12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Маргарэт Этвуд

_____________________
Пенелопіяда.
Аповесьць



Пераклад
з ангельскай
V.K.
і Марыйкі
Мартысевіч.



О Адысей хітрамудры!…
Шчасьлівы тызаваяваў сабе жонку гэткае цноты выключнай!
Якой табе вернай была беззаганная Пенелопа, дачка Ікарыя!
Як нязьменна захоўвала памяць пра мужа, у юнацтве каханага!
З гадамі ня згасьне ейнае цноты слава, і несьмяротныя богі
самі складуць цудоўную песьню ў гонар вернае Пенелопы.
Гамер. “Адысея”. Кніга 24, 191-194.
узяў ён канат карабля сіняносага, адзін канец
прывязаў да высокай калоны ў портыку, другі ж
закінуў ён на гальлюн палубны, высока-высока, каб не краналі
яны зямлі ступакамі. Як дразды даўгакрылыя або як галубкі
трапляюцца ў сецігэтак галовы жанчынаў на канаце павісьлі,
і петлі тугія іх шыі сьцягнулі, каб сьмерць іх сустрэла.
Крыху ў паветры яны пагайдалі нагамі, аднак жа нядоўга.
Гамер. “Адысея”. Кніга 22, 470-473.


Уступ.
Гісторыя вяртаньня Адысея праз дваццаць гадоў на родную Ітаку вядомая перадусім зАдысеіГамера. Лічыцца, што першыя дзесяць гадоў Адысей біўся ў Траянскай вайне, а астатні час плыў па Эгейскім моры, імкнуўся дадому, пераадольваў цяжкасьці, перамагаў і ўнікаў пачвараў, дзяліў ложак з багінямі. Пра характар хітруна Адысея сказана шмат: майстар на хлусьню, мастак зьмяняць аблічча, ён жыве з уласнага глузду, выдумляе розныя хітрыкі ды падступствы, а часам ад залішняга розуму сам і церпіць. З багоў яму спрыяе Афіна Паладаёй даспадобы порсткая кемлівасьць Адысея.
УАдысеіПенелопадачка спартанскага цара Ікарыя і стрыечная сястра прыўкраснай Алены Траянскайвыяўленая як архетып адданай жонкі, слаўнай сваім розумам і вернасьцю. Пенелопа ня толькі ліе сьлёзы ды моліць багоў аб вяртаньні Адысея. Яна яшчэ хітрамудра абводзіць вакол пальца сьціжмы жаніхоў, якія запаланілі палац і праядаюць Адысеева майно, каб прымусіць Пенелопу да шлюбу з адным з іх. Яна ня проста замаўляе ім зубы пустымі абяцанкаміяна тчэ, а ўначы распускае пахавальнае покрыва, адкладаючы выбар сужэнца, пакуль яно ня будзе гатовае. УАдысеітрохі распавядаецца і пра турботы, што прыносіць Пенелопе сын-падлетак Тэлемах. Яму карціць абавязкова сьцьвердзіць сябе ня толькі перад абрыдлымі і насамрэч небясьпечнымі жаніхамі, але і перад маці. Сканчаецца кніга тым, што Адысей з Тэлемахам перабілі ўсіх жаніхоў ды павесілі дванаццаць дзяўчатаў-служак, якія з імі спалі, і Адысей злучыўся з Пенелопай.
Але ГамераваАдысея” – не адзіная версія гэтай гісторыі. Міфы адпачатку існавалі ў вуснай форме, у розных мясцовых варыянтах: адное і тое ж паданьне перадавалася ў адных мясьцінах так, а ў іншыхзусім іначай. Я карысталася адрознымі адАдысеікрыніцамі, асабліва што датычыць бацькоў Пенелопы, яе дзяцінства, шлюбу і злыязыкіх плётак вакол яе імя.
Я вырашыла даць Пенелопе і дванаццаці служкам самім распавесьці сваю гісторыю. Служкігэтахор”, і ў сваіх сьпевах яны зьвяртаюцца да двух пытаньняў, што абавязкова паўстаюць перад кожным, хто ўважліва чытаўАдысею”: 1) як сталася, што дзяўчатаў павесілі? 2) што насамрэч адчувала і думала Пенелопа? Выкладзеная ўАдысеіверсія не вытрымлівае ніякай крытыкіканцы з канцамі ня сходзяцца. Мне заўсёды не давалі спакою цені павешаных дзяўчатаў-служак. Як і самой Пенелопе ўПенелопіядзе”.

І. Нізкі жанр.
Цяпер, калі я памерла, я ўсё ведаю. Я так гэтага хацела, але, як і безьлічы іншых маіх жаданьняў, гэтаму таксама не было наканавана спраўдзіцца. Мне адкрыліся ўсяго некалькі факцікаў, раней ад мяне схаваных. А сьмерць, кожнаму зразумела, – высокі кошт за спаталеньне цікаўнасьці.
Па сьмерціпа пераходзе ў стан бясьцеласьці, бязвуснасьці, бездыханнасьція ўведала таго-сяго такога, што лепей ня ведаць. Так часам здараецца, калі падслухоўваеш пад вокнамі ці чытаеш чужыя лісты. Думаеце, добра было б умець чытаць чужыя думкі? Падумайце яшчэ раз.
Сюды, долу, кожны прыходзіць з мехам, як той, у якім Эол трымае вецер. Аднак гэты мех бітма набіты словамі: прамоўленымі, пачутымі, сказанымі пра вас. У некаторых мяхі малыя, у іншыхвялікія. Мой быў так нішто сабе, але шмат словаў у імпра майго слыннага мужа. Хтосьці кажа: ну і дурніцай жа ён мяне выставіў! Што-што, а выстаўляць каго заўгодна дурнем ён умеў. І што б ён ні рабіўусё з вадою зьбегла. Дарэчы, што ён яшчэ ўмеў, дык гэта зьбягаць.
Ён заўсёды маніў гэтак пераканаўча. Шмат хто паверыў, што ён распавёў праўдзівую версію падзеяў, ну, плюс-мінус колькі там забойстваў, зваблівых красуняў ды аднавокіх пачвараў. Нават я і тое раз-пораз яму верыла. Я ведала: ён круцель і хлус. Але я папросту падумаць не магла, што ён стане хлусіць і круціць са мною. Хіба я не была яму вернай жонкай? Хіба не чакала, чакала, чакала, насуперак спакусечасам неадольнай? І чаго я за ўсё гэта спадобілася, чым сталася, калі ў сьвеце прыжылася афіцыйная версія? Павучальнай легендай. Пугай, каб лупцаваць іншых жанчын. Чаму, маўляў, яны ня могуць быць гэткімі ж разважлівымі, надзейнымі і трывушчымі, як я? Колькі можна заводзіць адную й тую ж катрынку! О, як мне хочацца закрычаць вам у вушытак-так, і вам, вам таксама! – “Не бярыце з мяне прыкладу! Не рабіце, як я!” Але замест крыку атрымліваецца адно савінае гіканьне
Вядома, я нешта падазравала, мяне насьцярожвала, які ён махляр, ашуканец, спрытнюга, які ёняк бы гэта сказаць? – бессаромны. Але я на ўсё заплюшчвала вочы. Я не раскрывала рота, а калі і падавала голас, дык толькі каб пяяць яму асанну. Я не супярэчыла, не задавала няёмкіх пытаньняў, не дакопвалася да ісьціны. Тады мне хацелася, каб усё скончылася шчасьліва, а самы верны шлях да шчасьлівага канцаня лезьці, куды ня трэба, ды праспаць бойку.
Аднак пасьля таго, як галоўныя падзеі завершыліся і з іх зьляцела пазалота легенды, я дапяла, колькі людзей сьмяюцца ў мяне за сьпінаю: кпяць, адпускаюць жарцікіпрыстойныя і пахабныя, так што я сталася пагалоскайі не адной (не такое мне хацелася пра сябе пачуць). Што рабіць жанчыне, калі пра яе на ўвесь сьвет распускаюць скандальныя плёткі? Пачні бараніццападумаюць: вінаватая. Я вырашыла пачакаць яшчэ.
А цяпер, як ва ўсіх астатніх кружэлка скончылася, прыйшла мая пара распавесьці сваю гісторыю. Я мушу гэта зрабіцьдзеля самой сябе. Давялося доўга настройвацца: нізкі гэта жанрбаяць байкі. Занятак для старых бабаў, жабракоў-валацугаў, сьляпых гусьляроў, дзяўчатаў-служакдля тых, у каго мора вольнага часу. Калісьці людзі пасьмяяліся б, каб я паспрабавала прыкінуцца менестрэлемняма на сьвеце нічога больш бязглуздага, чым арыстакратыя, якая вошкаецца з мастацтвам. Але каго сёньня турбуе грамадская думка? Думка тых, хто тут, у апраметнай, думка ценяў, галасоў рэха. Таму паспрабую-такі я спрасьці нітку свайго аповеду.
Праблема ў тым, што ў мяне няма вуснаў, каб гаварыць. Я не магу зрабіць так, каб мяне зразумелі, – прынамсі, у вашым сьвеце, сьвеце целаў, языкоў, пальцаў. І часьцей за ўсёз вашага берагамяне ніхто ня слухае. Тыя, хто і ўловіць дзіўнаваты пошапт, нейкі піск, гатовыя з лёгкасьцю прыняць мае словы за шапаценьне ветрыка ў ссохлых чаратох, за кажаноў, што пралятаюць у прыцемках, за кепскі сон.
Але я заўсёды была ўпартая. Доўгацярпліваятак пра мяне казалі. І я зьбіраюся давесьці сваю справу да канца.

II. Хор: “Скокі на вяровачцы”. Лічылка.
ты страціў нас
ты здрадзіў нас
рабынь тваіх

твіст голых ног
ў паветры сьціх
ды як ты мог

царыц багінь
і сук усіх
куды ні кінь
твой струк спазнаў

куды там нам
і ты наўзьдзіў
нас асудзіў

бо ты меў меч
і слова меў
сказаў ім сьмерць
мы церлі кроў
іх, амарантаў-
мерцьвякоў
са сьцен, падлог

слупоў сталоў
ты гнуў нас ў рог
ты сузіраў

твіст голых ног
ты ссаў наш страх
ды як ты мог

ты жэр наш жах
адзін твой знак
і вось мы прах

твіст голых ног
ў паветры сьціх
рабынь тваіх

ты страціў нас
ты здрадзіў нас

ІІІ. Дзяцінства.
З чаго пачаць? Ёсьць толькі два варыянты: з пачатку альбо не з пачатку. Па-сапраўднаму ўсё пачалося са стварэньня сьвету, а далей пайшло-паехала. Але як на гэты конт меркаваньні разыходзяцца, я пачну са свайго нараджэньня.
Мой бацькацар Спарты Ікарый, а мацінаяда. Дачок наядаў па тым часе было як расы: кінь палку ў сабакутрапіш у наядку. І ўсё ж паўбоскае паходжаньне ніколі не пашкодзіць. Прынамсі, напачатку.
Калі я была яшчэ зусім маленькай, бацька загадаў кінуць мяне ў мора. За ўсё жыцьцё я так дакладна і не даведалася, чаму. Цяпер мне здаецца, прычына ў аракуле: ён прадказаў бацьку, што я буду ткаць яму пахавальнае покрыва. Магчыма, бацька думаў, што калі ён забе мяне раней, ягонае покрыва ніколі не сатчэцца і ён будзе жыць вечна. Я разумею ягоную логіку. У гэтым выпадку намер патапіць мяне тлумачыцца цалкам слушным жаданьнем абараніць сваё жыцьцё. Але, напэўна, ён недачуўабо недачула сама піфія: богі часта мармычуць нешта няўцямнае. Насамрэч вялося пра пахавальнае покрыва ня бацьку, а сьвёкру. Калі ў гэтым быў сэнс прароцтва, то яно, безумоўна, спраўдзілася. Так, праз колькі гадоў мне вельмі дапамагло тканьне акурат памянёнага сувою.
Я разумею, навучаць дзяўчатаў жаночым рамёствам больш ня модна, але, на шчасьце, у мой час было іначай. Яно вельмі выгодна, калі заўсёды ёсьць чым заняць рукі. Хто-небудзь адпусьціць непрыстойнасьцьа ты можаш зрабіць выгляд, што не пачула. І ня трэба адказваць.
А магчыма, мая здагадка наконт аракула і покрыва ня мае ніякіх падставаў. Магчыма, я яе папросту прыдумала, каб стала лягчэй. Па лугах, па цёмных пячорах ходзіць столькі шэптаў, што часам цяжка зразумець, адкуль яны бяруцца: ад іншых ці з уласнай галавы. Прагалавуя кажу ў пераносным сэньсе. Тут, пад зямлёю, мы абыходзімся без галоваў як такіх.

Так ці іначай, мяне кінулі ў марскую бездань. Ці памятаю я, як нада мною сышліся хвалі, ці памятаю, як выходіла з лёгкіх паветра, а ўвушшу гучалі званы, што, як кажуць, чуюць тапельцы? Ані ня памятаю. Але мне ўсё распавялі: заўсёды знойдзецца якая-небудзь служка, ці рабыня, ці старая нянька, ці проста пляткарка, якая з радасьцю пацешыць дзіця жудаснай гісторыяй пра тое, што ўчынілі над ім бацькі, калі яно было яшчэ малое і не магло памятаць. Показка не з прыемных, і адносіны з бацькам у мяне ад яе не палепшыліся. Акурат гэтым здарэньнемдакладней, тым, што я пра яго даведалася, – я і схільная тлумачыць сваю асьцярожлівасьць ды недавер да чужых намераў.
Аднак жа ў Ікарыя клёпкі ў галаве не ставалахацеў патапіць дачку наяды! Ваданашая стыхія, яна паводле права нараджэньня належыць нам. Хоць мы плаваем і горш за матуляў, але ўмеем-такі трымацца на вадзе, маем сувязі сярод рыбаў і марскіх птушак. Мяне ўратавала і адбуксавала на бераг чародка пурпуровапёрых качак. Што заставалася рабіць бацьку пасьля такога знака? Ён прыняў мяне назад і даў новае імя, дакладней, мянушку: качаня. Несумненна, бацька адчуваў грызоты сумленьня: ён пачаў да мяне ставіцца аж залішне ласкава.
Мне было цяжка адказаць яму тым жа. Пастаўце сябе на маё месца. Гуляеш сабе, трымаючыся за руку нібыта прыязнага да цябе бацькі, уздоўж абрыву, ці берагу ракі, ці парапетуі зьнячэўку прасьлізгвае думка: а што як яму раптам заманецца скінуць цябе ўніз ці прыбіць каменем? У падобных абставінах здавацца спакойнайзадача ня з лёгкіх. Пасьля такіх шпацыраў я хавалася ў сябе ў пакоі і пралівала ручаіны сьлёз. (Цяпер можна і прызнацца, што залішняя сьлязьлівасьцьпрыроджаная загана дачкі наяды. Сама мала чвэрць свайго зямнога жыцьця я толькі тым і займалася, што выплаквала вочы. На шчасьце, у мой час насілі вэлюмывельмі зручна, калі трэба схаваць чырвоныя ад сьлёз, прыпухлыя вочы.)
Як і ўсе наяды, мая маці была прыгожая, але халаднаватая сэрцам. Памятаю яе хвалістыя валасы, вільготныя вочы і пералівісты сьмех. І няўлоўнасьць. У маленстве я часта спрабавала яе абняць, але яна заўсёды высьлізвала. Мне прыемна думаць, што гэта, магчыма, яна паклікала на дапамогу качак, аднак, хутчэй за ўсё, маці тут ні пры чым. Плаваць у рэчцы ёй падабалася больш, як даглядаць малых дзетак, і яна часта выпускала мяне з памяці. Калі б бацька не загадаў кінуць мяне ў мора, ня выключана, што яна сама ўпусьціла б мяне ў ваду ў прыліве расьсеяньня ці раздражненьня. Маці не магла доўга засяроджваць увагу на нечым адным, і ў яе вельмі хутка зьмяняўся настрой. З таго, што я вам распавяла, відаць, як яшчэ ў раньнім дзяцінстве я засвоіла адну выдатную якасьцькалі толькі яна выдатнаясамадастатковасьць. Я ведала: мне ў жыцьці давядзецца самой пра сябе клапаціцца. Разьлічваць на сямю ніяк не выпадала.

IV. Хор: “Дзеці ў скрусе”. Плач дзяўчатаў-служак.
І мы былі дзецьмі. І мы нарадзіліся ня ў тых бацькоў. Бацькоў-бедакоў, бацькоў-рабоў, бацькоў-сялянаў, бацькоў-прыгонных. Бацькоў, што нас прадалі, бацькоў, у якіх нас скралі. Яны не былі ні багамі, ні паўбагамі, ні німфамі, ні наядамі. Нас з дзяцінства чакала праца ў палацы. Нас з дзяцінства вучылі ішачыць ад цёмнага рана. Як мы плакалі, хіба хто выціраў нам сьлёзы? Як мы спалі, хіба нас не будзілі высьпяткам? Нам казалі, што маці ў нас няма. Нам казалі, што бацькаў у нас няма. Нам казалі, што мы лянотныя. Нам казалі, што мы нячыстыя. Мы і праўда былі нячыстыя. Нашым клопатам стала распуста, нашай справай стала распуста, нашым знакам стала распустаі віной нашай стала распуста. Мы распусныя дзеўкі. Хто б ні пажадаў з намі пераспаць, мы нікога ня мелі права прагнаць: ні нашых гаспадароў, ні сыноў нашых гаспадароў, ні госьця шляхетнага роду, ні сына госьця шляхетнага роду. І рыдаць было бескарысна, і пра боль казаць бескарысна. І ўсё гэтаз дзяцінства. А найгоршы лёсу прыгожых. Мы малолі муку для багатых вясельных бяседаўі падядалі скарынкі з чужога стала. У нас ніколі ня будзе сваіх вясельных бяседаў, за нас ніколі ніхто багатых ня дасьць дарункаў. Танна каштуюць нашыя целы. Але й мы гэтаксама хацелі сьпяваць і сьмяяцца, але й мы гэтаксама прагнулі шчасьця. Сталеючы, мы набіраліся лоску ды хітрыкаў, мы вучыліся кпіць крадком. Мы ўмелі паводзіць клубамі, хавацца, падміргваць, шматзначна прыўзьняць брывоусё гэта яшчэ з дзяцінства. Мы прызначалі спатканьні хлопцам за хлевамі тым, хто шляхетнага роду, і тым, хто нізкага племя. Мы качаліся ў сене, у брудзе, у гноі, у пасьцелях з танюткае воўны, што самі сьцялілі гаспадарам. Мы дапівалі віно з келіхаў. Мы плявалі на споды для страваў. Між ярка асьветленай залай і цёмнай пасудамыйняй мы набівалі рты скрадзеным мясам. А на гарышчы ўночы мы ўсе разам сьмяяліся. Мы хапалі, што дзе маглі.

V. Асфадэлы.
Як шмат хто адзначаў, тут цёмна. “Цёмнае царства сьмерці”, “змрочныя склепы Аіда”, і г. д., і да т. п. Так, тут пануе цямрэча, але і яна мае свае перавагі: прыкладам, калі ўбачыш кагосьці, з кім ня хочаш размаўляць, заўсёды можна зрабіць выгляд, што не пазнаў яго.
І, вядома, тут ёсьць лугі, дзе цьвітуць асфадэлы. Калі прыйдзе ахвота, можна па іх паблукаць. Там трохі сьвятлей, там увесь час нехта млява танчыць, але наогул яны не такія прыгожыя, як пра іх кажуць. У фразедзе цьвітуць асфадэлы”1 ёсьць нешта паэтычнае. Ды як на добры клёк, асфадэлы, асфадэлы, асфадэлыхоць і досыць мілыя белыя кветачкі, аднак неўзабаве надакучваюць. Чаму было б не прыўнесьці нейкую разнастайнасьцьяркія колеры, некалькі зьвілістых сьцяжынак, прыгожыя далягляды, каменныя лавачкі і фантаны? Як на мяне, дык лепш ужо рэдкія гіяцынты і дробныя калюжынкі крокусаўхіба я зашмат хачу? Але тут ніколі не бывае ні вясны, ні іншых пораў году. Міжволі задумваешся, і якому дызайнеру прыйшоў у галаву такі праект.
Я не казала, што з ежы туттолькі асфадэлы?
Але я не наракаю.
У цёмных гротах цікавейможна зьмястоўна пагутарыць, калі натрапіш на якога дробнага нягодніка: злодзея-кішэньніка, біржавага брокера, сутэнёра-недарэку. Мяне, як і большасьць наіўных дзяўчат-незачэпаў, заўсёды пакрыёма цягнула да такіх мужчынаў.
Аднак на самыя глыбіні я спускаюся рэдка. Там прызначаюць кару сапраўдным мярзотнікамтым, хто не адпакутаваў сваё пры жыцьці. Я кепска пераношу іх крыкі. Але ўсе мукідушэўныя, бо целаў мы ўжо ня маем. Улюбёная забава багоўзьяўляць ахвярам шчодрыя бяседы: вялізныя споды з мясам, горы хлеба, гронкі вінаградуі ўвобмірг усё адымаць. А яшчэ багі страшэнна любяць прымусіць каго-небудзь каціць на гару цяжэзныя камяні. Часам мне страшэнна хочацца туды сысьці: моя б прыгадала, што значыць сапраўдны голад, сапраўдная зьнямога.
Раз-пораз у туманох зьяўляецца прагал, і тады можна ўгледзець які драбок таго сьветусьвету жывых. Гэта як пальцам расчысьціць сабевочкана заледзянелай шыбе. Бывае, што заслона зьнікае, і мы можам выйсьці трохі пагуляць. Нас ахоплівае ўзрушэньневіск стаіць такі, што не перадаць.
Ёсьць розныя спосабы вырвацца на прагулянку. Даўным-даўна, калі хто хацеў нешта ў нас запытацца, ён пераразаў горла авечцы, карове ці сьвіньні так, каб кроў сьцякала ў ярок. Учуяўшы кроў, мы напрасткі ляцелі на яе, як мухі на труп. Мы шчабяталі, мітусіліся, віліся наўкол, як сьмецьце з гіганцкай урны, падхопленае сьмерчам. А герой-самазванец перакрываў нам шлях аголеным мячом, пакуль ня зьявіцца той, каму ён хацеў задаць пытаньне. Далей ішлі два-тры цьмяныя прароцтвымы вывучыліся прамаўляць няўцямна. Навошта казаць усё? Трэба, каб яны вярталіся зноў і зноў, з авечкамі, каровамі, сьвіньнямі, ну, і гэтак далей.
Як толькі герой атрымае сваю порцыю прадказаньняў, нам усім дазвалялася папіць з ярка. Пра этыкет у такіх выпадках не магу знайсьці ніводнага добрага слова. Усе штурхаюцца, піхаюцца, смокчуць, чвякаюць, абліваюцца. Падбароддзі пунсовыя ад крыві. Але якое гэта было шчасьцехоць на імгненьне зноў адчуць, як у няісных венах пульсуе кроў.
Часам мы маглі зьяўляцца жывым у снах, але радасьці ад гэтага куды як менш. Былі і тыя, хто захрас на тым беразе, бо іх не пахавалі як належыць. Нябогі, яны блукалі ў глыбокай роспачыі ня там, і ня тутды рабілі нам столькі клопату.
А потым, праз сотні, мой тысячы гадоў (тут цяжка весьці адлік часу, бо яго як такога няма) – завядзёнкі зьмяніліся. Жывыя практычна перасталі сыходзіць у падземнае царства, дый нашае сьціплае месца жыхарства саступіла ў відовішчнасьці іншай установе. Вунь яна там, далей: вогненныя катлы, плач і скрыгаценьне зубоў, дэманы з віламісьпецэфекты на любы густ.
І ўсё ж нас раз-пораз выклікалі чарадзеі ды ведзьмакітыя, хто заключыў дамову з інфернальнымі сіламі, – а тады й увогуле абы-хто: аматары выклікаць духаў, медыюмы, экстрасэнсы, іншыя падобныя тыпы. Якое прыніжэньнеты мусіш матэрыялізоўвацца ў накрэсьленым крэйдай коле ці ў абабітым аксамітам кабінеце, бо некаму проста прыйшла ахвота на цябе паўзірацца. Але гэта дазваляла нам неяк быць у курсе падзеяў там, сярод яшчэ жывых. Мяне, напрыклад, вельмі зацікавіла вынаходства электралямпачкі і папулярныя ў ХХ ст. тэорыі пра пераход матэрыі ў энергію. Апошнім часам некаторыя з нас навучыліся пранікаць у акіян эфірных хваляў, што цяпер абымае ўсю Зямлю, і пераносіцца разам з імі, пазіраць на сьвет праз пляскатыя зыркія прастакутнікі, якія цяпер служаць хатнімі алтарамі. Мабыць, тады, даўным-даўна, нешта падобнае мелі багі, бо як бы іначай яны гэтак хутка зьяўляліся і зьнікалі?
Чарадзеі выклікалі мяне рэдка. Так, я была знакамітасьцюкаго заўгодна спытайце, – але яны чамусьці не хацелі мяне бачыць. Затое мая стрыечная сястра Алена заўсёды карысталася вялікім попытам. Гэта несправядлівая нічым не заслужыла ганебнай славы, і менш за ўсё распустай, а яна калі за што і сталася пагалоскай на языках, дык толькі за бессаромнасьць. Вядома, яна была вельмі прыгожая. Кажуць, яна зьявілася на сьвет з яйка, бо Зеўс згвалтаваў яе маці, абярнуўшыся ў лебедзя. Бачылі б вы, як Алена праз тое нос высока несла!
Цікава, хто з нас сапраўды верыў у гэтыя байкі пра згвалтаваньне лебедзем? Тады па сьвеце хадзіла шмат падобных гісторыяўбагі, здавалася, так і цягнулі рукі, лапы ці дзюбы да сьмяротных жанчынаў, вечна гвалцілі ня тую, дык іншую.
Так ці іначай, чарадзеі ўпарта выклікалі Алену, і яна не магла ім адмовіць. Для яе гэта як вяртаньне ў добрыя старыя часызноў на яе таропілі вочы сьціжмы мужчынаў. Алена любіла зьяўляцца ў траянскіх строях, як на мяне, дык залішне аздобленых, але chacun а son gout.1 Яна ўмела гэтак павольна павярнуцца, потым нахіліць галаву і зірнуць у твар таму, хто яе выклікаў, усьміхнуцца сваёй фірмовай інтымнай усьмешкайі ён зваяваны. Або яна зьяўлялася ў тым жа абліччы, што і перад сваім угневаным мужам Менелаем, калі палала Троя, а той, перапоўнены помсты, прагнуў працяць яе мячом. Алена папросту агаліла незраўнёнай прыгажосьці грудзіі ўсё: Менелай упаў перад ёю на калені, і закаціў вочы, і стаў упрошваць яе вярнуцца.
А яНу, мне казалі, што я прыгожая, ды толькі чыста з абавязку, бо я была царэўнай, а потым царыцай. Аднак праўда ў тым, што я хоць і не калека, і не пачвара, але і хараством не адрозьнівалася. З іншага боку, я была разумнаяяк на свой час, дык вельмі разумная. Здаецца, розумам я і праславілася. Толькі гэтым, ды яшчэ ткацтвам, вернасьцю мужу і абачлівасьцю.
Калі б вы былі чарадзей, і гарэзілі б з чорнай магіяй, і рызыкавалі б душой, вы б захацелі выклікаць непрыгожую, затое разумную жонку, добрую ткачыху, якая ніколі не зграшыла, замест жанчыны, ад пажады да якой зваряцелі сотні мужчынаў, жанчыны, праз якую загінуў у полымі вялікі горад?
Вось-вось, і я таксама.

Алена так і засталася беспакаранай. Абсалютна. Цікава, чаму? Іншых удушылі марскія зьмеі, патапілі ў шторм, ператварылі ў павукоў, застрэлілі з лука за куды як меншыя злачынствы. Ну, зьелі яны ня тую карову, ну, хвалілісяшто тут такога? Здавалася б, за ўсе няшчасьці ды пакуты, што Алена прынесла сьціжмам іншых людзей, ужо добрага бізуна яна заслужыла. Ані.
Ды не, я не наракаю.
Дый не наракала.
У жыцьці мне й так ставала пра што думаць.
Тут мы й падышлі да майго шлюбу.

VI. Шлюб.
Пра мой шлюб было дамоўлена. Такі існаваў у тыя часы звычай: дзе вясельлі, там дамовы. Я не пра тое, што трэба дамовіцца наконт вянчальных строяў, кветак, бяседнай залы, музыкі, хоць гэта ўсё ў нас таксама было. Нават цяпер гэта ўва ўсіх ёсьць. Я пра іншыя, больш мудрагельстыя, дамовы.
Паводле тагачасных правілаў, шлюб бралі толькі важныя персоны, бо толькі яны мелі спадчыну. Усё астатняепапросту спароўваньне ў розных формах: згвалтаваньні і спакушэньні, раманы й прыгоды на адну ноч, з багамі, што выдавалі сябе за пастухоў, ці з пастухамі, што выдавалі сябе за багоў. Калі-нікалі якая-небудзь багіня таксама ўблытвалася ў юрлівыя забавы са сьмяротнымі, рыхтык царыца, што гуляецца ў малочніцу. Але ва ўзнагароду мужчыне выпадалі скарочаны век і зазвычай гвалтоўная сьмерць. Нябёснае і зямное дрэнна злучаюцца, як агонь і гліна. Ды толькі перамагаў заўсёды агонь.
Багі ніколі не былі супраць зблудзіць з людзьмі. Насамрэч ім гэта падабалася. Глядзяць, як каму-небудзь вочы выпальвае ад перадазоўкі богасэксу, – і рагочуць, аж бакі надрываюць. Ёсьць у багох нешта дзіцячае. Нейкая падлеткавая жорсткасьць. Я магу так казаць, бо ў мяне больш няма цела, і падобныя пакуты мне не пагражаюць, дый багі ўсё роўна ня слухаюць. Па-мойму, яны ўсе паснулі. Да вас ужо не наведваюцца з візітамі богі, як у мой час, – хіба што вы падселі на наркату.
Дык пра што гэта я? А, так, пра шлюбы. Шлюб бралі дзеля таго, каб нараджаць дзяцей. А дзецігэта вам ня жарцікі. Дзецігэта механізмы перадачы ўсяго на сьвеце. Царстваў, багатых вясельных дарункаў, гісторыяў і паданьняў, старых крыўдаў, крэўнай помсты. Праз дзяцей помсьцілі за абразы. Нарадзіць дзіцязначыць пусьціць у сьвет новую сілу.
Калі ў вас быў вораг, лічылася, што лепш за ўсё забіць ягоных сыноў, нават яшчэ немаўлятаў. Іначай яны вырастуць і ўсюды вас знойдуць. А калі вы ня ў стане іх прырэзаць, можна пераапрануць іх, каб ніхто не пазнаў, і выправіць далёка-далёка альбо прадаць у рабства. Але пакуль яны жывыя, вы ніколі ня будзеце ў бясьпецы.
А як у вас нарадзіліся не сыны, а дочкі, трэба было як мага хутчэй аддаць іх замуж, каб яны прынесьлі ўнукаў. Чым больш у сямі мужчынаў, здольных валодаць мячом і кідаць дзіду, тым лепш, бо навокал усе астатнія мужчыны, на якіх варта зважаць, толькі й вышуквалі нагоды, каб учыніць набег на якога-небудзь цара ці арыстакрата ды захапіць усё, да чаго дацягнуцца рукі, з людзьмі ўлучна. Слабасьць аднаго ўладара давала шанец іншаму, і кожны цар ці арыстакрат мусіў зьбіраць усе сілы, якія толькі мог.
Таму само сабою было зразумела, што, як прыйдзе мой час, бацька заключыць дамову наконт майго шлюбу.
Пры двары цара Ікарыя трымаліся старой завядзёнкіправодзіць спаборніцтвы за права ўзяць шлюб з жанчынай высокага паходжаньня, выстаўленай, так бы мовіць, на кон. Пераможца атрымліваў жанчыну, яму ладзілі вясельле, і, паводле звычаю, ён пасяляўся ў палацы нявеставага бацькі ды рабіў свой унёсак у тое, каб множыць лік нашчадкаў мужчынскага полу. Шлюб даваў яму багацьце: залатыя кубкі, срэбныя місы, коней, строі і зброюувесь той хлуд, што так дорага цаніўся, калі я была жывая. Ад ягонай сямі таксама чакалі ў падарунак шмат гэткага ж хлуду.
Я кажухлуд”, бо ведаю, што з ім урэшце сталася. Ён спарахнеў у зямлі, альбо згінуў на марскім дне, альбо разьбіўся, альбо расплавіўся. Пэўная частка трапіла ў велізарныя палацы, у якіхдзіўная рэчне жывуць цары з царыцамі. Праз гэтыя палацы цягнуцца бясконцыя працэсіі непрыстойна апранутых людзейтыя ўзіраюцца на залатыя кубкі ды срэбныя місы, якія ніхто даўно нават не ўжывае. А потым яны ідуць у такі сабе кірмаш у палацы і купляюць карцінкі, на якіх намалюваныя гэтыя рэчы, або іх паменшаныя копіі, зробленыя ня з золата і не са срэбра. Вось я і кажухлуд.
Паводле старой завядзёнкі, вялізная куча зіхоткіх вясельных трафеяў заставалася пры сямі нявесты, у палацы ейных бацькоў. Магчыма, таму бацька так прывязаўся да мяне, калі ўжо ня здолеў патапіць у моры: дзе дачка твая, там будзе і скарб твой.
(Дасюль не дае спакою пытаньне: чаму, ну чаму ён кінуў мяне ў хвалі? Версія з пахавальным покрывам не зусім мяне задавальняе, але я так ніколі і не змагла знайсьці слушны адказнават тут, пад зямлёю. Кожны раз, як толькі заўважаю ўдалечыні бацькузвычайна ён тупае праз асфадэлыі спрабую яго дагнаць, той сьпяшаецца хутчэй сысьці, нібы пазьбягае мяне.
Часам я думала, што, можа, ён прынёс мяне ў ахвяру марскому богу, вядомаму сваёй ненажэрнасьцю. А калі мяне ўратавалі качкі, цар Ікарый быў тут ні пры чым. Мяркую, бацька мог сьцьвярджаць, што ён са свайго боку выканаў дамовукалі гэта была дамова, – ён нікога не ашукаў, а як марскі бог ня здолеў зацягнуць мяне на дно ды зжэрці, што ж, значыць, яму не пашанцавала.
Чым больш я разважаю над гэтым варыянтам, тым больш ён мне падабаецца. Усё складваецца лагічна.)
Ну вось, уявіце сабе разумную, але ня надта прыгожую дзяўчыну шлюбнага ўзростугадоў гэтак пятнаццаці. Я пазіраю з вакна свайго пакою на другім паверсе палацу на двор, дзе зьбіраюцца прэтэндэнтыюнакі, якія песьцяць надзею заваяваць у спаборніцтве маю руку.
Вядома, я не гляджу адкрыта, ня стаўлю локці на падваконьне, нібы якая служка-няўклюда, і не тароплю бессаромна вочы. Не, я падглядаю крадком з-пад вэлюму і з-за фіранкі. Нельга, каб усе гэтыя напаўголыя маладыя людзі пабачылі мой непрыкрыты твар. Жанчыны, што служаць у палацы, прыбралі і намарафецілі мяне, як маглі, менестрэлі склалі ў мой гонар сьпевы – “зьзяе, як Афрадытаі іншую гэткую ж туфтуале я зусім зьніякавела ад сораму і тугі. Юнакі нязмушана жартуюць і сьмяюцца і не пазіраюць угару.
Я ведаю: цікаўлю іх ня я, не Пенелопа-качаня, а толькі тое, што ідзе ў дадатак да мяне, – прыняцьце ў царскую сямю ды куча блішчастых бразготак. Ніводзін мужчына ніколі не пазбавіць сябе жыцьця ад каханьня да мяне.

Ніхто і не пазбавіў. Ды не, мне зусім і не хацелася даводзіць каго-небудзь да самагубства. Я не жанчына-вамп, не сірэна, я не такая, як мая стрыечная сястра Алена, – ёй падабалася зводзіць мужчынаў у бойках, проста каб паказаць, што гэта ў яе сілах. Як толькі хтосьці падаў перад ёю ніцмаа доўга чакаць ніколі не даводзілася, – яна сыходзіла прэч, не азіраючыся, і залівалася сваім бесклапотным сьмехам, нібы пабачыла, як стаіць на галаве і забаўна дрыгае ножкамі прыдворны карлік.
Я была добрая дзяўчынадабрэйшая за Алену (прынамсі, мне так здавалася). Я ведала: мне давядзецца разьлічваць замест прыгажосьці на іншыя сродкі. Я была разумнаятак усе казалі. Напраўду, мне гэта паўтаралі гэтак часта, што міжволі рабілася яшчэ маркотней. Але мужчына цэніць у жонцы розум, покуль яна ад яго далёка. Зблізу, як няма ўжо нічога больш зваблівага, ён заўсёды пагодзіцца на дабрыню.
Лагічней за ўсё было б, каб маім мужам стаў малодшы сын якога цара, што меў багата земляў, – хоць бы хто-небудзь з Нестаравых. Цару Ікарыю было б выгодна з імі зрадніцца. З-пад вэлюма я назірала, як там, унізе, таўкуцца юнакі, спрабавала вызначыць, хто з іх хто і каму б я аддала перавагучыста гіпатэтычна, бо ад мяне ніяк не залежала, хто дастанецца мне ў сужэнцы.
Са мною былі некалькі служакмяне ніколі не пакідалі без нагляду. Пакуль мяне цэлай і спраўнай не аддадуць замуж, я заўсёды буду фактарам рызыкі: хто ведае, які выскачка-прыблуда, які шукальнік шчасьця паспрабуе мяне спакусіць або скрасьці? Служкі былі маімі крыніцамі інфармацыі, невычэрпным патокам дробных плётак ды чутак. Ім дазвалялася свабодна хадзіць па ўсім палацы, разглядаць мужчынаў у любым ракурсе, падслухоўваць іх размовы, сьмяяцца і жартаваць з імі, колькі заўгодна. Нікога не турбавала, хто можа ўплішчыцца ў іх паміж ног.
А гэта хто, у якога бочкай грудзі? – спыталася я.
Усяго толькі Адысей, – адказала служка.
Яго нават не прымалі ў разьлікпрынамсі, сярод служакяк сурёзнага прэтэндэнта на маю руку. У ягонага бацькі быў палац на Ітацыскале ў моры, дзе жылі адныя козы. Ён насіў грубую вопратку і меў манеры местачковага начальніка. Адысей ужо выказаў некалькі мудрагелістых ідэяў, якія астатнія палічылі дзівацкімі. Аднак усе згаджаліся, што ён разумны. Аж занадта. Іншыя маладзёны жартам пра яго казалі: “Не гуляй з Адысеем, сябрам Гермеса, бо ніколі ня выйграеш”. Гэта азначала, што ён махляр і злодзей. Акурат тым самым праславіўся і ягоны дзед Аўталік: ён ніколі ў жыцьці нічога не атрымаў сумленным шляхам. У адных царствах за нявестаў спаборнічалі ў барацьбе, у іншыху заездах на калясьніцах, а ў насу звычайным бегу.
Ня вельмі хутка ён бегае на гэткіх кароткіх ножках, – зласьліва заўважыла служка.
Сапраўды, ногі ў Адысея былі караткаватыя для ягонага цела. Калі ён сядзеў, ніхто гэтага не заўважаў, але як толькі падымаўся, здавалася, верхняя частка вось-вось пераважыць і ён кульнецца на зямлю.
Цябе ён не дагоніць, – дадала іншая служка. Ты ж ня хочаш нараніцы прачнуцца і ўбачыць у ложку з мужам статак Апалонавых кароваў.
Гэта жарт пра злодзея Гермеса, які, ледзь пасьпеўшы нарадзіцца, зьдзейсьніў, так бы мовіць, дзёрзкі налёт на буйную рагатую жывёлу.
Хіба што сярод іх знойдзецца бык, – заўважыла другая.
Ці казёл, – кінула трэцяя. – Або вялізны магутны баран! Пэўна, нашаму качаняці спадабалася б! Яна б хутка забляяла!
Ды я б і сама ад такога не адмовілася, – далучылася чацьвёртая. – Лепш баран, чым чарвякі, што тут сьлізгаюць.
І яны ўсе расьсьмяяліся, прыкрыўшы ірты далонямі і вясёла фыркаючы.
Я ўся сьцялася ад прыніжэньня і крыўды. Я яшчэ ня кеміла ў грубых жартах, таму дакладна не разумела, чаго яны сьмяюцца. Але я ўсьведамляла, што кпілі яны з мяне. Аднак прымусіць іх сьціхнуць я не магла.

* * *
Тут прыплыла мая стрыечная сястра Аленанібы даўгашыйная лебедзь, якой яна сябе і ўяўляла. Пры хадзе ў яе пакалыхваліся клубы, і яна яшчэ наўмысна гэта падкрэсьлівала. Хоць замуж аддавалі мяне, але яна хацела, каб зьвярталі ўвагу толькі на яе. Алена была як заўсёды прыгожая. Нават больш: яна была невыносна прыгожая. І апранутая бездакорнаейны муж Менелай увесь час дбаў пра яе ўборы. Ён багаты, у яго грошай як гразі, так што ён мог сабе гэта дазволіць. Алена схіліла да мяне твар, зірнула гарэзьліва, нібы фліртуючы. Думаю, яна фліртавала са сваім сабачкам, з люстэркам, грабеньчыкам, з ножкай ложка. Ёй трэба было падтрымліваць форму.
Па-мойму, Адысей падышоў бы нашаму качаняці, – сказала Алена. – Яна любіць спакойнае жыцьцё, вось яно яе і чакае, калі Адысей забярэ яе з сабою на Ітаку, як выхваляецца. Яна будзе дапамагаць яму пасьвіць козы. Яны з Адысеем з аднаго гнязда птушкі. У абодвух надзіва кароткія ногі.
Яна прамовіла гэта з такой лёгкасьцюАле самыя лёгкія фразы ў яе часта былі самымі жорсткімі. Ну чаму па-сапраўднаму прыгожыя думаюць, што ўсе астатнія існуюць толькі дзеля іхняй забавы?
Служкі захіхікалі. Я была зьніштожаная. Я ня думала, што ў мяне ну настолькі кароткія ногі, і ніяк не разьлічвала, што Алена гэта заўважыць. Але калі вялося пра фізічныя перавагі ды недахопы іншых, ад яе вока амаль нічога не магло схавацца. Таму пазьней яна і зблыталася з Парысамён выглядаў непараўнальна лепш за нязграбнага рудога Менелая. Калі Менелая пачалі прыгадваць у паэмах, то самыя лепшыя словы, што для яго знайшліся, – “ён меў вельмі гучны голас”.
Усе служкі паглядзелі на мяне: што я скажу? Але ж Алена ўмела прыводзіць людзей у зьняменьне, і я не была выключэньнем.
Не пераймайся, сястрычка, – прамовіла Алена, паляпаўшы мяне па руцэ. – Кажуць, ён вельмі разумны. І ты, паводле чутак, таксама. Ты зможаш разумець, што ён гаворыць. Я б ніколі не дала яму рады! Нам абодвум пашанцавала, што я яму не дасталася.
Яна паблажліва, самазадаволена ўсьміхнулася, як тая перабора, што магла першай зьесьці ня надта смачны кавалак, ды грэбліва адмовілася. Праўда: Адысей быў сярод прэтэндэнтаў на яе руку і, як кожны ў сьвеце мужчына, адчайна жадаў дамагчыся яе. Цяпер ён спаборнічаў у лепшым выпадку за другое месца.
Алена ўджаліла мяне і сышла. Служкі ўзяліся абмяркоўваць, якія шыкоўныя ў яе каралі, як зіхцяць яе завушніцы, які ў яе ідэальнай формы нос, выкшталцоная прычоска, як праменяцца яе вочы, якім густоўным узорам затканы край яе бліскучых строяў. Нібыта мяне ўвогуле няма. І гэта ў дзень майго вясельля!
Я ня вытрымала і расплакаласямне часта яшчэ давядзецца ліць сьлёзы. Мяне адвялі й паклалі на ложак.

Гэтак я прапусьціла забег. Адысей перамог. Як я пазьней даведаласянесумленна. Яму дапамог дзядзька Тындарэй, брат майго бацькі і бацька Алены (хоць, як я ўжо казала, некаторыя сьцьвярджалі, што яе сапраўдным бацькам быў Зеўс). Тындарэй падліў астатнім прэтэндэнтам у віно зельле, якое запавольвала бегтрохі, каб яны нічога не заўважылі. А Адысею ён даў напой з адваротным эфектам. Як я разумею, падобныя хітрыкі ўвайшлі ў традыцыю і дасюль ідуць у ход у сьвеце жывых на атлетычных спаборніцтвах.
Чаму дзядзька Тындарэй дапамог майму будучаму мужу? Яны не былі ні сябрамі, ні хаўрусьнікамі. Якую карысьць меў з гэтага Тындарэй? Мой дзядзькапаверце мненіколі нікому не дапамог бы толькі з дабрыні душэўнайгэта тавар у яго быў у дэфіцыце.
Паводле адной версіі, я дасталася Адысею ў адплату за паслугу, што ён зрабіў Тындарэю. Калі ўсе мужчыны змагаліся за Алену і сітуацыя ўсё больш і больш распальвалася, Адысей прымусіў усіх прэтэндэнтаў прынесьці клятву, што каму б ні дасталася Алена, усе астатнія будуць біцца за яго, калі хто іншы паспрабуе яе адняць. Гэтак Адысей палагодзіў справу, і вясельле Алены з Менелаем прайшло ціха ды гладка. Напэўна, Адысей ведаў, што яму нічога ня сьвеціць. І тадытак кажуцьён змовіўся з Тындарэем: Адысей зладзіць мірам вельмі выгодны шлюб для Алены Прыўкраснай, а сам наўзамен атрымае прасьцячку Пенелопу.
Але ў мяне ёсьць іншая версія. Тындарэй і мой бацька Ікарый абодва былі цары Спарты. Яны меліся ўладарыць па чарзе: годадзін, годдругі і гэтак далей. А Тындарэй хацеў, каб трон належаў толькі яму (і ўрэшце ён свайго дамогся). Лагічна будзе прыпусьціць, што ён празандаваў розных кандыдатаў на прадмет іх планаў і ўведаў, што Адысей падзяляе навамодную ідэю, згодна з якой жонка мусіць жыць з сямёю мужа, а не наадварот. Гэта адпавядала інтарэсам Тындарэявыправіць мяне далёка-далёка, а разам са мною і сыноў, якіх я магла нарадзіць. Тады, калі разгарыцца адкрыты канфлікт, на дапамогу Ікарыю прыйдзе менш сваякоў.
Як бы там ні было, Адысей змахляваў і перамог. Я бачыла, як зласьліва ўсьміхаецца Алена, назіраючы вясельны абрад. Яна думала, мяне аддаюць у заклад неачэсанаму ёлупню, які зацягне мяне ў дзікі мядзьведжы кут, і радавалася. Мусіць, яна даўно ведала праадкат”.
А яЯ ледзьве вытрывала ўсю цырымонію: ахвяраваньні жывёлаў, прынясеньне дароў багам, ачышчальныя абпырскваньні, узьліяньні, малітвы, бясконцыя сьпевы. Мне было млосна. Я не падымала вачэй ад зямлі, і таму бачыла толькі ніжнюю палову Адысеевага цела. Увесь час, нават у самыя ўрачыстыя моманты, у галаве круцілася толькі адно: “Ногі кароткія”. Недарэчная думка, банальная і бязглуздая; мне так і карцела захіхікацьале ў сваё апраўданьне мушу заўважыць, што мне было ўсяго пятнаццаць.

VII. Шнар.
Так мяне і аддалі Адысею, як кавалак мяса. Кавалак мяса, зьвярніце ўвагу, у залатой абгортцы. Такая сабе залочаная крывянка.
Але вам, магчыма, параўнаньне падасца залішне грубым. Дазвольце мне дадаць, што ў наш час мяса высока цаніласяарыстакраты яго елі горамі: мяса, мяса, мясаЯго толькі смажыліі нічога больш: нашаму веку было далёка да кулінарных тонкасьцяў. Зусім забылася: яшчэ хлеб, то бок праснакі. Хлеб, хлеб, хлеб і віно, віно, віно. Часам мы зьядалі якую-кольвек садавіну-гародніну, але вы, мусіць, пра яе ня чулі, бо ў паэмах яна ня згадваецца.
Богі ня менш за нас хацелі мяса, ды атрымлівалі адно тлушч ды косткідзякуючы прымітыўнаму фокусу-покусу Праметэя. На яго павёўся б і не адрозьніў горшых частак жывёлы пад выглядам лепшых толькі ідыёт. А Зеўс даў сябе ашукаць. Адсюль выснова: багі не заўсёды былі такія разумныя, як ім хацелася нам унушыць.
Я магу так казаць, бо я мёртвая. Раней не адважылася б. Ніколі ня ведаеш, ці ня слухае цябе хто з багоў у абліччы жабрака, або старога сябра, або незнаёмага чалавека. Я сапраўды часам сумнявалася: а ці ёсьць яны, гэтыя багі? Але пры жыцьці лічыла, што лепш быць абачлівай і не рызыкаваць.

На вясельнай бяседзе ў мяне чаго толькі ні было: вялізныя апетытныя кавалкі мяса, вялізныя лусты пахкага хлебу, вялізныя збаны найлепшага віна. Дзіва, што госьці ня трэснулі на месцытак яны наеліся пад завязку. Пазьней я на практыцы даведалася: нішто так не спрыяе абжэрству, як дармовая ежа.
У наш час елі рукамі. Паўсюль грызьлі косткі і нястомна, на падвышаных абаротах працавалі сківіцамі. Але так лепейніякіх вострых прыбораў, каб схапіць ды ўторкнуць у суседа, калі той пачне вас дапякаць. На кожным вясельлі, якому папярэднічала спаборніцтва, абавязкова былі некалькі расчараваных няўдачнікаў, аднак на маім сьвяце ніводны з тых, хто прайграў, не распаліўся і не разьюшыўся. Яны пачуваліся так, нібыта ўпусьцілі на аўкцыёне каня.
Віно атрымалася занадта моцнае, таму шмат хто набраўся, як сьвіньня гразі. Нават мой бацька, цар Ікарый, дапіўся да Божай моцы. Ён падазраваў, што Тындарэй з Адысеем абвялі яго вакол пальца, ён амаль не сумняваўся, што яго ашукалі, але ня мог скеміць, як. Таму бацька і злаваўся, а ўзлаваны піў яшчэ больш і абражаў некаторых заўвагамі пра іхных дзядоў. Аднак Ікарый быў цар, і ўсё абышлося без двубояў.
Хто ня ўпіўся, дык гэта Адысей. Ён умеў рабіць выгляд, што пе шмат, а насамрэч заставацца цьвярозым. Пазьней муж мне патлумачыў, што той, хто жыве з уласных глуздоў, як ён, заўсёды мусіць трымаць іх напагатове і вострымі, як сякера ці меч. Хваліцца, колькі яны ў стане выпіць, могуць толькі дурні: далей абавязкова будуць спаборніцтвы, хто каго перапе, і ты страціш пільнасьць ды самакантроль, а вораг толькі таго і чакае, каб нанесьці ўдар.
А яМне нічога ня йшло ў роттак я нервавалася. Я сядзела, затуліўшыся вэлюмам, і баялася ўзьняць вочы на Адысея. Я не сумнявалася: ён будзе расчараваны, калі ўзьніме вэлюм і здыме з мяне накідку, пас і зіхоткі ўбор, што начапілі служкі. Аднак ні ён, ні хто іншы на мяне нават не зірнуў. Усе да адзінага глядзелі на Алену: тая праменіла ўсьмешкамі направа і налева, не прапускаючы ніводнага мужчыны. Алена ўмела так усьміхацца, што кожнаму здавалася, нібы яна таемна закаханая толькі ў яго аднога.
Напэўна, мне пашанцавала, што Алена адцягнула ўсеагульную ўвагу на сябе, бо так ніхто не заўважыў, як я дрыжу, як мне няёмка. Я ня проста нерваваласямне было па-сапраўднаму страшна. Служкі ўвялі мне ў вушы, як, апынуўшыся ў шлюбным ложку, муж разарве мяне на часткі, узрэжа, як плуг узразае ральлю, і які гэта боль, жах і прыніжэньне.
А што да маці, яе хапіла на тое, каб у час майго вясельля ня плаваць дэльфінам. Праўда, я гэтага як належыць не ацаніла. Яна сядзела на троне побач з бацькам, апранутая ў строі халодна-блакітнага колеру, а пад нагамі ў яе зьбіралася калюжынка. Калі служкі зноў мяне пераапраналі, яна прамовіла колькі словаў мне ў навучаньне, але тады я ня ўбачыла ў іх ніякай карысьці. Іх цяжка назваць іначай як расплывістымі, але, зрэшты, гэта рыса ўсіх наядаў.
Вось што яна мне сказала: “Вада не супраціўляецца. Вада цячэ. Апусьці ў яе рукуадчуеш адно, як яна лашчыць. Вадане трывалы мур, яна цябе не запыніць. Але вада заўсёды цячэ, куды хоча, і ўрэшце перад ёю нічога ня выстаіць. Вада цярплівая. Кропля камень точыць. Памятай пра гэта, дзіця. Памятай, што ты напалову вада. Калі ня можаш адолець перашкоду, абміні яе наўкол. Як вада.”
Пасьля вясельных абрадаў і бяседы была звычайная працэсія да спачывальні нявесты, як заўсёды, з паходнямі, бруднымі жартамі і пянымі воклічамі. Ложак убраны гірляндамі, парог абпырсканы, ўзьліяньні зробленыя. Перад дзьвярыма паставілі вартавога, каб нявеста ў жаху ня зьбегла прэч, і каб сяброўкі, пачуўшы ейныя крыкі, не зламалі дзьверы і не ўратавалі яе. Усё гэтатэатральная дзея: нявесту нібыта выкралі, і зьдзяйсьненьне шлюбу мусіла выглядаць узаконеным згвалтаваньнем. Зваяваньнем, здушэньнем ворага, яго як бы сьмерцю. Абавязкова крывавай.
Калі за намі зачынілі дзьверы, Адысей узяў мяне за руку і пасадзіў на ложак.
Забудзься на ўсё, што табе казалі, – прашаптаў ён. – Я не прычыню табе болюпрынамсі, моцнага. Але нам абодвум было б лепш, калі б ты ўвяла іх у зман. Мне казалі, ты разумнае дзяўчо. Як думаеш, ты здолееш два-тры разы крыкнуць? Ім гэтага хопіцьяны падслухоўваюць пад дзьвярыма, – і нас пакінуць у спакоі, каб мы маглі з табою спакойна пазнаёміцца і пасябраваць.
Гэта былі Адысеевы ўгаворніцкія хітрыкіён цудоўна ўмеў каго заўгодна пераканаць, што яны абодва сутыкнуліся з адной і той жа перашкодай і адолець яе змогуць толькі разам. Амаль кожнага, хто яго слухаў, ён быў здатны схіліць на свой бок, уцягнуць ва ўласную змову. У гэтым ён ня меў роўныххоць адзін раз аповяды ня схлусілі. І ў яго быў цудоўны голас, глыбокі, мілагучны. Таму, вядома, я зрабіла, як ён прасіў.
Праз некаторы час я высьветліла, што Адысей ня з тых мужчынаў, якія, зрабіўшы сваю справу, папросту паварочваюцца на другі бок і храпуць. Не, я ведаю пра гэтую агульную мужчынскую звычку не з уласнага досьведу. Я ўжо гаварыла, што шмат слухала дзяўчатаў-служак. Адысею ж падабалася размаўляць, ён быў выдатны апавядальнік, а я з радасьцю слухала. Думаю, акурат гэта яго найбольш ува мне цікавілауменьне аддаваць належнае ягоным гісторыям. Недаацэнены жаночы талент.
Я заўважыла доўгі шнар на сьцягне ў Адысея, і ён распавёў, адкуль той узяўся. Я ўжо згадвала, што дзедам Адысея быў Аўталік, які сьцьвярджаў, што ягоны бацькабог Гермес. Магчыма, гэтая фраза азначала, што ён хітры стары злодзей, махляр ды хлус і што на гэтай сьцяжыне яму спрыяе ўдача.
Аўталікбацька Антыклеі, Адысеевай маці. Яна выйшла замуж за цара Ітакі Лаэрта і сталася цяпер маёй сьвякроўкай. Пра Антыклею хадзіла пагалоска, нібыта яе спакусіў Сізіф (ён і быў сапраўдным бацькам Адысея). Але мне цяжка ў гэта паверыцьну хто ж захоча спакусіць Антыклею? Гэта ўсё роўна што панадзіцца на карабельны нос. Але пакуль прыпусьцім, быццам гэта праўда.
Сізіфтакі склізкі тып, што, кажуць, ён двойчы падмануў сьмерць: першы разкалі абдурыў бога Танатаса, так што той дазволіў прыкаваць сябе да скалы, а Сізіф тады ўзяў ды адмовіўся здымаць кайданы; а другікалі ўгаварыў Персефону выпусьціць яго з падземнага царства, бо Сізіфа не пахавалі як належыць, а значыць, яму ня месца на мёртвым беразе Стыкса. Калі пагадзіцца з чуткамі пра нявернасьць Антыклеі, у радаводзе Адысея былі махляры ды прайдзісьветы і па мячы, і па кудзелі.
Так ці іначай, дзед Адысея Аўталіктой, які даў яму імя, – запрасіў унука на Парнас па дарункі, абяцаныя пры нараджэньні. І Адысей зьявіўся. Аднойчы падчас гасьцяваньня на Парнасе Адысей разам з сынамі Аўталіка выправіўся паляваць дзіка. Гэты самы люты дзік і ўвагнаў ікол Адысею ў сьцягноадсюль і шнар.
Штосьці ў тым, як апавядаў Адысей, падказвала: ён недагаворвае. Чаму разьюшаны дзік напаў на Адысея, а не на каго іншага? Можа, яны ведалі, дзе хаваецца зьвер, і наўмысна завабілі Адысея ў пастку? Можа, яго хацелі забіць, каб махляру Аўталіку не давялося аддаваць дарункі? Усё магчыма.
Мне прыйшлася даспадобы гэтая думка. Я цешылася, што ў нас з мужам ёсьць нешта агульнае: абодвух у малым веку ледзь не зьвялі са сьвету сваякі. Тым болей прычынаў трымацца разам і ня надта давяраць астатнім.
За гісторыю пра шнар я распавяла Адысею пра сябе: як мяне ледзь не патапіў бацька і ўратавалі качкі. Ён паставіўся ўважліва, задаваў пытаньні, спачуваўпра лепшага слухача і марыць немагчыма.
Беднае маё качаня, – сказаў ён, гладзячы мяне. – Не пераймайся. Я б ніколі ня кінуў у акіян такі скарб.
Тут я зноў расплакалася, і Адысей суцешыў мяне так, як і належыць у шлюбную ноч.
Да ранку мы сапраўды пасябравалі, як і абяцаў Адысей. Ці, дакладней, я пранялася да яго сяброўскімі пачуцьцямі, нават больш: каханьнем і мілосьцю. Ён жа паводзіўся так, нібы адказвае ўзаемнасьцю. А гэта вялікая розьніца.
Праз некалькі дзён Адысей абвясьціў, што хоча забраць мяне і мой пасаг да сябе на Ітаку. Бацьку гэта вельмі не спадабалася. Ён сказаў, што хоча, каб не парушаўся стары звычайто бок, каб і мы ўдваіх, і нашае новае майно былі тут, у яго пад пятою. Але за нас быў дзядзька Тындарэй, а яму даводзіўся зяцем магутны Менелай, муж Алены. Ікарыю давялося адступіцца.
Вы, напэўна, чулі, што бацька бег за нашай калясьніцай, упрошваў мяне застацца, і тады Адысей спытаўся: з уласнай добрай волі я еду на Ітаку ці хацела б лепей жыць з бацькам? Прынята лічыць, што ў адказ я апусьціла вэлюм, бо сьціпласьць не дазволіла мне ўголас прызнацца ў страсьці да мужа. А пазьней ва ўшанаваньне Сьціпласьці была ўзьведзеная мая статуя.
У гэтым аповядзе ёсьць нешта ад праўды. Але я апусьціла вэлюм, каб схаваць сьмех. Не, згадзіцеся, тут ёсьць ад чаго разрагатацца: бацька, які аднойчы кінуў у мора ўласнае дзіця, бяжыць подскакам па дарозе за гэтым самым дзіцём і крычыць: “Застанься!”
Мне зусім не хацелася заставацца. На той момант я не магла дачакацца, калі зьнікне з вачэй спартанскі двор. Жылося мне пры ім ня надта шчасьліва, і я прагнула хутчэй перагарнуць старонку і пачаць усё з чыстага аркуша.

VIII. Хор: “Была б я царэўнай”. Народная песьня.
Сьпяваюць дзяўчаты-служкі пад скрыпку, акардэон і сьвістульку.

Першaя служкa:
Была б я царэўнай з бaгaцьця гaрой,
То б кaхaў мянеюную вечнa – герой.
Каб мяне ўзяў за жонку герой мaлaды,
Гожaй, вольнaй, шчасьлівай была б я тaды.

Прыпеў:
Дык плыві, ясна панна, плыві у чаўне,
Ў марской бездані цёмна, нібыта ў труне.
Можа, пойдзе твой лёгенькі човен нa дно,
Нaс трымaе нa хвaлях нaдзея aдно.

Другaя служкa:
Я слухаць-служыцьму, пaдaй-прынясі,
Кручусяво, блін! – ад расы да расы.
Пaсьміхaюццa вусны, a сэрцa ў журбе,
Узьбівaю пярыны, ды не для сябе.

Трэцяя служкa:
Мaлю вaс, прaрокі, мaлю вaс, бaгі,
Хaй прыйдзе герой, мой жaніх дaрaгі.
Ды ня будзе героя, ў вaчах поўнa сьлёз,
Служкaй быцьмaя доля, зaгінуцьмой лёс.

Прыпеў:
Дык плыві, ясна панна, плыві у чаўне,
Ў марской бездані цёмна, нібыта ў труне.
Можа, пойдзе твой лёгенькі човен нa дно,
Нaс трымaе нa хвaлях нaдзея aдно.

Усе служкі робяць кніксэн.
Меланфо Гожыя Шчочкі ходзіць сярод публікі з капелюшом:
Дзякуй вам, сэр. Дзякуй. Дзякуй. Дзякуй. Дзякуй.

ІХ. Квахтуха, якой давяралі .
Плыць на Ітаку прыйшлося доўга. Падарожжа было страшнае і моташнаепрынамсі, як на мяне. Я амаль увесь час альбо ляжала, альбо ванітавалараз-пораз тое і другое запар. Мотой дзіцячы досьвед, калі бацька кінуў мяне ў хвалі, сфармаваў ува мне агіду да акіяну, а моПасейдон дасюль злаваўся, што ня змог мяне зжэрці.
Я амаль ня бачыла велічнага хараства неба і хмараў, якія расьпісваў Адысей, калі зрэдку заходзіў мяне праведаць. Ён ледзь ня ўвесь час стаяў ці на носе карабля, ці на стырне, выглядаючы сакаліным вокам (я так сабе гэта ўяўляла) скалы, марскіх зьмеяў і ўсялякія іншыя небясьпекі. А можа, ён вызначаў курс нейкім іншым чынамякім, ня ведаю, бо ніколі раней ня плавала на караблі.
З дня нашага вясельля я вельмі высока ставіла Адысея, бясконца ім захаплялася і ўсяляк перабольшвала ягоныя здольнасьціне забывайцеся, мне было ўсяго пятнаццаць. Таму я ня мела ані ценю сумневу, што мой марскі капітан ніколі ня схібіць.
Нарэшце мы прыплылі на Ітаку і зайшлі ў гавань, аточаную крутымі скалістымі ўцёсамі. Мусіць, нас выглядалі і да нашага зьяўленьня запалілі ўсе маякі, бо ў гавані так і віраваў натоўп. Далей былі вітальныя воклічы дзеля прыліку і шалёная даўка, бо, як я сышла на бераг, усім хацелася на мяне паглядзець. Відочны доказ, што Адысей выканаў сваю місію, прывёз дадому высакародную нявесту і да яе ў дадатак каштоўныя дарункі.
Для гарадской арыстакратыі ў гэты вечар ладзілі баляваньне. Я апранула пералівісты вэлюм і свой найпрыгажэйшы вышываны ўбор, і са мною была служкая таксама прывезла яе са Спарты. Бацька падараваў мне яе на вясельле. Яе звалі Актарыда, і яна была вельмі незадаволеная, што апынулася са мною на Ітацы. Ёй не хацелася пакідаць раскошу спартанскага палацу, сябровак служак, і я яе разумею. Актарыда была далёка не маладаянават у майго бацькі хапіла глузду не дасылаць са мною дзяўчыну ў росквіце, каб яна ня сталася мне суперніцай, асабліва калі ўлічыць, што ў яе абавязкі ўваходзіла штоночы вартаваць дзьверы спачывальні, каб ніхто нам не перашкаджаў. Дык вось, яна доўга не працягнула. Па яе сьмерці я засталася на Ітацы зусім адна, чужая сярод чужых.
Сьпярша я шмат плакала, зачыніўшыся насамоце. Я імкнулася схаваць ад Адысея сваю скруху, бо не хацела выглядаць няўдзячнай. Ён быў гэткі ж уважлівы і клапатлівы, як і напачатку, – праўда, так зазвычай дарослы ставіцца да дзіцяці. Я часта прыкмячала, што ён вывучае мяне, схіліўшы галаву набок і абапёршыся на далонь падбароддзем, нібыта я нейкая загадка. Але, як я неўзабаве пераканалася, ён з усімі так рабіў.
Аднойчы Адысей мне сказаў, што ў кожнага ёсьць патаемныя дзьверцышлях да сэрца, і для яго справа гонару знайсьці ключык да гэтых дзьверцаў. Бо сэрцагэта і ключ, і замок, а той, каму падуладныя чалавечыя сэрцы і вядомыя іх таямніцы, блізкі да таго, каб падпарадкаваць сабе мойраў і трымаць ва ўласных руках нітку лёсу. Але, пасьпешліва дадаў ён, насамрэч ніхто на гэта ня здатны. Нават богі, сказаў Адысей, менш магутныя за трох сёстраў, што прадуць ніці лёсу. Ён не назваў іх імёнаў, але сплюнуў, каб не сурочыць. І мяне перасмыкнула ад думкі, што недзе ў змрочнай пячоры яны прадуць нашыя жыцьці, адмяраюць іх і адразаюць.
А ў мяне ёсьць патаемны ключык ад сэрца? – спыталася я абаяльна-какетлівым, як мне хацелася верыць, тонам. – І ты яго знайшоў?
Адысей толькі ўсьміхнуўся.
Табе лепш ведаць.
І да твайго сэрца таксама вядуць таемныя дзьверцы? А я знайшла ад іх ключык? – я і цяпер чырванею, калі згадаю той манерна-ільсьлівы голастак магла гаварыць Алена. Але Адысей адвярнуўся да вакна.
У гавань зайшоў карабель. Незнаёмы, – ён спахмурнеў.
Ты чакаеш навінаў? – спытала я.
Я заўжды чакаю навінаў, – адказаў ён.

Ітакадалёка ня рай. Там часта дзьмулі ветры, ішлі дажджы і стаяў холад. Арыстакратыячыста галадранцы ў параўнаньні з той, да якой я звыкла. А палац хоць і няцесны, але вялікім яго ніяк не назавеш.
Як мне і казалі дома, тут сапраўды было шмат скалаў ды козаў. Але былі тут і каровы, і авечкі, і сьвіньні, і пшаніца, каб пячы хлеб, а раз-пораз траплялася якая ігруша, ці яблык, ці фіга, калі прыйдзе на іх час. Так што стол у нас заўсёды быў поўны, і я паступова прызвычаілася да свайго новага дому. А мець такога мужа, як Адысей, зусім ня кепска. Яго ўсе навокал шанавалі, і паток ахвочых зьвярнуцца да яго з просьбай ці спытаць парады ніколі ня менеў. Каб параіцца з ім, некаторыя нават плылі здалёк, бо Адысей меў славу чалавека, здольнага разблытаць любы заблытаны вузел (праўда, часам пры гэтым завязваў іншы, яшчэ больш заблытаны).
На той час бацькі Адысея, Лаэрт і Антыклея, жылі ў палацы. Маці ягоная яшчэ не памерла, стаміўшыся выглядаць Адысея і чакаць яго вяртаньня (а таксама, здаецца мне, ня вытрымаўшы чарговага разьліцьця жоўці). А бацька яшчэ не сышоў з палацу жыць у халупу ды араць зямлю сабе ў пакараньне, у роспачы ад таго, што сына ўсё няма. Усё гэта чакае наперадзе, калі Адысей зьнікне на дваццаць гадоў, але пакуль нішто не прадказвала такога павароту лёсу.
Сьвякроўка ў мяне была абачлівая. Яна заўсёды незадаволена падцінала вусны, і хоць Антыклея й прывітала мяне, але я разумела: я ёй не падабаюся. Яна ўсё казала, маўляў, ну надта ж я маладая. Адысей суха заўважыў, што гэты недахоп з часам пройдзе.
Але хто мяне на пачатку больш за ўсіх дапякаў, дык гэта Эўрыклея, былая Адысеева нянька. Яе ўсе глыбока паважаліпаводле ейных словаў, – бо ёй можна абсалютна давяраць. Эўрыклея жыла пры сямі з таго самага часу, як яе купіў Адысееў бацька. Ён так высока яе цаніў, што нават ні разу з ёю не пераспаў. “Уяві сабене пераспаць з рабыняй, – самазадаволена квахтала яна. – А я ў маладосьці была вельмі нават нішто сабе!” Потым служкі мне казалі, што Лаэрт не паквапіўся на Эўрыклею не з павагі да яе, а са страху перад жонкай: Антыклея б яго са сьвету зьвяла, калі б ён узяў сабе наложніцу. “Ад гэтай Антыклеі ў Геліяса яйцы адмерзьлі б”, – як сказала адная са служак. Так, ведаю, мне трэба было зрабіць ёй заўвагу за непрыстойнасьць, але я не магла здушыць сьмеху.
Эўрыклея цьвёрда вырашыла ўзяць мяне пад крыло: яна вадзіла мяне па ўсім палацы, паказвала, дзе што ляжыць, прыгаворваючы: “Вось як у нас тут прынята”. Я мусіла б шчыра ёй дзякаваць і ў душы, і на словах, бо няма нічога горшага, чым парушыць этыкет, выявіць недасьведчанасьць у мясцовых звычаях. Ці трэба прыкрываць рот, калі сьмяешся, у якіх выпадках адзяваць вэлюм і на колькі ён павінен закрываць твар, як часта прымаць ваннуЭўрыклея ведала ўсе тонкасьці. У гэтым сэньсе мне пашанцавала, бо сьвякроўка замест таго, каб навучыць мяне, моўчкі цешылася, ні слова ня кажучы, калі я рабіла якое-небудзь глупства, і толькі крывіла вусны ў паблажлівай усьмешцы. Яна радавалася, што ейны ўлюбёны Адысейчык адарваў такі куш: царэўна Спартыгэта вам ня хухры-мухры, ня хвічкі верабям паказваць. Але, здаецца, яна радавалася б яшчэ больш, калі б я памерла ад марской хваробы, плывучы на Ітаку, а Адысей зьявіўся б дадому з вясельнымі дарункамі, але без маладой жонкі. Самая частая фраза, якую я ад яе чула, – “ты дрэнна выглядаеш”.
І я, калі было магчыма, пазьбягала Антыклеі ды трымалася бліжэй да Эўрыклеітая хоць ставілася да мяне прыязна. Яна валодала бясцэннай скарбніцай зьвестак пра кожны шляхетны род, што жыў паблізу. Ад яе я даведалася пра іх шмат такога, што ня робіць ім гонару, – у будучыні гэты кампрамат вельмі мне спатрэбіўся.
Эўрыклея гаварыла без упынку, і ніхто ў сьвеце так ня ведаў майго мужа, як яна. Жывая энцыклапедыя Адысея: што ён любіць і як з ім абыходзіццабо хіба не яна карміла яго ўласнымі грудзьмі, песьціла яго, калі ён быў зусім маленькім, узгадоўвала, калі ён рос? Ніхто, апроч яе, ня меў права яго купаць, націраць духмянасьцямі ягоныя плечы, гатаваць яму сьняданак, трымаць пад ключом ягоныя каштоўнасьці, рыхтаваць яму вопратку, і г. д., і да т. п. Праз яе мне зусім не заставалася чым займаццаніводнай драбніцы з тых, што жонка звычайна робіць для мужа. Як толькі я спрабавала хоць неяк праявіць клопат пра Адысеяаднекуль адразу зьяўлялася Эўрыклея, каб сказаць, што, маўляў, не, яму так не спадабаецца. Нават строі, што я яму шыла, не падыходзілі: залёгкія, зацяжкія, загрубыя, затонкія… “Для аканома сыйдзе, – казала яна, – але, ведаеш, не для Адысея”.
І ўсё ж Эўрыклея па-свойму добра да мяне ставілася.
Трэба цябе падкарміць, – паўтарала яна, – каб ты нарадзіла Адысею добрага, вялікага сына. Гэта твой абавязак, а ўсё астатняе пакінь мне.
Калі з некім я і магла хоць неяк пагутарыць, дык толькі з ёюто бок, калі не лічыць Адысея. І з часам я да яе прызвычаілася.
Дапамога Эўрыклеі сапраўды выявілася неацэннай, калі я нараджала Тэлемаха, – доўг удзячнасьці абавязвае гэта адзначыць. Яна малілася да Артэміды, калі я ад болю не магла і слова вымавіць, яна трымала мяне за руку і выцірала пот з ілба, яна прыняла немаўля, абмыла яго, загарнула ў пялюшкі, каб яму было цёпла. Бо калі яна ў нечым і кеміць, – паўтарала Эўрыклея, – дык гэта ў немаўлятах. Яна размаўляла з імі на асаблівай мовебязглуздай, бессэнсоўнай. “Ай-лю-лю, – вуркатала яна, выціраючы Тэлемаха пасьля купаньня, – Люлі-люлі-лю!” І мне рабілася неяк не па сабе, калі я ўяўляла Адысеямайго бачкагрудага, салодкагалосага Адысея, такога красамоўнага, такога пераканаўчага, такога ўзьнёслага, – немаўляцем у яе на руках, вымушаным слухаць зьвернутыя да яго прамовы-квахтаньні.
Але ж язык не павернецца ўпікнуць яе тым, як яна клапацілася пра Тэлемаха. Ён прыводзіў яе ў неймавернае захапленьне. Можна было падумаць, што яна сама яго нарадзіла.
Адысей быў мною задаволеныа як жа!
Алена ўсё яшчэ не нарадзіла сына, – сказаў ён, каб узрадаваць мяне. І я радавалася. Але, з іншага боку, чаму ён па-ранейшамумагчыма, кожную хвілінудумае пра Алену?

Х. Хор: “Народзіны Тэлемаха”. Ідылія.
Дзевяць месяцаў плыў ён па вінна-чырвоным моры
крыві сваёй маці
З пячоры змрочнае Ночы, з сонных глыбіняў,
З мрояў трывожных ён плыў
У кволым у цёмным чаўне, чаўне свайго цела
Па акіяне пагрозьлівым і неабдымным
маці ўласнай.
Плыў ён з далёкай пячоры, дзе нітку жыцьця
чалавечага прадуць,
А тады адмяраюць і адразаюць
Тры сястры мойры, усячасна занятыя
страшнаю працай.
Жаночыя жыцьці таксама зьвіваюць у нітку.

І мы, усе дванаццаць, што загінем
ад рукі ад ягонай,
На няўмольны загад яго бацькі,
Плылі таксама ў цёмных кволых чаўнах
сваіх целаў
Па моры бурлівымнашых разьдзьмутых маці
з парэпанымі ступакамі.
Яны былі не царыцы, а стракатая
дробная набрыдзь:
Іх куплялі, мянялі і кралі
ў рабоў і чужынцаў.

Праз дзевяць месяцаў усе мы прысталі
да берага,
Сышлі з ім у адзін час, на нас наляцеў
злосны вецер.
Мы крычалі, як ён, і былі малыя,
як ён сам,
І гэткія ж бездапаможныя, толькі
яшчэ больш у дзесяць разоў,
Бо як яго нараджэньня чакалі, гэтак
нас ніхто не хацеў.
Ягоная маці ў сьвет пусьціла царэвіча.
Нашыя маці
Нераставалі, каціліся, апарасіліся,
Ажарэбіліся, ацяліліся ці ашчаніліся,
прынесьлі ў падоле.
Мы былі як сьляпыя зьвяркі, якіх можна
Прадаць, патапіць у калодзежы,
Абмяняць, скарыстаць, а тады
выкінуць, як яны зьвянуць.
Ён меў бацьку. Мы проста зьявіліся,
Нібы крокусы, нібы ружы ці верабі,
нарадзіліся з гною.

Нашыя жыцьці з ягоным спляліся. І мы
былі дзецьмі,
Калі ён быў дзіцём.
Мы былі яму цацкамі, коткамі ды сабачкамі,
як бы сястрычкамі, малымі сяброўкамі.
Мы расьлі разам з ім, і сьмяяліся,
разам з ім бегалі,
Толькі больш перапэцканыя і галаднейшыя,
Дзень пры дні ня еўшы
й кавалачка мяса.
Ён ведаў, што мы ўсе ягоныя й мусім
рабіць, што ён нам загадае:
Глядзець і карміць яго, мыць,
забаўляць яго,
Закалыхваць уночы ў кволых чаўнах
сваіх целаў.

Мы гуляліся з ім у пяску, побач з бухтай
Скалістай казінае выспы,
і ведаць ня ведалі,
Што ён вырасьце ў нашага
жорсткасэрнага падлетка-забойцу.
А калі б раптам ведалі, ці патапілі б яго
там і тады?
Дзеці ўсё ж сябелюбцы, ня здольныя да шкадаваньня:
кожнаму хочацца жыць.
Дванаццаць на аднагоён ня меў бы й найменшага
шанцу.
Ці зрабілі б мы гэта? У хвіліну, калі б
ніхто не глядзеў?
У ваду апусьцілі б яго галаву,
нявінна-дзіцячую,
Сваімі рукамі служак і нянек,
нявінна-дзіцячымі.
І ва ўсім зьвінавацілі б мора. Ці хапіла б
на гэта нас?
Спытайце трох сёстраў, што пралі крывава-
чырвоныя ніткі,
Спляталі ў клубок-лабірынт жыцьці
жанчын і мужчынаў.
Адным ім вядома, як маглі б тады
скласьціся лёсы.
Адным толькі мойрам раскрытыя нашыя сэрцы,
А мымы вам не адкажам.

ХІ. Алена паламала мне жыцьцё.
З цягам часу я збольшага прызвычаілася да свайго новага дому, хоць мой голас у ім практычна нічога ня значыўусім запраўлялі і ўсё вырашалі Эўрыклея з Антыклеяй. Адысей, вядома, кіраваў усім царствам, а ягоны бацька Лаэрт раз-пораз тыцкаў нос у справыальбо аспрэчваў рашэньні сына, альбо падтрымліваў. Інакш кажучы, ішло звычайнае сямейнае змаганьне вакол таго, чыё слова больш важыць. У адным усе сыходзіліся: не маё.
Найцяжэй было за абедам. Столькі падводных плыняў, столькі прыліваў дрэннага настрою і буркаценьня ў мужчынаў, столькі шматсэнсоўных паўзаў у сьвякроўкі. Калі я спрабавала завязаць з ёю гутарку, яна адказвала, ніколі ня гледзячы на мяне, а зьвяртаючыся да зэдліка ці стала. Як і належыць у размове з мэбляй, яна казала зьдзервянелым, рыпучым голасам.
Неўзабаве я вырашыла, што лепш ні ўва што ня лезьці і абмежавацца гадаваньнем Тэлемахакалі Эўрыклея дазволіць.
Ды ты сама яшчэ ледзь не дзіця, – звычайна казала яна, выхопліваючы ў мяне сына. – Я крыху пагляджу яго, лапачку, а ты бяжы, пагуляйся.
Але я ня ведала, як. Пра тое, каб гуляць насамоце ўздоўж уцёсаў ці па беразе, быццам якая сялянка ці рабыня, і гаворкі быць не магло. Кожны раз, выходзячы з палацу, я мусіла браць з сабою дзьвюх служак: трэба было дбаць пра сваю рэпутацыюяна ў жонкі цара заўсёды пад самым пільным разглядам. Аднак тыя, як і належыць, трымаліся на некалькі крокаў ад мяне. Я пачувалася як прызавы конь на парадзе: іду, убраная ў прыгожыя строі, а на мяне таропяць вочы маракі, за сьпінаю перашэптваюцца кумкі. У мяне не было сябровак майго веку і стану, і гэтыя шпацыры не прыносілі ніякай радасьцітаму я стала выходзіць радзей.
Я часам сядзела ва ўнутраным дворыку і прала воўну, слухала, як сьмяюцца, пяюць ды хіхікаюць служкі, увіхаючыся па гаспадарцы. Калі ішоў дождж, я ткала на жаночай палове. Там я хоць была не адна, бо за кроснамі заўсёды працавала колькі рабыняў. Мне падабалася ткацтвада пэўнай ступені. Павольны, заспакаяльны рытм, і пакуль я тку, ніхто, нават сьвякроўка, не ўпікне, што, маўляў, я сяджу бяз справы. Ня тое каб яна калісь што падобнае казала, але ёсьць такая рэч, як маўклівае абвінавачваньне.
Я шмат часу праводзіла ў нашым з Адысеем пакоі. Досыць неблагі, з відам на мора, але горшы за той, што быў у мяне ў Спарце. Адысей зрабіў у ім адмысловы ложак: адзін ягоны слупок быў выгаблеваны з аліўнага дрэва, якое сыходзіла каранямі ў зямлю. Так, казаў Адысей, ніхто ніколі ня зможа пасунуць наш ложак, і гэта станецца шчасьлівым знакам для ўсіх зачатых на ім дзяцей. Слупок быў вялікай таямніцай Адысея: пра яго ніхто ня ведаў, апроч яго самога, маёй служкі Актарыдыале яна неўзабаве памерлаі мяне. Калі пра гэты слупок разыйдзецца пагалоска, удавана злавесным тонам гаварыў Адысей, ён зразумее, што я спала з некім іншым. І тадымуж нібыта неўсурёз насупіў бровыён вельмі-вельмі раззлуецца, так што давядзецца яму пасячы мяне мячом на кавалкі ці павесіць на бэльцы пад стольлю.
Я зрабіла выгляд, што напалохалася, і абяцала ніколі-ніколі нават і ня думаць пра тое, каб выдаць таямніцу ягонага ложка.
Я і насамрэч спалохалася.
Аднак у гэтым ложку мы правялі самыя найлепшыя часіны. Адысей, як скончыць кахацца, заўсёды любіў пагутарыць са мною. Ён распавёў мне шмат гісторыяў: так, праўда, пра сябе, і пра свае паляўнічыя подзьвігі, і пра свае марадзёрскія набегі, і пра свой адмысловы лук, які ніхто больш ня мог нацягнуць, і пра тое, як яго заўсёды любіла багіня Афіназа вынаходлівасьць, за ўменьне зьмяняць аблічча ды прыдумляць усялякія хітрыкі, і г. д., і да т. п. Але Адысей распавядаў і іншыя гісторыі: як богі наклалі праклён на ўвесь род Атрэя, як Персей здабыў шалом Аідашапку нябачнасьціі адсёк галаву пачварнай Медузе; як знакаміты Тэзей са сваім прыяцелем Пірыфоем выкраў і схаваў Алену, калі ёй яшчэ не было і дванаццаці. Яны зьбіраліся кінуць жэрабя, хто з іх возьме яе за жонку, калі яна пасталее. Тэзей мог бы згвалціць Алену, ды ня стаў, бо яна была яшчэ зусім дзіцяпрынамсі, так казалі. Яе ўратавалі два ейныя браты, аднак дзеля гэтага ім давялося перамагчы Афіны ў вайне.
Апошнюю гісторыю я ведала і ранейад самой Алены. Але ў ейных вуснах яна гучала абсалютна іначай. Алена казала, што Тэзей і Пірыфой гэтак багавелі перад яе незямной прыгажосьцю, што млелі ад аднаго толькі погляду на яе, і ледзь змаглі падысьці, каб упасьці ёй у ногі і, абняўшы яе калені, маліць аб дараваньні за сваю дзёрзкасьць. Больш за ўсё Алене падабалася распавядаць, колькі людзей загінула ў Афінскай вайнеяна лічыла іх сьмерць данінай свайму хараству. На жаль, яе так часта славілі і засыпалі такімі шчодрымі дарункамі ды эпітэтамі, што яна пачала нос высока несьці. Алена думала, ёй усё дазволена, як багам, ад аднаго з якіх яна і паходзілау гэтым яна не сумнявалася.
Я часта разважала: калі б Алену менш расьпінала ад пыхі, можа, нас усіх абмінулі б усе тыя пакуты й няшчасьці, што выпалі нам на долю праз ейнае сябелюбства ды юрлівасьць? Але ж не: звычайнае жыцьцё нуднае, а Алена была амбітная і прагнула славы. Яна хацела вылучацца з агульнага статку.

Калі Тэлемаху споўніўся год, здарылася бяда. Вінаватая была Аленацяпер гэта ўсяму сьвету вядома.
Упершыню мы пачулі пра навіслую над намі катастрофу ад капітана спартанскага карабля, што прыстаў у нашай гавані. Ён абплываў далёкія выспыкупляў і прадаваў рабоў. І, як заўсёды рабілася для гасьцей пэўнага рангу, мы пачаставалі капітана вячэрай ды прапанавалі начлег. Такія наведнікі служылі каштоўнай крыніцай інфармацыі: хто памёр, хто нарадзіўся, хто нядаўна ажаніўся, хто прынёс у ахвяру якому богу ўласнае дзіця. Але той чалавек прывёз нечуваную навіну.
Алена зьбегла з траянскім царэвічам! Гэтыяк яго? – Парыс быў малодшым сынам цара Прыяма і лічыўся сапраўдным красунчыкам. Каханьне з першага погляду. Дзевяць дзён, пакуль доўжыліся баляваньні, што ладзіў Менелай у гонар высокага госьця, Парыс з Аленай пераглядваліся за сьпінай у яе мужатой нічога не заўважаў. Мяне гэта не зьдзівіла: Менелай быў тупы як бот і меў слановыя манеры. Зразумела, ён патураў славалюбству Алены менш, чым ёй хацелася, і яна толькі й чакала таго, хто будзе аддаваць ёй належнае. А калі Менелай мусіў ехаць на чыёсьці пахаваньне, каханкі папросту пагрузілі на карабель Парыса столькі золата і срэбра, колькі ён мог вытрымаць, і неўпрыкмет зьніклі.
Менелай ашалеў ад гневу. Ягоны брат Агамемнан таксамаусё ж закрануты сямейны гонар. Яны накіравалі паслоў у Трою, патрабуючы вярнуць Алену і скрадзеныя скарбы, але тыя прыплылі назад з пустымі рукамі. А Парыс і распусьніца Алена сьмяяліся з іх за высокімі мурамі Троі. “Вось дык выдалі!” – у відавочным захапленьні казаў наш госьць. Падобна кожнаму з нас, ён любіў паглядзець, як уладныя людзі пляскаюцца ў гразь. Усе толькі пра гэта й гавораць, заўважыў капітан.
Слухаючы ягоны аповед, Адысей зьбялеў, але не прамовіў ні слова. Аднак уначы ён падзяліўся тым, што так яго прыгнобіла:
Мы ўсе прынесьлі клятву. Мы прысягнулі над целам ахвяраванага багам канягэта магутная клятва. Цяпер кожны, хто ёю зьвязаны, атрымае позву і мусіць бараніць правы Менелая: плыць у Трою, ісьці на яе вайной, каб вярнуць Алену.
Адысей меркаваў, яно будзе няпроста: Троямоцная дзяржава, разгрызьці гэты арэх нашмат цяжэй, чым зруйнаваць Афіны, як калісьці зрабілі з тае ж прычыны Аленіны браты.
Мне карцела сказаць, што Алену трэба было трымаць пад замком у куфры, у цёмным лёху, бо ад яе адныя няшчасьці. Замест гэтага я спыталася:
Табе давядзецца ісьці на вайну?
Я была ў роспачы ад адной думкі пра тое, каб застацца на Ітацы без Адысея. Што за радасьць жыць адной у палацы? Вы мяне разумееце: аднойзначыць без сяброў і хаўрусьнікаў. Без начных уцехаў, што ўраўнаважвалі начальніцкія замашкі Эўрыклеі ды ільдзяное маўчаньне сьвякроўкі.
Я пакляўся, – адказаў Адысей. – Як на праўду, я сам прапанаваў гэтую ідэю з клятвай. Мне цяжка будзе адкруціцца.
Аднак ён-такі паспрабаваў высьлізнуць. Калі, як і належала, да нас зьявіліся Агамемнан з Менелаем і трэцім, Паламедам, праз якога і вырашыўся наш лёс, бо ён быў далёка ня дураньяны не засьпелі Адысея зьнянацку. Ён распусьціў чуткі, што зваряцеў, і дзеля большай пераканаўчасьці начапіў нязграбны сялянскі капялюш ды ўзяўся араць на вале і асьле, засяваючы пашу сольлю. Мне здавалася, я вельмі хітра прыдумала, што прапанавала адвесьці іх траіх у поле, каб яны самі сталіся сьведкамі гэтага жудаснага відовішча.
Вось пабачыце, – заліваючыся сьлязьмі, казала я, – ён не пазнае ні мяне, ні нават сыночка!
Каб яны маглі пераканацца, я ўзяла з сабою немаўля.
Выкрыў Адысея Паламед: ён выхапіў у мяне з рук Тэлемаха і кінуў акурат пад капыты вала. Адысей мусіў альбо адхіліць жывёліну, альбо затаптаць уласнага сына.
Так яму давялося выпраўляцца на вайну.
Тройца ўсяляк распальвала ягонае самалюбства: маўляў, аракул прадказаў, што без дапамогі Адысея Трою не адолець. Натуральна, гэта аблегчыла яму зборы. Хто з нас выстаіць перад спакусай лічыцца незаменным?

ХІІ. Чаканьне
Што сказаць пра наступныя дзесяць гадоў? Адысей адплыў у Трою. Я засталася на Ітацы. Узыходзіла сонца, адольвала свой нябёсны шлях, закатвалася ў акіян. Я толькі зрэдку ўяўляла яго вогненнай калясьніцай Геліяса. Месяц таксама плыў па небе, з маладзіка рабіўся поўняй, тады ветахам. Я толькі зрэдку ўяўляла яго срэбным чаўном Артэміды. Зьмяняліся вясна, лета, восень, зімакожная пара ў свой час. Нярэдка дзьмуў вецер. Тэлемах рос з году ў год, еў шмат мяса, яго песьцілі ўсе, хто як мог.
Да нас даходзілі весткі пра Траянскую вайнучасам добрыя, часам дрэнныя. Менестрэлі сьпявалі пра слаўных герояўАхіла, Аякса, Агамемнана, Менелая, Гектара, Энея і г. д. Мяне яны не абыходзілія чакала навінаў толькі пра Адысея. Калі ён вернецца, калі разьвее маю тугу? Яго таксама згадвалі ў сьпеваху гэтыя хвіліны ў мяне ад шчасьця замірала сэрца. Вось ён натхняе вояў сваёй прамовай, вось залагоджвае сварку між рознымі кланамі, вось прапаноўвае пайсьці на неверагодны падман, вось дае мудрую параду, вось ён, пераапрануты ў зьбеглага раба, пракрадаецца ў Трою і гутарыць з самою Аленаю, якаятак сьпявалі ў песьніуласнымі рукамі вымыла яго і нацёрла духмянасьцямі.
Гэта мне зусім не спадабалася.
Нарэшце ён прыдумаў план з драўляным канём, у якім схаваліся воі. І тадынавіна маланкай ляцела ад аднаго сігнальнага маяка да другогаТроя пала. Данесьліся весткі пра ўчыненую ў горадзе вялікую бойню і рабункі. Па вуліцах цяклі рэкі крыві, неба над палацам гарэла зыркім полымем. Маленькіх хлопчыкаў скідалі са скалы, жанчынаўнават дачок цара Прыямаразам з іншай здабычай дзялілі паміж сабой пераможцы. Нарэшцедоўгачаканая навіна: грэцкія караблі ўзьнялі ветразі, каб плыць дамоў.
А далейнічога.

* * *
Дзень пры дні я падымалася на самы верх палацу і ўглядалася ў воды гавані. Дзень пры дні не было ані знаку. Часам падплывалі караблітолькі ня той, якога я так чакала.
Ад мараплавальнікаў даходзілі розныя чуткі пра Адысея. Адныя казалі, што ён з камандай упіўся ў першым жа порце і каманда ўзбунтавалася. Ды не, казалі іншыя, маракі зьелі чарадзейных зёлак, ад якіх ім адняло памяць, а Адысей уратаваў іх, загадаўшы зьвязаць і аднесьці на караблі. Адысей біўся з велізарным аднавокім цыклопам, казалі адныя. Ды не, гэта быў аднавокі карчмар, пярэчыў хтось іншы, і распачалася бойка праз нясплачаны рахунак. Колькі чалавек з каманды зьелі людажэры. Ды не, гэта была звычайная шумлівая сварка: пакусаныя вушы, паразьбіваныя ў кроў насы, уторкнутыя ў бок кінжалы, павыманыя вантробы. Адысей гасьцяваў у багіні на зачараванай высьпе, казалі адныя. Яна ператварыла Адысеевых хлопцаў у сьвіньняўпа-мойму, гэта зусім ня цяжка, – але потым вярнула ім чалавечы выгляд, бо закахалася ў Адысея. Яна карміла яго самымі вытанчанымі стравамі, якіх сьвет ніколі ня бачыў, і гатавала яму ежу ўласнымі боскімі рукамі, і яны штоночы кахаліся да самазабыцьця. Ды не, пярэчылі іншыя, гэта папросту дарагі бардэль, і Адысей пайшоў у альфонсы да бандэршы.
Само сабою, менестрэлі падхоплівалі гэтыя тэмы і добра-такі іх прыўкрашвалі. Пры мне яны заўсёды сьпявалі толькі самыя шляхетныя версіі, у якіх Адысей, разумны, адважны, вынаходлівы, біўся з незямнымі пачварамі і кахаўся з багінямі. Ён яшчэ не вярнуўся дадому з адной-адзінай прычыны: супраць ягонехта з багоў. Некаторыя казалі, што гэта марскі бог Пасейдон, бо цыклоп, якога зьнявечыў Адысей, даводзіўся яму сынам. Або супраць Адысея было некалькі багоў. Або мойры. Або нешта яшчэ. Бо, вядома, падказвалі менестрэлі, лісьлівячы мне, толькі магутная боская сіла магла не даваць майму сужэнцу паляцець чым шпарчэй у абдымкі мілоснайі такой мілайжонкі.
І чым грубей яны падлізваліся, тым даражэйшай чакалі ўзнагароды. Я ніколі не пярэчыла. Суцяшэньне можна знайсьці нават у відавочнай мане, калі няма нічога лепшага.

Сьвякроўка памерла. Зморшчыны так папраразалі яе твар, што ён нагадваў растрэсканую зямлю. Ёй абрыдла бясконцае чаканьне, яна не сумнявалася, што Адысей ніколі ня вернецца. І вінаватая ў яе была я, а не Алена: навошта я панесла немаўля ў поле? Старая Эўрыклея яшчэ больш пастарэла. Як і Лаэрт, мой сьвёкар. Ён страціў усялякую цікаўнасьць да таго, што рабілася ў палацы, і сышоў з гораду, стаў корпацца ў сябе на ферме. Часта сноўдаўся туды-сюды ў брудных лахманахледзь валок ногі ды мармытаў нешта пра ігрушы. Я падазравала, што ён розуму крануўся.
Цяпер я адна кіравала ўсёй вялікай Адысеевай гаспадаркай. У дзяцінстве ў Спарце мяне ну ніяк не рыхтавалі да гэткага клопату. Я ўсё ж такі была царэўна, а працу мусілі рабіць іншыя. Маці, хоць і царыца, але добрага прыкладу мне не паказвала. Яна не была ахвочай да ежы, якую любілі ў царскім палацы, бо там галоўнай стравай ішлі вялізныя кавалкі мяса. Ёй жа больш падабалася перакусіць адной, ну, максімум дзьвюма маленькімі рыбкамі з гарнірам з марскіх водарасьцяў. Яна мела звычку есьці рыбу сырой з галавы. Я заўсёды назірала за ёю з захапленьнемпа скуры беглі дрыжыкі. Я казала, што ў яе былі дробныя, завостраныя зубы?
Маці не любіла панукаць і караць рабоў, хоць магла і раптоўна забіць таго, хто яе раздражняў: да яе ніяк не даходзіла, што рабыгэта маёмасьць, якая чагосьці каштуе. А як прасьці ды ткацьтут з яе ўвогуле ніякай карысьці.
Ах, колькі вузельчыкаў, – уздыхала яна. – Павучыная праца. Пакіньце яе Арахне.
Як на яе, трымаць на ўліку запасы ежы, віна ў склепе і, як яна іх называла, “залатыя цацкі сьмяротных”, што захоўваліся ў вялізных скарбніцах пры палацы, было проста сьмеху варта.
Наяды лічаць толькі да трох, – паўтарала яна. – Рыбаяна ідзе касякамі, а не па штуках. Адна рыбка, дзьве рыбкі, тры рыбкі, яшчэ рыбка, яшчэ рыбкавось як мы іх лічым!
І пералівіста сьмяялася.
Мы, несьмяротныя, ня скнарымы не зьбіраем скарбаў! Гэта ўсё пустое, – і яна сьлізгала прэч, каб акунуцца ў фантан пры палацы, ці зьнікала на некалькі дзён, каб пажартаваць з дэльфінамі ды пазьдзекавацца з хціўцаў малюскаў.
Таму на Ітацы мне давялося вучыцца з нуля. Спачатку замінала Эўрыклеяяна хацела ўсім камандаваць сама, але ўрэшце зразумела, што нават такой усюдыіснай кумцы, як яна, адной усяго не перарабіць. З гадамі я спрактыкавалася ў правядзеньні інвентарызацыяўдзе ёсьць рабы, там заўсёды будуць красьці, калі не трымаць іх пад суворым наглядам, – у складаньні і абнаўленьні гардэробу. Хоць рабы насілі вопратку з тоўстага сукна, але і яна з цягам часу ірвалася, яе трэба было мяняць на новую. Таму я мусіла загадваць пралям і ткачыхам, што рабіць. На самай нізкай прыступцы ў ерархіі рабоў стаялі мукамолыіх замыкалі ў надворнай пабудове. Зазвычай туды дасылалі за дрэнныя паводзіны, і часам рабы там біліся, так што я мусіла быць у курсе іх закалотаў, варажнечы і вендэтаў.
Рабам-мужчынам нельга было спаць з жанчынаміпрынамсі, без дазволу. Аднак жа гэта тонкая справа. Часам яны маглі кахаць і раўнаваць, як і іх гаспадары. Толькі й глядзі, каб ня здарылася бяды. Калі сітуацыя выходзіла з-пад кантролю, мне, натуральна, даводзілася іх прадаваць. Але калі ад гэтага спароўваньня нараджаліся прыгожанькія дзеткі, я часта пакідала іх пры сабе, сама выхоўвала, вучыла быць добрымі, вышкаленымі служкамі. Можа, я залішне іх песьціла. Эўрыклея мне ўвесь час гэта паўтарала.
Сярод іх была і Меланфо Гожыя Шчочкі.
Праз аканома я набывала прыпасыі неўзабаве займела рэпутацыю абазнанай пакупніцы, якая ўмее гандлявацца. Праз наглядчыка я сачыла за фермамі і статкамі. Я цьвёрда вырашыла разабрацца ўва ўсім, што тычыцца акоту і ацёлу, ды навучыцца, як ня даць сьвінаматцы зжэрці свой прыплод. Набраўшыся досьведу, я ўпадабала размовы на гэткія грубыя, непрыстойныя тэмы і ганарылася, калі сьвінар зьвяртаўся да мяне па параду.
Я трымалася сваёй лініівесьці Адысееву гаспадарку так, каб вярнуўшыся дамоў, ён стаўся багацейшым, чым быў да адезду: меў больш авечак, больш козаў, больш сьвіньняў, больш засеяных палеткаў, больш рабоў. У мяне перад вачыма яскрава стаяла карціна: вось вяртаецца Адысей, і япа-жаноцку сьціплапаказваю яму, як добра я дала рады знежаночай справай”. Вядома, у ягоных інтарэсах. Заўсёды дзеля яго. Як зазьзяе радасьцю ягоны твар! Які ён будзе задаволены! “Ды ты вартая тысячы такіх, як Алена!” – скажа ён. Хіба не? А потым пяшчотна сьцісьне мяне ў абдоймах.
Хоць я і была ўвесь час занятая адказнай справай, аднак пачувалася як ніколі самотнай. Дзе мае мудрыя дарадцы? На каго можна разьлічваць, апроч як на сябе? Колькі начэй я плакала, пакуль не засну, колькі маліла багоў, каб яны даслалі мне альбо майго любага мужа, альбо хуткую сьмерць. Эўрыклея рабіла для мяне заспакаяльныя ванны, прыносіла ўвечары напоі, каб суняць нервы, але яе клопаты дорага каштавалі. Мяне страшэнна раздражняла ейная звычка цытаваць прыказкі ды прымаўкі, якія мусілі загартаваць мяне, умацаваць волю ды імпэт да працы:

Хто дзень пры дні няспынна плача,
Галодны будзе, не іначай.

Або:
У той, хто марна ліе сьлёзы,
Не вядуцца нават козы.
Або:
У лянотнай гаспадыні
Раб усютка з клеці выне.
Пашкадуеш бізуноў
Раб лайдачыць будзе зноў.
і г. д., і да т. п. Была б яна маладзейшая, атрымала б ад мяне поўху.
Але яе павучаньні, напэўна, давалі нейкі плён, бо ўдзень я ўсё ж як магла захоўвала бадзёры, аптымістычны выглядкалі не для сябе, дык прынамсі для Тэлемаха. Я распавядала яму пра Адысеяякі ён добры ваяр, які разумны, які прыгожы і як усё будзе цудоўна, калі ён вернецца дамоў.
Мною ўсё больш цікавілісяа як жа іначай, калі вядзецца пра жонкуці ўдаву? – такога слыннага чалавека. Часьцей заходзілі чужаземныя караблі, прыносілі новыя чуткі. Раз-пораз зьяўляліся і ахвочыя прамацаць глебу: калі б выявілася, што Адысей памёрхай сьцерагуць яго богі ад гэткага лёсу! – можа, я б згадзілася прыняць новых прэтэндэнтаў на сваю руку (і на сваё багацьце)? Я не зважала на гэтыя намёкі, бо да мяне па-ранейшаму даходзілі весткі пра мужасумнеўныя, але ўсё ж весткі.
Адысей спускаўся ў царства мёртвых параіцца з духамі, гаварылі адныя. Ды не, ён папросту правёў ноч у змрочнай старой пячоры, дзе поўна кажаноў, казалі іншыя. Ён прымусіў сваю каманду заліць вушы воскам, калі яны плылі паўз выспу сірэнаўпаўптушак-паўжанчынаў, якія сваім сьпевам заваблівалі мужчынаў, а тады іх жэрлі. Ды не, гэта быў высокакласны сіцылійскі прытон, у якім куртызанкі славіліся сваімі музычнымі здольнасьцямі ды любоўю да строяў з перя.
Цяжка было зразумець, чаму верыць. Часам мне здавалася, што людзі прыдумлялі ўсё гэта, толькі каб растрывожыць мне сэрца і ўбачыць, як у мяне на вачох выступаюць сьлёзы. Ёсьць нейкая пікантнасьць у тым, каб мучыць датклівых.
Але любыя чуткі лепш, чым нічога, і таму я прагна ўслухоўвалася ва ўсё, што пра яго казалі. Аднак праз некалькі гадоў усе пагалоскі сьціхліАдысей быццам зьнік з твару зямлі.

ХІІІ. Хор: “Хітры капітан”. Матроская песьня.
Выконваюць дванаццаць дзяўчатаў-служак у матроскай форме.

Адысей узяў курс нa свaе берaгі:
З лёгкім сэрцам здабычы цяжкія мяхі
З Троі вёз ён, Aфіне тaкі дaрaгі
Ашукaнец, круцель, хітры злодзей!
Напачатку мы ў порт лотaфaгaў зaйшлі,
Там забылі пра вусьціш вайны, а калі
Капітан завалок гвалтам нa кaрaблі
Во было дзе нам гора, дый годзе!
Потым нам быў сустрэўся жaхлівы цыклоп.
Зжэрці нaс ён хaцеў, мы ж яму вокa – хлоп!
ЯНіхто!” – кэп скaзaў, a пaсьля проста ў лоб:
“Aдысей я, хлус, слынны ў народзе!”

І пракляў яго сам Пaсейдонзлобны дзед,
Aд таго кэп ня можa схaвaццa нідзе,
Дыйшчэ вецер з мяха дзе захоча, там дзьме
Ў Адысея, па ім мора плача!
Ну дык выпем зa кэпa, брaты-мaрaкі:
Ці ўчапіўся ў скалу ён, ці сьпіць ля рaкі,
Ці ў aбдымкaх у німфы зaхрaс нa вякі
Вось бы нам каб такую ўдачу!

З лестрыгонaмі стрэчa прайшла карацей:
Хлопцаў зьелі яны ад мазгоў да касьцей.
Ногі самі панесьлі прэч з гэткіх гасьцей
Aдысея, эпічнaгa мачо!

А вось выспа Цырцэіі мы пaрсюкі,
Покуль кэп не пайшоў да яе ў прымакі,
Цэлы год ён прысмакі жэр з ейнaй рукі
І віно жлукціў поўнаю чарай!

Ну дык выпем зa кэпa падступнага й мы,
Дзе б яго ні мaтлялі вятры і штaрмы,
Не імкнецца пабачыць Ітакі дaмы,
Адысей наш, стары хітры скнара!

А тады ў Цaрствa мёртвых кэп сунуў свой нос,
Яр напоўніў крывёюахвяру прынёс,
Кaб Тырэсій-вяшчун свой абвесьціў прaгноз
Aдысею, гарэў бы ён гарам!

Захацеў ён салодкі сірэн пачуць сьпеў.
Тыя думалі, згіне ў іх кіпцях наш леў.
Прывязаны да мачты, рыдаў і хрыпеў
Адысей, ды ўхапіў-ткі свой шанец!

Aні лютaй Хaрыбды ня змыў яго вір,
Не зaзнaлa і Сцылa ягонaй крыві,
Aні скaлы яго не змaлолі нa жвір
Не клaдзіце вы ў рот яму пaлец!

Адысея ня слухацьто сьмерць, дзецюкі:
Хоць і смачныя у бога сонца быкі,
Праз іх згінулі ў шторм мы. А кэп не тaкі
Ён прычaліў дa німфы Кaліпсa.

Цaлaвaўся сем год з ёй ды зьбег aд яе,
Нa плыце з усіх сілaў нa берaг плыве,
Рушнічкі Нaўсікaя тaм мые свaе,
A нa імбaлaхон мокры зьліпся!

Урэшце ён апавёў, як дадому даплыў,
Безьліч бедаў сабе запісаўшы ў актыў,
Бошчэ тайніцы мойраў ніхто не раскрыў
Й Адысей-гіцаль не выключэньне!

Ну дык выпем за кэпа: ці ў моры штармы
Яго мкнуць, ці на сушу ён скокнуў з кармы,
Ён ня ў Царстве Аіданя тое што мы!
Каму трэба яшчэ тлумачэньні?


XIV. Навязьлівыя жаніхі.
Я днямі (калі тут выпадае казаць пра дні) блукала ў палях, пашчыквала асфадэлы і раптам натыкнулася на Антыноя. Звычайна ён важна пахаджвае ў сваіх самых шыкоўных строях, пры залатых брошках, і г. д., і да т. п., з ваяўнічым фанабэрыстым выглядам, адштурхоўвае плячыма іншыя цені. Але як заўважыць мяне, адразу прымае аблічча толькі што памерлага: сьпераду ўвесь заліты крывёю, шыя наскрозь прабітая стралою.
Ён быў першым з жаніхоў, з кім расправіўся Адысей. І сьпектакль са стралоюдля таго, каб служыць мне дакорам. Прынамсі, Антыной на гэта разьлічвае. Але мяне ён аніяк не кранае. Як быў пры жыцьці паразітам, так і застаўся.
Прывітаньне, Антыной, – зьвяртаюся да яго. – Ды вынь жа ты нарэшце стралу з шыі.
Гэта страла майго каханьня, о богападобная Пенелопа, найпрыгажэйшая й найпразарлівейшая з жанчынаў, – адказвае ён. Хоць пушчаная яна са славутага Адысеевага лука, насамрэч бязьлітасны стралок быў Эрас. Я нашу яе як напамін пра вялікую жарсьць да цябе, якую ўзяў з сабой і ў магілу.
Ён яшчэ досыць доўга сыпле гэтымі наскрозь фальшывымі тырадамідобра напрактыкаваўся, пакуль быў жывы.
Кінь, Антыной. Мы даўно мёртвыя. Хопіць расьпінацца, як апошні ідыёт, – табе з гэтага нічога не перападзе. Тут твая знакамітая крывадушнасьць без патрэбы. Так што хоць раз будзь добрым хлопчыкам і вынь стралу. Яна цябе не ўпрыгожвае.
Антыной утаропіўся ў мяне замагільным позіркам, рыхтык пабіты спаніэль. “Неміласэрная ў жыцьці, неміласэрная і ў сьмерці”, – уздыхнуў ён. Але страла зьнікла, а колер скуры прыняў нармальнае зеленавата-белае адценьне.
Дзякуй, – сказала я. – Так значна лепш. Цяпер мы можам быць прыяцелямі, і патлумач мне, калі ласка, чыста па-сяброўску, навошта вам, жаніхам, спатрэбілася рызыкаваць жыцьцём і так па-сьвінску абыходзіцца са мною і Адысеем, ды не адзін раз, а гады і гады? Вас жа папярэджвалі. Прарокі прадказвалі вам пагібель, сам Зеўс дасылаў знакі і праз палёт птушак, і праз злавесныя грымоты.
Антыной уздыхнуў:
Багі хацелі нас зьнішчыць.
Так усе апраўдваюцца за ўласныя быдлячыя паводзіны, – заўважыла я. – Скажы мне праўду. Вас вяло ну ніяк не маё незямное хараство. Пад канец гэтай гісторыі мне было ўжо трыццаць пяць, я ўшчэнт зьнемаглася ад турботаў ды сьлёз і, як мы абое выдатна ведаем, добра-такі раздалася ў таліі. Калі Адысей адплываў у Трою, вы, жаніхі, яшчэ на сьвет не нарадзіліся, ці былі немаўлятамі, як мой сын Тэлемах, ці ў лепшым выпадку бегалі ў кароткіх штоніках. Я практычна магла б сысьці вам за маці. А вы верзьлі ўсялякую лухту: як я ўскружыла вам галовы, як вы хацелі дзяліць са мной ложак і мець ад мяне дзяцей, хоць цудоўна ведалі, што я ўжо наўрад ці змагу зацяжарыць.
Ну, аднаго-двух шчанюкоў ты б яшчэ, можа, і прынесла б, – грэбліва адказаў мярзотнік. Ён ледзь стрымліваўся, каб самазадаволена не ашчэрыцца.
Вось гэта бліжэй да ісьціны. Люблю, калі кажуць праўду ў лоб. Дык што вамі насамрэч рухала?
Натуральна, мы хацелі завалодаць скарбамі. Я ўжо маўчу пра царства, – гэтым разам ён нахабна разрагатаўся мне ў твар. – Які маладзён не захоча ажаніцца з багатай, знакамітай удавой? Удовы, усім вядома, палаюць ад пажады, асабліва калі іхны муж зьнік ці згінуў гэтак даўна, як твой. Табе далёка да Алены, але з гэтым мы б як-небудзь далі рады. Цемра шмат хавае! І тым лепш, што ты была на дваццаць гадоў старэйшая за наспамерла б раней (можа, пры невялікай дапамозе з нашага боку). І тады, завалодаўшы тваім багацьцем, мы б маглі выбраць сабе якую заўгодна маладую, прыгожую царэўну. Ты ж ня думала, што мы сапраўды ачмурэлі ад каханьня? Хоць з выгляду ты далёка не прыгажуня, але ж розуму ў цябе заўжды было багата.
Я казала, што люблю праўду ў лоб, але ж, вядома, ніхто яе ня любіць. Прынамсі, калі яна такая непрывабная.
Дзякуй за шчырасьць, – халодна заўважыла я. – Напэўна, ты як камень з душы скінуўхоць раз зьявіў свае сапраўдныя пачуцьці. Можаш утыкнуць стралу наноў. Напраўду, кожны раз, калі бачу, як яна тырчыць з тваёй хлусьлівай, пражэрлівай глоткі, адчуваю прыліў радасьці.

Жаніхі пачалі зьяўляцца не адразу. Першыя дзевяць-дзесяць гадоў, пакуль не было Адысея, мы ведалі, дзе ёну Троі, – і мы ведалі, што ён жывы. Не, яны ўзялі ў аблогу палац, толькі калі надзея на ягонае вяртаньне ўжо чэзла і, здавалася, вось-вось згасьне. Спачатку зьявіліся пяць, тады дзесяць, тады пяцьдзясят. І чым больш іх рабілася, тым больш новых шукальнікаў шчасьця яны прываблівалі: кожны баяўся прапусьціць сваё ў бясконцых баляваньнях ды шлюбнай латарэі. Як сьцярвятнікі, што зьлятаюцца на здохлую карову: спачатку адзін, затым другі, і неўзабаве ўсе да адзінага сьцярвятнікі на некалькі міляў у акрузе ірвуць труп на кавалкі.
Кожны дзень яны проста абяўляліся ў палацы і навязваліся мне ў госьці. Тады, карыстаючыся маёй слабасьцю, а таксама нястачай жывой сілы, яны пачалі самі забіваць жывёлу і смажыць мяса з дапамогай сваіх слугаў, загадваць дзяўчатам-служкам ды шчыкаць іх за азадкі, бы ў сябе дома. А колькі яны маглі зжэрціу гэта ажно паверыць немагчыма: чэрава ў іх было як бяздонная бочка. Кожны ўмінаў так, быццам хацеў абставіць у ежы ўсіх астатніх. Яны ўзялі сабе за мэту зламіць маю ўпартасьць, пагражаючы ні кала ні вала не пакінуць. І таму ў іхных вантробах зьнікалі горы мяса, груды хлебу і рэкі віна, нібы разьверзлася зямля, заглынуўшы ўсё без астачы. Яны казалі, што так будзе працягвацца да тае пары, пакуль я не абяру аднаго з іх сабе за мужа, і перамяжалі пяныя гулянкі ды забавы дэбільнымі прамовамі, што прыўзносілі маю чароўную красу і дасканаласьць, і мудрасьць.
Не магу маніць, нібыта яны мне зусім не падабаліся. Кожнаму прыемна чуць хваласьпевы ў свой гонар, нават калі ім ня верыш. Я старалася глядзець на іх фіглярства як на сьпектакль ці буфанаду. Ну, якое яшчэ яны прыдумаюць новае параўнаньне? Хто найбольш праўдападобна прыкінецца, што ўпадае ў экстаз, як толькі мяне заўважыць? Калі-нікалі я зьяўлялася ў зале, дзе яны балявалі, – у суправаджэньні дзьвюх служак, – проста каб паглядзець, як яны са скуры вылузваюцца. Па частцы добрых манераў зазвычай перамагаў Амфіном, хоць ён шмат каму саступаў у імпэце. Мушу прызнацца, я часам пачынала мроіць: а з кім бы з іх я жадала апынуцца ў ложку, калі ўжо на тое?
Потым служкі пераказвалі мне жарцікі, якімі абменьваліся жаніхі ў мяне за сьпінаю. Дзяўчаты маглі свабодна падслухоўваць, бо яны былі вымушаныя падаваць ежу і пітво.
Дык што гаварылі пра мяне жаніхі паміж сабою? Вось паслухайце: “Першы прызтыдзень у ложку з Пенелопай; другі прыздва тыдні ў ложку з Пенелопай. Заплюшчыш вочыі яны ўсе аднолькавыя, уяві, што гэта Алена, і таран будзе стаяць, як з бронзы адлітыха-ха-ха! Ну калі ж гэтая старая сучка што-небудзь ды надумае? Давайце забем ейнага сынкапрыбярэм з дарогі, пакуль яшчэ малады: дапякае мяне гэты байструк. А што нам не дае схапіць старую карову ды падмазаць пяты? Не, хлопцы, гэта несумленна. Мы ж дамаўляліся: хто дастане прыз, раздае астатнім важнецкія дарункі, так? Мы ўсе павязаныя: да пераможнага канца. Тваяперамога, ейныканец, бо хто б ні перамог, мусіць трахаць яе, пакуль яна не загнецца, ха-ха-ха!”

Часам я думала, а ці не прыдумляюць крыху служкідзеля забавы ці проста каб падражніць мяне. Ім нібыта было даспадобы пераказваць мне ўсё гэтае, асабліва калі я залівалася сьлязьмі і маліла шэравокую Афіну альбо вярнуць Адысея, альбо спыніць мае пакуты. Тады і яны маглі таксама заліцца сьлязьмі, плакаць і рыдаць і прыносіць мне напоі, каб суняць нервы. Ім гэта дапамагала здымаць стрэс.
Асабліва шчыравала, каб данесьці да маіх вушэй усю гэтую брыдусапраўдную ці прыдуманую, – Эўрыклея. Хутчэй за ўсё, яна хацела настроіць мяне супраць жаніхоў, каб я не паддалася ні на якія іх палымяныя мольбы і да апошняга ўздыху заставалася вернай Адысею. Яна заўсёды была самай адданай ягонай фанаткай.

* * *
Як я магла спыніць гэтых малалетніх галаварэзаў-арыстакратаў? У іхным веку ажно карціць павыхваляцца перад іншымі, так што зьвяртацца да іх высакародства, ушчуваць ці пагражаць караю было бескарысна. Ніводны не хацеў адступіцца са страху, што астатнія пачнуць глуміцца, абзываць яго баязьліўцам. Я прасіла іх бацькоў паўплываць на сваіх нашчадкаў, але дарэмна: іхныя семі разьлічвалі, што такія паводзіны прынясуць ім выгоду. Тэлемах быў яшчэ замалады, каб з імі змагацца, і ў кожным разе ёнадзін, а іхці сто дванаццаць, ці сто восем, ці сто дваццаць (дакладную лічбу назваць цяжкастолькі іх сабралася). Верныя Адысею воі разам з ім адплылі ў Трою, а з тых, хто застаўся, кожнага гатовага прыняць мой бок так палохала колькасная перавага жаніхоў, што ніхто не адважваўся ані слова ім сказаць.
Я ведала: спробы выгнаць маіх навязьлівых жаніхоў ці зачыніць перад імі дзьверы палацу дабром бы ня скончыліся. Тады яны зусім разьятрыліся б, ашалелі і сілай захапілі б тое, што хацелі ўзяць угаворамі. Але нездарма я была дачка наядыу памяці ўсплылі матчыныя настаўленьні. “Будзь як вада, – казала я сабе. – Не супраціўляйся. А як яны спрабуюць цябе схапіць, сьцякай скрозь пальцы. Абміні іх наўкол”.
Таму я рабіла выгляд, што прымаю іх заляцаньнітэарэтычна. Даходзіла нават да таго, што я падахвочвала то аднаго, то другога, дасылала ім таемныя лісты. Але, казала я, перш чым абраць сабе сужэнца, я мушу ў сваім сэрцы ўпэўніцца, што Адысей ніколі ня вернецца.

XV. Пахавальнае покрыва.
З кожным месяцам рабілася ўсё цяжэй. Я цэлымі днямі не выходзіла са свайго пакоюне таго, што мы дзялілі з Адысеем, не, я б гэтага ня вытрымала, а з уласнага пакою на жаночай палове. Я ляжала на ложку і плакала, плакала і думала: ну што ж рабіць? Мне зусім не хацелася выходзіць замуж ні за каго з гэтых нявыхаваных падшыванцаў. А Тэлемах сталеўён быў амаль аднаго ўзросту з жаніхаміі пачынаў неяк дзіўна на мяне паглядаць. Ён лічыў, гэта я вінаватая, што ягоную спадчыну літаральна зжарае гэтая прорва.
Ах, наколькі яму было б прасьцей, калі б я ўсё кінула і вярнулася б у Спарту, да свайго бацькі цара Ікарыя. Шанцы, што я зраблю гэта з уласнай добрай волі, раўняліся нулю: я зусім не хацела, каб мяне другі раз кінулі ў мора. Тэлемах спачатку думаў, што маё вяртаньне ў бацькоўскі палац у ягоных інтарэсах. Але, яшчэ раз раскінуўшы глуздамізрабіўшы некаторыя падлікі, – ён скеміў, што я забяру з сабою ладную частку золата і срэбра, бо гэта мой пасаг. З іншага боку, калі я застануся на Ітацы і выйду замуж за каго-небудзь з гэтых шчанюкоў-арыстакратаў, той стане царом, прыёмным бацькам Тэлемаха, і будзе мець над ім уладу. Персьпектыва слухаць загады хлапчынысвайго адналетка аніяк яго ня вабіла.
Не, праўда, для Тэлемаха быў бы ідэальны варыянт, калі б я са свайго боку выявіла далікатнасьць і памерла. Каб ён ніякім чынам ня быў вінаваты. Бо калі б ён, падобна Арэсту (але бяз дай прычыны, адрозна ад Арэста), забіў маці, на яго накінуліся б эрынііжудасныя фурыі з валасамі-зьмеямі, сабачымі галовамі і крыламі кажановыміі паўсюль перасьледавалі б яго з бізунамі ды паходнямі сваім брэхам ды сыкам, пакуль бы ён не зваряцеў. А як забіў бы ён мяне халаднакроўна ды з самых нізкіх памкненьняўкаб завалодаць багацьцем, – то ня мог бы ачысьціцца ў аніводным сьвяцілішчы. Ён бы заўжды быў заплямлены маёй крывёю, пакуль не памёр бы вусьцішнай сьмерцю шаленца.
Жыцьцё мацісьвятое. Нават калі маці дрэнная, усё адно яе жыцьцёсьвятое. Паглядзіце хоць на маю ліхую стрыечную сястру Клітэмнеструраспусьніцу, мужазабойцу і катавальніцу ўласных дзяцей. А пра мяне ніхто ня скажа, што я дрэнная маці. І мне зусім не падабаўся паток панурых, грубых заўваг ды пагардлівых позіркаў ад уласнага сына.

Калі жаніхі толькі распачалі аблогу, я ім нагадвала: аракул прадказаў, што Адысей урэшце вернецца. Але прамінаў год за годам, а ён усё не абяўляўся, і вера ў словы аракула пакрысе раставала. Можа, яго ня так зразумелі, заяўлялі жаніхі: аракулы сумнавядомыя сваёй двухсэнсоўнасьцю ды цьмянасьцю. Нават я пачала сумнявацца і ўрэшце мусіла пагадзіццапрынамсі, на людзях, – што Адысей, хутчэй за ўсё, памёр. Аднак ягоны прывід ніколі не зьяўляўся мне ў сьне, як належала. Я папросту не магла паверыць, што ён не даслаў бы мне вестачку з Аіду, калі б ён пераправіўся ў царстве ценяў.
Я ўсё спрабавала прыдумаць, як адкласьці рашэньне, каб мяне нельга было ўпікаць. Нарэшце мне прыйшоў у галаву план. Пазьней, распавядаючы пра яго, я паўтарала, што падказала ідэю сама Афіна Палада, багіня ткацтва. Магчыма, гэта і праўдаякая розьніца? Але прыпісваць багам уласныя пробліскі натхненьнявыдатны спосаб адвесьці як папрокі ў ганарлівасьці, калі план удаваўся, гэтак і віну за ягоны правал.
І вось што я зрабіла: наладзіла кросны і ўзялася ткаць вялікі сувой, абявіўшы, што гэта пахавальнае покрыва для цесьця, бо з майго боку было б непачціва не падрыхтаваць Лаэрту дарагога савану, калі здарыцца так, што яго напаткае сьмерць. Покуль ня будзе завершаная гэтая асьвечаная багамі праца, я і думаць нават не магу пра новага сужэнца, але як толькі сатчэцца покрыва, я не марудзячы абяру шчасьліўчыка.
(Лаэрта мая прыдумка зусім ня ўсьцешыла: пачуўшы пра яе, ён стаў трымацца яшчэ далей ад палацу. А што калі раптам які няўрымсьлівы жаніх паскорыць ягоны канец і прымусіць мяне пахаваць Лаэрта ў гэтым саване, хоць і недатканым, каб прысьпешыць вясельле?)
Ніхто ня мог нічога сказаць супраць маёй працытакая яна была добрапачцівая. Увесь дзень я сядзела за кроснамі, старанна ткала ды меланхалічна прыгаворвала: “Ах, гэтае покрыва хутчэй для мяне, чым для Лаэрта. Бедная я, бедная, асуджаная багамі на сьмерць пры жыцьці”. А ўначы я распускала ўсё, што наткала за дзень, і праца ніяк не пасоўвалася наперад.
У дапамогу з гэтай цяжкой справай я ўзяла дванаццаць дзяўчатаў-служаксамых маладзенькіх, бо яны ўсё сваё жыцьцё былі пры мне. Я купіла ці іначай набыла іх яшчэ зусім маленькімі, гадавала, каб Тэлемаху было з кім гуляцца, цярпліва навучала ўсяму, што трэба ведаць і ўмець, жывучы ў палацы. Мілыя, жвавыя дзяўчаткі. Часам яны трохі залішне шумелі ды перасьмейваліся, як і ўсе маладыя служкі. Але мне рабілася весялей ад іх балбатні, ад іх сьпеваў. Яны ўсе да адзінай мелі цудоўныя галасы, і іх добра навучылі імі карыстацца.
У палацы яны былі маімі вачамі і вушамі, я давярала ім больш за ўсіх астатніх. Яны, менавіта яны, дапамагалі мне распускаць сатканаеза зачыненымі дзьвярыма, глыбока ўночы, пры сьвятле паходняў. Так доўжылася больш за тры гады. Нам даводзілася дзейнічаць асьцярожна, размаўляць шэптам, але гэтыя ночы мелі нейкі водбліск сьвятла, нават бурлівай весялосьці. Меланфо Гожыя Шчочкі цягала нам са сталоў усялякія прысмакі: фігі, калі была на іх пара, хлеб, мачаны ў мёдзе з сотаў, а ўзімкупадагрэтае віно. За сваёй разбуральнай працай мы распавядалі розныя гісторыі, загадвалі загадкі, жартавалі. Дрыготкае полымя паходняў зьмякчала і нашыя твары, і манеру трымаццаяны рабіліся зусім іншымі, чым пры сьвятле дня. Мы былі амаль як сёстры. А зранку, калі ад недасыпаньня праступалі цёмныя кругі пад вачыма, мы абменьваліся змоўніцкімі ўсьмешкамі, а раз-пораз нават хуценькім поціскам рук. Яны казаліТак, гаспадыня”, “Не, гаспадыняз такім выглядам, нібы вось-вось расьсьмяюцца, нібы ні яны, ні я не маглі прымаць іхную рабскую пакору ўсурёз.
На жаль, адная з іх выдала таямніцу майго несканчальнага ткацтва. Я пэўная: гэта здарылася выпадкова. Маладыя бываюць неабачлівымі, напэўна, у яе міжволі вырвалася нейкае слоўка або намёк. Я так і ня ведаю, хто гэта быў: тут, сярод ценяў, яны ўсе трымаюцца гуртком, а як толькі я набліжусязьбягаюць. Яны ўнікаюць мяне, нібыта я нанесла ім страшную рану. Але ж я б ніколі, ніколі са сваёй волі не зрабіла б ім шкоды.

Уласна кажучы, я сама вінаватая, што мая таямніца выплыла на паверхню. Я загадала сваім дванаццаці служкамсамым прыгожым, самым зваблівымхаўрусавацца сярод жаніхоў ды шпіёніць за імі, пускаючы ў ход усе свае чары. Пра мой загад ніхто ня ведаў, апроч мяне і дзяўчатаў, пра якіх гаворка. Я вырашыла не давяраць сакрэт Эўрыклеі. Цяпер бачу: гэта была недаравальная памылкарозум прыходзе па шкодзе.
Мой план абярнуўся бядою. Некалькі дзяўчатаў згвалцілі, іншых спакусілі ці так змушалі, што яны палічылі за лепшае саступіць і не супраціўляцца.
У тым, што госьці ў вялікім доме або палацы спалі са служкамі, не было нічога дзіўнага. Меркавалася, што добры гаспадар, каб выявіць гасьціннасьць, мусіць паклапаціцца пра вясёлыя начныя забавы для сваіх гасьцей і велікадушна прапанаваць ім самім выбраць сабе дзевак. Але карыстацца служкамі без дазволу гаспадара домугэта нешта нечуванае. Падобныя дзеяньні расцэньваліся як крадзёж.
Аднак гаспадара дому не было. Вось жаніхі і наляталі на служак, як наляталі на авечак, сьвіньняў, козаў і кароваў. Напэўна, яны ня бачылі ў тым нічога кепскага.
Я суцяшала дзяўчатак, як толькі магла. Яны пачуваліся вінаватымі, а тым, каго згвалцілі, патрабаваўся клапатлівы догляд. Я даручыла справу Эўрыклеі, і яна, праклінаючы мярзотнікаў жаніхоў, купала дзяўчатаў і, у якасьці асаблівай ласкі, націрала іх маім уласным духмяным аліўным алеем. Эўрыклея незадаволена буркацела, што ёй даводзіцца гэтым займацца. Магчыма, мая прывязанасьць да дзяўчатаў абуджала ў ёй крыўду. Яна казала, я іх разбэшчваю і яны хутка пачнуць уяўляць пра сябе немавед што.
Не пераймайцеся, – гаварыла я ім. – Вы павінны рабіць выгляд, нібы закаханыя ў жаніхоў. Калі яны будуць думаць, быццам вы іхныя хаўрусьніцы, то даверацца вам, і мы ўвойдзем у курс усіх іхных планаў. Вы паслужыце свайму гаспадару, і ён будзе вельмі вамі задаволены, калі вернецца дамоў.
Гэта іх падбадзёрвала.
Я нават навучыла іх казаць гнюснасьці пра мяне з Тэлемахам, і пра Адысея таксамадзеля паўнаты ілюзіі. Яны з імпэтам кінуліся ў гэты праект. Асаблівае майстэрства паказвала Меланфо Гожыя Шчочкіяк яна весялілася, прыдумляючы ўсялякія яхідствы. Сапраўды, ёсьць нейкі кайф у тым, каб у адным учынку спалучаць пакору з непачцівасьцю.
Нельга сказаць, што ўся гэтая шарада была падманам чыстай вады. Некаторыя з дзяўчатаў усё ж закахаліся ў мужчынаў, якія так кепска з імі абышліся. Мяркую, гэта было непазьбежна. Яны думалі, я ня бачу, што адбываецца, але я ўсё цудоўна разумела. Я даравала ім. Яны былі маладзенькія, нявопытныя, а далёка ня кожная дзяўчына-рабыня на Ітацы магла пахваліцца, што мае каханкам маладога арыстакрата.
Але, было там каханьне ці не, былі начныя пахаджэньні ці не, дзяўчаты па-ранейшаму перадавалі мне ўсю карысную інфармацыю, якую здабывалі.
І я, дурніца, думала, да чаго ж я мудрая. Азіраючыся назад, я бачу, як неразважліва дзейнічала, колькі нарабіла шкоды. Аднак час быў на зыходзе, мяне грыз адчай, і я мусіла ісьці на ўсе магчымыя хітрыкі.
Дазнаўшыся, як я вадзіла іх за нос, жаніхі ўварваліся ўначы на маю палову і засьпелі мяне за працай. Іх злосьці не было межаў, не ў апошнюю чаргу таму, што іх ашукала жанчына. Яны закацілі жудасную сцэну, і мне давялося апраўдвацца. Я паабяцала, што датку як мага хутчэй, а тады абавязкова абяру сабе сярод іх мужа.
Самое покрыва ледзь не імгненна сталася пагалоскай. Яго называлісеціва Пенелопы”. Так казалі пра ўсялякую працу, што нейкім таямнічым чынам заставалася недаробленай. Мне зусім не падабалася азначэньнесеціва”. Калі покрывагэта сеціва, тады япавучыха. Але ж я не імкнулася лавіць мужчынаў, як мух. Наадварот, я проста спрабавала сама ня трапіць у пастку.

XVI. Благія сны.
Так пачаліся найгоршыя з маіх пакутаў. Я столькі плакала, што, здавалася, вось-вось ператваруся ў раку ці фантан. Колькі б я ні малілася, ні прыносіла ахвяраваньняў, ні высочвала знакаў ад багоў, мой муж так і не вяртаўся. У дадатак да ўсіх маіх няшчасьцяў Тэлемах быў у тым узросьце, калі дзеці пачынаюць камандаваць матулям. Я дваццаць гадоў амаль што адна вяла ў палацы ўсе справы, а цяпер яму захацелася ўзяць лейцы ў свае рукі і давесьці, што галоўны тут ён, Адысееў сын. Тэлемах пачаў чыніць скандалы ў зале, па-дурному задзірацца з жаніхамі, так што я не сумнявалася: калі-небудзь яго абавязкова забюць. Вядома, ён мусіў увязацца ня ў тую, дык у іншую адчайную авантурушто-што, а гэта маладзёны ўмеюць.
Тэлемах высьлізнуў з гавані, узяўшы карабельа як жа! – і пачаў гойсаць па моры ў спадзеве нешта даведацца пра бацьку. Нават не параіўся са мною. Ён мяне страшэнна пакрыўдзіў, але мне было ўжо не да таго: служкі данесьлі, што жаніхі, дазнаўшыся пра дзёрзкую эскападу сына, зьбіраюць уласны карабель, каб падсьцерагчы ягоны, калі той будзе вяртацца, узяць на абардаж і забіць Тэлемаха.
Гэта праўда, як сьпяваюць у песьнях, што іх змову раскрыў мне і вяшчальнік Медонт. Але я ўжо ведала пра яе ад служак. Давялося прыкінуцца ўражанай, бо іначай Медонта ён быў і не на маім баку, і не на іхнымздагадаўся б, што я маю ўласныя крыніцы інфармацыі.
Натуральна, у мяне падкасіліся ногі, я ўпала на парозе, і плакала, і рыдала, а ўсе служкіі дванаццаць маіх улюбёнак, і астатніяпадхапілі мае галашэньні. Я іх папракала, што яны не папярэдзілі мяне пра Тэлемахаву выправу, не спынілі яго, ажно пакуль гэтая старая квахтуха Эўрыклея, якая ўсюды тыцкае свой нос, не прызналася: яна адна была ў змове з Тэлемахам і яму садзейнічала. Эўрыклея сказала, быццам яны не падзяліліся са мною толькі таму, што не хацелі, каб я хвалявалася. Але ўрэшце ўсё скончыцца добра, дадала янабогі справядлівыя.
Я стрымалася ад заўвагі, што дасюль ня бачыла гэтаму ніякіх пацьверджаньняў.

Калі справа ну зусім дрэнь, выплакаўшыся ўволю, так што, здаецца, яшчэ крыхуі ператворысься ў сажалку, я заўсёды, на шчасьце, засынаю. А калі сплю, мне сьняцца сны. У тую ноч я бачыла цэлую чараду сноўпра іх нідзе не напісана, бо я не распавядала іх ніводнай жывой душы. У адным цыклоп трушчыў галаву Адысея і жэр ягоныя мазгі. У другім Адысей скакаў з карабля ў ваду і плыў да сірэнаў, а тыя сьпявалі салодкімі-салодкімі галасамі, як мае служкі, але ўжо цягнулі да яго свае птушыныя кіпці, каб разарваць на шматкі. У трэцім ён кахаўся з чароўнай багіняй і шалеў ад асалоды. Тады багіня ператварылася ў Алену. Яна пазірала на мяне паўз аголенае плячо майго мужа і зласьліва пасьміхалася. Гэта быў такі суцэльны жах, што я прачнулася. Я малілася, каб гэта быў непраўдзівы сон, дасланы з пячоры Марфея праз браму з слановае косьці, а не сапраўдны, дасланы праз браму з рогу.
Я зноў заснула і нарэшце здолела прысьніць сон-суцяшэньне. Гэты я пераказвала; магчыма, вы пра яго чулі. У пакой да мяне зьявілася мая сястра Іфтыміяяна была нашмат старэйшая, так што я ледзь яе ведала: яна даўно выйшла замуж і зьехала далёка-далёка. Іфтымія падышла да майго ложку і сказала, што яе даслала сама Афіна, бо багі ня хочуць, каб я пакутавала. Яна паведаміла, што Тэлемах вернецца жывы і здаровы.
А калі я запыталася пра Адысеяжывы ён ці мёртвы? – Іфтымія нічога не адказала і высьлізнула прэч.
Вось вам ібагі ня хочуць, каб я пакутавала”. Усе яны толькі дражняць. Для іх я ўсё адно што бяздомны сабака, якога закідалі камнямі ці падпалілі яму хвостусё дзеля іхнай, боскай, забавы. Ня тлушч і косткі жывёлы, а нашыя пакутывось што любяць смакаваць багі.

XVII. Хор: “Ладдзі сноў”. Балада.
Адзіны паратунаксон,
Ён роздых ад пакут.
У сьне ня трэба мыць палац
Ды пэцкацца у бруд.

Любы юрлівы ідыёт
Іх незьлічона тут
Ня лезе пад спадніцы нам,
Ня цягне нас у кут.

Калі мы сьпім, нам сьняцца сны:
Лагодны плёскат хваль,
Плывем мы ў залатых ладдзях
Шчасьліва й вольна ў даль.

У барвах царскіх строяў ў сьне
Мы зьзяем хараством,
З каханымі сваімі сьпім,
Іх ласкі пем нагбом.

Балюем з імі дзень пры дні,
Пяем ім уначы,
Бо здолелі мы на ладдзях
Ад роспачы ўцячы.

Ні сьлёз, ні войнаў больш няма:
Цудоўны, сьвеце, ты,
Бо мудра валадарым мы
У век наш залаты.

Ды вось нас будзіць ранак зноў.
Кон рабскі поўны зла:
Нам зноў спадніцы задзіраць
Для кожнага казла.

XVIII. Весткі пра Алену.
Тэлемах унік пастаўленай пасткідзякуючы хутчэй удачы, чым прадбачлівасьціі цэлы вярнуўся дадому. Сустракаючы яго, я плакала ад радасьці, а разам са мной і ўсе служкі. На жаль, потым мы з маім адзіным сынам страшэнна паскандалілі.
У цябе мазгоў, як у трытона! – гневалася я. – Ды як ты мог узяць карабель і паплыць, нават не спытаўшы дазволу? Ты сам яшчэ амаль дзіця! Ты ня ўмееш весьці карабель! Ды ты разоў сто мог загінуць, і што б тады сказаў твой бацька, вярнуўшыся дамоў? Вядома, я была б вінаватая, бо не глядзела цябе, як трэба! – і гэтак далей у тым жа духу.
Дарэмна я так на яго наехала. Тэлемах адразу ж сеў на каня. Казаў, што ён ужо не дзіця малое, а мужчынаён жа вярнуўся! Вось найлепшы доказ: ён ведаў, што робіць. Тады ён заявіў, што не прызнае маці за аўтарытэт: яму ня трэба нічыйго дазволу, каб узяць карабель, бо гэта ў пэўным сэньсе частка ягонай спадчыны. А калі ў яго і засталася такая-сякая спадчына, дык маёй заслугі тут няма, бо я яе не бараніла, і цяпер яе праядаюць жаніхі. Далей ён сказаў, што прыняў тое рашэньне, якое мусіў, – выправіўся на пошукі бацькі, бо ніхто больш і пальцам не зьбіраўся дзеля гэтага паварушыць. Ён сьцьвярджаў, што бацька ім бы ганарыўся, бо ён паказаў характар і вырваўся з-пад пяты жанчынаў, як заўсёды, залішне эмацыйных, ня здольных разважаць разумна і пазбаўленых здаровага сэнсу.
Гэта ён пра мяне! Як можна родную маці называцьжанчыны”?
Хіба я магла не расплакацца?
Я выдала прамову тыпу: “І-гэтак-ты-мне-аддзячыў-за-ўсё-што-я-дзеля-цябе-рабіла? Ды-ты-не-ўяўляеш-што-я-вынесла-дзеля-цябе! Ніводную-жанчыну-нельга-прымушаць-так-пакутаваць! І-як-гэта-я-яшчэ-сябе-ад-жыцьця-не пазбавіла!” Але, на жаль, ён гэта чуў і раней, таму ўсім сваім выглядам паказваў, як яго раздражняюць мае натацыі: склаўшы на грудзях рукі і ўзьвёўшы ўгору вочы, чакаў, калі я сьціхну.
Урэшце мы суняліся. Служкі падрыхтавалі Тэлемаху добрую цёплую ванну. Яны шчыравалі, расьціраючы яму плечы, прынесьлі чыстае адзеньне, а потым накрылі яму і ягоным сябрам Пірэю і Феаклімену смачны абед. Пірэй быў з Ітакі; змовіўшыся з маім сынам, ён разам з ім плаваў па моры. Я вырашыла пагаварыць з ім пазьней, а ягоным бацькам сказаць, што нельга дазваляць дзіцяці такіх шалёных выбрыкаў. Феаклімен быў родам з іншых краёў. Ён рабіў даволі добрае ўражаньне, але я сабе пастанавіла даведацца, наколькі магчыма, пра ягоных продкаў, бо юнакі ўзросту Тэлемаха так лёгка могуць трапіць у кепскую кампанію.
Тэлемах набіваў поўны рот і піў поўнымі келіхамі. Я дакарала сябе, што не навучыла яго, як трэба паводзіцца за сталом. Ніхто ня скажа, што я не старалася. Але як толькі я пачынала ўшчуваць Тэлемаха, абавязкова ўкліньвалася гэтая старая курыца Эўрыклея.
Ну, кінь, дзетка, дай хлопчыку ўсмак паесьці. Будзе яму мора часу навучыцца манерам, як вырасьце, – і гэтак далей у тым жа духу.
Як пруток сагнеш, так і дрэўца вырасьце, – паўтарала я.
Вось-вось, – квахтала Эўрыклея. – Мы ж ня хочам сагнуць гэты пруточак, праўда? Ню-ні-ню-ніне! Мы ж хочам, каб ён рос зграбны й высокі, каб сабе на здароўе зьеў добры, вялікі, сакаўны кавалак мяса, і каб буркатлівая мамуся не псавала яму настрой!
Служкі хіхікалі, накладалі яму паўнюткую талерку ды прыгаворвалі, які ён файны хлапчынка.
Сумна прызнаваць, але яго ўшчэнт разбэсьцілі.

Калі ўсе тры маладзёны наеліся, я спытала пра іх плаваньне. Ці даведаўся Тэлемах што-небудзь пра Адысея і пра тое, дзе ён цяпер знаходзіцца, бо ў гэтым была ж мэта ягонай выправы? І калі ён сапраўды нешта даведаўся, ці ня мог бы ён зрабіць ласку падзяліцца са мною сваім адкрыцьцём?
Бачыце, я ўсё яшчэ трохі крыўдавала на яго. Цяжка гэта, калі сын-падлетак выходзіць пераможцам у сварцы. Але як толькі яны вас перарастаюць, вам застаецца толькі маральны аўтарытэтзброя ў лепшым выпадку слабая.
Тэлемах распавёў такое, ад чаго я моцна зьдзівілася. Спачатку ён заявіўся да цара Нестара, які нічога ня мог яму паведаміць, а тады скіраваўся з візітам да Менелая. Да самога Менелая! Менелая-багатыра, Менелая-тупіцы, Менелая-крыкуна, Менелая-раганосца. Менелаямужа Алены, маёй стрыечнай сястры Алены, Алены Прыўкраснай, Алены Погані Чараватай, прычыны ўсіх маіх няшчасьцяў.
І ты бачыў Алену? – спыталася я крыху здушаным голасам.
Так, – адказаў Тэлемах. – Якім яна смачным частавала нас абедам!
Ён пусьціўся верзьці нейкую лухту пра Марскога Старога і пра тое, як Менелай даведаўся ад гэтага паважнага веку і сумнеўнай праўдзівасьці джэнтльмэна, што Адысея трымае ў сябе на высьпе прыгожая багіня, якая змушае яго кахацца з ёю ўсю ноч напралёті так кожную ноч.
На той час я ўжо занадта наслухалася пра прыгожых багіняў.
І як там Алена? – спытала я.
Здаецца, добра, – адказаў Тэлемах. – Усе расказвалі пра Траянскую вайнувыдатныя аповеды, з мноствам боек і бітваў, рэкамі крыві і выпушчанымі вантробамі. І бацьку таксама згадвалі. А калі старыя ваякі пачалі голасам галасіць, Алена падліла віна, і мы добра нарагаталіся.
Ды не, як яна выглядае?
Зьзяе, як залатая Афрадыта, – сказаў Тэлемах. – Я ажно затрымцеў, калі яе ўбачыў. То бок яна такая знакамітасьць, частка гісторыі, ну, і г. д. і да т. п. Усё, што пра яе навыдумлялі, і нават большчысьцюткая праўда! – ён расплыўся ў ідыёцкай усьмешцы.
Яна, мусіць, трохі пастарэлачасу колькі прайшло, – заўважыла я як мага спакайней. Ну ня можа Алена па-ранейшаму зьзяць, як залатая Афрадыта! Гэта супраць законаў прыроды!
Э-э-э, так, – адказаў сын. І нарэшце да нас вярнулася тая лучнасьць, што, як мяркуюць, зьвязвае мацярок ды сыноў-безбацьковічаў. Тэлемах зірнуў мне ў твар і ўсё зразумеў.
Як напраўду, з выгляду яна ўжо досыць немаладая, – прамовіў ён. – Нашмат старэйшая за цябе. Нейкая зьняможаная. Уся ў зморшчынах, як старая порхаўка. І зубы ў яе жоўтыя. Некаторыя нават павыпадалі. Яна падалася прыгожай толькі пасьля таго, як мы шмат выпілі.
Я ведала, што ён маніць, але мяне расчуліла гэтая мана дзеля таго, каб зрабіць мне прыемнасьць. Нездарма ён быў праўнук Аўталіка, сябра Гермеса-архікруцяля, і сын хітруна Адысея, салодкагалосага, вынаходлівага ў ашуканстве, угаворцы мужчынаў ды ілгуна жанчынам. Можа, усё ж такі ў Тэлемаха ды ёсьць такія-сякія глузды.
Дзякуй табе за ўсё, што распавёў, сыне, – сказала я. – Я вельмі ўсьцешаная. А зараз пайду, прынясу багам у ахвяраваньне кош пшаніцы і буду маліцца, каб твой бацька вярнуўся жывы і здаровы.
Так я і зрабіла.

ХІХ. Віск радасьці.
Хто скажа, што з малітваў ёсьць хоць якая карысьць? Але, з іншага боку, хто скажа, што няма? Уяўляю сабе багоў: сноўдаюцца марна па Алімпе, раскашуюць у нектары ды амброзіі, у курэньнях ахвяраваных костак ды тлушчу, як хеўра падлеткаў-шкоднікаў, ахвочых пазабаўляцца з хворым катом, бо ня маюць чым заняцца.
Ну, якую малітву нам сёньня споўніць? – пытаюцца яны адно ў другога. – Давайце кінем косьці. Гэтамунадзею, гэтамуадчай, і калі ўжо на тое, а што як я паламаю жыцьцё ву-у-унь той жанчынеадтрахаю яе, прыкінуўшыся ракам?
Думаю, яны збольшага выкідваюць свае штукі ад суму.
Дваццаць гадоў усе мае малітвы заставаліся без адказу. Але ня гэтая. Не пасьпела я чарговы раз выканаць звыклы абрад і чарговы раз праліць звыклыя сьлёзы, як у двор прыклыпаў кульгаючы сам Адысей уласнай персонай.
Натуральна, кульганьне было часткай маскараду. Іншага я ад яго і не чакала. Вядома, ён ацаніў становішча: у палацы жаніхі, яны прамантычваюць ягоную маёмасьць, задумляюць забіць Тэлемаха, прысвоілі сабе права на сэкс-паслугі ягоных служак, маюць намеры выкрасьці ягоную жонку. Адысей разважыў мудра: яму нельга проста так абявіцца і абвясьціць, што ёнАдысей, і загадаць ім ачысьціць памяшканьне. Паспрабаваў бы ён так зрабіцьі праз некалькі хвілінаў быў бы трупам.
Таму Адысей пераапрануўся ў бруднага старога жабрака. Ён мог не сумнявацца: большасьць жаніхоў ня мела ніякага ўяўленьня, як ён выглядае, бо калі ён адплываў у Трою, яны былі яшчэ зусім малыя або ўвогуле не зьявіліся на сьвет. Ён добра-такі зьмяніў абліччая спадзявалася, што зморшчыны і лысіна несапраўдныя, што гэта проста грым, – але як толькі я пабачыла грудзі бочкай ды кароткія ногі, глыбока ў душы нарадзілася падазрэньне. А калі я пачула, што ён скруціў шыю іншаму ваяўніча настроенаму валацугу, яно ператварылася ва ўпэўненасьць. У гэтым увесь Адысей: так, праўда, пры неабходнасьці ён дзейнічае крадком, але ніколі не адмовіцца ад тактыкі адкрытага нападу, дзе не сумняецца ў сваёй перамозе.
Я не падала выгляду, што здагадалася. Гэта было б небясьпечна для Адысея. І апроч таго, калі мужчына так ганарыцца ўменьнем зьмяняць маскі, ягоная жонка мусіць быць поўнай дурніцай, каб сьцьвярджаць, што яго пазнала. Замінаць мужчыне замілавана сузіраць адбітак уласнага розумувяршыня неабачлівасьці.
Тэлемах ведаў Адысееву таямніцуя адразу пабачыла. Ён, як і ягоны бацька, ад прыроды быў гатовы плесьці сеціва зману, але яшчэ ня так налажыўся. Калі ён знаёміў мяне з як бы жабраком, яго выдалі хітраваты выгляд, запінкі ды вочы, якія бегалі па кутах.
Але знаёмства адбылося пазьней. Першыя некалькі гадзінаў Адысей разьнюхваў, што робіцца ў палацы, ды цярпеў абразы ад жаніхоў: тыя зьдзекаваліся, кідалі ў яго ўсё, што трапіць пад руку. На жаль, я не магла даць знак сваім дванаццаці служкам, хто ён такі, і яны працягвалі хаміць Тэлемаху і падхопліваць выбрыкі жаніхоў. Я потым даведалася, што асабліва шчыравала ў кпінах Меланфо Гожыя Шчочкі. Я вырашыла ўмяшацца, калі прысьпее час, і сказаць Адысею, што дзяўчаты дзейнічалі на маё ўказаньне.
Увечары я зрабіла так, каб сустрэцца з як бы жабраком ва ўжо апусьцелай зале. Ён сьцьвярджаў, што мае зьвесткі пра Адысеясплёў досыць праўдападобную гісторыю, а тады запэўніў мяне, што Адысей неўзабаве вернецца дадому. Я залілася сьлязьмі і адказала: “Баюся, гэтага ня будзепадарожнікі ўжо шмат гадоў запар паўтараюць мне адное і тое ж”. Я падрабязна расьпісала, як я спакутавалася, як прагну, каб вярнуўся муж, – лепей хай ён пачуе ўсё гэта, апрануты бадзягам, – так хутчэй паверыць.
Тады я пацешыла ягонае самалюбствапапрасіла ў яго парады. Я сказала, што маю намер прынесьці вялікі лук Адысеятой самы, з якога ён пусьціў стралу праз дванаццаць колаў на сякерных дзяржальнахфантастыка! – і зладзіць спаборніцтва паміж жаніхоў: хто паўторыць подзьвіг Адысея, таму прызам буду я. Бясспрэчна, гэта пакладзе так ці іначай канец невыноснаму становішчу, у якім я апынулася. Як яму мой план?
Ён сказаў, што задума выдатная.
У песьнях сьцьвярджаецца, што зьяўленьне Адысея і маё рашэньне наконт выпрабаваньня з лукам і сякерамі супалі выпадковаці дзякуючы провіду багоў, як казалі ў наш час. Цяпер вы ведаеце чыстую праўду. Я разумела, што паўтарыць гэты фокус са стралой зможа толькі Адысей. Я ведала, што жабрак і ёсьць Адысей. Ніякага супадзеньня не былоя ўсё зрабіла наўмысна.
Я больш і больш давяральным тонам зьвярталася да нібыта нішчымнага бамжа і нарэшце распавяла яму свой сон пра чародку цудоўных белых гусей, якіх я вельмі любіла. Мне сьнілася, што яны бесклапотна клявалі ў двары зерне, як раптам наляцеў вялізны арол з крывой дзюбай і ўсіх іх забіў, і я тады доўга-доўга плакала.
Адысей-бадзяга патлумачыў мне сон: аролгэта мой муж, гусіжаніхі, і неўзабаве ён іх усіх забе. Ён нічога не сказаў ні пра крывую дзюбу, ні пра тое, што я любіла гэтых гусей і месца сабе не знаходзіла, калі яны загінулі.
Як высьветлілася, Адысей памыліўся. Ён сапраўды быў арлом, але гусіне жаніхі. Гусі былі мае дванаццаць служакя хутка ў гэтым упэўнілася, і роспач мая ня мела канца-краю.

Адная дэталь, вакол якой столькі накруцілі ў песьнях. Я загадала служкам абмыць ногі Адысею-жабраку, але ён адмовіўся: маўляў, ён дазволіць мыць сабе ногі толькі той, якая ня будзе зьдзекавацца з ягонай галечы ды скурчаных ступакоў. Я прапанавала, каб гэта зрабіла старая Эўрыклея: ейным нагам было гэтак жа далёка да эстэтычнага ідэалу, як і ягоным. Яна ўзялася за працу з незадаволеным буркаценьнемнават не падазравала, якую пастку я ёй паставіла. Неўзабаве Эўрыклея ўбачыла доўгі шнар, знаёмы ёй з тае пары, калі яна столькі разоў мыла ногі Адысею. Тут яна завішчэла ад радасьці і перакуліла таз, заліўшы вадой усю падлогу. Адысей ледзь яе не ўдушыў, каб яна яго ня выдала.
У песьнях гаворыцца, што я нічога не заўважыла, бо маю ўвагу адцягнула Афіна Палада. Калі вы ў гэта паверылі, то паверыце ў якую заўгодна туфту. Насамрэч я адвярнулася, каб схаваць сьмех, што так мяне й расьпінаў: сюрпрызец атрымаўся!

ХХ. Паклёп і плёткі.
Тут, здаецца мне, трэба разабрацца з паклёпам і плёткамі, што кружляюць вакол майго імя апошнія дзьве-тры тысячы гадоў. У іх няма ані кроплі праўды. Шмат хто кажа, што дзе не гарыць, там і ня курыць, але гэта глупства, а не аргумент. Усе мы чулі пагалоскі, што пазьней выяўляліся абсалютна беспадстаўнымі. Так было і з плёткамі пра мяне.
Абвінавачваньні датычаць майго сэксуальнага жыцьця. Напрыклад, мяне падазраюць у тым, што я спала з Амфіномамсамым ветлівым з жаніхоў. У песьнях кажуць, што мне былі прыемныя ягоныя размовыпрынамсі, больш прыемныя за балбатню астатніх, і гэта праўда. Але адсюль яшчэ вельмі далёка да таго, каб скочыць у ложак. Таксама праўда, што я дурыла галовы жаніхам і прыватна цешыла некаторых з іх абяцанкамі, але толькі чыста ў тактычных мэтах. Апроч усяго іншага, язаахвочвалажаніхоў і дзеля таго, каб выцягнуць з іх каштоўныя падарункі. Вядома, гэта слабая кампенсацыя за ўсё, што яны праелі ды прамантычылі. І дазвольце падкрэсьліць: сам Адысей бачыў і ўхваліў мае дзеяньні.
Паводле яшчэ больш гідкіх чутак, я спала з усімі жаніхамі па чарзез усёй сотняй з гакам, – а тады нарадзіла вялікага бога Пана. Ды хто мог паверыць гэткай жудаснай хлусьні! Некаторыя песьні ня вартыя нават таго, каб варушыць дзеля іх языком.
Розныя аглядальнікі згадвалі і маю сьвякроўку Антыклею: яна нічога не сказала пра жаніхоў, калі Адысей размаўляў з яе ценем на высьпе мёртвых. Ейнае маўчаньне расцэньваецца як доказ маёй віны: маўляў, калі б яна згадала жаніхоў, ёй бы прыйшлося сказаць і пра маю нявернасьць. Магчыма, ёй сапраўды хацелася пасеяць у душы Адысея атрутнае зерне, але вы ўжо ведаеце, як яна да мяне ставілася. Гэта было б апошняй кропляй цыкуты.
Іншыя зьвярталі ўвагу на тое, што я не прагнала і не пакарала дванаццаць дзёрзкіх служак, не замкнула іх у надворнай пабудове малоць зерне. Значыць, я і сама аддавалася юру. Але тут я ўжо ўсё патлумачыла.
Больш сурёзнае абвінавачваньнешто Адысей не адкрыўся мне адразу па вяртаньні. Маўляў, ён не давяраў мне і хацеў пераканацца, ці ня ладжу я ў палацы оргіяў. Аднак сапраўдная прычына ў тым, што ён баяўся, каб я не расплакалася ад радасьці і ня выдала яго. Адысей загадаў зачыніць мяне на жаночай палове разам з усімі астатнімі жанчынамі, пакуль сам распраўляўся з жаніхамі, і паклаўся не на маю дапамогу, а на Эўрыклеіну. Дык жа Адысей добра мяне ведаўведаў маё пяшчотнае сэрца, ведаў звычку патанаць у сьлязах і падаць на парозе. Ён проста не хацеў падстаўляць мяне пад небясьпеку і прымушаць глядзець на вусьцішнае відовішча. Бясспрэчна, толькі тым і тлумачацца ягоныя паводзіны.
Калі б мой муж пры жыцьці пачуў гэткі паклёп, ён, вядома, павырываў бы некаторым языкі. Але які сэнс разважаць пра страчаныя магчымасьці?

ХХІ. Хор: “Пені Пенелопы”. Драма.
Ролі выконваюць дзяўчаты-служкі.
Пралог (чытае Меланфо Гожыя Шчочкі):
Мы на парозе жудаснай разьвязкі.
Аднак сюжэт ёсьць іншы ў нашайказкі”.
Цінекалькі: багіня Пагалоска
Іх множыць згодна з прыхамацьцю боскай.
Пляткараць, Пенелопа, сімвал Цноты,
У сэксе неспатольная. З ахвотай
Яна скакала ў ложак з Амфіномам,
Хаваючы свой юр за плачам-стогнам.
Або што жаніхі, усе як адзіны,
У жарсьці з ёй камечылі прасьціны,
І мог у выніку на сьвет зьявіцца
Пан, бог-казёл, – казалі так крыніцы.
Сумнеў, няпэўнасьць з намі йдуць да скону.
Але, глядач, прыўзьнімем жа заслону!

Служка (у ролі Эўрыклеі):
Дзіця маё! Табе канец! Хутчэй!
Тут Гаспадар! Вярнуўся Адысей!

Служка (у ролі Пенелопы):
Каротканогіяк ня скеміць мне!

Эўрыклея:
Я ж бачыла шнар доўгі на сьцягне!

Пенелопа:
Ах, Нянька, з Адысея папрэ бздура,
Сьсячэ мне голаў – “паддалася юру”!
Няўжо ён думаў, лашчыўшы багіняў,
Што жонка спраўдзіць доўг свойці загіне?
Няўжо разьлічваў, песьцячы бландынак,
Што я тут ссохну, бы кулёк разынак?

Эўрыклея:
Абвесьціўшы, што бавіш час за тканьнем,
Ты ў ложку забаўлялася да раньня.
Злачынства прывядзе да пакараньня.

Пенелопа:
Гэй, Амфіном, сюды, ў таемны лёх!
Журбу ўдаваць я мушу: “Ах!…” дыВох!…”
(да Эўрыклеі)
Дзе строі? Нельга ж мне проставалосай!
Хто з дзевак ведаў, што напраўду адбылося?

Эўрыклея:
Дванаццаць, гаспадыня, тых, што ў курсе,
Як лёгка саступіла ты спакусе.
Тых, што каханкаў запускалі ўпотай,
Трымалі сьвечкі каля ложка потым
Усё ведаюць. Дык гэтай чарадзе
Раты заторкнема то быць бядзе!

Пенелопа:
Ўскладаю на цябе спадзевы ўсе я:
Ратуй мянеі гонар Адысея!
Дзіцём ён піў з тваіх антычных грудзяў,
То ж лепшай сьведкі за цябе ня будзе!
Скажы яму, што служкі-прасталыткі
Давалі жаніхам паўсюльяк ім ня гідка!
Што пакараць распусьніцаў пара:
Ня вартыя свайго гаспадара!

Эўрыклея:
Каб не мяньцілі языкамі болей
Павесіць шлюх! У рот ім па аболе!

Пенелопа:
Я ж выглядацьму Ідэалам Жонкі
І Адысею пазайздросьцяць усе навонкі.
Там жаніхі пяюць мне дыфірамбы
Скрозь плач скажу ім: “Чуў бы мужкараў бы!”

Хор служак (адбівае чачотку):
Ганьба, ганьба служкам!
Маленькім гнюсным шлюшкам!
Зьнясіліць іх, засіліць іх,
Ганьба, ганьба служкам!

Ганьба, ганьба кралям!
Жлабоў азызлых лялям!
У петлі іх, няветлівых,
Ганьба, ганьба, кралям!

Ганьба, ганьба сучкам!
Паршывым, хітрым штучкам!
Сьмерць брудным ім, сьмерць блудным ім,
Ганьба, ганьба, сучкам!
Усе робяць кніксэн.

ХХІІ. Алена купаецца.
Я тут блукала сярод асфадэлаў, разважала пра часы даўно прамінулыяі раптам бачу: мне насустрач самавіта выступае Алена. За ёю, як звычайна, вілася плойма духаў-мужчынаў, і ўсе яны ажно павісквалі, распаліўшыся ад пажады. Яна і вокам на іх не вяла, хоць, відавочна, усьведамляла іх прысутнасьць. У яе заўсёды была пара нябачных антэнаў, якія трымцелі ад найменшага подыху мужчыны.
Прывітаньне, качаня, – кінула яна са сваёй заўсёднай паблажлівай прыязнасьцю. – Я іду купацца. Хочаш са мною?
Алена, мы ўжо даўно духі, – адказала я, хочацца спадзявацца, з усьмешкай. – У духаў няма целаў, яны ня могуць запэцкацца. Ім ня трэба купацца.
А для мяне купаньне заўсёды было менавіта духоўнай патрэбай, – Алена шырока-шырока раскрыла свае прыгожыя вочы. – Яно так заспакойвае падчас самых адчайных закалотаў. Ты не ўяўляеш, як гэта стамляе, калі за цябе год за годам гатовыя біцца столькі мужчынаў. Ах, якое цяжкое бярэмя боскае хараство! Хоць ужо яно ня выпала табе на долю!
Я прапусьціла яе шпільку міма вушэй.
А ты будзеш здымаць сваё духовае адзеньне? – спыталася я.
Ах, Пенелопа, усім вядомая твая легендарная цнота, – адказала Алена. – Не сумняюся, калі б ты хоць раз захацела купацца, дык ня стала б распранаццанапэўна, ты і пры жыцьці так рабіла. На жаль, – тут яна ўсьміхнулася, – цноты не было сярод дарункаў, якімі надзяліла мяне сьмяшлівая Афрадыта. Мне сапраўды больш падабаецца купаццанават духоўнабез адзеньня.
А, тады зразумела, чым ты прывабіла гэткі вялізны натоўп гледачоў, – зьлёгку абсякла яе я.
А хіба ён большы, чым звычайна? – Алена наіўна прыўзьняла бровы. – За мною вечна ходзяць процьмы мужчынаў. Я іх ніколі не лічу. Але мне здаецца, што як столькі іх загінула дзеля мянегм, дакладней, праз мянея, вядома, абавязаная неяк ім адплаціць.
Хоць бы толькі даць ім адным вокам зірнуць на тое, што яны ўпусьцілі ў жыцьці.
Пажада не памірае разам з целам. Зьнікае толькі магчымасьць яе спатоліць. Але позірк-другі на нештачка такое іх, зайчыкаў, падбадзёрыць.
Надасьць ім жаданьне жыць.
Практыкуешся ў досьціпе? – заўважыла Алена. – Напэўна, лепш пазьней, чым ніколі.
Што канкрэтна: мой досьціп або тваё купаньнеголыя цыцкі ды голы зад як прынада для памерлых? – спытала я.
Ах, якая ты цынічная, – прамовіла Алена. – Навошта столькі негатыву адно таму, што мы ўжо нену, сама ведаеш! І навошта столькістолькі вульгарнасьці? У некаторых бывае шчодрая натура. Некаторыя любяць дзяліцца, чым могуць, з менш удачлівымі.
Дык ты, значыць, спрабуеш змыць з рук іх кроў? Вядома, у метафарычным сэньсе. Гэта твая адплата за сьціжмы зьнявечаных трупаў. Ніколі ня думала, што ты здольная адчуваць віну.
Гэта яе дапякло. Яна зьлёгку начапурылася:
Скажы, качаня, колькі чалавек перарэзаў праз цябе Адысей?
Так нішто сабе, – адказала я. Алена ведала дакладную лічбу: яна даўным-даўно з задавальненьнем пераканалася, што іх агульны лікпроста мізэр у параўнаньні з гарамі трупаў, кінутымі да яе ног.
Гэта як паглядзецьзаўважыла Алена. – Але яно і добра. Не сумняюся: ты адчула сябе больш важнай птушкай. Можа, ты нават адчула сябе прыгажэйшай.
Яна ўсьміхнулася аднымі вуснамі.
Ну, качаня, я пайду. Яшчэ абавязкова пабачымся. Прыемна табе бавіць час сярод асфадэлаў, – і яна паплыла прэч у суправаджэньні свайго апанаванага хэньцю эскорту.

ХХІІІ. Адысей і Тэлемах прыкончылі дзяўчатаў-служак.
Я праспала заваруху. Як я магла? Падазраю, што Эўрыклея падсыпала чагосьці мне ў заспакаяльны напой, каб выключыць з гульні і ня даць умяшацца. Ды мне так ці іначай не далі б умяшацца: Адысей загадаў, каб усіх жанчынаў надзейна зачынілі на замок на жаночай палове.
Эўрыклея расьпісала мне і кожнаму, хто меў ахвоту слухаць, як усё адбылося. Спачатку, казала яна, Адысей, апрануты жабраком, глядзеў, як Тэлемах паставіў дванаццаць сякераў і як жаніхі не змаглі нацягнуць ягоны знакаміты лук. Тады ён сам узяў у рукі лук, нацягнуў яго і пусьціў стралу праз дванаццаць сякераў, другі раз заваяваўшы такім чынам маю руку. А затым ён прастрэліў горла Антыною, скінуў свой маскарадны ўбор і пазабіваў усіх жаніхоў да апошнягаспачатку страляў з лука, а потым дзейнічаў дзідаю і мячом. Яму дапамагалі Тэлемах і два верныя пастухі, але ўсё роўнагэта быў немалы подзьвіг. Жаніхі мелі некалькі дзідаў і мячоўіх прынёс казапас-здраднік Меланфій, але ўрэшце ніякай карысьці ім з таго рыштунку не было.
Эўрыклея распавяла, як яна з іншымі жанчынамі ў страху прыгіналася за замкнёнымі дзьвярыма, прыслухоўваючыся да крыкаў, грукату паламанай мэблі ды стогнаў сьмяротна параненых. А далей яна апісала, які жах здарыўся пасьля.
Адысей паклікаў яе да сябе і загадаў назвацьняверных”, як ён сказаў, служак. Прымусіў дзяўчатаў сьцягнуць ва ўнутраны двор целы мёртвых жаніхоўа сярод іх былі і іх нядаўнія каханкі, – змыць з падлогі мазгі і засохлую кроў, вымыць усе да адзінага ацалелыя ў бойцы крэслы і сталы.
Потым, працягвала Эўрыклея, Адысей загадаў Тэлемаху пасячы служак на кавалкі мячом. Але мой сын, жадаючы сьцьвердзіць сябе перад бацькам і паказаць, які ён разумны, – у такім ужо ён быў узросьце, – павесіў іх усіх, адну за адной, на карабельным канаце.
А тады, сказала Эўрыклеяяна не магла схаваць зласьлівай радасьці, – Адысей з Тэлемахам адсяклі вушы, і нос, і рукі, і ногі, і геніталіі ў Меланфія, казапаса-здрадніка, і кінулі іх сабакам, не зьвяртаючы ўвагі на жудасныя крыкі няшчаснага, які заходзіўся ад болю.
Яны мусілі даць урок усім астатнім, каб ніхто больш ня меў ахвоты перабягаць на бок ворага, – казала Эўрыклея.
Ды каго ж, каго са служак яны павесілі? – закрычала я, выціраючы сьлёзы. – О богі, каго?
Гаспадыня, дзіцятка, – пачала апраўдвацца Эўрыклея, прадчуваючы маю незадаволенасьць, – ён хацеў забіць іх усіх! Мне давялося выбірацьіначай загінулі б усе!
Каго? – спытала я, імкнучыся не даваць волі эмоцыям.
Усяго дванаццацёх, – запінаючыся адказала Эўрыклея. – Непаслухмяных. Тых, хто грубіяніў. Тых, хто перада мною нос высока трымаў. Меланфо Гожыя Шчочкі ды ейную хеўругэтых штучак. Шлюшак, якіх сьвет ня бачыў.
Тых, каго згвалцілі, – прамовіла я. – Наймаладзейшых. Найпрыгажэйшых.
Яны былі маімі вачамі і вушамі сярод жаніхоў. Доўгімі начамі дапамагалі мне распускаць покрыва. Мае беласьнежныя гусі. Мае дразды, мае галубкі!” – пра гэта я прамаўчала.
Гэта я вінаватая! Я не распавяла Эўрыклеі пра наш план!
Яны немаведама што пра сябе ўяўлялі, – баранілася Эўрыклея. – Каб цар Адысей дазволіў гэтым нахабным дзеўкам па-ранейшаму служыць у палацыне, так нельга. Ён бы ні на хвіліну ня мог ім давяраць. А зараз, дзіцятка, хадзі сюды. Цябе хоча бачыць муж.
Што мне было рабіць? Рыданьні ня вернуць да жыцьця маіх цудоўных дзяўчатак. Я прыкусіла язык. За ўсе гэтыя гады я так часта прыкусвала сабе язык, што проста дзіва, як не адкусіла.
Мёртвыя ёсьць мёртвыя, сказала я сабе. Я буду маліцца і прыносіць ахвяраваньні за іхныя душы. Але таемна, іначай Адысей западозрыць і мяне.

* * *
Аднак магчымае і больш страшнае тлумачэньне. А што калі Эўрыклея ведала пра маю дамову з дзяўчатамі, ведала, што яны былі маімі агентамі сярод жаніхоў, ведала, што гэта на мой загад яны непакорліва трымаліся? А што калі Эўрыклея наўмысна паказала на іх, забіла іх з крыўды, бо адчувала, што яе не дапусьцілі да нашай змовы? А што калі яна жадала захаваць свой прывілей быць набліжанай да Адысея?
Тут, у апраметнай, мне так і не ўдалося запатрабаваць ад яе праўдзівага адказу. У Эўрыклеі на руках недзе з тузін памерлых немаўлятаў, і яна вечна занятая імі. На ейнае шчасьце, яны ніколі ня вырастуць. Кожны раз, калі я падыходжу да яе і спрабую загаварыць, яна кажа: “Потым, потым, дзіцятка! Бацюхны, я такая занятая! Паглядзі на малюпасікавох, які ты красунчык, а-га-га, а-ся-ся!”
Мне ніколі ня ўведаць праўды.

XXIV. Хор: “Лекцыя з антрапалогіі”.
Чытаюць: дзяўчаты-служкі.
На якія ж думкі наводзіць адукаваны розум наш лік, лік дзяўчатаў-служаклік дванаццаць? Дванаццаць апосталаў, дванаццаць калядных дзён, так, але ёсьць яшчэ і дванаццаць месяцаў. А на якія думкі наводзіць адукаваны розум словамесяц”? Так? Вы, сэр, у апошнім шэрагу. Слушна! Словамесяц”, як усім вядома, паходзіць ад назвы Месяца. Не, гэта далёка не супадзеньне, гэта зусім не супадзеньне, што нас было дванаццаць, а не адзінаццаць і не трынаццаць, і ня дзесяць, як тых мурынятаў з вершыка.
Бо мы былі ня проста дзяўчаты-служкі. Не ўсяго толькі нявольніцы ды рабыні. О не! Мы, бясспрэчна, мелі вышэйшае прызначэньне! А што калі мы былі не дванаццаць дзяўчатаў-служак, а дванаццаць дзеваў-служыцелек? Дванаццаць месяцовых дзеваў, спадарожніцаў Артэміды, цнатлівай, але сьмерцядайнай багіні Месяца? А што калі мырытуальныя ахвяры, адданыя жрыцы, якія выконвалі адведзеную ім ролюспачатку разам з жаніхамі ўдзельнічалі ў оргіі, зьвязанай з абрадам плоднасьці, затым ачысьціліся, абмыўшыся ў крыві забітых ахвяраў-мужчынаў (о, як шмат іх было, як добра ўганараваная багіня!) і вярнуўшы цноту, як Артэміда вярнула сабе цноту купаньнем у ручаі, афарбаваным крывёю Актэона? А тады мы, як і належыць, ахвотна прынесьлі сябе ў ахвяру, што сімвалізавала цёмную фазу Месяца, каб мог наноў пачацца увесь цыкл, і каб наноў узышла ў небе срэбная багіня новага Месяца. Чаму Іфігенію надзяляюць большай ахвярнасьцю і самаадданасьцю за нас?
Гэткае прачытаньне разгляданых падзеяў прывязанаевыбачаемся за гульню словаўда карабельнага каната, на якім мы боўталіся, бо човен сімвалізуе сабою маладзік. І яшчэ ў паданьні выконвае надзвычай важную функцыю луквыгнуты ветах, лук Артэміды, з якога пушчаная страла праз дванаццаць сякераўдванаццаць! Страла праляцела праз адтуліны ў дзяржальнах, круглыя адтуліны ў форме поўні! А самое павешаньнепадумайце, шаноўная адукаваная публіка, пра значэньне павешаньня! Над зямлёю, у паветры, злучаныя з падуладным Месяцу морам пупавінай карабельнага канатастолькі знакаў, што прамінуць іх ніяк немагчыма!
Што, сэр? Вы, у апошнім шэрагу. Так, слушна, месяцаў насамрэч трынаццаць, так што нас мусіла быць трынаццаць. І таму, кажаце Вымы б дадалі: самазадаволена, – нашая тэорыя адносна нас саміх беспадстаўная, бо нас было толькі дванаццаць. Але пачакайценапраўду нас было трынаццаць! Трынаццатаянаша вярхоўная жрыца, інкарнацыя самой Артэміды. Ня хто іншая, як сама царыца Пенелопатак-так!
Магчыма, нашае згвалтаваньне і наступнае павешаньне выяўляе, такім чынам, што матрылінеальны культ багіні Месяца быў зрынуты групай прыхадняў-узурпатараўбарбараў, якія трымаліся патрыярхату і пакланяліся богу-бацьку. Іх правадыр, а калі быць дакладнымі, Адысей, прэтэндаваў бы тады на царства, узяўшы за жонку нашую вярхоўную жрыцу, а калі казаць канкрэтна, Пенелопу.
Не, сэр, мы ня згодныя, што гэтая тэорыяпапросту нічым не абгрунтаваная фемінісцкая чухня. Мы разумеем Вашае нежаданьне выносіць на сьвятло і адкрыта абмяркоўваць падобныя пытаньні: вядома, згвалтаваньні і забойствынепрыемная тэма. Але, бясспрэчна, падобныя зрынаньні матрыярхатных культаў адбываліся па ўсім Міжземнаморігэта шматкроць пацьверджана вынікамі археалагічных раскопак на месцах дагістарычных паселішчаў.
Несумненна, сякеры, не ўжываныязнакавая рыса! – падчас бойні, ня вытлумачаныятаксама знакавая рыса! – ніякім здавальняльным чынам за тры тысячагоддзі ніводным каментатарам, мусілі быць абоевострымі рытуальнымі сякерамі, што зьвязваліся з культам Вялікае Маці ў мінойскай цывілізацыі. Гэтымі сякерамі сьціналі галаву цару-году, калі сканчаўся тэрмін ягонага цараваньнятрынаццаць месяцаў! І калі цар-бунтаўнік з Ейнага ж лука пушчае стралу праз Ейныя ж рытуальныя сякеры жыцьця і сьмерці, каб засьведчыць сваю ўладу над Ёю, – якое гэта апаганьваньне сьвятыні! Як пеніссімвал патрыярхатуадзінаасобна вырашае працяцьАле тут мы занадта далёка зайшлі.
Цалкам магчыма, што за дапатрыярхальным ладам адбываліся спаборніцтвы ў лучніцтве, але яны праводзіліся належным чынам. Пераможцу на год абвяшчалі рытуальным царом, а па зыходзе тэрміну вешалі (згадайце матыў Шыбеніка, што захаваўся толькі ў выглядзе найніжэйшае карты таро). Яму таксама адрывалі геніталіі, як быццам ён труцень, павязаны з пчаламаткай. Абедзьве дзеіі павешаньне, і адрываньне геніталіяўмелі надаць плоднасьць зямлі. Але ўзурпатар Адысей не захацеў паміраць напрыканцы адведзенага яму тэрміну. Прагнучы падоўжыць жыцьцё і ўладу, ён знайшоў сабе займеньнікаў. Геніталіі сапраўды адарвалітолькі не яму, я казапасу Меланфію. Павешаньне сапраўды адбылосятолькі замест яго на шворцы гойдаліся мы, дванаццаць месяцовых дзеваў.
Мы можам працягваць. Не жадаеце паглядзець на некаторыя малюнкі на вазах, на разьблёныя прадметы культу Вялікай Багіні? Не? Нічога страшнага. Галоўнае, каб вы, шаноўная адукаваная публіка, ня надта пераймаліся. Навошта ўяўляць нас сапраўднымі дзяўчатамі, з сапраўднага цела і крыві, што цярпелі сапраўдны боль праз сапраўдую несправядлівасьць? Вас гэта залішне прыгнобіць. Так што махніце рукой на гнюснасьці. Лічыце нас чыстым сімвалам. Мы ня больш сапраўдныя за грошы.

ХXV. Каменнае сэрца.
Я спускалася па прыступках, перабіраючы ў галаве магчымыя варыянты паводзінаў. Я была зрабіла выгляд, што не паверыла Эўрыклеі, нібыта пазабіваў жаніхоў сам Адысей. “Можа, гэта самазванец, – сказала я. – Адкуль мне ведаць, як выглядае Адысей, калі прайшло дваццаць гадоў?” А яшчэ мяне трывожыла, якой ён мусіць мяне ўбачыць. Калі Адысей адплываў, я была зусім маладзенькай. Цяпер я зрабілася паважнай матронай. Няўжо магчыма, каб ён не расчараваўся?
Я вырашыла прымусіць яго чакацья ж яго столькі часу чакала. Да таго ж я не магла гэтак адразу схаваць свае сапраўдныя пачуцьці, што абрынуліся на мяне, калі ён павесіўгора мне, гора! – дванаццаць маладых служак.
Таму, увайшоўшы ў залу і пабачыўшы Адысея, я не прамовіла ані слова. Тэлемах ня стаў марнаваць часуледзь не адразу ўзяўся мяне папракаць, як халодна я сустракаю ягонага бацьку. “Каменнае сэрца”, – грэбліва заявіў ён мне. Я разумела, што ў яго перад вачыма стаіць ружовая карцінка: як яны абяднаюць супраць мяне сілы, сын з бацькам, два дарослыя мужчыны, два пеўні, што камандуюць у сваім куратніку. Вядома, я жадала Тэлемаху толькі добрагаён жа мой сын. Я хацела, каб яму спрыяў посьпех, якую б кареру ён сабе ні абраўпалітычнага лідэра, вайскаводцы ці каго заўгодна. Але ў той момант я пашкадавала, што няма другой Траянскай вайны, каб можна было даслаць яго прэч з вачэй. Ад хлопцаў, якія толькі пачынаюць бараду галіць, часта бывае адзін галаўны боль.
Зрэшты, я была радая падмацаваць уражаньне, што я жорсткасэрнаяхай Адысей пераканаецца: я ня кідалася ў абдымкі кожнаму, хто зьяўляўся ў палацы і абвяшчаў сябе маім мужам. Таму я паглядзела на яго абыякава і сказала, што паверыць, нібы бадзяга, брудны, увесь у крыві, і ёсьць мой мілы муж, які адплыў у Трою дваццаць гадоў таму ў такіх прыгожых строях, – для мяне гэта ўжо занадта.
Адысей усьміхнуўсяён чакаў вялікай сцэны, у якой усё раскрыецца, чакаў маёй рэплікі: “Дык гэта ты! Які неверагодны маскарад!” – каб з гэтымі словамі я кінулася яму на шыю. Ён пайшоў прыняць ваннуяна была яму больш чым неабходная. Калі Адысей вярнуўсяу чыстай вопратцы, і пахнуў значна лепш, чым раней, – я не магла адмовіць сабе ў задавальненьні падражніць яго яшчэ разок. Я загадала Эўрыклеі перасунуць ложак са спачывальні Адысея і падрыхтаваць яе для незнаёмца.
Памятаеце, адзін слупок ложка быў выразаны з дрэва, якое сыходзіла карэньнем у зямлю. Пра гэта ніхто ня ведаў, апроч Адысея, мяне і Актарыды, маёй служкі са Спарты, якая ўжо даўно памерла.
Падумаўшы, што нехта падсёк ягоны бясцэнны слупок, Адысей імгненна разьятрыўся. І толькі тады я адтала і выканала сваю ролю па апазнаваньні мужа. Я праліла дастаткова сьлёз, абняла яго і заявіла, што ён прайшоў выпрабаваньне і цяпер я пэўная: ёнАдысей.

І мы забраліся ў той самы ложак, дзе правялі мноства шчасьлівых гадзінаў, калі яшчэ толькі пажаніліся, перш чым Алене прыйшла да галавы блазнота зьбегчы з Парысам, распаліць полымя вайны і прынесьці няшчасьце ў мой дом. Я радавалася, што ўжо сьцямнела, бо ў цемры ня так было заўважна, як мы абодва зьвялі.
Мы ўжо не жаўтаротыя верабейкі, – прамовіла я.
Мы такія, якія ёсьць, – адказаў Адысей.
Праз колькі часу, задаволеныя адно адным, мы вярнуліся да сваёй старой звычкібаяць байкі. Адысей распавёў мне ўсё пра свае вандраваньні й нягоды, што ён пераадольваў, – у больш узьнёслых версіях, з пачварамі ды багінямі, а ня ў гнюсных, з карчмарамі ды шлюхамі. Ён згадаў усю плойму хлусьні, што панаплёў, усе імёны, якімі называўся (сказаць цыклопу, што яго завуць Ніхтонайдасьціпнейшая з ягоных штук, але Адысей сапсаваў яе пахвальбою), усе ілжывыя біяграфіі, што панавыдумляў (найлепшыякаб схаваць, хто ён такі і што мае на мысьлі). Я ж распавяла яму пра жаніхоў, пра сваю прыдумку з пахавальным покрывам для Лаэрта, пра тое, як я зманліва заахвочвала жаніхоў, па-майстэрску дурыла ім галовы, замаўляла зубы і нацкоўвала адных на другіх.
Тады Адысей сказаў, як ён сумаваў безь мяне, як усім сваім нутром прагнуў мяне, нават калі яго абдымалі беласьнежныя рукі багіняў. Я распавяла, колькі сьлёз праліла, дваццаць гадоў чакаючы ягонага вяртаньня, якой я была невыносна вернайда поўнага нудоцьця, як у мяне ніколі нават і думкі не прасьлізнула, каб выдаць таямніцу ягонага велізарнага ложка з дзівосным слупком, пераспаўшы на ім з некім іншым.
Мы абодва, паводле ўласнага ж прызнаньня, былі адмыслоўцамі ў хлусьні, прычым бессаромнымі, са шматгадовым досьведам. Дзіва дзіўнае: як мы маглі паверыць хоць адзінаму слову са сказанага другім?!
Але паверылі.
Ці прыкінуліся, што паверылі.

Не пасьпеў Адысей вярнуцца, як зноўку зьнік. Ён патлумачыў, што, як яму ні скрушна адрывацца ад мяне, але трэба выпраўляцца ў новыя прыгоды. Яму сказаў дух яснабачліўца Тырэсія, што ён мусіць ачысьціцца, пранёсшы вясло далёка-далёка ўглыб зямлі, каб там яго прынялі за веялку. Толькі так ён зможа змыць з сябе кроў жаніхоў, унікнуць іхных прагных помсты духаў ды прагных жа помсты родзічаў і суняць гнеў марскога бога Пасейдона, дасюль разьюшанага тым, што Адысей асьляпіў ягонага сына цыклопа.
Праўдападобная гісторыя. Але, зрэшты, усе Адысеевыя гісторыі здаваліся праўдападобнымі.

XXVI. Хор: Суд над Адысеем, зьняты на відэа дзяўчатамі-служкамі.
Адвакат падсуднага: Ваш гонар, дазвольце мне сказаць слова на карысьць невінаватасьці майго кліента Адысея, легендарнага героя з высокай рэпутацыяй, які стаіць перад судом па абвінавачваньні ў шматлікіх забойствах. Было ці не было апраўданым забойства пасродкам стрэлаў і дзідаўмы не заглыбляемся ў дыскусію наконт самога факту ці паймянёных прыладаў забойствабольш як ста дваццаці маладзёнаў высокага роду (плюс-мінус тузін), якія, мушу падкрэсьліць, без дазволу спажывалі ягоную ежу, турбавалі ягоную жонку, увайшлі ў змову з мэтай забіць ягонага сына і захапіць ягоны трон? Мой шаноўны калега выказаў дапушчэньне, што зьдзейсьненае Адысеем забойства гэтых маладых людзей не апраўданае, бо ў ім выявілася надзвычай неадэкватная рэакцыя на той факт, што яны трохі завольна пагуляліся ў гурманаў у ягоным палацы.
Таксама выказвалася дапушчэньне, што Адысею (ц)і ягоным спадкаемцам ці прызначаным ім асобінам прапаноўвалася кампенсацыя за адсутныя ў наяўнасьці харчовыя прадукты, і што мой кліент павінен быў спакойна яе прыняць. Аднак названая кампенсацыя прапаноўвалася тымі самымі маладзёнамі, якія, нягледзячы на шматлікія просьбы, раней нічога не зрабілі дзеля таго, каб суняць свае зайздросныя апетыты, ці прыйсьці на дапамогу Адысею, ці абараніць ягоных сямейнікаў. Яны не выяўлялі пашаны да майго кліента ў ягоную адсутнасьцьнаадварот. Дык наколькі заслугоўвалі даверу іхныя словы? Ці можа разумны чалавек разьлічваць, што яны вярнулі б хоць адзінага быка з таго, што абяцалі?
І давайце параўнаем шанцы бакоў. Сто дваццаць (плюс-мінус тузін) супраць аднаго цікалі перабольшвацьчатырох, бо ў Адысея былі саўдзельнікі, як пайменаваў іх мой калега, а дакладней, адзін ледзь асталелы сваяк і два слугі, не навучаныя вядзеньню бою. Дык што магло зашкодзіць гэтым маладзёнам зрабіць выгляд, быццам яны дасягнулі пагадненьня з Адысеем, а потым накінуцца на яго цёмнай ноччу, калі засьне ахова, і забіць яго да сьмерці? Мы перакананыя, што, ухапіўшыся за адзіную магчымасьць, дадзеную яму лёсам, наш усімі паважаны кліент Адысей дзейнічаў выключна ў мэтах самаабароны. Таму мы просім Вас спыніць справу.
Суддзя: Я схільны пагадзіцца.
Адвакат падсуднага: Дзякую, Ваш гонар.
Суддзя: Што за вэрхал у апошніх шэрагах? Заклікаю да парадку! Спадарыні, перастаньце выстаўляць сябе на пасьмяяньне! Прывядзіце вопратку ў прыстойны выгляд! Здыміце з шыі вяроўкі! Займіце месцы на лаўках!
Дзяўчаты-служкі: Вы забыліся пра нас! А нашая справа? Яго нельга пакінуць непакараным! Ён нас халаднакроўна павесіў! Дванаццаць! Дванаццаць маладых дзяўчатаў! Бяз дай прычыны!
Суддзя (адвакату падсуднага): Гэта новае абвінавачваньне. Строга кажучы, яго належыць разглядаць у рамках асобнага працэсу; але гэтыя дзьве справы шчыльна зьнітаваныя, і таму я гатовы выслухаць аргументы бакоў. Што Вы можаце сказаць у абарону свайго кліента?
Адвакат падсуднага: Ён дзейнічаў у межах сваіх правоў. Яны былі ягоныя рабыні.
Суддзя: Аднак усё роўна ён мусіў мець нейкія падставы. Нават рабоў нельга забіваць, калі ў галаву стукне. Чым гэтыя дзяўчаты заслужылі павешаньне?
Адвакат падсуднага: Яны ўступілі ў сэксуальныя адносіны без дазволу.
Суддзя: Хм. Зразумела. З кім яны ўступілі ў сэксуальныя адносіны?
Адвакат падсуднага: З ворагамі майго кліента, Ваш гонар. З тымі самымі, якія толькі і думалі, як заручыць яго з сырою зямліцаю, а самім заручыцца з ягонай сужаніцаю. (Хіхікае з уласнага каламбуру.)
Суддзя: Я так разумею, гэта былі наймаладзейшыя са служак?
Адвакат падсуднага: Гм, натуральна. Самыя прыгожыя і самыя сэксапільныя, а як жа. Збольшага.
Дзяўчаты-служкі горка сьмяюцца.
Суддзя (гартаючыАдысеюГамера): Тут, у гэтай кнізекнізе, з якой нам трэба з усёй неабходнасьцю зьвярацца, бо гэта найаўтарытэтнейшая крыніца інфармацыі па тэме (хоць у ёй выразна выяўленыя этычна непрымальныя тэндэнцыі і, на маю думку, прысутнічае зашмат сцэнаў сэксуальнага і гвалтоўнага характару) – дык вось, у гэтай кнізе гаворыццавось тут, зараз, чакайцеу Кнізе 22 гаворыцца, што служкі былі згвалтаваныя. Жаніхамі. Ніхто іх не спыніў. Да таго ж тут апісваецца, як жаніхі зацягнулі да сябе служак са зламыснымі (ц)і непрыстойнымі намерамі. Ваш кліент ведаў дадзеную акалічнасьцьтут прыводзяцца ягоныя ўласныя выказваньні пра гэты факт. Такім чынам, жаніхі шматкроць пераўзыходзілі служак сілаю, і дзяўчаты былі цалкам безабаронныя. Так?
Адвакат падсуднага: Я пры гэтым не прысутнічаў, Ваш гонар. Усё адбылося за тры-чатыры тысячы гадоў да мяне.
Суддзя: Разумею сутнасьць праблемы. Выклічце сьведку Пенелопу.
Пенелопа: Я ў той час спала, Ваш гонар. Я часта спала. Магу толькі паўтарыць, што яны казалі потым.
Суддзя: Чаго хто казалі?
Пенелопа: Служкі, Ваш гонар.
Суддзя: Яны казалі, што іх згвалтавалі?
Пенелопа: Э-э-э, так, Ваш гонар. Фактычна згвалтавалі.
Суддзя: І Вы ім верылі?
Пенелопа: Так, Ваш гонар. То бок, я была схільная ім верыць.
Суддзя: Як я разумею, яны часта ня слухаліся.
Пенелопа: Так, Ваш гонар, але
Суддзя: Але Вы іх не каралі, і яны па-ранейшаму заставаліся ў Вас служкамі?
Пенелопа: Я добра іх ведала, Ваш гонар. Я любіла іх. Я, можна сказаць, некаторых сама вырасьціла. Яны былі мне як дочкі, якіх я ніколі ня мела. (Плача.) Я так іх шкадавала! Большасьць служак раней ці пазьней гвалцяцьпрыкрая, але заўсёдная рэальнасьць палацавага побыту. Супраць іх, у разуменьні Адысея, сьведчыла ня тое, што іх згвалтавалі, а тое, што іх згвалтавалі без дазволу.
Суддзя (хмыкае): Выбачайце, спадарыня, але хіба ня ў гэтым сутнасьць усялякага згвалтаваньнябез дазволу?
Адвакат падсуднага: Без дазволу гаспадара, Ваш гонар.
Суддзя: А, зразумела. Аднак іхні гаспадар адсутнічаў. То бок, фактычна, гэтыя служкі былі змушаныя спаць з жаніхамі, бо калі б яны выказалі супраціў, іх бы ўсё адно згвалтавалі, толькі ў значна больш жорсткай форме?
Адвакат падсуднага: Не разумею, якое гэта мае дачыненьне да справы.
Суддзя: Як, відавочна, не разумеў і Ваш кліент. (Хмыкае.) Аднак ягоную эпоху нельга параўноўваць з нашай. Тады існавалі іншыя нормы паводзінаў. Было б вельмі шкада, калі б гэты сумны, але дробязны эпізод застаўся плямай на рэпутацыі ва ўсім астатнім надзвычай выбітнай асобы з бліскучай карерай. Апроч таго, я не хачу, каб мяне абвінавачвалі ў анахранізме. Таму я закрываю справу.
Дзяўчаты-служкі: Мы патрабуем справядлівасьці! Патрабуем адплаты! Зьвяртаемся да закону крывавае помсты! О разьюшаныя эрыніі, мы клічам вас!
Зьяўляюцца дванаццаць эрыніяў. У іх валасы-зьмеі, у іх сабачыя галовы, у іх крылы кажановыя. Яны прынюхваюцца, з шумам уцягваючы паветра.
Дзяўчаты-служкі: О мсьцівіцы, о эрыніі, на вас нашая апошняя надзея! Молім вас: зьдзейсьніце кару, спраўдзіце адплату! Будзьце нам абаронцамі, якіх пры жыцьці мы ніколі ня мелі! Учуйце Адысея, куды б ён ні йшоў! Ганіцеся за ім з адной мясьціны ў іншую, з аднаго жыцьця ў іншае, якія б маскі ён ні насіў, якое б аблічча ні прымаў, палюйце на яго! Ідзіце ягоным сьледам, на зямлі і ў Аідзе, дзе б ён ні шукаў прытулкуу сьпевах і песах, у тоўстых тамах і грунтоўных дысертацыях, у зносках і дадатках! Зьяўляйцеся яму ў вобразе дзяўчатаў-служак, зьнявечаных, нішчымных мярцьвячак! Хай ён ніколі ня ведае спакою!
Эрыніі паварочваюцца да Адысея. Палаюць іх чырвоныя вочы.
Адвакат падсуднага: Клічу шэравокую Афіну Паладу, несьмяротную дачку Зеўса! Абарані, о багіня, права ўласнасьці, права мужчыны быць гаспадаром у сваім доме! Аднясі майго кліента адсюль на воблаку!
Суддзя: Што такое? Заклікаю да парадку! Да парадку! Гэта суд, установа юстыцыі ХХІ стагоддзя! Гэй, вы! Спусьціцеся са столі! Хопіць брахаць ды сыкаць! Спадарыня, прыкрыйце грудзі і апусьціце дзіду! Што гэта за воблака? Дзе паліцыя? Дзе падсудны? Куды ўсе падзеліся?

XXVII. Дома, у Аідзе.
Неяк уначы колькі дзён таму я зазірнула ў ваш сьвет вачыма экстрасэнса, якая ўвайшла ў транс. Ейная кліентка хацела зьвязацца са сваім памерлым каханым, каб спытацца, ці прадаваць іхную кватэру, але замест яго зьявілася я. Калі адкрываецца прагал, я часьцяком хуценька ў яго кідаюся. Выходзіць на шпацыр удаецца радзей, чым хацелася б.
Ня тое, каб я мела на мэце бэсьціць, так бы мовіць, бок, які нас запрашае; але проста неверагодна, як жывыя ўвесь час не даюць спакою памерлым. Сама завядзёнка праз вякі амаль не зьмяняецца, хоць спосабы выкарыстоўваюцца розныя. Не скажу, што мне гэтак ужо бракуе сібілаў з іхнымі залатымі галінамі: яны вечна цягнулі за сабою ўсялякіх пачаткоўцаў, прагных спазнаць будучыню, – тыя бадзяліся па Аідзе ды турбавалі ценяў. Але сібілы, прынамсі, мелі хоць нейкія манеры. Пазьней зьявіліся магі ды чарадзеітыя былі горшыя, аднак жа хоць сурёзна ставіліся да сваёй справы.
А цяперашнія, бадай, настолькі трывіялізаваліся, што ўвогуле ня вартыя аніякай увагі. Іх цікавяць цэны на біржы, міжнародная палітыка, уласныя праблемы са здароўем ды падобны ідыятызм. Да таго ж яны хочуць размаўляць з тымі, хто нічога з сябе не ўяўляе, – з пустымі месцамі, якіх мы тут, у царстве ценяў, зусім не абавязаныя ведаць. Хто такая гэтая Мэрылін, на якой усе зваряцелі? Хто такі гэты Адольф? Сустракацца з імітолькі сілы марнаваць. Як тут не злавацца?
Аднак зазіраць у гэтыя рэдкія замковыя адтуліныадзіны спосаб уведаць нешта пра Адысея, калі яго няма тут, у падземным царстве, у ягоным звычайным абліччы.
Вам, пэўна, знаёмыя нашы парадкі. Калі ёсьць ахвота, мы можам нарадзіцца наноў, скарыстацца з магчымасьці пражыць на зямлі яшчэ раз. Але спачатку трэба выпіць з водаў Забыцьця, каб з памяці сьцерлася папярэдняе жыцьцё. У тэорыі. Але, як і ўсе іншыя, гэтая таксама толькі тэорыя. Воды Забыцьця не заўсёды маюць належнае дзеяньне. Шмат хто ўсё памятае. Некаторыя кажуць, што ёсьць розныя водышто заўсёды можна выпіць з водаў Памяці. Але я сама не правярала.
Алена шматкроць выбіралася на гэткія экскурсіі. Яна іх так і называе – “мае невялічкія экскурсіі”. “Я так пазабаўлялася”, – заўсёды пачынае яна па вяртаньні. А далей расьпісвае ва ўсіх падрабязнасьцях, каго і як яна гэтым разам зваявала і ўводзіць мяне ў курс навінак моды. Ад яе я даведалася пра аплікацыі на строях, парасолькі, турнюры, туфлі на шпільцы, грацыі, бікіні, аэробіку, боды-пірсінг, ліпасакцыю. Тады Алена распавядае, у які разгул яна пушчалася, колькі скандалаў праз яе ўсчалося і колькім мужчынам яна паламала жыцьцё.
Праз мяне руйнаваліся імперыі, – любіць паўтараць яна.
Як я разумею, інтэрпрэтацыя эпізоду з Траянскай вайной зьмянілася, – кажу я, каб трохі зьдзьмуць з яе пыху. – Цяпер прынята лічыць, што ты папросту міф, а сапраўдная прычыназмаганьне за гандлёвыя шляхі. Так сьцьвярджаюць навукоўцы.
Ах, Пенелопа, ну колькі можна мне зайздросьціць, – адказвае Алена. – Мы маглі б ужо і пасябраваць! Хадзем са мною, калі я наступны раз зьбяруся падняцца на зямлю. Зьезьдзілі б у Лас-Вегас. Гульнулі б на ўсю ноч дзявочай кампаніяй! А, забыласягэта ня твой стыль. Табе больш даспадобы роля вернай жоначкі, ткацтва і ўсё такое. Я, такая бяка, ніколі б так не змаглапамерла б ад нудоцьця. А ты заўсёды была такая дамаседка.
Алена мае рацыю. Я ніколі ня буду піць з водаў Забыцьця. Ня бачу сэнсу. Не: бачу сэнс, але не хачу рызыкаваць. У мінулым жыцьці мне на долю выпала столькі нягодаўхто гарантуе, што наступнае ня будзе горшым? Нават з маім абмежаваным доступам да вашага сьвету няцяжка пабачыць, што ён ня менш небясьпечны, чым за маім часам, толькі што няшчасьцяў ды пакутаў стала на некалькі парадкаў больш. А чалавечая натура як была наскрозь фальшывая, так і засталася.

Аднак Адысея гэта не спыняе. Забяжыць ненадоўга сюды, у Аід, разыграе сцэнуЯкі я шчасны, што зноў цябе бачу”, скажа мне, што ягоная адзіная сапраўдная маражыць спакойным сямейным жыцьцём са мною, з якімі б незямнымі красунямі ён ні скакаў у ложак і ў якіх бы шалёных прыгодах ні ўдзельнічаў. Мы ціхамірна прагуляемся разам, перакусім асфадэламі, падзелімся старымі гісторыямі; Адысей паведаміць мне пра Тэлемаха: ён цяпер засядае ў парламеньцея так ім ганаруся! А тады, як толькі мяне крышачку адпусьціць трывога, як толькі я пачну адчуваць, што магу дараваць яму ўсё, што праз яго вынесла, і прыняць яго такім, які ён ёсьць, з усімі ягонымі недахопамі, як толькі я пачну верыць, што ён гэта сурёзнаАдысей зноў зьнікае, куляй ляціць да Леты, каб нарадзіцца наноў.
Ён гэта ўсурёз. Праўда. Ён хоча быць са мною. У яго сьлёзы на вачах, калі ён так кажа. Але тады нейкая нябачная сіла адрывае нас адно ад другога.
Дзяўчаты-служкі. Ён бачыць іх здалёк: яны рухаюцца ў наш бок. Праз іх ён трывожыцца. Праз іх траціць спакой. Праз іх яму баліць. Праз іх яму хочацца быць толькі ня тут і толькі не сабою.
Ён быў французскім генералам, ён быў мангольскім заваёўнікам, ён быў акулай амерыканскага бізнэсу, ён быў перавабнікам мазгоў на Барнэа. Ён быў кіназоркай, вынаходнікам, рэкламістам. Сканчаецца гэта заўсёды кепска: самагубствам, аварыяй, сьмерцю ў бітве, замахам на жыцьцёі вось ён зноў вяртаецца сюды.
Ну чаму вы ніяк ад яго не адчэпіцеся? – ва ўвесь голас крычу я служкам. Даводзіцца крычаць, бо яны ніколі не падпускаюць мяне блізка. – Няўжо гэтага мала? Ён прыняў пакараньне, прачытаў малітвы, ён ачысьціўся!
Нам гэтага мала! – агукаюцца яны.
Чаго яшчэ вам ад яго трэба? – пытаюся. Тут я ўжо не магу стрымаць сьлёзы. – Скажыце!
Але яны зьбягаюць прэч.
Зьбягаюць” – не зусім дакладнае слова. Яны не пераступаюць нагамі. Ступачкі ў іх так і гойдаюцца ў паветры, не дакранаючыся да зямлі.

XXVIII. Хор: “Мы йдзем усьлед за табою”. Мілосны раманс.
Гэй, ты! Спадар Ніхто! Гэй, ты! Безыменны! Гэй, ты! Майстар ілюзіяў! Спрытны на руку! Злодзеяў унук ды хлусаў!
І мы з табою, мы, безыменныя. Ды іншыяй яны безыменныя. Мы, таўраваныя ганьбаю, мы, у якіх тыцкаюць пальцамі.
Дзеўкі з абслугі, румянатварыя стварэньні, у самым саку пасьміхушкі, дзёрзкія дзеўкі-хістушкі, юныя кровамыюшкі.
Нас дванаццаць. Дванаццаць круглых, як поўня, дупак, дванаццаць салодкіх, як мёд, раточкаў, дваццаць чатыры пухова-мяккія грудкі івось яно, самае-самае! – дваццаць чатыры ножкі, што гойдаюцца ў паветры.
Памятаеш нас? А як жа! Мы насілі ваду, каб ты памыў рукі, мы табе мылі ногі, мы табе пралі бялізну, мы табе масьцілі плечы, мы з тваіх сьмяяліся жартаў, мы тваё ўсё малолі зерне, мы твой мяккі сьцялілі ложак.
Ты нас задушыў, ты нас павесіў, пакінуў гайдацца ў паветры, нібыта бялізну на шворцы. Які прыкол! Які сьцёб! Якім ты ўяўляў сябе праведным, якім высокамаральным, якім бездакорна чыстым, калі выкінуў з галавы пульхных, распусных, у гразі выкачаных маладых дзевак!
Ты мусіў нас пахаваць, як належыць. Ты мусіў віно ліць над нашымі целамі. Ты мусіў маліць і маліць нас аб дараваньні.
Цяпер, куды б ты ні йшоў, табе ад нас ня будзе ратунку: ні ў жыцьці, ні па сьмерці, ні ў якім іншым жыцьці.
Мы бачым цябе наскрозь, пад кожнай тваёю маскаю: якой бы ты сьцежкай ні йшоўдзённаю ці начною, – мы заўжды за табою, віемся, нібыта слуп дыму, нібы хвост за лісою, доўгаю чарадою. Чарадою дзяўчатаў, цяжкой, быццам памяць, і лёгкай, быццам паветра: дванаццаць абвінаваўцаўступачкі не кранаюць зямлі, рукі зьвязаныя ззаду, языкі высалапленыя, вочы вырачаныя, сьпевы ўдушаныя ў горле.
Чаму ты забіў нас? Што мы зрабілі табе, каб заслужыць сабе сьмерць? Ты так ніколі й не адказаў.
Акт помсты, акт злосьці, забойства як справа гонару.
Гэй, ты, спадар Разважлівы, спадар Праведны, спадар Богападобны, спадар Суддзя! Азірніся цераз плячо! Мы тут, мы йдзем усьлед за табою, мы блізка-блізка, нібы пацалунак, нібы скура да цела.
Дзяўчаты-служкі, мы тут, каб служыць табе. Каб служыць табе ўрокам. Мы ніколі цябе не пакінем, да цябе мы прыліпнем, як цені, як клей, мяккія й неадчэпныя. Прыгожыя дзеўкі, гужам адна за адною.

ХХІХ. Наўздагон.
бязмоўныя
бястварыя
бязьвінныя
ахвяры мы
бяспраўныя
рабыні мы
гурток нямы

ды як ты мог?!
лічыў, ты бог?
сюды цяпер
ты трапіў сам
няма нідзе
спакою нам

будзем цяпер
заўжды ў журбе
гукаць цябе
гікаць табе
сваю тугу
тугу тугу

угу угу
угу угу

Дзяўчаты-служкі пакрываюцца перем і зьлятаюць совамі.

Заўвагі.
Асноўнай крыніцай інфармацыі пры напісаньніПенелопіядыдля мяне былаАдысеяГамера, выданьне серыі Penguin Classics у перакладзе Э. В. Рё з удакладненьнямі Д. К. Х. Рё (1991 г.)
Немагчыма пераацаніць значнасьць кнігі Роберта ГрэйвзаГрэцкія міфы” (Robert Graves. The Greek Myths. Penguin). У ёй прыводзяцца зьвесткі пра радавод Пенелопы, пра яе сваякоўпра тое, што Алена Траянская была ёй стрыечнай сястрою, – і шмат-шмат іншага, у т. л. паданьні пра магчымую нявернасьць Пенелопы. (Зьвярніце асаблівую ўвагу на параграфы 160 і 171.) Менавіта ў Грэйвза выкладзеная тэорыя, што Пенелопа магла быць вярхоўнай жрыцай культу жаночага боства, і я яму за гэта шчыра ўдзячная. Праўда, як ні дзіўна, Грэйвз не зьвярнуў увагі на значэньне лічбаў дванаццаць і трынаццаць у дачыненьні няшчасных дзяўчат-служак. Грэйвз падае велізарны сьпіс крыніцаў, у якіх можна знайсьці адпаведныя легенды і іх варыянты. Сярод крыніцаўГерадот, Паўзаній, Апаладор, Хігіній.
Мне таксама вельмі прыдаліся гамерычныя гімныасабліва што да бога Гермесаі кніга Льюіса ХайдаМахляр стварае гэты сьвет” (Lewis Hyde. Thrickster Makes This World), у якой праліваецца сьвятло на характар Адысея.
Хор дзяўчат-служакданіна падобным хорам у грэцкім тэатры. Існавала традыцыя перад сурёзнай драмай ставіць паводле яе сюжэту бурлеск у выкананьні сатыраў.