але каб так высока!..”
Але бадай найгоршы клопат жыхары двухпавярховіка мелі ад суседства з калгаснай канторай. Кожную раніцу, пачынаючы з вясны і да глыбокай восені старшыня калгасу Мікалай Аляксеевіч Санько ладзіў так званую “разнарадку”, на якой, апроч галоўных сьпецыялістаў, мусілі прысутнічаць брыгадзіры і нават шараговыя механізатары і будаўнікі. Гэта было нешта падобнае на Садом і Гамору ці на сканчэньне сьвету. “Найясьнейшы” гаспадар калгасу называў сваю ранішнюю нараду “закручваньнем гаек”. А закручваў ён іх гадзіны тры запар – з сямі да дзесяці. Набор “гаечных ключоў” у яго быў невялікі: аштрафую, перавяду ў паляводства, абрэжу соткі, ня дам каня, ня дам сенакосу... Усё гэта густа “аздаблялася” брыдкай лаянкай, груканьнем кулаком па стале, бясконцым бразганьнем і рыпеньнем знадворкавых і кабінетных дзьвярэй, абуранымі воклічамі заслужана і незаслужана пакрыўджаных мужчынаў. Уражаньне такое, нібыта ўнізе нехта неабачлівы парушыў асінае гняздо, альбо там кожную раніцу прачынаецца і пагрозьліва дыхае вулкан. Гадзінаў у дзесяць дня, калі людзі на вёсцы ўжо добра напрацуюцца, “падбадзёраныя” і “блаславёныя” “найясьнейшым” на новыя працоўныя зьдзяйсьненьні сьпецыялісты разьязджаюцца па брыгадах і фермах. Старшыня, выслабаніўшы на нейкі час свой стамлёны ўшчэнт арганізм ад адмоўнай энергетыкі, з пачуцьцём сумленна выкананага кіраўнічага абавязку ехаў у райцэнтр, каб там, у сваю чаргу, атрымаць добрую “нахлабучку” ад партыйнага і савецкага начальства. Назаўтра раніцай усё паўтаралася. Круг замыкаўся...
Усё гэта штодзённа бачылася, чулася, сьвідравала Рыгораву сьвядомасьць, змушала нейкім чынам шукаць адхланьня ў закінутым на нейкі час пісьменстве. Урэшце, думалася маладому настаўніку, так і павінна быць: каб не забывалася, у якой краіне жывеш...
Відаць, сапраўды, у гэтым жыцьці, як кажуць мужчыны, існуе-такі закон цяльняшкі: сьветлая паласа заўсёды суседнічае з цёмнай...

* * *
Сам Рыгор Аўласёнак да сваіх літаратурных практыкаваньняў ставіўся не сказаць, каб абыякава, але, у адрозьненьне ад многіх іншых “пачаткоўцаў”, даволі самакрытычна. Ён разумеў, што ў паэтычнай творчасьці мала навучыцца спраўна рыфмаваць, можна “набіць руку” ў тэхніцы вершаскладаньня і зарыфмаваць нават чарговую прамову чарговага правадыра, але душы, вядома ж, у такім “творы” ня будзе. Ды і сьвежае, незацяганае слоўка, якое так аздабляе верш, выпырхне з-пад пёрка, калі мова ўсмактаная яшчэ немаўляткам, з матчыным малачком. Тут, як выявілася, мала бацькавых “ушацкіх генаў”. Словам, не дадаў Бог таленту, то і ня пніся... Аднак Рыгорава цяга пісаць вершы была падобная на хранічную хваробу: то заціхне, затоіцца на нейкі час, то раптам абвострыцца і возьме за горла...
Урэшце сякія-такія посьпехі ў пачаткоўца-літаратара Рыгора Аўласёнка ўсё ж былі. Разы два-тры ў год зьяўляліся ягоныя вершаваныя падборкі ў рэспубліканскіх часопісах, даволі часта публікавалі вершы абласная і асабліва раённая газеты, так што яго сьмела можна было залічваць ў “раённыя класікі”. І няйначай залічылі, бо неўзабаве даверылі кіраваць літаратурным аб’яднаньнем пры “раёнцы”.
Заўважыла Рыгора Аўласёнка і раённае камсамольскае начальства.
Аднаго вечара напрыканцы вясны прыкаціў на дабітым “козьліку” па ягоную душу сам першы сакратар райкаму камсамолу Міхась Родзька. Ды не адзін – чамусьці з загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі РК КПБ Мікалаем Швяцовым.
Нямала зьдзіўлены нечаканым візітам, Рыгор запрасіў высокае начальства ў сьціплую настаўніцкую кватэру. Зоська накрыла на стол.
Сустрэча “афіцыйных” асобаў з “неафіцыйнымі” пачалася з канфузу. За тым, як незнаёмы дзядзька раскручваў блішчастую галоўку велькай бутэльчыны, уважліва сачыў, запхнуўшы палец у рот, двухгадовы Алесік. Калі зьнячэўку грымнуў стрэл і корак з шампанскага, адскочыўшы ад невысокай столі, пацэліў Алесіку прама ў лоб, той скрывіўся ад болю ці мо больш ад сполаху і плаксівым галаском выдаў сакраментальную фразу:
– П’ёпкай п’яма ў ёп!.. Дзядзя, бось так не ябі...
Колькі пасьля таго Рыгор не сустракаўся з Родзькам ці Швяцовым, тыя заўсёды цікавіліся: “А як там пажывае “п’ёпкай п’яма ў ёп”?..
Падбадзёрыўшыся шампанскім, Швяцоў засьведчыў мэту іхняга візіту: як ён, Рыгор Аўласёнак, паглядзіць на тое, каб адразу па завяршэньні навучальнага года заняць пасаду другога сакратара райкаму камсамолу? Менавіта часова. З разьлікам на тое, што восеньню на раённай камсамольскай канферэнцыі яго абяруць на пасаду першага (мудрае чынавенства заўсёды дакладна бачыць далёка наперад...).
– Не сумнявайся, Рыгор Іванавіч, будзе рэкамендацыя райкаму партыі, то абяруць абавязкова. Ты зарэкамендаваў сябе як неблагі настаўнік, арганізатар калгаснай і вучнёўскай моладзі ў Альхоўцы, наладзіў мастацкую самадзейнасьць. Зноў жа – паэт... Ведаем, кніжачку прынялі ў выдавецтва. Падумай! Выгоды відавочныя: кватэра ў новым доме ў райцэнтры – не век жа табе векаваць у Альхоўцы. Хоць не ахці якая, але ўсё ж службовая машына. Ды і ўвогуле – трэба расьці. А Міхась... Яму дарожка выпадае ў партшколу, а там, сам разумееш, іншыя персьпектывы. Маладым, як у той песьні сьпяваецца, кругом у нас дарога... Словам, сёньня чацьвер, абмазгуй з гаспадыняй нашу прапанову і заўтра ў першай палове дня тэлефануй камсамолу сваё рашэньне. Калі даеш згоду, у панядзелак з самай раніцы – да Родзькі ў кабінет за “суправадзілаўкай, паедзеш у абкам камсамолу на зацьвярджэньне.
Ці варта казаць, наколькі нечаканай і спакусьлівай была прапанова і з якімі пакутамі прымалася тое рашэньне... Пасьля амаль бяссонай ночы і ўшчэнт разбэрсанай раніцы наступнага дня Аўласёнак згадзіўся “прадаць душу д’яблу”. Было брыдка перад Зоськай і крыўдна за самога сябе: дагэтуль ён ня толькі ня меў вока на чыноўнікаў ды розных там ідэалагічных функцыянераў, але ўвогуле лічыў іх амаль што сваімі ворагамі. А тут, на табе – паклікалі пальчыкам, і Рыгор, нібы той аблавухі трусік, гатовы скочыць у пашчу ўдава...
У панядзелак раніцай Аўласёнак быў у кабінеце першага сакратара райкаму камсамолу. Па тым, як сустрэў яго Міхась Родзька, можна было заўважыць: нешта памянялася ў пазіцыі камсамольскага важака. Унурыўшыся ў нейкую паперчыну на сваім стале, ён нешта доўга мямліў пра складанае становішча з жыльлём у райцэнтры, што дом, у якім меліся выдзеліць кватэру Аўласёнкам, яшчэ ня здадзены, будаўніцтва зацягваецца з-за недахопу матэрыялаў. І ўвогуле на кватэру ў гэтым доме прэтэндуе шмат хто з райкаму партыі, так што персьпектыва з жыльлём ня вельмі выразная, калі не сказаць горш. Ды і ўзрост у яго, Аўласёнка, крытычны для камсамольскага работніка...
Рыгор ня вытрымаў:
– Я ўжо ня хлопчык, Міхась Лявонавіч, і ня трэба са мною гуляць у хованкі. Не вадзі за нос, а кажы як ёсьць: што здарылася за гэтыя пару дзён? А то – кватэра, узрост... Можна падумаць, за тры дні мой узрост раптам стаў крытычным. Дарэчы, я не набіваўся, не напрошваўся, самі прапанавалі...
Родзькавы вочы блукалі з паперчыны на тэлефонны апарат, на ўрачыстую галерэю партрэтаў членаў палітбюро, нібыта баючыся сустрэцца позіркам з Рыгорам, пазьбягаючы прамога і чэснага тлумачэньня.
– Разумееш... Ёсьць сігнал... Давай лепш выйдзем на вуліцу, душна...
Прыпыніліся на плошчы перад “пентагонам” (так у народзе празвалі галоўны “партыйны” гмах раёну), акурат побач з помнікам правадыру сусьветнага пралетарыяту, які з застыглай бадзёрай усьмешкай паказваў імкліва выцягнутай рукой дакладны накірунак у “сьветлае заўтра”, у загадкавую камуністычную далячынь...
– Разумееш, Рыгор... Я не хацеў... ня мог табе там, у кабінеце. Ну, ты сам ведаеш, часам і сьцены вушы маюць. У гэтыя выхадныя я пабываў у вёсцы ў бацькоў. Сустрэў там земляка, былога твайго аднакурсьніка Валодзю Быхаўца. Ён цяпер загадвае аддзелам у Менскім абкаме камсамолу. Дык вось, ён ня толькі мне сёе-тое пра цябе расказаў, але нават на паперы засьведчыў. Што ж ты не сказаў, што пад час вучобы на стацыянары вадзіўся з іншадумцамі, што табою нават цікавіліся адпаведныя органы і што толькі армія ўратавала цябе ад выключэньня? Зразумей мяне правільна, Рыгор. Я не магу рызыкаваць...
Дзякуй, Міхась, што хоць праўду сказаў.
Рыгор самотна пазіраў у той бок, куды упарта паказвала рука усьмешлівага правадыра. У бліжэйшай прасторавай персьпектыве там праглядваліся яшчэ ня зьнесеныя новым часам былыя местачковыя гандлёвыя будынінкі, а крыху далей – макаўкі занядбанай царквы, якая тымчасове служыла нейкім складам.
Цікава, а можа Ільліч акурат і паказваў местачкоўцам, а заадно партыі і камсамолу, шлях да Храму?..


* * *
У Альхоўскі калгас, а тое значыла і на ўвесь Альхоўскі сельсавет, прыслалі новага “камісара”. Так здавён тут называлі намесьніка старшыні калгасу, а дакладней сказаць, вызваленага парторга. Ранейшы, мясцовага заводу, урэшце-такі сьпіўся і аддаў сваю ўшчэнт грэшную душу не на партыйны, а ўжо на Божы Суд.
Новы партыйны лідэр меў за плячыма некалькі класаў польскай школы, крыху пасьмяшыў людзей у завочнай савецкай і нарэшце займеў дыплом нейкай партыйнай вучэльні для так званага “сярэдняга кіруючага зьвяна”. Словам, якая ні ёсьць, а ўсё ж адукацыя...
Ніхто толкам ня ведаў, што ўваходзіла ў абавязкі баявога намесьніка-парторга, бо ў нейкіх канкрэтных калгасных справах, апроч партыйных сходаў і абавязковай прысутнасьці на ранішніх разнарадках, ён, як і ягоны папярэднік, ня быў заўважаны.
Як і ў далёкія гераічныя часы, “камісар” Васіль Марцінавіч Камляк меў падпольную мянушку – Галас. Чаму менавіта Галас – загадка. Аднак мянушка гэтая нейкім хітрым чынам прыехала за ім сьледам, хоць на лобе ягоным і не была прапісана. Так яго ахрысьцілі на ранейшым месцы працы, на такой жа пасадзе, адно на другім канцы раёну. Зямля, як вядома, чуткамі поўніцца. А пазьней яно і пацьвердзілася, што мяно тое было вельмі трапнае, надзвычай добра і ёмка стасавалася да “неардынарнай” асобы Васіля Марцінавіча.
Як і належала партыйнаму важаку, найпершым для яго стаў клопат аб росьце партыйных радоў. Уражаньне было такое, што ён паставіў за мэту зрабіць камуністамі ўсіх Альхоўцаў. Агітацыя была надзвычай простая і зразумелая. Чарговая “ашчасьліўленая” прапановай ахвяра ставілася перад выбарам: не напішаш заяву ў партыю – будзеш касіць сена сабакам, а не сваёй карміцельцы рагулі. Ды і сотак у таго ці не замнога... А ўрэшце, што зробіш – “камісару” райкам таксама даводзіў план па росьце, толькі ўжо не па надоях і ўраджайнасьці, а па колькасьці камуністаў. А там заўсёды выключна добра ведалі, колькі ў партыі павінна быць адсоткаў рабочага класу, колькі калгасьнікаў і колькі “гнілой інтэлігенцыі”...
Пад “галасаўскі прызыў” трапіў і Аўласёнак. Паколькі каровы ў яго не было і соткамі асабліва не напалохаеш, ня кажучы ўжо пра “сабачае сена”, то і аргумент быў адмысловы: ня ўступіш – выкурым з кватэры. Яна, маўляў, усё ж ведамасная, калгасная, а да нас едуць маладыя сьпецыялісты з сем’ямі, ім таксама жытло патрэбна. Тыя ж райкамаўцы – былы дырэктар Альхоўскай школы Зайчук і “шапачны” знаёмы Швяцоў – параілі Рыгору: уступай, бо не дасі рады адбіцца, а так, калі што, заступімся. І... Як любіў казаць адзін знаёмы Рыгораў пісьменьнік, – “тамбу-лямбу і сьпёкся папуас”. Рыгор Аўласёнак неўзабаве стаў кандыдатам у члены КПСС, адным словам, уступіў... Пакуль што адной нагою...
Што тычыцца Галаса, то поле ягонай дзейнасьці значна пашырылася пасьля пленуму ЦК па атэістычнай прапагандзе. У выкананьне чарговых “эпахальных” рашэньняў ён з баявым запалам пачаў выкарчоўваць культавыя крыжы, што спрадвеку стаялі ў вёсках, аздобленыя вернікамі вышытымі ручнікамі. Тыя самыя крыжы, ля якіх вяскоўцы разьвітваліся з нябожчыкамі. За лічаныя дні пад “мудрым” кіраўніцтвам Галаса крыжы былі павыкарчаваны, зьвезены ў глыбокі роў за Альхоўкай і там спалены. Нехта з рызыкоўных вяскоўцаў крыжы патаемна, ноччу, аднаўляў, аднак вока ў Галаса на злачынныя дзеяньні супраць палітыкі партыі было пільнае...
Нарэшце дайшла чарга і да былога касьцёлу. “Камісара” акрыліла магутная ідэя: на месцы напаўразбуранага “сімвалу цемрашальства” збудаваць – ня важна, за якія “шышы” – калі ня “сьветлы, сонечны палац”, то хоць Дом культуры, дзе можна было б праводзіць партыйныя і непартыйныя сходы, і дзе падпітая мясцовая моладзь магла б ладзіць танцулькі, на казённай мове – “ладзіць культурны дасуг”.
Аднак продкі Альхоўцаў, ня ў прыклад калгасным “майстрам кельмы”, будавалі адмыслова, на вякі. А можа і сам Езус Хрыстас заступіўся за вернікаў і ня даў зруйнаваць і паглуміць сьвятое месца. Як ні ўпіналіся два гусенічныя трактары С-100, яшчэ даволі высокія рэшткі касьцёльных сьценаў вытрымалі сатанінскі штурм, не парушылася зарослае маладымі бярозкамі скляпеньне, ацалелі нават пустыя аконныя праёмы. Трактары раўлі з апошніх сілаў, лопаліся трасы, а сьцены стаялі непахісна. Ай ды продкі!...
На нейкі час калякасьцельныя баталіі прыпыніліся. Аднак неўзабаве ў Альхоўку прыехала група падрыўнікоў-вайскоўцаў ажно з самой Гародні. Яны ўжо насьвідравалі ў сьценах дзюркі для закладкі трацілу, і толькі потым нейкі афіцэрскі чын падлічыў: выбух мае быць такой сілы, што ня толькі павылятаюць шыбы ў бліжэйшых да касьцёлу хатах, але хаця каб ацалеў знакаміты двухпавярховік, дзе па-ранейшаму месьціліся калгасная кантора і сельсавет. Бо, як усім было вядома, некалі “змыслыя” калгасныя будаўнікі замест вапны бабахнулі ў раствор аміячнай селітры...
Галасу – Галасава, а Богу – Богава.
Праз шмат гадоў, калі разваліўся Саюз непарушны і выпусьціла нарэшце руль “кіруючая і накіроўваючая”, паважаная ўсімі загадчыца Альхоўскага фельдшарска-акушэрскага пункту, дакторачка Божай ласкай і шчырая верніца Часлава Аляксандраўна ўзваліла на свае кволыя жаночыя плечы сьвяты клопат. Яна сабрала з парафіян сякія-такія ахвяраваньні, дапяла да Варшавы, нават да найсьвяцейшага Папы Рымскага Іаана Паўла Другога, і неймавернымі высілкамі Альхоўскі касьцёл быў нарэшце адноўлены. Тым самым Божая душа Часлава сьцьвердзіла сваё сьветлае імя і насамрэч заслужыла ў людзей Чэсьць і Славу.
А Галас так і застаўся ў памяці Альхоўцаў Галасам. Можа ўсё ж мянушка ягоная пайшла ад вясковага выслоўя: сабакі ўшчалі гблас, тое значыць – зайшліся брэхам. І канешне ж, ня ў гонар Васіля Марцінавіча Камляка сёй-той з вяскоўцаў называў сваіх чацьвераногіх сяброў гэтай ганебнай мянушкай – Галас...

* * *
На котлішчы спаленага самшытавага палацу пана Варанецкага пагнездаваўся новы пан. Дакладней, ня пан, а з нядаўняга часу таварыш дырэктар саўгасу “Альхоўка” Мікалай Аляксеевіч Санько. Улада пакутліва шукала выйсьце з тупіку, у які загнала сельскую гаспадарку: раздрабняла, узбуйняла, аб’ядноўвала і разьядноўвала, ператварала калгасы ў саўгасы і наадварот. Так урэшце калгас імя расейскага генералісімуса Суворава аднойчы стаў саўгасам “Альхоўка”, а таварыш старшыня стаў таварышам дырэктарам. Вядома, для каго таварыш, а для каго і пан. Чаму б урэшце і не нагадаць альхоўцам, хто тут быў некалі і хто ёсьць гаспадаром цяпер. А які ж гаспадар бяз панскага двара? Новы маёнтак быў ужо не з экзатычнага самшытавага дрэва, а са звычайнай беларускай хвоі, але паўстаў надзіва хутка на самым што ні на ёсьць ганаровым месцы. І ўсім сваім велічным выглядам засьведчыў: гусь сьвіньні не таварыш...
Розная вясковая дробязь – ад шараговых калгасьнікаў да дырэктара школы – хадзілі са сваімі просьбамі ў кантору “на прыём”, амаль як хадакі да Леніна, папярэдне выведваючы, які настрой ў Самога. Заходзілі, як ня ўкленчыўшы. Праўда ці не, але хадзіла пагудка, нібыта нейкі небарака з “хутарскіх”, пераступіўшы парог кабінету, укленчыў і тройчы перажагнаўся на “пераходны чырвоны сьцяг”, які ганарова стаяў на покуці, не раўнуючы як царкоўная харугва. Ну, ды можа і пляткарылі. Але не на пустым месцы...
“Таварышавала” з таварышам дырэктарам галоўным чынам раённае начальства. І ня толькі раённае. Здаралася, прывозілі ў Альхоўку “расслабіцца”, адхалануць ад непамерна цяжкіх чыноўніцкіх клопатаў выбітных сталічных кіраўнікоў ад сельскай гаспадаркі. І тады доўга гаманіла ўрочышча за былым панскім, а цяпер дырэктарскім дваром. Зноў жа пляткарылі, што часам туды дастаўлялі высокаму начальству “на дэсерт” маладых дзяўчатак з цэху пластмасавых цацак, што завёўся ў суседнім калгасе.
Нечакана паймеў з гэтага клопат і Рыгор Аўласёнак.
Аднойчы прыляцеў да іх на кватэру сам Мікалай Аляксеевіч і закамандаваў Рыгору:
– Хуценька бяры баян – і ў “казла”! Па дарозе патлумачу, што да чаго...
Па тым, як зухавата-весела выглядаў дырэктар, як за кіламетр патыхала ад яго сьпіртным, Рыгор зразумеў: ва ўрочышчы засумавалі бяз музыкі. Начальства пацягнула на сьпевы. А якая ж песьня без баяна?..
– Што стаіш, як слуп? Там старшыня райвыканкаму Зімёнак чакае, госьці з Менску... Табе давер, так сказаць. Бяры баян!..
Магчыма, акурат адсюль узяла пачатак новая чорная паласа ў Рыгоравым жыцьці.
Яшчэ не ўяўляючы толкам, што творыць і што пацягне за сабою ягоная адмова, не даўмеўшыся прыдумаць на хаду нейкую адгаворку, Рыгор літаральна выціснуў з сябе рашучае “не”. І няўцям тады было маладому яршыстаму настаўніку, што гэтае кароценькае “не” стане той кропкай апоры, якую зусім не па закону фізікі, а па даўно знаёмаму закону подласьці скарыстае пан-таварыш дырэктар. А рычаг заўсёды знойдзецца...
– Ну, ты ў мяне яшчэ папомніш!..
Доўга чакаць помсты за сваё непаслушэнства Аўласёнку не давялося.
Хтосьці з калегаў паклікаў Рыгора Іванавіча з уроку да тэлефону. Знаёмы ўладны голас на тым канцы дроту ўрачыста-радасна паведаміў, што ў саўгас прыязджае новы галоўны аграном з сям’ёю, так што настаўніку трэба паклапаціцца пра іншае жыльлё.
– У шыю, Аўласёнак, не ганю, хоць і варта было б, але праз месяц каб кватэра была вызвалена. Са скаргамі ня рыпайся, бо раённае начальства ў курсе. Адзінае, што магу прапанаваць, – выкупляй, калі хочаш ці можаш, фінскі домік, які па разнарадцы выдзелілі саўгасу. За ўсё пра ўсё – дзьве тысячы з хвосьцікам. Падумай. Чакаю пятнаццаць хвілінаў, ня болей...
Вядома, Рыгор разумеў: які б ён ні быў “фінскі-перафінскі” той домік, а за месяц не пабудуешся. А самае галоўнае – за няшчасныя трыста рублёў, што завяліся на той час у сямейным бюджэце, можна купіць хіба толькі прыбіральню. І ўвогуле, яму яшчэ з дзяцінства помнілася, што значыць на вёсцы будавацца, ды яшчэ пры настаўніцкіх заробках. І гэта наводзіла на яго жах.
З іншага боку, нарэшце прыбіўся б да нейкага берагу, займеў бы свой куток на гэтай зямлі. Кажуць жа, што чалавек, каб спраўдзіць Боскае наканаваньне, павінен нарадзіць дзіця, пасадзіць дрэва і пабудаваць хату. Дзяцей яны з Зоськай нарадзілі двое, гадуюць, дзякуй Богу, сабе замену на гэтым сьвеце. Дрэваў за свой яшчэ не такі доўгі век толькі ў Альхоўцы панасаджвалі багата. А вось хату пабудаваць... Гэта ня дрэва пасадзіць і не дзіця нарадзіць...
Усё гэта ліхаманкава пранеслася ў беднай Рыгоравай галаве. Аднак раіцца не было часу і не было з кім: Зоська была на раённым метадычным аб’яднаньні. Здрадлівы ўнутраны голас падбухторваў: бяры, неяк будзе, выкруцішся, пазычыш, людзі дапамогуць – ня ў лесе жывеш...
Праз пятнаццаць хвілінаў ён узяў тэлефонную трубку.

* * *
Як ні пяліся Аўласёнкі з будаўніцтвам, за адпушчаны дырэктарам саўгасу месячны тэрмін усяліцца ў сваю хату ім не ўдалося. Праўда, пан дырэктар усё ж меў літасьць і ня выселіў іх, як пагражаў, аж да таго шчасьлівага моманту, калі яны ўсьлед за кошкай Маняй усім “вывадкам” увабраліся ў новыя, ужо самыя што ні на ёсьць свае “харомы”. На пачатку новага навучальнага году справілі ўлбзіны.
А пад самую весну наступнага году іхняга “вывадку” ў новай хаце прыбавілася: Зоська, як і абяцала, нарадзіла “мацакб”, ня выканаўшы Рыгораў заказ на дачку. Ахрысьцілі нованароджанага Юркам, Юрасём, Юрасікам. Ня надта жвавы, але затое галасісты – на ўсю хату. Сямейнікі дружна выраклі – будзе артыстам. І як у ваду глядзелі
Будоўля веку, як ахрысьцілі яе калегі-настаўнікі, для Аўласёнкаў з большага завяршылася, хоць і шмат яшчэ заставалася праблем з прысядзібным упарадкаваньнем. Трэба было зьляпіць які-ніякі хляўчук, хоць якую лазенку, здабыць ваду, паставіць плот, ну, і іншае бясконцае “трэба”.
Аднак тое “трэба” ня мела належнага разуменьня ні ў школьнага, ні, тым больш, у раённага ці яшчэ вышэйшага начальства. Партыйнага і непартыйнага ( хоць, праўда, непартыйнага начальства ў савецкай сістэме не існавала). Па-ранейшаму самай адказнай, самай актуальнай, як, прынамсі, і самай незразумелай заставалася звышзадача – будаўніцтва загадкавага камунізму. Вось ужо дзе сапраўды будоўля веку...
І апынуўся неўзабаве Рыгор Аўласёнак – бачыць Бог, не па сваім жаданьні, а па зьбегу абставінаў – калі не сярод заўзятых будаўнікоў таго “сьветлага” і бясконца далёкага Заўтра, то сярод ня самых апошніх падсобных рабочых. Яго зноў “заўважылі”, нягледзячы на пэўныя “дробнаўласьніцкія” памкненьні. Па-першае, яго прызначылі “арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы”, бо папярэдніца “пайшла ў дэкрэт”. Па-другое, даручылі кіраваць школьнымі камуністамі, бо астатнія былі старэйшыя, а таму разумнейшыя – павыкруціліся. Па-трэцяе, даверылі выкладаць так званую “марксістска-ленінскую” этыку, бо некаму ў высокіх вярхах прысьпічыла начыніць галовы шкаляроў камуністычнай схаластыкай. Нарэшце, так бы мовіць, “абралі” кандыдатам у члены райкаму КПБ, бо акурат падышоў па нейкіх там, аднаму партыйнаму начальству вядомых параметрах. Вось так – адразу і шмат!.. Як пажартаваў падбылы настаўнік гісторыі, “пайшлі нашыя ўгору – аднаго павесілі”...
Была і сапраўдная радасьць.
Нарэшце “пабачыла сьвет” першая Аўласёнкава паэтычная кніжачка, у выдавецкі план паставілі другую, “дзіцячую”. І, як ні дзіўна – можа таму, што з перыферыі, – з першага заходу Рыгора прынялі ў Саюз пісьменьнікаў БССР. Усё гэта ня толькі радавала, але і выклікала насьцярогу, нават затоеную трывогу: так не бывае ў нашым жыцьці, каб нешта значнае і прыемнае паваліла касяком, каб усё ішло роўна, гладка і, галоўнае, доўга. Так і чакай, што рана ці позна парвецца тоненькая павуцінка часовага шчасьця, і ўшчэміць цябе ў бухматыя лапы чорны павук нечаканай бяды і будзе прагна высмоктваць з цябе апошнія твае сілы... А калі прасьцей – зноў аглавушыць цябе лёс даўбнёю па галаве і нагадае табе, хто ты ці што ты ёсьць на самой справе і дзе тваё сапраўднае месца на гэтым сьвеце...
Меў рацыю і настаўнік гісторыі. Вешаць ня вешалі, аднак пытлю задавалі рэгулярна, з самых розных бакоў і інстанцыяў, з прычыны, а найчасьцей і без прычыны. Часам Аўласёнку здавалася, ці не прысьнілася яму ўсё гэта, ці не гуляюць дарослыя дзядзькі і цёткі ў нейкія незразумелыя, наіўныя дзіцячыя гульні? Не, не прысьнілася. “Гарэлі” нервы, і сьпеў пратэст...
Новы загадчык РайАНА пад час інсьпектарскай праверкі школы:
– Итак, Григорий Иванович, в целом справляетесь. Классные руководители с планами, в журналах темы бесед и воспитательных часов более-менее записываются, их тематика соответствует требованиям времени. Судя по наличию протоколов, комсомольская и пионерская организации худо-бедно работают. Однако… Соизвольте подойти сюда. Сюда, сюда – к окну. Видите, между рамами – муха? Она, бедняжка, видимо, ещё с осени копытки отбросила. А вы её никак похоронить не можете. Может вам оркестр нанять? Устроили бы торжественные похороны...
Рыгор зразумеў зьедлівы загадчыкаў гумар. Ну, што ж – гумар на гумар...
– Мы гэта, Мікалай Васільевіч, пастараемся, выправім недахоп. Толькі адна просьба: паколькі ў нас нават настаўнікаў хаваюць пакуль што без аркестру, бо няма яго тут повідам, то, каб надаць большай вагі такому адказнаму мерапрыемству, дазвольце запрасіць Вас узначаліць жалобную працэсію...
– Что Вы себе позволяете, Авласёнок? Разьвели тут, понимаете, антисанитарию...
“Нагарэла” дырэктару школы.
– Далася табе, Аўласёнак, гэтая муха...
Ня мне. Ды і сапраўды, нібыта муха тут крайняя...
Пажарнік у сяржанцкім званьні правярае супрацьпажарны інвентар, план эвакуацыі на выпадак пажару, шукае, да чаго яшчэ прычапіцца, а інакш, што ж гэта будзе за праверка...
– А как в школе работает ЮДПД?
Калі ласка: вось план, вось пратаколы.
– Хорошо. Посмотрим, как дети владеют знаниями по технике противопожарной безопасности. А ведь Вы знаете, что такое ЮДПД?!.
ЮДПД – гэта так званая “юная дабраахвотная пажарная дружына”,, прадукт нездаровага ўяўленьня нейкага чыноўніка.
– Ведаю, таварыш сяржант. А вось ці ведаеце Вы, што такое ЁПРСТ?..
Дайшло. Дырэктар школы атрымаў 10 рублёў штрафу.
– Аўласёнак, ну, хто цябе цягне за язык?
Старшыня райкаму прафсаюзу работнікаў асьветы. Ні слова пра тое, як жыве на вёсцы настаўнік. Галоўнае:
– Григорий Иванович! Вот у вас в школе, в класьсе, стоит фортепьян(!) Кто на нём играет? Что это – мебель, декорация? Не можете научить детей, так хоть сами осваивайте. Владеете же однако бояном. Могли бы разучить фугу там какую или баху...
Божа прамілы! Уратуй школу ад мудрых невукаў...
– Прымем да ўвагі Вашыя заўвагі, Сьцяпан Сьцяпанавіч. Будзем рады скарыстаць парады. Да наступнага Вашага зьяўленьня развучым ня толькі “фугу” з “бахай”, але і “бугу-вугу” з “шапэнай”...
– То-то же...
На ўроку “марксістска-ленінскай” этыкі тэма: “Маральны кодэкс будаўніка камунізму”. У аснове – добрасумленна зьлізаныя камуністычнымі ідэолагамі дзесяць біблейскіх запаветаў, сярод якіх запавет “не ўкрадзі”. Падымае руку васьмікласьнік:
– Рыгор Іванавіч! Як тут разабрацца? Паўлік Марозаў “залажыў” роднага бацьку. Гэта як, Вы лічыце, добра? У мяне бацька кармачом на ферме працуе... Камбікорму ў нас дома – заваліся! То, можа, мне таксама бацьку “залажыць” ці што?
Сьмех у класе.
А ў душы “шкрабуцца кошкі”.
Гэтыя “кошкі” даўно пасяліліся ў Рыгоравай душы. Шкрабуцца, пнуцца на волю, нечага прагнуць. А выпусьці – хутчэй за ўсё падціснуць хвасты, завуркочуць і будуць лашчыцца і лагодна церціся аб гаспадарову халяву...

* * *
Рыгор Аўласёнак не лічыў сябе інтэлігентам ні ў першым, ні ў якім іншым калене. Хоць ягоная маці Кацярына і была настаўніцай, але ейныя продкі, дый яна сама, адвеку пеклаваліся на зямельцы, гнулі сьпіну то на пана, то няведама на каго ў калгасе, так што да “гнілой праслойкі” грамадства ня мелі ніякага дачыненьня. Праўда, Рыгору пашэньціла: ён трапіў у асяроддзе “панямонскай” інтэлігенцыі (балазе слынны бацька Нёман і сапраўды плыў ня так ўжо і далёка ад Альхоўкі). Таму і пяўся ён сябе адпаведна паводзіць, асабліва на людзях, ня кажучы ўжо перад вучнямі. І ўсё ж – гены пальцам не размажаш... Не-не, дый прарывалася праз ягоную напускную інтэлігенцкую абалонку прастакаватае, а часам і грубавата-хамскае сялянскае нутро. Здаралася гэта ня так часта, калі не сказаць, зусім рэдка, але, зноў жа па закону подласьці, у самы непатрэбны момант. Мала таго, што выглядала тое недарэчна, а то і брыдка, дык мела яшчэ, як правіла, дужа непажаданыя наступствы.
Аднойчы той нахабны ген высунуўся так нечакана і так недарэчна, што запачаткаваў новую чорную паласу ў жыцьці Рыгора, найперш на педагагічнай ніве.
Здарылася тое падчас так званай “франтальнай” праверкі школаў раёну абласным аддзелам народнай асьветы (АблАНА, а ў настаўніцкім зьедлівым прамаўленьні – Абалвана). У Альхоўскую школу на цэлыя тры дні ўваліўся натоўп чыноўнікаў ад адукацыі начале з метадысткай, куратаркай беларускай мовы і літаратуры Клаўдзяй Аляксееўнай. З выгляду гжэчная, выпешчаная высокай увагай дама (як-ніяк, муж – намесьнік старшыні аблвыканкаму!..), паводзіла яна сябе адэкватна сваёй і мужавай пасадзе – прынцыпова, нахабна, нават агрэсіўна (хоць, казалі, ніводнага дня ў школе настаўнікам не працавала). Бедалагі настаўнікі, звычайна такія бадзёрыя і гаманкія, прыціхлі, затаіліся, як мышы пад венікам. Перамаўляліся паміж сабою шэптам, хадзілі па настаўніцкай амаль на пальчыках, каб, крый Божа, не зьвярнуць на сябе ўвагу якога чыноўніка, бо акурат той памкнецца да цябе на ўрок. А гэта – амаль што катастрофа...
Катастрофа не абмінула-ткі і Рыгора Іванавіча. На ўрок беларускай літаратуры ў 4 класе да яго “папрасілася” сама Клаўдзя Аляксееўна. Трэба сказаць, настаўнік Аўласёнак ня вельмі выспаведваў часам дзіўнаватыя, калі не сказаць недарэчныя, так званыя “новые веяния” ў методыцы і практыцы навучаньня. Ён ніяк ня мог дапяць, на які такі ляд трэба вывешваць перад пачаткам уроку зьлева (абавязкова – зьлева!) ад дошкі саматужна выраблены настаўнікам плакат “Сёньня на ўроку”, а справа (абавязкова – справа!) “Заўтра на ўроку”. Не лічыў мэтазгодным цягнуць у клас пераносную дошку, калі ў ёй не было аніякай патрэбы. Ня стаў ён “вырабляцца” і перад абласной асобай. Вытрымаўшы належным чынам усе этапы ўроку і даўшы дзецям невялічкую самастойную работу, Рыгор Іванавіч запісаў на дошцы хатняе заданьне: два пытаньні, на якія вучні павінны былі дома даць кароценькія пісьмовыя адказы...
Аналіз і ацэнка ўроку, як паведаміла Клаўдзя Аляксееўна, – на заключным педсавеце.
Пад вечар таго ж дня Рыгор Іванавіч на правах намесьніка дырэктара па выхаваўчай працы быў “уганараваны” запросінамі на “тайную вячэру” з высокім чынавенствам у школьнай сталоўцы. Вядома, была там і чарка, якая, як водзіцца, крыху паслабіла напругу і разьвязала языкі. Сербануўшы крыху лішняга, спраўны на анекдоты падбылы завуч Антон Паўлавіч распавёў ня вельмі прыстойную пабасёнку пра тое, як змыслы грузін арганізаваў курсы ўдасканаленьня для асобаў прыгожага полу, якім нарыхцела навучыцца спакусьліва круціць задам васьмёрку, каб найлепей завабліваць кавалераў. Ён уторкваў ім у задняе месьцечка кавалачак крэйды і застаўляў на дошцы выпісваць неверагодным чынам лічбу 8. Цікавае месьцечка і павінна было запомніць той зваблівы рух...
На трэці дзень, аналізуючы на заключным педсавеце Аўласёнкаў урок літаратуры ў 4 класе, Клаўдзя Аляксееўна напрыканцы прамовы з трагічнай мінаю на твары раптам ускінула ўгору рукі:
– Вы представляете, товарищи педагоги, Григорий Иванович полностью игнорирует новейшие методические рекомендации. Во-первых, никакой связи с современностью. Ведь само собой напрашивалось сравнение невероятно трудных условий учёбы детей в «Зелёной школе» Янки Брыля с нынешними достижениями в народном образовании. Да и цитаты из «Малой земли» Леонида Ильича Брежнева, которые были бы как нельзя кстати, не нашли своего места на уроке. Далее. Почему-то отсутствовали плакаты «Сегодня на уроке» и «Завтра на уроке»! А в конце – учитель поворачивается к классу задом и пишет на доске домашнее задание. Это уже, вообще, ни в какие рамки не лезет! Ему, наверное, невдомёк, что для этого существует переносная доска. Ведь это расточительство, ничем не оправданная трата драгоценного учебного времени!..
Што яшчэ горш узяло Рыгора за жывое, дык гэта тое, што ўся гэтая трагічная тырада была прамоўленая на рускай мове. Дарэчы, як і ўвесь аналіз уроку беларускай літаратуры.
Куды падзелася тая самая “панямонская” інтэлігентнасьць... Ашаломлены Рыгор Іванавіч нібы задыхнуўся ад крыўды і ваяўнічай нахрапістасьці гжэчнай дамы. І ён не стрымаўся. Подлы сялянскі ген узяў сваё...
– Даруйце, шаноўная Клаўдзя Аляксееўна, мой неджэнтльменскі ўчынак. Але я не праходзіў курсы ў грузіна і не вучыўся пісаць на дошцы задам, як ў тым анекдоце. Ну, ня ўмею я так, не навучаны...
Гэта было нешта!.. Чыноўніца выбухнула гневам:
– Как Вы себя ведёте, Авласёнок!?. Что Вы себе позволяете!?. Постыдитесь! Какой же Вы учитель, если не придерживаетесь элементарного?..
– А Вы, Клаўдзя Аляксееўна, што сабе дазваляеце? Мала таго, што аналізуеце урок роднай літаратуры на рускай мове, дык яшчэ намагаецеся выцерці ногі аб настаўніка…
Рыгор Іванавіч сярдзіта грукнуў вечкам парты і вылецеў з класу. Як у таго класіка – “хоць раз ды добра агрызнуўся!..”
Ён разумеў, што на гэтым ягоная педагагічная дзейнасьць павінна скончыцца. Так нечакана і так ганебна. Аднак ён задушыў у сабе нясьцерпнае жаданьне адразу напісаць заяву на звальненьне і вырашыў дачакацца канца педсавету.
Відаць, каб неяк вылузнуць з непрыемнай сітуацыі, дырэктар школы ўвёў у вушы Клаўдзі Аляксееўне, што Рыгор Аўласёнак, апроч усяго, сябра Саюзу пісьменьнікаў. З паблажлівай, роблена-прабачальнай усьмешкай на твары яна, нібыта нічога ня здарылася, запрасіла Рыгора Іванавіча на абласную вучнёўскую алімпіяду па беларускай мове і літаратуры.
– Как мне стало известно, Вы совмещаете педагогическую и писательскую деятельность. Я приглашаю Вас принять участие в областной олимпиаде в последнем качестве. Думаю, Вас тоже заинтересует моё предложение.
– Дзякуй, Клаўдзя Аляксееўна, але Вы самі бачыце, які з мяне педагог… А што тычыцца майго пісьменьніцтва, дык у нашай вобласьці ёсьць яшчэ адзін настаўнік, аўтар ужо чатырох паэтычных кніжак. Куды лепшы за мяне паэт. Запрасіце лепш яго, ён больш гэтага варты.
Рыгор Іванавіч назваў прозьвішча паэта, які стала жыў на раёне, працаваў настаўнікам, і апошнюю кнігу якога вылучылі на літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова.
– Как, как Вы назвали поэта? Что-то я не слышала такого…
Подлы ген ня вытрымаў зноў:
– Клаўдзя Аляксееўна! І Вам ня сорамна? Вы курыруеце беларускую літаратуру і ўпершыню чуеце прозьвішча такога паэта-земляка...
Рыгор Іванавіч зразумеў, што абламалася і тая кволая саломінка, якую яму, як тапельцу, працягнула гэтая гжэчная абласная дама.
З дзёньнікавых нататак настаўніка Альхоўскай школы Аўласёнка Р.І.:
Божа! Як дзіўна ўладкаваў Ты гэты сьвет! І самае незразумелае Тваё тварэньне не гэтым сьвеце – чалавек. Любой іншай жывой істоце, дрэву ці нават самай дробненькай расьлінцы, каб прыстасавацца да зьменлівых зямных рэалій, патрэбны вунь які час – гады, тысячагоддзі, нават мільёны гадоў. А тут... За тое, што не дагадзіў нейкаму чыноўніку, не па-ягонаму зрабіў, сказаў, ступіў, глянуў ці проста спудлаваў – ты ўжо, лічы, адшчапенец, маральны мутант. Калі не па зубах заглынуць цябе жыўцом і адразу, то па магчымасьці трэба пакараць, абняславіць, аддаць на пасьмяяньне – гэта па чыноўніцкай лініі. А твае калегі, нават нядаўнія твае сябры-таварышы ў лепшым выпадку прысаромлена адводзяць убок вочы, а то і ўчыняюць абструкцыю, каб не “засьвяціцца” прыязнымі адносінамі з “дзіваком”. Бо ты ўжо не такі, як яны. Бо ты дазволіў сабе не пагадзіцца з начальствам, ня меў розуму змаўчаць, ня даў плюнуць у тваю душу, насьмеліўся абараніць свой гонар...
Пасьля сутычкі з Клаўдзяй Аляксееўнай дырэктар школы стаў пазіраць на мяне як на ворага народу. З непрыхаванай радасьцю задаволіў маю заяву аб звальненьні з пасады намесьніка па выхаваўчай. Даслужыўся Рыгор Іванавіч! Застаўся на дванаццаці гадзінах... А сям’я, дзеці... Алінка закончыла школу, ужо студэнтка, на другім курсе медінстытуту, на правізарку вучыцца...
Да заканчэньня навучальнага году яшчэ больш як дзьве чвэрці.
А што потым?
Сьцішна, холадна, няўтульна...

Поўнач.
Маўклівая поўня.
Што ж ты, мой лёс, затаіўся,
нястрымны ў сваёй хадзе?..
Голас каб чый!
Ці то крык выратоўны,
раптоўны...
Поўня на небе.
І поўня ў застылай вадзе.

Сьцішна.
Я – я раб паняверкі.

Хіба дзьве медныя поўні
Млечны акрэсьляць мой шлях?..
Поўнач,
Ды грымні ты ўрэшце ў талеркі! –
Можа ачнецца
Сэрца ў збалелых грудзях...

Ня ведаю, з чые ласкі, але атрымаў позву на семінар літаратурнай моладзі у Доме творчасьці Саюзу пісьменьнікаў. Дырэктар адпусьціў – абы з вачэй...
Увогуле было цікава.
Быў паміж небам і зямлёй: ад пачаткоўцаў адарваўся, бо як-ніяк – сябра СП, аўтар ужо дзьвюх кніжачак, а да сур’ёзных пісьменьнікаў не дапяў. Тым ня менш, у спрэчкі лез, заступаўся за таленавітых хлапцоў А.П. і М.М., якіх папракалі, што ідуць не ад жыцьця, а ад літаратуры. Вынайшлі для іх нават нейкае хітрае вызначэньне: “філалагічнае пакаленьне”. Нібыта, каб стаць здольным літаратарам, трэба намахацца касою, ломам ці кайлом...
Меў карысьць ня столькі з тае вучобы, колькі ад знаёмства з “маладымі” і з “масьцітымі”. Упершыню ўведаў, што пры СП ёсьць нейкае “Бюро прапаганды мастацкай літаратуры”, якое ладзіць сустрэчы пісьменьнікаў з чытачамі, і дзе можна часам зарабіць неблагую капейчыну. Напісаў адпаведную заяву.
Па вяртаньні з семінару выхваляўся перад Зоськай, што бачыў Крапіву, Лынькова, Броўку, Шамякіна, іншых жывых “класікаў” і “падкласікаў”. Ды яшчэ тым, як смачна кармілі.
Пасьля “афіцыйнага” застольля з удзелам арганізатараў семінару хлопцы – дзе, хто, як – паспулкаваліся пры “вогненнай вадзе” неафіцыйна. У выніку два паэты – І.Л. і М.Г. – не падзялілі погляды на метад сацыялістычнага рэалізму. Каб канчаткова пераканаць апанента, І.Л. шпурнуў у М.Г. радыёдынамікам. Пацэліў акурат па галаве...
Дзівакі. Няўжо не зразумела, што ўсё нашае жыцьцё – спрэс “сацыялістычны рэалізм”. І сядзім мы ў ім па самыя вушы...

Нарэшце-такі “меў аўдыенцыю” ў загадчыка РайАНА. Загадзя ведаў, чым пахне выклік да “самога”, аднак не чакаў, што вымову Мікалай Васільевіч мне паднясе нібы на талерачцы з блакітным беражочкам: ветліва, культурна, далікатна. Не раўнуючы – падзяку. Было гэта надта нязвыкла, нават дзіўна. І толькі на выхадзе з кабінету, у дзьвярах, атрымаў “стрэл” у сьпіну:
– А ещё коммунист!
У чатырохпавярховым “пентагоне”, бітком напханым партыйным і непартыйным чынавенствам, у тым ліку і райАНАўскім, натыкнуўся на аднаногага старога, па ўсяму відно, ветэрана. Заместа другой нагі – здаравенная кульбака, ад самага сьцягна. Ён сядзеў на халоднай цэментовай прыступцы лесьвічнага пралёту і спалохана-вінавата пазіраў то на ладны струменьчык, што віўся з ягонай хітрай валізкі, то на даволі прыкметную лужынку, якая зьбіралася ўнізе на лесьвічнай пляцоўцы.
У паветры вітаў знаёмы водар самагонкі...
Даўно няголены твар старога скрывіўся ў мой бок вінавата-роспачнай усьмешкай:
– Во ўляпаўся стары дурань. Карбунак ведае, як яе выперла з тае пляшкі. Пагнала мяне ліхое з гэтай згарай! Гэта ж кажуць – пэнсію павялічаць віціранам, дык я думаў з ёй спарчэй справа пойдзе ў тым сабесі. Ажно выкусі... Заганялі па сваіх кабінетах, сілоў маіх няма. Падсабі ты мне ўстаць, чалавеча. Хай яны ўдушацца разам з гэтай пэнсіяй! Тут каб хоць міліцыянты не забралі...
Падняў і завёў старога ў прыёмную першага сакратара райкаму. Першы акурат выйшаў з нейкім клопатам да сакратаркі, выслухаў мяне і зьбянтэжанага ўшчэнт старога і грозна насупіў бровы:
– Авласёнок! Вы что здесь устраиваете богодельню?! От вас обоих за версту несёт самогоном! Отведите старика в отдел соцобеспечения, а потом зайдите ко мне.
Згодна з загадам вярнуў бедалагу старога “на кругі свае”. Затым у кабінеце Першага атрымаў добрага прачуханца і за Клаўдзю Аляксееўну, і за старога з самагонкай, і за ўсе мінулыя, нават – авансам – за будучыя грахі...
Па выхадзе з шыкоўнага кабінету чамусьці цюкнула ў галаву нядаўна чутая ў іншых дзьвярах гняўлівая фраза:
– А ещё коммунист!
Па гарачых сьлядах зблазнаваў вершам.

НЕОМІСТЭРЫЯ,
Альбо сучасная драма на біблейскую тэму.

Толькі паслухайце –
хочаце верце, ня верце –
сон незвычайны
прысьніўся надоечы мне...
Хоць і ня з пекла,
а толькі, здаецца мне,
чэрці
аж на Алімп
за патрэбай паслалі мяне.

Спалі, відаць,
ля падножжа анёлкі-халеры:
ліфтам дапяў да вяршыні –
такое бяды.
Божухны мілыя!
Дзе тут патрэбныя дзьверы?
Бачу: “ПРЫЁМНАЯ” –
значыць, патрапіў туды.

Клямкаю бразнуў –
і праўда:
сядзіць Афрадыта.
Ну, прыгажуня, скажу вам,
такіх пашукаць...
З ценяў нябесных
прабліснулі вочкі сярдзіта:
– Вы на прыём?
Не загадана сёньня пушчаць!

– Слухай, багіня,
паладзім давай па парадку.
Чэрці ж мяне засьмяюць,
і кабета скляне...
На, прыгажуня, табе –
пагрызі шакаладку,
зьлітуйся ўсё ж,
прапусьці да Самога мяне.

...Праведны Божа
адкінуўся ў крэсьле шыкоўным.
Надта ж сярдзіты,
бо грэшнікаў бачыць ня звык.
– Сама...шаноўны,
ці як там?..
Таварыш чыноўнік!..
(Чорт мяне тузаў, ці што, за язык,
а чарцяняты, напэўна,
ад сьмеху куляліся...)

Бог зашыпеў,
кулакамі пагрозна затрос...
Бачу –
ня Бог за сталом,
а зьмяя-акулярніца!
Тут мяне, людцы,
як вецер з Алімпа панёс...

Жонка збудзіла:
– Крычыш, чалавеча, нядобра!
Буркнула сонна
і зноў задала храпака…
Дзе ўжо ёй знаць,
як пасьля кабінетная кобра
доўга і страшна
душыла яе мужыка...

Бюро прапаганды мастацкай літаратуры (БПМЛ) ашчасьлівіла камандзіроўкай у суседні раён. За тыдзень зрабілі цэлых шаснаццаць сустрэч у школах і працоўных калектывах. Выступалі нават перад вясковымі бабулькамі каля бульбяных сховішчаў-капцоў.
Увогуле ўражаньне невясёлае. Адчуваеш сябе двурушнікам. У людзей нібыта шчырая прыхільнасьць да цябе, павага, давер. Разумееш, што гэтыя людзі ведаюць жыцьцё знутры, якое яно ёсьць на самой справе, ведаюць ня горш, а можа нават лепш за цябе. А што ты ім можаш сказаць? Праўду? Уся нашая “праўда” ў цэнтральнай партыйнай газеце з адпаведнай назвай. (Абнясі, Божа, каб гэты мой патаемны сшытачак трапіў на вочы стукачу...) Сорамна!... Ухіляешся, як можаш, ад сур’ёзнай, шчырай гаворкі і зьбіваешся на нейкія гумарыстычныя дрындушкі.
Саўдзельніца ў гэтым “прапагандысцкім злачынстве” – паэтка са стольнага Менску Л. Г. (Сьвядома хаваю імёны і прозьвішчы пісьменьнікаў рознага калібру пад ініцыялы, бо – беражонага Бог беражэ!) Мілавідная “піітка” ўсё дапытвалася, як гэта я, сябар Саюза пісьменьнікаў, магу жыць у такой глыбінцы, працаваць у школе, гадаваць сьвіней і курэй ды яшчэ і вершы пісаць. А што рабіць, калі ў вясковай краме апроч рыбных кансерваў нічога ня купіш? Ахрысьціла мяне “самаахвярным дурнем”, ня здольным толкам уладкаваць сваё жыцьцё. А можа яно і так... Патаемна пахвалілася, што яна сама – нейкага там шляхецкага заводу і таму вельмі далёкая ад спаконвечных вясковых праблемаў. Што ня ведае ды і ня хоча ведаць, на якім такім дрэве расьце хлеб. Затое добра ведае ці ня ўсе зоркі ды планеты на небе і як каторая называецца. Цьвялілася, што я ў гэтай астраноміі “тупы, як сібірскі валёнак”.
Распавёў ёй пра Альхоўку, не шкадуючы адмысловых эпітэтаў і фарбаў. Зацікавілася. Напрасілася ў госьці.
Уражаньне маё ад камандзіроўкі крыху павесялела, калі неўзабаве з таго самага БПМЛ атрымаў грашовы перавод ажно на 288 рублёў. За тыдзень! Гэта табе ня тыя месячныя 130 рэ, якія маеш за свае аблізаныя 12 гадзінаў у школе...
А што тут дзіўнага? Геніяльны Францішак Багушэвіч яшчэ каля ста гадоў назад сьцьвердзіў: “Бог няроўна дзеле”... Як дзяліў тады, так і сёньня дзеле... Толькі дзяльбу тую сёньня ладзіць у нас ня Бог, а слугі народу...

Прыйшоў да высновы: пры любой сістэме і ў любой дзяржаве былі, ёсьць і будуць гаспадары і паслугачы. Розьніца толькі ў тым, хто мае быць гаспадаром і хто ягоны паслугач. У нашай краіне, вядома ж, гаспадар – народ. А чыноўнік – усяго толькі ягоны чыньнік, выканаўца, прыслужнік. Нездарма ж яго называюць слугой народу...
Па маім разуменьні – і я, і маці мая Кацярына, і Зоська, і дзеці нашыя– самы што ні на ёсьць народ. Ня кажучы ўжо пра тую бедалагу Юрэніху, якая “ўпусьцілася ў порткі” ад страху перад дырэктарам саўгасу, які, па ўсім, павінен быў слугаваць ёй верай і праўдай.
Такім чынам, падсумуем і пасумуем, Вынікі маёй неабачлівай выхілкі пад умоўнай назвай ”Як гаспадар краіны пакрыўдзіў слугу народу”:
Першае. Настаўніку Аўласёнку Р. І. за нетактоўныя паводзіны на педагагічным савеце школы аб’яўленая вымова.
Другое. АблАНА заблакавала ранейшае прадстаўленьне настаўніцы Альхоўскай школы Аўласёнак С. У. (даруй мне, Зоська!) на званьне “Выдатнік народнай асьветы”.
Трэцяе. У класным журнале за 10 клас на старонцы “Фізічная культура” нейкім неверагодным чынам супраць прозьвішча Аўласёнак Аліна зьявілася “двойка” (хоць яна не аднойчы брала ўдзел нават у абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы). Плакала Алінка, і плакаў ейны залаты медаль.
І апошняе. Пад час “незабыўнай сустрэчы” ў кабінеце першага сакратара РК КПБ “слуга народу” найвышэйшага ў раёне рангу выказаў свайму “гаспадару” далікатнае пажаданьне:
– И вообще, товарищ Авласёнок, Вам надлежит подумать, стоит ли и дальше продолжать свою педагогическую деятельность…
Дык хто ўсё ж у нас гаспадар? І хто слуга народу?
Чамусьці згадваецца матчына самае роспачнае лаянкавае слова: “ізуіты”...

Не праз малітвы,
праз сумненьні
Я зразумець нарэшце змог,
Што ёсьць адзіны Бог –
Сумленьне –
Найсправядлівы,
вечны Бог.

Ён доўга быў ізгоем клятым
І адрачэньняў зьведаў жах.
Яго душылі бюракраты
І расьпіналі на крыжах.

Яго куплялі,
прадавалі,
Мянялі на андаракі
І індульгенцыі давалі
На ўсе наступныя грахі...

Ён ёсьць.
Мой Бог – маё сумленьне.
Цьвіль раўнадушша не кране,
Пакуль
і сьветлыя памкненьні,
І чыйсьці боль жыве ў ва мне.

Судзі, мой Бог,
высокай мерай!
Я рады:
ў тлумнай мітусьні
Ня страціў я ў Сумленьне веры
Пад чорнай магіяй хлусьні.

Я – схімнік твой.
І твой заступнік.
Табой жыву.
На тым стаю
Учора,
сёньня
і ў наступным.
Я веру –
значыць існую!

Яшчэ адзін, сямнаццаты па ліку год у Альхоўскай школе. Душа сквырчыць, бо цяжка, вельмі цяжка жыць і працаваць у душнай атмасферы тайнага і яўнага недаверу, падазронасьці, нават прыхаванага перасьледу. Ты не такі, як усе, ты выдаеш сябе нейкім там змагаром за справядлівасьць, амаль іншадумцам? А на самой справе, хто ты такі ёсьць? Ні з цябе сапраўдны настаўнік, ні пісьменьнік... А што проста чалавек, які хоча нармальна, чэсна, нарэшце дастойна пражыць адпушчанае Богам – гэта справа дзясятая. Усе хацелі б так: спакойна, справядліва, без нікому непатрэбнага нерваваньня, без усеагульнага згодніцтва і маўклівага паслушэнства, без татальнай хлусьні і ашуканства. Усе так хацелі б. Ды толькі – дудкі...

Не задоўжылася з абяцаным візітам сталічная паэтка Л. Г.
У беднай Зоські ад зьдзіўленьня палезьлі на лоб вочы, калі ў мяне на шыі павісла незнаёмая маладзіца з дужа падазроным воклічам: “Ой, Рыгорка, як я радая цябе бачыць!..” Можна падумаць, што паміж намі было штосьці такое... Зоська нейкі час хадзіла “надутая”, то зацята-маўклівая, то бурклівая, пакуль не расшалопала, што да чаго.
А што тут да чаго? Скуль ёй, маёй Зосьцы, ведаць, што Л. Г., як і большасьць нашых сьпешчаных увагай паэтак, – арыгінальная, можа нават крыху дзівакаватая, калі не сказаць, шалапутная асоба. Хоць яно, здаецца, усе “пісакі” з крыху “скасабочанай страхой”...
Л. Г. патлумачыла, што прыехала яна да нас у Альхоўку ня проста пагасьцяваць, а па важнай справе. На рэспубліканскім тэлебачаньні, з якім яна даўно супрацоўнічае, папрасілі зрабіць сцэнар для чарговага відэафільму з цыклу “Жыве на сяле інтэлігент”.
Ужо сама назва цыклу падаецца мне дзіўнай: няўжо ў нашай “сьветлай вясковай яве” так згалела на інтэлігентаў, што пра гэта трэба распавядаць у сьпецыяльных перадачах? Нібыта гэта немаведама якое адкрыцьцё, не раўнуючы, карысны выкапень. А можа яно і сапраўды так? Відаць згалела, калі нават мяне прымаюць за інтэлігента...
За тры дні Л. Г. адурыла мне галаву сваімі пытаньнямі пра жыцьцё-быцьцё вясковага настаўніка, часам брала, што называецца, “за жывое”, цаляла ў самае балючае. Даверыўся аднак, ведаючы, што там, на тэлебачаньні, ня дурні сядзяць, усё роўна “лішняе” не прапусьцяць у эфір. Там таксама сістэма “ніпель”: туды пампуй любую (вядома, толькі “правільную”) лухту, а вось адтуль... “Ніпель” – на тое і ніпель.
На трэці дзень, чамусьці ўступіўшыся ў разматляханыя брудныя чаравікі, у якіх Зоська ходзіць у хляўчук да сьвіней, Л. Г. падалася “ў народ”. Вядома ж з распытамі пра мяне, пра нашую сям’ю, а заадно слухала і пра іншае, набалелае ў вяскоўцаў.
Арыгіналка! Няўжо яна сапраўды спадзяецца, што пра ўсе нашыя вясковыя болькі можна будзе падзівіцца з экрану? Ды і каму гэта цікава? Тым жа вяскоўцам, якія варацца ў гэтым самым сагане? Ці можа начальству? Усё яно і так ведае.
Не на Месяцы жыве...

Гэта жахліва.
Такога стрэсу альхоўцы не перажывалі, мабыць, з часоў мінулай вайны.
У Афгане загінуў Сярожка Сакольчык.
Запаянае ў цынкавую скрыню цела Сярожкі даставілі ў Альхоўку вайскоўцы – ягоныя аднапакутнікі па Афгану начале з афіцэрам. Менавіта ад іх прасачылася інфармацыя, што ў той скрыні невядома чые косткі ды ашхамёткі цела: муджахедская ракета разьнесла ўшчэнт хліпкую, амаль фанерную казарму, і ад хлопчыкаў засталося адно крывавае месіва...
На пахаваньне зьехаліся ваенкаматаўцы, шмат міліцыянтаў, раённае і сваё мясцовае начальства. Папрыходзілі людзі з навакольных вёсак. Было нешта падобнае на жалобны мітынг. Вайскоўцы і цывільныя начальнікі штосьці плялі пра “інтэрнацыянальны доўг”...
Божа літасьцівы! Калі і колькі так пасьпеў запазычыцца афганскаму народу наш бедны Сярожка, што мусіў сплаціць той доўг сваім маладым жыцьцём!?.
Жахліва!
Страхатлівая ў сваім нялюдскім горы, раскудлачаная, пасінелая ад сьлёз Сакольчыха, Сярожкіна маці, безупынку галасіла, ірвала на сабе валасы. Укленчвала перад афіцэрам-“афганцам”, маліла напрамілы Бог, каб у апошні разок зірнуць на сына...
Ніхто так і не насьмеліўся сказаць ёй праўду. Шмат гаварылі пра тое, што “младший сержант Сергей Сакольчик геройски погиб при исполнении интернационального долга, остался до конца верен воинской присяге и что Родина никогда его не забудет”.
«Забудет»... Як таго аднаногага старога на прыступках раённага храму ўлады, а па-народнаму – “пентагону”...
Плакалі жанкі. Мужчыны да хрусту сьціскалі кулакі.
Зусім яшчэ нядаўна ён быў вучнем нашай школы. Ня вельмі здатны да вучобы, але спакойны, паслухмяны і вельмі заўзяты працаўнічок.
Ён быў аднакласьнікам нашай Алінкі.
Ён быў адзіным сынам у бацькоў.
Як страшна гэта гучыць – ён быў...

Працяг будзе.