12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзіслаў Ахроменка. Максім Клімковіч

_____________________
Русалка Камсамольскага возера.
Фарс у двух дзеях





Тэксты
зонгаў –
Сяргей
БАЛАХОНАЎ.



Дзейныя асобы:

М е н т – праваахоўнік-ідэаліст;
Р у с а л к а – каменная фізкультурніца з вяслом;
В а д з я н і к – гаспадар азёрнага дна;
Х а ч ы к
Г і в і
П р ы в і д б а б у л і – ўяўны вобраз бабулі Мянта;
Г о л а с з р а ц ы і – належыць начальніку Мянта;
А с я
К а с я

Падзеі адбываюцца ў нашы часы на ўзбярэжжы Камсамольскага возера горада Мінска, а таксама ў яго акваторыі і на яго дне.

А к т 1
С ц э н а
З’ява 1

Русалка, Гіві, Хачык.
На беразе Камсамольскага возера пастамент, абмаляваны раз­маітымі графіці. На ім класічная паркавая скульптура “Фізкультурніца з вяслом”, яна ж Русалка.
Да берага пад гукі лезгінкі падплывае вадаплаўная рэстарацыя з надпісам “ГІВІ & ХАЧ” па борце. На палубе Гіві з Хачыкам, углядаюцца ў залу.

ГІВІ. Усё, Хачык, тут швартуемся, колькі плыць можна, ногі, панімаеш, баляць! Глядзі, які парк прасторны, мусор саўсэм не відаць...
Гіві і Хачык сыходзіць на бераг. У руках Хачыка рэкламны банер.
ХАЧЫК. Какой мусор, дарагой! Гэта ж табе не Масква. Цэнтр Еўропы!
ГІВІ (аглядае залу). Дэвушкі такія прыгожыя! М-м-м! Я калі прыгожы дэвушка пабачу – потым саўсэм спат нэ магу. Усю ноч сныцца, панымаеш!
ХАЧЫК. Каб табе п’яны скынхэд увес ноч сныўся! Не дэвушк трэба разглядаць. Мы нашто ў гэтую краіну прыплылі?
ГІВІ (загінае пальцы). Пагуляць, выпіць, закусіць, пагуляць, выпіць... (глядзіць у залу). Дэвушк, а дэвушк! Ага, ты! Тэлефончык дасі?
ХАЧЫК. Вай мэ! З кім я звязаўся? Грошы трэба рабіць, да? І прытым – у любы спосаб. Тут, напэўна, пра нас з табой яшчэ не чулі. Міліянэрамі станем!.. (надзявае Гіві банер на шыю, што адразу ператварае таго ў “чалавека-бутэрброд”. На банеры надпіс “ХУТКА, СМАЧНА, ПА-КАЎКАЗСКУ”). Іды, рэкламуй. І штоб назаўтра пра нашую рэстарацыю ўвесь Мінск ведаў!

Гучыць лезгінка. Гіві і Хачык танчаць і спяваюць:

ХАЧЫК
Грошы – найгалоўнае у свеце,
Будуць грошы, іншае дакупім.
Любяць іх дарослыя, і дэці.
Хіба толькі дурні іх не любяць!

Вах! Любы капрыз за вашы грошы!
Рыбу запячэм, засмажым рака!
Кожны, хто з грашамі, той харошы
Кожны, хто без грошай – небарака!

ГІВІ
Тут для вас шашлык-машлык, рабяты!
Тут для вас каньяк-шманьяк, панове!
Тут для вас гарачае, дэўчаты!
То прыходзьце, усіх вас задаволім!

Выпіць, закусіць, гульнуць па кайфу
Зможа кожны ў нас, вай, бэз базару!
Задамо мы дзеўкам мэгадрайву!
Задамо сапраўднага мы жару!

ГІВІ і ХАЧЫК (дуэтам)
Зробім тут Каўказ сабэ, як дома!
Будэт клас вышэйшы ўдэнь і ўночы!
Здэйснім з вамі звычай наш вядомы
І пасля паўторым нэаднойчы!

Падчас танцу Гіві адступае назад, натыкаецца на пастамент з каменнай Русалкай з вяслом.

ГІВІ. Вах!
ХАЧЫК. Ой, мама-джян!

Аглядаюць статую. Хачык па-гаспадарску мацае вясло. Гіві хцівым позіркам ацэньвае вабныя формы Русалкі. Хачык вагаецца, але ж спрабуе адабраць вясло. Гіві асцярожна мацае статую за ногі.

ХАЧЫК. Халодны, да? А ты ў нас гарачы мужчына. Табе нэ падайдот.
ГІВІ. Слухай, Хачык. Я гарачы мужчына. Працую. Этат цяжар на сабе нашу! (нервова папраўляе рэкламны банэр на шыі). Яна халодны жэншчын. Нэ працуе. З вэслом тут стаыт і з мэнэ смэёцца. Гэта справядліва?
ХАЧЫК. Гэта страшэнна нэсправэдлыва, дарагі Гіві. Я абураны да глыбіні душы, да? Што прапануеш?
ГІВІ. Каб яна замест мяне рэкламным агентам працавала. Глаўнае – у яе нават дазволу пытацца не трэба!
ХАЧЫК. Галоўнае, што ёй за працу плаціць не трэба!

Гіві здымае банер. Хачык падстаўляе яму рукі, той лезе на пастамент. Хачык падае Гіві банер, той вешае яго на шыю Русалцы.

ГІВІ (злазіць). Работа зроблена. Ну што – гуляць?

Русалка ніжа плячыма – банер звальваецца.

ГІВІ. Аджыла! Слушай, проста містыка нейкая...
ХАЧЫК. Ты містык, да? Ты не містык, ты алкагалістык. Я табе, Гіві, даўно гаварыў: не пі з раніцы “Кіндзмараулі”, пі “Баржомі”. Вось вачам жывыя статуі і мрояцца. Ніводная статуя ніколі не аджыве... Нават калі ёй усе грошы свету прапанаваць. Глядзі, як трэба!

Хачык з дапамогай Гіві забіраецца на пастамент, нахіляецца, каб узяць банер.

ХАЧЫК. Мэртвый пэтля зраблю – ніколі не зваліцца!

У гэты момант Русалка канчаткова “ажывае”: б’е Хачыка вяслом, той ляціць на Гіві.

ГІВІ. Ну што – скаштаваў, Хач? А ты не верыў. Дык хто з нас жыве няпра­вільна?
ХАЧЫК (уцякае ад Русалкі). Які агрэсіўны баба!
ГІВІ (спрабуе адабраць вясло). Ты на каго рука падняў, жэншчын?
ХАЧЫК. Балік-джан, дарагая, ну нашто біцца, да? Давай пагаворым, як белыя людзі!
ГІВІ (заходзіць статуі за спіну). Э-э-э, ты ёй зубы загавары, а я...

Русалка адмахваецца вяслом. Хачык і Гіві са зверскімі тварамі ідуць на Русалку... Святло згасае, у цемры чуюцца крыкі і гукі ўдараў.

ГІВІ. Шэні дэда!
ХАЧЫК. Вай-вай-вай!

Чуваць гук, нібы нешта цяжкое плюхаецца ў ваду.
Знянацку цемру працінаюць сполахі міліцэйскай мігалкі, гучыць сірэна. Запальваецца святло. Русалка знікла з пастаменту. Раскудлачаныя Гіві і Хачык хуценька прыводзяць сябе да ладу.

ХАЧЫК. Э-э-э, і навошта мы з Масквы сплылі? Я чуў, тут не мянты, а проста звяры нейкія! Нават хабар не бяруць!
ГІВІ. Нэ вэру!

З’ява 2

Гіві, Хачык, Мент, Голас з рацыі.
Перад Гіві і Хачыкам Мент – прыкладае руку да фуражкі, у другой руцэ рацыя.

МЕНТ. Парушаем?
ХАЧЫК. Які парушаем, камандзір! Нэ паспэлі ў вашу Сынэвокую прыплыць, як на нас хуліганы напалі!
ГІВІ. Саўсэм забіць хацелі!
МЕНТ. Дакументы, калі ласка!

Хачык з павагай падае рэкламны банер. Мент пераварочвае яго, чытае з адвароту.

МЕНТ. Спадар Гіві – шашлычнік-віртуоз. (глядзіць у твар Гіві). Супадае! (пераводзіць позірк на Хачыка, зноў чытае). Спадар Хачык – дыпламаваны шаурміст. Таксама супадае. Та-а-ак, а хто выпісаў? Ліцэнзія Старажоўскага райвыканкама. Пячатка... Подпіс... (Глядзіць на пусты пастамент). А статуя дзе?
ХАЧЫК. Не бачылі мы ніякіх статуй!
МЕНТ. Паўгадзіны таму ж была!
ГІВІ. Я так думаю, што яна, напэўна, гуляць пайшла. Ці ў Камсамолскі возера паплаваць. Вада які цёплы, м-м-м!
МЕНТ (дбайна аглядае падлогу вакол пастамента). Не супадае. Слядоў жа няма! (сувора глядзіць на Хачыка з Гіві). Так. Прыехалі ў нашу краіну – паважайце яе галоўны закон, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь!
ХАЧЫК. Очэн дажа паважаем, да?
ГІВІ (дастае партманэтку). Колькі ты хочаш?
МЕНТ. Грамадзяне, пройдземце!

Нечакана праз шумы і перашкоды эфіру прабіваецца Голас з рацыі.

ГОЛАС З РАЦЫІ. Восьмы, восьмы, я першы. Слухай загад: неадкладна ад­пус­ціць гасцей нашай сталіцы і працягваць патруляванне ўзбярэжжа.
МЕНТ. Мне толькі што хабар прапаноўвалі!
ГОЛАС З РАЦЫІ. Ды яны ж з Масквы, тутэйшых завядзёнак яшчэ не ведаюць. Даруем для першага разу.
МЕНТ. А як жа зніклая статуя?
ГОЛАС З РАЦЫІ (спагадліва). Слухай, восьмы, а табе гэта трэба? У нас тут лю­дзі бясследна знікаюць. А статуя не чалавек. Загад зразумеў? Выконвай!
МЕНТ (крыху вагаецца, але ж пераводзіць позірк на Гіві і Хачыка, прыкладае далонь да брылька). Можаце ісці.

Гіві з Хачыкам адыходзяць, сінхронна прыкладаючы рукі да сэрцаў, сплываюць на рэстарацыі.

З’ява 3

Мент, Прывід бабулі.
Мент перад пустым пастаментам. Узважвае рацыю на далоні. Нечакана ўзнікае Прывід бабулі.

ПРЫВІД БАБУЛІ. Унучак, унучак... І што ж табе ў роднай вёсцы не сядзелася? Скончыў пэ-тэ-ву, адслужыў у войску. Ну, і вярнуўся б, як усе нармальныя хлопцы! Нашто ў горад падаўся?
МЕНТ (напружана азіраецца). Бабуля, ты? Цябе ж з намі даўно няма.
ПРЫВІД БАБУЛІ. Гэта цябе з намі няма. А я заўсёды з табой. Назіраю, перажываю. Думала, як павернешся з войску, то са старшынёвай дачкой шлюбам пабярэшся. Механізатарам якім будзеш рабіць, ці камбайнёрам. Брыгадзірам абяруць. На “Дажынках” пераможаш. Кабанчыка станеш гадаваць. А я праўнучкаў дачакаюся. Не паслухаўся ты мяне...
МЕНТ. Бабуля, ну якая вёска? Што я там забыўся? Тая старшынёва дачка мяне з войску не дачакалася, да бульдазерыстаў пасля танцаў бегала, “чарнілы” з імі піць! Дый бацька ў яе – яшчэ той калдыр: сваіх кабанчыкаў крадзеным камбікормам гадуе! Парадку няма!
ПРЫВІД БАБУЛІ. А то ў вашым горадзе парадак ёсць! А то ў вас не крадуць, не п'юць! Ты на свой райаддзел паглядзі! Спрэс хаблы і мацяршчыннікі!
МЕНТ. Калі ўсе так стануць разважаць, нічога ў свеце не зрушыцца. Бу­дзем жыць, як у балоце. А тут у мяне хоць нейкая ўлада ёсць. Калі нават адзін міліцыянт будзе рабіць усё чыста па законе – гэта зменіць да лепшага і жыццё... і нават наш райаддзел.

Зонг МЯНТА
Ніколі зверу не забыцца
На родны ўтульны свой бярлог.
А людзям трэба клапаціцца,
Каб кожны права ведаць мог!

Няхай ты мудры акадэмік,
Калдыр ці офісны планктон,
Імкніся жыць у той сістэме,
Дзе валадарыць пан Закон!

Няхай ты хакер ці даярка,
Цясляр, прадзюсер, дэпутат –
Бяры, вучы законы шпарка!
Любі, любі законны лад!

ПРЫВІД БАБУЛІ. А цяпер ты ўсё па законе зрабіў?
МЕНТ. Бабуля, у мяне ж загад...
ПРЫВІД БАБУЛІ (спагадліва). Унучак, унучак...

Прывід Бабулі знікае.

С ц э н а 2

З’ява 1

Вадзянік, Русалка, Ася, Кася.
Дно Камсамольскага возера. У інвалідным вазку сядзіць Вадзянік – немалады мужчына падобны да састарэлага мафіёзі. Насупраць, падціснуўшы пад сябе ногі, сядзяць гламурныя водныя істоты Ася і Кася, з выглядам першакурсніц канспектуюць Вадзяніка.

ВАДЗЯНІК (робіць рукой паўкола, пранікнёна прамаўляе). Вы гляньце – дзе яшчэ така краса? Нідзе няма такога дна, як наша! Сядзіш ў затоцы, тоішся ў дрыгве, ці нават трапіш у плынь – паўсюдна прыгажосць! Шчыруюць п’яўкі, сноўдаюць вужакі, жабкі скачуць. Па-над вадой шалеюць камары. І ўсюды бросня міла зелянее. Не, наша дно – найлепшае ў сусвеце!
АСЯ. Цуд некранутай прыроды!
ВАДЗЯНІК. Але ж нашае самае любае, самае прыгожае дно – у шчыльнай варожай аблозе. Тыя, хто вышэй за нас, прагнуць тут усё панішчыць.
АСЯ. Людзі?
ВАДЗЯНІК. Яны!
КАСЯ (падымае руку). Можна спытаць?
ВАДЗЯНІК. Што, Кася?
КАСЯ. Бос, а чаму гэтыя людзі хочуць тут усё панішчыць?
ВАДЗЯНІК. Зайздросцяць.
КАСЯ (крыху разгублена). Хіба ў іх наверсе няма ані жаб, ані п’явак?
ВАДЗЯНІК. Такіх – няма!
АСЯ (штурхае Касю ўбок). Што за недавер? Вадзянік нам, як бацька родны! А бацька ніколі не хлусіць!

З паверхні сыплецца аднаразовы пластыкавы посуд. Ася спрытна бяжыць да Вадзяніка, раскрывае над ім парасон.

АСЯ (абярэжна здымае з Вадзяніка патрушчаную пластыкоўку). Вас не параніла, бос?
ВАДЗЯНІК. А-а-а, што я казаў? Добра, што яшчэ не граната. Гэтыя людзі толькі і могуць, што паскудзіць на беразе, каламуціць ваду і падпускаць да нас бацылу. Добры чалавек – мёртвы чалавек!
КАСЯ. Дык нашыя хлопцы акурат на бераг і выбраліся... Каб людзей бязлітасна нішчыць!
ВАДЗЯНІК. На сувязь яшчэ не выходзілі? Русалка Ася, дакладай аператыўную абстаноўку!
АСЯ. Агент Тапелец пад выглядам інтурыста дэсантаваўся на бераг, удала ўвайшоў у давер да людзей і атабарыўся ў прыбярэжным бары. Чакае вашых інструкцыяў.
ВАДЗЯНІК. Узброены, як заўсёды?
АСЯ. Каністра атруты.

Вадзянік глядзіць на Касю, шчоўкае пальцамі. Тая прыносіць спод са старым эбанітавым тэлефонам. Ася здымае слухаўку апарата.

АСЯ (ў слухаўку). Тапельчык? Любы мой! Ну як ты там? Людзі хоць не крыўдзяць? Ды ў мяне ўсё нармалёва. Беражы сябе! З табой бос хоча пага­варыць.

Ася перадае слухаўку Вадзяніку.

ВАДЗЯНІК. Колькі народу атруціў? Ты што – нават яшчэ карную акцыю не распачаў? Як гэта “атруту прапіў”? Што, і вяртацца не збіраешся? Назаўсёды сярод людзей застаешся? Ат, пашкадуеш! Я табе гэта абяцаю. Шчупальцы ў мяне доўгія, паўсюль дастану!

Вадзянік злосна кідае слухаўку, глядзіць на Асю.

АСЯ (усхліпвае). Ён жа мне абяцаў...
ВАДЗЯНІК. Жаніцца? Здрадзіў ён табе! (глядзіць на Касю). А што твой хлопец, агент Лазнік?
КАСЯ. Атрымаў загад зрабіць дыверсійны акт у сауне. Выправіўся сёння з ра­ні­цы. На месцы.

Кася накручвае тэлефонны дыск, перадае слухаўку Вадзяніку.

ВАДЗЯНІК. Алё, Лазнік? Нешта кепска чуваць... Хто там рагоча? Прыкольныя дзеўкі? Дык чаму ты іх дагэтуль не спаліў разам з саунай? Яны пяшчотныя і вясёлыя? А як жа твая Кася? Занадта халодная? Ды калі гэты рогат скончыцца! Яны што – цябе лашчаць? Ты іх? (кідае слухаўку). Цьфу! У масажысты падаўся... Пярэварацень!
КАСЯ (трагічна енчыць). Як ён мог! На цёплую дзеўку мяне прамяняў! Была б я сапраўднай дзяўчынай – утапілася б!
ВАДЗЯНІК. Вось што значыць бацыла чалавечнасці! Варта нялюдскай істоце якісь дзень сярод людзей пакруціцца – і яна атручваецца на ўсё жыццё! Нішчыць, нішчыць і яшчэ раз нішчыць усе праявы людскасці! Без жалю і літасці!

Чуецца ўсплёск, следам – грукат. Асю, Касю і Вадзяніка хістае, нібыта, прайшла хваля. Усе глядзяць угару. Кася і Ася бягуць са сцэны.

ВАДЗЯНІК. Якая яшчэ трасца на нашу галаву?


З’ява 2

Тыя ж, Русалка.
Ася і Кася цягнуць паўпрытомную Русалку, ставяць перад Вадзяніком. Кася забірае ў яе з рук вясло.
Ася кратае лоб Русалкі далонню.

АСЯ (радасна). Халодная, бы той камень!
ВАДЗЯНІК. Значыцца, нялюдская істота!
КАСЯ. Сястрычка, што гэтыя паганыя людзі з табой зрабілі?
РУСАЛКА (падымае голаў, шэпча). Хто вы? Дзе я?

ВАДЗЯНІК спявае, АСЯ і КАСЯ падпяваюць, катаюць, круцяць інвалідны вазок. РУСАЛКА – пантаміма марыянеткі.

АСЯ і КАСЯ (дуэтам)
Не звяры мы і не людзі,
На азёрным дне наш дом.
Мы былі, мы ёсць, мы будзем,
А чужынцам тут гамон.

ВАДЗЯНІК
Чыстакроўная мы нечысць,
Мы за мокры лад жыцця.
Не прымаем чалавечнасць,
Як адзін, сямейка ўся.

Калі раптам на ўзбярэжжы
Пойдзе з кветкай напралом
Да цябе хлапчына гжэчны,
Што рабіцьме?

АСЯ і КАСЯ (дуэтам)
Бі вяслом!

ВАДЗЯНІК
Калі раптам у кустоўі
Выкшталцоны забулдон
Прапануе сёе-тое,
Што рабіцьме?

АСЯ і КАСЯ (дуэтам)
Бі вяслом!

ВАДЗЯНІК
Калі раптам з вудай стане
Ці пачне шпурляць прыкорм
Рыбачок прыгожым раннем,
Што рабіцьме?

АСЯ і КАСЯ (дуэтам)
Бі вяслом!

Падчас спеваў Кася і Ася бяруць русалчына вясло, па чарзе танчаць вакол яго, нібы вакол шаста на подыуме. Русалка паціху аджывае, уключаецца ў танцы. Ася і Кася падводзяць яе да Вадзяніка, Русалка становіцца перад ім на адно калена.
Вадзянік урачыста датыкаецца вяслом да пляча Русалкі, нібыта пасвячае ў рыцары.

КАСЯ. Віншую, сястра! Цяпер ты стала адной з нас!
АСЯ (паказвае на Вадзяніка). Слухай бацьку!
ВАДЗЯНІК. Дык хто мы цяпер?
РУСАЛКА. Адна сям’я!

Вадзянік складае тэлескапічнае дзяржальна вясла, урачыста перадае яго Русалцы. Ася і Кася дапамагаюць ёй падняцца.

ВАДЗЯНІК, АСЯ і КАСЯ (у адзін голас): Бі вяслом!

Зверху прабіваюцца гукі лезгінкі. Над галовамі насельнікаў дна праходзіць сетка з заблытанымі ў ёй рыбінамі. Усе прыгінаюцца.

ВАДЗЯНІК (да Русалкі). Яны?
РУСАЛКА. Так!
ВАДЗЯНІК. Дзейнічай!

Русалка намерваецца ісці.

ВАДЗЯНІК. Пачакай, Русалачка... Але ж на нашае роднае дно трэба павярнуцца да ўзыходу Зоркі Венеры. А то і ў чалавека ператварыцца можна!

С ц э н а 3
З’ява 1

Гіві, Хачык.
Вадаплаўная рэстарацыя. Гіві з Хачыкам выбіраюць з вады рыбацкую сетку. Кідаюць на палубу рыбін.

ГІВІ. І гэта ўсё?
ХАЧЫК. Ва, а ты што хацеў? Закінуць сетку і адразу мільён даляраў выцяг­нуць?
ГІВІ. Канечне! А яшчэ лепш – адразу два мільёны! Мы б іх з табой у нашай рэстарацыі і пракайфавалы. Прыкінь, які пад’ём?
ХАЧЫК. Э-э-э, Гіві. Баюсь, нікакога бізнэсу з нашай рэстарацыяй тут не атрымаецца.
ГІВІ. Нэ кажы такой кіслы слоў! Што ў нас нэ так? Ліцэнзый ёсць? Самы сапраўдны! Шашлык смачны? Слушай, сам бы кушаў, праўдзівая каніна... Каніна? (бярэ пляшку, чытае налепку). “Арагві”, сорак градусаў! Хочаш – болшэ градус намалюю! Хочаш – мэншэ. Любы капрыз за вашы грошы!
ХАЧЫК (задуменна). Гіві, пакуль ты свой палёны каньяк спіртам мацаваў, я нэвялікі маркетынгавы даследванне правёў. Тут усё не так, як у нас. Тутэйшы люд па рэстарацый амаль нэ ходзіць. Часу, маўляў, бракуе. Працы, кажуць, замнога. А п’юць яны толькі пасля працы, на кухнях ці ў гаражах. Іх каньяк называецца “чарніла пладова-ягаднае”. А замест шашлыка яны ядуць нейкую дрэнь... Во! Бульбяны блінчык са шкваркай!
ГІВІ. Дзікія людзі, чэснае слова! (глядзіць на Хачыка). Пра што думаеш, Хач?
ХАЧЫК. Пра што яшчэ Хачык думаць можа? Як грошы зарабіць!

З’ява 2

Тыя ж і Русалка.
На вадаплаўнай рэстарацыі з’яўляецца Русалка. Сядае за столік, ладкуе побач скла­дзенае тэлескапічнае вясло.

ХАЧЫК. Нарэшце! Першы пасэтытэл!
ГІВІ (падбягае да століка, кладзе меню, становіцца побач са столікам). Што кушат будэм? Рэкамэндую шашлык. Яшчэ ўчора траўка шчыпаў.
РУСАЛКА. Дзякуй.
ГІВІ (натхняецца). А што пыт будэм? (выцягвае пляшку) Вай! “Арагві”! Час­тую! Усё для цябе! (хціва аглядае наведвальніцу).
ХАЧЫК. Ты што, Гіві, какой частую! Я табе зараз гэтую пляшку ведаеш, у які месца ўстаўлю?
ГІВІ (да Хачыка). Ведаю. Нэ трэба.
ХАЧЫК (да Русалкі). Ты на яго нэ зважай, да? Яму нават у Маскве дэвушкі нэ вэраць!
ГІВІ. Гэта ты на яго нэ зважай! Які ён сквапны, слушай! Хачык нават каўбасу так тонка кроіць, што скрыгалікі ў паветры вісяць!
ХАЧЫК (гартае перад Русалкай меню). Каўбаса. Сацыві. Хаш. Самы недарагі цана. Краявід з вадаспадам бэсплатна (паказвае ўбок, чуецца і сціхае гук вады, што падае з грэблі). Хаця ён, знаэш, колькі каштуе? Дык што заказваем?
ГІВІ (да Русалкі). Што маўчыш, а?
РУСАЛКА (цікаўна аглядае гаспадароў). І даўно вы, такія, на нашым Камса­мольскім возеры?
ГІВІ. Які “вашым”, панымаеш? Наш гэты возера! У нас і ліцэнзія ёсць.
ХАЧЫК. На які хочаш гаспадарчы дзейнасць.
ГІВІ. Захочам – кракадзілаў тут будэм разводзіць і скуру з іх на рэдыкюлі лупіць. Не захочам – не будэм. Захочам – на русалак станэм паляваць і шашлык з іх рабіць...
РУСАЛКА. Ды саміх вас на шашлык!
ХАЧЫК. Э-э-э. Мы з Гіві нясмачныя. П’ем, палім.
ГІВІ (раздражнёна). Маўчы, жэншчын!
РУСАЛКА. Русалкі – знікаючы біялагічны від. Занесеныя ў “Чырвоную кнігу Беларусі”.
ГІВІ (абурана). Эколаг, да? (дэманструе кінжал). – А я – гін-эколаг!

Русалка рассоўвае тэлескапічнае дзяржальна вясла, б’е Гіві, кінжал выпадае з рукі, насоўваецца на Хачыка.

РУСАЛКА. Зараз рыбам на харч пойдзеш!
ХАЧЫК. Гэта параізвол!
ГІВІ. Ты што сэбэ дазваляеш?! На гаспадара руку падымаць?
РУСАЛКА. Гэта мы на сваёй вадзе гаспадары!

Гіві хапае з мангала шампур з кавалкамі шашлыка, імпэтна фехтуе з Русалкай.
Хачык бярэ вядро, спрабуе зайсці Русалцы за спіну, каб надзець ёй гаспадарчую прыладу на галаву. Пры гэтым ён паказвае на мігі Гіві, каб той падганяў кліентку да яго. Русалка ўхіляецца, вядро аказваецца надзетым на галаву Гіві.
Русалка накідае на Гіві з Хачыкам сетку, заблытвае іх, яны валяцца на палубу. Становіцца да штурвала.

РУСАЛКА (глядзіць на неба). Акурат да ўзыходу Зоркі Венеры і паспею вас патапіць! (абарочваецца да Хачыка з Гіві). Пагуляем у “Тытанік”?

Чуецца, нарастае гук вады, што падае з грэблі.

ХАЧЫК (енчыць). Карасавыца! Даруй нам! Гэта я лайна ў рот набраў, калі табе такі абыдны слоў гаварыў! Нэ трэба вадаспад! Я плаваць не ўмею!
ГІВІ. Адапусты! Скрыню каньяку стаўлю!

Русалка не рэагуе. Гук вадаспаду мацнее.

ХАЧЫК. Куды глядзіць міліцыя?!


З’ява 3

Тыя ж і Мент
Над палубай вадаплаўнай рэстарацыі на канаце пралятае Мент з мегафонам на шыі, саскоквае, закручвае канат за парэнчы. Пагрозліва раве вадаспад на грэблі. Канат нацягваецца. Рух рэстарацыі спыняецца.

МЕНТ (у мегафон). Спакойна! Працуе беларуская міліцыя!
ГІВІ і ХАЧЫК (у адзін голас). Міліцыя з народам!
МЕНТ (у мегафон). Грамадзянка з вяслом, вы ўчыняеце супрацьпраўныя дзеянні. Неадкладна адпусціце штурвал. Паўтараю: грамадзянка з вяслом...

Русалка адпускае штурвал, падымае рукі з вяслом над галавой, нібыта падпарадкоўваецца, ідзе да Мянта. Мент адкладае мегафон.

РУСАЛКА. Каго ратуеш? Прыхадняў?
МЕНТ (цягнецца да кабуры). Неадкладна пакладзіце зброю на палубу і па­дыміце рукі ўгару!
ХАЧЫК (зларадна). Цяпер турэмны баланда кушат будзеш!
ГІВІ. І нашую рэстарацыю згадваць!
РУСАЛКА (наступае на Мянта). Бі вяслом!

Мент і Русалка валтузяцца, у чатыры рукі ўхапіўшыся за вясло.

ГІВІ. Такі харошы мент толькі ў казках бывае!
ХАЧЫК (да Мянта). Іды суды, дарагой! Дай я цябе пацалую!

Русалка працягвае валтузіцца з Мянтом, амаль перамагае яго. На небе запальваецца Зорка Венера. Русалка ляціць у ваду, у Мянта ў руках застаецца яе вясло.
Гіві і Хачык выблытваюцца з сеткі, цікаўна зазіраюць за борт.

МЕНТ (роспачна). Яна патанула...

Мент, не зважаючы на Хачыка з Гіві, сыходзіць на бераг.

З’ява 4

Гіві, Хачык.
Вадаплаўная рэстарацыя плыве ў супрацьлеглы ад вадаспаду бок. Хачык круціць штурвал. Гіві з падводнай стрэльбай бегае каля борта, раз-пораз цэліць у ваду. Шум вадаспаду аддаляецца.

ГІВІ. Гэта быў той самы камэнны баба!
ХАЧЫК. Ва! Чаму ты так думаеш?
ГІВІ. Толькі яна так вяслом біцца можа!
ХАЧЫК. Мы з табой самі вінаватыя. Жэншчын на п’едыстал для таго і ставяць, каб ад грошай і бізнесу падалей трымаць... А мы яе адтуль зрынулі!
ГІВІ. Які зрынулі, слухай! Працу гэтай лайдачцы прапанавалі? Яна адмовілася. Шашлык частавалі? Пагрэбавала. Каньяк налівалі? Не схацела! У ваду ўцякла!
ХАЧЫК. У нашу ваду, Гіві! Слухай... Атрымліваецца, што яна ў нашым з табой возеры жыве... Квартырантка, панымаеш! Мы з гэтага што-небудзь маем? Гэта справядліва?
ГІВІ. Э-э-э, Хачык! Думай, што гаворыш! Какой “справядліва”?
ХАЧЫК (бярэ ў Гіві падводную стрэльбу, аглядае). Ёсць у мяне адзін план, Гіві. Можам вялікія грошы зарабіць. Скажы мне сумленна, дарагой: калі спатрэбіцца – рука нэ дрогнэт?
ГІВІ. За вялікія грошы? Мамай клянус!

С ц э н а 5
З’ява 1
Мент, Голас з рацыі.
Бераг Камсамольскага возера. Мент кладзе на пусты пастамент рацыю, прытуляе вясло, дастае аркуш паперы, піша на ім і прагаворвае ў голас.

МЕНТ. ...даводжу да вашага ведама, што я здзейсніў учынак, несумяшчальны з высокім званнем беларускага міліцыянта... падчас выканання службовых абавязкаў перавысіў дапушчальную ступень самаабароны, чым спрычыніўся да гібелі маладой прыгажуні з вяслом (закрэслівае). Не так. Прыгажуні без вясла. Згрызоты сумлення не даюць мне спакою ані ўдзень, ані ўначы. Хай мяне спасцігне суворая, але справядлівая кара ўсяго нашага райаддзела...

Мент складае заяву самалёцікам, пускае за сцэну, здымае фуражку, стаіць перад возерам у жалобе. І тут “аджывае” рацыя.

ГОЛАС З РАЦЫІ. ...восьмы, восьмы... я першы. Што за дэпрэсіўны стыль? Вышэй галаву, баец! Заява аб знікненні была? Не паступала. Цела патанулай грамадзянкі знайшлі? Нават не шукалі. Дык што ты так пераймаешся? Вісякоў у райаддзеле замала? А можа служба надакучыла, ці пагоны на плечы ціснуць?
МЕНТ. Грамадзянку шкада. Маладая. Ладная. Ёй бы яшчэ жыць і жыць...
ГОЛАС З РАЦЫІ. Каго шкадуеш! Гэтую хуліганку? Яна ж антысацыяльны элемент, на яе палову Крымінальнага кодэксу можна вешаць! Думаеш, як ты мяне не бачыш, то я за табой не сачу? Так, восьмы, працягваем патруляванне. А твой пратакол...

Чуецца шоргат паперы. Зверху на Мянта сыплецца папяровая церуха. Мент надзявае фуражку.

МЕНТ (падымае вясло). А з рэчавым доказам што?
ГОЛАС З РАЦЫІ. Ды ну яго ў балота, твой рэчавы доказ!

З’ява 2

Мент, Прывід Бабулі, Русалка.
Мент з русалчыным вяслом стаіць каля пустога пастамента. З’яўляецца Прывід ба­булі.

ПРЫВІД БАБУЛІ (з дакорам). Ну што ўнучак... Змяніў жыццё да лепшага?
МЕНТ. Ой, бабуля... І без цябе моташна. А што рабіць?
ПРЫВІД БАБУЛІ. Гэта не ты жыццё да лепшага мяняеш. Гэта яно цябе мя­няе да горшага.
МЕНТ. Можа, сапраўды дахаты вярнуцца? У нашай вёсцы цяпер акурат бульбу капаюць, бацьвінне паляць, кабанчыкаў б’юць. Свежаніну смажаць, водар па ўсёй вёсцы! Жанчынкі на стол збіраюць, мужыкі з крамы вяртаюцца, ва ўсіх у валізах дзінькае...

Прабіваюцца гукі вёскі: крычаць пеўні, вішчаць свінні, брэшуць сабакі... Мент рас­чулены.

ПРЫВІД БАБУЛІ. Не атрымаецца ў цябе ўнучак, павярнуцца. Не прымуць цябе нашыя хлопцы. Ужо і сама бачу.
МЕНТ. Ды я ж свой, вясковы!
ПРЫВІД БАБУЛІ. І тут ты сваім не стаў. І ў роднай хаце ўжо чужы.
МЕНТ (разгублена). Нідзе парадку няма! Дык што мне цяпер рабіць?
ПРЫВІД БАБУЛІ. Служы спраўна. Выконвай загады. Слухайся начальства. Начальства – яно ж святое!

Прывід Бабулі знікае.

МЕНТ (аглядае вясло). Выконваць – дык выконваць. У балота – дык у балота. Па вадзе прыплыло, з вадой і сплывеш.

Мент азіраецца па баках, пускае вясло па вадзе, атрасае далоні. Нечакана па-над вадой выторкваецца русалчына рука, зацягвае вясло.

С ц э н а 6
З’ява 1

Вадзянік, Ася, Кася.
Дно Камсамольскага возера. Вадзянік у інвалідным вазку. Насупраць Ася і Кася.

КАСЯ (чыхае). Нешта цяжка стала дыхацца на родным дне. Напэўна, кісларод з вады знікае.
АСЯ (выцірае насоўкай вочы). Каламуці штодня большае і большае. Вочы рэ­жа. Так і саслепнуць можна!
ВАДЗЯНІК (пераканаўча). І кісларод, і чыстая вада надзвычай шкодныя для здароўя. Думаеце, я не быў маладым? Думаеце, мне чысціні і свежасці не хацелася? Праз што і пацярпеў.
АСЯ. Ды няўжо ў нас на дне калісьці чыстая вада была?
КАСЯ. І нават кісларод?
ВАДЗЯНІК (трагічна). Былі... Нажаль. Памятаю, яшчэ хлапчуком знайшоў на дне кіслародны балон. Ужо потым скеміў, што гэта людзі супраць нас, донных нелюдзяў, падступную дыверсію зладзілі! А тады быў малы, цікаўны... амаль як вы цяпер. Венціль адкруціў – а мне гэтая кіслародная атрута так у твар і шуганула! Я ж па дурасці ўзяўся твар яшчэ і чыстай вадой адмываць. І вось вам вынік! (паляпвае рукой па інвалідным вазку). Спаралізавала!
КАСЯ. А дзе вы, бос, чыстую ваду ўзялі?
ВАДЗЯНІК. З адной паганай крыніцы. Я яе потым перакрыў, каб іншыя нашыя істоты не атруціліся (зыркае на дзевак). Вы што, гэтай дрэні хочаце?
АСЯ. Хаця б паглядзець, як тая чыстая вада выглядае. Ніколі ж не бачылі! Напэўна, так прыкольна!
КАСЯ (умольна). Ну хоць трошачкі!
ВАДЗЯНІК. Катэгарычна нельга нават глядзець! Гэта ж як наркотык. Спярша на чыстую ваду падсядзеце, жыць без яе не зможаце. Потым захочацца кіслароду паболей. А як хапанеце свежага паветра – усё, вашае існаванне назаўжды атручанае! Будзеце штодня мроіць пра сонца, паэзію, гуманізм. Глядзіш – і людзьмі захочаце звацца. Не паспееце міргнуць – і вы ўжо здрадніцы роднага дна! Не-не-не, лепш якога стрыхніну наесціся, мыш’яку ці нават хлоркі! Вы, дзеткі, мяне слухайцеся, ветэрана вайны з чалавецтвам. Я кепскага не параю! Вы ж для мяне, як родныя! Не забыліся, што з людзьмі трэба рабіць?
АСЯ і КАСЯ (паслухмяна ў адзін голас). Бі вяслом!


З’ява 2

Тыя ж і Русалка.
З’яўляецца Русалка з вяслом. Выструньваецца перад Вадзяніком, трымаючы вясло, нібы стрэльбу.

РУСАЛКА. Агентка Русалка з баявога задання вярнулася...
ВАДЗЯНІК. Вольна! (абарочваецца да Асі і Касі). Вось у каго вучыцца трэба! Вось дзе сапраўдная гераіня! Першае ж заданне – і адразу поспех. Вадаплаўную рэстарацыю, праўда, не патапіла, але ж людзішак зацкавала да смерці. А як вяслом білася, як білася! Якая шалёная нянавісць да чалавецтва!
КАСЯ. Як хоць надвор’е наверсе? Што там цяпер носяць?
АСЯ. Усіх вяслом паклала?
РУСАЛКА. Прыхадняў мне не шкада. Яны зневажалі нашы гонар і годнасць. Дый прыроду нашую не любяць. А вось той, з мегафонам, у форме... Сказаць па-праўдзе? Ён мне нават спадабаўся.
ВАДЗЯНІК (здзіўлена адкочваецца ў вазку). Мент? Спадабаўся? Табе?
РУСАЛКА. Ён гжэчны. Мужны. Справядлівы. Парадак любіць.
КАСЯ. У вас з ім нешта было?
АСЯ. Ты яго хоць паказытала?
ВАДЗЯНІК (зыркае на дзевак). Цыц, малалеткі дурныя! (звяртаецца да Русалкі). Значыцца, па-твойму, ужо і мянты – людзі?
РУСАЛКА. Ён мне нават вясло вярнуў!
ВАДЗЯНІК (выцягвае руку). Пакажы.

Русалка аддае вясло. Вадзянік падазрона яго аглядае, нюхае, ліжа, сплёўвае.

ВАДЗЯНІК. Хутчэй за ўсё, атрутай нашмараваў. Ты яго прадэзінфікуй.

Донныя дзеўкі навыперадкі пытаюць у Русалкі.

АСЯ. Ён бландзін ці брунет?
КАСЯ. У цябе з ім сур’ёзна?
АСЯ. Непітушчы?
КАСЯ. Можа, у яго такія ж прыстойныя сябры ёсць?
РУСАЛКА. Мяркую, я магла б з ім пасябраваць.
АСЯ. Няўжо ты верыш у сяброўства паміж русалкамі і мужчынамі?
КАСЯ. А я нават веру ў большае... (глядзіць на Вадзяніка, прыкрывае далонькай рот).
ВАДЗЯНІК (ціха і злавесна). Вось вы сваё сапраўднае аблічча і выявілі! Вось вы нарэшце і выказаліся, пра што марыце! (да Асі). Думаеш, я не заўважыў, што ты на свята Івана Купалы вусны падфарбоўвала? Для каго хочаш вабнай быць?! (выцягвае руку). Ну?

Ася неахвотна аддае Вадзяніку памаду.

АСЯ. Даруйце мне, бос. Гэта першы і апошні раз.
ВАДЗЯНІК (да Касі). А ты... Ты да апошняй ступені скацілася! Так неўзабаве і чалавекам станеш! Ану, пакажы, што хаваеш?

Кася ўсхліпвае, аддае Вадзяніку ілюстраваны часопіс.

КАСЯ. Прабачце. На дне знайшла. Выпадкова.
ВАДЗЯНІК (чытае). Хочаш быць стыльнай? У гэтым сезоне папулярны вобраз жаноцкасці і рамантычнасці, каторы... Цьфу! (выкідвае часопіс і памаду. Падкочваецца ў вазку, пільна ўглядаецца ў твары дзевак). Я разумею, чаго вы прагнеце. Кахання! А гэта нават горш за кісларод! Вы мроіце, каб вашая халодная кроў закіпела, каб вы начамі не спалі, а мроілі... пра спатнелага валасатага мужыка! Бегаць да яго на спатканні, цалавацца ў пад’ездах, пісаць цыдулкі... Так? Вы – спрактыкаваныя здрадніцы роднага дна. А ведаеце, што са здраднікамі і здрадніцамі бывае? Што ў вочы не глядзіце?!
АСЯ. Дык мы ж ні ў чым, ні што, ні Божа ж мой!
КАСЯ. Мы больш не бу-удзем!
ВАДЗЯНІК. Зрэшты, я сам крыху вінаваты. Развёў тут дэмакратыю. Вы, напэўна, лічыце, што роўныя мне? Па тварах бачу! А каб не думалі – трэба ці вас прынізіць, ці мяне ўзвысіць.
РУСАЛКА. Дык куды ўжо прыніжаць? Тут і так дно.
ВАДЗЯНІК. Слухайце загад. Вы, (касавурыцца на Асю і Касю), плывіце ў далёкую затоку. Вазьміце скрыню, дзе чэрап з косткамі намаляваныя, і чакайце майго сігналу (пстрыкае пальцамі).
АСЯ і КАСЯ (у адзін голас). Будзе зроблена, бос!

Ася і Кася сыходзяць.

ВАДЗЯНІК (да Русалкі). А ты плыві наверх. Прытарабань мне свой пастамент. Давядзецца на ім ў вазку ўвесь час стаяць. Цяжка, вядома... Але для вашай жа карысці – каб мяне лепш бачыць і бацькоўскія загады слухаць.

Русалка паслухмяна сыходзіць. Вадзянік шаргаціць газетай.

З’ява 3

Вадзянік, Гіві.
Дно. Вадзянік у інвалідным вазку чытае газету.
Нечакана з’яўляецца Гіві, апрануты аквалангістам: маска, трубка, ласты. У яго руках падводная стрэльба. Гіві рухаецца як спецназавец, паводзіць стрэльбай ва ўсе бакі.

ГІВІ. Дэвушк, а дэвушк? Дзе ты? Дэвушк, выходзь, размова ёсць!

Вадзянік спрабуе адсунуцца ў вазку. Гіві яго заўважае, пераследуе. Вадзянік ад пераляку прыкрывае твар газетай. Гіві падскоквае, скідае.

ГІВІ. Вах! Ты хто?
ВАДЗЯНІК (ганарліва). Я – гаспадар усяго гэтага дна!
ГІВІ. Колькі самазванцаў развялось, да? Што – і ты ўжо гаспадар?
ВАДЗЯНІК. Так. Самаўладны!
ГІВІ. Я на Камсамольскі возера самы галоўны гаспадар! Ну, і яшчэ крыху Хачык... Гаспадар той, у каго зброя ў руках! (прыстаўляе стрэльбу).
ВАДЗЯНІК. Мы можам дамовіцца.
ГІВІ. Какой дамовіцца? Кліэнт мне ў рэстарацыю са свайго дна пастаўляць будзеш, да?
ВАДЗЯНІК. Што ты хочаш?
ГІВІ. Камэнны баба з вэслом – альбо смэрць! Гавары, дзе яна!


А к т 2
С ц э н а 1
З’ява 1

Русалка, Мент, Голас з рацыі.
Бераг Камсамольскага возера. Каля пустога пастамента – Русалка.

РУСАЛКА (праводзіць рукой па пастаменце). І як Вадзянік тут у інвалідным вазку стаяць збіраецца? Дый дзе тады роўнасць? Гаварыў жа, што мы ўсе – адна сям’я!

Русалка сіліцца зрынуць пастамент, не атрымліваецца. Чуецца гук міліцэйскай сірэны, Русалка спрабуе схавацца за пастаментам, з’яўляецца Мент, выцягвае Русалку за руку.

МЕНТ. Мала таго, што статуі крадуць, дык ужо і за пастаменты ўзяліся!
РУСАЛКА. Я не краду! Гэта мой пастамент!
МЕНТ (глядзіць на Русалку, пазнае). Вы? Жывая? Дык вы не патанулі?
РУСАЛКА. Вада – мая стыхія. А возера – мой дом.
МЕНТ. Дык вы цяпер русалка?
РУСАЛКА. Так. Куды яшчэ няшчаснай дзеўцы ад прыхадняў падзецца? Шкада, што вы...
МЕНТ. Я сам шкадую. Прабачце за непаразуменне! (гжэчна цалуе Русалцы руку, адступае, вымахвае фуражкай, нібыта капелюшом з плюмажам).
РУСАЛКА. Ніколі б не падумала, што мінскія міліцыянты такія інтэлігент­ныя.
МЕНТ (глядзіць на вясло). А я не ведаў, што нашыя беларускія русалкі так добра халоднай зброяй валодаюць! Вы якое адзінаборства вывучалі? Тэйквандо? Кун-фу? Джыў-джыцу?
РУСАЛКА (сціпла). Я самавучка.
МЕНТ. Народны талент! Я ўражаны...
РУСАЛКА. Мне так сорамна перад вамі...
МЕНТ. А мне як! Падняў на вас руку.

На небе запальваецца Зорка Венера. Русалка задзірае голаў, спяшаецца да вады.

МЕНТ. Куды ж вы! Мне так шмат словаў хочацца вам сказаць!
РУСАЛКА (спыняецца). Праўда?
МЕНТ. Я гатовы гаварыць іх вам усю ноч!
РУСАЛКА (крыху вагаецца, але ж рашуча адыходзіць ад вады). А я гатовая ўсю ноч іх слухаць!

МЕНТ і РУСАЛКА (спяваюць разам)
Мы розныя з табою – гэта праўда.
Аднак супольны клопат лучыць нас,
І ты, і я клапоцімся зацята.
Дык можа нам стварыць цудоўны звяз?

МЕНТ
Я родную зямлю ад рознай трасцы
Па абавязку сэрца бараню.
Штодня іду я з набрыддзю змагацца.
Змагаюся й спакой я толькі сню!

РУСАЛКА
А я вады трымаю абарону,
Каб родную стыхію не змаглі
Загнюсіць разнашэрсныя муфлоны,
Каб белыя хадзілі караблі!

МЕНТ і РУСАЛКА (спяваюць разам)
У клопаце супольным наша доля!
На ніве гэтай высілкі з’яднаць,
Нам трэба, каб скарылася сваволя,
А мы маглі б шчасліва пакахаць.

Мент і Русалка кранальна спяваюць дуэтам, глядзяць адзін аднаму ў вочы, развязкай відавочна мусіць стаць пацалунак. Але ў гэты момант “ажывае” рацыя Мянта.

ГОЛАС З РАЦЫІ. Восьмы, восьмы, я першы!.. Што за неслужбовыя спевы пры выкананні?
МЕНТ (выструньваецца). Вінаваты.
ГОЛАС З РАЦЫІ. Працягваем, працягваем патруляванне!..

Русалка прыкладае палец да вуснаў, адступае да пастамента, дасылае паветраны пацалунак. Мент папраўляе фуражку, сыходзіць.

З’ява 2

Русалка, Прывід бабулі, Гіві, Хачык.
Русалка стаіць каля пастамента, глядзіць у той бок, куды сышоў Мент.

РУСАЛКА. Напэўна, я памылялася наконт людзей. Не ўсё яны зладзюгі. Не можа быць, каб наш беларускі Мент няпраўду гаварыў! Якія ў яго вочы! Які імпэт! Як ён сваю зямлю любіць!

З’яўляецца Прывід бабулі, замілавана глядзіць на Русалку, але тая старую не заў­важае.

ПРЫВІД БАБУЛІ. Ён добры, справядлівы, непітушчы. А які працавіты! Яшчэ жэўжыкам калгасных свінак пасвіў!
РУСАЛКА. Мне здаецца, з яго б атрымаўся і азёрны фермер, дбайны гаспадар. А што? Паставіў бы сядзібу. Прыгожую і светлую, як звон, з альтанкай крытай чаратамі, з крынічкай бруістай, абкладзенай бліскучымі прыгожымі каменчыкамі. Гадаваў бы самоў, разводзіў лотаць. Па вечарах цешыўся б родным краявідам – барвовым сонцам па-над зялёнай бросняй... А, можа, і не адзін...

З-за пастамента крадком вылазяць Гіві і Хачык з вялізнай сеткай. Накідаюць на Русалку. Русалка спрабуе вырвацца, але ж яшчэ больш заблытваецца. Гіві і Хачык цягнуць яе на вадаплаўную рэстарацыю.

ГІВІ. Нэ будзеш скандаліць – усё даруем.
ХАЧЫК. Слушай, які даруем? Яна з рэстарацыі ў ваду ўцякла. Не запла­ціла!
РУСАЛКА. Рату..!

Хачык заціскае Русалцы рот.

ПРЫВІД БАБУЛІ. Унучак! Унучак! Ратуй сваю дзяўчыну!

Гіві і Хачык цягнуць заблытаную ў сетку Русалку на борт рэстарацыі, адплываюць, знікаюць з далягляду.

З’ява 3

Выбягае Мент, разгублена спыняецца каля вады.

МЕНТ. Любая...
ПРЫВІД БАБУЛІ. Яны туды паплылі (паказвае і знікае).
МЕНТ (у рацыю, прыклаўшы яе да вуха). Першы, першы, я восьмы!.. Толькі што два тыпы каўказскай нацыянальнасці выкралі прыгожую грамадзянку. Трэба тэрмінова задзейнічаць план “Перахват”! Паўтараю, толькі што... (мяняецца з твару, няўцямна глядзіць на рацыю). Як гэта – да дупы?

Мент рашуча скідвае боты, кіцель.

С ц э н а 2
З’ява 1

Гіві, Хачык.
Палуба вадаплаўнай рэстарацыі, на ёй стаіць вялізная бочка, накрытая зверху рэкламным банерам. На банеры сядзяць Гіві з Хачыкам.

ГІВІ. Сёння ж купляй самы вялікі акварыум з цвэтамузыкай.
ХАЧЫК (няўцямна глядзіць на яго). Ну і?
ГІВІ (саскоквае на палубу і ўяўляе-паказвае). Саджу яе туды. Прыходзіць кліент. Глядзіць у акварыум – а там яна ляжыць, на ядвабный падушка. Такі белы, млявы, семкі лузае, бурбалкі пускае. Кліент пытаецца: дзе ўзяў, Гіві? А я яму: ды закахалася ў мяне, адагнаць не магу. У мяне такіх цэлы гарэм. А кліент мне рука паціскае: э-э-э, Гіві, які маладзец!
ХАЧЫК. А потым, калі кліент сыходзіць, я табе па галава б’ю і прыгаворваю: ідыёт ты, Гіві, самы настаяшчы. І ўвесь твой сямейны альбом ідыёт і, нават, цвік, на каторым ён вісіць, такі ж самы. Хто так бізнэс робіць? Цябе самога ў акварыум пасадзіць і за грошы на Камароўцы паказваць.
ГІВІ. Не кажы такіх абыдных слоў. Дык што, акварыум не хочаш купляць?
ХАЧЫК. Тут не купляць трэба, а прадаваць. Ёсць у мяне за мяжой адзін сябра. Вялікі чалавек. Сутэнёрам працуе!


З’ява 2

Гіві, Хачык, Вадзянік, Ася, Кася, Русалка.
На палубу заязджае Вадзянік у інвалідным вазку.

ГІВІ. Зноў ты? Слухай, колькі можна?
ХАЧЫК. Інваліды абслугоўваюцца па двайным тарыфе!

Вадзянік не зважае, насоўваецца ў вазку на Хачыка з Гіві.

ГІВІ. Мы ж пра ўсё дамовіліся. Табе – жыццё, нам дзеўка (бярэ падводную стрэльбу). Можам і перагуляць.
ХАЧЫК. Слухай, ты кушат суды прыехаў? Заказ будзем рабіць? Альбо як?
ВАДЗЯНІК. Альбо як... (пстрыкае пальцамі).

Вынырваюць Ася і Кася, ставяць на палубу скрыню з выявай костак і чэрапу.

АСЯ. Гахне так, што нават на Каўказе пачуюць (падпальвае кнот).
КАСЯ (ставіць на скрыню вялізны будзільнік, той гучна тахкае). Адлік пайшоў, бос.

Ася і Кася даюць нырца. Гіві са сполаху выпускае стрэльбу, тахканне паскараецца.

ХАЧЫК (да Вадзяніка). На лічыльнік ставіш?
ВАДЗЯНІК. У вас хвіліна, каб выслухаць мяне і даць адказ. Так хто на возеры гаспадар?
ГІВІ. Слухай, спыні гэты страшны гадзіннік!
ХАЧЫК. Грошы вазьмі! Апошні штаны забяры! Толькі не забівай!

Будзільнік тахкае ўсё хутчэй і хутчэй. Вадзянік паціху адкочваецца назад да борта, дзе стаіць бомба з будзільнікам.

ВАДЗЯНІК. Катапультуюся! (спыняецца на самым краі).

Будзільнік тахкае ўжо шалёна хутка. Хачык саскоквае з бочкі.

ХАЧЫК і ГІВІ (разам). Ты тут гаспадар!

Хачык і Гіві хапаюць рэкламны банер, якім была накрытая бочка, апускаюць перад Вадзяніком, нібы палонныя вайскоўцы – свой сцяг, падымаюць рукі ўгару. Вадзянік выторгвае кнот з бомбы, тахканне будзільніка спыняецца.

ВАДЗЯНІК. Цяпер мы адна сям’я.

З бочкі высоўваецца галава Русалкі.

РУСАЛКА. Бос, я верыла, што вы прыйдзеце па мяне!
ВАДЗЯНІК. А як жа інакш? (заязджае паміж Хачыкам і Гіві, панібрацкі абдымае іх за плечы). У мяне ёсць для вас прапанова, спадары бізнесоўцы, ад якой вы проста не зможаце адмовіцца. Ды не калаціцеся так! Усё толькі пачынаецца. Поўны наперад!

Вадаплаўная рэстарацыя рушыць пад гукі лезгінкі. Выплываюць Ася з Касяй.

КАСЯ. Вачам сваім паверыць не магу. Наш бацька абдымаецца з людзьмі?
АСЯ. Напэўна, нейкі падступны ход. Хоча ім галовы задурыць. Цікава, а што ён задумаў?

Ася і Кася, асцерагаючыся, сплываюць за рэстарацыяй.

С ц э н а 3
З’ява 1

Прывід бабулі, Мент.
Пусты пастамент на беразе Камсамольскага возера. Гукі лезгінкі паволі заціхаюць. З’яўляецца Прывід бабулі.

ПРЫВІД БАБУЛІ (тужліва спявае “Купалінку”).
Купалiнка-купалiнка, цёмная ночка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка.

Мая дочка у садочку ружу, ружу полiць,
Ружу, ружу полiць, белы ручкi колiць,
Ружу, ружу полiць, белы ручкi колiць.

Кветачкi рвець, кветачкi рвець,
Вяночкi звiвае,
Вяночкi звiвае, слёзкi пралiвае,
Вяночкi звiвае, слёзкi пралiвае.

Купалiнка-купалiнка, цёмная ночка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка.

Падчас спеваў паўцемру працінаюць сполахі міліцэйскай мігалкі. Выплывае Мент, ён у трусах, майцы і фуражцы. Рацыя і кабура таксама пры ім. Мент раз-пораз выцягвае шыю, аглядаецца, папраўляе фуражку, сплывае за сцэну. Прывід бабулі знікае.

З’ява 2

Мент, Ася, Кася.
Камсамольскае возера, вада.
Ася і Кася плывуць па возеры ад таго боку, куды ішла вадаплаўная рэстарацыя.

КАСЯ. І гэтага нелюдзя ты называеш родным бацькам?
АСЯ. Як той казаў, нашая Русалка сама ва ўсім вінаватая. Маўляў, перара­джэнка. Ментоўскімі серэнадамі заслухалася. На Зорку Венеру загледзелася. Вось і вынік, ачалавечылася.
КАСЯ. Зайздросціш?
АСЯ (пасля выразнае паўзы). Яшчэ як! Даруй мне, наша сястрычка з вяслом, што я цябе крытыкавала. Ты хоць раз паспела чыстае паветра ўдыхнуць ды крынічнай вадой умыцца. А, галоўнае, шчасце кахання зведала. Мы ж з Касечкай, бы тыя жабоцькі, толькі мулю з бросняй месім.

Кася з Асяй абдымаюцца, плачуць.

КАСЯ. Нядзіва, што ад Вадзяніка ўсе ўцякаюць. Тыя ж нашы хлопцы, Лазнік з Тапельцам.
АСЯ. А што мы з табой можам?
КАСЯ. Як гэта што? Звярнуцца ў праваахоўныя органы!
АСЯ. Мянты ж таксама людзі!
КАСЯ. Яны і разбяруцца.

Бліскаюць сполахі міліцэйскай мігалкі. Выплывае Мент.

МЕНТ (крычыць). Удзельніцы воднага руху! Неадкладна прыняць управа! Прыціснуцца да ўзбярэжжа!
АСЯ. Во! Органы самі да нас плывуць.
КАСЯ. Таварыш міліцыянер!
АСЯ. Родненькі!

Мент прыкладае руку да брылька фуражкі, працягвае плыць. Ася з Касяй прыстройваюцца побач. Ася і Кася навыперадкі звяртаюцца да Мянта.

АСЯ. Прыхадні яе ў бочку пасадзілі!
МЕНТ. У якой шашлыкі марынуюць?
КАСЯ. Яны ўтрох ужо пра ўсё згаварыліся! Хочуць вашу дзяўчыну ў сексуальнае рабства прадаць! За мяжу!
АСЯ. А заўтра і нас туды прададуць!
КАСЯ. Там у беларусак правоў ніякіх!
МЕНТ (выхоплівае пісталет). Зараз я ўсіх закрыю!

Ася, Кася і Мент сплываюць.

С ц э н а 4
З’ява 1

Вадзянік, Гіві, Хачык, Мент, Русалка.
Бераг Камсамольскага возера. Каля рампы Вадзянік у інвалідным вазку, побач стаіць Гіві. За імі праглядаецца вадаплаўная рэстарацыя з бочкай на палубе. Зверху банер прыціснуты да бочкі вялікім каменем.
Гіві з падводнай стрэльбай у руках нервова ўглядаецца ўдалячынь. Вадзянік дрэме, на каленях у яго спод з вялізным будзільнікам.

ВАДЗЯНІК (трызніць праз сон). Шчупальцы ў мяне доўгія...

Гіві, баючыся, паглядае на рукі Вадзяніка, знізвае плячыма.

ВАДЗЯНІК (праз сон). Паўсюль дастану... усіх перадушу...

Гіві торкаецца, зазірае Вадзяніку ў твар, водзіць перад ім рукой, крыху супакойваецца. І тут гучна звініць будзільнік на сподзе. Гіві адскоквае. Вадзянік прачынаецца, спакойна спыняе будзільнік.

ГІВІ (дэманструе стрэльбу). Калі гэты Хачык праз пяць хвілін не вернецца, я яго застрэлю! І ўвесь яго сямейны альбом! І нават той цвік, на якім ён вісіць!
ВАДЗЯНІК. Паслухай, Гіві, а твой Хач... камерсант сумленны? Ён жа мамай пакляўся.
ГІВІ (абурана). Гэта Хач сумленны? Ды гэта афэрыст вісшай маркі! Ты ведаеш, за што яго з Каўказа выгналі? Чача на клапах настойваў і сапраўдны каньячны этыкетка клеіў!
ВАДЗЯНІК. А ты чым свой “Арагві” разбаўляеш?
ГІВІ. Чыстым фурацылінам!

З’яўляецца задыханы Хачык, у руках у яго перавязаная крыж-накрыж важкая паштовая пасылка.

ГІВІ. Што твой дырэктар публічнага дома сказаў?
ХАЧЫК. Слушай, наш Русалка ў інтэрнэце так усім спадабаўся, што ён нават аванс за яе прыслаў!

Хачык урачыста ставіць і распакоўвае паштовую скрыню, запускае ў яе рукі, сыпле грашыма пад ногі.

ГІВІ. А я што гаварыў? Наш Хачык самы сумленны чалавек у свеце. Мог жа скрасці! Але не скраў.
ВАДЗЯНІК. Будзем дзяліць па справядлівасці.
ГІВІ. Канечне!
ХАЧЫК. Мы ж адна сям’я.

Хачык з Гіві збіраюць банкноты, раскладаюць іх на тры стосікі пад позіркам маўклівага Вадзяніка. У гэты час за іх спінамі на борт вадаплаўнай рэстарацыі забіраецца Мент, бярэцца здымаць камень, якім прыціснуты да бочкі банер. Камень цяжкі, Мент ледзь не упускае яго. Русалка скідае банер, падымаецца з бочкі.

РУСАЛКА. Каханы!
МЕНТ. Гэта – выконваў свой абавязак (абдымаюцца, прыкрываючыся банерам, цалуюцца).

Гіві з Хачыкам ужо падзялілі грошы на тры роўныя часткі.

ВАДЗЯНІК (глядзіць на тры пачкі). Правільна падзялілі?
ГІВІ (паглядае на Хачыка). Я за ім сачыў.
ХАЧЫК. Пароўну.
ВАДЗЯНІК. А я казаў – па справядлівасці!

Вадзянік складае пачкі адзін на адзін, выдае Гіві з Хачыкам па банкноце, астатняе скідае ў пасылачную скрыню, якую ўладкоўвае ў сябе на каленях. Гіві з Хачыкам слупянеюць. Усё знікае ў цемры.

С ц э н а 5
З’ява 1

Вадзянік, Гіві, Хачык, Мент, Голас з рацыі.
На палубе вадаплаўнай рэстарацыі з’яўляюцца Гіві з Хачыкам. Яны коцяць вазок з Вадзяніком. На каленях Вадзяніка пасылка з грашыма. Бочка па-ранейшаму прыкрытая банерам, які прыціснуты каменем.

ХАЧЫК. Вы, бос, аказваецца, такі аферыст, што нават я так не ўмею!
ГІВІ. Які гэта аферыст? Гэта ж проста беспрэдэльшчык нейкі!
ВАДЗЯНІК. Вось і вучыцеся, пакуль я жывы (грукае па бочцы). Дачушка-рыбанька! Як ты там?
ГІВІ (ставіць стрэльбу, сядае, прыкладае ба бочкі вуха, прыслухоўваецца). Ва! Задыхнулася без кіслароду!
ХАЧЫК. А як жа мы тады рэшту грошай атрымаем?

Камень з грукатам звальваецца, злятае банер. Мент з пісталетам напагатове выскоквае з бочкі.

МЕНТ. Вы затрыманыя па падазрэнні ў гандлі людзьмі!
ХАЧЫК. Грамадзянін начальнік! Гэта ён ва ўсім вінаваты! (паказвае на Ва­дзяніка).
ГІВІ. Сабалазніў нас абяцанкамі! Вы яго трымайце, пакуль з грашыма не ўцёк!

Вадзянік прымірэнча прыўздымае далоні, удае, што супраціўляцца не будзе.

МЕНТ. Рукі!

Гіві і Хачык выцягваюць рукі перад сабой. Мент прышпільвае іх да парэнчаў кайданкамі. У гэты час Вадзянік ліхаманкава рассоўвае грошы па кішэнях.

МЕНТ (у рацыю). Першы, першы. Я восьмы. Мною затрыманая злачынная групоўка ў складзе трох асобаў...
ГОЛАС З РАЦЫІ (перапыняе). Не злачынная групоўка, а таварыства добрасумленных прадпрымальнікаў. Што ты на іх павесіць сабраўся?
МЕНТ. Яны ж нашу дзяўчыну выкралі, за мяжу прадаць збіраюцца! Артыкул Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “гандаль людзьмі”.
ГОЛАС З РАЦЫІ. А дзе ты людзей бачыш? Дзеўка твая – не чалавек, а русалка. Водная істота. Пра гандаль падобнымі істотамі ў Крымінальным кодэксе нічога не напісана. Загадваю неадкладна вярнуць улоў законным гаспадарам Камсамольскага возера.
ХАЧЫК. Які мудры чалавек, слухай!
ГІВІ (да Мянта). Загад чуў? Выконвай, да? А то пад суд пойдзеш!

Мент нібыта ўзважвае ў руках рацыю і пісталет, затым рашуча выкідае рацыю, ста­новіцца да штурвала.

МЕНТ. Ёсць і найвышэйшы суд. У райаддзел!

Вадзянік тым часам паціху коціць задам да борта, каб уцячы.

З’ява 2

Тыя ж, Русалка.
Калі Вадзянік ужо гатовы з’ехаць у ваду, вынырвае Русалка.

РУСАЛКА. Бі вяслом! (засаджвае вясло ў колы інваліднага вазка, падбягае да Мянта, абдымае яго). Мой каханы! Ты – сапраўдны герой!

Вадзянік торгаецца, але не можа зрушыць вазок з месца – вясло замінае.

МЕНТ (вызваляецца ад абдымкаў, папраўляе фуражку). Не час пра пачуцці думаць, калі закон і грамадскі правапарадак у небяспецы! (паварочваецца да Хачыка з Гіві)
ХАЧЫК (цягне вольную ад кайданкоў руку). Станаўлюся на шлях выпраўлення! Гатовы супрацоўнічаць са следствам!
ГІВІ. І чаму я маці не слухаў, э-э-э? І нашто з Радзіма ўцёк? І на халеру з гэтымі аферыстамі звязаўся?
МЕНТ. Не хацелі паважаць Канстытуцыю нашай Сінявокай – зладжу вам правасуддзе па-беларуску! (абдымае Русалку). Любая! (цалуе, стаяць абняўшыся).

Вадзянік спрабуе дацягнуцца да стрэльбы, якая стаіць каля бочкі, нарэшце яму гэта ўдаецца. Страляе ў Русалку і Мянта. Мент уздрыгвае. Яны з Русалкай паварочваюцца. У Мянта са спіны тырчыць гарпун.

МЕНТ (расціскае абдымкі, апошнімі намаганнямі вырывае гарпун). Няўжо ліха заўсёды перамагае? (падае за борт, пакінуўшы гарпун у руцэ Русалкі).
РУСАЛКА. Я гэтага не перажыву! Дзе сэрца? Дзе яно? (у роспачы заколвае сябе гарпуном, валіцца следам за борт).
ВАДЗЯНІК. Стрэльба з першага акту неадменна мусіць стрэліць у другім (не­калькі разоў нетаропка пляскае ў далоні).

Вадаплаўная рэстарацыя сама сабой павольна кранаецца з месца. Праразаецца, нарастае гук вадаспаду. Хачык, Гіві і Вадзянік наслухоўваюцца.

ГІВІ. Хачык, гэта ў цябе ў вушах шуміць?
ХАЧЫК. Ва-ва-ва ва-да-спад... (да Вадзяніка). Бос, разаб’емся!

Хачык і Гіві торгаюцца, але вызваліцца ад кайданкоў не могуць. Шум нарастае.

ВАДЗЯНІК. А вы думалі, я інвалід? (падымаецца з інваліднага вазка ідзе да штурвала, круціць яго). Мент меў рацыю – мы, зладзюгі, непераможныя! (Рэстарацыя разварочваецца. Шум вадаспаду сціхае).


З’ява 3

Гіві, Хачык, Вадзянік, Ася і Кася.

Вадаплаўная рэстарацыя ідзе ў супрацьлеглы бок. Вадзянік выторгвае вясло з колаў вазка, кідае яго за борт.

ГІВІ (торгае кайданкі). Бос, вызвалі, вельмі прашу. Мы яшчэ зладзім агульны бізнес!
ХАЧЫК (уражана глядзіць на Вадзяніка). Во дзе прайдзісвет! Вось у каго вучыцца трэба!
ВАДЗЯНІК (нетаропка зараджае падводную стрэльбу шампуром, садзіцца ў вазок). Але ж пра гэтую навуку вы ўжо нікому ніколі не раскажаце (цэліць у Хачыка з Гіві).

У гэты момант выплываюць Ася з Касяй, ставяць на палубу скрыню з выбухоўкай).

АСЯ. Бос, выбухоўка таксама была у першым акце! (падпальвае кнот).
КАСЯ. Цік-цік-цік... (удае тахканне будзільніка).

Усе слупянеюць. Ася і Кася даюць нырца. Рэстарацыя выбухае: мільгае страбаскоп, у паветры лунаюць банкноты.

С ц э н а 6
З’ява 1

Ася, Кася.
Бераг Камсамольскага возера. Пад пустым пастаментам Ася і Кася сплятаюць вя­ночкі.

АСЯ (напявае). Купалінка, Купалінка...
КАСЯ. Цё-ёмная ночка (адкладае вянок). Ты заўважыла, як дыхаць лёгка стала?
АСЯ. І каламуць кудысьці сплыла.
КАСЯ. Нават нашыя хлопцы павярнуцца абяцаюць!
АСЯ (задуменна глядзіць на пастамент). Новыя часы, новыя героі... Цікава, а каго цяпер сюды паставяць?
КАСЯ (паказвае рукой на ўзбярэжжа). Лепш падумай, хто цяпер усім нашым Камсамольскім возерам будзе кіраваць!
АСЯ. Як мне Мянта і сястрычку нашую Русалку шкада! (усхліпвае). Такое каханне, такое каханне! Толькі ў казках такое бывае!
КАСЯ. Жыццё ж працягваецца!

Ася з Касяй вешаюць вяночкі на пастамент, сыходзяць.

С ц э н а 7
З’ява 1

Мент, Русалка, Прывід бабулі.
Бераг Камсамольскага возера. Чыста пабелены пастамент. На ім стаіць Мент-статуя. Да пастамента прымацаваная шыльда, на ёй напіс “МЕНТ”. З’яўляецца Прывід бабулі, трагічна глядзіць на помнік.

ПРЫВІД БАБУЛІ (галосіць з фальклорнымі інтанацыямі). Аёй, гэта ж мая правіна, унучачак! Гэта ж я цябе вучыла справядлівасці шукаць! І нашто тая справядлівасць? Жыў бы, як усе. Хадзіў бы па беразе. Слухаўся б сваю рацыю. Можа, на павышэнне пайшоў бы! Сам бы ў тую чорную скрыначку перабраўся ды іншым загады аддаваў? А так стаіш тут, бы той слуп. Халодна табе і самотна...

На небе запальваецца Зорка Венера. З’яўляецца Русалка.

РУСАЛКА. Каханы мой (цягне да яго рукі, выразна глядзіць на неба). Помніш, калі мы спаткалісь з табою, Зорка Венера ўзышла?

На набёсах ярчэй мігціць Зорка Венера. Мент аджывае, сыходзіць з пастаменту, прыціскае да сябе Русалку.

МЕНТ. Любая мая... мокрая, халодная...
ПРЫВІД БАБУЛІ (замілавана глядзіць на Мянта і Русалку). Дзетачкі ж вы мае, дзетачкі. А я, як адчувала, што ўсё добра скончыцца!
РУСАЛКА. Мы будзем жыць з табой доўга і шчасна. У нас абавязкова народзіцца дзяўчынка, для якой стануць роднымі і беларуская вада, і беларуская зямля!
ПРЫВІД БАБУЛІ. Толькі б не было вайны!
МЕНТ. Калі дзяўчынкі нараджаюцца – гэта добра. Гэта азначае, што вайны не будзе! Затое, калі потым у нас народзіцца хлопчык, у яго будзе старэйшая сястра, якая навучыць яго справядлівасці.
РУСАЛКА. І павазе да законаў.
МЕНТ. Але не да бязглуздых загадаў!

Выплываюць Ася і Кася.

АСЯ (да Мянта). Віншуем!
КАСЯ. Ты перамог!
МЕНТ. Каго?
АСЯ. Усіх!
КАСЯ. Толькі што наш падводны выбаркам скончыў падлік галасоў. Ты абраны новым кіраўніком усяго нашага Камсамольскага возера!
МЕНТ (прыкладае далонь да брылька, выструньваецца). Служу Камсамольскаму возеру і яго народу!

З а с л о н а